LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → «Абеліск». Асаблівасці кампазіцыйнай будовы твора → Версия для печати
Дата публикации: 25 сентября 2023
Автор: Мельнікава З. П., Ішчанка Г. М., Мішчанчук М. І., Садко Л. М., Смаль В. М., Кавалюк А. С., Сенькавец У. А., Шчэрба С. М., Кахновіч Н. Д., Тарасава Т. М.
Публикатор: БЦБ LIBRARY.BY (номер депонирования: BY-1695670401)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Источник: (c) Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь
Аповесць «Абеліск» мае адметную і ўскладненую кампазіцыйную структуру: падзеі перадаюцца праз двух апавядальнікаў. Першы з іх — журналіст абласной Гродзенскай газеты. Ён пачуў пра заўчасную смерць настаўніка з Сяльца Паўла Іванавіча Міклашэвіча і едзе на пахаванне. Але журналіст спазняецца, шкадуе, што не адазваўся на просьбу Міклашэвіча разабрацца ў заблытанай справе па ўшанаванні памяці настаўніка Мароза, імя якога спачатку не было на вясковым абеліску героям-антыфашыстам. Журналіст прысутнічае на памінальным абедзе, дзе пачынаецца спрэчка паміж цяперашнім маладым загадчыкам раяна Ксяндзовым і былым, Ткачуком, пра Мароза. Затым разам з Ткачуком журналіст вяртаецца ў горад і па дарозе слухае аповед Ткачука — другога і асноўнага апавядальніка — аб падзеях, звязаных з гібеллю настаўніка Мароза і яго вучняў-патрыётаў. Апавядальнікі — журналіст і Ткачук — разважаюць пра памяць аб вайне і сапраўдных подзвігах, важнасць захоўвання пераемнасці ў маральным і патрыятычным выхаванні маладых пакаленняў, праблемы сучаснасці, пра маральны аўтарытэт сучасных педагогаў і кіраўнікоў. Твор В. Быкава абуджае ў чытача роздум пра абавязак кожнага чалавека перад сумленнем і людзьмі.
Кампазіцыя ўскладняецца і тым, што ў творы адлюстраваны розныя часы: ад некалькіх даваенных годоў у былой Заходняй Беларусі, якая толькі што стала часткай савецкай, і да 70-х гадоў ХХ стагоддзя, калі быў напісаны твор. У аповедзе Ткачука пра былога настаўніка Сялецкай школы закранаюцца падзеі перадваеннага і ваеннага часу. Асноўны ж сюжэт твора звязаны з ваеннымі падзеямі: гераічным учынкам настаўніка, выратаваннем Паўла Міклашэвіча і гібеллю Мароза з чатырма вучнямі.
Пісьменнік амаль не паказаў непасрэдна думак, перажыванняў Мароза, а характарызаваў яго праз успрыманне Ткачука, чалавека, які добра ведаў настаўніка і захапляўся ім. Таму псіхалагічна выразнымі ўяўляюцца характар і аблічча былога загадчыка раяна, былога камісара партызанскага атрада, а зараз пенсіянера Цімоха Ткачука.
З вобразам апавядальніка-журналіста звязаны пераважна асэнсаванне грамадскіх і маральных праблем сучаснасці, развагі пра ролю настаўнікаў у жыцці кожнага чалавека. З размоў Ткачука з журналістам кожны можа зрабіць свае маральныя высновы пра ўчынак Мароза, воблік Ксяндзова, які не здольны сказаць на пахаванні добрае слова пра самаахвярнасць настаўніка Мароза і яго вучня Міклашэвіча і прамаўляе ў жалобным застоллі як на чарговай нарадзе на беларуска-рускай трасянцы.
Многія дэталі і, здавалася б, нязначныя сюжэтныя эпізоды аповесці насамрэч маюць важнае значэнне. Напрыклад, афіцыйная прамова Ксяндзова за жалобным сталом ускосна сведчыць пра абмежаванасць гэтага кіраўніка і яго абыякавасць да людзей і высакародных ідэалаў, за якія яны гінулі. Шматзначны эпізод, калі некаторыя на памінках паводзяць сябе, як у звычайным застоллі, а не аддаюць сваё жалобнае ўшанаванне высакароднаму чалавеку, які пакінуў гэты свет. Або — хлопец, шафёр апошняга начнога аўтобуса, не ўзяў двух немаладых і стомленых пасажыраў, Ткачука і журналіста, а злосна пакпіў з іх: «Няма, няма астаноўкі. Чашы далей…» Гэтыя эпізоды перадаюць трывогу аўтара за тое, што ў грамадстве абясцэньваюцца маральнасць і духоўнасць, што слова настаўніка, да якога заўсёды прыслухоўваліся людзі, перастала быць аўтарытэтным.
Толькі некалькі эпізодаў з сучаснасці маюць пазітыўную сэнсавую перспектыву: юнак Віцька з вёскі Будзілавічы, дарэчы, будучы настаўнік, уступае ў паядынак з трыма бандытамі, якія напалі на закаханых. І, нарэшце, адноўлена справядлівасць — на абеліску дзякуючы старанням Паўла Міклашэвіча з’явілася імя настаўніка Алеся Іванавіча Мароза.
Опубликовано 25 сентября 2023 года