Да пытання аб этнічнай і палітычнай свядомасці ўсходнеславянскага насельніцтва ў 10 - 13 стст

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Да пытання аб этнічнай і палітычнай свядомасці ўсходнеславянскага насельніцтва ў 10 - 13 стст. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Этнічная свядомасць.
Палітычная свядомасць.

У савецкай паваеннай гістарыяграфіі трывала замацаваўся погляд аб існаванні старажытнарускай народнасці і фармаванні ў выніку яе дывергенцыі асобных усходнеславянскіх народнасцяў у 14-16 стст.[1] Аднак, што разумее большасць даследчыкаў, ужываючы тэрмін "народнасць" у дачыненні да славянскага насельніцтва Кіеўскай Русі? Звычайна падразумяваецца існаванне ўстойлівага моўнага ўсходнеславянскага адзінства і досыць позняе ўтварэнне ўласна беларускай, украінскай і расейскай моваў. Але даследаванне моўнай сітуацыі, якая існавала ва Усходняй Еўропе ў 10-13 стст., ставіць пад вялікае пытанне абгрунтаванасць гэткай высновы. Пасля вывучэння А.Залізняком мовы ноўгарадскіх берасцяных грамат быў канчаткова даведзены факт існавання ў 11-12 стст. старажытнейшага ноўгарадска-пскоўскага дыялекта, які адрозніваўся ў гэты час ад паўднёварускага (кіеўскага) не менш чым двума дзесяткамі істотных прыкмет. Адначасова гэты дыялект многімі элементамі быў падобны да моваў балтыйскіх славянаў, а таксама да моваў сербска-славенскай групы. І толькі ў 13-15 стст. назіраецца паступовая нівеліроўка гэтых дыялектных адметнасцяў у выніку ўзаемадзеяння з суседнімі суздальскімі дыялектамі[2].

Тое ж самае тычыцца і беларускай мовы. У свой час Л. Аляксееў адзначыў той факт, што "некаторыя межы, падзяляючыя розныя дыялектныя з'явы, паўтараюць племянныя межы ранняга жалезнага веку"[3]. Гэта ж самае пераканаўча давёў і В.Сядоў[4]. Тэорыя В.Сядова аб балцкім субстраце ў этнагенэзе беларусаў і фармаванні ў 8-13 стст. беларускай этнічнай супольнасці на сённяшні дзень прызнаецца большасцю даследчыкаў. Аналіз усяго комплексу дадзеных дазваляе казаць аб наяўнасці ўжо на пачатку 2 тысячагоддзя новай этнічнай супольнасці, якая пазней атрымала назву беларусаў[5]. Бясспрэчным фактам зараз лічыцца і ўдзел іранскага і фіна-вугорскага субстрата ва ўкраінскім і, адпаведна, расейскім этнагенэзе, аб чым яскрава сведчаць дадзеныя антрапалогіі, мовазнаўства і фальклору[6].

Нельга сур'ёзна ставіцца і да апеляцыі пра аднароднасць матэрыяльнай культуры Кіеўскай Русі як этнаўтвараючага фактару. Па-першае, ужо неаднаразова адзначаўся той факт, што культурная агульнасць унутры ўстойлівых летапісных племянных саюзаў прасочваецца па курганных матэрыялах 12-13 стст. і па яшчэ больш позніх дадзеных дыялекталогіі[7]. Па-другое, кажучы пра матэрыяльную культуру ўсходнеславянскіх гарадоў, трэба памятаць, што культавая архітэктура, прыкладное мастацтва нясуць на сабе выразны адбітак магутнейшых рэцэпцыяў візантыйскай цывілізацыі. Менавіта майстры Візантыі непасрэдна прычыніліся да ўзнікнення шэрагу помнікаў Усходняй Еўропы[8]. Калі прытрымлівацца логікі прыхільнікаў агульнасці гарадской культуры Кіеўскай Русі як фактару этнічнай кансалідацыі ў адзіную народнасць, то можна нават абвясціць існаванне адзінай народнасці ў межах ВКЛ у 16-17 стст., бо ў гэты час ад Інфлянтаў да Магілёва мы бачым аднародную гарадскую культуру (аднолькавыя тэхнічныя прыстасаванні і тэхналогіі, сінхроннасць у развіцці розных відаў рамёстваў, узнікненне новых тыпаў вырабаў, іх стылістыкі і ўпрыгожванняў). Аднароднасць матэрыяльнай культуры ўсходнеславянскіх гарадоў не можа быць аргументам у пытанні існавання ці адсутнасці ўсходнеславянскага этнасу.

Аднак аўтара найперш цікавіла праблема этнічнай і палітычнай самаідэнтыфікацыі ўсходнеславянскага насельніцтва ў эпоху Кіеўскай Русі, бо менавіта яна з'яўляецца важнейшай у вырашэнні гэтага пытання.

Этнічная свядомасць.

Аксіёмай афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі стала сцвярджэнне, што стрыжнёвай ідэяй "Аповесці мінулых часоў" з’яўляецца ідэя ўсходнеславянскага адзінства[9]. Наколькі гэтаму адпавядаюць рэаліі пачатку 12 ст., калі Нестар працаваў над летапісам? Тэкст "Аповесці" наскрозь прасякнуты "патрыятычным" пачуццём русіна - паляніна ў дачыненні да ўласна Кіеўскай зямлі і выразным супрацьпастаўленнем ёй усіх астатніх славянскіх плямёнаў, што ўвайшлі ў склад Русі. "Мы" для патрыёта-кіяўляніна - гэта "поляне яже ныне зовомая Русь". Яны "живуще особе" ад усіх іншых, вядуць свой пачатак ад мужоў "мудрых и смысленых" легендарных часоў Кія, Шчэка і Харыва і "дожыли они в Киеве и до сего дне"[10].

За межамі ягонай палянскай Русі цягнуўся свет, па словах Б.А.Раманава, "двуногіх звяроў і быдла"[11], да якіх немагчыма ўжываць хрысціянскія меркі, бо ўсе яны (вяцічы, радзімічы, драўляне, крывічы ды іншыя) без вынятку "паганцы", што "живяху звериньским образам, живуще скотьски"[12]. Продкі ноўгарадцаў - славене, таксама недалёка адыйшлі ад "паганцаў". І абсмяяў іх сам апостал Андрэй, і не "задалися" ім тонкія ветразі падчас Візантыйскага пахода, і князь, які паважае сябе, да іх на стол не пойдзе[13].

Найменні летапісных плямён існуюць да сярэдзіны 12 ст., прычым не заўсёды як рэтраспекцыя. Калі ў 1128 г. адбылася выправа на Полаччыну, то летапісец ведаў, што кааліцыя ідзе на "кривиче", як і тое, што Глеб Менскі ў 1113 г. "воевал дреговичи". А Уладзімір Давыдавіч, які пісаў у 1147 г. да Ізяслава Мсціславіча ў Кіеў, ясна ўсведамляў, што яго воласць - гэта "вятиче"[14].

У якасці этноніма ва ўсіх дамангольскіх пісьмовых крыніцах тэрміны "Русь", "русін", "рускі" ужываліся толькі ў дачыненні да жыхароў паўднёвых княстваў -- "Рускай зямлі" ў вузкім сэнсе гэтага слова, якая размяшчалася вакол гарадоў Кіева, Пераяслаўля, Чарнігава і Ноўгарада-Северскага. У летапісных крыніцах 12 ст. жыхары іншых княстваў-земляў выразна супрацьпастаўлялі сябе гэтай "Русі". Гэта тычыцца як насельніцтва Уладзіміра-Суздальскай, гэтак і Смаленскай, Галіцкай ды іншых земляў[15]. Аўтар "Слова пра паход Ігаравы" ўжываў тэрмін "Руская зямля" ў першапачатковым сэнсе, як і яго сучаснікі-летапісцы. Русічамі ён называў воінаў з Чарнігаўскага і Ноўгарад-Северскага княства[16].

Як вядома, існавала і ўяўленне аб "Рускай зямлі" ў шырокім сэнсе. Аднак наколькі абгрунтавана лічыць гэты тэрмін этнонімам? Не выклікае пярэчання той факт, што ў шырокім сэнсе тэрмін "Руская зямля" прыкладаецца да ўсіх усходнеславянскіх земляў, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай дзяржавы і падпарадкоўваліся дынастыі Рурыкавічаў[17]. Аднак у такім выпадку лагічна казаць пра палітычны, а не этнічны змест гэтага тэрміну. Менавіта так трактаваў "Рускую зямлю" 11-12 стст. В.Ключэўскі[18]. Даследчыкамі адзначалася адна агульная рыса паведамленняў аб "Русі" ў шырокім сэнсе, а менавіта тое, што Валынская, Ноўгарадская альбо Растоўская зямля становяцца для летапісца "Руссю" толькі тады, калі размова ідзе аб канфліктах з суседнімі дзяржавамі і народамі, якія ў склад "Рускай зямлі" як дзяржаўнагенеалагічнай агульнасці не ўваходзяць[19].

Не пераканаўча выглядаюць і спасылкі на такую крыніцу, як "Слово о погибели Рускыя земли", створаную ў другой палове 13 ст. у Паўночна-Усходняй Русі. "Руская зямля", якая займала тэрыторыю ад "Угор" і да "Балгар" і супрацьпастаўлялася інаверным суседзям ("поганьским странам"), выступае як адзінае цэлае, падпарадкаванае вярхоўнай уладзе родапачынальніка ўладзіміра-суздальскіх князёў 13 ст. - Усевалада Вялікае Гняздо. Тут акрэслена не месца рускіх сярод іншых народаў, як беспадстаўна сцвярджаецца да гэтага часу асобнымі даследчыкамі, а акцэнтуецца ўвага на тым, што "<...>то всё покарено было богом крестияньскому языку"[20]. Тэрмін "Руская зямля" ў дадзеным выпадку пазначаў тэрыторыю, якая ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, і выступаў у якасці канфесіоніма і палітоніма, а не этноніма. Відавочна і імкненне летапісца адлюстраваць прэтэнзіі "свайго" княскага роду на спадчыну Кіеўскага перыяду.

Нельга таксама блытаць з этнонімамі і канфесіонімы. Паказальны ў гэтым "Список русских городов дальних и ближних", цікавейшая крыніца канца 14 ст. У гэтым дакуменце да "рускіх" гарадоў аднесены "Болгарскыи и волоскии гроди"[21], што ставіць у тупік даследчыка, які жадае бачыць у гэтай крыніцы сведчанне пра захаванне ўсведамлення ўсходнімі славянамі свайго этнічнага адзінства. Як пераканаўча паказаў Е.Навумаў, у 1394-1396 гг. Кіеўскі мітрапаліт Кіпрыян склаў схему паслядоўнага падпарадкавання Кіеву Балгарыі, Малдовы і Галіча ў сферы кананічнай, царкоўнай юрысдыкцыі. Для гэтага па ініцыятыве Кіпрыяна і быў складзены "Список". Аднак Канстанцінопальскі патрыярх Антоній у 1397 г. даў рашучы адпор дамаганням Кіеўскага мітрапаліта. "<...>"Список русских городов дальних и ближних" застаўся неажыццяўлёным праектам і сведчаннем памкненняў Кіпрыяна"[22]. Як бачым, у выпадку кананічнага падпарадкавання неўсходнеславянскіх земляў яны аўтаматычна становяцца "рускімі", г. зн. залежнымі ад Кіеўскай метраполіі.

Калі ж лічыць тэрмін "Руская зямля" ў шырокім сэнсе этнонімам, то згодна такой логікі трэба разглядаць у якасці этнонімаў і тэрміны "Літва" і "Літоўская зямля" ў шырокім сэнсе. У канцы 15-16 ст. яны адлюстроўвалі ўсведамленне прыналежнасці розных этнічных земляў да Літвы як палітыка-тэрытарыяльнага цэлага. І ў гэтым выпадку перад намі ні што іншае як палітонім.

У сувязі з важнасцю элементаў палітычнай свядомасці паспрабуем прасачыць этапы яе фармавання ў насельніцтва Кіеўскай Русі на розных этапах існавання апошняй.

Палітычная свядомасць.

Паняцце "Русь" у палітычным і сацыяльным сэнсе гэтага слова ў 11-12 стст. азначала найперш за ўсё княскую дружыну, вышэйшую дзяржаўную арыстакратыю[23]. Тэрмін "рускія князі" азначаў сукупнасць членаў княскага роду Рурыкавічаў. Кожная з галінаў княскага роду мела фармальнае права на "прычасце" (долю) Рускай зямлі ў вузкім сэнсе, а значыць і права на вялікакняскі Кіеўскі стол. Сярод Яраславічаў жыло ўсведамленне права ўсіх членаў іх роду на Кіеўшчыну, бо яны "не угры и не ляхи, а единого деда внуки"[24]. Заклік аўтара "Слова..." да ўсіх "рускіх князёў" - гэта якраз заклік да іх, як да "единого деда внуков", заклік да агульнага пахода супраць полаўцаў, якія пагражалі ўласна "Рускай зямлі", заклік да іх агульнародавай уласнасці.

У сувязі з гэтым цікава прасачыць узнікненне выразнай генеалагічнай свядомасці ў розных галінах роду Рурыкавічаў. Аўтар "Слова..." падзяліў усіх князёў Кіеўскай Русі на дзве галіны: "Ярославли вси внуци и Всеславли"[25].

У пачатку 12 ст. (як лічыць Ю.Заяц, у 1128 г.) у летапісы было занесена родавае паданне полацкіх князёў. У ім выразна падкрэслівалася выключнае права полацкага роду на валоданне Полаччынай і яго генеалагічная асобнасць: 1) Яны "Роговоложи внуци" і таму адзіна законныя спадчыннікі Полацкай зямлі; 2) Рагнеда выступае як мсціўца за вынішчэнне свайго рода і за захоп Уладзімірам "Отчины", якая належыць ёй па праву. Гэтае права на "Отчину" прызнавалася, згодна падання, і "болярством" Уладзіміра[26].

Істотна адзначыць тую акалічнасць, што Полацкая зямля ва ўсходнеславянскіх крыніцах 11-12 стст. нідзе ў складзе "Рускай зямлі" ў шырокім сэнсе не згадваецца. Гэта тлумачыцца якраз вышэйзгаданымі генеалагічнымі прычынамі.

Як вядома, ужо ў 11 ст. на ўсёй тэрыторыі Кіеўскай Русі пачало складвацца ўяўленне аб княскай "Отчине". Рашэнне з'езда ў Любечы ў 1097 г. ("кождо да держит отчину свою") замацавала права кожнага Яраславіча на тую воласць-княства, якой валодаў іх бацька па Яраслававу падзелу[27]. Паняцце "Отчины" фармавала своеасаблівы рэгіянальны "патрыятызм". Паказальны адказ аднаго з Манамахавічаў Усеваладу Ольгавічу Чарнігаўскаму, які, заняўшы ў 1139 г. Кіеў, хацеў перавесці яго з "отческого" Пераяслаўля ў Курск: "<...>лучше мне смерть на своей отчине и дедине, чем Курское княжие; отец мой в Курске не сидел, а Переяславле: хочу умереть на своей отчине"[28].

Яскравай праявай далейшай дыферэнцыяцыі дынастычнай свядомасці з'яўлялася ўзнікшая ў гэты час выразная тэндэнцыя падкрэслівання асаблівай значнасці сваёй галіны роду, яе ўхваленне. Гэта адбілася і на тэрміналогіі. "Яраславы внуцы", памятаючы аб агульнасці паходжання, мянуюць сябе па імені заснавальнікаў удзельных дынастыяў. Цяпер яны найперш Ольгавічы, Манамахавічы, Расціславічы. У помніках летапісання кожнай з земляў акцэнтуецца ўвага на мужнасці і славе "свайго" княскага роду, які не здольны на благія ўчынкі, не здраджвае клятвам і з павагай ставіцца да іншых "братоў"-князёў. Разам з гэтым не шкадуецца "чорнай фарбы" для прадстаўнікоў варожых дынастыяў іншых земляў[29].

Кіеўскі стол па-ранейшаму найбольш пажаданы і прэстыжны, алё ён ужо толькі першы сярод роўных. У 12 ст. тытул "великое княжение" і "великий князь" ужываўся і да чарнігаўскіх, і да ўладзімірскіх ды іншых уладароў асобных земляў-княстваў[30]. Той жа працэс дыферэнцыяцыі дынастычнай свядомасці мы бачым і ў княскай геральдыцы. Кожная галіна роду Рурыкавічаў скарыстоўвала агульнародавы трызуб і відазмяняла яго. З'явіліся цэлыя серыі знакаў, кожная з якіх адпавядала толькі асобнай дынастычнай галіне рода[31].

Князь гэтага часу мысліўся тым жа Даніілам Заточнікам у маштабах стольнага горада, уласнага княства-дзяржавы, а не ўсёй "Рускай зямлі": "Дуб крепок множеством корения; тако и град наш твоею державою"[32]. Што гэта не выключэнне, а правіла, сведчаць і іншыя тэксты. Узорнай у гэтым сэнсе з'яўляецца "Похвала роду рязанских князей". "Похвала" распадаецца на некалькі ўзаемазвязаных сюжэтаў, адзначаецца, што "сии бо государа рода Владимира Святославича", падкрэсліваецца іх хрысталюбства і выключныя асабістыя якасці, клопат і абарона імі Разанскай зямлі, якую яны "от супостат велми без ленности храняща". Галоўнае для іх - княскі стол, "агульназямельныя" інтарэсы, падтрымка і захаванне якіх з'яўляецца ў вачах летапісца адной з найвялікшых княскіх дабрадзейнасцяў[33].

Усё гэта спрыяла кансалідацыі насельніцтва княстваў, усведамлення ім свайго тэрытарыяльна-палітычнага адзінства. У выніку да сярэдзіны 12 ст. зніклі племянныя назвы і адзіным найменнем зямлі стала назва, вытворная ад назвы горада - адміністрацыйнага і культурнага цэнтра княства.

Як паказалі даследаванні Б.Флоры, пасля мангольскай навалы адбыліся істотныя змены ў этнічнай і палітычнай ментальнасці насельніцтва былой Кіеўскай Русі. На працягу 13-14 стст. выразна прасочваецца тэндэнцыя атаясамлення менавіта свайго палітычнага ўтварэння з "всей Руской землёй". У выніку развіцця гэтага працэсу ў 14-15 стст. на поўначы Русі і ў ВКЛ канчаткова замацавалася атаясамліванне сваёй дзяржавы з "всей Руской землёй", а насельніцтва адпаведна - з "русінамі", "рускімі". Пры гэтым на ўсходнеславянскіх землях ВКЛ пазбягалі распаўсюджваць гэту назву на тыя землі ўсходніх славянаў, што знаходзіліся за межамі іх дзяржавы. Так, у якасці назвы насельніцтва ўсходнеславянскіх земляў, якія аб'ядналіся вакол Масквы, пастаянна ўжываецца тэрмін "масквічы"[34]. Больш таго, як у беларуска-літоўскіх летапісах, гэтак і ў маскоўскіх, складваецца традыцыя ўсяляк падкрэсліваць пераемнасць кіеўскай традыцыі сваёй дзяржавай. Напрыклад, у беларуска-літоўскіх летапісах даказваецца легітымнасць права вялікіх князёў на валоданне ўсімі ўсходнеславянскімі землямі, на кіеўскую спадчыну. Суверэнітэт ВКЛ супрацьпастаўляецца васальнай залежнасці Маскоўскай Русі ад Арды[35].

Мы бачым добра знаёмы этнолагам працэс ператварэння палітоніма ў этнонім, які першапачаткова і для беларуска-ўкраінскай супольнасці, і для земляў будучай Расеі быў агульным ("русь", "рускі"). Аднак "рускім" лічылася толькі сваё насельніцтва як і "ўсёй Рускай зямлёй" - толькі ўласнае палітычнае ўтварэнне. Перад намі яскравая дыферэнцыяцыя як этнічнай, гэтак і палітычнай свядомасці.

Падобныя рэчы добра вядомы з гісторыі іншых этнапалітычных утварэнняў Еўропы. З сярэдзіны 7 ст. у выніку адасаблення кожнага з меравінгскіх каралеўстваў знікла агульная самасвядомасць "палітычнага" народа gens Francorum. У канцы 7 ст. пачалося фармаванне асобнай нейстрыйскай самасвядомасці, у сістэме якой франкамі лічыліся толькі жыхары Нейстрыі. Тэрытарыяльная раз'яднанасць знішчыла адзіную самасвядомасць у каралеўстве вестготаў. Паняцце "готы" стала распаўсюджвацца толькі на жыхароў уласна Іспаніі[36].

Няма ніякіх падставаў казаць аб насельніцтве Кіеўскай Русі як устойлівым, аднародным этнічным утварэнні. У выніку падпарадкавання земляў усходніх славянаў дынастыі Рурыкавічаў склалася ўяўленне аб палітычнай і тэрытарыяльнай агульнасці гэтых земляў. У гэты час адбывалася фармаванне надплемяннога "палітычнага" народа.

Кіеўская Русь - гэта метаэтнапалітычная супольнасць, падобная на такія ўтварэнні, як арабскі Халіфат, Габсбургская манархія, імперыі Карла Вялікага, Чынгіс-хана, Вялікіх Маголаў. На погляд аўтара, досыць пераканаўча выглядае выказанае В.Каралюком меркаванне аб старажытнарускай і старажытнапольскай народнасцях як пэўных кангламератах "пранароднасьцяў"[37].
Фроянов И.Я. Киевская Русь. Ленинград, 1990. С. 9-27.
Зализняк А.А. Значение новгородских берестяных грамот для истории русского и других славянских языков // Вестник АН СССР. Москва. 1988. №8. С. 99.
Алексеев Л.В. Полоцкая земля. Москва, 1966. С. 32.
Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. Москва, 1982. С. 184-185.
Дучыц Л. Балты і славяне на тэрыторыі Беларусі ў пачатку II тыс. н.э. // Беларускі гістарычны агляд. 1995. Т. 2. Сш. 1. С. 29.
Седов В.В. Восточные славяне в VI - XIII вв. Москва, 1982. С. 113, 195-196.
Рыбаков Б.А. Первые века русской истории. Москва, 1964. С. 148-149; Седов В.В. Восточные славяне ... С. 270.
Пуцко В. Аб еўрапейскім кантэксце сярэдневяковага мастацтва Беларусі // Беларусіка. Мінск, 1993. Кн. 1. С. 303-306.
Толочко П.П. Древняя Русь. Киев, 1987. С. 182.
Повесть временных лет [у:] Повести Древней Руси. Москва; Ленинград, 1983. С. 27-28, 34; Романов Б.А. Люди и нравы Древней Руси. Москва-Ленинград, 1966. С. 94.
Романов Б.А. Люди и нравы Древней Руси. С. 95.
Повесть временных лет... С. 28-29.
Пашуто В.Т. Летописные традиции о "племенных княжениях" и варяжский вопрос [у:] Летописи и хроники. Москва, 1973. С. 103-110.
Полное собрание русских летописей (далей ПСРЛ). Т 1. Вып 2. Ленин-град, 1927. С. 297-298; ПСРЛ. Т 2. Москва-Ленинград, 1962, Стб. 282; Рыбаков Б.А. Древняя Русь. Сказания. Былины. Летописи. Москва, 1963. С. 319.
Тихомиров М.Н. Русское летописание. Москва, 1979. С. 23-24.
Штыхаў Г.В. Погляды аўтара "Слова пра паход Ігаравы" на гісторыю Полацкай зямлі // Вечна жывое "Слова". Мінск, 1989. С. 105.
Флоря Б. Н. Исторические судьбы Руси и этническое самосознание восточных славян в ХП - XV веках // Славяноведение. 1993. № 2. С. 43-44.
Ключевский В.0. Сочинения. Москва, 1956. Т. 1. Ч. 1. С. 167.
Флоря Б. Н. Исторические судьбы Руси ... С. 46.
Памятники литературы Древней Руси. XIII век. Москва, 1981. С. 130; Флоря Б. Н. Исторические судьбы Руси ... С. 48.
Тихомиров М.Н. Русское летописание. С. 94-96.
Наумов Е.П. К истории летописного "Списка русских городов дальних и ближних" [у:] Летописи и хроники... С. 150-164.
Мельникова Е.А., Петрухин В.Я. Название "Русь" в этнокультурной истории Древнерусского государства (IX - Х вв.) // Вопросы истории. 1989. № 8. С. 29.
Ключевский В.0. Сочинения. Т 1. Ч. 1. С. 175.
Слово о Полку Игореве [у:] Повести Древней Руси... С. 390.
Заяц Ю.А. Заславль Х - XVIII веков. Минск, 1987. С. 8-27.
Ключевский В.0. Сочинения. Т 1. Ч. 1. С. 183.
Там же. С. 184.
Рыбаков Б.А. Древняя Русь... С. 302-311.
Рыбаков Б.А. Киевская Русь и русские княжества XII - ХІІІ вв. Москва, 1982. С. 476.
Молчанов А.А. 0б атрибутации лично-родовых знаков князей Рюриковичей Х -ХIIІ вв. // Вспомогательные исторические дисциплины. Москва, 1985. Т. 16. С. 66-83.
Романов Б.А. Люди и нравы Древней Руси. С. 21.
Памятники литературы Древней Руси... С. 200-202.
Флоря Б. Н. Исторические судьбы Руси ... С. 46-61.
ПСРЛ. Т.35. Москва, 1980. С. 42-43, 59, 91-92, 129-132, 146.
Ронин В.К. Франки, вестготы, лангобарды в VI - VIII вв.: политические аспекты самосознания // Одиссей. Под ред. А.Гуревича. Москва, 1989. С. 69-70.
Обсуждение доклада А.Р.Корсунского // Средние века. Москва, 1968. Вып. 31. С. 144.

Крыніца: Гістарычны Альманах том 1 / 1998

І. Марзалюк

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Да пытання аб этнічнай і палітычнай свядомасці ўсходнеславянскага насельніцтва ў 10 - 13 стст

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.