LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → «Каласы пад сярпом тваім». Вобразы сялян у рамане → Версия для печати
Дата публикации: 26 сентября 2023
Автор: Мельнікава З. П., Ішчанка Г. М., Мішчанчук М. І., Садко Л. М., Смаль В. М., Кавалюк А. С., Сенькавец У. А., Шчэрба С. М., Кахновіч Н. Д., Тарасава Т. М.
Публикатор: Алексей Петров (номер депонирования: BY-1695675678)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Источник: (c) Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь
Поруч з хронікай роду князёў Загорскіх у творы даецца радавод прыгонных Кагутоў. Іх род пачынаецца з Рамана і яго сына Маркі, якога суд адправіў на катаргу. Яго сын Даніла, гадуючыся сіратой, вырас і стаў дзедам. У клопаце пра хлеб надзённы жыве дружная сям’я Міхала Кагута. Дзеці з маленства прывучаны да працы і паслухмянасці. Гонар роду для іх не пустое слова.
Цаной уласных жыццяў заплацілі за вернасць звычаям Стафан Кагут і Юллян Лапата. Яны сталі сведкамі таго, як за двума невядомымі коннікамі гнаўся дзясятак верхавых, і накіравалі пагоню ў адваротны бок. Аўтар не ідэалізаваў сваіх герояў, праўдзіва паказваючы, што тварылася ў іх душах, калі невядомыя патрабавалі ад сялян адказу: «Стафан глядзеў на яго і думаў, казаць ці не. Бадай, не варта было хлусіць: невядома ж, што то былі за людзі, дый звязвацца з гэтымі страшна. Але завешаных было многа, а звычай казаў: бачыш, што шмат людзей гоняцца за адным, — не памагай».
Смерць Стафана стала цяжкім выпрабаваннем для ўсёй сям’і, асабліва для Кандрата, які прыняў рашэнне ўзняцца на барацьбу. На гэта яго падштурхнуў старэйшы брат, які, паміраючы, узяў з Кандрата слова расквітацца з забойцам. Па дарозе на могілкі Кандрат разважае: «Шкада будзе, калі не заб’е за сорак дзён. Душа братава не так узрадуецца. Але нават калі не паспее — няхай. Ён звык цярпець. Ён мужык, і ён даў слова. Ён будзе хадзіць месяц, два, год, але ён перастрэне Тодара аднаго. Нельга сказаць, што яму будзе лёгка яго забіць: ён яшчэ ніколі не забіваў. <...> “Церпім, церпім, церпім, а яны ўважаюць нас за дурных зайцоў. Судзяць нас, распраўляюцца як хочуць і ўпэўнены ў тым, што няма ім пакарання. Таму і робяць, што душа іхняя жадае. <…> Ну то калі не карае Бог, не карае начальства, хай пакарае сам пакрыўджаны”» — вось тая выснова, да якой прыходзіць Кандрат Кагут, думаючы пра смерць брата.
Высновы Кандрата сугучныя рашэнню, да якога крыху раней прыйшоў Корчак пасля таго, як стаў адзіным віноўнікам бунту ў Півошчах. Сяляне ўзбунтаваліся таму, што Кроер пачаў закранаць звычаёвае права. Некалькі разоў яны сцярпелі, а пасля іх цярпенне лопнула. Патрабаваць «спрадвеку ўсталяванае» выступіў з натоўпу Янка Губа, «самы стары дзед на сяле». Калі ж аканом «размахнуўся і сцёбнуў старога па пыльнай світцы, гарбатай спіне», «адбылося тое, чаго ніхто не чакаў ад заўсёды рахманага, паважна-маўклівага Корчака. Пэўна, і сам ён не чакаў, бо твар ягоны застаўся разважлівым і амаль спакойным. А рукі ў гэты час тарганулі з зямлі граблі і шпурнулі іх у аканома». Тое, што адбылося з селянінам, прымушае яго асэнсаваць сваё новае становішча. Уладзімір Караткевіч паказаў тую небяспеку, якую нясе ў сабе новы Корчак. «Караць павінны іх, — думае Корчак, — а караюць яго. Калі зямны суд такі хлуслівы, такі няправедны, чаму б не судзіць кожнаму, папраўляючы яго. Чаму не губернатару? Чаму не дзядзькаванаму смаркачу Загорскаму? Чаму не... мне? Чаму сапраўды? Ён няўлоўна ўсміхнуўся навізне і небяспечнасці гэтых думак. Так ён зробіць. Суд дык суд. І ўсім, хто страляў у крыжы, не пайсці жывымі». Караткевіч паказвае тую небяспеку, якую нясе ў сабе «новы» Корчак.
Лепшае, што было ў натуры гэтага селяніна, знішчана жаданнем помсты. І ўжо не так важна каму, галоўнае — помсціць. Як кат паводзіць сябе селянін, аслеплены нянавісцю, у маёнтку Раўбіча. Невыпадкова кіраўнік бунтароў пачынае траціць аўтарытэт сярод сваіх прыхільнікаў. Паход сялянства на Гарыпяцічы ў пошуках сапраўднай царскай граматы яскрава сведчыць пра нізкі ўзровень свядомасці і паплечнікаў Корчака, і яго самога.
Даводзіцца згадзіцца з сумнай высновай Кастуся Каліноўскага: «Мы нават да любові да Радзімы ў большасці не дараслі». Аўтар пераканаўча паказаў, што Корчак, ап’янелы ад думкі, што вось, урэшце, настаў іх час, не ведаў, «што ўся гэтая спроба з самага пачатку асуджана на правал. <…> Корчак не ведаў, што і Кагуты ідуць з ім не ад усяго сэрца. Пайшоў Кандрат, адзіны, хто ведаў праўду пра смерць Стафана і яшчэ гневаўся на ўсіх. Андрэй рушыў за ім: нельга ж было кінуць блізнюка». Паход на Гарыпяцічы У. Караткевіч назваў «выхадкай гераічнай, але бессэнсоўнай і таму трагічнай».
Аўтар захапляўся маральнымі ідэаламі беларускага сялянства, вернасцю традыцыям продкаў, здольнасцю ў неспрыяльных умовах захаваць мову і самабытную культуру. У той жа час пісьменнік не баяўся засяродзіць увагу на тым, што не можа прыняць у мужыках — адсутнасці грамадскіх і грамадзянскіх інтарэсаў, якія могуць згуртаваць людзей на вялікую справу.
У вусны млынара Грыня Паківача У. Караткевіч улажыў горкія словы папроку і перасцярогі: «Нішто вас не вяжа, кожнаму свая шкура даражэй... Калі не зменіцеся — так вам давеку быдлам і быць». Гэта думка больш выразна і катэгарычна гучыць у пісьме Каліноўскага да Алеся Загорскага, у якім Кастусь перадае пачутую ад прыяцеля (вельмі дасведчанага чалавека) ацэнку свайго народа, згодна з якой «мы, беларусы, занадта любім храбрых дзядзяў. Маўляў, лепей няхай дзядзя палаецца з моцным або хаця дулю яму пакажа, а мы будзем з-за ягонай спіны ў ладкі пляскаць, а то і проста ціха радавацца».
Пра чаканне сялянамі абаронцы, які з’явіцца, каб усталяваць народную справядлівасць, сведчаць прыведзеныя ў творы легенда пра волатаў, якія спяць, песня пра белае жарабятка, рэакцыя натоўпу на з’яўленне Алеся на белым кані ў час бунту ў Гарыпяцічах. Каліноўскі разумеў надзеі і характар сялян, таму сцвярджаў: «Калі мы ненавідзім гэтую рабскую, гнойную частку крыві нашага народа, мы самі павінны зрабіцца “храбрымі дзядзямі”, а не ціха радавацца з-за чужой спіны».
Опубликовано 26 сентября 2023 года