Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Грамадзянскі склад Беларусі
Быт, права, звычаі
Асьвета
Цэркаў і рэлігія
Навука й мастацтва

Як сьвядомасьць вызначаецца быцьцём, так культурны стан народу вызначаецца яго матар'яльным бытам, яго экономічна-грамадзянскімі ўзаемаадносінамі. Культура становіць адбітак народнага жыцьця і зьяўляецца продуктам разумовай творчасьці людзей на падставе іх матар'яльнага быту.
Грамадзянскі склад Беларусі

Гаварыць а культуры Беларусі прыходзіцца толькі ў адносінах да яе сялянскіх мас, - да тых народных мас, што зьвязаны з зямлёю сваёю ўласнаю працай. Гісторыя Беларусі злажылася так, што яна стала краем сялянскім ня толькі па свайму экономічнаму ладу, як край не прамысловы, а земляробскі; Беларусь стала краінай сялянскай і па свайму грамадзянскаму складу. Вышэйшыя экономічна-пануючыя буржуазныя станы Беларусі былі адарваны ад працоўных народных мас экономічна й культурна. Якія прычыны прывялі да такога стану - аб гэтым сказана ў папярэдніх нарысах. Сталася так, што беларусы к моманту Лютаўскай рэволюцыі станавілі народнасьць чыста сялянскую і па свайму нацыянальнаму твару. Беларуская культура, беларуская народнасьць, беларуская самабытнасьць захавалася толькі ў земляробскіх сялянскіх масах і толькі аб гэтай культуры будзе гутарка ў далейшым.

Буржуазныя станы на Беларусі стаялі зусім абасоблена ад асноўнага, сялянска-земляробскага насяленьня. Гэтая абасобленасьць ня менш кідалася ў вочы з боку культурнага, як з боку экономічнага. Працоўныя масы гаварылі пабеларуску, а камандныя, экономічна пануючыя станы-папольску або парасійску.

Такое палажэньне стала вытварацца яшчэ з XVI-га сталецьця, калі беларускае баярства, а за імі іншыя прывілейныя станы, адарваныя ад працоўных гушч соцыяльна, сталі пераймаць чужую, галоўным чынам, польскую мову і польскую культуру. Гэта скончылася тым, што беларуская мова, як адзіны фактар разумовай творчасьці народу была пастаўлена на ступень простай, хамскай, мужычай, няздатнай да культурнага развіцьця разам з тымі працоўнымі, соцыяльна прыгнечанымі масамі, што ў гэтай мове гаварылі.

Гэтая культурная абасобленасьць вышэйшых станаў ад асноўнай, працоўнай масы насяленьня была прычынай таго, што да пачатку нашага сталецьця а беларускай інтэлігэнцыі не магло быць і гутаркі. Цэлыя сталецьці беларускія народныя масы жылі без сваёй інтэлігэнцыі, а гэта не магло, разумеецца, дапамагаць, азнаямленьню іх з разумовым жыцьцём, з разумовай творчасьцю свайго веку й часу. Нарэшце сталася так, што ўжо незалежна ад таго, да якое клясы грамадзянства належыў асьвечаны беларус-інтэлігэнт, прайшоўшы вышэйшую ці сярэднюю школу,- ён нараўне з апалячаным ці абруселым дваранінам выракаўся свайго народу і яго мовы ды гінуў для свайго краю. У Беларусі інтэлігэнт ня мог знайсьці сабе працы; ён знаходзіў яе на чужыне, па-за межамі свайго краю. Развітой фабрычнай і заводзкай прамысловасьці ня было: яна штучна забівалася цэнтрам для падтрыманьня цэнтральнай расійскай прамысловасьці або штучна сьцягалася к цэнтру ў мэтах русіфікатарства. Таксама на Беларусі ня было ніводнага адміністрацыйнага ці культурнага цэнтру, што магло-б вабіць да сябе асьвечаную моладзь, інтэлігэнцыю. Мала таго, на Беларусі ня было, нават, земства, таго адзінага правадніка культуры ў часы царызму. I было так, што інтэлігэнт-земляўласьнік, пераняўшы польскую культуру. або інтэлігэнт іншае клясы, калі памыкаўся да адміністрацыйнае ці іншае кар'еры. то прымушан быў шукаць яе дзе-небудзь у Варшаве, Кіеве, Маскве ці Петраградзе. але не на Беларусі. Тыя пасады адміністрацыйныя, школьныя ці царкоўныя, што трапляліся на Беларусі, займаліся выхадцамі з цэнтру Велікарусі для русіфікацьп краю. Каталіцкая цэркаў была ў руках палякаў, і касьцельныя пасады на Беларусі займаліся ксяндзамі-палякамі, ужо ў мэтах паланізатарскіх.

Такім парадкам, элемэнтам нацыянальна-беларускім засталася толькі земляробская маса-сяло, вёска, шляхецкі засьценак ды часткаю мястэчка. Гарады з іх адміністрацыяй, царквою, касьцёлам і з дробнай, хатняй прамысловасьцю былі або спаланізаваны або зрусіфікаваны панасыланымі з цэнтру чыноўнікамі, папамі і адміністратарамі. У сярэдзіне мінулага сталецьця нават папы прысылаліся на Беларусь з Расіі ў якасьці місіянэраў для барацьбы нібыта з каталіцызмам, а мясцовы папоўскі элемэнт, скончыўшы духоўную сэмінарыю, павінен быў чатыры гады праслужыць у Расіі, каб набрацца "рускага" духу, а ўжо потым мог заняць пасаду на Беларусі. Пасьля апошняга паўстаньня (1863 г.) шмат мясцовых земляўласьнікаў было перавешана або саслана ў Сыбір, а іх маёнткі раздаваліся і распрадаваліся расійскім памешчыкам. Такім парадкам расійскі элемэнт, дужы адміністрацыйнай сілай у горадзе, стаў паступова захопліваць землеўладаньне. Мясцовы элемэнт глушыўся і заміраў пад націскам адміністрацыйнай апекі зьверху або культурнага экономічна-дужага апалячанага або расійскага земляўласьніка. А вясковая Беларусь, яь культурна-нацыянальная адзінка, станавілася ўсё больш і больш краінай сялянскай з дробна-земляробскім укладам жыцьця. Пазбаўленая разьвітой прамысловасьці, а значыць, і моцных культурна-экономічных уплываў гораду, вясковая Беларусь да апошняга часу жыла перажыткамі старых традыцый, старасьвецкага ладу жыцьця

Пазнаць культуру Беларусі - гэта значыць пазнаць уклад жыцьця беларускага сяла, беларускай вёскі, мястэчка, засьценку, - карацей сказаць, беларускага земляроба.

Тут дарэчы будзе выясьніць адно непаразуменьне што да беларускага шляхецтва.

Беларускае шляхецтва дагэтуль выдзялялася з агульнай земляробскай масы разглядалася як нешта чужое, не беларускае, скарэй польскае. Пара скончыць з гэтым непаразуменьнем. Беларускае шляхецтва - самае тыповае беларускае насяленьне. Шляхціц больш захаваў культурна-нацыянальных традыцый, тыповай беларушчыны, як хто небудзь іншы. А па свайму соцыяльнаму палажэньню - гэта той самы земляроб, што й селянін. Сучаснае беларускае шляхецтва нічым ня розьніцца ад беларускага сялянства. Некалі яно займала асобнае палажэньне, калі не экономічна, то соцыяльна; тады й мяшчанства складала асобную соцыяльную адзінку. На захадзе, у Эўропе, такія грамадзянскія групы парадзілі прамысловую і тарговую буржуазію, а ў нас, на Беларусі, яны зьліліся з земляробскай сялянскай масай, утрымаўшы толькі старасьвецкія назовы, як памяць прошлага палажэньня. Як і пераважная большасьць цяперашняга нашага мяшчанства выдзяляецца з сялянскае масы толькі тым, што жыве ў мястэчку (у Расіі мястэчак ня было й няма), а не ў сяле ці вёсцы, так і сучаснае беларускае шляхецтва не падобна да сялянства хіба толькі тым, што жыве ў засьценках або хутарамі, а не сёламі ці вёскамі. Каб азнаёміцца з нашым шляхецтвам, трэба хоць коратка затрымацца на яго пахаджэньні. Гэта якраз супадае з тэмай, бо знаёмства з тым ці іншым грамадзянскім пачленаваньнем дапамагае выясьненьню ступені культурнага разьвіцьця тае ці іншае народнасьці.

Пахаджэньне нашае шляхты не аднолькавае. У часе незалежнасьці Беларусі, асабліва ў часы вуніі з Польшчай (Рэч Паспалітая) быў вялікі стан людзей, павінны дзяржаве вайсковай службай. Па свайму экономічнаму і праўнаму палажэньню ён дзяліўся на некалькі груп. Жылі гэтыя людзі часткаю на сваёй зямлі, а большасьць на землях дзяржаўных, або каралеўскіх, як тады называлі, ці на землях магнатаў Яны падарованы былі ўсімі правамі пануючае клясы (магнатаў, або гэрбоўнае шляхты), а за гэта павінны былі дзяржаве вайсковай службай. На выпадак вайны яны павінны былі ваяваць, а ў спакойныя часы займаліся земляробствам. Гэты вайсковы стан людзей з правамі магнатаў, або гэрбоўнай шляхты, экономічна залежны ад іх, даўней і называўся проста шляхтаю, чым і розьніўся ад звычайнага паспольства, або грамадзянства-сялян, мяшчан і інш. Сваім матар'яльным палажэньнем гэтая шляхта нічым ня розьнілася ад сялянства, бо таксама мела невялічкі кавалак зямлі,- часам уласны, а часам чужы-панскі ці дзяржаўны, на каторым шляхціц сядзеў з ласкі багатага пана або дзяржаўных вураднікаў, адміністратараў-стараст і ваявод. 3 прылучэньнем Беларусі да Расіі частка гэтае шляхты патрапіла давесьці сваё даўнейшае шляхецтва і была далучана да расійскага дваранства, а частка, ня меўшая дакумэнтаў, прымушана была прыпісацца да мяшчан або папала ў рады "казённых" сялян. Але ўсе яны не забылі свайго пахаджэньня ды дагэтуль адрозьніваюць сябе ад ваколічнага сялянства.

Другая частка беларускага шляхецтва мае іншае пахаджэньне. На Беларусі ў часы вуніі з Польшчай была вялікая кляса ваенна-служылых людзей ніжэйшага вайсковага стану. Гэта так званыя панцырныя баяры. Яны мелі сваю ўласную зямлю, вольную ад дзяржаўных падаткаў, але павінны былі адбываць вайсковую службу. У тыя часы, калі ня было войска з абавязковай службай у казармах, урад ахвотна раздаваў сялянам вольныя на граніцах дзяржавы землі з тым, каб яны адбывалі за гэта панцырную службу, г.зн. пяхотную службу ў войску на выпадак вайны. Такім парадкам засяляліся пагранічныя землі, і шмат панцырнага баярства была паселена ў цяперашняй Смаленшчыне, Віцебшчыне і Магілеўшчыне. Некаторыя пасёлкі з такім баярствам дасталі ад князёў і каралеў граматы на панцырную службу. Панцырныя баяры на Віцебшчыне мелі шырокія прывілеі, выданыя ім яшчэ ў ХVІ-м сталецьці; на моцы гэтых прывілеяў мясцовая адміністрацыя не магла караць іх бяз суду; яны не адбывалі сялянскіх павіннасьцяў і несьлі толькі вайсковую службу; з дазволу караля яны маглі перадаваць сваю зямлю другім, мелі права набываць рухомую маемасьць - дамы і іншае - у гарадох. У 1772 годзе, калі гэтая часьць Беларусі была прылучана да Расіі, то ўсіх панцырных баяр таксама прыпісалі да "казённых" сялян; іх налічалі тады да 11 з паловай тысяч душ.

Нарэшце, у Польска-Беларускай дзяржаве была яшчэ адна група насяленьня, патомкі каторай і дагэтуль лічаць сябе шляхтай. Гэта - путныя, або дарожныя слугі, яны адбывалі пачтовую службу ў ваенны й мірны час, а на выпадак патрэбы несьлі пяхотную службу ў войску.

Усе пералічаныя групы і складаюць цяперашняе беларускае шляхецтва. Яны і дагэтуль трымаюцца асабняком і неахвотна зьліваюцца з сялянствам і мяшчанствам хоць па свайму экономічнаму палажэньню нічым ня розьняцца ад звычайных сялян-земляробаў. Памяць а прошлым дажыла да нашых дзён, і шляхціц стараецца трымаць, як даўней, свой "шляхецкі гонар".

Цяпер трудна падлічыць колькасьць быўшае шляхты, бо яны даўно ўжо прыпісаны да сялян і мяшчанства. Жывуць шляхты хутарамі або засьценкамі, і засьценак тым і розьніцца ад вёскі, што ў вёсках жыве сялянства, а ў засьценках-шляхта. Шляхта ня была пад паншчынай, ня ведала прыгону і мае часам большыя кавалкі зямлі, як звычайна ў сялян. За сваю службу даўней путны баярын даставаў дзьве валокі, або 40 дзесяцін зямлі, а панцырныя баяры-ад 3-х да 10-х валок. Дзеля гэтага некаторыя шляхецкія гаспадаркі маюць і дагэтуль даволі зямлі. Праўда, была й безьзямельная шляхта, але гэты род шляхты арандаваў зямлю ў суседніх паноў-земляўласьнікаў. Гэта-так званыя пасэсары. Горшае палажэньне было тае шляхты, што выйшла з чыншавікоў; яна сядзела на панскіх землях да часу, покі трывала панская ласка. Гэтая шляхта, пазбаўленая зямлі, папаўняла потым панскія пакоі розным падручным элемэнтам. Яна стала служыць паном у якасьці пісароў, аканомаў, вахмістрынь, а то й проста лёкаямі.

Да апошняга часу большасьць шляхты мела добрыя гаспадаркі. Дзякуючы большай заможнасьці ў параўнанні з сялянамі, гаспадарка шляхціца стаяла даволі культурна. Поле абраблялася лепш, скаціна была лепшай пароды, агароды засяваліся агароднінай, маючы попыт на рынку. Сама шляхта любіць бываць па рынках, кірмашох і ніколі не прапусьціць фэсту. Шляхціц заўседы ў курсе рыначных цэн і ўмее гэтым карыстаць пры збыце прадуктаў свае гаспадаркі. Пры іншых гістарычных умовах шляхта злажыла-б беларускую прамысловую і тарговую буржуазію.

Даўнейшыя прывілеі збліжалі шляхціца з панскім дваром, а гэта выгадавала ў ім некаторыя адзнакі пустой шляхецкай ганарлівасьці. Шляхціц ганарыцца сваім шляхецкім пахаджэньнем і неахвотна кампануе з сялянствам. А селянін, не знаходзячы ніякай соцыяльнай розьніцы паміж сабой і шляхціцам, стараецца пры здарэньні высьмеяць пустую шляхецкую запансьлівасьць і не далюблівае яго за ўдыглівасьць перад панам. Гэтую ўдыглівасьць перад вялікім панам-земляўласьнікам шляхціц выгадаваў у сабе яшчэ ў часы свае зямельнае залежнасьці ад пана. Самы бедны шляхціц любіць у сьвята чыста адзецца, зьездзіць на рынак, пайсьці ў госьці да суседа. Селянін і тут стараецца высьмеяць яго зухаўство ды кажа да шляхціца: "На назе бот скрыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць".

Большасьць шляхты трымаецца рымскага вызнання-каталіцтва, як усе мясцовыя паны-земляўласьнікі, але ёсьць шляхта і грэцкага, праваслаўнага, вызнаньня. Уся шляхта звычайна гаворыць пабеларуску і толькі на кірмашы ці на фэсьце любіць пазухаваць панскаю мовай, устаўляючы ў сваю беларускую гаворку дватры польскія словы. Пагаварыць пры людзях папанску шляхціц лічыць таксама патрэбным, як чыста адзецца ў сьвята. Гэта яго сьвяточная вопратка, якую ён скідае дома да бліжэйшага выпадку.

Агульная маса шляхецтва па культурнасьці вышэй за селяніна. Шляхта - жанкі й мужчыны - усе граматныя, найчасьцей папольску. Усё шляхецтва пагалоўна захавала і трымаецца беларускага, дзядоўскага ўкладу жыцьця. У гэтым кірунку шляхціц большы беларус за селяніна. Беларускія сялянскія звычаі, забабоны, беларуская народная песьня пануюць сярод шляхецтва. Беларускую старасьветчыну шляхціц захаваў больш чыстай, як сялянскія масы, куды ўплыў гораду і салдатчыны пралажыў ужо даволі значную дарогу.

Быт, права, звычаі

Пазнаць быт, права, звычаі селяніна - гэта значыць пазнаць яго экономічны быт, або асноўную форму яго матэрыяльнага жыцьця.

Як ведама, асноўнай і пануючай формай сялянскага землекарыстаньня на Беларусі была падворная форма. Зямельны надзел станавіў уласнасьць кожнага паасобнага сялянскага двара і, на выпадак патрэбы, дзяліўся толькі паміж членамі свае сям'і. Перадзелаў зямлі ў межах сяла, грамады (абшчыны) Беларусь не ведала. Надзел быў асабістай уласнасьцю гаспадара і яго сям'і.

Пры такім зямельным укладзе асноўнай формай працоўнай адзінкі на зямлі магла быць толькі вялікая сям'я. Толькі такая сям'я магла даць патрэбны лік работнікаў і захаваць надзел ад драбленьня. Такая форма сям'і, як працоўнай адзінкі, існавала на Беларусі з часоў аграрнай рэформы Жыгімонта Аўгуста і дайшла да нашага часу. Беларуская сям'я, як працоўная злучнасьць, дасканала апісана польскай пісьменьніцай з Беларусі, Э. Арэшкай (Ожэшка) у рамане "Над Нёмнам". Праўда, гэтая сям'я выстаўляецца ў рамане ў адмыслова польскім асьвятленьні, але ад гэтага справа не зьмяняецца. Беларуская сям'я - гэта сям'я Багатыровічаў з раману "Над Нёмнам".

На чале такой сям'і стаіць гаспадар-бацька з жанатымі сынамі, а часам і з замужнімі дачкамі, прычым мужыкі дачок называліся ў такіх выпадках прымакамі. Часта, па сьмерці бацькі, сыны зямлі не дзялілі, а працавалі супольна, жывучы толькі ў асобных хатах. Дзяліцьба лічылася вялікім злом, і старыя людзі адносіліся да гэтага варожа. Заможная сям'я разумела значэньне для гаспадаркі вялікага чысла рабочых рук і распадалася на асобныя гаспадаркі толькі пад прымусам канечнай, гвалтоўнай патрэбы. Такою патрэбай звычайна быў натуральны рост сям'і і немагчымасьць для сям'і зьмесьціцца на адным двары.

Часам, на выпадак патрэбы ў рабочых руках, у сям'ю прымаліся пабочныя сваякі і, нават, не сваякі на ўмовах здольніцтва, або супольнай працы, з правам на пэўную долю ад гэтай працы, адкуль і тэрмін - здольніцтва. Той сувязьзю, якая злучала ўсіх у вадну сям'ю і не давала сям'і разваліцца, была супольная праца на адным кавалку зямлі, супольная матар'яльная зацікаўленасьць.

Палажэньне кроўных, сваякоў, у такой сям'і лёгка зразумець: яны былі роўныя перад гаспадаром-сваім бацькам, або татулькам, наследнікі па сьмерці бацькі. Але якое палажэньне займалі прымакі, здольнікі і, наагул, не сваякі, чужародцы? Якое іх права на маемасьць гаспадаркі?

Выясьніць адносіны паміж членамі сям'і - гэта значыць пазнаць сямейны лад беларуса, яго права, грамадзянскія ўзаемаадносіны. Народныя звычаі, праўныя паняцьці найбольш выразна выступаюць у вялікай сям'і. Вялікая сям'я трымалася старымі традыцыямі, яна апіралася на старыя, усім вядомыя, абавязковыя звычаі, выпрацаваныя вякамі, жыцьцём цэлых пакаленьняў. Іншая справа - малая, дробная сям'я: тут асабістыя адносіны пераважаюць традыцыйна-звычаёвыя парадкі.

Здольнікі (ад слова - доля, часьць, або лепей - з долі, з часьці жыць) прымаліся ў сям'ю ў тым выпадку, калі ў хаце не хапала мужчынскіх рабочых рук; заставалася, напрыклад, удава з дробнымі дзяцьмі; яна не магла ўправіцца з гаспадаркай і прымала ў хату здольніка. Занепадаў з тых ці іншых прычын гаспадар і таксама шукаў сабе здольніка, - чалавека з здаровымі рукамі, а часам з гаспадарскім інвэнтаром, а то й з грашыма. Здольнік, прыстаючы ў сям'ю, рабіў з гаспадаром пісаную або вусную ўмову. Калі ў сям'і сам гаспадар вёў гаспадарку, то здольнік займаў палажэньне малодшага брата гаспадара або яго старэйшага сына, - у залежнасьці ад розьніцы ў гадох. У выпадку сьмерці або ў нябытнасьць гаспадара ў часе прыёму, здольнік займаў месца гаспадара, быў за гаспадара ў хаце.

Здольнік прыносіў у хату сваю маемасьць, а галоўным чынам, сваю працу. Гэта давала права яму і яго сям'і на рухомую і нерухомую маемасьць гаспадаркі. Такім парадкам безьзямельны селянін набываў сабе зямлю.

Другою пабочнаю асобай, што прыймалася ў сям'ю, быў прымак. Селянін неахвотна йшоў у прымы да цесьця, адгэтуль і прыказка: "Прымацкі хлеб - сабацкі", але малазямельле ці, наагул, гаспадарская заняпаласьць прымушалі часам дзяцюка прыстаць у прымы, г. зн. пайсьці ў сям'ю свае жонкі. У сям'і цесьця палажэньне прымака было падобна да палажэньня здольніка. Прымак аддаваў сям'і сваю працу, а часам прыносіў у хату і сваю рухомую маемасьць, як нявестка пасаг. Гэтая праца й маемасьць давала права прымаку і яго сям'і на частку цесьцевай зямлі. Гэтым, працоўным прынцыпам і аб'ясняецца тая акалічнасьць, што прымак па сьмерці цесьця меў права на часьць яго зямлі, тымчасам як дачка або сястра пры братох ня мела права на бацькаўскую зямлю. Наагул, палажэньне прымака ў сям'і цесьця апіралася не на сваяцтва, а на працу і на тую маемасьць, што прыносіў прымак у хату. Вось чаму прымакі часта рабілі з сям'ёю сваіх жанок пісаную або вусную ўмову нараўне з здольнікамі.

Застаецца сказаць яшчэ некалькі слоў а прыёмных дзецях. Народны звычай адрозьнівае дваякае палажэньне прыёмных дзяцей у сям'і, хоць і ня ведае фармальнага ўсынаўленьня. Прыёмны сын або дачка толькі тады дастаюць права на маемасьць і на зямлю, калі прыём адбыўся на падставе пісьменнага акту, які вызначаў долю прыёмыша ў гаспадарскай маемасьці, або на падставе вуснай заявы прыёмніка перад сходам ці перад сьведкамі. Прыёмнік павінен быў аб'явіць, што прыймае прыёмыша "за сына" ці "за дачку". Калі гэтая фармальнасьць не была датрымана пісьменна ці вусна пры акце прыёму, то ні сход, ні валасны суд не маглі прызнаць прыёмыша ўсыноўленым, і прыёмыш лічыўся простым работнікам, батраком.

Кожная сям'я справавалася аднолькава, незалежна ад таго,як яна складалася - з сваякоў, з дзяцей аднаго бацькі ці з прыёмных членаў.

Галава сям'і не насіў асобнага найменьня і не выдзяляўся чым-небудзь асобным з паміж іншых членаў сям'і. Гэта быў гаспадар для суседзяў і бацька для дзяцей або дзед ці дзядзька для малодшых членаў сям'і. Значэньне гаспадара палягала ў тым, што ён кіраваў усімі мужчынскімі работамі ў гаспадарцы. Гаспадарская парада звычайна адбывалася ўвечар за вячэраю. Калі пара было пачынаць якую-небудзь работу, напрыклад, сяўбу, жніво ці сенакос, то гаспадар пры вячэры радзіўся з старэйшымі членамі сям'і ды вызначаў патрэбны парадак у рабоце. Гаспадарская парада заўсёды адбывалася спакойна, разважна; увагі і дарады кожнага члена сям'і заўсёды выслухваліся, а потым прыймаліся да ведаму. Рэдка калі гаспадар забіраў голас галавы сям'і ды рабіў загад па-бацькоўску, бяз права зьмяніць яго пастановы. Такія выпадкі сьведчылі ўжо, што гаспадарка пачынала развальвацца. Звычайна ўсе слухалі гаспадара і выпаўнялі яго загады, бо звычай вымагаў таго: так трэба, іначай ня можна, сорам перад людзьмі.

Гаспадар быў і скарбнікам сям'і: ён хаваў гаспадарскія грошы, зьбіраў выручку ад продажу гаспадарскіх прадуктаў, плаціў падаткі, рабіў розныя выплаты, разрахункі з суседзямі і інш. Але найчасьцей грошы хаваліся ў гаспадыні-жонкі гаспадара. Калі гаспадарку вялі браты па сьмерці айца, то грошы таксама хаваліся ў маткі, калі яна была жыва, а то браты вялі гаспадарскі скарб супольна. Кожны член сям'і мог мець свае ўласныя грошы і ўласную маемасьць, і часам гаспадар зварачаўся да хатніх з пазыкай на супольныя гаспадарскія патрэбы.

Гаспадар назіраў і за павядзеньнем малодшых членаў сям'і: ён прымушаў гультаяватых да больш шчырай працы, караў вінаватых у гаспадарцы, назіраў за звычаёвасьцю маладых хлопцаў, пасылаў на заработкі вольных і аддаваў у службу малодшых членаў сям'і, калі вымагаў таго інтарэс гаспадаркі.

Як прадстаўнік сям'і, гаспадар карыстаўся агульнай павагай і пашанай усіх членаў сям'і. Яго слухалі, яму павінаваліся. Гаспадар садзіўся за сталом на самым пачэсным месцы - на покуці пад абразамі, і сядзець на покуці - гэта значыць быць гаспадаром хаты. На покуці садзяць яшчэ маладых на вясельлі. Іншыя члены сям'і садзіліся каля гаспадара ў парадку старшынства; жанкі садзіліся насупраць мужчын, а гаспадыня заўсёды з краю: яна распараджалася ядою.

Улада гаспадара ніколі не была дэспотычнай, адвольнай; кожная несправядлівасьць з яго боку або непрактычнасьць яго ў рабоце ці няўмелае распараджэньне гаспадаркай, п'янства ці гультайства - заўсёды прыводзіла да распаду сям'і, да дзяліцьбы або к пераходу гаспадараваньня ў другія рукі, напрыклад, у рукі старэйшага сына або брата гаспадара. Гаспадар павінен рабіць ня толькі ўсё тое, што вымагаецца інтарэсам гаспадаркі, усяе сям'і; ён павінен сваёю працай служыць прыкладам для другіх членаў сям'і. У цяжкай земляробскай працы гаспадар заўсёды выступае першы. Гаспадар ня можа адвольна, па сваёй волі распараджацца супольнай маемасьцю сям'і, а тым больш - зямлёю. Усе важныя гаспадарскія зьмены адбываюцца пасьля парады і згоды ўсіх членаў сям'і. Народны звычай, народныя праўныя паняцьці выпрацавалі цэлы рад правіл, якія кіруюць сямейным парадкам у гаспадарцы. Гэтым правілам падлягаюць ня толькі ўсе малодшыя члены сям'і - сыны, браты гаспадара, пляменьнікі, здольнікі, прымакі, - а таксама й гаспадар - галава сям'і. I ўсе валасныя суды на Беларусі нязьменна кіраваліся гэтымі народнымі звычаямі, народнай праўнай сьвядомасьцю, выпрацаванаю адносінамі такой працоўнай суполкі, якою была старая беларуская сям'я. У валасных судох, дзе справы вырашаліся ня пісанымі нормамі, а народнымі звычаямі, бывалі, напрыклад, такія здарэньні: пры разборы скаргі малодшых членаў на гаспадара суд наагул станавіўся на бок старэйшага, але бывалі выпадкі, калі суд накладаў кару на малодшага за непаслушэнства, а на старэйшага за тое, што той не патрапіў ушанаваць сябе патрэбнай павагай.

На пашане гаспадара, як кіраўніка гаспадаркі і галавы сям'і, пабудована асеньняе сьвята - "Дзяды", памінальная вячэра памёршых продкаў-дзядоў і бабак.

Падобна да таго як гаспадар кіраваў усімі мужчынскімі работамі ў гаспадарцы, так гаспадыня была кіраўніцай жаночых работ у полі й дома.

Звычайна гаспадыняй была жонка гаспадара, але бывала й так, што па сьмерці гаспадара яго месца заступаў старэйшы сын, а гаспадыняй заставалася ўдава, маці. Пры сынох - гэта з'яўленьне звычайнае, а ў больш складанай сям'і палажэньне ўдавы гаспадара залежыла ад яе асабістай годнасьці. Асабістыя якасьці гаспадыні вызначалі яе палажэньне і ў тых выпадках, калі яна, па сьмерці мужа, заступала яго месца пры дарослых жанатых сынох або пры пляменьніках. Пераход кіраўніцтва гаспадаркай ад гаспадара да яго жонкі не станавіў правіла; гэта часта бывала, але шмат залежыла ад розных жыцьцёвых прычын.

Як бачым, беларуская сям'я - не патрыархальная сям'я, дзе гаспадар-уладыка, а ўсе члены сям'і - яго рабы.

Палажэньне жанчыны ў беларускай сям'і роўнае з палажэньнем мужчыны і ў кожным выпадку - ня прыгнечанае. Галава сям'і - гаспадар, а яго жонка - гаспадыня. Кіраўніцтва мужчынскімі работамі належыць гаспадару, а кіраўніцтва жаночымі і ўсімі хатнімі справамі належыць гаспадыні. Агульнае-ж кіраўніцтва гаспадаркай вядзецца супольнай радай гаспадара з гаспадыняй. Прадаць каня ці купіць карову, паехаць на рынак ці на кірмаш і, наагул, перш, чым зрабіць які распарадак у хаце ці ў гаспадарскім набытку, гаспадар мусіць парадзіцца з гаспадыняй хаты Народны звычай вымагае, каб дзеці шанавалі матку, а малодшыя члены сям'і - гаспадыню і ўсіх старэйшых жанчын у хаце. Матка мае вялікі ўплыў на дзяцей абойга полу. Дзяўчаты наагул вырастаюць пад доглядам мацеры, а хлопцы стаяць пад апекай маткі да 14-16 год, - датуль, покі стануць памоцнікамі ў гаспадарцы. На выпадак сьмерці мужа, народны звычай ставіць дзяцей пад апеку мацеры.

Жанчына ў беларускай сям'і мае сваю ўласную маемасьць. Гэта маемасьць складаецца перш-наперш з тае рухомасьці, што яна прыносіць з сабою ў форме пасагу, а потым жанчына мае свае прыватныя заработкі, якія яна зьбірае, прадаючы агародніну, лён, палотны, курэй, яйцы і інш. Гэтым матка гатуе пасаг для свае дачкі.

Адносіны паміж мужам і жонкай даюць мала прыкладаў жорсткасьці ці дэспотызму. На выпадак узаемных сварак паміж мужам і жонкай, народны суд заступаецца за жонку і суровей адносіцца да мужа. Не паладзіўшы з мужам ці з яго сям'ёй, жонка пакідае мужа ды йдзе ўпрочкі - назад да бацькоў, і муж ня можа ўжо вярнуць яе гвалтам: для гэтага павінна быць яе згода. Але народны звычай не патурае прочкам і кажа: "Прочкі ходзяць без сарочкі".

Народныя песьні скардзяцца толькі на мужа-п'яніцу, але ў беларускай песьні нельга знайсьці такіх выпадкаў, каб жонка скардзілася на сваю залежнасьць ад мужа ці прыгнечанасьць у сям'і.

Палажэньне жанчыны горшае тады, калі яна застаецца ўдавою з малымі дзяцьмі ў непадзеленай сям'і. Палажэньне ўдавы адбіваецца і ў песьнях: "Расьці, зельле, градою: застаюся ўдавою!" Гэта значыць, што сьмерць мужа прыводзіць да заняпаду гаспадаркі, агароды пазарастаюць зельлем, бо ня будзе ў хаце ні ладу, ні сілы правшь гаспадаркай. Народная песьня абкружае ўдаву гарачым спачуцьцём. Жыцьцё ўдавы ў хаце нябошчыка-мужа подчас становіцца цяжкім, і ўдава з дзяцьмі варочаецца да сваіх бацькоў Дзеці пры гэтым ня трацяць права на бацькаўскую маемасьць і зямлю, а сваякі мужа павінны памагаць удаве гадаваць дзяцей - даваць на выхаваньне пэўную колькасьць збожжа ці чаго іншага. Калі-ж удава застаецца ў хаце мужа, то часта становіцца ў палажэньне работніцы, покі ня вырастуць дзеці ды не ахіляць яе сваёю апекай.

Калі бацька становіцца зусім стары і справаваць гаспадаркай ня можа, то кіраўніцтва пераходзіць у рукі старэйшага сына. У такіх выпадках пачыналася часамі дзяліцьба. Стары бацька, каб не даводзіць справы да калатні і сварак пасьля свае сьмерці, сам дзеліць сваіх сыноў. Дзеля гэтага старэйшым сыном будуюцца асобныя хаты, а малодшаму сыну заставалася бацькаўская хата. 3 малодшым сынам заставаўся жыць і бацька. Жыцьцё бацькі з малодшым сынам мела падвойнае значэньне. 3 аднаго боку, малодшаму патрэбна была дапамога, як слабейшаму, рабочаю сілай і менш практычнаму ў гаспадарцы, а з другога боку, бацька, дзелячы зямлю паміж сынамі, пакідаў невялікі кусок сабе. Гэты бацькаўскі кусок зямлі засяваў, звычайна, той сын, у каторага жыў бацька, а па сьмерці бацькі гэты кусок дзяліўся паміж усімі братамі. Адгэтуль ня дзіва, што падзеленыя браты часам пачыналі спрэчку аб тым, у каго павінен жыць стары бацька. Раз у валасным судзе разьбіралася справа, як старэйшыя сыны адабралі старога бацьку ў малодшага брата. Лёгка дагадацца, што кожны стараўся апраўдаць свой учынак моральнымі прычынамі - пашанаю да старога бацькі з аднаго боку і непашанай - з другога, але ў аснове справы ляжаў экономічны інтарэс - зямля, што заставалася пры бацьку ды засявалася тым сынам, пры каторым жыў бацька.

Дасьледзіны старой беларускай сям'і паказваюць, што асноўнай сувязьзю сямейнага парадку была праца, якая клалася ў гаспадарку кожным членам сям'і. Гэта асабліва выразна кідаецца ў вочы пры знаёмстве больш складанай сям'і, якою была сям'я здольніцкая. Здольнік дастае права на зямлю ў тэй сям'і, дзе працаваў. Гэтае права на зямлю даставаў і прымак, зноў такі на падставе свае працы ў чужой сям'і. Усюды відаць, што ў аснову кладзецца тая праца, якую ўносіў у гаспадарку кожны член сям'і. Уся форма старасьвецкай сям'і таксама трымалася на супольнай працы. Кроўныя, сваяцкія адносіны ў сям'і як-бы засланяліся гэтым працоўным пачаткам, панаваўшым у сям'і. Гэты працоўны пачатак выступае ў паглядах селяніна і на жаніцьбу.

Інтарэс працоўнага характару мае пераважнае значэньне ў гэтай сямейнай дзядзіне-жаніцьбе, асабліва ў сем'ях з старасьвецкім складам жыцьця. У вялікай сям'і, як дзяцюк, так і дзяўчына, падпарадкаваны таму выбару, які робяць старэйшыя. Уся істота справы палягае ў тым, што адна сям'я траціць работніка, а другая яго набывае. 3 гэтай прычыны заўсёды сьпяшаюцца ажаніць старэйшага сына, каб набыць для сям'і новую работніцу-маладзіцу; і, наадварот, старэйшую дачку стараюцца прытрымаць лішні год дома, каб выкарыстаць яе, як работніцу. Кіруючым пачаткам з'яўляецца праца і ў тым выпадку, калі, пры недахваце мужчынскіх рабочых рук у гаспадарцы, трэба знайсьці для дачкі прымака або пры безьзямельлі аддаць сына ў прымы. У такіх справах пасаг ня мае асаблівай вагі, а пастанаўляючае значэньне мае пытаньне аб тым, які работнік набываецца ў гаспадарку. А да таго, пасаг, звычайна, бывае невялікі; ён складаецца ў дзяўчыны з скрыні й кубла, набітых адзежай, плацьцем, настольнікамі, ручнікамі, палотнамі, ды з некалькіх штук скаціны - каровы, авечак. Пасаг грашыма практыкуецца вельмі рэдка, і то - заможнымі, багатымі сем'ямі толькі ў апошнія часы. У тым і другім выпадку пасаг, або выправа, становіць уласнасьць нявесткі, на якую сям'я мужа ня мае права. Вось чаму пасаг і ня мае асаблівай вагі пры жаніцьбе. Калі пагаварыць з старым дзедам ці бабаю, то выходзіць, што й хараство маладое ці маладога (жаніха й нявесты) мала патрэбна ў гаспадарцы. На пагляд старых, маладая павінна быць добрай работніцай, гаспадыняй, а малады - старанным, рупным гаспадаром. Пры гэтым, старыя прывядуць сотні прыкладаў, як людзі жаніліся ніколі ня знаўшыся, а пражылі век шчасьліва, багата, як дай бог кожнаму.

Маладое пакаленьне абураецца на такія пагляды. У моладзі асабістыя пагляды пачынаюць перамагаць традыцыйныя, старасьвецкія парадкі. Гэта асабліва выразна выяўляецца ў малых сем'ях, дзе сямейныя парадкі вальнейшыя і ня так скованы традыцыйнымі паглядамі.

Народны звычай абстаўляе шлюб (жаніцьбу) такімі формальнасьцямі. Пасьля сватоў адбываюцца другія й трэція запоіны. Пасьля запоін адмова лічыцца зьнявагай для тае стараны, якой адмовілі. Адмова мае яшчэ й матар'яльнае значэньне: той, хто адмовіўся, павінен вярнуць запоіны, г. зн. тыя выдаткі, што былі патрачаны на запоіны, а таксама заплаціць за той час, што быў страчан на запоіны.

Царкоўнае вянчаньне мела толькі адміністрацыйнае значэньне, як акт рэгістрацыйны, а ўся сіла шлюбу палягала ў тых вясельных звычаях, якімі шлюб абстаўляўся. Старасьвецкае беларускае вяселле - гэта найцікавейшая опэра, і на вясельле зьбіраецца паглядзець, апрача запрошаных гасьцей, амаль ня цэлая вёска.

У селяніна бадай ці ёсьць паняцьце аб законным разводзе, але практыка выпрацавала развод без пасрэдніцтва цэркві і адміністрацыі: не паладзіўшыя муж і жонка проста разыходзяцца. Тут паўстае толькі пытаньне маемнае. Калі муж і жонка разыходзяцца па добрай волі, то жонка забірае свой пасаг, што прынесла ў хату мужа, а муж-прымак забірае сваю маемасьць, з якою прыйшоў у хату цесьця або ўдавы. А калі адна старана кідае другую, то апошняя пакідае сабе права затрымаць дабро першае. Вось чаму, у выпадку спрэчак і непаразуменьня, валасны суд стараецца выясьніць, хто каго "прагнаў".

Так складаюцца сямейныя адносіны беларускага сялянства. У васнове гэтых адносін ляжыць праца, якая кіруе сямейным ладам. Сялянская сям'я пабудована на працоўнай аснове. Гэта асабліва выразна выступае там, дзе праца прыкладаецца да зямлі. I сама зямля мае значэньне толькі ў тэй меры, калі да яе прыкладаецца праца земляроба. Гэты працоўны пагляд на зямлю стаіць у поўнай згодзе з характарам беларускіх глебаў; бяз працы зямля нічога не дае: хто працуе, той і мае. Гэта й выгадавала ў народзе такое праўнае паняцьце, што права на землі належыць да тае асобы, што сама працавала на зямлі. Адгэтуль - права на зямлю здольніка, прымака, але не жанчыны, якая зямлі не арэ; адгэтуль, згодна з тым-жа праўным паняцьцем, адстаўныя салдаты даўней трацілі права на свой надзел зямлі, бо доўгі час не працавалі на зямлі. Народнае разуменьне працы і зьвязанага з працай права на зямельную ўласнасьць далёка розьніцца ад таго паняцьця ўласнасьці, якое ўстаноўлена й пануе ў сучасных буржуазных краінах.

На такіх працоўна-праўных паглядах пабудованы ўсе сямейныя ўзаемаадносіны, а, значыць, і ўсе грамадзянскія адносіны ў сялянскай Беларусі. Гэтыя праўныя паняцьці і складаюць цяпер тое, што мы называем народным, мясцовым правам.

Даўней Беларусь справавалася агульным пісаным правам, вядомым Літоўскім Статутам, зложаным яшчэ ў пачатку ХVІ-га сталецьця. Гэта было першае пісанае народнае права ў цэлай Эўропе. Літоўскі Статут меў сілу на Беларусі аж да 1840 году, покі не забараніў яго расійскі цар Мікалай Першы. Але праўныя паняцьці Літоўскага Статуту дажылі да нашых дзён, і мы натыкаемся на іх на кожным кроку пры аналізе сялянскіх узаемаадносін.

Знаёмства з ладам старой беларускай сям'і наводзіць на адно цікавае параўнаваньне. Хто хоць крыху цікавіўся гісторыяй даўнейшай Беларускай дзяржавы (бач "История Литовско-Русского государства" Любаўскага), таму адразу кінецца ў вочы вялікае падабенства паміж беларускаю сям'ёю і дзяржаўным ладам старое Беларусі. I цікава, нават вялікія князі, а потым каралі называліся гаспадарамі, а сама дзяржава называлася гаспадарствам. Гаспадар сям'і ня мог адвольна распараджацца гаспадаркай і ўсе распараджэньні рабіў пасьля нарады з дарослымі членамі сям'і,- так і вялікі князь абмяжован быў у сваіх правах Радаю, якая складалася з паноў і магнатаў. Гэта пазваляе сказаць, што даўнейшая Беларуская дзяржава станавіла сабою форму вялікай сялянскай сям'і.

К пачатку ХХ-га сталецьця беларуская вёска, беларускае сяло, засьценак у значнай меры зьмянілі агульную форму свайго быту. Зьмяніліся старыя пагляды, зьмяніліся і праўныя паняцьці, зьвязаныя з старым сямейным ладам. К моманту Лютаўскай рэволюцыі ўжо мала засталося і патрыархальных сем'яў. Праўда, і дагэтуль яшчэ можна стрэнуць старыя правы і звычаі, асабліва паміж старога пакаленьня. Сярод моладзі пачынаюць браць верх новыя формы жыцьця, новыя грамадзянскія ўзаемаадносіны.

Натуральны рост насяленьня і выкліканае гэтым ростам безьзямельле раскідалі стары дзядоўскі парадак сялянскага жыцьця. Пры малазямельлі старая вялікая сям'я стала ўжо немагчыма. Раскідалася старая сям'я-параскідаліся й старыя парадкі. Яшчэ нядаўна можна было сустрэць вялікую сям'ю, на чале каторай стаялі два-тры роўнапраўныя гаспадары-сыны аднаго бацькі, каторыя не падзяліліся па сьмерці айца, каб не разбурыць гаспадаркі, але яны ўжо самі адчувалі, што так далей жыць нельга, што гэта ня жыцьцё, а чыстае пекла. Жыць у вялікай сям'і стала цесна. Надзел ня мог ужо здаволіць патрэб усіх членаў сям'і. Сям'я расла, едакі прыбывалі, а зямля не павялічалася. Шмат што стала ўжо залежыць ад асабістай здольнасьці кожнага члена сям'і, а гэта ўжо ўносіла разлад і непаразуменьне. Кожнаму пачынала здавацца, што другія яго аб'ядаюць, жывуць яго працай. Пачыналіся сваркі, нелады, а ў рэзультаце-дзяліцьба.

Развал старое сям'і выклікаўся малазямельлем, а ў народнай сьвядомасьці адбіваўся сваркамі, калатнёю і хатнімі непарадкамі. Старыя людзі працівіліся дзяліцьбам, але яны пашыраліся з непераможнаю сілай. Жанкі сварыліся ў цеснаце за дзяцей, за іх заступаліся мужыкі, а выхад адзін - дзяльба.

А рэзультаты дзяльбы кожнаму вядомы. Старэйшыя члены сям'і з дарослымі дзяцьмі сяк-так перабіваюцца; яны прыглядаюцца да панскіх, больш культурных гаспадарак, пераймаюць новыя спосабы палепшанай гаспадаркі, замяняюць саху плугам, гной-лубінам, сенажаць-канюшынай, вікай і, такім парадкам, ставяць гаспадарку на больш культурны лад і тым папаўняюць малазямельле. Тымчасам, малодшыя члены сям'і ці, наагул, заняпаўшыя з тых ці іншых прычын гаспадары выбіваюцца з сіл пад цяжарам працы, а, нарэшце, кідаюць гаспадарку ды шукаюць ратунку ў заработках, якіх дома, пры адсутнасьці разьвітой прамысловасьці, знайсьці было трудна. Адгэтуль - паўпэрызацыя, эміграцыя ў Амэрыку, а то - перасяленьне ў Сыбір.

Безьзямелле, як зазначана вышэй, выклікалася натуральным ростам насяленьня. Тут трэба зазначыць яшчэ адну асаблівасьць зямельнага стану на Беларусі. Пры скасаваньні паншчыны, сялянам раздаваліся такія вялікія надзелы зямлі, што людзі не хацелі іх браць цаліком, бо баяліся вялікіх падаткаў, якімі была абложана сялянская зямля. Расійскі ўрад, раздаючы сялянам вялікія надзелы, біў на два бакі: з аднаго боку, ён хацеў паддобрыць і перацягнуць на свой бок беларускае сялянства, а з другога боку - падарваць зямельную сілу мясцовага пана, які не пераставаў бунтавацца. Справа ў тым, што скасаваньне паншчыны якраз прыпала на часы апошняга паўстаньня за аднаўленьне даўнейшай Рэчы Паспалітай, калі беларускае сялянства пад кіраўніцтвам Каліноўскага - гэтага дыктатара Беларусі, як яго называла расійская адміністрацыя, - таксама было ахоплена паўстаньнем проці Расіі. Гэты факт мала дасьледжаны, але надзвычайна цікавы. Пры такіх умовах лёгка дагадацца, чым кіраваўся расійскі ўрад, калі дома вызваляў сялян чуць ня голымі, а на Беларусі даваў столькі зямлі, што людзі не хацелі браць (Доўнар-Запольскі - "России", т. IX). Расійскія памешчыкі, што кіравалі аграрнай рэформай пры скасаваньні прыгону, не шкадавалі панскай зямлі на Беларусі, але хацелі й зарабіць на гэтай справе, ды перасалілі: абкладаючы сялянскія надзелы вялікімі падаткамі, яны зрабілі гэтыя надзелы страшнымі для людзей. Гэтым і тлумачыцца тое надзвычайнае зьяўленьне, што людзі не хацелі браць таго, за што пастаянна бунтавалі. Але й тут расійская бюрократыя патрапіла выкруціцца: яна стала пашыраць чуткі, што беларускі мужык так прыгнечан і задушан "польскім" панам, што й зямлі цураецца. Вось гэтая акалічнасьць і некаторыя іншыя, аб чым гутарка будзе ніжэй, і былі прычынаю тэй байкі-легэнды, што беларускі селянін-цёмны, забіты й някультурны. Гэтая байка-легэнда, выдуманая ліберальнай расійскай інтэлігэнцыяй 60-х гадоў на падставе такіх чутак, дажыла да нашых дзён і акуратна падтрымлівалася мясцовым элемэнтам, вёўшым барацьбу з польскім "засільлем" на Беларусі. Гэта байка ня мае пад сабой ніякай падставы і прыніжае сьвядомасьць і годнасьць беларускіх працоўных масаў. Падзеі апошніх дзён навочна паказалі, што беларуская сялянская гаспадарка стаіць далёка вышэй за гаспадарку велікарускую. А калі экономічнае разьвіцьцё народу стаіць вышэй, то вышэй яго й культурнасьць. I даўнейшая беларуская гаспадарка, як паказвае аналіз старасьвецкай сям'і, стаяла далёка ня ніжэй за суседзкую. Культурнасьць мерыцца ня тым, што чалавек выпадкам умее ці ня ўмее чытаць, - культурнасьць людзей мерыцца іх матар'яльным бытам, агульным экономічным разьвіцьцём.

Сучасная, яшчэ дарэволюцыйная няграматнасьць беларускага селяніна аб'ясьняецца ня тым, што ён па цемнаце сваёй ня мае ахвоты ці патрэбы ў навуцы, - знаёмства з асьветнай справай на Беларусі паказвае, што на гэта былі іншыя прычыны. а ў першую чаргу - нацыянальнае прыгняценьне, якое практыкавалася на працягу доўгага часу.

Усе беларускія традыцыйна-народныя сьвяты, як дзяды, каледаваньне, валачобніцтва, зажынкі, дажынкі, нават, радзіны, хрысьціны, - усё гэта пароджана старым сямейным ладам. Покі трымаўся гэты лад, датуль трымаліся і тыя звычаі, што былі зьвязаны з гэтым ладам. Асеньняе сьвята дзяды ўжо сваім назовам паказвае, што гэта-памінкі памёршых гаспадароў, кіраўнікоў добрага старога сямейнага ладу, а песьні калядныя, валачобныя, шчадроўныя, жніўныя віншуюць і апяваюць жывога прадстаўніка гэтага ладу - багатага, шчодрага гаспадара, яго сям'ю і багатую, слаўную гасподу. Для прыкладу возьмем валачобную песьню, і вось што яна сьпявае:

Цераз поле шырокае,
Цераз межы залаценькія
Ішлі-цяклі валачобнікі
Ды пыталіся слаўнага пана,
Слаўнага пана, пана гаспадара.
Да чымжа ён уславіўся?
I дабром сваім і дабром сваім.
Дай табе божа, пане гаспадару,
Піва варыці - сына жаніці,
Гарэлачку гнаці - дачку аддаваці.
Дай табе божа, пане гаспадару,
I ў каморы і ў аборы!
Дзе гара - там жыта капа,
Дзе лог - там сена стог.

Раскідалася старая сям'я, разваліўся стары сямейны парадак - выводзяцца адны за другімі і паціху зьнікаюць і ўсе старасьвецкія звычаі. Апошнімі часамі рэдка дзе спраўляюць шчадраца, перасталі каледаваць, мала ходзяць павалачобнаму, адміраюць і памінкі. Будуецца новы экономічны лад - будуць і новыя песьні.

Асьвета

Разьвітая працоўная зямельная суполка, якою была старая беларуская сям'я, патрабавала граматы, пісьменнасьці. Умовы, на якіх жылі здольнікі і прымакі, не маглі брацца на бірку, а вымагалі пісаных дакумэнтаў; бяз пісанай умовы трудна было жыць і прыёмышу. Такім парадкам, сялянства і, асабліва, мяшчане, занятыя даўней больш прамысловасьцю і гандлем, як зямлёю, разумелі патрэбу ў грамаце; даўнейшае шляхецтва, ужо з прычыны свайго праўнага палажэньня, роўнага палажэньню вялікага пана, мусілі быць граматнымі: на соймах і, асабліва, на сойміках, што практыкаваліся даўней у кожным павеце, няграматнаму ня было чаго рабіць. Рэлігійная барацьба - змаганьне праваслаўя з каталіцызмам - потым вуніяцтва, кальвінізм і протэстанцтва, ахапляўшыя подчас усю старасьвецкую Беларусь, таксама не маглі абыйсьціся бяз школ, без належнай асьветы. Рэлігійны рух выклікаўся экономічнымі прычынамі, барацьбою розных соцыяльных груп паміж сабою, але ўсе гэтыя падзеі варушылі грамадзянскую думку, вымагалі разумовага разважаньня, пісьменнасьці, асьветы.

I прылучаная да Расіі старая Беларусь багата была школамі. Па ўсіх гарадох і, нават, некаторых мястэчках былі друкарні, разьвівалася друкарская справа. Доўнар-Запольскі ("Россия", т. IX, стр. 108) кажа, што расійскі ўрад пры Мікалаі I спалохаўся шырокага разьвіцьця мясцовай школы на Беларусі ды пачаў зачыняць іх без замены іх расійскімі школамі. У 1834 годзе чысло вучылішч на Беларусі было зьменшана на палавіну. Беларуская асьвета найбольш месьцілася тады пры вуніяцкіх манастырох і цэрквах. Пры дапамозе рэнегата, архіепіскапа вуніяцкага Язэпа Сямашкі, вуніяцтва было зьнішчана. У вадзін 1832 год расійская адміністрацыя зачыніла 191 манастыр ("Россия", т. IX, стр. 108). Зачыняліся манастыры не дзеля таго, разумеецца, што расійскі ўрад быў антырэлігійным і ня любіў манастыроў, а дзеля таго, што там зьмяшчаліся школы, і навука выкладалася не ў пажаданым для адміністрацыі кірунку. Пасьля вядомага ў гісторыі "злучэньня вуніятаў з праваслаўнымі" пачалася перабудова надворнага выгляду вуніяцкіх царкоўных устаноў, заводзіліся кнігі расійскага друку, расійская мова заводзілася абавязковай усюды. Усё гэта рабілася гвалтам, прымусам, пры дапамозе казацкіх нагаек. Лёгка дагадацца, як магло адносіцца да ўсяго гэтага насяленьне, спрадвеку прызвычаенае да свайго. Усё расійскае, або маскоўскае, як тады называлі, выклікала страх у вадных і абурэньне ў другіх. Уся расійская адміністрацыя ў сваіх паведамленьнях у Петраград у вадзін голас сьведчыць, што насяленьне глядзіць, "як ваўкі ў лес". Язэп Сямашка, мітрапаліт вуніяцкі, а разам і царскі агэнт, пісаў у сваёй запісцы да расійскага ўраду (1827 г.), што "простой народ... отзываецца ежечасна: не бывала этого за Польши - не бывала этого за вунии" (Турцэвіч-"Хрестоматия по истории 3. России", стр. 756). "Юношество в публичных училищах", чытаем мы далей у тэй-жа запісцы: "отзываецца о России с презрением - не зная россиян; оно считает их народом варварским, и слово маскаль (курсіў тэксту) осталось обыкновенным изьявлением презрения" (там жа, стр. 756). I гэта гаворыцца пра моладзь вуніяцкую, а ў вуніяцтве, як зазначае той-жа Язэп Сямашка, быў "только простой народ", г. зн. сялянства й мяшчанства.

I калі потым, асабліва пасьля 1861 г., пачалі адчыняць на Беларусі расійскія школы, то народ сустрэў іх няпрыхільна, калі ня горш. Гэтым і тлумачыцца, што некаторыя мацяркі ў сёлах крыжам лажыліся на парозе, калі прыходзілі забіраць ці запісваць дзяцей іх у расійскую школу. Маткі не без падставы баяліся, што іх дзяцей пераробяць "на маскалёў". Расійскія апісальнікі беларускага сялянства любяць пасылацца на падобныя факты, як на характарныя азнакі беларускай цемнаты. Але назваць факт і ня выясьніць яго прычыны, гэта значыць нічога не сказаць. Аб'ясьняць непрыхільнасьць беларускага селяніна да расійскае школы нібыта яго цемнатою - гэта ўсё роўна, што аб'ясьняць развал старога сялянскага ладу бабскімі сваркамі паміж сабою. Такое аб'ясьненьне становіць другую байку расійскай буржуазнае інтэлігэнцыі. выдуманую дзеля таго, каб апраўдаць барацьбу свае буржуазіі з польскімі панамі на Беларусі. Тымчасам, гісторыя кажа, што расійскі ўрад, як гэта мы бачылі, ня толькі не дапамагаў, а гасіў асьвету на Беларусі. Селянін не пасылаў сваіх дзяцей у расійскую школу, бо яна была чужая, бо ён не хацеў і баяўся яе. Гэты страх і няпрыхільнасьць да расійскай школы выгадавала ў беларускім селяніне расійская адміністрацыя палітыкай абрусеньня, наварочваньнем гвалтам на праваслаўе і т. далей. У той час, калі мацяркі крыжам лажыліся на парозе, каб ня пусьціць дзяцей у расійскую школу, бацькі іх наймалі сваіх дарактароў (так называлі сяляне сваіх настаўнікаў граматы) ды вучылі дзяцей па хатах. А потым, калі сялянства асвойталася з расійскаю школай ды перастала яе цурацца, то гэтых школ так было мала. што яны не маглі ўжо здаволіць патрэб у навучаньні грамаце. Селянін, як і кожны чалавек, цэніць тое, што прыносіць матар'яльную карысьць, і калі пачалі адчыняцца на Беларусі настаўніцкія сэмінарыі, то нашае сялянства накінупася на іх. як галодны на яду. Сэмінарыі прыймалі ня больш, як 30-40 душ, а вытрымлівалі конкурс па 300-400 чалавек штогод. Селянін любіць школу, якая дае яму навочную карысьць, а такою школай якраз і была настаўніцкая сэмінарыя, а потым настаўніцкія інстытуты. Настаўніцкія сэмінарыі і інстытуты былі адмысловымі школкамі абрусеньня. Можна сьмела сказаць, што яны ня вучылі, а муштравалі сялянскіх дзяцей на добрых правадыроў расійскай абрусіцельнай політыкі на Беларусі. У гэтых школках-муштрах усё роднае, мясцовае, беларускае зьневажалася і тапталася ў гразь, але сялянства к гэтаму часу пасьпела ўжо забыцца, хто яно, і лезла ў гэтыя вучэльні, як мухі на мёд, бо яны выраблялі іх дзяцей на "людзі" і тым падтрымлівалі сапраўдную сялянскую гаспадарку, якая, як мы бачылі вышэй, прыходзіла да поўнага заняпаду ад малазямельля.

Тымчасам, агульным лікам пачатковых школ адчынялася мала, клапаціцца аб іх ня было каму бо ў Беларусі ня было, нават, таго земства, якое дбала ў Расіі аб пачатковай асьвеце. Адміністрацыя, занятая русіфікатарствам краю, баялася ўстанаўляць у нас сапраўднага земства, а ў замен яго прыдумала для Беларусі, як і для іншых акраін, нешта адмысловае, - т. званае "куртатае земства". Гэтае земства складалася з назначаных губернатарамі расійскіх чыноўнікаў і займалася больш паліцэйскімі справамі, як народнаю асьветаю ці іншымі грамадзянскімі патрэбамі.

Пасьля закрыцьця Віленскага ўнівэрсітэту (1832 г.) у Беларусі ня было ніводнае вышэйшае школы; сярэднія школы былі толькі ў большых гарадох і, разумеецца, не для сялянства.

К 1-му студзеня 1900 г. у Беларусі лічылася 8.266 школ; адна школа прыходзілася на 885 чалавек (Доўнар-Запольскі-"Россия", т. IX, стр. 121). Школы дзяліліся на дзьве часьці: адны былі пад загадам дарэкцыі народных вучылішч, а другія - пад загадам царкоўнае школьнае рады. Першыя ў сваю чаргу дзяліліся на вышэйшыя пачатковыя школы - гарадскія і павятовыя - і на пачатковыя народныя вучылішчы (у гарадох яны называліся прыходзкімі, або парафіяльнымі); другія - гэта царкоўна-парафіяльныя школы і школы граматы. Пераважала школа царкоўная; земскіх школ ня было, бо ня было самога земства.

Усе школы без выключэньня былі расійскія - з выкладовай расійскай мовай; беларускіх школ - з выкладовай беларускай мовай - ня было зусім, бо і самая беларуская мова была забаронена. Праўда, у пачатку, калі расійская мова слаба прышчаплялася, рабіліся спробы заводзіць кнігі ў пачатковых школах пабеларуску, але падручнікі наўмысьля пісаліся мовай, падробленай пад расійскую, дзеля лягчэйшай русіфікацыі, і хутка ад гэтага цацканьня самі пачынальнікі адмовіліся. Гэта было ў адміністрацыйныя часы Мураўёва, калі ў расійскія школы пачалі прабівацца пэдагогічныя йдэі Ушынскага. Пасьля гэтых, нячыстых спроб русіфікатарства запанавала беспадзельна. Нават багатыя земляўласьнікі, пагалоўна апалячаныя, не маглі дабіцца дазволу на польскія школы. 3 таго часу пачалі практыкавацца патаемныя польскія школы ў Беларусі. Такіх патаемных беларускіх школ, нават, пры вялікім жаданьні, не магло быць, бо, каб трымаць школу ды яшчэ патаемную, пад страхам адміністрацыйнае кары, патрэбны былі кошты. Такія кошты маглі быць толькі ў паноў-земляўласьнікаў, а яны лічылі сябе палякамі і, разумеецца, да беларушчыны адносіліся так, як і расійская адміністрацыя.

Натуральнае павялічэньне вясковага насяленьня, развал старасьвецкай сям'і выкліканы паступовым ростам малазямельля прымушалі селяніна шукаць выхаду з вясковае цеснаты. Пры адсутнасьці фабрычнай і заводзкай прамысловасьці адна толькі школа, асьвета, да некаторай ступені, магла прабіць дарогу ў сьвет, на заработкі, вясковай моладзі. I нашае сялянства, не зважаючы на адарванасьць расійскае школы ад мясцовага жыцьця, бязупынна імкнецца да навукі. Гэта мы бачылі, калі пачыналі адчыняцца расійскія сэмінарыі на Беларусі, гэта відаць і хоцьбы з таго факту, што шмат у якіх вёсках, асабліва ў шляхецкіх засьценках, адчыняліся, з дазволу мясцовай адміністрацыі, школкі свае, на свой уласны кошт. Складаліся гэтыя школкі такім парадкам: наймалася вольная хата, туды зьбіраліся дзеці, а граматны хлопец за невялічкую плату й харч вучыў дзяцей грамаце, пры чым настаўнік такіх школ харчаваўся па чарзе ў кожнага гаспадара, дзіця каторага хадзіла вучыцца. Настаўнікаў, або выкладчыкаў гэтых школ граматы сялянства называла дарэктарамі, а вучняў-студэнтамі, - пастарасьвецку, калі ў школах на Беларусі (пры езуітах) панавала латынь. Панаваньнем латыні ў старасьвецкіх школах на Беларусі тлумачыцца, паміж іншым, істнаваньне ў жывой народнай мове шмат слоў лацінскага пахаджэньня, як, напрыклад: літара, лемантар, сьлебізаваць, сьлебізор, адукацыя, ванітаваць, акуляры і шмат іншых. Русіфікацыя Беларусі, баязьліва распачатая пры цары Мікалаі I (па ўсіх дакладах у справе русіфікацыі цар нязьменна пісаў "действовать осторожно и неторопливо"), шырокаю рэчкай разьлілася пасьля паўстаньня 1863 году. Да паўстаньня было наадварот: насяленьне, напалоханае гвалтоўным наварочваньнем на праваслаўе, шукала парады ў болын знаёмага яму апалячанага каталіцкага духавенства, і тады паланізацыя, апанаваўшая раней толькі вярхі грамадзянства - паноў-земляўласьнікаў, - шырака ахапіла народныя, пераважна вуніяцкія масы.

Пачынальнікам новай русіфікатарскай політыкі на Беларусі быў грап М. Мураўёў. Ён распачаў справу з таго, што пазачыняў усе мясцовыя школы, завёў усюды расійскую мову, панасылаў на Беларусь расійскіх чыноўнікаў, а ўсе новыя школы павінны былі праводзіць яго русіфікатарскую політыку. Усё гэта рабілася пад відам змаганьня з "польскім засільлем", з мяцежным польскім духам. Барацьба з польскім элемэнтам была нятруднай, бо сялянская маса ненавідзела польскасьць, як азнаку панскага, прыгоннага. Пры такім стане нятрудна было ўдаваць з сябе дабрадзея, і політыка грапа Мураўёва відавочна расла й крэпла. Пры Мураўёве адчынілася першая настаўніцкая сэмінарыя ў Маладэчыне на Віленшчыне. У сэмінарыю набіраліся выключна сялянскія дзеці праваслаўных бацькоў і гадаваліся там на казённы кошт у вадмыслова-расійскім духу і ў ненавісьці да ўсяго польскага. Усё роднае, блізкае, беларускае высьмейвалася, зьневажалася, тапталася ў гразь, і самае нявіннае спачуцьцё да беларушчыны выклікала кару: вучня звальнялі, а з бацькі зысквалі грошы, патрачаныя на сына ў форме казённага ўтрыманьня (стыпэндыі). Праз чатыры гады, скончыўшых сэмінарыю, назначалі настаўнікамі ў пачатковыя народныя школы. Ня трэба казаць, што гэтыя настаўнікі былі найлепшымі правадырамі Мураўёўскай політыкі абрусеньня.

Калі першая спроба ўдалася, то пачалі адчыняць такія вучэльні-сэмінарыі ў другіх мясцох. Неўзабаве адчынілася настаўніцкая сэмінарыя ў Несьвіжы на Меншчыне ў б. вуніяцкіх мурох, потым у Панявежы на Ковеншчыне, у Сьвіслачы на Горадзеншчыне. і ў хуткім часе Беларусь напоўнілася русіфікатарамі мясцовага гатунку, меўшымі надзвычайна вялікі ўплыў на сялянства, бо былі звязаны з ім сваім сялянскім, мужычым пахаджэньнем. Калі такім парадкам пачатковая народная (сялянская) школа была заваёвана, то для гарадзкіх і павятовых школ сталі адчыняць настаўншкія інстытуты - тыя самыя сэмінарыі, толькі вышэйшага тыпу Першым адчыніўся Віленскі інстытут, побач - Глухаўскі на Чарнігаўшчыне, а пазьней - Віцебскі. У інстытуты набіралі настаўнікаў з пачатковых школ, якіх, таксама на казённы кошт, муштравалі ў далейшым русіфікатарстве з дадаткам некаторай "навуковасьці". Калі сэмінарыі выпускалі сьляпых, малаграматных выканаўцаў волі начальства, то настаўншкія інстытуты гадавалі добра вымуштраваных і даволі адукованых русіфікатараў. На голае, гістарычна-неабаснованае русіфікатарства мястэчка й горад ня йшлі, і тут патрэбны былі такія вучэльні, як інстытуты, дзе справа выстаўлялася ў асьвятленьні некаторай навуковасьці, і з інстытуту выходзілі такія адшчапенцы-янычары, што літаральна выракаліся свайго роду. Бывалі здарэньні (жывыя яшчэ й цяпер), што такі настаўнік-інстытутчык не прызнаваўся пры людзях да сваіх бацькоў, бо яны былі "простыя" людзі, з "простай, мужычай" мовай.

Тым часам бацькі сялянскіх дзяцей вылазілі з скуры, каб аддаць дзяцей сваіх у "навуку" ў гэтыя пасткі-вучэльні, а дзеці лезьлі туды, як мухі на мёд, бо адтуль выпускалі іх настаўткамі, гаспадарамі, - гаспадарамі, якімі яны не маглі быць дома на сяле, дзе малазямельле і безьзямельле раскідалі ня толькі паасобныя гаспадаркі, але й цэлыя вёскі.

Разьвіцьцё жалезных дарог, почт, тэлеграфу, розных канцэлярый па гарадох і мястэчках давалі прытулак і некаторым тым сялянскім і мяшчанскім дзецям, што пасканчалі школкі ў сваіх землякоў-русіфікатараў. Так была працярэблена дарога для ўзаемнага русіфікатарства, і ўсё, што праходзіла праз школы на Беларусі, то гінула для Беларусі, для беларускай культуры, для яе самабытнасьці. Усё здольнае, больш рухавае, што маглі даць вёскі ці сёлы, выцягалася праз школу, як помпай, у гарады, на чужыну, а сялянская маса, зьвязаная з кавалкам зямлі, апушчалася ў цемру сапраўднай некультурнасьці.

Абрусеньне шырака праводзілася ў гімназіях, а пра духоўныя сэмінарыі і гаварыць ня прыходзіцца. У дадатак да таго, што гаварылася аб іх вышэй, прывядом тут выпіску з пастановы, адобранай царом 5-га марца 1832 году. Сінод пастанавіў: "замешать священническия места образованными лицами из России; замещать начальственныя и преподавательския должности в западных епархиях лицами русского образования; посылать из западных семинарнй лучших воспитанников в С.-Петербургскую и Псковскую академию с тем, чтобы они потом назначаемы были на службу в русския губернии на четыре года и затем обращаемы были на служение в природныя епархии; иметь архиереев чисто русского происхождения и собственно русского образования; тоже наблюдать в назначении ректоров, инспекторов и профессоров в семинариях сих епархий". (Турцэвіч: "Хрестом. по истории З. России", стр. 763). Тлумачыць тут няма чаго: кожнаму ясна, для чаго гэта ўсё рабілася.

На заканчэньне трэба адзначыць, што, не зважаючы на агульную культурна-экономічную разруху, некаторыя сяляне, пазбаўленыя лішніх едакоў, пайшоўшых на заработкі, экономічна крэпнуць і палепшваюць свой дабрабыт. Падмацованыя грашыма пайшоўшых на службу сыноў, братоў і пляменьнікаў, яны пачынаюць будаваць новыя, на дзьве палавіны, хаты, заводзяць палепшаныя, культурныя спосабы гаспадаркі і т. далей. А поплеч з гэтым, у сялянскіх дзяцей, параскіданых па сьвеце, перапакутаваўшых сваё зьневажэньне ў русіфікатарскіх школах і цярпеўшых нацыянальны зьдзек яшчэ й на заработках, на чужыне й дома ў гарадох, - пачынае абуджацца нацыянальная сьвядомасьць, і тым кладзецца пачатак сапраўднаму культурна-нацыянальнаму адраджэньню і новай эры ў гісторыі Беларусі. Праўда, ідэя нацыянальнага адраджэньня парадзілася далёка раней; гэта было, як мы ўгледзім ніжэй, яшчэ ў пачатку ХІХ-га сталецьця, у рэзультаце таго навуковага руху, што распачаўся быў пры Віленскім унівэрсітэце, але гэта была толькі ідэя, - прычым, кволая і зусім нявыразная. Сапраўдны беларускі рэнэсанс распачаўся толькі на пярэдадні Лютаўскай рэволюцыі 1917 года і стаў навочнай рэальнасьцю пасьля перавароту ў кастрычніку.

Цэркаў і рэлігія

На пачатку ХІХ-га сталецьця на Беларусі панавалі тры рэлігійныя вызнаньні: вуніяцтва, каталіцтва і праваслаўе. Сярод народных сялянскіх і мяшчанскіх мас найбольш пашырана было вуніяцтва, або грэцка-бізантыйскае вызнаньне, прызнаваўшае галавою цэркві рымскага папу. Рымска-каталіцкага вызнаньня трымаліся ўсе мясцовыя паны-земляўласьнікі, большасьць шляхецтва й мяшчанства. Каталікоў налічалі каля 1/3 ўсяго беларускага насяленьня; рэшта дзялілася паміж вуніятамі і праваслаўнымі, але вуніяцтва значна пераважала праваслаўе. Пры так званым "возсоединении униятов" з расійскаю царквою, вуніяты налічалі на Беларусі 1.500 парафій. Вуніяцтва патрапіла стаць чыста сялянскай верай, дзякуючы блізасьці да народу казаньнямі і часткаю набажэнства ў беларускай мове.

Як ведама, вуніяцтва на Беларусі скасована было ў 1839 годзе. Касавалася яно гвалтам і, нават, паасобнымі злачынствамі. Калі Язэп Сямашка падгатаваў ужо ўсё для ўрачыстага злучэньня вуніятаў з расійскаю царквою, то проці гэтага востра выступілі стары мітрапаліт вуніяцкі Язэп Булгак і Ясафат Жарскі, епіскап пінскі, але яны раптоўна памерлі. Казалі, што іх атруцілі. Пасьля офіцыяльнага злучэньня, непакорлівых вуніяцкіх папоў ссылалі ў Сыбір, у глыбіню Расіі; некаторых пасадзілі ў вастрогі, а цэркві адбіралі ў насяленьня збройнай сілай. Вуніяцкія кнігі да набажэнства адбіралі й палілі ды так старанна, што цяпер вуніяцкая кніга становіць надзвычайную рэдкасьць. Частка вуніятаў, гвалтам павернутая ў праваслаўе, тайна перайшла ў каталіцтва, што навочна выявілася пасьля 1905 г., калі быў дазволен пераход у каталіцтва.

Па скасаваньні вуніяцтва засталося два вызнаньні: каталіцтва і праваслаўе. Адміністрацыя стаяла за праваслаўе, а каталіцтва толькі цярпелася, як няўхільнае зло. 3 гэтай прычыны, каталіцтва, пачуваючы сябе прыгнечаным, цясьней зьвязалася з народнымі гушчамі, а праваслаўе стала вызнаньнем чыста казённым, адміністрацыйным. У праваслаўнага духавенства ня было ніякай ідэёвай сувязі з народам, апрача чыста адміністрацыйнай, патрэбнай народу для некаторых грамадзянскіх актаў: шлюбаў, хрысьцін, пахаваньня. На пачатку, як ужо зазначалася вышэй, большасьць праваслаўнага духавенства складала элемэнт чужы, панасыланы з Расіі ў якасьці місіянэраў для падтрыманьня праваслаўя і барацьбы з каталіцызмам. Будучы элемэнтам малакультурным, яно для змаганьня з каталіцызмам зусім не надавалася, а пачуваючы на сваім баку поліцэйскую сілу, бароцца з больш культурнымі і добра вымуштраванымі ксяндзамі, нават, не памыкалася, а спакойна жыло сабе звычайнымі чыноўнікамі, дастаючы часам падвойную пэнсію за сваё "місіянэрства". А насяленьне, змучанае пастаяннай рэлігійнай талачэчай, зусім перастала цікавіцца праваслаўнай царквою. У той час, калі касьцёлы напаўняліся народам, праваслаўная цэркаў найчасьцей пуставала. I калі ў часе рэволюцыі прыпынілася йсьці казённая пэнсія, то некаторыя праваслаўныя прыходы сталі адміраць натуральнай сьмерцю: даходы з цэркві не маглі пракарміць сьвяшчэньніка.

Рэлігійнасьць сама па сабе ніколі ня мела асаблівага значэньня ў жыцьці беларускага селяніна. Рэлігійная барацьба ў сярэднія вякі, вытварэньне вуніяцтва і яго гвалтоўнае зьнішчэньне, потым наварочваньне казацкімі нагайкамі на праваслаўе, - усё гэта не магло спрыяць аўторытэту цэркві. Селянін больш паважаў сваю старую, яшчэ паганскую абраднасьць, якая на працягу сотак год не падлягала карэнным зьменам. I, незалежна ад свайго царкоўнага вызнаньня, беларус да апошняга часу акуратна выпаўняў усе старасьвецкія звычаі і абраднасьці. Гэтым і тлумачыцца тое, што ў аднэй хаце спакойна зжываліся каталік з праваслаўным, а раней - каталік, праваслаўны і вуніят; у мяшчанскай сям'і перападаўся, нават, протэстант. Гэта прывучыла беларуса да верацярпімасьці: бывала так, што жонка з кантычкай ішла да касьцёлу, а муж - у цэркаў і наадварот. Па сваім рэлігійным пачуваньням беларус спакойна і аднолькава верацярпіма ставіцца да ўсіх - да каталіка й праваслаўнага, да жыда й татарына, да кальвіністага й маскоўскага старавера. Беларус ніколі ня быў фанатычны. Усе эўрапэйскія царкоўныя абраднасьці перабывалі на Беларусі, і гісторыя ня ведае выпадкаў, каб беларускае сялянства строіла конфлікты на рэлігійнай падставе.

Беларус ніколі ня быў рэлігійным фанатыкам. Рэлігія захапіла, агулам кажучы, толькі надворны бок беларускага селяніна; у разумовым складзе яго жыцьця ў поўнай меры панавалі старыя, паганскія звычаі і абраднасьці. Гэтымі старасьвецкімі паганскімі звычаямі да апошняга часу былі абстаўлены ў беларускага селяніна ўсе вялікія гадавыя хрысьціянскія сьвяты.

Навука й мастацтва

Адсутнасьць вышэйшых школ была прычынаю таго, што навукі і навуковых дасьледзін на Беларусі ня было.

У пачатку прошлага сталецьця шырокая навуковая праца была распачата Віленскім унівэрсітэтам, дзе былі згуртованы лепшыя сілы польскае навукі, пераважна мясцовага беларускага пахаджэньня. Гэта былі часы росквіту польскае літаратуры і польскай навукі, - часы Міцкевіча Адама і Сыракомлі, якія былі родам беларусіны. У гэтай навуковай працы беларускі край і беларускі народ заняў першае месца. Культурна-навуковы рух пры Віленскім унівэрсітэце праняты быў гарачым замілаваньнем да свайго беларускага краю, да свайго роднага, крывіцкага, як тады называлі, народу; жаданьнем пазнаць яго псторыю, азнаёміцца з бытам, расказаць пра жыцьцё селяніна-земляроба ахоплены былі лепшыя сілы грамадзянства. Нарадзілася шмат польскіх пісьменьнікаў, каторыя аддавалі свае сілы й здольнасьці на дасьледзіны Беларусі. Усе яны ў пераважнай болынасьці былі родам беларусіны, толькі выгадаваныя ў польскай культуры. Яны не выракаліся свайго роду і з поўным правам называлі крывіцкае племя сваім народам. Шмат хто з гэтых пісьменьнікаў працаваў над гістарычнымі і этнографічнымі дасьледзінамі Беларусі, як, напрыклад, Ян Чачот, Нарбут, а потым Е. і К. Тышкевічы, Зянькевіч, а далей Адам Кіркор і шмат іншых. Некаторыя пробавалі апісваць быт беларускага селяніна ў форме апавяданьняў папольску й пабеларуску (Ян Баршчэўскі і інш.) і, такім парадкам, палажылі ідэёвы пачатак таму культурна-нацыянальнаму руху, які ў пачатку XX-га сталецьця перакінуўся ў сялянскія і рабочыя масы і парадзіў сапраўднае нацыянальнае адраджэньне Беларусі (бач вышэй). Найбольш выдатным прадстаўніком такіх пісьменьнікаў быў В. Дунін-Марцінкевіч, першы беларускі пісьменьнік пачатку адраджэньня; потым пайшлі - Багушэвіч, Няслухоўскі і інш.

Навуковая праца, распачатая Віленскім унівэрсітэтам, мела вялікае грамадзянскае значэньне. Поплеч з навуковымі дасьледзінамі гістарычнага прошлага Беларусі і яе народу, пісьменьнікі, рысуючы па звычаю таго часу ў ідэалістычнай форме беларускі народны быт, тым самым выяўлялі агульна-чалавечае значэньне паншчыны, або прыгону, заклікалі паноў да гуманнасьці і, такім парадкам, разьвівалі ў грамадзянстве ідэю сялянскай волі і чалавечай годнасьці. У гэтым, бясспрэчна, была вялікая заслуга тых, польска-беларускіх дасьледчыкаў і пісьменьнікаў.

Пад уплывам тых вызваленчаскіх ідэй некаторыя земляўласьнікі на Беларусі наважыліся завесьці ў сваіх дварох гуманныя рэформы. Гэта тым больш падахвочвала іх, што на Беларусі й раней, пад уплывам рэволюцыйна-вызваленчаскіх ідэй францускай рэволюцыі, рабіліся падобныя спробы. Так, напрыклад, у канцы XVII-га сталецьця, грапы Брастоўскія павызвалялі ад паншчыны сваіх сялян у сваіх маёнтках (Мерачы на Віленшчыне). Асабліва цікавая была рэформа, зробленая апошнім канцлерам Рэчы Паспалітай грапам Яхімам Храбтовічам у сваіх маёнтках Шчорсах (на Меншчыне Наваградзкага павету) і ў маёнтку Вішнёве на Віленшчыне. Храбтовіч абярнуў сваіх падданых сялян на арандароў, аслабаніў іх ад працы на пана і ад розных панскіх падаткаў. Насьледнікі Яхіма далі сваім сялянам шырокае самасправаваньне. Гэтая рэформа, зробленая ў канцы XVII-га сталецьця, дажыла да скасаваньня паншчыны ў Расіі і становіць рэдкае зьяўленьне ў цэлай Эўропе.

Пад уплывам апошняга паўстаньня на Беларусі (1861 г.) абудзілася была цікавасьць да Беларусі і сярод расійскай інтэлігэнцыі, але барацьба з "польскім засільлем" засланіла чыста беларускую справу, і гэты рух затапіўся ў хвалях звычайнага русіфікатарства.

Віленскі ўнівэрсітэт зачынен быў пасьля ліквідацыі польскага паўстаньня 1830-31 гадоў, і тым надоўга прыпынена была навуковая праца на Беларусі. Бібліятэка і музэй Віленскага ўнівэрсітэту перавезены былі ў Кіеў, дзе праз два гады адчынен быў Кіеўскі ўнівэрсітэт.

Апошнім часам перад рэволюцыяй некаторыя гарады Беларусі (Менск, Магілёў, Віцебск) ня раз зварачаліся да ўраду з просьбай адчыніць унівэрсітэт на Беларусі ці якую іншую вышэйшую школу і вызначалі для гэтага мясцовыя кошты, але дарэмна: царскі ўрад упарта стаяў на сваім і дазволу не даваў. Прымушаны даць новы ўнівэрсітэт Расіі, ён адчыніў яго ў Саратаве, а не на Беларусі. Беларусь дачакалася свае вышэйшае школы толькі пасьля рэволюцыі, пры Савецкай уладзе, калі ў Менску былі адчынены спачатку Беларускі Дзяржаўны ўнівэрсітэт (1921 г.), а потым Беларускі Дзяржаўны Гаспадарскі інстытут (1922 г.)

Што да тэатру й мастацтва Беларусі, то да нашага часу дайшла толькі Беларуская народная батлейка (ад слова Батлеем-Віфлеем). Батлейка - гэта спадчына старасьвецкіх рэлігійных містэрый, шырака распаўсюджаных у сярэднія вякі, асабліва пры езуітах, на ўсіх прасторах старасьвецкае Беларусі. 3 Беларусі рэлігійныя містэрыі перанесены былі ў Маскву (Сымон Полацкі). Для такога тэатру пісаліся п'есы з народнага беларускага быту, разумеецца, рэлігійна-навучальнага зьместу (п'есы Марачэўскага ХVІІІ-га сталецьця).

3 заняпадам беларускае культуры надоўга прыпынена было разьвіцьцё беларускага тэатру і беларускага мастацтва. Беларускі тэатр стаў зноў разьвівацца толькі на пярэдадні рэволюцыі, з пачаткам культурна-нацыянальнага руху ў рабоча-сялянскіх масах. У вапошнія гады, ужо пры Савецкай уладзе, беларускі тэатр, беларускі хор, беларуская народная песьня так далёка пайшлі ў сваім разьвіцьці, што пачынаюць зварачаць на сябе вялікую ўвагу тэатраў суседніх народаў, маючых разьвітое тэатральнае мастацтва.

Лёсік, Я.
1921-1930: Зб. тв. / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. - Мн.: НАРБ: Выд. Логвінаў, 2003. - 396 с.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.