LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → «Сотнікаў». Персанажы другога плана: прадстаўнікі «народнай праўды» → Версия для печати
Дата публикации: 25 сентября 2023
Автор: Мельнікава З. П., Ішчанка Г. М., Мішчанчук М. І., Садко Л. М., Смаль В. М., Кавалюк А. С., Сенькавец У. А., Шчэрба С. М., Кахновіч Н. Д., Тарасава Т. М.
Публикатор: БЦБ LIBRARY.BY (номер депонирования: BY-1695670533)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Источник: (c) Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь
Маральнае падзенне Рыбака ўзмацняецца ў аповесці вобразамі Пётры Качана, Аўгінні Вокунь, па-вясковаму — Дзёмчыхі, яе чатырох дзяцей і дзяўчынкі Басі. Гэтыя людзі выпадкова сустрэліся на шляху партызан. Да Пётры Качана Рыбак і Сотнікаў трапілі неспадзявана, бо хутар, дзе партызаны павінны былі запасціся харчам, аказаўся спаленым. Хату старасты партызанам паказала жанчына, «чырвонаармейская маці», якая секла дровы і жыла побач з Качанамі. Аўтар звярнуў увагу на дагледжанасць сядзібы і прыбудоў: на двары было ўтульна, адчуваўся парадак, стаялі сані, «пад сцяной хлеўчука святлеў ладны штабялёк нарыхтаваных… дроў». Калі Сотнікаў і Рыбак зайшлі ў хату, гаспадар сядзеў за сталом і чытаў Біблію, а яго жонка, «бялявая з твару і… рухавая кабета», паявілася з-за шырмы. Высветлілася, што іх сын Толік быў прызваны ў савецкае войска яшчэ ў 1939 годзе. Бацькі даўно не маюць ад яго звестак, спадзяюцца, што ён жывы і ваюе супраць фашыстаў на фронце. На фотаздымак маладога хлопца «ў гімнасцёрцы з артылерыйскімі эмблемамі», якімі чымсьці быў падобны да бацькі, звяртае ўвагу Рыбак. Варожыя адносіны да «нямецкага прыслужніка» ў Рыбака паступова знікаюць, асабліва пасля размовы з гаспадарамі пра невядомы лёс сына.
Гаспадыня не ад страху, а па сваёй мацярынскай, жаноцкай дабрыні стараецца дагадзіць партызанам: Сотнікава ўсаджвае на ўслон каля цёплай грубкі, дае яму зёлкі ад прастуды, сухую маліну, прапануе гарачую капусту. Яна хоча шчыра дапамагчы хвораму і слабаму чалавеку. А ён, злосны і пануры, упарта адмаўляецца ад дапамогі, ад працягнутых рук немаладой сялянкі, якая, магчыма, гледзячы на змерзлых і галодных партызан, згадвала свайго сына.
Стараста і Рыбак абменьваюцца суровымі папрокамі, якія падкрэсліваюць драматызм абставін: на сцвярджэнне Рыбака, што, згадзіўшыся быць старастам, Пётра «апазорыў сына», той адказвае: «А ён мяне не апазорыў? Немцу аддаў». Без страху стары далей кажа: «Ваша віна. Маладзейшых». Адчуваецца, што пасада старасты — гэта вялікая пакута для гаспадара і яго жонкі. Высвятляецца, што старастам ён пагадзіўся быць не па ўласнай волі, а па просьбе аднавяскоўцаў, а таксама былога партыйнага сакратара з раёна і начальніка міліцыі. Пётра — чалавек, які шмат бачыў і зведаў. Яшчэ ў Першую сусветную вайну ён трапіў у палон да немцаў і працаваў у Германіі два гады. Яму агідна быць «халуём нямецкім», ён моўчкі пакутуе, бо паліцаі кожны дзень пагражаюць, не адзін раз ставілі да сцяны ў хаце, пагражаючы расстраляць. «Мучаецца ён, не дай бог», — расказвае Сотнікаву пра свайго гаспадара старасціха.
Васіль Быкаў ствараў вобраз гэтага героя з дапамогай нешматлікіх, але сэнсава значных апісанняў і дэталей. Манера гаворкі героя, спакойныя, годныя паводзіны нават пад пагрозамі Рыбака характарызуюць старасту Качана як чалавека сумленнага, стрыманага, нехлуслівага, які ўжо зведаў цану жыцця і смерці. Ён пакладаецца на волю і літасць Усявышняга, жыве ў працы і малітве, з верай і Бібліяй: «Вялікія яго парэпаныя рукі ляжалі на чорнай вокладцы кніжкі», — гэта заўвага аўтара дакладна сведчыць пра нястомную працавітасць і мудры спакой чалавека, гатовага да ўсіх выпрабаванняў лёсу.
Стараваты, «зусім ссівелы», «вялікі і мажны», ён чытаў Біблію за сталом пад абразамі ў сваёй хаце, калі прыйшлі партызаны. Важны сэнс мае гаворка Пётры і Рыбака пра Біблію, што выразна характарызуе абодвух герояў, іх розныя маральныя адносіны да жыцця. Для Качана Біблія — штодзённая кніга, бо ён жыве з верай у вышэйшую справядлівасць, з разуменнем граху і волі лёсу, і гэта дапамагае яму спакойна і годна трымацца ў цяжкіх выпрабаваннях жыцця. Для Рыбака — гэта нязведаныя маральныя запаведзі, неспазнаны духоўны вопыт чалавецтва, які мог бы ўтрымаць яго ад здрады. Аднак Рыбак нават «ніколі не бачыў Бібліі».
Пётра Качан не спужаўся і не здзівіўся прыходу партызан. Папрокі Рыбака ў здрадніцтве ўспрымае стрымана, заўважаючы, што нехта павінен быць і старастам. Ён з гатоўнасцю аддае авечку для галодных партызан.
Пётру карнікі схапілі першым, бо апазналі, чыю авечку неслі ў лес, ды не данеслі партызаны. Ён з годнасцю ўспрымае прысуд лёсу, не спрабуе звальваць віну на партызан. Такія паводзіны Качана здзіўляюць Рыбака, які пачынае гандляваць сумленнем дзеля захавання свайго жыцця.
Другі і апошні раз Сотнікаў і Рыбак сустракаюцца са старастам перад смерцю, у камеры. У апошнюю ноч Пётра проста і сціпла прызнаецца, што згадзіўся стаць старастам па даручэнні раённага начальства: «…пагаджайся. А то Будзілу паставяць — усім горай будзе». Следчы, здраднік Партноў, прапануе Пётру ўратаваць сваё жыццё здрадай — выведаць у Рыбака і Сотнікава ўсё пра партызанскі атрад. Але стараста адмаўляецца: «Шэсцьдзясят сем гадоў пражыў, а каб пад старасць на такое дзела… Не-е, не па мне гэта».
Духоўная сіла і маральная вартасць гэтага героя відавочныя. Пётра знаходзіць словы падтрымкі і для Аўгінні, і для дзяўчынкі Басі. Развітваючыся з жыццём, «былы стараста засцярожліва выпрастаўся і, не падымаючы галавы, стрымана, нібы ў царкве, пакланіўся людзям». Сотнікаў адчувае сваю віну перад гэтым спагадлівым, мудрым і прыгожым чалавекам.
Вобраз Аўгінні Дзёмчыхі, якая бязвінна, па збегу бязлітасных абставін, павінна загінуць, надзвычай трагічны. Застаюцца сіротамі яе чацвёра малых дзетак. Муж ваюе на фронце. Жанчына просіць хоць якіх заробкаў у суседзяў, каб пракарміць дзяцей, дачакацца канца вайны. Непрадбачаны выпадак прыводзіць у яе хату няпрошаных, нечаканых гасцей — Сотнікава і Рыбака. Аўтар падрабязна апісвае шматзначны эпізод — прыход незнаёмцаў у Дзёмчышыну хату, калі самой гаспадыні не было і прышэльцаў сустрэлі дзеці. Старэйшая дзесяцігадовая дзяўчынка паведаміла, што маці «на хлеб зарабляе. Нас жа чацвёра едакоў, а яна адна». Дзяўчынка і меншыя дзеці з цікавасцю глядзяць на незнаёмых. Старэйшая «…на цыпачках звыкла пацягнулася ў чалеснік і забразгала засланкай… …Яна са шчырасцю хацела дагадзіць людзям: дастала лыжкі, шмыганула некуды ў цемнаваты кут і паставіла на стол яшчэ і талерку з вялікімі зморшчанымі агуркамі». Малыя падзяліліся з маўклівымі ўзброенымі дзядзькамі апошняй ежай. Як бачна, дзеці ў гэтай хаце выхоўваюцца па спрадвечнай народнай маралі, дзеляцца апошняй бульбінай і агурком.
Застаўшы ў сваёй хаце няпрошаных гасцей, Аўгіння спачатку злуецца, бо ёй і без таго цяжка жыць. Аднак убачыўшы, што Сотнікаў паранены, жанчына змяняе свае адносіны да партызан. Спрадвечная жаночая спагада і дабрыня падказваюць Дзёмчысе, што менавіта так, а не інакш яна павінна дзейнічаць. Яна дае цёплую ваду абмыць параненую нагу Сотнікаву, кавалак кужалю перавязаць рану, заўважыўшы паліцаяў, хавае партызан на гарышчы...
Дапамагаючы Рыбаку і Сотнікаву, Дзёмчыха рызыкавала жыццямі дзяцей і сваім уласным, але па-іншаму яна не магла сябе паводзіць. Яна — чалавек моцнага характару, які да канца не скараецца абставінам і лёсу, як можа, супраціўляецца гвалту і здзекам з сябе і іншых. Жанчына спрабуе абараніць Сотнікава, калі яго б’юць паліцаі. Яе адрываюць ад дзяцей і вязуць разам з партызанамі ў мястэчка. Па дарозе паліцаі здзекуюцца з жанчыны, але яна шле праклёны ім і Гітлеру.
Следчы, здраднік Партноў, вытлумачвае паводзіны Дзёмчыхі па-свойму, палічыўшы яе «партызанскім агентам». У палоне жанчына не зламалася, як гэта адбылося з самым дужым — Рыбаком. Перад шыбеніцай у апошнія хвіліны маці-пакутніца думае пра дзяцей: «Як яны будуць там без мяне! Ой, дзетачкі мае родненькія…».
Цеплынёй сваіх збалелых сэрцаў Пётра і Аўгіння саграюць чужое дзіця, яўрэйскую дзяўчынку Басю. Трынаццацігадовая Бася, дачка местачковага шаўца Мэера, засталася сіратой пасля таго, як фашысты і паліцаі расстралялі ўсіх яўрэяў мястэчка і разрабавалі іх хаты. Збавіцелькай Басі нейкі час была суседка, цётка Праскоўя. Яна параіла дзяўчынцы схавацца ў час пагрому ў густым надрэчным зарасніку. Бася — яшчэ адна бязвінная ахвяра абставін. Паліцаі дамагаюцца, каб дзяўчынка прызналася, хто яе ратаваў і хаваў. Але ў дзіцяці воля мацнейшая і сумленне чысцейшае ў параўнанні з Рыбаком. Яна не выдае сваіх збавіцеляў, упарта маўчыць на допытах-катаваннях.
Пётра Качан і Дзёмчыха не толькі шкадуюць яе, але і вучаць людскасці: нізавошта не прызнавацца, хто яе хаваў, нават калі прыслужнікі-паліцаі і біць будуць. Басю білі, з яе здзекаваліся. Адагрэтая пяшчотай і спагадай выпадкова сустрэтых у камеры людзей, дзяўчынка не можа стрымаць «нясцерпны, балючы плач. Ён быў кароценькі, але столькі дзіцячай роспачы вылілася ў ім, што ўсім у гэтай камеры зрабілася ніякавата», — пісаў В. Быкаў. Як непазбежнасць прымае дзяўчынка смерць. Яна хуценька ўзлезла на ўслон перад «сваёй» шыбеніцай, пераступаючы замерзлымі парэпанымі нагамі. У апошнія імгненні жыцця Бася з палахлівай цікаўнасцю азірала натоўп, нібы шукала знаёмых.
Пётра Качан, Аўгіння Дзёмчыха, Бася — бязвінныя ахвяры трагічных абставін. Праз іх вобразы пісьменнік яшчэ раз сцвердзіў, што чалавечыя годнасць, спагада, дабрыня, духоўнасць павінны быць вышэйшыя за самыя безвыходныя сітуацыі. Смерць кожнага чалавека — вялікая страта, а тым больш — гібель дзіцяці, гібель бязвінных сумленных людзей. Гібель гэтых герояў падкрэслівае амаральнасць выбару Рыбака — цаной здрады захаваць сваё жыццё. У сапраўдным чалавеку павінна быць дастаткова сілы і чалавечнасці, каб памерці годна, не здраджваючы людзям, духоўным і маральным святыням чалавецтва.
Опубликовано 25 сентября 2023 года