БЕЛАРУСЬ (последнее)
Беларускія плямёны. Радзімічы й Вяцічы
Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.
Радзімічы а Вяцічы спрадвечныя ралейнікі на лядах
Мова Вяцічаў
У "Павесьці временных лет" чытаем, што два браты, "Радим, а другий Вятко, - и пришедъша с?доста Радимь на Съжю, и прозвашася Радимичи, а Вятько с?де сь родомь своим по Оц?, от него же прозвашася Вятичи". Гэткім парадкам, летапісец прызнаець, што гэтыя плямёны найбліжшая радня сабе. Бяссумлеву, такой самой блізкой раднёю былі Радзімічам а Вяцічам і іншыя паўдзённыя плямёны беларускія - Севяране, Дзярвяне а Дрыгвічы і крышку дальшай раднёй Крывічы. Адылі гэтая зацемка летапісцава, а яшчэ больш выводжаньне летапісцам Радзімічаў а Вяцічаў ад Ляхаў змушае нас разглядаць гэтыя два плямёны разам, прынамся часткава.
Зямля Радзімічаў была ля Сожа, левае прытокі Дняпра. Радзімічы займалі нядаўныя паветы Гомельскі, Рагачэўскі, часьць Старабыхаўскага, Чэрыкаўскага б. Магілеўскай губ., Сураскага й Мглінскага б. Чарнігаўскай губ. На поўначы мяжа Радзімічаў із Крывічамі, відавочна, зыходзілася зь мяжою недысыміляцыйнага аканьня паўдзённа-беларускага, а значыцца й радзіміцкага, з дысыміляцыйным крывіцкім. Суседзьмі Радзімічаў на паўдні былі Севяране, і на заходзе Дрыгвічы.
У Радзімічаў былі месты Гомель, Прапошьск (цяпер Прапойск) і Чачэрск.
Зямля Вяцічаў была спачатку ля вышняй а крыху пасьлей і ля сярэдняй Акі. Даведаваемся пра гэта ня толькі з "Павесьці временных лет", але і з падзеяў X-XIII стг. Гэтак у Пачатным летапісцу чытаем пад 964 г., што кіеўскі князь Сьвятаслаў "иде на Оку реку и на Волгу, и нал?зе Вятици, и рече Вятицемь: "Кому дань даете?" Они же р?ша: "Козаром..."". Валадзімер Манамах едзе ў Ростаў у XII стг. "перазь Вяцічы", як ён кажа ў сваім летапісцу. "Што зямля Разанская была занята Вяцічамі, відаць із пасьлейшых летапісных ведамкаў, дзе Вяцічаў утажсамляюць із Разанцамі ("Вятичи еже есть Рязанци")". Вяцічы суседзілі на заходзе з Крывічамі, на поўначы із Суздалцамі (пасьлей званымі Маскоўцамі), на паўночным усходзе зь фінскай Мераю і на паўдню ізь Севяранмі. Яны займалі прастору гэткіх былых губэрняў: усю Калускай, усю Тульскай, большую часьць Арлоўскай, усю Разанскай і часьць Маскоўскай. Гэта была бацькаўшчына, мітраполя Вяцічаў. Як пабачым ніжэй, яны з часам яшчэ пашырыліся адгэтуль далёка на паўднявы ўсход.
У Вяцічаў былі гэткія месты: Разань, Пронск, Расьціслаў, Казельск, Елец, Каломна, Кашыра, Сярпухоў.

У Пачатным летапісцу пад 984 г. чытаем: "Быша же Радимичи оть рода Ляховъ, пришедъше ту ся вселиша, и платять дань Руси, повозь везуть и до сего дне", а ў "Павесьці временных лет" ёсьцека: "Радимичи бо и Вятичи оть Ляховь бяста бо два брата вь Ляс?хъ, Радим а другий Вятко, - и пришедьша с?доста Радимь на Сьжю, и прозвашася Радимичи, а Вятько сьде сь родом своим по Оц?, от него же прозвашася Вятичи". На подзе гэтае летапіснае зацемкі Шахматаў (Введение...) даводзіў, што Радзімічы й Дрыгвічы (але!) былі польскімі плямёнмі, дарма што "сьцяг дарэволюцыйных дасьледаваньнікаў не прыдаваў ніякага значаньня гэтай летапіснай ведамцы...". Сьмелая, але абмыльная гіпотэза А. Шахматава была сустрэна нэгатыўна бальшынёй дасьледаваньнікаў. Акад. Ю. В. Гоцье ў сваёй крытыццы гіпотэзы А. Шахматава адцеміў, што памяткі археолёгічныя не даюць подаў ("оснований") дапусьціць гэткае надзвычайнае перасяленьне плямёнаў. Пичета ў "Образование блр. народа" (Вопросы ист., 5-6, б. 14). Супроць гэтае гіпотэзы Шахматавае былі Д. Багалей, М. Грушэўскі, А. Сабалеўскі, Л. Нідэрле, Яўх. Карскі, Чарнышаў і інш. Да гіпотэзы Шахматавае сьхінаецца польскі этнограф Фр. Буяк, але польскія моваведы (В. Поржэзінскі а інш.) не згаджаюцца з паглядам, што Радзімічы, Вяцічы й Дрыгвічы польскія плямёны, а зь імі згаджаецца польскі антрополёг Я. Чаканоўскі.
Аргумэнты супроць гэтае гіпотэзы Шахматавае я прывёў у варт. "Беларускія плямёны й іхнае расьсяленьне". Гэтта адно зацемлю, што даныя археолёгіі й гісторыі не даюць подаў да гіпотэзы Шахматавае, наадварот, часта ёй пярэчаць; што да мовы, дык Шахматаў у гэтай гіпотэзе праявіў недастатнае знацьцё беларускіх моўных фактаў. Быстры Шахматаў, будучы выдатным моваведам, борзда й лёгка будаваў свае тэорыі, але будаваў іх зьверхне, часта опэраваў дагадкамі, будаваў адну гіпотэзу на другой. Прыкладам можа служыць тое, што ў варт. "К вопросу об образовании русских наречий и русских народностей" Шахматаў не ўважаў Радзімічаў а Вяцічаў за польскія плямёны і даводзіў, што Разанскую зямлю занялі Севяране. Але ў "Курс ист. рус. языка" (1911-1912) і ў "Введенне в курс ист. рус. языка" (1916), у яго ўжо Радзімічы й Дрыгвічы (ня Вяцічы) - польскія плямёны, Разанскую зямлю прызнаець тут Вяцічам, а Севяран пакідае сядзець у іхнай Севершчыне ды прызнаець іх украінскім пляменям. Адылі, відаць, ня быў пэўны, што да ўкраінскасьці Севяран, бо свайму вучаньніку, П. Растаргуеву, упорыста зычыў заняцца сваёй роднай северскай гаворкаю (Растаргуеў паходзе із Старадуба). Тый паслухаў і давёў, што Севяране беларускае плямя. Пасьлей Шахматаў у разьдзеле III працы "Древнейшие судьбы рус. племени" (Петраград, 1919) залічае й Вяцічаў да польскіх плямёнаў.
Адзіным апірышчам Шахматаву была менаваная зацемка ў летапісе, што Радзімічы й Вяцічы ад роду Ляхаў. Адылі, калі гэтую зацемку так разумець, як разумее яе Шахматаў, зн., што гэтыя плямёны польскія, то аўтар летапісу пярэча сам сабе, бо ў іншым месцу кажа, што "Радимичи, и Вятичи, и Северо одинъ обычай имяху". Калі-б Радзімічы й Вяцічы былі Палякамі, то яны не маглі-б маць аднолькавых звычаёў ізь беларускімі Севяранмі. Апрача таго, Пачатны летапіс завець Ляхамі не адных Палякоў, але таксама Люцічаў а ўзморскіх Славян, кажучы "іншыя Ляхове Люцічы, іншыя Мазаўшане, а іншыя Памаране". Пытаньне выясьнім, калі зьвернем увагу, што назову Лях адказуе прыметнік лядскі (з д), заўсёды ўжываны ў стара-беларускай мове, і што ў мове лятувіскай Паляк завецца Lenkas (з н), што можа паходзіць толькі ад Lechь (павугорску Паляк завецца Lengyel), адлі, што Кастанцін Порфірогенэт завець у X стг. беларускіх Дзярвян "Лензаніні" (гл. вышэй у варт. пра Дзярвян). 3 гэтых прыкладаў відаць, што ад *ledo (з чаго цяперашняе беларускае "ляда") "зямля, ачышчаная ад лесу на аромае поле", узьнікла слова *ledjaninъ (з чаго блр. ledzaninь, адлі ляджанін), як назоў ралейніка на лядзе (пр. "мешчанін" ад "места" і інш.); ад ledjaninъ узьнікла здрабнелая хорма lechъ з чаго "лях", як маем ад "Аляксандра" здрабнелую хорму "Алехна", ад "Палешанін" здрабнелыя хормы "Палех" (Беларус Калужчыны,й Арлоўшчыны) і "Паляшук" (Як "Міхалюк" ад "Міхал" і пад., пр. таксама "Сяўрук" ад "Северанін"). Палякі самі сябе Ляхамі ня звалі, бо калі-б звалі, то ў мове польскай захаваўся-б у слове "лях" насовы самагук. Гэтак мусілі зваць Беларусаў і паўночна-заходніх Славян Украінцы, каторым, як жывучым у сьцяпох, кідаўся ў вочы лядавы характар гаспадаркі іхных паўночных суседзяў. Што ўсі Беларусы былі спачатна званыя "ляджанамі" й "ляхамі", відаць і з таго, што гэтак завець К. Порфірогенэт Дзярвян і што гэты назоў "Лензаніні" абымаў у яго вялікую тэрыторыю, калі ён усіх Славян, падуладных Русі, завець гэтым назовам ды назовам "Крывічы". Ад званьня Беларусаў "ляхамі", як ралейнікаў на лядах, аўтар летапісу ўтварыў, што яны "ад роду Ляхаў"; хоць тут можна разумець і даслоўна, што яны "ад роду лядавых ралейнікаў", дарма што такое значаньне з часам было забытае.
Іншая рэч, што ня толькі Радзімічы й Вяцічы, але ўсі беларускія плямёны маглі прысьці на сваю гісторычную бацькаўшчыну із заходу.
Беларускасьць Радзімічаў. Просьле таго, як Радзімічы былі "абароненыя" ад польшчыны, ніхто ў іх беларускасьці не сумляваецца, наадварот часта, здаецца, перадаюць значаньне іхнага ўчасьця ў беларускай нацыянальнай радзіме (прыдаюць яму пераболынанае значаньне).
Беларускасьць Вяцічаў. Расійцы, а за імі й іншыя завуць цяперашніх патомкаў вяціцкіх паўдзённа-расійцамі альбо паўдзённа-вялікарусамі і іхную мову паўдзённа-расійскай альбо паўдзённа-вялікарускай. Назоў такі ня толькі штучны, але й наперад залічае Вяцічаў да Расійцаў і гэтым зацямняе пытаньне, каторае яшчэ трэба выясьніць, разьвязаць. Дзеля таго аўтар гэтых радкоў будзе зваць жыхарства былых губэрняў Разанскае, Тульскае, Калускае, бальшыні Арлоўскае і часьці суседніх ягоным спрадвечным запраўдным іменям "Вяцічы", а мову гэтага жыхарства - моваю вяціцкай. Жыхарства тэрыторыі на поўнач ад вяціцкае, пра расійскасьць каторага ніхто не сумляваецца, я буду так і зваць Расійцамі і мову іх расійскай.
Усі чыста дасьледаваньнікі прызнаюць спрадвечную істотную апрычонасьць Вяцічаў і іхнае мовы ад Расійцаў і расійскае мовы. Ужо 430 год як Маскоўцы заваявалі вяціцкае гаспадарства - Вялікае Княства Разанскае. Адгэнуль Вяцічы належаць да ўсё нівэлюючае цэнтралістычнае Масквы, дзеля таго ад вяціцкае мовы і іншых этнографічных асаблівасьцяў засталіся адно сьляды. Але гэтыя сьляды на толькі вялікія, што нат пры цяперашнім стане вяціцкае этнографічнае апрычонасьці, выдатны аўторытэт у расійскай этнографіі, ён-жа й дыялектолёг Д. Зяленін у сваёй кнізе нямецкай моваю "Die Volkerkunde der Ostslaven" (Бэрлін, 1927) уважае Вяцічаў за апрычонаю ад Расійцаў нацыю.
Пра беларускасьць Вяцічаў і іхную апрычонасьць ад Расійцаў вельмі добра сьветча гісторыя. У "Павесьці временных лет" чытаем: "А Радимичи, и Вятичи, и С?веръ одинъ обычай имяху" і далей аўтар летапісу паказуе, якія гэта былі аднолькавыя звычаі. Там-жа маем характарыстыку Дзярвян а Крывічоў, аднолькавую, як Радзімічаў, Вяцічаў а Севяран. Летапіс толькі ніяк не характарызуе шостага плямені беларускага - Дрыгвічоў, відавочна дзеля таго, што яны, з прычыны свайго Географічнага палажэньня, ня стыкаліся з Украінцамі. Вось-жа Вяцічы малі аднолькавыя звычаі з усімі плямёнмі бела-рускімі67. Як прыведзена на пачатку гэтага артыкулу, у "Павесьці временных лет" кажацца, што Радзім а Вятка, ад каторых летапіс выводзе Радзімічаў а Вяцічаў, былі браты, летапіс завець іх Ляхамі, значыцца, як мы бачылі крыху вышэй (гл.: "Радзімічы а Вяцічы спрадвечныя ралейнікі на лядах"), Ляджанамі, ралейнікамі на лядах, як зваліся і якімі былі ўсі беларускія плямёны. 3 такім сьветчаньням нельга ня лічыцца. I расійскі мовавед В. Папоў (Попов) кажа: "Ізь сьветчаньняў летапісных вынікае, што ня толькі беларускія дыялекты ня ё "часьцяй" вялікарускага, але й вялікарускі, у сваім паўдзённа-вялікарускім дыялекце паходзе ад мовы крывіцкіх плямён, на месцу каторых знаходзім цяпер Псковічаў а Смальнян із сумежнымі зь імі краінамі" (ИРЯС, 1929, т. II-1, б. 121).
Гісторык Н. Кастамараў кажа: "Відавочна, Радзімічы й Вяцічы розьніліся сваймі этноГрафічнымі рысамі ад іншых руска-славянскіх народаў, і ад гэтага падзьдзержаваўся пагляд, што яны не належаць да Славян, у значаньню Славян рускіх.
Гісторык расійскае царквы, Е. Галубінскі піша: "Русь чужанародную (і чужапляменную) складалі (за Валадзімера Сьвятога) вялізная краіна Ростаўская зь Белаазер'ям, каторую займалі чужыя народы Мера й Весь, краіна Мурамская, занятая чужым народам Мурамаю, і зямля Вяцічаў із Радзімічамі. Апошнія - Вяцічы з Радзімічамі былі Славяне, але Славяне ня нашага, а лядзкага альбо польскага плямені і пасьлей да нас прышлі. Пасяліўшыся не сярод запраўдных Рускіх, так, каб маглі быць абступленыя імі і іхным уплывам з усіх бакоў, а з краю, мяжуючы з аднаго боку зь імі, а з другога - зь іншымі народамі (зь менаванымі Мераю а Мурамаю), яны вельмі даўгі час яшчэ меней сьхіналіся прызнаваць сябе Рускімі, чымся запраўдныя чужыя народы" (значыцца, не Славяне. - Я. С). У іншым месцу Галубінскі кажа: "Вяцічы й Радзімічы, як мы ўжо казалі, ня былі чужымі народамі ў собскім значаньню, але яны былі гэтулькі незалежніцка-самавольныя, што зь імі мусілі абходзіцца яшчэ асьцеражней, чымся із запраўднымі чужымі народам!" (зн., асьцеражней чымся зь Фінамі. - Я. С.).
Пішучы праз пашырэньне хрысьцянства, Галубінскі кажа: "Вяцічы з Радзімічамі, быўшы ня чужымі народамі, а тымі-ж Славянмі, адно іншага плямені, былі хрышчаныя ладне пасьлей, чымся менаваныя чужыя народы. 3 усіх ведамкаў, што мы маем, відаць, што з гэтымі старавечнымі Палякамі на нашай тэрыторыі князём нашым было толькі-ж бяды, колькі нам із сучаснымі. Быўшы першы раз заваяваныя яшчэ Алегам і потым быўшы шмат разоў нанова заваёваваныя, яны засталіся адно даньнікамі Русі, вельмі блага прызнаючы яе ўладу, і малі сваіх собскіх князёў ня меней, чымся да канца адзінанцатага стагодзьдзя. Валадзімер Манамах у сваім дастамэнце ў ліку сваіх ваенных паходаў мя~ нуе й тры паходы на Вяцічаў і на іхных князёў".
Тое, што Галубінскі ўважае - абмыльна, за Шахматавам - Вяцічаў а Радзімічаў за польскія плямёны, даець яму псыхічную магчымасьць сказаць праўду пра іхную апрычонасьць і непрыязьнь да "Рускіх". Адылі, каб ён прыгледзіўся да іншых плямёнаў беларускіх, дык мусіў-бы сказаць пра іх тое самае, нат болей, бо Радзімічы не праяўлялі гэтулькі непрыязьні да "Рускіх", каторыя ня былі іх беспасярэднімі суседзьмі, колькі Крывічы й Вяцічы да Суздалцаў (пасьлейшых Маскалёў), гранічачы зь імі. Але праўда, што пяршынство ў гэтай варожасьці належыцца Вяцічам, бо яны малі із Суздалцамі найдаўжэйшую граніцу. (Большую, чымся із Суздалцамі-Маскалямі, Крывічы малі граніцу із Славенмі-Ноўгарадцамі, і тут мусім прызнаць, што варожасьць была немалая, пакуль часьць Крывічоў - Псковічы - залежылі ад Ноўгараду, а ў Псковічаў непрыязьнь засталася й пасьлей.)
Ужо зь менаванага бачым, што як летапіс, так і дасьледаваньнікі прызнаюць Вяцічаў найбліжшай, якая толькі магчыма паміж двума плямёнамі, раднёй Радзімічам; а тымчасам ніхто не сумляваецца, што Радзімічы беларускае плямя.
Прывяду яшчэ крыху із Шахматава пра ходаньне Вяцічаў із Суздалцамі. Ён піша: "Гэтая сустрэча (Вяцічаў із Суздалцамі) ня мела, ведама, мірнага характару: Суздальскай зямлі давялося адбівацца ад Вяцічаў, бараніцца ад іх... Валадзімеру Манамаху дастаецца цяжкое ходаньне зь Вяцічамі... Вяцічамі ў Кіеве завуць пераважна тыя часьці гэтага плямені, што пасяліліся ў Узьдзесеньню і ля вышняе Акі, але ў Кіеве ведалі й тое, што Вяцічы жывуць таксама ўсхадней - у цяперашняй Разанскай губэрні... Што Разанская зямля была заселеная Вяцічамі, відаць із пасьлейшых летапісных запісаў, дзе Вяцічаў утажсамляюць із Разанцамі ("Вятичи еже есть Рязанци")". Былі "войны Суздалцаў, а пасьлей і Маскоўцаў із "суровыми Рязанци, полуумными смерды", як іх завуць і суздальскі і маскоўскі летапісец" (Шахматов. Введение.., б. 112).
Зацемім яшчэ (бо шырэй гэта будзе паказана ніжэй пры апісаньню асобных гаспадарстваў беларускіх), што кольківяковае (да 1528 г.) быцьцё вяціцкага гаспадарства - Вялікага Княства Разанскага таксама сьветча пра беларускасьць Вяцічаў і асабліва пра іхную апрычонасьць ад Маскоўцаў. Гаспадарства гэтае вяло сыстэматычнае ходаньне спачатку із Суздалям і пасьлей із Маскоўшчынаю, войны й ходаньне наагул болын заўзятае, чымся з Полаўцамі й Татарамі. Будучы паняволеныя Маскоўшчынаю ў 1520 г., Вяцічы не перастаюць ходацца за свае вывальненьне. У першай чэцьверці сямнанцатага стагодзьдзя Разаншчына адлучаецца ад Маскоўшчыны, але неўзабаве была ею ўзноў паняволена. Узрушэньне сярод Вяцічаў-Разанцаў супроць Маскоўшчыны было й за Пётры I.
Мова Вяцічаў
Усі дасьледаваньнікі прызнаюць спрадвечную істотную блізіню паміж вяціцкай а беларускай моваю. Гэтак Н. Дурново (Введение.., б. 138) кажа, што важныя супольныя рысы ў вяціцкай а беларускай мовах сьветчаць пра іх супольнае жыцьцё ў сваей тэрыторыі мае яшчэ такія гукавыя асаблівасьці, што найцясьней збліжаюць яе з паўднявой галіною вялікарускага нарэчча, значыцца з моваю цяперашніх Разанскае, Тульскае, Калускае, Тамбоўскае й Арлоўскае губэрняў. Як мы ўжо казалі вышэй і яшчэ раз падчыркнем ніжэй, у гэтых краінах мусіла захавацца мова Вяцічаў: гісторычныя сьветчаньні ясна даводзяць, што тут былі суцэльныя селішчы Вяцічаў. Значыцца, мова Беларусі мае рысы супольныя з моваю Вяцічаў" (Введение в курс ист. рус. яз., б. 107).
Дзеля менаванае блізіні Срэзьнеўскі ўважаў беларускую мову за часьць вяціцкае мовы, завучы гэтую паўдзённа-вялікарускім нарэччам. I Пацебня пісаў, што беларускае "нарэчча" пасьлей выдзялілася з "паўдзённа-вялікарускага". Шахматаў даводзіў, што беларускае аканьне прынесенае было з усходу, ад Вяцічаў. Такія пагляды ані ня выдзержуюць крытыкі, калі зьвернем увагу, што беларуская мова разьвівалася свабодна ў незалежным сваім гаспадарсьцьве - Вялікім Княсьцьве Літоўскім, тымчасам як мова Вяцічаў, па ліквідацыі ў 1520 г. Маскоўшчынаю вяціцкага гаспадарства, падпала пад усё большы а большы расійскі ўплыў; няма ніводнае рысы, каторая-бы шчэзла наўсёй тэрыторыі беларускае мовы, тымчасам на прасторы вяціцкай такіх шчэзлых рысаў ё мноства, ад якіх засталіся адно сьляды, і добра захавалымі там ё адно колькі рысаў, але й яны паддаюцца расійскаму уплыву. Ня трэба быць нат моваведам, каб бачыць пашырэньне расійскіх уплываў на Вяцічаў, у тым ліку асабліва на вяціцкую мову, пераз вайсковасьць, царкву, школу і ўвесь гаспадарствавы апарат. Пагляд Срэзьнеўскага й Пацебні мог паўстаць адно пад уплывам таго факту, што ў XIX стг. Расійцы былі народам пануючым, а Беларусы - паняволеным.
Іншыя наўчоныя дзержацца працілежнага пагляду, выводзячы вяціцкі дыялект з мовы беларускае. Першым ізь іх быў М. Надзеждзін у 1841 г. Адлі Жыцецкі станаўко спрацівіўся паглядам Срэзьнеўскага а Пацебні. Жыцецкі ўказаваў на большую магчымасьць уплыву мовы беларускае на вяціцкую, чымся наадварот. Нядаўна была спроба Лер-Сплавінскага давесьці, што спачатна мова беларуская, вяціцкая ("паўдзённа-расійская") і ўкраінская складалі адну цэласьць, каторая супроцьстаўлялася мове расійскай (Rocznik Slawistyczny, IX, б. 23-71). Ягоную гіпотэзу пераняў Н. Трубецкі. Ведамы ўкраінскі дыялектолёг К. Міхальчук таксама выводзіў вяціцкую мову з мовы беларускае. Цяпер выдатны ўкраінскі мовавед Ю. Шэрах піша: "Зь вялікай праніклівасьцяй Міхальчук гавора пра беларускую аснову паўдзенна-расійскіх гаворак. ...Конструкца Міхальчукова далека болей адказуе фактам, чымся сусім фантастычныя спробы Шахматава (Открытое письмо к А. Н. Пыпину. Киев, 1909, б. 43) вывесьці галоўныя асаблівасьці беларускае мовы (аканьне) з усходу альбо спробы Лер-Сплавінскага і Н. Трубецкага давесьці спачатнае адзіноства ўкраінскіх, беларускіх і паўднёва-расійскіх гавораў у працілежнасьць паўночна-расійскім" (Ю. Шерех. Кость Михальчук. Вінніпег, 1952, б. 18-19). Зацемлю яшчэ, што Н. Грунскі таксама ўважаў Вяцічаў а Севяран за беларускія плямёны (Н. Грунский. Из лекций по русскому языку. Ученые записки Юрьевского у-та, Юр'еў, 1914, год 22, № 9, б. 142).
Зьвернемся беспасярэдне да самае вяціцкае мовы. Часьць вяціцкае прасторы, наймя заходняя большая часьць б. Калускае губэрні і невялічкая паўночна-заходняя часьць б. Арлоўскае губэрні, і цяпер занята моваю беларускай. Ужо гэтага магло-б быць даволі, каб пераканацца, што калісь усі Вяцічы гукалі пабеларуску. А калі гэтым не здаволіцца, дык мусім разгледзіць асобныя рысы вяціцкае мовы.
Касімаўскі павет. Але ўперад трэба выясьніць, якое славянскае мовы жыхарства займала спачатна Касімаўскі павет (на поўнач ад Акі) Разаншчыны. У мове гэтага павету, апрача іншых рысаў вяціцкіх, ё яшчэ шапятлявая вымова ц, ч вымаўляецца збліжана да ц ды шапятлява вымаўляюцца с і з. Дзеля таго што падобная вымова ч і ц ё таксама ў (паўночна) расійскай народнай мове, дык расійскія дасьледаваньнікі сьхінаюцца да пагляду, што спачатна ў Касімаўскім павеце было жыхарства (паўночна) расійскае (суздальскае) і адно пасьлей прыйшлі туды Вяцічы. Але нябыцьцё гуку /у мове Касімаўскага павету сьветча, што тут ня было (паўночна) расійскага жыхарства, бо яно гэтага гуку ніколі ня траце пры сустрэчы із жыхарствам, нязнаючым яго (зн., вымаўляючым г фрыкатыўнае ці грытанае, як лацін. h).
Падобная вымова гукаў ч і ц ё таксама ў нарэччу паўночна-беларускім (смаленска-полацка-пскоўскім). У гэтым-жа нарэччу ёсьцека вымова ё, г збліжаная да ш, ж (альбо мена ш, ж на с,з і наадварот), чаго няма ў паўночна-расійскім нарэччу як агульнае зьявы. Просіцца думка, што да Касімаўскага павету былі пераселеныя некаторыя (пляменныя) Крывічы, у каторых у мове ё ўсі менаваныя асаблівасьці. Адылі нельга дапусьціць, каб чужыя перасяленцы занялі суцэльна такую вялікую прастору. Апрача таго, перасяленьне мусіла-б настаць да пачатку асьмінанцатага стагодзьдзя, бо з пасьлейшага часу напэўна захаваліся-б пра яго ведамкі ў гісторыі. Але да асьмінанцатага стг.
Вяцічы былі народам ня прызнаным і паўстанскім супроць маскоўскага гаспадарства, дык сяліць яшчэ на мяжы зь імі варожых да Масквы крывіцкіх патомкаў было-б небяспечна. Апрача таго, у мове Касімаўскага павету няма (пляменна) крывіцка-га дысыміляцыйнага аканьня і заўсёднага канчатку -цъ у 3 ас. адз. л. Ё тут аканьне тылу вяціцкага, з каторым згаджаецца тып аканьня сярэдняга дыялекту беларускае мовы. Тое самае трэба сказаць пра хорму 3 ас. адз. ліку дзеясловаў. Нельга дапусьціць, што дысыміляцыйнасьць у ваканьню і канчатак -цъ 3 ас. адз. л. шчэзьлі пад уплывам мовы суседняга жыхарства, бо ў тым-жа Касімаўскім пав. захавалася дзеканьне. Дык спачатным славянскае мовы жыхарствам у Касімаўскім пав. былі Вяцічы, і іхнай моўнай рысаю ё дзеканьне ў гаворцы Касімаўскага пав., бо паўночныя Расійцы, скуль ішоў уплыў на мову вяціцкую, гэтае зьявы ня знаюць. 3 гэтага ясна, што дзеканьне даўней было рысаю вяціцкае мовы на ўсёй яе прасторы, а потым шчэзла пад маскоўскім уплывам, як шчэзла таксама сярод вяціцкіх Палехаў Калускае й Арлоўскае губ., дзе яшчэ ў другой палавіцы XIX стг. дзеканьне было. Захаваньню яго ў Касімаўскім пав. прыяў глухі, лесавы характар прасторы гэтага павету. Апрача таго, наўсёй вяціцкай моўнай тэрыторыі ё прыймя зьлі (знача "для"), каторае паўстала зь дзьлі, а гэтае з дьлі. Гэта ўзноў сьветча пра вяціцкае дзеканьне. Пра былое дзеканьне ў мове вяціцкай сьветча таксама агульна ўжываная вымова тъвет, тьвісьті заміж цъвет, цьвісьці, бо калі пад маскоўскім уплывам гук цъ быў замяняны гукам тъ, дык гэтая замена захапіла ня толькі цъ з тъ але й цъ спачатнае, бо абодва аднолькава вымаўляліся.
Чым-жа выясьніць у мове Касімаўскага павету 1) збліжаную ўзаемна да сябе вымову ч а ц і 2) збліжаную да ш, ж вымову с, з? Першая зьява магла-б быць выясьнена уплывам мовы фінскага плямені Мяшчэры, што займала Касімаўскі павет перад прыходам туды Вяцічаў. Менш праўдападобна, што другая зьява магла паўстаць пад фінскім уплывам. Але ё яшчэ другая магчымасьць. Абедзьве менаваныя зьявы, дзе яны ёсьць на славянскай моўнай тэрыторыі, узьніклі пад уплывам мясцовае мовы неславян, з каторымі Славяне зьмяшаліся. У паўночным нарэччу беларускім прычынаю іх зьяўленьня была мова балцкага поду (субстрату). Гэтага-ж паходжаньня маглі быць і дзьве менаваныя рысы мовы Касімаўскага павету. Наймя, тая часьць Вяцічаў, што спачатна жыла ў паўночнай часьці вышняе Акі, ля ўтоку ў яе Вугры, у суседзтве з Крывічамі, магла мець тый самы, што й Крывічы, балцкі субстрат, а зь ім і менаваныя рысы мовы, і, пасунуўшыся пасьлей на паўночны ўсход, перанесла іх на поўнач ад Акі, да Касімаўскага павету. Усі-ж засталыя Вяцічы таксама малі балцкі под, але іншы, такі, як і паўдзённа-беларускія плямёны, подам іх сталіся Балты, разрозьнюючыя вымову ч а ц, с а ш ,з а ж.
Старыя важныя рысы - тыя самыя ў мовы белоруской і ў дыялекту вяціцкага. Вось яны:
1. Аканьне, зн. вымаўляюць нага, галава, зямля, гуляя і пад. Аканьне ё цяперака таксама ў расійскай літаратурнай мове і ў т. зв. расійскіх сярэдніх гаворках, але яно там накшае чымся вяціцкае й беларускае. Расійскае аканьне паўстала ў Маскве ў XVII стг. пад уплывам мовы беларускае інтэлігенцкае эміграцыі.
2. Зь ідэ. е даўгога перад даўгім насавым сугукам альбо перад групаю яасавых сугукаў ё самагук аднолькавы з рэфлексам старога ѣ: руменіцца, румены, паменуць, пляменнік. У мове расійскай у такіх прыпадках ёсьць я: румяный, помянуть, упомянутый, племянник і інш.
3. ѣ перад складам ізь і не перайшло ў і: сядзіць, парас. - сидит.
4. Злучэньні ръ, рь, лъ, ль, вь, стаяўшы паміж сугукаў, перайшлі ў ры, лы, лі, ві: гріміць, ігріцы, хрісьцянскі, крышыць, сьлізою, бліснуў, яблынка. У мове расійскай у такім прыпадку бывае ре, ро, ло, ле, ве: гремит, крошить, слеза, блеснул, яблоня.
5. Ненацісьненае йъ- на пачатку слова шчэзла: мяніны, мяніньнік, вышла зхаты, нагда. У мове рас. у такім прыпадку заўсёды ё на пачатку і-: именины, вышла из дому, иногда.
6. -йъ- у палажэньню моцным у сярэдзіне слова перайшло ў -е-: яец. У мове расійскай гэтае злучэньне перайшло у -и-: яиц.
7. ъ, ь перад й перайшлі ў ы, і: стары, малады, сіні, мыю, крыю, загадны лад: мый, пі, ві, лі. Цяпер гэтых хормаў у вяціцкім дыялекце звычайна няма, бо шчэзьлі пад расійскім уплывам, але ўперад былі, з чым усі згаджаюцца.
8. Таксама ъ перад -йь- у прэфіксах перайшоў у -ы-: сыймацца, сыйдземся, падымі. У мове расійскай тут маем -о-: сойдемся або просьле прэфікса ё -ні-: сниматься, подними.
9. На пачатку складу перад о й у ё прыстаўное в: вока, вуха, навука. Перад а прыстаўное в бывае толькі па прыймені у, ў: акно, але: у вакне.
10. Г у вяціцкім дыялекце фрыкатыўнае, зн., вымаўляецца блізу што так, як лацін. h, а ў мове расійскай г вымаўляецца як лацінскае g.
11. У дыялекце вяціцкім было дзеканьне й цеканьне; пасьлей пад расійскім уплывам гэтая рыса наагул шчэзла, засталася адно ў Касімаўскім павеце.
12. На месцу р складатворнага з папярэднім самагуковым элемэнтам нярэдка бывае -ыр-, -ір-: тырчэць.
13. Цяпер у вяціцкім дыялекце ё р мяккое, але мноства словаў із зацьвярдзелым р сьветча, што ўперад былор зацьвярдзелае.
14. Цяпер л не пераходзе ў ў, але даўней пераходзіла, пра што сьветчаць памяткі.
15. В і у пераходзяць у ў: галоўка, былі ў мяне.
16. Гн не пераходзе ў н: цягнуць і інш. А парас. тянуть і пад.
17. У трэйцяй асобе адз. й мн. ліку цяп. часу дзеясловаў ё мяккія канчаткі: сядзіть, нясетъ, сядзятъ.
18. Займя ты й зваротнае маюць у прызначальным а мясцовым склоне адз. ліку хорму табе, сабе.
19. Абстрактныя й зборныя спакменьнікі мужчынскага роду маюць у дакладным (родным) склоне адз. ліку канчатак -у як ненацісьнены, так і націсьнены: нетуці пяску, народу.
20. Спакменьнікі мужчынскія й ніякія зь мяккім сугукам на канцу або з к на канцу канчаюцца ў мясцовым скл. адз. л. на -у: на канцу, у вішаньню, у садзіку.
21. Ё беларускія суфіксы, прыкладам, суфікс -ен- у спакменьнікаў, як гусяняты (з гусенята).
Усі вышменаваныя рысы, супольныя ў вяціцкага дыялекту зь беларускай моваю, сьветчаць, што ў пару праславянскую беларуская мова, разам ізь вяціцкім дыялектам, складала адзін - беларускі дыялект праславянскае мовы.
3 ноўшых рысаў вяціцкага дыялекту блізу ўсі таксама супольныя зь беларускай моваю. 3 ноўшых рысаў прывяду адно асаблівасьці, сьветчачыя пра даўгое супольнае жыцъцё вяціцкага дыялекту з моваю гісторычнае Беларусі. Сюды належаць:
1. Хормы неазначаньніка на -эцъ па шыпячых: пішчэць, шуршэцъ, стучэць.
2. Канчатак -ы, -і назоўнага скл. мн. л. спакменьнікаў ніякіх: вокны, рабяты.
3. Хормы на -ё назоўнага скл. адз. л. такіх спакменьнікаў, як дзіцё.
4. Канчатак -ым, -ім мясцовага склону адз. л. прыметнікаў: у белым балахоне.
У беларускай мове гэтыя чатыры асаблівасьці разьвіліся не раней XVII стг.; "Аль Кітаб", пісаны беларускай народнай моваю ў XVI стг. і перапісаны тэй-жа моваю ў канцу XVI стг. ня мае ніводнага прыкладу на гэтыя асаблівасьці. 3 гэтага відаць, што яшчэ ў XVII стг. вяціцкі дыялект жыў супольным жыцьцём із усёй беларускай моваю. Пра гэта-ж сьветчаць і вяціцкія словы: летася "летась", "у мінулым годзе", леташні, каторыя ў гэтым значаньню пачалі ўжывацца пасьлей у беларускай мове. А таксама пра гэта сьветчаць вяціцкія словы перанятыя даволі позна да беларускае мовы зь іншых моваў, як: благі - значаньне тое самае, што і ў мове беларускай, зн. "нядобры", гапілка "гаплік", гарбуз, хлопец, хлопчык, мухляваць, маляваны, або муляваны, падла, парада - значыць тое самае, што ў мове беларускай, скрынь, шлях, трапіць, патрапіць. А наагул у вяціцкай мове беларускіх словаў дагэтуль засталося шмат.
3 вышменаванага можна пераканацца, што да канца сямнанцатага стагодзьдзя Вяцічы гукалі звычайнай беларускай моваю. Пасьлей іхная мова была зрусыфікавана.
Этнографічныя рысы Вяцічаў адпавядаюць іх мове. Гэтак "аказуецца, што панёва (род суконнай спадніцы) наагул адказуе паўднёва-вялікарускаму (зн. вяціцкаму. - Я. С.) нарэччу, а сарафан паўночна-вялікарускаму" (зн. расійскаму. - Я. С). Панёва ё таксама на беларускай тэрыторыі із захавалай беларускай моваю, прыкл. у Смаленшчыне. У беларускай "Энэідзе навыварат" таксама маем "Панёву швыдка апранула". "Тэрыторыям паўночна-вялікарускага і паўднёва-вялікарускага нарэччаў адказуюць вельмі розныя тыпы хатаў і г. д.".
Як у ўсіх Беларусаў, таксама ў Вяцічаў народны орнамэнт геомэтрычны. Гэтак, панёву шыюць з матар'ялу цёмнага колеру ўклеткі. Сяляне Лівенскага павету Арлоўшчыны носяць "порткі" белыя або "з набойкавымі кубовымі паласамі". Каўняры кашуляў у іх "вышываныя ў драбныя зубочкі".
Крыніца: Станкевіч Я. Гістарычныя творы. - Мн.: "Энцыклапедыкс",2003.-776с.

Опубликовано 09 декабря 2010 года
Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Беларускія плямёны. Радзімічы й Вяцічы
подняться наверх ↑
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Предполагаемый источник
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1291899860 в базе LIBRARY.BY.
подняться наверх ↑
ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!
подняться наверх ↑
ОБРАТНО В РУБРИКУ?
Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.
Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций