Пасьляваенны супраціў бальшавіцкім акупантам на Беларусі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Пасьляваенны супраціў бальшавіцкім акупантам на Беларусі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

У пошуках праўды

Наш народ “старэйшыя браты” і мясцовыя калябаранты заўсёды стараліся прынізіць. Яны любілі зьдзекавацца з нашай мовы, гісторыі... Беларусам першым было даручана ўвайсьці ў камунізм, а таму ў іх памяці не павінна было застацца нічога “нацыяналістычнага”. Мы спрадвечна былі “лепшымі сябрамі расейскіх братоў” і ніколі ў нас зь імі не было непаразуменьняў... Хто б рызыкнуў тады ўспомніць пра ваенны й паваенны супраціў бальшавікам? Гэта была надзвычай забароненая тэма і толькі кадэбісты ў сваіх мэмуарах дазвалялі сабе сказаць колькі слоў пра “бандытызм”, “нацыяналістычнае падпольле”, “кулацкі тэрор” і г. д. Але і гэта сьпіхвалі, у сваёй большасьці, на акоўцаў і бандэраўцаў. У беларусаў жа нібыта не было варожасьці да савецкае ўлады...

Беларускія савецкія гісторыкі стараліся абмінаць гэтую тэму. Пра “бандытызм” згадвалі яны толькі мімаходам, падаючы скупыя весткі пра некаторых ахвяр “кулацкага тэрору” і ўсё... Нават ужо ў “перабудовачныя” часы гэтыя гісторыкі са скэптыцызмам адносіліся да маштабаў пасьляваеннага антысавецкага руху на Беларусі. Напрыклад, М.Кузьняцоў у сваім артыкуле “Канец векавой мяжы” (“Голас Радзімы”, 31.08.1989) падае зьвесткі пра трафэі гэбістаў у барацьбе з “бандытамі” (сотні мінамётаў, тысячы кулямётаў і аўтаматаў). Ён піша: “Адным словам, не хапла толькі танкаў і самалётаў... зброі... налічана столькі, што добрую армію можна ўзброіць”. Несьвядома Кузьняцоў прыходзіць да зусім слушнай думкі. Сапраўды, гэтай зброяй была ўзброеная Беларуская партызанская армія.

У апошнія гады, калі шмат што было дазволена, і калі паціху пачалі адчыняцца архівы КДБ, беларускія гісторыкі кінуліся дасьледаваць польскую Армію Краёву. Пішучы пра паваенны антысавецкі рух, яны чамусьці ўсё сьпіхвалі на польскае падпольле, але нічога не сказалі пра падпольле Беларускае нацыянальнае. Не адна кніжка выйшла ўжо па гэтай тэме, не адзін дзесятак артыкулаў надрукаваны. Але ва ўсіх гэтых дасьледаваньнях дамінуе ўсё тая ж ідэя... Толькі намёкамі, неяк сарамліва (або баязьліва) яны пішуць, што былі яшчэ “мясцовыя фашысцкія недабіткі”, якія дзеялі разам з бандэраўцамі. Толькі А.Міхальчанка і С.Жумар (“Советская Белоруссия”, 25.11.1990 і “Рэспубліка”, 28.10.1992) успомнілі, што існавала гэткая армія “Чорны Кот” ды назвалі ейнага кіраўніка - маёра БКА Міхася Вітушку.

Дайшло да таго, што ўжо польскія дасьледчыкі пачалі нам даводзіць, што была пасьля вайны Беларуская армія. Т.Стэмбаш і К.Ясевіч пісалі: “пасьля ўступленьня Чырвонай Арміі на Наваградчыну і Гродзеншчыну там паўставалі і вялі барацьбу з савецкім рэжымам ня толькі польскія, але й беларускія атрады, менавіта яны, а не палякі, што выяжджалі ў цэнтральную частку (г. зн. у Польшчу - С.Ё.), зьяўляліся добраю апораю для лясных групаў (пра гэта кажуць многія сьведкі, якія перажылі тыя часы)” (“Беларуская мінуўшчына”, 1994, № 3). Дзякуй нашым суседзям, што дапамагаюць нам дайсьці да ісьціны. Але што ж мы самыя? Ці не час усур'ёз брацца за вывучэньне гэтае тэмы, а не займацца ўсім гуртам АК, тым больш, што дзейнасьць апошняй польскія гісторыкі ўжо добра вывучылі. Ня будуць жа яны дасьледаваць і гісторыю нашага “Чорнага Ката”? Прысьпешваць нас павінна і плённая праца летувіскіх і ўкраінскіх гісторыкаў. Яны друкуюць шматлікія дасьледаваньні па пасьляваеннаму антысавецкаму руху, ды карыстаючыся маўчаньнем беларусаў, ізноў “цягнуць коўдру на сябе”... Здаецца, настаў час і нам зрабіць колькі крокаў на нялёгкім шляху вывучэньня пасьляваеннага збройнага рэзыстансу на Беларусі.
Пачатак

Пасьляваенны антыкамуністычны рух у краінах Усходняй і Паўднёвай Эўропы быў запачаткаваны яшчэ ў часы нямецкай акупацыі. Найперш, гэта датычыцца Польшчы, Украіны і Югаславіі. У гэтых краінах, да часу ўсталяваньня савецкай улады, ужо дзейнічалі моцныя, добра арганізаваныя антыкамуністычныя фарміраваньні, было разгалінаванае нацыянальнае падпольле. На Беларусі ж нелегальны нацыянальны рух супраціву падчас нямецкай акупацыі ня быў моцным. Сталася гэтак таму, што перавага ў той час аддавалася легальнай дзейнасьці. Беларускія нацыяналісты хацелі як найбольш здабыць менавіта легальным шляхам і гэта ім, у некаторай ступені, удалося. На лета 1944 г. беларусы мелі свой цэнтральны ворган кіраваньня краем - Беларускую Цэнтральную Раду, свае ўзброеныя сілы - Беларускую Краёвую Абарону (праўда, разьбітую на батальёны й дрэнна ўзброеную, але патрыятычную), свае нацыянальныя грамадзка-культурныя арганізацыі, сваё беларускае школьніцтва, свой друк, нарэшце, шырока выкарыстоўвалася беларуская нацыянальная сымболіка. Сярод беларускага насельніцтва ўзмацніўся нацыянальны патрыятызм, які дзесяцігодзьдзямі зьнішчалі польскія і бальшавіцкія акупанты, і якога баяліся акупанты гітлераўскія. Ішло і падпольнае змаганьне. З нелегальных беларускіх арганізацый найбольш актыўнымі былі Беларуская Незалежніцкая Партыя (БНП) і Грамада. Падчас нямецкай акупацыі яны панесьлі адчувальныя страты. Ад тэрору СД, польскай АК і савецкага НКВД загінулі: кс. Вінцэнт Гадлеўскі - арганізатар БНП, Юльян Саковіч - сябра ЦК БНП і кіраўнік Грамады, П.Радзевіч - удзельнік нацыянальнага падпольля на Вялейшчыне, Ул.Шавель - арганізатар нацыянальнай партызанкі ў Барысаўшчыне, А.Дасюкевіч і шмат іншых. Гэтыя арганізацыі прыклалі шмат намаганьняў дзеля арганізацыі нацыянальнага руху. У 1942 г. пад палітычным кіраўніцтвам Грамады паўстала Беларуская Народная Партызанка - аб'яднаньне некалькіх дзесяткаў партызанскіх аддзелаў і груп. Але ўжо да канца 1943 г. БНПартызанка была зьнішчаная спэцгрупамі НКВД і злучэньнямі савецкіх партызанаў, якія прыйшлі з усходу. Тым ня менш, асобныя аддзелы ацалелі й былі дзейнымі да лета 1944 г. Беларускі эміграцыйны гісторык Ю.Стасевіч адзначае сярод іх аддзелы атаманаў: Перагуда, Харэўскага (Новіка), Мініча (Хоміча), Бялейкі, Мірона і Таўпекі.

Ужо вясною 1944 г. Беларуская Незалежніцкая Партыя на чале з Усеваладам Родзькам пачынае падрыхтоўку да чарговай бальшавіцкай акупацыі. У гэты час ва Ўсходняй Беларусі ўзьняўся стыхійны антысавецкі партызанскі рух. Менская газэта “Голас вёскі” пісала 14 красавіка 1944 г.: “...Асабліва моцна шырыцца рух зялёных у тых раёнах, якія пакідаюць немцы. Жыхарства, што засталося, не жадае пападаць у лапы энкавэдыстых, хаваецца ў лес і пачынае змаганьне супраць бальшавікоў. У раёне Яноўкі, што на захад ад Гомелю, зялёныя напалі на бальшавіцкі аэрадром і захапілі некалькі самалётаў. У некаторых зялёных атрадах ёсьць аўтамашыны і артылерыя. Таксама зьявіліся зялёныя атрады ў раёне Старадубу, у раёне Арла, Бранску і нават Сібіры. Усё гэта выклікае непакой у Крамлі”.

Чырвоная Армія набліжалася да Менску...
Другі Ўсебеларускі Кангрэс

Другі Ўсебеларускі Кангрэс быў ідэяю ня толькі Р.Астроўскага. Ён быў ідэяю і нацыянальнага падпольля, якое плянавала яго зрабіць дэманстрацыйна-антынямецкім. Ужо ў красавіку 1944 г. ЦК БНП пачынае падрыхтоўку дэлегатаў на кангрэс. ЦК БНП лічыў, што дэлегаты “мусяць быць стопрацэнтныя беларусы. У выпадку канфлікту зь немцамі, каб былі здольныя лепш аддаць сваё жыцьцё, чым здрадзіць беларускай справе”. Да дня ад'езду плян паўстаньня трымаўся ў тайне ад большасьці дэлегатаў-сяброў БНП. Р.Астроўскі даведваецца пра пляны БНП ды прадпрымае шэраг мерапрыемстваў, каб перашкодзіць незалежнікам мець большасьць на кангрэсе. Напярэдадні кангрэсу, увечары, у Менску сабраўся на нелегальную нараду ЦК БНП, каб зацьвердзіць плян яго зрыву ў сувязі зь недаверам Прэзыдэнту БЦР. Кіраўніцтва партыі лічыла, што Астроўскі “плянуе зацьвердзіць кангрэсам супрацоўніцтва Беларусі зь немцамі, і гэтым самым скампрамэтуе беларускі народ у вачох Вольных Народаў Сьвету”. Таму было прапанавана, каб не дапусьціць гэтага, сарваць кангрэс, як толькі ён распачнецца. Аднак, на прапанову Міхася Зуя была прынятая пастанова падымаць паўстаньне толькі, калі Астроўскі дасьць для гэтага повад.

Да будынка, дзе праходзіў кангрэс, былі падцягнутыя аддзелы Беларускай Краёвай Абароны, паліцыі і баёўкі БНП. Плянавалася нават імітаваць выбух міны ў будынку. Поваду для зрыву кангрэсу Р.Астроўскі ня даў, а таму сябры БНП ад узброенага выступленьня ўстрымаліся. Перад кіраўніцтвам БНП цяпер стаяла задача арганізацыі супраціву бальшавікам, якія імкліва займалі Беларусь. Было вырашана пайсьці на кантакт з Абвэрам, каб атрымаць зброю, амуніцыю, магчымасьць вышкаліць сяброў БНП для партызанскай вайны ў спэцшколах нямецкай разьведкі.
Батальён “Дальвіц”

Ва Ўсходняй Прусіі ў мястэчку Дальвіц некалькі сот беларусаў праходзілі падрыхтоўку на партызанскую дзейнасьць на Бацькаўшчыне. Беларускім батальёнам камандавалі капітан Іван Гелда і капітан Усевалад Родзька. Ужо са жніўня 1944 г. жаўнеры і афіцэры батальёну перакідваліся невялікімі групамі на Беларусь для правядзеньня там выведвальнай і паўстанчай работы. У жніўні савецкая контрвыведка захапіла дзьве гэткія групы. У рукі СЬМЕРШу трапілі: Васіль Пужэвіч, Алесь Камінскі, Андрэй Алешка, Янка Мацук і Пётр Арцішэўскі. У верасьні ў рукі НКВД быў выдадзены правакатарам сябра БНП Андрэй Вайтовіч, які арганізоўваў падпольле на Наваградчыне.

У лістападзе 1944 г. у Заходнюю Беларусь была закінута 27-асабовая група на чале з маёрамі Багдановічам і Вітушкам, а таксама сябрам ЦК БНП Гінько.

На пачатку 1945 г. батальён “Дальвіц” быў перадысьлякаваны ў раён Бэрліну, дзе працягваў падрыхтоўку. Аднак немцы ўжо ня мелі магчымасьці перакінуць яго на Беларусь. Тым ня менш, старшыня ЦК БНП Усевалад Родзька не губляе надзеі прабіцца на Бацькаўшчыну для барацьбы за волю і незалежнасьць. Кіраўніцтва партыі распрацоўвае плян далейшых дзеяньняў, па якому павінна было быць арганізавана падпольле ў Бэрліне, Празе, Данцыгу. Зь яго дапамогай, пасьля капітуляцыі Нямеччыны, беларуская эміграцыя падтрымлівала б сувязі з паўстанцамі, што павінны былі канцэнтравацца ў Белавежскай і Налібоцкай пушчах. Быў праведзены шэраг сустрэч з украінскімі і летувіскімі нацыяналістамі ды заключаны пагадненьні аб сумеснай дзейнасьці супраць Саветаў. Немцы даюць дазвол на вярбоўку яшчэ 800 беларусаў у батальён “Дальвіц”, але часу на іх падрыхтоўку ўжо ня было. Да капітуляцыі Нямеччыны заставалася крыху больш месяца.

На пачатку красавіка 1945 г. у Бэрліне адбылася нелегальная канфэрэнцыя Беларускай Незалежніцкай Партыі. Акрамя вайсковага актыву БНП на ёй прысутнічалі і кіраўнікі СБМ і нелегальнай Грамады Міхась Ганько і Сяргей Хмара (Сіняк). Кіраўніцтва партыі хацела перакінуць на самалётах на Беларусь як мага больш збройных груп з дабраахвотнікаў БНП, каб праводзіць там арганізаваную партызанку, да часу выбуху савецка-амэрыканскага ваеннага канфлікту.

Супраць гэтага выступіў Хмара, указаўшы, што, паводле ацэнкі сытуацыі ягонай групай, вайна паміж Захадам і Савецкім Саюзам хутка ня выбухне, а партызанка больш пяці гадоў, без дапамогі зброяй і іншым, існаваць ня зможа. Таму ён прапанаваў перакінуць вайсковы актыў на Захад. Канфэрэнцыя аднак пастанавіла ўтварыць партызанку на Беларусі, але абмежаваць яе дзеяньне да пяці гадоў, калі да гэтага часу ня выбухне вайна. Незалежнікі вырашылі прыняць тактыку Беларускай Народнай Партызанкі, а менавіта: “...партызанка мае за мэту захаваньне Беларускіх Збройных Сілаў і зьбіраньне расьцярушаных збройных груп у рамкі Партызанскіх Нацыянальных Сілаў, а не збройныя, непатрэбныя выступы, якія зьнішчылі б гэтыя збройныя сілы перадчасна”. Лідар СБМ М.Ганько падтрымаў рашэньне канфэрэнцыі БНП і заявіў аб свам далучэньні да партызанкі, каб “адкупіць свае правіны перад народам, што верыў гітлераўцам”. Дзеля палітычнага кіраваньня партызанкай была створаная Беларуская Вайсковая Арганізацыя, якая мела вязаць партызанаў з насельніцтвам.

Аб далейшым лёсе батальёну “Дальвіц” успамінае сябра ЦК БНП Міхась Зуй: “Пераехаўшы ў Чэхаславакію на “Чэрную Гару” (Шварцбэрг), езьдзіў па лягерох вэрбаваць [у батальён] хлапцоў. У гэты час пільна сачылі за вынікамі вайны. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны, вечарам наш батальён пакінуў Чорную Гару, беручы напрамак прабіцца на Захад да Аліянтаў.

У часе адсутнасьці камандзіра Родзькі, яго заступнік капітан Гелда, каб не праліваць крыві, даў загад жаўнерам батальёну “Дальвіц” здаць зброю чэхам. Гэта здарылася на вуліцах гораду Прага. Калі вярнуўся маёр Родзька ў батальён, са сьлязьмі сказаў: “Здаўшы зброю чэхам, вы зрабілі сябе безабароннай групай. Ваша жыцьцё залежыць цяпер ад волі лёсу. Дарогу на Захад адрэзалі бальшавікі, а хто пападзе ім у рукі - не мінаваць кулі. Разьбівайцеся на групы і прабірайцеся на Захад”. Выдаў нам часовыя пасьведкі, што мы палякі. Нашу групу на чале са старшым лейтэнантам Будахоўскім, у ліку 26 чалавек, затрымаў аддзел савецкага войска...”.

Сам Родзька, разам з маёрам Гелдаю й невялікаю групаю сяброў БНП, пайшлі на ўсход, на Бацькаўшчыну. Яны несьлі з сабою Прэзыдэнцкі сьцяг Васіля Захаркі. Маёр Родзька быў выдадзены правакатаркаю і арыштаваны 26 чэрвеня 1945 г. у Беластоку. Тады ж у рукі МГБ трапіў і маёр Гелда. Абодва загінулі на бальшавіцкай шыбеніцы... Вось гэткі лёс быў у батальёна “Дальвіц”.
Край змагаецца супраць акупанта

“Ні рэпрэсіі, ні кары
Не застрашаць наш народ,
Знаюць добра камісары,
Які мсьцівы “Чорны Кот”.
(А. Шавель. “Генэралу Вітушку” (часопіс “Патрыёт” (Ангельшчына), 1950, № 2).

З прыходам Чырвонай Арміі на Беларусь савецкая партызанка сама-сабою зьліквідавалася. Але рэшта савецкіх партызанаў, а таксама партызаны нацыянальныя, з лясоў ня выйшлі. Найбольш іх было на Наваградчыне, Ваўкавышчыне, Слонімшчыне й на Палесьсі. Да іх далучыліся шматлікія ўцекачы ад мабілізацыі ў Чырвоную Армію, былыя жаўнеры БКА, паліцыянты, працаўнікі грмадзянскіх устаноў, сябры СБМ. Ю.Стасевіч адзначае, што “гэтая маса не была арганізаваная, трымалася малымі групкамі, недалёка сваіх мясцовасьцяў, робячы напады толькі па неабходнасьці, здабываючы прадукты ці ліквідуючы даўшыхся ў знакі наехаўшых ці мясцовых камісараў, агентаў і даносчыкаў”.
Мабілізацыя ў Чырвоную Армію

29 ліпеня 1944 г. ЦК КП(б)Б і СНК БССР прынялі пастанову “О мероприятиях по обеспечению проводимой мобилизации граждан 1894-1926 г.г. рождения”. Пастанова патрабавала за кароткі тэрмін правесьці рэгістрацыю прызыўных узростаў з тым, каб паўней выявіць наяўнасьць годных да прызыву ў войска асоб мужчынскага полу. Але заходнебеларуская моладзь не хацела ісьці ў чужое войска. Акрамя мабілізацыі ў сакавіку 1944 г. у БКА, тут памяталі мабілізацыю ў польскае войска ў верасьні 1939 г. Атрымоўваецца, што за пяць гадоў Заходняя Беларусь вытрымала тры мабілізацыі ў розныя арміі! А яшчэ ж былі мабілізацыі ў партызанскія атрады: польскія, савецкія, украінскія, беларускія...

Улетку 1944 г. найбольшы супраціў мабілізацыі азначаўся ў Іўеўскім, Радуньскім, Юрацішкаўскім, Воранаўскім, Івянецкім, Валожынскім раёнах Баранавіцкай вобласьці й у Ашмянскім, Астравецкім, Пастаўскім, Смаргонскім раёнах Вялейскай вобласьці. У афіцыйных дакумэнтах адзначалася: “Многие военнообязанные этих регионов уклоняются от мобилизации и скрываются в лесах... Имеются случаи угроз и даже убийство руководителей с/советов, занимающихся вопросами отправки военнообязанных на сборные пункты... налицо массовые случаи саботажа, отказа в приеме повесток об мобилизации, неявки на призыв и вооруженного сопротивления”.

У Іўеўскім раёне з 15 сельсаветаў толькі ў трох старшыні с/саветаў са сваім апаратам знаходзілся на месцах. Астатнія былі вымушаныя жыць у раённым цэнтры, бо ў вёсках гаспадарылі “лясныя браты”, якія праводзілі сваю мабілізацыю. Таму з раёну на мабілізацыю не прыйшоў ні адзін чалавек. Камуністычныя функцыянэры нярэдка ў сваіх данясеньнях пісалі пра той ці іншы раён: “ввиду наличия крупных банд не восстановлена советская власть”.

Архіўныя дакумэнты захавалі мноства трагічных фактаў мабілізацыі ў савецкае войска. Прывяду толькі адзін зь іх: “15 июля с. г. [1944] при сопровождении 159 мобилизованных из местечка Солы в г. Вилейка, мобилизованные начали разбегаться в лес. В результате применения оружия, сопровождающими убито 18 и ранено 20 человек и в г. Вилейка доставлено только 3 человека” (НАРБ, ф.4, в.37, спр.155, арк.35).

Бальшавікі паводзілі сябе, як сапраўдныя акупанты: яны рабавалі сялян, адбіраючы ў іх харчы й вопратку, патрабавалі гарэлку, нярэдка п'яныя энкавэдысты й працаўнікі ваенкаматаў забівалі невінаватых людзей... Ці ж маглі беларускія сяляне трываць гэткія зьдзекі? Амаль у кожнага была зброя, у многіх - баявы вопыт. Гэтак і пачынаўся супраціў бальшавіцкім акупантам на Беларусі.
Дэсант генэрала Вітушкі

Атрымаўшы ад ЦК БНП рангу генэрала, М.Вітушка павінен быў арганізаваць на Беларусі Беларускую Вызвольную Армію (БВА), дзеля ўзброенай барацьбы з савецкай уладай за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Ягоная група з 27 (або 28) чалавек была скінутая зь нямецкага самалёта на Віленшчыне 17 лістапада 1944 г.

Пры дэсанце атрад ген. Вітушкі разьбіўся на некалькі групаў і сабрацца ня здолеў. Вітушка, маёр Багдановіч, Шунько, Грыгарцэвіч і радыстка Чэрамшагіна перабраліся ў Рудніцкую пушчу, дзе былі затрыманыя групай АК. Аб гэтым распавёў на допыце ў МГБ у 1949 г. Г.Багдановіч (Я.Сямашка. Армія Краёва на Беларусі. Мн., 1994). Няведама зь якой мэтай, ён паведаміў гэбістам, што Вітушка загінуў 7 студзеня 1945 г. у баі з савецкімі войскамі ў раёне возера Кернава. Але гэта было няпраўдай.

А.Міхальчанка пісаў яшчэ ў 1990 г., што на пачатку 1945 г. у Налібоцкай пушчы Міхась Вітушка (псеўда “Лось”) аб'явіў сябе генэралам паўстанцкай арміі “со странным уголовным названием “Чёрный Кот”. Комплектовалась “армия” из коллаборационистов, воспитанных под сенью бело-красно-белого знамени и “Погони”. Пачаўшы стварэньне “Чорнага Ката” або Беларускай Вызвольнай Арміі, ген. Вітушка арганізаваў першае злучэньне беларускіх партызанскіх аддзелаў прыкладна ў траўні-чэрвені 1945 г. Ад гэтага часу й пачынаецца арганізаваная барацьба беларускіх партызанаў з бальшавіцкім рэжымам.

Няведамы лёс астатніх дэсантнікаў Міхася Вітушкі, якіх, праўдападобна, ачольваў Янка Гінько. Але, па некаторых зьвестках, ён загінуў у 1945 г. у баі з аддзелам НКВД*.
Першы год партызанкі

У 1945 г. аддзелы ген. Вітушкі дзейнічалі на Віленшчыне, Гарадзеншчыне і Меншчыне. На астатніх беларускіх землях партызанка была неарганізаваная, нярэдка стыхійная. Там дзейнічалі асобныя партызанскія аддзелы й групы, якія дрэнна кантактавалі паміж сабою й не рабілі большых злучэньняў. На Палесьсі дзеялі ацалелыя аддзелы БНПартызанкі: атамана Івана Перагуда і атамана Харэўскага (Новіка; атрад імя атамана Нябабы). У Аўгустоўскіх лясах дзейнічаў аддзел атамана Язэпа Таўпекі.

Ген. Вітушка стварыў даволі вялікія аддзелы, у якіх было па сто й болей партызанаў. “Чорны Кот” кантраляваў цэлыя раёны, праводзіў акцыі на чыгунцы. Вядомы ўзрыў вайсковага цягніка каля Слоніма, калі было спалена 20 аўтамашын і зьнішчана ўся ахова транспарту. У Крывічах каля Маладэчна партызаны захапілі цягнік з амуніцыяй, але ўсяго забраць не змаглі.

Адзін са сьведкаў партызанскага змаганьня, якому ўдалося ў 1946 г. трапіць у Нямеччыну, пісаў: “Бальшавіцкія акупанты абыходзяцца з насельніцтвам зусім так, як зь ім абыходзіліся і немцы Гітлера... Дзесяткамі эшалёнаў беларусы вывозяцца з сваёй Бацькаўшчыны ў паўночную Расею. Супраць гэтых нялюдзкіх “дабрадзействаў” Масквы беларусы бароняцца галоўна далучэньнем да паўстанцаў. Дзеля гэтага колькасьць паўстанцкіх аддзелаў у Краі, асабліва ў яго заходніх акругах, даходзіць да стану часоў нямецкае акупацыі. З гэтае прычыны ўлады бальшавіцкіх акупантаў там абмяжоўваюцца амаль толькі гарадамі. Сёлы і мястэчкі ў бальшыні знаходзяцца пад кантролем партызанаў. Чыгуначныя лініі Беласток - Баранавічы, Беласток - Берасьце амаль не функцыянуюць: увесь гэты абшар, як і цэлае Палесьсе, знаходзіцца пад уладаю паўстанцаў.

Цікавым ёсьць факт, што беларускія паўстанцы ня робяць ніякіх шкодаў простым чырвонаармейцам, яны нішчаць толькі камуністых і энкавэдыстых. У сваю чаргу і чырвонаармейцы ў пераважнай масе ня выказваюць варожасьць да паўстанцаў, а нярэдка й самі далучаюцца да іх.

Паўстанцы добра ўзброеныя і абмундзіраваныя. Яны нічога не бяруць у сялян, а часта нават і дапамагаюць ім, бо маюць даволі з бальшавіцкіх складоў і транспартаў, асабліва шмат яны маюць нямецкіх кароваў, якія бальшавікі сканфіскавалі ў Прусіі, а потым чыгукаю ці пехатою транспартавалі ў Расею.

Вядомыя выпадкі, калі беларускія паўстанцы ў змаганьні супраць войскаў НКВД і Берутовае Польшчы выступаюць сумесна з украінскімі, польскімі і літоўскімі паўстанцамі” (часопіс “Рух” (Нямеччына), 1946, № 2-3).

Паўстанцы і шырокія масы беларускага сялянства чакалі пачатку вайны Захаду з СССР. Той жа “Рух” пісаў: “Ніхто ў краі ня верыць у доўгі мір і надзея на хуткую нямінучую вайну паміж Амэрыкай, Англіяй і Саветамі падтрымлівае партызанаў на духу і дае ім вытрываласьць у зацятым змаганьні”.

У 1945 г. беларускія партызаны распачалі выданьне сваіх газэт, улётак, брашур і плякатаў. Генэрал Міхась Вітушка рэдагуе часопіс “ЗА ВОЛЮ”.
“Чорны Кот” мяняе тактыку

Ужо вясною 1946 г. становішча партызанаў моцна пагоршылася. Не хапала ежы, а насельніцтва дапамагчы не магло, бо самое галадавала. Не хапала таксама і амуніцыі, бо запасы 1944-45 гг. ужо разыйшліся. Здабыць новае было цяжэй, чымсьці раней, бо зьменшылася колькасьць ваенных перавозак. Таму ў 1946 г. на нарадзе камандзераў “Чорнага Ката” было пастаноўлена расфаміраваць аддзелы на малыя мясцовыя групы ад трох да дзесяці чалавек. Акцыі цяпер праводзіліся толькі падчас бальшавіцкіх палітычных кампаніяў, напады рабіліся толькі на невялікія аддзелы МВД. Да кожнай акцыі зьбіраліся некалькі аддзелаў, да іх далучаліся “ударнікі” (партызаны, якія працавалі ў калгасах, або ў сваіх гаспадарках). Такім чынам, у 1946 г. беларускія партызаны “Чорнага Ката” перайшлі на доўгае трываньне.

Яшчэ адзін сьведка тых падзей успамінаў: “На Бацькаўшчыне поўная цяпер дэзарганізацыя жыцьця, лютуе голад і нячуваны тэрор. На сялян накладаюцца вялікія пастаўкі, за невыкананьне каторых сурова судзяць і ссылаюць. У вёскі прыдзяляюць паасобныя групы чырвонаармейцаў, якія дапільноўваюць здачы паставак, а якіх мусяць сяляне па чарзе пракармліваць. Многія жывуць у зямлянках, у уцалеўшых хатах жыве па некалькі сем'яў. [...]

Бальшавікі адразу пасьля заняцьця Беларусі аднавілі ўсе даваенныя калгасы, а таксама хутка пачалі праводзіць поўную калектывізацыю Заходняй Беларусі.

Сярод усяго беларускага насельніцтва няма веры ў стабілізацыю палажэньня. Усе чакаюць вайны і новых пераменаў. Гэтае чаканьне падтрымліваюць між іншым нават чырвонаармейцы. Сяляне праводзяць пасіўны байкот савецкіх мерапрыемстваў. Гэтак прадстаўнікі ўладаў ня могуць нідзе сабраць сходаў, бо насельніцтва тады хаваецца і разьбягаецца, шукаючы для гэтага розных прычынаў.

Партызанскі рух у некаторых, асабліва лясных мясцовасьцях Беларусі вельмі моцны. Паасобныя партызанскія аддзелы нападаюць на савецкія пункты, узрываюць масты, выкалеіваюць цягнікі. Вядуць таксама ажыўленую прапагандысцкую дзейнасьць, абнадзейваючы насельніцтва аб хуткай гібелі зьненавіджанае бальшавіцкае сыстэмы. Асабліва актыўна яны нішчаць бальшавіцкіх даносчыкаў і правакатараў, што рэкрутуюцца спасярод мясцовага насельніцтва. Партызанскай акцыяй у цэнтральнай частцы Беларусі кіруе генэрал Вітушка, які ў вачах насельніцтва цешыцца легендарнаю славаю.

Такі жудасны абраз жыцьця на родных загонах нашае Бацькаўшчыны. Аднак ні крывавы тэрор і вынішчэньні, ані ажыўленая бальшавіцкая прапаганда ня могуць спыніць той вялікай хвалі народнага гневу, якая што раз шырэй разьліваецца сёньня па ўсім вялікім прасторы нашае Бацькаўшчыны” (“Рух”, 1947, № 4, студзень).

У 1947 г. кіраўніцтва “Чорнага Ката” пастанаўляе ашчаджаць людзей і народнае багацьце, устрымацца ад непатрэбнага дражненьня савецкіх уладаў, бо “партызаншчынай ня вызваліш народу ані краіны, а трэба чакаць вайны і тады дзеіць...”. Ад гэтага часу рабіліся толькі дробныя мясцовыя акцыі, напады, каб “прыпомніць бальшавікам, што трэба езьдзіць асьцярожна і ў большай кучы”.
МГБ лютуе

У 1944 - пач. 1945 гг. асноўны ўдар МГБ, МВД нанесьлі па польскай партызанцы і падпольлю, якія панесьлі вялікія страты. Аднак з сярэдзіны 1945 г. асноўным праціўнікам савецкай улады на Беларусі сталася Беларуская Вызвольная Армія або “Чорны Кот”. Прывядзем тут архіўны дакумэнт, які інфармуе пра вынікі дзейнасьці карнікаў з МГБ і МВД супраць партызанкі і падпольля ў 1944-46 гадах:

“Бандитские формирования в первый год после изгнания немцев представляли собой крупные, хорошо вооруженные и экипированные воинские единицы, находившиеся под командой опытных конспираторов и офицеров, объединившиеся и координировавшиеся эмиссарами заграничных центров. [...]

При их разгроме убито 3035 и арестовано 17872 бандитов и участников подпольных антисоветских организаций. Разоблачено и арестовано активных пособников банд, подпольных организаций и ставленников немцев 27950 человек. Разоблачено и арестовано 5620 агентов иностранных разведывательных и контрразведывательных органов. Всего было ликвидировано 814 подпольных террористических организаций и вооруженных банд, из них: 667 польских, 97 белорусских, 23 украинских и 27 других фашистско-националистических организаций и банд.

В ходе ликвидации подпольных банд и организаций изъято: минометов - 211, противотанковых ружей - 193, пулеметов - 3587, автоматов и винтовок - 68377, пистолетов - 2979, гранат и мин - 36078, тола - 5 тонн, около 4 миллионов боепатронов, 40 множительных аппаратов, 47 раций, поддерживающих двустороннюю связь с заграничными руководящими центрами.

В этой борьбе с нашей стороны имеются также значительные потери. Общее число убитых с нашей стороны - 924 человека...” (НАРБ, ф.4, в.29, спр. 521, арк. 28).

Калі ў студзені 1947 г. партызаны ў многіх раёнах Зах. Беларусі сарвалі выбары ў Вярхоўны Савет БССР, у Менску зьбіраецца на сакрэтнае паседжаньне ЦК КП(б)Б, які дае даручэньне міністрам МГБ і МВД Цанаве і Бельчанку “решительным образом усилить мероприятия” па барацьбе з антысавецкім падпольлем і партызанскім рухам. Паўторна гэткае ж даручэньне яны атрымоўваюць і ў чэрвені 1947 г. Ужо ў сьнежні 1947 г. Л.Цанава далажыў ЦК КП(б)Б аб праведзенай “рабоце”: “Выявлены и ликвидированы 15 белорусских, польских, украинских националистических организаций в Барановичской, Молодечненской, Брестской, Гродненской и других областях, созданных зарубежными националистическими центрами по указанию иностранных разведывательных органов.

Полностью ликвидированы 36 активно действующих банд, созданных и руководимых этим подпольем, а также нанесен серьезный разгром остальным 41 бандам...” (НАРБ, ф.4, в.61, спр.479, арк.3-4).

Савецкія карныя ворганы ў барацьбе з партызанамі ўжываюць ня толькі самалёты, танкі, але і атрутныя газы і разрыўныя кулі, а таксама ілжэпартызанскія групы з супрацоўнікаў МГБ, асобных агентаў, якіх засылалі ў лес, шырокую агентурную сетку, навэрбаваных чэкістамі людзей у гарадах і вёсках. Усё гэта выклікала гэткую ж жорсткасьць з боку лесавікоў: у палон гэбісты і камуністы ня браліся, а расстрэльваліся на месцы (МГБ расстрэльвала тры чвэрці палонных партызанаў на месцы), бязьлітасна нішчыліся агенты МГБ.
“Мы выйдзем хутка із лясоў...”

Напружаная міжнародная сытуацыя давала надзею партызанам на хуткую перамогу іх справы. “Мы выйдзем хутка із лясоў...”, - сьпявалі беларускія лесавікі ў сваім партызанскім маршы. Іхныя надзеі падтрымоўвала і падпольная прэса, прагназаваўшая хуткі пачатак вайны Захаду з СССР.
Трохі пра арганізацыю “Чорнага Ката”

Як ужо адзначалася, “Чорны Кот” меў добра закансьпіраванае падпольле ў гарадах і вёсках. Падпольшчыкі працавалі ў міліцыі, дзяржбясьпецы, войску, савецкіх установах, друкарнях. Менскае падпольле ў студзені 1946 году падпаліла будынак клюбу НКГБ. Віцебскае падпольле замінавала вайсковую палітычную школу. Нацыянальнае падпольле наладзіла выпуск фальшывых дакумэнтаў, якія шырока выкарыстоўваліся лесавікамі.

Партызанскія аддзелы “Чорнага Ката” былі інтэрнацыянальныя. Акрамя чыста беларускіх атрадаў, былі і летувіскія, латышскія, украінскія, а таксама нямецкія батальёны “Цэпэлін”, “Эдэльвейс”. “Вэрвольф”. У “Чорным Каце” ваявалі немцы-уцекачы з лягераў ваеннапалонных, а таксама жыхары Ўсходняй Прусіі, якія засталіся бяз Бацькаўшчыны. Агульная колькасьць жаўнераў і афіцэраў “Чорнага Ката” некаторымі яго ўдзельнікамі ацэньвалася ў 45-50 тысяч чалавек.

Кожны партызанскі аддзел меў свой назоў, які звычайна быў псеўдаю камандзіра. Калі гінуў камандзір, дык ягоны наступнік пераймаў ягоную мянушку. Былі і выключэньні. Партызаны былі людзьмі з гумарам. Так, адзін атрад, які дзейнічаў на Віленшчыне, называўся “Мацюкоўская пляцоўка”.

На чале “Чорнага Ката” стаяў Галоўны штаб, якім камандаваў ген. Вітушка і два ягоныя намесьнікі, Ахрэм і Міхась Шукайловіч (рэдактар газэты “Душы бальшавіцкую гадзіну!”). Генэрал Вітушка падтрымоўваў шчыльныя кантакты з кіраўніцтвам УПА, польскіх Нацыянальных Сілаў Збройных, з падпольлем Летувы, Латвіі і Эстоніі. Праходзілі сумесныя партызанскія канфэрэнцыі і збройныя акцыі.
“Чорны Кот” ідзе ў наступ

У 1948 годзе ген. Вітушка прымае рашэньне рэзка актывізаваць дзейнасьць беларускіх партызанаў. У гэты час уплыў “Чорнага Ката” ужо распаўсюдзіўся на Палесьсе, Белавежскую і Аўгустоўскую пушчы, Вяліжскія і Барысаўскія лясы, Усходнюю Прусію.

У сакавіку 1948 г. злучаныя аддзелы “Чорнага Ката” заатакавалі Наваградак. Успамінае афіцэр Д. (падаю ягоныя ўспаміны цалкам паводле газэты “Беларускае слова” (Нямеччына), 1949, 15 верасьня):
“РАСПЛАТА

Наш атрад у ліку 500 чалавек разьмясьціўся ў лесе каля в. Літоўка. На поўдні, кілямэтраў на 3, пабліскваў агнямі Наваградак. Была цёмная сакавіковая ноч 1948 г. Чамусьці ня спалася. Абняўшы халоднае цела аўтамата, ляжаў я і думаў… Прыпомнілася, як у лютым месяцы 1945 году пайшло нас, 144 былых жаўнераў БКА, на чале з камандзерам Родзька у напрамку Прагі, каб праз фронт дабрацца [да] Беларусі… Пасьля на парашуце спусьціўся Вітушка. І з таго часу вось так кожную ноч…

Дзесь каля 4-ай гадзіны голасна загукаў пугач, і за якіх пару хвілін атрад гатовы быў да бою. У суправодзе камандзіраў перад атрадам зьявіўся Вітушка - камандзір атраду. Малады, ураўнаважаны, упэўнены, ён спакойным звонкім голасам зьвярнуўся да партызанаў:

“Браты партызаны. Я не люблю шмат гаварыць, ды гэта і не патрэбна. За нас будуць гаварыць нашыя кулямёты і аўтаматы. Яны за тры гады навучыліся. У нашых руках яны заікацца ня будуць, бо мы ведаем, для чаго іх узялі, і ня выпусьцім, пакуль не пераможам ці памром. Маці Беларусь абліваецца сьлязьмі і крывёю пад бальшавіцкім зялезным ботам. Крывёю за кроў, сьмерцю за сьмерць мы будзем плаціць нашым сьмяротным ворагам.

Сёньня мы павінны ўзяць Наваградак і пакараць катаў нашага народу. У першую чаргу мы павінны захапіць МГБ, кашары, дзе знаходзяцца польскія і сібірскія карныя атрады, тэлефонную і тэлеграфную станцыі, райкам, райвыканкам, міліцыю і выпусьціць з астрогу усіх вязьняў. Адказных работнікаў расстраляць на месцы, так, як робяць яны з намі. Забітых і параненых партызанаў забраць з сабою. Атаку пачынаць па сігналу чырвонай ракеты, збор на Замкавай гары па сігналу зялёнай ракеты. Будзьце бязьлітаснымі і бясстрашнымі. З Божай дапамогай мы пераможам!”

- Пераможам! - упаўголаса паўтарылі партызаны.

Вітушка зьвярнуўся да камандзіраў, напомніў ім тактычныя задачы. Камандзіры паўтарылі загад і са сваімі падразьдзеламі зьніклі ў цемнаце. Адзін падразьдзел пайшоў па Татарскай, другі - па Карэліцкай. Мы з камандзірам атраду Вітушкам пайшлі ў напрамку Замкавай гары і за хвілінаў 25 былі там. Пакінуўшы на Замкавай гары ўкраінскі аддзел, мы рушылі па Слонімскай на пляц. Па дарозе да нас далучылася каля 20 жыхароў Наваградку. Перад самым пляцам спаткалі галоўны дазор, ад якога даведаліся, што тэлефонная і тэлеграфная станцыі, памяшканьне міліцыі і райвыканкаму заняты бяз стрэлу.

Хутка пасьля гэтага да Вітушкі падбег партызан П-ч і перадаў паведамленьне камандзіра Р., што ён дасягнуў будынку МГБ, устанавіў два кулямёты супраць дзьвярэй і чакае на сігнал. Аналагічнае паведамленьне было атрымана ад камандзіра К., які мусіў атакаваць кашары. Вітушка паглядзеў на гадзіньнік: была роўна 5-я гадзіна. Ён перахрысьціўся і пусьціў у неба ракету. Там яна расьцьвіла, як букет чырвоных ружаў, і на зямлю, як чырвоныя кроплі крыві, пасыпаліся іскры…

Наваградак загуў, як вулей. Пачуліся стрэлы стрэльбаў і аўтаматаў, застагнаў кулямёт. Вітушка выцягнуў з-за пояса гранату і, крыкнуўшы: “За мной, хлопцы”, - кінуўся ў бок кашараў. Падпусьціўшы нас амаль да самых кашараў, “карацелі” секанулі па нас з стрэльбаў і кулямётаў. З другога паверху паляцелі гранаты. Мы пападалі на зямлю, папрыціскаліся да сьценаў. Вітушка швырнуў гранату на балкон, адкуль біў па нас кулямёт. Апошні замоўк, і тады мы пачалі кідаць у вокны гранаты, ламаць прыкладамі забарыкадаваныя дзьверы. З другога боку кашараў тое ж самае рабілі партызаны камандзіра Х. Нягледзячы на зацяты супраціў, мы ўварваліся ў кашары. Пачаўся кулачны бой. Вітушка і К. былі ў першых шэрагах і з крыкам “Бі іх, сталінаўскіх апрычнікаў!” паказвалі прыклад уменьня і адвагі. У кожным пакоі, занятым намі, валяліся дзесяткі трупаў. Кашары былі ў нашых руках. Толькі ў вялікай залі клюбу ўсё яшчэ не здаваліся сібіракі. Адначасова туды было кінута некалькі гранатаў. Пасьля выбуху мы праніклі ў залу. Дым душыў у горле, рэзаў вочы. На падлозе ў прадсьмяротных канвульсіях курчыліся параненыя. З боку сцэны рэзануў аўтамат. Камандзір К. захістаўся і ўпаў на падлогу. Яго падхапілі партызаны і па загаду Вітушкі аднесьлі на Замкавую гару.

Даўшы некалькі стрэлаў з ручнога кулямёта па сцэне, мы ўзышлі туды. Выцягнуўшы рукі, нібы просячы ў нас ратунку, уверх тварам ляжаў жоўты чалавек з раскосымі вачыма.

“Апошні з Удэге” - сказаў хтосьці. Па твару Вітушкі прамільгнуў прамень задавальненьня. “Першая частка трагедыі закончаная”, - сказаў ён і на хвіліну задумаўся. “А зараз, - загучэў ягоны голас загадам, - усе на штурм МГБ”.

Пакуль мы змагаліся ў кашарах, камандзір Р. браў прыступам будынак МГБ. Пасьля ўпартага бою МГБ было ўзята. Шмат катаў беларускага народу за ўсе свае праступствы заплацілі жыцьцём. Некалькі чалавек уцяклі. Начальнік МГБ быў узяты жывым.

Калі мы набліжаліся да будынку МГБ, насустрач нам ішлі якіясь суцені. На пытаньне, хто яны такія, спалохана адказвалі “свае” і, азіраючыся, уцякалі ад нас. Пасьля мы даведаліся, што гэта былі “ворагі народу”, якіх вызвалілі са скляпеньняў МГБ партызаны. Было іх чалавек 270. Больш за сотню прымкнулі да нас. Ім была выдадзена зброя і ў гэтую ноч яны расплаціліся з катамі за свае пакуты.

Другая частка трагедыі, як казаў камандзір Вітушка, была закончана. Заставалася толькі пакараць крывасмокаў, якія былі ў нашых руках: начальніка МГБ, сакратара райкаму партыі і некалькі актыўных камуністаў. Але Вітушка не даваў дазволу, чакаючы на весткі ад камандзіра М., які пайшоў вызваляць арыштаваных з астрогу. Хутка надыйшла вестка, што ў астрогу засталіся толькі трупы катаў ды галодныя пацукі. Вязьні ў ліку 800 чалавек вызваленыя. Чалавек 500 пажадалі ісьці разам з намі, і яны накіраваны на Замкавую гару. Тады Вітушка даў загад расстраляць каля будынку райкаму партыі ягонага сакратара, начальніка МГБ і інш. Загад быў выкананы. На страсе райвыканкаму ўмацаваны бел-чырвона-белы сьцяг. Вітушка пусьціў зялёную ракету - сігнал да збору. Пераможным крокам мы пайшлі па Слонімскай. На гары ў зборы быў увесь атрад. Гаспадарнік увіхаўся каля новых партызанаў, яшчэ сягоньняшніх вязьняў: карміў іх хлебам і байкамі.

Вітушка зьвярнуўся да яго: “Трафеі”. Стаўшы на зважай, той адрапартаваў: “Тры кулямёты, 650 аўтаматаў, 1300 стрэльбаў, 70 скрынак патронаў і каля 300 забітых”.

- Колькі страцілі людзей?
- Пятнаццаць забітых і трыццаць раненых.
- Як камандзір К.?
- Памёр, спадар камандзір.

Вітушка хвіліну памаўчаў, пашукаў чагосьці вачыма ў тым баку, адкуль мы толькі што прыйшлі, паглядзеў на гадзіньнік і загадаў стаць у паходную калону. Была 8-я гадзіна раніцы. Калона рушыла ў напрамку в. Літоўка. Са страхі райвыканкаму доўга махаў нам на разьвітаньне бел-чырвона-белы сьцяг.

Са слоў партызана Д-а запісаў А. Зарэцкі”.

Увосень 1948 году аддзелы “Чорнага Ката” сумесна з УПА захапілі Кобрынь, а ў сакавіку 1949 - Гайнаўку. На пачатку 1948 году аддзел Сакаловіча каля месяца кантраляваў некалькі вёсак у раёне Барысаў - Радашковічы. У верасьні 1949 г. некалькі сотняў беларускіх партызанаў зрабілі напад на канцлягер каля Менску, каб вызваліць вязьняў. Адбыўся жорсткі бой. Партызанам удалося ўварвацца на тэрыторыю лягеру, але выкліканыя зь Менску аховаю часткі савецкай арміі прымусілі лесавікоў адыйсьці ў лес. Кожны бок у гэтым баі страціў каля 50 чалавек забітымі.

Напрыканцы кастрычніка 1948 г. на ваенным палігоне каля Ніжняга Ноўгарада адбыўся замах на Сталіна, які выканалі два танкісты. Адзін зь іх на допыце ў МГБ паказаў, што замах падрыхтавалі кіраўнікі “Чорнага Ката” і УПА Міхась Вітушка і Тарас Чупрынка (генэрал Раман Шухэвіч).

Газэта “Бацькаўшчына” (Мюнхэн) пісала 25 сакавіка 1950 году: “…Прэса Зах. Эўропы штораз часьцей успамінае аб беларускай партызанцы пад Вільняй, Горадняй, Лідай, Менскам і Баранавічамі, якая вядзе асабліва зацятае змаганьне з НКВД і ягонымі агентамі. Часамі гэтыя дробныя партызанскія аддзелы лучацца ў большыя адзінкі і на цэлыя тыдні займаюць гарады і мястэчкі, затрымліваюць цягнікі, вызваляюць вязьняў і г. д. Мясцовае жыхарства ў большасьці выпадкаў шчыра падтрымлівае іх, дзе толькі мага”.
Ізноў аб “Чорным Каце” і яго кіраўніку

Ёсьць цікавым факт дзеяньня “Чорнага Ката” ня толькі на Віленшчыне, але і ў ваколіцах Каўнаса. Нярэдка заходняя прэса паведамляла, што партызаны Вітушкі дзейнічаюць на абшары паміж Каўнасам і Берасьцем, Каўнасам і Маладэчнам. Летувіская эміграцыйная прэса вельмі хваравіта ўспрымала гэтыя весткі, усяляк абражаючы беларускіх партызанаў, якія “акупуюць” Летуву. У газэце “Беларускае слова” 18.06.1949 г. зьявіўся з гэтай прычыны артыкул “Партызаны і палітыканы”, у якім аўтар тлумачыць гэтае тактыкаю партызанскай вайны: “…калі адзін з аддзелаў Вітушкі апынаецца пад Каўнасам, або адзін з аддзелаў Летувіскага Вызвольнага Войска пад Менскам, дык гэтае зусім ня сьведчыць аб імпэрыялістычных намерах двох антыбальшавіцкіх народаў”.

Пішучы пра “Чорнага Ката”, былы нямецкі ваеннапалонны адзначыў: “Таемныя законы беларускай партызанкі нагадваюць сабой чорны крыж Сыцылійскае Мальты. Той, хто здрадзіць партызана МВД, ня можа ўжо быць пэўным свайго жыцьця”. Іншы партызан пісаў: “…прысуд нашага суду раней ці пазьней заўсёды выконваецца, і гэта ведаюць, як жыхары, так і камуністыя. Пасьля прысуду заўсёды паведамляецца жыхарства адпаведнымі лістоўкамі, абвесткамі або поштаю”.

Разьведка партызанаў працавала вельмі эфэктыўна. Калі ў Менску праходзіў суд над паэткай Ларысай Геніюш, партызаны ведалі, у чым яе абвінавачвалі, куды і на колькі гадоў саслалі. Ведалі, што супраць паэткі сьведкаю выступала рэпатрыянтка Вольга Зубко (яна працавала падчас вайны ў БЦР), якая да гэтага выдала гэбістам некалькі падпольшчыкаў. Партызанскі суд прысудзіў яе да сьмерці.

Ёсьць цікавай характарыстыка, дадзеная генэралу Вітушку нямецкім афіцэрам, які зь ім сустрэўся ў 1948 г.: “[У ваколіцах Каўнаса] спаткаўся я зь Вітушкам - камандзірам партызанаў, перад якім усе маюць страх і які мяне дапытваў. Ён ёсьць сярэдняга росту, чарнавалосы і мае вельмі быстры погляд… Вітушка зьяўляецца фанатычным праціўнікам бальшавізму. Ён хоча змагацца ўсімі сродкамі за незалежнасьць сваёй беларускай Бацькаўшчыны… Жандармэрыя і паліцыя ня маюць адвагі пачынаць што-небудзь супраць людзей Вітушкі, бо баяцца яго помсты”.

Бальшавікі некалькі разоў выпускалі ўлётку ў справе паімкі, забіцьця і “пераходу” да іх ген. М. Вітушкі і ягоных намесьнікаў. На пачатку 1949 году савецкае радыё урачыста абвясьціла, што Вітушка ўзяты ў палон. Аднак партызанскае радыё адразу апратэставала гэтае паведамленьне.

Я вельмі старанна шукаў фотаздымкі партызанаў ген. Вітушкі, але безпасьпяхова. Толькі ў газэце “Бацькаўшчына” 25 сакавіка 1950 г. быў зьмешчаны фотаздымак з подпісам: “Абход 25-га сакавіка адным з беларускіх партызанскіх аддзелаў у 1948 г.”. Большасьць партызанаў - гэта моладзь 18-20 гадоў.
Апошнія гады партызанскага змаганьня

Доўгачаканая вайна Захаду з СССР усё не пачыналася. Партызаны несьлі адчувальныя страты. Ацалеўшыя ж гублялі і пераможную пэрспэктыву барацьбы. Партызанская газэта “Самастрэл” пісала ў 1949 г.: “Цяжка, немагчыма цяжка. Асабліва, калі навокал усё гарыць і ліецца кроў. Калі побач падае твой сябра ад кулі ворага. Цяжка, гэтай цяжка, што здаецца кожнае разуменьне страчаным, бо ты ня можаш ні жыць, ні рухацца спакойна і пэўна. Зачым рабіць пераходы, зачым зьмяняць месца, зачым наогул вылазіць з нашых сховішчаў? Зачым? Ці ня ўсё роўна дзе і калі паміраць!..”.

Якіх жа намаганьняў каштавала ген. Вітушку і ягоным камандзірам падтрымоўваць у партызанаў баявы дух! “Чорны Кот” працягвае праводзіць актыўныя збройныя апэрацыі, несучы ўсё новыя й новыя страты…

У 1950 г. “Чорны Кот” адзначыў сваё пяцігодзьдзе. З гэтай нагоды быў зьдзейсьнены напад на ваенны аэрадром у Кёнігзберзе. Было пашкоджана 7 самалётаў і пад агнём партызанаў аэрадром знаходзіўся некалькі гадзінаў.

У гэтым жа годзе аддзелы ген. Вітушкі спрабавалі вызваліць у Вільні арыштаваных партызанаў, якіх транспартавалі часткі МВД. Бойка цягнулся 4 гадзіны і бальшавікі былі вымушаныя ўвесьці ў дзейнасьць танкі. МВД панесла вялікія страты, а партызаны мелі 1 забітага і 3 параненых.

У чэрвені 1950 г. “Чорны Кот” кантраляваў чыгунку Берасьце-Беласток, зьнішчыў пяць вайсковых цягнікоў са зброяй і войскам, а таксама некалькі мастоў.

8 верасьня 1951 г. “Чорны Кот” арганізаваў у Вільні антыбальшавіцкую дэманстрацыю. Эміграцыйны часопіс “Божым шляхам” пісаў: “…сёлета Віленшчына перажывала вельмі ўзмоцненую хвалю вывазаў у Сібір і асабліва жорсткае прасьледаваньне каталікоў-беларусаў і летувісаў. Аднак увесь бальшавіцкі тэрор ня здолеў зламаць народнага руху супраціву. Калі ў Вільні 8-га верасьня бальшавікі склікалі мітынг, дык партызаны з радоў “Чорнага Ката” выкарысталі яго для супрацьбальшавіцкае дэманстрацыі. Кінуўшы некалькі пэтардаў, яны выклікалі замяшаньне, у часе якога ўзносіліся супрацьбальшавіцкія клічы і дамаганьні асноўных свабодаў, вольнасьці слова і згуртаваньняў. Паліцыя мітынг разагнала, але наступнага дня ў ваколіцы Вільні зьявіліся лятучкі ў беларускай, летувіскай і польскай мовах з заклікам гуртаваньня супраць камуністычных сілаў і да супрацькалгаснае акцыі”.

Праўдападобна, гэта была адна з апошніх буйных акцый беларускіх партызанаў. Рух слабеў, нёс вялікія страты. Людзі стаміліся ад вайны, якая доўжылася цэлае дзесяцігодзьдзе. Дзяржбясьпека ў 1951-52 гг. зьнішчыла некалькі апошніх буйных аддзелаў “Чорнага Ката”. 14 чэрвеня 1951 г. гэбістамі быў ліквідаваны аддзел “Крэта”, які дзейнічаў з 1945 г. Хацелася б сказаць колькі слоў пра аддзел Ігната Жыхарэвіча.** Жыхарэвіч, настаўнік па адукацыі, падчас нямецкай акупацыі быў адным з кіраўнікоў СБМ у Заходняй Беларусі. Як жаўнер “Дальвіца” вярнуўся на Бацькаўшчыну, каб змагацца за волю й незалежнасьць, але быў арыштаваны НКГБ. Уцёкшы з-пад арышту, арганізоўвае партызанскі атрад і камандуе ім. Калі быў зьнішчаны атрад Жыхарэвіча, дакладна невядома. Сам Жыхарэвіч загінуў у барацьбе з чэкістамі, якія спрабавалі захапіць яго подступам у адной вясковай хаце.

Падпольле таксама несла цяжкія страты. Яшчэ ў 1946 г. у Польшчы МГБ правяла арышты сяброў БНП-БВА. Тады быў арыштаваны Мікола Шкялёнак, якога бальшавікі прысудзілі да сьмерці на шыбеніцы.

Ня буду спыняцца на маладзёжным падпольлі 1946-47 гг., бо пра яго шмат напісана. Яно хоць і шукала сувязі з партызанамі, але ў сваёй дзейнасьці не скарыстоўвала ўзброеную барацьбу. Партызаны ж бачылі, што з такой слабай кансьпірацыяй рана ці позна моладзь трапіць у рукі МГБ і таму, у большасьці выпадкаў, ад кантактаў устрымліваліся.

МГБ ліквідавала і падпольную групу, якой кіраваў Валянцін Крывенка, былы сябра СБМ. Адным з апошніх змагароў з бальшавізмам быў паэт і журналіст Мікалай Нявераў.*** Ён быў падчас нямецкае акупацыі ў беларускай нацыянальнай партызанцы. Ратуючыся ад насланых з Масквы энкавэдзістаў, выходзіць зь лесу і ўступае ў БКА. Пад Саветамі жыў спачатку пад фальшывым пашпартам, а пасьля хаваўся на вёсцы. Ён распаўсюджваў улёткі антысавецкага зьместу, а таксама свае патрыятычныя вершы. Выданы сваім сябрам Ул. Новікавым, Нявераў быў асуджаны на сьмерць.

Апошнія партызанскія і падпольныя групы працягвалі барацьбу да сярэдзіны 1950-х гг.
Беларуская эміграцыя

Разьбітая на варожыя групоўкі, беларуская эміграцыя не магла аказаць дапамогу партызанам на Бацькаўшчыне. БНП раскалолася па палітычных і рэлігійных прычынах. Замежны Сэктар Партыі ўзначаліў у Нямеччыне маёр Дз. Касмовіч (“Каршун”). Але, як вынікае з успамінаў сябра ЦК БНП М. Зуя, Замежны Сэктар не валодаў сытуацыяй на Бацькаўшчыне і ня меў з “Чорным Катом” сталага кантакту. У Нямеччыне напрыканцы 1940-х гг. паўстала вэтэранская арганізацыя Беларускі Вызвольны Рух (БВР) на чале з палкоўнікам Л. Галубовічам (Зарэчным). Менавіта БВР накіраваў некалькі груп выведчыкаў на Беларусь з дапамогаю амэрыканскіх спэцслужбаў. Усе яны выканалі заданьне й вярнуліся ў Нямеччыну. Толькі Міхалюк**** вырашыў застацца на Бацькаўшчыне. Ён аб’яднаў партызанскія групы на Кобрыншчыне ў 1951 г., але ў баі з аддзелам МВД загінуў.

Ініцыятыву ў БВР перахапіла Рада БНР на чале з М. Абрамчыкам, якая з 1951 г. пачынае закідваць сваіх выведчыкаў на Бацькаўшчыну. Пра групы Цімафейчыка, Касьцюка, пра Янку Філістовіча напісана шмат і таму спыняцца на іх ня буду.

Рада БНР да 1947 г. дзейнічала нелегальна і з дапамогаю падпольля БНП-БВА ў Бэрліне й Польшчы падтрымлівала сувязь з ген. Вітушкам. Аднавіўшая сваю дзейнасьць БЦР на чале з Р. Астроўскім хацела перахапіць ініцыятыву ў канкурэнцыйнай Рады БНР, але й гэта, відавочна, не ўдалося. Адзін з партызанаў пісаў, што “насельніцтва ня можа дараваць Астроўскаму стварэньня “абаронных вёсак”, за што Саветы вельмі жорстка караюць беларускіх сялян”.

Рада БНР яшчэ ў 1949 г. стварыла праекты ўзнагарод для беларускіх партызанаў, зацьверджаныя прэзыдэнтам Абрамчыкам у 1951 г. Гэта: ордэны Пагоні і Зялезнага Рыцара, а таксама ордэн “Мэдаль Партызана”. На пачатак 1951 г. было ўзнагароджана восем чалавек:
Генэрал М.Вітушка - ордэнам Пагоні 3-й клясы й ордэнам Зялезнага Рыцара 3-й клясы;
Генэрал У.Р. (Усевалад Родзька? - С.Ё.) - тымі ж узнагародамі;
Маёр Саха - ордэнам Зялезнага Рыцара 4-й клясы;
Маёр Іван Слуцкі - тым жа ордэнам;
Тры камандзіры асобных аддзелаў і адзін афіцэр сувязі (усе на Бацькаўшчыне) - ардэнамі Зялезнага Рыцара 4-й клясы.



Узнагароджваць ордэнам “Мэдаль Партызана” атрымаў права ген. Вітушка.

Але барацьба, тым часам, ужо губляла ранейшыя маштабы. Праўдападобна, ад 1952 г. арганізаваная партызанка “Чорнага Ката” была спыненая. У лясах засталіся малыя групкі партызанаў. Іншыя, як і ген. Вітушка, спрабавалі нелегальна жыць у гарадах і вёсках, легалізаваліся пад чужымі прозьвішчамі. Калі Вітушка быў арыштаваны, невядома. Праўдападобна, пасьля арышту ён быў вывезены ў Маскву, дзе й быў расстраляны… Магчыма, гэта здарылася ў 1956 або 1957 гадах. Праўда, ёсьць весткі, што Вітушку і пазьней шукалі ў Казахстане і сярэднеазіяцкіх рэпубліках. Але гэта нічым не пацьверджана.
Эпілёг

Прыйдзе час, калі адкрыюцца архівы КГБ і мы атрымаем доступ да дакумэнтаў пасьляваеннага супраціву савецкай уладзе. А пакуль прыходзіцца абапірацца ў асноўным на ўспаміны, паведамленьні прэсы, асобныя публікацыі гісторыкаў… Канешне, не ўдалося ахапіць ва ўсёй паўнаце беларускі антысавецкі супраціў, але была створана агульная карціна зараджэньня, дзейнасьці і заняпаду руху. Быў вернуты з забыцьця шэраг прозьвішчаў беларускіх патрыётаў, якія адчайна, гераічна змагаліся з бальшавіцкімі акупантамі за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Думаю, што сёньня паўстае неабходнасьць рэабілітацыі і ўшанаваньня памяці ўдзельнікаў Беларускага Збройнага Рэзыстансу. Многія зь іх ваявалі ня толькі супраць бальшавізму, але й супраць фашызму. Розьніца паміж бальшавізмам і фашызмам невялікая, яны былі аднолькава ворагамі для нашага народу. Нездарма на партызанскіх лёзунгах, якія вывешваліся на слупах і дрэвах, было напісана: “Далоў чырвоны фашызм! Няхай жыве вольная Радзіма!”

Украінскі “Рух” рэабілітаваў ОУН, УПА яшчэ ў 1990 годзе. Ці зможа Беларускі Народны Фронт рэабілітаваць пасьляваенны Беларускі антыбальшавіцкі супраціў? Тысячы герояў чакаюць гэтага.

20-25 сакавіка 1995 г.
г. Слонім
Сяргей Ёрш
ЗАЎВАГІ Сяргея Ярша ад 2004 г.:
* Янка Гінько быў арыштаваны чэкістамі ў сьнежні 1944 г. Пасьля вызваленьня з канцлягераў жыў у Маскве. Памёр у 1980-х.
** Насамрэч, Аўгена Жыхара. Ягоны “псеўданім”, прыведзены ў артыкуле, прыдумаў чэкіст Сьмірноў, з успамінаў якога і была ўзятая згадка пра беларускага партызанскага камандзіра.
***І нфармацыя пра Крывенку і Няверава ўзятая з успамінаў чэкіста Сьмірнова, таму прозьвішчы падпольшчыкаў, як у выпадку з Жыхарам, могуць быць скажоныя.
**** Насамрэч, Міхальчук. Прозьвішча было скажонае ў адной з публікацыяў газэты “Беларускі голас” (Таронта).

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Пасьляваенны супраціў бальшавіцкім акупантам на Беларусі

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.