БЕЛАРУСЬ (последнее)
Беларускія антыкамуністычныя рухі канфесійнай і агульнадэмакратычнай накіраванасці
Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.
Што лічылася антыкамуністычным? Стаўленне рэжыму да розных плыняў антыкамунізму
Асаблівасці праяў антыкамунізму ў Беларусі
Рэлігійная плынь
Агульнадэмакратычная плынь
Рэлігійная, агульнадэмакратычная плыні і беларускі нацыянал-патрыятызм

Пасля смерці Сталіна ціск камуністычнага рэжыму на грамадства не знік. Ён адно змяніў свае формы - ад масавых расстрэлаў і доўгатэрміновых зняволенняў (да 25 гадоў) перайшлі да звальненняў з працы, рэпрэсіўнай псіхіятрыі, высылкі за мяжу (у рэдкіх выпадках), зняволенняў тэрмінам да 10 гадоў.
КПСС ставіла за мэту пабудову атэістычнага грамадства расійскамоўных “савецкіх людзей”, якое існавала б ва ўмовах “народнай дэмакратыі”. Па сутнасці гэта былі брутальныя спробы насадзіць замест хрысціянскай рэлігіі камуністычную, русіфікаваць іншамоўныя народы, падначаліць усё грамадства неабмежаванай уладзе партыйнай наменклатуры, што, паводле савецка-камуністычных уяўленняў, і складала сутнасць “народнай дэмакратыі”.
Адпаведна да антыкамуністаў залічаліся вернікі, абаронцы правоў чалавека, нацыянальных моваў і культур, прыхільнікі дэмакратычных каштоўнасцяў. Карацей кажучы, усё, што пярэчыла камуністычнай ідэалогіі і практыцы, лічылася антыкамунізмам і падлягала рэпрэсаванню ці фізічнаму вынішчэнню.
І ўсё ж, што да антыкамунізму ў самой метраполіі і ў яе калоніях, так званых “саюзных рэспубліках”, тут існавалі пэўныя адрозненні. Ад часу вайны рэжым, напрыклад, пачаў даволі цярпіма ставіцца да Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ), бо тая, адпаведна сваім традыцыям, урэшце пагадзілася на супрацоўніцтва з уладамі; а да таго ж аказалася нашпігаваная кагэбістамі. Як і раней, РПЦ заставалася актыўным памагатым у справе русіфікацыі ўскраін, што супадала з задачамі ўмацавання імперыі; гэтым разам, праўда, імперыя была ўжо не расійскай, а камуністычна-расійскай. Выспамі духоўнай незалежнасці ад камунізму заставаліся пераважна неправаслаўныя канфесіі. А сярод “нярускіх” людзей яны ў многіх выпадках з’яўляліся апірышчам нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму пратэстанцкія, каталіцкія, уніяцкія, мусульманскія, будыйскія святары былі пастаянным кантынгентам хрушчоўска-андропаўскага ГУЛАГу.
Зразумела, што вялася барацьба і супраць прыхільнікаў "буржуазнай дэмакратыі". Аднак гэтыя прыхільнікі, а яны выявіліся пераважна ў цэнтрах метраполіі - Маскве і Ленінградзе, па сутнасці, не пагражалі маскоўскай імперыі. Таму найбольш вострыя рэпрэсіі як у сталінскі, так і ў час позняга сталінізму, накіроўваліся супраць нацыянальна-патрыятычных рухаў нярускіх народаў.
Адзін мой знаёмы, колішні шматгадовы вязень савецкіх канцлагераў, а перад гэтым, у час нямецка-фашыстоўскай акупацыі, чалец беларускай школьнай адміністрацыі на Лідчыне, казаў, што выжыў таму, што пераканаў следчых, быццам служыў толькі ў паліцыі. Гэта было меншым грахом перад камуністамі, чым удзел у беларускім нацыянальным руху. Мой стрыечны брат, які адседзеў на шахтах Інты за бацьку, “трацкіста і ворага народа”, і за СБМ, вельмі здзівіўся, што яго сулагернік Васіль Супрун вярнуўся жывы на волю: “Беларускіх патрыётаў, якія і ў канцлагеры не хавалі сваіх перакананняў, камуністы жывымі амаль не пакідалі”.

А зараз звернемся да праяў антыкамунізму і антыкамуністычных рухаў у Беларусі. Існавала, а часткова і цяпер існуе, перакананне, што антыкамуністычнага супраціву ў Беларусі пасляваеннага часу не было, што не было і нацыянальна-вызвольных памкненняў і што незалежнасць 1991 г. стала для пасіўных беларусаў падарункам лёсу. Так сцвярджаюць пераважна або “культуртрэгеры” з усходу, для якіх усё важнае адбывалася толькі ў буйных цэнтрах метраполіі, або нашы мікіты зноскі, што прыстасаваліся да савецка-камуністычнага жыцця ці свядома пераседзелі небяспечны час, не вытыркаючыся са сваіх нораў.
Сёння, на шчасце, мы ўжо маем факты і ведаем значна больш пра тое, што адбывалася ў нашай краіне не толькі адразу пасля вайны, але і пазней, у 1950-я, 1960-я, 1970-я і 1980-я гг. Іншая рэч тое, што ўдзельнікі антыкамуністычнага супраціву ў Беларусі заставаліся невядомыя шырокай грамадскасці, бо ў Менску, у адрозненне ад Масквы або Ленінграда, не было ні замежных амбасад, ні прадстаўнікоў заходніх сродкаў масавай інфармацыі. Але гэтак жа сама як і ў іншых месцах былога СССР, у Беларусі цягам усіх паваенных гадоў адбывалася цкаванне іншадумцаў, іх звальнялі з працы, кідалі ў турмы і псіхіятрычныя лякарні. Водгулле гэтых падзей, аднак, глухла, як у падзямеллі, а самі падзеі старанна замоўчваліся. І асабліва калі гэта датычыла нацыянальна-адраджэнскай дзейнасці.
Толькі нядаўна мы даведаліся, як за пратэсты супраць інвазіі ў Чэхаславаччыну кідалі ў псіхушку і ў Менску, як у час хрушчоўскай адлігі ішлі ў доўгатэрміновае зняволенне ў Мардоўскія канцлагеры беларускія патрыёты, як маладыя студэнты Політэхнічнага інстытута арганізоўваліся, каб узарваць вядомы менскі “глушак” на вуліцы Чырваназорнай. Таму не можам пагадзіцца са сцвярджэннем, што ў Беларусі “нічога не было”. Было! Але яно развівалася ў іншых умовах і мела свае адметныя формы і праявы.
Рэлігійная плынь
Лёс Эрнста Сабілы, аднаго з лідэраў беларускіх баптыстаў (Евангельскай Царквы), надзвычай драматычны і паказальны. Яшчэ старшакласнікам барысаўскай сярэдняй школы ён прыйшоў да высновы, што неабходна бараніць рэлігійныя, нацыянальныя і сацыяльныя свабоды беларусаў. А на першым курсе Менскага медінстытута (1951 г.) яго арыштоўваюць і прысуджаюць на смяротнае пакаранне, якое крыху пазней заменяюць на 25 гадоў пазбаўлення волі. З кароткім перапынкам, адседзеў ён ажно да 1964 г. Пасля вызвалення пераследы Э. Сабілы не спыняліся. Але гэта не зламала дух шчырага верніка і беларускага патрыёта.
3 1988 г. ён беларускамоўны прасвітэр Евангельскай Царквы ў Менску, актыўна ўдзельнічае не толькі ў рэлігійным жыцці, але і ў беларускім адраджэнскім - асвячаў Устаноўчы з'езд БНФ, удзельнічаў у масавых патрыятычных мерапрыемствах. Такім жа перакананым і нязломным ён застаецца і да сённяшняга дня.
Гэткі ж нязломны дух выявіўся і ў дзейнасці рыма-каталіцкага святара і беларускага адраджэнца Уладзіслава Чарняўскага (16.01.1916, засценак Амбружын (Амбражына) каля Гальшанаў Ашмянскага пав. Віленскай губ. - 22.ХІІ.2001, Менск).
У.Чарняўскі быў навучэнцам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах (1931-1933 гг.). Затым скончыў гімназію ў Друі пры кляштары беларускага манаскага ордэна марыянаў. У час рэпрэсій польскіх уладаў супраць ксяндзоў-марыянаў за іх беларускасць Чарняўскі вымушаны быў пакінуць Друю. Пазней трапіў у Вільню, дзе вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1944 г. Увосень таго ж года атрымаў святарскае высвячэнне і ў Крэве адправіў па-беларуску сваю першую імшу. Пасля вёў душпастарскую службу ў Вільні і ў розных мясцовасцях Летувы. Пазней яму ўдалося перавесціся ў Беларусь. З 1954-га і да паважнай старасці У.Чарняўскі нязменна служыць у Вішнеўскім касцёле (Валожынскі р-н), і зноў жа - на беларускай мове. Ён успамінае: “Я адразу стаў гаварыць па-беларуску. Мяне калі запрашалі, я казаў: калі хочаце ксяндза - буду гаварыць па-беларуску. Некаторыя крывіліся спачатку. Казалі, што камуніст, усякая была гаворка. А час прайшоў - і ўсе прывыклі”. У 1966 г. тагачасны папа Павел VI, ацаніўшы падвіжніцкую працу вішнеўскага святара і разумеючы значэнне нацыянальных моваў ва ўмацаванні каталіцызму, прапанаваў Чарняўскаму стаць адміністратарам усіх каталікоў Беларусі. Аднак камуністычнае кіраўніцтва было супраць такога прызначэння. Праз два гады, на асабістай сустрэчы ў Ватыкане, папа даручыў Чарняўскаму перакласці Біблію на беларускую мову, а пазней імкнуўся прызначыць яго біскупам у Беларусі. На гэты раз сумесна запярэчылі старыя прапольскія ксяндзы і свецкае камуністычнае кіраўніцтва ў Маскве (марыянетачнае менскае кіраўніцтва такія справы не вырашала). Ксяндзы ў Беларусі і Польшчы ўсё яшчэ марылі пра польскасць на колішніх Крэсах Всходніх. Камуністы ж не маглі дапусціць, што на шляху поўнай і канчатковай русіфікацыі Беларусі можа стаць вялікая духоўная моц - беларускамоўная Каталіцкая Царква.
У Вішнева, каб пачуць мудрае слова тутэйшага святара, лічыў гонарам наведацца кожны беларускі адраджэнец. У 2001 г. айцец Уладзіслаў Чарняўскі выйшаў на пенсію і жыў у Менску, у плябаніі касцёла св. Сымона і Алены (Чырвонага касцёла).
Знішчаная ў 1839 г. грэка-рымская (уніяцкая) царква, як патэнцыяльны стрыжань беларускага адраджэнскага духу, была забароненая ў нашай краіне больш як на паўтары стагоддзі. Была, праўда, спроба яе аднаўлення ў Заходняй Беларусі пад панаваннем польскай дзяржавы. Аднак акупацыйная адміністрацыя Варшавы варожа ставілася да духоўных памкненняў беларускіх вернікаў.
У Заходняй Украіне, не гледзячы на вынішчэнне маскоўскімі акупантамі большасці уніяцкіх святароў, грэка-каталіцкая царква працягвала існаваць у глыбокім падполлі. Іх жа падпольныя беларускія аднаверцы пачалі арганізоўвацца толькі ў пачатку 1970-х гг., у брэжнеўскую пару. Пачынальнікам аднаўлення беларускага уніяцтва стаў Віктар Данілаў.
Віктар Данілаў (нар. 20.07.1927, Яраслаўль, Расія) пачынаў сваю дысідэнцкую дзейнасць як крытык тагачаснай савецкай рэчаіснасці з пазіцый “правільнага ленінізму”. За што быў арыштаваны ў 1948 г. і атрымаў 10 гадоў зняволення. За падрыхтоўку ўцёкаў з канцлагера яму дабавілі яшчэ 10 гадоў. Зняволенне, у якім ён пазнаёміўся з палітычнымі вязнямі, кардынальна змяніла светапогляд В.Данілава, зрабіла яго дэмакратам і вернікам. За калючым дротам ён прыняў каталіцкае веравызнанне.
У 1955 г. Данілаў выйшаў на волю па амністыі. Узнавіў навучанне ў Яраслаўскім педінстытуце. Хоць і з вялікай цяжкасцю, яму, аднак, удалося атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. У 1960-м Данілаў перабіраецца ў Вільню, а ў 1967 г. - у Горадню. Тут ён, працягваючы каталіцкую місіянерскую дзейнасць, па-ранейшаму знаходзіцца пад пільным наглядам КГБ і пастанным уціскам: ператрусы, допыты, перашкоды ў працы і навуковай дзейнасці.
У 1976 г. мітрапаліт Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы высвеціў Данілава на святара. Вярнуўшыся з Львова ў Горадню, ён распачаў гуртаваць вернікаў-уніятаў не толькі ў гэтым горадзе, але і па ўсёй Беларусі, а таксама і за яе межамі.
Пасля аднаўлення беларускай дзяржаўнасці легалізавалася і Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква. У 1992 г. Данілаў стаў ігуменам гарадзенскай уніяцкай парафіі, дзе вядзе багаслужбы і на беларускай мове.
Камуністычны рэжым чыніў розныя перашкоды дзейнасці і святароў іудзейскай ды мусульманскай канфесій. А значыць, існавалі і пэўныя формы супраціву святароў і вернікаў гэтых вызнанняў. Праўда, іх дзейнасць была даволі закрытай. Прынамсі, на гэты момант я не маю нейкіх канкрэтных фактаў датычна іх дзейнасці. Праваслаўныя ж святары цярпелі перадусім тады, калі яны пачыналі ўспамінаць і нагадваць пра антыцаркоўны тэрор камуністаў у паслярэвалюцыйны і міжваенны перыяды. Так, пераслед цярпеў як ад царкоўных, так і савецкіх уладаў ураджэнец былой Баранавіцкай вобласці Уладзімір Русак (нар. 17.06.1949), выпускнік Менскага педінстытута і Маскоўскай духоўнай акадэміі, навуковы рэдактар “Журнала Московской Патриархии”, аўтар навуковага даследавання і шматлікіх артыкулаў аб камуністычных рэпрэсіях супраць Праваслаўнай Царквы. Высланы вышэйшымі царкоўныміі ўладамі з Масквы ў Віцебск, дзе стараннямі менскага мітрапаліта Філарэта быў пазбаўлены права святарскай дзейнасці. Вярнуўся ў Маскву, працаваў дворнікам, але не спыніў дысідэнцкай дзейнасці. У 1986 г. быў асуджаны на 7 гадоў зняволення і 5 гадоў ссылкі. Пад ціскам міжнароднай грамадскасці вызвалены ў 1988 г., а затым высланы на Захад.
Агульнадэмакратычная плынь
Адным з першых аб'яднанняў агульнадэмакратычнага характару стала Партыя свабоды рускага народа (1956-1957), якая існавала ў Гомелі з 2 лістапада 1956 г. да 9 лютага 1957 г. Пяць сяброў аб'яднання былі абвінавачаныя ў стварэнні антысавецкай арганізацыі, напісанні статута і тэкста прысягі, у падрыхтоўцы да друку і ў распаўсюдзе антысавецкіх улётак. У канцы 1957 г. рашэннем гомельскага абласнога суда сябры падпольнай арганізацыі атрымалі ад 1 да 10 гадоў зняволення.
Асноўнымі пунктамі праграмы падпольшчыкаў былі:
- прызнанне права прыватнай уласнасці на зямлю, вытворчасць і сродкі вытворчасці;
- будаўніцтва дэмакратычнага грамадства;
- адмаўленне кіроўнай ролі КПСС;
- шматпартыйнасць;
- дэклараванне дружбы народаў Вялікай Расіі і ўсяго свету.
Ад сяброў партыі патрабавалася выкананне задач па паляпшэнні жыцця народа і ажыццяўленні дэмакратычных прынцыпаў.
Прысяга сяброў ПСРН мела наступны змест: “Клянуся перад абліччам свайго народа аддаць усе сілы вызваленню рускага народа ад камуністычнага прыгнёту”. Дыскутаваліся таксама розныя формы барацьбы з рэжымам - ад прапагандысцкай да ўзброенай. Як бачна, заснавальнікі партыі ўважалі сябе за прадстаўнікоў рускага народа, але іх агульнапалітычныя пазіцыі былі выразна антыкамуністычныя.
Дакладна ў гэты ж час (1956-1957 гг.) у Ляхавічах дзейнічала падпольная група Анушкевічаў, таксама агульнадэмакратычнага напрамку, але яе дзейнасць мела і беларускую скіраванасць. Найболып вядомы з ляхавіцкай групы дысідэнтаў Вячаслаў Анушкевіч (нар. 14.10.1931, г.Ляхавічы Брэсцкай вобл.). Пасля заканчэння ў 1952 г. двухгадовага аддзялення пры Інстытуце народнай гаспадаркі ў Менску В. Анушкевіч працаваў спачатку ў Шчучыне, а потым у Ляхавічах. У Ляхавічах Вячаслаў са сваім старэйшым братам Антонам і суседскім хлопцам Юзікам Анушкевічам вырашылі пісаць і распаўсюджваць антысавецкія ўлёткі на пратэст супраць існай палітычнай і сацыяльнай рэчаіснасці.
Улёткі, як больш адукаваны, запісваў на аркушах паперы Вячаслаў. У іх утрымлівалася крытыка савецкіх парадкаў, свавольствы камуністычных функцыянераў і чыноўнікаў, выкрываўся фальш выбарчай сістэмы. Улёткі, якія звычайна заканчваліся заклікам “Смерць камунізму!”, распаўсюджваліся ў Ляхавічах, Баранавічах, у суседніх гарадах і мястэчках, у цягніках. Група дзейнічала каля паўтара года.
Пра матывы дзеянняў ляхавіцкіх падпольшчыкаў сведчыць фрагмент успамінаў В. Анушкевіча:
Мы, заходнікі, гэтую сістэму, як кажуць, на нажы бачылі. Адразу было бачна, хто прыйшоў да нас. Яны як у 39-м г. прыйшлі - людзі пляваліся. Гарматы цягнулі 6-8 коней на вяроўках. Непадкутыя, маленькія мангольскія конікі. А самае страшнае - у нас прасілі есці. Ім варылі чорны крупнік. Прасілі есці, кралі, галодныя прыйшлі. А як уцякалі ў 41-м годзе, то страшная справа была з імі.
Ідэя наконт лістовак узнікла ў майго брата і ў яго сябра. Як арганізоўваўся калгас у 50-м г., прыйшла да нас жанчына васмідзесяці гадоў і кажа, напішыце мне заяву, каб у калгас прынялі, тут, у Ляхавічах. Я напісаў, а тут сядзелі побач мой брат і яго сябра: "Старшыня, прашу прыняць ад мяне, Майсюк Хрысціны заяву. Я буду выконваць план, буду працаваць дзень і ноч". Усё ў такой карыкатурнай форме. Напісалі мы без усякага-якага. А яна занесла тую заяву старшыні. А старшыня быў з нашай вуліцы татарын. Свой уласны, як кажуць, чалавек, а не які рускі, і не партыйны тады яшчэ быў. І ён калі прачытаў, а да вайны жыў у Капыльскім раёне пад саветамі, дзе нагледзеўся ўсяго. Калі прачытаў, пытае: Хрысціна, хто табе яго пісаў? Ды ім трэба морды пабіць. Добра, што мне папала. Каб быў не я, а якая савецкая свіння, ды гэту заяву падаў куды трэба, дык бы іх усіх выкатлавалі. Нясі ім, аддай, і скажы, што дурні яны.
Так што і тады гэта ў нас было. Бо гэтую сістэму ніхто не любіў. Я размаўляў нават з былымі партызанамі. Во сусед быў, у партызанах ён нават быў начальнік асобага аддзела, Крыстановіч, дык казаў: гэта не сістэма, а хрэн яго ведае што - усе п'юць, крадуць, ад малога да вялікага...
В.Анушкевіч быў выяўлены па почырку на ўлётках. Арыштаваны 6 красавіка 1957 г., трываў працяглыя допыты і катаванні ў вядомай баранавіцкай турме “Крывое кола” і ў Брэсцкай турме, не выдаў сяброў і ўсю віну ўзяў на сябе. 3 чэрвеня 1957 г. па красавік 1961 г. адбываў пакаранне ў канцлагеры ў Мардовіі (Зубапалянаўскі р-н, пас. Сасноўка, ЖХ 385-7/1). На зоне сустракаўся з шэрагам беларускіх, польскіх, расійскіх, украінскіх палітзняволеных, у тым ліку з найвыдатнейшым беларускім патрыётам, выкладчыкам Гродзенскага педінстытута Браніславам Ржэўскім, пляменнікамі Якуба Коласа братамі Леанідам і Міхалам Белымі, маладым лекарам з Менска Віктарам Чарняўскім, хлопцамі з Меншчыны і Гарадзеншчыны, што сядзелі за антысавецкія вершы і ўлёткі або за Армію Краёву.
Пасля вяртання з лагераў у Ляхавічы В.Анушкевіч трапіў пад уціск з боку спецслужбаў і мясцовага кіраўніцтва, увесь час меў праблемы з уладкаваннем на працу. Адносны спакой займеў, калі пачаў працаваць на тыповых для дысідэнтаў савецкага часу пасадах: сторажам ды качагарам.
Зараз В. Анушкевіч на пенсіі. Жыве ў Ляхавічах. З'яўляецца аўтарам успамінаў пра сваё жыццё і людзей, з якімі сустракаўся ў турмах і канцлагерах.
Сапраўдным беларускім дысідэнтам быў журналіст Фёдар Кардаш (нар. 05.01.1932, в. Харашкі Наваградскага ваяводства, цяпер Дзятлаўскі р-н Гарадзенскай вобл.). У 1955 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у раённай газеце адказным сакратаром. Непасрэдна сутыкнуўшыся з савецкай рэчаіснасцю, зразумеў яе заганнасць. Вынікам назіранняў і крытычных роздумаў стаў рукапісны ліст аб'ёмам у агульны сшытак з крытыкай калгаснай сістэмы, ананімна пасланы тагачаснаму Першаму сакратару ЦК КПСС М.Хрушчову. Канкрэтныя факты ў лісце (прозвішчы, назвы калгасаў, лічбы і інш.), а таксама почырк дазволілі органам бяспекі хутка выявіць аўтара. У пачатку восені 1956 г. Кардаш быў арыштаваны ў студэнцкім інтэрнаце унівэрсітэту на вул. Бабруйскай у Менску, куды зазірнуў да знаёмых. І6.10.1956 г. малады журналіст быў асуджаны “за антысавецкую агітацыю і прапаганду” на два гады зняволення. Пакаранне адбываў у лагерах Мардовіі.
Першыя месяцы пасля вяртання ў Беларусь прайшлі ў пошуках працы. Яму ўдалося ўладкавацца школьным настаўнікам, а праз тры гады з дапамогай вядомага журналіста і літаратара Яраслава Пархуты займець працу ў ружанскай раённай газеце. Пазней, ажно да пенсіі, Кардаш працаваў у лідскай газеце. Цяпер жыве ў Менску. Зняволенне і паслялагерныя цяжкасці не змянілі светапогляду і жыццёвай пазіцыі Ф.Кардаша, ён і цяпер актыўна ўдзельнічае ў дэмакратычным руху.
Выдатнейшым прадстаўніком агульнадэмакратычнай плыні антыкамуністычнага супраціву несумненна з'яўляецца Міхаіл Кукабака (нар. 03.12.1936, Бабруйск).
Рана стаўшы сіратой (бацька загінуў на вайне, маці памерла), Кукабака прайшоў суровую школу дзіцячага прытулку, рамесніцкай вучэльні, працы ў Сібіры, Казахстане, Украіне. Абвострана ўспрымаючы тагачасную савецкую рэчаіснасць, ён напоўніцу зведаў яе нечалавечую сутнасць. І гэта прывяло ў шэрагі перакананых антыкамуністаў. “Мае погляды фарміраваліся выключна на аснове асабістага досведу. Я не слухаў замежных перадачаў, не чытаў самвыдаўскай літаратуры, нават не ведаў, што такая ўвогуле існуе. Таму маё грамадзянскае “сталенне” праходзіла даволі павольна. Я толькі дзесьці на мяжы свайго 30-годдзя пачаў сур'ёзна разважаць аб рэвалюцыі і яе выніках, аб тым, у імя якой будучыні краіна забрала мільёны жыццяў”.
Прывядзём у храналагічным парадку дысідэнцкую дзейнасць М.Кукабакі, а таксама пераслед яго рэжымам.
1968 г. (час акупацыі Чэхаславакіі войскамі Савецкага Саюза і падначаленых яму краін): у адным з кіеўскіх ваенкаматаў М.Кукабака заяўляе: “Калі накіруеце ў Чэхаславакію, павярну аўтамат супраць вас: суўдзельнікам злачынства савецкага ўрада не буду, выступлю на баку чэхаславацкага народа”. У гэты ж час ён перадае ў чэхаславацкі кансулят свой артыкул з асуджэннем агрэсіўных дзеянняў савецкага кіраўніцтва.
1968 г.: ратуючыся ад арышту, Кукабака пакідае Кіеў і ўладкоўваецца на працу ў Падмаскоўі, каб быць бліжэй да Масквы, якая "на той час была адзіным месцам, дзе было магчыма ўступіць у кантакты з замежнымі карэспандэнтамі, то бок адзінай магчымасцю перадаць нейкую інфармацыю ў вольны свет. Масква была самым спрыяльным горадам для антыдзяржаўнай дзейнасці".
1970 г., красавік: пры ператрусе кватэры Кукабакі кагэбісты знаходзяць падрыхтаваныя ім антысавецкія рукапісы. У часе далейшага следства, а таксама на падставе ранейшых даносаў стукачоў выяўлены шматлікія факты яго “антысавецкай агітацыі і прапаганды”.
04.11.1970 г., лістапад: Уладзімірскі абласны суд накіроўвае на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, савецкія “лекары” ўстанавілі прычыны “захворвання” дысідэнта: “Заняткі спортам, цікавасць да замежных моваў і філасофіі прывялі да хваравітых зменаў асобы”.
1976 г.: дзякуючы дапамозе лекара-псіхіятра з дэмакратычнымі перакананнямі, Кукабака вызваляецца з псіхушкі.
1976 г.: вяртанне ў Бабруйск.
1976 г., восень: прымусовае змяшчэнне ў магілёўскую псіхушку.
1977 г., восень: паўторнае прымусовае змяшчэнне ў магілёўскую псіхушку.
1978 г., сакавік: напісаны нарыс “Скрадзеная Бацькаўшчына” як пратэст супраць татальнай русіфікацыі Беларусі.
1978 г., красавік: нарыс, а таксама тэкст артыкула аб правах чалавека запісаны на магнітафонную стужку і пазней перададзены на Захад.
1978 г., лета: матэрыялы з магнітафоннай стужкі пачынаюць распаўсюджваюцца праз заходнія сродкі масавай інфармацыі.
1978 г., кастрычнік: арышт Кукабакі.
1979 г., чэрвень: суд у Бабруйску. У часе працэсу Кукабака адмаўляецца ад савецкага грамадзянства. Атрымоўвае 3 гады зняволення ў Наваполацкай калоніі.
1982 г.: новы судовы працэс і зноў 3 гады зняволення.
1985 г.: Віцебскі абласны суд карае 6 гадамі зняволення.
Сусветная грамадскасць, у тым ліку і беларуская эміграцыя, праводзяць шырокую кампанію за вызваленне Кукабакі.
1988 г., снежань: напярэдадні паездкі М.Гарбачова ў ЗША М.Кукабаку вызваляюць з Пермскага канцлагера.
Зараз М.Кукабака жыве ў Маскве. Спробы пераехаць у Менск не знайшлі падтрымкі беларускіх уладаў. Актыўна ўдзельнічае не толькі ў расійскім, але і ў беларускім праваабарончым руху.
Прадстаўніком рускай дэмакратычнай інтэлігенцыі ў Беларусі з'яўляўся Вячаслаў Зайцаў (18.09.1917-19.04.1992). Выпускнік Ленінградскага універсітэта, кандыдат філалагічных навук В.Зайцаў апынуўся ў Менску ў 1964 г., дзе працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры АН БССР. Даследваў беларускую літаратуру эпохі Адраджэння. На думку камуністычных ідэолагаў, В. Зайцаў прапаведаваў ідэалістычныя тэорыі развіцця чалавечага грамадства. У час кампаніі пераследу “беларускіх нацыяналістаў” у Акадэміі навук выступіў у іх абарону, за што быў звольнены з працы. Арыштаваны ў 1978 г., а ў наступным годзе пастановай Вярхоўнага суда БССР прымусова змешчаны на лячэнне ў псіхушку ў Казані. Казанскія псіхіятры неаднаразова настойвалі на адмене рашэння менскіх суддзяў. І нарэшце ў 1982 г. Зайцаў быў вызвалены з псіхушкі і вярнуўся ў Менск. Аднак нагляд за ім з боку спецорганаў не спыняўся.
Асаблівае месца ў антыкамуністычным руху займае група Ханжанкова (1962-1963 гг.). Ханжанкоў Сяргей нарадзіўся ў сям'і былых палітзняволеных (бацька быў асуджаны ў 1935 г., дзед па матчынай лініі - у 1929 г.). Пасля 1956 г. бацьку было дазволена пакінуць Магаданскую вобласць, і сям'я пераехалі ў Менск. Тут Сяргей скончыў дзесяцігодку і паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут. Вопыт бацькоў, аповеды старэйшых, асабліва колішніх вязняў ГУЛАГу, дух вальнадумства ў нядоўгую хрушчоўскую адлігу, радыёстанцыі вольнага свету, голас якіх з цяжкасцю прабіваўся праз савецкія глушакі - усё гэта не магло не паўплываць на ўражлівую натуру юнака. Вясной 1962 г. Ханжанкоў знаходзіць у Менску некалькіх аднадумцаў. Вырашылі пачаць з падрыву “Радыёстанцыі №3”, а прасцей кажучы - радыёглушака, што дзвюма металічнымі мачтамі ўзвышаўся паміж вуліцамі Даўгабродскай і Чырваназорнай і быў найвыразнейшым сімвалам савецкага рэжыму. Ханжанкоў распрацаваў схему падрыву глушака, і падпольшчыкі пачалі збіраць снарады і міны, што засталіся з мінулай вайны, назапашвалі друкарскі шрыфт для друкавання ўлётак, вялі антыкамуністычную агітацыю сярод сяброў і знаёмых, спрабавалі займець агнястрэльную зброю.
У канцы траўня 1963 г. удзельнікі падпольнай арганізацыі былі арыштаваныя. Да гэтага прыклаў руку правакатар К. Чатыры месяцы доўжылася следства. 7 кастрычніка 1963 г. Сяргей Ханжанкоў і Віктар Храпавіцкі па абвінавачанні “ў спробе здзейсніць дыверсію і ў правядзенні антысавецкай агітадыі і прапаганды” былі асуджаныя да зняволення на 10 гадоў кожны, Георгі Сярогін - на 8 гадоў. С.Ханжанкоў адмовіўся пісаць просьбу аб памілаванні і быў высланы ў канцлагер у Мардовіі (пас. Сасноўка). Сулагернікамі былі вядомыя дысідэнты Сіняўскі, Даніэль, Галанскоў, Кузняцоў, Гінзбург, а таксама беларускія нацыяналісты, у тым ліку вядомы дэсантнік Цімох Вострыкаў.
Вярнуўся С.Ханжанкоў у Менск у траўні 1973 г. Працаваў у праектнай дарогабудаўнічай арганізацыі, на заводзе. Цяпер на пенсіі. Застаўся пры сваіх дэмакратычных перакананнях, актыўна ўдзельнічае ў руху былых палітвязняў.
Як бачым, беларускія антыкамуністы галоўным чынам трымліся негвалтоўных метадаў барацьбы, а іх дзейнасьць абмяжоўвалася перадусім прапагандай сваіх поглядаў і крытыкай існага рэжыму. Аднак гарачыя сэрцы некаторых маладых людзей часам клікалі і да радыкальных дзеянняў. Так, са словах С.Ханжанкова, іх намер узарваць глушак зыходзіў не толькі з жадання знішчыць перашкоду для слухання свабодных радыёстанцый, але і з жадання зварухнуць палітычнае застаялае балота тагачаснага правінцыйнага Менска.

Беларускія нацыянал-патрыёты, або, калі хочаце, нацыянал-дэмакраты, па-рознаму ставіліся да адзначаных вышэй плыняў антыкамунізму ў Беларусі.
Бліжэйшымі саюзнікамі лічыліся прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій, якія на практыцы спрыялі беларусізацыі Каталіцкага Касцёла, Пратэстанцкай і Уніяцкай Цэркваў. Такі погляд базаваўся на высокай ацэнцы значэння нацыянальнамоўных рэлігій для фармавання сучасных нацый. Касцёл ці царква маглі цэментаваць народ, а маглі раскалоць яго на варагоўныя часткі. Так, заходнебалканская сербска-харвацкая моўная супольнасць на сёння (паводле канфесійнай прыкметы) ужо падзеленая на тры нацыі, якія пралілі рэкі крыві з-за міжсобных рахункаў. І такіх выпадкаў у гісторыі чалавецтва было шмат. У ХІХ ст., калі да нацыянальна-культурнага і палітычнага жыцця абуджаліся многія паняволеныя народы, галіцыйскі ўкраінец з начальнікам размаўляў па-нямецку, з панам - па-польску, а да найвышэйшай у свеце інстанцыі, да Бога, звяртаўся на сваёй роднай украінскай мове! Падобнае ж было і з літоўскім селянінам: з чыноўнікам - па-руску, з панам - па-польску, а з Богам - па-літоўску. А беларус: з чыноўнікам - па-руску, з панам - па-польску або па-руску (у залежнасці ад канфесійнай прыналежнасці таго пана), з Богам - па-польску ў касцёле і па-руску ў царкве. На сваёй жа роднай мове ён звяртаўся да сямейнікаў, суседзяў ды ўласнай скацінкі. Статус беларускай мовы быў не вышэй за сялянскую страху.
З павагай ставіліся нацдэмы і да габрэйскіх нацыяналістаў. Вопыт сіяністаў яны старанна вывучалі і, як ні парадаксальна, з антысіянісцкіх пісанняў розных “бегуноў”, бо іншае не было даступнае.
Безумоўнае спачуванне і павагу мелі расійскія дысідэнты. А вось да мясцовых прадстаўнікоў агульнадэмакратычнай плыні, ці то наезных з усходу, ці то зрусіфікаваных з беларусаў, ставіліся з перасцярогай. Бо якая розніца, хто будзе нішчыць беларускую мову і культуру: расійскі (прарасійскі) дэмакрат або расійскі (прарасійскі) камуніст? Далейшы досвед паказаў некаторую слушнасць такой перасцярогі. У самым канцы 1980-х і пачатку 1990-х гг. на старонках “ЛіМа” грымеў сваімі антыкамуністычнымі артыкуламі наезны ці не з Растова-на-Доне прафесар Акулаў. Але пасля 1994 г. з экрана БТ гэты прафесар раптам пачаў глуміцца з “националистов и бэнээфовцев”. Аднак, вядома ж, былі і выпадкі, калі “проста дэмакраты” з часам станавіліся беларускімі патрыётамі.
МІХАЛ ЧАРНЯЎСКІ
Крыніца: Беларускі Калегіюм
Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944-1956): Даведнік. - Мінск, 1999.
Дэмакратычная апазіцыя Беларусі (1956-1991). Персанажы і кантэкст: Даведнік. - Мінск, 1999.
Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. - Мінск, 1996.
Нонканфармізм у Беларусі: 1953-1985: Даведнік. Т. 1. Мінск, 2004.
Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі (1971-1990): Каталёг. - Менск, 1998.
Тарас В. На выспе ўспамінаў. - Менск, 2004.
Уліцёнак А. Іншадумцы = мыслящие иначе. - Мінск, 1991.
Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795-2002). - Мінск, 2003.

Опубликовано 09 декабря 2010 года
Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Беларускія антыкамуністычныя рухі канфесійнай і агульнадэмакратычнай накіраванасці
подняться наверх ↑
ССЫЛКИ ДЛЯ СПИСКА ЛИТЕРАТУРЫ
Стандарт используется в белорусских учебных заведениях различного типа.
Для образовательных и научно-исследовательских учреждений РФ
Прямой URL на данную страницу для блога или сайта
Предполагаемый источник
Полностью готовые для научного цитирования ссылки. Вставьте их в статью, исследование, реферат, курсой или дипломный проект, чтобы сослаться на данную публикацию №1291893757 в базе LIBRARY.BY.
подняться наверх ↑
ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!
подняться наверх ↑
ОБРАТНО В РУБРИКУ?
Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.
Добавить статью
Обнародовать свои произведения
Редактировать работы
Для действующих авторов
Зарегистрироваться
Доступ к модулю публикаций