LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → Традыцыі і наватарства. Паняцце пра лірычную прозу → Версия для печати
Дата публикации: 25 сентября 2023
Автор: Мельнікава З. П., Ішчанка Г. М., Мішчанчук М. І., Садко Л. М., Смаль В. М., Кавалюк А. С., Сенькавец У. А., Шчэрба С. М., Кахновіч Н. Д., Тарасава Т. М.
Публикатор: БЦБ LIBRARY.BY (номер депонирования: BY-1695651138)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Источник: (c) Навукова-метадычная установа «Нацыянальны інстытут адукацыі» Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь
Традыцыі і наватарства з’яўляюцца важнейшымі складнікамі развіцця любой нацыянальнай літаратуры. Гэта звязана з пераасэнсаваннем творчага вопыту пісьменнікаў розных пакаленняў. Традыцыя ў літаратуры складваецца з агульных для розных перыядаў тэм, матываў, вобразаў, жанравых і кампазіцыйных адметнасцей. Наватарства ў мастацтве слова выяўляецца ў распрацоўцы новых тэм, жанравых форм, тыпаў, сродкаў адлюстравання рэчаіснасці. Перш за ўсё традыцыі і наватарства характарызуюць пераемнасць і абнаўленне літаратурнага працэсу. Напрыклад, Я. Брыль працягваў традыцыі класічнай беларускай літаратуры ў паказе чалавека працы, раскрыцці псіхалогіі героя-працаўніка. Аўтар апавядання «Галя», відавочна, абапіраўся на эстэтычны вопыт класікаў айчыннага мастацтва слова Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама рускіх пісьменнікаў Л. Талстога і А. Чэхава. Разам з тым пісьменнік выявіўся як наватар у жанры мініяцюры, якая раскрывала глыбокае пачуццё патрыятызму і любові да свайго народа.
Лірычная проза — стылёвая плынь мастацкай прозы, якая вылучаецца павышанай эмацыянальнасцю і адкрытым, непасрэдным выяўленнем аўтарскіх адносін да паказ.
У ёй спалучаюцца рысы эпічнага і лірычнага адлюстравання рэчаіснасці. Стылістычна такія творы характарызуюцца эмацыянальнай насычанасцю і адлюстраваннем пачуццяў герояў і аўтара. У лірычнай прозе дамінуе суб’ектыўны пачатак. Для яе характэрна выкарыстанне адметных сродкаў выразнасці: перавага аўтарскага «я», экспрэсія, змена моўнай інтанацыі, павышаная ўвага да дэталей і эмацыянальнага стану героя і г. д.
Такія сродкі выразнасці дапамагаюць дакладна перадаваць духоўны свет герояў. Аснова кампазіцыі ў лірычнай прозе — перажыванні лірычнага героя, які амаль заўсёды з’яўляецца двайніком аўтара. Характэрныя жанравыя формы лірычнай прозы — эпісталярныя, дзённікавыя, аўтабіяграфічныя творы, падарожныя нататкі і эсэ.
Важнае значэнне ў лірычнай прозе мае галоўны герой, характар якога раскрываецца праз яго думкі і пачуцці. Як слушна адзначае даследчык літаратуры Вера Ляшук, такі герой духоўна блізкі аўтару: «Звычайна гэта любімы герой аўтара, выразнік яго ідэалаў. Пра духоўнае жыццё героя чытач даведваецца праз унутраныя маналогі, няўласна-простую мову, праз успаміны, адным словам, праз сродкі ўнутранай тыпізацыі. Герой у творах лірычнай прозы сканцэнтраваны на сваім духоўным жыцці і найпаўней выяўляецца ў духоўнай сферы. Такім героем у рамане Янкі Брыля “Птушкі і гнёзды” з’яўляецца Алесь Руневіч».
Жанр мініяцюры адносіцца да лірычнай прозы. У мініяцюры спалучаюцца рысы эпасу і лірыкі. Творы гэтага жанру ўяўляюць сабой невялікае, лаканічнае апавяданне, у якім амаль няма дзеяння, але ёсць суб’ектыўнае, непаўторна-асабістае ўражанне ад рэальных канкрэтных фактаў жыцця.
Лірычная мініяцюра як жанр мае сціслы аб’ём, свабодную кампазіцыю, афарыстычнасць, суб’ектыўнаць, імкненне да бессюжэтнасці і цыклічнасць.
Галоўнай жанравай прыметай мініяцюры з’яўляецца лаканізм, шматзначнасць, метафарычнасць або афарыстычнасць. Уладзімір Калеснік, даследуючы мініяцюры Я. Брыля, адзначаў: «Мініяцюра знаходзіцца на сутыках не толькі паэзіі і прозы, але недзе і на сумежжы мастацка-вобразнага і навукова-лагічнага абагульненняў. Адны з іх бываюць больш эмацыянальнымі, як вершы, метафарычнымі, як лірычныя імпрэсіі, а іншыя — больш рацыянальнымі, дасціпнымі, як афарызмы, мудрымі, як прыказкі ці прытчы, парадаксальнымі, як мудраслоўі».
Для твораў гэтага жанру характэрна перадача пачуццяў і ўражанняў ад успрыняцця рэчаіснасці. Менавіта таму ў лірычнай прозе ярка выражаны асобасны, суб’ектыўна-аўтарскі пачатак, індывідуальна-пісьменніцкае адлюстраванне жыцця.
Асновай лірычнай прозы становіцца перадача думак пісьменніка, яго перажыванняў, рэфлексій, якія і вызначаюць асноўную ідэю твора. Пазіцыя аўтара-апавядальніка (суб’екта аповеду) у лірычнай мініяцюры становіцца цэнтрам кампазіцыі твора.
Опубликовано 25 сентября 2023 года