Музеі Генеральнай акругі «Беларусь» (1941-1944)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Музеі Генеральнай акругі «Беларусь» (1941-1944). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Гісторыя музеяў на тэрыторыі Генеральнай акругі "Беларусь" у 1941-1944 гг. дагэтуль, калі не лічыць апублікаваных успамінаў А. Шукелойця і штудыяў А. Гужалоўскага [1] ды матэрыялаў у зборніках "Вяртанне", была "закрытаю" тэмаю.

Насуперак цверджанням, што пануюць у літаратуры, на пачатку вайны, нягледзячы на значныя знішчэнні, некаторыя музеі ацалелі. Але ў іх быў розны лёс.

Ужо ў першыя дні акупацыі рэчы са сталічных музеяў сталі разыходзіцца па руках гараджанаў. Адным з цэнтраў рэалізацыі гістарычных прадметаў магла быць, напрыклад, крама, што адчынілася ўвосень 1941 г. пры аддзеле мастацтваў Менскай гарадской управы на вул. Алеся Гаруна (Камсамольская), [2]. Там можна было набыць, прадаць, здаць на камісію розныя старыя мастацкія рэчы, пра што сведчаць абвесткі ў тагачаснай прэсе2.

Значна пацярпела Дзяржаўная карцінная галерэя БССР. На пачатку вайны яна ацалела, але дробныя экспанаты былі разрабаваныя першымі нямецкімі вайсковымі часцямі і жыхарамі Менску, як, прыкладам, работы палехаўскіх майстроў, скарбонкі, дываны, беларускія посцілкі [3]. Як сведчыць А. Шукелойць, галерэя была пакінутая яе супрацоўнікамі на волю лёсу, "і таму там рабаваў, хто хацеў" [4]. Загінулі шмат якія карціны. З тых прадметаў, што ацалелі, найбольш каштоўныя былі перавезеныя ў Кёнігсберг - 170 твораў расейскага і заходнееўрапейскага жывапісу, 30 беларускіх абразоў XVI-XVIII стст., 50 скульптураў; частка рэчаў перайшла ў Менскі краёвы гістарычны музей [5]. У Кёнігсберг, відаць, была вывезеная і калекцыя слуцкіх паясоў, што трапіла ў Менск пасля 1939 г. з нясвіжскага замку Радзівілаў. Рэшта засталых ад колішняй карціннай галерэі прадметаў перайшла пад апеку генеральнага камісара Беларусі [6], некаторыя рэчы можна было ўбачыць у часе вайны ў гарадскіх урадавых памяшканнях ды ў сядзібах розных арганізацыяў [7]. Галерэя, такім чынам, спыніла сваё існаванне. К 1944 г. ад яе збораў амаль нічога не засталося [8].

У часе вайны перасталі існаваць геалагічна-мінералагічны і гістарычна-археалагічны кабінеты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, заалагічны і геалагічны музеі Акадэміі навук [9]. Лёс гэтых сховішчаў пакуль яшчэ канчаткова не высветлены.

Немцы з цікавасцю паставіліся да гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі. Пры міністру акупаваных усходніх абшараў райху Альфрэду Розэнбергу быў створаны спецыяльны аператыўны штаб (Einsatzstab Reichsleiter Rosenberg fьr die besetzten Gebiete) з нямецкіх навукоўцаў, якія пераглядалі ацалелыя музеі, бібліятэкі і архівы ды адпраўлялі выбраныя матэрыялы ў Нямеччыну. У Менску дзеяў аддзел штабу. Тут быў адмысловы будынак, куды згружаліся каштоўнасці, падрыхтаваныя на вываз у райх [10].

Асабліва пільную ўвагу немцы ўдзялялі культурнай спадчыне габрэйскага насельніцтва. Для спецыяльных зондэркамандаў было вызначанае заданне: канфіскоўваць з грамадскіх бібліятэк і архіваў, а гэтаксама з канцылярыяў рэлігійных установаў, масонскіх ложаў і яўрэйскіх аб’яднанняў дакументы і каштоўнасці дзеля выправы іх у Нямеччыну [11].

Вываз помнікаў культуры ў Нямеччыну звычайна разглядаецца толькі як рабаванне беларускіх музеяў. Аднак тагачасная беларуская прэса характарызавала працэс перамяшчэння каштоўнасцяў у 1943-1944 гг. у райх як эвакуацыю, "каб яны, не зважаючы на ўсё, маглі ператрываць гэтую вайну і захаваліся для пазьнейшых пакаленьняў" [12]. У нямецкіх дакументах гаворыцца пра "экспанаты з усходніх земляў", якім "павінна быць забяспечана выратаванне ад страт ваеннага часу" [13]. Факты сведчаць, што немцы вывозілі каштоўнасці як пад выглядам эвакуацыі, гэтак і адкрыта, "канфіскоўваючы" ў законных уласнікаў цікавыя экспанаты для навуковых і музейных установаў райху [14].

Колькі музейных калекцыяў было страчана ў часе вайны, якія былі вернутыя на радзіму, а што трапіла ў іншыя сховішчы былога СССР - дагэтуль дакладна невядома. Як адзначае расейскі даследнік праблемы Н. Нікандраў, "бывшие советские власти по сути никаких масштабных действий по поиску утраченного культурного фонда не предпринимали" [15].

Другая суссветная вайна прынесла Беларусі вялікія спусташэнні. Шмат якія помнікі культуры загінулі. Тым не менш, у 1941-1944 гг. на тэрыторыі Генеральнай акругі "Беларусь" - у Менску, Баранавічах і Слоніме - дзеялі музеі. У Бягомль (Барысаўская акруга) у верасні 1942 г. з парку-запаведніку ў Домжарыцах быў пераведзены заалагічны музей і спецыяльная бібліятэка. У Бягомлі музей размясцілі ў "вялікім мураваным будынку", для яго афармлення былі заказаныя некалькі шкляных свяцільняў [16].

Былі спробы стварыць навуковыя арганізацыі дзеля вывучэння і збору помнікаў мінуўшчыны, аднак значнага плёну чыннасць гэтых структураў не мела. 6 лютага 1944 г. было абвешчана пра заснаванне пры Беларускай цэнтральнай радзе Беларускага культурнага згуртавання, якое мела аддзел музеяў і краязнаўства. Ачоліў гэты аддзел з 1 лютага 1944 г. А. Шукелойць [17].
Менскі краёвы гістарычны музей

У 1941 г. савецкія ўлады не паспелі эвакуаваць збораў менскага гістарычнага музею [18]. Да вайны ў ім было 60 000 экспанатаў. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР фонды папоўніліся калекцыяй гарматаў і рыцарскага рыштунку ды сярэднявечнай зброі з нясвіжскага палацу Радзівілаў [19].

Перад вайной у музеі было чатыры залы: дакласавага грамадства, феадалізму, капіталізму (этнаграфічная), савецкага грамадства; працавалі 11 чалавек (пераважна гэбраі), усе яны эвакуаваліся ўглыб Савецкага Саюзу. Застаўся толькі адзін супрацоўнік - вучань В. Ластоўскага, рэстаўратар Габрыель Віер (румынец (малдаванін) з нацыянальнасці) [20].

На пачатку вайны Менскі краёвы гістарычны музей (у нямецкіх крыніцах - Landesmuseum Minsk), "ня гледзячы на ваенныя дзеяньні і вялікія зьністажэньні", захаваўся [21]. Аднак пэўны час заставаўся без апекі. Пры ўваходзе ў Менск немцы "палажылі [на музей] пячатку і ад’ехалі", што, аднак, не перашкодзіла зладзеям трапіць у фонды і да ўсталявання ў горадзе парадку "рэквізаваць" частку калекцыяў. Г. Віер, які не ведаў нямецкай мовы, не мог перашкодзіць рабаванню экспанатаў [22]. Загінулі зборы народнага адзення, кераміка, прадметы з каштоўных металаў, зброя [23]. Быў цалкам знішчаны аддзел савецкай гісторыі, шмат якія карціны парваныя, рамы паламаныя [24].

У канцы жніўня 1941 г. з музею былі вывезеныя ў Кёнігсберг дагістарычныя "каменныя бабы" ды іншыя каштоўныя прадметы, у тым ліку 19 гарматаў, з іх - 16 з нясвіжскага збору Радзівілаў [25]. Усе яны, відаць, загінулі ў кёнігсбергскім замку ў жніўні 1944 г. у часе авіяналётаў [26]. У Вену была вывезеная калекцыя юдаікі [27].

Вядома, што 11 лістапада 1943 г. музей перадаў менскім праваслаўным цэрквам шэраг культавых рэчаў, між іншага кнігі XVII-XIX стст., абразы - усяго 33 прадметы, якія прыняў святар М. Лапіцкі [28]. Яшчэ раней, 9 лістапада таго ж году, 8 кніг XVIII-XIX стст. атрымала менская Чыгуначная царква [29]. Частку прадметаў хрысціянскага культу святар У. Фінькоўскі забраў у Праабражэнскую царкву [30]. Нейкія царкоўныя кнігі з музею былі ўзятыя для манастыра, адчыненага пры Свята-Духаўскай царкве [31].

У першыя месяцы вайны музеем апекавалася Менская гарадская ўправа. З восені ён перайшоў пад загад Генеральнага камісарыяту Беларусі. Трэба сказаць, што нямецкія ўлады амаль адразу парупіліся пра захаванне калекцыяў і пачалі шукаць "высокакваліфікаваных спецыялістаў сярод беларускай інтэлігенцыі і сярод нямецкага народа" [32]. У канцы верасня 1941 г. кіраўніком музею быў прызначаны малады этнограф Антон Шукелойць [33]. Пасля гэтага зборы былі "прыведзены ў сыстэму й парадак для ўсеагульнага агляду і вывучэньня". А. Шукелойць склаў спіс (па-беларуску і па-нямецку) ацалелых прадметаў [34].

Месціўся музей на Галоўнай вуліцы (Hauptstrasse) у г. зв. Юбілейным доме і праіснаваў там да 1944 г. [35]. Вялася работа дзеля захавання і папаўнення фондаў. У адной з публікацыяў гаварылася пра патрэбу "аднавіць зьбіраньне паясовага творства", чым мусіла было заняцца Беларускае навуковае таварыства разам з менскім гістарычным музеем [36].

Музей, паводле ўспамінаў А. Шукелойця, ладзіў "прыпадковыя розныя выстаўкі", напрыклад, на ўгодкі Каруся Каганца, абразоў XVI-XVII стст. віцебскай і магілёўскай школаў. Музей рупіўся пра аднаўленне Чырвонага касцёлу (туды, між іншага, быў перанесены знойдзены на паддашку музею абраз Божай Маці з выяваю краявіду Менску і ўкленчаных дзяцей фундатара бажніцы Эдварда Вайніловіча - Сымона і Алены), Катэдральнага касцёлу на пляцы Волі, наколькі дазволілі фінансавыя і тэхнічныя магчымасці, быў закансерваваны згарэлы на пачатку вайны касцёл св. Роха на Залатой Горцы [37].

Музей неаднаразова наведваў генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ. Пасля адной з вандровак па менскіх ваколіцах ён прывёз вялікі каменны крыж, які быў усталяваны ў вестыбюлі музею. На думку В. Кубэ, гэты помнік меў сведчыць, "што гэта за народ беларусы, што гэта Эўропа", "што беларусы - гэта ёсьць арыйскі народ" [38].

У 1944 г. зборы музею былі эвакуаваныя спачатку ў г. Інстэрбург (Insterburg) ва Усходняй Прусіі, а пасля - у замак Гёхштат (Hцchstдdt), што ля г. Ульм (Ulm) на Дунаі (Баварыя) [39]. Архіўныя дакументы дазваляюць узнавіць некаторыя эпізоды эвакуацыі.

У студзені 1944 г. адбыліся перамовы між рознымі ўстановамі наконт лёсу музею. Каб "захаваць на час бамбаванняў беларускія культурныя каштоўнасці, што знаходзяцца ў гістарычным музеі Менску", было пастаноўлена перавезці іх у Баранавічы і Вільню. Транспарт на Баранавічы меў быць выдзелены пад канец студзеня, выезд у Вільню двух вагонаў экспанатаў планаваўся на канец лютага. Дзеля набліжэння лініі фронту прадугледжвалася эвакуацыя музею беспасярэдне ў Нямеччыну [40]. Да актыўных дзеянняў, аднак, дайшло толькі пад вясну.

Планавалася, што па вайне захаваныя музейныя каштоўнасці вернуцца з Інстэрбургу ў Менск і ім "будзе гарантаваны паказ па ўсёй беларускай зямлі". Музей Інстэрбургу браў на сябе абавязак "забяспечыць абарону, належнае захаванне і дбайнае абыходжанне з даверанымі музейнымі каштоўнасцямі", "аднолькава як і з нямецкімі музейнымі каштоўнасцямі", а таксама кампенсаваць магчымыя страты. Адпаведная дамова між генеральным камісарам Беларусі і обербургамістрам Інстэрбургу была падпісаная 14-17 сакавіка 1944 г. [41].

Тады ж супрацоўнікі менскага гістарычнага музею Кароль і Дзмітры Сямёнавы [42] выказалі жаданне перайсці на працу ў музей Інстэрбургу. У гэты час ужо вялася работа дзеля эвакуацыі экспанатаў: заказваліся спецыяльныя шафы, складаўся спіс прадметаў на вываз, разглядалася пытанне пра далейшае фінансаванне музею [43].

Тым часам у тэлеграме, накіраванай 20 сакавіка ў Менск з Берліна ад супрацоўніка Міністэрства ўсходніх абшараў, кіраўніка зондэрштабу ведамства Розэнберга "Даўняя і ранняя гісторыя" прафесара доктара Райнерта (Reinerth), гаварылася пра канечнасць выправы менскага музею ў Гёхштат. Адказнай за эвакуацыю была прызначаная супрацоўніца аддзелу навукова-культурных каштоўнасцяў дагістарычнага і ранняга перыядаў Міністэрства ўсходніх абшараў доктар Эма Гаўпт (Haupt) [44]. Загад пра вываз музею ў Гёхштат, падпісаны Энгелем (Engel), упаўнаважаным у справах гістарычных помнікаў Усходу, прыйшоў у Менск 29 сакавіка [45].

1 красавіка генеральны камісар Беларусі паведаміў прафесару Райнерту ў Берлін, што менскі музей ужо кіруецца ў Інстэрбург і "з палітычных меркаванняў" ягоны перавоз у Гёхштат немагчымы [46]. Аднак, наколькі можна меркаваць з ліставання між рознымі ведамствамі, музей, паводле даручэння А. Розэнберга, урэшце меў быць размешчаны ў Гёхштаце [47].

11 красавіка дырэктару інстэрбургскага музею Вальтэру Гранаў (Gronau) прыйшоў загад з Менску эвакуацыі ў Гёхштат "не праводзіць" і чакаць загаду з Берліна [48]. Таго ж дня доктар Моль (Moll) пісаў прафесару Райнерту, што на загад генеральнага камісара Беларусі менскі музей, эвакуаваны ў Інстэрбург, "дзеля захавання" перададзены пад апеку Беларускай цэнтральнай рады, а яго вываз у Гёхштат "непажаданы" [49].

Але экспанаты ўсё ж трапілі ў Гёхштат: вагоны з гістарычнымі каштоўнасцямі прыбылі з Інстэрбургу 24 красавіка [50]. Апошнія супрацоўнікі штабу Розэнберга пакінулі Менск 30 чэрвеня 1944 г. [51].

З Менску, праўда, было вывезена не ўсё, бо ў 1945 г. аддзел музеяў Камітэту культурна-асветных установаў Савету Народных Камісараў БССР ставіў пытанне пра захаванне прадметаў даўніны, што засталіся без нагляду ў былым будынку музею, перададзеным пасля 1944 г. пад Дом партыйнай асветы [52].

У Гёхштаце знаходзіліся фонды не толькі менскага музею, але, між усяго, і калекцыі з Украіны. Тут працягвалі працаваць, выехаўшы са сваіх краёў, украінскія і расейскія навукоўцы. Пэўны час там быў і А. Шукелойць [53]. Усе прадметы, як сведчыць запіска, знойдзеная ў адной са скрыняў, захоўваліся "ва ўзорным парадку". Аднак пасля таго як замак Гёхштат 22 красавіка 1945 г. быў узяты пад кантроль акупацыйнай адміністрацыяй, шмат рэчаў было разрабавана амерыканскімі жаўнерамі, а ўсё, што стаяла ўпакаванае, раскідана па падлозе, кінута ў кучах смецця [54].

У канцы 1947 г. пасля перавозу з Гёхштату ў Берлін, пад кантроль Упраўлення рэпарацыяў і паставак Савецкай вайсковай адміністрацыі Нямеччыны, частка фондаў гістарычнага музею вярнулася ў Менск (74 скрыні; усяго ў сталіцу БССР былі адпраўлены 182 скрыні двума вагонамі). Гэта старадрукі, калекцыя фотаздымкаў, прадметы этнаграфіі, абразы, беларуская драўляная культавая скульптура, рэчы ўжытковага мастацтва, больш за паўсотні партрэтаў з нясвіжскае калекцыі Радзівілаў, творы беларускіх і гэбрайскіх савецкіх мастакоў 20-

30-х гадоў, царкоўны посуд, старая зброя, археалагічныя калекцыі [55]. Усе гэтыя рэчы да адкрыцця ў 1957 г. Дзяржаўнага музею БССР "навалам" ляжалі ў сутарэннях Музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны [56].
Менскі краёвы заалагічны музей
[57]

Заалагічны музей перад вайною месціўся ў адным з будынкаў універсітэцкага гарадка. На пачатку вайны ён ацалеў і быў перавезены ў іншае месца - на Няміжскі зав., 9. Калекцыі былі ўратаваныя дзякуючы дырэктару Анастазію Вязовічу і прэпаратарам Антону Цытку і Марыі Дубіне, "якія ў самы цяжкі для музэю пэрыяд патрапілі абараніць яго ад спробаў грабежніцтва, вялі сваю працу далей і гэтым захавалі каштоўнейшы скарб беларускае навукі".

Менскі краёвы заалагічны музей паводле багацця сваіх фондаў займаў першае месца сярод іншых установаў гэткага кшталту ў Беларусі і Літве - віленскага й горадзенскага прыродазнаўчых, заалагічнага музею Белавежскай пушчы.

Музей меў два аддзелы: выстаўны і навуковы.

У навуковым аддзеле захоўваліся матэрыялы экспедыцыяў, калекцыі беларускіх грызуноў (пад 2000 экз.) і шасціножак, з якіх найбагацейшая была калекцыя жукоў.

Выстаўны аддзел складаўся з сістэматычных і біялагічных калекцыяў.

Першая зала сістэматычнай часткі была прысвечаная бесхрыбетным жывёлам: губкам, паліпам, медузам, каралам, марскім зоркам, марскім вожыкам, чарвякам, мяккацелым, ракападобным, павукам і шасціножкам.

У аддзеле хрыбетнікавых можна было пабачыць рыбаў, земнаводных і паўзуноў. Земнаводныя былі прадстаўленыя жабамі, рапухамі, трытонамі. Паўзуны - яшчаркамі й вялікім кракадзілам.

Цікавая была зала птушак - як беларускіх, гэтак і іншаземных.

У зале з сысунамі быў змешчаны зубр - самец 1,6 м увышкі і 2,5 м удоўжкі, забіты ў 1900 г. у Белавежскай пушчы. Сярод усяго трэба адзначыць велізарнага бурага мядзведзя, які стаяў на задніх лапах і меў увышкі 2,1 м (паходзіў з Ігуменскага пав.). Далей былі відаць бабры, рысі, дзікі (вялікая калекцыя іклаў дзікоў прапала між 1941 і 1942 гг.), выдры, барсук, вавёркі, зайцы, пацукі, мышы, вожыкі ды інш.

У апошняй, біялагічнай, зале экспанаваліся жывёлы ў іх натуральным асяроддзі пражывання: група сарнаў узімку, крумкачы, што расклёўваюць падлу, ды інш.

Музей наведвалі нямецкія навукоўцы й прадстаўнікі цывільных уладаў Генеральнай акругі "Беларусь", у тым ліку В. Кубэ.

Улетку 1942 г. музей рыхтаваўся адкрыцца для публікі. Планавалася, што ўжо "ў першых днёх верасьня ён будзе даступны для наведваньня".

Вядома, што частка музейнага збору, у тым ліку паляўнічыя трафеі з нясвіжскага замку Радзівілаў, была вывезеная ў Нямеччыну [58].
Баранавіцкі гарадскі музей выяўленчага мастацтва

Музей быў адчынены ў 1929 г., меў гістарычны, прыродазнаўчы і этнаграфічны аддзелы. У 1940 г. ператвораны ў абласны музей выяўленчага мастацтва. Тады ж адсюль быў вывезены прыродазнаўчы аддзел і перададзеная ў Ліду калекцыя гістарычных дакументаў. Узамен у Баранавічы паступілі экспанаты з Менску [59].

Як цвердзіць К. Прэнц, у часе вайны музей быў разрабаваны [60], паводле А. Гужалоўскага, спыніў існаванне ў 1941 г. [61]. Папраўдзе ж музей існаваў да 1944 г., вылучаўся "багатым беларускім этнаграфічным аддзелам" [62].

На пачатку вайны, між сыходам саветаў і прыходам немцаў, "шмат экспанатаў было зьнішчана або зрабована". Дзякуючы рупнасці супрацоўнікоў гарадской управы музей быў упарадкаваны і ўжо 7 лістапада 1941 г. адкрыты для наведнікаў [63].

Вядома, што ўлетку 1942 г. тут адбылася выстава беларускага мастацтва, на якой экспанаваліся работы баранавіцкіх, а таксама менскіх, наваградскіх ды іншых мастакоў. Былі выстаўленыя творы беларускіх сярэднявечных разьбяроў, палотны М. Сеўрука ("Кудзельніца", "Беларускі селянін"), А. Шымановіча ("Беларуская дзяўчына", "Вясковыя дзяўчаты") [64].

У часе вайны ў экспазіцыі знаходзіліся вырабы заходнееўрапейскіх і беларускіх мастакоў, заходнееўрапейская і кітайская парцаляна, скульптура, бронза [65].

Ёсць звесткі, што музейныя каштоўнасці былі вывезеныя ў Нямеччыну. Шмат якія прадметы зніклі бясследна [66].
Слонімскі музей

Заснаваў музей на падставе сваіх калекцыяў слонімскі археолаг і краязнавец Язэп Стаброўскі. Экспазіцыя адкрылася ў верасні 1929 г. пры ўдзеле прэзідэнта Польшчы Ігнацага Масціцкага [67].

У 1939-1941 гг. музей фактычна не дзеяў. Экспанаты былі вынесеныя з будынку, скінутыя ў бязладдзі ў двух прахадных пакоях прыватнай кватэры [68].

М. Яніцкая цвердзіць, што ў часе вайны "музей быў разрабаваны фашысцкімі захопнікамі, але менш каштоўная частка калекцыі тады знаходзілася ў кватэры Я. Стаброўскага" [69]. Гэтая інфармацыя пацвярджаецца толькі часткова. Тагачасная прэса паведамляла, што музей быў разрабаваны злодзеямі, у гэтым злачынстве абвінавачваліся прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі, прычым найбольш пацярпеў этнаграфічны аддзел [70]. Была раскрадзеная нумізматычная калекцыя [71].

Дзеля аднаўлення доўгі час не было адпаведнага памяшкання, неставала разумення важнасці справы з боку мясцовых уладаў. Але ўрэшце новы дырэктар Сяргей Новік дамогся памяшкання. Слонімскі камітэт Беларускай народнай самапомачы ўзяў на сябе абавязак аплочваць працу дырэктара, а гэтаксама Я. Стаброўскага, які лічыўся навуковым супрацоўнікам [72].

11 кастрычніка 1942 г. музей быў зноў адкрыты для публікі [73]. Месціўся на вул. Паркавай, 42. Адзначаўся як месца, дзе "сабрана многа важных і каштоўных экспанатаў" [74]. "Ім цікавяцца ня толькі беларусы, а ўсе прыяжджаючыя ў Слонім і дзівяцца, якім цудам у цяперашні ваенны час багатыя зборы экспанатаў захаваліся ў невялікім акруговым горадзе" [75].

Захавалася досыць падрабязнае апісанне інтэр’еру музею з 1943 г. [76].

У першай і другой залах была размешчаная калекцыя неалітычных прыладаў працы, знойдзеных на Слонімшчыне. У асобных вітрынах экспанаваліся мінералы і метэарыты. На сценах віселі карціны з адлюстраваннем жыцця і побыту продкаў.

У трэцяй зале выстаўляліся прадметы этнаграфіі і гісторыі. Сярод найкаштоўнейшых з іх - Статут Вялікага Княства Літоўскага. Тут жа захоўваліся вайсковыя шаломы, панцыры, кальчугі, крамянёвая стрэльба, гарматныя кулі, турэцкія барабаны-літаўры.

Цэлая вітрына была прысвечаная Францішку Скарыну. Асобны куток расказваў пра ваяводу віленскага, слонімскага старасту Міхала Агінскага. Была ўшанаваная памяць канцлера літоўскага, слонімскага старасты Лява Сапегі. Апрача ягонага партрэта, дэманстравалася князева шахматная дошка, выявы палацаў Сапегаў у Дзярэчыне і Ражаной (Ружанах).

Сярод прадметаў этнаграфіі вылучаліся вышываныя жаночыя блюзкі, мужчынскія кашулі, ручнікі, якія ахвяраваў музею мастак Алесь Асіпчык.

Чацвёртая зала была прысвечаная беларускаму нацыянальнаму руху ХІХ - пачатку ХХ ст. Тут былі змешчаныя партрэты Кастуся Каліноўскага, Максіма Багдановіча. На адной сцяне вісеў партрэт Адольфа Гітлера, упрыгожаны нямецкім і беларускім сцягамі, а па баках яго - партрэты Вінцэнтага Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча.

У залачонай раме пад гербам Пагоня дэманстравалася трэцяя Устаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з 25 сакавіка 1918 г., побач з ёю - тэкст беларускага нацыянальнага гімну. Тут жа можна было ўбачыць партрэты Ігната Грынявіцкага, Адама Гурыновіча, Івана Луцкевіча, Пятра Крачэўскага, Вацлава Ластоўскага, групавыя здымкі паседжання Вялікай Беларускай рады з 15 кастрычніка 1917 г. ды першага ўраду БНР - Народнага Сакратарыяту. У асобнай шкляной шафе захоўвалася калекцыя беларускіх паштовых марак, праграмы і статуты розных нацыянальных арганізацыяў, кнігі з гісторыі краю.

Асобны куток займалі экспанаты, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта Галляша Леўчыка: у шкляной шафе перахоўваліся ягоныя рукапісы, фатаграфіі. У іншай шафе былі сабраныя беларускія часопісы і газеты розных гадоў, у тым ліку падшыўка "Нашай Нівы".

Выказвалася пажаданне, каб у музеі быў адкрыты сельскагаспадарчы аддзел, а ў экспазіцыі з’явіліся калекцыі карысных выкапняў, флоры і фауны. Актуальны быў заклік вылучыць дадатковыя сродкі на "разгортаньне" музею, даць яму дадатковае памяшканне. Грамадскасць бачыла яго як цэнтр, што меў заняцца аховаю і апісаннем мясцовых помнікаў археалогіі і дойлідства [77].

Слонімскі музей меў архіў і бібліятэку з калекцыяй рукапісаў ад пачатку XVI ст., рэдкімі кнігамі, брашурамі, адозвамі, плакатамі, фатаграфіямі ды "рознымі пастановамі ўсіх уладаў, якія былі ў Слоніме". Тлумачальныя надпісы ў музеі былі выкананыя беларускаю і нямецкаю мовамі. Дырэкцыя прасіла ўсіх грамадзянаў ахвяроўваць для экспазіцыі кнігі, газеты, часопісы, карціны, прадметы штодзённага ўжытку, манеты ды інш.

З 11 кастрычніка 1942 г. да 17 ліпеня 1943 г. музей наведаў (паводле колькасці прададзеных білетаў) 3161 чалавек [78].

К 1944 г. тут была сабраная калекцыя твораў тагачасных беларускіх мастакоў: Р. Бялецкай, К. Хруцкай, Я. Кучара, А. Карніцкага, А. Саўчука [79].

У музеі дзеяла нешта накшталт лекторыю, дзе чыталіся навуковыя даклады. "На жаль, ваенны час абмяжоўвае гэткі кірунак працы", - адзначалася ў друку [80].

Яшчэ на пачатку 1944 г. музей існаваў [81]. Вядома, што ў канцы красавіка арганізоўваўся вываз яго збораў у Нямеччыну [82]. Ліквідацыя сховішча старасветчыны адбылася 24 траўня 1946 г. - музей быў рэарганізаваны ў Баранавіцкі абласны гістарычна-краязнаўчы. 27 верасня 1952 г. намаганнямі Я. Стаброўскага музей быў зноў адноўлены як Слонімскі раённы краязнаўчы [83].

Крыніца: Часопіс "СпадчынаЭ №4-5/2003

Крыніцы:
[1] Мы гэтак шмат страцілі... // Літаратура і мастацтва. 1991. 26 ліпеня; Шукелойць А. Менск пад немцамі // Наша Ніва. 1992. № 9; Пазьняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. Warszawa - Vilnius, 2003; Гужалоўскі А. Музеі Беларусі пад нямецкай акупацыяй (1941 - 1944). Лёс музейных калекцый // Другая сусветная вайна: новыя аспекты даследаванняў: Матэрыялы міжнароднага навуковага семінара (Мінск, 1 верасня 2003 г.). - Мн., 2004. - С. 119-128.
[2] Менская газэта. 1941. 21, 28 кастрычніка.
[3] Вяртанне: Дакументы і архіўныя матэрыялы па праблемах пошуку і вяртання нацыянальных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Рэспублікі Беларусь. - Мн., 1992. - С. 107.
[4] Мы гэтак шмат страцілі... Савецкія ўлады не парупіліся пра эвакуацыю галерэі. Яе дырэктар Мікалай Міхалап спрабаваў арганізаваць транспарт на вываз хаця б нейкіх экспанатаў, але марна. Разам з некалькімі супрацоўнікамі, што былі на той час у Менску, ён змушаны быў пакінуць музей, перад тым замкнуўшы яго, пад вечар 26 чэрвеня. 28 чэрвеня ў горадзе ўжо былі немцы (Усава Н. Першы дырэктар першага мастацкага музея // Мастацтва. 2004. № 4. С. 50).
[5] Гужалоўскі А. Музеі Беларусі пад нямецкай акупацыяй... С. 121-122; Мальдзіс А. Трагічныя лёсы беларускіх музейных, бібліятэчных і архіўных збораў у час другой сусветнай вайны // Вяртанне-3: Зборнік артыкулаў і дакументаў. - Мн., 1996. - С. 8.
[6] Halereja abrazou u Miensku // Раніца. 1942. № 1.
[7] Вяртанне... С. 107.
[8] Усава Н. Першы дырэктар першага мастацкага музея. С. 51.
[9] Гужалоўскі А. Музеі Беларусі пад нямецкай акупацыяй... С. 123.
[10] Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. - Мн., 1993. - С. 283; Зинич М. Деятельность оперативного штаба А. Розенберга по вывозу культурных ценностей из СССР // Отечественная история. 1999. № 4. С. 162.
[11] Холокост в Беларуси. 1941-1944. Документы и материалы. - Мн., 2002. - С. 18.
[12] Нямеччына ахоўвае культурныя каштоўнасьці // Baranavickaja Hazeta. 1943. 1 śnieżnia.
[13] НАРБ, ф. 370, воп. 1, спр. 1356, а. 36, 28 адв.
[14] Гл.: Зинич М. Деятельность Оперативного штаба А. Розенберга... С. 161-169.
[15] Никандров Н. Проблемы выявления культурных ценностей, принадлежащих одной стране и перемещенных на территорию другой страны в годы второй мировой войны // Рэстытуцыя культурных каштоўнасцей: праблемы вяртання і сумеснага выкарыстання (юрыдычныя, навуковыя і маральныя аспекты): Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая адбылася ў Мінску пад эгідай UNESCO 19-20 чэрвеня 1997 г. (Вяртанне-4). - Мн., 1997. - С. 65.
[16] НАРБ, ф. 391, воп. 1, спр. 62, а. 1, 2.
[17] Тамсама. Ф. 381, воп. 1, спр. 1, а. 33.
[18] Вяртанне... С. 13.
[19] Яніцкая М. Стан музейнай справы ў БССР у 20-30-я гады // Вяртанне-2. - Мн., 1994. - С. 35.
[20] Пазьняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. C. 60-61.
[21] НАРБ, ф. 370, воп. 6, спр. 49, а. 16.
[22] Мы гэтак шмат страцілі...; Пазьняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. C. 61.
[23] Biełaruski Histaryčny Muzej u Miensku // Раніца. 1942. № 1.
[24] Х’яры Б. Вываз беларускіх каштоўнасцей у Германію // Рэстытуцыя культурных каштоўнасцей... С. 193.
[25] Biełaruski Histaryčny Muzej u Miensku; Вяртанне... С. 13; Мальдзіс А. Трагічныя лёсы... С. 8.
[26] Вяртанне... С. 145.
[27] Тамсама. С. 14, 60, 108-111.
[28] НАРБ, ф. 370, воп. 1, спр. 433, а. 15-16.
[29] Тамсама, а. 17.
[30] У 1944 г. ён быццам вывез забраныя з музею рэчы на Захад (Мы гэтак шмат страцілі...).
[31] Жыровіцкая абіцель. 2000. № 5. С. 27.
[32] Х’яры Б. Вываз беларускіх каштоўнасцей у Германію. С. 193.
[33] Biełaruski Histaryčny Muzej u Miensku.
[34] НАРБ, ф. 370, воп. 6, спр. 49, а. 16; Пазьняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. C. 61.
[35] Беларускі Народны Календар на г. 1944. Мн., 1944. С. 95. Цікавая акалічнасць: у кастрычніку 1943 г. Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову "Аб аднаўленні работы гістарычнага музея БССР", але яна не была выкананая (Скалабан В. Лёс вернутых у Мінск каштоўнасцей // Голас радзімы. 2004. 17 чэрвеня).
[36] Сьвіслацкі У. Беларускія паясы // Новы Шлях. 1942. № 5. С. 20-21.
[37] Пазьняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. C. 61, 63-65.
[38] Тамсама. C. 67-68.
[39] Раніца. 1944. № 38; Вяртанне... С. 14.
[40] НАРБ, ф. 370, воп. 1, спр. 1356, а. 1.
[41] Тамсама, а. 20, 28 адв.
[42] Паводле фотаздымку супрацоўнікаў музею з 1943 г. вядома, што на той час у ім працавалі Леанід і Усевалад Каралі, вартаўніком служыў Станіслаў Післевіч (гл.: Пазьняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. С. 62).
[43] НАРБ, ф. 370, воп. 1, спр. 1356, а. 24, 29 адв.
[44] Тамсама, спр. 430, а. 16; Кнатько Г., Крапивин С. Воры из шайки Розенберга // Народная газета. 1995. 8-10 ліпеня.
[45] НАРБ, ф. 370, воп. 1, спр. 432, а. 8.
[46] Тамсама, а. 24.
[47] Тамсама, спр. 1356, а. 36; спр. 22, а. 53.
[48] Тамсама, спр. 432, а. 28.
[49] Тамсама, а. 27.
[50] Кнатько Г., Крапивин С. Воры из шайки Розенберга.
[51] Фрайтаг Г. Ахова помнікаў мастацтва ў амерыканскай зоне і палітыка рэстытуцыі // Вяртанне-3... С. 14.
[52] Інфармацыя Віталя Скалабана.
[53] Пазьняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. C. 111; Гужалоўскі А. Музеі Беларусі пад нямецкай акупацыяй... С. 126.
[54] Никандров Н. Проблемы выявления культурных ценностей... С. 66-67.
[55] Скалабан В. Так ратаваліся каштоўнасці // Голас радзімы. 2004. 20 мая.
[56] Скалабан В. Лёс вернутых у Мінск каштоўнасцей.
[57] Паводле: Кар М. Заалёгічны музэй // Беларуская Газэта. 1942. 6 жніўня.
[58] Гужалоўскі А. Музеі Беларусі пад нямецкай акупацыяй... С. 123.
[59] Баранавіцкі гарадзкі музэй выяўленчых мастацтваў // Беларуская Газэта. 1942. 5 лютага.
[60] Прэнц К. Хроніка станаўлення і развіцця музейнай справы на Беларусі // Музейныя сшыткі. Беларускія музеі: Гісторыя. Хроніка. Сучаснасць. - Мн., 1998. - С. 85.
[61] Гужалоўскі А. Музеі Беларусі (1918-1941 гг.). - Мн., 2002. -С. 159.
[62] Беларускі Народны Календар на г. 1944. С. 95.
[63] Баранавіцкі гарадзкі музэй выяўленчых мастацтваў.
[64] Выстаўка беларускага мастацтва // Новы Шлях. 1943. № 1. С. 9 (тут жа змешчаныя 4 ілюстрацыі: фрагмент экспазіцыі музею і драўляныя скульптуры хрысціянскіх святых).
[65] Баранавіцкі гарадскі музей выяўленчых мастацтваў.
[66] Вяртанне... С. 13, 67, 70; Мальдзіс А. Трагічныя лёсы... С. 9.
[67] Прэнц К. Хроніка станаўлення і развіцця музейнай справы на Беларусі. С. 85; Гужалоўскі А. Музеі Беларусі (1918-1941 гг.). С. 135.
[68] Гужалоўскі А. Музеі Беларусі (1918-1941 гг.). С. 136.
[69] Яніцкая М. Стан музейнай справы ў БССР у 20-30-я гады. С. 32-33.
[70] М. К. Калі й вы будзеце ў Слоніме // Беларуская Газэта. 1942. 26 лістапада.
[71] І. М. Слонімскі музэй // Новы Шлях. 1943. № 19. С. 12.
[72] М. К. Калі й вы будзеце ў Слоніме.
[73] Раніца. 1942. № 43.
[74] Беларускі Народны Календар на г. 1942. Мн., 1942. С. 78.
[75] І. М. Слонімскі музэй. С. 12.
[76] Тамсама. С. 12-13 (тут жа змешчаныя 4 фотаздымкі экспазіцыі музею).
[77] І. Я. Калі й я быў у Слоніме // Беларуская Газэта. 1943. 1 траўня.
[78] І. М. Слонімскі музэй. С. 13. Узімку 1942-1943 гг. музей наведалі 2.382 чалавекі (І. Я. Калі й я быў у Слоніме).
[79] Мастацкае жыцьцё ў Слоніме // Раніца. 1944. № 3.
[80] І. Я. Калі й я быў у Слоніме.
[81] Беларускі Народны Календар на г. 1944. С. 95.
[82] Кнатько Г., Крапивин С. Воры из шайки Розенберга.
[83] Яніцкая М. Стан музейнай справы ў БССР у 20-30-я гады. С. 33.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Музеі Генеральнай акругі «Беларусь» (1941-1944)

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.