Гаспадарчыя заняткі ў каменным веку на Беларусі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Гаспадарчыя заняткі ў каменным веку на Беларусі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by



Прысвойваючыя формы гаспадарання.
Зараджэнне земляробства і жывёлагадоўлі.
Здабыча і апрацоўка крамянёвай сыравіны, першабытныя шахцёры.
Апрацоўка арганічных рэчываў. Выраб глінянага посуду.
Прысвойваючыя формы гаспадарання.

Старажытныя людзі ў выкарыстанні прыроднага асяроддзя мала адышлі ад сваіх жывёльных продкаў. Новым у гэтым занятку напачатку стала бадай што толькі ўжыванне прылад.

Мяркуючы па форме зубоў, першыя чалавекападобныя істоты - аўстралапітэкі - хутчэй за ўсё былі ўсёеднымі. Няма таксама сумнення ў тым, што неандэртальцы, якія, магчыма, самымі першымі пачалі пранікаць на тэрыторыю Беларусі, ужо здабывалі сабе ежу паляваннем і збіральніцтвам.

Значна больш маецца сведчанняў гаспадарчых заняткаў краманьёнскіх насельнікаў Юравіцкай і Бердыжскай познапалеалітычных стаянак. Мяркуючы па рэштках касцей, што захаваліся на гэтых помніках, палявалі амаль на ўсё, што складала навакольную фауну і магло даць мяса, скуру, тлушч і косці. Найбольш спажывы прыносіла паляванне на мамантаў. Акрамя мяса ад іх атрымлівалі косці для паліва і будаўніцтва жытла. Жытло маглі накрываць і кавалкамі мамантавых скур. Палявалі таксама на валасатых насарогаў, паўночных і высакародных аленяў, мядзведзяў, зуброў, коней, казуль, ваўкоў, зайцаў і інш. Найперш для вопраткі выкарыстоўваліся скуры пушных звяроў - пясцоў, лісіц. З некаторых костак выраблялі і прылады, асабліва праколкі і іголкі, землекапалкі і інш.

Пераважная частка крамянёвых вырабаў першабытнага чалавека была зброяй або прыладамі для разбірання туш, апрацоўкі скур і касцей. Так, ручное рубіла служыла для бліжняга бою, сячэння і капання, востраканечнікі прымацоўвалі да коп'яў, якімі калолі або забівалі дзічыну на адлегласці, часам нават з дапамогай касцяной або драўлянай коп'екідалкі. Кінжалы і нажы служылі для рэзання мяса і скур, скрабкі - для апрацоўкі скур, разцы - для работы з косткамі. Паколькі вопратка была амаль выключна скураная, то пры яе сшыванні выкарыстоўвалі праколкі.

Памеры і паводзіны дзічыны шмат у чым вызначалі і паляўнічую стратэгію. Мабыць, першапачаткова найбольш эфектыўным спосабам здабычы буйной жывёлы была аблава, у тым ліку з выкарыстаннем агню, калі дзічыну гналі да абрываў, багністых месцаў, лоўчых ям. На драбнейшых жывёлін можна было паляваць і індывідуальна, у тым ліку з выкарыстаннем розных пастак.

Другой крыніцай забеспячэння палеалітычнага чалавека ежай было збіральніцтва, хоць рэчавы^ доказаў яго існавання існуе вельмі мала. Нават у лесатундры прыледавіковай зоны, асабліва каля рачных узбярэжжаў, раслі пералескі і хмызнякі, дзе можна было знайсці ядомыя расліны, ягадныя і грыбныя мясціны. Няма сумнення, што вясной шырока практыкаваўся збор птушыных яек. Маглі ўжывацца ў ежу і розныя малюскі і інш

Напэўна, пры магчымасці лавілі і рыбу, асабліва ў час яе нерасту. Але для гэтага, мусіць, яшчэ не былі вынайдзены адпаведныя прылады і прыстасаванні. Рыбу маглі калоць коп'ямі, глушыць доўбнямі, лавіць рукамі.

Асновай гаспадаркі фінальнапалеалітычнага чалавека заставалася паляванне. Яно давала яму ежу, вопратку, абутак, матэрыялы для вырабу прылад працы, будаўніцтва жытла. Са зменай прыроднага асяроддзя мянялася фауна, а адпаведна і характар палявання. Галоўным аб'ектам палявання становіцца паўночны алень. Мабыць, па гэтай прычыне, а таксама з распаўсюджаннем лука і стрэл старадаўняя загонна-аблаўная сістэма палявання паспяхова дапаўняецца высочваннем, праследаваннем і забіваннем дзічыны кап 'ём або стралой. Як сведчыць этнаграфія народаў, у культуры якіх да мінулага стагоддзя яшчэ захоўваліся першабытныя рысы, паколка паўночнага аленя праводзілася калектыўна восенню і вясной у час масавых перапраў праз водныя перашкоды. Для гэтага выкарыстоўвалі коп'і і гарпуны. Зімой і летам галоўным відам палявання станавілася індывідуальнае высочванне з забоем дзічыны стрэламі. Паўночных аленяў маглі здабываць і з дапамогай пастак ям, выкапаных у снезе і замаскіраваных, а таксама траншэй, дзе бездапаможная жывёліна станавілася лёгкай здабычай. Напэўна, лавілі дзічыну і петлямі, пастаўленымі на аленевых сцежках. Здабычай тагачаснага чалавека станавіліся і іншыя жывёлы, а таксама птушкі.

Паляванне на паўночных аленяў давала шмат мяса, таму не было сэнсу шмат часу аддаваць рыбалоўству. З-за беднасці расліннага свету ва ўмовах тундры няшмат спажывы магло даць чалавеку і збіральніцтва.

Асновай гаспадаркі мезалітычнага насельніцтва па-ранейшаму заставалася паляванне. Пры гэтым ва ўмовах лясной зоны яно вялося ў асноўным з дапамогай лука. Пра гэта найперш сведчыць тое, што на кожнай мезалітычнай стаянцы сустракаюцца пласціначныя наканечнікі стрэл. Розныя геаметрычныя мікраліты - трапецыі, трохвугольнікі і іншыя, а таксама ланцэтападобныя вастрыі таксама ў большасці з'яўляліся наканечнікамі. Мяркуючы па знаходках на тарфянікавых паселішчах суседніх краін, у мезаліце лукі майстравалі з цвёрдых парод дрэў - вяза, дуба, ціса Яны мелі засечкі на канцах для прывязвання цецівы, а пасярэдзіне - невялікае паглыбленне для рукі. Даўжыня лукаў рэдка перавышала 150-180 см. Стрэлы былі драўляныя, трысняговыя і, магчыма, касцяныя. Даўжыня іх разам з наканечнікам дасягала 70-90 см. На адным канцы рабілі выемку для ўпору на цеціву, на другі мацавалі наканечнік-крамянёвы, касцяны (рагавы) або драўляны. Былі стрэлы і больш прымітыўныя з суцэльнай драўлянай нарыхтоўкі, з якой выразаўся нават наканечнік. Эфектыўнай паляўнічай зброяй з'яўлялася і кап'ё.

Спосабы палявання на буйных жывёл у мезаліце былі разнастайныя. Найбольш часта ўжываўся гон - праследаванне адным або некалькімі паляўнічымі жывёліны да яе знясілення. Асабліва эфектыўным гэты спосаб быў па свежым снезе, тым больш з выкарыстаннем лыжаў.

Практыкавалася і высочванне, вядомаё яшчэ з палеаліту. Карыстаючыся маскай з рагамі, паляўнічы мог даволі блізка падабрацца да здабычы і забіць або раніць яе. Пра такі спосаб палявання сведчаць наскальныя малюнкі Францыі і Іспаніі, а таксама знаходкі саміх масак на стаянках Германіі і Вялікабрытаніі.

Ужываліся і розныя пасткі, з якіх, мабыць, найбольш распаўсюджанымі былі лоўчыя земляныя ямы з камянямі або вастракамі на дне.

Распаўсюджанай здабычай мезалітычнага чалавека была і драбнейшая лясная дзічына - зайцы, лісіцы, барсукі і іншыя, а таксама птушкі - качкі, гусі, цецерукі і інш. На іх палявалі пераважна лукамі. Несумненна, што выкарыстоўваліся таксама розныя петлі, сеткі і іншыя прыстасаванні. Не выклікае ў навукоўцаў сумненняў і тое, што мезалітычны чалавек на паляванні выкарыстоўваў свойскіх сабак.

Значную ролю ў сярэднекаменны час адыгрывала і рыбалоўства. Аб гэтым найперш сведчыць той факт, што менавіта ў мезаліце з'явіліся першыя спецыялізаваныя рыбалоўныя прылады - кручкі з лескай. Здабывалі рыбу таксама касцянымі гарпунамі і восцямі. У познамезалітычны час пачалі выкарыстоўваць сеткі, што значна павялічыла прадукцыйнасць рыбацкіх намаганняў, тым больш што з'явіліся і выдзеўбаныя з камля дрэва чоўны. У самым канцы эпохі ў вузкіх рачных месцах з калоў і жэрдак пачалі будаваць заколы, у якіх рыбу лавілі бучамі. Аналіз касцявых рэшткаў на тарфянікавых стаянках паказвае, што рыбакі найбольш спажывы атрымлівалі са здабычы шчупакоў.

Мяса складала аснову харчавання мезалітычнага чалавека. Яно ў некаторай ступені дапаўнялася расліннай ежай, якую атрымлівалі збіральніцтвам. Але менавіта збіральніцтва пачало займаць важнае месца ў тагачаснай гаспадарцы толькі пад канец эпохі.

Акрамя здабычы ежы ў лесе, на балоце або вадаёме чалавек каменнага веку меў шмат іншых клопатаў - апрацоўка скур і шыццё з іх вопраткі і абутку, будаўніцтва жылля, выраб рознага хатняга драўлянага начыння і найбольш майстраванне з крэменю, рога і косці, а таксама дрэва прылад працы і паляўнічай зброі.

У раннім неаліце яшчэ назіраўся росквіт прысвойваючай гаспадаркі - палявання, рыбацтва і збіральніцтва, але ў гэтых занятках к канцу эпохі пачалі адчувацца крызісныя з'явы ў сувязі з пагаршэннем клімату і празмерным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў шматлікім насельніцтвам. Для кампенсацыі недахопу харчу яно пачало шукаць альтэрнатывы, што прывяло да з'яўлення земляробства і жывёлагадоўлі.

Багатыя фауна і флора, якія квітнелі ва ўмовах цёплага і вільготнага клімату ў ранненеалітычны час, спрыялі далейшаму развіццю прысвойваючых форм гаспадаркі. Аб гэтым шмат сведчанняў на тагачасных помніках, асабліва калі на іх захаваліся арганічныя рэчывы. Так, ранненеалітычныя жыхары стаянак Крывінскага тарфяніка на Віцебшчыне найбольш палявалі на ласёў і дзікоў, здабывалі яны таксама мядзведзяў і баброў. Для вырабу футры забіваліся выдры. На захадзе Палесся ў наваколлі сучаснай вёскі Камень Пінскага раёна ў ранненеалітычны час палявалі ў асноўным на дзіка, лася і высакароднага аленя, баброў, зуброў. Мядзведзяў і казуль здабывалі менш.

Паляпшаецца паляўнічая зброя, наканечнікі стрэл і коп'яў набываюць больш дасканалыя формы і ахайна апрацоўваюцца рэтушшу. У месцах, бедных на крамянёвую сыравіну, шырока распаўсюдзіліся касцяныя і рагавыя наканечнікі стрэл і кінжалы.

У раннім неаліце асабліва на багатым азёрамі Падзвінні росквіту дасягнула і рыбная лоўля. Пра гэта сведчыць размяшчэнне тагачасных паселішчаў паблізу рыбных вадаёмаў, знаходкі на тарфянікавых помніках кручкоў, гарпуноў, грузілаў і паплаўкоў ад сетак, костак і лускі рыбы. Месцамі сустракаюцца фрагменты чоўнаў-дзяўбёнак і вёслаў. Для вырабу чоўнаў служылі крамянёвыя цёслы, колькасць якіх у неаліце значна ўзрастае. Найбольш сведчанняў рыбалоўства выяўлена на стаянках Крьшінскага тарфя-ніку на Віцебшчыне і на стаянцы Камень-8 у Пінскім раёне на Брэстчыне.

I ў неаліце сярод гаспадарчых заняткаў прыкметнае месца працягвала займаць збіральніцтва.

Зараджэнне земляробства і жывёлагадоўлі.

У неалітычную эпоху, асабліва ў яе пазнейшыя перыяды, старажытнае насельніцтва Беларусі пачало авалодваць значна больш прагрэсіўнымі ад прысвойваючых вытвараючымі формамі гаспадарання - земляробствам і жывёлагадоўляй.

Земляробства зарадзілася на Блізкім Усходзе вельмі даўно - каля 8- 7-га тысячагоддзяў да н.э., калі на Беларусі толькі ўсталёўвалася мезалітычнае грамадства. Праз пару тысячагоддзяў гэты занятак распаўсюдзіўся на паўднёва-ўсходні край Еўрапейскага кантынента. Потым ён пашырыўся на басейн Дуная, на поўдзень Польшчы і Украіны.

З земляробчай практыкай карэннае насельніцтва Украіны пазнаёмілася дзякуючы пашырэнню плямён дунайскай культуры з лінейна-стужкавай керамікай. У Сярэдняе Падняпроўе навыкі земляробства праніклі ў 4-м тысячагоддзі.да н.э. з плямёнамі трыпольскай культуры, якія аказалі непасрэднае ўздзеянне на днепра-данецкае насельніцтва. Яшчэ адзін імпульс пашырэння вытвараючай гаспадаркі ва Усходняй Еўропе ішоў ад супольнасці ямнай культуры, якая прасоўвалася на левабярэжжа Ніжняга і Сярэдняга Дняпра.

Амаль на кожным неалітычным паселішчы поўдня Беларусі знойдзены крамянёвыя сярпы і масіўныя жніўныя нажы. У старажытнай глебе каля паселішчаў новага каменнага веку выяўлены пылок акультураных злакаў. У познанеалітычных арнаментах з'яўляюцца адпаведныя фігуры - трох- і чатырохвугольнікі, ромбы, звязаныя з земляробчай культавай сімволікай.

Жывёлагадоўля зарадзілася і распаўсюджвалася прыкладна адначасова з земляробствам. Аднак асвойваць некаторых дзікіх жывёл пачалі ў розных месцах, у тым ліку і ў Еўропе. Самыя раннія рэшткі свойскай жывёлы, знойдзеныя на паселішчах днепра-данецкай культуры, датуюцца пачаткам 5-га тысячагоддзя да н.э. У познанеалітычны час на стаянцы нёманскай культуры Камень-2 на захадзе Палесся, а таксама на стаянцы Бур'яка на ўсходзе Палесся былі вядомы каровы, свінні, козы і авечкг, сабакі.

Носьбіты культуры шарападобных амфар, якія пад канец 3-га тысячагоддзя да н.э. пачалі пасяляцца на захадзе Беларусі, валодалі развітай жывёлагадоўляй. Мяркуючы па матэрыялах Краснасельскага могільніка, у іх статку знаходзілася буйная і дробная рагатая жывёла, свінні, коні.

Здабыча і апрацоўка крамянёвай сыравіны, першабытныя шахцёры.

У познім неаліце і асабліва ў наступную эпоху - у бронзавым веку з пашырэннем земляробства ўзнікла неабходнасць высечкі лясоў. Для гэтай мэты патрабавалася вялікая колькасць высакаякасных крамянёвых сякер.

Крэменю, што залягае на паверхні, даволі шмат у Беларусі, асабліва на захадзе краю і ў Пасожжы. Аднак такі матэрыял высахлы і падыходзіў пераважна для дробных прылад працы. Для вырабу такіх вялікіх рэчаў, як сякера або цясла, больш падыходзіла сыравіна, якая залягала ў зямной тоўшчы. Яе здаўна знаходзілі ў рачных абрывах або на краях яроў, аднак асабліва цаніўся крэмень, што залягаў у глыбіні крэйды або вапняку.

У тоўшчы крэйды крамянёвыя канкрэцыі-жаўлакі размяшчаюцца пластамі, ланцужкамі або россыпам. Памеры жаўлакоў ад некалькіх сантыметраў да вялікіх утварэнняў у 30 - 40 см у папярочніку. Больш буйныя крамяні асабліва шукалі людзі позняга неаліту і бронзавага веку. У шэрагу месцаў перайшлі ад іх паверхневага збору да здабычы шахтавым спосабам. Такія шахты па здабычы крэменю, якія ўзніклі ў канцы неаліту, існавалі на сярэднім цячэнні Росі ў Ваўкавыскім раёне.

Калі групы познанеалітычнага насельніцтва культуры шарападобных амфар праніклі на захад Беларусі, і ў прыватнасці на Пароссе ў ваколіцы сучаснага пасёлка Краснасельскі, яны адразу ж звярнулі ўвагу на паклады багатай на крэмень крэйды. Тым больш што яна месцамі залягала амаль на самай паверхні.

Археалагічныя даследаванні каля Краснасельскага паказалі, што спачатку крэмень тут здабывалі невялікімі ямамі і траншэямі. Гэта магло рабіць і насельніцтва мясцовай познанеалітычнай нёманскай культуры. Аднак яно яшчэ не валодала тэхнікай шахтавай горнараспрацоўкі. Першымі ж сапраўднымі шахцёрамі тут сталі шарападобнікі.

Для здабычы крэменю ў крэйдавай тоўшчы спачатку выкопвалі калодзеж-ствол дыяметрам да 1,5 м і глыбінёй у адпаведнасці з заляганнем сыравіны ў сярэднім 2-3 м. Часам выпрацоўкі былі глыбейшыя, асобныя ж паглыбляліся на 5-8 м. Дасягнуўшы пласта канкрэцый, старажытныя шахцёры пачыналі распрацоўваць іх па ходу залягання падбоямі. Яны былі невялікія, рэдка дасягалі больш чым метр у даўжыню. Гэта абумоўлівалася як тэхнікай бяспекі, так і тым, што было больш рацыянальна побач выкапаць новую шахту, чым высякаць у крэйдавай глыбіні цесныя падбоі, дзе прадукцыйнасць працы была невялікай. Калі пры паглыбленні калодзежа траплялі на некалькі крэменяносных пластоў, шахты атрымлівалі два або нават больш ярусаў падбояў.

Калі крэйдавы ўчастак быў асабліва насычаны канкрэцыямі, то на ім выпрацоўкі размяшчалі густа, і яны нярэдка злучаліся пралазамі-штрэкамі або невялікімі адтулінамі.

У месцах, дзе крэмень утвараў у крэйдавай тоўшчы россыпы, шахты мелі мехападобную форму. Пры скошаным заляганні сыравіны яны таксама рабіліся нахільнымі. Часам выпрацоўкі набывалі форму глыбокіх шчылінапа-добных траншэй.

Шахтапраходка і здабыча канкрэцый вялася разнастайнымі шахцёрскімі інструментамі з рога, дрэва і каменю. Яны мелі розную форму і прызначэнне. Вусцевая частка шахты магла распрацоўвацца звычайнымі завостранымі каламі. Глыбей жа ў справу ішлі матыкападобныя кіркі-кайлы. Для іх вырабу выкарыстоўваліся фрагменты пераважна аленевых рагоў з адросткамі. Пры гэтым ствол рога быў.рукаяткай, а адростак - рабочай часткай. Адростак загладжваўся, каб на яго не наліпала крэйда, а канец завастраўся касым счэсваннем. Некаторыя кайлы майстраваліся з шырокіх фрагментаў пераважна ласінага рога і мелі прасвідраваныя адтуліны для насаджвання на рукаятку. Часам рабочай часткай капальных інструментаў былі кінжала-падобныя ўстаўкі з адшчапаных рагавых пласцін.

У вузкіх месцах, дзе нельга было працаваць з замахам, выкарыстоўваліся розныя вастракі-капачы, зробленыя з рагавых адросткаў. Капачамі былі і адчлененыя каронныя часткі рагоў аленя і розныя іншыя завостраныя фрагменты.

Пры здабычы крэменю выкарыстоўвалі і розныя ўдарныя інструменты - рагавыя даўбешкі, камяні, магчыма, і каменныя свідраваныя сякеры, якія часам таксама сустракаюцца ў шахтах.

Пры археалагічных раскопках шахтаў у.крэйдавым друзе шахцёрскіх інструментаў сустракаецца даволі шмат. Пераважная большасць іх - пашкоджаныя экземпляры, выкінутыя наўмысна Аднак зрэдку сустракаюцца і цэлыя экземпляры, пакінутыя па няўважлівасці.

Перагледжаную пароду з падбояў і штрэкаў выграбалі лапаткамі буйных звяроў або пашчапанымі дошчачкамі, адбіткі якіх захаваліся на крэйдавым друзе. Здабытыя канкрэцыі і сам друз, калі толькі ён не ссыпаўся ў ніжэйшыя выпрацоўкі або не зграбаўся ў суседнія пустыя падбоі, выцягваліся на паверхню хутчэй за ўсё ў плеценых кошыках і скураных мяхах. Прынамсі, тоўстая іголка ддя сшывання грубых скур знаходзілася ў шахтавым пахаванні аднаго з крэмнездабытчыкаў.

У друзавым запаўненні некаторых выпрацовак выяўлены пустоты, што засталіся ад невялікіх ствалоў з коратка абсечанымі сукамі. Гэта былі лесвіцы. Для лажання ў шахты выкарыстоўваліся і палкі, якія гарызантальна ўстаўляліся ў адпаведныя паглыбленні сценак выпрацовак.

Па тым, як выдатна захаваліся шахты, сценкі якіх спрэс пакрыты слядамі ад капальных інструментаў, маюць пісагі ад гарэлых лучыц, а вузкія месцы зацёртыя вопраткай, можна меркаваць, што яны адразу ж пасля заканчэння распрацоўкі засыпаліся друзам з суседніх шахтаў. Гэта рабілася з-за ашчадных адносін мясцовых жыхароў да сваёй працы, іх жадання рацыянальна выкарыстаць тэрыторыю, якую стараліся не загрувашчваць перагледжанай пародай.

Першапачатковая праца над здабытымі крамянёвымі канкрэцыямі вялася ўжо непасрэдна ў шахце. Здабытчык найперш выбракоўваў дробны матэрыял, канкрэцыі з дэфектамі, збіваў з жаўлакоў непатрэбныя нарасты. Далейшая ж і асноўная апрацоўка вялася ў размешчаных побач з шахтамі майстэрнях.

Майстэрні ладзіліся каля камянёў, у прывусцевых частках напаўзасыпаных шахтаў - у месцах зацішных і зручных для працы і кароткачасовага побыту. Тут засталіся пласты адыходаў крэмнеапрацоўкі, сапсаваныя і адбракаваныя нарыхтоўкі прадукцыі, некаторыя прылады працы, а таксама рэшткі агнішчаў.

Майстэрні, што дзейнічалі на аснове Краснасельскіх шахтаў, спецыялізаваліся на вырабе пераважна крамянёвых сякер. На крэйдавых адорвенях Сярэдняга Паросся, (а некаторыя з іх перавышалі ў даўжыні два кіламетры), знаходзілася некалькі тысяч шахтаў. Таму са здабытага ў іх крэменю, верагодна, было змайстравана незлічонае мноства сякер, якія затым шляхам абмену распаўсюджваліся на ўсё Панямонне і маглі экспартавацца нават ў больш аддаленыя рэгіёны.

Краснасельскія шахты, звязаныя з імі крэмнеалрацоўчыя майстэрні, сезонныя пасёлкі шахцёраў, суседнія стаянкі ўтваралі унікальны вытворча-пасяленчы комплекс, які фукцыяніраваў каля тысячы гадоў, задавальняючы неабходнымі ў тагачасным земляробстве, ды і ў побыце рубячымі прыладамі многія пакаленні жыхарства Заходняй Беларусі. Прадуманасць канструкцыі шахтаў, адпрацаванасць тэхнікі горнай праходкі і здабычы сыравіны, дасканаласць шахцёрскіх інструментаў, некаторыя тыпы якіх захаваліся амаль да Навейшага часу, стандартызацыя апрацоўкі крэменю і спецыялізацыя вырабу прадукцыі сведчаць аб незвычайна высокім узроўні мясцовай першабытнай вытворчасці, у якой існаваў і прафесійны падзел працы - шахцёраў, майстроў па крэменю, распаўсюджвальнікаў канечнай прадукцыі.

Падобных шахтаў у іншых мясцінах Беларусі пакуль не знойдзена. А вось майстэрні па апрацоўцы крэменю дзейнічалі на тэрыторыі рассялення многіх плямён і размяшчаліся яны пераважна каля крэйдавых радовішчаў, на паверхні якіх было шмат сыравіны, дзе яе можна было здабываць і неглыбокімі выпрацоўкамі. Такія майстэрні, напрыклад, знойдзены ў нізоўях Дзітвы. Тут яны функцыяніравалі на базе мясцовых крэйдавых радовішчаў і абслугоўвалі патрэбы насельніцтва нёманскай культуры,якое займала рачныя ўзбярэжжы на Лідчыне. Існавалі майстэрні ў ваколіцах сучаснага Гродна, на Верхнім Павіленні. Вядомыя яны і на Заходнім Палессі і ў Падняпроўі.

Апрацоўка арганічных рэчываў. Выраб глінянага посуду.

Камень у каменным веку быў асноўнай сыравінай для вырабу прылад працы. Аднак у такіх мэтах, а таксама для іншых патрэб выкарыстоўваліся і арганічныя рэчывы - дрэва, косці, рогі і інш.

Дрэва дрэнна захоўваецца, асабліва ў пясчаным асяроддзі. Аднак несумненна, што яно было палівам ужо самаму старажытнейшаму чалавеку. Практычна на ўсіх стаянках каменнага веку Беларусі сустракаюцца сляды або нават рэшткі драўніннага вугалю. Дрэва было незаменным пры будаўніцтве жытла, як самых прымітыўных першых буданоў, так і нёалітычных. З яго вырабляліся розныя рукаяткі, дрэўкі коп'яў, стрэлы, некаторыя рыба-лоуныя пасткі. Ужо ў мезаліце былі вядомыя чоўны-даўбёнкі. З дрэва і кары рабілі посуд. Цяжка знайсці сферу жыцця чалавека каменнага веку, дзе б не выкарыстоўвалася дрэва.

На палеалітычных стаянках Паўднёва-Усходняй Беларусі, а таксама суседніх тэрыторый Украіны і на Браншчыне даволі шырока вядомы вырабы з косці, асабліва мамантавай. Гэта наканечнікі коп'яў, праколкі, іголкі, землекапалкі, расцірачы і інш. Буйныя косткі мамантаў і рэбры шырока выкарыстоўваліся пры будаўніцтве жытла. Пры адсутнасці ў ледавіковую эпоху дастатковай колькасці дрэва косці ішлі і на паліва.

Няма дакладных сведчанняў таго, як выкарыстоўвала косці і рогі фінальнапалеалітычнае насельніцтва Беларусі. Па выпадковых знаходках у балотах і вадаёмах, раскопках некаторых помнікаў на суседніх тэрыторыях вядома, што ў гэты час былі шырока распаўсюджаны масіўныя рагавыя гарпуны і сякеры. Жыхары мезалітычных стаянак выраблялі з рога і костак, акрамя вядомых з папярэдніх часоў тыпаў прылад, плоскія кінжалы і разнастайныя наканечнікі стрэл з пазамі для крамянёвых укладышаў, сякеры з круглымі або авальнымі адтулінамі для рукаятак, дробназубчастыя гарпу-ны. Яшчэ больш сведчанняў выкарыстання арганічных рэчываў захавалася на неалітычных тарфянікавых стаянках, а таксама на Краснаседьскіх шахтах, дзе ўжывалі рагавыя шахцёрскія інструменты.

Косць і рог апрацоўваліся рознымі спосабамі. Спачатку матэрыял награвалі, каб ён страціў натуральную цвёрдасць, а потым яго шчапалі, рассякалі, пілавалі, абстругвалі, паліравалі. Акрамя сякеры і нажа найбольш распаўсюджанымі і спецыялізаванымі інструментамі ў рабоце з рогам былі крамянёвыя разцы.

Ужо ў сярэднім неаліце чалавек з валокнаў дзікарослых раслін навучыўся рабіць ніткі, якія выкарыстоўваліся для шыцця і, мабыць, ткацтва. Мяркуючы па адбітках на кераміцы, у канцы неаліту ніткі рабілі і з воўны свойскай дробнай рагатай жывёлы.

Чалавек яшчэ з часоў палеаліту быў знаёмы з пластычнымі ўласцівасцямі гліны і з яе абпалам, у выніку чаго яна як бы камянела і не размакала ад вады. Таму, калі ўзнікла патрэба ў трывалым і асабліва вогнетрывалым посудзе, глінай пачалі абмазваць розныя плеценыя з арганічных рэчываў змесцівы, а затым ляпіць і абпальваць адмысловы посуд.

Гліна, прызначаная для вырабу посуду, працяглы час апрацоўвалася. Яна найперш ачышчалася ад непатрэбных дамешак, здрабнялася і доўгі час вытрымлівалася пры розных тэмпературах. На завяршальным этапе пад-рыхтоўкі фармовачнага цеста гліну размочвалі і старанна перамешвалі, дабаўляючы розныя дамешкі - валакністыя раслінныя рэшткі, здробненыя ракавіны, шамот, пясок, а ў познім неаліце і жарству. Дзякуючы дамешкам посуд рабіўся больш моцным і не трэскаўся пры абпале.

Гаршкі найчасцей ляпіліся з даволі шырокіх гліняных стужак, якія змацоўваліся касым або тарцовым прылепам. Стык паміж стужкамі дадаткова мацаваўся накладаннем тонкіх гліняных пластоў. У ранненеалітычны час край венца неабпаленай пасудзіны для моцы сцягвалі стужкай кары - лубу. У познім неаліце ў краявы жгут закатвалі тоўстую нітку. Затым усе няроўнасці сценак саскрабаліся зубчастымі пласцінкамі, загладжваліся касцянымі глянцавальнікамі. У выніку на паверхнях посуду заставаліся характэрныя сляды расчэсвання або заштрыхоўкі. Але каб кераміка мела лепшы выгляд, звонку яна абмазвалася моцна разбаўленай глінай - пакрывалася ангобам.

Неалітычны посуд Беларусі, асабліва на раннім этапе, даволі аднастайны па форме. Гэта былі пераважна яйцападобныя гаршкі з вострым дном, а часам прыкругленым. Такая форма дна абумоўлівалася тым, што страву гатавалі на звычайных агнішчах. Толькі краі венцаў гаршкоў былі больш разнастайныя - яны маглі быць простымі, крыху зведзенымі да сярэдзіны, але найчасцей злёгку адагнутымі. У адзінкавых выпадках ужывалі злёгку рабрысты посуд. Ранненеалітычныя жыхары Паўночнай Беларусі акрамя гаршкоў выкарыстоўвалі авальныя місачкі.

У познім неаліце ў сувязі з больш разнастайным харчаваннем (не толькі мяса-раслінным, але і малочным), павелічэннем спосабаў гатавання ежы, а таксама пранікненнем на нашу тэрыторыю іншакультурных прышлых людзей, якія прыносілі свае керамічныя традыцыі, сярод посуду з'яўляюцца новыя адмысловыя формы. Так, акрамя традыцыйных яйцападобных гаршкоў пачалі ляпіць пасудзіны з выдзеленай шыйкай і адагнутым венцам, міскі, амфары, мініяцюрныя змесцівы і інш. У гэты ж час упершыню з'яўляецца і пласкадонная кераміка, што сведчыць пра наяўнасць агнішчаў з роўным подам, сталоў і паліц для посуду.

Перад абпалам практычна ўвесь посуд пакрываўся штампаванымі і наразнымі арнаментамі з адбіткаў грэбеня, насечак, розных наколаў, паглыбленняў, наразных (пракрэсленых) рысак. У познім неаліце сталі выкарыстоўвацца таксама адбіткі лінейнага штампа і шнура. Самая старажытная ке-раміка аздаблялася даволі сціпла і пераважна ў версе пасудзіны.Пазней арнаментацыя становіцца больш насычанай, набывае ўскладнёнасць. Часам з'яўляюцца нават выяўленчыя элементы. Пад краем венцаў пераважнай большасці неалітычных гаршкоў з Беларусі - традыцыйны пояс з глыбокіх круглых ямак. Часам, у прыватнасці на Палессі, паверхня посуду націралася рудымі або чырвонымі фарбавальнікамі.

Абпал керамічных вырабаў праводзіўся на агнішчах, таму ён быў не вельмі якасным - паверхні часам станавіліся плямістымі, сярэдзіна злому мела цямнейшы праслоек. У познім неаліце тэрмічная апрацоўка стала больш дасканалай, а сценкі посуду -мацнейшымі.

А.Калечыц, У.Ксяндзоў, М.Чарняўскі

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Гаспадарчыя заняткі ў каменным веку на Беларусі

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.