Тропіка беларускіх абрадавых песень перыяду каляндарных пераходаў

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Тропіка беларускіх абрадавых песень перыяду каляндарных пераходаў. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Пад тропікай мы разумеем сукупнасць усіх сродкаў мастацкага маўлення (ці вобразна-выяўленчых сродкаў), з'яўленне якіх звязана з пераўтварэннем адзінак мовы шляхам пераносу традыцыйных найменняў у іншую прадметную сферу (у сістэме паняццяў рыторыкі такія сродкі маюць назву фігур пераасэнсавання). Вывучэнне тропаў, на нашу думку, немагчыма без уліку іх генезісу і эвалюцыі, што спрыяе найбольш глыбокаму аналізу іх семантычна-функцыянальных асаблівасцей. На сённяшні дзень ужо даказана існаванне сувязі паходжання тропаў з мысленнем старажытнага чалавека, з першаснымі спробамі сістэматызацыі ўяўленняў пра свет. Прынамсі, менавіта такія меркаванні былі пакладзены ў аснову канцэпцыі гістарычнай паэтыкі А.Весялоўскага, вядомага ўсходнеславянскага даследчыка літаратуры і фальклору, а таксама сталі падставай з'яўлення шэрагу прац А. Пацябні па тэарэтычнай паэтыцы. Яны схіляліся да думкі, што тропы з'явіліся яшчэ на глебе татэмізму і анімістычных уяўленняў, і толькі пазней, прайшоўшы шлях праз міфатворчасць і фальклор, сталі сродкам асэнсаванага індывідуальнага выкарыстання пісьменнікамі дзеля стварэння семантычнай слоўнай вобразнасці і выразнасці, якія, у сваю чаргу, заключаюцца ў тым, што слова ўжываецца ў пераносным, іншасказальным сэнсе. Такое меркаванне падтрымлівае і I.Д'яканаў, які ў сваёй манаграфіі "Архаічныя міфы Усходу і Захаду" (1990) абсалютызуе ролю тропаў у працэсе станаўлення апарату свядомасці чалавека, указваючы, што для абстрактнага абагульнення з'яў свету, якія ўжо былі асэнсаваны і класіфікаваны старажытным чалавекам па прынцыпу бінарнасці (напр. "цёмны – светлы", "стары – малады", "дзіця – дарослы", "мужчына – жанчына" і г.д., чаму садзейнічала фізіялогія чалавека), галоўным спосабам абагульнення выступалі менавіта тропы. У такім выпадку, лічыць даследчык, "троп можна ахарактарызаваць як абагульненне шляхам супастаўлення" [6, 12].

Мэтай нашага даследавання з'яўляецца комплекснае вывучэнне тропікі беларускіх абрадавых песень перыяду каляндарных пераходаў, якое да сённяшняга часу належным чынам не праведзена. Названы матэрыял дае магчымасць выявіць асаблівасці структуры і семантыкі тропаў у святле міфа-паэтычнай свядомасці нашых продкаў, паколькі, як слушна зазначае М.Храпчанка, менавіта ў фальклоры "фарміраваліся, складваліся першапачатковыя шляхі і сродкі вобразнага засваення рэчаіснасці" [13, 75]. Акрамя таго, вызначэнне функцыянальна-семантычных асаблівасцей тропаў абрадавых песень немагчыма, на нашу думку, без уліку кантэксту абраду – тых сакральных дзеянняў, якія ў рэшце рэшт і абумоўліваюць іх існаванне.

Неабходна сказаць, што сярод тэарэтыкаў літаратуры да сённяшняга часу няма адназначнага адказу на пытанні, якія са сродкаў стварэння слоўнай вобразнасці адносіць да тропаў. Б.Тамашэўскі і В.Жырмунскі прытрымліваюцца думкі, што тропы – гэта словы са змененай семантыкай, у якіх "на першы план выходзяць прыкметы, звычайна захаваныя сярод іншых, што ўтвараюць паняцце ці ўяўленне" [12, 194]. Адпаведна да іх адносяцца метафара, метанімія, перыфраз і іншыя сродкі, акрамя эпітэта і параўнання, таму што апошнія выкарыстоўваюцца для вобразнага падкрэслівання той ці іншай прыкметы, якая не змяняе значэння слова. Г.Паспелаў да тропаў (ці сродкаў іншасказальнай вобразнасці і выразнасці) адносіць словы, ужытыя у пераносным сэнсе, вылучаючы сярод іх, акрамя метафары, метаніміі і іроніі, і простае параўнанне як від слоўнай выразнасці. Увасабленне, вобразны паралелізм, вобразы-сімвалы, характэрныя ў першую чаргу для фальклорных твораў, даследчык апісвае як сродкі слоўна-прадметнай вобразнасці, падкрэсліваючы ўсё ж іх іншасказальны характар [2, 259], а эпітэт – як адзін з прыёмаў інтанацыйна-сінтаксічнай выразнасці (разам з інверсіяй, антытэзай і інш.) [2, 245 – 292].

Думку Г.Паспелава ў дачыненні да азначэння тропаў падтрымлівае і В.Рагойша, аднак беларускі теарэтык адносіць да іх і эпітэт, і параўнанне (простыя тропы), і ўвасабленне як від метафары [11, 55], і сімвал (складаныя тропы) [11, 25–26]. У практычным плане падзел тропаў на простыя і складаныя робіць іх аналіз больш зручным і эфектыўным, але ж здзіўляе адсутнасць і сярод першых, і сярод другіх вобразнага паралелізму. Прапанаваная Г.Паспелавым класіфікацыя таксама не бясспрэчная. Мы не згодны з тым, што эпітэт у творы выконвае найперш інтанацыйна-сінтаксічную функцыю. На нашу думку, яго функцыя залежыць ад ідэйна-змястоўных патрабаванняў, ад кантэксту, і асабліва гэта тычыцца абрадавай паэзіі. Напрыклад, у куставых песнях эпітэты арганізуюць кампазіцыю твора, падкрэсліваюць характэрныя якасці прадметаў, важных для сітуацыі абраду, ствараюць устойлівыя вобразы: "Бог вам даў, багданавічкі, Што ў вас кусты ўсе кляновыя, А вяночкі ўсё пярловыя. А ў нас кусты ўсе лазовыя. А вяночкі ўсе беразовыя" [4, 208]. У сувязі з гэтым лічым мэтазгодным, улічваючы генезіс і эвалюцыю сродкаў слоўнай вобразнасці і выразнасці, разглядаць у сістэме тропікі такія паняцці, як эпітэт, увасабленне, вобразны паралелізм і параўнанне.

Адзначым, што да абрадавых песень перыяду каляндарных пераходаў адносіцца паэзія абрадаў, час правядзення якіх прыпадае, з аднаго боку, на канец зімы – пачатак вясны (комплекс Масленічнага тыдня), з другога – на канец вясны – пачатак лета (комплекс "зялёных" святаў – Тройца (Сёмуха), Куст, Русальны тыдзень). Часавая няпэўнасць і ўзаемная тэрміновая сіметрычнасць (за сем тыдняў да Вялікадня і праз сем тыдняў пасля яго), набліжанасць то да папярэдняга цыкла, то да наступнага, а таксама іх функцыянальна-семантычная звязанасць далі падставы аб'яднаць названыя фальклорна-этнаграфічныя комплексы ў асобны перыяд каляндарных пераходаў, сама назва якога адразу ўказвае на своеасаблівасць названых з'яў. Адпаведна прадметам нашага вывучэння з'яўляюцца масленічныя, траецкія, куставыя і русальныя песні.

Для аналізу ўзяты тэксы, змешчаныя ў томе "Веснавых песень" (1979) з серыі "БНТ", якія з'яўляюцца класічнымі ўзорамі траецкіх, куставых і русальных песень. Тэксты масленічных песень выкарыстаны намі са зборнікаў Я.Шэйна "Беларускія народныя песні" (1874), Я.Раманава "Беларускі зборнік" (1912), Н.Гілевіча "Песні народных свят і абрадаў" (1974) і З.Мажэйка "Песні беларускага Паазер'я" (1981), паколькі выданне асобнага тома масленічных песень ў зводзе "БНТ" знаходзіцца ў стане падрыхтоўкі.

Адразу зазначым, што спецыфіку абрадавых песень – у параўнанні з лірычнымі – складае адносная "беднасць" тропаў, што напрамую звязана з іх функцыянальна-семантычнымі асаблівасцямі. "Сітуатыўнасць і функцыянальнасць, – падкрэслівае Б.Пуцілаў, – зыходная якасць абрадавай песні і абавязковая ўмова яе ўзнікнення і існавання" [10, 138]. Калі ў лірычных песнях вялікая роля надаецца апісанням знешняга выгляду чалавека, прадметаў, прыроды, унутранага стану, дзеля чаго выкарыстоўваецца цэлы арсенал вобразна-выяўленчых сродкаў, то ў абрадавых асноўная ўвага сканцэнтравана (у большасці выпадкаў) на апісаннях дзеянняў абраду, што само па сабе значна звужае ўжыванне тропаў. Некаторыя фалькларысты (А.Весялоўскі, А.Пацябня, Б.Пуцілаў, Н.Гілевіч) бачылі ў гэтым пацверджанне старажытнасці абрадавых песень, паколькі галоўнай іх функцыяй было магічнае ўздзеянне на з'явы прыроды і акаляючага свету (у процілегласць эстэтычнай функцыі лірычных песень, якія ўзніклі значна пазней). Даследчыца куставой абраднасці Р.Кавалёва падкрэслівае, што "ў абрадавай паэзіі мастацкае засваенне свету праз стварэнне паэтычных вобразаў ішло ў цеснай сувязі з пазнаннем самой рэчаіснасці" [7, 19]. У такім выпадку асновай структуры абрадавых песень, на яе думку, з'яўляецца ўзаемадзеянне чалавека з прыродай, са створаным яго фантазіяй светам. На прыкладзе беларускіх абрадавых песень перыяду каляндарных пераходаў можна пераканацца, што іх развіццё знаходзіцца ў прамой залежнасці ад паглыблення ведаў чалавека пра свет і сваё месца ў ім.

Старажытныя творцы не былі шчодрыя на паэтычныя ўпрыгожванні, аднак тым больш важная роля адводзілася таму ці іншаму мастацкаму тропу ў кожным канкрэтным выпадку. Так, Е.Меляцінскі ў дачыненні да найбольш архаічных форм паэзіі адзначыў, што "з пункту погляду вытанчанасці стылёвай структуры на першым месцы знаходзіцца абрадавая паэзія, затым ідуць уласна лірычныя песні" [8, 157], маючы на ўвазе функцыянальнае напаўненне вобразна-выяўленчых сродкаў.

У беларускіх абрадавых песнях перыяду каляндарных пераходаў сустракаюцца такія вобразна-выяўленчыя сродкі, як эпітэт, увасабленне, вобразны паралелізм, параўнанне, сімвал, прычым найбольш паслядоўна з іх выкарыстоўваюцца эпітэты.

Эпітэты ў масленічных, траецкіх, куставых і русальных песнях па свайму функцыянальнаму прызначэнню (ці, іншымі словамі, стылёвай ролі ў песні) не з'яўляюцца раўназначнымі. Звязана гэта ў першую чаргу з тым, у якой з чатырох жанравых груп песень эпітэт выкарыстоўваецца. Так, напрыклад, у траецкіх, куставых і русальных песнях эпітэты таўталагічныя, паясняльныя і метанімічныя выконваюць адразу некалькі функцый. Па-першае, яны садзейнічаюць стварэнню досыць устойлівых вобразаў, якія ярка выражаюць народныя памкненні да дабрабыту (гэта паясняльныя эпітэты, якія вылучаюць адну істотную прыкмету, напр.: жыта густое, ячмень каласісты, авёс расісты – у траецкіх песнях; жыта ядрыстае, пшаніца ярава, сачавічанька густа – у куставых; ядраное, густое жыта, пшано залатое, каласочак буйны – у русальных). Па-другое, эпітэты падкрэсліваюць момант росквіту прыродных і жыццёвых сілаў (зялёныя вянкі, зялён дуб, сад, бярозанька "кудравая-малажавая" (метанімічны эпітэт: "кудравая-малажавая" бяроза не сама па сабе, а такой уяўляюць яе людзі, асацыяцыя па смежнасці) – у траецкіх; зялёны клён, таўталагічныя эпітэты маладыя дзеўкі, трава зялёна – у куставых; зеляна дуброва, зеляное жыта, малада галубка – у русальных). Па-трэцяе, яны даюць вобразу ацэначную характарыстыку (метанімічны эпітэт: гады добрыя, светлая пара, красны дзевіцы – у траецкіх; слаўны пан, харошыя дзеўкі, харошы бор – у куставых; крывая бяроза – у русальных).

У масленічных песнях функцыя эпітэта ва ўсіх тэкстах адна і тая ж – якасна ахарактарызаваць вобраз Масленкі, атрыбуты і атмасферу свята дзеля стварэння светлага і радаснага настрою (горушкі крутыя; гара сырна, ясна; масленіца шчаслівая, дарагая (метанімічныя эпітэты), катлівая; крутнае калясо і інш.).

Многія з пералічаных эпітэтаў – пастаянныя, якія трывала замацаваліся за пэўнымі словамі і набылі ў сувязі з гэтым устойлівы, формульны характар (напр., красны дзеўкі, чыста поле, зелена дуброва, белы рукі, вараныя конікі). Н.Гілевіч падкрэслівае, што "менавіта гэтыя, традыцыйныя эпітэты – найбольш старажытныя па паходжанню. Многія з іх вядуць сваё жыццё яшчэ з часоў да ўзнікнення і фарміравання самастойнай беларускай народнасці, <...> вытокамі сваімі абавязаны нават старажытнай паэтычнай культуры перыяду праславянскай супольнасці" [5, 23]. Таму можна выказаць меркаванне, што эпітэты з'яўляліся першаснай спробай вобразнага засваення рэчаіснасці, паколькі менавіта праз іх праяўлялася імкненне да канкрэтнасці пачуццёвага ўспрыняцця, да пэўнасці і дакладнасці вонкавых, "фізічных" (перш за ўсё – зрокавых і слыхавых), і ўнутраных, "псіхалагічных", вызначэнняў.

Гаварыць пра структуру эпітэта не прадстаўляецца карэктным, паколькі паняцце структуры патрабуе наяўнасці як мінімум двух раўнапраўных кампанентаў, тады як эпітэт выступае "сам па сабе": гэта вобразнае азначэнне, выражанае ў абрадавых песнях перыяду каляндарных пераходаў часцей за ўсё кароткай і поўнай формай якасных прыметнікаў, радзей – поўнай формай прыналежных (напр., таткаў двор). Таму, на нашу думку, правільна будзе казаць пра асаблівасці формы эпітэта ў масленічных, траецкіх, куставых і русальных песнях, якія, дарэчы, мы ўжо вылучылі.

Семантычна ўвасабленне ўяўляе сабой перанясенне чалавечых рысаў на неадушаўлёныя прадметы і з'явы па прынцыпу падабенства паміж імі. У народнай паэзіі і індывідуальнай лірыцы ўвасабленне можа разглядацца як асобны від метафары, па сваёй ролі блізкі да вобразнага паралелізму: жыццё прыроды, прыцягнутае да саўдзельніцтва ў душэўным жыцці героя, надзяляюцца прыкметамі чалавекападабенства. Яго ўзнікненне даследчыкі адносяць да часоў старажытнага анімізму, калі "вера ў душу" ўсяго існага на зямлі і на небе суіснавала ў свядомасці нашых далёкіх продкаў з верай у магічную сілу слова" [5, 104]. Як і прызначэнне іншых сродкаў тропікі, функцыянальныя асаблівасці ўвасаблення могуць быць выяўлены праз аднесенасць пэўнай песні да кантэксту абраду.

3 усіх абрадавых песень перыяду каляндарных пераходаў найбольш паслядоўна ўвасабленне сустракаецца ў траецкіх песнях, прычым у ролі адухоўленых з'яў прыроды выступаюць звычайна дрэвы ("белая бяроза", "зялён дуб", "клён-дзерава", ясень) ці іх сукупнасць (дубняк, клённік, "саду зялёны"), радзей – трава ("траўка-мураўка зялёная", "трава шаўкова"). Такая ўвага да зеляніны абумоўлена, па-першае, агульнай атмасферай свята (не дарэмна ж другая назва Тройцы (Сёмухі) – "зялёныя" святы); па-другое, семантыкай абрадаў, звязаных з завіваннем (развітаннем) бярозкі.

У русальных песнях увасабляецца пшаніца (а словы жыта і пшаніца ўвогуле цэнтральныя амаль ва ўсіх русальных песнях, паколькі прама ці апасродкавана звязаны з абрадам "Провады русалкі", калі русалку праводзяць менавіта ў жыта), якая напамінае людзям пра хуткі час жніва [1, 52–53].

Найбольш характэрным і яркім выяўленнем узаемаадносін чалавека і прыроды ў беларускіх абрадавых песнях перыяду каляндарных пераходаў з'яўляецца вобразны паралелізм, "своеасаблівае разгорнутае мастацкае параўнанне, у якім суб'ект (тое, што параўноўваецца) належыць чалавеку, а аб'ект (тое, з чым параўноўваецца) – прыродзе" [5, 41]. Такім чынам, можна сказаць, што ў аснове вобразнага паралелізму ляжыць увасабленне.

Тэарэтыкі беларускага фальклору Н.Гілевіч і Р.Кавалёва слушна размяжоўваюць паняцці вобразнага і псіхалагічнага паралелізмаў, матывуючы гэта тым, што апошні з'яўляецца больш сталай кампазіцыйнай формай, узнікненне якой адбылося на параўнальна вышэшай ступені развіцця свядомасці. І сапраўды, старажытны чалавек быў далёкі ад асэнсаванага супастаўлення дзвюх з'яў. Як зазначае I.Д'яканаў, інтэрпрэтатыўны бок успрыняцця быў неабходны толькі ў межах патрэбы жыццёвай практыкі (па З.Фрэйду, "прынцып задавальнення") [6, 11]. Ахілены багатым і разнастайным светам прыроды, падуладны анімістычнаму светапогляду, чалавек усе з'явы свайго жыцця вымяраў і ацэньваў прыроднай меркай, а усе яго вобразныя асацыяцыі натуральна ішлі ад прыроды і гарманіравалі з яе жыццём.

У структуры вобразнага паралелізму масленічных, траецкіх і куставых песень вылучаюцца два кампаненты, першы з якіх – фрагмент прыроды (умоўна кажучы, аб'ект, ці тое, з чым параўноўваецца), другі – фрагмент з чалавечага жыцця (суб’ект, ці тое, што параўноўваецца). Яны валодаюць аб'ектыўна рознымі зместамі, аднак, нягледзячы на гэта, паміж імі адбываецца няўлоўнае сугучча, якое, на думку А.Весялоўскага, "выясняе, што ёсць у іх агульнага" [3, 107]. Такім чынам, сугучча выступае як фармальна неакрэслены сродак, з дапамогай якога ўзаемадзейнічаюць два асноўныя кампаненты паралелізму.

Функцыянальнае прызначэнне вобразнага паралелізму ў масленічных, траецкіх і куставых песнях рознае. Так, напрыклад, у траецкіх і куставых абрадавых песнях сустракаецца двухчленны паралелізм, адносіны паміж часткамі якога будуюцца на ўяўнай прычынна-выніковай сувязі, калі адно дзеянне быццам бы абумоўлівае другое і часава папярэднічае яму: у траецкай – "Заўём бярозку з сосенкаю – Звянчаем Аксенку з Сенічкам" [4, 186], у куставой – "А хто ж тую сачываньку скосе, Той мяне да й ад бацюхна адпросе. А хто ж да тую сачываньку сожне, А той мяне да ад матанькі возьме" [4, 213]. Не выклікае сумненняў той факт, што ў прыведзеных прыкладах прысутнічае адзін са старажытнейшых відаў паралелізму, які адлюстроўвае пачатковыя этапы пазнання прыроды. Тут выразна адчуваецца характэрная для першабытнага мыслення сувязь паміж прыродай і чалавекам, якая адбываецца, паводле вызначэння А.Весялоўскага, "па катэгорыях дзеяння, прадметаў і якасцей" [3, 101]. Адпаведна з гэтым функцыяй такога паралелізму будзе з'яўляцца ўздзеянне на сілы прыроды з мэтай прымусіць іх дапамагчы чалавеку. На думку Р.Кавалёвай, яго нават можна назваць умоўна-сцвярджальнай формулай магічнага характару, схема якой "адносіцца да той стадыі развіцця грамадства, калі... панавала вера ў моц пэўных дзеянняў і слоў, якія былі здольныя даць неабходны чалавеку вынік" [7, 21].

У астатніх выпадках адносіны паміж часткамі мнагачленнага паралелізму ў масленічнай і траецкай песнях пабудаваны на супастаўленні па прыкмеце дзеяння. Напрыклад, у масленічнай:

Яблыня мая, яблыня садавая,
Дакуль будзеш у полі стаяць?
-- Стаю гадок, стаю другі,
-- На трэці гадок у сады пайду.
У сады пайду - цвісці буду,
Цвісці буду - яблык раджу.
"Дзевачка, дзевачка маладая,
Дакуль будзеш у таткі жыці? "
-- Жыву гадок, жыву другі,
На трэці гадок замуж пайду.
Замуж пайду, сына раджу,
Сына раджу – Васілёчка,
Дачку раджу – Настасечку [9, 59].
Альбо у траецкай:
Бярозанька кудравая, малажавая!
Ты калі расла, калі вырасла?
-- А расла па дажджу,
Красавалася на солнышку.
-- Анісьюшка, ну Анісьюшка,
Ты калі расла, калі вырасла?
-- Я расла ў роднага бацюшкі,
Красавалася ў роднай матушкі [4, 186].

Яго функцыя тут хутчэй эстэтычнага, чым магічнага характару: праз пэўную прыродную з'яву мы глыбей пранікаем у "чалавечы" змест песні. Відавочна, што ў прыведзеных прыкладах узмоцнены чыста лірычны момант, што гаворыць аб страце вобразным паралелізмам свайго першапачатковага значэння і ўказвае на новую стадыю яго развіцця.

Прыклады параўнанняў у даследуемым матэрыяле нешматлікія. Яны сустракаюцца толькі ў траецкіх і русальных песнях. Як зазначае А.Весялоўскі, параўнанне мае на ўвазе "больш ці менш яснае ўсведамленне раздзеленасці чалавека і прыроды... гэта ўжо празаічны акт свядомасці" [3, 146]. Таму можна сказаць, што гэты троп характэрны для твораў пазнейшага паходжання і менш уласцівы старажытнай песеннай паэзіі, чым, відаць, і тлумачыцца практычная адсутнасць параўнанняў у тэкстах беларускіх абрадавых песень перыяду каляндарных пераходаў.

У структурных адносінах параўнанні ў траецкіх і русальных песнях уяўляюць сабой наяўнасць трох кампанентаў: прадмета параўнання (суб'екта), "вобраза" (аб'екта – таго, з чым параўноўваецца) і злучніка як (сродка, пры дапамозе якога прадмет і "вобраз" звязваюцца ў адну сэнсаваю адзінку).

Функцыянальная роля параўнанняў у песнях залежыць у кожным канкрэтным выпадку ад ідэйна-змястоўных патрабаванняў. Так, напрыклад, у траецкай песні "Ляцелі гусі гукаючы" ўсхваляюцца дзевачкі сяла Намастырскага, дзеля чаго адпаведную функцыю набываюць і параўнанні: "Іх галоўкі, як макоўкі. Яны шчабечуць, як ластаўкі" [4, 199]. У процілегласць ім дзевачкі сяла Восаўска наўмысна прыніжаюцца, дзеля чаго іх "галовішчы" параўноўваюцца з "памялішчамі", "яны дзяруцца, як дзяркачышчы" [4, 199].

У русальнай песні "На граной нядзелі" замаўляецца жытнёвае палетак: "А мой каласочак, Як яварочак, Рана-рана, Як яварочак. А мая жыцінка, Як праскурачка, Рана-рана, Як праскурачка" [4, 220]. Адпаведна параўнанне з'яўляецца сродкам ідэалізацыі, функцыя якога – паўплываць на будучы ўраджай (параўноўваецца жытнёвае калоссе з дрэвам яварам на аснове жадання надаць ім якасці быць гэткімі ж высокімі і буйнымі).

Што тычыцца такіх тропаў, як сімвалы, то разгляд іх семантычных і функцыянальных асаблівасцей у беларускіх абрадавых песнях патрабуе асобнага даследавання, нягледзячы на адносна невялікую іх колькасць. Прынамсі, вывучэнне гэтага тропу патрабуе ўвядзення больш шырокага паняцця сімволікі, паколькі, улічваючы кантэкст канкрэтнага абраду і комплексу ўвогуле, семантычныя асаблівасці апошняга найбольш прыдатныя для аналізу фальклорнага матэрыялу.

У заключэнні можна сказаць, што тэарэтычнае вывучэнне тропікі фальклорных твораў і, у прыватнасьці, абрадавых каляндарных песень з улікам генезісу і эвалюцыі вобразна-выяўленчых сродкаў – неабходнае звяно ў агульным ланцугу даследавання катэгорый тэорыі літаратуры.

Т. А. Івахненка
Крыніца: часопіс TERRA ALBA 1 / 2000
Беларускі фальклор у сучасных эапісах: Традыцыйныя жанры. Гомельская вобласць. Мінск, 1989.
Введение в литературоведение. Москва, 1976,
Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Москва, 1989.
Веснавыя песні. Мінск, 1975.
Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мінск, 1975.
Дяконов И.М. Архаические мифы Востока и Запада. Москва, 1990.
Ковалёва Р.М. Белорусские кустовые песни: Автореф. дис. ...канд. филол, наук. Минск, 1976.
Мелетинский Е.М. Ранние формы искусства. Москва, 1972.
Песні народных свят і абрадаў. Мінск, 1974.
Путалов Б.Н. Миф – обряд – песня новой Гвинеи. Минск, 1980.
Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. Мінск, 1987.
Томашевский Б.В. Стилистика. Москва, 1983.
Храпченко М.Б. Историческая поэтика: Основные направления исследований // Вопросы литературы. 1982, № 9.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Тропіка беларускіх абрадавых песень перыяду каляндарных пераходаў

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.