Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Васіль Цяпінскі


"Рады паказаць маю веру..."

Георгі Салаўёў


Васіль Цяпінскі нарадзіўся напрыканцы 30-х гг. XVI ст. у сям'і небагатага шляхціца Мікалая Цяпінскага і яго жонкі Матроны ў іхным родавым маёнтку Цяпін. Вёску Цяпін і сёньня можна бяз цяжкасьці знайсьці побач з шашой Лепель-Ворша за 22 км. ад Лепеля і за 8 км. ад Чашнікаў. Калі збочыць з шашы і праехаць блізу аднаго кілямэтра ў напрамку да Цяпіна, то зьлева можна ўбачыць месца, дзе стаяў дом Цяпінскіх, і "панскі гасьцінец", што вядзе да яго (насыпаную дарогу ХVI ст.). Акрамя гэтага, проста за 10 мэтраў ад вясковай дарогі - руіны кальвінскага збору XVI ст. Каму ён толькі не належыў за ўсю сваю гісторыю! Але ня здолеў перажыць усіх забурэньняў гісторыі, і зь цягам часу разваліўся.

Гістарычныя крыніцы нічога ня кажуць аб тым, дзе канкрэтна навучаўся Васіль Цяпінскі. Але зважаючы на стыль ягонага пісьма, шырокія веды ў галіне кнігадрукаваньня, а таксама філялёгіі, філязофіі, тэалёгіі, моваў, можна зрабіць выснову, што гэтыя веды былі атрыманыя ў адным з эўрапейскіх унівэрсітэтаў.

Пасьля вучобы Васіль Цяпінскі набываў досьвед на службе ў падканцлера Вялікага Княства Літоўскага Астафея Валовіча, дзе і пазнаёміўся зь ягонай пляменьніцай, князёўнай Соф'яй Жыжэмскай. Неўзабаве адбылося вясельле, і маладыя засталіся жыць у Нясьвіжы. Васіль жа працягваў працаваць у Валовіча, яму падабаўся Валовічаў размах, грамадзкая пазыцыя і мэтанакіраванасьць. Валовіч-рэфарматар, Валовіч-эвангеліст быў Цяпінскаму блізкім па духу чалавекам. Знакамітыя зямельныя рэформы падканцлера, яго праца на ўмацаваньне магутнасьці Княства (будаўніцтва замкаў Суша, Лепель і інш.) паслужылі натхняльным прыкладам для маладога асьветнітка і рэфарматара, умацавалі ягоную патрыятычную пазыцыю, разьвілі яго як цэласную, мэтаскіраваную асобу.

За час сумеснага жыцьця ў Соф'і з Васілём нарадзіліся тры сыны: Абрам, Табіяш і Канстанцін. Ня вельмі заможная сям'я Цяпінскіх (у той час князі Жыжэмскія ўжо ня мелі былой велічы), усё ж валодала невялікімі маёнткамі ў розных кутках гаспадарства: Сьвіраны на Віленшчыне, Вярсокі на Лідчыне, а таксама маёнткамі ў Менскім, Ашмянскім, Браслаўскім і Полацкім паветах.

Навучаньне Васіля, пачатак ягонай працы ў Валовіча, супадае з разьвіцьцём рэфарматарскага руху ў Вялікім Княстве, калі Мікалай Радзівіл Чорны ў 1553 годзе публічна вызнае кальвінізм, і па ўсёй краіне шляхта і народ пачынаюць станавіцца пад штандары Рэфармацыі. Гэтае рашэньне для беларускай шляхты не было раптоўным альбо неабдуманным. Эвангельскія ідэі сярод праваслаўнага й каталіцкага насельніцтва краіны існавалі яшчэ да Рэфармацыі Лютара, яны вядуць свой радавод з гусіцкай Чэхіі, з XV ст.

У 1413 годзе Вялікае Княства наведаў паплечнік Яна Гуса Геранім Праскі. На працягу некалькіх месяцаў ён зьбіраў велізарную колькасьць людзей у Вільні, Віцебску, Полацку, прапаведуючы ім Слова Божае. Геранім выступаў супраць індульгенцыяў (прабачэньне грахоў за грошы), выступаў супраць безграхоўнасьці папы і казаў аб збаўленьні праз веру. Пачынальнік Рэфармацыі XVI ст. Марцін Лютар пісаў: "Mы ўсе гусіты, і Павал, і Аўгустын, гэта азначае, што яшчэ 100 год таму была вядомая ісьціна, і яе асудзілі". Ідэі Гераніма былі з прыхільнасьцю прынятыя Вітаўтам Вялікім, і мелі плён у жо пасьля ад'еэду казнадзея з BKЛ. У 1419 годзе пачаліся гусіцкія войны, а ўжо ў 1420 годзе чэская дэлегацыя ў Вільні прасіла Вітаўта стаць каралём Чэхіі. На працягу 7 гадоў пяцітысячнае беларускае войска білася за права чэхаў вызнаваць Эвангельле ня так, як загадвае папа рымскі, а так, як гэта было вызначана Хрыстом і апосталамі на самым пачатку. Эвангельскія ідэі былі прынесены ў нашу краіну з новай сілай пасьля вяртаньня на Бацькаўшчыну "чэскага" войска.

Верагодна ад назвы адной з плыняў гусізму - "чашнікі" вядзе сваю назву мястэчка Чашнікі Віцебскай вобласьці. У 1436 г. у ВКЛ была ўтворана інквізіцыя для барацьбы з гусітамі. Пазьней, у 1490 г., папа Сыкст IV быў вымушаны зноў усталяваць інквізіцыю ў ВКЛ і надаў ёй паўнамоцтвы вяртаць "герытыкоў" і "схізматыкаў" ва ўлоньне каталіцкай царквы. "Грэцкай схізмай" каталікі пасьля вялікага расколу паміж Заходняй і Ўсходняй цэрквамі ў 1054 г. называлі праваслаўных. Каго тут папа называе "герытыкамі", зразумець ня цяжка, калі ўлічыць працяглую барацьбу гусітаў за незалежнасьць і іх няўвагу да пастаянных інтэрдыктаў рымскіх папаў, пры атрыманьні якіх званы павінны былі маўчаць, набажэнствы спыняцца, ніхто ня мог быць абвянчаны, дапушчаны да прычасьця і пахаваны паводле царкоўнага абраду.

На падставе гістарычных дакумантаў, якія сёньня маюцца ў навуковым звароце, мы можам зрабіць выснову аб тым, што Эвангельская царква на тэрыторыі ВКЛ мела сваіх пасьлядоўнікаў ва ўсіх сацыяльных пластах грамадзтва яшчэ з моманту наведваньня Княства Геранімам Праскім. Прадаўжальнікамі гэтых жа ідэяў былі Францыск Скарына, які згадваецца ў дакумантах як "гусіт", Сымон Зак, Абрагам Кульва, Мікалай Радзівіл Чорны, і безумоўна ж, Васіль Цяпінскі, які разам зь імі вызнаваў "гусіцкую" дактрыну.

Паводле дасьледнікаў, Цяпінскі на сродкі "невялікай маентасці сваей" набывае друкарню ў Нясьвіжы. Складаў ён яе з драбніцаў, абсталяваньне зьбіралася з розных месцаў па частках. Частка літараў -- з друкарні Скарыны, другая частка -- новая. Вядомы беларускі гісторык Георгі Галенчанка піша, што Сымон Будны надрукаваў свае першыя кнігі ў Нясьвіскай друкарні, якая належала Васілю Цяпінскаму. Надрукаваўшы знакаміты "Катэхізіс" Буднага і яго другую кнігу "Аб апраўданьні грахоўнага чалавека перад Богам", Цяпінскі задумваеца над новым перакладам Бібліі на мову свайго народу, таму што мова скарынаўскай Бібліі становіцца цяжкой для разуменьня яе простымі людзьмі. Стараславянская (славенская) і лаціна - мовы набажэнства ў праваслаўі і каталіцтве, былі часта незразумелымі ня толькі для простых людзей, але і для сьвятароў, аб дрэннай прафэсійнай падрыхтоўцы якіх і сёньня захавалася шмат гістарычных матэрыялаў.

Да 1565 году Цяпіскі знаходзіцца пад патранажам Мікалая Чорнага і дапамагае Буднаму ў ягонай творчасьці. Сьмерць Чорнага ў 1565 г. карэным чынам зьмяняе пляны Цяпінскага. Сын "некаранаванага караля Беларусі" Мікалай Крыштап "Сіротка" адыходзіць ад веры бацькі, веры ў якой ён вырас, і зыходзіць у каталіцызм. У гэты час Цяпінскі пакідае Нясьвіж і, разам са сваёй друкарняй, перамяшчаецца ў Цяпін.

У бітве 26 студзеня 1564 г. на рацэ Уле пад Іванскам (Чашніцкі раён), што недалёка ад Цяпіна, пан Васіль ня ўдзельнічаў. Але пры штурме Улы ўзімку 1568 году ён быў сярод жаўнераў. У кроніках ёсьць апісаньне таго, як быў узброены малодшы афіцэр коннай роты, Васіль Цяпінскі. Пісар аршанскага старосты Кміты-Чарнабыльскага склаў вопіс таго, што ён (Цяпінскі) меў пры сабе. Гэты вопіс, знойдзены гісторыкам Георгам Галенчанкам, выглядае так: "тoвapыш Bacилeй Tяпин нa шecть кoни, нa нeм пaнцep, шишaк, шaбля, гapкaбyз, кoнчep, сeкиpкa, пoд ним дpыкгaнт cив..."

З аднаго боку ён перакладчык Сьвятога Пісьма, асьветнік, чалавек глыбока веруючы, цывільны. З другога - абаронца Айчыны, малодшы афіцэр, патрыёт, ваяр. Гэта ўсё цудоўна спалучалася ў ім. І ён зьяўляецца прыкладам для нашага пакаленьня. У 1574 г. у Цяпіне, фамільным маёнтку "мілага брата" Васіля, згодна са сьведчаньнем Буднага, адбыўся сход аднаверцаў. У выніку гэтай і іншых падобных сустрэчаў выпрацоўваліся агульныя погляды ў дачыненьні тэалягічных дактрынаў і сацыяльных пытаньняў. У 1578 г. Цяпінскі выступае на пратэстанцкім зьездзе ў Лоску. Ён закранае пытаньне прыватнай уласнасьці на зямлю і таго, ці можна прымяняць меч на вайне, абараняючы Айчыну. На гэтыя пытаньні ён даў сьцьвярджальны адказ.

1580 г. прынята лічыць годам выхаду ў сьвет перакладу Эвангельля паводле Мацьвея, паводле Марка і часткова паводле Лукаша. Да гэтага перакладу Цяпінскі напісаў прадмову. Гэта не была звычайная прадмова да рэлігійных кнігаў таго часу, у ім Цяпінскі выяўляе ўсяго сябе, саваю пазыцыю ў дачыненьні да Эвангельля, да Хрыста, да народу, да праваслаўя, да папства, да ўладаў. Ён крытыкуе антынацыянальную пазыцыю асобных палітыкаў і прадстаўнікоў духавенства, выступае супраць апалячваньня і маскоўскай экспансіі. У жніўні 1579 г. Стэфан Баторы вызваляе Полацак ад маскавітаў і Цяпінскі бярэ ўдзел у гэтай выправе, калі не асабіста, то фінансава, дапамагаючы апранць і пракарміць жаўнераў. У 1583 г. Будны выдае кнігу "Аб сьвецкай уладзе". Ідэі, якія ён выказвае, падобныя да Прадмовы Цяпінскага, напісанай у 1580 г.

І далей, да сьмерці, Цяпінскі працягвае заставацца грамадзянінам, рэфарматарам і асьветнікам. Ягоныя ідэі аказвалі ўплыў на палітыку, хоць ён сам непасрэдна ўжо ня ўдзельнічае ў соймах. У 80-я гг. XVI ст. у беларускіх гарадах пачалі дзейнічаць праваслаўныя брацтвы, якія ўзьніклі пад уплывам Рэфармацыі. Брацтвы імкнуліся рэфармаваць праваслаўную царкву і рабілі спробы надаць служэньню духавенства эвангельскія прынцыпы. Яны таксама маглі выкарыстоўваць пераклад Эвангельля Цяпінскага, які быў зроблены ў двух мовах - царкоўнаславянскай і размоўнай беларускай. Царкоўнаславянская мова не была зразумелай для народу, пра што піша і сам Цяпінскі, і ён не выкарыстоўвае яе ў набажэнствах. Але яму гэтая мова была цікавая тым, што яна дала пачатак усходнеславянскай пісьмовасьці і альфабэце: "... мы адначасова разьмесьцілі эвангельскае пісьмо, тое самае, - ў двух мовах - у мове славянскай, а побач зь ёй у рускай (беларускай - Г.С.) ... для таго, каб лепш прачытанае зразумелі і навучыцца змаглі вучонай мове славянскай." Для Цяпінскага стараславянская мова - гэта мова вучоная, як для каталікоў лаціна. Народу яна (стараславянсая) патрэбна, каб ён мову сваю шанаваў.

Якой Цяпінскі бачыў Беларусь - пратэстанцкай, каталіцкай, праваслаўнай? Перш за ўсё - Біблійнай! Зьвяртаючыся да сучасьнікаў, рэфарматар горача заклікае: "Няхай, пачуўшы нашы просьбы, мітрапаліт, валадары і настаўнікі ... пакіруюцца так, каб спрытам і хабарам, напярэймы адзін аднаму, прыбытковых месцаў і стольных пасадаў не дабіваліся, а старанна навучаліся слову Божаму і іншых вучылі".

© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам