Успаміны аб Слуцкім паўстаньні

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Успаміны аб Слуцкім паўстаньні. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

29 лістапада 1944 г.
Бэрлін.

Як вядома, у 20-м годзе ў жніўні месяцы палякі адбілі бальшавікоў з-пад Варшавы і пагналі на ўсход. У Случчыне палякі зайшлі за Слуцак прыблізна кілёмэтраў на 14 за Вясею (рэчка) і далей не пайшлі. Уся здаровая маральна моладзь Случчызны (а яна, за вельмі нямногімі выняткамі, уся была здаровая) і інтэлігенцыя, каторай было вельмі шмат і каторая ўся, можна сказаць. паходзіла з сельскае земляробскае гушчы, усё гэта засталося дома. Галоўным месцам зборкі інтэлігенцыі быў, як ведама, горад Слуцак. Некаторыя папераяжджалі з сёлаў у Слуцак і жылі тыднямі ў ім. Пераважала сярод іх больш настаўніцтва. Вядома, большасьць гэтае інтэлігенцыі была афіцэрамі ваеннага часу. Першыя дні па прыходзе палякаў мы думалі, што палякі і астануцца ў Слуцку, бо папрыязджалі польскія паны (памешчыкі) і сталі весьці агітацыю, каб насельніцтва Случчыны злажыла пэтыцыю Пілсудзкаму аб астаўленьні Случчызны за Польшчаю. Пры гэтай агітацыі бывалі вельмі камічныя выпадкі. Вось у сяле Сярэднікі, Раманаўскае воласьці, нейкі пан Гурскі ўзьлез на стол і вельмі горача прамаўляў аб выгодах, якія атрымаюць беларусы ад Польшчы. Паміж іншага ён ужыў гэткую фразу: "Польшча нясе вам заходнюю культуру", а нейкі дзядзька Сьцяпан выймае люльку з роту, добра сьплёўвае ўбок дый кажа: "Знаем мы гэтую куртулю (гэтак і сказаў - "куртулю") - нагайкаю па сьпіне! Хадзем, хлопцы, няма чаго слухаць". Бо і праўда, што палякі перад гэтым пры немцах пушчалі ў ход нагайкі. Але гэта толькі камічны эпізод. Я ў гэты час жыў у Слуцку, у мяне на кватэры быў польскі штабовы капітан, паміж іншага, вельмі парадачны чалавек. Ён мне сказаў, што Слуцак будзе астаўлены палякамі і што граніца будзе на захад ад Слуцку каля 40 км. Гэтая чутка скора разьнеслася па ўсёй Случчызьне. Наплыў у Слуцак інтэлігенцыі і проста сельскае моладзі стаў вельмі вялікі. Зьбіраліся розна дзе: то па кватэрах, то па жыдоўскіх заездах, то проста на вуліцы. У ваўсіх было адно запытаньне: "Што рабіць?" Мысьль аб збройным паўстаньні проціў бальшавікоў нарадзілася сама сабою, яна насілася ў паветры, трохі дадавалі ахвоты палякі-вайскоўцы абяцаньнем дапамагчы аружжам. 3 агітацыйнай стараны многа зрабіў, трэба сказаць, доктар Паўлюкевіч (Керанскі ў мініатуры, а потым, кажуць, здраднік, але гэта не мая справа і не газэтны матар'ял). Сталі неяк зьбірацца ў жыдоўскім заезьдзе, здаецца, Фрыдмана (чы то там была фатаграфія Фрыдмана, - добра ня помню), на рагу Шасовае вуліцы і Трайчанскага завулку. Тут вельмі скора сфармавалася мысьль аб зьезьдзе дэлегатаў са ўсяе Случчызны, і ўся інтэлігенцыя разьехалася па сваіх вёсках для агітацыі.

І вось у вызначаны дзень у лістападзе (каторага - не памятаю, але было холадна і дзядзькі ў кажухох былі) Слуцак запоўніўся кажухамі і вайсковымі шынэлямі - дэлегатамі і проста жыхарамі вёсак пшанічнае Случчыны. Заінтэрасаваньне было вельмі вялікае, настрой баявы. Сабраньне адбылося ў нейкай тэатральнай залі па Шасовай вуліцы, недалёка ад станцыі шасовае дарогі (там быў, здаецца, клюб камуністых, я там суткі праседзеў арыштаваны - за тое, што насіў сінія афіцэрскія штаны з чырвоным кантом). Я быў у гэты час хворы на модную тады гішпанку, і вушы мне балелі; нягледзячы на гэта - прыйшлі, сьцягнулі мяне з ложка і павялі на сабраньне. Там мяне абвязалі хусткаю і, згорбленага, выпхнулі на сцэну перад публікай, бо ішоў выбар выканаўчага камітэту, і была пастаўлена мая кандыдатура, а ўсякі кандыдат мусіў выступіць перад публікай. Тут трохі пасьмяяліся, пажартавалі з майго выгляду, але ў сябры камітэту выбралі (гэта матар'ял не газэтны). У Камітэт увайшлі: доктар Паўлюкевіч, я і яшчэ трэйці, але прозьвішча ягонага ніяк ня прыпомню. Ды гэта ня вельмі важна, бо дзейнасьць Камітэту была ня вельмі доўгая і вялікая. Ён толькі і пасьпеў агаласіць і праз дэлегатаў разаслаць па вёсках абвестку аб дабраахвотным запісу ў Слуцкае "войска". Што датычыць зьезду, то трэба сказаць, што гэткага аднамысьля, гэткага настрою я ніколі не спатыкаў. Гаварылі многія дэлегаты, але коратка і дарэчы. Вельмі добрую прапанову сказаў настаўнік Нэронскі. Заразжа сталі зьяўляцца дабраахвотнікі, многія са сваім аружжам. Камандзірам усяе збройнае сілы, якая ўтворыцца, быў выбраны штабс-капітан Анцыповіч з сяла Пранавічы, з фе [ль]дфебеляў старой арміі, які даслужыўся да афіцэра. Выбар быў ня зусім удачны: выпаўняць даручэньні ён мог, але сам кіраваць, ды яшчэ цэлаю брыгадай, якая пасьля ўтварылася, ён ня мог, ніякае ініцыятывы ня меў. Гэта скора было заўважана, і камандаваньне было перадана штабс-капітану Сокал-Кутылоўскаму. Выбар быў удачны. Чалавек інтэлігентны, з цьвёрдаю воляй і собскай ініцыятывай, ён паставіў узорную дысцыпліну, заапекаваўся прадавольствам. Першым месцам зборкі брыгады было мястэчка Семяжава. Адсюль было зроблена некалькі вылазак у сторану бальшавікоў. Асабліва ўдачныя былі вылазкі паручыка Мірановіча, але, бедны, і ён адзін раз дастаў ад балынавікоў прыкладам па сьпіне, так што некалькі'дзён ня мог разагнуцца. Скора выясьнілася, што Семяжава адыходзіць па Рыскаму трактату да бальшавікоў, а тым часам палякі, як заўсёды, двуліцовыя, многа абяцалі, а нічога не давалі. Галоўнае, нам трэба было аружжа, а яго ня было, і прыйшлося адступіць на польскую старану ў сяло Грыцавічы і акружныя вёскі. У старану бальшавікоў заўсёды хадзіла разьведка, большае акцыі ладзіць не маглі з браку аружжа, хаця хлапцы і рваліся, казалі, хоць з каламі, ды хадзем. Тым часам палякі вызначылі места Ганцавічы для атрыманьня аружжа. Паехаў штабс-капітан Самусевіч і я. Прынялі нас вельмі ветліва, а далі ўсё роўна што нічога: некалькі соцень старых вінтовак і два старыя паламаныя кулямёты і зноў наабяцалі многа. Ехалі мы ўжо не ў Грыцавічы, а ў Заастравечча, куды перайшла брыгада. Па прыезьдзе мы адразу заўважылі ўпадак духу як у простых дабраахвотнікаў, так і ў камандзіраў. Частка нават ужо разыйшлася па сваіх родных і знаёмых, а знайшліся і такія, што на рызыку пайшлі на бальшавіцкую старану. Праз пару тыдняў брыгада растварылася сярод насельніцтва Заастравечча, Клецку, Нясьвіжу, але ўсякі адыходзіў зь нейкаю тайнаю надзеяй. На гэтым Слуцкая акцыя ня кончылася. Толькі цяпер яна стала скрытаю, кратоваю. Настала работа так званае "зялёнае арміі". Да канца сакавіка 1921 году я сядзеў за Ляхавічамі, выганяў астаткі "гішпанкі". У канцы сакавіка я прыехаў у Клецак і даведаўся, што галоўная кватэра "зялёных" у Нясьвіжы. Я паехаў туды і знайшоў кватэру на новым месцы - на Браварнай вуліцы. Там, апрача старога знаёмага мне капітана Самусевіча, былі зусім новыя асобы - нейкі Мароз з Горадні, Грач (псэўдонім, праўдзівага прозьвішча ня ведаю), а агенты па некалькі чалавек былі раскіданы па пагранічных вёсках і хутарох. Палякі патрабавалі ад галоўнае кватэры афіцэра для сувязі з II адзьдзелам (польская разьведка). Паслалі мяне ў Слонім, але хутка я ўгледзеў, што я не афіцэр для сувязі, але проста закладнік, бо палякі далі мне памешканьне ў гатэлі і дзень і ноч старажылі мяне. Праз два месяцы мне ўдалося выбрацца са Слоніма. Я асеў у Клецку ў якасьці настаўніка рускае гімназіі. Самусевіч скора папаўся ў рукі менскае чэка і там, бедны, кончыў, мабыць, у цяжкіх муках. Што ён многа зрабіў, то прызналі нават палякі, бо далі ягонай жонцы канцэсію на водку. Работа ў "зялёных" прадаўжалася да 1923 г. і папсавала бальшавіком вельмі многа крыві. Нават у самым Слуцку бальшавікі не заўсёды спалі спакойна, бо і туды забіраліся сьмельчакі з "зялёных". Самы дзельны з "зялёных", за галаву якога бальшавікі вызначылі вялікую суму, быў застрэлены здраднікам ззаду ў патыліцу за сялом Колкі (каля Заастравечча) пры пераходзе граніцы. Фаміліі яго я цяпер ніяк не магу ўспомніць, хаця яго добра ведаў, бо ён у мяне і дняваў, і начаваў. Ён паходзіў з сяла Прусы, але меў нейкую не беларускую фамілію. Калі хто ёсьць з маладых, хто вучыўся ў Нясьвіжскай гімназіі, то той можа сказаць яго фамілію, таму што ў Нясьвіжскай гімназіі ў актавым зале вывешаная мрамарная дошка з гэткім самым прозьвішчам яго крэўнага, які быў забіты бальшавікамі ў 1919 годзе.

Пасьля 1923 году зялёны рух пачаў заміраць. Я ў гэты час пераехаў ў Гарадзею ў польскую школу, бо ўсе рускія палякі закрылі, а аб беларускіх і не ўспамінай. Ды, зрэшты, гэта ўжо другая справа.

Варта ўспомніць, што сталася з дзеячамі Слуцкага паўстаньня. Пра ўсіх цяпер і не прыпомню, але пра некаторых ведаю іхны лёс. Штабс-капітан Анцыповіч дзесьці на Палесьсі заняўся гандлем, штабс-капітан Сокал-Кутылоўскі быў сьвяшчэньнікам, паручык Гапановіч, дваюрадны мой брат, адвакат, ад'ютант брыгады, пасварыўся з палякамі і ў 1929 г. пайшоў к бальшавіком і, ведама, што чэка зь ім расправілася, доктар Паўлюкевіч пераехаў у Вільню і рабіў якіясьто шахермахеры з палякамі, Мірановіч, камандзір эскадрона пры брыгадзе, стаў польскім паліцыянтам і апалячыўся, паручык Коршун, камандзір брыгады, у 1939 г. вывезен бальшавікамі з Клецку, Сарока, начальнік паліцыі пры брыгадзе, служыў у палякаў сакратаром у воласьці, а цяпер астаўся ў Нясьвіжы, Грач (псэўдонім) папаўся ў рукі Менскай чэка. Пра многіх другіх можна было б успомніць, каб гэта сабралася хаця трох-чатырох удзельнікаў паўстаньня. Варта было б утварыць нешта накшталт камісіі з удзельнікаў паўстаньня для напісаньня падрабязнае манаграфіі, бо пройдзе яшчэ некалькі год, і будучы гісторык чы манаграфісты напраўду ня знойдзе ніякіх матар'ялаў што да гэтага цікавага гістарычнага выпадку.

Цяпер хто-небудзь "цьвярозы" запытае - навошта патрэбны былі гэтыя ахвяры, калі ўся акцыя згары была прызначана на непаводзіны. На гэта адкажу, што гэтак глядзець няможна. Праўда, матэрыяльнай карысьці паўстаньне не дало, але паказала вялікі гарт духу, парадзіла многа гэраічных выпадкаў, каторыя могуць паслужыць, як матар'ял выхаваўчы.

3 паважаньнем А. Бочко.

Друкуецца з дакумэнтальных збораў архіву Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку. Аўтэнт., маш. з рук. дадаткам. На 1-й с. маецца пячатка Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў БЦР: "Атрымана дня 7.12.1944. №2016".

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Успаміны аб Слуцкім паўстаньні

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.