Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Зaлaты Вeк Бeлapyci i cyчacнacьць


ВЫСТУПЛЕНИЕ АВТОРА НА КОНФЕРЕНЦИИ

Перад тым, як разглядаць умовы ўзнікнення і развіцця Рэнесанса на Беларусі, неабходна звярнуць увагу на папярэдні храналагічны перыяд, які ахоплівае сярэдзіну XIII - першую палову XVI стст .

У сваю чаргу, гэты адрэзак часу можна падзяліць на два этапы. Першы этап (сярэдзіна XIII - канец XV стст.) - гэта перыяд стварэння і максімальнага пашырэння тэрыторыі маладой усходнееўрапейскай дзяржавы ад Балтыйскага да Чорнага мора, які характарызуецца складанымі ўзаемадачыненнямі паміж славянскімі (беларускім і украінскім) этнасамі і будучым літоўскім этнасам, што тады складаўся з аукштайтаў і жмудзінаў. У гэты час на тэрыторыі ВКЛ з'яуляюцца і пашыраюць свае ўплывы прадстаўнікі яўрэйскага і татарскага этнасаў, якія пераважна пасяляюцца ў гарадах і мястэчках. У заходняй частцы ВКЛ можна таксама прасачыць уплывы мазаўшан, прусаў і яцьвягаў, а на ўзбярэжжы Балтыйскага мора і куршаў.

У ХІІІ-ХІV стст. адбывалася творчая перапрацоўка ўсходнеславянскіх і віэантыйскіх традыцый, вытокі якіх сягаюць у Х ст., працягвалася іх пашырэнне і развіццё як на абшарах тагачаснай Беларусі і Украіны, так і на землях, заселеных балтамі. У гэты час на балцкіх землях узнікаюць і бурна развіваюцца гарады і ўзнікае феномен новай гарадской культуры, носьбітамі якой з'яўляліся праваслаўныя беларусы і паганцы (язычнікі) літоўцы.

Пасля Крэўскай Уніі і хрышчэння Літвы, на тэрыторыю ВКЛ пранікаюць і пашыраюцца традыцыі заходнееўрапейскай каталіцкай культуры. У ХVІ - пачатку XVII ст. гэтая хваля даходзіць да ўсходніх межаў ВКЛ, і яе асяродкамі сталі Віцебск, Мсціслаў, Орша і Смаленск.

У XV ст. пасля Грунвальдскай бітвы знікае крыжацкая пагроза і гарадская культура ВКЛ канчаткова фармуецца як неад'емная частка заходнееўрапейскай цывілізацыі. Менавіта ў гэты час на тэрыторыі ВКЛ пашыраецца магдэбургскае права.

Другі этап (канец XV - першая палова XVI ст.) у развіцці гарадской матэрыяльнай культуры ВКЛ характарызуецца яе росквітам і агульнымі тэндэнцыямі, якія маюць выразнае заходнееурапейскае паходжанне.

У архітэктуры - гэта адзіны архітэктурны стыль позняй готыкі, якая тут мае спецыяльныя асаблівасці, характэрныя для тэрыторыі ВКЛ. Найбольш унікальныя праявы гэтага стыля ўвасабляюцца ў стварэнні самабытнай жывапіснай фрэскавай школы (дастаткова прыгадаць фрэскі з Трок, Крэва і Супрасля), узнікненні інкастэляваных храмаў, будаўніцтве новых праваслаўных цэркваў (храмы ў Вільні, Сынковічах і Мураванцы).

На ўсёй тэрыторыі ВКЛ пашыраецца адзіная будаўнічая тэхніка ў галіне мураванага дойлідства. Гэта ўжыванне вялікапамернай цэглы-пальчаткі, гатычнай муроўкі, лусковай канструкцыі сценаў, выкарыстанне пляскатай і цыліндрычнай дахоўкі, ваконнага шкла і вітражоў. У гэты час на змену гаршковай прыходзіць рэльефная каробкавая кафля, з'яўляецца паліваная (зялёная ці карычневая) і паліхромная кераміка. Пачынаюць працаваць шматлікія гуты па вырабу шкла, дасягае росквіту апрацоўка каменя, косці і дрэва.

У гэты час грамадзяне ВКЛ незалежна ад нацыянальнасці канчаткова атрымліваюць назву "літвіны" альбо "літва" (гл. рускія тагачасныя крыніцы), карыстаюцца адзінай дзяржаўнай мовай, маюць сваю друкаваную кнігу і аднатыпную гарадскую культуру, якая вельмі адрозніваецца ад гарадской культуры суседняй Маскоўскай дзяржавы.

У XV-XVI стст. на Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, склаліся эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя і ідэалагічныя перадумовы Рэнесанса - эпохі станаўлення і росквіту ранняй буржуазнай культуры ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе. Якасныя змены ў розных сферах жыцця перадавых еўрапейскіх краін (у першую чаргу Італіі) - узмацненне антыфеадальнай і рэлігійнай барацьбы, вялікія геаграфічныя адкрыцці, рост і развіццё гарадоў, фарміраванне нацыянальных дзяржаў і абсалютысцкіх манархій, з'яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі - прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай культуры. На яе глебе сфарміраваўся гуманістычны погляд на прыроду, грамадства і чалавека.

На Беларусі ў гэты час назіраецца бурны рост гарадоў, што асабліва ярка выявілася ў атрыманні імі самакіравання. Гандляры Полацка, самага вялікага беларускага горада першай паловы XVI ст., часта з'яўляліся на кірмашах Рыгі і Гданьска, Любека і Гамбурга, іншых ганзейскіх гарадоў Еўропы. Шмат іншаземных гандляроў прыязджалі і на Беларусь. У Полацку яны нават мелі мураваны касцёл св. Пятра, у сутарэннях якога захоўвалі свае тавары.

Адзін за другім узнікалі ў беларускіх гарадах рамесныя цэхі, якія працавалі не толькі на ўнутраны, але і на замежны рынак. Дзякуючы адзінай мове навукі - лаціне, што была шырока распаўсюджана на Беларусі, мацаваліся і міжнародныя навуковыя сувязі. Беларускія студэнты вучыліся ва універсітэтах Германіі, Італіі, Швейцарыі, Францыі, Польшчы, Чэхіі і іншых еўрапейскіх краін.

У канцы XV ст. завяршаецца складванне беларускай народнасці і мовы, абуджаецца нацыянальная самасвядомасць. Гэты працэс адбіваецца на розных галінах мастацтва і матэрыяльнай культуры. Адраджаюцца, напрыклад, традыцыі паліванага посуду, значна пашыраецца яго асартымент, вырабляюцца новыя формы сталовага начыння: рынкі (гліняныя патэльні на трох ножках), куфлі, паліваныя гаршкі і збаны, талеркі і паўміскі. У XVI ст. з'яўляюцца італьянская маёліка і "рэйнскі каменны посуд", узнікаюць ганчарныя цэнтры па вырабе паліхромнай кафлі і сталовага посуду.

Бурна развіваецца кнігадрукаванне, ствараецца мастацкая літаратура і свецкая паэзія. Шырокую вядомасць набываюць творы Міколы Гусоўскага, напісаныя на лаціне, і друкаваныя кнігі Францішка Скарыны. Расквітнела агульнадзяржаўнае летапісанне на роднай мове. Выдаюцца першыя буквары, граматыкі і слоўнікі.

Але ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі, у эканоміцы Беларусі адсутнічалі выразныя прыкметы будучага капіталізму, захоўвалася вялікая залежнасць гарадоў і мястэчак ад магнатаў, недастаткова кансалідавалася беларуская народнасць. Да гэтага трэба дадаць наяўнасць пэўнага перыяду адноснай верацярпімасці, узаемадзеянне беларускай культуры з культурамі суседніх народаў, сувязь не толькі з антыфеадальным, але і з нацыянальна-рэлігійным рухам. Рэнесансная культура акрэслілася тут з пэўным спазненнем і не зусім супадае храналагічна з агульнапрынятымі стадыямі Адраджэння ў заходнееўрапейскіх краінах. Акрамя архітэктуры (пра гэта гаворка далей), ідэі Адраджэння на Беларусі найбольш яскрава праяўляліся ў жывапісе, графіцы і музыцы.

Значнага поспеху ў гэтыя часы дасягае царкоўная і свецкая музыка, асяродкамі якой былі брацкія школы. У другой палове XVI ст. пачалося друкаванне нот. Першыя ноты выйшлі з друкарняў Берасця, Нясвіжа і Любчы. Уплывы Рэнесансу прыкметныя і ў дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве (выраб мэблі, кафлярства, шкларобства, ювелірная і касцярэзная справа). Подых Рэнесансу адчуваецца ў фрэскавым роспісе і іканапісе, што праяўляецца ў адыходзе ад сярэднявечных канонаў, рэалістычнай трактоўцы натуры, падкрэсліванні індывідуальных рыс у біблейскіх персанажаў. Абразы аздабляюцца бытавымі і этнаграфічнымі элементамі, часам запазычанымі непасрэдна з тагачаснай беларускай архітэктуры. На абразах можна ўбачыць разнастайныя прыёмы накрыцця дахаў (у тым ліку паўцыркульнай і чырвонай пляскатай дахоўкай), розныя ўзоры цаглянай муроўкі (нават расшыўку швоў), каваныя металічныя дзвярныя завесы, замкі і ключы, шырокія прамавугольныя вокны, зашклёныя круглымі альбо квадратнымі шыбамі, у алавяных рамах і іншыя дэталі. Часам архітэктурныя кулісы на абразах ператвараюцца ў сапраўдныя пейзажы з рэнесанснымі палацамі.

Уплыў Рэнесансу ў графіцы перш-наперш адбіўся ў дрэварытах выданняў Францішка Скарыны. Калі ўважліва прыгледзецца да біблейскіх сюжэтаў, можна заўважыць розныя тагачасныя ўзоры адзення, зброі, арнаментыкі і архітэктуры. На адным з дрэварытаў нават паказана сапраўдная будаўнічая пляцоўка XV-XVI стст.: некалькі майстроў нарыхтоўваюць камяні для муроўкі, другія пры дапамозе спецыяльных блокаў і пад'ёмнікаў падаюць мулярам будаўнічыя матэрыялы. Побач стаяць архітэктар і заказчык і нешта абмяркоўваюць.

На другім дрэварыце мы бачым трохпавярховы рэнесансны палац. Першы, службовы, паверх мае невялічкія квадратныя вокны, а другі і трэці прарэзаны шырокімі і светлымі арачнымі вокнамі, аздобленымі рустам. У ХVІ ст. канчаткова фармуецца такая будаўнічая прафесія, як архітэктар, які займаецца менавіта праектаваннем архітэктурных пабудоў, свае планы і замалёўкі ён узгадняе з заказчыкам. Беларускі даследчык Г.Галенчанка выявіў ва ўкраінскіх кнігазборах унікальны альбом архітэктурных чарцяжоў, якія былі зроблены ў канцы XVI - пачатку XVII ст. Графічныя лісты з альбома ўяўляюць сабою архітэктурныя планы, разрэзы, чарцяжы фасадаў і іх фрагменты, розныя дэталі інтэр'ераў і г.д. Найбольшую цікавасць выклікаюць чарцяжы, звязаныя з будаўніцтвам езуіцкага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, а таксама план фарнага касцёла ў Клецку і план падмуркаў фарнага касцёла (фара Вітаўта) у Горадні. Як паказалі гістарычныя і археалагічныя даследаванні, мураваны прыходскі касцёл у Горадні быў узведзены ў І579-1586 гг. на сродкі караля Стэфана Баторыя, які хацеў запрасіць у Горадню езуітаў. Помнік уяўляў сабой трохнефавае прамавугольнае збудаванне, якое заканчвалася з усходу прэсбітэрыем з гранёнай апсідай. Да галоўнага фасада была прыбудавана шмат'ярусная вежа. Фасады касцёла аздаблялі глухія паўцыркульныя аркі. Падмуркі будынка былі зроблены ў тэхніцы, аналагічнай падмуркам палаца С.Баторыя на Старым замку (мяшаная муроўка з апалубкай, вапнавая рошчына з буйной цамянкай). Будынак быў накрыты паўцыркульнай дахоўкай, прычым некаторыя яе кавалкі, знойдзеныя археолагамі, былі пакрытыя зялёнай і белай палівай. Гэты помнік шмат разоў перабудоўваўся і ў І96Іг. быў знішчаны.

Як сцвярджаюць даследчыкі на падставе выяўленых архіўных архітэктурных чарцяжоў, у апошняй чвэрці XVІ ст. на Беларусі ў мясцовым дойлідстве пашырылася праектная практыка, якая ў Маскоўскай дзяржаве з'явілася толькі праз стагоддзе.

Адметныя рысы Адраджэння ў розных галінах беларускага мастацтва існавалі доўгі час, нават да сярэдзіны XVII ст., набываючы ў шэрагу выпадкаў элементы маньерызму. Новыя формы накладваліся на вельмі трывалую старажытную аснову мясцовага мастацтва, што абапіралася на традыцыі Кіеўскай Русі і Візантыі.

Спецыфічная рыса архітэктуры Беларусі часоў Адраджэння - сінтэз гатычных і рэнесансных традыцый, якія паступова (у канцы XVI - пачатку XVII ст.) спалучаюцца з элементамі маньерызму і барока. Гэта характэрна як для палацава-замкавай, так і для культавай і грамадзянскай архітэктуры.

У якасці прыкладаў можна прывесці замак у Любчы і Петрапаўлаўскі касцёл у Новым Свержні (Стаўбцоўскі р-н). Любчансжі замак узнік на ўскрайку мястэчка Любча (Наваградскі р-н) на высокім левым беразе Нёмана ў канцы 70-х - пачатку 80-х гадоў ХVІ ст. Яго фундатарам быў мясцовы беларускі магнат Ян Кішка. Памеры замка былі блізкія да квадрата (85х85 м). Па кутах яго ўзвышаліся шмат'ярусныя вежы з байніцамі, знешне падобныя на вежы Мірскага замка пасля іх перабудовы Радзівіламі ў апошняй чвэрці ХVІ ст.

З паўночнага і паўднёва-заходняга боку замак абараняўся мураванымі сценамі, а з поўдня і паўночнага ўсходу яго прыкрывалі драўляныя "парканы". Да паўночна-заходняга абарончага мура ў канцы XVI - пачатку XVІІ ст. быў прыбудаваны мураваны палац. Падлога ў ім была выкладзена з квадратных паліваных (карычневая і зялёная паліва) плітак падлогі, што размяшчаліся ў шахматным парадку. Дах быў пакрыты пляскатай чырвонай дахоўкай, а сцены палаца і замка абтынкаваныя.

Амаль адначасова з Любчанскім замкам, у 1586 г. быў заснаваны Мікалаем Радзівілам (Сіроткай) Петрапаўлаўскі касцёл у Новым Свержні. Гэта аднанефавая прамавугольная пабудова з невялікай паўкруглай апсідай на ўсходзе. 3 захаду да храма прымыкае трох'ярусная вежа, якая ўзведзена ў тэхніцы рэнесансавай муроўкі з цэглы-пальчаткі. Падмуркі будынка ўзведзены ў тэхніцы бутавай муроўкі ў апалубцы на вапнавай рошчыне, уласцівай і іншым помнікам эпохі Рэнесансу на Беларусі.

Найбольш яскрава павевы рэнесансу адбіліся на мураванай архітэктуры кальвінскіх збораў - помнікаў новага тыпу, якія з'явіліся на Беларусі ў XVI ст. разам з прыхільнікамі новай еўрапейскай рэлігіі - пратэстантамі. Жорсткая барацьба паміж праціўнікамі і абаронцамі Рэфармацыі захапіла і Беларусь, асабліва пасля таго, як частка мясцовых магнатаў і шляхты прыняла новае веравызнанне. Ваенная небяспека і абумовіла архітэктуру пратэстанцкіх (або кальвінісцкіх) бажніц. Калі параўнаць іх з гатычнымі абарончымі храмамі, то можна адразу заўважыць не толькі пераемнасць (тоўстыя сцены, шматступеньчатыя контрфорсы, глыбокія падмуркі, байніцы на фасадах галоўнай вежы), але і адметнасць. Па-першае, гэта іншая дэкарыроўка і паліхромія фасадаў, шырокае ўжыванне тынкоўкі, замест гатычнай сістэмы муроўкі - рэнесансная, дзе чаргуюцца рады тычкоў і лажкоў. У асобных выпадках (Праабражэнская царква ў Заслаўі) яшчэ багата профільнай фігурнай цэглы, але сфера яе выкарыстання ўжо значна меншая. Асноўную ролю ў пластыцы фасадаў пачынаюць адыгрываць новыя элементы дэкору: рустоўка, аркатура і інш.

Па-другое, іншы характар набываюць абарончыя прыстасаванні. Часта зборы абносіліся высокай мураванай агароджай, у некаторых выпадках з невялікімі абарончымі вежамі. Напрыклад, збор у Койданаве (зараз г. Дзяржынск), які, на жаль, не захаваўся, быў абнесены каменным мурам з дзевяццю вежамі і глыбокім ровам, які напаўняўся вадою.

Значна змянілася ў параўнанні з каталіцкімі або праваслаўнымі бажніцамі і планіроўка кальвінскіх храмаў. Прайсці ў будынак можна было толькі праз адзін уваход - галоўную вежу, размешчаную ў цэнтры фасада. Гэтая вежа была вельмі высокая і ў значнай ступені прыстасавана да абароны. Вокны ў асноўным аб'ёме вузкія, невялікіх памераў і нагадвалі байніцы. У другой палове XVI ст. з'яўляецца новы тып цэнтрычнага культавага храма. Яскравы прыклад - кальвінскі збор у Смаргоні (канец XVI ст.), які нядаўна адноўлены. У плане гэта васьмігранная ратонда (бесслуповы храм) з купальным завяршэннем. Фасады былі абтынкаваныя. Асноўны дэкаратыўны эфект дасягаўся за кошт высокай сценкі - атыка, што прыкрываў знізу аснову сферычнага купала і быў аздоблены лапаткамі і парнымі паўцыркульнымі плоскімі нішамі ў выглядзе аркады. Масіўная высокая вежа прыкрывала адзіны ўваход у храм і некалі мела на самым версе гадзіннік. Маленькія вежы (ацалела толькі адна з іх - паўднёвая), паабапал галоўнай, не мелі абарончага прызначэння. У іх калісьці знаходзілася бібліятэка.

Да часоў Адраджэння адносяцца першыя спробы рэканструкцыі некаторых беларускіх гарадоў на аснове рэгулярнай планіроўкі, калі замак траціў ролю гарадской цытадэлі, будаваўся на ўскраіне горада і злучаўся з яго цэнтрам галоўнай вуліцай. Цэнтрам гарадской кампазіцыі і адной з асноўных гарадскіх дамінантаў становіцца ратуша, размешчаная на вялікай гандлёвай плошчы, забудаванай драўлянымі і мураванымі крамамі. У якасці прыкладу можна прывесці Нясвіж, які ў той час належаў Радзівілам і быў прыватнаўласніцкім горадам. Мікалай Сіротка ў канцы XVI ст. цалкам перабудоўвае горад. План асноўнай часткі Нясвіжа стаў блізкім да квадрата з прамавугольнымі кварталамі, абнесенымі зямельнымі ўмацаваннямі бастыённага тыпу з чатырма мураванымі брамамі. У цэнтры горада на гандлёвай плошчы была збудавана ратуша з вельмі высокай і стромкай вежай, а астатнія найбольш значныя кропкі горада, будаўнічага ансамбля былі заняты замкам і мураванымі кляштарамі. Таксама былі перапланаваны Мір, Быхаў, Слуцк, Любча і некаторыя іншыя беларускія гарады і мястэчкі.

У такіх старых гарадах, як Полацк, Гародня, Менск, Мсціслаў, з вельмі ўстойлівай горадабудаўнічай структурай новыя архітэктурныя павевы адбіліся не так выразна, але і тут былі створаны новыя адміністрацыйныя цэнтры з гандлёвымі плошчамі і ратушамі. Эпоха Адраджэння нл Беларусі - гэта час, калі ВКЛ разам з Польшчай утварылі адзіную дзяржаву (дзяржаву двух народаў) - Рэч Паспалітую. У гэты перыяд ідзе далейшае адасабленне ўкраінскага этнаса ад беларускага і ў сувязі з тым, што Падляшша і Украіна спачатку адышлі да Кароны, а потым (часткова) да Маскоўскяй дзяржавы, тэрыторыя ВКЛ эначна паменшылася.

Перыяд пасля Лівонскай вайны і да пачатку казацкіх паўстанняў на Украіне можна свабодна назваць "залатым векам" у гарадской культуры на тэрыторыі ВКЛ. У галіне архітэктуры гэта час позняга Рэнесансу (маньерызму) і ранняга барока. 3'яўляюцца новыя тыпы абарончых збудаванняў - замкі бастыённага тыпу, кальвінскія зборы і мураваныя гарадскія ратушы.

Да двух пануючых у ВКЛ хрысціянскіх плыняў праваслаўя і каталіцызму дадаюцца спачатку пратэстантызм, а потым і уніяцтва. Гэтыя новыя хрысціянскія плыні дазваляюць пранікаць на Беларусь і Літву розным элементам пратэстанцкай гарадской культуры з гарадоў Галандыі, Швецыі і Германіі.

© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам