Фарміраванне супольнасцей ранняга перыяду бронзавага веку на Беларусі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Фарміраванне супольнасцей ранняга перыяду бронзавага веку на Беларусі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by



Старажытныя індаеўрапейцы.
Насельніцтва культур шнуравой керамікі на Беларусі.
Плямёны Паазер'я ў раннябронзавы час.
Старажытныя індаеўрапейцы.

У 3-м тысячагоддзі да н.э. у Еўропе адбываюцца выключныя па сваім значэнні змены, важнейшым вынікам якіх стала з'яўленне на прасторах кантынента носьбітаў індаеўрапейскіх моў і складванне многіх еўрапейскіх супольнасцей, у тым ліку і тых, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў эпоху бронзы і ў наступныя часы.

У першапачатковай гісторыі індаеўрапейцаў яшчэ шмат нявысветленага. Спрэчкі навукоўцаў найбольш вядуцца вакол пошукаў іх першапачатковай лакалізацыі - аб "прарадзіме", а таксама аб вызначэнні шляхоў, часу і механізму распаўсюджання індаеўрапейскіх дыялектаў і іх носьбітаў. У пачатку асваення Еўропы індаеўрапейцы верагодней за ўсё займалі паўночнапрычарнаморскія і прыволжскія стэпы або нават і шырэйшую прастору, куды яны, па меркаванні некаторых даследчыкаў, трапілі з Паўднёвага Каўказа, Усходняй Анатоліі і Паўночнай Месапатаміі, дзе, магчыма, і знаходзілася ў 5 - 4-м тысячагоддзях да н.э. іх "прарадзіма".

Індаеўрапеізацыя нашага кантынента, верагодна, адбывалася шляхам пранікнення індаеўрапейскіх дыялектаў разам з нейкай часткай насельніцтва, якое змешвалася з мясцовымі этнічнымі групамі і перадавала ім з большым або меншым поспехам сваю гаворку.

Існуе даволі распаўсюджанае меркаванне, што першапачатковыя імпульсы індаеўрапейскага пранікнення ў Еўропу маглі зыходзіць найперш з асяроддзя стэпавай ямнай культурнай супольнасці. Аднак высвятляецца, што менавіта тэрыторыя ямнай супольнасці стала месцам абасаблення інда-іранскай дыялектнай групы, а таму "ямнікі" маглі толькі ўплываць на мясцовыя культуры Сярэдняй Еўропы.

Якім бы чынам ні адбываліся працэсы індаеўрапеізацыі, зараз амаль не выклікае сумненняў, што ў 2-м тысячагоддзі да н.э. большасць Еўропы ўжо была заселена насельніцтвам, якое размаўляла на індаеўрапейскіх мовах.

З адным з этапаў індаеўрапеізацыі значных прастораў Сярэдняй і Усходняй Еўропы звязваюць распаўсюджванне культур шнуравой керамікі, найбольш раннія праявы чаго заўважаюцца яшчэ ў 3-м тысячагоддзі да н.э. У канцы 3-га-першай палове 2-га тысячагоддзя да н.э. у перыяд свайго найбольшага пашырэння носьбіты "шнуравых" і вытворных з іх "эпішнуравых" культур асвоілі прасторы ад Рэйна на захадзе да Волгі на ўсходзе і ад Фінляндыі на поўначы да Сярэдняга Падняпроўя і Карпат на поўдні. Першапачатковыя этапы гісторыі шнуравікоў звязваюць з так званым "агульнаеўрапейскім гарызонтам", матэрыяльныя сведчанні якога сустракаюцца пры вывучэнні тагачасных паселішчаў і могільнікаў пераважна Сярэдняй Еўропы.

"Агульнаеўрапейскі гарызонт", на думку некаторых даследчыкаў, мог утварыцца ў выніку вельмі хуткага распаўсюджання пэўных груп насельніцтва са старажытнымі "шнуравымі рысамі. Культуры пазнейшых шнуравікоў,паводле меркавання большасці навукоўцаў, сфарміраваліся ў выніку вельмі складаных працэсаў (акультурацыі, асіміляцыі, інфільтрацыі і інш.) з удзелам як нашчадкаў "агульнаеўрапейскага гарызонту, так і мясцовых груп насельніцтва і адзначаюцца на вялікіх прасторах Сярэдняй і Усходняй Ёуропы, у тым ліку і на Беларусі.

Насельніцтва культур шнуравой керамікі на Беларусі.

З'яўленне груп насельніцтва са шнуравой керамікай на тэрыторыі Беларусі, верагодна, было адной з істотнейшых падзей індаеўрапеізацыі нашага краю. Якія ж шнуравікі праніклі ў межы Беларусі-звязаныя з культурай "агульнаеўрапейскага гарызонту" або іх пазнейшыя нашчадкі "эпішнуравікі"? Паводле даследаванняў літоўскага навукоўца Р.Рымантэне, носьбіты "агульнаеўрапейскага гарызонту" мелі дачыненне да фарміравання прыморскай супольнасці са шнуравой керамікай ва Усходняй Прыбалтыцы. Вельмі верагодна, што яна ў сваю чаргу пашыралася і на заходнія раёны Беларусі, у прыватнасці на Панямонне, а таксама ўплывала на генезіс плямён паўночнабеларускай культуры.

Цяжэй пакуль вызначыць, як складвалася супольнасць плямён падняпроўскай шнуравой керамікі, культуру якіх называюць сярэднедняпроўскай.

Па меркаванні Я.Махніка, актыўнаму распаўсюджванню ранніх шнуравікоў ва ўсходнім кірунку перашкаджалі групоўкі насельніцтва культуры шарападобных амфар. Таму генезіс раннябронзавай супольнасці Верхняга і Сярэдняга Падняпроўя мог адбыцца ў “познашнуравым” асяроддзі пры значным удзеле ўсходніх груп культуры шарападобных амфар, пры ўплыве стэпавых культур і адначасова з вялікай роллю ў яе фарміраванні мясцовага познанеалітычнага насельніцтва.

Паводле заключэння I. Арцёменкі, першапачаткова сярэднедняпроўская супольнасць шнуравікоў пачала фарміравацца на невялікай тэрыторыі правабярэжжа Сярэдняга Падняпроўя. Гэты самы ранні этап яе існавання займаў XXVI-XXIV стст. да н.э. На сярэднім этапе (XXIV-XVIII стст. да н.э) сярэднедняпроўцы рассяліліся на левабярэжжа Сярэдняга Дняпра, на Дзясну, Прыпяць, Верхняе Падняпроўе. Адначасова адбываецца працэс асіміляцыі мясцовага насельніцтва, вынік чаго выразна праяўляецца на познім этапе (XVIII-XV стст. да нэ.).

На тэрыторыі Беларусі плямёны сярэднедняпроўскай культуры распаўсюджваліся па Верхнім Падняпроўі, у Прыпяцкім Палессі, верагодна, пры гэтым пашыраючы свой уплыў на суседнія рэгіёны Верхняга Панямоння і Пінскага Загароддзя. На Беларусі паселішчы і пахаванні сярэднедняпроўцаў адносяцца да сярэдняга і позняга этапаў развіцця іх культуры.

Насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры звычайна сялілася на пясчаных пагорках сярод рачных і азёрных паплавоў, на краях рачных тэрас. Тут яно ўзводзіла (Ксяндзова Гара Быхаўскага, Завалле Рагачоўскага, Лоша-1 Кармянскага, Азярное-1 Любанскага раёнаў) наземнае жытло слупавой канструкцыі з агнішчамі ў ямах, часам абкладзеных камянямі. Побач сустракаюцца і рэшткі гаспадарчых ям. Мясцовыя жыхары ўжывалі кухонны і сталовы ляпны посуд: вялікія пласкадонныя пасудзіны з адагнутымі прамымі гарлавінамі, танкасценнае начынне з прамымі венцамі або ў выглядзе слоікаў, звонападобнай і біканічнай форм, а таксама гаршкі з патаўшчэннямі-каўнерыкамі пад краем венца, чашы з плоскімі або акруглымі днамі. Посуд багата арнаментаваўся традыцыйнымі для сярэднедняпроўцаў радамі пракрэсленых трохвугольнікаў, ліній, насечак, адбіткамі шнура або палачкі з накручанай ніткай. На больш старажытных гліняных вырабах арнаменты ўтваралі аднудзве зоны, пазней распаўсюдзілася больш ускладненае шматзоннае аздабленне.

Жыхары паселішчаў таксама карысталіся крамянёвымі скрабкамі, нажамі, сякерамі, наканечнікамі стрэл, коп'яў, каменнымі свідраванымі сякерамі, зерняцёркамі, адбойнікамі, вырабамі з косці. Вядомы ім былі і металічныя вырабы - найперш зброя і ўпрыгожанні.

Знойдзены і могільнікі, якія адносяцца да сярэднедняпроўскай культуры (Ходасавічы Рагачоўскага, урочышча Страліца каля Рудні Шлягінай Веткаўскага, Сябровічы Чачэрскага раёнаў).

На месцы пахаванняў звычайна распальвалі вогнішчы, мабыць, каб ачысціць іх магічнай сілай агню. Затым выкопвалі ямы даволі рознай арыентацыі, дно якіх пасыпалі вуголлем або попелам, пакрывалі падсцілкай. На падсцілку нябожчыкаў клалі ў скурчаным стане. Аднак у некаторых выпадках змяшчалі і спаленыя рэшткі памерлага. Пахавальныя ямы перакрываліся драўлянымі плашчакамі, зрэдку яны мелі павеці або агароджы. Затым над магіламі насыпалі курганы, якія абкопваліся раўкамі, часам абносіліся агароджай.

Аднак найчасцей сярэднедняпроўцы хавалі памерлых на бескурганных могільніках, пры гэтым па абрадзе як трупаспалення-крэмацыі, так і трупапалажэння-інгумацыі. Нябожчыка.клалі бокам у скурчаным стане, зрэдку на спіне. Некаторыя магілы або іх групы мелі драўляныя агароджы, часам аддзяляліся ад астатняга могільніку раўкамі.

Памерлым клалі разнастайныя падарункі: гліняны посуд, каменныя, крамянёвыя, металічныя вырабы, упрыгожанні і іншыя рэчы з косці, бурштыну, фаянсу. Пры гэтым посуд з магіл звычайна адрозніваўся ад кухоннага і сталовага некаторымі тэхналагічнымі, арнаментальнымі і марфалагічнымі асаблівасцямі. Найчасцей гэта былі гаршкі, амфары, кубкі. Пахавальныя гаршкі пераважна мелі акруглае ці плоскае дно, высокія або кароткія гарлавіны і акруглае тулава. Зрэдку ў пахаванне ставілі гаршкі складанага (5-падобнага) профілю з плоскімі днамі, а таксама кубкі - невялікія, з акруглым тулавам і высокай гарлавінай пасудзіны цыліндрычнай або звонападобнай формы. Жыхары Сярэдняга Падняпроўя і Падзясення таксама змяшчалі ў магілы біканічныя або з выцягнутаакруглым тулавам амфары.

Акрамя керамікі ў пахаваннях маглі быць крамянёвыя нажы, лукі са стрэламі, коп'і або дроцікі з крамянёвымі наканечнікамі, крамянёвыя шліфаваныя сякеры. Звычайна памерлым клалі каменныя шліфаваныя сякеры са свідраванымі адтулінамі, а часам іншыя каменныя рэчы: шліфавальныя пліткі, булавы, матыкі, зерняцёркі, адбойнікі, грузілы і інш.

У некаторых выпадках на целе і вопратцы нябожчыкаў меліся розныя ўпрыгожанні: бурштынавыя падвескі, касцяныя пацеркі, каралі з ваўчыных і аленевых зубоў, медныя акулярападобныя падвескі і скроневыя кольцы, трубчастыя пранізкі, бранзалеты, грыўні і дыядэмы. Памерлым, якія пры жыцці займалі высокае сацыяльнае становішча, клалі медныя і бронзавыя прылады працы і зброю - нажы, шылы, сякеры, коп'і з металічнымі наканечнікамі.

Вельмі распаўсюджаным быў звычай змяшчаць у пахаванні ахвярных жывёлін або іх часткі.

Знамянальна, што на могільніках побач з надзвычай багатымі на рэчы пахаваннямі сустракаліся і безынвентарныя магілы.

Насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. Гадавалі кароў, авечак і коз, свіней, коней. Значная роля належала паляванню, рыбалоўству і збіральніцтву.

Сярэднедняпроўскае грамадства мела прыкметы структурнага падзелу, найперш па палавой і ўзроставай адзнаках. Назіраюцца адрозненні ў наборы пахавальных падарункаў, выбары месца для магілы, прызначанай для мужчыны, жанчыны або дзіцяці. Некаторыя мужчынскія пахаванні ўтрымлівалі багатыя наборы металічнай зброі, адмысловыя ўпрыгожанні, рэдкія прывазныя рэчы. Магчыма, такія нябожчыкі пры жыцці мелі высокі сацыяльны статус, асаблівыя вайсковыя абавязкі, што дазваляе канстатаваць развіццё патрыярхальных адносін. Асобныя ж пахаванні мужчын утрымлівалі самыя дасканалыя па тых часах, а значыць, вельмі дарагія наборы зброі (металічныя сякеры, коп'і), што можа сведчыць пра асабліва значную ролю, якую яны адыгрывалі ў грамадстве пры жыцці.

Верагодна, такія змены ў грамадскай структуры ў пэўнай ступені маглі адбывацца не толькі ў выніку ўнутранага сацыяльнага развіцця, але і пад уздзеяннем паўднёвых суседзяў, напрыклад супольнасці катакомбнай культуры.

Большасць металічных рэчаў або сыравіну для іх вырабу сярэднедняпроўцы праз пасрэднікаў атрымлівалі з Балкана-Карпацкага і Каўказскага металургічных цэнтраў. Верагодна, мясцовае насельніцтва і само валодала сакрэтамі металаапрацоўкі, на што ўказваюць некаторыя непаўторныя па сваёй форме рэчы, а таксама знаходкі са сплаваў, у якіх прысутнічаюць металы з аддаленых між сабой рэгіёнаў.

Пра развітыя абменныя сувязі сведчаць не толькі прывазныя металічныя вырабы, але і ўпрыгожанні з бурштыну, фаянсавая шматсегментная пацерка. Бурштынавыя рэчы маглі трапіць на Верхняе Падняпроўе ад плямён Прыбалтыкі па дзвінскаму шляху. Вытворчасць фаянсавых пацерак у той час ужо існавала ў Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе.

Сярод насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры былі шырока распаўсюджаны культы агню і сонца, пра што сведчаць пахавальныя абрады крэмацыі, звычаі абпальвання месца пахавання і ўзвядзення курганных насыпаў, з'яўленне якіх, верагодна, адлюстроўвала ўяўленні пра сувязь зямнога жыцця з нябесным. Пашыраюцца анімістычныя вераванні, у якіх вялікае значэнне надаецца культу продкаў. Шмат увагі надаецца пахавальнай абраднасці. Могільнікі маглі функцыяніраваць на працягу некалькіх стагоддзяў, з'яўляючыся месЦам апошняга спачыну не аднаго пакалення суродзічаў. Магчыма, культавае значэнне набываюць каменныя свідраваныя сякеры як неад'емны атрыбут і сімвал мужчыны-воіна. У пашане застаюцца некаторыя татэмныя жывёлы, пра што сведчаць, напрыклад, знаходкі ў пахаваннях звяроў або іх зубоў.

Праблемы ўзнікнення і распаўсюджання супольнасці сярэднедняп-роўскай культуры застаюцца і да сённяшняга дня дыскусійнымі. Яе асноўны даследчык І.Арцёменка лічыў, што культура пачала складвацца на мясцовай аснове ў выніку складанага працэсу, у якім удзельнічалі носьбіты старажытнаямнай, сярэднястогаўскай і познатрыпольскай культур. Аднак гэта меркаванне выклікае пярэчанні шэрагу навукоўцаў.

На познім этапе развіцця ў культуры сярэднедняпроўцаў праявіліся вынікі асіміляцыі імі мясцовага неалітычнага насельніцтва. У яе складзе таксама выяўляецца прысутнасць кампанентаў культур шарападобных амфар і катакомбнай, вылучаецца і прыпяцкі варыянт.

У раннябронзавы час Заходняе Палесее і Панямонне займалі плямёны іншых культур са шнуравой керамікай. Асобныя групы шнуравікоў траплялі і на Падзвінне.

Адмысловая група насельніцтва са шнуравой керамікай займала Заходняе Палессе. Мясцовая група шнуравікоў вылучалася багата аздобленым керамічным посудам, выраб якога засноўваўся на спалучэнні традыцый не толькі сярэд'нееўрапейскага шнуравога гарызонту, але і культуры шарападобных амфар і мясцовага насельніцтва нёманскай культуры. Паселішчы іх размяшчаліся на пясчаных узвышшах сярод забалочаных паплавоў, дзе, верагодна, узводз'іліся паўзямлянкавыя жылыя збудаванні.

Паходжанне і развіццё шнуравікоў Панямоння, відаць, былі цесна звязаны не толькі з прыбалтыйскім насельніцтвам прыморскай культуры, але і з мясцовай нёманскай культурай. Тутэйшае насельніцтва раннябронзавага часу хавала сваіх памерлых на бескурганных могільніках. У пахавальныя ямы змяшчалі цела нябожчыка або яго спаленыя рэшткі, посуд з высокімі" шыйкамі, арнаментаваны адбіткамі шнура, лінейнага штампа, пракрэсленымі рысамі. У магілу часта клалі каменныя свідраваныя сякеры, крамянёвыя і касцяныя вырабы. Панёманскія шнуравікі працягвалі шахтавую здабычу крэменю на вядомым Краснасельскім радовішчы. На дне аднаго з шахтавых калодзежаў выяўлена скурчанае пахаванне старажытнага шахцёра з тыповым для культуры шнуравой керамікі гаршком і касцяной іголкай.

Плямёны Паазер'я ў раннябронзавы час.

Тыповы прыклад радыкальных этнакультурных змен, якія распачаліся ў самым канцы неаліту на ўсёй тэрыторыі Беларусі і былі звязаны з пранікненнем груп носьбітаў культур шарападобных амфар, а затым і плямён культур шнуравой керамікі, - лёс жыхароў Беларускага Паазер'я.

Як ужо вядома, гэты рэгіён Беларусі ў канцы неаліту займала насельніцтва познанарвенскай культўры, аднак у пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э., а можа, і некалькі раней сюды пачынаюць перасяляцца з Падняпроўя групы мігрантаў, што адступалі пад націскам ваяўнічых шнуравікоў. Яны прынеслі ў азёрны край некаторыя свае традыцыі, што найперш праявілася ў вырабе характэрнай керамікі. Неўзабаве на Паазер'е пранікаюць і самі носьбіты культур шнуравой керамікі як з Падняпроўя, так і з боку Прыбалтыкі. З імі ж сюды трапляюць і пэўныя элементы культуры шарападобнікаў. У выніку адбыўся сінтэз некалькіх этнакультурных кампанентаў - мясцовага познанарвенскага і прышлых, у выніку чаго тут сфарміравалася надзвычай самабытная паўночнабеларуская культура, што ўвабрала ў сябе самыя разнародныя пачаткі, стала мастом паміж эпохамі - познакаменным і раннябронзавым вякамі, паміж старажытнымі цывілізацыйнымі зонамі: цэнтральнаеўрапейскай - земляробаў і жывёлаводаў і лясной - паляўнічых, рыбаловаў і збіральнікаў.

Плямёны паўночнабеларускай культуры з самага пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э. і да яго другой паловы займалі амаль усё Беларускае Паазер'е ажно да Нарачанскіх азёр на захадзе, поўдзень Пскоўшчыны і паўночны захад Смаленшчыны. Асобныя іх паселішчы сустракаліся нават на вярхоўях дняпроўскай Бярэзіны і Друці, г.зн. выходзілі на Падняпррўе.

Паўночнабеларуская культура прадстаўлена пераважна стаянкамі, часткова асобнымі выпадковымі знаходкамі, верагодных яе могільнікаў пакуль не выяўлена. Мясцовае насельніцтва найбольш ахвотна сялілася на невысокіх пясчаных узбярэжжах азёр пры вусцях або вытоках невялікіх рэк. Вядомы таксама стаянкі на астравах і пясчаных узвышэннях паплавоў. Заўважана, што людзей прыцягвала памежжа розных глеб, лясоў з адменным відавым складам. У такіх месцах быў значна багацейшы выбар фауны і флоры, а значыць, і багацейшыя запасы неабходнай чалавеку спажывы.

Найбольш значныя паселішчы насельніцтва паўночнабеларускай культуры выяўлены на Крывінскім тарфяніку на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў, гэта стаянкі Крывіна-1,2,3, Асавец -2,5.

Жыхары крывінскіх стаянак будавалі наземнае жытло выцягнутай формы з двухсхільным дахам. Ад яго захаваліся ніжнія завостраныя часткі жэрдак, абкораных і з карой, якія былі пераважна нахільна ўвагнаныя ў мацярык або торф. У цэнтры жытла па падоўжнай восі размяшчаліся моцна заглыбленыя ў мацярык вертыкальныя завостраныя слупы з развілкамі-расохамі наверсе. Відавочна, што на расохі мацавалася гарызантальная кладзь, якая і трымала каркас даху. Пры раскопках стаянкі Крывіна-1 выяўлена, . што жытло было выцягнутапрамавугольным у плане. Яно магло накрывацца трыснягом, рэшткаў якога шмат траплялася пры раскопках. У інтэр'ер жытла ўваходзілі і нейкія элементы з расшчэпленых хваёвых дошак. Часам дошкі былі акуратна абчасаны з двух бакоў.

У жыллёвых збудаваннях на Асаўцы-2 знаходзіліся адкрытыя агнішчы, аснову якіх складалі пласты пяску на вымастках з яловай кары. Так было найбольш пажарабяспечна ва ўмовах тарфяніку. У агнішчах захаваліся скапленні попелу і вуголля, аднак каменных выкладак не знойдзена. Падобныя аб'екты з камянямі сустрэты ў самым версе напластаванняў, калі жыццё да стаянках Крывінскага тарфяніку набліжалася да завяршэння.

Лічыцца, што насельніцтва тарфянікавых стаянак паўночнабеларускай культуры на поўдні Пскоўшчыны ладзіла сваё жытло на палях. Аднак на Крывінскіх паселішчах, пры наяўнасці шматлікіх драўнінных рэшткаў, усё ж дастатковых сведчанняў існавання палевых канструкцый не выяўлена.

Беларуская поўнач бедная на крамянёвыя запасы, таму гэта сыравіна трапляла да мясцовых людзей пераважна з суседніх тэрыторый, часам нават далёкіх - не толькі з вярхоўяў Віліі або Нёмана, але і з Пасожжа і вярхоўяў Волгі. Крэмень бераглі і выкарыстоўвалі эканомна. Ды і саміх крамянёвых вырабаў на стаянках паўночнабеларускай культуры, калі параўнаць, напрыклад, з Панямоннем, мала Паазерцы ўзбройвалі свае стрэлы і коп'і лістападобнымі наканечнікамі, мелі крамянёвыя кінжалы, нажы, праколкі.

Крэмнеапрацоўка вялася пераважна ў ранейшых неалітычных традыцыях. Аднак у ёй ужо праяўлялася і тое новае, што было характэрна для бронзавага веку - струменістая рэтуш, шліфаванне. Адначасова з мясцовымі неалітычнымі тыпамі наканечнікаў стрэл усё часцей выкарыстоўвалі трохвугольныя вастрыі, у тым ліку з шыпамі паабапал увагнутай асновы.

Мясцовае насельніцтва было знаёма і з каменнымі сякерамі, долатамі і цёсламі. З каменю былі таксама розныя паліравальныя пліты, некаторыя грузілы для рыбалоўных прыстасаванняў.

Недахоп крамянёвай сыравіны паспяхова кампенсаваўся рогам і косцю. З гэтых матэрыялаў вырабляліся самыя разнастайныя рэчы - паляўнічая зброя (наканечнікі стрэл, кінжалы), рыбацкія прыстасаванні (кручкі і гарпуны), інструменты штодзённага ўжытку (сякеры, цёслы, долаты, шылы і іголкі, скрабкі для апрацоўкі скуры, рэтушоры для працы па крэменю, інструменты для апрацоўкі паверхні гліняных гаршкоў, лыжкі і г.д.).

Шырока выкарыстоўвалася і дрэва, з якога рабілі міскі, днішкі для расколвання арэхаў, муфты для насаджвання сякер, розныя побытавыя рэчы, а таксама чоўны і дошкі. У Асаўцы-2 нават знойдзена драўлянае кап'ё з адмыслова выразаным вастрыём.

У карыстанні жыхароў Паазер'я быў гліняны посуд значна больш разнастайны па формах і памерах, чым у папярэднюю эпоху. Найбольш распаўсюджанымі былі вялікія гаршкі са зведзеным верхам і вострым дном. Яны ляпіліся з гліны, у якую па-ранейшаму дабаўляліся тоўчаныя ракавіны, аднак паверхня керамікі была не гладкая, як раней, а спрэс заштрыхаваная. Пачаў выкарыстоўвацца і пласкадонны посуд, асабліва ў пазнейшы час. Амаль усе гэтыя гаршкі, міскі, кубкі, у тым ліку і зусім мініяцюрныя, шчыльна, па ўсёй паверхні, аздабляліся насечкамі, адбіткамі тонкага грэбеня, ямкавымі і накольчатымі элементамі, адбіткамі тарца лапаткі - лінейным штампам. Быў вядомы і шнуравы арнамент. Некаторыя вырабы аздабляліся толькі ў верхняй частцы, у чым цалкам праявіліся ўплывы традыцыі культур шарападобных амфар і шнуравой керамікі. Часам узоры на посудзе былі асабліва складанымі і адмысловымі і зашыфроўвалі нейкія магічныя паняцці. Характэрна, што гліняны посуд быў розным па прызначэнні - сталовым, кухонным, а таксама выкарыстоўваўся як начынне для захавання прадуктаў. Кухонныя гаршкі мелі нагар.

Жыхары паселішчаў паўночнабеларускай культуры карысталіся адмыслова арнаментаваным посудам, любілі ўпрыгожыць сваю вопратку рознымі аздобамі, у тым ліку і з бурштыну, валодалі высокімі мастацкімі здольнасцямі. Сведчанні гэтага - творы першабытнага мастацтва, сярод якіх сапраўднымі шэдэўрамі з'яўляюцца касцяныя статуэткі звяроў, птушак і асабліва чалавека. У Асаўцы-2 знойдзены і музыкальныя, падобныя да жалейкі інструменты з трубчастых костак буйных птушак.

Заляганне рэшткаў шэрагу паселішчаў паўночнабеларускай культуры пад торфам садзейнічала добрай захаванасці арганікі. Па гэтай прычыне тут мы маем, як нідзе на Беларусі, мноства рэчавых доказаў характару і асаблівасцей гаспадарчых заняткаў тагачаснага чалавека.

Асноўную ўвагу ў паўсядзённым жыцці мясцовае насельніцтва ўдзяляла традыцыйным неалітычным заняткам - паляванню, рыбалоўству і збіральніцтву. Гэтаму самым спрыяльным чынам садзейнічала акаляючае асяроддзе - лясы, шматлікія азёры, густая рачная сетка, неабсяжныя балоты. Аднак тут несумненна практыкаваліся і вытвараючыя формы гаспадарання - жывёлагадоўля і земляробства. I натуральна, што іх роля з цягам часу ўсё больш узрастала.

Каля сярэдзіны 2-га тысячагоддзя і ў трэцяй яго чвэрці, г. зн. у канцы існавання супольнасці плямён паўночнабеларускай культуры, мясцовае насельніцтва ўжо было знаёмае з некаторымі, хоць і нешматлікімі, меднымі і бронзавымі вырабамі. Так, на стаянцы каля Кастык Вілейскага раёна знойдзена плоская бронзавая сякера, а ў Асаўцы-2 - меднае шыла. У гэты ж час усё больш пачынае распаўсюджвацца пласкадонная гладкасценная, а таксама заштрыхаваная кераміка, якая к канцу бронзавага веку - у першых стагоддзях 1-га тысячагоддзя да н.э. стала дамінуючай.

Носьбіты паўночнабеларускай культуры валодалі складаным светапоглядам, у якім спалучаліся ўяўленні пра сябе і навакольны свет паляўнічых і збіральнікаў з уяўленнямі земляробаў і жывёлаводаў, дзе перакрыжоўвалася паляўнічая магія з рытуаламі, звязанымі з плоднасцю, моцай агню і нябеснымі свяціламі. Пра гэта сведчаць культавыя выявы ласёў, качак, змей, мужчын-паляўнічых і стылізаваныя фігуры ў арнаментах - трохвугольнікі, ромбы, крыжы ў сонцападобных акружнасцях, дугападобныя кампазіцыі з кропкавымі запаўненнямі, якія маглі выяўляць нябесную сферу і дождж.

Мясцовае насельніцтва паступова пераадольвала ізаляванасць жыхарства, прывязанага да канкрэтных азёрных мікрарэгіёнаў. Яно ўступала ў кантакты з блізкімі і далёкімі суседзямі - найперш шляхам абмену рэчамі, вытворчымі здабыткамі і асаблівасцямі ідэалогіі. Так, на наша Падзвінне трапляў бурштын з Прыбалтыкі, крэмень з Панямоння, Пасожжа і нават з Валдайскага ўзвышша, а медныя і бронзавыя вырабы, як вынікае, - з Сярэдняга Паволжа. У той жа час лішкі здабытага крэменю падзвінцы маглі перапраўляць ў Прыбалтыку, а бурштыну - на Падняпроўе. Мастацкі стыль пластычных і гравіраваных выяў, тыпы ўпрыгожанняў шмат чым блізкія аналагічным вырабам Паўднёва-Усходняй і Паўднёвай Прыбалтыкі і нават Падняпроўя. Тое ж можна гаварыць і пра рэчы, што адлюстроўваюць тагачасныя рэлігійныя вераванні. Такое значнае пашырэнне кантактаў, верагодна, найперш трэба звязваць з міграцыямі, якія ўзмацніліся ў канцы неаліту і ў пачатку бронзавага веку.

М.Крывальцэвіч, М.Чарняўскі

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Фарміраванне супольнасцей ранняга перыяду бронзавага веку на Беларусі

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.