Слуцкае паўстаньне

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Слуцкае паўстаньне. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by



7 красавіка 1922 г.
"Із-пад Слуцка, із-пад Клецка ідзе дружба маладзецка"

Усе, хто хоць трохі цікавіўся беларускай справай, павінны ведаць аб Слуцкім паўстаньні ў 1920 г. Аб паўстаньні многа пісалася як аб факце, што 12 тысячаў слуцкіх паўстанцаў змагаліся каля 2-х месяцаў за беларускую справу. Справа паўстаньня патрабуе высвятленьня. Трэба абавязкова высьвятліць, які ўдзел тая ці іншая беларуская палітычная група прымала ў паўстаньні, бо без працы палітычных груп магло б стацца, што паўстаньня зусім ня было б, ці гэта былі б проста "Зялёныя", ці яго ў канцы палякі выкарысталі б для сваіх захватнічаскіх мэтаў. Праўда, гэта яны прабавалі рабіць, але, убачыўшы, што нічога ня выйдзе, справакавалі паўстаньне.

Вярнуўшыся зь Менску, я быў адгароджаны ад роднае вёскі бальшавіцка-польскай пазыцыяй і толькі праз тыдзень вярнуўся ў вёску. Я сядзеў, нікуды ня рыпаючыся, бо спадзяваўся, што палякі, як і paней, будуць душыць усё беларускае і працу вясьці будзе вельмі цяжка, а цяпер дык і зусім немагчыма, бо наша мясцовасьць у той час знаходзілася ў ваенным стане.

У вадзін памятны для мяне дзень прыходзіць к нам у хату кабета-суседка ды й кажа мне: "Чаго ты тут сядзіш? Я чула, што ў Слуцку зьбіраецца Беларусь". Верыў я ей вельмі мала, але гэта мяне прымушала рабіць тыя ці іншыя прадугадываньні. У той жа вечар прыходзіць да мяне некалькі сялян і кажуць тое самае. Тут ужо прышлося чуткам больш-менш верыць. Сяляне радзілі мне паехаць у Слуцак, а хурманку дасьць обчэства, запэўнялі мяне. Я падзякаваў ім і абяцаўся пасьлязаўтра абавязкова паехаць. Назаўтра прыходзя да мяне хлапец з суседняе вёскі і пытаецца аб тым, што цяпер беларускія працаўнікі думаюць рабіць і расказвае мне трохі аб тым, што робіцца ў Слуцку. Посьля гэтага хлапца прыходзе з другой вёскі настаўнік, сябра беларускае арганізацыі "Селянін", арганізаванае мною пры бальшавікох, і мне расказвае, што гурток іх хацеў захапіць кіраўніцтва воласьцю ў свае рукі, пакуль палякі не паставілі яшчэ свайго войта, і сказаў, што па валасьцях езьдзіць нейкі беларускі дзеяч Бабарэка[1].

Цяпер я ўжо безупынна рашыў ехаць у Слуцак. У Слуцку, увайшоўшы ў канцылярыю Беларускага Нацыянальнага Камітэту, мне ў вочы кінуўся такі малюнак: сядзела некалькі чалавек, каторыя ніколі ўдзелу ў беларускай справе не прымалі, і што карагодзіў усей гэтай кампаніяй вядомы здраднік беларускай справы д-р Паўлюкевіч, які заўсёды ганьбіў і бэсьціў усё беларускае. Мне тут не заставалася чаго рабіць, і я скіраваўся да аднаго сябра Камітэта, каторы жыў у Камітэце. На сьпех ён мяне паінфармаваў аб тым, што тут быў сход прадстаўнікоў гораду і, праўда, адзін ці два чалавекі былі із вёскі, што на тым сходзе выбралі ўсіх тых, каторыя сядзяць у канцылярыі, паўнамоцнымі прадстаўнікамі ў Камітэт. Даведаўшыся маё прозьвішча, Паўлюкевіч запрасіў мяне ў канцылярыю. Тут ён мне сказаў, што мяне, як і ўсіх тых, што тут знаходзяцца, сход выбраў прадстаўнікамі ў Камітэт. Са мною ён стараўся гаварыць па-беларуску, так што мне трэба было вялікага ўсілку, каб утрымацца ад сьмеху. Я, разумеецца, сказаў, што ня бачу тут старых беларускіх працаўнікоў, і выказаў думку, што цяпер падхадзячы момант для паўстаньня. "Гэта і мы хочым рабіць, але што рабіць, калі беларускія працаўнікі ня хочуць разам з намі працаваць", - адказвае Паўлюкевіч. Я сказаў, што гэта праступленьне, і калі яны адмовяцца, то павятовыя сябры аб'явяць іх здраднікамі. Дзякуючы гэтаму, сход новых прадстаўнікоў Камітэту быў адложаны, пакуль я не перагаваруся са старым Камітэтам.

Сабраўшыся ў аднаго сябра Прэзыдыюма К-та і пазваўшы другіх сяброў, зрабілі нараду. Пракулевіч у дакладзе падкрэсьліў, што Паўлюкевіч пастараўся ўвайсьці ў Камітэт з авантурнымі мэтамі і што стары Камітэт аднагалосна выказаўся за непрызнаньне новых прадстаўнікоў і байкатаваньне іх.

"Згаджаючыся з усім тым, што Паўлюкевіч ёсьць авантурыст, дык і з гэтага не выходзіць, што мы павінны ўмываць рукі і толькі байкатаваць; на гэтым беларуская справа многа траціць", - сказаў я. Выказаўшы такую думку, я прапанаваў перадаць справы Прэзыдыюму новага Камітэта, які мае сягоньня злажыцца, а калі сябры Камітэта і беларускія працаўнікі ў новы Камітэт не павінны ўваходзіць, то я з Васілём Русаком будзем працаваць у Камітэце неафіцыяльна і пастараемся дабіцца сазваць зьезд Случчыны, а інструктарскую справу па выбарам на зьезд прадстаўнікоў ад валасьцёў возьмем у свае рукі. Усе на гэту прапазыцыю згадзіліся і вынясьлі пастанову, поўную абражаньняў па адрасу новых прадстаўнікоў Камітэта і аддалі мне для перадачы. Пастанова гэта была напісана рукой Русака, так што, калі мы яе падалі, то ўсе здагадаліся, што і Русак прыймаў удзел пры вынясеньні яе. Так што В. Русакова маска была прыпаднята, і яму не заставалася нічога, як толькі выйсьці. Застаўся я адзін. Перад адчыненьнем сходу я перагаварыўся з Паўлюкевічам і давёў яму, што я па сваіх асабістых варунках не магу ўвайсьці ў Камітэт, а буду рад працаваць неафіцыяльна. Аб тым, што паставяць на павестку, далі першаму слова мне, і я папрасіў паставіць пытаньне аб скліканьні зьезду. Пытаньне было пастаўлена, і пры абгаварываньні пастаноўлена склікаць зьезд 17 кастрычніка[2]. Інструктарамі па выбарам прадстаўнікоў ад валасьцёў на зьезд былі пасланы: Дубіна У[лас], Русак В., я і яшчэ некалькі з павету, адракамендаваных мною. Зьехалася 17 кастрычніка[3] 105 прадстаўнікоў[4] ад валасьцёў (у той лік уваходзяць районныя начальнікі беларускай міліцыі). Прыехалі прадстаўнікі і ад ўсіх беларускіх гурткоў і, паміж іншым, прыехаў старшыня арганізацыі сялянін С. Мяшочэк, каторы на з'езьдзе многа прыкрасьцяў нарабіў групе "балахоўствуючых" на чале з Паўлюкевічам, так што і цяпер не прамінулі ў "аляксюкоўскай" газэце "Еднасьць" напісаць, што ў Пінскім павеце знаходзіцца М... - "апостал у лапцёх". Праўда, Мяшочэк на зьезьдзе, як і цяпер, быў у сялянскай вопратцы і ў лапцёх, але тут, мне здаецца, німа нічога ні брыдкага, ні сьмешнага. Яшчэ да зьезду пачала працаваць "тройка", каторая складалася з Паўлюкевіча, Бачко і капітана Анцыповіча, і гэтая "тройка" разаслала раённых начальнікаў міліцыі, зарганізавала штаб міліцыі, маючы на мэце, што гэты штаб будзе штабам ахвотніцкіх аддзелаў, і каторыя будуць рабаваць сялянства, як і ўсякія белагвардзейцы. 3 кіраўнікоў штабу, паміж іншым, быў цяперашні здраднік пар. Мацэля. І вось з раённых начальнікаў, Мацэлі і Паўлюкевіча злажылася на зьезьдзе моцная група "балахоўствуючых". На зьезд пасьпела вярнуцца з братам Балаховіча дэлегацыя на чале з кап. Самусевічам, каторую паслала "тройка". Вярнуўся з Варшавы і Павал Жаўрыд, пасланы Нацыянальным Камітэтам. Ён прыехаў з упаважненьнем ад Найвышэйшае Беларускае Рады ў Варшаве. На зьезьдзе ён сказаў, што Найвышэйшай Радай захады перад польскай ўладай зроблены і што, калі сяляне Случчыны хочуць паўстаць, то падмога будзе. Кап. жа Самусевіч даводзіў, што бальшавікі сюды ня прыдуць і што Случчыну абароніць "Бацька" Булак-Балаховіч, толькі нам трэба даць сваіх сыноў на змаганьне, і што ён назначаны Балаховічам фармаваць у Слуцку полк і камандаваць ім. Сяляне ўсе, як адзін, выказаліся, што час настаў падняць сьцяг змаганьня за незалежнасьць Бацькаўшчыны. На вудачку ж "балахоўствуючым" яны не пашлі. Яны добра разумелі, што ім нясе генерал Балаховіч, і не пайшлі за Найвышэйшай Радай, а выбралі сваю Раду Случчыны і даручылі ёй кіраваць паўстаньнем. Старшынёй Рады быў выбраны Уладзімір Пракулевіч. Убачыўшы, што кіраваньне паўстаньнем папала не ў яго рукі, Паўлюкевіч кінуў усё і выехаў зь сямьёю за нейтральны пас. Пасьля з'езду камандзір 11-й польскай дывізіі адмовіўся чым-кольвек памагчы паўстанцам. Хадзілі чуткі, што гэтай справе памог язык Паўлюкевіча. Аднак Рада Случчыны не пала духам: назначыла камандзірам брыгады кап. Анцыповіча і пастанавіла змагацца з тым аружжам, якое было. Месцам фармаваньня было назначана м. Семежава, куды пераехала таксама і Рада. У гэты час Паўлюкевіч прыслаў сказаць, што ён не паедзе ў брыгаду датуль, пакуль паўстанцы ня адгоняць бальшавікоў (у той час ён лічыўся брыгадным доктарам). Ён, мусіць, спадзяваўся, што калі палякі не памогуць, то паўстанцы адразу будуць разагнаны.

Рада інтэнсыўна вядзе працу. Пратэст проці захапленьня бальшавікамі Случчыны быў пасланы бальшавіцкаму ўраду і для апублікаваньня - за граніцу. Рада пасылала інструктароў растлумачыць сялянам сучаснае становішча. Рада рэквізіцыяў не рабіла, але сяляне самі прывозілі для ўтрыманьня войска правізію. К гэтаму часу ўжо зьехаліся ўсе паўстанцы: хто на сваім кані вярхом, другія са стрэльбай, з падводамі, наагул з тым, хто што меў. Хутка сфармаваўся полк, кавалерыйскі атрад і палкавы абоз. Тут жа пры палку была адчынена майстэрня дзеля налады сапсаванай зброі. Камандзірам палка быў назначаны кап. Чайка. Ён добра павёў справу. Полк хутка пачаў узбройвацца стрэльбамі, адабранымі ад бальшавікоў. Кап. Чайка ня толькі добра выконваў пастановы Рады, але многа выяўляў асабістай ініцыятывы: палонных выпушчаў на волю, вымагаў ад падуладных яму афіцэраў не ўжываць цялесных караў, на якія былі вельмі прыткія афіцэры, уперад служыўшыя ў белагвардзейскіх аддзелах. Пры ім быў узяты ў палон чырвоны афіцэр з ротай. Чайка ўзяў к сабе на кватэру, каб не даць зьдзекавацца над ім начальніку контрразведкі Мірановічу, а посьля дапросу у штабе пусьціў саўсім. Калі папракалі яго, чаму ён так робіць, то Чайка адказваў: "Ну хоць бы мы самага камуніста выпусьцілі, то мы гэтым нічога не трацім, а наадварот, што было б у такога чалавека на душы? Ці мог бы ён больш ваяваць проціў нас? Мы павінны біць духам, а не аружжам". Раз, калі паміж гутаркі закранулі асобу камуніста Кецка, то Чайка сказаў: "Такога камуніста німа чаго нам баяцца. Я яму напішу пісьмо, і ён прыедзе да нас".

Кожын дзень паўстанцы рабілі налёты на бальшавіцкія аддзелы, захоплівалі палонных і ваеннае дабро. Часта афіцэры палонных палітрукоў не адсылалі ў штаб, а расстрэлівалі на месцы. Бальшавікі не маглі захапіць жывым ніводнага паўстанца і за гэта вымяшчалі на сялянах. Як прыклад, раскажу адно здарэньне. Адзін раз разьведка паўстанцаў захапіла ў вёсцы Кажушкі роту чырвонаармейцаў, забіла палітрука і вышла зь вёскі. Назаўтра, даведаўшыся аб гэтым, бальшавікі зь вялікім атрадам акружылі вёску Кажушкі, выгналі ўсіх людзей на поле, паставілі проціў іх кулямёты і патрэбавалі выдаць маючых зносіны зь беларускімі паўстанцамі. Сяляне маўчалі. Тады бальшавікі пачалі выбіраць з грамады па твары падазроных і адводзілі ў бок. Калі патрэбны лік людзей быў адабраны, то сталі адганяць грамаду ад абрачоных на сьмерць, але грамада не адступалася. Падняўся страшэнны крык і плач дзяцей. Старыя прасілі паставіць іх пад кулі замест сыноў і ўнукаў, кабеты - замест мужыкоў, дзеці не адходзілі ад сваіх бацькоў і моцна плакалі. У канцы бальшавікам, мусіць, надаела слухаць гэты разьдзіраючы душу канцэрт, яны схапілі першых папаўшыхся ў рукі 2-х чалавек, расстралялі іх і спакойна пакінулі вёску, задаволіўшы свае краважадныя інстынкты.
Сяргей Бусел у вязьніцы НКВД. 1939-1940 г.


Справа паўстанцаў ідзе добра. Прыехала каля 12-ці чалавек, афіцэраў Беларускае Вайсковае Камісіі, каторыя пазорна здэзэртыравалі. Застаўся толькі кап. Андрэй Якубецкі з 3-ма ці што афіцэрамі, якія сумленна вялі працу да ліквідацыі самога паўстаньня. Каля гэтага часу прыяжджае Паўлюкевіч і з Мацэляй вядуць акцыю проці Прэзыдыюма Рады. Тут неўзабаве ловяць пасланца Чайкі, адбіраюць у яго пісьмо Чайкі, адрасаванае да Кецкі. Сам пісьма гэтага не чытаў, але чуў, што Чайка пісаў пісьмо такога зьместу: "Я знаходжуся ў беларускай паўстанчэскай арміі і многа раблю карысьці дзеля нашай ідэі. Белагвардзейскай сволачы не пазваляю займацца мордабіцьцем і аслабаняю палонных". Пісьмо было дастаўлена ў штаб, і Чайку арыштавалі. Арыштаваны сядзеў пры контрразьведцы, начальнікам каторай паручнікам Мірановічам быў пушчаны на волю. Трэба сказаць, што пар. Мірановіч за час свайго начальстваваньня над контрразьведкай многа прарабляў падобных штук: расстрэльваў без суда, кажучы са сьмехам: "Уцёк". Завёз за лінію паўстанчаскіх застаў аднаго арыштаванага камуніста Сенюка, кажучы, што брат твой памагаў мне, і вось я хачу аддзякаваць. Сенюк быў пушчан на волю. За астатнюю справу Рада ссадзіла з пасад і арыштавала паручніка Мірановіча і брыгаднага камандзіра Анцыповіча, але праз нейкі час іх выпусьцілі. 3 пабегам Чайкі пачалося адступленьне. У гэты час была асабліва дана воля разыграўшымся страсьцям: западазроных у камунізьме расстрэльвалі на мейсцы, а палонных аддавалі палякам. У той час была прадастаўлена новаму камандзіру кап. Сокал-Кутылоўскаму поўная ваенная дыктатура. Паўстанцаў гналі аж да нэйтральнага пасу. Пачакаўшы і раздабыўшы трохі аружжа і патронаў, паўстанцы яшчэ раз папрабавалі напасьці на бальшавікоў. Наступ быў зроблены вельмі ўдачна. Пахвачана было многа палонных, аружжа і ваеннага дабра. У часе гэтага наступу пар. Курыловічам (цяпер ён правая рука ў Алексюка) са сваім атрадам і пар. Мірановіч з кавалерыйскім атрадам, за ўкрыцьцё аднэю кабетай бальшавіка, была зроблена рэквізыцыя - грабёж у вёсцы Макраны. Забрана каля 8 каней і многа вясковага дабра. Аб гэтай справе ніхто ня ведаў, пакуль не прышлі сяляне з тэй вёскі з жалабай у штаб. Тут былі агледжаны стайні кавалерыйскага атраду і частка коней знойдзена, а частку, сказалі салдаты, начальнік Мірановіч з вахмістрам павезлі ў Клецак. Праз гадзіны 2 Мірановіч з вахмістрам вярнуліся, але коні ўжо пасьпелі прадаць. За такую справу камандзер брыгады Сокал-Кутылоўскі прыказаў вахмістра Мірончыка і салдата Сысоева, каторы яшчэ да паўстаньня займаўся бандытызмам, расстраляць, a пap. Мірановіча разжалаваў у радавога. На другі дзень па заняцьці Вызны і Семежава бальшавікі з свайго боку павялі наступ. У Семежава пар. Курыловіч з батальёнам нязначнай часткі бальшавікоў быў акружан, і Семежава было пастыдна пакінута паўстанцамі. На другіх вучастках геройска бараніліся. Прыкладам узяць, пры абароне Вызны было праяўлена дзіва храбрасьці. У гэтым жа баю адлічыўся быўшы пар. Мірановіч, і яму быў вернуты яго чын. Калі паўстанцы зноў былі выгнаны ў нейтральны пас, то група "балахоўствуючых" павела агітацыю, што паражэньню вінавата Рада, бо не дапусьціла злучыцца з Балахоўскімі войскамі. У гэты час імі былі атрыманы весткі, што к ім ідзе на помач атрад Балаховіча, і яны гатовіліся расстраляць Раду і самім перайсьці к Балаховічу. Але тут некаторыя радныя давялі ім да ведама, што калі яны ня спыняць сваей прапаганды, то Рада, пакуль з'яўляецца аўтарытэтам у паўстанцаў, аддасць усіх здраднікаў бальшавікам. На шчасьце, спрачацца ня прышлося доўга, бо бальшавікі падаслалі коньніцы і інаплеменныя аддзелы, так што чырвоная ляпа камуністаў гатовілася захапіць паўстанцаў са штабам. Палякі ж, ідучы насустрач бальшавікам, далі права бальшавіцкаму войску на 96 гадзін зайсьці і за нейтральную зону, праследуючы партызанаў са штабам. Прыйшлося перайсьці граніцу. Тут палякі паўстанцаў разаружылі і інтэрнавалі. Частка, праўда, асталася, і пайшла ў лясы, а частка "балахоўствуючага" элямэнту пайшла ў "Зялёны Дуб" к атаману Дзергачу. Тут ужо "балахоўствуючая" група дала волю сваім страсьцям, так што жыхары Случчыны многа пацярпелі ад іх. Скора зьліквідовываецца і "Зялёны Дуб", тагды адны "балахоўствуючыя" паступаюць на службу здраднікам беларускай справы, Алексюку, другія ў польскую дыфэнзыву і крадуць у сялян, каторыя пад бальшавікамі, коней. Выдаюць галавой Беларускіх дзеячоў палякам і бальшавікам. Як, напрыклад, Мацэля, служачы ў польскай дыфэнзыве, аддаў бальшавікам беларускага дзеяча Бабарэку і паляком - Дубіну[5]. Але колькі "балахоўствуючыя" ні кампрамітавалі Слуцкіх Паўстанцаў, у жыхароў Случчыны асталіся самыя лепшыя ўспаміны аб паўстаньні. Цяжка далося бальшавікам арганізовываць валасныя і павятовыя іспалкомы, бо сяляне адмаўляліся прымаць удзел, кажучы: "Мы выбралі Раду і па 10 разоў не будзем выбіраць". А ў вёсцы Гулевічах сабралі сход выбраць сельсавет. На сход прышоў адзін стары дзед, каторы, мабыць, даўно не хадзіў на сходы. Доўга слухаў стары на сходзе спрэчкі, а потым у канцы сказаў: "Што вы пераліваеце з пустога ў парожнае, яшчэ няма 5-ці хлопцаў-паўстанцаў зь вёскі, нешта ж і яны думаюць". Пасьля гэтага сход ні з чым разышоўся.

Дык вось. Аддаўшы сваіх сыноў на алтар Бацькаўшчыне, сяляне веруць, што доўгачаканую волю здабудуць, і гэтая вера ў сялян Случчыны ніколі не памрэ.



[1] Маецца на ўвазе Пётра Бабарэка

[2] С. Бусел тут памыляецца ў даце скліканьня зьезду. Насамрэч было паста-ноўлена склікаць беларускі зьезд Случчыны 14 лістапада.

[3] Насамрэч - 14 лістапада 1920 г.

[4] Насамрэч - 107 дэлегатаў з вырашальным голасам і 10 з дарадчым.

[5] Гаворка йдзе пра Ўласа Дубіну, арыштаванага польскімі ўладамі ў Вільні ў 1921 г. ды высланага тады ж у Літву.

Коўна, 7 Красавіка 1922 году.
БДАМЛіМ, ф. 3, воп. 1. спр. 56, арк. 157-163. Аўтпэнт., маш. Апубл.: Спадчына. 1995. №6. С. 15-31.
Крыніца: Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах - Мінск : Медысонт, 2006. - 400 с.

С. Бусел

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Слуцкае паўстаньне

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.