LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → «Сямнаццатай вясной». Паказ лёсу моладзі ў гады вайны з фашызмам → Версия для печати
Дата публикации: 27 сентября 2023
Автор: Мельнікава З. П., Ішчанка Г. М., Мішчанчук М. І., Садко Л. М., Смаль В. М., Кавалюк А. С., Сенькавец У. А., Шчэрба С. М., Кахновіч Н. Д., Тарасава Т. М.
Публикатор: БЦБ LIBRARY.BY (номер депонирования: BY-1695774651)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Источник: (c) Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь
У аўтабіяграфіі І. Навуменка згадваў, што «ў канцы восені сорак першага года з ліку вучняў старэйшых класаў у мястэчку стварылася невялікая падпольная група, у якую ўваходзіў і я. Збіралі зброю, слухалі радыё, распаўсюджвалі савецкія лістоўкі і газеты, шукалі сувязі з партызанамі. Група ўцалела, хоць у сорак другім годзе фашысты і расстралялі яе кіраўніка».
У апавяданні «Сямнаццатай вясной» па волі аўтара ў мястэчку дзейнічае ажно дзве групы. Маладыя людзі моцна любілі сваю Айчыну, ненавідзелі акупантаў, якія парушылі іх мары, надзеі, шчасце. Апавядальнік і праз гады захапляецца іх юначым парывам як мага хутчэй адпомсціць ворагам, не даць захопнікам адчуць сябе гаспадарамі на нашай зямлі. Хлопцы і дзяўчаты прагнулі подзвігаў, лічылі сябе здольнымі на геройскія ўчынкі і здзяйснялі іх.
Героямі твора з’яўляецца «баявая» чацвёрка сяброў: герой-апавядальнік Цімох, Цішка Дрозд, Мікола і Сымон Біцюгі. Не зважаючы на загад нямецкага каменданта смяротна пакараць тых, хто «захоўваў агнястрэльную зброю», «распаўсюджваў злосныя чуткі пра непераможную германскую армію», «мог паявіцца на вуліцы ў начны час», юнакі ігнаруюць папярэджанні новай улады, падтрымліваюць сувязь з партызанамі, узрываюць невялікі чыгуначны мост, раняць паліцая. Хлопцы перакананыя, што «весяліцца, танцаваць у такі час, калі ідзе вайна, калі ліецца кроў, проста ганебна». Яны не хаваюць сваёй нянавісці да акупантаў і іх паслугачоў, дэманструюць пагарду да іх.
Аптэкарка Стася «насмешлівым позіркам» ацэньвае «геройства» юнакоў, разумеючы небяспечнасць такіх паводзін. Дзяўчына імкнецца неяк ацвярэзіць у цэлым добрых хлопцаў, якія ап’янелі ад усведамлення свайго геройства і ахвярнасці: калі недарэчныя ўчынкі «баявой» чацвёркі бачыць яна, то ўбачаць і іншыя. Стасі не ўдалося прымусіць юнакоў задумацца над тым, што іх чакае суровая барацьба, якая патрабуе не толькі нянавісці, жадання змагацца, але і розуму, здольнасці дасягнуць перамогі над ворагам з найменшымі чалавечымі стратамі.
Закаханы ў Стасю Цімох шматзначны яе позірк разумее па-свойму. Хлопцу здаецца, што дзяўчына пагарджае ім з-за латаных штаноў, разбітых чаравікаў, старой, малаватай сарочкі. Не мог і падумаць «закаханы рыцар», што далікатная Стася стала актыўным членам камсамольскага падполля. Пра гэта даведваецца Сымон Біцюг, ён першы ўсведамляе наіўнасць і рызыкоўнасць паводзін іх «баявой» групы і выносіць бязлітасны прысуд: «Мы, брат, дурні вялікія... ходзім табуном, самі ж стараемся выдзяляцца, у вочы кідацца. Людзі ў сто разоў разумней за нас робяць. Ты думаеш, парню1 спалілі і лістоўкі раскідалі партызаны? Такія ж, як і мы, партызаны, толькі не такія вароны». «Дурнямі» і «варонамі» прызналі сябе сябры не толькі за тое, што неразумна трымаліся на вачах у немцаў і паліцаяў, але і за тое, што дрэнна разбіраліся ў людзях, не аналізавалі свае і чужыя паводзіны, што вельмі лёгка і катэгарычна выносілі прысуды іншым, абвінавачвалі іх у здрадзе. Атрымлівалася, што дзяўчаты паводзілі сябе больш разумна і нашкодзіць акупантам змаглі не менш за іх «баявую» групу.
Імкнучыся паказаць у апавяданні «Сямнаццатай вясной» гераізм беларускай моладзі, што была выхавана на ідэі самаахвярнасці дзеля Радзімы, І. Навуменка зусім не ідэалізаваў сваіх герояў, яны звычайныя хлопцы, якім уласцівы катэгарызм і юнацкі максімалізм у ацэнках падзей і людзей. У апавяданні «Сямнаццатай вясной» І. Навуменку ўдалося стварыць групавы вобраз юнакоў — патрыётаў ваеннага часу.
__________
1 Па´рня — лазня.
Опубликовано 27 сентября 2023 года