Выстаўная дзейнасць у Генеральнай акрузе «Беларусь» (1942-1944)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Выстаўная дзейнасць у Генеральнай акрузе «Беларусь» (1942-1944). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Найбольш значныя выставы на працягу ўсяго перыяду нямецкай акупацыі на тэрыторыі Генеральнай акругі "Беларусь" ладзіліся ў Менску, а гэтаксама ў Баранавічах і Слоніме.

Вядома, што на пачатку 1943 г. планавалася мастацкая выстава ў Вялейцы, якую арганізоўваў тамтэйшы акруговы аддзел Беларускай народнай самапомачы [1].

У Бабруйску ўзімку 1943 г. адбылася выстава мастака-самавука Марозава, сярод работ якога вылучаліся партрэт Адольфа Гітлера, батальныя сцэны з нямецка-савецкай вайны, краявіды Бабруйску і ваколіцаў [2].

Апрача беларускіх ладзіліся прапагандовыя нямецкія выставы. Прыкладам можа быць экспазіцыя "Нямеччына", што наведала ўвосень 1942 г. Баранавічы і Менск па дарозе ў Расею. На ёй экспанаваліся макеты сялянскага хутару і рабочага пасёлку, мадэль аднаго з камфартабельных караблёў таварыства "Сіла праз радасць", макет фабрыкі "народных самаходаў", фотаздымкі нямецкіх аўтастрад. Усё гэта мусіла паказаць жыхарам акупаваных абшараў перавагі нацыянал-сацыялістычнага ладу жыцця. У Баранавічах выстава "Нямеччына" была зладжаная з ініцыятывы мясцовых уладаў [3]. 22 кастрычніка 1942 г. экспазіцыя была разгорнутая ў Менску на пляцы перад будынкам генеральнага камісарыяту Беларусі [4].

Менск

Першая мастацкая выстава ў Менску адбылася ў лютым 1942 г. Яна размясцілася ў зале Беларускага народнага дому на вул. Рагнеды (Рэвалюцыйная), 2. Арганізатарам выступіў аддзел мастацтваў Менскага гарадскога камісарыяту. У экспазіцыі дэманстраваліся работы 17 мастакоў: Аляксандра Абрамава, Генрыха Бразоўскага, Надзеі Варвановіч, Анатоля і Валянціна Волкавых, Ібрагіма Гембіцкага, Мікалая Гусева, Паўла Гуткоўскага, Мікалая Дучыца, Барыса Казлоўскага, Антона Каржанеўскага, Мікалая Малевіча, Аляксандра Пашуты, Міхала Станюты, Анатоля Тычыны, Аўгена і Валянціна Ціхановічаў [5].

За два тыдні выставу наведала 1.800 чалавек. Бальшыня работ, створаных пераважна ў 1941 г., была набытая. Між тым, як адзначала тагачасная прэса, займацца творчасцю ў Менску было няпроста: неставала патрэбных матэрыялаў [6].

Другая мастацкая выстава ў сталіцы была запланаваная на восень 1942 г. Яе арганізацыяй заняўся аддзел мастацтваў Беларускай народнай самапомачы. Былі вылучаныя шэсць секцыяў: жывапісу, графікі, скульптуры, народнай мастацкай творчасці, мастацкага фота, дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва [7]. Адкрыццё выставы было прызначанае на 11 кастрычніка ў былым тэатры оперы і балету. У другой выставе мелі ўзяць удзел 22 мастакі, 3 аматары, 7 вышывальніц з Менску і 3 мастакі з іншых гарадоў. У параўнанні з першаю выставаю, дзе былі паказаныя 124 работы, другая мела ўжо 292 творы [8]. Цікава, што, прыкладам, на падобнай да менскай выставе літоўскага мастацтва, што адбылася ў Вільні на пачатку 1944 г., былі прадстаўленыя 244 работы, выкананыя 68 мастакамі [9]. З гэтага відаць, што выстаўнай дзейнасці надавалася значная ўвага як беларускімі ды нямецкімі ўладамі краю, гэтак і грамадскасцю.

Адкрыццё выставы стала значнай падзеяй у сталічным жыцці. Будынак, дзе яна праходзіла, быў па-святочнаму ўбраны беларускімі й нямецкімі сцягамі. На ўрачыстасць прыбыў генеральны камісар Беларусі В. Кубэ, камісар Менску Янэцке, камісар Менскай акругі Кайзер, іншыя нямецкія цывільныя й вайсковыя ўрадоўцы [10].

Выстава размясцілася ў пяці пакоях. Экспазіцыя прывабіла ўвагу не толькі шараговых гледачоў, але і крытыкаў. Былі станоўча адзначаныя эцюды М. Дучыца ("Гарадскі сад увесну", "Вечар", "Хвоі", "Ля рэчкі"), у якіх выявілася "вялікае замілаваньне мастака да абразкоў беларускае прыроды, дасканальнае майстроўства адлюстроўваць на палатне настроі гэтае прыроды". Пэўныя заўвагі былі да работ І. Гембіцкага ("Разбуджаны мэтлік", "Елачкі", "Сцежка", "Пахмурны дзень"). Палатно, прысвечанае Менску, стварыў А. Каржанеўскі. Работы Н. Варвановіч, на думку крытыкі, характарызаваліся схільнасцю да фармалізму. Традыцыйна добра паказаў сябе "лепшы наш партрэтысты" В. Волкаў, які прадставіў на палатне постаць Кастуся Каліноўскага. Удалымі былі названыя работы А. Волкава. Якасныя з мастацкага гледзішча творы прапанаваў М. Гусеў. "Моцнае ўражаньне" пакінулі пейзажы А. Ціхановіча ("Возера ў Клінку", "Лясы ў Волме", "Зіма", "Раніца ў лесе"). Праявіў сябе гэты мастак і як добры графік ("Партрэт старога"). Г. Віер адзначыўся карцінаю "Гістарычны музей". Сярод іншагародніх у выставе ўдзельнічалі М. Сяўрук ("Партрэт старога", "Кудзельніца"), А. Шымановіч (эцюд "Стары"), Кірышчэня (эцюд "Кветкі"). Мастак-аматар Лубнеўскі даў замалёўку "Касцёл і вежа". Не прынялі з невядомай прычыны ўдзелу ў выставе М. Малевіч, А. Тычына і Чарняўскі. Крытыка адзначала брак твораў дойлідаў і разьбяроў [11].

6 верасня 1942 г. у памяшканні Менскага акруговага камісарыяту (цяпер - будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) адчыніла дзверы выстава народнага мастацтва Менскага раёну. Адкрывалі экспазіцыю камісар Менскай акругі Кайзер і бурмістр Менскага раёну Контаўт [12].

Адметнасцю выставы было тое, што прапанаваныя на агляд рэчы рабіліся не на продаж, а для хатняга ўжытку. Тут можна было пабачыць вышываныя посцілкі, дываны, адзенне вяскоўцаў, ганчарныя вырабы. Экспазіцыю дапаўнялі дажыначныя вянкі, адмыслова прывезеныя са свята заканчэння збору ўраджаю з Курасоўшчыны. Адзін пакой займала галерэя партрэтаў менскіх нямецкіх урадоўцаў, выкананая мастаком Астравумавым. Дапаўнялі выставу малюнкі, сярод якіх варта адзначыць работы А. і В. Волкавых [13]. Найцікавейшымі экспанатамі, як адзначалася ў друку, былі ручнікі і паясы, аздобленыя традыцыйным беларускім арнаментам [14].

Апошняй вядомай выстаўнай акцыяй на Меншчыне стала зладжаная ў другой палове траўня 1944 г. перасоўная экспазіцыя карцінаў і малюнкаў найлепшых беларускіх мастакоў. Жыхары Койданава, Смалявічаў, Рудзенску і Заслаўя ў рамках тыдня беларускай культуры змаглі пазнаёміцца з пейзажамі і партрэтамі А. Каржанеўскага, В. Волкава, Б. Казлоўскага, І. Гембіцкага, М. Дучыца, Н. Варвановіч [15].

Улетку 1944 г. мела адкрыцца выстава-атэлье, "дзе кажны мастак будзе мець магчымасьць выставіць свой новы твор" [16]. Аднак гэтым планам не было наканавана спраўдзіцца.

Баранвічы

2 жніўня 1942 г. у залах 7-й беларускай школы ў Баранавічах адкрылася першая гарадская выстава народнай творчасці [17]. Экспанаваліся вырабы сялянаў: ручнікі, паясы, абрусы, тканіны, вышытыя традыцыйнымі ўзорамі. Выставу наведала больш за 5.000 чалавек, яна атрымала станоўчы водгук у прэсе: "Дарма, што гэта была першая спроба, выстаўка была вельмі ўдалай і зрабіла на наведвальнікаў глыбокае ўражаньне" [18].

Апрача народнага мастацтва на выставе былі паказаныя творы прафесіяналаў - М. Сеўрука, А. Шымановіча ды інш., а таксама нясмелыя работы мастакоў-самавукаў. Гэта была папраўдзе комплексная выстава, дзе, як адзначаў карэспандэнт сталічнае газеты, "дэманстравалася ўсё - ад дзедаўскага лапця - да мікромэтра, які сяньня вырабляюць у Клецку вучні тэхнічнае школы" [19].

25 снежня 1943 г. адкрылася выстава мастакоў Баранавічаў. На ёй былі прадстаўленыя творы А. Шымановіча, Казака, Максімцава, Мальца, Раздзялоўскай ды інш. [21].

Беларускае культурнае згуртаванне ўвесну 1944 г. запланавала на канец лета выставу выяўленчага мастацтва Баранавіцкай акругі. Прапаноўвалася да 1 жніўня дасылаць свае творы не толькі мастакам-прафесіяналам, але і самавукам, а гэтаксама архітэктарам, разьбярам, ткачам. Адкрыццё выставы было прызначанае на 15 жніўня [1]. Але на той час у Баранавічы ўжо вярнулася савецкая ўлада.

Не адбылася, відаць, і выстава найлепшых работ гадаванцаў баранавіцкай мастацкай школы, якую ў чэрвені 1944 г. рыхтавала кіраўніцтва навучальнай установы на чале з дырэктарам Луцкевічам [22].

Слонім

У жніўні 1942 г. у Слоніме прайшла выстава мясцовага рамяства. Яна заняла дзесяць залаў трохпавярховага будынку Беларускага народнага дому і дэманстравала дасягненні слонімскіх рамеснікаў за мінулы год. Апрача рамесных вырабаў тут экспанаваліся 40 карцінаў і малюнкаў розных мастакоў [23].

5 сакавіка 1944 г. у Слоніме адкрылася першая гарадская выстава мастакоў [24]. Яе арганізавала Беларускае культурнае згуртаванне. Узялі ўдзел 10 аўтараў: Клаўдыя Хруцкая, Аркадзь Бенікаў, Рыгор Чарнышоў, Юры Любанскі, Грудкоўскі, Ніна Калюцік-Сташэўская, Ніна Жыткевіч, Фэлікс Засадскі, Наўленка, 13-гадовы скульптар Валянцін Філіповіч выставіў шэсць дасканалых малюнкаў алоўкам. Агулам увазе гледача было прапанавана 76 карцінаў, з іх 15 графічных работ і адна вышыванка "Жніво", 6 работ скульптараў-самавукаў. За некалькі першых дзён выставу наведала амаль тысяча чалавек, яна мела доўжыцца да 12 красавіка (на гэты дзень было запланаванае адкрыццё пасмяротнай выставы мастака Антона Карніцкага) [25].

Другую выставу мастакоў Слоніму, як і першую, зладзіла Беларускае культурнае згуртаванне. Экспазіцыя адкрылася 14 траўня 1944 г. і была даступная для агляду два тыдні. У ёй узялі ўдзел 7 мастакоў, як прафесіяналы, гэтак і аматары: К. Хруцкая, Ю. Любанскі, А. Паўленка, Ф. Засадскі, А. Гайдук; свае работы выставілі два мастакі, што ўцяклі з занятай саветамі Смаленшчыны, - А. Бенікаў і Р. Чарнышоў. Усяго на выставе дэманстраваўся 71 малюнак, пераважна пейзажы [26].

2 красавіка 1944 г. адкрылася выстава, на якой было рэпрэзентаванае майстэрства ткалляў Слонімскай акругі. Свае найлепшыя вырабы паказалі сялянкі з вёсак Казлоўшчына, Азярніцы, Мідвінавічы, Пляшкі, Парэчча, Хадзявічы. Была прадэманстраваная толькі частка багатай ткацкай спадчыны Слонімшчыны. "Ваенны час, - адзначаў карэспандэнт, - не дазваляе шырэй і больш поўна разгарнуцца выстаўцы" [27].

9 красавіка 1944 г. адкрылася выстава-продаж вышыванак, пра ладжанне якой парупілася Беларускае культурнае згуртаванне. Вылучаліся вышываныя кашулі работы Алеся Асіпчыка. Вялікае зацікаўленне выклікала экспазіцыя з боку немцаў [28].

На другую палову 1944 г. была запланаваная чарговая выстава мастакоў Слонімшчыны [29], якая ўжо не магла адбыцца дзеля змены ўлады ў краі.

Крыніца: Часопіс "СпадчынаЭ №4-5/2003

Крыніцы:
[1] Беларуская Газэта. 1943. 28 студзеня.
[2] Беларуская Газэта. 1943. 10 лютага.
[3] Б. Д. Гэтага мы ня бачылі... // Беларуская Газэта. 1942. 17 кастрычніка.
[4] У. К. На выстаўцы "Нямеччына" // Беларуская Газэта. 1942. 28 кастрычніка; параўн.: Михайлов В. Хранить вечно! // Советская Белоруссия. 2004. 15 июня.
[5] Улад. Адкрыцьцё Беларускай мастацкай выстаўкі ў Народным Доме ў Менску // Беларуская Газэта. 1942. 20 лютага.
[6] Vystauka plastyčnaha mastactva u Miensku // Раніца. 1942. № 8; Vyniki vystauki plastyčnaha mastactva // Раніца. 1942. № 13.
[7] НАРБ, ф. 370, воп. 1, спр. 423, а. 31
[8] М. Б. Другая мастацкая выстаўка // Беларуская Газэта. 1942. 11 кастрычніка.
[9] А. Вітаем цябе, Вільня! (ад нашага спэцыяльнага карэспандэнта) // За Праўду. 1944. 16 красавіка.
[10] Ул. К. Мастацтва народу (на адкрыцьці 2-ое мастацкае выстаўкі ў Менску) // Беларуская Газэта. 1942. 15 кастрычніка.
[11] М. Б. Перамога мастацтва // Беларуская Газэта. 1942. 6 лістапада.
[12] Пераканайцеся // Беларуская Газэта. 1942. 6 верасьня.
[13] Адчыненьне выстаўкі народнага мастацтва // Беларуская Газэта. 1942. 13 верасьня.
[14] Багушэвіч Н. Тое, што захавалася // Беларуская Газэта. 1942. 17 верасьня.
[15] Перасоўная выстаўка абразоў менскіх мастакоў (тыдзень беларускае культуры у Менскай акрузе) // Беларуская Газэта. 1944. 7 чэрвеня.
[16] З культурнага жыцьця сталіцы // За Праўду. 1944. 18 чэрвеня.
[17] Спачатку мясцовы акруговы камітэт Беларускай народнай самапомачы планаваў адкрыць выставу на першую гадавіну "vyzvaleńnia niamieckaju armijaj Biełarusi ad balšavikou" (Раніца. 1942. № 20).
[18] Выстаўка народнае творчасьці // Беларуская Газэта. 1942. 9 жніўня.
[19] Залуцкі М. Тры дні ў Баранавічах: жыцьцё, народжанае на руінах вайны (ад нашага спэцыяльнага карэспандэнта) // Беларуская Газэта. 1942. 10 верасьня.
[20] Раніца. 1944. № 3.
[21] Мастакі Баранавіцкае і іншых акругаў Беларусі // Пагоня. 1944. 27 траўня.
[22] М. Я. Мастацкая школа рыхтуе выстаўку // За Праўду. 1944. 29 чэрвеня.
[23] Раніца. 1942. № 36.
[24] Трэба меркаваць, што рыхтавалася яна з восені 1943 г. (паводле: Праект выстаўкі выяўленчага мастацтва ў Слоніме // Беларуская Газэта. 1943. 27 лістапада).
[25] На выстаўцы слонімскіх мастакоў // Пагоня. 1944. 18 сакавіка; С. Х. Мастацкая выстаўка ў Слоніме: адкрыцьцё выстаўкі // Слонімскі Кур’ер. 1944. 21 сакавіка; Горэнько А. Выстаўка слонімскіх мастакоў: крытычны агляд // Слонімская Газэта. 1944. 25 красавіка.
[26] Другая выстаўка працаў слонімскіх мастакоў у 1944 г. // Слонімская Газэта. 1944. 23 траўня.
[27] Раніца. 1944. № 20.
[28] Выстаўка вышыванак // Слонімская Газэта. 1944. 25 красавіка.
[29] Мастацкае жыцьцё ў Слоніме // Раніца. 1944. № 3.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Выстаўная дзейнасць у Генеральнай акрузе «Беларусь» (1942-1944)

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.