Апазыцыя на Беларусі (1944—1953)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ

Все свежие публикации

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Апазыцыя на Беларусі (1944—1953). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Мы в Инстаграме
Система Orphus

Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Моладзевыя арганізацыі на тэрыторыі Беларусі (1944-1956 гг.)
Моладзевыя антыкамуністычныя арганізацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1944-1953 гг.
Рэлігійная апазыцыя савецкай уладзе (1944-1953 гг.)
Моладзевыя арганізацыі на тэрыторыі Беларусі (1944-1956 гг.)

Пры разглядзе факту існаваньня апазыцыйных арганізацыяў зьвяртае на сябе ўвагу характэрная акалічнасьць: абсалютная большасьць моладзевых антысавецкіх арганізацыяў дзейнічала на тэрыторыі Заходняй Беларусі, у той самай частцы краіны, якая ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай (1921-1939). Чаму гэтага не адбылося ва Ўсходняй Беларусі?

БССР, якая фармальна лічылася незалежнай рэспублікай, а пазьней - і суб'ектам міжнароднага права, насамрэч зьяўлялася калёніяй Масквы. Ад першых год савецкай улады Ўсходняя Беларусь была трывалым элемэнтам таталітарнай сыстэмы, яе фарпостам, а таму ня дзіўна, што пабудове “правільнага” грамадзтва ў Беларусі ўдзялялася дастаткова вялікая ўвага Масквы. На кіруючыя пасады прызначаліся Масквой адно правераныя людзі.

Паказальна тое, што большасьць кіраўнікоў савецкай Беларусі былі небеларусамі: А.Мясьнікоў (1918-1920), В.Кнорын (1920-1922), В.Багуцкі (1922-1924), Асаткін-Уладзімірскі (1924), А.Крыніцкі (1924-1927), В.Кнорын (1927-1928), Я.Гамарнік (1928-1929), К.Гей (1930-1932), М.Гікала (1932-1938), М.Гусараў (1947-1950), М.Патолічаў (1950-1956), К.Мазураў (1956-1965). Да беларуса (па іншых крыніцах, украінца) Кірылы Мазурава быў толькі адзін камуністычны лідэр-беларус - Васіль Шаранговіч (1938-1947). Ды і той быў пры пасадзе нядоўга.

Натуральна, што такія партыйныя лідэры савецкай Беларусі не цікавіліся ні гісторыяй Беларусі, ні ейнай культурай, мовай. Пра якую незалежнасьць мясцовых камуністаў магла ісьці гаворка, калі беларуская камуністычная партыя разглядалася Масквой выключна як абласная арганізацыя. А нацыянальныя асаблівасьці (у кантэксьце камуністычных догмаў зьліцьця нацыяў і інтэрнацыяналізму) разглядаліся як другасныя і непатрэбныя.

Новыя лідэры БССР адмаўлялі ня толькі вартасьць нацыянальнага разьвіцьця краіны, але і яе гісторыю. Вільгельм Кнорын у 1927-1928 гг. на адным з пасяджэньняў казаў: “Мы так раскрытыкуем Смаляцічаў і Тураўскіх, што двух радкоў ім будзе шкада прысьвяціць у нашай гісторыі, бо яны ідуць ад іншай лініі, а не ад лініі працоўных масаў”.

У гэтым рэчышчы “славутая” беларусізацыя - ня болей як часовае зацікаўленьне праблемамі нацыянальных ускраінаў, адмысловы крок назад. Яскравы прыклад: у 1924 г. быў абвешчаны старт беларусізацыі, а ўжо ў наступным годзе першы сакратар А.Крыніцкі заяўляе пра рост нацыянальных настрояў у рэспубліцы. Беларусізацыя Беларусі была народжаная камуністамі, імі ж і была задушаная ўжо ў канцы 1920-х гг.

Кардынальна іншым было становішча ў Заходняй Беларусі. Нягледзячы на тое, што тут у дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў існаваў нацыянальны і сацыяльны ціск, Польшча, куды ўваходзілі заходнебеларускія землі, была эўрапейскай дэмакратычнай дзяржавай. У той час любая дзяржава ў Эўропе, тым больш маладая, “грашыла”, праўда, тым, што арыентавалася на тытульную нацыю і кіравалася выключна яе інтарэсамі (напр., Югаславія, Чэхаславаччына, Вугоршчына). Тады гэта было “нармальнай” зьявай, і Польская дзяржава дзейнічала ў адпаведнасьці з тагачаснай сытуацыяй, якая ўскладнялася тым, што на ўсходняй мяжы Польскай Рэспублікі была магутная імпэрыя - Савецкі Саюз, які любымі сродкамі імкнуўся паўплываць на падзеі ў Эўропе і, у прыватнасьці, у Польшчы, скарыстоўваючы, у тым ліку, уплыў на нацыянальныя рухі. Змагаючыся з нацыянальнымі памкненьнямі беларусаў ці ўкраінцаў, Польшча імкнулася ўмацаваць свае дзяржаўныя пазыцыі.

Вядома, польскія ўлады пачынаючы з 1926 г. зачынялі беларускія гімназіі і школы . Палітычна перасьледавалі беларускіх нацыянальных дзеячоў. Але, параўнальна з тым, што рабілася ва Ўсходняй Беларусі, размах і ціск былі зусім іншыя. Прынамсі, ніхто ня быў расстраляны. У “сумнавядомым” Картуз-Бярозаўскім канцэнтрацыйным лягеры, самым буйным у Заходняй Беларусі, у 1934-1939 гг. адсядзела 5.500 чалавек. Разам з тым, нягледзячы на цэнзуру, выдаваліся беларускія газэты, а згортваньне беларускага руху пачалося толькі з 1938 г.

Улічваючы такую палітыку польскіх уладаў, Саветы выкарыстоўвалі яе ў сваіх мэтах, разгарнуўшы шырокую прапаганду савецкага ладу жыцьця. У Заходняй Беларусі нашыя палітыкі, прынамсі, мелі трыбуну, адкуль маглі гаварыць пра Беларусь і ейныя праблемы ўсяму сьвету. Яны мелі права свабоднага выезду ў Заходнюю Эўропу, дзе маглі бачыць вольнае жыцьцё, маглі параўноўваць. Беларусы-заходнікі адзначалі нацыянальныя сьвяты, прыкладам Дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, шырока выкарыстоўвалі нацыянальную сымболіку. Здавалася б, дробязь, але іхныя суайчыньнікі па другі бок мяжы ня мелі нават і гэтага.

У верасьні 1939 г. на заходнебеларускія землі прыйшла савецкая ўлада, і празь некаторы час тое, што “рабілі” польскія паны, паказалася дзіцячымі гульнямі. Паралельна з разьвіцьцём прамысловасьці, увядзеньнем сацыяльнага забесьпячэньня, адкрыцьцём беларускіх школаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі распачаліся, аднак, масавыя рэпрэсіі: арыштоўваліся ўсе “сацыяльна небясьпечныя элемэнты”: лесьнікі, чыноўнікі, настаўнікі, памешчыкі, афіцэры, асаднікі. Турмы ў Вілейцы, Берасьці, Баранавічах, а потым апошнія прытулкі ў Беразвеччы, Асташкаве, Казельску, Катыні. Па самых мінімальных падліках, за 1939-1941 гг. у Заходняй Беларусі былі рэпрэсаваныя 125 тыс. чалавек.

Адразу ж былі арыштаваныя лідэры Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, іншых палітычных нацыянальных арганізацыяў. Яны былі ці расстраляныя, ці вывезеныя ў Сыбір і Казахстан.

Нямецкая акупацыя Беларусі аказала значны ўплыў на пасьляваенную раскладку сілаў і афармленьне антыкамуністычнага руху.

У 1941-1944 гг. на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі разьвіваўся беларускі нацыянальны рух. Спынімся тут толькі на некаторых момантах яго разьвіцьця.

Частка беларускіх дзеячоў паверыла нямецкім дэклярацыям, г.зн. у магчымасьць саюзу з гітлераўскай Нямеччынай і адраджэньня незалежнай беларускай дзяржавы ў складзе Трэцяга Райху (Фабіян Акінчыц, Уладзіслаў Казлоўскі, Мікола Шчорс, Вінцэнт Гадлеўскі і інш.). Праўда, такія спадзяваньні трывалі толькі ў 1941 г. (самым пачатку нямецкай прысутнасьці на тэрыторыі Беларусі). Хутка прыйшло разуменьне, што нямецкія абяцанкі ня больш чым пустыя дэклярацыі, якім нельга верыць. Займацца палітыкай у варунках гітлераўскай акупацыі стала небясьпечнай справай. Беларусы апынуліся між двух агнёў (немцы і Саветы). Была і яшчэ адна небясьпека: польскае нацыянальнае падпольле ў Заходняй Беларусі, актывісты якога змагаліся за сваю культурную прастору, у тым ліку і супраць беларускіх дзеячоў, што з розных прычынаў, часта вымушана, супрацоўнічалі зь немцамі.

Немцы ў сфэру культуры ня лезьлі. І таму беларускія палітыкі актыўна пераключыліся на культурніцкае жыцьцё. Гэта была мажлівасьць падрыхтаваць глебу для наступных пакаленьняў (гаворка ідзе пра беларускае школьніцтва і ўплыў на моладзь). Прывядзём тут словы аднаго зь лідэраў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Адольфа Клімовіча: “…часовая акупацыя гітлераўскімі ўладамі ў 1941 г. не магла не ўскалыхнуць беларуса і не ў аднаго прабудзіла нейкія надзеі… Я асабіста быў сярод тых, хто хапаўся за магчымасьць нейкай канкрэтнай беларускай працы… Бязьдзейнасьць у такую хвіліну азначала б праступства”.

10 верасьня 1941 г. Генэральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ выдаў загад, што тычыўся беларускага школьніцтва (кожнае беларускае дзіця ва ўзросьце ад 7 да 14 год мусіла абавязкова наведваць школу). Таксама ў цыркуляры адзначалася, што школы мусілі быць пазбаўлены расейскага ці польскага ўплыву.

Якой жа была беларуская школа ва ўмовах нямецкай акупацыі? У ёй выкладалі гісторыю Беларусі па Ластоўскаму ці Язэпу Найдзюку, беларускую літаратуру, праграма якой улучала творы рэпрэсаваных пісьменьнікаў, выкладалі беларускую мову, напачатку па Граматыцы Браніслава Тарашкевіча, а потым па падручніку Антона Лёсіка. У беларускіх школах вучылі любіць усё беларускае, чаго не было ў польскіх і, тым больш, савецкіх установах. Можна, канечне, запярэчыць: школы былі пад нямецкім наглядам і кантролем. Адкажам так: нямецкая прысутнасьць абмяжоўвалася партрэтам Гітлера ў школе (не павесіць Гітлера-вызваліцеля азначала атрымаць кулю ў лоб), урокам нямецкай мовы раз на тыдзень і палітінфармацыяй, на якой трэба было распавядаць пра посьпехі нямецкай арміі. Ідэалягічны набор савецкай школы быў значна шырэйшы.

Яшчэ большае значэньне ў сэнсе беларускага ўплыву на вучняў мелі разнастайныя гімназіі, прагімназіі, гандлёвыя школы. Характэрная асаблівасьць гэтых навучальных установаў - добры падбор навучэнцаў, прафэсіяналізм настаўнікаў і іх беларускасьць. У якасьці прыкладаў можна назваць Маладзечанскую гандлёвую школу, Менскую прагімназію, Наваградзкую настаўніцкую сэмінарыю, Баранавіцкую мэдычную школу…

Варта адзначыць яшчэ адзін важны фактар, які паўплываў на станаўленьне антысавецкага беларускага моладзевага руху пасьля вайны - гэта стварэньне падчас нямецкай акупацыі Саюзу Беларускай Моладзі.

Вільгельм Кубэ, Генэральны камісар Беларусі, распрацаваў канцэпцыю масавай моладзевай арганізацыі, якая аб'яднала б несавецка арыентаваных юнакоў і дзяўчат. Зь першых месяцаў 1943 г. распачалася падрыхтоўка да стварэньня такой арганізацыі, названай пазьней Саюзам Беларускай Моладзі. Падрыхтоўка найвышэйшых кіраўнікоў СБМ адбывалася ў Нямеччыне (Бэрліне і Вустраве), а кіраўнікоў ніжэйшых рангаў - у Альбэртыне (пад Слонімам) і Драздах (пад Менскам).

22 чэрвеня 1943 г. Вільгельм Кубэ ўрачыста абвясьціў пра стварэньне СБМ. Найвышэйшай структурай арганізацыі зьяўляўся Кіраўнічы Штаб, які ўзначаліў Міхась Ганько. Кіраўнічкай дзяўчат была доктар Надзея Абрамава. Кіраўнічаму штабу былі падпарадкаваныя акруговыя арганізацыі СБМ, тым, у сваю чаргу, былі падначаленыя павятовыя суполкі СБМ, якія кіравалі ячэйкамі ў гарадах, вёсках, школах.

Мэтай арганізацыі было “ўзгадаваць маладых, ідэйных, мужных і пасьлядоўных будаўнікоў Новае Беларусі і падрыхтаваць іх да будучых заданьняў у народзе”. Сябрамі арганізацыі былі юнакі і юначкі векам ад 10 да 20 год, якія падзяляліся на тры ўзроставыя групы. Былі прынятыя сымболіка, тэкст забавязваньня (прысягі), было распачата выданьне часопіса “Жыве Беларусь!”.

Безумоўна, нямецкія ўлады разглядалі СБМ як апірышча сваёй палітыкі і як сродак узгадаваньня верных прыхільнікаў гітлераўскай Нямеччыны. Аднак беларускія нацыянальныя дзеячы, а менавіта яны непасрэдна кіравалі арганізацыяй, глядзелі на СБМ з цалкам іншых пазыцыяў. Для іх Саюз быў сродкам выхаваньня беларускай моладзі ў нацыянальным і адраджэнскім духу, сродкам выхаваньня такой моладзі, якая пазьней, пры спрыяльных варунках, прыступіла б да адбудовы новай незалежнай Беларусі.

Вэраніка Катковіч-Клентак, кіраўнічка менскай гарадзкой суполкі, пазьней пісала: “Немцы, вядома, мелі сваю мэту - выкарыстаньне моладзі, а нашае кіраўніцтва імкнулася да процістаўнай мэты. Мы імкнуліся абуджаць нацыянальную сьведамасьць і патрыятычныя пачуцьці адказнасьці за сваю бацькаўшчыну й павіннасьці змаганьня за яе вызваленьне. У сувязі з тым між нашым кіраўніцтвам і прадстаўніцтвам нямецкага боку была паўсюдная супярэчнасьць, якая ўскладняла працу, стварала небясьпечныя сытуацыі, уключна з арыштамі працаўнікоў кіраўнічага штабу й пагрозамі зьняволеньня шэфа-правадніка… Нягледзячы на ўсе цяжкасьці ваенных умоваў і небясьпекі з боку бальшавіцкага падпольля, а таксама й галоўнага ў тым часе акупанта - Немцаў, моладзь неспадзявана энтузіястычна гарнулася да СБМ”.

Шараговыя сябры СБМ разглядалі арганізацыю выключна з патрыятычнага пункту гледжаньня: Саюз для іх стаўся арганізацыяй, дзе іх вучылі любіць Беларусь, ейную культуру, мову. Тут яны маглі правесьці вольны час, атрымаць маральную ды і матэрыяльную дапамогу.

Можна, канечне, сьцьвярджаць, што СБМ ствараўся на прынцыпах нямецкага гітлерюгенду. Але той жа гітлерюгенд - ня больш як калька з савецкай піянерыі. Схіленьне галавы перад Адольфам Гітлерам і дэкляраваньне яму вернасьці былі данінай часу, інакш СБМ проста не існаваў бы.

Колькі сяброў налічвала арганізацыя? Па розных падліках і ацэнках, ад 8 тыс. чалавек (Аляксандар Каваленя “Прагерманскія саюзы моладзі на тэрыторыі Беларусі”) і да 100 тыс. чалавек (лічба беларускага гісторыка Юры Туронка). Вэраніка Катковіч назвала лічбу ў 45 тыс. чалавек (на канец чэрвеня 1944 г.). Найбольш верагодна, што СБМ налічваў 12.635 чалавек. Такую лічбу агучыў шэф СБМ Міхась Ганько 21 чэрвеня 1944 г.

Як паказваюць пазьнейшыя падзеі, СБМ абудзіў патрыятычны дух беларускай моладзі. Беларускія песьні, маршы, супольнае вывучэньне гісторыі і літаратурных твораў, безумоўна, паўплывалі на маладых людзей. Зарад беларушчыны, які быў прышчэплены за адзін год (СБМ праіснаваў фактычна год), застаўся на ўсё жыцьцё, і сябры і сяброўкі арганізацыі несьлі яго доўгія гады, не забываючыся на беларушчыну ні на эміграцыі, ні ў сталінскіх канцлягерах, куды яны за ўдзел у дзейнасьці арганізацыі траплялі на 25 год.

Улетку 1944 г. адна акупацыя зьмянілася другой - савецкай. Беларусь страціла тады значную частку свайго інтэлектуальнага і патрыятычнага патэнцыялу. Беларуская інтэлігенцыя, якая на працягу 1941-1944 гг. працавала ў адміністрацыі, беларускіх школах, газэтах, апынулася перад дылемай: заставацца ў краіне ці сыходзіць разам зь немцамі на Захад. Усе выдатна разумелі, што савецкая ўлада разьлічыцца зь імі за “супрацоўніцтва” зь немцамі. Для Саветаў усе гэтыя людзі былі фашысцкімі “паслугачамі” і “недабіткамі”. Хто адважыўся, той падаўся на эміграцыю.

Пасьляваенныя гады сталіся працягам татальнай русіфікацыі беларускага грамадзтва і, у прыватнасьці, сыстэмы адукацыі. Адметнай рысай было адмоўнае стаўленьне да ўсяго нацыянальнага.

Чаму так адбылося? Няўклюдную паслугу ў гэтым, безумоўна, аказала шырока наладжанае нацыянальнае жыцьцё падчас нямецкай акупацыі. Нацыянальнае (нават змаганьне за беларускую мову) стала асацыявацца з фашысцкім. Было відавочна, што насельніцтва Заходняй Беларусі было больш нацыянальна арыентаваным, таму тут бальшавікі пачалі прадпрымаць рашучыя крокі, каб зьменшыць нацыянальны ўплыў. Найперш гэта праяўлялася ў кадравай палітыцы. Так, на 1953 г. з 1.175 партыйных работнікаў, што працавалі ў трох заходнебеларускіх вобласьцях (Гродзенскай, Брэсцкай і Маладзечанскай), толькі 121 чалавек быў зь мясцовых. Гэта блізу 10%. А ў апаратах Баранавіцкага абласнога і гарадзкога камітэтаў партыі, Брэсцкага і Гродзенскага гаркамаў, Ваўкавыскага райкама не было ніводнага мясцовага працаўніка. З 256 сакратароў камітэтаў партыі заходніх вобласьцяў рэспублікі беларусаў налічвалася 170, а выхадцаў зь мясцовага насельніцтва - 15. Больш за палову сакратароў калгасных і тэрытарыяльных партарганізацыяў былі прысланыя з Усходняй Беларусі. Тое ж самае тычылася і камсамольцаў (толькі 34% камсамольскіх работнікаў рэпрэзэнтавалі мясцовую моладзь).

Палітыка русіфікацыі была разгорнутая і ў школьных установах. Так, у 1945-1946 навучальным годзе ў Менску працавала 14 беларускіх школаў і столькі ж расейскіх, а праз 7 год засталося толькі 9 беларускіх; колькасьць расейскіх школаў пастаянна расла, і гэта пры тым, што большасьць вучняў была выхадцамі зь беларускіх сем'яў. Прывядзём невялічкі прыклад. Школа № 7 г. Мінска. Вучняў-беларусаў тут было 90%, аднак мова навучаньня была расейская. У Брэсьце з 14 школаў толькі адна была беларуская.

Тое ж самае тычылася і вышэйшых навучальных установаў, адкуль таксама паціху выціскалася беларуская мова. Так, у Гомельскім пэдагагічным інстытуце ў пачатку 1950-х гг. з 103 выкладчыкаў толькі 26 былі беларусамі. Адпаведна ўсе дысцыпліны, за выняткам беларускай мовы і літаратуры, чыталіся па-расейску. А адзін выкладчык вызначыўся тым, што чытаў лекцыі па беларускай мове і літаратуры па-расейску.

Становішча ў Заходняй Беларусі было яшчэ больш прыкрым. Калі за першымі Саветамі (1939-1941 гг.) адчыняліся (прыкрытыя пазьней палякамі) беларускія школы, то з прыходам другіх Саветаў выявілася тэндэнцыя да русіфікацыі навучальнага працэсу. Нічога дзіўнага тут не было. Тыя настаўнікі-беларусы, якія вучылі дзяцей за першымі Саветамі, працягнулі настаўніцтва пад нямецкай акупацыяй.

У 1944 г. заходнебеларускага настаўніцтва амаль ня стала. Частка яго ці была зьнішчана савецкімі партызанамі ў часе вайны як варожы элемэнт, ці адышла разам зь нямецкай арміяй на Захад. Тыя, хто застаўся, былі рэпрэсаваныя. На іх месца прысылалі настаўнікаў ці з Усходняй Беларусі, ці з Расеі, якім не было ніякай справы да беларушчыны. Натуральна, што школа русіфікавалася надзвычай хуткімі тэмпамі. Сюды ж дадавалася і дыскрымінацыйная палітыка, што мэтанакіравана праводзілася ў адносінах да заходняй часткі Беларусі. На пачатак 1950-х гг. з 27 вышэйшых навучальных установаў, што існавалі ў БССР, у заходніх вобласьцях дзейнічалі 6, а з 118 тэхнікумаў і сярэдніх спэцыяльных установаў - 32. Гэта пры тым, што тэрыторыя і насельніцтва заходняй і ўсходняй частак Беларусі былі прыкладна роўныя. Заходняя Беларусь працягвала заставацца як бы чужой тэрыторыяй. Нават пасьля 1944 г. захоўвалася старая мяжа, якая працягвала дзяліць беларускі народ на дзьве часткі, і каб прыехаць зь Менска ў Маладзечна, трэба было браць пропуск.

Пасьля 1944 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі распачаліся масавыя рэпрэсіі супраць мясцовага насельніцтва. Калі ў 1939-1941 гг. у асноўным арыштоўвалі палякаў, то пасьляваенныя рэпрэсіі ўдарылі па беларусах. Рэпрэсаваліся інтэлігенты, тыя, хто працаваў у беларускай адміністрацыі падчас нямецкай акупацыі, колішнія дзеячы нацыянальнага руху, заможныя і сярэднія сяляне, ды, увогуле, усе “падазроныя” асобы.
Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956. Даведнік. -Мн., 1999.
Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Глыбокае-Паставы. -Мн., 1997.
Касьцюк М.П. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. -Мн., 2000.
Катковіч Анэля, Катковіч-Клентак Вэраніка. Успаміны. -Беласток, 1999.
Літвін А. Акупацыя Беларусі (1941-1944). Пытанні супраціву і калабарацыі. -Мн., 2000.
Мірановіч Я. Навейшая гісторыя Беларусі. -Беласток, 1999.
Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. -Мн., 1993.
Нарысы гісторыі Беларусі: У 2-х ч. Ч. 2. -Мн., 1995.
Супрун В. Жыць для Беларусі. -Менск-Слонім, 1998.
Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. -Мн., 1993.
Юрэвіч Л. Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі. -Мн., 2001.

Моладзевыя антыкамуністычныя арганізацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1944-1953 гг.

Вышэй адзначалася, што асновай для антыкамуністычных арганізацыяў, у тым ліку і ў 1944-1953 гг., была моладзь. Чаму менавіта моладзь ва ўсе часы, ці, прынамсі, у ХХ ст., становіцца актыўным дзейнікам самых розных радыкальных і вызваленчых рухаў?

Маладыя людзі найчасьцей ня маюць сталага месца працы, бо вучацца. Маючы няпэўны сацыяльны статус, яны не прывязаныя да нейкай сацыяльнай структуры. Маладзёны ня зьвязаныя і сямейнымі вузамі, а калі і зьвязаны, то ня маюць дзяцей. Удзельнічаючы ў якім-небудзь радыкальным руху, малады чалавек не рызыкуе паставіць пад удар жонку ці дзяцей. Маладыя людзі менш адрозьніваюцца адзін ад аднаго паводле сваіх інтарэсаў. Роўнасьць адукацыі, наяўнасьць вольнага часу і няпэўнасьць сацыяльнага статусу выдзяляюць моладзь з іншых стратаў грамадзтва і ствараюць асобную "групоўку", якой уласьцівыя спробы зьмяніць сьвет.

Амаль любы грамадзка-палітычны рух можна падвесьці пад такую схему. І моладзевыя рухі 1944-1953 гг. - не выключэньне.
Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП), Глыбокае - Паставы.

Гэта арганізацыя моладзі, якая была створаная паралельна ў Глыбоцкай і Пастаўскай пэдагагічных вучэльнях у 1945-1946 гг. СБП сваёй дзейнасьцю абымала тую частку сёньняшняй Віцебшчыны, якая ўваходзіла ў склад Польскай дзяржавы ў 1921-1939 гг., а падчас нямецкай акупацыі ў склад Глыбоцкай акругі і часткова Вілейскай акругі, рэгіёнах генэральнай акругі Беларутэніі, дзе ішло змаганьне беларускага нацыянальнага руху з польскім. Гэта сёньняшнія: Глыбоцкі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі, Міёрскі, Докшыцкі раёны Віцебскай вобласьці, якія ўваходзілі ў той час (1944-1953 гг.) у склад Маладзечанскай вобласьці.

Вытокі стварэньня арганізацыяў - у беларускім школьніцтве за часамі нямецкай акупацыі і ўдзеле сяброў падпольля ў Саюзе Беларускай Моладзі. Кіраўнік СБП Васіль Мядзелец успамінаў пра сваё навучаньне ў Язьненскай школе, дырэктарам якой быў дзяяч заходнебеларускага нацыянальнага руху Ігнат Мятла: “У школе панаваў сапраўдны беларускі дух. Вучылі нас любіць Беларусь і служыць ёй. Настаўнікі і вучні гаварылі толькі па-беларуску. На ўроках нам распавядалі пра Гарэцкага, Гаруна і іншых пісьменьнікаў, якія былі рэпрэсаваныя і забароненыя ў БССР. Супроць школы і школьных работнікаў прабальшавіцкія сілы разгарнулі барацьбу яшчэ падчас вайны. Спачатку папярэдзілі нашага дырэктара, каб згортваў работу. А ўжо ад зімы 43-га году ў Язьне школы не было”. А вось што прыгадвала пра свой удзел у Саюзе Беларускай Моладзі Алеся Ўмпіровіч (Фурс): “Было прывабна надзець эсбээмаўскую форму, хоць на прыдзірлівае вока, можа і благую, пашытую з таннай тканіны. Мы з ахвотай маршыравалі па вуліцах Паставаў, сьпяваючы свае родныя песьні. Не прапускалі ніводнага сходу, якой-небудзь імпрэзы, вечарыны, што праводзіліся ў нашай суполцы СБМ. Асабіста я і мае сябры разумелі СБМ толькі як асяродак, дзе гартаваліся патрыятычныя пачуцьці моладзі, любоў да роднага, беларускага. Нічога не прышчаплялася нам нацыянал-фашыстоўскага, ніякай непрыязі да іншых народаў”.

Гэта толькі два сьведчаньні, аднак амаль усе ўдзельнікі моладзевага падпольля, якія былі выхаваныя ў беларускай школе і СБМ, успамінаюць з аднолькавай цеплынёй пра школьны асяродак. Можа паўстаць пытаньне: чаму нямецкая акупацыя не ўспрымалася імі як страшэнная бяда, а нямецкія акупанты як ворагі беларускага народу і гэтых юнакоў і юначак?

Адказ хаваецца ва ўмовах жыцьця заходнебеларускага грамадзяніна. За пэрыяд 1918-1944 гг. улада зьмянілася некалькі разоў (9 разоў!), і, натуральна, сваёй краіны не было (бальшавікі, палякі, немцы, палякі, бальшавікі, немцы, бальшавікі). Сваёй краіны, нават такой, як БССР, жыхар Заходняй Беларусі ня меў, таму і не было нейкіх грамадзянскіх пачуцьцяў і абавязкаў перад неіснуючай дзяржавай альбо той ці іншай уладай: усе ўлады былі для іх па сутнасьці акупацыйнымі.

Каму прысягаць? СССР, які гаспадарыў у 1939-1941 гг. толькі 20 месяцаў, а пасьля 1944 г. вярнуўся з шыбеніцамі і расстрэламі. Таму і на акупацыйную ўладу жыхар Заходняй Беларусі глядзеў даволі проста, праз акуляры сваіх уласных інтарэсаў. Лепшы акупант той, хто ня надта дакучае са сваімі “мерапрыемствамі” і дае пажыць жыхару акупаванай тэрыторыі. Для селяніна важныя не палітычныя заклікі, а свая гаспадарка, надзел зямлі, меншыя падаткі. Для маладога чалавека важнае іншае - школа, адукацыя і г.д.

На стварэньне моладзевага падпольля значна паўплывала і русіфікацыя, якая разгарнулася пасьля прыходу ў 1944 г. у Заходнюю Беларусь савецкай улады. Найперш гэта тычылася навучальнага працэсу. Маладыя людзі, што скончылі беларускія школы і настаўніцкія сэмінарыі за часамі нямецкай акупацыі, не разумелі, чаму беларуская мова выкідаецца з ужытку, выціскаецца з пэдагагічных вучэльняў (Глыбоцкай і Пастаўскай вучэльняў, дзе яны працягнулі навучаньне).

Прысланыя з Усходняй Беларусі ці нават Расеі настаўнікі ўвогуле адмаўлялі беларускай мове ў праве на існаваньне. “З самага пачатку ўсе мы, хто быў прыняты ў вучэльню (Глыбоцкую. - А.Г.), адчулі, што нас хочуць перарабіць на расейцаў. Большасьць прадметаў выкладалі па-расейску. Пасьля таго, што было ў школе падчас нямецкай акупацыі, такое становішча выклікала ў нас недаўменьне, а пасьля і пратэст” (Антон Фурс). Русіфікацыя навучальнага працэсу выклікала пратэст у найбольш актыўных юнакоў і дзяўчат.

Напачатку гэта былі звычайныя размовы, што характэрна для любой падобнай сытуацыі. У сваіх групках будучыя пэдагогі дзяліліся думкамі, выказвалі занепакоенасьць становішчам. Ускоснымі лідэрамі будучай арганізацыі былі ў той час Васіль Мядзелец, Антон Фурс і вучань Глыбоцкай СШ № 1 Алесь Юршэвіч. У сваіх гутарках яны нарэшце прыйшлі да высновы пра неабходнасьць “гуртаваць аднадумцаў і разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў сярод астатніх”. У маладых людзей не было, аднак, досьведу, яны ня мелі ўяўленьня пра тое, як наладзіць дзейнасьць арганізацыі і якой яна мусіць быць. І ўсё ж напрыканцы 1945 г. было створана ядро СБП. Старшынём быў абраны Васіль Мядзелец, сакратаром - Антон Фурс. Зноў працытуем словы Васіля Мядзельца, які так тлумачыць неабходнасьць стварэньня суполкі: “Нас займала вучоба, але ня толькі яна адна. Неяк разгаварыліся, што робіцца ў нас у пэдвучэльні: амаль выводзіцца з ужытку беларуская мова, усе прадметы толькі па-расейску. Вядзецца русіфікацыя, дэнацыяналізацыя. І вось нашая тройка - я, Фурс і Юршэвіч - прыходзіць да рашэньня гуртаваць аднадумцаў, каб разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў на астатніх. Пачалі закладваць нашу суполку. Натуральна паўстала пытаньне пра важака. Сябры назвалі маю кандыдатуру. Я разумеў гэта як гонар, але і як вялікую адказнасьць - першаму, як кажуць, чарка, але першаму й палка”.

Сябры СБП зьвяртаюць увагу на тое, што іх арганізацыя не была палітычная, ейнай мэтай было: павышэньне ўласнай ды сьвядомасьці людзей, у прыватнасьці, навучэнцаў і школьнікаў (усе сябры арганізацыі былі будучымі настаўнікамі). Статут ня быў распрацаваны. Асноўныя палажэньні праграмы хутчэй адлюстроўвалі максімалісцкія памкненьні маладых людзей і мала стасаваліся з рэальнай палітычнай сытуацыяй:

- сапраўдная, а не дэкляратыўная дзяржаўнасьць, самастойнасьць Беларусі, дзяржаўнасьць беларускай мовы, бел-чырвона-белы сьцяг, герб “Пагоня”;

- патрабаваньне сувэрэнітэту, свабоднага разьвіцьця беларускага народу.

Актывісты СБП, натуральна ж, ня ведалі, як іх рэалізаваць, ды і ня ведалі, як за іх змагацца. Арганізацыя ня мела выразна акрэсьленай структуры, хаця ў ёй і існавалі пасады старшыні, сакратара, і яна мусіла падзяляцца на групы зь пяці чалавек (“пяцёркі”), у якіх кожны ўдзельнік ведаў трох астатніх і старшыню. У “пяцёрках” мусіла весьціся ўся праца, аднак гэтыя патрабаваньні, неабходныя для захаваньня кансьпірацыі, не вытрымліваліся. Новыя сябры прымаліся ў СБП па рэкамэндацыі, і кожны кандыдат даваў прысягу, тэкст якой склаў Алесь Юршэвіч.

“Я (імя, прозьвішча), уступаючы ў Саюз Беларускіх Патрыётаў, прысягаю перад Бацькаўшчынай і беларускім народам, што заўсёды буду верны ідэалам свабоды і незалежнасьці Беларусі. Калі ж па слабасьці сваёй або па злому намеру я парушу гэтую прысягу і выдам тайну сяброў, хай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка Радзімы”. Чалавек, прыняўшы прысягу, заносіўся ў агульны сьпіс сяброў СБП.

Адначасова ў Пастаўскай пэдагагічнай вучэльні была заснаваная моладзевая падпольная антыкамуністычная арганізацыя “За Беларусь”. Умовы, пры якіх узьнікла гэтая арганізацыя, былі падобныя тым, што існавалі і ў Глыбокім. Сытуацыя зь беларускай мовай тут была нават горшая. Студэнтам пэдвучэльні нават зьніжалі адзнакі за адказы па-беларуску. Кантраст паміж навучаньнем пад нямецкай акупацыяй (Пастаўская настаўніцкая сэмінарыя была заснаваная Барысам Кітам) і навучаньнем пры савецкай уладзе быў відавочны і спараджаў у вучняў пратэст.

Стваральнікамі падпольнай арганізацыі сталі Мікола Асіненка, Алесь Дзікі, Алесь Адамовіч і Валянцін Лагунёнак. Праўда, дакладна невядома, якую ролю адыграў у яе стварэньні колішні навучэнец Глыбоцкай пэдвучэльні Валянцін Лагунёнак, які перавёўся ў Пастаўскую вучэльню. Ня выключана, што гэтая група ўжо існавала да яго прыезду.

Мэты арганізацыі былі прыкладна такія ж, як і ў Глыбоцкага СБП: “бараніць родную мову, беларускую культуру, нацыянальныя традыцыі, самабытнасьць”. На пачатку 1946 г. арганізацыя мела пэўную структуру: узначаліў яе Мікола Асіненка, сакратаром быў Алесь Адамовіч, а скарбнікам - Ліна Бароўка.

У адрозьненьне ад Глыбоцкай, Пастаўская арганізацыя была лепш кансьпіраванай. Некаторыя яе сябры ўзялі сабе псэўданімы: Мікола Асіненка - Крывіч, Ніна Асіненка - Незабудка, Ліна Бароўка - Таполя, Алена Мацук - Лілія.

Як і СБП у Глыбокім, “За Беларусь” не была палітычнай арганізацыяй. Яе праца была выключна тлумачальная, скіраваная на прапаганду беларускай мовы, культуры, адстойваньне беларускасьці ва ўмовах татальнай русіфікацыі. (Усе навучэнцы меліся стаць настаўнікамі.)

25 сакавіка 1946 г. у вёсцы Рамелькі Пастаўскага раёну ў хаце Міколы Асіненкі сябры суполкі “За Беларусь” прынялі прысягу, якую прымалі перад бел-чырвона-белым сьцягам і выявай “Пагоні”, якую намалявала Алеся Ўмпіровіч (Фурс). Прыняўшы прысягу, сябры арганізацыі склалі сьпіс і расьпісаліся ў ім. У той жа дзень у Глыбоцкай арганізацыі прымалі новых сяброў.

Увесну 1946 г. праз Валянціна Лагунёнка былі наладжаныя кантакты з Глыбоцкай групай СБП. І на сустрэчы з глыбоцкім кіраўніцтвам Мікола Асіненка і Валянцін Лагунёнак дамовіліся пра аб'яднаньне Пастаўскай групы “За Беларусь” і Глыбоцкай арганізацыі СБП. Была зацьверджана і новая назва: Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае - Паставы). Нягледзячы на аб'яднаньне, і Глыбоцкая, і Пастаўская суполкі засталіся цалкам самастойнымі. Агульнага органу, які ўзгадняў бы дзейнасьць абедзьвюх арганізацыяў, не было створана. Разам з тым было вырашана праводзіць пэрыядычныя сустрэчы кіраўніцтва, дзе мелася ўзгадняць дзеяньні суполак.

Увесну 1946 г. адбыўся выпуск трэцяга курса пэдвучэльняў, і некаторыя сябры СБП, разьехаўшыся, атрымалі працу ў школах.

У лютым 1947 г. СБП быў разгромлены органамі МДБ. Як ужо адзначалася вышэй, сябры СБП ня надта клапаціліся пра кансьпірацыю. Сярод іх аказаўся агент МДБ-НКВД, магчыма, іх было і некалькі. Менавіта ён падштурхоўваў да актыўных дзеяньняў. Ня выключана, што і стварэньне самой арганізацыі было ініцыявана адпаведнымі органамі.

У лютым 1947 г., напярэдадні выбараў у ВС БССР, МДБ распачало арышты сяброў СБП. Частка сяброў арганізацыі была арыштаваная ў пэдвучэльні, а тых, хто настаўнічаў, забіралі з кватэраў ці ўрокаў. МДБ нават праводзіла апэрацыі па захопе паасобных сяброў арганізацыі. У турме сяброў СБП, а яны былі перавезеныя ў Менск у славутую “амэрыканку”, жорстка катавалі.

Большасьці сяброў СБП пагражалі пакараньні паводле арт.63 ч.1 і арт.76 Крымінальнага кодэксу БССР (здрада Радзіме і ўдзел у антысавецкай арганізацыі). Па справе СБП у 1947 г. адбылося два судовыя разгляды:

- 16-20 чэрвеня ў Менску былі асуджаныя 34 сябры СБП. Васілю Мядзелецу, Антону Фурсу, Міколу Асіненку і Валянціну Лагунёнку быў вынесены сьмяротны прысуд - расстрэл, пазьней заменены на 25 год канцэнтрацыйных лягероў. Іншыя сябры СБП атрымалі ад 3 да 25 год пазбаўленьня волі.

- У Полацку 11-12 лістапада былі асуджаныя Леанід Казак, Пётр Сьпірковіч, Марыя і Іван Бабічы, Алена і Ларыса Барсукі.

А ў 1948 г. ў Полацку былі асуджаныя Мікола Конан, Стась Савік і Алеся Ўмпіровіч.

Пазьбеглі пакараньня Віктар Дылевіч, сябра Глыбоцкай групы СБП, які здолеў зьбегчы ў Польшчу, і Мікола Дзеравянка, віна якога не была даказаная.

Сябры СБП адбывалі свае тэрміны ў канцэнтрацыйных лягерах у розных кутках СССР. У 1955-1956 гг. падчас “хрушчоўскай адлігі” ўсе яны былі вызваленыя. Але па вяртаньні на Беларусь яны доўгі час адчувалі ўціск з боку савецкіх уладаў, жылі з кляймом “неблагонадёжные”, не маглі знайсьці працу па спэцыяльнасьці, з-за чаго многія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Тэрміны зьняволеньня, якія атрымалі сябры СБП:

Глыбоцкая група

Васіль Мядзелец - 25 год; Антон Фурс - 15 год; Алесь Юршэвіч - 25 год; Цярэнці Еўдакімаў - 25 год; Леў Бялевіч - 10 год; Іван Бабіч - 25 год; Марыя Бабіч - 10 год; Людміла Краснадубская - 10 год; Алена Барсук - 10 год; Ларыса Барсук - 10 год; Тамара Лагун (Барсук) - 3 гады; Алег Табола - 10 год; Гардзей Кліманскі - 10 год; Мікола Пачопка - 10 год; Альбэрт Бацяноўскі - 10 год; Пётр Сьпірковіч - 10 год; Мікола Конан - 10 год; Леанід Казак - 10 год; Віктар Бабіч - 10 год; Лідзія Несьцяровіч - 10 год; Юстын Протас - 10 год; Стась Савік - 10 год; Леанід Баговіч (невядома); Міхал Шуман (ніякіх зьвестак); Павал Шуман (ніякіх зьвестак).

Пастаўская група

Мікола Асіненка - 25 год; Алесь Адамовіч - 10 год; Валянцін Лагунёнак - 25 год; Алеся Ўмпіровіч - 25 год; Віктар Стахоўскі - 10 год; Янка Рымдзёнак - 10 год; Уладзімер Лысёнак - 10 год; Ніна Асіненка - 10 год; Алесь Амельяновіч - 10 год; Іван Бароўка - 10 год; Ангеліна Бароўка - 10 год; Аляксандар Дзікі - 10 год; Сямён Касарэўскі - 10 год; Павал Лапушынскі - 10 год; Алена Мацук - 10 год; Яўген Сідаровіч - 10 год; Мікола Церашковіч (?); Міхал Дзеравянка - вызвалены з залі суду.
“Чайка”

Гэта назоў падпольнай антысавецкай арганізацыі сацыял-дэмакратычнага кірунку, якая існавала ў 1946-1947 гг. у Заходняй Беларусі.

Умовы ўзьнікненьня былі аналягічныя, як і ў выпадку з іншымі арганізацыямі:

- русіфікацыя;

- рэпрэсаваньне любых праяваў нацыянальнай сьвядомасьці;

- недавер да насельніцтва з боку савецкіх уладаў ці ўціск.

Такая палітыка Саветаў не магла не спарадзіць супраціву. Васіль Супрун, актыўны ўдзельнік арганізацыі, успамінаў: “Мы, былыя аднакурсьнікі Слонімскай настаўніцкай сэмінарыі, раскіданыя па розных гарадох і вёсках, часта сустракаліся, згадвалі юнацтва, гаманілі пра нашае шчырае жаданьне прысьвяціць сябе служэньню свайму народу, яго асьвеце і культуры. З болем і жахам мы назіралі, як топчуцца і зьневажаюцца нашыя сьвятыні. Кожная такая сустрэча збліжала нас духоўна, падахвочвала неяк супрацьстаяць гвалту. Было ж нам тады каля дваццаці, наперадзе ўсё жыцьцё зь сьветлымі марамі і жаданьнем пражыць яго дастойна і прыгожа, на карысьць роднай Беларусі. Наўкола ўсё руйнавалася. Чужы брудны бот нахабна таптаўся па нашых сьвятынях. “За што?” - узьнікала пытаньне. Усе мы бачылі, як гэты ж бот прайшоўся па многіх народах Эўропы і ў крыві ўтапіў іх свабоду. Маўчаць было немагчыма. І мы вырашылі, не шкадуючы свайго жыцьця, бараніць гонар, сумленьне і самабытную спадчыну свайго народу. Уступаць у адкрытую барацьбу цяпер было бессэнсоўна, і таму мы сышліся на наступным: праз патрыятычнае падпольле спрыяць нацыянальнаму самаўсьведамленьню моладзі, рыхтуючы тым самым супраціў шквалу чужацкай агрэсіі, што несла з сабой маральнае і духоўнае разлажэньне нашага народу, зьнішчэньне яго гістарычных каштоўнасьцяў”.

Ініцыятарамі стварэньня арганізацыі былі Васіль Супрун, Міхась Ракевіч і Міхась Чыгрын. “Устаноўчы сход”, на якім быў абраны старшыня (ім стаў Васіль Супрун), адбыўся ў пачатку траўня 1946 г. за Слонімам. Спэцыяльна было агаворана, што арганізацыя ня будзе займацца тэрорам і падрыўной дзейнасьцю, а праз ідэйна-асьветніцкую ды патрыятычную працу мусіць пашыраць свае шэрагі. Арганізацыя праклямавала змаганьне за нацыянальныя правы і годнасьць беларускага народу, за паважнае стаўленьне да яго культуры і гісторыі. У будучыні прадугледжвалася таксама змаганьне за нацыянальны сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі.

Сябры “Чайкі” імкнуліся пашырыць рух у розных асяродках. Міхась Ракевіч мусіў арганізаваць групу ў Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме, дзе ён вучыўся; Міхась Чыгрын - у Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Васіль Супрун - у Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, а Аляксандар Гардзейка мусіў працаваць сярод моладзі Слоніма.

Летам 1946 г. было прынятае рашэньне аб'яднаць слонімскія, баранавіцкія і берасьцейскія суполкі ў Цэнтар Беларускага Вызвольнага Руху. Кіраўніком Цэнтру стаў Васіль Супрун, ягонымі намесьнікамі: па арганізацыйнай працы - Аляксандар Барэйка, па вайсковай справе - Міхась Ракевіч. У склад кіраўніцтва Цэнтру ўвайшлі таксама Міхась Агейка, Уладзімер Салавей, Мікалай Макарэвіч.

ЦВБР распрацаваў праграму дзеяньняў і прапанаваў “колавую” сыстэму кіраваньня. Ад Цэнтру мусіла адысьці першае кола - абласныя структуры на чале з кіраўнікамі падпольля вобласьці; вакол абласных структураў мусілі функцыянаваць раённыя суполкі - гэта было другое кола. Вакол апошніх мусілі стварацца пэрыфэрыйныя суполкі (трэцяе кола). Распрацоўваліся таксама схемы кансьпірацыі, кансэрвацыі структураў (у выпадку неабходнасьці), шыфры, сыстэма справаздачнасьці.

У пачатку 1947 г. рух распаўсюдзіўся на Ільянскі раён Маладзечанскай вобласьці (праз студэнта Ганцавіцкага пэдвучылішча Антона Кабака). За два гады свайго існаваньня рух ахапіў дастаткова шырокую тэрыторыю (часткі Берасьцейскай, Пінскай, Баранавіцкай, Маладзечанскай вобласьцяў). Беспасьпяховымі, аднак, аказаліся спробы распаўсюдзіць рух на Менск і Гародню.

І ўсё ж, нягледзячы на кансьпірацыю, улетку 1947 г. падпольле было разгромленае. Першы ўдар быў нанесены Цэнтру Беларускага Вызвольнага Руху. Усіх арыштаваных абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі, здрадзе СССР і падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня з мэтай аддзяленьня Беларусі ад СССР. Сяброў “Чайкі” судзілі ваенныя трыбуналы МУС у Баранавічах (16-18 кастрычніка 1947 г.), дзе было асуджана 18 асобаў, і ў Менску (21 лістапада 1947 г.), дзе былі асуджаныя 4 асобы. Усіх абвінавацілі па артыкулах 63-1 і 76 КК БССР. Тэрміны пакараньня вагаліся ад 10 да 25 год.

Асуджаныя былі Агейка Міхась (10 год), Альшэўскі Кастусь (10 год), Барэйка Аляксандар (25 год), Гардзейка Аляксандар (10 год), Грынь Уладзімер (10 год), Ждановіч Мікалай, Жукоўскі Аляксандар (6 год), Кабак Антон (10 год), Кавальчук Леакадзія (10 год), Казак Генадзь, Кернога Мікалай, Краскоўскі Вячаслаў (10 год), Лазіцкі, Лазоўскі Іван (10 год), Лях Лявон (10 год), Макарэвіч Мікалай, Маныла Іван (10 год), Ракевіч Міхась (25 год), Супрун Васіль (25 год), Чыгрын Міхась (10 год), Шапавал Аляксандар, Яноўскі Сяргей (10 год). Пад катаваньнямі Ўладзімер Салавей звар'яцеў у турме і быў зьмешчаны ў псыхіятрычную лякарню.

Усе ўдзельнікі адбывалі пакараньні ў лягерах на Поўначы, у Сыбіры, Казахстане. А па вяртаньні, як і сябры СБП, усе зьведалі ціск з боку ўладаў.
Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле
- асяродак патрыятычна настроенай моладзі, што існаваў на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1947-1950 гг.



Гурток антыкамуністычна настроенай моладзі ў Мядзельскай сярэдняй школе пачаў складвацца ў 1947 г. пасьля зьяўленьня там вучня Расьціслава Лапіцкага (1928 г.н.), які ўжо ў 1944 г. браў удзел у антыкамуністычнай арганізацыі, створанай сярод навучэнцаў Віленскай духоўнай сэмінарыі і Віленскай беларускай гімназіі. Расьціслаў Лапіцкі быў арыштаваны і пэўны час утрымліваўся ў турме, а потым вярнуўся на Мядзельшчыну.

Арганізацыя ў Мядзелі - Смаргоні ня мела аніякай вызначанай структуры, як тое было ў выпадках з Саюзам Беларускіх Патрыётаў ці “Чайкай”. Напачатку аднадумцы сустракаліся на кватэрах ці ў Мядзелі, дзе жыла большасьць вучняў, ці ў Мікасецку, дзе жыў Расьціслаў Лапіцкі. “Падпольшчыкі” зрабілі радыёпрыймач, слухалі заходнія радыёстанцыі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва палітычныя навіны ці іншую інфармацыю.

Актывізацыя руху адбылася ў 1948-1949 гг., што тлумачыцца сытуацыяй, паўсталай вакол Заходняга Бэрліна. Адэкватны адказ заходніх краінаў на блякаду Заходняга Бэрліна даваў пэўную надзею на вырашэньне “камуністычнага пытаньня”, у тым ліку і ў Заходняй Беларусі.

Сябры Мядзельска-Смаргонскага падпольля спадзяваліся на паўстаньне ваеннага канфлікту заходніх дзяржаваў з Савецкім Саюзам. Магчыма, з гэтай прычыны маладыя людзі мелі досыць радыкальныя настроі. Перасьледуючы найперш палітычныя і ваенныя мэты, яны займаліся зьбіраньнем зброі ў лясах, якую ў будучым плянавалі выкарыстаць.

Пасьля таго, як разам зь сям'ёй Расьціслаў Лапіцкі перабраўся ў Смаргонь (адбылося гэта ў 1949 г.), падпольле пачало дзейнічаць і там. Несумненна, хлопец валодаў пэўнымі харызматычнымі здольнасьцямі, бо здолеў і ў Смаргоні стварыць кола школьнікаў, аб'яднаных антыкамуністычнай ідэяй. У Смаргоні да падпольнага руху далучылася каля паўтара дзясятка школьнікаў 7-10 клясаў, што паходзілі з гораду і раёну. Сходкі праходзілі пад выглядам моладзевых вечарынак, на якіх ці па іх сканчэньні моладзь займалася актыўным абмеркаваньнем розных справаў.

Напярэдадні Дня Канстытуцыі, 5 сьнежня 1949 г., маладыя людзі аддрукавалі антыкамуністычныя ўлёткі, якія заклікалі людзей не плаціць падаткі, не ўступаць у калгасы, са зброяй у руках супраціўляцца рэжыму. Кожная ўлётка сканчалася словамі: “Сьмерць Сталіну!”. Улёткі былі раскіданыя па горадзе, расклееныя на грамадзкіх будынках. Для маладзёнаў асобым шыкам было расклеіць крамольныя ўлёткі на адміністрацыйных будынках, у тым ліку райкаме партыі і сядзібе НКВД.

Уладныя органы былі разьюшаныя гэткай “нахабнасьцю”. Па трывозе былі паднятыя ўсе службоўцы гораду. Выявіць “апазыцыянэраў” было не складана. Маладыя людзі часта зусім не хавалі ні сваіх мэтаў, ні існаваньня асяродку. На занятках па рускай літаратуры падчас вывучэньня “Маладой гвардыі” Расьціслаў Лапіцкі ў запале паведаміў настаўніцы, што ў Смаргоні існуе свая нацыянал-патрыятычная “Маладая гвардыя”.

Хутчэй за ўсё НКВД-МГБ некалькі месяцаў да разгрому арганізацыі трымала “апазыцыянэраў” на кручку, спадзеючыся спаймаць буйнейшую “рыбіну”. Аднак, калі тое не адбылося, падставай разгрому асяродку сталі раскіданыя ўлёткі.

Частку ўдзельнікаў арыштавалі ў сьнежні 1949 г., частку - у студзені-лютым 1950 г. 1-2 лютага 1950 г. на кватэры Цыбоўскіх (Леакадзіі і Часлава), адных з найбольш актыўных удзельнікаў падпольля, была наладжаная засада: затрымлівалі ўсіх, хто заходзіў у хату. Былі арыштаваныя і маладыя людзі. Здараліся і трагічныя выпадкі: пры спробе затрыманьня Генадзь Нафрановіч застрэліўся. Быў затрыманы і Расьціслаў Лапіцкі.

Юнакоў і дзяўчат трымалі ў Маладзечанскай і Вілейскай турмах. Маладым людзям ламалі зубы і рэбры, садзілі на ножкі табурэтак, трымалі пад халоднай вадой, заганялі пад пазногці голкі. 17-20 ліпеня 1950 г. у Маладзечне адбыўся суд ваеннага трыбуналу Беларускай Вайсковай Акругі. Расьціслаў Лапіцкі быў прысуджаны да расстрэлу.

Зянон Ахрамовіч (Смаргонь) атрымаў 25 год, бацькі Зянона былі асуджаныя на 25 год. Часлава Ашукоўская атрымала 8 год, Марыя Барташэвіч - 10 год, Восіп Блізьнюк - 25 год, Канстанцін Іваноўскі - 10 год, Анатоль Карней - 25 год, Юзаф Качэрга - 25 год, Соф'я Лапыцька - 25 год, Факунда Несьцяровіч - 25 год, Эдуард Сташкевіч - 25 год, Тадэвуш Хацілоўскі - 25 год, Леакадзія Цыбоўская - 25 год, Часлаў Цыбоўскі - 25 год, Тамара Юшкевіч - 25 год, Тацяна Юшкевіч - 10 год. Варта адзначыць, што частцы сяброў падпольля ўдалося схавацца, бо сьпісы ўдзельнікаў падпольля не вяліся, і пакараньня пазьбеглі галоўным чынам удзельнікі Мядзельскага асяродку.
Лебедзеўскае моладзевае падпольле (1948-1951 гг.)

- моладзевая арганізацыя, створаная ў мястэчку Лебедзева Маладзечанскага раёну. Галоўная форма дзейнасьці - стварэньне і пашырэньне непадцэнзурных выданьняў.

Ініцыятарам стварэньня асяродку быў Вячаслаў Гамолка, які ў 1948 г. зарганізаваў вакол сябе навучэнцаў старшых клясаў мясцовай школы - Івана Яблонскага, Аркадзя Слуцкага, двух Іванаў Міцько.

Непасрэднай прычынай паўстаньня асяродку было стварэньне ў Лебедзеве камсамолу. Было вырашана прадукаваць напісаныя ад рукі часопісы (“У хвалях маладосьці” і “Бяздонны мяшок”), якія распаўсюджваліся сярод жыхароў мястэчка і моцна крытыкавалі савецкую рэчаіснасьць.

У 1951 г. сярод сяброў лебедзеўскага падпольля зьявіўся правакатар (Міхась Акушка), які паабяцаў наладзіць прадукаваньне нелегальных часопісаў друкарскім спосабам. Маладыя людзі паверылі, і празь некаторы час усе былі арыштаваныя, а крыху пазьней кожны зь іх быў асуджаны на 25 год канцэнтрацыйных лягероў.
Лідзкая моладзевая падпольная арганізацыя

Пра гэту арганізацыю вядома з архіўнай справы партыйнага фонду 4, воп.62. Гэтыя дакумэнты не падаюць, аднак, назву арганізацыі. Кажацца адно пра “лідзкую антысавецкую моладзевую арганізацыю”. Асноўныя яе мэты - зьвяржэньне савецкай улады, усталяваньне шматпартыйнасьці, абвяшчэньне дэмакратычных свабодаў, аднаўленьне прыватнай уласнасьці, роспуск калгасаў, стварэньне фэрмэрскіх гаспадарак, выхад Беларусі са складу СССР.

Асноўная форма дзейнасьці - вусная агітацыя сярод моладзі і кантакты з польскім нацыянальным рухам.

Кіраўніком арганізацыі быў студэнт культурна-асьветніцкай вучэльні ў Гародні Іван Салдаценкаў (1931 г.н.), па мянушцы Пахмуры. Сябрамі арганізацыі былі Віктар Параваеў, токар вагоннага дэпо г. Ліды, Фёдар Казлоў, Аркадзь Каштан, Аляксей Логвін і інш. Арганізацыя, створаная ўлетку 1950 г., праіснавала блізу году і наступным летам была разгромленая савецкімі карнымі органамі.
Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі

Арганізацыя была заснаваная ў 1946 г. зь ініцыятывы камандзіра партызанскага аддзелу Івана Раманчука (мянушка Ястраб). Дзейнічала ў Стаўпецкім, Клецкім і Нясьвіжскім раёнах. Устаноўчы сход адбыўся ў 1946 г. на хутары Саская Ліпа, дзе прысутнічала 6 чалавек (студэнты Гродзенскага пэдінстытуту). Праграма арганізацыі прадугледжвала падрыхтоўку палітычных сілаў, якія ў форс-мажорных абставінах мусілі выступіць за незалежнасьць Беларусі.

Праграма СЗНБ прадугледжвала роспуск калгасаў. СЗНБ складаўся зь пяцёрак, якія былі закансьпіраваныя. Галоўны прынцып працы - чакаць спрыяльных абставінаў (на сяброў СЗНБ вялікі ўплыў аказала прамова Ўінстана Чэрчыля ў Фултане, дзе гаварылася пра жалезную заслону). У 1947-1949 гг. арганізацыя фактычна ня дзейнічала. У траўні 1949 г. быў арыштаваны адзін з кіраўнікоў арганізацыі Міхась Кожыч, які пасьля жудасных катаваньняў выдаў усіх удзельнікаў арганізацыі, схопленых у хуткім часе. Абвінавачаньне было традыцыйным: здрада радзіме, антысавецкая агітацыя, ускосны тэрор (63 і 76 артыкулы КК БССР). Па справе СЗНБ прайшлі 17 сяброў арганізацыі, засуджаных на розныя тэрміны зьняволеньня.
Саюз Вызваленьня Беларусі

Пад такой назвай існавала моладзевая патрыятычная антыкамуністычная арганізацыя ў Наваградку ў 1946-1947 гг. Саюз быў створаны ў лістападзе 1946 г. Галоўнай мэтай СВБ стала аддзяленьне Беларусі ад СССР і стварэньне самастойнай беларускай дзяржавы. Асноўны мэтад: агітацыя з элемэнтамі ўзброенага супраціву. Арганізацыйны аддзел узначаліў Міхась Кожыч, фінансавы - Кастусь Рамановіч.

СВБ быў разьбіты на тройкі, што мусіла закансьпіраваць арганізацыю, аднак правілы кансьпірацыі не выконваліся. Пратаколы арганізацыі патрапілі ў МДБ. У канцы траўня 1947 г. сьледчы аддзел МДБ Баранавіцкай вобласьці выкрыў і арыштаваў 18 сяброў арганізацыі, якія ў хуткім часе былі засуджаныя на 25 год лягероў. Па справе СВБ прайшлі Генадзь Казак, Міхась Кожыч, Міхась Капціловіч, Самсон Пярловіч, Кастусь Рамановіч, Аляксандар Ляпешка, Аляксандар Усюкевіч, Пятро Дземянчук, Іван Макар, Міхась Мазан, Яўген Лішко, Анань Родзевіч, Сафрон Стома, Віталь Губарэвіч, Адам Шабоцька.

Падводзячы вынікі, можна канстатаваць наступнае:
усе моладзевыя арганізацыі былі арганізаваныя ў Заходняй Беларусі;
арганізацыі былі малалікімі, і іхная дзейнасьць абмяжоўвалася, часьцей за ўсё, вуснай прапагандай і размовамі з пагодкамі;
ніводная з арганізацыяў не разглядала збройную барацьбу як сродак змаганьня з камуністычным рэжымам, нягледзячы на тое, што ў некаторых выпадках зьбіралася зброя;
у кожнай арганізацыі, хутчэй за ўсё, быў сексот, які і здаваў яе карным органам. Ня выключана, што дзейнасьць некаторых арганізацыяў была інсьпіравана МДБ-КДБ, каб нанесьці ўдар па рэштках нацыянальных асяродкаў;
паўставаньне антыкамуністычных моладзевых суполак сьведчыць пра напружанае становішча ў сярэдзіне-канцы 1940-х гг. у Заходняй Беларусі. Значная частка насельніцтва, калі ня большая, не прымала савецкую ўладу. Асабліва гэта тычылася каталіцкага і пратэстанцкага насельніцтва Заходняй Беларусі.
Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956. Даведнік. -Мн., 1999.
Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Глыбокае-Паставы. -Мн., 1997.
Касьцюк М.П. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. -Мн., 2000.
Нарысы гісторыі Беларусі: У 2-х ч. Ч. 2. -Мн., 1995.
Супрун В. Жыць для Беларусі. -Менск-Слонім, 1998.
Валахановіч І. Барацьба вакол ідэі “беларускай незалежнай дзяржавы” // Беларускі гістарычны часопіс. 1999. № 1. С. 58-62.
Кісель У. Сваю маладосьць мы прысьвяцілі незалежнасьці Беларусі // Пагоня. 1998. 17 сакавіка. № 20.
Клыкоўская Ц. Жыцьцё за імгненьні: да 50-годзьдзя Саюзу Вызваленьня Беларусі // Беларуская маладзёжная. 1996. № 2.
Patrioci Bialorusi // Karta. 1999. № 28. S. 115-124.
Рамановіч К. Мы стварылі “Саюз Вызваленьня Беларусі” // Навіны. 1998. 2 кастрычніка. № 105.
Умпіровіч А. Памяць - незагойная рана // Наша слова. 1992. № 16.
Умпіровіч А., Фурс А. Споведзь няспраўджаных надзеяў // Спадчына. 1997. № 1.
Фурс А. Антон Фурс: Мы заўсёды лічылі сябе беларусамі (успаміны ўдзельнікаў СБП аб гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху) // Пагоня. 1995. №№ 41-44.
Чарняўскі М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падпольля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагодзьдзі. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі (Мінск, 27-28 лютага 1998 г.).
Чарняўскі М. Расьціслаў Лапіцкі - з кагорты невядомых герояў // Беларуская маладзёжная. 1997. № 1.
Чарняўскі М. Што такое СБП? Хто такі Расьціслаў Лапіцкі? // Народная Воля. 1997. 5 чэрвеня.

Рэлігійная апазыцыя савецкай уладзе (1944-1953 гг.)

Формай дэмакратычнай апазыцыі савецкай уладзе ў пасьляваеннай Беларусі можна лічыць дзейнасьць Каталіцкага Касьцёлу і пратэстанцкіх аб'яднаньняў.

Да 1939 г. каталіцкае жыцьцё ва ўсходняй частцы Беларусі было цалкам спынена, касьцёлы зачыненыя, а сьвятары рэпрэсаваныя. Верасень 1939 г. зьмяніў сытуацыю і ў Заходняй Беларусі, дзе раней рэлігійныя свабоды не абмяжоўваліся. Ксяндзы і пратэстанцкія пастары сталі лічыцца ворагамі савецкай улады. Частку ксяндзоў і пастараў адразу ж арыштавалі, вывезьлі ў Сыбір і расстралялі. Сярод загінуўшых і вядомы дзяяч беларускага каталіцкага руху Фабіян Абрантовіч, які, прыехаўшы з-за мяжы на Наваградчыну адведаць сваіх бацькоў, быў арыштаваны. У кастрычніку 1939 г. быў пасаджаны ў камэру для сьмяротнікаў пробашч касьцёла ў Пружанах Казімір Сьвёнтэк, будучы кардынал Беларусі.

З пачаткам нямецкай акупацыі Беларусі (чэрвень 1941 г.) пачалося адраджэньне рэлігійнага жыцьця. Акупацыйныя ўлады паспрабавалі знайсьці падтрымку сваёй палітыкі сярод той часткі мясцовага насельніцтва, для якой рэлігійныя патрэбы былі важнымі. Улічваючы колькасную перавагу праваслаўных, немцы, у першую чаргу, зрабілі палёгкі Праваслаўнай Царкве, у прыватнасьці, дазволілі ёй у верасьні 1942 г. абвясьціць аўтакефалію. Што тычыцца каталіцкай і пратэстанцкіх канфэсіяў, то стаўленьне да іх было больш асьцярожнае. Каталіцкі Касьцёл уважаўся за польскі, а Польшча працягвала заставацца ворагам нямецкай дзяржавы, што, натуральна, распаўсюджвалася і на сьвятароў. Тое ж тычылася і пратэстанцкіх канфэсіяў, якія “маглі дзейнічаць” у інтарэсах заходніх краінаў.

Генэральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ ў сваёй палітыцы рабіў стаўку на беларускі нацыяналізм, таму і Касьцёл не застаўся па-за ягонай увагай. Са свайго боку захады па аднаўленьні дзейнасьці Касьцёлу на Беларусі рабіў і Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Яблжыкоўскі.

13 кастрычніка 1941 г. ён быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для Менскай і Магілёўскай дыяцэзіяў з надзвычайнымі паўнамоцтвамі (прызначэньне Ватыкана). Сваёй уладай ён прызначаў ксяндзоў у былыя парафіі гэтых дыяцэзіяў. Пры гэтым, калі Генэральны камісар прытрымліваўся прабеларускай палітыкі, то Апостальскі адміністратар адстойваў інтарэсы палякаў. Канфлікт, які зьявіўся ад пачатку існаваньня незалежнай Польскай дзяржавы паміж беларускімі і польскімі сьв я тарамі, аднавіўся. Даходзіла ўжо нават да ўзаемных абвінавачаньняў і даносаў у СД. Узаемныя скаргі і даносы рабіліся падставай для ліквідацыі сьвятарства, што прывяло да таго, што немцы, а таксама польскія і савецкія партызаны зьнішчылі некалькі дзясяткаў сьвятароў.

Зь ліпеня 1944 г. тэрыторыя Беларусі зноў стала савецкай. Быў адноўлены савецкі лад жыцьця і дзяржаўны апарат. Ва Ўсходняй Беларусі (па тагачасным адміністрацыйным падзеле - Бабруйская, Палеская, Полацкая, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Віцебская вобласьці), дзе пераважала беларускае праваслаўнае насельніцтва зь невялікай колькасьцю каталікоў, савецкі ўрад лічыў непатрэбным існаваньне якіх-небудзь каталіцкіх установаў. Да 1946 г. усе каталіцкія касьцёлы, узноўленыя падчас нямецкай акупацыі, былі зачыненыя.

Да ліпеня 1944 г. тэрыторыя Заходняй Беларусі, паводле касьцельнай структуры, была падзеленая на тры дыяцэзіі: Віленскую, Пінскую і Ломжынскую. У верасьні 1944 г. значная частка Беластоцкай вобласьці і тры раёны Брэсцкай вобласьці былі перададзеныя Польскай Народнай Рэспубліцы. Віленскі край так і застаўся ў межах Літоўскай ССР, што значна скараціла адсотак каталікоў у Беларусі. Але ранейшая касьцельная структура была захаваная. Хаця і без кіраўніка, але працягвала існаваць Пінская дыяцэзія. Віленскае арцыбіскупства, фактычна, аказалася падзеленае на тры часткі: асноўная знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, меншая - у складзе Літоўскай ССР, астатняя - у Польшчы. Рэзыдэнцыяй Віленскага біскупа быў абраны Беласток, і біскупства намінальна стала належыць да Польскай каталіцкай царквы.

Ксяндзам у гэты час стала выгадна быць (ці лічыцца) палякамі, бо ў выпадку ўзьнікненьня неспрыяльных абставінаў яны мелі магчымасьць выехаць у Польшчу ці маглі разлічваць на дапамогу найвышэйшых касьцельных уладаў Польшчы ці Ватыкана.

Падчас першай хвалі рэпатрыяцыі (1944-1948 гг.) у межах абмену паміж грамадзянамі ПНР і СССР зь Беларусі выехала 274 тыс. чалавек польскай нацыянальнасьці, у тым ліку і вялікая колькасьць беларусаў-каталікоў, якія пазначылі сваю нацыянальнасьць як польскую. Пакінулі Беларусь і 304 духоўныя асобы. У сувязі з тым, што беларускія каталіцкія дзеячы, у прыватнасьці, Вацлаў Аношка, Леў Гарошка, Язэп Дашута, Янка Жук, Янка Ляўковіч, Леанард Чэрняк, Эдвард Юневіч і інш., выехалі на Захад, пытаньне аднаўленьня Беларускага Касьцёлу адклалася на доўгія дзесяцігодзьдзі. І выбар беларуса-каталіка быў дылемны: ці Польскі Касьцёл, ці саветызацыя сьвядомасьці. З двух гораў абіраюць найменшае. Беларускае каталіцкае грамадзтва абрала Касьцёл з польскай мовай.

Каталіцкае сьвятарства ў Беларусі, якое не хацела ці не паспела пакінуць Беларусь у 1944 г., патрапіла пад хвалю новых савецкіх рэпрэсіяў. Праз сваю душпастырскую працу падчас нямецкай акупацыі сьвятарства абвінавачвалі ў супрацоўніцтве зь немцамі, а таксама ў антысавецкай паваеннай дзейнасьці, сабатажы, агітацыі супраць савецкай улады. Напрыканцы 1944 г. за антысавецкую дзейнасьць быў арыштаваны і асуджаны пробашч у Пружанах Казімір Сьвёнтэк. Ксёндз Віктар Шутовіч, які зь лета 1944 г. працаваў у менскім касьцёле сьв. Сымона і Алены, быў арыштаваны ў снежні 1945 г., прысуджаны да турэмнага зьняволеньня і высланы ў канцлягер у Комі АССР.

У красавіку 1949 г. у Вільні ахвярай рэпрэсіяў стаў Адам Станкевіч, выдатны дзяяч беларускага нацыянальнага руху. Ён быў асуджаны да 25 год зьняволеньня і памёр у тым жа годзе ў Тайшэтлаге. Ад катаваньняў і зьдзекаў памёр у Бутырскай турме і колішні рэктар Менскай сэмінарыі Фабіян Абрантовіч. Былі рэпрэсаваныя Янка Семашкевіч, Міхаіл Шалкевіч, Андрэй Цікота. Усяго ў 1944-1951 гг. было арыштавана каля 200 духоўных асобаў, што складала блізу 70-80% усіх сьвятароў Заходняй Беларусі. Найбольш распаўсюджаным прысудам было пазбаўленьне волі на 10 ці 25 год, да якога дадавалася канфіскацыя маёмасьці і паражэньне ў правах на 5 год. Тыя, хто выжыў у лягерах, пасля ўжо мелі магчымасьць вярнуцца на Беларусь, але выязджалі ў Польшчу.

Далейшая саветызацыя Заходняй Беларусі, насаджэньне камуністычнага сьветапогляду, дэнацыяналізацыя грамадзтва выклікалі адмоўную рэакцыю ў часткі насельніцтва, а тым больш каталіцкага сьвятарства. Зьнешне Каталіцкая Царква не брала дзейснага ўдзелу ў апазыцыйным руху. Касьцёл лічыў сябе па-за палітыкай, ці нават па-над палітыкай: гэтаму нямала садзейнічала незалежнасьць Касьцёлу ад Масквы і фінансаваньне яго Ватыканам. Нягледзячы на тое, што дзяржава імкнулася дыскрэдытаваць рэлігійныя культы, гэта не адштурхоўвала ад іх людзей. У той час як Расейская Праваслаўная Царква ў рэспубліцы запляміла сябе канфармізмам і супрацоўніцтвам з камуністычнымі ўладамі (функцыянаваньне Праваслаўнай Царквы жорстка кантралявалася Масквой), Каталіцкі Касьцёл дэманстратыўна аддаліўся ад кантактаў зь дзяржавай.

Шмат якія ксяндзы, што засталіся на беларускіх землях, працягвалі апазыцыйную дзейнасьць. Зьнешне ў грамадзкім жыцьці панавала савецкая ідэалёгія, але вернікі празь веру ў Бога імкнуліся захаваць сваю аўтаномію і індывідуальнасьць. Адказнасьць перад кімсьці мусіць быць пэрсанальнай (тады чалавек, нягледзячы на цяжар адказнасьці, пачувае сябе індывідам), дзяржаўная ж ідэалёгія ўскладала адказнасьць на калектыў, і чалавек губляўся ў безаблічным людзкім моры. Пробашч касьцёла Казімір Сьвёнтэк заўсёды лічыў, што адзіная легітымная ўлада для вернікаў на зямлі - гэта ўлада Папы Рымскага, таму ўсе астатнія формы ўлады нелегітымныя (такім чынам, у лік нелегітымных патрапляла і савецкая ўлада).
Каталіцкі Касьцёл у Беларусі (1944-1953 гг.)

У лістападзе 1944 г. новы Віленскі арцыбіскуп Мечыслаў Рэйніс вызначыў трох генэральных вікарыяў для часткі дыяцэзіяў. Такі ход быў вымушаны, ранейшая касьцельная структура ў дыяцэзіі была разарваная, і ўзьнікла неабходнасьць наладзіць камунікацыю паміж яе часткамі. Вікарыем у Гародне, Луньне, Бераставіцы і Ваўкавыску стаў Антоні Курыловіч, віцэ-дэкан гарадзенскі; ксёндз-дэкан з Глыбокага Антоні Зянкевіч стаў генэральным вікарыем дэканатаў у Глыбокім, Браславе, Міёрах, Паставах, Вілейцы, Сьвіры, Маладзечне і Ашмянах. Дэкан лідзкі Баярунец кантраляваў дэканаты Ліда, Беняконі, Слонім, Вішнева, Васілішкі.

Ужо ў 1944 г. пачаліся рэпрэсіі супраць каталіцкага сьвятарства. З 29 чэрвеня 1944 г. у Менску, у касьцёле сьв. Сымона і Алены працаваў беларускі ксёндз Віктар Шутовіч. У Слуцку Мечыслаў Малыніч-Маліцкі, касьцёлы Оршы і Магілёва абслугоўваў Баляслаў Сьперскі. Ад восені 1944 г. НКВД узялася за справу. Былі арыштаваныя Віктар Шутовіч, Мечыслаў Малыніч-Маліцкі, Баляслаў Сьперскі.

Значная частка сьвятароў з Заходняй Беларусі актыўна супрацоўнічала ці дапамагала польскаму патрыятычнаму падпольлю, што вяло барацьбу з савецкай уладай. Ксяндзы ці перахоўвалі антысавецкую літаратуру, ці адкрыта выступалі супраць савецкай улады (напр., кс. Юзаф Грабоўскі адкрыта заклікаў супраціўляцца савецкай уладзе).

Ксёндз Ян Васілеўскі зь Пінска быў арыштаваны па падазрэньні ў аўтарстве кнігі “Ў капцюрах Антыхрыста”. Ён прызнаў сваё аўтарства, але адхіліў прапановы аб “супрацоўніцтве” з савецкай уладай. 22 жніўня 1945 г. ён быў арыштаваны, асуджаны на 10 год высылкі і памёр у лягеры пад Енісеем.

На 1947 г. у Віленскай архідыяцэзіі працавала 190 ксяндзоў, у Ломжынскай - 4 сьвятары на 10 парафіяў, 20 сьвятароў у Пінскай дыяцэзіі. Перад ксяндзамі ставаў выбар: ці пераезд у Польшчу, ці застацца з парафіянамі. Адны вырашалі зьехаць, гэта найперш тычылася ўраджэнцаў этнічнай Польшчы.

Той жа, хто заставаўся, рызыкаваў уласным жыцьцём. Рэпатрыяцыя ў Польшчу скончылася напрыканцы 1947 г., ейнае сканчэньне дало пачатак афіцыйнаму паляваньню на сьвятароў. Найчасьцей галоўным абвінавачаньнем была антысавецкая прапаганда, падтрыманьне кантактаў з замежнымі “белапольскімі” арганізацыямі, пераказаньне за мяжу дзяржаўных тайнаў, захоўваньне антысавецкай літаратуры. Ксяндзы абвінавачваліся і ў шпіёнстве на карысьць Ватыкана. Ад 1947 г. галоўнымі пакараньнямі сталі тэрмін у 25 год, канфіскацыя маёмасьці і паражэньне ў правах. Суды праходзілі па адным і тым жа сцэнары.

Вось што сьведчыць Станіслаў Рыжка пра працэс, які адбываўся над ім: “Было адчытана абвіначаньне. Потым пачалі зачытваць, задаваць пытаньні, пераважна то быў вядучы працэсу. Сярод іншых, чаму хваліў старую Польшчу. Довадам служылі кніжкі і брашуры, выдадзеныя да 1939 г., якіх яны не чыталі. Працэс адбываўся спакойна. Было дазволена прамаўляць па-польску. Калі Багдановіч (упаўнаважаны па культах і рэлігіях) абвінаваціў мяне ў тым, што я вораг савецкай улады, пракурор, ня ведаю чаму, задаў пытаньне, ці выступаю я зараз супраць савецкай улады, ці не. Я падумаў, калі я тут выступаю афіцыйна, то мушу казаць толькі праўду. “Так, я праціўнік савецкай улады”,- адказаў я. У залі зрабілася ціха. Судзьдзя нешта хацеў мовіць, але згубіў голас. “Старшы” прачытаў абвінавачаньне, згодна зь якім я мусіў быць пакараны сьмерцю, але сьмяротнае пакараньне цяпер у СССР замененае на 25 год”.

Што непакоіла савецкую ўладу ў дзейнасьці каталіцкіх сьвятароў у Беларусі, нават пасьля арышту большасьці ксяндзоў? Найперш, уплыў на людзкую сьвядомасьць. І гэта нягледзячы на тое, што колькасьць ксяндзоў істотна скарацілася.

З-за рэпрэсіяў частка парафіяў пазбавілася сьвятароў, таму ксяндзы выконвалі душпастырскія абавязкі ў некалькіх парафіях. Ксяндзы рабілі гэта ў інтарэсах вернікаў, аднак савецкія ўлады падавалі такую самаахвярнасьць сьвятароў як сродак паляпшэньня іхнага матэрыяльнага становішча. У 1948 г. афіцыйна забаранілі сумяшчаць некалькі парафіяў, аднак ксяндзы мала на гэта зважалі і працягвалі займацца задаволеньнем патрабаваньняў парафіянаў, рызыкуючы ўласным жыцьцём.

Другі накірунак працы, якой займаліся сьвятары і які непакоіў улады, было рэлігійнае выхаваньне дзяцей і моладзі. Можна тут выдзеліць асобу кс. Барташэвіча, які ў 1955 г. быў пробашчам касьцёла ў в.Адэльск Сапоцкінскага раёну. За некалькі тыдняў ён абышоў усе вёскі, падуладныя парафіі. Першай ягонай акцыяй, якая “ўсхвалявала” ўлады, было адзначэньне забароненага сьвята “Дзяды” (2 лістапада 1955 г.). Больш за тысячу чалавек на чале з ксяндзом прайшлі з харугвамі ў руках да вясковых могілак дзеля ўшанаваньня памяці продкаў. Барташэвіч разьвіў актыўную дзейнасьць па павышэньні рэлігійнай сьвядомасьці дзяцей і моладзі. Вучні школы бралі ўдзел у шэсьці вакол касьцёла, а ў рэлігійныя сьвяты не наведвалі школьныя заняткі. Кс. Барташэвіч набыў спартовы інвэнтар і займаўся фізычнымі практыкаваньнямі разам са школьнікамі, пакуль гэта не было забаронена мясцовымі ўладамі.

У некалькіх парафіях Заходняй Беларусі вялося нелегальнае навучаньне дзяцей рэлігійным навукам (весьці заняткі зь дзецьмі было забаронена ў 1947 г.). Сьвятароў вымушалі даваць адмысловую распіску, і за парушэньне загаду іх чакалі суровыя санкцыі. Ксёндз-дэкан з Астравецкага раёну Курп-Гарбоўскі адмовіўся даваць такую распіску, матывуючы гэта наступным чынам: “У Савецкім Саюзе манапольнае права на навучаньне і выхаваньне моладзі належыць камуністам, якія прышчапляюць ім толькі матэрыялістычны сьветапогляд. Я павінен буду выканаць ваш загад, спыню навучаньне дзяцей Катэхізісу, ня стану выкладаць наша разуменьне прыроды, але гэта ня ёсьць свабодай сумленьня”.

Сьмерць Сталіна ў сакавіку 1953 г. не прынесла палёгкі каталікам і каталіцкаму сьвятарству. Рэпрэсіі былі спыненыя, аднак ціск на Касьцёл працягваўся. Касьцёл заставаўся варожым у адносінах да савецкай улады, што разумела і ўлада, і самі сьвятары.
Пратэстанцкія суполкі і супраціў у Беларусі

Дзейнасьць беларускіх пратэстантаў цесна зьвязана з асобай лідэра беларускіх пяцідзясятнікаў Івана Панько (1897 г.н.). Ён у 1920 г. прыняў хрост і стаў сябрам суполкі пяцідзясятнікаў. У 1937 г. Іван Панько быў абраны прэсьвітарам баранавіцкай суполкі вернікаў. Падчас нямецкай акупацыі ён атрымаў дазвол на правядзеньне рэлігійнай дзейнасьці. Пасьля Іван Панько стаў лідэрам усёй паствы Баранавіцкай акругі і на гэтай пасадзе зрабіў шмат добрага для вернікаў. У Баранавіцкай акрузе былі заснаваныя новыя суполкі вернікаў.

У ліпені 1944 г. на Беларусь прыйшлі савецкія войскі, разам з вызваленьнем ад немцаў прыйшоў новы рэлігійны прыгнёт.

Разам з найбліжэйшымі памочнікамі (сакратаром духоўнай кансысторыі Сяргеем Вашкевічам і дзяканам Нічыпарам Касьніковічам) Іван Панько стварыў Нелегальны кіраўнічы Цэнтар Пяцідзясятніцкага Руху, які сам і ўзначаліў. Зыходзячы з царкоўных дагматаў, Цэнтар ставіў сваёй мэтай вызваленьне прэсьвітарскага актыву ад мабілізацыі ў войска. У 1945 г. быў праведзены нелегальны сход прэсьвітараў, на якім былі вызначаныя формы дзейнасьці і зьбіраліся грошы на далейшую дзейнасьць. За 1945-1947 гг. ад мабілізацыі ў войска былі вызваленыя каля 100 чалавек.

У 1949 г. лідэры НКЦ былі арыштаваныя органамі МДБ. Увесну былі арыштаваныя прэсьвітары Паляновіч (кіраўнік вернікаў Лагішынскага раёну), Тур (Любчанскага раёну), Кульбіцкі (Радашкаўскага раёну), Сяргей Вашкевіч, а ў пачатку 1950 г. быў арыштаваны і Іван Панько. Суд абвінаваціў іх у антысавецкай прапагандзе, распаўсюджваньні рэлігійнага “дурману” сярод шырокіх масаў насельніцтва, і найперш моладзі.

Другая палова 1940-х гг. характарызавалася ростам актыўнасьці пратэстанцкіх цэркваў. У кастрычніку 1944 г. адбылося аб'яднаньне баптыстаў з эвангельскімі хрысьціянамі. Аб'яднаньнем царквы заняўся Ўсесаюзны савет эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў (УСЭХБ), які меў сядзібу ў Маскве. У 1945 г. кіраўнічы цэнтар баптыстаў стаў выдаваць часопіс “Брацкі весьнік”.

У жніўні 1945 г. кіраўнікі хрысьціянаў веры эвангельскай зь Беларусі Іван Панько і Сяргей Вашкевіч разам з украінскімі пяцідзясятнікамі зьвярнуліся з просьбай абмеркаваць магчымасьці і ўмовы іх уваходжаньня ў Саюз хрысьціянаў веры эвангельскай. 29 жніўня 1945 г. быў прыняты адпаведны дакумэнт, вядомы як Жнівеньскае пагадненьне. Пасьля яго падпісаньня пачалася кампанія аб'яднаньня. Аднак незадаволеныя былі як з аднаго, так і з другога боку. Супраць выступалі прэсьвітары эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Р.Барушка (в. Глудня Бярозаўскага раёну), І.Саковіч (в. Голкава Антопальскага раёну), І.Кірылюк (в. Матвеевічы Жабінкаўскага раёну). Былі праціўнікі і з боку пяцідзясятнікаў (хрысьціяне веры эвангельскай). Яны адмовіліся праходзіць перарэгістрацыю, не прызнавалі кіраўніцтва УСЭХБ, абвінавачвалі яго ў тым, што яно прадалося Антыхрысту. Пяцідзясятнікі адмаўляліся падпарадкоўвацца кіраўніцтву, праводзілі “па-старому” абрады. У лістападзе-сьнежні 1949 г. кіраўнікі пяцідзясятнікаў Іван Панько і Сяргей Вашкевіч былі арыштаваныя.

Аднак надзеі савецкай улады на тое, што такія меры (арышты і аб'яднаньне рэлігійных суполак) зьнізяць уплыў пратэстанцкіх суполак, не апраўдаліся. Парафіі расьлі, найбольш актыўнымі на Гарадзеншчыне былі суполкі ў в.Бародзічы (Зэльвенскі раён), у Лідзе.

Многія суполкі атрымлівалі літаратуру з-за мяжы, у тым ліку і з антысавецкім зьместам. Казаньні сьвятароў эвангельскіх хрысьціянаў і пяцідзясятнікаў адштурхоўвалі людзей ад савецкай маралі, дапамагалі знайсьці ўласнае “я”. Органы ўлады гэта добра разумелі і імкнуліся праз арышты, запужваньні і нерэгістрацыю рэлігійных суполак разбурыць рэлігійнае жыцьцё. Аднак уплыў рэлігійных аб'яднаньняў не зьмяншаўся, а, наадварот, узрастаў. Асабліва відавочным гэта стала ў 1960-х гг.
Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956. Даведнік. -Мн., 1999.
История евангельских христиан-баптистов в СССР. -М., 1989.
Канфесіі на Беларусі (канец 18-пач. 20 стст.) / Пад рэд. У.І.Навіцкага. -Мн., 1998.
Касьцюк М.П. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. -Мн., 2000.
Мірановіч Я. Навейшая гісторыя Беларусі. -Беласток, 1999.
Нарысы гісторыі Беларусі: У 2-х ч. Ч. 2. -Мн., 1995.
Няхай сьведчаньне іх веры не забудзецца. Лёс каталіцкага касьцёла ў Беларусі ў 1917-1953 гг. Непакалянаў, 2000.
Hlebowicz A. Kosciol w niewoli. -Gdansk, 1993.

Аўтар: А. Гардзіенка

Комментируем публикацию: Апазыцыя на Беларусі (1944—1953)


Публикатор (): S S A Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

Новые поступления

Выбор редактора LIBRARY.BY:

Популярные материалы:

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.