Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Тастамэнт Яна Глябовіча, ваяводы троцкага


Тастамэнт Яна Глябовіча, ваяводы троцкага

Вільня, 28 ліпеня 1590 году

У імя сьвятой і непадзельнай Тройцы - Бога Айца, Сына Яго мілага Госпада Ісуса Хрыста і Духа Сьвятога - няхай гэта станецца. Амэн. Справядлівым прысудам Божым сьмерць усе справы людзкія, намаганьні і думкі спыняе. Пры гэтым ня толькі прадпрыемствы людзей шляхетных не зьдзяйсьняюцца, але й каралеўствы па адыходзе гаспадароў сваіх сварацца і наогул у нішто ператвараюцца, і зусім зьнікаюць. Кожны хрысьціянін, маючы гэта перад вачыма, павінен памятаць, што мусіць памерці, бо ўсталявана ёсьць так, што кожны памрэ. Яшчэ так: хоць сьмерць ёсьць пэўная, але яе час ёсьць няпэўны, і чалавек ані дня, ані гадзіны яе ведаць ня можа; таму і Сьвятое Пісаньне нагадвае кожнаму чалавеку, што сьмерць ёсьць непазьбежная. А паколькі волю Госпада падчас жыцьця людзкога нішто спыніць ня можа, гэта сіла, зь якой немагчыма змагацца, таму кожны павінны памятаць, што прарок сказаў: "Распарадзіся домам сваім" [1]. І тое якраз не без прычыны ўчыніў, бо ён заўважыў у гэтым шмат цяжкасьцяў, нянавісьці і, падобна, нейкія пакуты сумленьня. А таксама і тое, што жыцьцё нашае - дарога, бо мы заўсёды, хутчэй ці павольней, набліжаемся да суду Госпада Бога Ўсемагутнага. Будучы на гэтай дарозе, я, Ян Глябовіч, ваявода троцкі, па волі Госпада Бога хваробай цяжкай уражаны, бачачы няпэўнасьць веку свайго і баючыся, каб неспадзявана ад тае хваробы да мяне сьмерць не прыйшла, распараджаюся домам сваім, каб потым ніякіх сварак не было, а сваякі мае, якіх у мяне нямала, каб жонку і сыноў маіх не турбавалі. Таму, па добрай развазе, складаю гэты мой тастамэнт, чынячы гэтым апошняй волі маёй абвяшчэньне і рашэньне як дзеля ўсіх разам, так і кожнаму паасобку, каму б тое ведаць налeжала; асабліва сваякоў і крэўных маіх абодвух полаў азнаямляю і абвяшчаю, просячы кожнага пад прысягай і па абавязку сумленьня, каб ні ў чым гэтай волі маёй не супрацівіліся. Наперад - і гэта найпершы абавязак, - патрэбна, каб кожны ведаў, якой веры чалавек з гэтага сьвету зыходзіць. Асабліва таму, што перакрутнікі веры і ўставаў Госпада Ісуса Хрыста звыклі прыпісваць гэта хрысьціянам эвангельскай і праўдзівай веры, згоднай зь Пісьмом Сьвятым (каторай не яны, а мы, эвангельскія хрысьціяне, трымаемся і каторую вызнаём), што быццам нейкая трывога і адступніцтва напрыканцы жыцьця нашага здараюцца. Быццам людзі веры эвангельскай, канаючы, да іхніх уставаў вяртаюцца і шкадуюць, што ня іхняй веры былі. Дзеля гэтага і я, Ян Глябовіч, згаданы вышэй, не хачу тут чыніць зьмены, каб кожны ведаў, што ласкай мілага Бога і настаўленьнем Духа Сьвятога быў заўсёды праўдзівай хрысьціянскай і эвангельскай, згоднай зь Пісьмом Сьвятым, веры, верачы ва ўсім і ўва ўсе артыкулы веры паўсюднай, паводле навукі Пісьма Сьвятога эвангельскага, прарочага і апостальскага. Веру ў Бога Айца Ўсемагутнага, стваральніка неба і зямлі [2], Бога такога, Якому няма роўных і не было, Які ёсьць неахопным, недасягальным, найсьвяцейшым Госпадам Богам усялякае міласэрнасьці. Гэта той Госпад і Бог, Які, пра сябе кажучы, мовіў, што Ён ёсьць Альфа і Амэга. Верачы ў гэта стала і шчыра і верачы, што Ён ёсьць Усемагутным, я веру, што Ён мае і меў Сына адзінароднага Госпада Ісуса Хрыста. Веру, што ўсё Ім створана і зьдзейсьнена, што анічога безь Яго не сталася, але што Ён перад стварэньнем сьвету быў, і ёсьць, і будзе з Богам Айцом, і прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Ён ёсьць заступнікам альбо малельнікам за нас перад Госпадам Богам, разумеючы чалавека нашага, у якім быў і пакутаваў як Госпад і Збаўца наш; і гэта дзеля таго, каб усіх вернікаў збавіць і адкупіць найдаражэйшай крывёю Сваёй. І калі ўжо нас усіх адкупіў, тады і я, каторага… вызнаю, што Ён сапраўды мне Госпадам і Богам і Збаўцам. Я пэўны, што празь Яго сьвятую міласэрнасьць і празь Яго сьвятую кроў, якой мяне адкупіў, я маю жыцьцё вечнае, не дзеля заслугаў маіх, але дзеля міласэрнасьці Яго сьвятой; бо дзеля мяне і дзеля збаўленьня майго Ён памёр і быў пахаваны, і на трэці дзень зь мёртвых паўстаў. Таксама хачу сьцьвердзіць аб Духу Сьвятым, каторага Ён меўся паслаць. У Духа Сьвятога веру, што Ён ёсьць і быў з Айцом і Сынам, так што Яны трох адно ёсьць. У Сьвятым Пісьме таго слоўца "Тройца" ня знойдзем, але гэта слова "Тройца" ўключае ў сябе Бога Айца і Сына Ягонага Ісуса Хрыста і Духа Сьвятога. Таму і я, верачы ў тую Іх еднасьць, гэтую назву "Тройца Сьвятая" да Іх адношу, у тую сьвятую і непадзельную адзіную Тройцу веру. І так верачы, Госпаду Богу Ўсемагутнаму, калі такая Яго воля ёсьць, свой дух аддаць хачу. А ў замку Заслаўскім збор, на хвалу Божую закладзены, мусіць быць дабудаваны; пра гэта моцна прашу. У гэтым зборы Заслаўскім, калі мяне Госпад Бог пакліча з гэтага сьвету, каб быў я пахаваны па звычаі хрысьціянскім каля сына майго мілага Юрая[3], які мяне апярэдзіў да вялікага майго шкадаваньня. У гэтым жа зборы жонка і дзеці мае пахаваныя быць мусяць. На гэты збор ад мяне прызначаная і пастаноўленая фундацыя пэўная, а менавіта ў мястэчку Заслаўскім пляц і дом на ім казнадзейскі. А да таго з той жа маёмасьці Заслаўскай фальварак і да яго на пашу валок дзесяць. А на вёску пры тым фальварку валок шаснаццаць. Яшчэ да таго ў іншым мейсцы валокі дваццаць чатыры. У Дубровенскім жа маёнтку маім вёсцы, якая на чыншы мае быць, валок дзевятнаццаць. І асобна там жа, у Дуброўна[4], на збор дубровенскі сялянаў і пашу валок дванаццаць. Тое жонка мая і сыны мае Ян і Мікалай на збор Заслаўскі аддаць мусяць паводле майго прызначэньня. А калі б ім больш слушным здавалася на што іншае тых сялянаў і пляц той аддаць, то зрабіць гэта вольныя, адно толькі каб да Заслаўскай маёмасьці наданьне той жа вартасьці з той жа колькасьцю валок, як мной прызначана, зрабілі. Пра гэта асаблівай фундацыяй, лістом, паводле права складзеным, сьцьвердзіць на ўрадзе павінны будуць. Калі б каторы з маіх нашчадкаў забыўся на страх Божы і гэтай веры сапраўднай, аднога разу прызнанай, у якой аж дагэтуль мною з Божай дапамогай быў выхаваны, выракся і хацеў бы гэты збор эвангельскі Заслаўскі альбо Дубровенскі да веры і вызнаньня каталіцкага, арыянскага альбо да якога іншага навярнуць ці калі б зьвярнуўся да веры ці сэкты якой памылковай ці інакшай ад нашай канфэсіі эвангельскай, дзеля якой я збор фундую, тады той нашчадак мусіць быць адхілены ад кіраваньня зборам, прызначэньня казнадзеяў і фундаваньня яго. А гэты збор і ўся маёмасьць, ад мяне нададзеная, будуць навечна да збору Віленскага эвангельскага далучаныя. А калі б другі з маіх сыноў альбо іншых нашчадкаў у той веры застаўся, тады яму збор і маёмасьць застануцца, і ўсё іншае, калі ён сам не адступіць. Назаўсёды і навечна з дапамогай і абаронай Божай вызнаньне і збор эвангельскі канфэсіі збораў гельвецкіх, а не іншай якой тут быць мусяць. А паколькі фундацыі немалыя дзеля гэтага раблю, таму міністар добрага бакалаўра мусіць наняць дзеля добрага і праўдзівага дзетак навучаньня. Да таго ж жонка мая як удава і дзеткі мае, людзі маладыя, таго найпільней патрабуюць, каб мелі да каго ўцячы і хто б ім абаронцам быў у іх прыкрасьцях. Да таго ж продкі мае і ўсе людзі такі звычай маюць і мелі, што, распараджаючыся домам сваім, жонку і дзяцей найлепшым сябрам у апякунства пакідалі. Таксама і я, гэты прыклад насьлядуючы, так у гэтым тастамэнце апошнюю волю маю заключаю і сьцьвярджаю. Наперад жонку маю мілую пані Кацярыну з Кратошына Пану Богу Ўсемагутнаму даручаю, таксама і дзетак маіх Яна і Мікалая дапамозе і апецы Сьвятого Бога аддаю. А жонцы маёй мілай пані Кацярыне догляд і ўрад, і ўсю маёмасьць, якая ў мяне ёсьць, срэбра, золата ў яе распараджэньне аддаю і даручаю. Да таго ж маёнткі мае ўсе бацькоўскія і мацярынскія, і набытыя закладам, Дуброўна і фальваркі, да яго належачыя, і ўсе іншыя якімсьці правам мною набытыя, ніводнага зь іх не выключаючы, з усімі пажыткамі, якія ёсьць і быць могуць, гэтым маім тастамэнтам апошняй волі маёй прыжыцьцёва ёй канчаткова запісваю. Гэтыя маёнткі ўсе яна ў моцы і ва ўладзе сваёй мець павінна аж да канца жыцьця свайго. Пры яе жыцьці сыны мае і ніхто са сваякоў маіх ніякіх перашкодаў ёй чыніць ня могуць аж да канца жыцьця яе. А пасьля сьмерці яе ўся гэтая маёмасьць да сыноў маіх пяройдзе. А што датычыцца валаданьньяў Яго Каралеўскай Мосьці: Упіты, Онікшт5 , Радашкавічаў - гэтыя ўсе даброцьці жонка мая сынам маім Яну і Мікалаю для іх утрыманьня даць павінна, хоць яшчэ сыны мае непаўналетнія паводле Статуту6 . А са срэбра майго па срэбнаму збаночку для мыцьця і тазіку даць ім мусіць. А іншае ўсё срэбра маё пры жонцы маёй хай застанецца да канца жыцьця яе. А пры жыцьці яе ўдаўство да таго часу лічыцца, пакуль жонка мая замуж ня пойдзе, і тады ўсю маёмасьць маю страціць. Таму калі б Госпад Бог жонку маю (чаго пра яе ня думаю) тым пакараў, што яшчэ ў такіх гадох замуж ісьці хацела, тады гэты тастамэнт пры жыцьці яе аніякае моцы мець ня будзе. Тады жонка мая ані ёй адпісанага, ані маёнтку якога, акрамя Сельцаў[7] і Дуброўна, пры жыцьці мець ня будзе. І калі б (барані Божа) гэткая думка ёй прыйшла і ўдавой яна жыць не захацела б, і замуж пайшла б, ды дабро дзетак маіх расходавала, тады дзеткі мае павінны адкласьці ёй суму ў дваццаць пяць тысячаў злотых. А калі адкладуць, то яна ўсё астатнае саступіць ім павінна. І мусіць валодаць пры жыцьці сваім толькі той маёмасьцю, што напачатку ёй запісаная (бо ў пакупных лістох[8] засьведчана, калі б што я купляў, як бы зь ёй купляць меўся, - але я купляў усё за свае грошы, а не за яе), і таму яна не павінна перашкаджаць праву дзетак маіх. Але калі жонка мая пані Кацярына так, як і цяпер, паводле звычаю прыстойна сябе паводзіць будзе і замуж ня пойдзе, тады ўсёй той маёмасьцю пры жыцьці сваім без абмежаваньняў валодаць можа, і карыстацца ёй паводле волі і бачаньня свайго, і валодаць аж да сьмерці сваёй. І калі я ёй усю маёмасьць сваю бацькоўскую і набытую правам прыжыцьцёвым адпісваю, дзеля таго тое чыню, каб усяму сьвету паказаць, што яе кахаю і кахаў верна як добрую пачцівую жанчыну. Дзеля таго яе прашу, каб яна дбала распачаты мною замак Заслаўскі дабудаваць; каб назаўсёды памяць дзецям маім пакінула. А што да згоды паміж братамі, то Сьвятога Бога прашу, каб любові іх узаемнай не спыняў, але каб паміж імі была братэрская згода, як сьвяты псальміст кажа: "Удзячная гэта справа, калі браты ў згодзе жывуць"[9]. Аб гэтай згодзе прашу дзеля Госпада Бога, каб напачатку ты, матка, а пасьля Вашы Міласьці панове прыяцелі і вы, слугі мае, дбалі, каб ніякай звады паміж сынамі маімі ня сеяць. І вы таксама, мае каханыя дзеткі, аб тых рэчах дбайце і не забывайцеся. Надалей паводле таго, як вы навучаныя і ў якой веры я паміраю, вас папярэджваю, каб вы не адхіляліся і не выракаліся гэтай веры эвангельскай, помнячы тыя словы Божыя, што "страшна патрапіць у рукі Бога жывога"[10] . І каб ведалі, што патрапляюць у Божую руку ўсе тыя, якія грашаць супраць Сьвятога Духа ды сапраўднае пазнаньне Хрыста потым топчуць нагамі сваімі, супраціўляючыся Сьвятому Хрысту і прыстасоўваючыся да прынцыпаў людзкіх, а не Хрыстовых; пра што сам Госпад Хрыстос кажа: "Надарма пакланяюцца Мне, навучаючыся запаведзяў і законаў людзкіх"[11] . Таму вам нагадваю, каб не грашылі супраць Духа Сьвятога, бо праз тую здраду будзеце агідныя і людзям: той, хто нясталы ў веры, як можа быць сталым у дабрачыннасьці? - гэта першы параграф. Другі, каб Рэч Паспалітую шчыра і праўдзіва любілі, найбалей таго пільнуючыся, каб яна аніякае шкоды ў вольнасьцях сваіх ня мела. І хоць часам гэта здасца горкім, бо лёс доўга будзе зьменлівым, але дабрачыннасьць і любоў да Айчыны перамогуць. І лепей, калі дабрачыннасьць вашая паволі вас узьніме, чым калі лісьлівасьць вашая хутка вас узьнясе. І таго пільнуйцеся, каб нічога ўпотайкі не рабіць, але чыніце ўсё адкрыта, як мужчыны, перамагаючы праз Бога і дабрачыннасьць, бо ўчынкі патаемныя ёсьць у чалавека блуднага, нясьмелага і таго, які, пад авечай скурай хаваючыся, бывае больш драпежны за ваўка: адно, каб добрым лічыўся, іншых ушчувае, а сам як завадатар дзейнічае. Не прыстала тое чалавеку пачціваму, сьцеражыся гэтага, але што ў сэрцы, тое хай і ў гутарцы будзе. Трэці абавязак выконвайце: начальнікаў сваіх як Пана Караля свайго, гэтак і старшых сэнатараў шануйце. Усяляк і Пана Караля, і сэнат любеце і паважайце, каб нічога мілейшага за Айчыну ня мелі і ніякіх клопатаў Пану Каралю каб не чынілі. І якое б мейсца ў Рэчы Паспалітай ні займалі, мусіце гэтага пільнавацца як закону. Наколькі вы павінны ведаць Закон Божы і выконваць яго паводле мажлівасьці сваёй, з такой жа гатоўнасьцю падпарадкавацца мусіце правам і законам, якім падлягаеце. Адсюль вынікае абавязак той перад Панам Каралём, перад Рэччу Паспалітай, перад сэнатарамі й суседзямі. А з тых абодвух - абавязак перад роднымі і сваякамі таго права супольнага не выракаючыся, Пану Каралю свайму служыць пільна і верна, праўду сьвятую перад вачыма маючы, нікога не абгаворваць і не абражаць, не ўзвышацца коштам чужое крыўды. Бо такое ўзвышэньне пры людзкой нянавісьці хутчэй загубу, чым веліч прынясе. Лепей, калі Госпад Бог пачцівасьць вашу бласлаўляць памалу будзе. Усё пачцівасьцю, а не падманам ці падступнасьцю здабывайце, у прыстойнай паслухмянасьці жывучы і бацькоў сваіх у вялікай пашане маючы, бо Госпад Бог абяцаў доўгае жыцьцё тым, хто бацькоў сваіх любіць і паважае. Акрамя гэтага памятайце, каб вы матульку сваю ў вялікай пашане мелі, бо яна вас нарадзіла, выхавала і старанна вам з маленства вашага служыла. Служыце таксама ёй, бо так стрымаеце яе ад замуства; я ведаю, што ёй не ўласьцівая зласьлівасьць жаночая, што яна Госпаду Богу будзе маліцца, каб Ён не пакараў яе так ганебна на старасьці гадоў. Сваім гневам яе да таго не прыводзьце, бо няма нічога горшага за жорсткасьць, зь якой жанчыны сурова помсьцяцца за ўчыненую ім несправядлівасьць. І ня кожнаму давярайце, лічачы сябрам таго, хто б вас з маткай пасварыць хацеў; але таго за сябра мейце і лічыце, хто вам добрую, сталую і прыстойную параду дасьць. А маючы каго-небудзь сябрам, абыходзьцеся зь ім шчыра, а не падступна. Памятайце, што Салямон напісаў: "Колькі маеш сяброў, гэтулькі будзеш мець непрыяцеляў". І калі б нават найвялікшага непрыяцеля мелі, ніколі яму ў чыненьні добрага не перашкаджайце, бо гэта ёсьць рана невылечная. Чаго б я перасьцерагаў з ласкі Божае, гэта каб нікога не абражалі, але кожнаму служылі. І няма большага шчасьця, калі шчырасьцю сваёй каго да сябе схіліце. І Пан Бог ёсьць мне сьведкам, што я з кожным шчыра абыходзіўся. Але як са мной абыходзіліся, тое няхай Сьвяты Бог судзіць. Ён ведае, як і з кім абыходзіцца. Таксама і вам, дзеткі мае, нагадваю, што, калі ад каго-небудзь дабрадзейства зьведаеце, пачціва яго прымаць і служыць яму старайцеся, таго пільна сьцерагучыся, каб у даўгу за дабрадзействы і дары чыесьці не былі. Акрамя гэтага, аб дабрадзействах памятайце, а за дары, калі хто вам дасьць, як найхутчэй, па магчымасьці, аддзячце. Я таксама ў маладыя гады сябраваў зь Яснавяльможным Князем панам Крыштафам Радзівілам [12] , ваяводам віленскім, гетманам найвышэйшым Вялікага Княства Літоўскага, ад якога ласку, вялікую прыхільнасьць і сяброўства меў, бо для мяне Яго Міласьць у шмат якіх справах Міласьцівым Панам быў. Да таго ж таксама Яго Міласьць пан віленскі пан Ян Кішка, мой блізкі сябра, катораму як сапраўднаму прыяцелю свайму веру і давяраю, што, як чалавек сталы і багабойны, а мне - правераны сябра, ня толькі да мяне, але і да дзетак маіх нязьменную прыязь будзе захоўваць. А пры іх - міласьцівы пан Хведар Скумін (Тышкевіч)[13] , ваявода наваградзкі, якому веру, што ён захавае сяброўства абяцанае і дзеткам маім перакажа, што думаў іхні бацька. Да сябраў таксама далучыцца Яго Міласьць пан Крыштаф Зяновіч, ваявода берасьцейскі, і пан Ян Збароўскі[14] , кашталян гнезьненскі, і міласьцівы пан Ян Замойскі, канцлер і гетман каронны, і Яго Міласьць пан Андрэй Апалінскі[15] , вялікі маршалак каронны, Яго Міласьць пан Леў Сапега, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, Яго Міласьць пан Ян Пац[16] , цівун віленскі, і г.д. Апекунамі тых усіх Іх Міласьцей прызначаю і малю Госпадам Богам, каб міласьцівымі апекунамі і абаронцамі былі як жонцы маёй мілай, так і дзеткам маім, баронячы іх ад усялякіх крыўдаў і ўціскаў, калі б ім хто ўчыніць штось захацеў. Да ўсяго няхай Іх Міласьці клапоцяцца, каб мае дзеткі добра выхаванымі былі, у згодзе сьвятой паміж сабой жывучы. Гэтак і вам, мае каханыя дзеткі, нагадваю, каб вы сябравалі. І сварак паміж сабой не чынілі, у дзяльбе адзін аднаго ня крыўдзілі як у набытках, даходах, у каралеўскіх прывілеях, так і ўва ўсіх бацькоўскіх маёнтках, якія па сьмерці маці вашай да вас пяройдуць, бо найменшая крыўда ёсьць перад Госпадам Богам вялікі грэх, асабліва крыўда паміж братамі; Бог не бласлаўляе, калі хто, роўна народжаны, няроўную частку бярэ. Аднак, што да той дзяльбы, то калі да таго часу, пакуль сыны мае дасягнуць [18] гадоў і будуць паўналетнія, Госпад Бог забярэ жонку маю, тады пра тое прашу і так маім тастамэнтам пастанаўляю, каб маёмасьць мая і маёнткі мае ў руках тых урадаўцаў і слугаў маіх былі, якіх жонка мая на тыя пасады прызначыць. І каб справаздачы рабілі панам аканомам з тых пасадаў. Таму, што я нямала маёмасьці нажыў, за сто і некалькі дзясяткаў тысячаў, мусіў я задаўжацца. Аднак пазыкі мае вядомыя жонцы маёй і слугам маім некаторым, і каморнікам. Тыя пазыкі павінны выплочвацца з усёй маёй маёмасьці. А слугам маім пану Якубу Лавейку[17] , харужаму мазырскаму, нябожчыку пану Сабіне[18] , войту віленскаму, нябожчыку таксама Яну Камароўскаму[19] ды іншым слугам у розныя часы квіты даваў, гэта вядома слугам маім, і таго трэба пільнавацца, каб даўгоў на іх не запісалі, якіх бы мая жонка ня ведала; такіх квітоў не прымаць. Таксама каб у Караляўцы і ў Рызе ніякіх пазыкаў не выплочвалася, бо на ўсё разьлік ёсьць у справе гандлёвай учынены і заключаны, акрамя даўгоў, што я браў, на ліст мой па патрэбе маёй у Караляўцы ў Валтэнштайна[20] ў 1589 годзе, пра гэта ведае слуга мой Нівінскі[21] . Каб таксама мая жонка і дзеці скарбу Яго Міласьці Караля нічога не былі вінаватыя: пан Ян Лавейка[22] , служачы мне, заагледзеў жаўнераў грашыма Яго Міласьці Караля, таму ён мусіць даць поўную і падрабязную справаздачу да скарбу Яго Каралеўскае Міласьці, справаздачу каралеўскую, дэпутацкую і жаўнерскую[23] . А каб служак сваіх так не пакінуць, пакуль не памёр, учыніў я рэестар, што каму адпісаць. Бо ўжо каторыя разьлічаныя, аднак жа ўзгадваю некалькі слушных выпадкаў. Наперад Хыбіцкаму[24] - гэтаму я і ад сябе дараваў, і ў Яго Каралеўскай Міласьці выпрасіў яму вёску ці дзьве пад Слонімам, за што ўзяў 1500 злотых, і акрамя гэтага яму адпісваю тое, што прыклаў 300 злотых на Буйвідах[25] ; ды яшчэ яму даць 500 злотых. Нівінскаму, хоць мае даходы з каморы Ковенскай, але яму я абяцаў Асавец, які ў закладзе ў Яе Міласьці пані канцлеравай[26] . Гэты заклад трэба выкупіць і даць яму на вечнасьць, бо яму абяцаў, а калі ня будзе выкуплены альбо вызвалены, тады даць яму гэтыя 500 злотых, што я адпісаў. Канскі[27] , слуга мой, што трымаў Радашкавічы, мае ад мяне 300 абяцаных злотых; яму іх даць. Харужаму дворнаму Мікалаю Карачуну[28] запісваю яшчэ да першай сумы 300 злотых. Гурскаму[29] , слузе майму, запісваю 300 злотых. Ляскоўскаму30 , каторы пры мне пакутаваў доўга, запісваю да першай сумы 300 злотых, усяго ён атрымае 800 злотых. Айшчэнскаму[31] запісваю 500 злотых, але няхай гэтыя грошы ў маёнтку клецкім застануцца; у гэтым маёнтку бацька ягоны, мае спадчыну, і яму на тую ж спадчыну 500 злотых, усяго 1000 злотых. А калі яму маёнтку не дадуць, але грошы, тады па сьмерці бацькі да маёнтку ніякага дачыненьня ён мець ня будзе, але брат ягоны будзе замест яго служыць маім жонцы і дзецям. Качынскаму[32] - 300 злотых. Юраю Падбярэскаму[33] , якога я да сябе перавабіў, ён служыў мне старанна, яму 400 злотых адпісваю і каня добрага, паўкрэўку, аднаго з двух сьветлай масьці, і канчур[34] са срэбрам, цяглавых коней. А калі б каня іншага не было, тады адзін жарабец з тых, што ў Нядзешцы стаяць, і цягавікі маладыя, што ў Заслаўі ходзяць чатыры. І раз я ад навукі адарваў (хоць і па ягонай волі) Гаршкоўскага[35] , то для наведваньня чужых краёў, каб там давучыўся, яму 200 злотых адпісваю. І Ласю[36] , ягонаму ж таварышу, гэтулькі ж. Зыгмунтовічу[37] , што меў забесьпячэньне на каморы, я абяцаў злотых 250, гэта значыць, 100 коп на слабадзе пад Кольскам[38] , няхай гэта запішуць, бо гэта мне патрэбна. Нарковічу[39] , хоць мне шмат перашкодаў чыніў, аднак служыў мне спраўна, таму злотых 200 яму мусіць быць дадзена. Іншым слугам усім, заплаціўшы заслужанае, даць толькі плату квартальную як паны апекуны і жонка палічаць патрэбным. Таксама добры і вучоны служка пры маіх дзетках пан Лазіцкі[40] , гэтаму (хоць і мае ад мяне аднагароду) шаты мае футрам не падшытыя належыць даць; а падшытыя футрам жонка дзецям можа аддаць. Пры дзетках ёсьць таксама добры служка Чаховіч[41] (ён нядаўна служыць), аднак даць яму злотых 200 і пры маіх дзецях хай жыве за пэўную ўзнагароду, бо сумленны чалавек. Калі тут некаторых служак ранейшых не згадаў, то не без прычыны, бо яны маюць сваё, аднак жа калі б хто не быў узгаданы, а раней служыў, вельмі прашу, каб да яго добра паставіліся. А гэтым служкам узнагарода мае быць такая: маёнтак Макраны42 перадаць на вечнасьць, альбо і Макраны, і Галамысьль[43] закласьці і гэтым служак аднагародзіць. Для дзетак маіх у гэтым тастамэнце запісваю, што сёстры[44] мае ўжо замуж выдадзеныя з пасагам, толькі ёсьць крыўда пані староставай слонімскай, бо ёй няшмат было дадзена, але я ў гэтым не вінаваты. Усяляк Яе Міласьць узнагароджваючы, я даў ёй на вечнасьць маёнтак Дзярвяны[45] і Кобрын на Палясьніцы. Да таго дачцэ адной сястры сваёй даў 1000 злотых на пасаг і другой дачцэ яе абяцаў 1000 злотых, гэтыя грошы дзеці мае павінны аддаць. Мая сястра пані Рэёва ўзяла добры пасаг і выправу, бо сама выправа - 6000 злотых, і да таго з Галамысьля ўзяла 8000 злотых. Але, тым ня будучы задаволеная, не зважаючы на мой абавязак і перад людзьмі мяне абвінаваціўшы, адмовілася ад тастамэнту (пра які ведала, што не я, але пані матка мая46 мелася яе замуж выдаваць, і пані матка мая запісала ёй грошы галамысьльскія, бо так тастамэнт пана бацькі майго сьведчыў). Да гэтага мяне прымусіла той сваёй гутаркай, што ёй адпісаў 400 коп доўгу, і да таго ж дачцэ яе, каторую я хрысьціў, абяцаў даць на пасаг 1000 злотых; на той час, калі дачка яе замуж пойдзе, мае дзеці мусяць даць ёй 1000 злотых. А дзеля ўсялякай абароны праўнай, калі ў тым будзе патрэба, каб і сябры Іх Міласьці панове прыяцелі, каторым зручней, дапамаглі, пакуль Іх Міласьці панове шаноўныя прыедуць, бо гэтыя справы ў Рэчы Паспалітай могуць доўга цягнуцца. Акрамя таго, пана Андрэя Станкевіча, менскага падкаморага, майго прыяцеля, гэтым тастамэнтам заклікаю і прашу, каб пры Іх Міласьцях панах апекунах другім апекуном, абаронцам і дарадцам быў, ад усялякіх непабожных людзей дзетак маіх і жонку маю мілую сьцерагучы, баронячы ды ім радзячы. Яму даць трэба маё футра, сабалямі падшытае, а калі па маіх справах паедзе, тады патрэбную дапамогу чыніць. Фальваркі ля Заслаўя трэба трымаць. І ў Буцэвічах[47] збыць валокаў шэсьць, на што ад мяне пан Шчэсны Вязевіч[48] мае памесьцевае права; акрамя таго, той пляц, які я падараваў швагру свайму пану Яну Фёдаравічу пасьля сьмерці пана Вязевіча, так і цяпер пасьля сьмерці Вязевіча таму пану даю; на што і ліст мой адмысловы Яго Міласьці даў і гэтым тастамэнтам маім як рэч набытую яму пацьвярджаю, запісваю і на вечнасьць аддаю - так яму самому і жонцы, як дзеткам і нашчадкам іх навечна аддаю і адпісваю. Служка мой Закрэўскі[49] досыць доўга ў мяне служыў. Таму за службу яго даў яму фальварак Мезерава[50] ва ўтрыманьне, каб яго дзеля сябе выкарыстаў, акрамя чыншу. Іншыя дзяржаньні на спажываньне жонкі і дзяцей маіх пакідаю, бо з гэтага можна слушна мець і выхаваньне, і дапамогу. І так гэтым фальваркам кіраваць, як зараз, а не іначай. А за тое, што яму гэта даю, мусіць сачыць за гандлем, што вядзецца, каб ішоў сваёй чаргою. І калі яму сума 600 коп ня вернецца з гандлю, тады тую суму няхай набірае сабе чыншамі мезераўскімі, і пакуль набірае, датуль Мезерава трымаць будзе. І што будзе чыніць, павінен у рэестры запісаць; паводле гэтага няхай тое робіцца. А паколькі тут падрабязна ўсё запісана быць не магло, бо няма такога, хто б так усё пільна разважыць мог, што пасьля ягонай сьмерці аніводнай спрэчкі не ўзнікла б, - таму і я, як мог, той тастамэнт мой напісаў, просячы кожнага, а менавіта цябе, жонка, і вас, дзеці мае, пад страхам кары Божай прашу вас і вам загадваю, каб гэтага тастамэнту ні ў чым не парушалі і яму не супрацівіліся. І гэтая, а ня іншая апошняя воля мая, гэты з развагай учынены тастамэнт мой. Пры складаньні гэтага тастамэнту майго апошняй волі маёй учыненай былі Іх Міласьці панове: вяльможны пан Зьміцер Халецкі[51] з Хальча, вялікі падскарбі і пісар Вялікага Княства Літоўскага; Яго Міласьць пан Пётар Выпыскі[52] , сакратар Яго Каралеўскай Міласьці; Яго Міласьць пан Ян Дзевялтоўскі[53] , стольнік Яго Каралеўскай Міласьці Горадзенскага павету; Яго Міласьць пан Мікалай Вільчак[54] , віленскі пісар гродзкі, і Яго Міласьць пан Юрай Зяновіч[55] на Мосары[56] . Гэтыя Іх Міласьці, добра з гэтым тастамэнтам азнаёмленыя, на маю просьбу свае пячаткі да гэтага тастамэнту прылажылі і рукой сваёй падпісаць ласку зрабілі. А для лепшага зацьвярджэньня я, Ян Глябовіч на Дуброўна, ваявода троцкі, да гэтага тастамэнту майго апошняй волі маёй пячатку сваю прыклаў і рукой сваёю пісьмом польскім падпісаў, і гэты тастамэнт даў жонцы маёй мілай пані Кацярыне з Кратошына і сынам маім мілым Яну і Мікалаю Глябовічам.

Пісаны ў Вільні году ад нараджэньня Сына Божага 1590, 28 дня ліпеня.

________________________________________________________________

ЗАЎВАГІ

Гэтыя словы сказаныя прарокам Ісаяй цару Эзэкіі: «распарадзіся домам сваім, бо памрэш і ня будзеш жыць», 2 Цар. 20:1.
Пачатак credo - сымбалю веры.
Пра сына ваяводы троцкага Юрая бракуе зьвестак.
Дуброўна, фамільнае гняздо Глябовічаў каля Заслаўя.
Онікшты, мястэчка каля Вількаміра.
Паўналецьце, згодна з 6-м артыкулам Статуту ВКЛ 1588 г., надыходзіла калі мужчыну спаўнялася 18 гадоў.
Сельцы, мястэчка недалёка ад Пружанаў.
Пакупныя лісты - сьведчаньне аб продажу маёмасьці, у якім імя жонкі запісвалася побач зь імем мужа, але гэта не давала аўтаматычна ёй права ўласнасьці без адмысловага на тое запісу згодна з артыкулам 17 Статуту ВКЛ 1588: «Аб прывілеях і іншых запісах, якіх жонкі, што засталіся без мужоў, маюць ужываць».
Цыт. Псальм 133:1.
Цыт. Пасланьне да Гэбраяў 10:31.
Цыт. Эвангельле паводле Мацьвея 15:9.
Крыштаф Радзівіл Пярун - сын Мікалая Радзівіла Рудога, вялікі гетман літоўскі.
Хведар Скумін Тышкевіч (пам. пасьля 1616 г.), ваявода наваградзкі, уніят.
Ян Збароўскі (пам. 1595), кашталян гнезьненскі, лютаранін.
Андрэй Апалінскі (1540-1593), маршалак вялікі Каронны 1574 г., генэральны стараста вялікапольскі ў 1578 г.
Ян Пац (пам. 1610), падчашы літоўскі каля 1581 г., цівун віленскі 1589 г., ваявода менскі ад 1600 г.; напачатку кальвініст, адзін са сьвецкіх апекуноў Віленскага збору, у 1600 г. перайшоў у каталіцтва падчас побыту ў Рыме.
Якуб Лавейка, харужы мазырскі - бракуе зьвестак.
Станіслаў Сабіна, сакратар караля Стэфана Баторага, віленскі войт.
Ян Камароўскі, пісар і судзьдзя земскі вількамірскі.
Валтэнштайн, праўдападобна, каралеўскі купец і крэдытор Яна Глябовіча.
Нівінскі - бракуе зьвестак.
Ян Лавейка, маршалак земскі мазырскі ў 1598 г.
Ян Глябовіч у 1590 г. быў прызначаны на сойме адным з наглядчыкаў ад Сэнату за выплатай грошай войску.
Войцех Хыбіцкі, верагодна, з Мазураў, знакаміты жаўнер з часоў Стэфана Баторага.
Буйвіды, засьценак у Вількамірскім павеце.
Пані канцлерава - Альжбета з Радзівілаў, жонка Лява Сапегі.
Канскі - бракуе зьвестак.
Мікалай Карачун, магчыма, харужы й выбранец ад упіцкае зямлі на сойм у 1590 г.
Гурскі, віленскі харужы і адзін са сьвецкіх апекуноў віленскага збору ў 1611-1625 гг.
Ляскоўскі - бракуе зьвестак.
Айшчэнскі - бракуе зьвестак.
Качынскі - бракуе зьвестак.
Юрай Самсон Падбярэскі, маршалак брацлаўскі ў 1611 г.
Канчур - доўгі меч, ужываўся гусарамі для паразы непрыяцеля, зваленага на зямлю, альбо які бароніцца сьпешаным.
Гаршкоўскі, верагодна, сваяк з Наваградзкага ваяводзтва герба Тарнава.
Лось, магчыма, з роду герба Дуброва, бракуе зьвестак.
Зыгмунтовіч, верагодна, Ян, рэчыцкі земскі судзьдзя.
Кольск - бракуе зьвестак.
Нарковіч - у дваццатыя гады XVII ст. кліент Радзівілаў, бракуе зьвестак.
Лазіцкі - бракуе зьвестак.
Чаховіч, напэўна, з роду герба Астоя на Жмудзі; магчыма, Станіслаў маршалак і падстараста жмудзкі ў 1589 г.
Макраны - праўдападобна, вёска ў Наваградзкім павеце.
Галамысьль - маёнтак у Дзісенскім павеце.
Мова пра родных сясьцёр Яна Глябовіча з другога шлюбу ягонага бацькі: Барбару, жонку ад 1558 г. Жыгімонта Вольскага чэрскага кашталяна; Альжбету, жонку Міхала Валовіча, і Дароту, жонку ад 1582 г. Мікалая Рэя; зь першага шлюбу бацькі Ян Глябовіч меў яшчэ 5 зводных сясьцёр.
Дзярвяны - мясцовасьць не лякалізавана.
Маці Яна Глябовіча была Ганна, дачка Хведара Заслаўскага-Мсьціслаўскага, намесьніка аршанскага ў 1501-1538 гг., якая прынесла Глябовічам як пасаг Заслаўскае княства.
Буцэвічы, верагодна, вёска ў Менскім павеце.
Шчэсны Вязевіч зь менскай шляхты, магчыма, Шчэсны Аляхновіч, каралеўскі дваранін у 1547 г.
Закрэўскі, магчыма, з роду герба Помян у Віцебскім ваяводзтве, ростмістар пяхоты ў 1611 г.
Мезерава - мясцовасьць не лякалізавана.
Зьміцер Халецкі, падскарбі дворны літоўскі ў 1588 г., падскарбі земскі і пісар ВКЛ у 1590 г.; зацяты каталік.
Пётар Выпыскі - бракуе зьвестак.
Ян Дзевялтоўскі, стольнік горадзенскі, войскі жмудзкі ў 1612 г.
Мікалай Вільчак, пісар гродзкі віленскі ў1588 г.
Юрай Зяновіч, жанаты з Соф’яй Глябовічаўнай, зводнай сястрой аўтара тастамэнту.
Мосар, мястэчка і ўладаньні ў Дзісенскім павеце, маёмасьць Дэспатаў Зяновічаў, пазьней уласнасьць Яна Паца, троцкага ваяводы.
ПАСЬЛЯСЛОЎЕ

Ян Глябовіч герба Ляліва (1544-1591 - паводле іншых зьвестак 1593), сын Яна Глябовіча, ваяводы віленскага, канцлера вялікага літоўскага (пам. 1549) і Ганны, княгіні заслаўскай (пам. 1571). Глябовіч старэйшы паходзіў з магілёўскае шляхты, меў сваяцкія сувязі з Гедымінавічамі (праз жонку). На працягу жыцьця зрабіў значную палітычную кар’еру - быў старастам бабруйскім, барысаўскім, магілёўскім, ваяводам полацкім. У палітычнай дзейнасьці напачатку быў прыхільнікам, а напрыканцы жыцьця супраціўцам вуніі з Каронай Польскай. Арыентаваўся на апанэнтаў палітычнай гегемоніі Радзівілаў у Вялікім Княстве Літоўскім - Осьцікавічаў ды Хадкевічаў. Глябовіч меншы абраў вайсковую кар’еру, якая пачалася ад 1562 году ў Полацку, які праз год быў захоплены войскамі Івана Жахлівага. Ян Глябовіч апынуўся ў маскоўскім палоне. Ёсьць пэўныя зьвесткі (тэалягічныя дыспуты з царом Іванам Жахлівым), што ў гэтым часе ён ужо быў эвангельскім хрысьціянінам. Пасьля вяртаньня ў Княства Глябовіч распачынае палітычную дзейнасьць, арыентуючыся на пазыцыю Мікалая Радзівіла Рудога і ягонага сына Крыштафа Радзівіла Перуна. Адначасна ён працягваў лінію свайго бацькі ў дачыненьні да вуніі з Польшчай, быў яе зацятым ворагам і гарачым прыхільнікам незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага. Займаў пасады дзяржаўцы анікштаўскага, менскага кашталяна ад 1571 г., падскарбія земскага й пісара ў 1580-1581 гг., кашталяна троцкага ад 1585 г. і ваяводы троцкага ад 1586 г. Вызначыўся ў пэрыяд двух безгаспадарстваў (1574-1576 і 1586-1587 гг.). У часе першага актыўна спрыяў абраньню Стэфана Баторага. У першыя гады браў актыўны ўдзел у ліцьвінска-польскім супрацьстаяньні ў справе кіраваньня Інфлянтамі, якія былі перададзеныя ўрэшце ў сумеснае валоданьне. У часе другога безгаспадарства ўзначаліў пасольства ад Вялікага Княства Літоўскага да прэтэндэнта на каралеўскі й вялікакняскі пасад Жыгімонта Вазы, дзе, выкарыстаўшы вайскова-палітычную сытуацыю й супярэчнасьці паміж рознымі палітычнымі групоўкамі, дамогся падпісаньня Вазам Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Браў удзел у выправах Баторага на Полацак і Пскоў, вызначыўся пры штурме гэтых гарадоў. Быў гарачым прыхільнікам эвангельскай веры (пратэстантызму). Ягоны тастамэнт сьведчыць моцную веру і пераконанасьць у правільнасьці абранага шляху, адданасьці хрысьціянскім прынцыпам. Глябовіч заснаваў Заслаўскі кальвінскі збор і школу пры ім. Паводле некаторых аўтараў там нейкі час жыў і працаваў Сымон Будны. Таксама заклаў кальвінскі збор у Менску (раён сёньняшняга кінатэатру «Перамога»). Адначасна быў шчырым патрыётам. Дзецям наказваў у тастамэнце, каб найпільней за ўсё дбалі пра свабоду Рэчы Паспалітай, пад гэтай назвай ён, паводле польскіх аўтараў, меў на ўвазе Вялікае Княства Літоўскае. Таксама моцна прасіў дзяцей і нашчадкаў шанаваць і падпарадкоўвацца «Яго Мосьці Каралю і панам сэнатарам». Быў жанаты з Кацярыный Кратоўскай, ваяводзінай інаўроцлаўскай, зь якой меў сыноў: Яна (пам. 1604), а таксама Мікалая (пам. 1632), падстолія літоўскага ад 1605 г., ваяводу смаленскага ад 1611 г. і кашталяна віленскага ад 1621 г.

________________________________________________________________

Тастамэнт друкуецца паводле выдання: Augustyniak Urszula. Testamenty ewangelikow reformacyjnych w Wielkim Ksiкstwie Litewskim. - Warszawa. 1992. - S. 59-77.

Пасьляслоўе, пераклад і публікацыя
Андрэя ЎНУЧАКА (Мінск)

“Спадчына”, 2003, №1, стар.60-68.


© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам