3 успамінаў слуцкага паўстанца

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему 3 успамінаў слуцкага паўстанца. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by



1960 г.

Нарадзіўся я ў 1896 годзе каля мястэчка Грозава, Грозаўскае воласьці, Слуцкага павету. Бацька мой меў зямельную гаспадарку. У школу пачаў хадзіць зь 10-цёх год, у 1905 годзе, і вучыўся з восені да травеня, а ўлетку пасьвіў каровы.

Увосень 1908 году памёр мой бацька, і я змушаны быў пакінуць вучэньне ды памагаць маці й старэйшаму брату весьці гаспадарку. У сакавіку 1914 году памерла маці, брата неўзабаве маскалі забралі ў войска, і я застаўся сам даглядаць гаспадарку й дзьвёх сясьцёр. Урэшце, у жнівені 1915 году забралі й мяне ў войска ў веку 19-ёх год. Гаспадарка без гаспадара за вайну зьнішчылася, коні й каровы маскалі пабралі.

У царскай арміі я прайшоў вучобную каманду й стаўся зводным камандзерам з рангай капраля.

У сьнежані 1917 году, аднак, пасьля дэмабілізацыі на расейска-бальшавіцкім фронце, я вярнуўся дамоў (брата немцы забралі ў палон), прывёзшы з сабой кулямёт, тры вінтоўкі, рэвальвэр, два цынкі гранатаў, пяць цынак патронаў і дзьве кулямётныя йстужкі.

У студзені 1918 году прыйшлі немцы й прабылі да сьнежаня таго ж году. Сьледам за імі, у студзені 1919 году, прыйшлі бальшавікі й у сакавіку абвесьцілі мабілізацыю маладых год. Мабілізацыя была прызначаная на 19-га сакавіка, і мой год народжаньня падпадаў пад яе.

Дзеля таго, што ў мяне былі дзьве сястры (адна калека), якімі трэба было апекавацца, я пастараўся атрымаць на паперы селавы прыгавор, у якім гаварылася, што я адзінокі, што няма каму працаваць на зямлі ды што няма каму апекавацца сёстрамі. 3 гэтым прыгаворам я й зьявіўся ў Слуцак на мабілізацыйны пункт. Падыйшоўшы да камісара Лебедзева, я паказаў яму прыгавор. Ён адказаў мне на гэта, што трэба йсьці бараніць свабоду, бо йнакш прыйдуць белыя дзянікінцы. Я працівіўся, аднак, і сказаў, што не пайду датуль, пакуль ня будуць забіраць апошніх гаспадароў з гаспадарак. Лебедзеў выхапіў рэвальвер і загадаў чырвонаармейцам арыштаваць мяне, але поўная заля мабілізаваных не дапусьцілі да гэтага, і я, скарыстаўшы з сумятні, уцёк у места на рынак, расказаўшы там аб чыненым гвалце. На рынку было людна й шумна. Студэнт Ліхадзіеўскі (зь сяла Леткаўшчына) ускочыў на воз і пачаў заклікаць: "Далоў камуну! Няхай жыве вольная Беларусь! Беце камуністых, вызваляйце свой народ!" Мабілізаваныя хапіліся хто за што мог: за дугі, за аглоблі; некаторыя мелі зброю. Міліцыянтаў пабілі й паабяззбройвалі (былі пазабіваныя й параненыя). І толькі тады бальшавіком удалося разагнаць натоўп навабранцаў, калі прыйшлі два панцырныя аўтамабілі. Шукалі Ліхадзіеўскага й мяне, але нас ужо там ня было. Пасьля гэтага выпадку ў Слуцку па сёлах пачалі езьдзіць карныя аддзелы для змаганьня з "дэзэртырамі і контррэвалюцыянэрамі".

Тымчасам у кажнай воласьці пачалося мясцовае вышкаленьне маладых для змаганьня з бальшавікамі. У нашай Грозаўскай воласьці вышкаленьнем гэтым кіраваў ахвіцэр Павал Цімошак зь сяла Аксаміты. Школіць маладых ён прызначыў капраля Ляхчынскага зь сяла Гарнастаева. Зь Цімошкам меў сувязь і я: ён даваў заданьні абясшкоджваць з групай хлапцоў-аднавяскоўцаў мясцовыя камуністычныя самаўрады. Мы абодва належалі да тайнае арганізацыі "Зялёных", якая й кіравала вышкаленьнем рэкрутаў ды нападамі на бальшавіцкія аддзелы.

У чэрвені 1919 году бальшавікі парассылалі па нашых ваколіцах карныя аддзелы. Злавіўшы двух дэзэртыраў зь сяла Папоўцы, яны даведаліся пра мяне, прыгразіўшы, што зловяць мяне й расстраляюць. Пра ўсё гэта я даведаўся і аднае ночы зь 15 хлапцамі зрабіў пры тракце засаду. У часе сутычкі чырвоны камандзер быў забіты, а чырвонаармейцаў мы абяззброілі. <...>

Пасьля гэтага ў нашае сяло прыязджаў бальшавіцкі конны аддзел, але мы з хлапцамі (якія адначасна мусілі працаваць на гаспадарках) пасьпелі ўцячы ў бярэзьнік, адкуль жытам падыйшлі да тракту й каля лесу зноў зрабілі засаду. Пасьля сутычкі бальшавікі не далічыліся ў сябе двух коньнікаў.

Калі я вярнуўся ў сяло, даведаўся, што карнікі хацелі забраць з мае гаспадаркі карову й сьвіньню, але сёстры пачалі плакаць, і людзі за іх заступіліся таксама, кажучы чырвонаармейцам, што калі я вінаваты, дык хай мяне й ловяць. Іхны камандзер сказаў, каб я сам зьявіўся да іх, бо інакш яны йзноў прыедуць і тады ўжо забяруць усё. Пагрозе гэтай не давялося, аднак, адбыцца, бо ў канцы ліпеня зьявіліся Палякі. Затое бальшавікам удалося злавіць Цімошыка, які ад іх больш і не вярнуўся.

Аддзелы "бацькі" [Булак-]Балаховіча й галоўны штаб знаходзіліся на Палесьсі, недалёка ад Давід-Гарадка, а ягоная арганізацыя ў 1919 г. была дзейная па ўсіх паветах, і тыя, хто не хацеў ісьці ў чырвоную армію, належалі да гэтае арганізацыі.

Генэрал Балаховіч меў вялікую армію, што, як і ўкраінская армія Сымона Пятлюры, змагалася з бальшавікамі. Калі пятлюраўцаў бальшавікі былі прыціснулі, Балаховіч дазволіў ім быць на сваёй палескай тэрыторыі. Калі ж, аднак, пачалі здарацца частыя выпадкі дзікога захоўваньня пятлюраўцаў (гвалты, рабункі), гэнэрал Балаховіч загадаў Пятлюру вывесьці свае аддзелы назад на Ўкраіну, дзе яны пасьля й былі разьбітыя бальшавікамі. Пазьней Балаховіч із сваімі аддзеламі перайшоў у Белавескую пушчу й пратрымаўся там да 1920 году.

У травені 1920 г. бальшавікі павялі наступ на палякоў і дайшлі аж да Віслы. Гэнэрал Балаховіч гэтым часам быў ужо ў Белавескай пушчы, прыняўшы да сябе рэшткі разьбітае польскае арміі. Выйшаўшы з пушчы, Балаховіч з тылу павёў атаку на бальшавікоў, якія ў выніку гэтага апынуліся адрэзаныя ад тылавой арміі. Над Бугам адбыліся жорсткія баі, і пасьля людзі гаварылі, якой чырвонай была вада ў Бугу. Апынуўшыся ў цяжкім стане, бальшавікі дагаварыліся з палякамі на перамір'е, і польская армія стала па рацэ Пцічы. Бальшавіком гэным часам сілы патрэбныя былі для змаганьня зь Дзянікінам, якога неўзабаве ім удалося разьбіць.

Дзесьці ў палавіне кастрычніка 1920 г. бальшавікі заявілі паляком, што польская армія заняла вялікую частку беларускае тэрыторыі на ўсход ад ракі Шчары бязь ніякага бою. Яны пачалі дамагацца, каб палякі адыйшлі назад за раку Шчару. Пачаліся спрэчкі.

Тымчасам палякі заявілі прадстаўніком беларускіх арганізацыяў, што яны згодныя, каб тэрыторыю на ўсход ад ракі Шчары занялі беларускія вайсковыя аддзелы. Палякі навет паабяцалі Беларусам памагчы бараніць Беларускую Народную Рэспубліку й адагнаць бальшавікоў за раку Бярэзіну. Прапанова гэтая падтрымвала беларускія надзеі на адваёву БНР. Пачалося інтэнсыўнае фармаваньне беларускіх вайсковых аддзелаў.

У Слуцку адразу ж сфармаваўся паўтысячны аддзел міліцыі. Стварылася таксама Слуцкая Рада. Беларускія ахвіцэры праводзілі вэрбаваньне па воласьцях.

Тымчасам вярнуўся зь нямецкага палону мой брат. Да нас у Грозава прыехаў таксама прапаршчык Пётра Бабарэка, зь сяла Старыцы, што 9 кілямэтраў ад Грозава. Ён абвесьціў мабілізацыю й разьвесіў мабілізацыйныя афішы. Да яго далучыліся й мы з братам. Мабілізацыйны век быў ад 20 да 40 год. За кароткі час мы сфармавалі аддзел зь пяцьсот чалавек.

У Рызе гэтым часам ангельскія й францускія арбітры польска-савецкага канфлікту разглядалі на карце спрэчную тэрыторыю паміж Шчарай і Пцічам і пастанавілі, што польска-савецкая мяжа будзе праходзіць па рацэ Лані.

Пагадзіўшыся на гэткае разьвязаньне пытаньня й ведаючы, што на ўсёй спрэчнай тэрыторыі фармуецца беларускае войска, бальшавікі кінуліся займаць тэрыторыю ад Пцічы да Лані, каб ня даць Беларусам магчымасьці ўмацавацца.

Мы атрымалі загад рухацца ў Семежава на фармаваньне. Раненька 10 кастрычніка 1920 году мы выйшлі з Грозава, вязучы з сабою ўсё, што нам магло прыдацца ў паходзе й баёх. Начавалі ў Цімкавічах. Па дарозе да нас далучыўся аддзел сілаю 150 стральцоў з Грэскае воласьці пад камандай ахвіцэра старое арміі Міколы Віткі зь сяла Праходы.

11 кастрычніка ўсе разам, 650 чалавек, мы ўвайшлі ў Семежава й выстраіліся ізь сьцягамі на невялікім рынку, адсьпяваўшы беларускую марсэльезу "Адвеку мы спалі". Пасьля гэтага нас прывіталі й разьмясьцілі па хатах. Назаўтра быў сход: выбіралі камандзераў. Памятаюцца некаторыя прозьвішчы: камандзерам Слуцкага палка стаўся капітан Анцыповіч, камандзерам Грозаўскага палка - капітан Семянюк, камандзерам 4-га батальёну Слуцкага палка - Гаўрыловіч, 1-га батальёну Грозаўскага палка - капітан Самусевіч, 2-га батальёну Грозаўскага палка - штабс-капітан Мяцеля зь сяла Малая Млынка Цараўскае воласьці. Кавалерыйскімі аддзеламі кіраваў паручнік Кернажыцкі. Хто кіраваў артылерыяй, ня памятаю.

Перад наступам чырвонаармейцам былі кінутыя лятучкі з заклікам пераходзіць да нас. Гэтым часам выявілася таксама, што палкоўнік Чайка, што быў з намі, выслаў бальшавіком пакет і апісаў усю нашую сілу й род зброі. Нашыя патрулі злавілі Чайкавага пасланца й прывялі ў Семежава да камандзера брыгады. Чайку арыштавалі й пасадзілі ў ваднэй пустой хаце, адкуль ён, аднак, уцёк, прадраўшы страху.

Раніцой 27 лістапада, маючы Слуцкі полк на правым флянгу, а Грозаўскі на левым, мы пайшлі ў наступ. Да Слуцку дайшлі без вялікіх сутычак, але ў Слуцку адбыўся жорсткі бой, і бальшавіцкі батальён быў разьбіты. Гэтым часам да нас пачалі пераходзіць чырвонаармейцы. Мы дайшлі да Ўрэчча, дзе йзноў быў вялікі бой. За дзьве гадзіны Ўрэчча было таксама ў нашых руках, і мы пайшлі далей, правы флянг на Пагост і Старобін, а Грозаўскі полк на левым флянгу заняў Покрашава і Вераб'ёва. Тут нас сустрэла, аднак, новая сіла праціўніка - лічныя аддзелы ахвотнікаў і кітайцаў, - цэлая дывізія супраць нашае аднае брыгады. Пасьля падыйшла яшчэ адна бальшавіцкая дывізія, і мы, адбіваючыся, пачалі плянавае адступленьне. У Слуцку і Грозаве былі жорсткія баі. Было шмат забітых з абодвух бакоў. Сваіх раненых, дзе можна было, мы адпраўлялі ў Нясьвіж і Клецак у шпіталі. Ля Раманава й Капыля йзноў былі баі. Цяжка было супрацьстаяць напору масы кітайцаў, і мы адыйшлі далей на захад да лініі Вызна - Васільчыцы - Кажушкі - Лядна - Чарнагубава - двор Савічы. Бальшавікі намагаліся акружыць нас, але мы загіналі флянгі і ўніклі акружэньня. Тут адбыліся апошнія баі. Грозаўскі полк лініяй агню прыкрываў пераход рэшты войска на польскі бок, а пасьля перайшоў туды й сам. Зброю давялося скласьці. Грозаўскі полк затрымаўся ў Нясьвіжы, Клецку й маёнтку Яновічы пад Клецкам; Слуцкі полк - у Сіняўцы, Ганцавічах і Лунінцы.

Нас разьмясьцілі па сёлах: Бабаевічы, Кухчыцы, Дунайчыцы, Гарбуноўшчына, Сякерычы, Блячын (Малы й Вялікі), Нясьвіж (Новае Места), Пахабаўшчына й Карцэвічы. Жылі па хатах - хто з чаго, галоўна памагалі па гаспадарках. У сакавіку 1921 г. усіх нас, паўстанцаў, узяў пад сваю апеку генэрал Булак-Балаховіч. Быў сфармаваны цэлы батальён. Дзьве роты стаялі ў Новым Месьце ў Нясьвіжы, а дзьве ў Пахабаўшчыне й Карцэвічах. Мы лічыліся як работніцкія дружыны, атрымвалі жаўнерскі паёк. Камандзеры Гаўрыловіч, Самусевіч і Мацеля набіралі ахвотнікаў і хадзілі партызаніць на савецкі бок. Капітан Гаўрыловіч меў аддзел 150 стральцоў, капітан Самусевіч - 100. Нашы партызанскія аддзелы дзеілі ля мястэчка Магільнага, ля Капыля, Пясочнага, ля маёнткаў Рым, Квяцяны й іншых. Мэтай нашых паходаў было змагацца з балынавіцкімі камісарамі, актывістымі й бальшавіцкай міліцыяй. Вельмі шмат памагалі нам мясцовыя сяляне.

У сувязі з гэтымі паходамі савецкі міністар замежных справаў Чычэрын выслаў польскаму ўраду войструю ноту пратэсту, вінавацячы Польшчу ў парушэньні правілаў добрасуседскіх дачыненьняў ды ў падтрымваньні й узбройваньні бандаў (так звалі нас бальшавікі), што ходзяць па савецкай тэрыторыі й руйнуюць мясцовую савецкую ўладу. Пра напады на мясцовых камуністых шмат пісалася тады ў бальшавіцкім друку. Савецкі ўрад прыгразіў Польшчы вайною ў выпадку, калі яна ня спыніць свайго падтрымваньня антысавецкіх партызанаў.

Савецкі пратэст дасягнуў свае мэты, тым больш што тады ўжо па цэлай Заходняй Беларусі пачало актывізавацца беларускае нацыянальнае жыцьцё, на што палякі глядзелі няпрыхільным вокам. Мы даведаліся праз сваіх камандзераў, што палякі зьбіраюцца паарыштоўваць нас і выдаць назад балынавіком. Зь Вільні ў Нясьвіж прыяжджалі доктар Паўлюкевіч і Жаўрыд з захадамі, каб не дапусьціць да выдачы нас, але, відавочна. нічога ў палякоў не дамагліся. Пасьля гэтага прыяжджаў з Лунінца палкоўнік Дзяркач. У Нясьвіжы на Броварскай вуліцы Новага Места, у штабе Грозаўскага палка, ён заявіў, што сфармаваў аддзел з тысячы чалавек пад назовам "Зялёны Дуб". Шмат хто з грозаўцаў далучыўся да партызанаў палкоўніка Дзеркача, і, узброіўшыся, яны перайшлі на савецкую тэрыторыю ды ўмацаваліся ў Грэскай пушчы за Вераб'ёвам, каля дваццацёх кілямэтраў ад Слуцка.

Адначасна ў Польшчы пачаліся арышты ўдзельнікаў Слуцкага паўстаньня пад прыкрыўкай змаганьня з камуністычнымі ўплывамі - ведамая тактыка палякоў у дачыненьні да беларускага нацыянальна-вызвольнага руху.

Ю. X. Бацькаўшчына. 1960. 27лістапада.

Ю. Харытончык


Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: 3 успамінаў слуцкага паўстанца

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.