Народныя анекдоты i жарты

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Народныя анекдоты i жарты. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Сутнасць анекдота
Гісторыя вывучэння анекдотаў
Анекдоты пра дурняў
Анекдоты пра паноў
Анекдоты пра святароў
Анекдоты з народнага жыцця
Анекдоты пра вайну
Сучасныя анекдоты

Анекдоты - адзін з самых папулярных фальклорных празаічных жанраў малой формы, які ўзнік амаль адначасова з сацыяльна-бытавой казкай, дынамічна развіваўся ў цеснай сувязі з ёю, але ў адрозненне ад яе актыўна бытуе і зараз. Назва паходзіць ад грэчаскага слова "анекдотос" (anekdotos), што абазначае "неапублікаваны". Тэрмін прыняты ўсімі ўсходнеславянскімі фалькларыстамі, але ў многіх народаў распаўсюджаны сатырыка-гумарыстычныя творы тыпу анекдотаў пад назвамі фабліо, фацэцыі, шванкі, лаціфэ і інш. Семантыка тэрміна "анекдот" і ва ўсходніх славян мянялася: да паловы XIX ст. пад анекдотам разумелі кароткае камічнае апавяданне пра смешны выпадак з жыцця вядомай гістарычнай асобы. Пазней значэнне тэрміна пашырылася: анекдотам сталі называць невялікае вуснае апавяданне сатырыка-гумарыстычнага характару з нечаканай камічнай канцоўкай.
Сутнасць анекдота

Змест анекдота блізкі да бытавой казкі, жарту, досціпу. Рускі фалькларыст У. Я. Проп сцвярджаў, што межы паміж бытавымі казкамі і анекдотамі не вызначаюцца[1]. Іншую думку выказаў К. В. Чыстоў: "...небыліцы і анекдоты, з аднаго боку, і казкі і прытчы - з другога, - заўсёды самастойныя мастацкія сістэмы"[2]. Сапраўды, анекдот як жанр вельмі блізкі да бытавой казкі, аб чым мы ўжо вышэй пісалі. Асабліва цяжка адрозніць сатырыка-гумарыстычныя казкі і анекдоты. Адна з характэрных рыс казкі - наяўнасць фантастыкі, праўда, фантастыка чарадзейных казак і казак пра жывёл адрозніваецца ад фантастыкі бытавых казак. У пераважнай большасці анекдотаў фантастыка адсутнічае. Размяжоўваючы жанры анекдота і бытавой казкі, усходнеславянскія фалькларысты ў пасляваенныя гады характарызуюць анекдот як мастацкі твор нескладанай структуры сатырыка-гумарыстычнага зместу, крытычнай накіраванасці. Вызначальнымі спецыфічнымі рысамі анекдота як фальклорнага жанру з'яўляюцца яго аднаэпізоднасць і нечаканасць развязкі адлюстраванай у ім падзеі, учынку, бытавога эпізоду, смешнага выпадку з жыцця. Канцоўка твора павінна быць камічнай, дасціпнай. Анекдоту ўласціва непрымірымасць да ўсяго адмоўнага і заганнага ў жыцці, незалежна ад таго, ад каго яно зыходзіць - уладароў ці падначаленых. Анекдоты якраз і ўзніклі ў выніку імкнення народа па-мастацку асэнсаваць асобныя з'явы рэчаіснасці, паводзіны і ўчынкі людзей, крытычна паставіцца да іх, высмеяць. Крыніцай такіх твораў з'яўляецца шматграннае жыццё, таксама прыказкі, прымаўкі, народныя апавяданні, казкі, літаратурныя творы. Менавіта некаторыя казачныя матывы, асобныя эпізоды перапрацоўваліся ў анекдоты, калі яны былі звязаны з рэчаіснасцю і цікавілі грамадскасць. Прыказкі і трапныя афарызмы часам разгортваліся ў Дыялогі, у большыя па аб'ёму творы, асноўны сэнс якіх зводзіцца да першапачатковага выразу, пададзенага з камічнай канцоўкай.

Анекдоты - нескладаныя па структуры творы, але заключаюць у сабе дасціпныя сацыяльныя абагульненні, нярэдка акумулююць сатырыка-гумарыстычны зарад вялікай крытычнай сілы і здольнасць самім станавіцца крыніцай афарыстычных народных выразаў, прыказак і прымавак. Працэс стварэння анекдотаў загадкавы. В. Сухарэвіч пісаў пра ўзнікненне іх: "Гэта толькі на першы погляд гумар - занятак лёгкі і вясёлы. Але я пытаў вялікае мноства самых таленавітых і славутых гумарыстаў-прафесіяналаў, і яны мне ў адзін голас сказалі, што ніхто з іх і ніколі ніводнага анекдота прыдумаць не мог - анекдот павінен здарыцца. Акалічнасці жыцця (падкрэсліваю - жыцця знаёмага, усімі пазнаванага) павінны павярнуцца так нечакана і недарэчна, што гэта міжвольна выклікае смех. Значыць, самы малакаліберны твор гумару - анекдот - цуд. Ён заўсёды і абавязкова - нечаканае вынаходніцтва і раптоўнае адкрыццё"[3].

Здзіўляючы талент народа - мастака слова асабліва ярка раскрываецца ў трапнай абмалёўцы некалькімі штрыхамі камічных вобразаў і паказе сітуацый, у якія трапляюць персанажы. Пры гэтым выяўляецца тонкае валоданне народам-творцам пачуццём гумару, што сведчыць аб яго надзвычайным майстэрстве, развітым інтэлекце, кемлівасці і дасціпнасці. Праяўленне творчых магчымасцей народа ў анекдоце невычэрпнае. Самыя тонкія нюансы гумару, якія адлюстроўваюцца ў творах гэтага жанру, багатая мастацкая вобразнасць - сведчанне бязмежных мастацкіх здольнасцей народа.

Амаль не адрозніваецца ад анекдота жарт, у аснове якога - апавяданне пра смешнае здарэнне, дасціпная насмешка. У параўнанні з анекдотам, які нярэдка з'едліва крытыкуе і сацыяльна-палітычныя з'явы, жарт звычайна незласліва высмейвае бытавыя здарэнні, паасобныя малаістотныя, але смешныя рысы або якасці людзей, іх дзіўныя ўчынкі, камічныя размовы. Як і для анекдота, для жарту характэрна аднаэпізоднасць дзеяння, нечаканасць выніку. Найбольш распаўсюджаная форма жарту дыялагічная. У кароткім дасціпным дыялогу выяўляецца асноўны сэнс твора, накіраванасць яго насмешкі. З-за невыразнасці жанравых межаў паміж анекдотам і жартам мы разглядаем іх разам.

Сатырыка-гумарыстычныя творы малых жанраў недаацэньваліся ў XIX ст. і ў даваенныя гады. Невыпадкова рускі фалькларыст М. П. Андрэеў у артыкуле "Сацыяльна-класавыя матывы ў анекдоце", які захоўваецца ў рукапісным аддзеле Дзяржаўнага літаратурнага музея Грузіі ў Тбілісі, заўважыў, што "анекдот - пасынак рускай фалькларыстыкі, як частушка - падчарыца". Таму іх мала запісалі нават такія вядомыя збіральнікі фальклору, як Е. Р. Раманаў, М. Федароўскі, У. М. Дабравольскі, П. В. Шэйн, А. К. Сержпутоўскі, якія публікавалі іх у выданнях фальклорных твораў[4].

Па-іншаму ставяцца да сатырычных твораў наогул і да анекдотаў у прыватнасці сучасныя збіральнікі і даследчыкі фальклору. Паўстагоддзя, напрыклад, збіраў вуснапаэтычныя творы вядомы філосаф-эстэтык Ю. Б. Бораў, які на аснове сабранага ім багатага фальклорнага матэрыялу апублікаваў чатыры кнігі. Шмат публікацый анекдотаў на беларускай і рускай мовах ажыццяўляецца ў нашай краіне. Сярод іх вылучаецца зборнік У. Ліпскага "Аўцюкоўцы", выдадзены ў 1995 г. Дзякуючы старанням У. Ліпскага вёскі Вялікія і Малыя Аўцюкі прэтэндуюць на такое ж месца, якое займае ў Балгарыі Габрава, прызнанае сталіцай смеху ў славянскім свеце. У Аўцюках адбыліся ўжо два фестывалі сатыры і гумару, у якіх удзельнічалі і работнікі Габраўскага музея смеху, шматлікія фальклорна-этнаграфічныя і самадзейныя калектывы Беларусі.
Гісторыя вывучэння анекдотаў

Першым зборнікам сатырыка-гумарыстычных твораў малых форм была невялікая кніжачка "Беларускія жарты", апублікаваная ў 1915 г. В. Ластоўскім як дадатак да беларускіх выданняў. Асобнымі выданнямі выйшлі ў свет зборнікі анекдотаў і жартаў "Народныя ўсмешкі" (1961), "Беларускія народныя жарты" (1970), складзеныя З. Бяспалавым; "Жарты, анекдоты, гумарэскі" (том з серыі "БНТ", 1984) і інш. 44 анекдоты апублікаваў Н. С. Гілевіч у зборніку "Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі" (1983).

Шмат анекдотаў і жартаў друкавалася і друкуецца зараз у часопісе "Вожык", у розных газетах, асабліва ў "Звяздзе", "Рэспубліцы", "Ніве" (Беласток) і інш.

Названыя намі публікацыі сатырыка-гумарыстычных твораў малых жанраў - толькі частка той велізарнай колькасці анекдотаў і жартаў, якія былі надрукаваны або запісаны ў народзе. Многія з іх захоўваюцца ў фальклорных архівах, найбольш у архіве ІМЭФ.

Вялікая папулярнасць анекдотаў, на жаль, не стымулявала даследчыкаў. Апрача артыкулаў А. Пельтцара, М. Сумцова, В. Сідзельнікава[5], названага неапублікаванага артыкула М. Андрэева[6] і невялікіх прадмоў да шматлікіх зборнікаў, у славянскай фалькларыстыцы няма спецыяльных прац, прысвечаных даследаванню гэтага жанру. Пра папулярнасць анекдотаў сведчыць іх велізарная колькасць. Як падлічыў М. П. Андрэеў, у рускім празаічным фальклорным матэрыяле з 683 тыпаў, унесеных ім у паказальнік казачных сюжэтаў, больш за 40% займаюць анекдоты, а ва ўкраінскім матэрыяле - амаль 60% (па нашых падліках каля 40% займаюць анекдоты і ў беларускай народнай прозе). Андрэеў слушна адзначаў пра адлюстраванне ў анекдотах разнастайных сацыяльных з'яў, значна вастрэйшае праяўленне своеасаблівасці нацыянальнага і мясцовага матэрыялу, чым у чарадзейных казках[7]. Па сутнасці, ён пярэчыў А. Пельтцару, які сцвярджаў: "Як расказчык, так і слухач не звярталі ўвагі на маральны бок анекдота, калі такі і заключаўся ў ім. Жарт прымаўся за жарт, не мог наводзіць слухача на сур'ёзны роздум і, у такім выглядзе, быў пазбаўлены маралі, якая так або інакш праяўлялася ў казцы... Што датычыцца сатырычнага элемента, то ў большасці народных анекдотаў яго няма, а калі ён і праяўляецца дзе-небудзь, то праяўляецца ў вельмі слабай форме, хаваючыся за чыста забаўны бок апавядання"[8]. Мы таксама не можам пагадзіцца з такой высновай: зараз у фалькларыстыцы ўсталявалася думка, што анекдот - сатырыка-гумарыстычны жанр, творы якога не менш востра крытыкуюць сацыяльныя з'явы, чым іншыя фальклорныя жанры. Нездарма ўлады ўсіх часоў баяліся народнага смеху і нават часам забаранялі іх распаўсюджванне: пры сталінскім таталітарным рэжыме за расказаны анекдот, у якім у смешным выглядзе паказваўся Сталін, ссылалі на Калыму або расстрэльвалі; пры Хрушчове была прынята пастанова, якая забараняла распаўсюджванне анекдотаў пра Генеральнага сакратара ЦК КПСС, якіх у той час бытавала шмат і многія з іх жывуць і зараз.

Зразумела, анекдот высмейвае не толькі сацыяльныя з'явы, большасць з іх крытыкуе людскія заганы, учынкі, сямейна-бытавыя здарэнні, з'яўляецца сродкам самакрытыкі.

Сістэматызацыя анекдотаў доўгі час грунтавалася на каталогу Аарнэ-Андрэева. Але і сам М. П. Андрэеў разумеў недасканаласць падзелу на пэўныя групы ў паказальніку казачных сюжэтаў з пункту гледжання фармальна-лагічнай паслядоўнасці і ахопу ўсяго велізарнага матэрыялу. Таму ён падзяліў іх на фабульныя і бясфабульныя і сістэматызаваў па пяці групах: "Па свайму ўнутранаму характару ("па зместу") анекдоты (перш за ўсё фабульныя) могуць падзяляцца, мне думаецца, прыкладна такім чынам: 1) анекдоты, па асноўнаму зместу звязаныя з пэўнымі сацыяльнымі катэгорыямі рознага роду (напрыклад, пра паноў, пра папоў, пра салдат, пра жабракоў, пра зладзеяў і г. д.); 2) анекдоты нацыянальнага і абласнога характару (напрыклад, пра цыганоў, пра яўрэяў, пра "ліцвінаў"-беларусаў, пра пашахонцаў і інш.); 3) анекдоты палітычнага і "гістарычнага" (звязаныя з пэўнымі асобамі) характару (ва ўкраінскім матэрыяле, напрыклад, пра Канеўскага); 4) анекдоты пра сямейныя ўзаемаадносіны (муж і жонка, бацькі і дзеці і да т. п.); 5) анекдоты, так сказаць, псіхалагічнага характару - пра дурняў і хітруноў і да т. п. (прычым яны могуць быць падзелены на мужчынскія і жаночыя ў залежнасці ад галоўнай дзеючай асобы). Бясфабульныя анекдоты могуць быць размеркаваны па гэтых жа групах", - пісаў М. П. Андрэеў[9].

У параўнанні з паказальнікам сюжэтаў прапанаваны М. П. Андрэевым падзел паўней і больш сістэмна ахоплівае велізарную колькасць разнастайных па зместу і форме анекдотаў. У ім пераадолены адзін з недахопаў сістэмы Аарнэ - ігнараванне сацыяльнага зместу анекдотаў, што адзначаў і М. П. Андрэеў[10]. Аднак і гэтая сістэматызацыя анекдотаў мае шмат недахопаў: не ўлічана вялікая група твораў, у якіх высмейваюцца людскія заганы - прагнасць, хцівасць, гультайства, п'янства, хлуслівасць і інш.; першая і трэцяя групы могуць мець агульную сацыяльную накіраванасць і агульны палітычны характар, таму іх неабходна больш дакладна акрэсліць. Анекдоты другой і пятай групы ("анекдоты нацыянальнага і абласнога характару" і "псіхалагічнага характару - пра дурняў і хітруноў") таксама маюць агульныя рысы: персанажы іх паказваюцца дурнямі, прасцякамі, часам хітрунамі (напрыклад, пра цыганоў, пашахонцаў і інш.). Тым не менш новая сістэматызацыя М. П. Андрэева з'яўляецца навукова каштоўнай і можа выкарыстоўвацца ў даследаваннях.
Анекдоты пра дурняў

Спецыфічныя рысы анекдота як жанру спрабавалі вызначыць многія даследчыкі пры разглядзе казак, асабліва бытавых. Аналізуючы бытавыя казкі пра дурняў і жартаўнікоў, Ю. I. Юдзін у артыкуле "Руская народная бытавая казка і гісторыя" адзначыў:

"У. Я. Проп заўважыў, што бытавыя казкі пра дурняў не адносяцца да галіны народнай сатыры. Для таго, каб быць падобнай да звычайнай чалавечай дурасці, казачнай дурасці не хапае праўдападобнасці...

Аднак дастаткова шырокі пласт казак пра дурняў сапраўды даўно пачаў цягнуцца да сатыры. Гэта прывяло да таго, што з казак пра дурняў нарадзіўся новы жанр - народнага анекдота. Калі па форме распаўсюджання рыса анекдота пра дурняў - яго аднамоўнасць, то галоўнае адрозненне па зместу заключаецца ў імкненні надаць анекдатычнай дурасці па магчымасці найбольш дакладныя, праўдападобныя рысы. Менавіта адсюль імкненне ў анекдатычным фальклоры, не толькі ў рускім, але і іншых народаў, прыпісаць уласцівасці малаверагоднай або зусім неверагоднай дурасці асобаму народу, у якога нібы ўсё магчыма і якому не варта здзіўляцца. Так і паяўляюцца ў фальклоры "дурныя народы" ... Апрача таго, анекдатычная дурасць часта ўзыходзіць да забабонаў, якія захаваліся ў сялянскім побыце, а не да адышоўшага ў мінулае дагістарычнага татэмістычнага або анімістычнага ўяўлення. З часам анекдатычная дурасць усё больш набывае цягу да рэальных форм, выцясняе казачныя"[11].

З такой думкай даследчыка нельга поўнасцю пагадзіцца, асабліва з яго сцвярджэннем пра паходжанне анекдотаў і іх носьбітаў "дурных народаў", але меркаванне аб некаторых рысах жанру правільнае. Ю. I. Юдзін разгледзеў толькі групу бытавых казак пра дурняў і выказаў думку аб іх адрозненнях ад анекдотаў пра дурняў, і менавіта пра гэту тэматычную групу мог ён гаварыць, калі сцвярджаў, што "з казак пра дурняў нарадзіўся новы жанр - народнага анекдота", а не ўвогуле аб генезісе жанру. Зусім не дурнымі лічацца народы, якім прыпісваюцца бязглуздыя дзеянні. Аб гэтым мы скажам ніжэй.

Анекдоты пра дурняў прыцягнулі ўвагу М. Сумцова, А. Пельтцара і Ю. Юдзіна (адначасова з разглядам бытавых казак) невыпадкова. Абумоўлена гэта перш за ўсё папулярнасцю анекдотаў адзначанай тэматычнай групы, што вызначыла ёй пачатковае месца ў міжнародных паказальніках, дзе раздзелу "Пра дурных і прасцякоў" адведзена самая большая колькасць нумароў (1200- 1349; 1675-1724). З беларускіх твораў раней за ўсіх сталі вядомы маркаўскія анекдоты. Персанажы іх цягнуць на страху карову, каб паела вырасшую траву (СУС 1210), носяць у хату без вакон сонечнае святло ў рэшаце (СУС 1245), сякуць пад сабою сук (СУС 1240), сеюць соль (СУС 1200), цягнуць вала на дуб, каб прымерыць кульбаку, і інш. Маркаўцы згадзіліся даваць мядовую даніну папу толькі за тое, што той дазволіў ім у царкве крыкнуць ("тукнуць"), і кожны год плацілі падатак "тукаўшчыну" і "пагукоўшчыну". У аснове ўсіх гэтых анекдотаў была незласлівая насмешка з сялян той жа або суседняй вёскі. Сведчанняў пра бытаванне такіх анекдотаў у асяроддзі беларусаў дайшло да нас з дакастрычніцкага часу мала, галоўным чынам з-за недаацэнкі іх мастацкай вартасці і "несур'ёзнасці" зместу. Некалькімі анекдотамі з в. Маркаўшчыны С. В. Максімаў падмацоўваў сваю думку аб тым, што ў народзе адлюстравалася разуменне "племянной розніцы... у цэльных апавяданнях і анекдотах аб прастаце і наіўнасці гэтых цёмных людзей"[12]. У гэтых творах ён бачыў "злую насмешку і моцную плётку". На самой жа справе насмешка была не такой уразлівай, таму што яна мала закранала важныя грамадскія з'явы і не ўспрымалася як злосная. Змест большай часткі маркаўскіх анекдотаў быў звязаны з сялянскім побытам, як і пашахонскіх, паляшуцкіх, баяніцкіх. Сяляне робяць шмат бязглуздых, недарэчных і адначасова смешных учынкаў. Маркаўцы, "каб не ездзіць кожны год у Крым па соль, сыпалі яе ў калодзеж з разлікам зрабіць ваду больш салёнай. Каб больш радзілася валоў, секлі на дробныя кавалкі аднаго вала і сеялі кавалкі па полі і заворвалі. Каб не таўкці проса, сеялі яго тоўчанае, таму што з-за бязлесся ступ не было з чаго рабіць. Яны ж з'елі "сучку"...[13] і г. д.

Маркаўскія анекдоты сталі шырокавядомымі яшчэ ў дакастрычніцкі час: "Вёрст у 17 к паўн.-з. ад ст. Церахоўкі знаходзіцца в. Маркавічы, якая карыстаецца ў беларусаў тою ж славай, як Пашахонне ў велікарусаў", - адзначалася ў 1905 г. у 9-м томе выдання "Расія. Поўнае геаграфічнае апісанне нашай айчыны: Верхняе Прыдняпроўе і Беларусь" (с. 538).

Якімі б кплівымі не былі насмешкі, сяляне пэўных вёсак і рэгіёнаў, якім прысвячаліся анекдоты, часцей за ўсё не крыўдзіліся і ўспрымалі іх як наўмысна выдуманыя для смеху. З развіццём культуры такімі анекдотамі сталі ганарыцца як сведчаннем таго, што іх стваральнікі добра валодалі пачуццём гумару, багатай фантазіяй і паэтычным талентам.

У час Вялікай Айчыннай вайны журналіст Г. Шчарбатаў запісаў баяніцкія анекдоты, па сутнасці, тыя ж паляшуцкія і па месцы запісу, і па зместу. Журналіста зацікавілі поўныя дасціпнага народнага гумару творы, у якіх раскрываўся талент палешукоў, здольных весела пасмяяцца з саміх сябе, прыпісаўшы абсурдныя ўчынкі.

"1. Вырашылі аднойчы баяніцкія людзі адправіць свайго пасланца ў Маскву. Узялі яны кош, узнеслі на крышу хаты, прывязалі па вуглах чатыры пеўні. Адзін баянчук сеў у кош. Пеўні крычаць: - Куда? Куда? - А ён адказвае: - У Маскву, у Маскву.

2. Трэба было баяніцкаму дзядзьку ярмо для вала зрабіць. Вось і нагледзеў ён на адным дубе добрую кульбаку, сабраў людзей і пацягнулі яны вала да дуба кульбаку прымераць.

3. Задумалі аднойчы баяніцкія людзі адначасова паесці. Расклалі яны вакол возера агонь і давай у возера цягаць крупы і сыпаць, каб юшка атрымалася.

4. У сяле не было солі. Вось баяніцкія людзі і рашылі пасеяць соль. Пасеялі, але яна не вырасла. Ну, яны і падумалі, што соль - гэта шматгадовая расліна. На гэтым і супакоіліся..."[14]

Запісаныя Г. Шчарбатавым анекдоты з'яўляюцца цікавымі варыянтамі зафіксаваных фалькларыстамі раней. Важны сам факт існавання гэтых твораў у час вайны на акупіраваных гітлераўцамі тэрыторыях як сведчанне духоўнай стойкасці беларусаў.

Значна шырэйшы змест аўцюкоўскіх анекдотаў, апублікаваных У. Ліпскім, якія таксама адносяцца да палескага рэгіёна. На жаль, у зборніку тэксты не пашпартызуюцца, і таму невядома, якія анекдоты і гумарэскі зафіксаваны У. Ліпскім ад аўцюкоўцаў, а якія створаны ім самім або проста апісваюць факты з жыцця вяскоўцаў. Таму большасць твораў у гэтым зборніку нельга лічыць фальклорнымі.

З мноства тэкстаў вылучаюцца такія, у якіх аўцюкоўцы пацяшаюцца з сябе. Сярод іх, напрыклад:
"Чаму аўцюкоўцы не ядуць гуркі са слоікаў?
Бо галава не ўлазіць у слоік.
Чаму аўцюкоўцы не засольваюць гуркі ў бочках?
Бо як дастаюць гуркі, дык расол у вушы зацякае"[15].
"Як аўцюкоўцы дояць карову?
Калі жонка едзе куды-небудзь, аўцюковец запрашае суседзяў, каб памаглі даіць карову.
Гаспадар прысядае з даёнкай, трымаецца за саскі. А два суседы падымаюць-апускаюць каровін азадак. Вельмі ж багата, кажуць, надойваецца малака"[16].
"Як аўцюкоўцы мыюць спіну?
Намыльваюць сцяну і труцца спіной, пакуль спіна чыстай не стане.
Сам не бачыў такога відовішча, але чуў, як аўцюкоўцы смяяліся самі з сябе"[17].
"Аўцюковец пайшоў са скаргай да суседа:
- Слухай, каласок, твой сабака задушыў і з'еў маіх двух куранят.
- Добра, што сказаў, ён у мяне сёння скулу з'есь"[18].

На жаль, сапраўдных фальклорных твораў у зборніку няшмат, але і тыя, якія змешчаны ў ім, - сведчанне надзвычайнага валодання палешукамі пачуццём гумару і творчым майстэрствам яго выкарыстання ў сатырычных жанрах. Такая здольнасць - не прыкмета "дурных народаў", а іх розуму, духоўнай сілы, якая дае магчымасць пасмяяцца з саміх сябе. I не толькі з саміх сябе, але і з іншых народаў - цыганоў, мазураў, немцаў, якім таксама прыпісваліся недарэчныя ўчынкі, смешныя паводзіны. У аснове гэтага смеху адсутнічае нацыянальная непрыязнасць і ўзлаванасць, з'едлівая кплівасць, а гучыць незласлівая насмешка, якая нічога не мае агульнага са сцвярджэннем нацыянальнай перавагі, пагарды да інародцаў. Беларусы аднолькава смяюцца з саміх сябе і з людзей іншых нацыянальнасцей, і ў гэтым заключаецца іх мудрасць і інтэрнацыяналізм. Пачуццё гумару існуе ва ўсіх народаў, таму людзі не крыўдзяцца на камічнае перабольшванне асобных рыс персанажаў у сатырыка-гумарыстычных творах. Народы ж, у якіх бытуе велізарная колькасць анекдотаў, досціпаў, жартаў, ганарацца гэтым багаццем як каштоўным духоўным здабыткам.
Анекдоты пра паноў

Не ўсе вызначаныя тэматычныя групы анекдотаў аднолькавыя па колькасці, папулярнасці і значнасці. Адной з самых вялікіх і папулярных у мінулым была група анекдотаў сацыяльнай накіраванасці. У даследаваннях 50-80-х гадоў XX ст. тэма адлюстравання ў фальклоры сацыяльнай барацьбы была прыярытэтнай, але пры аналізе вусных паэтычных твораў вучоныя часам даходзілі да вульгарнай сацыялагізацыі. Гэтаму садзейнічалі ўспаміны У. Д. Бонч-Бруевіча аб У. I. Леніне, у якіх, па яго словах, партыя і яе правадыр акцэнтавалі ўвагу на вывучэнні адлюстравання ў фальклоры класавай барацьбы, сацыяльнага пратэсту[19]. Стымулявалася даследаванне сацыяльнай тэматыкі і сцвярджэннем I. В. Сталіна аб узмацненні класавай барацьбы пры пабудове сацыялізма. Тым не менш гэту групу анекдотаў і зараз неабходна разгледзець грунтоўна і аб'ектыўна як адну з важнейшых у сістэматызацыі сатырыка-гумарыстычных твораў малой формы.

Народ - стваральнік фальклорных твораў - ніколі не сімпатызаваў панам, багачам. Таму ў народным бытаванні пераважалі творы, у якіх яны паказваліся ў камічным выглядзе, а ў сутыкненнях паміж бедняком і багачом заўсёды перамагаў бядняк і не толькі фізічна, але і маральна-псіхалагічна, інтэлектуальна. Прывядзём прыклады. У анекдоце "Мя не руш" тры сялянскія хлопцы адлупцавалі пана за здзекі над сялянамі ("біў, катаваў, здзекаваўся над імі"), раздзелі, прывязалі ў лесе да дуба і назвалі сябе: "Мя не руш", "Не чапай", "Якая табе справа". Калі спыталі, хто яго прывязаў, пан адказаў: "Не руш, не чапай, да якая табе справа". "Павярнуліся сяляне і пайшлі сабе дамоў..."[20] У паказальніку сюжэтаў (СУС 1700 = АА 1701) да гэтага ж тыпу адносіцца і анекдот "Няхай"[21], але ж яго сацыяльная накіраванасць выражана менш, аддаецца перавага маральна-этычнай.

Не пан, а лакей наздзекаваўся над панам у анекдоце "Дагадзіў":
Ідуць лесам пан з лакеем; вось лакей, ідучы спераду, пацягнуў за сабою галіну, што нагнулася над сцежкай, ды тады і пусціў, а яна выпрасталася ды - лясь пана па носе!
- А каб табе добра не было, як моцна б'ецца! - крычыць той.
- Э, падзякуйце, пане, што я яшчэ прытрымаў паскудную галіну, а то бяда была б! - адказвае лакей"[22].

Селянін нярэдка прыкідваецца прасцяком, што дае яму магчымасць з'едліва насмяяцца з пана. Асабліва выразна выяўляецца гэта ў дыялогах. У анекдотах "Мужык і пан", "Ідзе мужык дарогаю...", "Гутарка пана з селянінам" і іншых селянін дасціпна кпіць з пана. Напрыклад, на пытанне пана, хто ў сяле высшы, селянін адказвае:
- Знаю, панок, і ведаю: ёсць у нашым сяле Аўдзей - вышэ ўсіх людзей!

Калі ж пан тлумачыць, што ён пытае, ці ёсць у сяле галава, селянін адказвае:
- Знаю, панок, ведаю: ё ў нашага пана бугай - галава бальшая, прабальшая! (анекдот "Ідзе мужык дарогаю")[23].

Такім жа прасцяком прыкідваецца селянін і ў дыялогу:
- З кёнд ты, мужык?
- З хаты, мосьпане.
- Чый жа ты?
- Жончын...
- Пад кім ты, мужык, жывеш?
- Пад Богам, мосьпане.
- Але як твой пан завецца?
- Як быў нежанаты, так звалі панічом, а як ажаніўся, - так ужо ягомасць.
- Каго ты, мужык, слухаеш?
- Дуды, скрыпкі, як зайграюць.
- А каго ты баішся?
- У лесе ваўкоў, а ў сяле сабак...[24]

У гэтым урыўку з доўгага дыялогу "Гутаркі пана з селянінам" мужык мог адразу назваць імя свайго пана (у анекдоце адлюстроўваюцца часы прыгоннага права), але ён знарок стварае для пана камічную сітуацыю: адказвае на пытанні нібы правільна, хоць і ведае, што не гэта хоча пачуць ад яго пан.

З'едліва кпіць селянін з пана ў анекдоце "Мужык і пан", асабліва балюча закранае яго гонар, калі не ўступае ў вакзале месца пану, які стоячы п'е гарбату перад ім і нібы патрабуе вызваліць для яго месца. Пан хоча абразіць селяніна і звяртаецца "да іншых панкоў, што сядзелі кругом:
- А скажыце ж, вяльможныя панове, якая розніца паміж мужыком і свіннёю?
І сёрбаючы чай стоячы, глядзіць на мужыка: А мужык не доўга думаючы, ды:
- Розніца ёсць, пане!
- Якая?
- Ды такая, што мужык есць седзячы, а свіння стоячы"[25].

У многіх анекдотах, як і ў прыведзеным, пан імкнецца абразіць селяніна, а вымушаны зносіць адразу сам. У анекдоце "Лепшых паслалі да лепшых" пану не спадабаўся пасланец ад другога пана, таму ён спытаў:
- Гм! Ці ж у твайго пана няма лепшага чалавека?
- Чаму, пане, няма! - кажа мужык. - Але ж ён лепшых людзей ту і к лепшым паном паслаў[26].

У шэрагу анекдотаў селянін дасціпна выкарыстоўвае ганарлівасць пана. У анекдоце "Ганарысты пан" селянін прыйшоў забраць свайго каня з панскага хлява, куды ён трапіў за патраву аўса. Прыкінуўся, што не бачыць пана, "і сумысна гаворыць моцна, каб пачуў пан:
- Калі пан з вялікіх паноў, то аддасць так каня, а як з простых мужыкоў, то злупіць тры рубля.
Разлік селяніна быў правільны: пан аддаў каня без спагнання грошай"[27].

А вось у анекдоце "Тонкі намёк" вынік невядомы. У ім селянін прыйшоў да пана з хлопчыкам, калі "пан сядзеў за сталом пад раскошнай ліпай і церабіў вараныя яйкі..." Хлопчык "захныкаў, тузануў бацьку за клешні, паказваючы пальцам на панскі стол: "Тату, я хачу..."
- Ша, - навучае яго бацька, - не скуголь. Пан не свіння, каб цэлае яйка з'есці, выдзеліць і табе палавіну"[28].

Трапна выкарыстоўваецца ў анекдотах дзіцячая непасрэднасць, няўменне хітрыць, ліслівіць. Як, напрыклад, у анекдоце:
"Адзін памешчык ходзіць па станцыі, а невялічкі хлопчык сядзіць і плача. Памешчык пытае: - Хлопчык, чаго ж ты плачаш? Хлопчык падумаў і адказвае:
- А як жа мне не плакаць, калі ваша пуза лопне, то ўсю станцыю затопіць"[29].

У камічнае становішча з-за пачастунку хлопчыка трапляе пан, якому Міхаська прынёс у гліняным чарапку квасу. "Пан выпіў, хваліць, што смачны, ды пытаецца:
- А ў вас яшчэ многа такога квасу?
- Вой многа. Учора ў квас уваліўся пацук, дык мама лазіла даставаць, то было яшчэ па пуп.

Тут пан як раззлуецца, як топне нагою ды як шпурне чарапок, той і разбіўся. А Міхаська як заплача: "А, дзядзечка, што ж вы зрабілі..."[30] Аказалася, што ў чарапку кармілі ката, а пасля таго, як яго разбіў пан, ката карміць было не ў чым. У анекдоце, які заканчваецца не шкадаваннем пана, а ката, сімпатыі адчуваюцца да хлопчыка-прасцяка. Народу не імпанавала ганарыстасць паноў і ўсіх багачоў, іх пагардлівае стаўленне да простых сялян, і таму народная сатыра развенчвала іх уяўную велічнасць, выкрывала іх сапраўдную сутнасць, паказвала беспадстаўнасць імкнення здавацца інтэлектуальна вышэйшымі за просты народ і патрабаваць ад яго не толькі пашаны, але і пакланення. Іронія анекдота "Вушы ў нагах" адлюстроўвае прэтэнзіі такіх паноў: пан нічога не чуе, "калі, гаворачы да яго, не нахілішся ажно да каленаў"[31].

Мы не можам назваць усе шматлікія камічныя сітуацыі, у якія ў анекдотах трапляе пан нават з-за дзяцей: яны такія ж разнастайныя, як само жыццё. Смех узнікае, часам, з прычыны не вельмі значных, бытавых здарэнняў, але ўражліва б'е па панскай ганарлівасці, як, напрыклад, у анекдоце "А ты лыжачкай", які мы прывядзём поўнасцю:
"Галодны пан завітаў у леснічоўку - падсілкавацца. Леснічыха спекла яечню і паставіла пану.
Пачуўшы незвычайны смачны пах, пяцігадовы Гаўрык клубком скаціўся з печы і палез пальцамі ў патэльню.
- Не руш, - прашыпеў пан, ляпнуўшы нажом хлапчуку па пальцах.
Гаўрык паспрабаваў другою рукою, але атрымаў тое ж.
- А ты - лыжачкай, сынок, а ты - лыжачкай! - гукнула маці ад печы. - Ты ж не пан, каб нажом дзяўбаць.
- А пся крэў, галган! - зароў пан, калі Гаўрык, не зразумеўшы жарту, здзяжыў яму драўлянай бацькавай лыжкай па ілбе"[32].

Да паноў народ адносіў не толькі памешчыкаў, але і розных чыноўнікаў, купцоў, багачоў, якія імкнуліся абразіць і прынізіць беднякоў, людзей ніжэйшых пластоў грамадства. У анекдоце "Адным дурнем стала менш" дыялог адбываецца паміж ураднікам, які пераехаў з мястэчка ў горад, і мешчанінам, што наведаў горад і сустрэў урадніка. На пытанне апошняга, "ці заўсёды там гэтулькі дурных, як раней", мешчанін дасціпна адказаў:
- Не, ... як вы ад'ехалі, адным дурнем стала менш[33].

Абараняючы гонар жыхароў мястэчка, якіх абразіў ураднік, мешчанін дасціпна адказаў яму больш трапнай абразай. Анекдотаў, у якіх субяседнік хітра, адной фразай стварае камічную сітуацыю для свайго суразмоўцы, у беларускім фальклоры нямала. Вось толькі тры прыклады:
- Калі гляджу на вас, не інакш, як асла бачу перад сабой.
- Не, гэта не можа быць, бо я ж не люстра[34].
"Пані з брыдкім і страшным тварам, наняўшы фурманку, пытаецца ў фурмана:
- Ваш конь не выверне, ён не баязлівы?
- Нічога, сядайце: ён не будзе назад аглядацца"[35].
"Нейк ехаў панок з ярмаркі і сустрэў на дарозе мужыка. Захацеў з яго пасмяяцца. Вось ён і кажа мужыку:
- У мяне ў солі чэрві завяліся. Ці не ведаеш, мужык, што рабіць?
Мужык яму і адказвае:
- А ты, пане, зрабі так: як выпадзе першы снег, вазьмі снегу, перапалі яго і пасып попелам, то і чэрві прападуць"[36].
Анекдоты пра святароў

Такой жа папулярнасцю, як анекдоты, аб'ектам сатыры ў якіх быў пан, карысталіся і анекдоты пра духавенства - папа, ксяндза, дзяка. Характэрна, што ў адрозненне ад рэчаіснасці, у якой да свяшчэннаслужыцеляў у большасці выпадкаў ставіліся з павагай, у народных творах пераважалі сатырычныя тыпы папоў, ксяндзоў, надзеленыя заганнымі рысамі. Поп, ксёндз у іх паказваліся бязмежна прагнымі, п'яніцамі, распуснікамі, зладзеямі і ашуканцамі. Такой асаблівасцю вызначаліся фальклорныя творы ўсіх усходнеславянскіх народаў. Важна, што, нягледзячы на цэнзуру, сатырычныя творы пра духавенства пераважалі і ў дакастрычніцкіх фальклорных публікацыях.

Поп і дзяк не кормяць сваіх парабкаў ("Скупы поп", "Святы Спас, ідзі да нас", "Папоўскі полудзень", "Казка пра папа і парабка", "Скупы дзяк", "Поп і батрак", "Пра папа", "Як поп парабкаў карміў" і інш.); поп - распуснік ("Што папу было за чужую жонку", "Поп, дзяк і Фядора", "Споведзь шляхціца", "Нічога не чуваць" і інш.); поп - п'яніца ("Колькі можа выпіць поп", "Апосталы-п'яніцы", "Поп-п'яніца" і інш.); поп - злодзей ("Аб хітрым дзяку", "Поп і дзяк", "Як поп імшу адпраўляў"); поп (ксёндз) - ашуканец ("Двум памагло", "Поп, дзяк і голуб", "Як чалавеку ў дзесяць раз вярнулася", "Набожны ксёндз")[37].

Свяшчэннаслужыцелі ў мінулым і зараз ведаюць, што пра іх бытуе шмат сатырычных анекдотаў, але не ўсе ўспрымаюць іх негатыўна. Больш таго, аўтару давялося сустракацца са свяшчэннікам Кашэвіцкай царквы Вейга, які сам расказваў шмат анекдотаў пра папоў, што паказваліся ў камічным выглядзе.

Для прыкладу разгледзім некалькі анекдотаў пра духавенства.

Прагнасць папа асабліва выразна раскрываецца ў паказе яго ўзаемаадносін з парабкамі, работнікамі-батракамі. Вышэй мы назвалі шэраг анекдотаў на гэту тэму. Існавала нямала падобных анекдотаў у рускім фальклоры. В. М. Сідзельнікаў у 1930 г. запісаў, напрыклад, анекдот "Поп і работнік", у якім поп наняў работніка зжаць жыта. Работнік на полі паспаў, але сказаў, што жыта зжаў. Поп заплаціў яму пяцьдзесят рублёў, работнік жа папрасіў яшчэ сала, а калі той не даў, раззлаваўся і сказаў: "А калі не дасі сала, то каб тваё жыта ўстала"[38]. Блізкі да гэтага сюжэт "Цыган і поп", апублікаваны П. В. Шэйнам. Цыган дамовіўся з папом скасіць траву. Назаўтра пайшоў з парабкамі на сенакос. Спачатку папалуднавалі, паспалі да вечара, яшчэ папалуднавалі. Папу цыган сказаў, што траву скасілі. Свяшчэннік разлічыўся і даў цыгану пірог. Цыган папрасіў яшчэ і сала. Але поп не даў, цыган жа на гэта сказаў:
- Ну, бацюшка, не даў сала, штоб табе трава ўстала!

У абодвух творах канцоўка падобная. У рускім: поп убачыў, што жыта не зжата, раскаяўся:
- Трэба было даць сала, а не даў я - і маё жыта ўстала.

У беларускім: поп убачыў, што ўся трава стаіць, кажа:
- Ах, Божа мой! Луччай бы я даў кусок сала, чом мая трава ўстала[39].

Найбольш варыянтаў гэтага анекдота рускіх (зафіксавана 13), нямала і ўкраінскіх (6)[40]. Яшчэ больш выразна прагнасць папа выяўляецца ў адносінах да парабкаў у бытавых умовах: ён прымушае іх працаваць паўгалоднымі. Вымушаны яны ашукваць папа. Нездарма А. С. Пушкін выкарыстаў народныя матывы ў казцы пра папа і работніка Балду.

З'едліва высмейваўся поп(ксёндз)-распуснік. Гэта група анекдотаў самая шматлікая ва ўсходнеславянскім фальклоры. Іх публікавалі У. Дабравольскі, М. Федароўскі, А. Сержпутоўскі, А. Афанасьеў, М. Анчукоў, Дз. Зяленін, Б. і Ю. Сакаловы, А Нікіфараў, I. Рудчанка, М. Драгаманаў, I. Гнацюк і інш.

Асабліва папулярным быў сюжэт пра закаханага папа, якога жонка хавае ў скрыню з сажай, а муж вязе на рынак і выдае яго за чорта, а за паказ патрабуе ад прысутных, у тым ліку паноў, вялікія грошы. Камічны эфект узмацняецца паказам папа, вымазанага ў сажу і пер'е, вялікаму натоўпу людзей[41]. Камічныя сітуацыі, у якія трапляе юрлівы закаханы поп, разнастайныя. Муж застае папа ў жонкі і прымушае яго малоць зерне або таўкці ў ступе; поп, дыякан і дзяк па аднаму прыходзяць да жонкі мужыка, яна ж пры вяртанні мужа хавае іх у скрыню, вывозіць і прадае (СУС 1730) і інш.

Сярод розных заганаў, якімі не без згушчэння фарбаў надзяляецца поп, вылучаецца ашуканства прыхаджан, звязанае з яго царкоўнай службай, пропаведзямі.

Свяшчэннік пераконвае, што таму, хто аддасць апошняе, вернецца ў дзесяць разоў больш, але сам становіцца ахвярай, калі селянін, які аддаў царкве апошнюю карову, забірае ў хлеў дзесяць кароў папа, што прыйшлі разам з яго каровай[42]. Ашуканцамі паўстаюць праваслаўныя і каталіцкія свяшчэннаслужыцелі, калі фабрыкуюць цуды: ксёндз даручае арганісту выпусціць голуба ў час пропаведзі і выдаць яго за святога духа[43]; такі ж "цуд" абяцае прыхаджанам і поп[44]. Але цуд не адбыўся: арганісты паведаміў, што голуба з'еў кот; здыхае голуб і ў кішэні папа.

Паводзіны свяшчэннікаў паказваюцца часам гратэскна. У анекдоце "Як поп цяліўся"[45] царкоўны служка верыць, што ён цяжарны і што цяля, якое выпадкова палажылі на печ, было народжана ім. Ппербалізуюцца яго негатыўныя рысы і ў анекдоце "Ці была ў папа галава"[46]. Нават пападдзя не можа ўспомніць, ці браў поп з сабой галаву, калі пайшоў з хаты.

Папулярнасць антыклерыкальных анекдотаў і жартаў зараз зменшылася ў сувязі са спыненнем антырэлігійнай прапаганды і аднаўленнем многіх царкоўных храмаў, павелічэннем колькасці веруючых. Аднак нельга ігнараваць факт папулярнасці антыклерыкальнай сатыры ва ўсе часы: і ў дакастрычніцкія, калі адсутнічала антырэлігійная прапаганда і існавала цэнзура, якая не прапускала ў друк антыцаркоўныя творы; і ў час "ваяўнічага бязбожжа" ў савецкі перыяд.

Сатыра на духавенства ўзнікла на рэальнай глебе. Свяшчэннікі, як і ўсякія іншыя людзі, былі не без граху. Але яны павучалі паству прытрымлівацца прынцыпаў рэлігійнай маралі, выконваць дзесяць Божых запаведзяў. Аднак нярэдка самі іх не выконвалі, што выклікала пэўную рэакцыю народа і стымулявала стварэнне анекдотаў пра іх паводзіны. Да таго ж не апошнюю ролю ў тым, што свяшчэннаслужыцелі станавіліся аб'ектам сатыры, адыгрывалі сацыяльныя супярэчнасці паміж сялянамі і духавенствам. Нельга адмаўляць і значэння законаў мастацтва, у адпаведнасці з якімі вобразы служыцеляў царквы маляваліся завострана, часам гратэскава, каб больш выразна паказаць іх сацыяльныя якасці і рысы. Менавіта гэтым тлумачыцца імкненне знарок падабраць такія сітуацыі, пры якіх свяшчэннік выстаўляецца ва ўсім сваім "харастве" на публічнае асмяянне. Стварэнне вострай камічнай сітуацыі павышала сілу сатырычнага асмяяння. Сатыра выкрывала неадпаведнасць паміж тым, чым імкнуўся паказаць сябе сацыяльны тып, і тым, чым ён з'яўляўся на самой справе.

З'едліва высмейваўся поп-невук, якога выпадкова выбіралі сяляне пры адсутнасці свяшчэнніка, што прайшоў адпаведную вучобу. Палешукі выбралі папом Мікіту, які адпраўляў малебен незвычайна, гаварыў толькі: "Адна дзірка, дзве дзіркі" і г. д. Незадаволеныя прыхаджане запрасілі епіскапа. Мікіта, няздольны да царкоўнай службы, аказаўся знаходлівым у барацьбе за сваё даходнае месца. Ён паклаў торбу з грашыма так, каб яе ўбачыў епіскап, і запеў: "Отча, владыка, пацягні за лыка, там атлычана сем коп, штоб я быў поп!" "Віскуп пацягнуў да бачыць, што цяжка, думае: многа грошай, і сказаў: "І ны і прысном ва векі векам як быў, так і будзіць папалам"[47]. Па сутнасці, у анекдоце парадзіруецца царкоўны малебен, у чым вялікае значэнне маюць інтанацыя, мелодыя спеваў. I трапна выкарыстаныя царкоўнаславянскія словы, і мелодыя, якая адпавядае царкоўным спевам, узмацняюць камічны эфект, вастрыню сатыры.
Анекдоты з народнага жыцця

У народных анекдотах і жартах высмейваліся заганы і простых людзей. Сатыра станавілася сродкам самакрытыкі, сродкам барацьбы за лепшае, ідэальнае ў жыцці. Наяўнасць сатырыка-гумарыстычных твораў, у якіх высмейваюцца розныя недахопы, характэрныя для простых людзей, сведчыць аб перавазе ў свядомасці працоўных станоўчых ідэалаў, іх высокай маральнай патрабавальнасці да сябе. В. Р. Бялінскі падкрэсліваў, што "прыстойны чалавек не тым адрозніваецца ад пошлага, што ён зусім пазбаўлены ўсякай пошласці, а тым, што бачыць і ведае, што ў ім ёсць пошлага, тады як пошлы чалавек і не падазрае гэтага ў адносінах да сябе; наадварот, яму якраз і здаецца больш усяго, што ён сапраўдная дасканаласць"[48]. У выніку ўсведамлення сваіх недахопаў, нярэдка і спантанна, з'явіліся шматлікія фальклорныя творы, накіраваныя на пераадоленне іх. Адмаўляючы шляхам высмейвання ўсё недарэчнае, дрэннае ў жыцці, народ змагаўся за ўсё станоўчае. Адлюстроўваючы адмоўнае, ён "адштурхоўваўся" ад ідэальнага, замацоўваў яго. Негатыўнае адлюстраванне рэчаіснасці ў народнай творчасці ніколькі не зніжала сілу ўздзеяння тых ідэй, якія імпанавалі шырокім масам працоўных.

Перш за ўсё народ бязлітасна крытыкаваў гультайства і нядбайства. У анекдотах "Як маладзік гультайку наўстыдзіў", "Гультай", "Няхай", "Трошкі паспала" і многіх іншых з'едліва высмейваюцца гэтыя заганы, а камічны персанаж аднаго з іх Алёкса нават караецца стражнікам ("Няхай"[49]).

Народ весела смяяўся з глупства, хоць дурасць часам прыводзіла да трагізму. У анекдоце "Гультаі лапці сушаць"[50] трагічная падзея выклікае не сум, а смех з-за недарэчнага ўспрыняцця яе жонкамі, якія праводзілі чатырох гультаёў на сенакос. Каб пераплыць раку, усе чацвёра селі на бервяно і прывязалі сябе да яго аборкамі ад лапцяў. "На сярэдзіне ракі бервяно перавярнулася, і ўсе гультаі апынуліся ў вадзе. Адна жанчына доўга ўзіралася, а потым і кажа:
- Зірніце, жанкі: мужыкі нашы яшчэ і да берага не даплылі, а ўжо лапці сушаць!"

Гумарам розных адценняў адрозніваюцца анекдоты пра п'яніц і п'янства. У адных гучыць добразычлівы гумар, у другіх - з'едлівая насмешка. Весела пацяшаюцца слухачы, калі слухаюць анекдот "Колькі можа выпіць поп":
"У аднаго папа спыталі:
- Бацюшка, колькі можна выпіць гарэлкі?
- А з закуссю, аль без? - пытае поп.
- З закуссю, з закуссю, бацюшка.
- Пры матушцы, алі без онай? - зноў пытае поп.
- Без онай, бацюшка, без онай.
- З блудніцамі, алі в адзіночастве?
- З блудніцамі, бацюшка, з блудніцамі.
- У такім разе выпіць можна правялікае множаства, да бесканечнасці, - адказаў поп"[51].

У варыянце гэтага анекдота "святы айцец" сцвярджае, што "пры атсутнасці нашых матушак і ў такой кампаніі можна піць да бесканечнасці і яшчэ паўлітра..." Яго пытаюць:
- А нашто паўлітра?
- А гэта на пахмелле[52].

Народ тут весела пацяшаецца са "святых айцоў" - аматараў выпіць гарэлкі. Але зусім не пацешліва крытыкуюцца яны, калі вымушаны красці, каб было за што выпіць. Найбольш востра крытыкуюцца царкоўныя служкі ў казцы "Поп і дзяк"[53], вядомай у многіх беларускіх, рускіх і ўкраінскіх варыянтах. Беларускія варыянты змешчаны ў зборніках П. Шэйна, У. Дабравольскага і М. Федароўскага. Дзяк у іх крадзе, а поп адгадвае. У казку ўваходзіць некалькі анекдатычных сюжэтаў.

Горыччу прасякнуты гумар анекдота "Гэта не мае ногі", галоўны персанаж якога так "замачыў" купленыя боты, што зваліўся на дарозе. "Неўзабаве на дарозе паказалася падвода.
- Прымай ногі з дарогі, бо перадушу, - крычаў фурманшчык п'янаму.
Той прыўзняў галаву, глянуў на свае ногі і сказаў:
- Едзь смела, гэта не мае ногі, мае ногі ў ботах, а гэтыя босыя"[54].

Увогуле ж народ часцей за ўсё асуджаў п'янства, якое прыносіла нямала бяды і для саміх п'яніц, і для сям'і, і для грамадства.

Найбольш існуе ў народзе і ўзнікае штодзённа анекдотаў, жартаў, досціпаў пра якія-небудзь смешныя выпадкі з жыцця, бытавыя здарэнні. Тэматыка іх такая ж разнастайная, як само жыццё, таму поўнасцю ахапіць іх аналізам немагчыма. Важна падкрэсліць, што гэтыя жанры - адны з самых папулярных і зараз. Дасціпны жарт, смешны анекдот пра выпадак з жыцця з нечаканым камічным вынікам, расказаны цікава, з адпаведнай мімікай, жэстамі і эмацыянальнай інтанацыяй, - усё гэта захапляе слухачоў.

У савецкі час узнікала шмат анекдотаў пра вядомых палітычных дзеячаў, у тым ліку пра Сталіна і яго паплечнікаў, пра савецкую ўладу і партыю. Сатырычныя анекдоты і прыпеўкі, у якіх раскрывалася сапраўднае становішча ў краіне і непрывабна паказваўся правадыр народаў, забараняліся, іх выкананне жорстка каралася, ніхто не асмельваўся іх запісваць і друкаваць. У асобныя перыяды адраджаліся і дастасоўваліся да новых умоў традыцыйныя фальклорныя творы, узнікалі новыя. Асабліва ў цяжкія ваенныя гады.
Анекдоты пра вайну

Важную ролю ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі адыграла сатыра ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку і анекдоты, жарты, прыпеўкі. З сатырычных твораў паўстае агіднае аблічча шалёнага фашысцкага фюрэра Гітлера, у якога спачатку былі "валасы залізаны, як у сабакі", а "вочы праваліліся, як у мерцвяка", а потым як Чырвоная Армія стала біць фашыстаў, "і валасы сталі дыбам, і вочы на лоб павылазілі". Тыпы фашысцкіх ваяк малююцца ў сатырычных творах нярэдка ў іранічна-карыкатурным выглядзе. Ажыццяўляючы карныя акцыі супраць партызан, гітлераўцы пахваляліся поўным разгромам атрадаў народных мсціўцаў. На самой справе перамагчы партызан карнікам не ўдавалася, яны жорстка распраўляліся з мірным насельніцтвам, а рапартавалі, што знішчылі партызан. Вось за якія баявыя "поспехі" чакае ўзнагароды Курт: яго звяно павінна было адшукаць і разбамбіць партызанскі лагер, а "забіла... адну карову, астатнія разбегліся" ("У яго зноў баявыя поспехі"[55]).

Гітлераўцы бязлітасна рабавалі і знішчалі жыхароў беларускіх вёсак і гарадоў. Сатыра трапна выкрывала фашысцкіх рабаўнікоў часам у іншасказальнай форме, напрыклад:

Ці не пойдзем мы ў вёску ды не сцягнем авечку, - сказаў адзін воўк другому.

Дарэмныя захады, - адказаў другі. - Там да нас ужо немцы пабывалі ("Дарэмныя захады"[56]).

Менавіта ў развянчанні міфа аб непераможнасці нямецкай фашысцкай арміі станоўчую ролю адыгрывалі творы, у якіх гітлераўскія ваякі паказваюцца храбрымі толькі ў расправах з бяззбройнымі нявіннымі людзьмі і вельмі баязлівымі пры сустрэчы з партызанамі або з савецкімі войскамі. Вось адзін з прыкладаў:
- Якія сілы рускіх вас разбілі?
- Не магу знаць, гер палкоўнік, я не аглядваўся[57].

Высмейваючы баязлівасць фашыстаў, сатырычныя творы выкрывалі лжывасць гебельсаўскай прапаганды, якая імкнулася ўтаіць ад народа няўдачы і паражэнні на фронце і ў тыле ў баях з партызанамі. Рабункі і знішчэнне многіх вёсак і пасёлкаў разам з іх жыхарамі, разбурэнне нашых гарадоў выклікалі нянавісць да акупантаў, імкненне адпомсціць лютым захопнікам. Але наш народ не атаясамліваў фашыстаў з усім нямецкім народам, верыў у неаднароднасць нямецкай нацыі, у тое, што і ў Германіі былі немцы, якія спадзяваліся на звяржэнне Гітлера і фашысцкага рэжыму ў выніку паражэння ў вайне ("Дарэмна пахваліў"[58]). Усё больш немцаў марыла трапіць у палон:
- Як бы я хацеў зараз пабачыць нашага Вілі...
- Да ён жа ў палоне ў рускіх!
- Вось там бы я і хацеў яго ўбачыць[59].

Фашысты часам свае няўдачы, адступленні тлумачылі неабходнасцю выраўнівання фронту нават і ў час карных экспедыцый ("Па загадзя распрацаванаму плану"[60]).

У тыле ворага асабліва многа існавала ў вусным і пісьмовым бытаванні сатырычных і гумарыстычных твораў, у якіх ярка адлюстроўваліся баявыя справы беларускіх партызан: дыверсійная дзейнасць на чыгунцы, у выніку якой шмат ваенных эшалонаў з гітлераўцамі "адпраўляліся ў рай" ("Пекла і рай"[61]); стварэнне паганага "клімату" для фашыстаў у Беларусі ("Дрэнны клімат"[62]); напады на карнікаў, у выніку аднаго з якіх ад роты фашыстаў не застаецца і следу ("Сляды і людзі"[63]), у выніку другога сутыкнення карнай экспедыцыі з партызанамі, па словах нямецкага каменданта, бой закончыўся ўнічыю: "Нямецкіх салдат было 500, партызан 50... Партызан засталося 50 і нямецкіх салдат 50" ("Бой унічыю"[64]); разгром фашысцкіх гарнізонаў і вызваленне вёсак ад акупантаў, у адной з якіх камандзір партызанскага атрада гаворыць па тэлефоне з нямецкім капітанам ад імя старасты і абяцае добра "пачаставаць" дзвесце германскіх салдат, напраўленых у вёску ("Пачаставалі"[65]), і інш.

У анекдотах і жартах перыяду Вялікай Айчыннай вайны шырока выкарыстоўвалася форма традыцыйных фальклорных твораў тыпу "Хто пра што", калі кожны субяседнік гаворыць пра сваё (напрыклад, размова паміж Гітлерам і начальнікам пахавальнага бюро фон Гробке ў анекдоце "Алё"[66]), а таксама дыялогі тыпу "Добра, ды не зусім":
"- Дзень добры, Фрыц! Адкуль?
- Дзень добры, дзядзька Бекер! З Расіі вярнуўся. Нагу страціў.
- Гэта дрэнна.
- Дрэнна, ды не зусім! Мой друг Вілі галаву страціў, а я жывы.
- Гэта добра"[67] і г. д.

Як мы ўжо адзначалі, фашысцкія фюрэры ў сатырычных творах падаваліся ў камічным выглядзе. Камізм развенчваў арэол вялікасці, створаны Гітлеру яго пасобнікамі, паказваў яго нікчэмнасць. Асабліва сатырычна востра аблічча Гітлера падаецца ў пісьме беларускіх партызан "бандыцкаму фюрэру, крываваму людаеду, сусветнаму абармоту і прахвосту, дурному Адольфу Гітлеру"[68], у якім нямала і "моцных слоў" у адрас верхавода фашыстаў.

Народная паэзія вогненных гадоў - каштоўны духоўны помнік духоўнай культуры, значэнне якога не абмяжоўваецца сувяззю з гісторыяй усенароднай барацьбы, калі яна задавальняла эстэтычныя патрэбы людзей, заклікала да барацьбы, вострым сатырычным словам змагалася з ворагам. I зараз яна мае не толькі пазнавальнае, але і грамадскае значэнне ў патрыятычным выхаванні народа.

Тэма другой сусветнай вайны не знікла і ў пасляваенныя гады. Побач з творамі, у якіх адлюстроўваліся жахлівыя падзеі таго часу, бытавалі і жартоўныя. Сярод аўцюкоўскіх анекдотаў У. Ліпскі змясціў і такі гумарыстычны:
"Лапці выратавалі
Цяпер можна і пра вайну расказаць смешнае.
Кажуць, прыехалі немцы ў Аўцюкі. Хаты пустыя, людзей няма. А якраз выпаў сняжок. Бачаць немцы, павялі ў лес нейкія дзіўныя сляды - "колы" ў елачку. Яны па тых слядах даехалі да балота. Далей іх матацыклы буксуюць. Стаяць, гергечуць, разгадваюць:
- Што за тэхніка праехала ў балота?..
А то былі - аўцюкоўцы ў лапцях. Той абутак і выратаваў іх"[69].
Сучасныя анекдоты

Папулярнасць анекдотаў, жартаў, іх тэматычная разнастайнасць, дасціпнасць не зменшыліся і ў сучаснасці. У сатырыка-гумарыстычных творах малых форм пасляваеннага часу адлюстраваліся самыя розныя рэаліі жыцця. Пасля смерці I. В. Сталіна людзі адчулі сябе крыху вальней, не сталі баяцца расказваць анекдоты нават пра самых высокіх палітычных дзеячаў. Асабліва шмат анекдотаў існавала пра М. С. Хрушчова, якія даходзілі і да яго. Падабаўся яму, напрыклад, анекдот пра палёт на месяц амерыканцаў: яны адмервалі месца для палігона, але тут падышоў дзядок (Бог) і сказаў, што ўсё поле маленькі, лысенькі заняў ужо пад кукурузу. А вось другі анекдот пра Хрушчова і кукурузу яму не спадабаўся: Хрушчоў зайшоў на свінаферму, палюбаваўся прыгожымі парасятамі, якія хрукалі: "хру, хру, хру..." Спытаўся, чым кормяць. Адказалі: кукурузай. "Удвоіць рацыён, каб поўнасцю выгаварвалі", - загадаў ён.

Не мог народ мірыцца з несправядлівасцямі калгаснай сістэмы. Сялянам райкамы партыі навязвалі старшынь, часцей за ўсё дрэнных гаспадароў, некампетэнтных у аграрнай навуцы людзей.

У анекдоце "З двума горламі" гаворка ідзе пра аўцюкоўскіх старшынь калгасаў: "...адзін - шэльма, другі - лайдак, трэці - невук... Апошняга выгналі за п'янку". Прыслалі новага старшыню, пачаставалі яго сяляне хлебам-соллю, чаркай. Глытнуў ён самагонкі і "папярхнуўся: "От, каб на яе, не ў той гарляк пайшла..."

Побач стаяла бабуля. Як усплясне ў ладкі ды як загалосіць:
- Вой, каласкі, той быў п'яніца, а гэты з двума горламі.
Прапалі мы, лююдзечкі-і!.."[70]

Малюнак характэрны не толькі для Аўцюкоў, а для ўсёй Беларусі: такіх старшынь - "з двума горламі" было шмат. Яны адчувалі сябе поўнымі гаспадарамі калгаснай маёмасці і ў першую чаргу забяспечвалі сябе. I як бы дрэнна ні кіраваў такі старшыня калгасам, у яго заўсёды былі поспехі. Народ заўважыў гэта і трапна адлюстраваў у дасціпным дыялогу:
Цікавая прыказка: "У каровы малако на языку".
Вось дзіва! У нашага старшыні калгаса ўсе дасягненні на языку[71].

Як і ў мінулым, народ з'едліва высмейвае і зараз п'янства. Іранічна высмейваецца п'яніца ў жарце "Непітушчы", персанаж якога адмаўляецца ад прапановы прыяцеля выпіць па кілішку: "Не магу, браце, па трох прычынах... Па-першае, гарэлка шкодзіць здароўю, па другое, мне доктар забараніў, а па-трэцяе, я п'яны ўжо..."[72] "Героі" шматлікіх гумарыстычных твораў трапляюць у выцвярэзнік. Смех жа з іх часцей за ўсё мае незласлівы характар. Вандроўніка-персанажа аднаго з такіх твораў спыталі, ці спадабалася яму падарожжа па гарадах і ці хапала яму часу на знаёмства з імі. З адказу відавочна яго захапленне: "Ды не. Я ў адным Полацку на пятнаццаць сутак затрымаўся"[73]. Персанаж другога жарту пахваліўся знаёмаму, што перастаў хадзіць у лазню з-за страты патрэбнасці ў гэтым: "А навошта?.. Мяне зараз два разы на месяц у выцвярэзніку мыюць..."[74]

Іронія анекдота дасціпна выкрывае заганныя звычкі п'яніцы, якія абумовілі яго адмаўленне наведваць лазню.

Камічна гучыць рэакцыя маці, якой паведамілі, што яе сын трапіў у выцвярэзнік: "Зараз жа пусціце яго дамоў... Што ён там будзе рабіць адзін сярод п'яных?!"

Горкім смехам прасякнуты творы, у якіх паказваецца дарэмнасць імкненняў жонак спыніць п'янку сваіх мужоў. У анекдоце "Угаварыла" жонка качалкай б'е мужыка і прыгаварвае:
- Будзеш яшчэ піць, будзеш яшчэ піць?
- Угаварыла. Налівай[75].

А п'яніца другога твора ледзь пераадолеў парог кватэры і абрадаваў жонку, заявіўшы:
- Усё! Больш піць не буду!

Калі ж жонка чула аднеслася да яго, палажыла спаць, ён ёй кажа:
- Але і менш піць таксама не буду![76]

Каб папярэдзіць бяду, жонка напамінае мужу-шафёру, што за рулём піць нельга, але той "апраўдваецца":
- А я калі п'ю, дык вылажу з машыны[77].

Народ даводзіць, што такое стаўленне да кіравання машынай у п'яным выглядзе і прыводзіць да трагізму.

Як і раней, зараз так жа сама з'едліва высмейваецца гультайства, зладзейства. У анекдоце "Карысныя мухі" стары Лявон, які згроб сена, а сын яго "малады дужы хлапец Сымон" ляжаў у гэты час у цяньку, дасціпна адказаў на пытанне, ці прыносяць карысць мухі: "Прыносяць, сынку, ды яшчэ якую! Яны такім гультаям, як ты, удзень спаць не даюць"[78]. Гультай выяўляе знаходлівасць у захаванні свайго прынцыпу жыцця, калі яго пытаюць, "што лепей: есці або ляжаць? - Лепей за ўсё есці лежачы"[79]. А ў жартоўным дыялогу "Святая арыфметыка" злодзей спавядаецца ў царкве і прызнаецца, што ўкраў 100 снапоў жыта.
- А як ты ўкраў? - пытае поп. - Адразу ці паасобку?
- Ды не, за чатыры разы па дваццаць снапоў.
- Дык гэта ж будзе восемдзесят снапоў, а не сто.
- Гэта так, але ж я хачу сёння ўзяць яшчэ дваццаць снапоў[80].

Мноства анекдотаў, жартаў і досціпаў узнікла ў выніку ажыццяўлення ўсеагульнай адукацыі ў краіне і шырокага развіцця навучання ў вышэйшай школе. Персанажамі гэтых твораў паўстаюць вучні, студэнты, настаўнікі, прафесары. Камізм сітуацый, у якія трапляюць героі гумарыстычных твораў, абумоўлены самім жыццём, рэаліямі школьнай вучобы. Вучань, напрыклад, так тлумачыць на экзамене, чаму ён лічыць, што трамвай працуе на пераменным току: "На пастаянным ён бы хадзіў толькі ў адзін бок"[81], другі школьнік адказвае, чаму бывае раса: "Зямля круціцца так хутка, што ажно пацее"[82], вучаніца на ўроку біялогіі здзіўляецца пытанню настаўніцы, чаму рыбы не гавораць: "Як жа ж яны могуць гаварыць, калі ў іх увесь час галава ў вадзе!"[83] На ўроку гісторыі вучань абураецца, калі настаўнік ставіць яму двойку за тое, што не здолеў расказаць пра Аляксандра Македонскага, Актавіяна Аўгуста, Юлія Цэзара, і пытаецца, ці ведае настаўнік Мішку Сідарава, Жору Каплюхіна. Той іх не ведае. "У вас - свая кампанія, у мяне - свая", - гаворыць вучань[84]. Прыведзеныя для прыкладу жарты і анекдоты з шматлікіх твораў пра школу бытавалі пераважна ў асяроддзі школьнікаў і настаўнікаў, распаўсюджваліся вусна і пісьмова. Падобны вывад можна зрабіць і з аналізу студэнцкіх анекдотаў.

Камізм некаторых анекдотаў, выкліканы нечаканасцю канцоўкі, грунтуецца на неапраўданасці, памылковасці разумення прычыны падзеі, як, напрыклад, у анекдоце "Награшыла":

"Аднойчы ў пост набожнай бабульцы захацелася каўбасы. "З'ем крышачку, каб ніхто не бачыў", - падумала яна і пачала есці. Свежая свіная каўбаса такая смачная, што бабулька нават пальцы аблізвае. I раптам пачалася навальніца. Забліскала маланка, загрымеў гром. Бабулька паклала на стол каўба'су і зашаптала:
- О Божа, навошта праз такі маленькі кавалачак каўбасы ты столькі шуму нарабіў?"[85]

Падобна гэтаму анекдоту тлумачыцца абумоўленасць камізму і ў творы "Сам ведаю":
"Едзе шафёр. Адной рукою трымае руль, а другую абдымае дзяўчыну. Раптам міліцыянер.
- Што ты робіш? Двума рукамі трэба!
- Сам ведаю, што двума трэба, - адказвае шафёр. - А машынаю хто кіраваць будзе?"[86]

Многія гумарыстычныя творы ўяўляюць сабой своеасаблівы водгук на значныя падзеі ў жыцці краіны. У сувязі з асваеннем космасу ўзніклі, напрыклад, такія жарты:
"- Што гэта сёння месяц не ўзыходзіць? - пытаецца сусед у суседа.
- Мусіць за спадарожнік недзе зачапіўся, - быў адказ"[87].
"Старэнькая бабулька наракае на вельмі снежны сакавік:
- Напускалі гэтых сваіх спадарожнікаў, нарабілі ў небе дзірак, дык снег ідзе і ідзе!"[88]

Смехам праз слёзы характарызуюцца гумарыстычныя творы пра Чарнобыльскую катастрофу. У. Ліпскі змясціў у сваім зборніку гумарэску:
"Раней па Аўцюках хадзіў такі жарт:
- Чорт, чаго ў балоце сядзіш?
- Бо прывык... Цяпер:
- Аўцюк, чаго чарнобыльскім дзярмом душышся?
- А куды ад яго збяжыш?.."[89]

Усведамленне грандыёзнасці маштабаў Чарнобыльскай аварыі, небяспечнасці яе наступстваў і немагчымасці іх пераадолення не спыніла творчага гумарыстычнага працэсу ў аўцюкоўцаў, не пазбавіла іх аптымістычнага настрою. Сведчаннем гэтага з'яўляецца анекдот "Ні шыша":
"У Малых Аўцюках радыяцыя меншая, чым у Вялікіх Аўцюках. Чаму?
Бо тут, кажуць, людзі, як пачулі пра чарнобыльскую хмару, усе разам выйшлі як бы пыл вытрасаць з коўдраў, посцілак, дываноў.
А на самай справе махалі, адганялі ад вёскі ядавітую навалач.

Малааўцюкоўцы ганарацца:
- Ля нас чыгунка, асфальт, шаша, а ў Вялікіх Аўцюках - ні шыша"[90].

У мінулыя часы і зараз асаблівай папулярнасцю карысталіся і карыстаюцца эратычныя народныя анекдоты, запісваць і друкаваць якія пачалі толькі нядаўна. Яны займаюць вялікае месца ў агульнай масе твораў гэтага жанру і патрабуюць спецыяльнага даследавання.

Перабудова, пераход на рыначную эканоміку, сацыяльная незабяспечанасць значнай часткі людзей выклікалі з'яўленне шматлікіх сатырыка-гумарыстычных твораў, пераважна анекдотаў, прыпевак, у якіх выкрываюцца несправядлівасці існуючых у краіне грамадскіх узаемаадносін, беззаконня, рэалій дзікага рынку - спекуляцыйнай нажывы пад прыкрыццём бізнесу і да т. п. У адным з жартаў малады хлопец, уладальнік "Мерседэса", здзекліва іранізуе на аўтазаправачнай станцыі са старога чалавека, уладальніка "Волгі":
- Што, дзядуля, гадоў трыццаць збіраў грошы на аўтамашыну?
- Амаль столькі, сынок.
- Я таксама дзён трыццаць вазіў прадаваць смятану і масла, пакуль сабраў на "Мерседэс".

Такая ж сатырычная крытыка характэрна і для беларускіх прыпевак, у якіх адлюстроўваецца сацыяльная несправядлівасць у адносінах да многіх пластоў насельніцтва, у прыватнасці да настаўнікаў, няздольных за сваю зарплату купіць сабе адзенне, абутак, у той час як "двоечнік-балбес змяніў трэці "Мерседэс"[91]. З іроніяй спявае народ пра падтрымку дзяржавы: "Нас дзяржава падтрымае, // Не пакіне ў беднаце: // То з паліцаў папрымае, // То ў кішэнях падмяце..."[92] З'едліва выкрываюцца вынікі інфляцыі: "На базары старгавала // Баба ў рымара хамут, // А інфляцыя загнала // Эканоміку у кут"[93]. Жабрацкае становішча народа раскрываецца ў прыпеўцы:

"Ўсталі Колас і Купала // Сталі думаць і гадаць: // Каб купіць кавалак сала, // Трэба хату прадаваць"[94].

Такім чынам, аналіз толькі невялікай часткі сатырыка-гумарыстычных твораў малых жанраў дазваляе зрабіць выснову аб іх шырокім бытаванні ў народзе, няспыннасці творчага працэсу і зараз, цеснай сувязі зместу твораў з рэаліямі жыцця, аб'ектыўнасці яго адлюстравання, справядлівай крытыцы і вострым высмейванні носьбітаў заганных рыс незалежна ад іх сацыяльнага становішча, сцвярджэнні сацыяльных, этычна-маральных і эстэтычных народных ідэалаў праз рэзкае сатырыка-гумарыстычнае абсмяянне ўсяго негатыўнага і несправядлівага ў жыцці. Жывучасць сатырыка-гумарыстычных твораў, папулярнасць і пашыранасць у наш час - сведчанне не толькі іх надзённасці, але і адпаведнасці эстэтычным запатрабаванням народа, які заўсёды любіў і любіць гэтыя фальклорныя жанры, захапляецца смехам, выкліканым анекдотамі, жартамі, досціпамі.

Аўтар: А.С. Фядосік
Крыніца: Народная проза / К. П. Кабашнікаў, А. С. Фядосік, А. В. Цітавец; Навук. рэд. А. С. Ліс. - Мн.: Бел. навука, 2002. - 517 с. - (Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка; Кн. 4).
ISBN 985-08-0512-9

Крыніцы:
[1] Пропп В. Я. Жанровый состав русского фольклора // Русская литература. 1964. № 4. С. 58-60.
[2] Чистов К. В. К вопросу о принципах классификации жанров устной народной прозы. М., 1964. С. 6.
[3] Сухаревич В. А юмор у вас есть? // Лит. газ. 1993. 19 янв. С. 3.
[4] Романов Е. Р. Белорусский сборник. Витебск, 1887. Вып. 3; Витебск, 1891. Вып. 4; Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi Litewskiej. Krakow, 1897. Т. 1: Krakow, 1902. Т. 2; Krakow, 1903. Т. 3; Добровольский В. Н. Смоленский этнографический сборник. СПб., 1891. Ч. 1; Шейн П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. СПб., 1893. Т. 2; Сержпутовский А. К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Л., 1926.
[5] Пельтцер А. Происхождение анекдотов и русской народной словесно¬сти // Сб. Харьковского историко-филологического общества. Харьков, 1899. Т. XI. С. 57-117; Сумцов Н. Ф. Анекдоты о глупцах // Тамсама. С. 118 - 315; Яго ж. Разыскания в области анекдотической литературы. Харьков, 1898; Сидсльников В. М. Идейно-художественная специфика русского на¬родного анекдота // Труды Университета дружбы народов им. Патриса Лумумбы. Т. 4. Вопросы литературоведения. М., 1964. Вып. 1. С. 27-50.
[6] Андреев М. П. Социально-классовые мотивы в анекдоте // Рукапісны аддзел Дзяржаўнага літаратурнага музея Грузіі імя Г. Леанідзе, адз. зах. № 21118.
[7] Тамсама. Л. 1.
[8] Пельтцер А. Происхождение анекдота в русской народной словесно¬сти. С. 65-68.
[9] Андреев М. П. Социально-классовые мотивы в анекдоте. Л. 2.
[10] Тамсама.
[11] Юдин Ю. И. Русская народная бытовая сказка и история // Русский фольклор. XVI. Историческая жизнь народной поэзии. Л., 1976. С. 169-170.
[12] Максимов С. В. Белорусская Смоленщина с соседями // Живописная Россия. СПб.; М, 1882. Т. 3. С. 440.
[13] Максимов С. В. Белорусская Смоленщина с соседями. С. 440.
[14] Сшыткі з запісамі Г. Шчарбатава захоўваюцца ў яго сына - Аляксандра Шчарбатава, які жыве ў Мінску.
[15] Ліпскі У. Аўцюкоўцы: Аповесць пра калінак ды каласкоў, якія гаруюць і жартуюць. Мн., 1995. С. 22.
[16] Тамсама. С. 28.
[17] Тамсама. С. 37.
[18] Тамсама. С. 59.
[19] Бонч-Бруевич В. Д. Ленин об устном народном творчестве // Совет¬ская этнография. 1954. № 4. Гл. таксама у кн.: Воспоминания о Ленине. М., 1969. С. 416-423.
[20] Жарты, анекдоты, гумарэскі: БНТ / Склад. А. С. Фядосік. Мн., 1984. С. 27.
[21] Сержпутовский А. К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. С. 37-38.
[22] Жарты, анекдоты, гумарэскі. С. 31.
[23] Романов Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 3. С. 433.
[24] Жарты, анекдоты, гумарэскі. С 31-32.
[25] Тамсама. С. 35.
[26] Тамсама. С. 37.
[27] Жарты, анекдоты, гумарэскі. С. 36.
[28] Тамсама. С. 39.
[29] Тамсама. С. 41.
[30] Тамсама. С. 44-45.
[31] Беларускія жарты / Склад. В. Ластоўскі. Мн., 1915. С. 23.
[32] Жарты, анекдоты, гумарэскі. С. 54.
[33] Тамсама. С. 50.
[34] Тамсама. С. 173.
[35] Тамсама. С. 40.
[36] Жарты. анекдоты, гумарэскі. С. 50.
[37] Тамсама. С. 54-83.
[38] Сказки и несказочная проза / Редкол.: В. М. Гацак, В. А. Бахтина, Т. М. Ананичева; Сост. Н. М. Ведерниковой, Е. А. Самоделовой. М. 1998 С. 250.
[39] Шейн П. В. Материалы ... Т. 2. С. 332.
[40] СУС 1736.
[41] Сержпутовский А. К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. С 121 - 122.
[42] Federewski M. Lud Biatoruski. Т. 3. S. 153.
[43] Ibid. S. 173-174.
[44] Шейн П. В. Материалы... Т. 2. С. 322-323.
[45] Тамсама. С. 242-244. Гл. таксама: Добровольский В. Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. С. 704. Сюжэт шырока вядомы рускаму, украінскаму, польскаму і іншым народам.
[46] Шейн П. В. Материалы... Т. 3. С. 311.
[47] Архіў РАН (Санкт-Пецярбург), ф. 104, вып. 1, л. 138-139, № 135.
[48] Белинский В. Г. Собр. соч.: В 3 т. М., 1949. Т. 3 С. 739-740.
[49] Сержпутовский А. К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. С. 37-38.
[50] Жарты, анекдоты, гумарэскі. С. 136.
[51] Тамсама. С. 78.
[52] Жарты, анекдоты, гумарэскі. С. 78.
[53] Шейн П. В. Матерналы... Т. 2. С. 213-217.
[54] Жарты, анекдоты, гумарэскі. С. 147-148.
[55] Паэзія барацьбы / Рэд. і аўтары прадмовы К. П. Кабашнікаў, А. С. Фядосік; Аўтар прадмовы музычнай часткі П. П. Альхімовіч. Мн., 1985. С. 339.
[56] Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны / Склад. I. В. Гутараў, М. Я. Грынблат, К. П. Кабашнікаў і інш. Мн., 1961. С. 475
[57] Паэзія барацьбы. С. 349.
[58] Паэзія барацьбы. С. 339-340. "
[59] Тамсама. С. 340.
[60] Тамсама. С. 341.
[61] Тамсама. С. 345.
[62] Тамсама. С. 344.
[63] Тамсама. С. 347.
[64] Тамсама. С. 346.
[65] Тамсама. С. 367-368.
[66] Тамсама. С. 357.
[67] Паэзія барацьбы. С. 358.
[68] Тамсама. С. 349-350.
[69] Ліпскі У. Аўцюкоўцы. С. 187.
[70] Ліпскі У. Аўцюкоўцы. С. 208.
[71] Жарты, анекдоты, гумарэскі. С. 281.
[72] Жарты, анекдоты, гумарэскі. С. 254.
[73] Тамсама.
[74] Тамсама. С. 258.
[75] Тамсама. С. 256.
[76] Тамсама. С. 257.
[77] Тамсама. С. 266.
[78] Тамсама. С. 233.
[79] Жарты, анекдоты, гумарэскі. С. 234.
[80] Тамсама. С. 232.
[81] Тамсама. С. 293.
[82] Тамсама. С. 289.
[83] Тамсама. С. 291.
[84] Тамсама. С. 282.
[85] Жарты, анекдоты, гумарэскі. С. 232.
[86] Тамсама. С. 241.
[87] Тамсама. С. 279.
[88] Тамсама. С. 281.
[89] Ліпскі У. Аўцюкоўцы. С. 160.
[90] Ліпскі У. Аўцюкоўцы. С. 160-161.
[91] Народ спявае пра сябе: Жывы фальклор з газетнай паласы / Уклад. А. Ціхановіч. Мн., 1994. С. 12.
[92] Тамсама. С. 8.
[93] Тамсама. С. 10.
[94] Народ спявае пра сябе: Жывы фальклор з газетнай паласы. С. 9.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Народныя анекдоты i жарты

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.