публикация №1045508266, версия для печати

Мастацкае асэнсаванне нацыянальнай гісторыі ў рамане У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”


Дата публикации: 17 февраля 2003
Публикатор: Алексей Петров (номер депонирования: BY-1045508266)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ ЛИТЕРАТУРА БЕЛАРУСИ


Мастацкае асэнсаванне нацыянальнай гісторыі ў рамане У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”

Пісьменік ніколі не бывае выпадковасцю, але заўсёды гістарычная неабходнасці, ён — з'ява, выкліканая да жыцця духоўнай працай нацыі, насычаная яе творчай сілай, апраўданая яе патрэбай бачыць сваё жыцце адлюстраваным мастацтве.
М. Горкі

Першая і другая часткі гістарычнага рамана Ул. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» былі надрукаваны ў 1968 годзе. Збылася нарэшце задума юнацкай пары пісьменніка — увасобіць у мастацкай форме нарастанне рэвалюцыйнай сітуацыі ў Беларусі ў 50—60-х гадах мінулага стагоддзя, прасачыць шляхі, якімі ішлі да паўстання 1863 года яго ўдзельнікі, стварыць высокамастацкія вобразы кіраўнікоў паўстання, у тым ліку і вобраз Кастуся Каліноўскага.

«Задума,— расказвае Ул. Караткевіч аб стварэнні рамана,—з'явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага універсітэта. Замест таго каб хадзіць на лекцыі — сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачыма паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў — мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх—паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за «нашу і вашу свабоду». А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць. Пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні. Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя «мосцікі» ў Вільню, Пецярбург, Варшаву». І як аказалася потым, «мосцікі» гэтыя былі для аўтара аб'ектыўнай неабходнасцю. Яны не толькі не знізілі ідэйна-эстэтычны ўзровень рамана, а, наадварот, зрабілі яго больш маштабным, пераканальным, дапамаглі пісьменніку адлюстраваць дух эпохі, зразумець гістарычныя заканамернасці развіцця грамадства.

Мне здаецца, што раман Ул. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — гэта, бадай што, першы ў сучаснай беларускай літаратуры буйны шматпланавы, нават панарамны, твор пра больш ці менш аддаленае гістарычнае мінулае беларускага народа. Аднаўляючы для чытачоў падзеі больш чым стогадовай даўнасці, перыяд, калі неабходнасць сялян-скай рэформы дыктавалася самім жыццём, Ул. Караткевіч імкнуўся гістарычна падыходзіць да асвятлення падзей 1863 г. Ён аналізаваў іх сацыяльна-эканамічную сутнасць, іх гістарычнае значэнне для лёсу беларускага народа, іх уплыў на далейшае развіццё нацыі. Сваю ўвагу пісьменнік канцэнтраваў на наступных асноўных напрамках. Па-першае, гэта прыход да паўстання 1863 года беларускага і польскага дваранства (сюжэтная лінія прадстаўлена Загорскім, Каліноўскім і Серакоўскім); па-другое, перарастанне неасэнсаваных стыхійных выступленняў сялян у арганізаваную барацьбу супраць прыгнятальнікаў (распрацоўка вобразаў тут вядзецца па лініі Кагуты—Корчык); па-трэцяе, паказ жыцця высокіх палітычных кругоў (галоўныя дзеючыя асобы Валуеў, Мураўёў). А калі дадаць, што ўсе лініі рамана ўзаемазвязаны з рознымі сферамі жыцця герояў — побытам, выхаваннем, вучобай, палітычным жыццём, то можна яшчэ раз адчуць сілу мастацкай глыбіні аўтара, яго разуменне філасофскай сутнасці гістарычных падзей. Ул. Караткевіч ішоў да паўстання 1863 года праз даследаванне шляхоў сталення галоўнага героя, яго асабістых адносін да прыгоннага сялянства, мясцовых дваран, яго інтымнага жыцця. Дзіцячыя гады Алеся Загорскага ў ся-лянскай сям'і Кагутоў, вучоба ў гімназіі і Пецярбургскім універсітэце, знаёмства з Кастусём Каліноўскім, нарэшце, кіраўніцтва падрыхтоўкай паўстання ў Прыдняпроўі—усё гэта штрыхі да стварэння вобраза героя прывабнага, цэласнага, здольнага на гераізм і самаахвярнасць у імя народа.

Аб тым, што пісьменнік не паступіўся гістарычнай праўдай, зрабіўшы адным з кіраўнікоў паўстання Алеся Загорскага, сведчаць і наступныя словы У. I. Леніна. Характарызуючы вызваленчы рух 40— 60-х гадоў мінулага стагоддзя, ён пісаў: «Пакуль народныя масы Расіі і большасці славянскіх краін спалі яшчэ непрабудным сном, пакуль у гэтых краінах не было самастойных, масавых дэмакратычных рухаў, шляхецкі вызваленчы рух у Польшчы набываў гіганцкае, першаступеннае значэнне з пункту гледжання дэмакратыі не толькі ўсерасійскай, не толькі ўсеславянскай, але і ўсееўрапейскай).

Алесь Загорскі разумее і ўсю недарэчнасць царскага маніфеста 1861 года аб скасаванні прыгону. Фармальна народу давалі волю, а на самой справе адзін від эксплуатацыі замяняўся другім, больш вытанчаным. «Бедныя, бедныя людзі!—думаў Алесь, слухаючы тэкст маніфеста.— Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. Ну што ж, калі твая «неабходнасць» не можа даць ім палёгкі і волі і шчасця — тым лепей. Тады па сваёй «неабходнасці» яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь. Гэта будзе скора. Нядоўга чакаць».

У Загорскага, як і ў многіх іншых рэвалюцыянераў 60-х гадоў мінулага стагоддзя, адметна бачны моцныя і слабыя бакі тагачаснай рэвалюцыйнасці: непрыняцце насільніцтва і эксплуатацыі і імкненне да барацьбы, з аднаго боку, і цьмянасць ідэалаў і невыразнае ўяўленне аб канчатковых мэтах гэтай барацьбы, з другога.

Але менавіта вобраз Алеся Загорскага хваляваў пісьменніка. Аб гэтым сведчыць аповесць Ул. Караткевіча «Зброя». У яе аснове — выкананне Загорскім даручэння К. Каліноўскага: закупіць зброю для паўстанцаў.

Сярод рэальных асоб, што дзейнічаюць у рамане «Каласы пад сярпом тваім», адметнае месца належыць Кастусю Каліноўскаму. «Шляхецкія рэвалюцыянеры,— пісаў Ул. Караткевіч,— якія ўзнялі паўстанне, рэвалюцыйныя дэмакраты, накшталт Каліноўскага, былі, калі карыстацца вядомым ленінскім вызначэннем, прамымі папярэднікамі марксізма». Праўда, у першых дзвюх кнігах рамана вобраз К. Каліноўскага падаецца пісьменнікам эпізадычна — праз успрыняцце другіх герояў, праз яго пісьмы, сустрэчы з рознымі людзьмі. Вось першая сустрэча К. Каліноўскага з Алесем Загорскім, калі

ён смела назваўся беларусам; патрэбна адзначыць пісьмо Каліноўскага аб тым, што ён едзе вучыцца ва універсітэт у Маскву і хацеў бы па дарозе сустрэцца з Алесем; яшчэ адно пісьмо, цяпер ужо з Пецярбурга; заслугоўвае ўвагі спрэчка паміж прадстаўшкамі «чырвоных» і «белых», Серакоўскім і Каліноўскім, які стаяў за самастойнасць нацыянальнага самавызначэння; нарэшце, пісьмо да Загорскага з указаннямі, як рыхтаваць паўстанне: «...Будзем збіраць сілы на будучае. Сваіх пакуль што стрымлівай ад непажаданай гарачкавасці. Пашырай арганізацыю і думай аб зброі. Я таксама не марную часу... Арганізацыя ёсць, вось што галоўнае. Тэрмінова напішы, ці можаш паслаць дзве тысячы рублёў. Ёсць магчымасць танна купіць партыю зброі. Крадзеная інтэндантамі яшчэ ў вайну, і таму танная. Праўда, дубальтоўкі, а штуцэраў няшмат, але і тое добра. Жадаю поспеху, браце». Розныя моманты з жыцця Кастуся Каліноўскага, прыведзеныя ў рамане, усё ж даюць чытачу ўяўленне аб ім як аб чалавеку дзейсным, для якога адзіна правільны шлях—гэта барацьба за вызваленне народа ад прыгоннага ўціску і свавольства царскага самадзяржаўя. Менавіта ў ім, як у фокусе, канцэнтруюцца ўсе перадавыя ідэі тагачаснай рэвалюцыйнай Беларусі.

Вобраз К. Каліноўскага атрымаў сваю далейшую распрацоўку ў трагедыі «Кастусь Каліноўскі». Тут К. Каліноўскі пададзены пісьменнікам у ролі кіраўніка паўстання ў перыяд з мая 1863 па сакавік 1864 года.

Задачу паўстання сялян К. Каліноўскі тлумачыць наступнымі словамі: «...Мы, чырвоны ўрад, гаворым: зямлю—браць. Паноў лютых—вешаць. І благаслаўляем вас на гэта. Белыя здрадзілі — выспятка ім. Затое мы —за вас. Да канца». І ўсімі сваімі дзеяннямі К. Каліноўскі сцвярджае гэтыя словы. Ён займае непахісную пазіцыю ў спрэчках з «белымі» аб мэтах і задачах барацьбы, прынцыповы ў адносінах да людзей, якія здраджваюць агульнай справе, бязлітасны ў адносінах да ворагаў, верны ў сваім каханні.

Раман «Каласы пад сярпом тваім» не толькі аб пярэдадні паўстання 1863 года. Прасякнуты ідэяй гуманізму і патрыятызму, ён даследуе працэс абуджэння нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, раскрывае тэму пошукаў чалавекам свайго месца на зямлі, яго ролі ў гістарычным працэсе, па-казвае неадрыўнасць мінулага ад сучаснасці і будучыні

Ведучы размову аб асэнсаванні Ул. Караткевічам гісторыі роднай Беларусі, нельга не спаслацца на думку такога спецыяліста па беларускай літаратуры, як балгарскі крытык Сімяон Уладзіміраў. У прадмове да сафійскага выдання кнігі Ул. Караткевіча «Паром на бурнай рацэ» ён піша: «Уладзімір Караткевіч не проста любіць гісторыю, яго творчая мэта — уваскрэсіць мінулае свайго народа, і ажыццяўленню гэтай мэты ён аддае ўвесь свой талент і нястрымную фантазію. У апавяданні «Барвяны шчыт» ён развівае ідэю аб тым, што чалавек не можа жыць толькі ў рамках вызначанага яму прыродай часу, які абмежаваны датамі яго нараджэння і смерці. Чалавек жыве і тым, што засталося яму ад дзядоў, і — чым прасякнута ўся яго свядомасць, і тым, што прыйдзе пасля яго і што здзейсніць яго мары».

Размова аб распрацоўцы Ул. Караткевічам гістарычнага жанру дае падставу для шэрагу вывадаў, якія, на наш погляд, могуць быць сфармуляваны наступным чынам. Па-першае, гэта грунтоўнасць гістарычнага мыслення, якая базіруецца на разуменні сутнасці гістарычнага працэсу, з аднаго боку, і дыялектычнай узаемасувязі гісторыі, філасофіі, эстэтыкі і публіцыстыкі, з другога, на аснове якой пісьменнікам фармулююцца законы і правілы гістарычнай раманістыкі, вызначаюцца межы жанру і перспектывы яго далейшага развіцця. Па-другое, гуманістычная насычанасць твораў. У пошуку і асэнсаванні «слядоў даўно мінуўшых год» тоіцца вялікі чалавекалюбны сэнс—праз гістарычную памяць народа, духоўнае засваенне мінуўшчыны ўплываць на свядомасць сённяшняга і наступных пакаленняў, фсірміраваць у іх разуменне простай і мудрай ісціны, што наша гісторыя з’яўляецца тым бясцэнным багаццем, без якога не магло бы быць нас сённішніх і не можа быць нас заўтрашніх.

Я лічу, што Ул. Караткевіч стварыў у літаратуры нашу гісторыю, стварыў наша мінулае, з яго лёгкай рукі вякі загаварылі з намі як добрыя субяседнікі, цікава і даходліва. Дык няхай жа гэта размова працягваецца на вякі як памяць аб мастаку рэдкай і непаўторнай сілы, рыцару духу Уладзіміру Караткевічу.

Опубликовано 17 февраля 2003 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1045508266 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ Мастацкае асэнсаванне нацыянальнай гісторыі ў рамане У. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network