Станаўленне і пачатковае развіццё беларускай школы на Мядзельшчыне ў першай чвэрці ХХ ст.

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Станаўленне і пачатковае развіццё беларускай школы на Мядзельшчыне ў першай чвэрці ХХ ст.. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Імкненне беларускага народа да нацыянальнага самавызначэння набыло выразныя рысы яшчэ ў “нашаніўскі” перыяд – эпоху другога беларускага Адраджэння. У той час з’яўляюцца творы Цёткі, Максіма Багдановіча, Цішкі Гартнага, Купалы і Коласа. Ствараюцца беларускія гурткі і арганізацыі, якія ўпершыню гучна заяўляюць пра самабытнасць і правы нашага народа.

Падчас страшэнных выпрабаванняў Першай сусветнай вайны цяга насельніцтва Беларусі да самастойнага вырашэння свайго лёсу толькі ўзмацнілася. Вайна вялася паміж магутнымі імперыямі за гегемонію на еўрапейскім кантыненце і зусім не адпавядала інтарэсам і менталітэту беларусаў. Зруйнаваныя гарады і мястэчкі, пакалечаныя вайскоўцы, патокі бежанцаў, у рэшце рэшт, голад, - вось што падаравала гэта вайна. Беларускі народ на ўласным прыкладзе спазнаў неабходнасць абароны толькі сваіх уласных інтарэсаў.

Разам з палітычнымі патрабаваннямі нацыянальнага самавызначэння, рупліўцы беларускага Адраджэння распачалі працу па аднаўленню беларускай асветы і культуры. Але лёсам было накавана шмат выпрабаванняў і цяжкасцяў на гэтым пакутніцкім шляху…

Знешнія абставіны па тым часе склаліся надзвычай неспрыяльныя. Яшчэ ў верасні 1915 года ў выніку Свянцянскага прарыву войскі кайзераўскай Германіі захапілі Віленшчыну. Лінія фронту падзяліла тэрыторыю сучаснага Мядзельскага раёна прыкладна на дзве роўныя часткі: заходнюю частку займалі нямецкія вайскоўцы, адпаведна ўсходнюю – вайскоўцы Расійскай імперыі.

Ураджэнка мястэчка Будслаў Анэля Катковіч (1914-1982), якая ў свой час працавала ў Міністэрстве замежных спраў ПНР і з’яўлялася сябрам Беларускага грамадска-культурнага таварыства, апісала ў сваіх мемуарах падзеі Першай сусветнай вайны наступным чынам:
“…Паявілася я на сьвет сусьветнай вайною. Праз наша мястэчка праходзіў фронт, і мама мусела з малымі дзяцьмі хавацца ў лесе або пад касьцёлам. Тату на вайну забралі. Пакажацца, бывала, дома на тыдзень ці два й зноў ад’язджае.
Ведама, як бывае вайной. Часта не хапала нават хлеба, а цукру людзі й ня бачылі. Жыцьцё праходзіла ў нэрвах і страху”.

Нават у такіх жудасных умовах прыфрантавога становішча, насуперак усім абставінам існуючай рэчаіснасці жыхары Мядзельшчыны знаходзілі ў сабе сілы і мужнасць змагацца за свае ідэалы, у тым ліку за стварэнне беларускіх школ.

Прыкметны ў гэтым плане з’яўляецца публіцыстычны артыкул Язэпа Лёсіка пад назвай “У забранай немцамі часціне Беларусі”, у якім распавядаецца пра высілкі творчай інтэлігенцыі і простага люду з Віленшчыны адбудаваць народную асвету:
"Да гэтай вайны Вільня была цэнтрам беларускага нацыянальна-культурнага руху. Там выдаваліся беларускія газеты, быў беларускі клуб, беларускія выдавецтвы, кнігарня беларускіх кніжак на ўвесь край.
Пачалася вайна. Шмат працаўнікоў было забрана да войска, да крыкаў і лаянкі “истинно русских людей” далучылася “административное усмотрение”.
Сякія-такія законы, што былі ў Расіі, замяніліся праізволам. Цяжка стала працаваць…
У канцы лета 1915 року немцы забралі Вільню. Гэта было новым ударам беларускаму руху. На нейкі час ён спыніўся. Але ператрывожанае ваеннай бурай жыццё патроху стала ізноў уходзіць у норму. Астаўшыеся ў Вільні беларусы пачалі выдаваць газету “Гоман”. Трымаючыся традыцыяў “Нашай нівы”, яны хацелі выдаваць яе гражданкай. Немцы не дазволілі, бо праціўнікі беларускага руху ўводзілі ім у вушы, што рэдакцыя “Гоману” – гэта хеўра расійскіх агентаў, што яны будуць старацца толькі шкодзіць немцам, вясці проціў іх прапаганду і т.д.
Але патроху немцы разабраліся, у чым справа. Спачатку газета выходзіла раз на тыдзень лацінскімі літарамі, пасля дабілася перайсці на гражданку і стала выходзіць два разы на тыдзень – у аўторак і ў пятніцу.
Не ўсе з краю выехалі. Народу асталася і нават шмат. Не можна было яго аставіць без асветы. У Вільні зарганізавалася школьная беларуская камісія. Пад канец 1915 року яна залажыла курсы дзеля падгатоўкі настаўнікаў у пачатковыя школкі. Навучэнне вялося ў беларускай мове. Апрача звычайных навыкаў, выкладалася беларуская мова, гісторыя Беларусі і беларускага пісьменства. У вясну 1916 року ў Вільні было ўжо 5 школак. Меліся яшчэ залажыць каля 10. Калі гэта ўдалося, дык школьная патрэба ў Вільні магла б лічыцца залатвенай. Ёсць ведамасці, што беларускія школкі былі заложаны і ў другіх месцах, як, напрыклад, у Гродне, пры Барысавым манастыры, але сколькі і гдзе – немаведама, бо весткі адтуль прыходзяць надта туга. Ведама толькі, што ў апошніх месяцах 1916 року ў мястэчку Свіслач, Гродзенскай губ., залажылася настаўніцкая семінарыя з пачатковай школкай пры ёй. Ведама з расійскай газеты “Речь”, што пры пачатку вучэння ў гэтай семінарыі было 20 вучняў і ў пачатковай школцы пры ёй 53 хлопчыкі. Ведама яшчэ, што ў Вільні пры ўніверсітэце ёсць катэдра беларускай мовы, гісторыі і пісьменства. Працуе “Камітэт падмогі пацярпеўшым ад вайны”, але дэталічных вестак аб яго працы няма".

Не адставалі ў справе стварэння народнай асветы і жыхары ўсходняй часткі Мядзельшчыны. З дапамогай Крывіцкага валаснога Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, што дзейнічаў з першых дзён Лютаўскай рэвалюцыі, ў маёнтках Княгінін, Пакуцце, Беркаўшчына былі адчынены школы. Вядома, што з сакавіка 1917 года ў мястэчку Будслаў дзейнічала беларуская школа. А ў кастрычніку 1917 года ў Будславе быў скліканы валасны сход, на якім была прынята пастанова адчыніць беларускую гімназію. Прыкладна праз два месяцы гімназія распачала працу.

Адкрыццю 1-й беларускай гімназіі ўскосна пасадзейнічала Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расіі і звязаныя з ёй перамены. 2 лістапада 1917 года Саветам Народных Камісараў была прынята знакамітая “Дэкларацыя правоў народаў Расіі”. У ёй абвяшчаліся наступныя прынцыпы савецкай нацыянальнай палітыкі: роўнасць і суверынітэт народаў Расіі, іх права на самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаваў, адмена ўсіх нацыянальных і нацыянальна-рэлігійных прывілеяў і абмежаванняў, свабоднае развіццё ўсіх нацыянальных меншасцяў і этнічных груп на тэрыторыі Расіі. Такім чынам, Будслаўская гімназія атрымала юрыдычнае права на існаванне.

Заняткі ў гімназіі праводзіліся ў двух падрыхтоўчых і чатырох поўных класах (першая ступень гімназіі), у якіх напачатку навучалася крыху больш 300 вучняў. Пазней знакаміты дзеяч беларускага руху Вінцэнт Жук-Грышкевіч, які сам непасрэдна навучаўся ў гімназіі, узгадваў у сваіх мемуарах: “Першая беларуская гімназія паўстала стараннем беларускай інтэлігенцыі і сялянства. Галоўным арганізатарам гімназіі быў Эдвард Будзька – вядомы кааператар і грамадзкі дзеяч, які жыў тады з сям’ёй сваіх бацькоў у Будславе. Дырэктарам гімназіі быў археолаг і гісторык Васілевіч з недалёкай вёскі Пузыры, якога голад прымусіў вярнуцца з Масквы ў сваю вёску. Вучыцелямі былі – ягоны сын матэматык і дачка гуманістка, а апрача іх Поля Будзька, Л.Ігнатава, М.Шыла і Лышчук (абодва з Мінску), ды Панковіч з Крывіч”.

Лідзія Аляксандраўна Антановіч (нар. 02.10.1927г.), ураджэнка вёскі Княгінін Мядзельскага раёна, прыгадвае, што ў Будслаўскай гімназіі вучылася яе родная маці: “Маю маці звалі Вольга Адамовіч. Паходзіла яна родам са збяднелай шляхты. Раз-пораз яна ўзгадвала, што адзін з нашых продкаў па прозвішчу Адамовіч прымаў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. Ва ўдзельніка паўстання быў сын Тадэвуш, у таго – сын Лукаш і унук Тумаш, праўнучка Вольга і я ўжо прапраўнучка. У свой час маці вучылася ў Будслаўскай беларускай гімназіі ў адным класе з Вінцуком Жук-Грышкевічам. Тады ў яго прозьвішча было проста Грышкевіч. Узгадвала, што Вінцук надта пацешным быў: і разумны, і смяшлівы. Дзяўчаты ўсё бегалі за ім і жартоўна казалі: “Вінцучок, Вінцучок”. Сярод іншых навучэнцаў маці ўзгадвала папоўскую дачку Насцю Ракецкую. Таксама ў гімназіі вучылася першая жонка Грышкевіча. Яна была дародная, прыгожая дзяўчына. Пры немцах Грышкевічыха, як называла яе маці, працавала ў нейкай канторы ў Крывічах ці Будславе. Мама часта да яе хадзіла, бо яны былі ў добрых адносінах. Пасля разгрому немцаў, жанчыну пасадзілі Саветы ў Вілейскую турму і там яна памерла”.

Вучэбны корпус гімназіі размяшчаўся ў маёнтку пана Аскеркі. Навучанне вялося па наступных прадметах: спевы, маляванне, рамёствы і сельскагаспадарчыя навукі. Акрамя таго, па сваім спецыяльным прадметам выкладалі пчаляр-садавод і святары – ксёндз, праваслаўны бацюшка і рабін. Сціплых дастаткаў сялян-беларусаў ледзьве хапіла на ўтрыманне гімназіі ў 1917/1918 навучальным годзе. Становішча крыху палепшылася пасля абвяшчэння 25 сакавіка незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Вінцэнт Жук-Грышкевіч у сваіх мемуарах “25 сакавіка: Успаміны зь Менску, Будслава, Вільні, Прагі, савецкай турмы” (Таронта, 1978) падрабязна распавядае пра ўрачыстае святкаванне дня незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Будслаўскай гімназіі.

Апекуном 1-й беларускай гімназіі стаў Народны Сакратарыят БНР. Пачалі прыходзіць падручнікі з Вільні і Гародні, дзе існавалі друкарні па іх выпуску.

Тым часам, войскі кайзераўскай Германіі 18 лютага 1918 года аднавілі ваенныя дзеянні і значна прасунуліся ў глыбіню тэрыторыі Беларусі. Пасля прыходу нямецкіх войскаў ва ўсходнюю частку Мядзельскага раёна, дзейнасць гімназіі не перапынілася. Паводле сведчанняў В. Жук-Грышкевіча: “Немцы цікавіліся толькі, каб была добра пастаўлена нямецкая мова, і каб сярод настаўнікаў не было бальшавікоў”.

Праўда, адзін раз фундатарам гімназіі давялося-такі пасядзець пад арыштам. Гэта здарылася пасля таго, як пан Аскерка нагаварыў нямецкаму каменданту, што ўсе яны з’ўляліся бальшавікамі і што іх дзейнасць была скіравана на тое, каб бунтаваць народ.

Пан Аскерка быў надзвычай пыхлівы і ганаровы чалавек, як вынікае з даваенных газетных публікацый.
Вачамі рэпарцёра. “Калі некалькі гадоў таму назад праводзілі шоссэ з Даўгінава на ст.Будслаў – ўсе жыхары нашага кутка былі дужа рады с таго, што ў канцы ткі мы даждаліся хоць аднэй добрай дарогі – па каторай у уселякае надворье ехаць можна. Але відаць ужо гэткая наша доля – што німа ніякаго дабра без зла. Нідаўна некаторые акалічные багачы памешчыкі завялі сабе аўтомабілі і хто аткуль браўся сталі ездзіць па шоссэ. Адзін з іх п. Славінскі каторы мае неколька вялікіх двароў ля нас і ешчэ большые абшары ў Міншчыне зараз жэ прыехаў на ім у нашу старонку і пакуль быў тут дайжа штодзень выежджаў на аўтамабілі праехацца на шоссы.
Пану добра сабе хварсіць на аўтамабілі паказваючы людзём “во глядзіце ці бачылі гэткаго”, а бедным селянам косьцю у горлі сталі панскіе гульні. Нашы коні дагэтуль нічога такога не бачылі і надта пужаюцца, найболей спакойные, худые, галодные мышакі, заусягды ледзьве цягнулі калёсы – пабачыўшы аўтамабіль сталі разнасіць.
Праўдзівая беда настала тагды калі аўтамаабіль купіў сабе Буцлаўскі пан - Аскерка. Яго папярэднікі паездзілі трошку і перэсталі, а ён без упынку, як віхор, носіцца па шоссэ. Нікому не ўступае дарогі пан – не глядзіць хто ідзе на сустрэчу ці ўзрослы чалавек, ці малое дзіцё, ці спакойны конь ці не, не астанаўліваючыся праляціць ён ды толькі загудзіць у трубу (гэткаго сыгналу некаторые коні пужаюцца болей як самой машыны). Праляцеў пан, а селянскі канёк, як ашалелы, аж са скуры вылазіць ды ляціць ня гледзючы куды. Німа куды ад аўтамабіля схавацца, бо насып высокі і звярнуць з яго нельга.
Шмат каго перапужаные конікі разносячы ды выварачываючы з насыпу – пакалечылі – многа коні ахвацілося ды пакалечылося – калёс і снасці папсавалася.
Прыйшла бяда і радачкі німа. Некаторые селяне думаюць падаць прашэньне губэрнатару каб, або забараніў ён п. Аскерцы ездзіць на аўтомабілі, або хаця наказаў яму ездзіць асьцяражней, ды спатыкаючыся з едучымі людзьмі, каб не пужаліся коні, астанаўліваць машыну. Адны думаюць гэта, а другіе толькі галавой ківаюць і кажуць, што нічога ня выйдзе, бо пэўне і разрэшэньне на аўтамабіль у Акеркі ёсць ды і надта вялікі ён пан і значыцца з ім ня здолееш.
Апошніе дні неяк радзей паказваецца аўтомабіль. Можэ што у ім папсавалася – або сумленьне у пана прачнулася і ня будзе ён ужо болей калечыць людзей”.

Даугінавец,
Газета “Наша ніва”. - №50. – 12 сьнежня 1913 г.

Канфлікт паміж кіраўніцтвам гімназіі і мясцовым панам насамрэч адбыўся з-за будынка, дзе месцілася навучальная ўстанова. Пан Аскерка патрабаваў вярнуць страчаную падчас рэвалюцыі ўласнасць. 2 кастрычніка 1918 года Народны Сакратарыят БНР вымушаны быў звярнуцца да германскага камандавання (у штаб Х арміі) з хадайніцтвам, каб гімназія не была выселена ў адміністрацыйным парадку, і каб адтэрміноўка была дадзена да вясны 1919 года. Да таго часу кіраўніцтва гімназіі разлічвала паспець пабудаваць уласнае памяшканне, на што было атрымана ад Народнага Сакратарыяту асігнаванне больш за 60 000 марак і, як гэта было заведзена ў старыя часы, асобую Грамату.

Высілкамі кіраўнікоў гімназіі, справа будаўніцтва ўласнага памяшкання была распачата. Гімназія будавалася па праекту беларускага архітэктара Л.Дубейкоўскага ў старасвецкім стылі.

Будслаўская беларуская гімназія з цягам часу здолела пераўтварыцца ў сапраўдны цэнтр культурнага жыцця ўсяго мястэчка. З дапамогай культурна-асветніцкага гуртка “Вяночак”, дзейнічаючага пры гімназіі, у мястэчку былі заснаваны клуб і бібліятэка, тэатр з вялікай залай, што пакінуў пасля сябе штаб расійскай арміі, хор і струнны аркестр. Для маленькіх артыстаў з драматычнай секцыі гуртка маці вышывалі кашулі, сукенкі з беларускім арнаментам. Старэйшыя вучні самі вышывалі сабе касцюмы.

Газета “Беларускі шлях” 30 мая 1918 года надрукавала карэспандэнцыю з Будслава Вілейскага павету:
“Летась злажыўся тут гурток моладзі “Вяночак”. У сваёй кватэры адбываліся зборышчы сябрукоў гуртка. Тут жа была свая бібліятэка. Стараннем гуртка сёлета ўзімку два разы быў беларускі тэатр. Цяпер ізноў на Сёмуху два дні быў беларускі тэатр, ставілі “Паўлінку”, “Мядзведзя” і “Па рэвізіі”. Артыстычная дружына Будслаўскага гуртка “Вяночак” маець у чацвер 30 мая ставіць гэныя сцэнічныя творы ў Даўгінаўскім тэатры. А тады дружына збіраецца граць у Докшыцах.
У Будславе ігра вышла надта добрай. Паміж артыстаў ёсць людзі з вялікім талентам як Зоська Галавачымка, Антось Сівіцкі і Янка Позняк. На гэтых людзей трэба звярнуць увагу губернскіх артыстычных дружын. Вялікай падзякі заслужыў рэжысёр Юзюк Лубнеўскі”.

Дадзеную публікацыю пад крыптонімам “Б-а г.” падрыхтаваў для газеты адзін з арганізатараў гімназіі, ураджэнец мястэчка Будслаў і вядомы грамадскі дзеяч Эдвард Будзька.

Неўзабаве восенню 1918 года выбухнула рэвалюцыя ў Германіі, нямецкія войскі сталі пакідаць тэрыторыю Беларусі. З прыходам Чырвонай арміі на Мядзельшчыну былі адноўлены валасныя Саветы ў Крывічах, Будславе, Княгініне, а ў Мядзельскай, Занарачанскай, Слабадской валасцях арганізаваны рэвалюцыйныя камітэты. Потым на іх базе стварыліся Саветы сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў. У Мядзельскім валасным Савеце загадчыкам аддзела народнай асветы стаў жыхар вёскі Місуны Мікалай Лявонавіч Місуна. Ён сам паходзіў з беднай сям’і, скончыў народнае вучылішча, быў сельскім настаўнікам.

На аснове дэкрэта Літоўска-Беларускай ССР праводзіліся мерапрыемствы па стварэнню агульнаадукацыйных школ 1-й і 2-й ступеняў. Беларуская гімназія у Будславе таксама працягвала дзейнічаць. Вось што цікавае паведамляла віленская газета “Hramadzianin” ад 15 лютага 1919 года:
“Ужо другі год, як адчынена ў Будславе гімназія. Дзякуючы старанням тт. Васілевіча і Будзькі прыступлена да будовы свайго ўласнага дома. Пакуль што адчынена толькі першая ступень гімназіі (4 класы гімназіі). Усё праходзіцца ў роднай беларускай мове. Вучняў вельмі многа, каля 400 чалавек, - усе дзеці сялянскай вясковай беднаты. Навучанне агульнае для хлапцоў і дзяўчат. У гэтым мястэчку добра ўжо наладзіўся беларускі тэатр. Ставяцца галоўным чынам п’есы: “Пашыліся ў дурні”, “Калісь”, “Паўлінка” і г.д. Арганізуецца хор. Працаўнікі вельмі шкадуюць, што няма выданых народных спеваў з нотамі”.

Савецка-польская вайна 1919-1921гг. зноў перапыніла стваральную працу жыхароў Мядзельшчыны. У хуткім часе польскія войскі сталі набліжацца да тэрыторыі Мядзельскага раёна. Прыход палякаў нічога добрага не абяцаў. Газета “Беларуская Думка”, што выдавалася ў Вільні, у №49 ад 19 ліпеня 1919 года распавядае пра прыход палякаў з пазіцыі простага абывацеля такім чынам:
“М. СЬВІР. Каля Сьвіры нашай, больш чым якія іншыя аколіцы Беларусі, выношчэнай вайной, пануе голад, дарагоўля, хваробы. Бальшавікі, дзякаваць Богу, адсунуты. Аколіцы знаходзяцца пад польскай ужо акупацыяй. Наладжываецца памаленьку сякі-такі парадак. А толькі палохае акалічных жыхароў гэты наш новы лад тым, што ўсякія чыны да нас навозяцца з чужыны, нават на валасныя чыны.
Даходзяць да нас глухія весткі і аб тым, што дзеецца у бліжэйшых ваколіцах па-за фронтам – у бальшавізіі. Гэтак апаведаюць людзі аб тым, як прайшла бальшавіцкая мабілізацыя ў Дзісьне.
На прызыў з’явілося шмат сялянскай маладзежы і пасьля зачыслення іх у чырвоную армію, сталі бушэваць па горадзе: паразбівалі і разгабілі жыдоўскія крамы і патурбавалі жыдоў – жыхароў места. За кару увесь набор атаслалі адразу на фронт. Стрыж”.

Якім жа прадбачлівым чалавекам у дачыненні да палякаў аказаўся гэты Стрыж са Свіры… Менавіта падчас польскай акупацыі 1-ая беларуская гімназія ў Будславе была зачынена. Шматлікія пратэсты мясцовага сялянства і беларускіх палітычных арганізацый былі пакінуты польскімі ўладамі без увагі. В. Жук-Грышкевіч прыгадвае наступнае: “Восенню 1919 года Будслаў акупавалі палякі й зачынілі гімназію. Яны ж задушылі ўсе праявы культурнага і грамадскага жыцця, якое ў Будславе ніколі пасля не вярнулася да такога высокага ўзроўню”.

З нагоды закрыцця гімназіі ў “Часопісі Міністэрства беларускіх спраў” (Коўна. -№2. - кастрычнік 1919г.) быў надрукаваны вельмі эмацыйны артыкул:
“Скасаванне 1-й Беларускай гімназіі.
Тысяча першай плямай на хвалёную свабодалюбівую польскую дэмакрацію ляжэ скасаваньне палякамі 1-й Беларускай гімназіі ў мястэчку Буцлаві, Віленскай губерніі (…)”.
“Цяперь же, не гледзючы на прозьбы 500 сялян-беларусаў, дзеці якіх вучыліса ў гімназіі, - палякі зрабілі сваё каінова дзела.
Гэта – у той самы момант, калі яны ў Вільні адчыняюць польскі “Унівэрсітэт Стэфана Баторага” дзеля аканчацельнага спольшчэньня нашага гаротнага народу.
Вось, калі б гэтыя 500 сялян напісалі прозьбу “аб прылучэнні” іх да Польшчы, іх голас быў бы чуць усюды…
Сьляпая шляхта, куды цябэ нясе!?”

1920 год прынёс новыя выпрабаванні на трываласць. Тэрыторыя Мядзельскага раёна была зноўку захоплена Чырвонай арміяй, а затым падзелена на дзве часткі паміж Савецкай Расіяй і Летувай. Падзел быў замацаваны ў мірнай дамове гэтых дзвюх краін ад 12 ліпеня 1920 года. Згодна мірнай дамовы мяжа праходзіла “па рацэ Нарач і каля вёскі Чарэмшчыца ў адлегласці каля вярсты ад яе зварочвае да поўначы і праходзіць па ўсходняму ўскрайку возера Бляда; у адлегласці каля адной вярсты ад яго праходзіць да поўначы праз возера Мястра і па выхаду з гэтага возера па сухадолу паміж вёскай Мікольцы з заходняга боку і вёскай Мінчакі з усходняга боку; далей па поўначы і па заходняму ўскрайку вёскі Валочак прыблізна ў адной вярсце ад яе; адтуль да поўначы праз возера Мядзел да заходняга ўскрайку вёскі Пшэгродзе прыблізна ў адной вярсце ад яе; адтуль у накірунку да вытоку ракі Мядзёлка і па гэтай рацэ да ўпадзення яе ў Дзісну…” і г.д.

Савецкая Расія вымушана была саступіць летувісам Віленшчыну ў адказ на ноту лорда Кезона, накіраваную савецкаму ўраду 11 ліпеня 1920 года па даручэнню Вярхоўнага савета Антанты.

Справа ў тым, што Англія і Францыя напярэдадні, 10 ліпеня 1920 года, заключылі пагадненне з Польшай пра аказанне ёй падтрымкі. У пагадненні, у прыватнасці, агаворвалася, што горад Вільня тэрмінова будзе перададзены Летуве і выключаны з паласы, якую займала Чырвоная армія.

У выніку такіх геапалітычных варункаў Віленшчына адышла да Летувы, хаця і была населена ў пераважнай большасці беларускім і габрэйскім насельніцтвам. Але трэба аддаць належнае летувісам, яны паважліва паставіліся да беларускага пытання. У Летуве дзейнічала асобнае Міністэрства беларускіх спраў, а ў складзе летувіскага войска былі створаны нават асобныя беларускія вайсковыя адзінкі.

Беларускія школы таксама працягвалі сваю дзейнасць на ніве народнай асветы. Паводле звестак мясцовага краязнаўцы Я. Драўніцкага з в. Камарова, прыкладна з 1920 года у Свірскай школе пачаў выкладаць вядомы беларускі дзеяч Ігнат Дварчанін.

Мястэчка ж Будслаў зноў апынулася на савецкай тэрыторыі. Неўзабаве сюды вярнуўся былы дырэктар гімназіі Язэп Ігнатавіч Васілевіч, які яшчэ ў чэрвені 1920 года быў прызначаны загадчыкам інфармацыйнага аддзела ўпраўлення рэўкомаў Заходняга фронту. У жніўні-кастрычніку 1920 года ён займаў пасаду дырэктара школы ў Будславе.

Аднак бальшавікі з летувісамі трывала замацавацца на Мядзельшчыне так і не здолелі, бо ў хуткім часе гэта мясцовасць зноўку адыйшла да палякаў. На захопленай белрускай тэрыторыі палякі адразу пачалі праводзіць сваю асіміляцыйную палітыку. У 1920 годзе з Вільні ў мястэчка Будслаў прыбыў інспектар і прапанаваў бацькам пасылаць дзяцей у польскую школу.

Крыху інакш развіваліся падзеі на тэрыторыі, што афіцыйна належыла летувісам. Там палякі вымушаны былі часова стварыць марыянетачную дзяржаву пад назвай Сярэдняя Літва. Так, 8 кастрычніка 1920 года генерал Люцыян Жалігоўскі па загаду Юзафа Пілсудскага ўзняў “бунт” 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі, папярэдне ўзмоцненай 2 палкамі з 2-й Літоўска-Беларускай дывізіі, і на наступны дзень заняў Вільню. Каб прадухіліць поўнамаштабны канфлікт паміж палякамі і летувісамі, на Віленшчыну былі накіраваны з міратворчай місіяй шведзкія вайскоўцы.

Альшэўскі пан Аляксандр Хамінскі атрымаў пасаду дзяржаўнага кантралёра Сярэдняй Літвы. Дарэчы, улады гэтага штучнага дзяржаўнага ўтварэння праводзілі даволі гнуткую палітыку ў дачыненні да беларускіх школ. Напрыклад, у фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь захоўваецца вельмі цікавы дакумент пад назвай “Спіс беларускіх школ Сярэдняй Літвы, існаваўшых у лютым месяцы 1921 года (90% якіх потым былі зачынены)”. Працытуем урыўкі з гэтага цікавага дакумента, што самым непасрэдным чынам датычыцца Мядзельшчыны:

“Свянцянскі павет:
Засьвірская - 36 вучняў
Сьвірская - 40
Канстантынаўская - 37
Комаўская - 42
Куцьская - 46
Альшанская - 38
Сарокагануцкая - 60

Вілейскі павет:
А) Жослінская гміна:
Новаганоўская - 50 вучняў
Староганоўская - 46
Вяселухоўская - 39
Слабацкая - 36
Красьнянская - 48
Бокчэўская - 47
Дзягільская - 9
Новасельноўская - 45
Гарбоўская - 52
Кавалькоўская - 41
Б) Мядзеньская гміна:
Слабоцкая - 44 вучняў…”

(НА РБ. – Ф.325, воп.1, спр.173, арк.78А-79)

Але ў хуткім часе ўсё стала на свае месцы. Сярэдняя Літва была далучана да Польшчы, а польскія ўлады сталі адкрыта праводзіць каланізатарскую і асіміляцыйную палітыку на абшарах Беларусі. Яны гучна заяўлялі, што “Версальскі трактат увогуле не абмяжоўвае Польшчу ў яе нацыянальнай палітыцы і не вымушае яе адмовіцца ад задач асіміляцыі (гл.: Los St. Zasady prawa mnejshosci w Rzheczypospolitej. Pshegland politychny. Tom 2. C.1. 1925. S.9).

У чэрвені 1924 года старшыня Беларускага Нацыянальнага ўраду Аляксандр Цвікевіч, старшыня Беларускага Нацыянальнага Саюза Аляксандр Галавінскі, дэпутат ад Заходняй Беларусі ў Польскі Сойм Сямён Якавюк з нагоды закрыцця шэрагу беларускіх школ, гімназій і 3 настаўніцкіх інстытутаў накіравалі мемарыял да сп. прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў Вялікабрытыніі Рамзая Макдональда (НА РБ. – ф.325, воп.1., спр.9, арк.193.).

Жыхары Мядзельшчыны таксама не збіраліся здавацца. Аж да пачатку 1925 года змаганне за школу на роднай мове актыўна праводзілі сяляне вёсак Васюлькі, Гулі, Канчані, Калінаўка, Навасёлкі, Княгінін, Міцькавічы, Слабада, Чарэмшыцы. У вёсцы Навасёлкі, што адносілася да Новамядзельскай школьнай акругі, найбольшую актыўнасць у барацьбе за адкрыццё беларускай школы праяўляў Базыль Скурко.

Мелі месца выпадкі адкрыцця школ без дазволу польскіх улад. Войт Мядзельскай гміны 8 студзеня 1925 года даносіў павятоваму начальству: “На падставе пісьма ад 8 студзеня бягучага года за №5/р, дакладваю, што на сходзе солтысаў 18 лютага засведчана, што ў вёсцы Старынкі працуе нелегальная беларуская школа, настаўнікам якой з’яўляецца Гердзей Кандрат, аб чым паведамлена ў паліцэйскі пастарунак у Мядзела”.

Можна таксама прывесці вытрымкі пра Мядзельшчыну з кнігі “Запросы белорусских послов в Польский Сейм 1922-1926/ Сборник документов о панских насилиях, мучениях и издевательствах над крестьянами и рабочими в Западной Белоруссии” (Мн., 1927).:

Запыт Беларускага Клуба Сп. Міністру Унутраных Спраў па справе аб недобрасумленным дазнанні, праведзенаму ўрадавым дэлегатам г. Вільны – у сувязі з катаваннем вучняў Беларускай Гімназіі (Варшава, 5 траўня 1925г).
“16 жніўня 1924 г. у вёску Мацкі, Медзельскай воласці, Дунілавіцкага павету прыбылі следчыя з начальнікам паліцэйскага паста і 2-ма паліцэйскімі і арыштавалі К. Янэля і Л. Бабровіча – вучняў Беларускай Гімназіі ў г. Вільне.
Арыштаваныя вучні былі адведзены ў Дунілавічы, дзе, пры допыце ў павятовай камендатуры, іх збілі і па-зверску катавалі…”

Запыт дэпутатаў Соймавага Клуба Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады Сп. Міністру Унутраных Спраў і Міністру Юстыцыі па справе аб новых арыштах сялян і беларускай інтэлегенцыі ў Беларускіх абласцях (Варшава, 11 снежня 1925г.).
“Свавольства польскай дзяржаўнай паліцыі на беларускіх землях зноўку застаецца неўтаймаваным. Вось і на гэты раз мы маем факты беспадстаўных арыштаў сярод беларускай інтэлегенцыі і сялян на так называемых “Усходніх Крэсах” (ускрайках).
У жніўні 1925 года быў арыштаваны Мікалай Лявонцьевіч Місун, 34 год, беспрацоўны беларускі настаўнік, жыхар в.Місуны, Медзёльскай воласці, Дунілавіцкага павету, і пасаджаны ў перапоўненую Віленскую турму на Лукішках.
Пакінутыя дома маленькія дзеці і хворая старэнькая маці, 70 год, церпяць голад і нястачу, будучы пазбаўленыя адзінага карміцеля, які ўтрымоўваў іх сваёй фізічнай працай. Прайшло ўжо пяць месяцаў, а справа пра беспадстаўны арышт узгаданага Місуна і да гэтага часу не разгледжана…”.

Як бачна, толькі з дапамогай прымусу польскія ўлады маглі разлічваць на посьпех у барацьбе з масавым рухам мясцовага насельніцтва па адраджэнню беларускай школы.

Самаахвярная барацьба жыхароў Мядзельшчыны за родную школу ў які раз даказвае пра магутны патэнцыял духоўнасці нашага народа. Не меўшы дастатковых сродкаў, больш таго, церпячы нястачу, народ ставіў духоўныя каштоўнасці на першы план. Закладзеныя ў той час асновы нацыянальнай культуры дазволілі заходнебеларускім сялянам захаваць сваю родную мову, а таксама звычкі і традыцыі сваіх продкаў.

Аўтар: Вадзім Праўрацкі

Літаратура:
Будслаўская беларуская гімназія (1917-1919). Дакументы і матэрыялы// Наша слова. – 6 снежня 2000г.
З гісторыі святкавання 25 сакавіка// Спадчына. – 1998. - №1. – С.32-35.
Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мядзельскага раёна. – Мн., 1998. – С. 135-136.
Праўрацкі В. І ў Будславе закрылі гімназію// Нарачанская зара. – 17 верасня 1999г.
Праўрацкі В. Станаўленне і пачатковае развіццё беларускай школы на тэрыторыі сучаснага Мядзельскага раёна// Нашы карані: Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я. – Паставы, 2003. - №5. – С.25-29.
Хацяновіч А. Дзе крыжуюцца шляхі// Наша ніва. – 11 траўня 1998г.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Станаўленне і пачатковае развіццё беларускай школы на Мядзельшчыне ў першай чвэрці ХХ ст.

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.