Вы здесь:
КУЛЬТУРА И ИСТОРИЯ БЕЛАРУСИ

Знакамітыя вучоныя-беларусы


Зізаній Лаўрэнцій (?—1634)

Беларускі педагог-гуманіст, царкоўны дзеяч, мовавед, перакладчык. Паводле адных звестак паходзіў з дробнамаянтковай шляхты Трокскага ваяводства, паводле другіх — з мястэчка Тустынь на Валыні. Адукацыю атрымаў у Астрожскай школе на Валыні. Працаваў настаўнікам царкоўнаславянскай і грэчаскай моў у Львоўскай (да 1592), Брэсцкай (1592—1595), Віленскай(1595—1597) брацкіх школах. Калі быў у Брэсце, падрыхтаваў вучэбныя кнігі «Азбука з Лексісам» і «Грамматіка словенска совершенного искусства осми частиі слова...» (Вільня, 1596). Яго «Азбуку» можна ўмоўна падзяліць на 3 часткі: матэрыял, які вучыць чытаць і пісаць; дапаможны лексічны матэрыял; царкоўныя палемічныя тэксты і малітвы. Таму кніга магла выкарыстоўвацца і ў царкоўным, і ў свецкім навучанні. Складальнікам першых дзвюх частак быў Лаўрэнцій 3ізаній, апошняй — С.Зізаній. Пры выданні «Азбукі» выкарыстаны клішэ з выданняў Ф.Скарыны. У «Лексіс» — беларускі слоўнік (1061 слова) — уключаны словы з народнай гутарковай мовы, што спрыяла развіццю мовы, якая потым стала часткай літаратурнай, свецкай, прыведзены самыя разнастайныя звесткі па ваеннай гісторыі, прававым становішчы розных сацыяльных груп насельніцтва ў дзяржаве, па філасофіі, геаграфіі, этнаграфіі, біялогіі, медыцыне. Слоўнік 3ізанія — сведчанне рацыяналістычнага падыходу 3ізанія да вывучэння розных з'яў рэчаіснасці; адна з крыніц уяўлення пра ўзровень тагачасных ведаў аб развіцці рамёстваў, аб прафесіях, вырабах і гандлі у сярэдневяковых гарадах. Яго гуманістычныя тэндэнцыі выявіліся ў раскрыцці ўсяго навучальнага метаду для простых людзей. Тлумачэнні, якія 3ізаній робіць у сваім слоўніку, далёкія ад навуковага аналізу ўсіх з'яў паняццяў, але ён імкнецца проста, без спасылак на звышнатуральныя сілы растлумачыць многія словы і паняцці, што ў пэўнай ступені набліжае яго да матэрыялістычнага кірунку мыслення. Слоўнік 3ізанія — значная культурна-асветніцкая з'ява ў гісторыі Беларусі.

12.2.1596 у друкарні Віленскага Святадухаўскага брацтва выдадзена «Грамматіка словенска...». Яна складаецца з уводзін, арфаграфіі, этымалогіі, прасодыі. Сінтаксіс даецца невялікімі часткамі ва ўсіх раздзелах. У кнізе на кожнае правіла прыведзена шмат прыкладаў і практыкаванняў для замацавання навучальнага матэрыялу. На першых старонках вучням тлумачыцца неабходнасць свецкіх ведаў. «Граматыку словенску совершенного искуства осми частій слова...» 3ізаній лічыў тым падмуркам, на якім можа трымацца далейшае вывучэнне розных навук. Імкнучыся па-філасофску асэнсаваць ролю граматыкі як навукі ў сярэдневяковай сістэме ведаў, 3ізаній раскрываў арганічную сувязь граматыкі з рыторыкай, філасофіяй і багаслоўем, праяўляў цікавасць да розных філасофскіх праблем, якія бралі свой пачатак ад антычных вучоных, звяртаўся да спадчыны Арыстоцеля, Эпікура, Катона Старэйшага і інш. Вывучэнне антычнасці ўзбагачала светапогляд вучонага-педагога, давала магчымасць пановаму падысці да вырашэння розных праблем.

Выданне «Грамматіки...» замацавала агульнаграмадскую думку пра неабходнасць вывучэння «сямі вольных мастацтваў». падкрэслівала іх вялікую ролю ў развіцці адукацыі. Гэтым 3ізаній звярнуў на сябе ўвагу многіх князёў, якія імкнуліся даць добрую адукацыю сваім дзецям. У 1597—1600 3ізаній быў хатнім настаўнікам ў крычаўскага старосты Б.Саламярэцкага ў маёнтку Баркулабава, потым 2 гады працаваў у князя А.К.Астрожскага. Пасля яго смерці 3ізаній нейкі час працаваў святаром у Яраслаўскай царкве на Валыні. У 1612 ён запрошаны хатнім настаўнікам да дзяцей князя Я.Карэцкага ў маёнтак Карэц на Валыні. Каб забяспечыць настаўніка матэрыяльна, князь запісаў на 3ізанія вёску з фальваркам, млынам, царквой і некалькімі дзялянкамі зямлі. 18.5.1618 3ізаній выступіў на пахаванні княгіні Соф'і Чартарыйскай з казаннем, якое мела характар павучання пра нормы паводзін. Выкарыстаўшы вопыт лацінскай гамілетыкі і антычнай філасофіі, ён выступіў і супраць этычных поглядаў Эпікура. У 1619 архімандрыт Елісей Пляцінецкі запрасіў 3ізанія ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе ён адразу заняў адпаведнае месца ў вучоным гуртку, працаваў настаўнікам у школе і рэдагаваў кнігі, якія рыхтаваліся да выдання ў друкарні, займаўся перакладамі з грэчаскай мовы. Там ён пераклаў і адрэдагаваў «Беседы св. Ноанна Златоуста на Посланне св. апостола Павла» (Кіеў, 1623), «Толкованія на Апокаліпсіс св. Андрэя Кесарыйскага» (Кіеў. 1625). У прадмове да апошняй сучаснікі і калегі далі высокую ацэнку дзейнасці і ведам 3ізанія, адзначалі яго аўтарытэт як моваведа і прапаведніка.

Верагодна, у 1620—23 3ізаній працаваў над «Катэхізісам Вялікім», у якім выкладзены не толькі догматы праваслаўя ў пытаннях і адказах, але і веды па гісторыі, прыродазнаўстве, астраноміі і іншых навуках. Рукапіс кнігі быў зроблены на беларускай мове. Аднак у Кіеве ён не змог выдаць гэтуто кнігу, бо на той час у Вялікім княстве Літоўскім распачалася жорсткая ба-рацьба паміж праваслаўем і каталіцызмам. 3ізаній вырашыў паспрабаваць надрукаваць кнігу ў Маскве. Разам са сваімі сынамі Іванам і Аляксандрам у красавіку 1626 ён прыехаў у Пуціўль і заявіў, быццам ў Рэчы Паспалітай яго прыгняталі, таму ён едзе з лістамі да цара і патрыярха. Пра рукапіс «Катэхізіса» нічога не сказаў, бо ведаў, з якім недаверам ставілася маскоўскае духавенства да рукапісаў і кніг з Украіны, Беларусі і Літвы. Праз месяц 3ізанію з сынамі дазволілі ехаць ў Маскву. Цар і патрыярх узялі іх на ўтрыманне. 3ізаній часта сустракаўся з царом Міхаілам Фёдаравічам і патрыярхам Філарэтам, што сведчыць пра добрае стаўленне да яго і вялікую пашану з боку высокіх асоб Рускай дзяржавы. Для друкарскай справы 3ізаній атрымаў 150 рублёў. У студзені 1627 разам з Ц.Аладзіным і перакладчыкам Б.Багамольцавым наведаў друкарскі двор. Пра тое, што «Катэхізіс» быў надрукаваны ў Маскве, сведчыць апісанне бібліятэкі патрыярха Філарэта і «Запісная кніга маскоўскага друкарскага архіва», у якой ёсць звесткі, што друкаванне кнігі закончана каля 27.1.1627. Але яна, відаць, не была прызнана афіцыйнаю царквой, таму, верагодна, філарэт загадаў спаліць усе надрукаваныя кнігі. Цудам захавалася толькі 5 дэфектных экземпляраў, а новыя выданні (1783, 1787 і 1788, Гродна; 1784, Пскоў) зазналі значную рэдакцыйную праўку і недакладна перадаюць погляды 3ізанія. Для вывучэння светапогляду 3ізанія найбольш цікавае абмеркаванне «Катэхізіса» ў Маскве 18—19.2.1627. У абмеркаванні ад імя і па даручэнні патрыярха Філарэта ўдзельнічалі ігумен маскоўскага Богаяўленскага манастыра Ілья, кніжны спраўшчык Р.Анісімаў, князь І.Б.Чарскі і думны дзяк Ф. Ліхачоў. Маскоўскае духавенства, як гэта відаць з пратакола пасяджэння, добра падрыхтавалася да дыспуту, таму вытрымаць дыскусію было цяжка. 3ізаній не быў гарантаваны і ад таго, што з ім не расправяцца, як з ерэтыком. Дасведчаны і ўпэўнены ў ведах, 3ізаній на першым пасяджэнні трымаўся свабодна і нават гарачыўся. На пасяджэнні ў ніжняй палаце аўтар усе хібы ў кнізе звальваў на перакладчыка. Пры абмеркаванні «Катэхізіса» 3ізаній спрабаваў абагаўляць самога чалавека, узяўшы для гэтага ідэю аб самаўладдзі з Другазаконня. Але прадстаўнікі патрыярха філарэта адхілілі яго прапанову. У поўнай згодзе з Другазаконнем і царкоўнай традыцыяй 3ізаній заявіў маскоўскім апанентам, што «самовластием человек обращается к добродетелем, яко же и злобам. Им же (самаўладдзем. — Аўт.) почтен бысть Адам от бога». 3ізаній быў упэўнены ў сіле розуму і душы чалавека, лічыў, што чалавек створаны Богам і з'яўляецца гаспадаром самога сябе. Гэта ідэя пераклікаецца з ідэямі гуманістаў Італіі. Праваслаўныя царкоўнікі, якія строга сачылі за догматамі трохадзінства божай сутнасці, абвінавацілі 3ізанія ў замаху на адзінства тройцы, падзяліўшы яе на тры часткі і паставіўшы Бога-бацьку вышэй за ўсіх. 3ізаній прама заяўляў: «Тако аз исповедую Отец есть начало всему божеству сиреч сыну і духу святому». Але ў далейшым пад націскам маскоўскіх апанентаў, якія абвінавацілі 3ізанія ў ерасі, яму давялося адступаць. Зразумеўшы сваё небяспечнае становішча, ён стаў паводзіць сябе болып стрымана, спрабаваў апраўдвацца ў памылках і заявіў, што прыехаў у Маскву вучыцца, дзякаваў за выпраўленне яго кнігі. 3 пратакола дыспуту відаць, што абодва бакі добра ведалі грэчаскую філасофію. У «Катэхізісе» 3ізанія знайшлі месца і тагачасныя прыродазнаўчыя веды. Светапогляд 3ізанія характарызуе рацыяналістычны падыход да тлумачэння розных з'яў прыроды. На заўвагу, што некаторыя звесткі ў «Катэхізісе» запазычаны з астралогіі, якая ўзята ад вешчуноў елінскіх і ідаласлужыцеляў, 3ізаній адказаў: «Ни по звездам правления житию нашему, толко аз написал ведомости ради, чтобы человек ведал яко есть тварь божия, а то и мы о том немудрствуем, чтобы звездам правитися житию нашему». Вядома, прыродазнаўчыя звесткі 3ізанія далёкія ад навуковых, але ў іх выявіліся рацыяналістычны падыход да тлумачэння гэтых з'яў, імкненне пашырыць кола чалавечых ведаў. Дзейнасць 3ізанія ішла ў рэчышчы рэфармацыйнага руху. Гэтым і багатай эрудыцыяй тлумачацца яго рацыяналістычныя адносіны да пэўных з'яў прыроды і грамадскага жыцця. Светапогляд 3ізанія быў дуалістычны. 3 аднаго боку, вучоны схіляўся да тэалогіі, з другога — выказваў рацыяналістычныя думкі, якія былі вынікам высокай эрудыцыі. Маскоўскае духавенства не магло пагадзіцца з такімі думкамі, бо гэта супярэчыла тэалагічным поглядам аб будове сусвету і Бібліі.

19.2.1627 3ізаній вярнуўся ў Кіеў, дзе разам са слуцкім пратапопам А.Мужылоўскім павінен быў разгледзець кнігу М.Сматрыцкага «Апалогія». выдадзеную на польскай мове ў Львове. На Кіеўскім саборы 13.8.1628 3ізаній выклаў супраць аўтара кнігі 105 пунктаў абвінавачання, і М.Сматрыцкаму давялося прызнаць крытыку і пакаяцца. Апошняе ўпамінанне пра 3ізанія адносіцца да 8.2.1634 у Луцкай гарадской кнізе, дзе пазначана, што ён праз свайго дружбака М.Федаровіча звярнуўся да намесніка Луцкага староства М.Крынскага з нагоды юрыдычнага абгрунтавання яго права на маёмасць, адпісаную яму князем Я.Карэцкім. Сам 3ізаній на той час быў хворы і слабы. Гэты дакумент сведчыць, што 3ізаній быў небагаты чалавек, усё жыццё працаваў і жыў за кошт сваіх мецэнатаў.

Заслуга 3ізанія ў стварэнні навукова-педагагічнай літаратуры, што адкрывала шлях да свецкай адукацыі. Асаблівае значэнне мела яго творчасць, у якой пашыраліся гуманістычныя погляды на шэраг з'яў у прыродзе і быў новы падыход да вывучэння праблем мовы ў брацкіх школах Беларусі і Украіны.

Ельскі Міхаіл Карлавіч (26.9.1831—студз.1904)

Беларускі скрыпач, кампазітар, музычны пісьменнік. Нарадзіуся ў вёсцы Дудзічы (цяпер Пухавіцкі раён). Атрымаў добрае музычнае выхаванне ў сям'і. Ігры на скрыпцы навучыўся ў К.Кжыжаноўсхага ў Мінску. В.Банькевіча ў Вільні; у 1860-я гады ўдасканальваў музычнае майстэрства ў славутых скрыпачоў А.В'ётана ў Парыжы, К.Ліпінскага ў Дрэздэне. 3 пачатку 1860-х гадоў выступаў з канцэртамі ў гарадах Польшчы і Германіі. Доўгі час жыў у сваім маёнтку Дудзічы, адкуль часта выязджаў з канцэртамі ў Мінск і Вільню. У 1884 выступаў у Варшаўскім музычным таварыстве, потым зрабіў новае турнэ па Германіі. У 1902 вялікім канцэртам у Дудзічах адзначыў 50-годдзе сваёй канцэртнай дзейнасці. Меў вялікі музычны рэпертуар, асабліва блізкія яму былі творы Дж.Б.Віёці, В'ётана, К.Ліпінскага, Л.Шпора. Ён аўтар каля 100 твораў, у тым ліку 2 канцэртаў, санаты-фантазіі, фантазіі «Вясна», Бліскучай фантазіі на арыгінальныя тэмы, фантазіі на тэмы польскіх народных мелодый для скрыпкі, скрыпічных і фартэпіянных паланезаў, мазурак, мініяцюр (першыя творы — «Скрыпічныя мініяцюры» апублікаваны ў 1852 у Кіеве). Шмат выступаў як музычны публіцыст. У польскіх часопісах «Ruch muzyczny» («Музычны рух»), «Echo muzyczny» («Музычнае рэха») і інш. друкаваў артыкулы і нарысы пра значных тагачасных кампазітараў і музыкантаў-выканаўцаў, у тым ліку беларускіх: Ю.Дашчынскага, Кжыжаноўскага, К.Стравінскага і інш. Ва ўспамінах Ельскага шмат цікавых фактаў пра развіццё музычнага мастацтва на Беларусі. Збіраў і запісваў беларускія народныя мелодыі, выкарыстоўваў іх у сваіх творах. Аўтар працы «Народныя танцы Мінскай губерні», якая не страціла пазнавальнага значэння да нашага часу.

Ермакоў Васіль Пятровіч (11.3.1845—16.3.1922)

Матэматык, педагог. Нарадзіўся ў вёсцы Церуха на Гомельшчыне. Пасля заканчэння Кіеўскага універсітэта ў 1868 пакінуты там для падрыхтоўкі на пасаду прафесара матэматыкі. У 1870 адкрыў новую і цікавую прыкмету збежнасці бясконцых радоў і апублікаваў пра гэта артыкулы «Агульная тэорыя збежнасці радоў» (1870), «Новая прыкмета збежнасці і разбежнасці бясконцых знакапераменных радоў» (1872). У 1871 накіраваны па навуковых справах за мяжу. У 1874 абараніў магістарскую, у 1879 — доктарскую («Інтэграванне дыферэнцыяльных ураўненняў механікі») дысертацыі і прызначаны прафесарам Кіеускага універсітэта. У 1884 выбраны членам-карэспандэнтам Пецярбургскай АН. Аўтар шматлікіх прац па матэматыцы, якія публікаваліся ў перыядычным друку. У варыяцыйным вылічэнні выказаў думку пра неабходнасць даследавання поўнага прырашчэння інтэграла. Адзін з арганізатараў Кіеўскага фізіка-матэматычнага таварыства (1889). Выдаваў «Журнал элементарной математнки» (1884—86).

Жалігоўскі Эдвард Вітальд

(20.7.1816 — 28.12.1864)

Польскі паэт рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, філосаф, рэвалюцыйны дзеяч. Нарадзіўся ў фальварку Мар'ямпаль Вілейскага павета. Яго дзяцінства і юнацтва прайшло на Беларусі. За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання пад кіраўніцтвам Ш.Канарскага ён быў інтэрніраваны; у 1833—36 вучыуся ў Дэрпцкім (Тартускім) універсітэце. У 1842 вярнуўся на радзіму. У 1851 сасланы ў Петразаводск, потым у Арэнбург, дзе перапісваўся з Т.Шаўчэнкам і прысвяціў яму верш «Да народнага паэта». 3 1858 жыў у Пецярбургу, там з І.Агрызкам выдаў газету «Slowo» («Слова», 1859). 3 1860 жыў за мяжой. Супрацоўнічаў у польскім рэвалюцыйным друку, пералісваўся з А.Герцэнам. Апошнія гады правёў у Жэневе. У антыпрыгонніцкай «драматычнай фантазіі» ў вершах «Ёрдан» (1846), яе працягу «Зорскі» (1847, неапубл.; урыўкі ў 1858 чытаў Шаўчэнку, які ў вершы «Перайманне Эдуарду Саве» выкарыстаў прыведзеную ў «Зорскім» беларускую народную песню «Пасаджу каля хаціны»), антыклерыкальнай паэме «Манахі» (1850), зборніку «Паэзія» і нарысе «Сёння і ўчора» (1858) з абурэннем пісаў пра галечу беларускіх сялян, сцвярджаў права беларускага народа на сваю літаратуру, станоўча ацаніў «Ідылію» В.Дуніна-Марцінкевіча. Перапісваўся з А..Вярыгам-Дарэўскім. На польскую мову перакладаў творы А.Пушкіна, Г.Гейнэ.

Жуковіч Платон Мікалаевіч (26.9.1857 — 12.12.1919)

Гісторык Беларусі, Польшчы і Украіны 17—18 ст., педагог. Нарадзіўся ў Пружанах у сям'і святара. У 1871 скончыў Кобрынскае духоўнае вучылішча, у 1877 — Літоўскую духоўную семінарыю, у 1881 — Пецярбургскую духоўную акадэмію. Быў вучнем М.В.Каяловіча. Выкладаў у Полацкім духоўным вучылішчы, у Вільні, з 1891 — дацэнт кафедры рускай грамадзянскай гісторыі Пецярбургскай духоўнай акадэміі; з 1894 экстраардынарны, з 1901 ардынарны, з 1911 пазаштатны прафесар. Пасля закрыцця Пецярбургскай духоўнай акадэміі працаваў у Дзяржаўнай Публічнай бібліятэцы імя М.Я.Салтыкова-Шчадрына ў Пецярбургу. У 1918 выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук. Аўтар прац «Кардынал Гозій і польская царква яго часу» (1882, магістарская дысертацыя), «Соймавая барацьба праваслаўнага заходня-рускага дваранства з царкоўнай уніяй» (выпуск 1—6; 1901—1912; доктарская дысертацыя) і артыкулаў па гісторыі Беларусі 2-й паловы 18 ст. У «Соймавай барацьбе...» Жуковіч даследаваў міжнароднае становішча Рэчы Паспалітай і адносіны яе з Расіяй, Швецыяй, Асманскай імперыяй і манархіяй Габсбургаў за 1587—1632; высвятляў пазіцыю беларуска-літоўскай, украінскай і польскай шляхты, казацтва, пратэстантаў, сялянскіх і гарадскіх саслоўяў. 3 1914 займаўся даследаваннем становішча насельніцтва, школьнай справы, адміністрацыйнага кіраўніцтва і суда на тэрыторыі Беларусі пасля падзелу Рэчы Паспалітай; працаваў над гісторыяй інвентароў і пачатку сялянскай рэформы на Беларусі 19 ст.; складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі.

Зубко Антоній (1797—1884)

Рэлігійны дзеяч, мінскі праваслаўны архіепіскап. Нарадзіўся ў вёсцы Белая Лепельскага павета Віцебскай губерніі ў сям'і уніяцкага святара. Страціўшы ў 6-гадовым узросце бацьку, спачатку вучыўся ў мясцовага арганіста, потым у 1809 паступіў у Полацкую семінарыю, У 1816 ён перайшоў у Полацкую езуіцкую акадэмію, якую паспяхова скончыў са ступенню кандыдата філасофіі. Потым навучаўся ў Віленскай семінарыі пры Віленскім універсітэце, дзе ў 1822 атрымаў ступень магістра багаслоўя і прызначаны ў Полацкую семінарыю выкладчыкам логікі, рыторыкі, царкоўнай і ўсеагульнай гісторыі, а таксама маральнага багаслоўя. У 1824 стаў святаром Полацкага уніяцкага кафедральнага сабора. Першы рэктар заснаванай ім Жыровіцкай уніяцкай семінарыі. 3 1833 епіскап брэсцкі, вікарый літоўскай уніяцкай епархіі. Блізка сышоўся з І.Сямашкам, стаў яго прыхільнікам і дзейным супрацоўнікам па аб'яднанні уніятства з праваслаўем. У 1839 падпісаў акт пра аб'яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай. У 1840 стаў праваслаўным мінскім епіскапам, у 1841 — архіепіскапам. У 1864 выдаў працу «Аб грэка-уніяцкай царкве ў Расіі» М.В.Каяловіч называў яго «незвычайным прыхільнікам» праваслаўя. Пад канец свайго жыцця перасяліўся ў Жыровіцкі манастыр, дзе і памёр.

Зянковіч Леан (11.4.1808—12.12.1870)

Польскі паэт, публіцыст, мемуарысг. Нарадзіўся ў вёсцы Ляхі Пружанскага раёна. Называў сябе палешуком. Скончыў Свіслацкую гімназію, вучыўся ў Варшаўскім універсітэце. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830—1832, пасля яго паражэння — у эміграцыі. У 1837 далучыўся да Польскага дэмакратычнага таварыства ў Францыі. У 1839—1844 рэдагаваў у Страсбургу і Парыжы сатырычна-палітычны часопіс «Pszonka» («Пшонка»), Аўтар вершаваных твораў «Узнагарода за нявернасць», «Роздум», прац «Польскі народ, або Дакладнае апісанне звычаяў, нораваў, адзення яго і г.д.» (1842, апісвае побыт палешукоў), «Палітычны агляд пісьменства польскай эміграцыі» (1847), «Палітычны агляд гісторыі Польскай дзяржавы» (т.1—4, 1864—65), «Палітычны агляд польскай літаратуры» (т. 1—2, 1867). Найбольш вядомы яго твор «Вечары ляха з Ляхаў, або Гутаркі пры каміне старога польскага літаратара», у якім разважае пра выхаванне і адукацыю моладзі, успамінае дзяцінства і вучобу ў Свіслачы, расказвае пра беларускіх прыгонных сялян.

Зянькевіч Рамуальд Сыманавіч (1.2.1811—11.9.1868)

Беларускі фалькларыст, этнограф, педагог. Нарадзіўся ў Свянцянскім павеце Віленскай губерніі. У 1830 скончыў Віленскі універсітэт. Збіраў беларускія народныя песні. У 1847 у часопicе «Аthеnаеum» («Атэнэум») у перакладзе на польскую мову надрукаваў «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р.Зянькевічам». У зборніку «Народныя песенькі пінскага люду" (Коўна, 1851) змясціў 219 народных песень, запісаных над Пінай, Прыпяццю і Цной. Каментарыі да гэтых песень расшырыў і з дапаўненнямі апублікаваў у артыкуле ,«Пра ўро-чышчы і звычаі пiнскага люду, а таксама пра характар яго песні» ў часопісе «Biblioteka Warszawska» («Бібліятэка Варшаўская». 1852. Т. 4; 1853. Т. 1). У артыкуле даў апісанне працоўных працэсаў, каляндарных і сямейных абрадаў, вераванняў і забабонау. Упершыню расказаў пра старажытны веснавы абрад куста, пахавальныя абрады, памінальны абрад «дзяды». Звяртаючыся да гісторыі пасялення Палесся, адвяргаў сцвярджэнні пра тое, што ў 6 ст. да н.э. на Палессі жылі будзіны, а славяне з'явіліся там параўнальна нядаўна. Спасылаючыся на прыведзеныя ім назвы ўрочышчаў, абрады, звычаі і вераванні,сцвярджаў, што Піншчына заселена славянамі са старажытных часоў. Цікавіўся археалогіяй, абследаваў гарадзішчы, валы, курганы на Ашмяншчыне, у Тураве, Крэве (арт. «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета», 1848). Пісаў вершы, даследаваў польскую літаратуру, паасобныя праблемы педагогікі. Частка яго рукапіснай спадчыны зберагаецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Літвы ў Вільнюсе.

Іваноўскі Ігнат Акінфавіч (1807—86)

Вучоны юрыст, педагог. Выхаванец Мінскай гімназіі. Пасля сканчэння Віленскага універсітэта (1826) працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў Віленскай гімназіі. У 1827 накіраваны ў Маскоўскі універсітэт для дасканалага вывучэння рускай мовы, а з 1828 вучыўся ў прафесарскім інстытуце ў Дэрпце (Тарту). Ступень доктара права атрымаў за дысертацыю «Свабода гандлю». У 1835—1871 загадваў кафедрай, агульнанароднага права і дыпламатыі Пецярбургскага універсітэта. У 1863 выбраны дэканам юрыдычнага факультэта. Чытаў курсы міжнароднага і дзяржаўнага права галоўных еўрапейскіх дзяржаў. Выкладаў таксама ў іншых навучальных установах Пецярбурга. У Аляксандраўскім ліцэі чытаў

лекцыі па статыстыцы і палітычнай эканоміі. За шматбаковую адукацыю, займальнае выкладанне і красамоўства быў прызнаны бліскучым выкладчыкам. Аўтар прац: «Беглы погляд на навуку дыпламатыі наогул»(1836), «Аб пачатках паступовага ўдасканалення дзяржавы» (1837), «Настаўленне па статыстыцы еўрапейскіх дзяржаў» (1856) і інш., шэрага артыкулаў у перыядычным друку.

Іваноўскі Міхаіл Якімавіч (1823—91)

Царкоўны дзеяч, асветнік. Нарадзіўся на Гродзеншчыне ў сям'і свяшчэнніка. Пасля сканчэння семінарьгі паступіў у Пецярбургскую духоўную акадэмію, але з-за хваробы не скончыў яе поўнага курса. У 1844 працаваў настаўнікам у Беразвецкім духоўным вучылішчы Літоўскай епархіі. У 1845 прыняў сан свяшчэнніка. 3 1848 па 1863 выкладаў Закон Божы ў Маладзечанскім павятовым вучылішчы для дваран, а з 1864 па 1875 — у зноў адкрытай настаўніцкай семінарыі. Пазней служыў свяшчэннікам у праваслаўных цэрквах у Дзясне, Радаме, Любліне. Надрукаваў «Настаўленне да вывучэння Закона Божага» (1876), у перыядычных выданнях («Литовские епархиальные ведомости», «Журнал Министерства народного просвещения» і інш.) змясціў шмат пропаведзей, артыкулаў і нататак рэлігійнага і гістарычнага зместу.

Кавалеўскі Уладзімір Ануфрыевіч

(2.8.1842—28.4.1883)

Прыродазнавец, заснавальнік эвалюцыйнай палеанталогіі. Нарадзіўся ў вёсцы Шусцянцы Дынабургскага павета Віцебскай воласці. Скончыў Пецярбургскае вучылішча правазнаўства, дзе рыхтавалі вышэйшых адміністрацыйных чыноўнікаў дзяржавы. Яшчэ калі быў прававедам, сышоўся з пецярбургскімі студэнтамі,— а праз іх з радыкальнымі рэвалюцыйнымі гурткамі. Накіраваўшыся за мяжу на лячэнне, Кавалеўскі ўсталяваўся ў Лондане, дзе пазнаёміўся з А.І.Герцэнам, даваў урокі яго малодшай дачцэ. На пачатку лонданскага жыцця Кавалеўскі працягваў яшчэ займацца юрыдычнай навукай, але хутка захапіўся вызваленчым рухам. У пачатку 1863 разам з польскім рэвалюцыянерам П.І.Якабі ён паехаў у Польшчу і прыняў удзел у паўстанні. Рэвалюцыйная дзейнасць Кавaлеўскага, аднак, не дайшла да ведама расійскіх улад і не пацягнула за сабой адмоўных вынікаў для яго. Пераехаўшы ў 1863 у Пецярбург, Кавалеўскі ўзяўся за пераклады і сам уцягнуўся ў выдавецкую дзейнасць. За 2—3 гады ён выпусціў шмат твораў заходнееўрапейскіх вучоных (Брэма, Фохта і іншых) па фізіялогіі, анатоміі, фізіцы, хіміі, заалогіі. Але Кавалеўскі не парваў канчаткова з вызваленчым рухам. У сярэдзіне 1860-х гадоў ён зноў накіраваўся ў Заходнюю Еўропу, і каб прыняць удзел у вызваленчым паходзе Гарыбальдзі, увесь час знаходзіўся сярод блізкіх памочнікаў кіраўніка паходу, пасылаў карэспандэнцыі ў газету «Петербургские ведомости» пра ход ваенных аперацый. У 1867 узяў фіктыўны шлюб з дачкой генерала Карвін-Крукоўскага Соф'яй Васілеўнай — у будучым знакамітым матэматыкам С.В.Кавалеўскай. Мэтай гэтага шлюбу было вызваленне дзяўчыны з-пад бацькоўскай улады і магчымасць атрымаць ёй адукацыю за мяжой. 3 цягам часу фіктыўны шлюб ператварыўся ў сапраўдны. Вясной 1869 Кавалеўскі разам з С.Кавалеўскай паехаў за мяжу, дзе пражыў 5 гадоў. Яны спыніліся ў Гейдэльбергу: там быў адзіны ў Германіі універсітэт, у якім, маглі вучыцца жанчыны. Энтузіязм жонкі станоўча паўплываў на Кавалеўскага, і ён стаў сур'ёзна займацца прыродазнаўствам, спачатку геалогіяй, а потым палеанталогіяй. За кароткі час з дылетанта, які быў зусім не падрыхтаваны да навуковай дзейнасці, ён стаў не толькі вялікім вучоным, але і наватарам у палеанталогіі, з імем якога звязана новая эпоха ў яе гісторыі. У 1872 у Іенскім універсітэце абараніў дысертацыю аб палеанталагічнай гісторыі коней. У 1873 вярнуўся ў Пецярбург, абараніў магістарскую дысертацыю аб анхітэрыі (конь міяцэнавай эпохі;1875). У 1880 выбраны дацэнтам, а ў 1881 — прафесарам Маскоўскага універсітэта, дзе чытаў лекцыі. У гэты час адно з прамысловых таварыстаў, з якім ён быў звязаны, накіравала яго ў Амерыку. Там ён сустрэўся з буйнейшым палеантолагам Э.Д.Копам. Атрымаўшы тэлеграму аб судовым працэсе супраць прамысловага таварыства, дырэктарам якога ён быў раней, Кавалеўскі вярнуўся ў Маскву і, не дачакаўшыся суда, у ноч на 28.4.1883 скончыў жыццё самагубствам. С.В.Кавалеўская пазней дабілася поўнай рэабілітацыі мужа.

Кавалеўскі працаваў над выкапнёвымі капытнымі, і шэраг яго манаграфій прысвечаны іх сямейству. Яго працы аб гістарычным развіцці капытных жывёл паслужылі асновай новай навукі — эвалюцыйнай палеанталогіі. Кавалеўскі даказаў, што марфалагічныя пераўтварэнні залежаць ад развіцця пэўных функцый, а развіццё функцый ён звязваў са зменамі ўмоў існавання. Развіццё капытных з высокаразвітымі зубамі і рэдукаваным шкілетам ён звязаў з развіццём злакаў і іншых пакрытанасенных раслін у сярэдзіне кайназойскай эры. Першы з палеантолагаў шырока выкарыстаў эвалюцыйнае вучэнне для вырашэння праблем філагенезу пазваночных жывёл. Даследаванні Кавалеўскага прысвечаны юрскаму, мелавому перыядам і кайназою. Ён стварыў першыя палеаграфічныя карты зоагеаграфічных правінцый позняй юры і ранняга мелу. На думку Кавалеўскага, продкаў кайназойскіх млекакормячых трэба шукаць у кантынентальных мелавых адкладах. Аўтар прац «Некалькі слоў пра межы паміж юрскаю і мелавою фармацыямі і аб той ролі, якую могуць адыгрываць юрскія адклады Расіі ў вырашэнні гэтага пытання» (1874), «Астэалогія двух выкапнёвых відаў з групы капытных» (1875) і інш. Пераклаў шэраг прац Ч.Дарвіна, Т.Гекслі, Ч.Лаеля. Кавалеўскі валодаў вялікім навуковым кругаглядам і мог шляхам уважлівага вывучэння астэалагічных асаблівасцей выходзіць на шырокія генеалагічныя абагульненні.

Касовіч Пётр Самсонавіч

( 16.9.1862 — 13.8.1915 )

Фізіёлаг раслін, глебазнавец, педагог. Нарадзіўся ў г. Горкі на Магілёўшчыне. У 1887 скончыў прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага універсітэта. Яго першае навуковае даследаванне «Паходжанне азоту ў раслінах» адзначана залатым медалём. Блізкай па тэме была і яго магістэрская дысертацыя «Да пытання аб засваенні раслінамі свабоднага азоту» (1895). Акрамя універсітэта скончыў Пятроўскую (цяпер Ціміразеўскую) сельскагаспадарчую акадэмію (вучань І.А.Сцебута і К.А.Ціміразева) і пакінуты пры акадэміі на 3 гады стэпендыятам на кафедры земляробства. 3 1891 прыват-дацэнт Маскоўскага універсітэта. Удасканальваў веды ў 1892 — 94 у навуковых установах Германіі, Галандыі, Бельгіі. Францыі, найбольш у Гётынгене ў сельскагаспадарчай лабараторыі А.Коха і ў Парыжы ў Пастэраўскім інстытуце ў Дзюкло. 3 1894 і да канца дзён сваіх прафесар кафедры глебазнаўства ў Пецярбургскім лясным інстытуце. 3 1905 па 1911 (з невялікім перапынкам) з'яўляўся выбарным дырэктарам гэтага інстытута. 3 1895 член Вучонага камітэта Міністэрства народнай асветы, з 1897 член Вучонага камітэта Міністэрства земляробства і дзяржаўнай маёмасці. Загадваў сельскагаспадарчай хімічнай лабараторыяй пры гэтым міністэрстве, арганізаваў там вялікую лабараторыю па даследаванні глеб. У 1900 заснаваў «Журнал опытной агрономии», у якім змясціў шэраг цікавых прац па батаніцы, глебазнаўстве, аграноміі і інш. Аўтар «Асноў вучэння пра глебу» (1911), «Кароткага курса агульнага глебазнаўства» (1912) і інш.

Катовіч Іаан Антонавіч

Віленскі праваслаўны свяшчэннік, археолаг. Звесткі пра месца, час нараджэння і смерці не захаваліся. 3 1869 рэдагаваў часопіс «Литовские епархиальные ведомости», у якім змясціў шмат артыкулаў па царкоўных пытаннях. У артыкулах «Богагалоснік, яго значэнне і выкарыстанне ў народзе» (1866), «Пра праваслаўныя цэрквы ў г. Кобрыне» (1869), «Некалькі слоў пра віленскую Кальварыю і пра наведванне яе праваслаўнымі» (1875—79) ёсць звесткі па археалогіі Беларусі і Літвы. Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы «Прац дзевятага археалагічнага з'езда ў Вільні» (1893—97).

Качаноўскі Уладзімір Васілевіч

[1(13).3.1853— 11(24).4.1901]

Філолаг, славяназнавец. Нарадзіўся ў в. Вялікі Лес Гродзенскай губерніі ў сям'і святара. Скончыўшы Варшаўскі універсітэт, падарожнічаў у навуковых мэтах па славянскіх землях, Грэцыі, Італіі і паўднёвай Францыі. Пасля вяртання з падарожжа абараніў магістарскую дысертацыю «Нявыдадзены дуброўніцкі паэт А.М.Глегевіч» (1882), у якой паказаў яго значэнне ў развіцці драматургіі ў славян. За час свайго падарожжа па Балгарыі склаў вялікі зборнік песень «Помнікі балгарскай народнай творчасці» (1882), дзе змясціў таксама кароткія нататкі пра асаблівасці народнай мовы, апісанні звычаяў, узоры балгарскай мовы 17— 18 ст., збор прымавак і кароткі слоўнік. Пэўны час быў прафесарам у Казані. У 1888 распачаў выданне перыядычнага зборніка «Вестник славянства». Аўтар прац «Візантыйскія летапісы як крыніцы гісторыі паўднёвых славян» (1881). «Аб гісторыі вывучэння рускай мовы» (1886), «А.С.Пушкін як выхавацель рускага грамадства» (1888) і інш.

Каяловіч Міхаіл Восіпавіч [20.9(2.10).1828—23.8(4.9).1891]

Гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў мястэчку Кузніца Беластоцкага ваяв. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1855), дзё пасля выкладаў. Асноўныя яго працы прысвечаныя гісторыі Беларусі. Польшчы і Расіі. Аўтар гістарычна-этнаграфічных даследаванняў «Пра рассяленне плямён Заходняга краю Расіі», «Пра этнаграфічны атлас заходніх губерняў» (абодва 1863). «Пра этнаграфічную мяжу паміж Заходняй Расіяй і Польшчай» (1864) і інш. Да працы «Дакументы, якія тлумачаць гісторыю Заходнерускага краю і яго адносіны да Расіі і Польшчы» (1865) дадаў этнаграфічную карту. Закранаў пытанні этнагенезу і этнічнай гісторыі беларусаў, рускіх, літоўцаў і інш. Поглядамі блізкі да панславістаў, прыхільнік ліберальна-памяркоўнага кірунку заходнерусізму. Беларуская народнасць, на яго погляд, склалася ў 10—11 ст. з плямёнаў крывічоў і дрыгавічоў і раднілася па веры, мове і этнаграфічных традыцыях з рускімі і ўкраінцамі. Каяловіч адзначаў пэўную розніцу паміж усходнімі і заходнімі беларусамі, што тлумачыў вынікамі міжэтнічных кантактаў з літоўцамі і палякамі ў 14—18 ст., а таксама палітыкай акаталічвання і апалячвання ў Рэчы Паспалітай. На яго думку, далучэнне Беларусі і Украіны да Расійскай імперыі ў канцы 18 ст. адрадзіла старарускае адзінства. Адмаўляў за беларусамі, літоўцамі і ўкраінцамі права на нацыянальнае самавызначэнне. пазітыўны ўплыў заходніх народаў і культур на ўсходне-славянскія народы. Выступаў супраць паўстання 1863—64. У 1885—87 апублікаваў нататкі пра падарожжа па Беларусі і Літве. Многія працы Каяловіча напісаны з тэндэнцыйнай падборкай факталагічнага матэрыялу і суб'ектыўнымі поглядамі на гісторыю ўсходніх славян і іх суседзяў.

КЖЫЖАНОЎСКІ Канстанцін

Беларускі скрыпач, педагог і кампазітар сярэдзіны 19 ст. Адзін з найбольш аўтарытэтных тагачасных мінскіх музыкантаў. Выкладаў музыку ў мінскай мужчынскай гімназіі і прыватных пансіёнах. Сярод яго вучняў М.Ельскі. Выступаў у аматарскіх канцэртах як скрыпач і спявак. Сябраваў з С.Манюшкам і В.Дуніным-Марцінкевічам. Разам з Манюшкам стварыў музыку да спектакляў тэатра Дуніна-Марцінкевіча «Рэкруцкі набор» (1841) і «Ідылія» («Сялянка». 1852). У сваіх творах выкарыстоўваў народныя песенныя і танцавальныя мелодыі.

ПРАХАЎ Адрыян Віктаравіч (16.3.1846—14.5.1916)

Гісторык мастацтва, археолаг і мастацкі крытык, педагог. Нарадзіўся ў Мсціславе. У 1867 скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта і ў хуткім часе пасланы за мяжу. Слухаў лекцыі ў Мюнхене, вывучаў творы выяўленчага мастацтва ў Парыжы, Лондане, Берліне, Вене, у гарадах Італіі. За дысертацыю «Аб рэстаўрацыі групы ўсходняга франтона Эгінскага храма ў Афінах» (1870) атрымаў у 1873 ступень магістра і пасаду дацэнта Пецярбургскага універсітэта, дзе выкладаў гісторыю мастацтваў. 3 1875 выкладаў таксама гісторыю і тэорыю прыгожых мастацтваў у Акадэміі мастацтваў. У 1875—78 рэдагаваў ілюстраваны часопіс «Пчела». У 1879 абараніў доктарскую дысертацыю «Дойлідства старажытнага Егіпта». Захапіўшыся вывучэннем старажытных помнікаў хрысціянскага перыяду ў Расіі, Прахаў у 1880—82 даследаваў і замалёўваў рэшткі мазаікі і насценнага жывапісу ў Сафійскім саборы і фрэскі Кірылаўскай царквы ў Кіеве. 3 1886 даследаваў Успенскі сабор у г. Уладзіміры-Валынскім і іншыя старажытныя храмы Валыні, адкрыў і скапіраваў цікавыя фрэскі ў царкве Міхайлаўскага манастыра ў Кіеве. У 1881—82 вандраваў па Егіпце, Сірыі, Грэцыі і Еўрапейскай Турцыі, у 1886 — 87 зноў наведаў Італію і Блізкі Усход. У 1887—97 на кафедры гісторыі прыгожых мастацтваў Кіеўскага універсітэта. У 1884—86 кіраваў унутраным аздабленнем Уладзімірскага сабора ў Кіеве, у 1896 паводле ўласнага малюнка аднавіў ракію для захоўвання мошчаў феадосіі Угліцкай у Чарнігаве. У 1897 вярнуўся ў Пецярбургскі універсітэт. Аўтар прац «Крытычныя даследаванні па гісторыі грэчаскіх мастацтваў» (1872), «Крытычныя назіранні за помнікамі старажытнага мастацтва...»

Пржавальскі Мікалай Міхайлавіч

[31.3(12.4). 1839— 20.10(1.11). 1888]

Падарожнік і географ, даследчык Цэнтральнай Азіі, асветнік, ганаровы член Пецярбургскай Акадэміі навук (з 1878), генерал-маёр. Нарадзіўся ў в. Кімбарава Смаленскай губ. ў сям'і дробнага памешчыка, які паходзіў з Віцебшчыны. У 1855 Пржавальскі скончыў гімназію ў Смаленску і паступіў на ваенную службу. У 1861—63 ён слухач Акадэміі Генеральнага штаба ў Пецярбургу. У гэтыя гады ім складзены «Ваенна-статыстычны агляд Прыамурскага краю», які стаў падставай для абрання Пржавальскага ў 1864 членам Рускага геаграфічнага таварыства, з якім у далейшым была звязана ўся яго дзейнасць. У 1864—67 выкладаў геаграфію і гісторыю ў юнкерскім вучылішчы ў Варшаве. Знаёмства ў 1867 з П.П.Сямёнавым-Цян-Шанскім паўплывала на фарміраванне Пржавальскага як вучонага з шырокім кругаглядам. На працягу 1867— 88 Пржавальскі ажыццявіў 5 вялікіх экспедыцый: у 1867—69 Усурыйскую, у 1870—73 Мангольскую, у 1876—77 Лабнорскую і Джунгарскую, у 1879—80 першую Тыбецкую, у 1883—85 другую Тыбецкую. Раптоўная смерць перашкодзіла Пржавальскаму здзейсніць пачатую ім у 1888 першую экспедыцыю па Цэнтральнай Азіі.

Галоўная заслуга Пржавальскага — даследаванне Цэнтральнай Азіі. Ён некалькі разоў перасёк Манголію, быў у Паўночным Кітаі, у пустынях Гобі, Алатаня і Ардоса, у гарах Наныпаня, Куэнь-Луня, Тыбета. У Заходнім Кітаі ён даследаваў Цайдам, пустыню Такла-Макан і бяссцёкавае блукаючае возера Лабнор, Джунгарыю і горы ўсходняга Цянь-Шаня. У выніку падарожжаў Пржавальскага зроблена шмат выдатных навуковых адкрыццяў. Усе свае маршруты Пржавальскі паклаў на карту; даў характарыстыку прыродных умоў буйных фізіка-геаграфічных абласцей Цэнтральнай Азіі па элементах: рэльеф, клімат, рэкі і азёры, раслінны і жывёльны свет. Пржавальскі даказаў, што пустыня Гобі не ўзвышша ў адносінах да навакольных гор, а велізарная чаша з няроўным дном. Вызначыў, што паўночная мяжа Тыбецкага нагор'я фактычна знаходзіцца на 300 км далей на поўнач. Пржавальскі ўпершыню абследаваў і зрабіў апісанне хрыбтоў Куэнь-Луня, вызначыў, што Наныпань з'яўляецца не адным хрыбтом, а сістэмай. Ім адкрыты і ўпершыню апісаны хрыбты Бурхан-Буда, Гумбальта, Рытэра, Аркатаг (Пржавальскага) і інш. Ён дасягнуў вярхоўяў вялікіх кітайскіх рэк Янцзыцзян і Хуанхэ, даў першую кліматалагічную характарыстыку Цэнтральнай Азіі; паведаміў шмат новых звестак па біялогіі і экалогіі расліннага і жывёльнага свету Цэнтральнай Азіі; сабраў і сістэматызаваў выдатныя калекцыі флоры і фауны, гербарыі з 15—16 тыс. раслін, з якіх еўрапейскімі батанікамі ўпершыню апісаны 218 новых відаў і 7 родаў; апісаў вялікую калекцыю жывёл (702 млекакормячыя. 5010 птушак. 1200 паўзуноў і земнаводных, 643 рыбы), у якой былі дзесяткі новых відаў, у тым ліку дзікі вярблюд і дзікі конь, які стаў вядомы як конь Пржавальскага. Зробленыя ім астранамічныя і метэарагалічныя назіранні, заалагічныя і батанічныя зборы апрацоўваліся шматлікімі вучонымі. Даследаванні Пржавальскага адкрылі новы перыяд навуковых экспедыцый у Цэнтральную Азію. Працы Пржавальскага, напісаныя з вялікім літаратурным талентам, у кароткі час набылі шырокую вядомасць, былі перакладзены і выдадзены на многіх замежных мовах і атрымалі сусветнае прызнанне: Пржавальскі быў узнагароджаны медалямі шматлікіх рускіх і замежных навуковых таварыстваў, абраны ганаровым членам Рускага геаграфічнага таварыства (1870).

У 1891 у яго гонар Рускае геаграфічнае таварыства ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя Пржавальскага; у 1946 устаноўлены залаты медаль імя Пржавальскага які прысуджаецца геаграфічным таварыствам. Імем Пржавальскага названы горад, у якім ён памёр (б. Каракол), адкрыты ім хрыбет у сістэме Куэнь-Луня, ледавік на Алтаі, мыс на востраве Ітуруп (Курыльскія астравы), мыс возера Бенета (Аляска) і шэраг відаў жывёл і раслін, якія ён адкрыў у час падарожжа па Цэнтральнай Азіі.

Прыбытак Станіслаў Аляксандравіч (1852—?)

Медык, хімік, педагог. Скончыў Мінскую класічную гімназію (1869). Пецярбургскі універсітэт (1874). Ваенна-медыцынскую акадэмію (1877). Прымаў удзел у вайне супраць Турцыі як палкавы ўрач. За дысертацыю «Некаторыя прадукты акіслення шмататамных спіртоў» атрымаў ступень доктара медыцыны. У 1881—89 лабарант аддзялення анатамічнай хіміі Пецярбургскага універсітэта. У 1889 атрымаў ступень магістра хіміі і выбраны на пасаду ад'юнкт-лабаранта ў Імператарскай ваенна-медыцынскай акадэміі. 3 1891 выкладчык акадэміі, загадчык гарадской санітарнай лабараторыі ў Пецярбургу. Аўтар шматлікіх артыкулаў па хіміі ў перыядычным друку: «Аб арганічных двухвокісах» (1887, магістэрская дысертацыя), «Даследаванне хімічнага саставу лістоў каўказскіх чарніц» (1889), «Аб дыоксіадыпінавай кіслаце» і інш.

ПТАШЫЦКІ Іван Львовіч (1854—?)

Вучоны-матэматык. Брат С.Л.Пташыцкага. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Віленскай гімназіі, вышэйшую — у Пецярбургскім універсітэцеце, дзе стаў магісграм (1881), а потым доктарам (1888). У 1880—90 быў выкладчыкам Пецяргофскай прагімназіі, у 1882—97 — прыват-дацэнтам Пецярбургскага універсітэта. 3 1890 чытаў вышэйхпую матэматыку ў Міхайлаўскай артылерыйскай акадэміі, з 1897 экстраардынарны прафесар Пецярбургскага універсітэта. Аўтар прац «Пра інтэграванне ў канчатковым выглядзе ірацыянальных дыферэнцыялаў» (1881), «Пра інтэграванне эліптычных дыферэнцыялаў» (1888) і ішп.

Будны Сымон

С. Будны — сапраўдны майстра літаратурнага перакладу. Яго перакладчьцкі талент найбольш ярка выявіўся ў час працы над Свяшчэнным Пісаннем. Будны, як вядома, перакладаў Біблію на польскую мову, якая на той час, побач са старабеларускай, царкоўнаславянскай і лацінскай з'яулялася адной з літаратурных моў Беларусі. Мяркуючы паводле ўласных выказванняў С. Буднага і шматлікіх спасылак у тэксце Новага Запавету 1574 г., перакладчык карыстаўся самымі разнастайнымі папярэднімі выданнямі і рукапісамі Свяшчэннага Пісання: лацінскімі, яўрэйскімі, грэчаскімі і рознымі славянскімі, а таксама шматлікімі творамі старажытных тыолагаў, якія хоць неяк закраналі ці цытавалі біблейскія тэксты. У час працы над Новым Запаветам ён апірауся на ранейшыя пераклады, зробленыя выдатнымі еўрапейскімі вучонымі: Ларэнцам Валам, Эразмам Ратэрдамскім, Марцінам Лютэрам, Сабасцьянам Касталіёнам, Тэадорам Базам, Мікалаем Зэгерам. Са старажытных аўтараў Будны нязменна карыстаўся творамі Тэртуліяна, Эўсебія, Эпіфанія, Ераніма. Беларускі перакладчык меў пад рукой Біблію Скарыны, пераклад Пятра Мсціслаўца і Івана Фёдарава, Брэсцкую Біблію 1563 г., пераклад Станіслава Мужыноўскага, Чэшскую і Харвацкую Бібліі ды шэраг іншых тэкстаў Свяшчэннага Пісання.

Можна адназначна сцвярджаць: ніхто з тагачасных еўрапейскіх перакладчыкаў новазапаветных твораў не прарабляў папярэдне такой грандыёзнай тэксталагічнай працы, як С. Будны. Дзякуючы надзвычайным аналітычным здольнасцям беларускага асветніка, яго таленту, шырокай эрудыцыі, глыбокай дасведчанасці ў пытаннях экзэгетыкі і, галоўнае, дасканаламу веданню старажытных моў, навукова-крытычны ўзровень выдання Новага Запавету 1574 г. стаўся, бадай, самым высокім сярод усіх вядомых на той час у Еўропе. Сам жа асветнік з характэрнай для яго чалавечай сціпласцю не лічыў яго цалкам дасканалым і пазбаўленым хібаў. Ён не разлічваў на шчодрыя ўзнагароды і не шукаў лаўраў лепшага перакладчыка. «Якая ласка мне будзе, — пісау ён, — не ведаю. Але пра тое зусім не дбаю. Мне досыць ужо таго, што не закапаў майго малога таленту, а прынёс карысць... Усю маю працу няхай ацэняць наступныя пакаленні».

С. Будны выявіў сябе як выдатны майстра паэтычнай «эпікграмы». Ствараючы панегірыкі на гербы беларускіх магнатаў, паэт вытрымліваў усе каноны эмблематычнай паэзіі, існуючыя ў заходнееўрапейскіх літаратурах. Дзякуючы менавіта С. Буднаму «эпікграмы» на гербы сталі неад'емнай рысай лацінамоўнай літаратуры Беларусі. Яго паэтычныя традыцыі, але ўжо на беларускай мове, пазней прадоужылі паэты барока А. Рымша, Л. Мамоніч, М. Сматрыцкі, С. Собаль і інш.

© Минская коллекция рефератов


Комментарии:


ИНФОРМАЦИЯ ПО РЕФЕРАТУ:

СТУДЕНТАМ! Уважаемые пользователи нашей Коллекции! Мы напоминаем, что наша коллекция общедоступная. Поэтому может случиться так, что ваш одногруппник также нашел эту работу. Поэтому при использовании данного реферата будьте осторожны. Постарайтесь написать свой - оригинальный и интересный реферат или курсовую работу. Только так вы получите высокую оценку и повысите свои знания.

Если у вас возникнут затруднения - обратитесь в нашу Службу заказа рефератов. Наши опытные специалисты-профессионалы точно и в срок напишут работу любой сложности: от диссертации до реферата. Прочитав такую качественную и полностью готовую к сдаче работу (написанную на основе последних литературных источников) и поработав с ней, вы также повысите ваш образовательный уровень и сэкономите ваше драгоценное время! Ссылки на сайт нашей службы вы можете найти в левом большом меню.

ВЕБ-ИЗДАТЕЛЯМ! Копирование данной работы на другие Интернет-сайты возможно, но с разрешения администрации сайта! Если вы желаете скопировать данную информацию, пожалуйста, обратитесь к администраторам Library.by. Скорее всего, мы любезно разрешим перепечатать необходимый вам текст с маленькими условиями! Любое иное копирование информации незаконно.



Флаг Беларуси Поиск по БЕЛОРУССКИМ рефератам