БЕЛАРУСЬ (последнее)
Плямёны на тэрыторыі Беларусі ў сярэднім і познім перыядах бронзавага веку
Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

Плямёны тшцінецка-сосніцкай супольнасці.
Насельніцтва Беларусі на завяршальным этапе бронзавага веку.
Плямёны тшцінецка-сосніцкай супольнасці.
Гісторыя насельніцтва Паўднёвай Беларусі, пасля якога засталіся помнікі тшцінецка-сосніцкага тыпу, звычайна разглядаецца ў рамках тшцінецка-камароўска-сосніцкай агульнасці, якая ў эпоху бронзы распаўсюджвалася на прасторах Еўропы ад басейна Одэра на захадзе да Падзясення на ўсходзе. Храналогія яе вызначаецца ў межах XV-XI стст. да н.э.
На шырокай прасторы адзначанай агульнасці выдзяляюцца ўсходні і заходні рэгіёны. Заходні займалі плямёны, культуру якіх вызначаюць як тшцінецкую або заходнетшцінецкую, якія распаўсюджваліся ў Польшчы і, напэўна, у суседніх раёнах Заходняга Палесся, Беларускага Панямоння і Заходняй Валыні. Ва ўсходнім рэгіёне жылі плямёны ўсходнетшцінецкай культуры. Яны займалі прастору на ўсход да Падзясення і ўтваралі шэраг груп, з якіх сосніцкая, на думку некаторых археолагаў, утварала самастойную культуру і ахоплівала тэрыторыі Сярэдняга і Верхняга Падняпроўя, заходзячыў Прыпяцкае Палессе і нават цэнтральныя раёны Беларусі.
Картаграфаванне тшцінецка-сосніцкіх паселішчаў і могільнікаў, асобных знаходак дае ўяўленне пра даволі значнае іх распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі. Найбольш іх на Беларускім Палессі, у нізоўях правых прытокаў Прыпяці, прынамсі, у Сцвіга-Гарынскім міжрэччы. На поўначы Верхняга Падняпроўя паселішчы сосніцкага тыпу, паводле меркаванняў I. Арцёменкі, распаўсюджваліся да Аршанска-Магілёўскай раўніны, а асобныя знаходкі характэрнай керамікі сустракаюцца, на яго думку, нават у некаторых месцах Беларускага Паазер'я. Посуд і асобныя рэчы, характэрныя для сосніцкай культурнай супольнасці, былі знойдзены таксама на паўночным захадзе Беларусі ў басейне Нёмана, пераважна на яго левабярэжжы, а месцамі нават і на правых прытоках.
Тшцінецка-сосніцкае насельніцтва сялілася на пясчаных узвышэннях сярод рачных і азёрных паплавоў ці зрэдку на мысападобных выступах на краях рачных тэрас У некаторых рэгіёнах прасочваецца "гнездавы" спосаб рассялення, калі на пэўных участках даліны размяшчалася да 5-6 і больш паселішчаў. Напрыклад, рэшткі пяці паселішчаў каля в Ліпляны Лельчыцкага раёна знаходзіліся на ўчастку даліны Убарці працягам да 2 км, дзе было шмат старыц.
Некаторыя паселішчы былі кароткатэрміновымі, на іншых жа жылі працяглы час. Пры раскопках каля в. Пустынка на Чарнігаўшчыне выяўлена 35 будынкаў, сярод якіх 20 з'яўляліся жытлом, 2 - культавымі, а рэшта - гаспадарчымі збудаваннямі. Жытло і іншыя будынкі размяшчаліся ў некалькі радоў на выспе ўздоўж старарэчышча і займалі ўчастак даўжынёй каля 250 м.
Жыхары гэтага пасёлка ўзводзілі наземныя або паглыбленыя ў зямлю на 0,5-1,4 м збудаванні плошчай ад 24-40 да 72-120 м2. У аснове іх канструкцыі былі вертыкальныя слупы, а сцены рабіліся з бярвенняў або пераплеценага галля, абмазанага глінай. Жытло складалася з аднаго або часцей двух памяшканняў - жылой "святліцы" і кухні. У інтэр'ер уваходзілі печкі з камянёў або адкрытыя агнішчы, гаспадарчыя ямы. Падлога ў "святліцах" магла выкладацца глінянымі валікамі. На ўскраіне пасёлка знаходзілася наземная будыніна слупавой канструкцыі, якая служыла месцам адпраўлення нейкіх земляробчых культаў. Другая культавая пабудова - паўзямлянка - магла быць адмысловым "домам памерлых", дзе апрача агнішчаў знаходзілася шэсць пахаванняў з крэмацыяй.
Сярод тшцінецка-сосніцкага насельніцтва існавалі разнастайныя пахавальныя вераванні. Памерлых хавалі на курганных і бескурганных могільніках па абрадзе крэмацыі або інгумацыі. Сустракаюцца магілы з вялікай колькасцю спаленых нябожчыкаў.
На Верхнім Падняпроўі бескурганныя магілы з трупаспаленнем знойдзены пад Ходасавічамі Рагачоўскага, Гарошкавам Рэчыцкага, Сябровічамі Чачэрскага раёнаў. Пахаванні зроблены ў ямах, арыентаваных па лініі ўсход-захад. Зверху яны, верагодна, мелі перакрыцці. У ямах побач з крэміраванымі рэшткамі памерлых знаходзяцца адмысловыя пасудзіны, крамянёвыя вырабы, іншыя рэчы. Пахаванне з крэмацыяй у яме і пасудзінай выяўлена нават на верхнім цячэнні Нёмана каля Апечак у Стаўбцоўскім раёне.
Да курганных пахаванняў сосніцкага тыпу, магчыма, можна адносіць адзін з курганоў ва ўрочышчы Міліцкае каля в. Прыбар Гомельскага раёна. Тут пад насыпам кургана на ўзроўні старажытнай паверхні знаходзіліся абломкі посуду, крамянёвыя вырабы, а таксама крэміраваныя косці нябожчыка
Насельніцтва тшцінецка-сосніцкай супольнасці практычна на ўсёй тэрыторыі свайго распаўсюджання на Беларусі карысталася вельмі характэрным гладкасценным посудам з дамешкамі жарствы ў гліняным цесце. Найбольш тыповымі былі высокія гаршкі цюльпанападобнай формы і слоікападобныя пасудзіны. Краі іх венцаў былі патоўшчаныя і скошаныя вонкі. Ужывалі таксама міскі, а часам і друшлякі.
Большасць посуду аздаблялася пракрэсленымі і баразнаватымі лініямі, рыскамі, насечкамі, наколамі, ямкамі, адбіткамі шнура У Прыпяцкім Палессі, на Верхнім Падняпроўі і Панямонні шырока выкарыстоўваўся арнамент у выглядзе ружанца, які атрымліваўся пры націску на неапаленую сценку гаршка пласцінкі з накручанай ніткай. Менавіта шырокае распаўсюджанне ў аздабленні ружанца у спалучэнні з іншымі адзнакамі стала падставай для вылучэння керамікі сосніцкага тыпу. Некаторыя пасудзіны мелі на шыйках наляпныя гліняныя валікі. Арнаментальныя кампазіцыі тшцінецка-сосніцкай керамікі складаліся з трохвугольнікаў, зігзагаў, гарызантальных ліній, груп нахіленых рысак у спалучэнні з наколамі, ямкамі і г.д. Аздаблялася ўся паверхня або толькі верхняя палова пасудзіны.
На паселішчах сустракаюцца таксама гліняныя біканічныя і так званыя "рагатыя" багата арнаментаваныя праслачкі.
Тшцінецка-сосніцкае насельніцтва карысталася крамянёвымі сярпамі, сякерамі, нажамі, трохвугольнымі і чаранковымі з двухбаковай рэтушшу наканечнікамі стрэл, наканечнікамі дроцікаў, каменнымі сякерамі і інш. Зерне расціралася на каменных зерняцёрках.
Крамянёвыя сярпы. Рэканструкцыя
Жыхарам паселішчаў сярэднябронзавага часу Паўднёвай Беларусі і Паўночнай Украіны былі вядомыя і металічныя (медныя і бронзавыя) вырабы. Аднак пакуль што не да канца вырашана пытанне, ці валодалі яны самі сакрэтамі металургіі або карысталіся толькі імпартнымі рэчамі.
Вывучэнне тшцінецка-сосніцкіх старажытнасцей у Беларускім Палессі дазволіла прыйсці да высновы, што ў сярэднябронзавы час тут жылі групы насельніцтва, якія некалькі адрозніваліся між сабой па матэрыяльнай культуры. На сярэднім і ніжнім цячэнні Прыпяці, а таксама ў нізоўях Гарыні, Сцвігі, Убарці і некаторых іншых прыпяцкіх прытокаў вылучаецца турава-мазырская (прыпяцкая) група помнікаў, якія, захоўваючы пэўную самабытнасць, маюць найбольшае падабенства з кіеўскай і ровенскай групамі ўсходнетшцінецкай культуры. Далей на ўсход турава-мазырскія помнікі паступова набываюць рысы, тыповыя для сосніцкіх старажытнасцей.
У турава-мазырскім рэгіёне варта вылучыць паселішчы тыпу Бухліцкага Хутара ў нізоўях Стыра, Гарыні і Сцвігі. Гэты раён Прыпяцкага Палесся быў адкрыты для непасрэднага культурнага ўздзеяння з паўднёвага захаду і поўдня, а высокаўрадлівыя перагнойна-карбанатныя глебы асабліва прыцягвалі земляробчае насельніцтва.
На поўначы Палесся вылучаецца паўночнапалеская група паселішчаў тыпу Азярное-1 (Любанскі раён). У параўнанні з турава-маэырскім рэгіёнам тут мацней праяўляліся раннябронзавыя і нават познанеалітычныя традыцыі, а таксама адчуваліся ўплывы з поўначы. Гэта, мабыць, было часткова абумоўлена і адасобленасцю ад узбярэжжаў Прыпяці забалочанымі і малазаселенымі нізінамі паміж нізоўямі Пцічы і Ясельды.
Паводле даследаванняў, праведзеных на Паўночным Палессі, дапускаецца, што людзі перыядычна і параўнальна часта мянялі свае месцапасяленні. Падобнае назіраецца таксама на Панямонні і Верхнім Падняпроўі. Такі характар пасяленства можа быць сведчаннем пераважна жывёлагадоўчага кірунку гаспадаркі мясцовага насельніцтва. Пацвярджэннем гэтаму могуць служыць вынікі паліналагічных даследаванняў, праведзеных Г.Сімаковай на тарфяніку побач з паселішчам Азярное-1. Тут у адкладах, якія датуюцца 2000-500 гг. да н.э., выяўлены пылок раслін, які сведчыць пра існаванне жывёлагадоўлі. Пылок жа культурных раслін і спадарожнага ім пустазелля адзначаны толькі для канца эпохі бронзы - пачатку жалезнага веку.
Заходняе Палессе і Верхняе Панямонне былі памежжам плямён усходнетшцінецкай і заходнетшцінецкай культур. На поўнач жа ад Палесся іх уплыў значна слабеў, а наяўныя некаторыя тшцінецка-сосніцкія элементы ў кераміцы хутчэй за ўсё з'явіліся ў выніку перайманняў.
Большасць даследчыкаў тшцінецка-сосніцкай супольнасці лічыць, што яна сфарміравалася на аснове груп раннябронзавага насельніцтва са шнуравой керамікай, у фарміраванні культуры якога прынялі актыўны ўдзел нашчадкі познанеалітычных абарыгенаў з грабеньчата-накольчатай керамікай, а таксама носьбіты культуры шарападобных амфар. Не выключана, што ва Усходнім Палессі на фарміраванне сосніцкай групы маглі паўплываць мігранты з поўдня культуры шматвалікавай керамікі (другая палова XVII - XV ст. да н.э.), якія эпізадычна пранікалі на тэрыторыю сучаснай Гомельшчьшы.
Аднак дыскусійнай застаецца праблема характару ўзнікнення "Тшцінца" і форм яго існавання. На думку адных даследчыкаў, тшцінецка-камароўска-сосніцкая агульнасць уяўляла сабой цыкл культур з цэлым шэрагам тоесных адзнак. Паводле меркаванняў іншых вучоных, стык Усходняй і Заходняй Еўропы ад нізін басейна Віслы да лясных і лесастэпавых зон правабярэжжа Дняпра ў неаліце становіцца нестабільнай "супольнасцю памежжа". У ёй ідзе працэс цыркуляцыі рознакультурных груп насельніцтва, якія ў выніку працяглых і ўзаемных кантактаў і ўплываў зблізіліся адзін да другога, утвараючы "Тшцінец"-гарызонт агульна сходных і параўнаўча адначасовых комплексаў.
Існуюць і іншыя погляды на "тшцінецкі гарызонт". Напрыклад, мяркуецца, што асноўныя тшцінецкія элементы першапачаткова з'явіліся на тэрыторыі сярэднееўрапейскіх нізін, ідэя якіх у выглядзе адмысловага "пакета адзнак" распаўсюдзілася па восі захад-усход у асяроддзі рознакультурных праяў, якіх аб'ядноўваў па сутнасці неалітычны ўклад жыцця. Верагодна, пазней "тшцінецкі гарызонт" у некаторых рэгіёнах ператвараецца ў стабільныя культурныя згрупаванні, такія, як лужыцкая культура.
Насельніцтва Беларусі на завяршальным этапе бронзавага веку.
Перыяд позняй бронзы - адзін з самых загадкавых і маладаследаваных этапаў нашай першабытнай гісторыі і ў асноўным з-за малавядомасці старажытнасцей гэтага часу.
Пакуль што цяжка адказаць на пытанне, якімі былі лёс тшцінецка-сосніцкай супольнасці на тэрыторыі Беларусі і роля згаданага насельніцтваў працэсе ўзнікнення некаторых культур эпохі ранняга жалеза Паводле даных І.Арцёменкі, сосніцкая група на завяршальным этапе бронзавага веку перажывала свой позні этап (XI-IX стст. да н.э.) і з'явілася асновай для складвання падняпроўскіх культур эпохі жалеза С. Беразанская мяркуе, што на Падняпроўі і ў суседніх усходніх раёнах Палесся ў XI-ІХ/VIII стст. да н.э. на аснове сосніцкай групы і пад уплывам стэпавых культур узнікла самастойная лебядоўская культура, якая ўдзельнічала ў генезісе культур ранняга жалезнага веку.
На тэрыторыі Беларусі познасосніцка-лебядоўскія старажытнасці адкрыты на цэлым шэрагу помнікаў Верхняга Падняпроўя і Усходняга Палесся. Найперш гэта рэшткі кароткачасовых паселішчаў (Канатоп, Хільчыцы і інш.) з асобнымі знаходкамі абломкаў характэрнага посуду: гаршкоў цюльпанападобнай формы з вузкімі днамі і патоўшчанымі краямі венцаў, слоікаў з нярэдка патоўшчанымі венцамі і інш. Кераміка часта аздаблялася ямкамі пад краем венца.
Курганныя пахаванні познасосніцка-лебядоўскага тыпу раскопваліся каля в.Прыбар (Гомельскі раён). Рэшткі спаленых нябожчыкаў, найперш фрагменты крэміраваных касцей, змяшчаліся на ўзроўні старажытнай паверхні або ў невялікай ямцы. Побач сустракаюцца абломкі характэрных пасудзін, крамянёвыя вырабы. У адно з пахаванняў былі пакладзены і каменныя зерняцёркі. Над пахаваннямі ўзводзіліся пясчаныя насыпы, якія за мінулы час ператварыліся ў расплывістыя нізкія курганы. На Прыбарскім могільніку сустракаюцца курганы, якія, верагодна, оылі насыпаны над раннемілаградскімі пахаваннямі ў прамежку часу ад IX да VII ст. да н.э.
Лёс тшцінецка-сосніцкага насельніцтва на захадзе Палесся і ў Панямонні застаецца невядомым. Не выключана, што і тут яго нашчадкі маглі нейкім чынам удзельнічаць у фарміраванні мясцовых супольнасцей эпохі жалеза.
У канцы бронзавага веку, паводле даных А.Мітрафанава, скончылася складванне супольнасці плямён культуры штрыхаванай керамікі, якія ў жалезным веку займалі значную частку Беларусі і большасцю даследчыкаў атаясамліваюцца з раннябалцкім этнасам. На думку М.Чарняўскага, у позні перыяд бронзавага веку на Беларускім Панямонні ўжо існавалі паселішчы з ранняй штрыхаванай керамікай (Латышы Дзятлаўскага, Ваўкелі Лідскага раёнаў і інш.). Штрыхаваны посуд канца эпохі бронзы адзначаецца таксама на Беларускім Паазер'і (Дубавое, Сцюдзяніца, Скема-1, Рыбкі Мядзельскага, Лаўкі Чашніцкага раёнаў). У канцы 2-га тысячагоддзя да н.э. на некаторых паселішчах Паазер'я (Крывіна-1,2 Сенненскага, Сцюдзяніца Мядзельскага раёнаў) распаўсюджваецца так званая тэкстыльная кераміка, надзвычай характэрная ў гэты час для насельніцтва, што рассялілася ад нізоўяў Камы і Акі да Усходняй Прыбалтыкі.
У VIII-VII стст. да н.э. на Віцебшчыне пачынаюць з'яўляцца раннія паселішчы насельніцтва днепра-дзвінскай культуры, якое мела аўтахтоннае паходжанне і таксама атаясамліваецца з пэўнай групай усходнябалцкіх плямён. Паводле меркаванняў В.Шадыры, днепра-дзвінская культура ў VIII-V стст. да н.э. перажыла свой першы этап, калі яе носьбіты жылі на слаба ўмацаваных або нават неўмацаваных паселішчах, яшчэ не карысталіся жалезам, а па-ранейшаму ўжывалі вырабы з каменю, косці, рога, ляпілі посуд слоікападобнай формы, актыўна займаліся не столькі лядным земляробствам, як жывёлагадоўляй, паляваннем і рыбалоўствам.
Насельніцтва Беларусі ў познабронзавы час значна шырэй, чым ў папярэднія стагоддзі, было знаёма з бронзавымі вырабамі. Найбольшай увагі сярод іх заслугоўваюць утульчатыя сякеры, так званыя кельты, у тым ліку і меларскага тыпу, якія выкарыстоўваліся і ў пачатку эпохі жалеза. Больш за 10 іх знойдзена ў Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі. Аналогіі ім вядомы ў Скандынавіі, Ютландыі, Усходняй Прыбалтыцы, цэнтральных раёнах Расіі. Крыніцай сыравіны для некаторых з іх маглі быць радовішчы Цэнтральнай Еўропы. Мелі пашырэнне некаторыя іншыя бронзавыя вырабы, якія ўжываліся ў гэты ж час насельніцтвам Літвы, Латвіі, Польшчы, у тым ліку і жыхарамі ранніх паселішчаў лужыцкай культуры.
М.Крывальцэвіч
Опубликовано 09 декабря 2010 года
Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Плямёны на тэрыторыі Беларусі ў сярэднім і познім перыядах бронзавага веку
подняться наверх ↑
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Предполагаемый источник
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1291903638 в базе LIBRARY.BY.
подняться наверх ↑
ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!
подняться наверх ↑
ОБРАТНО В РУБРИКУ?
Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.
Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций