Плямёны на тэрыторыі Беларусі ў новым каменным веку (неаліце)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Плямёны на тэрыторыі Беларусі ў новым каменным веку (неаліце). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Асаблівасці эпохі.
Прыроднае асяроддзе.
Неалітычныя плямёны Усходняга Палесся.
Неалітычнае насельніцтва Падняпроўя.
Плямёны Заходняй Беларусі ў ранненеалітычны час.
Плямёны Заходняй Беларусі ў познім неаліце.
Экспансія з Павіслення.
Неалітычнае насельніцтва Паўночнай Беларусі.
Прышэльцы з-над Фінскай затокі.
Асаблівасці эпохі.

Каля 6 тысячагоддзяў назад у развіцці грамадства каменнага веку на Беларусі пачынаецца заключны этап - неаліт, новы каменны век, характэрны радыкальнымі зменамі ў гаспадарцы, матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Лічыцца, што тыповае неалітычнае грамадства Еўропы вызначаецца чатырма галоўнымі асаблівасцямі – з’яўленнем земляробства, жывёлагадоўлі, глінянага посуду і шліфаваных каменных вырабаў. Але, як паказваюць даследаванні археолагаў, гэтыя складальнікі неалітычнай культуры далёка не заўсёды выступаюць адначасова. Вядома, што на ўсходзе і поўначы Прыбалтыкі мясцовае насельніцтва ўмела шліфаваць свае каменныя сякеры, долаты і цёслы яшчэ з пачатку сярэдняга каменнага веку (мезаліту), а з вытвараючымі формамі гаспадаркі пазнаёмілася толькі ў эпоху бронзы. I наадварот, некаторыя супольнасці Міжземнамор'я, якія рана перайшлі да жывёлагадоўлі і земляробства, доўгі час не выраблялі керамічны посуд.

Свае асаблівасці былі і на Беларусі. Тут вытвараючыя формы гаспадаркі на поўдні краіны сталі шырока вядомыя ў сярэдні перыяд неаліту, а можа, і раней, а на Падзвінні - у позні. Шліфаванне крэменю таксама распаўсюдзілася ў канцы эпохі, найперш са з'яўленнем тут цэнтральнаеўрапейскіх находнікаў. А вось гліняным посудам (керамікай) на нашай тэрыторыі пачалі карыстацца з першай паловы 4-га тысячагоддзя да н.э., а на Палессі і раней - з канца папярэдняга тысячагоддзя.

Менавіта з факту з'яўлення керамікі, як лічаць даследчыкі, і пачынаецца новы каменны век на Беларусі. Такой жа думкі прытрымліваецца пры вызначэнні пачатку неалітычнай эпохі і большасць даследчыкаў-археолагаў суседніх усходнееўрапейскіх краін.


Рассяленне неалітычных плямён: 1 - плямёны ранняга этапу нёманскай культуры; 2 - плямёны позняга этапу нёманскай культуры; 3 - плямёны днепра-данецкай культуры; 4 - плямёны верхнедняпроўскай кулыуры; 5- плямёны нарвенскай культуры; 6 - могільнікі і паселішчы насельніцтва культуры шарападобных амфар; 7 - плямёны культуры грабеньчата-ямкавай керамікі

З'яўленне глінянага посуду стала паказчыкам важных гаспадарчых змен у грамадстве паляўнічых і рыбаловаў. Справа ў тым, што 7-6 тысячагоддзяў назад, калі клімат на Беларусі дасягнуў найбольш спрыяльных для жывёльнага і расліннага свету параметраў, у распараджэнні чалавека з'явілася вялікая колькасць дзікарослай расліннай ежы - лясных і вадзяных арэхаў, жалудоў, прыдатных да яды каранёў і іншых частак раслін, грыбоў, ягад і г.д., большасць якой найлепш спажываецца ў прыгатаваным у посудзе выглядзе. Акрамя таго, большыя пасудзіны сталі зручным начыннем для захоўвання сыпучых раслінных прадуктаў, такіх, як арэхі і ягады.

Доўгая традыцыя вядзення збіральніцкай гаспадаркі прывяла да выпрацоўкі яе рацыянальных форм, калі ў прыватнасці пачалі аберагаць багатыя пладамі ягаднікі і арэшнікі, участкі рэк і азёр з зараснікамі водных ядомых раслін.

Вельмі багатая і разнастайная флора канца мезаліту - пачатку неаліту дадатна паўплывала на развіццё жывёльнага свету - адзінай крыніцы мясной ежы чалавека. К гэтаму часу ў паляванні і рыбалоўстве таксама выпрацаваліся рацыянальныя формы іх вядзення, напрыклад захаванне маладняку, незабіванне цельных самак жывёл і г.д.

Багацце расліннага і жывёльнага свету, удасканаленне паляўнічай зброі і рыбацкіх прыстасаванняў, развіццё спосабаў здабычы спажывы ў суме давалі такую колькасць ежы, што не было патрэбы ўводзіць земляробства і жывёлагадоўлю, тым больш што для заняткаў імі ў лясной зоне патрабавалася значна больш намаганняў, чым для прысвойваючых форм гаспадарання.

Такім чынам, найпершай адзнакай неалітызацыі старажытнага грамадства на Беларусі стала з'яўленне керамічнага посуду. Што ж датычыць земляробства і жывёлагадоўлі, то на поўдні Беларусі іх прымітыўнейшыя формы маглі распаўсюджвацца ўжо з пачатку неаліту, на Падзвінні ж і, мабыць, на Верхнім Дняпры гэтыя заняткі сталі вядомыя толькі ў позні перыяд эпохі.

Пакуль не зусім зразумела, якім менавіта чынам сярод ранненеалітычнага насельніцтва Беларусі з'явілася кераміка. Першыя гаршкі з розных рэгіёнаў нашага краю між сабой даволі падобныя. Яны ўсе вастрадонныя, маюць у сценках валакністыя раслінныя дамешкі, пад краем венцаў аздоблены поясам глыбокіх круглых ямак, а па сценках - сціплымі ўзорамі з гарызантальных паясоў грабеньчатых адбіткаў, насечак, пракрэсленых рысак і розных наколаў. Пэўнае адасабленне адчуваецца на поўначы Беларусі, дзе нарвенскае насельніцтва карысталася посудам з дамешкай тоўчаных ракавін.

Калі меркаваць па гліняным посудзе, вынікае, што ў заходняй частцы Усходняй Еўропы ў ранненеалітычны час існавала зона распаўсюджання ў рознай ступені роднасных між сабою плямён з блізкімі рысамі матэрыяльнай культуры, што найбольш праяўлялася ў кераміцы, рэшткі жыццядзейнасці якіх утваралі вобласць культур з грабеньчата-накольчатай керамікай. Паўночны ўсход гэтай зоны займалі плямёны верхняволжскай культуры, усход - верхнедняпроўскай, захад - нёманскай, поўдзень - днепра-данецкай, поўнач - нарвенскай. Апошнія, як адзначалася, былі некалькі культурна адасоблены ад сваіх больш паўднёвых і паўднёва-ўсходніх суседзяў. У цэлым уся гэта вобласць 6 - 5 тысячагоддзяў назад займала тэрыторыі ад Фінскай затокі на поўначы да дняпроўскіх парогаў і правабярэжных прытокаў Прыпяці на поўдні і ад Прыпяцка-Бугскага міжрэчча на захадзе да левабярэжных прытокаў Верхняга Дняпра і да Верхняй Волгі на ўсходзе.

Калі параўноўваць кераміку плямён адзначанай зоны і суседніх падобных зон, у прыватнасці Паўночнага Прычарнамор'я, дзе найбольш рана адбылася неалітызацыя, то нябачна прамых запазычанняў, асабліва ў тэхналогіі вырабу посуду, у іх арнаментыцы. А гэта сведчыць, што ранненеалітычныя жыхары Беларусі і суседніх зямель найперш самастойна падышлі да керамічнай вытворчасці.

У неаліце дасягнула росквіту апрацоўка крэменю. 3 яго выраблялі высакаякасныя прылады працы і зброю: нажы і кінжалы, скрабкі, скоблі і скрэблы, праколкі і свердлы, разцы, наканечнікі стрэл і коп'яў, долаты, сякеры. Крамянёвымі ж былі і некаторыя прыстасаванні для яго апрацоўкі - рэтушоры, адціскальнікі і нават адбойнікі. Большасць форм прылад і зброі была распрацавана яшчэ ў мезаліце і нават раней, але новы час прынёс пэўнае пашырэнне асартыменту і ўдасканаленне тэхналогіі. Найперш звяртае ўвагу распаўсюджанне трохвугольных наканечнікаў стрэл, што стала вынікам паўднёвых і паўднёва-заходніх уплываў і сведчыла пра пашырэнне ўзброеных сутыкненняў. У той жа час кансерватыўныя неалітычныя супольнасці Падзвіння і Верхняга Падняпроўя па-ранейшаму карысталіся найбольш прыдатнымі для палявання лістападобнымі наканечнікамі стрэл, хоць і пачалі іх апрацоўваць-рэтушаваць па ўсёй паверхні. У неаліце, асабліва ў яго пазнейшыя перыяды, вельмі распаўсюджанымі сталі рубячыя прылады, без якіх было не абысціся пры занятках земляробствам у зоне суцэльных лясоў і хмызнякоў. Форма сякер становіцца функцыянальна выверанай. Яны набываюць выпуклае пашыранае лязо, ахайна апрацаванае падчэсваннем, і патончаны абушок, якім прылада замацоўвалася ў драўляным або касцяным дзяржанні. Павялічваецца колькасць і розных цёслаў і долатаў, якія служылі чалавеку пры вырабе чоўнаў-аднадрэвак і драўлянага начыння. Некаторыя сякеры і цёслы, асабліва іх лёзы, у познім неаліце пачалі прышліфоўвацца.

І ў неаліце некаторыя прылады, а таксама частка паляўнічай зброі майстраваліся з рога і косці. Гэты матэрыял асабліва выкарыстоўваўся для вырабу розных побытавых рэчаў.

У познім неаліце некаторыя супольнасці, што жылі на захадзе Беларусі, упершыню перайшлі да здабычы крэменю з зямных глыбінь. Крэмнездабыўныя шахты гэтага часу - выдатнейшая з'ява вытворчай культуры тагачасных насельнікаў Беларусі.

Спрыяльны клімат, максімальна паспяховае развіццё паляўніча-рыбацказбіральніцкай гаспадаркі самым дадатным чынам паўплывалі на прырост насельніцтва, што заўважылася ўжо ў раннім неаліце. Распаўсюджанне ў пазнейшыя часы вытвараючых форм гаспадаркі паскорыла гэту з'яву. Дэмаграфічныя працэсы наглядна праявіліся ў рэзкім павелічэнні колькасці неалітычных паселішчаў, якіх на сёння беларускімі археолагамі выяўлена да паўтары тысячы. У асабліва багатых зверам і рыбай месцах яны ўтваралі цэлыя скапленні.

Пры даследаванні старажытнейшых стаянак пакуль што не выяўлена, каб на мяжы мезалітычнай і неалітычнай эпох на тэрыторыю Беларусі пранікла нейкае новае насельніцтва. Матэрыяльная культура, а найперш крамянёвыя вырабы, якімі карысталісЯ ранненеалітычныя жыхары на Падняпроўі, Прыпяці, Нёмане і Дзвіне, шмат у чым падобная да той, якая была характэрнай для мясцовага насельніцтва і ў папярэдні познамезалітычны час. Таму вынікае, што грамадства канца сярэднекаменнага веку натуральным шляхам, пад уздзеяннем не ў апошнюю чаргу кліматычных змен і магчымых уплываў з больш развітых у гаспадарчых і культурных адносінах рэгіёнаў Сярэдняй і Паўднёвай Еўропы, трансфармавалася ў грамадства ранненеалітычнае.

Такім чынам, познамезалітычныя плямёны Паўднёва-Усходняй Беларусі дняпроўска-дзяснінскай (сожскай) культуры былі прамымі продкамі насельніцтва верхнедняпроўскай неалітычнай культуры, плямёны Усходняга Палесся - мясцовага варыянта днепра-данецкай культуры. На захадзе Беларусі познамезалітычная культура трансфармавалася ў нёманскую неалітычную. А на поўначы краю, як і ва ўсёй Паўднёва-Усходняй Прыбалтыцы, на аснове плямён кундскай культуры сфарміравалася ранненеалітычная супольнасць нарвенскай культуры.

На позніх этапах неаліту назіраецца пранікненне на тэрыторыю Беларусі моцных іншакультурных уплываў і нават інвазія пэўных груп новага насельніцтва. У цэлым гэта садзейнічала неалітызацыі краю, уключала яго грамадства ў агульнаеўрапейскі гістарычны працэс.

Прыроднае асяроддзе.

Ранненеалітычнае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі жыло ва ўмовах вельмі спрыяльнага клімату, які існаваў у так званы кліматычны оптымум. Тымі часамі сярэднегадавая тэмпература была на 1,5 - 2 °С вышэй за сучасную, ды і ападкаў выпадала прыкметна больш. Цяпло і вільгаць спрыялі бурнаму развіццю расліннасці.

Марэнныя ўзвышшы Паазер'я ў тыя часы пакрывалі яловыя і ялова-шыракалістыя лясы з багатымі дамешкамі вязаў і ліп. На міжмарэнных нізінах дамінавала хвоя. Хваёва-шыракалістыя лясы былі характэрныя для Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. На раўнінах і нізінах Палесся і Панямоння было шмат хваёвых і шыракалістых лясоў. У Падняпроўі значныя плошчы займаў дуб, а на захадзе - граб. Цяплей за ўсё было на Палессі. Тут амаль паўсюдна пераважалі грабавыя лясы і дубровы.

У познанеалітычны час клімат стаў.больш халодным. Па гэтай прычыне зона яловых лясоў з Паазер'я прасунулася ажно да Ашмянскага, Мінскага і Аршанскага ўзвышшаў. Больш на поўдзень па-ранейшаму значнае месца ў лесаскладзе займалі шыракалістыя пароды.

На працягу ўсяго неалітычнага перыяду былі шырока распаўсюджаны зараснікі ляшчыны, якія давалі чалавеку шмат лясных арэхаў. У цёплых рачных затоках і ў азёрах паўсюдна рос чылім - вадзяны арэх, які таксама спажываўся ў вялікай колькасці.

У лясах знаходзіла прытулак разнастайная фауна - высакародныя алені, туры і зубры, ласі, дзікі, казулі, мядзведзі і іншыя жывёлы, большасць якіх станавілася паляўнічай здабычай чалавека. Шматлікія балоты былі багатыя птушкай, вадаёмы - рыбай.

Першабытны чалавек, які браў усё неабходнае для свайго жыцця з навакольнай прыроды, тым самым і ўздзейнічаў на яе. Асабліва гэта стала назірацца ў познанеалітычны час з развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, калі пачалося наўмыснае вынішчэнне лясоў, вытаптванне расліннага покрыва паблізу паселішчаў, празмерная эксплуатацыя фауны і флоры навокал іх. З гэтага пачыналіся эрозія ландшафтаў, збядненне расліннага і жывёльнага свету.

Неалітычныя плямёны Усходняга Палесся.

Больш за два тысячагоддзі (з канца 5-га да пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э.) тэрыторыю Усходняга Палесся засялялі неалітычныя плямёны, культура якіх атрымала назву днепра-данецкай.

Першапачаткова днепра-данецкая супольнасць пачала фарміравацца на ўзбярэжжах Дняпра на Кіеўшчыне, Чаркашчыне і Палтаўшчыне, на Ніжняй Прыпяці, а таксама на верхнім цячэнні Северскага Данца (з другой паловы 5-га тысячагоддзя да н.э.).

Мясцовае ранненеалітычнае насельніцтва яшчэ не было шматлікім. Яго невялікія паселішчы знаходзіліся звычайна на значнай адлегласці адна ад другой. Аднак, нягледзячы на гэта, матэрыяльная культура жыхароў утварала дастаткова цэльны комплекс, аб'яднаны шэрагам агульных рыс. Тутэйшы ранненеалітычны посуд складаўся з даволі прымітыўных слаба абпаленых вастрадонных гаршкоў, якія ляпіліся з гліны з дамешкамі валакністых раслінных рэшткаў. Гаршкі першапачаткова мелі сціплы арнамент з паясоў грабеньчатых адбіткаў і з пракрэсленых рысак. Крамянёвыя вырабы яшчэ мелі шмат рыс папярэдняй мезалітычнай эпохі. Сярод іх былі тыповымі розныя мікраліты - трапепыі, дробныя скошаныя вастракі, маленькія пласцінкі з прытупленым краем, а таксама архаічныя сякеры з асіметрычным лязом.


Гліняны посуд неалітычнага насельніцтва днепра-данецкай культуры з Ніжняй Прыпяці

У другі перыяд развіцця (першая палова 4-га тысячагоддзя да н.э.) днепра-данецкая культура дасягнула свайго росквіту. Яе шматлікае насельніцтва шляхам выцяснення або асіміляцыі тубыльцаў заняло Надпарожжа, а месцамі нават дасягнула ўзбярэжжа Азоўскага мора, закладаючы на асвоеных тэрыторыях свае паселішчы. Частка яго рабіла спробы прасунуцца нават на паўночны захад Украіны, на Верхняе Дняпро і ў Пасожжа На нашай тэрыторыі днепра-данецкія плямёны рассяліліся паўсім басейне Ніжняй Прыпяці, за выключэннем верхняга цячэння Пцічы, дзе іх паселішчы пакуль не знойдзены, і па правабярэжжы Дняпра да Бярэзіны. Усяго ў Беларусі вядома каля 150 днепра-данецкіх стаянак, размешчаных невялікімі групамі ў далінах рэк. Найбольш археалагічна даследаваныя знаходзяцца каля Юравіч Калінкавіцкага, Слабодкі і Пхова Мазырскага, Юркавіч і Азярнога Любанскага, Ломыша і Краснаселля Хойніцкага раёнаў.

Жыхары днепра-данецкіх паселішчаў Беларусі будавалі пераважна наземнае жытло падпрамавугольнай формы памерамі каля 4,5 х 8 м з агнішчамі, часам выкладзенымі камянямі. На стаянцы каля Юравіч знойдзена і авальная паўзямлянка, аднак яна, верагодна, адносіцца да самага позняга часу, бо падобныя збудаванні былі малахарактэрныя для лясной зоны.

На Беларусі могільнікаў днепра-данецкай культуры пакуль не знойдзена. Паводле даследаванняў на Украіне, яе носьбіты сваіх памерлых хавалі на спіне ў выцягнутым становішчы. Нябожчыкаў пасыпалі вохрай, клалі ім сціплыя Дарункі. Пахаванні былі пераважна калектыўныя.

Вывучэнне касцявых рэшткаў антраполагамі паказала, што жыхары падняпроўскіх неалітычных паселішчаў вылучаліся высокім ростам, шырокім тварам і моцным целаскладам і з'яўляліся тыповымі паўночнымі еўрапеоідамі.


Выгляд чалавека днепра-данецкай культуры. Рэканструкцыя па чэрапе

Сярод насельніцтва днепра-данецкай культуры высокага ўзроўню дасягнула крэмнеапрацоўка. Ужываліся двухбаковая абіўка і рэтушоўка, значна ўзрасла колькасць тыпаў прылад рознага прызначэння. Была характэрнай наяўнасць значнай колькасці мікралітаў. Разнастайны крамянёвы інвентар уключаў пласціначтуя і трохвугольныя наканечнікі стрэл, шматлікія скрабкі, шырокія і вузкія нажы, а таксама разцы, скоблі, праколкі, сякеры, цёслы, розныя востраканечнікі. Для вырабу некаторых прылад працы выкарыстоўваліся рогі і косткі. З рога або дрэва былі зроблены асновы сярпоў, у пазы якіх укладаліся крамянёвыя лёзы. 3 крышталічных парод каменю майстраваліся шліфаваныя сякеры-цёслы. На тэрыторыі Украіны былі вядомыя і каменныя булавы, якія маглі выкарыстоўвацца як ударная зброя і быць адзнакамі родаплемянной улады.

Днепра-данецкае насельніцтва Беларусі карысталася пераважна вастрадоннымі гаршкамі. На Прыпяці ў самым канцы неаліту пачынаюць з'яўляцца пласкадонныя формы, на больш паўднёвых тэрыторыях яны з'явіліся значна раней. У цесце сценак шмат раслінных дамешак, знешнія паверхні ў большасці гладкія, унутраныя часта маюць сляды грабеньчатага расчэсвання. Пад краем венца практычна заўсёды наносіўся пояс глыбокіх круглых ямак, рэшта паверхні аздаблялася пераважна грабеньчата-накольчатымі ўзорамі. Яны часам дапаўняліся насечкамі, лапчастымі адбіткамі. У самым канцы існавання культуры на посудзе дадаткова з'яўляюцца адбіткі шнура і лінейнага штампа. Узоры на посудзе складаліся ў гарызантальныя зоны, у якіх паскі арнаментальных элементаў былі гарызантальнымі, вертыкальнымі або нахільнымі, чым утвараліся трохвугольнікі, прамавугольнікі і ромбы. На адным з гаршкоў з Юравіч была наколамі выгравіравана кампазіцыя з фігур чалавека і качкі, якая, верагодна, з'яўляецца ілюстрацыяй да нейкага міфалагічнага сюжэта.

Сярод днепра-данецкага насельніцтва Украіны, асабліва Надпарожжа, рана распаўсюдзіліся вытвараючыя формы гаспадаркі, на Беларусі ж пераважалі традыцыйныя - паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. I мусіць, толькі ў познім неаліце прыкметнае месца тут пачалі займаць жывёлагадоўля і земляробства. Мяркуючы па знаходках з Кіеўшчыны і іншых мясцін Украіны, у статках былі каровы і свінні, а на невялікіх палях ужо вырошчвалі ячмень.

Экспансія на шырокія прасторы лесу, лесастэпу і нават у стэпах прывяла ў выніку да аслаблення днепра-данецкай супольнасці. Яе асобныя часткі, адарваўшыся ад асноўнага этнакультурнага асяродка, змешваліся з тубыльцамі і набывалі новыя асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Гэта прывяло да таго, што на трэцім этапе развіцця (другая палова 4 - першая палова 3-га тысячагоддзя да н.э.) супольнасць пачынае распадацца на асобныя культуры і лакальныя групы. Да таго ж узмацніліся суседнія плямёны і пачалі наступ на днепра-данецкае насельніцтва. Носьбіты земляробчай трыпольскай культуры занялі ўрадлівае правабярэжжа Дняпра амаль да сучаснага Кіева, у левабярэжжы пачалі націск стэпавікі-жывёлаводы, якія прасунуліся сюды з паўднёвага ўсходу. I таму пасля сярэдзіны 3-га тысячагоддзя да н.э. рэшткі днепра-данецкай супольнасці трымаліся толькі ў лясной зоне на поўнач ад Кіева і на ўсходзе Беларускага Палесся. Тут яны працягвалі існаваць ажно да пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э., развіваючы сваю культуру, якую навукоўцы вызначылі як усходнепалескі варыянт днепра-данецкай культуры.

Неалітычнае насельніцтва Падняпроўя.

На працягу ўсёй неалітычнай эпохі ўсход Беларусі засялялі плямёны верхнедняпроўскай культуры, якая сфарміравалася ў асноўным у выніку развіцця мясцовай познамезалітычнай культуры. Сваю неалітычную адметнасць тутэйшае насельніцтва пачало набываць яшчэ ў канцы 5-га тысячагоддзя да н.э., найперш на Ніжнім і Сярэднім Пасожжы. Пазней, у 4-3-м тысячагоддзях да н.э., яно распаўсюдзілася на ўзбярэжжы Дняпра і яго левабярэжныя прытокі.

На цяперашні час на ўсходзе Беларусі выяўлена не менш 500 стаянак верхнедняпроўцаў, каля 40 з іх даследавалася шляхам археалагічных раско-пак. Месцапасяленні размяшчаліся пераважна на дзюнных узвышэннях рачных паплавоў і на краях тэрас. Каля сучасных вёсак Гронава Чэрыкаўскага, Вець Быхаўскага, Струмень Кармянскага, Лучын і Ходасавічы Рагачоўскага, Залессе, Петраполле, Сябровічы Чачэрскага, Дубовы Лог, Дзям'янкі Добрушскага раёнаў паселішчы ўтваралі скапленні. Некаторыя паселішчы дасягалі плошчы ў 10 тыс. м2.

Верхнедняпроўскае насельніцтва, трывала трымаючыся асвоеных месцаў, было даволі кансерватыўнае, і ў развіцці яго культуры не назіраецца асабліва рэзкіх скачкоў, што сведчыць аб паступовай эвалюцыі і адсутнасці радыкальных змен этнакультурнай сітуацыі.

На раннім этапе мясцовае насельніцтва ў сваёй культуры яшчэ захоўвае шэраг перажыткавых адзнак папярэдняй эпохі. Па-ранейшаму яно ўжывае лістападобныя крамянёвыя наканечнікі стрэл, сярод прылад працы шмат разнастайных разцоў. Аднак з'яўляюцца і вырабы, характэрныя для ранненеалітычнага часу. Першыя гаршкі тут таўстасценныя, ляпіліся з гліны, у якой было шмат раслінных дамешак. Арнаменты сціплыя - з авальных ямкавых паглыбленняў і адбіткаў буйназубчастага грэбеня. Часам посуд зусім не аздабляўся.

На познім этапе ў крамянёвым інвентары верхнедняпроўцаў зменшылася колькасць скрабкоў і разцоў, у той жа час ва ўжытку стала больш рубячых прылад, зробленых пераважна з масіўных адшчэпаў. Такія змены сведчаць аб пэўных пераменах, якія адбыліся ў гаспадарчай дзейнасці. Разам з пласціначнымі наканечнікамі стрэл шырока распаўсюдзіліся трохвугольныя, ромбападобныя, міндалепадобныя з двухбаковай апрацоўкай паверхні. Частка прылад працы і паляўнічай зброі была зроблена з косці.

Іншай стала і кераміка. Пачалі вырабляць шыракагорлыя вялікія акруглабокія гаршкі, у гліняных сценках якіх заўважаюцца дамешкі пяску і дробнай жарствы, расліннасці ж мала. Посуд аздабляўся адбіткамі грэбеня, рознымі ямкавымі паглыбленнямі, насечкамі, нарэзкамі, лапчастымі элементамі. Арнамент складаўся з гарызантальных, дыяганальных і больш складаных кампазіцый - зігзагападобных, трохвугольных, у выглядзе шахматнай дошкі. Значна лепшым стаў і абпал керамікі. У тэхналогіі і арнаментыцы посуду верхнедняпроўскага насельніцтва на познанеалітычным этапе развіцця адзначаюцца ўплывы з суседніх тэрыторый.

Ускладненасць гаспадарчага і грамадскага жыцця праявілася і ў характары паселішчаў. Жытло было па-ранейшаму драўляным, але яно пачало некалькі заглыбляцца ў зямлю, мела круглы або авальны план. У цэнтры жытла ў невялікіх паглыбленнях падлогі знаходзілася агнішча, тут жа меліся і ямы глыбінёй да 1 м, верагодна, нейкага гаспадарчага прызначэння. Назіраецца і пэуная планіроўка паселішчаў, на якіх збудаванні выцягваліся ў пас каля грэбеня найбольш высокага ўчастка дзюны або тэрасы. Вакол жытла таксама выяўляюцца агнішчы і гаспадарчыя ямы.

У познанеалітычны час на ўсход Беларусі пачынаюць пранікаць уплывы культур насельніцтва, якое займала Пауночна-Усходнюю Украіну і Волга-Окскі рэгіён. Гэта найперш адлюстравалася ў тэхналогіі і аздабленні керамікі. У сваю чаргу і верхнедняпроўцы пэўным чынам уздзейнічалі на суседзяў, напрыклад жыхароў Падзясення.

Плямёны Заходняй Беларусі ў ранненеалітычны час.

На прасторах Усходняй Еўропы, занятых плямёнамі з грабеньчата-накольчатай керамікай, ужо з самага пачатку праяўляліся і рэгіянальныя асаблівасці, што дало падставу гаварыць пра існаванне тут розных, хоць і блізкіх між сабой археалагічных культур.

У басейнах Нёмана і Верхняй Прыпяці з самага ранняга неаліту жылі плямёны нёманскай археалагічнай культуры.

Свае паселішчы нёманцы размяшчалі на мысах рачных тэрас, утвораных рэчышчамі прытокаў, на дастаткова высокіх дзюнах поплаву або тэрасы, якія не затапляліся паводкамі. Падыходзілі для засялення і краі тэрас, дзе меліся пясчаныя добра дрэніраваныя ўзвышэнні. У месцах, багатых на залежы крамянёвай сыравіны, асабліва побач з крэйдавымі адорвенямі, закладаліся крэмнеапрацоўчыя майстэрні.


Распаўсюджанне характэрных тыпаў неалітычнага посуду на Беларусі

У найбольш зручных для рыбалоўства мясцінах, каля старыц і заток, на ўчастках поплаву з групамі дзюн стаянкі нёманцаў утваралі гнёзды, якія часам налічвалі да 10 такіх помнікаў. На значнай частцы іх жыццё адбывалася інтэнсіўна і працяглы час. Пра гэта сведчаць вялікія памеры некаторых паселішчаў (нярэдка больш за 5000 тыс. м2), значная таўшчыня напластаванняў з рэшткамі жыццядзейнасці старажытных людзей (да 0,5 м і больш), шматлікія знаходкі крамянёвых вырабаў і фрагментаў керамікі (больш за 1000 адзінак). Побач з такімі базавымі асяродкамі жыхарства, звычайна на перыферыі скаплення, знаходзіліся невялікія стаянкі-выселкі. Такая асаблівая канцэнтрацыя пасялення існавала ў раёне сучасных вёсак Сверынава і Русаковічы Стаўбцоўскага, Ярэмічы Карэліцкага, Панямонь і Чарэшля Навагрудскага, Русакова Слонімскага, Добры Бор Баранавіцкага раёнаў - у Панямонні, каля Каменя Пінскагаі Моталя Іванаўскага раёнаў - у басейне Верхняй Прыпяці. Магчыма, тут існавалі племянныя цэнтры з некалькіх родавых паселішчаў, дзе ў спрыяльных тапаграфічных умовах хапала дзічыны, рыбы і дзікарослай спажывы для вялікай колькасці жыхароў. .

Па канцэнтрацыі стаянак на адносна вялікіх участках рачных далін можна акрэсліць племянныя тэрыторыі. Асабліва выразныя скапленні існавалі ў вярхоўях Нёмана, на Сярэдняй Шчары, Росі і Зальвянцы,у верхнім басейне Котры на беларуска-літоўскім памежжы, на Ясельдзе, Бобрыку і ў вярхоўях Прыпяці. Паміж гэтымі густа заселенымі тэрыторыямі знаходзіліся памежныя зоны, дзе сустракаюцца адзінкавыя рэшткі паселішчаў. Такое назіраецца ў нізоўях Шчары, Котры, у некаторых іншых месцах.

Пры раскопках стаянак нёманскай культуры пакуль што не выяўлена верагодных слядоў жытла. Сустракаюцца толькі адкрытыя агнішчы ў невялікіх паглыбленнях, у запаўненні якіх часам трапляюцца перапаленыя камяні, але адсутнічаюць рэгулярныя каменныя выкладкі. На плошчы паселішчаў выяўляюцца асобныя скапленні знаходак і даволі вялікія плямы асабліва гумусаванай зямлі. Усё гэта магчымыя сляды жытла, якое было несумненна наземным і не мела нейкай заглыбленасці ў грунт, магло ўяўляць канструкцыі з тонкага дрэва, жэрдак, плеценага галля, кары і трыснягу.

Набор крамянёвых вырабаў панямонцаў меў свае рэгіянальныя асаблівасці. Ужо на раннім этапе неаліту яны пачалі апраўляць стрэлы трохвугольнымі наканечнікамі. Імі ж служылі па яшчэ мезалітычнай традыцыі некаторыя ланцэтападобныя вастрыі і мікралітычныя ўкладышы, асабліва трапецыі. Лістападобныя наканечнікі коп'яў апрацоўваліся рэтушшу са спінкі. Былі вядомыя нажы, блізкія па форме да наканечнікаў. Сякеры мелі асіметрычныя профілі, што надавала ім цеслападобную форму, а іх лёзы нярэдка фармаваліся архаічным бакавым сколам. Звяртае на сябе ўвагу тое, што крамянёвы інвентар панямонцаў на першапачатковым этапе іх гісторыі меў шмат асаблівасцей, захаваных з сярэднекаменнага часу.

У ранненеалітычны час носьбіты нёманскай культуры карысталіся слаба абпаленымі і даволі няякасна вырабленымі вастрадоннымі пасудзінамі, злепленымі з гліны, у якую дабаўлялі пераважна валакністыя раслінныя рэшткі. Абястлушчвальнікам у гліне даволі рана стаў і шамот, для якога трушчыліся чарапкі пашкоджанага і непрыдатнага для выкарыстання посуду. Паверхні сценак раўняліся расчэсваннямі зубчастым (грабеньчатым) штампам, ад чаго заставаліся характэрныя сляды. Пераважнай формай гліняных вырабаў быў вастрадонны гаршчок з выпуклым корпусам і крыху зведзеным верхам. Пад краем венцаў прысутнічаў абавязковы пояс з глыбокіх круглых ямак. Паверхні ранненеалітычных гаршкоў аздабляліся сціпла і пераважна ў верхніх частках - паясамі з грабеньчатых адбіткаў, насечак, наколаў, пракрэсленымі рыскамі. Значная частка наколаў наносілася ў адступаючай - скарапіснай - манеры нахіленай палачкай або дробнай трубчастай костачкай.

Увогуле па сваім посудзе панямонцы вельмі мала адрозніваліся ад суседзяў з Ніжняй Прыпяці, Падняпроўя і Паўднёвага Падзвіння, аасобныя чарапкі па тэхналогіі і арнаментыцы практычна ідэнтычных. Аднак маюцца і пэўныя асаблівасці. Панёманскі ранні посуд даволі разнастайны. Дны не толькі вострыя, але бываюць прыкругленымі або шыпастымі. Некаторыя гаршкі маюць тоўстыя сценкі, часам лёгкую рабрыстасць на корпусе. Краі венцаў пераважна злёгку адагнутыя, часам зведзеныя ў сярэдзіну. Зрэзы іх прыкругленыя, але некаторыя рабіліся плоскімі або нават мелі наплыў. У арнаментыцы прыкметнае месца займалі пракрэсленыя рыскі, якія ўтваралі касыя або сеткавыя кампазіцыі. Такім чынам, ранненеалітычная кераміка Заходняй Беларусі выглядае некалькі рознастылёвай. Магчыма, гэта вынік пошукаў свайго стылю, характэрны пры зараджэнні кожнай канкрэтнай з'явы, у дадзеным выпадку "гаршкалепства". Не выключаны і ўплывы з боку розных іншых культур, якія маглі стаць імпульсам для мясцовай вытворчасці керамікі.

Усе рэшткі жыццядзейнасці ранненеалітычнага насельніцтва Заходняй Беларусі - прылады працы, зброя, адыходы крэмнеапрацоўкі, чарапкі посуду, сляды жытла і агнішчаў навукоўцы аб'ядноўваюць у першы - дубічайскі - этап нёманскай культуры (названы па стаянцы Дубічай на літоўска-беларускім памежжы).

Размяшчэнне паселішчаў на асабліва рыбных участках рачных далін ускосна сведчыць пра важную ролю рыбалоўства ў прысвойваючай гаспадарцы нёманскага неалітычнага насельніцтва. Праўда, сярод здабытых падчас раскопак матэрыялаў няма прамых сведчанняў гэтага занятку. Толькі зрэдку сустракаюцца авальныя камяні, якія маглі служыць грузіламі да сетак, меншыя акруглыя каменьчыкі як грузілы да плеценых рыбацкіх прыстасаванняў. Падобныя рэчы, аплеценыя бяростай ці спалучаныя з пруткамі, знойдзены на тарфянікавых стаянках Прыбалтыкі, а таксама на поўначы Беларусі. Вынікае, што на рэках Нёманскага і Верхняпрыпяцкага басейнаў асноўнымі рыбацкімі снасцямі былі не сеткі, больш прыстасаваныя да шырокіх азёрных узбярэжжаў, а розныя лавушкі-пасткі з прутоў або жэрдак з нацягнутымі невялікімі сеткавымі палотнамі тыпу кломлі, якімі пры зарослых старычных берагах ловяць рыбу на Панямонні і сёння. Распаўсюджана было і вуджэнне рыбы, пра што, напрыклад, сведчаць знаходкі касцяных кручкоў на дне рэчкі каля в.Камень Пінскага раёна.

Сведчанні палявання больш пераканаўчыя. Гэта разнастайныя наканечнікі стрэл і коп'яў, крамянёвыя нажы. Аднак саміх крамянёвых наканечнікаў коп'яў знойдзена мала, верагодна, значная частка іх рабілася з рога або косці. На інтэнсіўнае паляванне ўказвае і вялікая колькасць разнастайных скрабкоў, якія пасля рэжучых інструментаў займалі другое месца ў мясцовым вытворча-паляўнічым інвентары і якія найперш выкарыстоўваліся для апрацоўкі скур.

Значную ўвагу жыхары заходнебеларускіх стаянак надавалі апрацоўцы крэменю, што зразумела, калі ўлічваць велізарнае багацце мясцовых запасаў гэтай сыравіны як на паверхні зямлі, так і ў яе глыбіні, асабліва каля крэйдавых пакладаў. На некаторых паселішчах, размешчаных побач асабліва багатых на крэмень мясцін, адыходы яго апрацоўкі перавышаюць 90% усіх расшчэпленых камянёў. Меліся і сезонныя майстэрні крэмнеапра-цоўшчыкаў, дзе амаль не сустракаюцца кераміка і закончаныя вырабы. Крэмень здабываўся не толькі для мясцовых патрэб, але і для імпарту на суседнія бедныя на такую сыравіну тэрыторыі, асабліва дзе жылі роднасныя плямёны - найбольш на Сярэднюю Вілію і Паазер'е.

Мяркуючы па выразным падабенстве крамянёвага інвентару ранненеалітычных панямонцаў да мясцовых матэрыялаў папярэдняй мезалітычнай эпохі, яны з'яўляліся ў пераважнай большасці аўтахтонамі, а навацыі, характэрныя для новакаменнага веку, успрынялі ад сваіх паўднёвых і паўднёва-заходніх суседзяў. Не выключана, калі мець на ўвазе пэўную рознастылёвасць керамікі, што на тэрыторыі Верхняй Прыпяці - Панямоння магло часткова пранікнуць і прышлае насельніцтва з Сярэдняга Падняпроўя, дзе рана сфарміравалася роднасная нёманскай днепра-данецкая неалітычная культура.

Найбольш характэрныя рысы нёманскай культуры мела насельніцтва, якое жыло ў басейне Нёмана ад яго вярхоўяў да Росі на захадзе, а таксама на левабярэжных прытоках Верхняй Прыпяці. У Паўднёвай Літве і частцы Паўночна-Усходняй Польшчы жылі перыферыйныя групы нёманцаў. Ранненеалітычнае насельніцтва Паўночна-Заходняй Украіны таксама мела культуру, блізкую да нёманскай. Аднак некаторыя ўкраінскія даследчыкі вылучаюць яе ў асобную валынскую культуру.

На ўсход ад плямён нёманскай культуры Верхняй Прыпяці жыло роднаснае ім насельніцтва днепра-данецкай культуры. Іх падзялялі Пінскія балоты і водападзелы паўднёвых прытокаў Прыпяці. Нёманцаў, што займалі вярхоўі Нёмана і яго правабярэжжа, аддзялялі лясістыя водападзелы ад Верхняга Падняпроўя, занятага насельніцтвам верхнедняпроўскай культуры, і басейна Віліі, дзе была перыферыя нарвенцаў. На поўдні і паўднёвым захадзе носьбіты нёманскай культуры суседзілі з жывёлагадоўча-земляробчым насельніцтвам культуры лінейна-стужкавай керамікі, якое са сваёй падунайскай прарадзімы перайшло на поўнач ад Карпат. Прышлае насельніцтва з-за Карпат і аўтахтоннае познамезалітычнае і ранненеалітычнае насельніцтва лясістых раўнін, якія прымыкалі да Балтыкі, было зусім розным па гаспадарчых занятках, матэрыяльнай і духоўнай культуры, мове. Па гэтай прычыне кантакты між імі былі мінімальнымі, што не спрыяла міжкультурнаму абмену.

Плямёны Заходняй Беларусі ў познім неаліце.

У 3-м тысячагоддзі да н.э. у даволі спакойным развіцці неалітычнага грамадства Заходняй Беларусі наступілі істотныя змены ў матэрыяльнай культуры, гаспадарцы і, верагодна, у духоўным жыцці. Заўважана, што менавіта з пачатку 3-га тысячагоддзя да н.э. мясцовае жыхарства пачынае вырабляць гладкасценны гліняны посуд з выдзеленай шыйкай і адагнутым венцам, упрыгожваючы яго пераважна ў верхняй частцы пасудзін рознымі штампаванымі ўзорамі, сярод якіх з'яўляюцца і адбіткі невядомага раней лінейнага штампа. У крамянёвым інвентары пачынаюць дамінаваць трохвугольныя наканечнікі стрэл, распаўсюджваюцца пласціны са стромкай рэтушшу па перыметры. Павялічваецца колькасць крамянёвых сякер.

Хутчэй за ўсё гэтыя змены ў культуры заходнебеларускага неалітычнага насельніцтва наступілі пад уплывам плямён цэнтральнаеўрапейскай культуры лейкападобных кубкаў. Яны доўгі прамежак часу, прыкладна ад сярэдзіны 4-га тысячагоддзя да трэцяй чвэрці 3-га тысячагоддзя да н.э., дамінавалі на поўначы Сярэдняй Еўропы, займаючы пераважна раўнінныя прасторы паміж Балтыкай і Карпатамі, на захадзе даходзілі да Цэнтральнай Германіі, Ютландыі і Паўднёвай Скандынавіі, на ўсходзе - Заходняга Палесся. Лейкападобнікі карысталіся характэрным гладкасценным посудам з лейкападобна разгорнутымі венцамі, умелі здабываць крэмень шахтавым спосабам, культывавалі даволі развітыя формы земляробства і жывёлагадоўлі.

Носьбіты культуры лейкападобных кубкаў непасрэдна суседзілі з раннянёманскім насельніцтвам на Валыні, паступова яго асімілявалі, а часткова і выцеснілі на ўзбярэжжа Прыпяці. Магчыма, пэўныя яго групы пранікалі і на паўднёвы захад Беларусі. Па крайняй меры на некаторых неалітычных стаянках Брэстчыны сустракаюцца адзінкавыя фрагменты характэрнай ім керамікі. Аднак ужо сёння можна сказаць, што яны аказалі прыкметны ўплыў на развіццё нёманскай культуры, у выніку чаго і сфарміраваліся яе новыя асаблівасці, якія праяўляюцца на помніках, характэрных для другога, лысагорскага, этапу яе развіцця (названы па характэрнай стаянцы Лысая Гара каля в. Кругліца Стаўбцоўскага раёна).

Не выключана, што на вярхоўі Нёмана і яго правабярэжныя прытокі пра-нікалі ўплывы і з паўночнага ўсходу, з недалёкага Беларускага Паазер'я, занятага ў 3-м тысячагоддзі да н.э. як носьбітамі познанарвенскай культуры, так і культуры з тыповай грабеньчата-ямкавай керамікай. Гэта магло праявіцца ў з'яўленні вусеневых адбіткаў (палачкі з накручаным шнурам) на посудзе і кароткіх ліставатых наканечнікаў стрэл з суцэльнай рэтушшу на плоскасцях.

Паселішчы з матэрыяламі тыпу Лысай Гары найдаўжэй праіснавалі на Верхнім Нёмане на тэрыторыі Карэліцкага і Стаўбцоўскага раёнаў.

На паўднёвым захадзе Панямоння і на Верхняй Прыпяці ў хуткім часе, можа, нават у сярэдзіне 3-га тысячагоддзя да н.э., назіраюцца далейшыя змены ў мясцовай неалітычнай культуры. Ва ўжытку насельніцтва распаўсюджваецца посуд з выразна заштрыхаванымі паверхнямі сценак, у якіх прысутнічаюць дамешкі толькі пяску і жарствы. У арнаментацыі амаль цалкам знікаюць грабеньчатыя ўзоры, адначасова пачынаюць пераважаць адбіткі розных лінейных штампаў, з'яўляюцца пад краем венца і шнуравыя адбіткі. У крамянёвым інвентары распаўсюджваюцца серпападобныя нажы, сякеры набываюць дасканалыя формы са звужаным абушком і пашыраным выпуклым лязом, якое часам нават прышліфоўваецца. Помнікі позняга этапу нёманскай культуры даследчыкі аб'ядноўваюць у тып Добрага Бору, па назве стаянкі з асабліва характэрнымі матэрыяламі каля аднайменнай вёскі ў Баранавіцкім раёне на Шчары. Яны характарызуюць позні (дабраборскі) этапразвіцця плямён нёманскай культуры.

Спосабы атрымання агню

Яшчэ больш сведчанняў таго, што дабраборскі этап культуры сфарміраваўся пад уплывамі, што ішлі з Цэнтральнай Еўропы. Пры гэтым відавочна, што такія ўплывы адбываліся ў выніку найперш пранікнення з Павіслення і Валыні новага насельніцтва.

У лясных і пясчаных раёнах паўднёвабалтыйскай раўніны жылі плямёны з культурай "ляснога неаліту": Іх вытокі знаходзіліся ў мясцовым мезаліце. Характэрна, што нават пры інвазіі на поўнач ад Карпат дунайскага земляробчага насельніцтва мясцовае жыхарства, хоць і адсунутае на пясчаныя і балоцістыя няўдобіцы, усё ж трымалася ў басейнах Сярэдняй і Ніжняй Віслы, у правабярэжжы ніжняга цячэння Одэра. На Ніжнім Пабужжы яно нават дамінавала Выпрацаваўшы мясцовую форму глінянай пасудзіны вастра-доннага гаршка з крыху выдзеленай шыйкай і злёгку адагнутым венцам, з лёгкай заштрыхоўкай паверхні, з неарганічнымі дамешкамі ў гліне - носьбіты польскага "ляснога неаліту" ў яго арнаментацыі запазычылі ад земляробчых плямён некаторыя элементы, найбольш паскі адступаючых наколаў і адбіткі лінейнага штампа.

Займаючыся спачатку пераважна прысвойваючымі формамі гаспадарання, носьбіты культуры "ляснога неаліту рана ўспрынялі ад сваіх больш высокаразвітых суседзяў земляробства і жывёлагадоўлю. Гэта давала ім большыя запасы ежы, а значыць, садзейнічала прыросту насельніцтва. Аднак прыросту не хапала, каб пераламаць дэмаграфічную і палітычную сітуацыю на Павісленні і правабярэжжы Одэра на сваю карысць, але было дастаткова, каб пачаць паступовую міграцыю на ўсход у басейны Сярэдняга і Верхняга Нёмана і на Верхнюю Прыпяць. На захадзе Беларусі яны змешваліся з жыхарамі паселішчаў тыпу Лысай Гары, надаючы мясцовай культуры новыя асаблівасці.

Пад канец 3-га тысячагоддзя на захад Беларусі накацілася новая хваля міграцыі. У гэты час тут з'явіліся групы носьбітаў вельмі дынамічнай культуры шарападобных амфар, для посуду якой былі таксама характэрныя лёгкая заштрыхоўка і арнаментацыя лінейным штампам. Аднак усё ж асноўная культуратворчая роля тут належала не шарападобнікам, а менавіта носьбітам польскага "ляснога неаліту".

Увогуле ў культуры неалітычнага насельніцтва Заходняй Беларусі лысагорскі і дабраборскі этапы блізкія між сабой, маюць шмат пераходных рыс. Гэтыя этапы выглядаюць гарманічнымі звёнамі эвалюцыі. У той жа час яны значна адрозніваюцца ад ранейшай мясцовай культуры, матэрыялаў дубічайскага этапу. I калі ў ранненеалітычнай культуры праяўлялася несумненная роднаснасць з плямёнамі астатняй тэрыторыі Беларусі, то на другім і асабліва трэцім этапе мы бачым, як распалася колішняе адзінства зоны культур з грабеньчата-накольчатай керамікай, на захадзе - пад уплывам культур з Павіслення, на поўначы - з-над Фінскай затокі.

На лысагорскім і дабраборскім этапах развіцця неалітычнага грамадства Заходняй Беларусі назіраецца павелічэнне колькасці насельніцтва, адбываецца сапраўдны дэмаграфічны выбух, што было выклікана развіццём вытвараючай гаспадаркі. Памеры паселішчаў значна павялічыліся, напластаванні на іх з рэшткамі жыццядзейнасці робяцца больш тоўстымі і насычанымі значнай колькасцю крамянёвых прылад, адыходаў крэмнеапрацоўкі, абломкаў посуду. Павялічваюцца і скапленні паселішчаў на асобных участках рачных далін.

На дабраборскім этапе ўжо практычна не захавалася насельніцтва нёманскай культуры на правабярэжных прытоках Верхняй Прыпяці. Тут яно было цалкам выцеснена спачатку насельніцтвам культуры лейкападобных кубкаў, якое заняло даволі ўрадлівыя землі Паўднёва-Захбдняга Палесся, а затым і шарападобнікамі. У іншых жа рэгіёнах свайго спрадвечнага арэала нёманцы ўтрымаліся ажно да пачатку бронзавага веку.

На мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да н.э. на лёс познанеалітычнага насельніцтва Заходняй Беларусі выпадаюць новыя выпрабаванні, якія ўплываюць на яго культурна-духоўнае жыццё і этнічны склад. У гэты час тут з'яўляюцца носьбіты адной з культур шнуравой керамікі. Пры гэтым прышлае насельніцтва не змагло выцесніць з тутэйшых лясістых узбярэжжаў супольнасці познанеалітычных абарыгенаў, але істотна змяніла іх культуру.


Посуд насельніцтва культуры шарападобных амфар з заходняй Гродзеншчыны

Пакуль што мала сведчанняў, што земляробства і жывёлагадоўля на захадзе Беларусі былі вядомы ўжо ў раннім неаліце. Аднак верагодна, што на лысагорскім этапе мясцовыя плямены ўжо паспелі запазычыць у сваіх паўднёва-заходніх суседзяў - носьбітаў культуры лейкападобных кубкаў - сакрэты вырошчвання культурных раслін і гадоўлі свойскай жывёлы. Так, на зараджэнне землярооства, звязанага з высечкай лясоў, можа ўказваць прыкметнае павелічэнне колькасці сякер. На кераміцы з Валыні, якая належыць да позніх матэрыялаў дубічайскага тыпу, знойдзены адбіткі ячменю. Яшчэ больш верагоднымі ўяўляюцца заняткі вытвараючымі формамі гаспадаркі сярод насельніцтва дабраборскага этапу. Гэтаму мог садзейнічаць уплыў шарападобнікаў, асабліва ў жывёлагадоўлі, а затым і шнуравікоў. На дабраборскім жа этапе шырока распаўсюджваюцца крамянёвыя сярпы, якія выкарыстоўваліся на жніве, яшчэ больш павялічваецца колькасць і сякер.

Экспансія з Павіслення.

Плямёны з шарападобнымі амфарамі ў 3-м ты-сячагоддзі да н.э. засялялі тэрыторыю Паўночна-Усходняй Германіі, амаль усю Польшчу, Паўночна-Заходнюю Украіну. Асобныя групы шарападобнікаў пранікалі ў Чэхію, Паўночна-Усходнюю Румынію, а таксама ў Беларусь, на Кіеўскае Падняпроўе і нават на вярхоўі Дняпра.

Шарападобнікі ладзілі свае паселішчы на прырэчных узвышэннях, дзе будавалі наземнае жытло слупавой канструкцыі, якое часам дзялілася на асобныя памяшканні. Агнішчы ў жытле былі каменныя або гліняныя. У некаторых рэгіёнах жылі ў паўзямлянках. Побач з жытлом размяшчаліся шматлікія гаспадарчыя ямы, некаторыя з іх былі сметніцамі.

Сваіх нябожчыкаў насельніцтва культуры шарападобных амфар хавала на невялікіх могільніках у неглыбокіх ямах, абкладзеных, як правіла, камянямі. Часам акрамя трупапалажэння практыкаваўся і абрад няпоўнай крэмацыі. Адзін з найбольш значных могільнікаў гэтай культуры меўся на Сярэднім Пароссі на тэрыторыі Краснасельскіх шахтаў. Могільнік пашкоджаны пры земляных работах, аднак адна магіла захавалася практычна поўнасцю. У ёй знаходзілася рытуальнае пахаванне свойскіх жывёл - дзевяці быкоў, дзвюх авечак або коз, частак свінні і каня. Жывёліны былі забітыя ўдарам у лоб, адзін з быкоў - дзвюма стрэламі, касцяныя наканечнікі якіх знойдзены сярод костак грудной клеткі. Рэшткі жывёлін знойдзены і ў іншых пахаваннях. У суседняй жа магіле знаходзіліся і паўабпаленыя чалавечыя косткі, тут была і амфара. Яшчэ адзін могільнік з косткамі свінні, керамічнымі, крамянёвымі і касцянымі вырабамі знойдзены каля в.Малыя Едкавічы Бераставіцкага раёна. Асобныя знаходкі характэрных прышліфаваных крамянёвых сякер шарападобнікаў спарадычна сустракаюцца па ўсім захадзе Беларусі. Сенсацыйным выглядае адкрыццё могільніка гэтага народа пад Смаленскам, які пакуль што адзначае самую паўночна-ўсходнюю мяжу яго экспансіі.

Раскопкі паселішчаў і асабліва могільнікаў культуры шарападобных амфар (а гэта работа была найбольш выніковай у Польшчы і Германіі) дазволілі дастаткова поўна рэкан-струяваць матэрыяльную і духоўную культуру, а таксама заняткі і побыт мясцовага насельніцтва.

Характэрным быў посуд шарападобнікаў, зусім не падобны да таго, які меўся ва ўжытку мясцовага познанеалітычнага насельніцтва Беларусі. Яны карысталіся разнастайнымі глінянымі вырабамі - гаршкамі, кубкамі, міскамі. Асабліва выразнымі былі амфары з шарападобным тулавам (адсюль і назва культуры), простай кароткай шыйкай і прылепленымі вушкамі. Посуд арнаментаваўся пераважна ўзорамі з адбіткаў лінейнага штампа, шнура, насечкамі, наколамі, націскамі пальцаў. Сярод крамянёвых вырабаў акрамя характэрных для ляснога неаліту форм ужываліся чатырохгранныя шліфаваныя сякеры-кліны, вузкія долаты. 3 косці часам выраблялі кінжалы і долаты, верацёнападобныя вастрыі для стрэл і лёгкіх дроцікаў.

Любімымі ўпрыгожаннямі шарападобнікаў былі касцяныя фігурныя "спражкі" і бурштынавыя аздобы - падвескі, гузікі, трубачкі-пранізкі. На Павісленні і ў Германіі ўжываліся і медныя ўпрыгожанні.

Насельніцтва культуры шарападобных амфар займалася сельскай гаспадаркай, у якой, мабыць, пераважала жывёлагадоўля. Вядомыя ім былі і традыцыйныя заняткі каменнага веку - паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Ад сваіх папярэднікаў у Цэнтральнай Еўропе - носьбітаў культуры лейкападобных кубкаў -шарападобнікі перанялі таямніцы крэмнездабыўнай справы ў падземных выпрацоўках. Яны сталі першымі шахцёрамі і на захадзе Беларусі, у прыватнасці на Краснасельскіх шахтах. .

Лішкі крамянёвай прадукцыі шарападобнікі маглі абменьваць з плямёнамі суседніх культур на неабходныя матэрыялы і рэчы. Такім чынам яны атрымлівалі бурштын з узбярэжжа Балтыкі і медзь, верагодна, з Прыкарпацця.

Пэўна, там, дзе з'яўляліся групы носьбітаў культуры шарападобных амфар, узнікалі складанасці ў адносінах з мясцовым насельніцтвам, асабліва з носьбітамі нёманскай неалітычнай культуры. На гэта можа, напрыклад, указваць практычная адсутнасць позніх матэрыялаў нёманцаў на сярэднім Пароссі ў раёне Краснасельскіх шахтаў, рана занятым прышлым насельніцтвам. Аднак з-за істотнай розніцы ў гаспадарчых занятках гэтыя дзве адменныя культурна-этнічныя супольнасці ў пэўныя перыяды, асабліва калі з цягам часу наступала ўзаемнае "прывыканне", маглі і суіснаваць. Вынікам такога суіснавання сталі прыкметныя змены ў пазнейшай мясцовай нёманскай культуры. Менавіта пры ўдзеле шарападобнікаў аформіўся яе завяршальны дабраборскі этап.

Неалітычнае насельніцтва Паўночнай Беларусі.

Паўночная Беларусь - край тысяч азёр, нездарма называецца Паазер'ем. Азёры ў сваю чаргу злучаюцца мноствам пратокаў. Існуе разгалінаваная рачная сетка. Такая надзвычайна багатая колькасць вадаёмаў наклала свой адбітак на развіццё мясцовага неалітычнага грамадства.

У раннім неаліце, а гэта як мінімум усё 4-е тысячагоддзе да н.э., поўнач нашага краю засялялі плямёны нарвенскай культуры, названай так па характэрным паселішчы каля Нарвы ў Эстоніі. Сваё паходжанне яны вялі ад мясцовага насельніцтва кундскай мезалітычнай культуры.

Асноўны масіў нарвенскіх плямён займаў тэрыторыі Латвіі і Эстоніі. На тэрыторыі ж Беларусі яны жылі па ўсім Падзвінні, за выключэннем яго паўднёва-ўсходняга ўскрайку, а таксама на Нарачанскіх азёрах і па верхнім цячэнні Віліі. Асобныя групы нарвенцаў пранікалі нават на Бярэзіну Дняпроўскую, у межы сучасных Лагойскага і Барысаўскага раёнаў. Такім чынам, наша Паазер'е складала паўднёвую частку арэала, занятага нарвенскім насельніцтвам. На ўсходзе і паўночным усходзе іх паселішчы знаходзіліся на захадзе Пскоўшчыны і ў Ленінградскай вобласці, вядомыя яны былі і ў прыморскай і Усходняй Літве.

Паселішчы нарвенцаў размяшчаліся блізка каля вады, займаючы нязначныя ўзвышэнні звычайна пры вытокаў рэчак з азёр, каля плыткіх зарослых узбярэжжаў вадаёмаў, багатых рыбай і азёрнай ядомай расліннасцю, асабліва вадзянымі арэхамі. Таксама выбіралі, каб побач былі баравыя і змешаныя лясы, а непадалёку - балоты. Усё гэта давала магчымасць выкарыстоўваць багатыя і разнастайныя прыродныя запасы мясной і расліннай ежы. У той жа час нарвенцы пазбягалі гліністых узбярэжжаў, а таксама буйных рэк з капьёнападобным рэчышчам, нязручным для рыбалоўства.

Некаторыя стаянкі ў выніку наступнага звільгатнення клімату аказаліся пазней затопленымі і затарфянелымі. На такіх тарфянікавых паселішчах да нашых дзён захаваліся не толькі мінеральныя, але і разнастайнейшыя арганічныя рэшткі жыццядзейнасці чалавека - вырабы і ўпрыгожанні з рога, косці і дрэва, рэшткі збудаванняў. Найбольш ранняя нарвенская тарфянікавая стаянка знойдзена каля в.3ацэнне ў Лагойскім раёне. Арганічныя рэчывы захаваліся і на паселішчы Асавец-4 на краі Крывінскага тарфяніку ў Бе-шанковіцкім раёне на Віцебшчыне. Тут культурны пласт залягае на жвіро-вым пагорку, дзе шмат вапняку. Вапна прапітала вырабы з рога і косці і захавала іх ад гніення.

На нарвенскіх паселішчах Беларусі знойдзены невыразныя рэшткі драўляных канструкцый, якія, магчыма, засталіся ад жытла, а таксама адкрытыя агнішчы. На прыбалтыйскіх стаянках выяўлены сляды чатырох-вугольнага выцягнутага жытла са сценамі, зробленага з вертыкальна ўбітых у зямлю завостраных калоў, з двухсхільнай страхой, у якім знаходзілася агнішча на пясчанай падсыпцы.

Нарвенцы, якія знаходзіліся на поўдзень ад Дзвіны, непадалёку ад крэменяносных радовішчаў вярхоўяў Віліі, шырока выкарыстоўвалі для прылад працы і зброі крэмень. Сярод крамянёвых вырабаў выдзяляліся кароткія лістападобныя наканечнікі і доўгія наканечнікі коп'яў, апрацаваныя двухбаковай рэтушшу звычайна па ўсёй паверхні. Насельніцтва ж больш паўночных бедных на крэмень мясцін нярэдка паспяхова замяняла яго рогам і косцю. Нарвенцы ўжывалі касцяныя разнастайныя наканечнікі стрэл, у тым ліку біканічныя і іголкападобныя, кінжалы, сякеры і цёслы, інструменты для здымання кары з дрэў, пешні для падлёднага лову рыбы, рыбацкія кручкі і гарпуны. Яны мелі нават матыкі з ласінага рога з прасвідраванымі для рукаятак адтулінамі. Матыкі служылі для выкопвання каранёў ядомых дзікарослых раслін.

Посуд, якім карысталіся нарвенцы, быў некалькі іншы, чым у астатняга неалітычнага насельніцтва Беларусі. Яны ляпілі пераважна шырокаадкрытыя вастрадонныя гаршкі з гліняных стужак, якія змацоўваліся тарцамі. Пры гэтым у фармовачную гліну дабаўлялі раслінныя рэшткі і драбнатоўчаныя ракавіны. Паверхні раўняліся расчэсваннем зубчастай пласцінкай-грэбенем, а затым, яшчэ перад абпалам, упрыгожваліся штампаваным арнаментам. Посуд аздабляўся напачатку даволі сціпла-паясамі насечак, наколаў, грабеньчатымі адбіткамі і рыскамі, размешчанымі пераважна ў версе начыння. На паўднёвай перыферыі культуры гаршкі даволі часта мелі пад краем пояс глыбокіх круглых ямак. Затым вырабы абпальваліся на агнішчах. Абпал, як і тэхналогія вырабу керамікі, быў недасканалы. Таму посуд быў даволі крохкі і часта біўся. Пашкоджанае начынне рамантавалася шляхам накладання на трэшчыны бярэсты і сшывання яго праз прасвідраваныя адтулінкі. У такім выглядзе яно не ўжывалася для гатавання стравы на агнішчах, але заставалася прыдатным для захоўвання сыпучых рэчываў, напрыклад ягад або арэхаў.

Акрамя гаршкоў нарвенцы зрэдку выкарыстоўвалі і авальныя місачкі не зусім зразумелага прызначэння, часам арнаментаваныя і ўсярэдзіне.

Насельніцтва нарвенскай культуры выкарыстоўвалаўпрыгожанні-падвескі са звярыных зубоў, а на пазнейшых этапах сваёй гісторыі - бурштынавыя аздобы. Іх імкненне да арнаментальнай творчасці не абмяжоўвалася аздабленнем керамікі. Гравіраванымі ўзорамі яны пакрывалі і некаторыя касцяныя вырабы. Арнаменты дапаўняліся і пэўнымі выяўленчымі матывамі - стылізаванымі фігурамі звяроў і птушак. У пазнейшыя часы ў мастацтве нарвенцаў з'яўляецца і аб 'ёмная пластыка.

Знаходзячыся на перыферыі нарвенскай супольнасці, плямёны Беларускага Паазер'я падтрымлівалі кантакты са сваімі паўднёвымі і паўднёва-заходнімі суседзямі-носьбітамі верхнедняпроўскай і нёманскай культур. Гэта найбольш адчуваецца ў асаблівасцях арнаментацыі посуду. На нарвенскіх гар-шках з Беларусі часцей, чым у больш паўночных рэгіёнах, сустракаюцца грабеньчатыя адбіткі і пракрэсленыя рыскі, а таксама ямкі пад краем венца. Акрамя фармоўкі гаршкоў спосабам тарцовага прылепу тут шырока прымяняўся касы прылеп гліняных стужак. У сваю чаргу пад уплывам нарвенцаў верхне-дняпроўскае насельніцтва часам аздабляла свае гаршкі і ўсярэдзіне.

У сярэдзіне 3-га тысячагоддзя да н.э. у развіцці супольнасці нарвенскай культуры наступілі значныя ўскладненні, якія ўзніклі па прычыне экспансіі ў Прыбалтыку і часткова на поўнач Беларусі плямён культуры з тыповай грабеньчата-ямкавай керамікай. Аднак у Літве і на нашым Паазер'і прышлае насельніцтва было нешматлікім, што прывяло да яго асіміляцыі нарвенцамі. Аднак знаходжанне іх на працягу некалькіх стагоддзяў на Беларускім Падзвінні не прайшло бясследна. Мабыць, пад іх уплывам мясцовае насельніцтва пачало ляпіць гладкасценны посуд са скошанымі і патоўшчанымі краямі венцаў. Да традыцыйных ранненарвенскіх узораў дабавіліся і новыя элементы - паясы глыбокіх круглых ямак і ромбападобных фігур з адбіткаў шыраказубчастага штампа.

Зразумела, што такія ўплывы мацнелі пры непасрэдных кантактах тубыльцаў і перасяленцаў. Гэта найбольш праявілася на захадзе Паазер'я.

На культуры нарвенцаў адчувальнае і ўздзеянне цэнтральнаеўрапейскай традыцыі, якая магла пранікнуць на поўнач Беларусі яшчэ ў час дамінавання на Павісленні плямён культуры лейкападобных кубкаў, але найбольш носьбітаў культуры шарападобных амфар, якія даходзілі ажно да Верхняга Дняпра і, паводле некаторых меркаванняў, нават у Латвію. Гэта найперш праявілася ў з'яўленні арнаментальных элементаў у выглядзе адбіткаў лінейнага штампа і кампазіцый з зігзагаў.

Прышэльцы з-над Фінскай затокі.

Прыкладна ў другой чвэрці 3-га тысячагоддзя да н.э. у Паўднёва-Усходнюю Прыбалтыку з тэрыторый, прылеглых з усходу да Фінскай затокі, пачынае пранікаць насельніцтва зусім чужой нарвенцам культуры. Яно таксама займалася выключна прысвойваючымі формамі гаспадаркі і, мабыць, асаблівую ўвагу надавала рыбалоўству. Таму для сябе прышлае насельніцтва выбірала прыбярэжныя ўчасткі вадаёмаў, багатыя рыбай, побач са стаянкамі абарыгенаў, а нярэдка пасялялася і на саміх гэтых стаянках. Такім чынам, шмат дзе рознакультурныя этнасы трапілі ў аднолькавыя экалагічныя ўмовы, што непазбежна павінна было выклікаць вострыя міжпляменныя сутычкі. Па нейкіх прычынах прышэльцы з паўночнага ўсходу аказаліся мацнейшымі. Магчыма, яны выпрацавалі больш разнастайныя прыёмы выкарыстання прыродных запасаў ежы і былі таму больш шматлікія. Як бы там ні было, але яны даволі хутка запанавалі на большасці тэрыторый, асвоеных перад гэтым носьбітамі нарйенскай культуры. Ім удалося нават пранікнуць на поўнач Беларусі і заняць адносна вузкі пас паміж Нараччу і Лепельскімі азёрамі. Гэту экспансію не зведалі толькі перыферыйныя тэрыторыі - Усходняе Паазер'е Беларусі, узбярэжжа Віліі, Цэнтральная Літва і левабярэжжа Ніжняга Нёмана. Аднак пэўныя групы прышлага насельніцтва пранікалі і сюды у прыватнасці ажно на паўночны ўсход Польшчы.


Жытло жыхароў культуры грабеньчата-ямкавай керамікі (паводле Н. Гурынай)

Прышэльцы найбольш выдзяляліся сваёй керамікай. Яны карысталіся даволі аднастайнымі гаршкамі яйцападобнай формы з прыкругленымі днамі. Сценкі пасудзін былі тоўстыя, моцна абпаленыя, мелі дамешкі жарствы. Краі венцаў патаўшчаліся і скошваліся вонкі. Добра загладжаныя паверхні сценак ад гарлавіны ажно да дна шчыльна пакрываліся пачарговымі паясамі з глыбокіх круглых ямак і адбіткаў шыраказубчастага штампа або вусеневых узораў. Гэтыя арнаментальныя элементы нярэдка кампанаваліся і ў ромбы, злучаныя вугламі. Менавіта па такім посудзе, невядомым дагэтуль па сваёй тэхналогіі і аздабленню мясцовым плямёнам, рэшткі жыццядзей-насці находнікаў, выяўленыя археолагамі, атрымалі назву культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі.

Для вырабу прылад працы і зброі прышлае насельніцтва выкарыстоўвала не толькі крэмень, часам і сланец, але косць і рог. Пры гэтым некаторыя формы касцяных вырабаў яно запазычыла ад нарвенцаў. Ад іх жа яно ўзяло звычай упрыгожваць цела і вопратку бурштынавымі вырабамі - падвескамі, трубачкамі, кольцамі, нашыванымі гузікамі.

На тэрыторыі Беларусі стаянкі насельніцтва культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі выяўлены на пратоцы паміж Нараччу і Мястрам, на Лепельскіх і Ліснянскіх азерах, каля Пастаў. Такім чынам, вынікае, што прышэльцы праніклі толькі на Заходняе Паазер'е. Стаянкі іх на Беларусі невялікія па памерах, утрымліваюць даволі тонкія напластаванні са слядамі жыццядзейнасці чалавека і вельмі слаба насычаны знаходкамі.

3-за сваёй малалікасці прышлае насельніцтва з поўначы не змагло культурна і этнічна асвоіць наша Паазер'е. Ужо к канцу 3-га тысячагоддзя да н.э. яно было асімілявана мясцовым нарвенскім насельніцтвам, хоць і паспела пэўным чынам паўплываць на культуру апошняга.

Носьбітаў культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі шэраг даследчыкаў залічвае да старажытнейшых продкаў прыбалтыйскіх фінаў, найперш эстонцаў.

Мабыць, яшчэ з тых познанеалітычных часоў на поўначы Беларусі засталося некалькі назваў рэк і азёр, што паходзяць з эстонскай мовы.

А.Калечыц, М.Чарняўскі

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Плямёны на тэрыторыі Беларусі ў новым каменным веку (неаліце)

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.