Наша «езуіцкае» барока

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Наша «езуіцкае» барока. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by



Барокка на Беларусі - частка I
Барокка на Беларусі - частка II
Барокка на Беларусі - частка III
Барокка на Беларусі - частка I

Барока – стыль, што панаваў у сакральным мастацтве ўсяго хрысціянскага свету на працягу двух стагоддзяў – з апошняй трэці ХVІ ст. і амаль да канца ХVІІІ ст. Духоўна-матэрыяльнай асновай яго фармавання стала касцёльная архітэктура. Але мастацкі стыль – гэта не проста ўзаемазвязаная сістэма творчых прыёмаў. У шырокім сэнсе – гэта спосаб сацыяльна-філасофскага мыслення, увасобленага ў формах мастацкай творчасці. Матэрыялізаваны ў творах мастацтва, ён уваходзіць у сацыяльна-гістарычны кантэкст эпохі, служыць яе адлюстраваннем і крыніцай вывучэння. Эпоха барока – адна з самых складаных, шматпланавых і ўдзячных для даследавання ў гісторыі сусветнай культуры.

Мастацтвазнаўчы тэрмін "барока", што азначае "пачварны", першапачаткова меў негатыўны сэнс, таму што менавіта паводле гэтага сэнсу прыхільнікі мастацтва класіцызму, арыентаваныя на эстэтычныя каноны антычнасці і Адраджэння, успрымалі маляўнічы, празмерна экспрэсіўны стыль папярэдняй эпохі. Аднак з цягам часу і пашырэннем даляглядаў мастацтвазнаўства стаўленне да мастацтва барока на мяжы ХІХ–ХХ стст. карэнным чынам змянілася. Мастацкія формы і ідэйна-філасофскі змест гэтага стылю знайшлі паразуменне і тэарэтычнае абгрунтаванне. Галоўную ролю ў выпрацоўцы сучаснай мастацтвазнаўчай канцэпцыі барока адыгралі працы заходнееўрапейскіх (пераважна нямецкамоўных) тэарэтыкаў гісторыі мастацтва, якія, аднак, звычайна разглядалі эстэтыку барока ў адрыве ад сацыяльна-гістарычнага фона, абмяжоўваліся галоўным чынам аналізам сродкаў формаўтварэння і псіхафізічных характарыстык яго эмацыйнага ўспрымання.

Між тым, у гісторыка-сацыяльным плане эстэтычная канцэпцыя барока была, безумоўна, паклікана да жыцця каталіцкай контррэфармацыяй, якая з дапамогай новага мастацтва імкнулася абвергнуць ідэі "гуманістычнага тытанізму" рэнесансу, што, у пэўнай ступені, спарадзілі рэфармацыйны рух ва ўсёй Еўропе. Для барацьбы са шматлікімі пратэстанцкімі ерасямі і ўмацавання пазіцый каталіцызму 15 жніўня 1534 г. святым Ігнаціем Лаёлам (кананізаваны каталіцкай царквой у 1622 г.) разам з паплечнікамі быў заснаваны новы надзвычай мабільны манаскі ордэн – "Таварыства Езуса" (езуітаў), зацверджаны булай папы Паўла ІІІ восенню 1540 г. Ордэн карыстаўся вялікім арсеналам асветніцкіх сродкаў, і адным з найважнейшых было сакральнае мастацтва, якое адмовілася ад самаўпэўненай адназначнасці рэнесансу, яго культу чалавека-тытана і пачало адлюстроўваць дуалістычную прыроду чалавека, барацьбу ў ім нябеснага і зямнога пачаткаў. Выдатны прадстаўнік філасофскага мыслення эпохі барока Блез Паскаль пісаў: "Чалавек не павінен прыраўноўваць сябе ні да жывёлаў, ні да анёлаў, не павінен знаходзіцца ў няведанні пра дваістасць сваёй натуры. Няхай ведае, які ён у сапраўднасці". У новых мастацкіх прыёмах гэтая ідэя ўвасаблялася стварэннем уражання барацьбы важкай коснай матэрыі і ўзнёслай духоўнасці, якая імкнецца ажывіць яе, скіраваць да Бога. Ідэйны пачынальнік мастацтва барока вялікі скульптар, архітэктар, мастак і паэт Мікеланджэла так і пісаў у адным са сваіх позніх паэтычных твораў, што яго мэта – "каменю жыццё двайное даць". І тут маецца на ўвазе не існаванне каменя ў новай якасці, а яго новы змест, адухоўленасць. Вучні Мікеланджэла архітэктары Джакома Бароцы да Віньёла і Джакома дэла Порта ў 1575–1584 гг. пабудавалі галоўны храм ордэна езуітаў – сабор Іль Джэзу ў Рыме, які стаў узорам архітэктурна-мастацкай сістэмы барока і амаль абавязковым канонам для ўсяго езуіцкага будаўніцтва. Па сваёй архітэктуры – гэта 3-нававая крыжова-купальная базыліка з планам у верхнім сячэнні ў выглядзе выцягнутага "лацінскага" крыжа і бязвежавым галоўным фасадам з напружанай ордэрнай пластыкай.

Генетычная повязь узнікнення і пашырэння стылю барока з ідэалогіяй контррэфармацыі і дзейнасцю ордэна езуітаў у сусветным мастацтвазнаўстве з'яўляецца ўстойлівым пастулатам, слушнасць якога нікім не аспрэчваецца. З гэтай прычыны ў былым савецкім мастацтвазнаўстве, дзе негатыўнае стаўленне да каталіцкага Касцёла і Ватыкана доўгі час экстрапаліравалася на ўсё мастацтва барока, яго вывучэнне моцна пацярпела ад вульгарнай сацыялагізацыі. Замест пытання "якое гэта мастацтва?" дамінавала пытанне "чыё гэта мастацтва?" Адначасова сцвярджалася, што "ордэн езуітаў праводзіў касмапалітычную мастацкую палітыку, што выявілася ў штучным насаджэнні ў розных еўрапейскіх краінах стандартаў, зацверджаных папскім Рымам". Калі для рускага барока савецкія мастацтвазнаўцы яшчэ знаходзілі нейкія цёплыя словы (кшталту таго, што "нацыянальная адметнасць вызначыла яго перадавы характар"), то ў дачыненні да магутнага пласта беларускай мастацкай культуры барока нічога падобнага не назіралася. Генезіс і эвалюцыя стылю барока ў дойлідстве Беларусі ХVІІ–ХVІІІ стст. ацэньвалася як з'ява антынацыянальная, гвалтоўна прывітая "польска-літоўскімі" магнатамі і адыёзнымі езуітамі. Напрыклад, у самай вядомай, дакладней адзінай, кнізе пасляваеннага часу па гісторыі архітэктуры "Градостроительство Белоруссии" Ю. Ягорава (М., 1954) адпаведны раздзел называецца "Панско-католическая агрессия в области градостроительства в Гродно".

Таму невыпадкова, што больш за 30 гадоў таму нават вельмі таленавітая і аб'ектыўная маскоўская даследчыца А. Квітніцкая пры пастаноўцы праблемы архітэктуры барока на Беларусі канцэнтравала ўвагу толькі на будаўніцтве езуітаў. Гэтаму пытанню яна прысвяціла два змястоўныя артыкулы, дзе ўпершыню ўвяла ў навуковы ўжытак шматлікія пісьмовыя і графічныя крыніцы па матэрыялах расійскіх архіваў. Аднак яе канцэптуальны падыход, на нашу думку, з'яўляецца абмежаваным, таму што аднабакова адлюстроўвае ўплыў ідэалагічнай праграмы езуітаў на архітэктуру і мастацтва Беларусі, не паказвае адваротнага ўздзеяння мясцовых мастацкіх і будаўнічых традыцый на фармаванне нацыянальнага варыянта стылю барока. Да таго ж за гады, якія прайшлі з часу публікацый А. Квітніцкай, беларускія і польскія даследчыкі (Е. Пашэнда, А. Мілінкевіч, С. Адамовіч і інш.) значна ўзбагацілі гістарычную факталогію, удакладнілі даты будаўніцтва шэрагу езуіцкіх касцёлаў і калегіумаў. На гэтай падставе неабходна знайсці сапраўднае месца "езуіцкага" барока ў кантэксце мураванага сакральнага дойлідства Беларусі перыяду Рэчы Паспалітай, пазбавіцца сацыялагічнай перадузятасці, якая, на жаль, існуе і сёння.

Сфера місіянерска-асветніцкай дзейнасці ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай і на Беларусі была надзвычай шырокая і ёй прысвечаны шматлікія даследаванні, таму мы засяродзілі ўвагу толькі на тых з'явах і фактах, якія дапамогуць раскрыць пэўную эстэтычную канцэпцыю храмабудаўніцтва гэтага ордэна і іманентную трансфармацыю яго мастацкіх сродкаў. З гэтай мэтай намі прааналізавана гісторыя будаўніцтва і стылёвыя характарыстыкі дваццаці мураваных езуіцкіх комплексаў, узведзеных у розных рэгіёнах Беларусі ў розны час (з 2-й паловы ХVІ ст. да канца ХVІІІ ст.). Больш чым паловы з іх сёння няма ці знаходзіцца ў бядотным стане.

У Польшчы ордэн езуітаў пачаў сваю дзейнасць у 1555 г. У сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Вільні ордэн з'явіўся ў 1569 г., у год заключэння Люблінскай уніі, але папярэднічаў ёй. Наступныя місіі езуітаў з'явіліся ў ВКЛ ужо на тэрыторыі ўласна Беларусі: у Полацку (1579 г.) і Нясвіжы (1582 г.). У апошнім намаганнямі 1-га ардыната нясвіжскага князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі і запрошанага ім з Рыма італьянскага архітэктара-езуіта Джавані Марыя Бернадоні ў 1587–1593 гг. быў змураваны велічны касцёл Божага Цела, які ў асноўным паўтараў кампазіцыю рымскага сабора Іль Джэзу. Нясвіжскі касцёл езуітаў стаў першым творам архітэктуры барока на тэрыторыі ўсёй Цэнтральна-Усходняй Еўропы. (Гістарычнае значэнне гэтай падзеі мы разглядалі ў артыкуле "Святыня незвычайнага лёсу" ў часопісе "Наша вера", № 2 за 1998 г.)

Палітыку пратэкцыянізму на карысць ордэна езуітаў на мяжы ХVІ–ХVІІ стст. актыўна ажыццяўлялі каралі Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы і Жыгімонт ІІІ Ваза, а таксама буйнейшыя магнаты ВКЛ. У 1596–1609 гг. езуіты пабудавалі мураваны касцёл св. Казіміра ў Вільні – відавочна, амаль адразу пасля нясвіжскага касцёла Божага Цела і адначасова з кракаўскім Петрапаўлаўскім касцёлам таго ж ордэна, з якімі новая святыня супернічала грандыёзнымі памерамі (вышыня цэнтральнай навы – 24 м, купала – 40 м пры дыяметры 17 м). Цікава, што гэтая 3-нававая крыжова-купальная базыліка з 2-вежавым фасадам не мае апсіды прэзбітэрыя і больш за сваіх езуіцкіх сучаснікаў падобная на пазнейшыя праваслаўныя цэрквы Магілёва: Богаяўленскую і Мікалаеўскую, на архітэктуру якіх, відавочна, паўплывала. Казіміраўскі касцёл істотна перарабляўся ў сярэдзіне ХVІІІ ст. у стылі віленскага барока, быў рэканструяваны ў псеўдарускім стылі ў 1867 г. і рэстаўраваны ў 1925 і 1957 гадах.

Пры завяршэнні будаўніцтва касцёла езуітаў у сталіцы ВКЛ ў 1608 г. была створана асобная Літоўская правінцыя ордэна. У яе ўвайшла ўся тэрыторыя Беларусі, за выключэннем калегіума ў Брэсце, які ўваходзіў у Польскую правінцыю. Рэзідэнцыі езуітаў паслядоўна абаснаваліся ў Брэсце, Оршы, Гродне і іншых буйных гарадах Беларусі, дзе ў хуткім часе распачалося будаўніцтва касцёлаў і калегіумаў. На жаль, амаль усе ўзведзеныя ў перыяд ранняга барока збудаванні езуітаў, за выключэннем хіба нясвіжскіх, па большасці драўляныя, былі знішчаны падчас руска-шведска-польскай вайны сярэдзіны ХVІІ ст.

Пасля Андрусаўскага замірэння 1667 г. пачалося будаўніцтва новых мураваных комплексаў, у выніку чаго значная частка вядомых помнікаў езуіцкага храмабудаўніцтва з'явілася менавіта ў перыяд сталага і позняга барока. У "рыцарскія" часы кіравання караля Яна ІІІ Сабескага "рымская" заангажаванасць і праграмнасць арыстакратычнага мастацтва езуітаў мусіла суіснаваць з магутнай плынню "сармацкага" барока, увасобленага ў сакральным дойлідстве "жабрацкіх" ордэнаў. З імі, асабліва з ордэнам дамініканцаў, езуіты супернічалі ў сацыяльна-эканамічных адносінах, сферах уплыву і асветніцка-тэалагічнай дзейнасці. Гэта прывяло да пэўнага размежавання і адначасова ўзаемадзеяння архітэктурна-мастацкіх сродкаў "езуіцкага" і "сармацкага" барока, што і надало адметнасць стылёвай эвалюцыі беларускага дойлідства апошняй трэці ХVІІ – першай трэці ХVІІІ стагоддзя.

У Брэсце езуіты з'явіліся ў 1609 г., а ў 1622 г. яны пачалі будаваць драўляны касцёл. У "Інвентары люстрацыйным брэсцкай калегіі езуітаў" за 1773–1774 гг. прыводзіцца запіс, які сведчыць, што "року 1623 месяца июня 17 дня мясцовасць Деревна з вёскамі Масткі і Мяжвеж у ваяводстве Брэсцкім ад Льва Сапегі, ваяводы віленскага, старосты магілёўскага, прызначаны на ўфундаванне калегіі і школы езуіцкай для адукацыі млодзі". У 1656 г. сын Льва Сапегі Казімір Леў пакінуў у спадчыну брэсцкім езуітам 30 тысяч злотых на будаўніцтва мураваных касцёла і калегіума, дзеля чаго тут быў заснаваны цагельны завод.

На гэтай падставе А. Квітніцкая датуе пачатак будаўніцтва брэсцкага езуіцкага комплексу 1656 г., хаця гэта малаверагодна з прычыны самага разгару казацкіх войнаў, ад якіх найбольш цярпелі езуіты. З другога боку, з інвентара 1713 г. вядома, што на той час цагельны завод ужо заняпаў, і з гэтага вынікае, што пабудовы езуітаў ужо былі завершаны. Час будаўніцтва ўсяго комплексу прыпадае, хутчэй за ўсё, на памежжа 1665 г. (дата выдзялення езуітам пляца, на якім размешчана найбольш старая частка калегіума) і 1692 г., калі пачалося ўзвядзенне званіцы, што далучалася да галоўнага фасада касцёла з боку рынкавай плошчы. Пры будаўніцтве ў 1840-я гг. у Брэсце ваеннай крэпасці касцёл быў разбураны, а калегіум часткова прыстасаваны пад вайсковыя казармы. Комплекс вядомы па абмерных чарцяжах. Першы абмерны план 1782 г. зроблены ў хуткім часе пасля скасавання ордэна ў 1773 г. булай папы Клімента ХІV. На чарцяжы падрабязна паказана планіровачная структура калегіума з гаспадарчымі пабудовамі і садам, але даволі схематычна і не зусім дакладна пададзены план касцёла. Абмерныя чарцяжы 1833 г., у якія акрамя планаў уключаны таксама фасады і разрэзы збудаванняў, выкананы больш прафесійна і адлюстроўваюць ужо значныя пашкоджанні комплексу. На гэты час было знішчана ўсходняе крыло калегіума, разбураны дах і скляпенні галоўнай навы, завяршэнні вежаў і франтона.

Аднак можна канстатаваць, што архітэктоніка брэсцкага касцёла, асвечанага пад тытулам Езуса і Святога Крыжа, была класічная для "езуіцкага" барока: трохнававая крыжова-купальная базыліка з прамавугольным планам, за межы якога плоскімі рызалітамі выступалі крылы трансепта і паўкруглая апсіда прэзбітэрыя. Роўнавысокія і роўнашырокія цэнтральная нава і трансепт у верхнім сячэнні ўтваралі выцягнуты "лацінскі" крыж. Пад пытаннем застаюцца вянчальныя масы сяродкрыжжа. У "Інвентары люстрацыйным брэсцкай калегіі" за 1773–1774 гг. паведамляецца, што "касцёл мураваны, у даўжыню каля 70 крокаў у сабе мае, на філярах і аркадах, з дахам пад гонтай, патрабуе рэпарацыі... купал мае адзін дужы, драўляны на самай сярэдзіне касцёла з сігнатуркай, белай бляхай пакрыты". Выклікае здзіўленне танны і нетрывалы будаўнічы матэрыял купала гэтай шыкоўнай святыні, якая мела падлогу з прывезенага шведскага каменя ("мармуру"?), алтары, амбону, арганныя хоры, канфесіяналы выдатнай "сніцарскай" работы і крыпту з ганаровымі пахаваннямі. Над паўднёвай закрыстыяй размяшчаліся эмпоры ("хорак з вокнамі"), з другога боку ад вімы прэзбітэрыя – "ізба з комінам і печам зялёным, а наверсе скарбец".

Выразнасць архітэктуры брэсцкага касцёла езуітаў надавала адметнае пластычна-насычанае вырашэнне галоўнаму фасаду. З плана касцёла вынікае, што ў ім не было нартэкса. Аднак фасад уяўляў сабою аб'ёмную пласціну, шырыня (глыбіня) якой абумоўлівалася параметрамі чацверыковых вежаў з вітымі ўсходамі ўнутры, што часткова выступалі за межы базылікі. Аналагічнае вырашэнне 2-вежавай пласціны фасада было і ў брэсцкім касцёле дамініканцаў, але там яна, як шырма, закрывала аднанававую структуру кафалікона, а тут спалучалася з тыповай трохнававай "езуіцкай" базылікай.

Галоўны фасад быў аздоблены карынфскім ордэнам. Увядзенне ў структуру фасада невялікіх чацверыковых вежаў (усяго адзін ярус над бакавымі навамі) рабіла рытм вертыкальных і гарызантальных чляненняў больш энергічным, вытанчаным, надавала дадатковую экспрэсію валютам атыкавага франтона, вытрыманага ў стылістыцы ранняга барока з уплывам італьянскага. На адной з вежаў размяшчаўся гадзіннік, на другой – звон "сярэдні". Яшчэ большую прасторавую разгорнутасць фасаду надала прыбудова ў канцы ХVІІ ст. да паўднёва-заходняга вугла касцёла вежы-званіцы, верхні чацверык якой быў крыху большы за суседнюю фасадную вежу і змяшчаў звон "вялікі". Над званіцай была ўстаноўлена вялікая статуя святога Юзафа. Пластычная аздоба вежы-званіцы мела ідэнтычны характар з дэкорам уваходнага рызаліта двухпавярховага калегіума, далучанага з другога боку да фасада касцёла, ствараючы з ім адзіны мастацкі ансамбль. Рызаліт меў два асобныя ўваходы – у аптэку з лабараторыяй і школу езуітаў, якая "нядаўна вымуравана". У "Інвентары люстрацыйным" ёсць таксама апісанне шматлікіх памяшканняў калегіума, будаўнічых матэрыялаў і іх стану на час візітацыі.

Гісторыя аршанскіх касцёла і калегіума езуітаў шмат у чым падобная да брэсцкіх. Рэзідэнцыя езуітаў з'явілася ў Оршы таксама на пачатку ХVІІ ст., у 1604 ці 1612 г., па прывілеі караля Жыгімонта ІІІ Вазы. Фундацыю першых драўляных будынкаў калегіума езуітаў ажыццявіў той жа Леў Сапега, які купіў для іх пляц, дзе раней размяшчаўся кальвінскі збор. Узвядзенне мураванага комплексу пачалося ў 1680 г. па прывілеі і на сродкі караля Яна ІІІ Сабескага. А. Квітніцкая адзначае, што будаўніцтва касцёла вялося вельмі марудна і толькі ў 1760 г. ён "стаў у камені" (паводле візіты 1817 г.), а ў 1768 г. быў кансэкраваны ў гонар Міхала Арханёла. Характэрна, што ўжо пасля скасавання ордэна ў 1773 г. і 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г., паводле якога Орша далучалася да Расійскай імперыі, у 1788 г. драўляныя алтары ў касцёле замянілі на мураваныя і стукавыя, і толькі ў 1803 г. завяршылася будаўніцтва калегіума. Але ўжо ў 1840-я гг. касцёл быў разбураны. Уяўленне пра яго архітэктоніку даюць абмерныя чарцяжы 1835 г., на якіх паказаны планы і фасады касцёла і калегіума. Будынак касцёла ўяўляў сабою ўсё тую ж трохнававую базыліку з планам у верхнім сячэнні ў выглядзе лацінскага крыжа. Крылы трансепта больш значна, чым у брэсцкім касцёле езуітаў выступалі за межы бакавых наваў. Хаця ў параўнанні з брэсцкім касцёлам аршанская базыліка мела тую ж колькасць апорных слупоў, структура інтэр'ера прынцыпова адрознівалася. Тут меншая па памерах першая травея была ператворана ў нартэкс, шырыня якога адпавядала параметрам масіўных чацверыковых вежаў галоўнага фасада.

У кантэксце храмабудаўніцтва езуітаў стылістыка галоўнага фасада аршанскага Міхайлаўскага касцёла заслугоўвае асобнага разгляду. А. Квітніцкая адзначае, што гэты фасад "является робким и не особенно умелым подражанием блестящим сооружениям первой половины века" (маецца на ўвазе ХVІІ ст. – Т. Г.). Характэрна, што, нягледзячы на прыведзеную познюю даціроўку касцёла 2-й паловай ХVІІІ ст., даследчыца інтуітыўна разглядае яго як помнік архітэктуры ХVІІ ст., і гэта слушна, таму што аршанскі касцёл езуітаў меў пэўныя рысы "сармацкага" барока і, перш за ўсё, у стылістыцы галоўнага фасада. Прызматычныя квадратныя ў плане вежы складаліся з двух ярусаў аднолькавага сячэння, падзеленых на ўзроўні карніза бакавых наваў і накрытых чатырохсхільнымі шатрамі-"каўпакамі" з трохвугольным франтонам паміж імі. Ордэрны дэкор фасада быў надзвычай плоскасны і стрыманы. Прамавугольная форма прэзбітэрыя ў гэтым помніку ўнутры аптычна карэктавалася прасторава разгорнутым мураваным алтаром, што было ўласціва будаўніцтву ордэна дамініканцаў. Відавочна, што стылістыка езуіцкага касцёла ў Оршы паўтарала формы папярэдніх тут мураваных касцёлаў дамініканцаў і францысканцаў, але ў семантыцы аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі адлюстроўвалася ідэалагічная праграмнасць "езуіцкага" барока".

На абмерных чарцяжах 1835 г. купал на сяродкрыжжы адсутнічае, але ў візіце 1817 г. адзначана, што купал ёсць, але "не мае вокнаў і не шмат перавышае дах касцёла". Магчыма, гэта быў "схаваны" ўнутры купал, накшталт купала ў глыбоцкім касцёле кармелітаў босых і, відавочна, драўляны. Ёсць архіўны праект рэканструкцыі Міхайлаўскага касцёла ў царкву. Паводле яго меркавалася зрабіць надбудову над дахам васьміграннага барабана з масіўным паўсферным купалам класіцыстычнага кшталту. Цікавыя мясцовыя рысы мела і архітэктура калегіума, адметнай асаблівасцю якога з'яўляецца размеркавальны аб'ём (у выглядзе актагона) паміж часткамі комплексу. Дэкор франтона на паўночным фасадзе аршанскага калегіума нагадваў франтоны праваслаўнага сабора сярэдзіны ХVІІ ст. жаночага Успенскага Куцеінскага манастыра пад Оршай, што сведчыць пра запазычанне езуітамі мясцовых будаўнічых традыцый.

Рысы стылістыкі "сармацкага" барока можна адзначыць і ў, магчыма, найбольш архітэктурна дасканалым творы сталага беларускага барока – касцёле езуітаў у Гродне. У артыкуле "Касцёлы, фундаваныя каралямі" ("Наша вера" № 1 (7) за 1999 г.) мы ўжо адзначалі ўдзел езуітаў у будаўніцтве фарнага касцёла, фундаванага каралём Стэфанам Баторыем. Рэзідэнцыя езуітаў у Гродне была заснавана ў 1622 г. Станіславам Касабуцкім і першапачаткова мела драўляны касцёл. Як лічыла А. Квітніцкая (са спасылкай на А. Кіркора), будаўніцтва мураванага касцёла, пачатае ў 1647 г., перарывалася акупацыяй Гродна маскоўскім войскам у 1656–1658 гг. і 1660–1662 гг., але завяршылася да 1667 г., калі адбылася кансэкрацыя святыні біскупам Францыскам Ісайкоўскім. Гэтыя дадзеныя, якія доўгі час лічыліся бясспрэчнымі, цалкам абвергнуты Е. Пашэндам на падставе гісторыі гродзенскага калегіума за 1673–1769 гг. (яна захоўваецца ў Рымскім архіве езуітаў). Польскі даследчык сцвярджае, што: 1) 1647 г. – дата Канстытуцыі сеймавай, па якой, сярод іншага, езуітам быў выдзелены пляц у Гродне, каля рынка, пад будаўніцтва касцёла; 2) біскуп Ф.Ісайкоўскі памёр у 1654 г. і таму не мог прымаць удзел у кансэкрацыі святыні ў 1654 г.; 3) у 1667 г. толькі пачалося будаўніцтва мураванага прэзбітэрыя касцёла, але не таго, што існуе цяпер – гэтая пабудова пазней была прыстасаваная пад школу езуітаў.

Краевугольны камень існага касцёла асвечаны 21 чэрвеня 1678 г. біскупам Мікалаем Слупскім, які, дарэчы, кансэкраваў многія помнікі "сармацкага" барока. На будаўніцтва гродзенскага касцёла езуітаў усе свае сродкі ахвяраваў ксёндз Геранім Дзевялтоўскі, які і кіраваў работамі да 1683 г., заклаўшы падмурак велічнай святыні грандыёзных памераў (30 х 60 м у плане). У 1684–1697 гг. будаўнічыя работы ўзначальваў ксёндз Пётр Алізаровіч. Частку матэрыялаў (асабліва жалеза і камень шведскі ці гатляндскі) прывозілі з Крулеўца (Кёнігсберга), з якім гандлёвыя сувязі ажыццяўляліся па Нёмане. У 1701–1702 гг. на галоўным фасадзе былі накрытыя вежы ў іх першапачатковым варыянце, які вядомы з абраза пачатку ХVІІІ ст., што знаходзіцца ў касцёле (пра гэтую выяву пісала А. Квітніцкая, але памылкова датавала яе 1664 г.). 6 снежня 1705 г. гродзенскі касцёл езуітаў быў кансэкраваны ў гонар св. Францыска Ксаверыя (першага місіянера-езуіта на Далёкім Усходзе) біскупам хелмінскім Тэадорам Патоцкім у прысутнасці караля Аўгуста ІІ і цара Пятра І.

Паўночная вайна затрымала працяг будаўнічых работ. Аздабленне інтэр'ера пачалося ў 1711 г. і цягнулася працяглы час. У 1736 г. былі створаны выдатныя па мастацкіх якасцях драўляныя алтары "сніцарскай работы": галоўны і 6 бакавых (2 з іх выкананы ў Вільні, 4 – у Крулеўцы). Усяго ў святыні 12 бакавых алтароў.

Велічны галоўны алтар, вышынёю 21 м, мае выразную прасторава разгорнутую кампазіцыю: паміж дынамічна згрупаванымі калонамі карынфскага ордэра ў два ярусы размешчаны шматлікія скульптуры святых, поўныя руху, экзальтаванасці, барочнай экспрэсіі. У "Люстрацыі касцёла гродзенскіх езуітаў пад тытулам св. Францыска Ксаверыя, езуіцкага апостала", складзенай 1 лістапада 1773 г., пазначана, што ў ніжнім ярусе ("кандыгнацыі") галоўнага алтара "ў сярэдзіне статуя св. Ксаверыя, па баках 10 апосталаў, на рагах 2 генія з гербамі фундатараў. У другой кандыгнацыі статуя Ісуса, па баках 4 евангелісты, 2 патрыярха, 2 біскупа". Завершана кампазіцыя "Глорыяй", перад якой схіляюць галовы алегорыі чатырох бакоў свету ў абліччы жанчын. Выкананы галоўны алтар па фундацыі кашталяна мсціслаўскага Самуэля Лазавога і яго жонкі Канстанцыі "обермайстрам разьбярскім" Янам Шмітам. Афармленне інтэр'ера працягвалася і ў сярэдзіне ХVІІІ ст., калі былі зроблены фрэскавыя роспісы ў прасценках над міжнававымі аркадамі (яны адлюстроўваюць 14 сюжэтаў з жыцця Францыска Ксаверыя). Крыху пазней былі створаны шыкоўныя амбона ў стылі ракако, якая падтрымліваецца ракавінападобнай кансоллю і завяршаецца пышным балдахінам, а таксама канфесіяналы (майстар І. Мейфельдт, 1768 г.). У інтэр'еры прысутнічаюць элементы мастацкага аздаблення і больш позняга часу.

Засяродзім увагу на агульнай архітэктоніцы гродзенскага касцёла езуітаў, стылістыка якой адпавядае этапу сталага барока ў беларускім сакральным дойлідстве. У асноўных характарыстыках яго аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя ўвасабляе канон езуіцкага храмабудаўніцтва. Гэта ўсё тая ж трохнававая крыжова-купальная базыліка, якая ў ніжнім сячэнні мае прамавугольны план (злёгку раскрапаваны плоскімі рызалітамі крылаў трансепта і паўкруглай апсідай прэзбітэрыя), а ў верхнім сячэнні – ярка выяўлены лацінскі крыж. Роўныя па вышыні і шырыні цэнтральная нава і трансепт перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі на адзіночных падпружных арках і ўтвараюць сяродкрыжжа, увенчанае круглым светлавым барабанам з паўсферычным купалам на ветразях. Бакавыя навы складаюцца з трох травей, перакрытых крыжовымі скляпеннямі, падзеленых падпружнымі аркамі, і завяршаюцца "прасторай пад вежамі". Па баках вімы прэзбітэрыя размешчаны квадратныя ў плане капліцы, перакрытыя паўсферычнымі светлавымі купаламі і адкрытыя аркавымі праёмамі да алтара і трансепта.

Ежы Пашэнда вызначае гродзенскі касцёл езуітаў як "адзін з найкаштоўнейшых помнікаў польскага барока" і ўпарта параўноўвае яго з касцёламі езуітаў у Любліне, Кракаве, Пшэмысле, якія не адпавядаюць яму ні па часе будаўніцтва, ні па рэгіянальнай стылістыцы. На нашу думку, па сваёй архітэктанічнай праграме гродзенскі касцёл езуітаў вынікае непасрэдна з галоўнага ордэнскага храма Іль Джэзу ў Рыме, але мае свае індывідуальныя адметнасці, якія робяць яго творам прынамсі беларускага мастацтва.

Першая адметнасць, якая, па сцвярджэнні Е. Пашэнды, не ўласцівая езуіцкаму храмабудаўніцтву Рэчы Паспалітай, – гэта наяўнасць купальных капліц па баках вімы прэзбітэрыя, адразу па-за крыламі трансепта, дзе звычайна размешчаны закрыстыі. Даследчык выказвае няўпэўненасць у іх аўтэнтычным паходжанні. Ён дапускае, што купальныя капліцы, асвечаныя ў гонар Арханёла Міхала (паўночная) і Маці Божай Студэнцкай (паўднёвая), фундаваныя прыватнымі асобамі (Пухальскімі і Рымвідам), зроблены пазней на месцы першапачатковых закрыстый (як у Любліне і ў Мінску), тым больш што звычайныя закрыстыі месцяцца тут у прыбудовах. У нас ёсць падстава не пагадзіцца з польскім даследчыкам з той прычыны, што падобныя купальныя капліцы, нават чатыры, а не дзве, размешчаны па дыяганалях падкупальнага квадрата ў саборы Іль Джэзу. Такім чынам там дасягаецца ўдалае размеркаванне нагрузкі цэнтральнага купала па візантыйскай крыжова-купальнай схеме, акцэнт у кампазіцыі зроблены на гэтым тэктанічным ядры, да якога далучана ўласна базыліка з бязвежавым фасадам. Базыліка гродзенскага касцёла мае тую ж колькасць апорных слупоў, што і Іль Джэзу, аднак купальныя капліцы ў першай травеі каля трансепта тут адсутнічаюць. Іх ролю ў кампазіцыі, наданні ён раўнавагі і адначасова дынамікі (ілюзорнага "руху ў прасторы" і рэальнай статыкі ў прасторы, што супярэчліва спалучаюцца ў эстэтыцы барока) у гродзенскім касцёле адыгрывае двухвежавы фасад-нартэкс, які нібыта спыняе рытмічны крок базылікі. Магутная вертыкальная пласціна фасада вылучана не толькі кампазіцыйна, але і канструкцыйна з дапамогай узмацнення апорных канструкцый, увядзення дадатковай падпружнай аркі.

З выявы на абразе пачатку ХVІІІ ст. відавочна, што ў аўтэнтычным выглядзе галоўны фасад гродзенскага езуіцкага касцёла быў вельмі блізкі да адначасовых з ім помнікаў "сармацкага" барока: тыя ж амаль прызматычныя чацверыковыя вежы, завершаныя шатрамі-"каўпакамі" з банькамі (аналагічныя, напрыклад, засвірскаму касцёлу кармелітаў), той жа плоскасны спрошчаны ордэрны дэкор. Ступень распрацаванасці ордэра змяншаецца знізу ўгору (прыём, адваротны віленскаму барока). Ніжні ярус фасада, роўны па вышыні бакавым навам (больш за 10 м), аздоблены вытанчанымі падвойнымі пілястрамі з капітэлямі карынфскага ордэра. Пілястры другога яруса, што акрэслены антаблементам на вышыні цэнтральнай навы, маюць больш спрошчаныя капітэлі. Ордэн трэцяга яруса, які складаюць чацверыкі вежаў і атыкавы франтон паміж імі, амаль умоўны. Цэнтральная частка фасада нібыта заціснута цэлым лесам пілястраў: яна то выступае наперад, то адступае на другім ярусе глыбокай нішай з балкончыкам для музыкаў. Групоўка ордэра, асабліва патройныя пілястры на атыкавым франтоне, нагадвае больш ранні па часе касцёл францысканцаў у Гродне.

Адметны па сваёй стылістыцы верхні чацвёрты ярус вежаў надбудаваны ў 1750–1752 гг., ужо ў часы позняга барока. Верхнія чацверыкі па памерах меншыя за ніжнія і разгорнуты ў прасторы дзякуючы дыяганальна размешчаным на вуглах падпорным элементам пластычнага абрысу. Уверсе і ўнізе яны аздоблены дэкаратыўнымі вазамі, якія ажыўляюць сілуэт вежаў. Маляўнічую кампазіцыю вянчальных масаў збудавання ўзбагачаюць пругкія франтончыкі, фігурныя купалкі са спічастымі "банькамі", ліхтарыкі над купальнымі капліцамі і галоўным купалам на сяродкрыжжы. Е. Пашэндам выяўлены цікавы будаўнічы кантракт, без даты, заключаны з "майстрам куншту мулярскага" хрысціянам Бурманам, які браўся надбудаваць вежы касцёла "па мадэлі і абрысу" на 13,5 локцяў, а на купале замест драўлянага ліхтара ўзвесці мураваны "паводле абрысу", направіць гзымсы, накрыць касцёл дахоўкай і інш.

Яшчэ адну своеасаблівасць помніка адзначае Ежы Пашэнда – гэта падоўжна-восевая ўзаемасувязь травей бакавых наваў, што не было характэрна для барочных касцёлаў Польшчы, дзе бакавыя навы звычайна складаюцца з шэрагу адасобленых капліц, як, дарэчы, зроблена і ў базыліцы – Т. Г.). Аднак для трохнававых каталіцкіх базылікаў ВКЛ, пачынаючы ўжо з касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, адкрытыя бакавыя навы – з'ява тыповая. Адзначым, што ўсе папярэднія езуіцкаму касцёлу гродзенскія святыні мелі адкрытыя бакавыя навы. Гэты адыход ад італьянскіх узораў адначасова з падкрэсленым вертыкалізмам прапорцый бакавых наваў, вялікімі аконнымі праёмамі можна патлумачыць жаданнем надаць сакральным збудаванням у больш суровым клімаце лепшую інсаляцыю і стварыць неабходныя ў барока святлоценявыя эфекты.

Такім чынам, можна сцвярджаць, што гродзенскі касцёл св. Францыска Ксаверыя, гэтая "найшляхетнейшая базыліка", "найвыбітнейшая сярод найслаўнейшых святынь каралеўства", як пазначана ў хроніцы езуітаў, ёсць квінтэсенцыя эстэтычных дасягненняў свайго часу і грамадства, "плоць ад плоці" свайго краю і яго гісторыі.

Тамара ГАБРУСЬ

Барокка на Беларусі - частка II

Характэрнай рысай езуіцкага храмабудаўніцтва пачатку ХVІІІ ст. стаў адыход ад кананічнай схемы крыжова-купальнай базылікі, які можна назіраць у шэрагу сакральных збудаванняў. Амаль адначасова з гродзенскім касцёлам езуітаў былі ўзведзены мураваныя святыні таго ж ордэна ў Мінску і Магілёве, але тут замест класічнай праграмнай "езуіцкай" трохнававай крыжова-купальнай базылікі з планам у верхнім сячэнні ў выглядзе лацінскага крыжа пабудаваны трохнававыя базылікі без трансепта, з прамавугольным планам як на ўзроўні падлогі, так і ў верхнім сячэнні. У гэтым увасоблена тэндэнцыя да канфесійнай талерантнасці, якую мы ўжо адзначалі ў тагачасным будаўніцтве "жабрацкіх" ордэнаў у стылістыцы "сармацкага" барока.

Пра гісторыю будаўніцтва мінскага касцёла і калегіума грунтоўныя артыкулы з шматлікімі архіўнымі звесткамі апублікавалі А.Квітніцкая, У. Дзянісаў, С.Адамовіч, Е.Пашэнда, якія ў цэлым не супярэчаць адзін аднаму. Езуіты аселі ў Мінску ў 1654 г. па фундацыі смаленскага біскупа Гераніма Сангушкі, які набыў для іх рэзідэнцыі мураваную сядзібу з драўлянай капліцай на вуглу вуліцы Койданаўскай і Высокага рынку. Будынкі рэзідэнцыі да канца ХVІІ ст. паступова мадэрнізаваліся, і толькі 24 красавіка 1700 г. ва ўрачыстай абстаноўцы быў асвечаны краевугольны камень новага мураванага касцёла, які існуе па сённяшні дзень. Будаўніцтва вялося даволі хуткімі тэмпамі: скляпенні і дах узведзены ўжо ў 1705 г. Храм асвечаны пад тытулам Езуса, Дзевы Марыі і св. Барбары 16 красавіка 1710 г. біскупам віленскім Цыпрыянам Бжастоўскім. Характэрна, што ў "Слоўніку мастакоў-езуітаў" Я.Паплатэка і Е.Пашэнды (прынамсі на час будаўніцтва мінскага касцёла) адсутнічаюць дакументы з імёнамі архітэктараў-езуітаў. Адзначым толькі, што напярэдадні, у 1688–1699 гг., у мінскай рэзідэнцыі выкладаў архітэктар Уладзіслаў Дзягілевіч, беларус па паходжанні, манах ордэна з 1691 г., які пазней быў суперыёрам (з 1710 г.) у Мсціславе, дзе адначасова кіраваў будаўніцтвам.

Але дабудова мінскага касцёла езуітаў працягвалася яшчэ доўгі час. У 1719 і 1722 гг. да вімы прэзбітэрыя былі далучаны квадратныя ў плане аб'ёмы, якія арганічна злучылі бакавыя навы з алтарнай часткай. У адной з іх размяшчалася закрыстыя (пазней перароблена ў капліцу Святой Тройцы і ўвенчана складаным верхам), у другой, ад пачатку перакрытай купалам, знаходзіцца капліца св. Феліцыяна (фундацыі роду Завішаў). У ёй пахаваны адзін з асноўных фундатараў – ваявода мінскі Крыштоф Завіша (1666–1721), аўтар вядомых мемуараў. Першыя імёны архітэктараў-езуітаў, што ўдзельнічалі ў манументальна-дэкаратыўным аздабленні святыні, тычацца толькі 2-й паловы ХVІІІ ст.: Францішак Караў (1763–1764), Базыль Шляхта (1767–1768), Андрэй Жаброўскі (1763–1771). Пасля касацыі ордэна ў 1773 г. касцёл стаў парафіяльным, а з 1789 г. па 1869 г. – катэдральным. У гэты перыяд у яго рэканструкцыі прымаў удзел мінскі губернскі архітэктар Казімір Хршчановіч. У 1948–1951 гг. касцёл быў рэканструяваны пад спартыўны клуб Таварыства "Спартак" (архітэктар М.Драздоў), а ў 1990-я гг. рэстаўраваны як архікатэдральны касцёл Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Архітэктоніка мінскага касцёла езуітаў, паўтараючы ў асноўным структуру папярэдніх мураваных святыняў горада, магчыма ўпершыню ў храмабудаўніцтве ордэна ў ВКЛ парушае іх устойлівую ідэалагічна-праграмную схему. Будынак касцёла ўяўляе трохнававую базыліку без трансепта, з вылучанай, больш вузкай і нізкай за цэнтральную наву, апсідай прэзбітэрыя, якая мае больш нізкі асобны дах, у чым нельга не адзначыць водгук мясцовага рэнесансу. Дынаміка кампазіцыі традыцыйна нарастае ад больш нізкіх аб'ёмаў алтарнай часткі да дзвюхвежавай пласціны галоўнага фасада-нартэкса. Будаўніцтва верхніх ярусаў вежаў было завершана ў 1730–1732 гг. на пачатку станаўлення "віленскага барока", таму іх пластыка адносна стрыманая ў параўнанні з больш познімі завяршэннямі вежаў гродзенскага касцёла. Аднак колькасць ярусаў над узроўнем карніза цэнтральнай навы ў Мінску большая: тут іх тры і яны выразна змяншаюцца па памерах, ствараючы "тэлескапічную" структуру (адчуваюцца павевы новага стылістычнага кірунку). Відавочна, што ў той жа час створаны познебарочны франтон-"дыядэма" над алтарнай часткай.

У дэкоры галоўнага фасада на ўсіх ярусах паслядоўна вытрыманы іянічны ордэр. Ніжняя частка фасада даволі важкая і статычная. У нішах-табэрнакулах на 2-м ярусе вежаў былі размешчаны скульптуры святых Пятра і Паўла, а ў цэнтры атыкавага франтона – скульптура Панны Марыі, энергічна падкрэсленая сегментным франтонам над балкончыкам для музыкаў. Экспрэсія формаў паступова нарастае ўгору і выяўляецца ў дынамічных спружыністых вертыкалях вежаў. Спалучэнне плоскіх пілястраў на вежах касцёла (дарэчы, ужо не адзінкавых, а слаістых, што з'яўляецца прыкметай "віленскага барока") з сакавітым аб'ёмным ордэрам цэнтральнай часткі фасада надае яму мастацкую выразнасць і адметнасць. У адной з вежаў у 1730-я гг. быў устаноўлены прывезены з Гданьска гадзіннік, "каб быў вядомы ўсялякі час". 4 званы на вежах мелі ўласныя імёны: Казімір, Тадэвуш, Феліцыян і самы вялікі – Якуб. Агульны ансамбль з вежамі касцёла складала вежа-званіца размешчанага побач калегіума. Першыя звесткі пра яе датаваны 1738 годам. У 1750 г. яна была рэканструявана. Менавіта тады на ёй змясцілі вялізны звон з імем фундатара Язэпа Салагуба (адліты ў Крулеўцы).

Унутры базыліка касцёла мае трохчасткавае прасторавае чляненне сістэмай апорных слупоў, міжнававых і папярочных падпружных арак, што падтрымліваюць цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. Адметнасць інтэр'еру святыні надае незвычайны малюнак антаблемента, што апярэзвае цэнтральную наву. Яго верхняя карнізная цяга не строга гарызантальная, як звычайна, а "разарваная": лініі архітэктурных профіляў нібыта сцякаюць уніз і закручваюцца ў маленькія валюты. Такі незвычайны творчы прыём надае мастацкаму абліччу інтэр'ера ўсхваляванасць і экстатычнасць, што сведчыць пра высокі ўзровень разумення эстэтыкі барока. Міжнававыя аркады раскрапаваны пілястрамі карынфскага ордэра, якія аздаблялі ўмацаваныя на кансолях дынамічныя рухавыя скульптуры дванаццаці апосталаў. Фрэскавыя роспісы святыні маюць некалькі пластоў рознага часу, што стварае складанасць іх аднаўлення.


Блізкую да мінскага касцёла езуітаў архітэктоніку меў касцёл таго ж ордэна ў Магілёве (на жаль, ён не захаваўся). Езуіты з'явіліся тут адносна позна, у 1678 г., і мелі спачатку драўляныя касцёл і калегіум. Мураваны калегіум пачалі будаваць у 1686 г. у Старым горадзе, каля Каралеўскай брамы. У 1697 г. стольнік Пятра І П.А.Талстой сведчыць у сваім дзённіку: "...в Могилеве же вновь строят езуиты кляштор каменный, то есть монастырь немалый, построено уже много того монастыря каменным строением". Падмурак мураванага касцёла быў закладзены ў 1699 г., на год раней, чым у Мінску, але будаўніцтва працягвалася даўжэй, да 1723 г., а вежы, як звычайна, былі завершаны яшчэ пазней. Святыня кансэкравана ў 1725 г. у гонар св. Францішка Ксаверыя і святых Анёлаў-ахоўнікаў. Будаўніцтва комплексу працягвалася да 1820 г. З ім звязаны імёны архітэктараў-езуітаў Язэпа Алендзкага (1756–1757), прафесара матэматыкі Войцаха Абранпольскага (1786–1796) і іншых. У 1833 г. касцёл быў перароблены пад праваслаўную Васкрасенскую царкву, а пасля другой сусветнай вайны, у 1950-я гг., цалкам знішчаны.

Блізкасць архітэктонікі мінскага і магілёўскага езуіцкіх касцёлаў адзначала яшчэ А.Квітніцкая. Абедзве святыні – трохнававыя базылікі без трансепта з двухвежавым фасадам-нартэксам. Адрозненні меліся ў будове алтарнай часткі. У магілёўскім касцёле цэнтральная нава завяршалася не апсідай, а роўным з ёю па вышыні прэзбітэрыем, па баках якога размяшчаліся не купальныя капліцы, а трохі перакошаныя ў плане прамавугольныя закрыстыі. Уласна базыліка мела тое ж трохчасткавае чляненне з вылучаным нартэксам і аналагічную сістэму перакрыццяў – скляпеннем з распалубкамі на падпружных арках. Купал адсутнічаў, пра што сведчыць малюнак Юзафа Пешкі і архітэктурныя абмеры пачатку ХІХ ст. У 1848 г. над дахам надбудавалі несапраўдны купал, які даволі ўдала паўтараў завяршэнні вежаў і ўзбагачаў сілуэт святыні (яго можна бачыць на здымках пачатку ХХ ст.). Стылістыка галоўнага фасада адпавядала пераходнаму этапу ад сталага да позняга барока: ордэрная пластыка адначасова насычаная і строгая. Гарызантальныя цягі, унізе амаль класічныя, уверсе набываюць усхваляванасць і складаныя абрысы, што стварае ўражанне барацьбы канструкцыі і формы, масы матэрыялу і духоўных памкненняў. Вежы маюць толькі адзін ярус над узроўнем карніза цэнтральнай навы ў выглядзе даволі масіўных чацверыкоў, завершаных складанымі шмат'яруснымі барочнымі купалкамі маляўнічага абрысу.

Спецыфічную архітэктоніку, якая ўяўляла творчы сімбіёз праграмнай тэмы езуіцкага будаўніцтва (плана пад купалам і арганізацыі ўнутранай прасторы ў выглядзе лацінскага крыжа) і мясцовай тэндэнцыі да змяншэння ролі трансепта (дзеля міжканфесійнай "мімікрыі") меў езуіцкі касцёл Міхала Арханёла ў Мсціславе, пабудаваны ў 1730–1739 гадах. У 2-й палове ХVІ–ХVІІІ ст. Мсціслаў быў буйным горадам з развітымі рамёствамі і гандлем, адміністрацыйным цэнтрам Мсціслаўскага ваяводства.

Прывілеем караля Жыгімонта ІІІ Вазы ад 1614 г. першым у Мсціславе быў заснаваны фарны касцёл, пры якім з 1637 г. служылі законнікі ордэна кармелітаў. Верагодна, у той жа час распачалося будаўніцтва мураванага касцёла (па фундацыі Караля Якуба Мадлінскага). З 1648 г. Мсціслаў быў ахоплены казацкімі хваляваннямі, а ў 1654–1661 гг. заняты маскоўскімі войскамі. Будаўніцтва касцёла кармелітаў завяршылася ў 2-й палове ХVІІ стагоддзя. З таго часу ацалелі каштоўныя фрэскавыя кампазіцыі: "Узяцце Мсціслава рускімі войскамі ў 1654 г." і "Трубяцкая разня, ці забойства ксяндзоў", якія з'яўляюцца не толькі творамі манументальнага выяўленчага мастацтва, але і фактычнымі гістарычнымі крыніцамі.

Рэгіён Мсціслава моцна пацярпеў і ў Паўночную вайну: 30 жніўня 1708 г. тут адбыўся гістарычны бой рускіх войскаў са шведамі. Касцёл кармелітаў быў рэканструяваны ў 1746–1750 гг. у стылі віленскага барока архітэктарам І.Глаўбіцам. Пра ранняе паходжанне трохнававай трохчасткавай базылікі без трансепта сведчыць пяцігранная форма апсіды прэзбітэрыя, масіўнасць сцен і апорных слупоў. Аднак магутнасць пласціны фасада-нартэкса спалучаецца з вытанчанымі прапорцыямі ордэна і тэлескапічнай структурай вежаў, хвалістымі абрысамі профіляў і франтона. Інтэр'ер святыні і далучанай да алтарнай апсіды "цёплай" капліцы адметны багатым сінтэзам мастацтваў: разьбой, лепкай, фрэскавым роспісам (больш за 20 кампазіцый).

Комплекс касцёла і калегіума езуітаў існаваў у Мсціславе з 1690 да 1820 года. Мураваны касцёл Міхала Арханёла, узведзены ў 1730–1738 гг., звязаны з імёнамі архітэктараў Уладзіслава Дзягілевіча (1706–1714 гг.), Юзафа Алендзкага (1754–1755), Базыля Шляхты (1762–1764), прафесароў архітэктуры Антонія Абрамсперга, Войцаха Абранпольскага, Мансвета Скакоўскага (усе яны працавалі ў канцы ХVІІІ ст.), але імя архітэктара-будаўніка касцёла дакладна невядома. Параўнаўчы аналіз мсціслаўскіх касцёлаў кармелітаў і езуітаў паказвае, што архітэктура першага, больш ранняга, паўплывала на фармаванне структуры апошняга, але з пэўнымі мадыфікацыямі. Гэта тая ж трохнававая трохчасткавая базыліка з двухвежавым фасадам-нартэксам, але яе канструкцыі і ўнутраная прастора разлічаны больш дакладна і зроблены больш лёгкімі. Апсіда прэзбітэрыя мае паўкруглае завяршэнне, па баках вімы размешчаны прасторныя закрыстыі. Найбольш адметны момант архітэктонікі збудавання – наяўнасць трансепта, але ў рудыментарнай форме. Для кананічнай схемы езуіцкай крыжова-купальнай базылікі характэрна роўная вышыня і шырыня цэнтральнай навы і трансепта, якія ўтвараюць дакладны падкупальны квадрат. У дадзеным выпадку замест класічнага трансепта ў першай ад прэзбітэрыя травеі бакавых наваў вылучаны больш высокія аб'ёмы, кожны з якіх перакрыты двума крыжовымі скляпеннямі. Такім чынам у плане збудавання ўтвараецца лацінскі крыж, але падкупальнага квадрата і, адпаведна, сапраўднага купала тут няма. Падобны трансепт, які не звязвае арганічна паміж сабою канструкцыю збудавання і семантыку кампазіцыі, а толькі вольна інтэрпрэтуе яе, можна назіраць яшчэ ў шэрагу сакральных збудаванняў ХVІІІ ст.

У 1832 г. касцёл і будынкі калегіума езуітаў у Мсціславе былі перададзены праваслаўнаму Тупічэўскаму манастыру, у 1836 г. распрацаваны праект рэканструкцыі касцёла пад Мікалаеўскі сабор (РДГА Санкт-Пецярбург. Ф. 1289. Воп. 2. Спр. 735. Л. 1, 2), паводле якога над дахам надбудаваны паўсферычны купал на круглым барабане, а над вежамі – невялікія паўсферычныя купалы, што надало збудаванню рысы посткласіцызму. Адначасова пад царкву Аляксандра Неўскага быў рэканструяваны мураваны бернардзінскі касцёл Найсвяцейшай Панны, пабудаваны ў Мсціславе ў 1727 г. па фундацыі Івана Туркі, харунжыя віцебскага. Гэты касцёл (вядомы па піктаграфічнай карце бернардзінскіх кляштараў ВКЛ ХVІІІ ст., знішчаны ў 1930-я гг.) быў злучаны з езуіцкім касцёлам падземным ходам.

Да групы езуіцкіх трохнававых базылік без трансепта мінска-магілёўскага рэгіёна далучаецца таксама касцёл святых Пятра і Паўла ў Бабруйску. Фарны касцёл быў фундаваны тут у 1615 г. старостам бабруйскім Пятром Трызнам, які ў 1625 г. "асадзіў пры ім айцоў-езуітаў". На працягу існавання ў горадзе езуіцкай калегіі (1625–1773 гг.) з ёй звязаны імёны архітэктараў Уладзіслава Дзягілевіча (1699–1700), Казіміра Мацелякоўскага (1735–1736), Тамаша Жаброўскага (1746), Габрыэля Лянкевіча (1747–1748) і Францішка Карава (1757–1758). Аднак час будаўніцтва мураванага касцёла акрэслены прынамсі ўдзелам у ім муляра Якуба Руофа (1732–1747 гг.).

"Люстрацыйны інвентар касцёла Бабруйскай калегіі езуітаў" (РГАСА, г. Масква. Ф. 2188. Воп. 1. Спр. 60. Л. 1) паведамляе: "Касцёл мураваны на тракце, па вуліцы Вялікай... фронт касцёла з 2 вежамі з муру высока ўзнесены, паміж якім фацыята (цэнтральная частка фасада – Т.Г.) мурованая, на якой кружганак (балкончык – Т.Г.) драўляны з балясамі стары. На вежах купалы пакрыты бляхай белай з кружганкамі вакол, крыжы з ветракамі (флюгерамі – Т.Г.). У тых купалах з аднаго боку гадзіннік з боем, а на другім баку матэматычны компас, унутры званы... У фрамугах тых вежаў статуі драўляныя на пастаментах мураваных св. Ігнацыя, св. Бергіяша, св. Ксаверыя і св. Станіслава...".

Пры будаўніцтве ў 1-й палове ХІХ ст. Бабруйскай ваеннай крэпасці былы езуіцкі касцёл карэнным чынам перабудавалі пад цэйхгаўз. Паводле абмерных чарцяжоў таго часу, касцёл – трохнававая базыліка без трансепта з паўкруглым завяршэннем прэзбітэрыя, дзвюма сіметрычнымі закрыстыямі па баках вімы і двухвежавым фасадам-нартэксам. Вежы падзяліліся на тры ярусы, паміж верхнімі чацверыкамі размяшчаўся фігурны франтон з валютамі. Унутры навы былі перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі на здвоеных падпружных арках, якім на фасадах адпавядалі здвоеныя пілястры, у чым можна бачыць прыкмету позняга барока. Пры ўваходзе мясціўся "хор мураваны на 2 філярах са сходамі з абодвух бакоў". Невялікія хоры размяшчаліся таксама над закрыстыямі. Галоўны алтар, які ўключаў 8 познебарочных скульптур святых, 6 бакавых алтароў, амбона, усё сакральнае начынне інтэр'ера былі драўлянымі, добрай "сніцарскай работы" майстроў Язэпа Шылы і Антона Марціноўскага. Сцены былі распісаны "al fresko", а сярод абразоў знаходзіліся "сармацкія" данатарскія партрэты караля Жыгімонта ІІІ Вазы і Пятра Трызны. Вядома, што касцёл дадаткова пацярпеў ад пажара ў 1885 г.

Да разгледжанай групы помнікаў езуіцкага храмабудаўніцтва перыяду позняга барока мінска-магілёўскага рэгіёна па архітэктанічных характарыстыках далучаецца адпаведная група, якую можна вызначыць як палескую. Даволі незвычайным з'яўляецца размяшчэнне рэзідэнцыі ордэна езуітаў у вёсцы Крывошын (былым мястэчку, сучасны Ляхавіцкі раён). Існуе лацінскі афарызм, які перакладаецца так: "Бернард любіў даліны, Бенедыкт – горы, Францішак – невялікія гарады, Ігнацы – знакамітыя сталіцы", дзе маюцца на ўвазе заснаваныя гэтымі асобамі розныя каталіцкія ордэны, якія мелі пэўныя традыцыі размяшчэння сваіх місій. Ордэн езуітаў, заснаваны ў 1540 г. св. Ігнацыем Лаёлам, мясціўся пераважна ў буйных гарадах. У Крывошыне рэзідэнцыя езуітаў з'явілася ў 1620 г. пры драўляным касцёле, фундаваным у 1588 г. біскупам віленскім Юрыем Радзівілам. Мураваны касцёл быў пабудаваны па адных крыніцах у 1679 г., па другіх – у 1740 г., што больш верагодна паводле яго стылёвых характарыстык. Мураваны галоўны алтар, дзе мясціўся славуты цудатворны абраз Маці Божай Крывошынскай, выкананы па фундацыі ксяндза Міхала Кяршкоўскага. У 1863 г. крывошынскі касцёл езуітаў быў карэнным чынам рэканструяваны пад праваслаўную Пакроўскую царкву ў псеўдарускім стылі: цалкам зменена пластыка бакавых наваў і галоўнага фасада, узведзены масіўны несапраўдны купал. Аднак у асноўным ацалела архітэктоніка трохнававай базылікі без трансепта і архітэктурная пластыка інтэр'ера. Цэнтральная нава завершана выцягнутым прэзбітэрыем з паўкруглай алтарнай сцяной і адной паўднёвай закрыстыяй. У адрозненне ад езуіцкіх базылік мінска-магілёўскага рэгіёна крывошынскі касцёл мае не трохчасткавае, а чатырохчасткавае чляненне базылікі, завершанай з захаду масіўнай аб'ёмнай пласцінай двухвежавага фасада-нартэкса. Вежы істотна перабудаваны ў псеўдарускім стылі. У ордэрным дэкоры інтэр'ера захаваліся элементы аўтэнтычнага характару ў стылістыцы позняга барока: слаістыя пілястры, хвалісты прафіляваны антаблемент, вытанчаныя ляпныя дэталі (РДГА Санкт-Пецярбург. Ф. 1789. Воп. 14. Спр. 21. Л. 1, 1 адв.). Адзначым, што апорныя канструкцыйныя вузлы ў першай ад прэзбітэрыя травеі бакавых наваў умацаваны контрфорсамі, магчыма, існаваў (ці меркаваўся) рудыментарны трансепт.

Кола езуіцкіх трохнававых базылік баз трансепта завяршае касцёл Нараджэння Маці Божай у Юравічах (сучасны Калінкавіцкі раён). Першыя звесткі пра рэзідэнцыю ордэна ў гэтым невялікім мястэчку на Беларускім Палессі пазначаны 1677–1678 гг. і звязаны з прывілеямі караля Яна ІІІ Сабескага (ЦДАСА г. Масква. Ф. 2188. Воп. 8. Спр. 94). Спачатку пабудовы комплексу, як звычайна, былі драўляныя (знішчаны пажарам у 1705 г.). Мураваны касцёл быў узведзены ў 1726–1746 гг. амаль адначасова з бабруйскім і крывошынскім касцёламі езуітаў. У "Люстрацыйным інвентары Юровіцкай калегіі езуітаў", складзеным пры касацыі ордэна, адзначана: "Касцёл вялікі, мураваны, пышны, дахоўкамі крыты, з 2 вежачкамі наперадзе...". У адной з вежаў быў вялікі гадзіннік, які біў кожную чвэрць гадзіны, у другой – "звонаў дужых 3". Вежы на той час былі пакрыты меднымі лістамі, але яшчэ не завершаны. У 1817 г. комплекс стаў маёмасцю бернардзінцаў (тады і было складзена яго апісанне). У 1832 г. касцёл перарабілі пад праваслаўную царкву (на сённяшні дзень знаходзіцца ў напаўразбураным стане).

Паводле абмерных чарцяжоў, выкананых у 1835 і 1865 гг., касцёл – трохнававая базыліка без трансепта з двухвежавым фасадам-нартэксам і апсідай прэзбітэрыя з паўкруглым алтарным завяршэннем, роўная па вышыні з цэнтральнай навай, але з больш нізкім асобным дахам. Па баках апсіды размешчаны сіметрычныя двухпавярховыя прамавугольныя закрыстыі. Хаця чатырохчасткавая ўнутры структура базылікі амаль адпавядае крывошынскаму касцёлу, малюнак плана і арганізацыя прасторы ў юравіцкім касцёле адрозніваюцца больш выразнымі познебарочнымі рысамі. Апорныя слупы маюць складаную канфігурацыю, адпаведна ім навы і травеі падзелены здвоенымі і слаістымі падпружнымі аркамі. Ступеньчаты абрыс вертыкальных апораў надаваў цякучасць і неакрэсленасць прасторы травей, якія маюць авальны план і перакрыты такімі ж авальнымі скляпеннямі. Уваходная частка нартэкса таксама мела форму авала, па баках якога мясціліся вітыя ўсходы на хоры. Як вядома, авальны план – улюбёная форма заходнееўрапейскага барока, якая дазваляла стварыць геаметрычна адвольную прастору інтэр'ера. Галоўны фасад мае складаную выпукла-ўвагнутую структуру, гарманічныя суадносіны якой паступова мяняюцца пры ўспрыманні з розных пунктаў агляду. Вязкі пілястраў разрываюць гарызантальныя прафіляваныя цягі, карункавыя абрамленні праёмаў і нішаў-табэрнакулаў ствараюць вытанчаную светлаценевую нюансіроўку і зменлівую гармонію формаў. Трэба адзначыць вялікае падабенства галоўнага фасада юравіцкага касцёла езуітаў з фасадам касцёла таго ж ордэна ў Крамянцы-Падольскім (Украіна), узведзеным у 1731–1772 гг. паводле праекта вядомага "на ўсходніх крэсах" архітэктара Паўла Гіжыцкага. Інтэр'ер святыні аздаблялі 9 алтароў, галоўны з якіх названы ў інвентары "старасвецкім", з абразом Маці Божай, выкананым яшчэ да завяршэння будаўніцтва касцёла ў 1732 г. рэзчыкам Тарасам Аршыцкім і вызалачаным майстрам Сцяпанам Пятроўскім (ЦДАСА Ф. 2188. Воп. 4. Спр. 3221. Л. 8, 9).

Архітэктоніка і стылістыка касцёла езуітаў св. Станіслава ў Пінску вылучаецца сярод іншых святыняў ордэна. Гісторыя яго будаўніцтва працяглая і складаная. У 1631 г. староста пінскі Станіслаў Альбрыхт Радзівіл асадзіў у горадзе езуітаў. Іх рэзідэнцыя спачатку змяшчалася ў драўлянай капліцы. У 1635 г. быў закладзены падмурак мураванага касцёла, асвечанага ў 1646 г., але недабудаванага. У 1651 г. пры ім, у "адпаведнасці з праетам", пачалі ўзводзіць двухпавярховы мураваны калегіум. Кіраваў будаўніцтвам "архітэктар рамяства мулярскага" Матэвуш Фалькоўскі. Гэтае імя адсутнічае ў вядомым "Слоўніку мастакоў-езуітаў", але наяўнасць яго аўтографа ў альбоме Бернадоні, мяркуемы ўдзел майстра ў перабудове жодзішкаўскага кальвінскага збору пад езуіцкі касцёл св. Тадэвуша, а таксама два будаўнічыя кантракты, заключаныя ім з кіраўніцтвам пінскай калегіі, сведчаць пра актыўную ролю М.Фалькоўскага ў езуіцкім будаўніцтве сярэдзіны ХVІІ ст. З кантракта, падпісанага Матэвушам Фалькоўскім разам з Рыгорам Валовічам 7 сакавіка 1654 г., вынікае, што яны "жыхары Вільні". Вядомы таксама імёны іншых будаўнікоў комплексу: муляраў Станіслава Багдзевіча (1638–1639) і Крыштофа Стэфановіча (1653–1654).

Падчас "казацкіх войнаў" у 1657 г. быў закатаваны вядомы езуіт-палеміст Андрэй Баболя, званы "пінскім апосталам", які прапаведаваў таксама ў Бабруйску. Яго мошчы доўгі час захоўваліся ў крыпце касцёла, а ў 1823 г. былі перанесены ў Полацкую езуіцкую акадэмію ў сувязі з кананізацыяй Андрэя Баболі. Відавочна, што падчас вайны сярэдзіны ХVІІ ст. моцна пацярпеў увесь комплекс пінскай калегіі. Пасля вайны павялічваецца колькасць дакументаў і кантрактаў, звязаных з будаўніцтвам калегіума і аднаўленнем касцёла. У іх прысутнічаюць імёны "майстроў рамяства каменнага, жыхароў віленскіх" Даніэля Драздоўскага, Якуба Вайтаховіча, Яна Вінцэнта Сальвадора, "віленскага магістра", Войцаха Ярашэвіча, Балтазара Шынкера, Казіміра Пятроўскага, Яна Талкача. З канца ХVІІ ст. і на працягу ўсяго ХVІІІ ст. у дакументах згадваюцца імёны архітэктараў, сярод якіх Рыгор Энгел і Ян Клаус (гэтыя асобы звязаны таксама з будаўніцтвам драўлянага Троіцкага касцёла езуітаў у Слуцку), Францішак Караў і Юзаф Алендзкі, вядомыя па раней разгледжаных езуіцкіх помніках. У 1748–1769 гг. работы працягваў прафесар архітэктуры Матэвуш Кісялеўскі. Захавалася таксама шмат імёнаў цесляў, кавалёў, мастакоў, злотнікаў, якія ўдзельнічалі ў аздабленні інтэр'ера святыні, аднак вызначыць удзел кожнага складана.

У "Люстраным інвентары пінскага езуіцкага калегіума", зробленым пасля касацыі ордэна ў 1773 г., пазначана, што касцёл незавершаны пасля пажару і абвалу яго скляпенняў, "новы ад фундамента, у форме крыжа, вялікі і пышны", мае дзве вежы, аздоблены балкончыкам, пакрыты гонтай і меднымі лістамі. Падкрэслены таксама адметнасці святыні: "вежы гэтыя падперты 2 бакавымі скрыдламі, нанова ад фундамента, вышынёй роўна з магістрацкім мурам. Пад бакавой, па правай руцэ, капліцай склеп мураваны, у ім – цела Баболі" (ЦДАСА. Ф. 2188. Воп. 4. Спр. 6. Л. 1, 2). У 1787 г. касцёл перайшоў да уніятаў і быў перароблены пад царкву, пасля 1795 г. – праваслаўную, у гонар Нараджэння Багародзіцы. Складаная гісторыя напаткала пінскі па-езуіцкі комплекс таксама ў ХІХ і ХХ стст.: пажары, перадачы ў розныя ведамствы, рэканструкцыі і рэстаўрацыі. У 1956 г. касцёл цалкам знішчылі, на сённяшні дзень ацалеў толькі трохпавярховы мураваны будынак калегіума (буйнейшага на Беларусі пасля Полацка). Цалкам комплекс пінскага езуіцкага калегіума вядомы па абмерных чарцяжах 1800 г. і фотаздымках пачатку ХХ ст., з якіх відавочная значная роля гэтага архітэктурнага ансамбля ў планіроўцы і забудове цэнтра. Даволі ўмоўная схема планіроўкі касцёла прысутнічае на сітуацыйным плане комплексу канца ХVІІІ ст.

Гісторыка-мастацтвазнаўчы аналіз архітэктуры касцёла св. Станіслава дазваляе зрабіць выснову, што яго агульная архітэктоніка сягае, у асноўным, да 1-й паловы ХVІІ ст. (часоў ранняга барока), а стылістыка формаў належыць пераважна да 2-й паловы ХVІІІ ст. Паводле планавай схемы храм уяўляў сабою трохнававую базыліку з трансептам і паўкруглым прэзбітэрыем, роўнымі па вышыні і шырыні цэнтральнай наве. Характэрнай адметнасцю святыні з'яўляюцца вельмі вузкія бакавыя навы (гэтую адметнасць мы лічым рэгіянальнай: вузкія бакавыя навы мае таксама касцёл францішканцаў у Пінску і меў касцёл бернардзінак у Брэсце). У дадзеным выпадку гэтая асаблівасць дазволіла "апрануць" базыліку ў суцэльны двухсветлавы аб'ём, што зрабіла яе "псеўдабазылікай" (накшталт гродзенскага фарнага касцёла) і падкрэсліла такім чынам форму лацінскага крыжа ў агульных масах збудавання. Унутры гэтай велічнай крыжовай кампазіцыі былі схаваны ўбудаваныя ў трансепт закрыстыі і паўсферычны купал. Пазней для ўзбагачэння сілуэта збудавання над сяродкрыжжам надбудавалі несапраўдны барабан з цыбулепадобным верхам.

Зусім незвычайную стылістыку меў галоўны фасад святыні. Першапачаткова нартэкс у ёй адсутнічаў (прыкмета стылістыкі ранняга барока). Чацверыковыя вежы выступалі наперад, утвараючы адкрытую прастору, пазней забудаваную "фацыятай" (верагодна, Янам Тупальтам). Ім жа ўзведзены, па дакументах, верхнія ярусы вежаў, пэўная "кволасць" якіх абумоўлена малымі памерамі бакавых наваў, і спецыфічныя "скрыдлы" – падпорныя сценкі, пастаўленыя дыяганальна да вежаў. Яны стварылі прасторава-разгорнутую структуру раней вузкага фасада, зрабілі яго больш устойлівым і гасцінным. Абрыс "скрыдлаў" на абмерным чарцяжы 1800 г. і здымках ХХ ст. адрозніваецца: у першым выпадку ён ступеньчаты, у другім – гарызантальны і рытмічна аздоблены цыбулепадобнымі галоўкамі, што, верагодна, было зроблена пры перабудове іх пад званіцу праваслаўнай царквы.

Тамара ГАБРУСЬ

арокка на Беларусі - частка III

Дзеля выяўлення ўсяго кола рэгіянальных стылістычных адметнасцяў у кантэксце езуіцкага храмабудаўніцтва на Беларусі цяпер неабходна перанесціся ў полацка-віцебскі рэгіён, што быў адносна блізкі ад сталіцы дзяржавы Вільні і больш за іншыя рэгіёны знаходзіўся пад яе культурным уплывам. Рэзідэнцыя езуітаў у Полацку заснавана ў 1579 г., па часе другой пасля Вільні на тэрыторыі ВКЛ і першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Роля Полацка ў гісторыі гэтага ордэна унікальная: ён стаў не толькі першым, але і апошнім яго прытулкам на беларускіх землях. Летам 1580 г. пад патранатам караля Стэфана Баторыя і намаганнямі вядомага езуіта, палеміста і прапаведніка Пятра Скаргі ў Полацку быў заснаваны калегіум – 5-класная навучальная ўстанова філалагічна-тэалагічнага профілю, дзе выкладаліся лацінская і грэцкая мовы, рыторыка, паэтыка, антычная літаратура і Святое Пісанне. Навучэнцы выхоўваліся ў духу адданасці каталіцызму і справе ордэна. Каралеўскім фундушам 1582 г. полацкім езуітам былі перададзены ўсе праваслаўныя цэрквы і манастыры горада, за выключэннем Сафійскага сабора. Першапачаткова будынкі калегіума меркавалася ўзвесці на востраве ў цячэнні Заходняй Дзвіны, на месцы манастыра Іаана Прадцечы, аднак пазней першыя драўляныя будынкі касцёла і калегіума ўсё ж пачалі будаваць на высокім правым беразе ракі, непадалёку ад Сафійскага сабора, паміж Верхнім замкам і рынкавай плошчай горада, пра што сведчыць адпаведная каралеўская грамата. Езуіцкі касцёл быў асвечаны ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і св. Стэфана, нябеснага патрона караля-заснавальніка.

У ХVІІ ст. драўляны комплекс калегіума езуітаў у Полацку неаднаразова цярпеў ад пажараў. У канцы стагоддзя было распачата ўзвядзенне мураванага касцёла (па інфармацыі А.Квітніцкай, паводле праекта італьянскага дойліда). Будаўніцтва святыні ў асноўным завяршылі ў 1738 г. (15 жніўня 1745 г. яе кансэкравалі), але аздабленне інтэр'ера працягвалася да 1766 г. На час будаўніцтва касцёла прыпадае ўдзел у ім і выкладанне ў калегіуме вядомых архітэктараў-езуітаў: Уладзіслава Дзягілевіча (1695–1698), Рыгора Энгела (1698–1699), Казіміра Мацялкоўскага (1705–1710 і 1733–1735), муляра Бенедыкта Мезера (1735–1738) і пазней – Марціна Пачобута (1748–1753), Язэпа Алендзкага (1759–1760), Базыля Шляхты (1760–1762), Андрэя Жаброўскага (1766–1769) і інш. Відавочна, што пры наяўнасці такіх шматлікіх і высокакваліфікаваных спецыялістаў будаўніцтва касцёла і калегіума ажыццяўлялася мясцовымі майстрамі і праектантамі. У стварэнні галоўнага алтара прымаў удзел мастак Сымон Чаховіч, над сніцарскім аздабленнем інтэр'ера працавалі разьбяры Антоні Лазуровіч і Тамаш Быковіч. Вядома толькі, што арган касцёла ў 1765–1766 гг. зрабіў італьянскі майстар Дамінік Адам Касперыні. У 1838 г. пры перабудове касцёла пад праваслаўны Мікалаеўскі сабор арган быў вывезены ў віленскі касцёл св. Яна (універсітэцкі).

У 1750 г. на месцы ў чарговы раз знішчанага пажарам драўлянага калегіума пачалі мураваць новы грандыёзны комплекс, які разам з касцёлам стварыў велічны архітэктурны ансамбль. Яго агульная плошча займала 7180 м2. Будаўніцтва ішло ў некалькі этапаў. На першым этапе быў узведзены трохпавярховы Е-падобны корпус, павернуты галоўным фасадам з парадным уваходам на поўдзень, у бок Заходняй Дзвіны. Размяшчэнне масіўнага будынка на высокім надпойменным плато запатрабавала ўмацавання берага мураванай падпорнай сцяной. У аснаванне былі закладзены мураваныя падземныя вадасцёкі, якія дрэніравалі глебу, сутарэнні таксама абсталявалі вадасцёкамі, у сцены ўбудавалі вентыляцыйныя хады, а пад цаглянымі і кафлянымі падлогамі праклалі ацяпляльныя каналы – высокі ўзровень тагачаснага тэхнічнага забеспячэння і камфорту.

На тэрасе перад галоўным фасадам быў разбіты рэгулярны сад. Па восі параднага вестыбюля размяшчаўся вялікі выступны аб'ём, на першым паверсе якога знаходзіўся рэфектар, дзе на сценах віселі карціны і была амбона, аздобленая ў тэхніцы стука. Верхні паверх над рэфектарам займала славутая бібліятэка калегіума, у якой на час расфармавання налічвалася 40 тысяч тамоў. Гэта быў найбагацейшы кнігазбор на Беларусі. Аснову кніжнага фонда складалі выданні ХVІ–ХVІІІ стст. на польскай, лацінскай, французскай і нямецкай мовах, а таксама літаратура, выдадзеная на Беларусі, у тым ліку ва ўласнай друкарні калегіума. Сярод кніг меліся падручнікі па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма, слоўнікі, творы Я.Каханоўскага, П.Скаргі, М.Карыцкага, Н.Мусніцкага, А.Нарушэвіча і іншых слынных асобаў. У бібліятэцы зберагаліся старажытныя рукапісы, каралеўскія граматы і іншыя дакументы, дысертацыі, энцыклапедычныя выданні і дапаможнікі па асобных дысцыплінах.

Бакавыя крылы калегіума мелі калідорную планіроўку. Светлыя аднабаковыя калідоры злучалі на трох паверхах 105 манаскіх келляў, перакрытых так званымі "езуіцкімі" скляпеннямі – з падвойнымі распалубкамі на вуглах. Калідор правага крыла далучаўся да алтарнай часткі касцёла, арыентаванай на захад, да Рыма.

У 1773 г. булай папы Кліменція ХIV ордэн езуітаў быў скасаваны (гэта адбылося праз год пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай), але Кацярына ІІ насуперак папскай буле вырашыла захаваць ордэн у сваёй дзяржаве, і цэнтрам яго знаходжання стаў Полацк, які ўвайшоў у склад Расійскай імперыі. У той жа час на астатняй тэрыторыі ВКЛ маёмасць езуітаў перайшла да Адукацыйнай камісіі на чале з І.Л.Храптовічам, а на базе езуіцкіх калегіумаў ствараліся свецкія школы. У Полацку тым часам працягвалася будаўніцтва: да 1778 г. паралельна падоўжнай восі касцёла, на поўдзень ад яго, быў пабудаваны трохпавярховы корпус, на першым паверсе якога знаходзілася друкарня, на другім – вучылішча, на трэцім – тэатр, які меў багатыя дэкарацыі.

У 1780 г. Полацк наведала Кацярына ІІ, што спрыяла чарговай актывізацыі будаўніцтва калегіума: прамавугольны перыметр асноўнага корпуса замкнулі 1–2-павярховыя мураваныя гаспадарчыя будынкі з праязной брамай унутр двара. Акрамя лямусаў, стайняў, рамізніцкай, пякарні і інш., тут мясціліся сталярная і слясарная майстэрні, суконная фабрыка, аптэка з лабараторыяй і сушыльняй лекавых траваў.

У лютым 1784 г. у Полацк прыехаў прафесар архітэктуры Габрыэль Грубер, славенец па паходжанні, які з 1785 г. выконваў абавязкі кіраўніка ордэна. Гэта быў чалавек выключных здольнасцяў. Ён валодаў шматлікімі еўрапейскімі мовамі, добра ведаў філасофію, тэалогію, матэматыку, фізіку, астраномію, быў доктарам медыцыны і выдатным мастаком, хаця звычайна яго характэрызуюць як архітэктара і матэматыка (прынамсі гэтыя дысцыпліны ён выкладаў у полацкім езуіцкім калегіуме). Паводле яго праекта пабудаваны новы корпус, які злучыў галоўны і тэатральны карпусы: тут знаходзіліся пінакатэка, аздобленыя ўласнымі фрэскамі Грубера, музей, дзе захоўваліся 484 архітэктурныя гравюры, хімічная лабараторыя, абсерваторыя і кабінеты па розных дысцыплінах (фізічны, прыродна-гістарычны, мінералагічны, этнаграфічны і інш.). У архітэктурным кабінеце былі паказаны мадэлі класічных ордэраў, канструкцыйныя вузлы і фундаменты збудаванняў. Прынамсі з полацкім езуіцкім калегіумам звязаны пачатак прафесійнай архітэктурнай адукацыі на Беларусі: тут існавалі два факультэты цывільнай і ваеннай архітэктуры, на якіх у 1802 г. навучалася каля 40 чалавек.

У 1800 г. Габрыэль Грубер стаў першым рэктарам новага калегіума ў Пецярбургу. Ён меў вялікі ўплыў на расійскага імператара Паўла І, пры пасрэдніцтве якога ў 1801 г. атрымаў фармальны дазвол папы Пія VІІ на прызнанне ордэна ў межах Расійскай імперыі, а ў 1802 г. быў абраны яго генералам. У 1814 г. папа Пій VІІ цалкам аднавіў ордэн езуітаў ва ўсім свеце. На базе калегіума ў 1812 г. стала працаваць вышэйшая навучальная ўстанова – Полацкая езуіцкая акадэмія, якая праіснавала да 1820 г. Яна падначальвалася генералу езуіцкага ордэна і міністру асветы Расійскай імперыі. Полацкай акадэміі падпарадкоўваліся ўсе езуіцкія школы ў Расіі: у Рызе, Дынабургу, Оршы, Мсціславе, Магілёве, Адэсе, Віцебску, Астрахані. Дзякуючы ёй горад квітнеў, але асабліва святочна ён выглядаў 1 жніўня, калі ў езуіцкіх школах пачыналіся вакацыі. Выхаванец полацкай езуіцкай акадэміі, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі пісаў: "У той дзень горад Полацак мог стаць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе; з'язджаліся абывацелі; адны – на ўрачыстасці ў дзень святога ігнацыя Лаёлы, другія – каб падзякаваць за турботы тым, хто глядзеў іхніх дзяцей, іншыя, каб пабыць у тэатры, бо вучні Полацкай акадэміі звычайна да гэтых дзён рыхтавалі пастаноўку; з'язджаліся гандляры з усіх бакоў і найвыгадней збывалі свае тавары". Ахоплены вялікім пачуццём да горада свайго дзяцінства, ён працягваў: "Думкі мае, акрыленыя ўспамінамі, імчаць да празрыстых вод Палаты. Памятаю грандыёзныя купалы горада, які магу назваць родным; сціплую дахоўку святога для мяне будынка, яго доўгія калідоры і прыцемак свечак у вялікім касцёле, і хваласпевы пад яго стракатым скляпеннем... Там, там калыска маёй маладосці!".

Дзейнасць езуітаў спынілася паводле ўказа Аляксандра і ад 13 сакавіка 1820 г. аб высылцы езуітаў з Расійскай імперыі. Акадэмію зачынілі, а будынкі і маёмасць перадалі ордэну піяраў (іх ордэн існаваў да 1830 г.). Бібліятэчныя зборы раскамплектавалі і разаслалі ў Пецярбург (389 старадрукаў) і Сімбірск (2080 кніг). Частка іх праз віцебскую Духоўную семінарыю трапіла ў Кіеўскую духоўную акадэмію і г.д. У былым калегіуме размясціўся Полацкі кадэцкі корпус, касцёл жа ў лютым 1833 г. быў пераасвечаны ў праваслаўную царкву ў гонар святога Мікалая Мірлікійскага, якая пазней стала кафедральным саборам Полацка-Віцебскай епархіі. У гэты час комплекс рэканструявалі па праекце полацкага епархіяльнага архітэктара А.Порта, але, як сведчыць малюнак Н.Орды 2-й паловы ХІХ ст., значных зменаў у яго вонкавым выглядзе не адбылося. Тое ж бачна і на старых паштоўках Полацка пачатку ХХ ст.

Характэрна, што за надзвычайнай сацыяльна-гістарычнай значнасцю полацкай рэзідэнцыі езуітаў, маштабамі яе культурна-асветніцкай дзейнасці, грандыёзнасцю архітэктурнага ансамбля, які адыгрываў дамінантную ролю ў забудове Полацка, мастацтвазнаўчы аналіз архітэктуры ўласна касцёла звычайна заставаўся ў ценю: самае большае – канстатаваліся яго значныя памеры (24 х 47 м у плане, вышыня вежаў – 60 м) і архітэктанічная схема: 3-нававая крыжова-купальная базыліка з 2-вежавым фасадам. Пры гэтым з прычыны пэўнай тыповасці гэтай схемы ён быццам не ўяўляў цікавасці для даследчыкаў ні як самастойнае мастацкае цэлае, ні як этапная з'ява ў развіцці беларускага барока.

Ва ўсіх сучасных даведніках і навуковых даследаваннях пабудова касцёла св. Стэфана датуецца адным 1738 г., што разам з датай кансэкрацыі 1745 г. пераносіць яго ўзвядзенне на часы росквіту віленскага барока, для якога полацкая святыня выглядае вельмі архаічна і спрошчана. На самай справе, у 1738 г. яго будаўніцтва было амаль завершана і віленскае барока дачынілася да яго мастацкага аблічча толькі на апошнім этапе – узвядзенні верхніх ярусаў вежаў і аздабленні інтэр'ера. Архітэктоніка полацкага касцёла езуітаў амаль ідэнтычная крыху больш ранняму аршанскаму касцёлу таго ж ордэна і таго ж паўночнага рэгіёна Беларусі. У полацкім касцёле толькі на адзін крок слупоў павялічана даўжыня базылікі і структура 2-вежавага фасада-нартэкса выяўлена больш яскрава. Крылы трансепта ў абодвух выпадках злёгку выступаюць за межы прамавугольнага плана базылікі, а алтарнае завяршэнне цэнтральнай навы мае прамавугольны абрыс, у выніку чаго ў верхнім сячэнні яны ўтвараюць вельмі сціплы па абрысе лацінскі крыж, аднолькава павернуты сакральнай часткай на захад, да Рыма. Характэрна, што абрыс алтарнай часткі ўнутры полацкага касцёла паўцыркульны, што вядзе да значнага павелічэння масіўнасці вуглавых вузлоў, але стварае неабходную для барока пластычнасць і цякучасць прасторы, падкрэсленую мураваным алтаром. Уласцівая полацкаму комплексу камфортнасць і тэхнічная рацыянальнасць выяўлены ва ўдалым размяшчэнні прасторных маршавых лесвіц сіметрычна абапал алтарнай часткі касцёла, што дазваляе ім злучаць адначасова як паверхі калегіума, так і закрыстыю храма.

Сяродкрыжжа полацкага касцёла езуітаў было ўвенчана барочным купалам на гранёным барабане, які таксама мае аналаг у аршанскай царкве базыльянак, пра што сведчаць архіўныя графічныя матэрыялы па абодвух неацалелых да нашага часу помніках. З іх відавочна, што 2-схільныя дахі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах цэнтральнай навы і трансепта значна паніжаны і мадэрнізаваны ў стылі класіцызму пры перабудове касцёла св. Стэфана пад Мікалаеўскі сабор. У інтэр'еры цыліндрычныя з распалубкамі скляпенні ўмацоўвалі адзінкавыя пілястры, што характэрна для перыяду сталага барока пачатку ХVІІІ ст., але элементы пластычнага аздаблення маюць адвольныя маляўнічыя абрысы і слаістыя крапоўкі позняга барока сярэдзіны стагоддзя.

У сціплай архітэктуры галоўнага фасада аршанскага касцёла езуітаў мы адзначалі рысы стылістыкі "сармацкага" барока. У пэўнай ступені іх можна назіраць і ў вонкавым абліччы полацкага касцёла, але формы яго галоўнага фасада вызначаюцца значна большай вытанчанасцю і экспрэсіяй. Першае гарызантальнае сячэнне фасада зроблена ў ім на ўзроўні карніза цэнтральнай навы, а не бакавых наваў, як у аршанскім, што надае прапорцыям пілястраў і прасценкам паміж імі надзвычайную выцягнутасць і вертыкалізм. Сціплыя чацверыкі другога яруса вежаў таксама больш высокія і вытанчаныя, а два верхнія ярусы вежаў, тэлескапічная структура і прасторавая разгорнутасць якіх мае ўжо яскравыя прыкметы віленскага барока, надаюць галоўнаму фасаду такую ўзнёслую стромкасць, якой, відавочна, не меў ніякі іншы помнік сакральнай архітэктуры барока на Беларусі. Гэты магутны акорд рукатворнага харала ствараў галоўную сілуэтную дамінанту горада, нават больш значную за Сафійскі сабор. Магчыма, гэтая моцная горабудаўнічая актыўнасць культавага збудавання стала прычынай таго, што на піку атэістычнага варварства, у 1936 г., вежы касцёла разабралі: на адной з іх знаходзіліся званы, на другой – унікальны гадзіннік работы віленскага майстра Густава Мудні. Другая хваля вандалізму накрыла ўжо ўвесь комплекс. Гэта адбылося падчас так званай хрушчоўскай "адлігі". Рэспубліканская камісія на чале з тагачасным намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР В.Г.Каменскім і старшынёй Дзяржбуда БССР архітэктарам У.А.Каралём прыняла рашэнне аб "немэтазгоднасці і немагчымасці" аднаўлення комплексу, будынкі якога адразу былі знятыя з уліку помнікаў гісторыі і культуры. На іх знішчэнне "целевым назначением" было вылучана 30 тысяч (тагачасных!) рублёў. У студзені 1964 г. касцёл св. Стэфана і частку калегіума ўзарвалі. Пасля ўзрыву ўтварылася каля 50 тысяч кубічных метраў цэглы і шчэбеню, якія на працягу года выкарыстоўваліся прадпрыемствамі і насельніцтвам на "добраўпарадкаванне горада". На месцы зруйнаваных будынкаў у 1976–1979 гг. узняўся прэстыжны 9-павярховы дом для правінцыйнай эліты. Ад калегіума, схаванага за гэтай плоскай каробкай, захаваліся ў катастрафічным стане толькі паўднёвая частка галоўнага корпуса і заходняе крыло.

Гісторыя езуіцкага комплексу Віцебска таксама трагічная. Езуіты з'явіліся тут у 1637 г. У 1640–1644 гг. коштам смаленскага ваяводы Аляксандра Корвін-Гансеўскага быў узведзены першы драўляны касцёл езуітаў, асвечаны ў гонар св. Юзафа. З 1649 г. пры ім дзейнічала школа. Падчас заняцця Віцебска ў 1654–1655 гг. маскоўскім войскам езуітаў выслалі на пасяленне ў Расію, а касцёл перабудавалі пад праваслаўную царкву Аляксееўскага манастыра, які адлюстраваны на чарцяжы цэнтральнай часткі горада 1664 г., выкананым па загадзе ваяводы Валконскага для маскоўскага цара. Гэта унікальны адбітак першага этапа езуіцкага храмабудаўніцтва на Беларусі. На малюнку відаць, што аснову будынка складаў выцягнуты прамавугольны зруб (нава) з роўнымі з ім па вышыні аб'ёмамі па баках, якія ўтваралі ў плане лацінскі крыж, і высокай трох'яруснай вежай пры ўваходзе. Пры перабудове касцёла пад царкву бакавыя зрубы, якія ў дрэве імітавалі рамёны трансепта, накрылі высокімі "маскоўскімі" шатрамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Таму вядомы гісторык і краязнаўца пачатку ХХ ст. У.Г.Краснянскі, які першы аналізаваў помнікі архітэктуры Віцебска па чарцяжы 1664 г., не ўлічваючы паходжання храма, памылкова характарызаваў яго як праваслаўны, але адзначаў яго незвычайнасць і своеасаблівасць. У 2-й палове ХVІІ ст. храм зноў вярнулі езуітам. У інветары 1704 г. ён названы "крыжовым" і помнікам "даўніх часоў". З 1676 г. пры ім дзейнічала музычная бурса, з 1697 г. – аптэка.

У канцы верасня 1708 г. рускія войскі па загадзе Пятра І спалілі Віцебск. Згарэлі і драўляныя будынкі калегіума езуітаў. У 1716 г. на сродкі гарадскога кашталяна Марцыяна Агінскага і віцебскай шляхты езуіты пачалі будаваць мураваны комплекс касцёла і калегіума. З гэтага часу і аж да 1765 г. кіраўніком будоўлі быў Базыль Часновіч. Велічная трохнававая базыліка крыжова-купальнага касцёла з 2-вежавым фасадам-нартэксам была завершана ў асноўным да 1731 г., а кансэкравана святыня ў 1751 г., пасля аздаблення інтэр'ера.

З 1756 г. пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр. Будаўніцтва будынка працягвалася аж да 1799 г. І было закончана ўжо пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай. Яго архітэктура мае рысы пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Фасад П-падобнага двухпавярховага корпуса калегіума, што выходзіў на чырвоную лінію забудовы Саборнай плошчы, побач з касцёлам, быў раскрапаваны сіметрычным уваходным аб'ёмам, які завяршаўся трох'яруснай вежай з гадзіннікам. Планіроўка калегіума была калідорная з аднабаковым светлым калідорам. На 1-м паверсе размяшчаліся пакоі для вучняў, архіў, рэфектар з кухняй, на 2-м – келлі манахаў і цёплая капліца, у цокальным паверсе – гаспадарчыя службы. Памяшканні ўсіх паверхаў перакрываліся крыжовымі скляпеннямі, а залы рэфектара і капліцы над ім – люстэркавымі скляпеннямі з падугамі (найбольш распаўсюджаны тып скляпення перыяду барочнага класіцызму). У 1804–1820 гг. у будынку размяшчалася павятовае вучылішча, у 1822–1839 гг. ён часова належаў базыльянскаму ордэну.

Пасля забароны уніяцтва, у 1843 г., комплекс быў перададзены праваслаўным, а касцёл перабудаваны і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор. Адбылася замена фігурных завяршэнняў вежаў і цэнтральнага самкнёнага купала з "заломам", якія бачны на акварэлі Ю.Пешкі пачатку ХІХ ст., на паўсферычныя купалы, а над гадзіннікавай вежай з'явіўся высокі ампірны шпіль. У 1872 г. пры капітальным рамонце гэтую вежу цалкам разабралі, а вежы касцёла перабудавалі ўжо ў псеўдарускім стылі. Неаднаразовыя перабудовы значна змянілі аўтэнтычны выгляд помніка, аднак яго значэнне ў арганізацыі прасторы і сілуэтнай панарамы цэнтра Віцебска па-ранейшаму заставалася істотным. Разам з комплексам бернардзінскага кляштара з касцёлам св. Антонія размешчаны на супрацьлеглым беразе Віцьбы комплекс калегіума езуітаў з касцёлам св. Юзафа стваралі нібыта люстэркавую сіметрыю Рынкавай і Саборнай плошчаў горада і адзіны ансамбль. Дарэчы, і знішчаны яны былі адначасова, у 1956 г., з мэтай "добраўпарадкавання і рэканструкцыі" цэнтра горада.

Пры параўнанні (па архіўных графічных матэрыялах) архітэктонікі віцебскага касцёла езуітаў з полацкай і аршанскай святынямі таго ж ордэна і таго ж рэгіёна, відавочна, што ён у большай ступені набліжаецца да апошняга: тая ж колькасць апорных слупоў базылікі, тыя ж прапорцыі чляненняў галоўнага фасада. Асноўнымі адрозненнямі з'яўляюцца паўкруглае завяршэнне прэзбітэрыя і значна больш насычаная пластыка дэкаратыўнага вырашэння: слаістыя пілястры, шматлікія раскрапоўкі антаблементаў, фігурныя абрамленні праёмаў у стылі віленскага барока. У гэтых адносінах Юзафаўскі касцёл у першапачатковым варыянце меў шмат агульнага з крыху больш познім бернардзінскім касцёлам св. Антонія ў Віцебску, пабудаваным у 1737–1755 г., які, відавочна, паўтараў свайго папярэдніка ў будове і пластыцы галоўнага фасада, але ўжо не меў характэрных для езуітаў трансепта і купала на сяродкрыжжы.

Найбольш познім помнікам езуіцкага храмабудаўніцтва паўночнага рэгіёна Беларусі з'яўляецца касцёл св. Тадэвуша ў маёнтку Лучай былога Віленскага ваяводства (сучасны Пастаўскі раён), які з 1731 г. належаў Агінскім. Велічная трохнававая крыжова-купальная базыліка з 2-вежавым фасадам-нартэксам была змуравана ў 1766–1777 гг. па фундацыі Тадэвуша Агінскага і яго жонкі Эльжбеты з Пузынаў, асвечана ў 1777 г. віленскім біскупам Феліксам Тавяньскім. Лучайская святыня шмат у чым нагадвае полацкі касцёл езуітаў: яны абодва маюць аднолькавую колькасць апорных слупоў базылікі і канструкцыйна выяўлены 2-вежавы фасад-нартэкс, у якім першае гарызантальнае чляненне праходзіць на ўзроўні карніза цэнтральнай навы. Аднак ёсць і пэўныя адрозненні ў тэктоніцы збудаванняў: алтарная частка лучайскага касцёла мае лучковае, а не прамавугольнае завяршэнне, а крылы трансепта не выступаюць за межы прамавугольнага плана, самае істотнае – купал на сяродкрыжжы схаваны ў канструкцыі 2-схільных дахаў і звонку не выяўлены. Прынамсі сухаватая рацыянальнасць кананічнай кампазіцыі гэтай езуіцкай базылікі, выкарыстанне ў яе дэкаратыўнай пластыцы дарычнага ордэра, характэрнага для класіцызму, важкаватасць вянчальных масаў збудавання сведчаць тут пра пэўны заняпад высокага віленскага барока і пераход да новай плыні, так званага барочнага класіцызму, звязанага з эпохай Асветніцтва ў Заходняй Еўропе. Невыпадкова, што М.Маралёўскі звязваў стылістыку і нават аўтарства лучайскага касцёла з вядомымі архітэктарамі пераходнага перыяду ад барока да класіцызму Тамашом Жаброўскім і Карла Спампані. У 1770-х гадах К.Спампані быў цесна звязаны з Віленскай акадэміяй езуітаў, дзе выкладаў архітэктуру.

У інтэр'еры цэнтральная нава перакрытая цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на адзіночных падпружных арках. Міжнававыя аркады падтрымліваюць падвойныя падпружныя аркі. Аналагічныя аркі падзяляюць травеі бакавых наваў, у выніку чаго апорныя слупы атрымліваюць складаную канфігурацыю са шматлікімі раскрапоўкамі. Уся паверхня сцен і скляпенняў дэкаравана фрэскавай размалёўкай у тэхніцы "грызайль", якая "аптычна на муры" імітавала скульптурную лепку і архітэктурны стафаж. Ніжняя частка купала запоўнена ілюзорна-перспектыўнай архітэктурнай кампазіцыяй, на ветразях – выявы евангелістаў, на консе апсіды і тарцах прэзбітэрыя – святыя і анёлы. Над уваходам размешчана пано-картуш з выявамі двух воінаў са шчытамі і воінскіх атрыбутаў.

З вышэй разгледжанага відавочна, што прынамсі эстэтычна-тэалагічная канцэпцыя "езуіцкага" барока была матывуючай, стрыжнёвай, праграмнай ідэяй развіцця хрысціянскага мастацтва ва ўсім свеце на працягу ХVІ–ХVІІІ стст. Аднак яна арганічна адаптавалася да мясцовых культурных традыцый і падпарадкоўвалася заканамернасцям эвалюцыі стылю ў канкрэтным сацыяльна-гістарычным кантэксце. Мастацтвазнаўчы аналіз езуіцкага храмабудаўніцтва на Беларусі паказвае, што, магчыма, тут ордэн езуітаў у найвышэйшай ступені выявіў сваю гістарычную культурна-асветніцкую місію і стварыў высокія ўзоры дойлідства барока, пераважна рукамі мясцовых майстроў. Сакральныя збудаванні езуітаў, захоўваючы ў асноўным кананічную схему рымскага сабора Іль Джэзу, прайшлі розныя этапы станаўлення беларускага барока, набылі рысы нацыянальнай адметнасці. На гэта іх стымулявала сацыяльна-эканамічнае і канфесійна-тэалагічнае супрацьборства з праваслаўнымі, уніятамі, пратэстантамі і нават шэрагам каталіцкіх "жабрацкіх" ордэнаў. Калі на пачатку эпохі барока езуіты выступілі сцяганосцамі гэтага стылю, то на наступных этапах развіцця беларускага сакральнага дойлідства мясцовыя мастацкія плыні "сармацкага" і "віленскага" барока пачалі адваротна ўплываць на злёгку кансерватыўнае езуіцкае храмабудаўніцтва. Гэта выявілася, перш за ўсё, у паступовым фармаванні 2-вежавага галоўнага фасада-нартэкса (у Іль Джэзу і нартэкс, і вежы на галоўным фасадзе ўвогуле адсутнічаюць); у эвалюцыі фармальных пластычных характарыстык (плоскасная трактоўка ордэра, дынаміка сілуэта, перавага вертыкальных прапорцый, тэлескапічная структура вежаў і інш.); у змяншэнні клерыкальна-семантычнай ролі трансепта і купала (у кампазіцыі яны часам цалкам адсутнічаюць), што мы лічым тэндэнцыяй да кампрамісу ў поліканфесійным грамадстве ВКЛ; у выкарыстанні шэрагу выпадкаў прамавугольнай формы прэзбітэрыя пад уплывам будаўніцтва "жабрацкіх" ордэнаў з патрэбы секулярызацыі касцёльнага мастацтва. У выніку ўзоры езуіцкага храмабудаўніцтва сталі арганічнай часткай сакральнага беларускага дойлідства, а так званае "езуіцкае" барока стала для нашай зямлі, яе гісторыі і культуры сваім, нашым.

Тамара ГАБРУСЬ

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Наша «езуіцкае» барока

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.