LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → «Князь Вітаўт». Вітаўт і Ягайла як вобразы-тыпы → Версия для печати
Дата публикации: 28 сентября 2023
Автор: Мельнікава З. П., Ішчанка Г. М., Мішчанчук М. І., Садко Л. М., Смаль В. М., Кавалюк А. С., Сенькавец У. А., Шчэрба С. М., Кахновіч Н. Д., Тарасава Т. М.
Публикатор: БЦБ LIBRARY.BY (номер депонирования: BY-1695933226)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Источник: (c) Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь
Вітаўт і Ягайла выступаюць у творы як вобразы — тыпы прадстаўнікоў улады эпохі Сярэдневякоўя, магутныя і вартыя адзін аднаго сапернікі. Аўтар рамантызаваў вобраз Вітаўта і стварыў пакутніцкі, ахвярны характар-тып. Аляксей Дудараў падкрэсліваў рамантычную ўзнёсласць героя, калі ён, зачараваны народным святам Купаллем, у сне абдымае дзяўчыну Алёну, быццам падараваную загадкавымі беражніцамі. Вітаўт—высакародны, эмацыянальны, залішне даверлівы. Ён не жадае праліваць братаву кроў, лічыць гэта страшным грахом перад Богам і таму ўсе спрэчкі з Ягайлам імкнецца вырашыць мірным шляхам.
Р а т н і к і.
Ягайле трэба будзе разлічыцца!
Вядзі нас, князь! Смерць вылюдкам!
Пайшлі!
В і т а ў т.
Усім маўчаць! Хто да крыві ахвочы
Ці хоча помсціць дзецям за бацькоў,
Няхай ідзе на службу да Арды,
Да крымскіх ханаў, злодзеем у лес!
У княстве месца для такіх не будзе!
Ну, а каму Хрыста святыя вочы
Глядзяць у сэрца, — гэтыя за мной.
(Вітаўт дастае з похваў княжацкі меч і ўтыкае яго ў зямлю. Дастае з похваў кінжал і ўтыкае яго ў зямлю. Кудаш і ратнікі робяць тое ж).
Са зброяй больш надзейнай, чым булат,
Іду я на цябе, Ягайла — крэўны брат!
Калі Кейстут загадаў Вітаўту ісці з дружынай на Трокі, каб выгнаць з Вільні Ягайлу, то ён прыходзіць у замак Ягайлы без зброі. Князь Вітаўт выступае з дзяржаўных пазіцый і інтарэсаў, ведае цану ўласнаму гонару і годнасці, адданы сваёй зямлі і народу.
Залішняя даверлівасць Вітаўта стала прычынай гібелі яго бацькі Кейстута, якога задушыў верны слуга Ягайлы Люцень. Сам Вітаўт быў захоплены ў палон. І толькі дзякуючы самаахвярнасці, вернасці пакаёўкі Алёны, якая таемна кахала князя, ён быў выратаваны ад смерці. Але і пасля гэтага Вітаўт, які зведаў і прыкрасць здрады, і веліч адданасці, зноў сустракаецца з братам Ягайлам, каб дараваць яму і заключыць мір. І ўжо Вітаўт мусіць стаць на чале княства, каб уладарыць трыццаць восем гадоў, хоць цяпер дакладна ведае, як цяжка быць князем і заставацца пакорным і сумленным вернікам.
В і т а ў т.
Жыві і веруй, мой святы народ,
Ты ўсклаў на галаву маю карону
І абавязак княства зберагчы,
Абараніць людзей ад злых напасцяў,
І з ворагаў сяброў сабе рабіць,
І сябру дараваць, калі ён — вораг.
Скарацца, адбівацца, нападаць,
І церабіць мячом сваю дарогу!
Як цяжка князем быць і верыць Богу…
Ягайла падаецца ў творы жорсткім, зайздросным, але ў той жа час дальнабачным і справядлівым палітыкам. Ён без доўгіх разваг выпраўляе на смерць сваіх верных служак за тое, што яны чынілі гвалт над цяжарнай жанчынай.
Я г а й л а. Усіх, хто з сённяшняга ранку будзе заўважаны ў рабунках, гвалтах ці забойствах, — імем вялікага князя Ягайлы вешаць! П’яных ратнікаў секчы бізуном! Усім, хто прысягаў Кейстуту, — дараваць! Нарабаванае — вярнуць. Хто там напаскудзіў з цяжарнай?
Л ю ц е н ь. Адзін з сотнікаў.
Я г а й л а. Імя!
Л ю ц е н ь. Рабыд. З ім яшчэ некалькі ратнікаў…
Я г а й л а. Самому сотніку і дваім ратнікам галовы адсекчы і прыбіць над варотамі.
Ягайла зайздросціць Вітаўту, бо шчыра верыць, што стрыечнаму брату заўсёды шчасціць, спрыяе ўдача, а яму самому ўвесь час не шанцуе. Паводзіны героя, трагізм яго становішча можна растлумачыць тым, што Кейстут не даваў Ягайлу магчымасці рэалізаваць сваё права на княжацкі прастол, і тым, што яму служыць занадта дагодлівы Люцень. Люцень учыняе злачынствы — забівае баярына Янука Дамаша і Кейстута, імкнучыся дагадзіць свайму гаспадару, выконваючы неіснуючыя загады.
Менавіта зайздрасць становіцца прычынай здрады Ягайлы і вераломства, калі ён хавае ненавіснага брата Вітаўта ў склепе. Нават смерць роднага дзядзькі Кейстута не хвалюе ўладалюбца Ягайлу. Ён прамаўляе: «Я б сам па мужным Кейстуту заплакаў, // Няма калі, мяне чакае Кракаў». Дзеля ўлады Ягайла пераходзіць у каталіцкую веру і бярэ шлюб з польскай каралевай Ядвігай, каб самому стаць польскім каралём. Але Ягайла ў сваіх паводзінах, як і Вітаўт, кіруецца хрысціянскімі законамі. Ён таксама складае зброю, каб не забіваць свайго брата.
Я г а й л а.
Вось мой бяры, хай твой зямля трымае,
Як горкі напамін ад брата брату,
Каб не губляў братэрскую любоў.
(Аддае меч. Вітаўт прымае).
У палітыцы Ягайла праяўляе сябе разважлівым, хітрым, калі падпісвае пагадненне з Тэўтонскім ордэнам. Такім чынам, вобраз Ягайлы супярэчлівы, псіхалагічна глыбокі, але не пазбаўлены сапраўднай чалавечнасці, высакародства.
Опубликовано 28 сентября 2023 года