публикация №1045503739, версия для печати

ІНФЛЯНЦКАЯ ВАЙНА 1558-1582 Г. У САВЕЦКАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ


Дата публикации: 17 февраля 2003
Публикатор: Алексей Петров (номер депонирования: BY-1045503739)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ ЛИТЕРАТУРА БЕЛАРУСИ


Андрэй Янушкевіч

Калі не ўлічваць працы навукова-папулярнага характару, то можна прызнаць, што Інфлянцкая вайна ніколі не была прадметам спецыяльнага даследавання савецкіх гісторыкаў. Абумоўлена гэта не толькі слабой зацікаўленасцю савецкай гістарычнай навукі ваенна-палітычнай тэматыкай. Сутнасць справы хутчэй у тым, што Інфлянцкая вайна для „прававер нага" савецкага гісторыка была тэмай нязручнай, бо па сваім характары і выніках не мела станоўчага значэння ды патрыятычна -вызвольнага гучання, як, прыкладам, Кулікоўская бітва 1380 г. Аднак, не маючы магчымасці абысці такія важныя падзеі ў гісторыі Расіі, савецкія гісторыкі стварылі ўласную схему Інфлянцкай вайны, у аснову якой паклалі мадыфікаваную марксісцка -ленінскімі ідэямі канцэпцыю дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. Гэта той прыклад, калі пры вольнай, некрытычнай маніпуляцыі фактамі з яўна няўдалай і несправядлі вай вайны рабілася выключна прагрэсіўная падзея з аптымістычнымі для развіцця краіны наступствамі. Крытычны аналіз прыёмаў і метадаў абгрунтавання „справядлівасці і прагрэсіў насці" Інфлянцкае вайны, а таксама характарыстыкі савецкай канцэпцыі вайны і параўнанне поглядаў савецкіх даследчыкаў з пазіцыямі дарэвалюцыйных расійскіх гісторыкаў і стане прадметам нашай працы. Спачатку звернемся да набыткаў, з якімі расійская гістарычная навука прыйшла да пераломнага для Расіі 1917 г.

* * *

Першы сiстэматычны выклад падзей Iнфлянцкай вайны зрабiў на пачатку ХІХ ст. Мікалай Карамзін. Гэты вучоны не разглядаў Інфлянцкую вайну як цэльную з'яву, яна асвятлялася ім у кантэксце ўсёй палітычнай гісторыі Маскоўскага княства.

Ініцыятыву Івана ІV па наладжванні цесных кантактаў з Еўропай М.Карамзін тлумачыць даволі цьмяным выказваннем пра яго жаданне „ўзвялiчыць Расію ўнутранай грамадзянскай адукацыяй" 1. З уласцівым гэтаму гісторыку мастацкім псіхалагізмам ён піша, што Іван ІV мог дзейнічаць з-за славалюбнай прагі новых заваёў. Аўтар знаходзіць апраўданне дзеянням цара ў непрыхаваным сабатажы інфлянцкімі ўладамі зносін Масковіі з еўрапейскімі краінамі і крывадушных дзеяннях інфлянцаў у двухбаковых перамовах. Іванам ІV кіравала жаданне помсты за іх двухаблічную пазіцыю і зацягванне выплаты „юр'еўскай даніны". М.Карамзін бачыць, такім чынам, пазітыўнае значэнне гэтай ініцыятывы цара для развіцця расійскай дзяржавы і грамадства, закладаючы тым самым падмурак дзяржаўніц кага трактавання Інфлянцкай вайны.

Адзін з найбліжэйшых наступнікаў М.Карамзіна, Мікалай Устралаў, больш выразна звязаў патрэбу шчыльнейшых кантактаў з Захадам з неабходнасцю паспяховага развіцця прамысловасці і адукаванасці расійскага народа2.

Развіццё дзяржаўніцкіх поглядаў на Інфлянцкую вайну больш за ўсё звязваецца з імем Сяргея Салаўёва. Ён прытрымлiваўся этатысцкіх поглядаў на развіццё гістарычна га працэсу, спалучаючы іх з iдэяй эвалюцыйнага прагрэсу. Гэта дазваляла яму сцвярджаць, быццам наспелае ў сярэдзiне XVI ст. балтыйскае пытанне патрабавала свайго вырашэння ваенным шляхам з-за варожай пазiцыi Iнфлянтаў у дачыненнi да спробаў Масковii наладзiць непасрэдныя i цесныя кантакты з Захадам з мэтай пераадолення адсталасцi ў ваенна-тэхнiчнай i культурна -адукацыйнай сферах. Атрымліваецца, што вайна прымала характар непазбежнай заканамернасцi, якая была абумоўлена развiццём расійскай дзяржавы.

С.Салаўёў ставiў у заслугу Iвану IV разуменне жыццёвых патрэбаў Маскоўскай дзяржавы, якія заключаліся, як і паводле М.Карамзіна, „ва ўспрыманні пладоў еўрапейскай грамадзянскасці", i бачыў у iм выдатнага папярэднiка Пятра I3.

Георгі Форстэн, стваральнік фундаментальнага даследавання па гісторыі „балтыйскага пытання" ў ХVІ-ХVІІ ст., пайшоў у падобных развагах яшчэ далей. Салідарызуючыся з меркаваннямі Вісарыёна Бялінскага і Канстанціна Кавеліна, ён складаў сапраўдны панегірык цару Івану ІV, прызнаючы ў ім палітыка, „які ўзвышаўся над сваімі сучаснікамі розумам і дальнабачнасцю" 4.

Г.Форстэн першым з расійскіх даследчыкаў звярнуў увагу на важнасць валодання марскім узбярэжжам (курсіў мой — А.Я.) для Маскоўскага княства, з-за якога і вялася Інфлянцкая вайна. Ён, такім чынам, ахарактарызаваў удзел Масковіі ў вайне як удзел у барацьбе за dominium maris baltici, уключыўшы балтыйскую палітыку Маскоўскай дзяржавы ва ўзаемасувязь з палітыкай астатніх краін балтыйскага рэгіёну.

Вынік разважанням прыхільнікаў дзяржаўніцкай канцэпцыі падвёў на пачатку ХХ ст. Сяргей Платонаў, развагі якога занялі старонкі аднаго з найпапулярнейшых універсітэцкіх падручнікаў таго часу. Паколькі ён працаваў і ў савецкі перыяд, то разгляд поглядаў Платонава падаем ніжэй.

У чым жа асаблівасці дзяржаўніцкай канцэпцыі? Нягледзячы на рознасць ацэнак асобы і эпохі Івана ІV, пазітыўнае значэнне Інфлянцкай вайны прызнавалася ўсімі прадстаўнікамі гэтай школы. Пры гэтым усхваляліся не рэальны характар і рэальныя вынікі гэтага прадпрыемства, а запачатка ваная Іванам ІV ідэя змагання за балтыйскае ўзбярэжжа. Пытанне аб непасрэднай матывацыі дзейнасці цара не ставілася, яно проста падмянялася сцвярджэннямі наконт патэнцыйнай карысці ад усталявання простых сувязяў з Заходняй Еўропай. Пазней гэты тэзіс перакшталтаваўся ў прызнанне непазбежнасці і заканамернасці вайны ў выніку развіцця Расійскай дзяржавы.

Першым пануючай дзяржаўніцкай канцэпцыі запярэчыў Мікалай Кастамараў. Не адмаўляючы заканамернасці Інфлянцкай вайны, ён бачыў яе пачаткі ў празмерным апетыце Маскоўскай дзяржавы да пашырэння ўласнай тэрыторыі. Палемізуючы з С.Салаўёвым, М.Кастамараў сцвярджаў, што ва ўмовах ХVІ ст. для Расіі больш надзённай і карыснай справай было змаганне супраць крымскіх татараў. У ініцыятыве Івана ІV гэты вучоны не ўгледзеў ні вялікага, ні дальнабачнага чыну, бо ў таго не было аніякіх падставаў ператварэння Масковіі ў па-еўрапейску цывілізаваную дзяржаву. На яго думку, цар інэртна дзейнічаў па запаветах свайго дзеда — Івана ІІІ, а Інфлянцкая вайна была лагічным працягам векавечнай барацьбы Русі з нямецкімі рыцарамі. Крытыкуючы прыхільнікаў дзяржаўніц кай схемы, М.Кастамараў абвінавачваў іх у стварэнні высноваў па выпадковых прыкметах, якія разваляцца пры нават слабым судакрананні з метадамі гістарычнай крытыкі5 .

У поглядах М.Кастамарава шмат агульнага з поглядамі шведскага гісторыка Гаральда Хьерна (Harald Hjдrne)6. Але калі апошні запачаткаваў у заходнееўрапейскай гістарыяграфіі шырокую дыскусію наконт сутнасці Інфлянцкай вайны, то расійскі гісторык, па вялікім рахунку, застаўся ў самоце. Пра гэта сведчыць і развіццё савецкай гістарыяграфіі Інфлянцкай вайны. У гэтым артыкуле мы пакажам, што фактычна яна стала простым пераймальнiкам iдэй дзяржаўніцкай школы.

Напачатку, праўда, ўсё складвалася памысна. Дамiнавальная ў 20-х г. „школа Міхаіла Пакроўскага" ў шматразова выдаваных у першае дзесяцігоддзе існавання савецкай улады творах свайго заснавальнiка выказвала даволі арыгiнальныя меркаваннi наконт сутнасцi Iнфлянцкай вайны7. Галоўнай навiною было асвятленне Iнфлянцкай вайны праз фокус сацыяльных адносiн у Маскоўскай дзяржаве. М.Пакроўскi сцвярджаў, што Iнфлянцкая вайна распачалася дзякуючы зацiкаўленасцi ў яе вядзеннi „двух новых класаў — памеснага дваранства i мяшчан"8 . Мэта вайны для „гандлёвай буржуазii" была канчаткова вырашана пры захопе Нарвы, важнага гандлёвага порта. Аднак тут зусiм iншую пазiцыю заняло „воінства" (г.зн. дваранства), якое iмкнулася да набыцця новых землеўладанняў.

Пасля першых поспехаў у Iнфлянтах маскоўцы сутыкнулiся з моцнымi працiўнiкамi ў асобах лiцвiноў i шведаў, змаганне з якімі зацягнула вайну амаль што на чвэрць стагоддзя. „Няўдалая вайна канчаткова пазбавiла памешчыкаў надзеi пашырыць сваю зямлю шляхам знешнiх заваёваў", — падсумаваў аўтар9. Няўдачы ў вайне, у сваю чаргу, выклiкалi апрычнiну, якая была рэакцыяй дваранства на нежаданне баяр ваяваць за Iнфлянты: „Тэрор апрычнiны можа быць зразуметы толькi ў сувязi з няўдачамi Iнфлянцкай вайны"10.

М.Пакроўскi, такiм чынам, шчыльна падышоў да думкі, што Iнфлянцкая вайна пасля захопу Нарвы вялася не за авалодванне марскiм узбярэжжам, а выключна за зямлю, з мэтай насаджэння ў Iнфлянтах маскоўскага памешчыцкага землеўладання. I хоць М.Пакроўскi разглядаў справу досыць аднабакова, аднак з дапамогай сфармуляванай iм „тэорыi гандлёвага капiталу" даследчыку ўдалося паказаць цiкавыя аспекты, i яго рацыя была потым пацверджана даследаваннямi заходнееўрапейскiх гiсторыкаў 11. Дзякуючы гэтаму М. Пакроўскі стаіць асобна ад іншых прадстаўнікоў савецкай гістарыяграфіі Інфлянцкай вайны. Цiкава, што аўтар нiводным словам не згадвае цара Iвана Жахлiвага. Удзельнiкамi калiзii Iнфлянцкай вайны i апрычнiны былi выключна сацыяльныя групоўкі, дзе роля гiстарычнай асобы звужалася да ролi пасiўнага выканаўцы задач i iнтарэсаў класавых груповак.

У гэтым плане бiяграфiя Iвана Жахлiвага, створаная Робэртам Вiпэрам12, з'яўляецца кардынальна супрацьлеглай карціне М.Пакроўскага, хоць у характарыстыцы Iнфлянцкай вайны пазiцыi абодвух даследчыкаў часта перасякаюцца. Для нас засталіся невядомымі матывы нечаканага звароту вучонага да новых для яго навуковых інтарэсаў. Але, нягледзячы на сваю публіцыстычнасць, кніга Р.Віпэру безумоўна ўдалася.

Самае моцнае ў ёй, — гэта, без сумневу, яе канцэпцый насць. Свежасць аўтарскай думкі дазволіла па-новаму асэнсаваць эпоху Івана ІV, і, нягледзячы на шэраг факталагічных памылак і паспешлівых высноваў па лакальных праблемах, сфармуляваная Р.Віпэрам канцэпцыя захоўвае сваё актуальнае значэнне па сённяшні дзень. Адзіны вялікі недахоп гэтай канцэпцыі — даведзенае да скрайнасці апафеознае трактаванне асобы цара. Але й тут трэба ўлічваць аб'ектыўнасць аўтара: гэта толькі ўсхваленне, але ніяк не апраўданне.

Салідарызуючыся з Паўлам Мілюковым і Аляксандрам Кізэветэрам у характарыстыцы Маскоўскай дзяржавы як „ваеннай манархіі", Робэрт Віпэр першым звярнуў увагу на сувязь увядзення апрычніны з Інфлянцкай вайной. Апрычніна арганічна ўпісваецца ў кантэкст гісторыі ваенна-манархічнай дзяржавы, якой у ХVІ ст. з'яўлялася Маскоўскае княства („ваенна-адміністрацыйная рэформа, выкліканая цяжкасцямі вайны"13). Знешні фактар адыграў пры яе заснаванні першачарговую ролю.

Узнёслы тон у дачыненні да цара не перашкодзіў аўтару захаваць нармальную бесстароннасць да фактаў. Р.Віпэр не ігнаруе фактаў, якія супярэчаць ягонай панегірычнай канцэпцыі, а спрабуе даць ім уласную інтэрпрэтацыю. Прыкладам, усталяваны ў Полацку рэжым маскоўскай улады, па ягонай версіі, носіць выразны акупацыйны характар. Самую вайну Р.Віпэр ацэньвае таксама досыць катэгарычна: „Разам са стратай набытых тэрыторый <Іван Жахлівы> пахіснуў асновы збудаванай ім дзяржавы" 14. Калі б вайна скончылася ў 1566 г., сцвярджае аўтар, Іван IV застаўся б у памяці нашчадкаў расійскім Аляксандрам Македонскім. Але вір падзей захапіў цара, і ён не здолеў спыніцца 15. Кранаючы прычыны паражэння ў Інфлянцкай вайне, Р.Віпэр згадвае ўплыў эканамічнага крызісу і зазначае, што цар быў „глыбока прыгнечаны і змірыўся з паразай" 16.

Робэрт Віпэр падкрэсліў важнасць знешнепалітычнай дзейнасці для Маскоўскай дзяржавы часоў праўлення Івана Жахлівага, якой падпарадкоўваліся дзеянні ўрада і ў сферы ўнутранай палітыкі. Гэта выцякала з мілітарысцкага характару царства. Інфлянцкая вайна, па Віпэру, была галоўнай падзеяй эпохі Івана Жахлівага. Аднак такі падыход не быў адэкватна ўспрыняты, і да нядаўняга часу Р. Віпэр заставаўся непрызнаным.

Абагульняльную характарыстыку ўяўленняў дарэвалюцыйнай гiстарычнай навукi аб Iнфлянцкай вайне ў свой час даў Сяргей Платонаў (у „Лекцыях па рускай гiсторыi"). У выдадзенай ім у 1923 г. бiяграфii Iвана IV гэтая характарыс тыка прыняла канчатковую форму17. Яна аказала немалое ўздзеянне на наступныя працы, прысвечаныя Інфлянцкай вайне. С.Платонаў, у прынцыпе, развіў погляды С.Салаўёва і Г.Форстэна. Заканамернасць і непазбежнасць вайны для яго відавочныя. „<Інфлянцкае> пытанне атрымала важнасць чарговага ў сістэме палітычных зносін Масквы ... ўсім ходам адносінаў з Інфлянтамі" 18. Інфлянцкая вайна — гэта „своечасо вае ўмяшанне Масквы ў першаступенную па важнасці міжнародную барацьбу за права карыстання марскімі шляхамі Балтыкі" 19. Пачатак вайны ў 1558 г. быў абумоўлены спрыяльнымі абставінамі. Гісторык таксама прызнаваў, што Інфлянты ажыццяўлялі фактычную блакаду зносін Маскоўскай дзяржавы з Еўропай, хоць і перажывалі крызіс. Усе гэтыя тэзы можна сустрэць у савецкай гістарычнай літаратуры пазнейшых часоў.

Аднак, запазычана было не ўсё. Так, па Платонаву, Выбраная рада не збіралася аспрэчваць царскае рашэнне распачаць Інфлянцкую вайну: „...не было бачна нічога падобнага на палітычную апазіцыю; ясным было толькі маральнае асуджэнне" 20. У паражэнні вінаваты ў першую чаргу ўнутрыпалітыч ны і эканамічны крызіс: „Па сутнасці, Баторы біў ужо нямоглага ворага, які страціў сілы да барацьбы" 21.

Кніга С.Платонава была створаная ў супрацьвагу выдадзенай Р. Віпэрам біяграфіі Івана IV. С.Платонаў звярнуў асноўную ўвагу на ўнутраную палітыку Івана Жахлівага, таму тут не знойдзеш дэталёвага апісання і разбора хады ваенных дзеянняў. Існуе яшчэ адна рыса, якая розніць абедзве кнігі: калі Віпэр проста захоплены царом, то Платонаў захаваў бесстароннасць у дачыненні да асобы Івана IV, ні асуджаючы, ні ўсхваляючы яго.

Дзве вышэй апісаныя біяграфіі з'явіліся як бы зыходнай пазіцыяй для далейшых выданняў, прысвечаных Інфлянцкай вайне. З кнігі Р.Віпэра быў узяты тэзiс пра беспамылковасць і дальнабачнасць цара, а з кнігі С.Платонава — прычынна-выніковае тлумачэнне падзеяў.

Дарэвалюцыйны адбітак ляжаў і на творчасці савецкага перыяду вядомага даследчыка XVII ст. Юрыя Гацье. У 1941 г. у часопісе „Историк-марксист" выйшаў ягоны артыкул, прысвечаны балтыйскаму пытанню ў XIII—XVI ст.22 На той час гэтая праца была проста крамольнай. Адразу заўважаецца відавочнае крытычнае стаўленне аўтара да тагачаснай палітыкі маскоўскага кіраўніцтва. Гацье адкрыта піша пра памылкі і пралікі маскоўскага ўрада, што ў 1930—40-х г. было, мякка кажучы, не прынята. Памылкамі лічыліся рабаўнічы характар ваенных дзеянняў у Інфлянтах, бо гэтым царскія ваякі „выклікалі да сябе ў карэннага насельніцтва нянавісць", адмова ад міру з ВКЛ на земскім саборы 1566 г., пралікі, звязаныя з распадам Інфлянцкай дзяржавы і ўступленнем у вайну трэціх удзельнікаў 23. Усё гэта і абумовіла паражэнне, адсталасць у ваенным майстэрстве і тэхніцы ды ўнутраны разлад у краіне ў выніку апрычніны толькі наблізілі яго.

Артыкул Ю.Гацье не можа не ўражваць імкненнем да аб'ектыўнасці. Дзякуючы гэтаму яго можна паставіць у адзін шэраг з працамі М.Пакроўскага, Р.Віпэра і С.Платонава. Таму, парушыўшы храналогію выкладання, мы і разгледзелі яго перад аналізам прац 1930-х г.

Трыццатыя гады сталі перыядам сапраўднага застою ў распрацоўцы тэматыкі Інфлянцкай вайны. Артыкулы і кнігі, якія з'явіліся ў гэты час, носяць прынцыповы інфармацыйны характар з ідэалагічна -выхаваўчымі мэтамі. За прыклад, які дэманструе ўзровень тагачасных даследаванняў, можна ўзяць працы Б.Верхавеня 24. Кепскі стыль, заштампаваная тэрміналогія, вольная маніпуляцыя фактамі — вось характэрныя рысы яго выданняў. Працы іншых гісторыкаў таксама мелі папулярна -публіцыстычнае адценне25 . З агулу можна вылучыць толькі даследаванне М.Новікава, прысвечанае марской палітыцы Івана IV26. Аднак хутка больш чым дзесяцігадовае маўчанне гісторыкаў змянілася раптоўным выбухам цікавасці да эпохі Івана IV, якая стала амаль цэнтрам увагі савецкіх даследчыкаў Сярэднявечча.

Пераломным у вывучэнні эпохі цара Івана Жахлівага стаў 1941 г. (пасля з'яўлення ў газеце „Правда" праграмнага артыкула). Рэзка быў узяты курс на апалагетызацыю асобы цара, што адмоўна адбілася на якасці выдаванай навуковай літаратуры. У 40—50-я г. выйшла вялікая колькасць кніг па гісторыі Расіі XVI ст. За справу цяпер узяліся аўтарытэтныя прафесіяналы. З'явіліся новыя біяграфіі Івана IV27, два разы была перавыдадзена манаграфія Р.Віпэра. Выйшлі таксама асобна даследаваннi, прысвечаныя непасрэдна Iнфлянцкай вайне i ваеннай дзейнасцi Iвана Жахлiвага 28. У перыядычных выданнях быў надрукаваны шэраг артыкулаў, якія знаёмілі чытача з тымi цi iншымi аспектамi гэтай падзеi29. Афiцыйны пункт гледжання на Iнфлянцкую вайну замацавалi акадэмiчныя „Очерки истории СССР"30. Усе гэтыя даследаваннi выкрышталiзавалi і канчаткова аформiлi савецкую канцэпцыю Iнфлянцкае вайны. Паколькі канцэптуальна яны мала чым адрознiваюцца адна ад адной, то разглядаць iх будзем разам.

Канцэпцыя савецкiх гiсторыкаў вызначаецца ў першую чаргу даведзеным да скрайнасцi сацыяльна -эканамiчным дэтэрмiнiзмам i нястрыманым аптымiзмам у дачыненнi да вынiкаў i значэння Інфлянцкай вайны, нягледзячы на факт паражэння ў ёй Маскоўскага царства. Найаўтарытэтнейшай крыніцай, на якую абапіралiся даследчыкi, сталі кароценькія вытрымкi з „Храналагiчных выпiсак" К. Маркса31. Праца вучоных скiроўвалася пераважна на стварэнне зграбнай усёвытлумачальнай схемы, што наносiла немалую шкоду напрацоўцы новых дадзеных i ўсебаковаму аналiзу даўно вядомых фактаў. Навукова-папулярны характар выдаваных кнiг не можа апраўдваць iлюстрацыйнага падыходу да фактаў i выбарных адносiн да крынiц, а менавiта гэтым вызначыліся савецкія выданні 40—50-х г. У сцвярджэннях пра дальнабач насць цара i ягонае разуменне пастаўленых перад Маскоўскай дзяржавай знешнепалiтычных задачаў выявiўся так характэрны для савецкай гiстарыяграфii феномен „блытанiны перспектываў" (тэрмiн Ежы Тапольскага), сутнасць якога заключаецца ў тым, што пры растлумачэннi матывацыi ўчынкаў рэальных гiстарычных асобаў прычыны падмяняюцца вынiкамi, калi наступствы дзеяння спрагназаваны яшчэ перад пачаткам яго рэалiзацыi. Шматварыянтнасць гiстарычнага працэсу пры такiм падыходзе абсалютна не ўлiчваецца.

Наступны метадалагiчны недахоп гэтых выданняў таксама досыць сiмптаматычны. Гэта дамiнаванне тэкставай iнфармацыi над кантэкставай — сацыяльнага, палiтычнага, эканамiчнага, iдэалагiчнага фону, у якiм ствараўся тэкст. У пагонi за доказамi ўласнай пазiцыi гiсторыкi не абцяжарвалi сябе пошукам i вызначэннем ступеняў аб'ектыўнасцi i бесстаронасцi аўтара. Хапала таго, што крынiца адлюстроўва ла, па меркаваннях афiцыйнай школы, прагрэсiўную пазiцыю (у нашым выпадку гэта пазіцыя Iвана Жахлiвага з дваранскiм i купецкiм станамі). Добрым прыкладам тут будзе iнтэрпрэтацыя перапiскi цара Iвана ІV з князем Андрэем Курбскiм. Пэўна, не будзе вялiкiм перабольшваннем сказаць, што савецкая канцэпцыя 40—50-х г. i прыдворная трактоўка палiтычных падзей у эпоху Iвана IV па сваёй сутнасцi iдэнтычныя. Падобнае „супадзенне", вядома, не можа не ўспрымацца як натуральнае.

Заканамернасць вайны абгрунтоўвалася „пільнай неабходнасцю" для Маскоўскай дзяржавы атрымаць выйсце да Балтыйскага мора32, а таксама ўсiм папярэднiм развiццём маскоўска -iнфлянцкiх стасункаў, якiя, на думку Леанарда Дзербава, не былi найлепшымi 33. Дасягненне балтыйскiх берагоў павiнна было дапамагчы Маскве выйсцi на шырокi еўрапейскi рынак і было неабходнай умовай для нармальнага развiцця краiны34. Аднак справа не ішла далей за гэты абагульняльны пастулат. Дасканальны аналiз характару, структуры i аб'ёму маскоўскага гандлю з Захадам не быў праведзены належным чынам у савецкай гiстарыяграфii. Пастуляваная невыноснасць тагачаснага стану гандлёвых стасункаў з Еўропай супярэчыла высновам iншых канкрэтна -гiстарычных даследаванняў. Прыкладам, М.Фехнер бездакорна абгрунтавала выснову аб большай значнасцi для Масквы ўсходняга гандлю, чым гандлю з Захадам35 .

Савецкай гiстарыяграфiяй не бралася ў поле ўвагі зацiкаўленасць у вядзеннi Iнфлянцкай вайны перадусім дзяржаўных структур. У адрозненне ад „дзяржаўнiцкай" школы другой паловы XIX—пачатку XX ст., цяпер пры разглядзе пачатку вайны дэклараваўся пераважна нацыянальны iнтарэс36. Новай рысай у доследах было абгрунтаванне яе справядлі васці: вайна разглядалася з пункту гледжання „вялікадзяржаў нага", у адпаведнасці з „справядлівым" правам Масквы на далучэнне ўсіх зямель Русі37. Дастаткова часта паўтаралася думка аб шчырай падтрымцы карэнным насельнiцтвам — латышамi ды эстонцамi — маскоўскай палiтыкi ў Iнфлянтах, але пры гэтым выкарыстоўваліся толькi наратыўныя крынiцы, цытаты з якiх узводзіліся ў ранг „неабвержных доказаў". Гэтым асаблiва вызначаецца праца Яна Зуцiса38.

Важным элементам савецкай гістарыяграфічнай схемы з'яўляўся класавы падыход у тлумачэннi прычын i вынiкаў Iнфлянцкай вайны. У ролi тых, хто патрабаваў вайны, i групаў падтрымкi выступалi дваранства i купецтва. Iм супрацьстаялi класавыя ворагi ў асобе баярства i рэакцыйнага духавенства. На пачатку вайны iхную пазiцыю адлюстроўвала Выбраная рада. Супрацiўленне планам цара выклiкала лiквiдацыю гэтага ўрадавага органа39. Раскол у маскоўскiм урадзе служыў як бы прыкладам, які дэманстраваў антаганiстычнае стаўленне станаў да Iнфлянцкай вайны. Аднак пераканальных аргументаў на карысць гэтай думкi ўсё ж не было прыведзена.

Тэза пра шырокую сацыяльную падтрымку пачынанняў Iвана IV натыкалася на сур'ёзныя пярэчаннi фактаў. Тое самае адбывалася, калi прычыны паразы ў вайне спрабавалi тлумачыць жорсткiм супрацьборствам з варожымi класавымi групоўкамi. Нягледзячы на тое, што ўжо ў 1960-я г. антыбаярскi характар апрычнiны быў грунтоўна раскрытыкаваны савецкай гістарычнай навукай, перагляд сацыяльных прычын паразы Маскоўскага царства ў Iнфлянцкай вайне не адбыўся. У сувязi з гэтым хацелася б звярнуць увагу на тое, што пры аналiзе хады вайны ўзаемазвязанасць знешняй i ўнутранай палiтыкi Масквы не ўлічвалася. У разлік бралася толькi расстаноўка класавых сiлаў, але для поўнага i аб'ектыўнага разумення сутнасцi падзей гэтага недастаткова.

У ацэнцы вынiкаў Iнфлянцкае вайны савецкія гісторыкі выказвалi поўнае адзiнадушша. Пытанне аб наступствах, асаблiва блiжэйшых, проста не падымалася. У Iнфлянцкай вайне яны a priori ўгледзелi папярэднiцу захопнiцкай балтыйскай палiтыкi Пятра I, бачачы ў ёй толькi „няўдалую спробу" авалодання Прыбалтыкай. За канстатацыяй паражэння iшлi аптымiстычныя высновы, якiя падмацоўвалiся выгоднай перспектывай вядомых гiстарычных падзей пачатку XVIII ст. Тут iзноў выявiўся феномен „блытанiны перспектываў", яшчэ ў больш заганнай форме. У той жа час уплыў паражэння ў гэтай вайне на блiжэйшыя часы, на падзеі Смутнага часу, па сутнасцi, нават не згадваўся.

Трэба адзначыць, што ў 1956 г. была звернута ўвага на пытанне ўдзелу ў Iнфлянцкай вайне і Вялікага Княства Літоўскага 40. У даследаваннi Л.Дзербава разгледжаны прычыны ўступлення ВКЛ у вайну, сутнасць вялікалiтоўскай палiтыкi ў першы перыяд яе развiцця. Работа ў цэлым носiць апiсальна-iнфармацыйны характар. Аўтар не выходзiць за рамкi савецкай канцэпцыi i дае падзеям выразна прамаскоўск ую iнтэрпрэтацы ю41. Гэта асаблiва добра вiдаць пры разглядзе бiтвы над Улай 1564 г., у апiсаннi якой Л.Дзербаў не выходзiць за межы сведчанняў рускiх летапiсаў 42. На жаль, гэтае даследаванне не атрымала далейшай паглыбленай распрацоўкi.

Нягледзячы на значную iнтэнсiўнасць даследчыцкай дзейнасцi, савецкая гiстарыяграфiя 40—50-х г. не ўнесла ў вывучэнне Iнфлянцкай вайны нiчога прынцыпова новага, апрача афармлення ўласнай канцэпцыi, пастулаты якой часта супярэчылi канкрэтным фактам. Не ўводзіліся ва ўжытак новыя дакументы (хоць яны і працягвалi выдавацца 43), не ажыццяўляліся комплексныя даследаванні па вузкай ваеннай праблематыцы 44. На наш погляд, С. Шмiдт слушна ахарактарыза ваў лiтаратуру гэтых гадоў як „гiстарычна -кампiлятыўную" 45. З пазiтыўных момантаў трэба вылучыць зварот да тэмы „ВКЛ у Iнфлянцкая вайне" і шэраг рэцэнзiй на працы заходнееўрапейскiх гiсторыкаў 46.

Ствараецца ўражанне, што гэткая бурная даследчыцкая дзейнасць была выклiкана не навуковай зацiкаўленасцю, а неабходнасцю ўпiсаць Iнфлянцкую вайну ў зграбную марксiсцка -ленiнскую схему расiйскай гiсторыi, асновай якой стала мадэрнiзаваная вялікадзяржаўная тэорыя. Адыграла сваю ролю i дзяржаўна -партыйная замова — сталiнская ўлада слушна ўбачыла ў апрычным рэжыме Iвана Жахлiвага свайго кроўнага папярэднiка. Для ўсяго далейшага развiцця гiстарыяграфii Iнфлянцкай вайны сапраўднае значэнне мела толькi станаўленне гэтага афiцыйнага пункту гледжання 47.

Змястоўны крытычны аналiз савецкай гiстарыяграфii 40—50-х г. у свой час ажыццявiў Сігурд Шмiдт48. Слушна ахарактарызаваўшы стан тагачаснага гiстарычнага пiсьменства як „аднабаковы, дагматычны падыход да гiстарычных з'яваў"49, ён звярнуў вялiкую ўвагу на памылковасць i неабгрунтаванасць шмат якiх палажэнняў савецкiх гiсторыкаў. Аўтар крытычна паставiўся да сцвярджэнняў пра супрацьдзеючую ролю Выбранай рады пры развязваннi Iнфлянцкай вайны, звярнуў увагу на недастатковы ўлiк значэння „ўсходняга напрамку" пры вывучэннi знешняй палiтыкi Масквы, раскрытыкаваў тэзiс аб неабходнасцi знясiльваючай i непапулярнай Iнфлянцкай вайны. Пад крытыку трапілі нават сталыя спасылкi даследчыкаў на К.Маркса, якi быццам бы высока ацэньваў палiтычную дальнабачнасць i настойлiвасць Iвана Жахлiвага ў вядзеннi Iнфлянцкай вайны. Аўтар канстатаваў, што „гiсторыя Iнфлянцкай вайны яшчэ мае патрэбу ў дадатковым вывучэннi, прытым у плане самай цеснай узаемасувязi з падзеямi ўнутрыпалiтычнай i сацыяльна -эканамiчнай гiсторыi"50 . У цэлым С.Шмiдт раскрытыкаваў самую сутнасць канцэпцыi, створанай у часы Сталiна.

Крыху адрозную ад традыцыйнай для лiтаратуры 1950-х г. трактоўку канкрэтных абставiн (але, па сведчанні аўтара, не сутнасцi падзей) развiцця Iнфлянцкай вайны паспрабаваў даць Iгар Грэкаў51. Вучоны завастрыў увагу на аналiзе дыпламатыч най барацьбы Маскоўскага царства за пераадоленне „вымушанай iзаляцыi ў коле яўных i скрытых працiўнiкаў" 52. Гэтая барацьба, на думку аўтара, была паспяховай. Наяўнасць „скрытых хаўруснiкаў" у іпастасі Вены i Ватыкана дазволiла Маскве распачаць Iнфлянцкую вайну. Яе „дзiўны" характар (чаргаванне ваенных акцыяў супраць Iнфлянтаў i Крымскага ханства) вытлумачваецца неабходнасцю нейтралiзацыi каталiцкага лагера. Надзея на дапамогу Масквы супраць туркаў, варожае стаўленне да пратэстантызму прымушалi Габсбургаў i рымскага папу закрываць вочы на паступовую акупацыю Iнфлянтаў. Пасiўнасць Святой Рымскай Iмперыi нямецкай нацыі ставiлася ў заслугу Iвану IV, яго выдатным дыпламатычны м здольнасця м53. У той жа час прычыну няўдачы ў Iнфлянцкай вайне I.Грэкаў бачыў у поўнай знешнепалiтычнай iзаляцыi Масковii ў 1578—1581 г.

Аргументацыя аўтара, на наш погляд, не пераконвае i ўваходзiць у вiдавочную супярэчнасць з фактамi. Савецкi даследчык чамусьцi не ўлiчвае шматлiкiх спробаў iмператара Фердынанда (пасланні да рэйхстага, лiсты да цара Iвана IV, перамовы з рознымi бакамi) прадухiлiць поўны захоп маскоўскім войскам Iнфлянтаў. I.Грэкаў нават не згадвае пра пасольства Гераніма Гофмана ў 1560 г., якога Iван IV не прыняў i пасадзiў за краты. У той жа час аўтар паведамляе, што „наяўнасць скрытых хаўруснiкаў у Еўропе дазволiла аднавiць у 1560 г. барацьбу за Iнфлянты" 54.

Дзiўна, што Iван IV спрабаваў абмежаваць удзел у iнфлянцкiм канфлiкце такога пасіўнага назiральнiка за падзеямі, як Святая Рымская iмперыя, а не дзяржаваў, непасрэдна зацiкаўленых у авалодваннi iнфлянцкай тэрыторыяй — Швецыi, Данii, урэшце, ВКЛ. Зносiны Масквы з Венай насiлi спарадычны характар, і не можа быць гаворкi пра нейкую ўзгодненасць рашэнняў i дзеянняў. Нават калi прызнаць рацыю I. Грэкава і верыць, што цар на самай справе надаваў вялiкае значэнне сваiм адносiнам з нямецкiм iмператарам, давядзецца канстатаваць марнасць, нават бяссэнсавасць яго намаганняў у гэтым напрамку. А гэта, у сваю чаргу, зусім не сведчыць пра вялікі дыпламатычны і палітычны талент маскоўскага ўладара.

Калi савецкая гiстарыяграфiя 40—50-х г. ставiла сваёй галоўнай мэтай абгрунтаванне справядлiвасці i заканамернасці Iнфлянцкай вайны, то I.Грэкаў стараўся даказаць паўнапраў ны ўдзел Масквы ў еўрапейскай палiтыцы. У падобнага пастулата быў не навукова-гiстарычны, а палiтычна-iдэалагiчны грунт. Пры ўсёй стараннасцi аўтара яго лагiчныя збудаванні выглядаюць штучнымі. Масква тады разглядалася толькi як выгадны партнёр, чыё геапалiтычнае становiшча i вайсковы патэнцыял дазваляў скарыстаць яе для вырашэння надзённых праблемаў еўрапейскай палітыкi, у першую чаргу для барацьбы з Асманскай iмперыяй. Па шэрагу прычын складовым элементам еўрапейскай сiстэмы раўнавагi сiлаў у XVI ст. Маскоўская дзяржава яшчэ не з'яўлялася.

У цэлым, калі гаварыць пра працу І.Грэкава, хоць нарыс аб Iнфлянцкай вайне па-свойму арыгiнальны, з-за супярэчлiвага трактавання фактаў i гiпатэтычных высноваў яе цяжка лічыць важкiм унёскам у распрацоўку тэматыкi.

Пасля „хрушчоўскай адлiгi" спецыяльныя абагульня льныя экскурсы ў гiсторыю знешняй палiтыкi i мiжнародных адносiн другой паловы XVI ст. адышлi ў нябыт i змянiлiся даследаваннямi па вузкiх лакальных праблемах. Пераход да вузкаспецыялiзаванай тэматыкi меў два важныя наступствы. Гiсторыя Iнфлянцкай вайны з праблемы актуальнай i надзённай паступова ператварылася ў маргiнальную тэму. З iншага боку, выбар вузкай тэматыкi дазволiў узняць навуковую якасць даследаванняў.

Гістарыяграфія перыяду 1960—80-х г. характарызуецца цiкавым феноменам. У той час адбывалася своеасаблiвае „падточванне знутры" некаторых схаластычных фармулёвак, уведзеных даследаваннямі 1950-х. Сутнасць канцэпцыi пры гэтым пад крытыку не трапляла, аднак, калi ўважлiва прыгледзецца, дык высновы новых распрацовак на самай справе пярэчылi логiцы афiцыйнай схемы Iнфлянцкай вайны. Дасягненнем тых гадоў стаў выпуск корпусу крынiцаў па ваеннай гiсторыi Расii. У першую чаргу трэба згадаць выданнi разрадных кнiг канца XV—XVII ст.55 Праўда, калі не лiчыць праведзенай крынiцазнаўчай працы, для даследавання пытанняў Iнфлянцкай вайны яны засталiся практычна незапатрабаванымi.

Iмкнучыся стварыць цэласную карцiну гiсторыi Маскоўскай дзяржавы XVI ст., вядомыя даследчыкi апрычнiны Аляксандр Зiмiн i Руслан Скрыннiкаў у сваiх працах звярнулі асаблівую ўвагу на знешнепалiтычныя падзеі56. У сваiх асноўных рысах, сваім канцэпцыйным падыходам iхныя тэксты не адрознiваюцца ад даследаванняў 1950-х г. Гэтыя выданні з'яўляюцца выдатнымі ўводзiнамi ў факталогiю Iнфлянцкай вайны. Прыкладам, А.Зiмiн свядома не выходзiў за рамкi кампiляцыйнага стылю. У сваiх фармулёўках гэты даследчык асцярожны i некатэгарычны. Энцыклапедычнасць яго ведаў i шырокая дакументальная база даследаванняў проста захапляе.

Р.Скрыннiкаў, у адрозненне ад калегi, iмкнуўся выказаць уласныя меркаваннi па тых цi iншых пытаннях знешняй палiтыкi. Безумоўнай заслугай навукоўца з'яўляецца крытыка тэзіса, якi галоўную віну за паражэнне ў Iнфлянцкай вайне ўскладвае на эканамiчны крызiс 1570-х г. Ён правамерна заўважае, што пачатак крызiсу не прывёў да адначасовых няўдач на ваенным фронце, і згадвае пра ўдалыя вынiкi кампанii 1577 г. „Паражэнне з'явiлася наступствам шэрагу ваенных, палiтычных i эканамiчных фактараў", — напрыканцы пiша Р. Скрыннiкаў 57.

Абодва аўтары ў цэлым далі больш аб'ектыўную ацэнку вайне, не перакладаючы адказнасць за паразу ў ёй на падкопы ворагаў. Яны згадваюць i пралiкi дыпламатыi, i псiхапаталагiчныя асаблiвасцi цара, i нiзкую баяздольнасць войска. Шкада, што гэтыя нарысы былi толькi агляднымi экскурсамi абагульняльнага характару.

Некаторыя стэрэатыпы савецкай гiстарыяграфii былі пастаўлены над пытанне шэрагам невялiкiх прац маскоўскага гісторыка Барыса Флоры. У яго даследаванні аб праекце антыкрымскай каалiцыi нядвухсэнсава паказана непастаянства iнтарэсаў маскоўскага ўрада ў канцы 1550-х г. з прычыны актыўных дзеянняў адразу на двух напрамках знешняй палiтыкi — паўднёвым i заходнiм58 . У працы „Расiя, Рэч Паспалiтая i канец Iнфлянцкай вайны" пад крытыку трапiў тэзiс аўтараў 50-х г. пра нястомныя пошукі царом шляхоў для працягу барацьбы за Прыбалтыку адразу пасля паражэння ў Інфлянцкай вайне59. Б.Флора, такiм чынам, не ацэньваў вынiкаў вайны аптымiстычна. У яшчэ адной працы ён акцэнтаваў увагу на незадаволенасцi пануючага класа эканамiчным крызiсам, выклiканым Iнфлянцкай вайной. „Ухiленне дваран ад службы, iхнае нежаданне працягваць спусташальную вайну, без сумневу, стала iстотнай прычынай тых ваенных няўдач, якiя здарылiся ў гэтыя гады з рускай армiяй", — канстатуе аўтар60. У пытанні аб развязванні вайны Б.Флора надаваў большае значэнне стратэгiчным, чым гандлёва-эканамiчным прычынам. Услед за Л.Дзербавым ён лiчыў Прыбалтыку важнай вузлавой пазiцыяй у барацьбе за Ўкраiну i Беларусь 61.

Перадгiсторыяй Iнфлянцкай вайны займаўся Iван Шаскольскi, які прысвяцiў свой артыкул праблеме „юр'еўскай данiны"62. Аўтар зрабiў вельмi важную выснову пра жаданне Масквы ўрэгуляваць гэтую праблему мiрным шляхам. Так быў пастаўлены пад пытанне тэзiс аб планамернай падрыхтоўцы вайны. Але I.Шаскольскi не пайшоў далей за прыватныя высновы. Прычын вайны ён так i не крануў.

Самая смелая спроба перагледзець афiцыйны погляд савецкай гістарычнай навукі на Iнфлянцкую вайну належыць I.Курукiну63 . Яго даследаванне прысвечана першым гадам вайны, калi разгарэўся канфлiкт цара з сябрамi Выбранай рады. Уважлiва прааналiзаваўшы iнфлянцкiя крынiцы, вучоны здолеў прапанаваць іншыя тлумачэнні знешнепалiтычнай пазiцыi Выбранай рады i па-новаму ахарактарызаваць iнтарэсы гандлёвага класу Iнфлянтаў i Маскоўскай дзяржавы ў канцы 50-х г. XVI ст. На думку аўтара, маскоўскае купецтва не было зацiкаўлена ў вайне i не падтрымала гэтай iдэi цара. Цiкавай з'яўляецца думка, што „дзейнасць Сiльвестра адлюстроўвала iнтарэсы гандлёва-пасадскiх колаў"64. У цэлым I.Курукiн абгрунтаваў меркаваннi С.Шмiдта, выказаныя тым у 1962 г. На жаль, наватарская праца I.Курукiна, прысвечаная прыватнаму аспекту, не атрымала свайго далейшага развiцця. Новая iнтэрпрэтацыя крынiц i фактаў не пацягнула за сабой перагляду дагматычнай канцэпцыi.

Вось з такiмi набыткамi савецкая гiстарыяграфiя дайшла да эпохi „перабудовы". Новая палiтычная сiтуацыя запатрабавала новага трактавання даўніх падзей. У цэлым, аднак, як маргiнальнасць тэматыкi Iнфлянцкай вайны, так i вузкаспецыялiзаваны падыход засталіся без зменаў. Затое сутнасць канцэпцыi сталiнскага часу цяпер трапіла пад увагу вучоных. У новай літаратуры з'явіліся сцвярджэннi аб бяссэнсавасцi, бесперспектыўнасцi вайны з-за яе неадпаведнасцi тагачаснаму ўзроўню развiцця краiны, непапулярнасцi вайны сярод шырокiх масаў насельнiцтва 65. Падкрэслiваўся моцны ўплыў на характар хады падзей псiхiчных асаблiвасцяў асобы Iвана IV. Выразна быў сфармуляваны тэзіс пра вайну як галоўную прычыну эканамiчнага крызiсу 1570-х г. Сігурд Шмiдт яшчэ раз паставiў пад сумнеў думку аб рознасцi iнтарэсаў Выбранай рады i цара. На яго погляд, Аляксей Адашаў зусiм не быў працiўнiкам актывiзацыi барацьбы Маскоўскай дзяржавы за выхад да Балтыйскага мора. Ягоная палiтыка адрознiвалася толькі большай дальнабачнасцю ў ацэнцы магчымасцяў Масквы весцi працяглую вайну i iмкненнем дамагацца знешнепалiтычных поспехаў шляхам мiрных перамоваў. Магчыма, гэткая пазiцыя i паслужыла прычынай разладу з царом66.

Канкрэтныя палітычныя праблемы цяжкай вайны разгледжаны ў працы Ганны Харашкевiч. Фактычна, тут у мадыфiкаваным выглядзе адрадзілася канцэпцыя Р.Вiпэра аб апрычнiне як ваенна-адмiнiстрацыйнай рэформе. Апрычнiна, на яе думку, была экстранай мерай, неабходнай для працягу непапулярнай сярод дваранства вайны. Да знешнепалiтычных справаў да падзення Выбранай рады цар меў абмежаваны доступ, iх вяла Баярская Дума. Змяненне падобнага стану рэчаў было адной з неадкладных задачаў Iвана IV67.

Цікава, што Р.Скрыннiкаў прадэманстраваў прыкметную рэвiзiю сваiх поглядаў. Ён напiсаў, што ў Расii не было вялiкай неабходнасцi ваяваць Iнфлянты, таму што яна мела шырокае выйсце да Балтыйскага мора напярэдаднi вайны. Ён таксама не верыць у процілегласць знешнепалiтычных прыярытэтаў Выбранай рады i Iвана Жахлiвага, але лiчыць, як i раней, што „расiйскае дваранства з энтузiязмам падтрымала планы вайны, разлiчваючы на зямельныя набыткi..." 68.

*

Распадам Савецкага Саюза завяршылася эпоха савецкай гістарыяграфіі. Адносна праблемы вывучэння Інфлянцкай вайны даводзіцца канстатаваць, што, узяўшы са спадчыны не самыя лепшыя рысы дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі, савецкая гістарычная навука фактычна не ўзнялася над „дзяржаўніцкім" трактаваннем падзей. Аднак абноўленая схема асвятлення Інфлянцкай вайны набыла некаторыя арыгіналь ныя элементы, у прыватнасці, класавую афарбоўку інтэрпрэтацый ды аптымістычныя ацэнкі вынікаў вайны. Нягледзячы на наяўнасць альтэрнатыўнай плыні, якая пярэчыла афіцыёзнай канцэпцыі, дыскусійнага поля і нармальных умоваў для развіцця яна не мела. Перашкодай былі палітычна -ідэалагіч ны кантроль над гістарычнай навукай, а таксама недастатко вая ўвага да знешнепалітычнай тэматыкі.

The Livonian War 1552—1582

in the soviet historiography

Andrej Januskieviи

The soviet conception of the Livonian war (1558—82) was formed in 1940—50s. Its main features stipulated for the special attitude of Stalin's regime to the epoch of Ivan the Terrible were interpretation of the events in the light of class struggle theory and exaggeration of the results and significance of the war. The research work was mainly directed to the creation of an orderly scheme which could explain everything. This prevented from a profound analysis of different kind of evidence. Descriptive and selective approach to the facts and sources prevailed. The main task was to inscribe the Livonian war into the marxist-leninist scheme of Russian history with „great-power" theory in its foundation.

The study of some specific aspects of history of the Livonian war in next years had an effect of a higher quality of investigations. Though the essence of the conception was not criticized the results of new researches, however, frequently conflicted with logic of the official scheme. Situation has changed only after democratization of society in late 1980s. Disintegration of the USSR in 1991 put an end to the soviet period in the historiography of the Livonian war.

Soviet history inherited not the best features of Russian historiography and couldn't exceed the bounds of the basic „great-power" idea in its interpretation of events. Political and ideological conditions were a serious obstacle in the development of alternative trends (which were present) and made the study of political history of Middle Ages in general a marginal field.

* Праца выкананая ў рамках праекту „Вакно ў Эўропу — Беларуская майстэрня"


--------------------------------------------------------------------------------

1 Карамзин Н.М. История государства Российского . Кн. 3. Т. 8. Москва, 1989. С.157.
2 Устрялов Н.Г. Русская история.Ч.2. С.-Петербург,1839. С. 68.
3 Соловьев С.М. История России с древнейших времен. / Сочинения. Кн.3. Москва, 1989. С.483, 507.
4 Форстен Г.В. Балтийский вопрос в ХVI и XVII столетиях. Т.1: Борьба из-за Ливонии. С.-Петербург,1893. С.96.
5 Костомаров Н.И. Личность царя Иоанна Васильевича Грозного. / Исторические монографии и исследования . Кн.1. Москва, 1990. С.14-16.
6 Глядзі яго падставовую працу па гэтым пытанні: Hjдrne H. Svensk-ryska fцrhandlingar 1564-1572. Erik XIV:s ryska fцrbundsplaner. Uppsala,1897.
7 Покровский М.Н. Русская история в самом сжатом очерке / Избранные произведения. Т.3. Москва,1967.
8 Тамсама. С.54.
9 Тамсама. С.56.
10 Покровский М.Н. Русская история с древнейших времен / Избранные произведения. Т.1. Москва,1966. С.302.
11 Angermann N. Studien zur Livlandspolitik Ivan Groznyjs. Marburg/Lahn,1972. S.67-71.
12 Виппер Р.Ю. Иван Грозный. Москва,1922.
13 Спасылкі даюцца па другім выданні: Виппер Р. Ю. Иван Грозный. Ташкент,1942. С.32.
14 Тамсама. С.142.
15 Тамсама. С.169-170.
16 Тамсама. С.158.
17 Платонов С.Ф. Иван Грозный. Москва,1923.
18 Спасылкі даюцца па перавыданні: Платонов С.Ф. Сочинения. Т.2. С.-Петербург,1994. С.60.
19 Тамсама. С.15.
20 Тамсама. С.71.
21 Тамсама. С.66.
22 Готье Ю.В. Балтийский вопрос в XIII—XVI вв. // Историк-марк сист. 1941. Кн.6. С.87—95.
23 Тамсама. С.95.
24 Верховень Б.Г. Ливонская война // Пропагандист и агитатор РККА. 1939. №2. С.49—58; Верховень Б.Г. Расширение Русского государства. Москва,1938; Верховень Б.Г. Россия в царствование Ивана Грозного. Москва,1939.
25 Бахрушин С.В. Разгром Немецкого Ордена в Прибалтике Иваном IV // Исторический журнал. 1941. №10—11. С.71—77; Бахрушин С.В. Расширение Русского государства при Иване IV // Пропагандист. 1939. №1. С.15—22; Савич А.А. Борьба русского народа с иностранными агрессорами (XVI— начало XVII в.) // Знамя. 1939. Кн.5—6. С.190—208; Тельпуховский Б. Борьба русского народа за выход к Балтийскому морю (XIII—XVII вв.) // Военно-исторический журнал. 1940. №7. С.77—89.
26 Новиков Н. Борьба России за выход на Балтийское море в XVI в. и каперский флот Ивана Грозного // Морской сборник. 1938. №7. С.90—106.
27 Бахрушин С.В. Иван Грозный. Москва,1942. 2-е выд. Москва,1945. Перавыдадзена ў: Бахрушин С.В. Научные труды. Т.2. Москва,1954. С.256—328.
28 Бахрушин С.В. Разгром Ливонского Ордена в Прибалтике (XVI век). Ташкент,1942; Королюк В.Д. Ливонская война. Москва,1954; Коротков И.А. Иван Грозный: Военная деятельность. Москва,1952.
29 Дербов Л.А. К истории падения Ливонского ордена // Ученые записки Саратовского государственного университета. Т.17. Харьков, 1947. С.157—174; Зутис Я.Я. К вопросу о ливонской политике Ивана IV // Известия АН СССР, серия истории и философии. 1952. Т.9. №2. С.133—143; Зутис Я.Я. Разгром Ливонского ордена // Большевик Советской Латвии. 1949. №11. С.53—59; Лурье Я.С. Вопросы внешней и внутренней политики в посланиях Ивана IV // Послания Ивана IV. Москва-Ленинград,1951. С.468—519; Новицкий Г.А. Новые данные о русском феодальном землевладении в Прибалтике в период Ливонской войны (1558—1582) // Вопросы истории. 1956. №4. С.134—139; Новицкий Г.А. Русское государство в борьбе за Балтику в ХVI в.: Стенограмма лекции, прочитанной 13 января 1945 г. Москва, 1945; Писаревский Г.Г. Осада Пскова польско-литовским королем Стефаном Баторием в 1581 г. // Известия Азербайджанского филиала АН СССР. Вып.3. №7. Баку, 1947. С.20—25; Полосин И.И. Псковское сидение // За родную землю. Москва,1949. С.77—94.
30 Очерки истории СССР. Период феодализма (конец XV — начало XVII в.). Москва,1955.
31 Архив К.Маркса и Ф.Энгельса. Т.8. Москва,1946. С.165.
32 Бахрушин С.В. Научные труды. Т.2. С.282—284; Королюк В.Д. Цыт.пр. С.29—30; Очерки истории СССР. С.273—276.
33 Дербов Л.А. Цыт. пр. С.159—162.
34 Королюк В.Д. Цыт. пр. С.27—30.
35 Фехнер М. Торговля Русского государства со странами Востока в XVI в. Москва, 1956.
36 Бахрушин С.В. Научные труды. Т.2. С.282; Королюк В.Д. Цыт.пр. С.30.
37 Адкрыта падобны пункт гледжання выклаў Iван Караткоў: „Iнфлянцкая вайна была прагрэсiўнай, справядлiвай(!!!) вайною: Масква змагалася за вяртанне спрадвечных рускiх зямель(!!!), за аб'яднанне Русi(!!!), за вызваленне краiны ад фактычнай блакады на Захадзе" (Коротков И.А. Цыт.пр. С.43—44).
38 Зутис Я.Я. К вопросу о ливонской политике . С.136-143. Глядзі таксама: Дербов Л.А. Цыт.пр. С.165—172; История Латвийской ССР. Т.1. Рига, 1952. С.163—167; История Эстонской ССР. Т.1. Таллин, 1961. С.339—347.
39 Королюк В.Д. Цыт.пр. С.28—29; Лурье Я.С. Цыт.пр. С.485—488.
40 Дербов Л.А. Борьба Русского государства за Прибалтику и Белоруссию в 60-х годах XVI в. // Ученые записки Саратовского государственного университета. Т.47. Харьков, 1956. С.149—181.
41 Заслугоўвае ўвагі, як Л.Дзербавым сумяшчаўся класавы падыход з „великодержавным" трактаваннем Інфлянцкай вайны, што, па сваёй сутнасці, характэрна для ўсёй савецкай гістарыяграфіі: „Гаворачы пра тое, што знешняя палітыка Расіі і Польшчы ў XVI cт. была абумоўлена класавай прыродай абедзвюх феадальных дзяржаваў і інтарэсамі іх пануючых класаў, мы, аднак, не павінны забываць, што паміж палітыкай Рускай і Польска-Літоўскай дзяржаваў існавала істотная розніца. У той час, як магнацка-шляхецкія вярхі Польска-Літоўскай дзяржавы праводзілі агрэсіўную, антыславянскую (!!! — А.Я.) палітыку на Ўсходзе, накіраваную на заняволенне ўкраінцаў і беларусаў і арганізацыю ваенных авантураў супраць Расіі, у палітыцы Рускай дзяржавы заключаліся прагрэсіўныя задачы як у вырашэнні балтыйскага пытання, так і ў вырашэнні іншай найважнейшай праблемы — вызвалення з-пад польскага феадальнага ярма ўкраінскіх і беларускіх зямель і ўз'яднання трох братніх усходнеславянскіх народаў" (Тамсама. С.152.).
42 Тамсама. С. 175—176.
43 Из истории блокады Русского государства // Материалы по истории СССР. Т.2. Москва, 1955. С.247—272; Посольство И.Гофмана в Ливонию и Русское государство в 1559—1560 гг. // Исторический архив. 1957. №6. С.131—142.
44 Выключэннем з'яўляецца: Кушелева Л.Н. О боевом использовании артиллерии в важнейших сражениях Ливонской войны 1558—1582 гг. // Сборник исследований и материалов Артиллерийского исторического музея. Вып.3. Ленинград, 1958.
45 Шмидт С.О. Вопросы истории России XVI века в новой историчес кой литературе // Советская историческая наука от XX к XXII съезду КПСС. История СССР. Сб.ст. Москва, 1962. С.95.
46 Круус Х. Балтийский вопрос в XVI в. в зарубежной литературе // Вопросы истории. 1959. №6. С.108—119; Фейгина С.А. По страницам зарубежных исследований внешней политики России в XVI-XVII вв. // Вопросы истории. 1955. №12. С.204-211.
47 Найбольшым навуковым дасягненнем марксісцкай гістарыяграфіі Інфлянцкай вайны, без сумневу, трэба прызнаць даследаванне гісторыка з ГДР Эрыха Донэрта: Donnert E. Der livlдndische Ordensritterstaat und Russland. Berlin, 1963.
48 Шмидт С.О. Цыт.пр. С.91—136.
49 Тамсама. С.93.
50 Тамсама. С.133.
51 Греков И.Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV—XVI вв. Москва, 1963.
52 Тамсама. С.309—310.
53 Тамсама. С.311—318.
54 Тамсама. С.320.
55 Разрядная книга 1475—1598 гг. / Подгот. В.И.Буганов. Москва, 1966; Разрядная книга 1559—1605 гг. / Под ред. В.И.Буганова. Москва, 1974; Разрядная книга 1550—1636 гг. /Под ред. В.И.Буганова. Вып.1. Москва, 1975; Разрядная книга 1475—1605 гг. / Под ред. В. И. Буганова. Т.2. Ч.1. Москва,1978. Т.2. Ч.2—3. Москва, 1982.
56 Зимин А.А.Реформы Ивана Грозного. Москва,1960; Зимин А.А. Опричнина Ивана Грозного. Москва,1964; Зимин А.А. В канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. Москва,1986; Скрынников Р.Г. Начало опричнины. Ленинград, 1966; Скрынников Р.Г. Россия после опричнины. Ленинград, 1975; Скрынников Р.Г. Иван Грозный. Москва,1978. 2-е выд. — Масква, 1983.
57 Скрынников Р.Г. Россия после опричнины. С.62.
58 Флоря Б.Н. Проект антитурецкой коалиции в середине XVI в. // Россия, Польша и Причерноморье в XV-XVIII вв. Москва,1979. С.71-85.
59 Флоря Б.Н. Россия, Речь Посполитая и конец Ливонской войны. // Советское славяноведение. 1972. №2. С.25—35.
60 Флоря Б.Н. Война между Россией и Речью Посполитой на заключительном этапе Ливонской войны и внутренняя политика правитель ства Ивана IV // Вопросы историографии и источниковедения славяно-германских отношений. Москва, 1973. С.203.
61 Флоря Б.Н. Русско-польские отношения и балтийский вопрос в конце XVI — начале XVII в. Москва, 1973. С.5—14.
62 Шаскольский И.П. Русско-ливонские переговоры 1554 г. и вопрос о ливонской дани // Международные связи России до XVII в. Москва, 1961. С.376—399.
63 Курукин И.В. К изучению источников о начале Ливонской войны и деятельности правительства Адашева и Сильвестра // Источнико ведческие исследования по истории феодальной России. Сб.ст. Москва, 1981. С.29—48; Курукин И.В. Начало Ливонской войны и правительство Адашева и Сильвестра // Молодые обществоведы Москвы — ленинскому юбилею. Сб. ст. Москва, 1982. С.108-109.
64 Курукин И.В. К изучению источников... С.42.
65 Кобрин В.Б. Иван Грозный. Москва,1989. С.55; Хорошкевич А.Л. Опричнина и характер Русского государства в советской историографии 20-х—середины 50-х годов // История СССР. 1991. №6. С. 85.
66 Шмидт С.О. А.Ф.Адашев и Ливонская война // Спорные вопросы отечественной истории XI—XVIII вв. Ч.2. Москва, 1990. С. 303—306.
67 Хорошкевич А.Л. Еще одна теория происхождения опричнины Ивана Грозного // Спорные вопросы отечественной истории XI—XVIII вв. Ч.2. Москва, 1990. С.285—290.
68 Скрынников Р.Г. Царство террора. С.-Петербург, 1992. С.130.

Опубликовано 17 февраля 2003 года


Главное изображение:

Полная версия публикации №1045503739 + комментарии, рецензии

LIBRARY.BY КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ ІНФЛЯНЦКАЯ ВАЙНА 1558-1582 Г. У САВЕЦКАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ

При перепечатке индексируемая активная ссылка на LIBRARY.BY обязательна!

Библиотека для взрослых, 18+ International Library Network