LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → «Сена на асфальце». Тэматыка, ідэйны пафас. Эцюды-ўспаміны пра маладосць, каханне, жыццёвыя праблемы і клопаты → Версия для печати
Дата публикации: 26 сентября 2023
Автор: Мельнікава З. П., Ішчанка Г. М., Мішчанчук М. І., Садко Л. М., Смаль В. М., Кавалюк А. С., Сенькавец У. А., Шчэрба С. М., Кахновіч Н. Д., Тарасава Т. М.
Публикатор: БЦБ LIBRARY.BY (номер депонирования: BY-1695735873)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Источник: (c) Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь
Апавяданне «Сена на асфальце» (1963) упершыню было апублікавана ў часопісе «Маладосць». У ім пісьменнік закрануў не толькі тэму «вёска — горад», але і шмат іншых, у першую чаргу маральна-этычных тэм. Гэта і тэма кахання, якому, як піша ў першай частцы «Ліст першы» свайму каханаму Лена, хацелася такой шырыні, каб было «толькі яно і цэлы свет». I тэма вясковага побыту на гарадской ускраіне (частка другая «Дзядзька Ігнат») з яго паўсядзённымі клопатамі і размовамі пра надвор’е, чарговы футбольны матч, палітычныя падзеі. I тэма недалёкага ваеннага і пасляваеннага мінулага, якое прыгадвае ў гэтым жа эцюдзе дзядзька Ігнат. З болем гаворыць герою-апавядальніку гэты сталы чалавек пра ваенныя страты («Такую вайну на плячах вынеслі, столькі пакінулі сірот, матак няўцешных і ўдоў. Столькі аратаяў, цесляў на той вайне палягло...»), беднае пасляваеннае існаванне, калі ўдовы давалі брыгадзіру хабар за каня, каб прывезці дроў, або самі аралі агародчыкі, ставячы карову «ў плуг», вазілі «дровы з лесу на саначках» і кожны дзень ішлі на працу. У вусны дзядзькі Ігната ўкладзены балючыя словы пра дабро і зло, пра тых брыгадзіраў, старшынь і «падстаршынкаў», «што на людскім горы падчаровак гадавалі», на «ўдовіных слязах». Яго і з брыгадзірства знялі за барацьбу з адным з такіх «слуг народа» — фінінспектарам, якога празвалі Куфрам: «набіў таму гаду тоўстую морду», заступаючыся за бедную ўдаву — суседку Арыну.
У трэцяй, надзвычай лірычнай, частцы апавядання — «Ліст другі», напісанай у форме ліста Віктара да сябра, галоўная тэма — сяброўства, вернасць школьнаму пабрацімству, традыцыям сумленнага жыцця, што заклала ў сэрца і душу вясковая пачатковая школа, якая месцілася ў «старой, без гародчыка пад вокнамі» і з «шырокім мурожным дваром» хаце цёткі Аўгінні. Побач з тэмай сяброўства гучыць тэма вернасці вытокам, хатцы-школе, матчынаму плачу пры чытанні ліста пра бацьку, дасланага з ваенкамата. «Ліст другі» з апавядання М. Стральцова гучыць як клятва, прысяга ў сумленнасці, шчырасці, сяброўстве.
Тэма «горад — вёска» разам з тэмай кахання выразна раскрываецца ў эцюдзе «Заўтра футбол». Яго першая частка — гэта апісанне гарадскога жыцця ў яркіх дэталях: ідзе дождж, як прадказваў дзядзька Ігнат; людзі вяртаюцца дадому; міліцыя сочыць за захаваннем правіл дарожнага руху. Апісанне побыту паступова выцясняецца ўнутраным маналогам-роздумам героя пра трывогі (як у чалавечай душы прымірыць горад і вёску) і радасці (думкі пра Лену, пра тое, як назаўтра яны да пачатку футбольнага матча паедуць на возера, будуць купацца, радавацца жыццю). Герой думае над словамі дзядзькі Ігната пра вёску: «Я думаў пра дзядзьку Ігната, пра яго дзіўную і такую зразумелую любоў да вёскі, і мне чамусьці было трошкі шкада яго. <…>
Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была мая самая патаемная і самая душэўная думка.
А можа, праўда дзядзькі Ігната, і чалавеку па-сапраўднаму трэба што-небудзь адно: горад ці вёска, месяц над хатай ці электрычны ліхтар?»
Заканчваецца роздум галоўнага героя вывадам: «Навошта выбіраць паміж жаваранкам і рэактыўным самалётам? Хіба ж нельга, каб было і тое і другое? <…>
Не, я не дакараў дзядзьку Ігната. Я думаў, што кожны чалавек павінен добра ведаць сваё месца на зямлі, што кожны, урэшце, мае права любіць нешта асабліва моцна, — няхай так: гэта ўсё ж лепш, чым не любіць нічога».
У пятым эцюдзе — «Ліст трэці» — раскрываецца характар дзядзькі Ігната, вяскоўца, які не можа жыць у горадзе, якога прыцягвае вёска, нібы магніт («Дык і кажу сабе: дурны ты, дурны, чаго ты са свайго гнязда сарваўся, чаго пайшоў у белы свет як у капейку!»). Гэта чалавек гаспадарлівы (грошай назбіраў на хату), працалюбівы (хоча працаваць лесніком), руплівы і абачлівы (перажывае, што як паставілі ў яго вёсцы пілараму, «дык многа лесу без пары і толку на глум ідзе»). Пісьменнік увёў у свой твор стыхію народнай мовы, перадае асаблівасці гаворкі Ігната, перасыпанай прастамоўем і афарызмамі: «белы свет», «халупа», «рукі ёсць, горб таксама», «чалавек харошы»,«калі што якое», «на глум ідзе», «без пары´».
Заключны эцюд апавядання — «Пара´ касавіцы» — фінал аповеду пра прыгажосць, гармонію жыцця, фізічную працу, якая прыносіць асалоду, касьбу травы на газонах у горадзе. Апавяданне вядзецца спачатку ў двух планах: вясковая раніца — раніца ў горадзе, у якіх шмат падабенства («Яшчэ не хадзілі трамваі, тралейбусы, вуліца была пустая і мокрая ад дажджу. Недзе за горадам узыходзіла сонца» і «Далёка-далёка, у маёй і ў дзядзькі Ігнатавай вёсках, пастух выганяў наранкі кароў»). Затым паказваецца, як ідуць па горадзе касцы, дзядзька Ігнат і апавядальнік, як яны рыхтуюцца да касьбы, нібыта да нейкай магічнай, святочнай дзеі.
Цэнтральная сцэна ў эцюдзе — праца, касьба, якая нагадвала дзядзьку Ігнату вёску, родныя лугі, тое, што было так нядаўна на волі, на шырокіх прасторах: «Ён неяк пасвятлеў увесь, па-заліхвацку кінуў недакурак, нагнуўся, падняў касу, зашчаміў касільна пад пахай, узяўся рукой за палатно касы і паласнуў па ім мянташкай.
Джгінь-джгінь-шах!
Джгінь-джгінь-шах!
Вясёлая, харошая, знаёмая з маленства музыка!
Ён падышоў да шнурка кустоўя, асцярожна пракасіў лапінку, павярнуўся, падняў над мокрай травою касу, прыгнуўся і — пайшоў...»
Пазней, ужо едучы на футбол, апавядальнік (Віктар) выскачыць на плошчы з тралейбуса, убачыць плён сваёй працы, пачуе пах скошанай травы: «Пякло сонца. Трава ў пракосах завяла. Па пракосах чорныя, аж бліскучыя, жвава скакалі шпакі. Пахла сенам. Вялізны і шумны ляжаў навокал горад. На плошчы па-лугавому, па-летняму пахла сенам». Жмуток растрэсенага сена ляжаў і на тратуары. Герой узрушаны, бо знайшоў назву ўсяму, што перажывае сам, вясковец, што больш востра перажывае дзядзька Ігнат, — радасць ад таго, што вёска засталася сваёй маленькай часцінкай у горадзе, нагадала яму, вялізнаму і шумнаму, пра сябе: «“Сена на асфальце, — падумаў я, — сена на асфальце...”
Быццам доўга я шукаў нечаму слова і раптам яго знайшоў.
“Сена на асфальце, — узрадавана думаў я. — Вёска ў горадзе...”»
Такім чынам, з мноства тэм, апісання жыцця розных людзей, сцэн і эпізодаў вынікае гуманістычны змест твора: аўтар заклікаў любіць і вёску, і горад, шанаваць традыцыі, у першую чаргу — павагу да працы, дабрыню, якія спрадвеку выхоўвала ў людзях вёска. Сена на асфальце — гэта сімвалічны вобраз, які заклікае помніць і тварыць дабро, жыць адкрыта і светла. Сена на асфальце — гэта напамін усім нам пра родныя вясковыя, агульначалавечыя карані.
Разважаючы пра назву апавядання і месца твора ў гісторыі нацыянальнай літаратуры, П. Васючэнка адзначаў, што «знойдзеная формула (сена на асфальце. — Аўт.) стане агульналітаратурнай, яна нават апярэдзіць у нечым канфліктнасць будучых твораў іншых аўтараў пра вёску і горад. У гісторыі літаратуры гэта навацыя адкладзецца як чыннік, дадзенасць, артэфакт. У рускай літаратуры цэлая кагорта аўтараў-“деревенщиков” будзе нібы па слядах беларускага аўтара займацца эканамічнымі, маральна-псіхалагічнымі і ўласна-літаратурнымі праблемамі ўзаемадачыненняў горада і вёскі.
Твор М. Стральцова вянчае мастацкае адкрыццё — лепшыя ягоныя творы былі напісаныя пад знакам адкрыцця. Але ні лірычны герой, ні аўтар не заспакойваліся вынікамі гэтага адкрыцця. “Сена на асфальце” — гэта формула, у многім іранічная, гучыць не дзеля самазаспакаення, а дзеля будучага пошуку. І вектар гэтага пошуку будзе скіраваны ў бок адвечных пытаняў дабра і зла, якія аўтар звяжа з пытаннем пра цэласнасць чалавечага “я”, ступень самадастатковасці і самарэалізацыі лірычнага героя, інтэлігента, інтэлектуала (такі ўжо стральцоўскі тыпаж, ён вандруе з твора ў твор). Прымірыць сябе з самім сабой — задача не менш складаная, чым пошук раўнавагі паміж горадам і вёскай».
Опубликовано 26 сентября 2023 года