Вытокі беларускага пасьляваеннага антыбальшавіцкага ўзброенага руху

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Вытокі беларускага пасьляваеннага антыбальшавіцкага ўзброенага руху. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Крыніцы і бібліяграфія па гісторыі беларускага ўзброенага Супраціву
Прычыны ўзьнікненьня ўзброенага пасьляваеннага Супраціву на Беларусі
Палітычныя сілы, якія спрычыніліся да арганізацыі беларускага руху Супраціву
Крыніцы і бібліяграфія па гісторыі беларускага ўзброенага Супраціву

Беларускі антысавецкі ўзброены рух другой паловы 1940-х-1950-х гадоў не вывучаўся гісторыкамі савецкай Беларусі, як і навукоўцамі незалежнай Рэспублікі Беларусь. Для айчыннай гістарыяграфіі такой праблемы, як антысавецкі ўзброены рух, наогул не існавала. Фактычна, не існуе яе і цяпер. У савецкай Беларусі, як і сёньняшняй Рэспубліцы Беларусь, пад забаронай знаходзяцца любыя станоўчыя альбо нават і нэўтральныя згадкі пра пасьляваенны антыбальшавіцкі рух. Афіцыйная прапаганда працягвае прытрымлівацца міту, што ў нашай краіне арганізаванага і масавага антысавецкага супраціву не было, што “мелі месца толькі асобныя варожыя праяўленьні”, якія зьдзяйсьнялі “фашысцкія недабіткі”. Насамрэч, гэта абсалютна не адпавядае сапраўднасьці. І што дзіўна, гэтую неадпаведнасьць выяўляюць найперш афіцыйныя крыніцы.

Дык у чым прычына замоўчваньня беларускага пасьляваеннага ўзброенага Супраціву? Галоўная прычына - палітычна-ідэалягічная. Улада, якая называе сябе “беларускай”, баялася і баіцца любога праяўленьня беларускіх незалежніцкіх ідэяў. А пасьляваенны Супраціў - яскравы прыклад змаганьня тысячаў беларускіх патрыётаў за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі.

Першыя публікацыі, у якіх тым ці іншым чынам уздымалася тэматыка беларускага збройнага руху, зьявіліся ў 1960-я гады. На той жа час прыпадае і чарговая хваля камуністычнай прапаганды, накіраванай супраць “буржуазных нацыяналістаў”, а з друку выходзіць кніга В.Раманоўскага “Саўдзельнікі ў злачынствах” (Менск, 1964). Падабраўшы асобныя дакумэнты, факты, аўтар запісаў усіх беларускіх нацыянальных дзеячоў, якія дзейнічалі на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі, да злачынцаў і калябарантаў. Аргумэнтаваны адказ на кнігу В.Раманоўскага зьявіўся ў 1989 годзе, калі ў Варшаве па-польску выйшла дасьледаваньне гісторыка Юры Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” (кніга пабачыла сьвет у Менску ў 1993 годзе). Туронак, без якіх-небудзь ідэалягічных штампаў, паказаў сапраўдную дзейнасьць беларускіх нацыяналістаў падчас Другой сусьветнай вайны. Але і Раманоўскі, і Туронак не зьвярнулі ўвагі на пасьляваенны антыбальшавіцкі партызанскі і падпольны рух у Беларусі, які стаўся лягічным працягам дзейнасьці беларускіх нацыяналістаў падчас вайны.

Да пачатку 1990-х гадоў толькі акадэмічная “Гісторыя Беларускай ССР” у пяці тамах (т. 5, Мн., 1975, б. 77, 78) згадвала пра “антысавецкія групы і ўзброеныя банды”, пішучы, што тыя перашкаджалі ўстанаўленьню савецкай улады на вёсцы ў пасьляваенны час. Упершыню былі надрукаваны і абагульняючыя даныя пра зьліквідаваныя ў заходніх абласьцях Беларусі партызанскія аддзелы ў 1945-1947 гадах.

Напрыканцы 1980-х гадоў палітычная “адліга” паспрыяла вывучэньню гісторыкамі шмат якіх “белых плямаў”, у тым ліку і антысавецкага партызанскага руху. Аднак некаторыя беларускія гісторыкі са скептыцызмам ставіліся да маштабаў гэтага руху ў Беларусі. Напрыклад, дасьледчык М.Кузьняцоў у адной са сваіх публікацыяў падае зьвесткі пра “трафеі” органаў савецкай дзяржбясьпекі ў барацьбе з “бандытамі” (а гэта сотні мінамётаў, тысячы кулямётаў, аўтаматаў ды інш.) і піша: “Адным словам, не хапала толькі танкаў і самалётаў… зброі… налічана столькі, што добрую армію можна ўзброіць” (Кузьняцоў М. Канец векавой мяжы // Голас Радзімы, 1989, 31 жніўня).

Аднак напачатку 1990-х гадоў шэраг беларускіх дасьледчыкаў, такіх, як Уладзімер Гуленка, Сяргей Жумар, Аляксандар Міхальчанка, Аляксандар Хацкевіч, пазьней і Аляксей Салаўёў, Яўген Сямашка ды інш., пачалі актыўна публікаваць свае першыя спробы дасьледаваньняў па гісторыі пасьляваеннага антысавецкага партызанскага руху. Уладзімер Гуленка, у асноўным, распрацоўваў гісторыю паўстаньня і дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі ўкраінскіх антыбальшавіцкіх партызанскіх аддзелаў і падпольля. Ягоныя артыкулы зьяўляліся ў гістарычнай энцыкляпэдыі Беларусі, у пэрыёдыцы (напрыклад, артыкул “Бандеровцы воевали в Беларуси 11 лет” у газэце “Свободные новости”, 1992, сакавік, № 5). Сяргей Жумар у сваіх газэтных публікацыях (Армия Крайова: свет или тени? // Рэспубліка, 1992, 28 кастрычніка; Освобождение после освобождения // Советская Белоруссия, 1994, 26 жніўня) і нават у кнізе пра польскае падпольле (Ермолович В., Жумарь С. Огнем и мечом. Хроника польского националистического подполья в Беларуси (1939-1953 гг.). Менск, 1993, б. 99) піша пра “молодчиков из отрядов Витушки”. А гэта цалкам супярэчыла афіцыйнай вэрсіі, паводле якой Міхал Вітушка, кіраўнік беларускага Супраціву, загінуў у студзені 1945 году, а таму, зразумела, ня мог дзейнічаць у пазьнейшы час. Аляксандар Міхальчанка ў артыкуле “Белорусская символика: традиции и современность” ( Советская Белоруссия, 1990, 25 лістапада) выказаў тагачасны афіцыйны пункт гледжаньня, назваўшы антыбальшавіцкіх партызанаў калябарантамі, “воспитанными под сенью бело-красно-белого знамени и Погони”, а партызанскія аддзелы - “националистическими бандами”. Журналіст У.Саласюк у артыкуле “Стрэлы з мінулага” (Коммунист Белоруссии, 1990, № 5) да пасьляваеннага партызанскага руху ставіцца інакш. Ён піша, што ў Заходняй Беларусі “ішла вайна - невядомая для нашай гісторыі, гісторыі Беларусі”.

Аднак, асьвятляючы дзейнасьць польскай Арміі Краёвай і постакаўскіх структураў АУН-УПА на тэрыторыі Беларусі, выпадкова ці наўмысна, дасьледчыкі абміналі тэму беларускага ўзброенага руху. Толькі намёкамі, неяк сарамліва, іншы раз згадваюцца і “мясцовыя фашысцкія недабіткі”, “банды”, “бандыты Вітушкі”. Да гэтага часу афіцыйная беларуская гістарыяграфія так і не распачала вывучэньне пасьляваеннага нацыянальнага партызанскага руху.

Ня трэба казаць, што беларускія гісторыкі прынамсі на дзесяцігодзьдзе адстаюць ад летувіскіх, польскіх ці ўкраінскіх гісторыкаў, якія вывучаюць названыя тэмы, друкуюць шматтомныя дасьледаваньні, што грунтуюцца на багатай базе архіўных крыніцаў. Дайшло да таго, што польскія гісторыкі, убачыўшы бязьдзейнасьць беларускіх, пачалі ім даводзіць, што была пасьля вайны ў Беларусі ня толькі польская, але й беларуская партызанка. Гісторыкі Т.Стэмбаш і К.Ясевіч пісалі (артыкул “Празь ісьціну - да братэрства” // Беларуская мінуўшчына, 1994, № 3, б. 41): “Пасьля ўступленьня Чырвонай Арміі на Наваградчыну і Гродзеншчыну там паўставалі і вялі барацьбу з савецкім рэжымам ня толькі польскія, але і беларускія атрады, менавіта яны, а не палякі, што выязджалі ў цэнтральную частку (г.зн. Польшчу. - С.Ё. ), зьяўляліся добраю апораю для лясных групаў (пра гэта кажуць многія сьведкі, якія перажылі тыя часы)”.

Трэба адзначыць, што ў Польшчы ўжо выйшла некалькі дасьледаваньняў і зборнікаў матэрыялаў савецкіх дакумэнтаў, прысьвечаных пасьляваеннаму Супраціву ў Беларусі. У прыватнасьці, архіўныя матэрыялы, якія ахопліваюць пэрыяд з 1944 да 1946 году, склалі кнігу “NKWD o polskim podziemiu”, падрыхтаваную беларускім гісторыкам Уладзімерам Гуленкам. У Беларусі гэтыя дакумэнты, аднак, не друкаваліся.

Пачынаючы з 1993 году ў незалежных беларускіх газэтах, такіх, як “Пагоня”, “Наша Ніва”, пачынаюць зьяўляцца артыкулы пра беларускі антысавецкі пасьляваенны партызанскі рух, у якіх ён ацэньваецца станоўча. Можна згадаць артыкулы: “Лясы, бункеры, партызаны” Д.Гасмюлера (Пагоня, 1994, лістапад), “Дзе загінуў генэрал Вітушка?” Яна Вежана (Пагоня, 1995, люты), першае дасьледаваньне па гэтай тэматыцы - “Пасьляваенны супраціў бальшавіцкім акупантам на Беларусі” Сяргея Ярша (Пагоня, 1995, чэрвень-ліпень, №№ 23, 24, 26, 28). На апошні пасьледавала і рэакцыя ветэранаў органаў савецкай дзяржбясьпекі: “Только “Черному коту” не повезло” (Пагоня, 1995, лістапад, № 41). Яны былі ўзрушаны артыкулам і паданымі ў ім маштабамі дзейнасьці “лясных братоў”, адмаўлялі некаторыя пададзеныя ў матэрыяле факты. У траўні 1997 году ў газэце “Наша Ніва” зьявіўся артыкул “Генэрал Вітушка” Сяргея Ярша, прысьвечаны асобе кіраўніка беларускага нацыянальнага Супраціву. У адказ у дзяржаўнай прэсе (“Гродзенская праўда”, “Народная газета”, “Знамя юности”) пасьледаваў шэраг артыкулаў супрацоўніка прэс-службы КДБ РБ Ігара Іваноўскага, у якіх ён сьцьвярджае, што ніякага арганізаванага Супраціву ў Беларусі не было, а Вітушка загінуў яшчэ ў студзені 1945-га і ня мог ім кіраваць.

Пры вывучэньні беларускага пасьляваеннага партызанскага руху шмат інфармацыі па яго дзейнасьці дае беларуская эміграцыйная пэрыёдыка другой паловы 1940-х-1950-х гадоў. Найперш, гэта публікацыі ў газэтах “Беларускае слова”, “Бацькаўшчына”, “Незалежная Беларусь”, “Беларус”, “Беларускі эмігрант”, часапісах “Рух”, у “Бюлетэні Беларускай Незалежніцкай Партыі” ды інш. Гэтыя публікацыі зьмяшчаюць самую разнастайную інфармацыю, найперш успаміны ўдзельнікаў антыбальшавіцкай барацьбы. На жаль, ня ўсе паданыя ў іх факты сёньня можна спраўдзіць. Напрыклад, у газэце “Вольнае слова” (Заходняя Нямеччына), органе Беларускага саюзу журналістаў, на працягу 1949-1951 гадоў друкаваўся шэраг успамінаў удзельнікаў партызанскага руху, якія перабраліся на Захад. Прыводзіліся прыклады баявых акцыяў, называліся людзі, якія кіравалі Супрацівам, падавалася інфармацыя пра падпольны друк і былі нават яго перадрукі. На жаль, да гэтага часу арыгіналы гэтых падпольных выданьняў ня знойдзеныя, і застаецца спадзявацца, што яны захаваліся ў дзяржаўных і прыватных архівах на Захадзе і ў архівах КДБ на Беларусі.

Трэба зазначыць, што Сяргей Жумар у кнізе “Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны” (Менск, 1996) адзначаў сумніўнасьць публікацыяў у беларускай эміграцыйнай прэсе ў першыя пасьляваенныя гады: “После войны эмиграционные белорусские издания стремились убедить своих читателей в том, что в Советской Беларуси с приходом Красной Армии развернулась активная партизанская борьба”.

Першыя дасьледаваньні па гісторыі беларускага пасьляваеннага партызанскага руху зьявіліся зноў жа ў пэрыядычным друку беларускіх эмігрантаў. Можна згадаць артыкул эміграцыйнага гісторыка Юркі Стасевіча “Беларуская партызанка па II вайне” (Беларускі голас, 1981, № 292), у якім ён выказвае вэрсію зьнікненьня М.Вітушкі і М.Ганько пасьля спыненьня партызанскае барацьбы. Гэтым публікацыям, што грунтаваліся на ўспамінах людзей, бракавала, аднак, канкрэтных фактаў, лічбаў, часта дапускаліся недакладнасьці, скажэньні прозьвішчаў і г.д. Грунтоўнае дасьледаваньне зьбіраўся напісаць Юрка Віцьбіч, але не пасьпеў, і вядомы толькі плян задуманага ім дасьледаваньня (ён зьмешчаны ў кнізе “Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі” (Нью-Ёрк, 1996)).

Першая грунтоўная праца па зборы і сыстэматызацыі інфармацыі, найперш з апублікаваных (у Беларусі і за мяжой), а таксама вусных крыніцаў, была зробленая ў даведніку “Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944-1956 гг.” (Менск, 1999, пад рэдакцыяй А.Дзярновіча). Аднак пры падрыхтоўцы гэтага даведніка выявілася абмежаванасьць базы гістарычных крыніцаў, аказалася таксама немагчыма спраўдзіць многія факты праз архіўныя дакумэнты. З іншага боку, нягледзячы на ўсе недахопы, у даведніку ўпершыню была сыстэматызаваная інфармацыя і прапанаваныя храналягічныя рамкі пасьляваеннага Супраціву, складзеная бібліяграфія.

Вельмі важнай крыніцай па гісторыі пасьляваеннага партызанскага руху зьяўляюцца дакумэнты архіваў КДБ РБ і ФСБ Расеі, да якіх дасьледчыкі па-ранейшаму маюць вельмі абмежаваны доступ. Па прыкладу Летувы альбо Ўкраіны можна прагназаваць, што дакумэнты КДБ дапамогуць атрымаць зьвесткі па колькаснаму, сацыяльнаму складу ўдзельнікаў партызанскай барацьбы, дапамогуць скласьці біяграфіі яе ўдзельнікаў, кроніку праведзеных баявых і прапагандысцкіх акцыяў, мірнага супраціву, каталёг падпольнага і партызанскага друку.

Цікавы блёк крыніцаў - гэта вусныя сьведчаньні. Успаміны ўдзельнікаў і сьведкаў пасьляваеннага Супраціву даюць нам ня толькі інфармацыю пра ягоную дзейнасьць, але й пра побыт антыкамуністаў, пра настроі насельніцтва і г.д. Іхныя ўспаміны раскрываюць такія дэталі, якіх нельга будзе знайсьці ў крымінальных справах архіву КДБ. Іншая рэч, што многія людзі да сёньня баяцца падзяліцца сваімі ўспамінамі, нават пры ўмове ананімнасьці.

Таму на сёньняшні дзень ёсьць вялікая патрэба ў дасканалым, грунтоўным выданьні па гісторыі пасьляваеннага Супраціву, але падрыхтаваць яго без выкарыстаньня архіўных крыніцаў, найперш архіваў КДБ і ФСБ, немагчыма.

Прычыны ўзьнікненьня ўзброенага пасьляваеннага Супраціву на Беларусі

Асноўнымі прычынамі зьяўленьня Беларускага пасьляваеннага ўзброенага Супраціву былі:

1. Досьвед папярэдняй савецкай акупацыі, якая паказала сутнасьць бальшавізму і ягонай палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, рэлігійнай палітыкі. Гэты досьвед не пакідаў выбару прыхільнікам незалежнасьці Беларусі.

2. Узьніклы падчас нямецкай акупацыі беларускі нацыянальны рух Супраціву вырашыў супраціўляцца і бальшавікам (такія самыя рашэньні прынялі польскі і ўкраінскі рухі Супраціву, у шэрагах якіх былі тысячы беларусаў).

3. Спадзяваньне (асабліва ў Заходняй Беларусі) на дапамогу Захаду ў барацьбе беларускага народу за дзяржаўную незалежнасьць.

4. Тэрор савецкіх карных органаў супраць мірнага насельніцтва ў першыя пасьляваенныя гады, прымусовая калектывізацыя і “раскулачваньне” сялянства, што выклікала Супраціў людзей, даведзеных да адчаю.

5. Зыход у лес дзясяткаў тысячаў мужчынаў, якія альбо пазьбягалі арышту “за супрацу зь нямецкімі акупантамі”, альбо пазьбягалі мабілізацыі ў Чырвоную Армію.

6. Патрыятызм, жаданьне змагацца за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Кожны чалавек прымаў рашэньне пра далучэньне да Супраціву зыходзячы менавіта з гэтых прычынаў.

У хуткім часе спадзяваньне на канфлікт Савецкага Саюзу з Захадам не апраўдалася. Але, натуральна, ня толькі гэтае спадзяваньне прымушала людзей адразу ж пасьля прыходу бальшавікоў у 1944 годзе ствараць партызанскія аддзелы.

Многія ішлі ў лес, каб перачакаць неспрыяльныя часы. А таму некаторыя створаныя вясной 1945 году беларускія партызанскія аддзелы зусім не праводзілі ніякіх збройных акцыяў, як прыклад - аддзел Віктара Сікоры, які да канца 1945-га знаходзіўся ў раёне Шаркаўшчыны. З часам, аднак, сталася зразумелым, што пасіўны супраціў і тым больш яго адсутнасьць ня зьменшаць бальшавіцкія рэпрэсіі супраць насельніцтва, а, наадварот, толькі павялічаць іх. Пра гэта сьведчыла першая савецкая акупацыя 1939-1941 гадоў.

Вярнуўшыся ў Беларусь, бальшавікі адразу ж разгарнулі шырокія рэпрэсіі супраць усіх, хто нібыта супрацоўнічаў зь нямецкімі акупантамі, а таму “здрадзіў савецкай радзіме”. Пад гэтую катэгорыю траплялі дзясяткі тысячаў людзей, прадстаўнікі самых розных слаёў грамадзтва. Для арышту селяніна было дастаткова, напрыклад, даносу, што ён здаваў харчы ці вопратку для нямецкай арміі. Частка такіх людзей, адны раней, другія пазьней, пачалі змагацца, іншыя, запалоханыя да скрайнасьці, дзесяцігодзьдзямі хаваліся ад савецкай улады. Адным, відаць, з апошніх, хто выйшаў са схованкі, быў Бушыла. Адбылося гэта на заходнебеларускім Палесьсі ў 1989 годзе.

Вядомыя выпадкі, калі ў лес ішлі многія з рэпатрыянтаў, якія вярнуліся на радзіму. Адчуваючы блізкі арышт, яны пераходзілі на нелегальнае становішча. Напрыклад, на такі крок пайшоў былы бурмістар аднаго з раёнаў Магілёўшчыны. Вярнуўшыся з Заходняй Нямеччыны, ён пакінуў сваю сям'ю ў вёсцы, а сам пайшоў у лес.

Некаторыя ўдзельнікі антыбальшавіцкага руху - гэта людзі, якія вярнуліся ў Беларусь, каб адпомсьціць за сваіх родных. Адным з такіх людзей быў “рагулявец” Міхась Шунько, які дэсантаваўся на Беларусі ў канцы 1944 году, каб адпомсьціць за бацькоў, зьнішчаных савецкімі партызанамі.

Летам 1944 году ў Беларусі распачалася масавая мабілізацыя ў Чырвоную Армію, якой, асабліва ў Заходняй Беларусі, імкнуліся пазьбегнуць вельмі многія мужчыны. Па некаторых зьвестках, да амністыі 1945 году на тэрыторыі Беларусі хавалася ад мабілізацыі каля 170 тысячаў чалавек. Частку зь іх выявілі, пакаралі альбо накіравалі на фронт савецкія карныя органы, многія выйшлі зь лесу ў 1945 годзе, іншыя хаваліся й далей ці папаўнялі партызанскія аддзелы.

Асобна трэба разглядаць зрыў мабілізацыі ў Чырвоную Армію, арганізаваны польскім падпольлем у некаторых раёнах тагачасных Гарадзенскай і Баранавіцкай абласьцей (напрыклад, у Іўеўскім, Юрацішкаўскім, Шчучынскім раёнах ды інш.).

Папаўненьне партызанскіх шэрагаў выклікалі таксама і дэпартацыі, і “раскулачваньне”, і пазьней прымусовы запіс у калгасы. Прычым, калгасы не прымаліся аднолькава як заможнымі сялянамі, так і малазямельнымі. Летувіскія дасьледчыкі нават падлічылі, што ў шэрагах летувіскіх “лясных братоў” было больш якраз малазямельных сялянаў, а заможныя да апошняга трымаліся за сваю гаспадарку і зямлю і часта нават ня бралі ўдзелу ў Супраціве.

У першыя пасьляваенныя гады стварыліся такія ўмовы, калі многія маладыя людзі, у тым ліку і былыя сябры СБМ, адчувалі, што непазьбежна стануць ахвярамі савецкай дзяржбясьпекі. Заставацца дома было небясьпечна, а перабрацца на Захад - цяжка. Ня лёгкай была, праўда, і партызанская доля. Таму, далучаючыся да партызанкі, людзі спадзяваліся на дапамогу Захаду, а патрыятычныя пачуцьці стваралі пры гэтым важную матывацыю да змаганьня з бальшавізмам.

Чаканьне дапамогі з Захаду не было, аднак, ілюзорным, як гэта можа падасца на першы погляд. Міжнародная сытуацыя пасьля 1946 году ўвесь час накалялася, а зьяўленьне кожнай новай кропкі напружаньня (блякада савецкімі войскамі Заходняга Бэрліна, вайна ў Карэі, Бэрлінскае антыкамуністычнае паўстаньне, Вугорскае антыкамуністычнае паўстаньне) узмацняла надзею на блізкі вайсковы канфлікт паміж СССР і Захадам. Таму пэўны час, прынамсі да канца 1940-х гадоў, партызанскае кіраўніцтва імкнулася прадэманстраваць Захаду баяздольнасьць сваіх аддзелаў, бескампраміснасьць у змаганьні з бальшавікамі, рашучасьць здабыць незалежнасьць сваёй краіне.

Беларускія партызаны мелі надзею й на тое, што ім удасца выжыць, што становішча іх не безнадзейнае і хутка зьменіцца ў лепшы бок. Таму тым большым было расчараваньне, калі пасьля некалькіх гадоў партызанкі яны так і не дачакаліся дапамогі з Захаду. Гэтая зьмена настрояў сярод беларускіх партызанаў адбылася прыблізна ў 1948-1949 гадах, і яна знайшла сваё адлюстраваньне ў падпольнай прэсе, якая наракала “на слабы і нявытрывалы ў большасьці народ” ды заклікала да працягу змаганьня, якім бы цяжкім яно не было.

У сувязі з гэтым варта згадаць пра патрыятызм, які ў тых крытычных умовах меў вялікае значэньне, бо, насуперак усім цяжкасьцям і няўдачам, надаваў сэнс узброенаму супраціву. Ня маючы поўнай карціны беларускага збройнага Супраціву, можна, тым ня менш, меркаваць, што нацыянальны дух значнай часткі беларускіх партызанаў быў ня надта моцны, прынамсі, у параўнаньні з нацыяналістычным духам летувіскіх ці ўкраінскіх змагароў. Вядома, што даўжэй за ўсё супраць савецкай улады змагаліся менавіта тыя аддзелы і людзі, нацыянальная сьвядомасьць, патрыятызм якіх былі высокімі. Напрыклад, сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі, паэт Аўген Жыхар ваяваў на Пастаўшчыне да 1955 году.

І ўсё ж галоўным фактарам, што забясьпечыў масавасьць збройнага руху, быў савецкі тэрор. Масавыя рэпрэсіі і свавольства бальшавіцкіх органаў улады падштурхнулі людзей да збройнага супраціву. Пасьля 1945 году менавіта ўцекачы ад арыштаў і дэпартацыяў стабільна “падсілкоўвалі” беларускі партызанскі рух. Некаторыя з такіх людзей нават займалі ў партызанцы кіруючыя пасады. Напрыклад, настаўнік Іван Раманчук зь Нясьвіжчыны, якому пагражаў арышт. Дзесьці ў другой палове 1945 году ён перайшоў на нелегальнае становішча і стварыў партызанскі аддзел, які дзейнічаў да 1949 году. Вымушана пайшоў у лес і Сьцяпан Лабовіч, камандзір партызанскага аддзелу на мяжы Зэльвенскага і Слонімскага раёнаў, якому пагражаў арышт за кароткі ўдзел у самаахове.

Папаўнялі партызанку і тыя сувязныя і агенты, якія працавалі на легальным становішчы, займаючы часам даволі ўплывовыя пасады ў савецкай адміністрацыі, міліцыі, войску. Адчуваючы пагрозу арышту, яны сыходзілі ў лес. Напрыклад, перайшоў у аддзел І.Раманчука Міхась Кожыч, адзін з кіраўнікоў падпольнага Саюзу змаганьня за незалежнасьць Беларусі, які жыў і працаваў у Горадні. Па некаторых зьвестках, у 1945-1946 гадах на ўсход ад Барысава дзейнічаў партызанскі аддзел “Чорнага Ката”, якім кіраваў афіцэр, Герой Савецкага Саюзу, прозьвішча якога дагэтуль невядомае.

Нельга не адзначыць і такога фактару ўдзелу ў партызанцы, як рамантызм змаганьня, уласьцівы, галоўным чынам, маладым людзям. У кагосьці пайшлі ў лес сябры, брат, бацька, і гэта быў натхняльны прыклад. Асабліва ў тыя гады, калі партызанскі рух быў масавым і яшчэ захоўвалася вера ў посьпех барацьбы.

З іншага боку, як адзначаюць летувіскія дасьледчыкі (напрыклад, Кястуціс Гірнюс), цяжка растлумачыць, чаму ўсе гэтыя фактары па-рознаму ўзьдзейнічалі на тых ці іншых людзей. Апынуўшыся ў аднолькавых умовах, аднолькавай небясьпецы, адны ішлі ў лес, а іншыя заставаліся на месцы, чакаючы волі лёсу. Вялікую ролю адыгрывалі тут, безумоўна, асабістыя якасьці чалавека, яго характар.

Палітычныя сілы, якія спрычыніліся да арганізацыі беларускага руху Супраціву

Пры ўсёй стыхійнасьці арганізацыі й дзейнасьці беларускіх антыбальшавіцкіх партызанскіх аддзелаў у першыя пасьляваенныя гады, нельга не адзначыць і заўважнай ролі ўжо на першым этапе беларускіх палітычных дзейнікаў. Пасьляваенны антыбальшавіцкі беларускі рух Супраціву быў лягічным працягам дзейнасьці беларускага нацыянальнага антыфашысцкага Супраціву.

Як і ў гады нямецкай акупацыі, пасьляваенны беларускі Супраціў быў разьяднаны і ня меў адзінага кіраўніцтва. Да стварэньня кіруючага цэнтру Супраціву, па ўспамінах вядомага беларускага дзеяча Юрыя Сабалеўскага, увосень 1942 году імкнуўся ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі (у 1940-1941 гадах - кіраўнік Беларускага Нацыянальнага Фронту, у 1942 годзе - лідэр падпольнага Беларускага Цэнтральнага (Народнага) Фронту). Праўдападобна, ксёндз Гадлеўскі, які ў 1941-1942 гадах працаваў галоўным школьным інспэктарам у генэральным камісарыяце “Беларусь”, а пасьля займаўся выключна душпастырскай дзейнасьцю ў Менску, меў дачыненьне і да заснаваньня падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП), якая аб'ядноўвала пераважна моладзь і была баявой, палітычна-вайсковай арганізацыяй.

Падчас нямецкай акупацыі падпольна дзейнічала таксама Арганізацыя (партыя) беларускіх нацыяналістаў на чале зь Янам Станкевічам. Яна, праз польскае падпольле, імкнулася выйсьці на заходніх саюзьнікаў, аднак іншай дзейнасьцю не адзначалася. Паводле Юры Туронка, у 1942 годзе ў складзе АБН налічвалася каля 500 чалавек, якія, пераважна, працавалі ў грамадзянскай адміністрацыі, служылі ў вайсковых фармацыях.

Былыя левыя дзеячы з Заходняй Беларусі, якія ацалелі ад савецкіх і нямецкіх рэпрэсіяў, увосень 1941 году залажылі падпольную Беларускую Народную Грамаду (БНГ) на чале зь Юльянам Саковічам. Арганізацыя, аднак, ня мела яснай ідэалягічнай плятформы і дастатковай колькасьці падрыхтаваных людзей, у выніку чаго не змагла нават утрымаць падкантрольны партызанскі рух на Палесьсі. Сам Саковіч зьяўляўся таксама і сябрам Цэнтральнага камітэту Беларускай Незалежніцкай Партыі, і зусім магчыма, што левых дзеячоў ён аб'яднаў у арганізацыйную структуру па даручэньні кіраўніцтва БПН.

Падчас нямецкай акупацыі існавалі таксама больш дробныя, лякальныя, маладзёжныя нацыянальныя падпольныя арганізацыі. Некаторыя зь іх праіснавалі да прыходу ў Заходнюю Беларусь бальшавікоў.

Усе названыя беларускія арганізацыі выступалі за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, грунтаваліся на Акце 25 сакавіка 1918 году, імкнуліся наладзіць сувязь з заходнімі альянтамі альбо спадзяваліся толькі на свае сілы ды на аслабленьне ў вайне і Нямеччыны, і Савецкага Саюзу. Ужо падчас нямецкай акупацыі гэтыя арганізацыі разглядалі варыянты заснаваньня беларускай нацыянальнай партызанкі, а некаторыя зь іх і зьдзейсьнілі задуманае. Актыўна арганізоўвала свае партызанскія аддзелы ў 1942-1944 гадах Беларуская Незалежніцкая Партыя. Вядома, што адзін зь іх называўся “Маладая Беларусь”. Па падліках гісторыка Ўладзімера Гуленкі, толькі на Палесьсі БНП стварыла 12 партызанскіх групаў. Ствараліся партызанскія аддзелы і ў іншых акругах. Партыя ў гэты пэрыяд імкнулася ня толькі апанаваць легальныя беларускія вайсковыя фармацыі, стварыць падкантрольны партызанскі рух, але й працавала сярод савецкіх партызанаў, у шэрагах якіх лік беларусаў імкліва рос з пачатку 1943 году. БНП стварала ўзброеную сілу, падрыхтаваную ідэалягічна і палітычна (не выпадкова было распачата выданьне “Бюлетэня БНП”), каб у будучым, пры спрыяльных абставінах, са зброяй выступіць супраць акупантаў.

Беларуская Народная Грамада здолела ў сярэдзіне 1942 году аб'яднаць у адну партызанскую арганізацыю больш дзесяці партызанскіх аддзелаў на заходнебеларускім Палесьсі і Гарадзеншчыне. Аднак у 1943-1944 гадах аддзелы беларускай народнай партызанкі былі альбо разьбітыя, альбо падначаленыя савецкаму кіраўніцтву. Асобныя аддзелы ацалелі й працягвалі партызаніць пасьля прыходу бальшавікоў на Берасьцейшчыне.

На лета 1944 году практычна адзінай палітычнай сілай у Беларусі, якая вырашыла арганізоўваць супраціў бальшавікам, была Беларуская Незалежніцкая Партыя. У спадзяваньні на блізкі канфлікт паміж СССР і Захадам, кіраўніцтва партыі ў шмат якіх акругах Беларусі стварыла падпольныя й партызанскія групы.

Аднак і так невялікі патэнцыял Беларускай Незалежніцкай Партыі ў 1944-1945 гадах быў аслаблены шэрагам правалаў, у т.л. і арыштам старшыні ЦК БНП Усевалада Родзькі. Таму ўплыў БНП на арганізацыю антыбальшавіцкага партызанскага руху пасьля прыходу Саветаў быў невялікі - лякальны. Як сьведчыць апошні, шосты нумар “Бюлетэня БНП”, выдадзены ў 1946 годзе ў Заходняй Нямеччыне, у 1945 годзе партызанскія групы і аддзелы, падкантрольныя партыі, існавалі толькі ў Налібоках, на Віленшчыне, на Случчыне, Слонімшчыне, Зэльвеншчыне, Меншчыне. На Маладзечаншчыне НКДБ разграміла падпольле БНП, арыштаваўшы 70 чалавек.

На Палесьсі працягвалі дзейнічаць аддзелы беларускай народнай партызанкі атаманаў Харэўскага і Перагуда, якія кантактавалі з украінскім партызанскім рухам, але палітычнага кіраўніцтва ўжо ня мелі.

Да арганізацыі антыбальшавіцкага партызанскага руху спрычыніліся некаторыя з утвораных ужо пад савецкай акупацыяй арганізацыяў, напрыклад, Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі, заснаваны ў 1946 годзе. Ягоным кіраўніком быў камандзір партызанскага аддзелу Іван Раманчук (“Ястраб”). Да арганізацыі беларускага антыбальшавіцкага партызанскага руху мелі таксама дачыненьне й беларускія эміграцыйныя арганізацыі, якія дэлегавалі з гэтай мэтай на Бацькаўшчыну сваіх прадстаўнікоў (Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускі Вызвольны Рух, Замежны Сэктар Беларускай Незалежніцкай Партыі ды інш.).

Сяргей ЁРШ
Крыніца: Беларускі Калегіюм

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Вытокі беларускага пасьляваеннага антыбальшавіцкага ўзброенага руху

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.