LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → Навела «Нябачная калекцыя» → Версия для печати
Дата публикации: 23 сентября 2023
Публикатор: Алексей Петров (номер депонирования: BY-1695501093)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Доўгія гады мастак працаваў над уласнай мадэллю твора. За аснову аўтар браў падарожжы, якія паводле задумы станавіліся складанымі, прыгодніцкімі, небяспечнымі. Пры гэтым розныя здарэнні з героямі ў Цвейга адбываліся не ў дарозе, а ў час прыпынкаў. На думку мастака, для лёсавызначальнага моманту ў творы не патрэбны дні і месяцы — дастаткова некалькі хвілін або гадзін. Вельмі дакладна мадэль твора-падарожжа праявілася ў навеле «Нябачная калекцыя», створанай у 1926 годзе.
Гэта так званая гісторыя ў гісторыі. Галоўны герой сустракае ў цягніку антыквара Р., які расказвае яму асноўны сюжэт. Маючы намер купіць у педантычнага дзівакаватага калекцыянера некалькі афортаў1, герой накіроўваецца ў правінцыяльны саксонскі гарадок.
Стары калекцыянер Герварт — вельмі каларытны тып. Вось як яго апісвае аўтар: «Яго вельмі акуратныя лісты былі напісаны каліграфічным почыркам, сумы падкрэслены па лінейцы чырвоным чарнілам, і, каб пазбегнуць памылкі, лічбы паўтараліся двойчы; да таго ж ён заўсёды скарыстоўваў вывернутыя навыварат канверты і чыстыя аркушы паперы, якія заставаліся ад чужых лістоў». Але пры гэтым, нягледзячы на складаны характар персанажа, пісьменнік з разуменнем і пэўнай павагай ставіцца да кампетэнтнасці збіральніка шэдэўраў у мастацтве: «…смешны дзівак-скнара праяўляў незвычайны розум, выдатнае веданне матэрыі і самы далікатны густ, калі справа тычылася калекцыяніравання старых гравюр».
Прыбыўшы на месца, антыквар-вандроўнік даведваецца, што стары аслеп, а набытыя ім неацэнныя гравюры пакрысе прададзены жонкай і дачкой, каб сям’я магла выжыць у ліхія часы. У гэтай частцы твора змешчаны пранікнёны маналог дачкі старога Герварта, якая просіць антыквара Р. не прызнавацца, што калекцыянер гартае чыстыя аркушы: «…ён не ведае, што мы страцілі ўсё і што на яго пенсію можна пражыць не болей двух дзён у месяц... а тут яшчэ на фронце загінуў муж мае сястры, і яна засталася з чатырма малымі дзецьмі... ён не ведае і таго, што мы прайгралі вайну і аддалі Эльзас і Латарынгію; …адна за адною зніклі лепшыя гравюры з яго калекцыі, засталося ўсяго некалькі штук — і ўсё дзеля таго, каб не памерці з голаду». Тут у творы паказваецца яшчэ адна трагічная і важная для Стэфана Цвейга тэма — тэма вайны, якая паламала жыццё не аднаму народу і не аднаму пакаленню еўрапейцаў.
У гэтым кароткім тэксце ярка выяўляюцца пацыфісцкія погляды пісьменніка, яго непрыманне вайны як антычалавечнай з’явы, якая разбурае звыклы лад жыцця, знішчае неацэнныя набыткі культуры, збядняе людскую супольнасць на цэлыя мастацкія пласты, выяўляе ў людзях не толькі найлепшыя, але і найгоршыя рысы.
Навела «Нябачная калекцыя» — у пэўнай меры злепак агульных наступстваў Першай сусветнай вайны для канкрэтных людзей і для цэлых краін. У вузкім сэнсе гэта твор пра трагедыю сям’і, дзе загінуў карміцель. Але гэта і слова пра чалавечую хцівасць. Прыгадаем, як плату за шэдэўры Рэмбранта адзін з гандляроў аддае дачцэ Герварта грашыма, якія ўжо абясцэнены шалёнай інфляцыяй. Гэта гісторыя таксама пра адчай і безвыходнасць, якія пасяліла ў душах людзей вайна.
Паводле твораў пісьменніка ў ХХ стагоддзі было знята некалькі кінафільмаў. І ў ХХІ стагоддзі ён застаецца папулярным: толькі ў 2010-я гады па матывах навел і раманаў Стэфана Цвейга сучасныя сцэнарысты напісалі сюжэты для папулярнай камедыі «Гатэль “Гранд Будапешт”» (рэжысёр Уэс Андэрсан, Германія — ЗША), меладраматычнага серыяла «Каханне за каханне» (рэжысёр Сяргей Ашкеназі, Расія), драмы «Абяцанне» (рэжысёр Патрыс Леконт, Францыя — Бельгія), «Марыя — каралева Шатландыі» (рэжысёр Томас Імбах, Швейцарыя — Францыя).
У 2019 годзе ў Францыі была экранізавана навела «Нябачная калекцыя» (кінафільм «Калекцыя»; сцэнарыст і рэжысёр Эмануэль Бланчард, сцэнарыст Томас Круітхоф).
Такім чынам, адметнасць творчасці Стэфана Цвейга — ва ўменні лаканічна, дэталёва і цэласна ў малым жанры навелы падаць цэлы зрэз сучаснага яму жыцця, раскрыўшы яго праз тонкія праявы эмоцый, выразныя характары і паказ лёсу пакалення.
Літаратурныя сувязі. Французскі паэт Гіём Апалінэр і аўстрыйскі навеліст Стэфан Цвейг з розных бакоў паказалі наступствы Першай сусветнай вайны для еўрапейцаў. Да гэтага ж пакалення адносіўся і беларускі празаік, аўтар апавядання «Літоўскі хутарок» Максім Гарэцкі, аўтар твора «На імперыялістычнай вайне» — дакументальна-мастацкіх «запісак салдата». У беларускай літаратуры яго творы — адно з самых яркіх сведчанняў трагізму Першай сусветнай вайны.
Опубликовано 23 сентября 2023 года