LIBRARY.BY → КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ → Ян Чачот. Біяграфія → Версия для печати
Дата публикации: 19 сентября 2023
Публикатор: БЦБ LIBRARY.BY (номер депонирования: BY-1695139784)
Рубрика: КРИТИКА БЕЛОРУССКОЙ ЛИТЕРАТУРЫ
Калі Адам Міцкевіч пачаў пісаць вершы, яго рэдактарам і своеасаблівым літаратурным агентам быў Ян Чачот. «Адам, польскай мовы ты зусім не ведаеш, — казаў яму сябар. — Таму не крыўдуй, буду выпраўляць усе твае памылкі!»
Ян Чачот нарадзіўся 7 ліпеня1 1796 года ў вёсцы Малюшычы цяперашняга Карэліцкага раёна. Бацькі яго паходзілі са збяднелай, але старадаўняй шляхты.
Маленства будучага паэта праходзіла паблізу Баранавіч, у маёнтку Рэпіхава, што належаў графу Тызенгаўзу. Ян бавіў час з сялянскімі дзецьмі. Зрэшты, нічым ад іх не адрозніваўся, таму беларускую культуру і мову ўспрымаў як родную.
У 1809 годзе бацькі аддалі яго ў наваградскую школу, дзе ў якасці настаўнікаў служылі манахі дамініканскага ордэна. Там Ян пасябраваў з Адамам Міцкевічам, і гэта сяброўства абодва пранеслі праз усё жыццё. Навучанне было класічным: мовы, матэматыка, гісторыя, літаратура, права. Адам і Ян мелі здольнасці да вучобы, і іх імёны заўсёды былі сярод выдатнікаў.
Самай улюбёнай іх справай было наведванне беларускіх свят. У літаральным сэнсе яны не абміналі ніводных Каляд, любілі Купалле і адзначалі Дзяды. Беларуская культура стала светапоглядным падмуркам для творчасці абодвух паэтаў, яна доўгія гады натхняла іх на служэнне навуцы і літаратуры.
Далей было навучанне ў Віленскім універсітэце. Ян Чачот паступіў туды ў 1816 годзе на аддзяленне маральных і палітычных навук. Напэўна, ён зрабіў бы выдатную кар’еру навукоўца, калі б не складаны фінансавы стан бацькоў.
Ян Чачот быў закаханы ў дачку рэктара Віленскага ўніверсітэта Зосю Малеўскую, але гэта было неўзаемнае каханне. І паколькі ён больш нікога не пакахаў і ніколі не ажаніўся, то яна адзіная стала прататыпам для вобраза недасяжнай каханай, што часта сустракаўся ў яго творчасці.
Ян вымушаны быў пакінуць вучобу і пачаць самастойна зарабляць на жыццё. Ён уладкаваўся ў канцылярыю, якая займалася ўпарадкаваннем архіва князёў Радзівілаў. Праца была складаная, але цікавая. Паэт трымаў у руках і чытаў дакументы, кнігі, якім было па трыста і болей гадоў, гісторыя краіны была ў яго на далоні.
У 1818 годзе Ян Чачот уступіў у таварыства філаматаў. Яго ўлюбёная тэма — Статут Вялікага Княства Літоўскага, які ён цудоўна ведаў. Праз два гады Ян Чачот узначаліў літаратурны аддзел таварыства філарэтаў. Ён быў прызнаны адным з найлепшых паэтаў краю, а яго вершы, пакладзеныя на музыку, сучаснікі спявалі падчас свят.
Трэба адзначыць, што Ян Чачот быў знаёмы з усімі тагачаснымі літаратарамі, якія гуртаваліся вакол Віленскага ўніверсітэта. Але найбольш блізкія адносіны ў яго па-ранейшаму былі з Адамам Міцкевічам. Сяброўства ў таварыстве філаматаў лічылася надзвычайнай каштоўнасцю і адной з важных тэм для абмеркавання. У літаратуры таго часу быў нават модны сюжэт пра любоўны трохвугольнік, у якім сяброўства аказвалася даражэйшым за каханне. Ян Чачот лічыў, што сяброўства — гэта адносіны добрага чалавека з добрым, калі яны не маюць адзін ад аднаго ніякіх таямніц. Для Адама Міцкевіча менавіта каханне стала адной з найвышэйшых каштоўнасцей, што адлюстравалася ў яго паэзіі.
З успамінаў. «З дзяцінства Чачот быў паэтам, як і Адам (Міцкевіч. — Аўт.), і хоць яны былі нібы звязаныя адной душой, значна адрозніваліся знешнасцю, характарам, як гэта кажуць, тэмпераментам. Адам заўсёды вызначаўся кемлівасцю і незразумелым дарам прыцягнення да сябе не толькі равеснікаў... Чачот адзіны, можа, каму дазволена было бурчаць на Адама, дакараць яго і рабіць яму заўвагі. Нават у знешнасці яго заўважаўся дзіўна лагодны, рахманы характар. Нізкі, круглатвары, як паблажлівы да ўсіх, так патрабавальны да сябе і Адама, ён быў сапраўдным увасабленнем чуласці і любові да бліжняга» (Ігнат Дамейка).
Але лёс склаўся так, што шляхі сяброў разышліся. У 1823 годзе Яна Чачота арыштавалі па справе філаматаў і разам з паплечнікамі выслалі ў Арэнбург. У 1826—1830 гадах ён жыў пад паліцэйскім наглядам ва Уфе. Седзячы ў «бернардынскіх мурах» вязніцы, ён разам з іншым сваім сябрам Тамашом Занам узяў усю віну на сябе.
Гэтым ён выратаваў і Міцкевіча, і многіх іншых удзельнікаў таварыства, якія атрымалі меншае пакаранне (пад суд пайшло 108 чалавек, зняволена — 85). Далей яго чакалі турма, катарга, выгнанне. Ян Чачот мужна і самаахвярна пераадолеў усе выпрабаванні і нейкім цудам вярнуўся на Радзіму, працаваў у Лепелі канцылярыстам у інжынерным упраўленні Бярэзінскага канала.
Тут ён стаў збіраць беларускі фальклор. З 1837 года ў Вільні асобнымі выпускамі выйшла шэсць фальклорных зборнікаў Яна Чачота пад агульнай назвай «Сялянскія песні знад Нёмана і Дзвіны».
У зборніках аўтар — збіральнік твораў вуснай народнай творчасці — адзначыў дасканаласць народнай паэзіі, прааналізаваў граматычныя асаблівасці беларускай мовы і даказаў спецыфічнасць яе сістэмы, каб потым Яўхім Карскі напісаў, што «ўся сукупнасць характэрных для яе рыс не паўтараецца ні ў адной са славянскіх моў». Чачот апублікаваў не толькі польскія і ўкраінскія, але і беларускія валачобныя, юр’еўскія, вясновыя, купальскія, калядныя, жніўныя, дажынкавыя, вясельныя, хрэсьбінныя, пазаабрадавыя, дзіцячыя песні. Праца Яна Чачота не страціла каштоўнасці для навукі і зараз.
Падарванае здароўе не дазволіла паэту развіць паэтычны талент. Нейкі час ён працаваў у Шчорсаўскай бібліятэцы, адной з найбольш багатых у Беларусі. У 1847 годзе творца паехаў на лячэнне ў Друскенікі (цяпер Друскенінкай, Літва), але там яго здароўе пагоршылася — і Ян Чачот памёр. Апошні спачын пісьменнік знайшоў на могілках вёскі Ротніца (Літва). Ян Чачот — знакавая асоба для гісторыі трох народаў — Беларусі, Польшчы і Літвы.
Уклад у развіццё літаратуры
1. У пачатку ХІХ стагоддзя тэксты на жывой беларускай гаворцы былі ананімныя. Ян Чачот — адзін з першых аўтараў беларускамоўных тэкстаў, каго мы ведаем па імені2.
2. Ян Чачот сваімі творамі («Калдычэўскі шчупак», «Падземны звон на горцы ў Пазяневічах») прадвызначыў з’яўленне жанру гутаркі (гавэнды), які стаў вельмі папулярным у літаратуры ХІХ стагоддзя.
3. Ян Чачот можа лічыцца адным з першых тэарэтыкаў беларускай лінгвістыкі (прадмовы да «Сялянскіх песень...», 1846). На падставе сваіх назіранняў за з’явамі беларускай мовы ён даў тэарэтычныя парады наступным пакаленням паэтаў наконт сілабатанічнай сістэмы вершаскладання3, якая сапраўды аказалася найбольш прыдатнай для паэзіі.
4. Ян Чачот сабраў, апрацаваў і выдаў шэсць зборнікаў пад агульнай назвай «Сялянскія песні...». Сваю місію ён бачыў у тым, каб абудзіць у адукаванай публікі цікавасць да духоўнага жыцця сялян, сцвердзіць эстэтычную каштоўнасць народнай песні і культуры.
___________________________
1 Тут і далей даты нараджэння ўказаны па новым стылі.
2 Самым першым з такіх аўтараў быў, верагодна, Ян Баршчэўскі. Даследчык Рамуальд Падбярэскі адзначаў, што пісьменнік у маладыя гады пісаў пабеларуску (напрыклад, верш «Рабункі мужыкоў», 1812).
3 Сам Чачот у беларускамоўных творах мала карыстаўся сілабатонікай, бо на яго ўплывалі фальклорныя тэксты.
Опубликовано 19 сентября 2023 года