Этнакультурная гісторыя насельніцтва Беларусі ў жалезным веку

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Этнакультурная гісторыя насельніцтва Беларусі ў жалезным веку. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by



Першая палова I-га тысячагоддзя да н.э.
Трэцяя чвэрць І-га тысячагоддзя да н.э. (перыяд да ўзнікнення зарубінецкай культуры).
III-II стст. да н.э. - пачатак I ст. н.э.
Рубеж н. э. - трэцяя чвэрць I ст. н.э.
Другая палова II ст. - IV ст. н.э.

Жалезны век у гісторыі Еўропы - гэта перыяд складаных працэсаў фарміравання розных племянных і этнічных груповак, частка якіх у далейшым склала аснову пазнейшых сярэднявечных народнасцей - продкаў сучасных народаў. Удзел у іх брала і насельніцтва тэрыторыі Беларусі.

Сучасны стан даследаванняў дазваляе выдзеліць на Беларусі каля 10 культур1. Сярод вывучаных можна адзначыць наступныя: мілаградская, культура штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінская, паморская, зарубінецкая, вельбарская, кіеўская і інш. Выяўлены і іншыя лакальныя і храналагічныя комплексы помнікаў эпохі жалеза: старажытнасці заходніх балтаў V ст. да н.э.-VIII ст. н.э. (грунтавыя могільнікі тыпу Начы, каменныя курганы), лужыцкая культура, але ўсе яны да апошняга часу не разглядаліся ў абагульняючых публікацыях.

Неглыбокая распрацоўка праблем этнакультурнага развіцця і пытанняў датавання прывяла да таго, што храналагічны падзел на ранні жалезны век (VIII ст. да н.э. - V ст. н.э.) і ранняе сярэднявечча (ці, як лічылася раней, проста жалезны век (V-VIII стст.)) недастатковы і вельмі недакладны. Так, пачатак перыяду звязваюць з пачаткам выкарыстання насельніцтвам вырабаў з жалеза. Але ў гэты час пачалі вырабляць жалеза плямёны толькі мілаградскай культуры, а шырокае распаўсюджванне вырабаў з жалеза ў Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі мела месца толькі ў час каля рубяжа н.э.

У Цэнтральнай Еўропе падзел на перыяды жалезнага веку больш дробны і дакладны. Таму, разглядаючы пытанні развіцця насельніцтва Беларусі, знешніх кантактаў і ўдзелу насельніцтва ў гістарычных падзеях, якія ахоплівалі значныя часткі Еўропы, і мы будзем прытрымлівацца больш дробнай храналогіі.
Першая палова I-га тысячагоддзя да н.э.

Тэрыторыю Беларусі ў гэты час засялялі плямёны трох асноўных археалагічных культур. Значныя абшары поўначы і ўсходу займала насельніцтва днепра-дзвінскай культуры. Арэал распаўсюджання плямён культуры штрыхаванай керамікі ахоплівае Усходнюю Літву і значную частку Заходняй і Сярэдняй Беларусі.

Паводле многіх рыс (паселішчы, жытло, прылады працы і ўзбраенне), матэрыяльная культура насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі падобная да культуры днепра-дзвінскай і іншых балцкіх плямён лясной паласы Усходняй Еўропы. Для абедзвюх культур невядомы пахавальныя помнікі. Адрозненні выяўлены ў кераміцы. Штрыхавікі выраблялі посуд слоіка-падобнай ці слабапрафіляванай формы са штрыхаванай паверхняй, колькасць якога значна большая за колькасць іншых тыпаў керамікі - гладкасценнай, глянцаванай і шурпатай.

Плямёны мілаградскай культуры займалі Паўднёва-Усходнюю Беларусь і паўночную частку Украіны.

У заходняй частцы Беларусі (Наваградак, Здзітаў і інш.) былі знойдзеныя рэчы, якія могуць сведчыць аб сувязях з насельніцтвам лужыцкай культурай. Але гэта выпадковыя знаходкі, якія не дазваляюць дакладна меркаваць аб пранікненні носьбітаў гэтай культуры на Беларусь.

Паводле этнічнай прыналежнасці балцкім можна лічыць насельніцтва трох асноўных культур Беларусі гэтага часу: днепра-дзвінскай, мілаградскай і культуры штрыхаванай керамікі. Усе яны ўзнікаюць як вынік развіцця культуры насельніцтва бронзавага веку. Асаблівасці складання і розны напрамак кантактаў абумовілі іх узаемаадрозненні.

Мілаградская культура ўзнікла на аснове развіцця старажытнасцей лебядоўскай культуры і з самага пачатку існавання мела значныя кантакты з больш паўднёвымі арэаламі. Гэта можна бачыць як у асаблівасцях абарончых умацаванняў, так і ў знаходках. Так, частка рэчаў з курганоў каля в. Дубай мае сувязі з галынтацкай (наканечнікі дзід) і высоцкай культурамі (ляпныя гаршкі), На паселішчах гэтай культуры знбйдзены некаторыя рэчы (наканечнікі стрэл, люстэркі), якія датуюцца ў межах VII-V стст. да н.э. і адносяцца да скіфскіх вырабаў[1]. Аднак неабходна адзначыць, што размова тут можа ісці аб гандлёвых кантактах ці запазычаннях ад суседніх культур (пачатак апрацоўкі жалеза), якія не выклікалі змены этнасу мілаградскай культуры, хоць надавалі ёй адметныя рысы. Існавалі сувязі і з культурамі балцкага тыпу (днепра-дзвінскай і юхнаўскай), пра што сведчыць распаўсюджванне рэчаў (падвесак, галовак шпілек), выкананых у ажурным стылі.

Культуры днепра-дзвінская і штрыхаванай керамікі з'явіліся на аснове развіцця культур бронзавага веку, якія адрозніваюцца ад старажытнасцей Паўднёвай Беларусі. Так, насельніцтва днепра-дзвінскай культуры паходзіць ад носьбітаў узменьскай культуры[2], якія з'яўляюцца нашчадкамі шнуравікоў. Паходжанне культуры штрыхаванай керамікі таксама выводзяць з арэала шнуравікоў. Але ў яе рэчавым інвентары адчувальныя традыцыі яшчэ познанеалітычнай нарвенскай культуры[3]. Такім чынам, і днепра-дзвінцы, і штрыхавікі з'яўляюцца нашчадкамі культуры шнуравой керамікі: да стварэння розных культур прывяла наяўнасць рознага субстрату, Трэба адзначыць таксама, што для насельніцтва днепра-дзвінскай культуры характэрныя знаходкі ўпрыгожанняў, выкананых у ажурным стылі; ёсць таксама знаходкі, якія маюць аналогіі на помніках чарналескай, лужыцкай і скіфскай культур, у той час як на помніках культуры штрыхаванай керамікі падобныя знаходкі невядомыя.

І днепра-дзвінцы, і штрыхавікі таксама мелі сувязі з іншым культурным асяроддзем. Кантакты адбываліся дзякуючы размяшчэнню іх паселішчаў уздоўж гандлёвага шляху, што звязваў Паволжа па Дзвіне з Прыбалтыкай і далей са Швецыяй. Гэты шлях можна вызначыць па знаходках розных прылад працы, асабліва кельтаў меларскага ці акозінска-меларскага тыпу, якія датуюцца 900-700 гг. да н.э. Такія кельты знойдзены на помніках днепра-дзвінскай культуры (Наквасіна, Жарынь) і, магчыма, культуры штрыха-ванай керамікі ў Беларусі (Мінск, Смалявіцкі раён) і Усходняй Літве (Наркунай, Вазгеляй), прычым на апошніх былі выяўлены і майстэрні па вырабу гэтых прылад (абломкі ліцейных форм).

Для насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі ў гэты час прасочваюцца сувязі з паўднёва-заходнімі суседзямі, з мазурска-вармінскай групай лужыцкай культуры (продкі заходніх балтаў). Так, на гарадзішчы Тарлаўкі Сувалкскага ваяводства знойдзены ліцейныя формы сякер-кельтаў тыпу Мелар.

Такім чынам, асаблівасці балцкіх культур Беларусі першай паловы 1-га тысячагоддзя да н.э. з'явіліся ў выніку як развіцця мясцовых традыцый папярэдняга часу, так і дзякуючы розным кірункам іх сувязяў.
Трэцяя чвэрць І-га тысячагоддзя да н.э. (перыяд да ўзнікнення зарубінецкай культуры).

Сярэдзіна 1-га тысячагоддзя да н.э. з'яўляецца значнай мяжой у гісторыі насельніцтва Еўропы. Наступае пагаршэнне клімату, звязанае з павелічэннем вільготнасці і зніжэннем тэмпэратуры, у выніку чаго павысіўся ўзровень вады і значна пагоршыліся ўмовы апрацоўкі зямлі. Пачынаецца субатлантычны заняпад земляробства. У Цэнтральнай Еўропе знікае лужыцкая культура, змяняюцца напрамкі культурных сувязяў. З'яўляюцца новыя культуры (паморская, заходнебалтыйскіх курганоў), новыя этнічныя супольнасці - латэнскія (кельцкія) культуры. Адну з узніклых тады культур можна адносіць да плямён заходніх балтаў. Гэта культура заходнебалтыйскіх курганоў у Паўднёвай Прыбалтыцы (Паўночна-Усходняя Польшча, Калінінградская вобласць, Заходняя Літва), якая падзяляецца на лакальныя групы: заходнемазурская (галінды), усходнемазурская (яцвягі), самбійская (прусы), заходнелітоўская (куршы). Усе астатнія балцкія культуры можна аднесці да ўсходніх балтаў.

Значныя эканамічныя змены праявіліся і ў развіцці культур Беларусі Так, на помніках днепра-дзвінскай культуры фіксуюцца перамены ў матэрыяльнай сферы(трансфармацыя керамікі, з'яўленне жалезных вырабаў ва ўсходняй частцы арэала). Сярод старажытнасцей насельніцтва мілаградскай культуры можна выдзеліць дзве лакальныя групы (Усходняе Палессе і Верхняе Падняпроўе), якія адрозніваюцца па тыпу паселішчаў і жытла. Адбылося скарачэнне арэала гэтай культуры (далей на захад, у раёне Пінска яе помнікі адсутнічаюць),

У заходняй частцы Палесся з'яўляюцца помнікі (грунтавыя могільнікі і селішчы) насельніцтва паморскай культуры, якое існавала тут да III/II стст. да н.э. - да з'яўлення першых зарубінцаў.

У паўночна-заходніх раёнах Беларусі і Паўднёвай Літве (Занямонне), г. зн. у паўночна-заходняй частцы арэала культуры штрыхаванай керамікі, з'яўляюцца грунтавыя пахаванні (Нача, Павейснінкай і інш.), якія адлюстроўваюць міграцыю насельніцтва заходнябалцкіх курганоў і змяншэнне арэала культуры штрыхаванай керамікі.

У гэты час змяняюцца напрамкі кантактаў насельніцтва Беларусі з навакольным светам. У матэрыяльнай культуры мілаградскіх і днепра-дзвінскіх (ва ўсхбдняй частцы) плямён зноў фіксуюцца гандлёвыя сувязі са скіфамі. Узмацняюцца кантакты з латэнскім светам (латэнскія бранзалеты)[4]. У выніку днепра-дзвінская культура падзяляецца на дзве групы: заходнюю - дзвінскую, больш кансерватыўную, і ўсходнюю - дняпроўскую.

Насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі было больш замкнёнае ў сваіх сувязях. Яно мела кантакты толькі з заходнімі балтамі, ад якіх у заходнюю частку арэала (Усходняя Літва з сумежнымі помнікамі Беларусі, напрыклад, Гарані Смаргонскага раёна) пераходзяць некаторыя рысы матэрыяльнай культуры (з'яўленне шурпатай керамікі).

Аднак усе гэтыя кантакты і частковае скарачэнне арэалаў некаторых культур не вялі да змен у этнічных адносінах. На тэрыторыі Беларусі дамінавалі ўсходнія балты. Значныя перамены ў культурным складзе насельніцтва Беларусі адбыліся ў наступны перыяд.
III-II стст. да н.э. - пачатак I ст. н.э.

У гэты час пры эвалюцыйным развіцці большасці культур (штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай, помнікаў тыпу Начы) дайшло да знікнення старажытнасцей мілаградскай культуры і з'яўлення зарубінецкай.

Зарубінецкія плямёны займалі тэрыторыю Паўднёвай Беларусі (сучаснае Палессе і частка Верхняга Падняпроўя) і Паўночнай Украіны. На дадзены момант іх старажытнасці падзяляюцца на пяць лакальных рэгіёнаў, тры з якіх (Прыпяцкае Палессе, Верхняе і Сярэдняе Падняпроўе) з'явіліся ў пачатку існавання культуры. На тэрыторыі сучаснай Беларусі размяшчаюцца дзве групы: палеская - правы бераг сярэдняга цячэння Прыпяці і нізоўі прытокаў Гарыні і Стыры і верхнедняпроўская - басейн Дняпра ад вусця Бярэзіны да ўпадзення Прыпяці і частка цячэння Сожа.-

Зарубінецкая культура мае складанае паходжанне. Узнікла яна амаль адначасова ў трох групах на мяжы III-II стст. да н.э. Некаторыя даследчыкі (Л.Побаль, Я.Максімаў) лічаць яе носьбітаў славянамі. Але ў складзе гэтай культуры выяўляюцца рысы шэрагу рознаэтнічных кампанентаў: ясторфскай (германцы), паморскай культур пры сувязях з культурай Паянешты-Лукашоўка (дакі або ілірыйцы) і значным уплыве кельцкіх традыцый. Гэта не дазваляе прыняць гіпотэзу аб славянскай прыналежнасці носьбітаў дадзенай культуры. Іх можна атаясаміць з бастарнамі[5]. Да таго ж розныя лакальныя групы зарубінцаў асімілявалі носьбітаў розных культур, што ўнесла дадатковыя асаблівасці ў іх старажытнасці. Так, уплыў мілаградскай культуры (балты) на насельніцтва верхнедняпроўскай групы быў вельмі грунтоўны. Менавіта ад іх зарубінцы ўспрынялі тыпы жытла (наземныя слупавыя дамы, паўзямлянкі з апорным слупам), тэхналогію вырабу посуду (з дамешкай жарствы) і інш.


Фрагменты срэбраных упрыгожанняў са скарбу каля в. Красны Бор Лагойскага раёна

Асіміляцыя мясцовага насельніцтва была складаным працэсам. Ва Усходнім Палессі помнікі мілаградскай культуры існавалі яшчэ ў II - першай палове I ст. да н.эІ, калі побач (па даліне Дняпра) размяшчаліся ўжо зарубінецкія гарадзішчы. I гэта насельніцтва не дало магчымасці носьбітам зарубінецкай культуры прасоўвацца на поўнач, па правым беразе Дняпра і па Бярэзіне. Насельніцтва верхнедняпроўскай групы мела сувязі і з носьбітамі культуры штрыхаванай керамікі, што прывяло да фарміравання змешанай групы помнікаў тыпу Чачэрск-Кісцяні. Падобная група (але з перавагай штрыхавікоў) знаходзілася ў нізоўях Бярэзіны (Шчаткава, Пятровічы)[6].
Рубеж н. э. - трэцяя чвэрць I ст. н.э.

У гэты час у матэрыяльнай культуры Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі адбываліся значныя змены, зноў жа эвалюцыйнага характару - з'явіліся добра ўмацаваныя гарадзішчы, новы тып жытла (слупавыя дамы па краі пляцоўкі), паўсюдна ўжываліся вырабы з жалеза. Для носьбітаў культуры штрыхаванай керамікі асноўнай формай посуду сталі рабрыстыя гаршкі. Вынікам знешняга ўплыву з-захаду на штрыхавікоў можна лічыць з'яўленне невялікай колькасці посуду з аблітай паверхняй (з I ст. н.э.).

Значныя перамены адбыліся на поўдні Беларусі, дзе жылі носьбіты зарубінецкай культуры. Помнікі зарубінцаў знікаюць амаль што адначасова (40-70-я гады н.э.) на ўсёй тэрыторыі. Верагодна, гэта было вынікам палітычных падзей (разгром сарматамі бастарнаў і адыход апошніх да меж Рымскай імперыі, да Мезіі). У гэтых падзеях прыняло ўдзел і насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі. Пад яго ціскам частка зарубінцаў пайшла на поўдзень, у Падзясенне, дзе дала пачатак новым культурным групам. У той жа час помнікі позназарубінецкага гарызонту на тэрыторыі Беларусі невядомы.

На рэштках былой зарубінецкай культуры пры ўдзеле носьбітаў пшэворскай і вельбарскай культур фарміруецца новы культурны гарызонт - помнікі тыпу Рахны-Почап. На працягу амаль што цэлага стагоддзя (да сярэдзіны II ст. н.э.) гэта насельніцтва знахоДзілася ў нестабільнай сітуацыі, у рухомым стане, што дазваляла яму быць звяном для перадачы культурных імпульсаў з Сярэдняй Еўропы. Этнас гэтага ўтварэння немагчыма вызначыць, таму што яго носьбіты сталі кампанентам фарміравання розных культур (кіеўскай і мошчынскай - праз почапскую групу) ці былі нават асіміляваны мясцовым насельніцтвам.

Шляхі міграцыі носьбітаў гарызонту Рахны-Почап праз Палессе і ўздоўж Бярэзіны былі перакрыты насельніцтвам культуры штрыхаванай керамікі (пра гэта сведчыць адсутнасць уплыву ў масавым матэрыяле і толькі імпарт гатовых рэчаў, што было вынікам ці гандлёвых сувязяў, ці ваеннай здабычы). Таму асноўныя напрамкі ўплыву з поўдня можна пракласці ўздоўж Дняпра і Дзясны ў кірунку іх вярхоўяў[7]. У матэрыяльнай культуры днепра-дзвінскіх плямён гэты працэс адлюстроўваецца ў распаўсюджванні ў невялікай колькасці керамікі з расчосамі. Пры гэтым у міграцыі прынялі ўдзел носьбіты культуры штрыхаванай керамікі з усходняй часткі арэала (Падняпроўе), аб чым сведчыць адначасовае распаўсюджванне штрыхаванага посуду. Прыход новага насельніцтва не прывёў да змены культуры і з цягам часу яно было асімілявана мясцовым асяроддзем.
Другая палова II ст. - IV ст. н.э.

У гэты час склалася стабільная сітуацыя. Працягвалася эвалюцыйнае развіццё шэрагу мясцовых культур (штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай, помнікаў тыпу Начы). Штрыхавікі адчувалі моцны ўціск з захаду толькі ў III-IV стст., што прывяло да знікнення іх культуры і з'яўлення помнікаў усходнелітоўскіх курганоў (выкарыстоўвалі посуд з аблітай паверхняй) ва Усходняй Літве[8]. Але насельніцтва Беларусі да рубяжа IV-V стст. не адчула гэтых перамен, хоць заходні ўплыў праяўляўся і тут (новыя тыпы ўзбраення, упрыгожанняў, павелічэнне колькасці шурпатай керамікі). Днепра-дзвінская культура Смаленшчыны паступова трансфармавалася ў культуру тыпу Акатава, Тушамля[9], фарміраванне завяршылася ў IV ст. н.э. Не выключана, што адным са знешніх штуршкоў да гэтага было ўздзеянне з поўдня. Так, паводле пісьмовых крыніц (Іардан), маюцца звесткі пра паход караля готаў Германарыха на эсціяў (старажытных балтаў), што пражывалі ў Верхнім Падняпроўі.

З сярэдзіны II ст. н.э. у Заходнім Палессі адзначаны помнікі вельбарскай культуры (Брэст-Трышын і інш.), якія належалі готам і адлюстроўвалі іх міграцыю з нізоўяў Віслы ў Пабужжа, Падняпроўе і Падунаўе. Тады ж на аснове часткі помнікаў гарызонту Рахны-Почап фарміруецца новая культура - кіеўская, адна з лакальных груп якой заняла Верхняе Падняпроўе (Абідня, Тайманава). Міграцыя была выклікана моцным культурным уплывам з Цэнтральнай Еўропы, штуршком да якога і было перамяшчэнне готаў. На гэтых помніках выяўлены шэраг рэчаў, якія маюць аналогіі ў Цэнтральнай Еўропе (два тыпы крэсіваў, паясны набор - спражкі, накладкі і наканечнікі паясоў), правінцыяльна-рымскія рэчы і ўпрыгожанні з выемістай эмаллю (лунніцы). Частка іх (крэсівы, наканечнікі паясоў, лунніцы) вядомая на помніках дзякаўскай культуры і нават у Паволжы, але не сустрэта на паселішчах балцкіх культур Беларусі, якія не былі пад уплывам гэтага паўднёвага імпульсу. Такім чынам, змены мелі месца толькі для невялікай часткі Беларусі (частка Верхняга Падняпроўя). У той жа час на помніках Абідня і Тайманава можна адзначыць асаблівасці матэрыяльнай культуры (сумеснае выкарыстанне паўзямлянак і наземных слупавых жылых збудаванняў, посахападобныя шпілысі з рамбічным сячэннем верхняй часткі, шпоры з адагнутымі кручкамі), якія сведчаць пра ўплыў на гэта насельніцтва балцкага асяроддзя. Усё гэта, з улікам складанага працэсу фарміравання кіеўскай культуры, пярэчыць версіі аб славянскай этнічнай прыналежнасці яе носьбітаў, асабліва яе паўночных лакальных груп.

Эпоха стабільнасці ў развіцці насельніцтва Беларусі хутка скончылася, і з рубяжа IV-V стст. яно было ўцягнута ў гістарычныя працэсы Вялікага перасялення народаў. Спачатку гэта адчулі носьбіты культуры штрыхаванай керамікі, на якіх адбіліся тры хвалі міграцыі: з захаду, з Паўночна-Усходняй Польшчы (старажытныя яцвягі). Першая хваля, якая прывяла да знікнення гэтай культуры ва Усходняй Літве і з'яўлення там помнікаў культуры ўсходнелітоўскіх курганоў (пахаванні па абрадзе трупапалажэння), мела месца ў III-IV стст. н.э. На рубяжы IV-V стст. н.э. другая хваля міграцыі прывяла да знікнення культуры штрыхаванай керамікі і з'яўлення помнікаў новай культуры (селішчы і курганы з пахаваннямі паводле абраду трупаспалення) у частцы басейна Віліі і каля возера Свір[10]. Трэцяя хваля захапіла першую палову V ст. н.э. У яе выніку сфарміравалася культура пскоўскіх доўгіх курганоў, якую лічаць славянскай культурай і адносяць да старажытных крывічоў[11]. Апошнія падзеі могуць быць ахарактарызаваны напрамкам распаўсюджвання жалезных В-падобных спражак з рыфлёнай рамкай (германскія культуры Сярэдняй Еўропы - Паўночна-Усходняя Польшча (яцвягі) - Усходняя Літва (заходнія балты з субстратам усходніх балтаў- Пскоўшчына)[12]. Аднак этнічная прыналежнасць культур, праз якія праходзіла дадзеная міграцыя, не дазваляе адносіць носьбітаў культуры доўгіх курганоў да славян. Даныя мовазнаўства і антрапалогіі (балцкі пласт у гідраніміі Пскоўшчыны[13], антрапалагічная еднасць крывічоў і латгалаў[14]) даюць падставы ідэнтыфікаваць яе носьбітаў з балтамі.

У астатняй частцы арэала культуры штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай, кіеўскай і вельбарскай культур жыццё працягвалася да сярэдзіны V ст. н.э., калі ў выніку палітычных падзей (міграцыі розных груп насельніцтва пасля навалы качэўнікаў на поўдні Усходняй Еўропы) помнікі гэтых плямён знікаюць. Аб ваенных сутыкненнях сведчаць знаходкі трохлопасцевых чаранковых наканечнікаў стрэл (узбраенне качэўнікаў са стэпу) і вырабаў, аздобленых выявамі галавы арла (спражка з Дзямідаўкі, накладкі да пояса з Хотышча). Аналогіі апошнім вядомыя сярод гоцкіх старажытнасцей Крыма (тып Суук-Су) V-VII стст. У наступе качэўнікаў бралі ўдзел, відаць, і готы.

Аналагічныя падзеі адбываліся ў балцкіх культурах Польшчы, Калінінградскай вобласці Расіі 1 ў Літве. Але на тэрыторыі апошняй маштаб нашэсця быў значна меншы, чым у Беларусі.

Такім чынам, развіццё насельніцтва Беларусі ў жалезным веку трэба разглядаць як развіццё культур, што ў этнічных адносінах належалі да ўсходніх балтаў (культура штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінская і мілаградская). З V ст. да н.э. з'яўляюцца помнікі заходніх балтаў (могільнікі тыпу Начы, якія пазней трансфармаваліся ў культуру каменных курганоў V-XIII стст.). Апрача таго, прыйшло насельніцтва, якое належала да германскага этнасу (вельбарская культура - готы) або асяроддзяў, этнас якіх пры сучасным стане вывучэння цяжка вызначыць з неабходнай дакладнасцю (зарубінецкая культура - бастарны(?), кіеўская культура).

Плямёны жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі ўспрымалі культурныя ўплывы, якія зыходзілі з суседніх рэгіёнаў: мілаградцы - з поўдня са Скіфіі і паўднёвага захаду з гальштацкага свету, зарубінцы - з захаду ад супольнасцей латэнскіх культур Сярэдняй Еўропы. Тыя ж мілаградцы, а таксама носьбіты днепра-дзвінскай культуры Падняпроўя адчувалі ўплывы з усходу, а насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі - з захаду. У выніку культуры дзяліліся на драбнейшыя лакальныя групы, якія, магчыма, адпавядалі канкрэтным плямёнам. Падзеі Вялікага перасялення народаў (перамяшчэнні насельніцтва пасля навалы на поўдні, міграцыя з захаду) прывялі да значных змен у развіцці мясцовых грамадстваў (фарміраванне на большай частцы тэрыторыі Беларусі банцараўскай культуры, а таксама падобных ёй культур - тушамлянскай, калочынскай). I толькі ў V - VI стст. у Заходнім Палессі з'яўляецца насельніцтва пражскай культуры, у славянскай прыналежнасці якога навукоўцы не сумняваюцца.
[1]Рассадин С. О. О находках из Белоруссии - свидетельствах контактов ее жителей с лесостепью скифской эпохи // Гомельщина: археология, история, памятники. Гомель, 1991. С.13-15.
[2]Короткевич В. С, Мазуркевич А. М. Пять вариантов днепро-двинской культуры // Петербургский археологический вестник. СПб., 1992. Вьш. 2. С. 75-78.
[3]Гирининкас А. К вопросу о формировании культуры штрихованной керамики в Литве // Археология и история Пскова и Псковской земли. Псков, 1992. С. 91-93.
[4]Шмидт Е. А. Племена верховьев Днепра до образования Древнерусского государства. М., 1992 (табл. 9:8-20; 10:3-4; 32).
[5]Каспарова К. В. К вопросу о происхождении и этнической принадлежности зарубинецкой культуры // Гомельщина: археология, история, памятники. Гомель, 1991. С. 22-25.
[6]Лашанкоў М. I. Помнікі ранняга жалезнага веку на ніжняй Бярэзіне // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мн., 1993. С. 12-14.
[7]Шмидт Е. А. Племена верховьев Днепра до образования Древнерусского государства. С. 134.
[8]ЛухтанА. Селище в Кярнаве на берегу р. Нярис // Научные труды вузов ЛитССР. История. Вильнюс, 1987. С. 3-21.
[9]Шмидт Е. А. Племена верховьев Днепра до образования Древнерусского государства. С. 137-138.
[10]Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в IX-XIII вв. М., 1989. С. 21-29,54-57.
[11]Седов В В. Восточные славяне в VI-XIII вв. М., 1982. С. 52-53.
[12]Бажан И. А., Каргопольцев С. В. В-образные рифленые пряжки как хронологическнй индакатор синхронизации // КСИА. 1989. Вып. 198. С. 28-35.
[13]Агеева Р.А. Гидронимия Русского Северо-Запада как источник культурно-исторической информации. М., 1989.
[14]Беневоленская Ю. О кранио-серологическом параллелизме на территории Псковщины и Прибалтики // Проблемы этнической нстории балтов. Рига, 1985.

А.Мядведзеў

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Этнакультурная гісторыя насельніцтва Беларусі ў жалезным веку

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.