LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → Паняцце пра асацыятыўнасць у літаратуры. Метафара, сінекдаха, перыфраз → Версия для печати
Дата публикации: 27 сентября 2023
Автор: Мельнікава З. П., Ішчанка Г. М., Мішчанчук М. І., Садко Л. М., Смаль В. М., Кавалюк А. С., Сенькавец У. А., Шчэрба С. М., Кахновіч Н. Д., Тарасава Т. М.
Публикатор: Алексей Петров (номер депонирования: BY-1695816451)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Источник: (c) Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь
Мастацка-маўленчыя сродкі ў паэзіі мнагапланавыя і разнастайныя. Найважнейшыя сярод іх — лексіка-фразеалагічныя сродкі, гэта значыць, падбор арыгінальных вобразных слоў і словазлучэнняў, якія ўжывае аўтар у сваім вершы, каб данесці да нас свае думкі, пачуцці, прымусіць і чытача або слухача суперажываць. Лексічныя сродкі ў паэзіі маюць рознае паходжанне і эмацыянальна-сэнсавае напаўненне. Гэта могуць быць не толькі агульнаўжывальныя, але і спецыфічныя словы, словы-наватворы самога паэта, літаратурныя або фальклорныя вобразныя лексемы, вобразныя іншасказанні і г. д. У паэтычным выказванні вельмі часта ўжываюцца словы ў пераносным значэнні, у тым ліку асацыятыўныя, метафарычныя вобразы і выразы, якія тэарэтыкі літаратуры лічаць галоўнымі крыніцамі паэтычнасці і вобразнасці ў мастацтве слова.
Аcaцыятыўнacць y лiтapaтypы — aбcтpaктнaя (yмoўнaя) вoбpaзнacць, дзe cyвязь пaмiж мaтэpыяльным i дyxoўным cвeтaм выяўляeццa ў нязвыклaй фopмe.
Аўтары часта звяртаюцца да параўнанняў, у аснову якіх пакладзена пэўнае падабенства розных прадметаў. Гэта дапамагае звярнуць увагу чытача на важны сэнс, укладзены аўтарам у паэтычны вобраз, дае магчымасць адметна ахарактарызаваць тую або іншую з’яву і г. д. Пaдcтaвaй для нeчaкaныx acaцыяцый (напрыклад, «пapoг, вычacaны з ycпaмiнaў» (Мaкciм Taнк)) пaўcтae aўтapcкae бaчaннe pэчaicнacцi. У фaльклopы acaцыятыўнacць acaблiвa выяўляeццa ў пpыкaзкax.
Рыгор Барадулін меў рэдкі, адметны талент — эмацыянальна, зрокава, пластычна, шматколерна ўспрымаць навакольны свет і ўзнаўляць яго непаўторнасць у творчасці. Дзеля гэтага ён часта карыстаўся метафарычнай вобразнасцю, умеў знайсці і трапна ўжыць ёмістыя па сэнсе, экспрэсіўна выразныя і шматзначныя метафары.
Метафара (ад грэч. metaphora — ‘перанясенне’) — адзін з асноўных відаў тропа, ужыванне слова або выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы або прадмета з іншай з’явай або предметам на аснове іх падабенства або кантрасту..
Параўнанне ў метафары заснавана часцей за ўсё на адухаўленні з’яў прыроды («садзіцца сонца», «прыйшла зіма», «імкліва беглі дні»).
Метафара Р. Барадуліна асацыятыўная: яна звязвае два вобразы, з’явы або прадметы, і ўспамін пра адно выклікае таксама ўяўленне пра другое. Часта метафары паэта заснаваны на нечаканым, смелым збліжэнні, здавалася б, далёкіх і непадобных з’яў, прадметаў, вобразаў. Асацыятыўнасць, метафарычнасць дапамагаюць ярка, запамінальна ўвасобіць складаныя пачуцці і перажыванні паэта і яго лірычнага героя. Чуйны слых, востры зрок мастака слова дазваляюць назваць яго паэзію лірычным жывапісам. Слыхавыя асацыяцыі ў вершах часта спалучаюцца са зрокавымі, канкрэтна-пачуццёвымі.
Цыбатай нагой жураўлінаю
Імшарамі верасень крочыць.
Ад кіслых прысмак журавінавых
Заплюшчыла сонца вочы.
Р. Барадулін. «Заспаная раніца мжыстая...»
Метанімія (ад грэч. metonymia — ‘перайменаванне’) — від тропа, сутнасць якога ў перанясенні назвы адных з’яў або прадметаў на другія на аснове іх знешняй або ўнутранай сувязі.
У адрозненне ад метафары, разнавіднасцю якой з’яўляецца метанімія, падобнасць з’яў або прадметаў у ёй не мае значэння. Метанімічны выраз завастрае ўвагу чытача на пэўнай характэрнай рысе з’явы, абмалёўвае яе яскрава і своеасабліва. Напрыклад, пра сяўбу жыта ў адным з вершаў Р. Барадулін пісаў: «У полі // Сеялася заўтра...» З жытам людзі звязваюць спадзяванне на будучыню, жыццё. Жыта ўвогуле ў фальклорнай традыцыі нашых продкаў успрымаецца сімвалам жыцця — новага, лепшага, шчаслівага (Паводле В. Рагойшы).
Сінекдаха (ад грэч. synecdoche —‘суадноснасць’)—разнавіднасць метаніміі, у якой адны паняцці замяняюцца другімі на аснове іх колькасных суадносін.
Найбольш распаўсюджаны від сінекдахі — ужыванне часткі з’явы або прадмета ў значэнні цэлага. Так, напрыклад, шкадаванне дарослага сына, што не мае магчымасці размаўляць, раіцца з бацькам, Р. Барадулін увасобіў радком «Скажы хоць слова для прывета» («Бацьку»), дзе «слова» будзе прыкладам сінекдахі.
Перыфраза, або перыфраз (ад. грэч. periphrasis — ‘навокал гавару’), — адзін з тропаў, заснаваны на асаблівасцях метаніміі, у якім назва з’яў або прадметаў падаецца праз апісанне іх асобных вызначальных прымет.
У перыфразе заключаны элемент своеасаблівай паэтычнай разгадкі, ключ да якой ляжыць тут жа, у паэтычным кантэксце. Вось, напрыклад, некаторыя перыфразы беларускіх паэтаў: Н. Гілевіч пісаў пра Я. Янішчыц: «Палесся мілае дзіця», Р. Барадулін у вершы «Неруш» называў родную беларускую мову «нерушам ранішнім», а ў вершы «Яна адна, зямля вякоў...» — Беларусь — «зямлёй вякоў, // Адкуль // Жыццё пачатак брала...». Існуе яшчэ шмат выразных прыкладаў перыфразаў: «Пан сахі і касы» (Янка Купала), «Зямля пад белымі крыламі» (Уладзімір Караткевіч), «Цяжкую шапаткую пазалоту // Кляны ў ваду раняюць пакрысе» (Мікола Федзюковіч), «Мне на твар, на лоб ляглі нямілай старасці мярэжы» (Якуб Колас).
Опубликовано 27 сентября 2023 года