Мілітарызацыя Наваградчыны ў часе нямецкае акупацыі 1941-1945

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Мілітарызацыя Наваградчыны ў часе нямецкае акупацыі 1941-1945. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Вайна нямецка-савецкая ў 1941 годзе застала мяне ў Львове, дзе я студыяваў на ўнівэрсытэце.

Быў сьведкаю наступу й паходу Немцаў, якія акружылі Львоў, пайшлі далей, а Ўкраінцы перанялі часова ўладу ўключна з агалашэньнем Незалежнасьці, якая доўга ня трывала, бо не задоўга [быў прызначаны] губэрнатар Галіцыі, які аб'явіў акупацыйную ўладу. Разам з Украінцамі перажыў гэтае расчараваньне й перакананьне, што ад Немцаў-нацыстаў няма чаго спадзявацца й думаць нейкай незалежнасьці ці аўтаноміі.

Пабачыўшы, што многія з маіх сяброў-Украінцаў былі арыштаваныя, а многія пайшлі ў падпольле - вырашыў вярнуцца на Бацькаўшчыну, адкуль да нас - беларускіх студэнтаў - падсылалі заклікі й ўлёткі, каб вярталіся дадому й памаглі будаваць беларускую адміністрацыю пад нямецкай акупацыяй.

Прыбыўшы позна восеньню 1941 году ў Наваградак, застаў там інтэнсыўны беларускі рух у напрамку абароны перад Палякамі, якія адразу пасьля акупацыі захапілі ў свае рукі паліцыю, "сакратарства" й перакладчыкаў пры нямецкай жандармэрыі й акупацыйных уладах. Стараліся нішчыць беларускую інтэлігенцыю даносячы ў жандармэрыю ці ў СД на іх як на камуністаў. Нават і на мяне, хутка як вярнуў дадому, усьпелі ўжо данесьці Немцам, што яшчэ адзін Беларус-камуніст зьявіўся ў Наваградку. Але пры гэбітскамісары ўжо добра быў уладжаны мой сябра Барыс Рагуля, які ня толькі адразу зьліквідаваў гэты данос, але запрапанаваў мяне Камісару як кандыдата на акруговага камэнданта паліцыі дзеля пераняцьця гэтай функцыі ад Палякаў. Я быў заскочаны гэтым і не згадзіўся, заяўляючы, што на ніякае супрацоўніцтва зь Немцамі не пайду (маючы дасьведчаньне з Украіны). Асабліва ў паліцыю не хацеў ісьці, а хіба толькі калі будзе магчымасьць арганізаваць сваё войска. Тут паўстала поўнае непаразуменьне сярод нас - быўшых добрых сяброў.

Далей былі пераконваньні маіх сяброў і старэйшых нашых беларускіх дзеячоў, што мусім нешта сваё арганізаваць, адміністрацыю й, асабліва, школы, каб не загінуць з рук акупантаў і іх памочнікаў - нашых ворагаў. Бязумоўна, хутка ўцягнуўся ў культурны рух "Беларускі дом", хор і г. д. Перабраўся з гаспадаркі ўдома ў Гарадэчні жыць у Навагарадку, каб быць разам зь сябрамі й зь беларускай моладзьдзю. З пачатку прыняў функцыю Сакратара Міравога Суду пры судзьдзю Біруковічу. Потым стаў загадчыкам адміністрацыі нацыяналізаваных маёмасьцяў (асабліва земляў) пры камісару Ройтару - блізкаму памочніку гэбіткамісара. Але гэтага было мала. Хутка Барыс прыказаў мне рана ўставаць і йсьці ў настаўніцкую сэмінарыю, каб вучыць там хлапцоў "гімнастыкі", якая палягала ў вайсковай муштры й маршах з палкамі і з жаўнерскімі песьнямі.

"Гімнастыка" ў Настаўніцкай Сэмінарыі, можна сказаць, была пачаткам беларускага вайсковага руху й вышкаленьня кадраў у Наваградку. Для мяне давала вялікае задавальненьне выявіць свае "капральскія" здольнасьці ў муштраваньні юнакоў-рэкрутаў. Маючы здольнасьць і добры голас да вайсковых сьпеваў і падаваньня камандаў, выбіўся яшчэ з гэтым у польскай падхаранжоўцы.

Некаторыя хлопцы - студэнты Сэмінарыі - наракалі, што гімнастыка гэтая крыху зажорсткая, аднак бальшыня адносілася зь вялікім энтузыязмам да паўвайсковага вышкаленьня. Пачалі на хаду вышукваць і кампанаваць беларускія маршовыя песьні. Маршыруючы вельмі прыгожа сьпявалі, што ўмелі. Паўстала таксама праблема зь беларускімі камандамі. Вечарамі часта разважалі, як мх перакладаць на беларускую мову, пераважна з польскіх камандаў. Пыталіся ў старэйшых, якія каманду й вайсковую тэрміналёгію ўжывалі Случчакі і Балахаўцы (напэўна, расейскую).

Зіма 41/42 году пакінула даволі прыемныя ўспаміны з жыцьця моладзі ў Наваградку. Культурнае жыцьцё - канцэрты, забавы - шумела. Разбудоўвалася пачаткавае школьніцтва й сэмінарыя. Але ўжо пачалася штораз большая актыўнасьць партызанская.

Барыс недзе часта выяжджаў (у Менск, у Вільню) і не заўсёды дзяліўся з намі, дзе быў і што чуў. Меў нейкія кавалерыйскія замашкі, арганізуючы часта конную паездку на конях нямецкіх чыноўнікаў, калі тыя былі на выездах.

Дзесь у пачатку 42-га году, аднойчы дзесь каля гадзіны 2 раніцы, позна вярнуўшыся зь Менску, Барыс разбудзіў мяне й кінуў мне на стол жмутак папераў і загадаў, кажучы: "На табе войска, аб якім усё марыш". Схапіўшыся, пачаў чытаць і разглядаць гэтыя загады ды пастановы, якія былі падпісаныя нейкім гэнэралам Цэннэрам. Беларусам дазваляецца арганізаваць "Самаахову" супраць нападаў і нішчэньняў вёсак з боку штораз актыўнейшае дзейнасьці чырвоных партызанаў, а потым рэпрэсіяў з боку Немцаў.

У Менску арганізуецца першы курс перашкаленьня беларускіх афіцэраў пад камандаю капітана Ф.Кушаля. У кажнай акрузе будзе зарганізаваная падафіцэрская школа, а ў кажным раёне будзе стаяць батальён Беларускае Самааховы БСА. Немцы забавязваюцца даць зброю, а Беларуская Самапомач павінна забясьпечыць гэтыя беларускія вайсковыя адзінкі харчамі й абмундзіраваньнем.

Плян пачаў хутка рэалізавацца. Пашылі мне мундзір зь льнянага палатна, памаляванага на зялёны колер. Хутка вызвалі мяне ў Менск на першыя курсы афіцэрскія з многімі іншымі змабілізаванымі Беларусамі - вайскавікамі, пераважна быўшымі падхаружымі з польскай арміі, малодшымі афіцэрамі з быўшай царскай арміі, і хоць у малой колькасьці, але і зь лейтэнанты чырвонае арміі, якім удалося вырвацца з палону й далучыцца да нас.

Памятую разьвітаньне з маім начальнікам, які быў злы, што адыходжу з працы, і быў перакананы, што нічога з гэтага беларускага войска ня будзе, цьвердзячы, што мы - Немцы - ня можам давяраць Беларусам і даць ім узбраеньне, але мусіў прызнаць загад вышэйшых уладаў зь Менску.

У Менску ішло інтэнсыўнае перашкаленьне афіцэраў - здаецца, два месяцы. Абзнаёміліся зь нямецкай зброяй і крыху камандамі, а таксама з савецкімі вінтоўкамі й кулямётамі.

Барыс на курсе ня быў, бо мусіў астацца ў Наваградку, прадбачаны як камандзер акруговы БСА, арганізаваць мабілізацыю ў падафіцэрскую школу ў Наваградку і ў батальёны па раёнах. Часта прыяжджаў у Менск зь візытаю ў нашыя кашары, а ў суботы й нядзелі мы заўсёды пёрліся на беларускія опэры.

На афіцэрскіх курсах адразу выбіліся некаторыя быўшыя польскія падхаружыя - завадовы й рэзэрвы, зь якімі лічыўся й нямецкі інспэктар (наглядчык) і, асабліва, камандзер Кушаль. Нейк, як прадбачана, з кажнае акругі адзін альбо пару й так памятую гэных выдатнікаў: Мікуліч, Сажыч, Кажан, Качан, В. Русак з Баранавіч; Чайкоўскі й Зыбайла із Слоніму. Із старэйшых Сокал-Кутылоўскі, хоць гэтаму было цяжкавата адаптавацца да нямецкае тэхнікі й мовы.

Пасьля заканчэньня курсаў перашкаленьня афіцэраў у Менску, я быў назначаны камандзерам падафіцэрскай школы БСА ў Наваградку. Прыехаўшы ў Наваградак, я ўжо застаў гатовыя кашары й змабілізаваных быўшых падафіцэраў - пераважна з польскае арміі й некалькі з чырвонае арміі.

Пастанавілі сфармаваць тры зьвязы з гэтых рэзэрвістаў і чацьвёрты - з дабравольцаў-юнакоў зь сямігадоваю асьветаю, якія дасюль нідзе ня служылі ў войску. Паехалі ў настаўніцкую сэмінарыю, дзе калісь вучыў "вайсковую гімнастыку", і гукнулі пра падафіцэрскую школу, дык ахвотнікаў зьявілася болей, чым мы маглі прыняць. Выбралі 60 чалавек у чацьвёрты зьвяз, названы "Зьвяз Стрымгалоўцаў". Камандзерам гэтага зьвязу я назначыў лейтэнанта Матысяка, які разам зы мною быў на курсе ў Менску. Выбар быў добры, бо ён запраўды фахова й добра школіў "рэкрутаў", а пазьней кандыдатаў на камандзераў дружынаў. Часам хлопцы наракалі, што ён быў завельмі срогі й вымагаючы. Напрыклад, часта баявыя цьвічэньні адбываліся пад гарою й на высокай стромай наваградзкай замкавай гары, дзе, бягучы ў атаку пад гару, давалася каманда "сядай", а бягучы з гары - каманда "лягай", дык хлапцы казалі, мусіць, камандзер мыляецца, бо было-б больш талкова з гары "сядай", а пад гару "лягай", але гэта ўсё асталося толькі ў памяці й жаўнеры дацэньвалі цьвёрдую й цяжкую дысцыпліну.

Кажны дзень пачынаўся зборкаю на пляцы ў чатырохкутніку з "хворымі" на левым крыле. Службовы афіцэр здаваў мне рапарт, прывітаньне "Жыве Беларусь" й адсьпяваньне малітвы "Беларусь наша Маці-Краіна", і тады кажны зьвяз маршыраваў у сваім напрамку на заняткі. Часам на такую цырымонію пад'яжджаў Акруговы Камандзер БСА Барыс на інспэкцыю. Тады здаваўся рапарт яму.

Характэрным для гэтай школы было, што вельмі прыгожа сьпявалі, як і маршыравалі на занятках, а гэта ўжо заслуга камандзера школы, які сам любіў сьпяваць.

Першыя месяцы школы адбываліся ў вельмі энтузыястычным настроі й духу. Дасылаліся індывідуальныя новыя кандыдаты, напр., студэнты Малешка й Кавэліч, якіх змабілізавалі, каб эвэнтуальна вышкаліць іх на афіцэраў. З пачатку цяжка было іх уламаць у вайсковую дысцыпліну як вольнадумцаў-студэнтаў, але потым некаторыя зь іх выйшлі добрымі афіцэрамі й энтузыястычнымі беларускімі вайскавікамі як, напр., лейтэнант Малешка, які пазьней загінуў у Лідзе з рук польскай партызаншчыны, альбо Бітус Валодзя. Сярод старшых падафіцэраў выбіліся некаторыя вельмі здольнымі камандзерамі, якім акруговы камандзер прапанаваў надаць рангі лейтэнантаў - напр., Орсічу, Сацэвічу і некалькім іншым.

У школе, апрача вайсковага вышкаленьня, адбываліся таксама курсы агульнага вышкаленьня беларускай мовы, гісторыі, геаграфіі. Прыходзілі паважныя настаўнікі даваць лекцыі, як Фабіян Акінчыц, д-р Орса й іншыя.

На жаль, як прадбачыў мой былы начальнік, Немцы слова не датрымалі. Гэнэрал Цэннэр дзесь прапаў. Немцы спалохаліся вялікага беларускага вайсковага ўздыму. Не даставілі абяцанага ўмундзіраваньня й лепшай зброі (апрача старых савецкіх стрэльбаў). Хлопцы-падафіцэры падзерлі на цьвічэньнях свае апошнія боты - абутак і адзёжу. Дух пачаў падупадаць. Сам я быў добры да камандаў і загадаў, але слабы прамоўца. Часта прасіў камандзера Барыса пад'яжджаць у школу, каб талкова прамаўляць да курсантаў і падтрымоўваць іх на духу.

Ня помню, як ішла арганізацыя батальёнаў у раёнах, куды мае курсанты павінны былі пераходзіць у якасьці камандзераў дружынаў ці зьвязаў. Немцы пачалі прапанаваць і разьбіраць нашых падафіцэраў у іншыя дапаможныя паравайсковыя аддзелы, як, напр., лейтэнанта Орсіча забралі ў Менск на камандзера добра ўмундзіраванай і ўзброенай роты пры жандармэрыі, Ул. Сацэвіча й Бітуса на камандзераў лясной аховы. Мяне асабіста выклікалі ў Менск, дзе ў вялікім будынку - быўшым доме "правіцельства" - спаткаў мяне ў чорным і гранатовым чыгуначным мундзіры капітан Кушаль і таксама нізенькі палкоўнік Мірскі ў такім самым мундзіры.

Капітан Кушаль дае мне загад: забраць з Наваградку мінімум 50 чалавек і ехаць у Ліду, дзе будуць дабаўленыя змабілізаваныя ў БСА жаўнеры, каб школіць і камандаваць т. зв. "чыгуначным батальёнам". Паўстала гарачая дыскусія. Я прабаваў пратэставаць ізноў, што зь Немцамі немагчыма йсьці на нейкае супрацоўніцтва, але капітан Кушаль, пасьля сьцьверджаньня, што нам трэба хапаць зброю, дзе толькі даецца, закончыў - "непатрэбныя далейшыя дыскусіі, а мусіце падпарадкавацца загаду" - павёў мяне ў канцылярыю галоўнага камандзера чыгуначнай аховы, які быў у чыне гэнэрала. Там ён мяне прадставіў як кандыдата на камандзера ў Ліду. Той выясьніў мне, што атрымаем добрае абмундураваньне, зброю й закватэраваньне з харчамі, а таксама, што буду мець поўную свабоду ў шкаленьні й камандаваньні гэтай адзінкі, толькі мушу пазнаёміць і навучыць крыху сваіх школьнікаў нямецкае каманды і, бязумоўна, пазнаць добра лёгкую нямецкую зброю: вінтоўкі, пісталеты, кулямёты й мінамёты і ў вагульным - гранаты. Будуць прызначаны да мае адзінкі двох Немцаў-афіцэраў з чыгуначнай аховы як інспэктары. Падаў мне руку й пажадаў добрых усьпехаў. Спадары Кушаль і Мірскі абнімалі мяне й падкрэсьлівалі нейкую гістарычную ролю новаарганізаванага беларускага чыгуначнага батальёну. Завялі мяне дзесь у нейкі чыгуначны склад і выбралі прыгожы да меры кангэровы гранатовы мундзір, выдалі новы бэльгійскі браўнінг. На круглай шапцы была начэпленая беларуская Пагоня, а на каўнярох - Ярылавыя крыжы.

Прыехаўшы назад у Наваградак, я перадаў камандаваньне ўжо расьцярушанае падафіцэрскае школы штабс-капітану Сьцяпуржынскаму. Выбраў дзесяць падафіцэраў, пераважна маладых, ізь зьвязу "стрымгалоўцаў" на інструктараў у Ліду. Агаласіў: "Хто хоча, на ахвотніка, ехаць зы мною ў Ліду [працаваць] спасярод радавых жаўнераў, далучаных ужо ў той час да школы для фармацыі батальёну БСА". Ізноў з ахвотнікамі ня было праблемы, бо згаласілася замнога й трэба было выбіраць найлепшых, напр., адзін вельмі гарачы Беларус і адважны жаўнер Міхась Чартко з Далятыч, прасіўся з плачам, каб яго ўзяў з сабою. У мяне былі засьцярогі, што ён часам выпіваў замнога. Ня ведаю чаму, але мне прышлося зарганізаваўшы аддзел замэльдавацца ў Акруговага Кіраўніка Беларускай Самапомачы сп-ра Якуцэвіча. Той прыняў мяне ў сваёй канцылярыі зь вялікай "помпай". Даў мне напісаны загад - гэтым загадваецца Вам на чале аддзелу ў сіле 50 чалавек неадкладна ехаць у горад Ліду й замэльдавацца ў "Бангофсафіцыра". Таксама выдаў мне пасьведку панямецку із штэмпелем Гэбіткамісара.

У Лідзе па прыбыцьці нас памясьцілі ў кашары (быўшая фабрыка галёшаў у Лідзе). Даслалі, больш зь Лідзкай акругі, змабілізаваных жаўнераў, на чале зь вельмі добрым камандзерам Клінцэвічам. Разам стварылі тры зьвязы па 60 чалавек. Цікава, што Немцы вельмі неахвотна прызнавалі афіцэрскія рангі, як лейтэнанта або капітана, а ўжылі тытулаў "фюрэр" - zugf?hrer і gruppenf?hrer. Мяне мае падначаленыя называлі "Спадар ротны".

Пачаліся заняткі вышкаленьня. Нямецкія афіцэры-інспэктары падавалі прапановы, каб галоўна школіць у валоданьні аружжам, муштры й вартавой функцыі. Але пакідалі поўную свабоду камандзеру як школіць, бачачы спраўнасьць, дысцыпліну й прагрэс нашых вайскавікоў - некаторых зусім без вайсковага вопыту перад гэтым.

Бязумоўна, нашым цэлем было даць поўнае ваеннае вышкаленьне, дык выходзілі за горад у поле, цьвічачы наступ і абарону (з капаньнем акопаў).

Маршыруючы праз горад на цьвічэньні ці заняткі, заўсёды вельмі спраўна грымелі беларускія маршавыя песьні. Памятаю на каталіцкія грамніцы 2-га лютага, якраз рота маршыравала па сьнягу, па вуліцы каля касьцёла і сьпявала песьню "У гушчарах". Усе вырынулі з касьцёла на двор і прыглядаліся, ня ведаючы, што гэта за вайсковы аддзел (не паліцыя), а ў чорных мундзірах у поўным баявым узбраеньні, плецакі з лапаткамі, вінтоўкі і штыхі, гранаты й тры кулямёты. Расказвалі потым мне, што паніка панавала сярод "палякаў" - думалі, што гэта нейкі карны атрад і распаўсюджвалі плёткі, што ямы за горадам капаюць; а мы цьвічыліся ў рыхтаваньні акопаў, хоць вельмі плыткіх і правізарычных.

Вечарамі часта з падафіцэрамі прыгатоўвалі новыя песьні. Прыслалі мне зь Менску ад Саковіча словы і ноты да песьні першага зьвязу штурмовага "Чутно гоман - там войска сьпявае". Падафіцэры, быўшыя сэмінарысты з Наваградку, памагалі мне развучыць гэтую песьню пры помачы мандалінаў, але неяк не выходзіла гэта добра да маршу, а словы вельмі прыгожыя і баявыя, дык я сам дабраў мэлёдыю да гэтай песьні і цікава, што яна сталася вельмі папулярнай сярод нашых вайсковых аддзелаў па ўсёй Беларусі.

Да прыезду "беларускіх чыгуначнікаў" у Лідзе ўжо працавалі ў школах маладыя настаўнікі, якія закончылі сэмінарыю ў Наваградку і пачалі беларусізаваць спольшчаныя пачатковыя школы, але спачатку ім ішло гэта вельмі цяжка, бо былі тэрарызаваныя й [знаходзіліся] пад страхам польскай помсты. Як пачаў дзейнічаць чыгуначны батальён, дык Палякі на чале зь іхнай паліцыяй прыціхлі, а нашыя настаўнікі "паднялі вушы". Ніколі не забуду, як у нядзелю спацыруючы з маладою настаўніцай Соняй у цэнтры гораду, многа якраз праходзіла па ходніках людзей з касьцёлаў. Ідуць супроць нас дзьве панюсі зь дзьвюма дзяўчынкамі-школьніцамі, а гэтыя, убачыўшы настаўніцу, паднімаюць ручкі і голасна вітаюць: "Жыве Беларусь". Я прыгожа адсалютаваў ім, а панюсі-полькі аж захлыснуліся: "Co sie robi, pani droga, ?wiat si? ko?czy".

Вельмі сардэчна мы пасьмяяліся з Соняю і цешыліся сваёй перамогай. У вольным часе пазнаёміўя зь беларусамі, працуючымі пры gebietsкамісары, і дзіўна быў заскочаны, што там у канцылярыях панавала поўнасьцю польская мова, але сьведамейшыя беларусы пачалі "адважна" гаварыць пабеларуску, маючы за плячыма сваё "войска".

Памятаю, спаткаў там інж. Клімовіча, т. зв. палкоўніка Дзямідава, сп-ра Вітаўта Рамука.

Хутка ўсе мы - афіцэры і падафіцэры, бел.[арускія] чыгуначнікі, настаўнікі, пераважна маладыя і прыгожыя паненкі і працаўнікі з адміністрацыі - наладзілі вялікае спатканьне - банкет і забаву. Забава была вельмі ўрачыстая. Помню, як плачучы горача прамаўляў палкоўнік Дзямідаў, вітаючы нашых вайскавікоў першы раз тут у гісторыі Ліды.

Не абышлося й без малых інцыдэнтаў. Танцуючы ў поўнай салі мае падафіцэры, як пачуюць, што нейкая парачка танцуе й папольску гаворыць, дык ня могуць устрымацца й зачапаюць такіх, гаворачы "хто вас сюды запрасіў - Палякаў". Здарылася гэта нават і са сп-ром Рамуком, які танцаваў зь нейкай сакратаркай і папольску гаварыў. А мне прыкра было ўспакайваць іх і тлумачыць. Цікава таксама, што мы даведаліся, што ёсьць дзесь на могілках праваслаўная царкоўка, а я сам любіў у нядзелі быць на богаслужбах і многія з маіх жаўнераў жадалі. Дык у нядзелю стройна са сьпевам маршыравалі ў царкву, але як пасьля службы выйдуць усе з царквы й знаёмяцца, дык цяжка было паверыць, што асабліва маладыя пераважна гавораць між сабою папольску. Знаёмячыся з нашымі вайскавікамі, цяжка ім, дзяўчатам, было пераломлівацца і нейк са страхам, аглядаючыся - гаварыць пабеларуску. Паколькі ў Лідчыне быў тэрор і палянізацыя, многія ўспамінаюць, што пакуль нашае "войска" там стаяла, панаваў крыху беларускі дух. На жаль, доўга гэта не патрывала, толькі 2-3 месяцы й немцы, пераканаўшыся, што нашыя "ваякі" ўжо добра пашколеныя - загадалі разьдзяліць гэтую вялікую роту на малыя аддзелы (па 10 да 15 чалавек) і рассылаць па меншых чыгуначных станцыях для аховы. Да кожнае дружыны я вымагаў далучыць свайго падафіцэра, каб камандаваў сваімі людзьмі. Пакінуў пры сабе сталы "штаб" - інструктараў, зь якімі пасьля Ліды быў пераведзены ў Маладэчну, дзе вышкаліў таксама роту маладых юнакоў, потым у Стоўпцы, а там, цікава, атрымаў рэкрутаў пераважна з усходняй Беларусі - са Случчыны, якія спачатку вельмі насьцярожана на нас, камандзераў, глядзелі (заходнікаў - ці "нямецкіх наймітаў"), але потым у часе шкаленьня здабылі да нас давер і пашану. Адзін з такіх пазьней стаўся падафіцэрам, расказваў мне, што баяўся мяне і не разумеў, чым я "пахну" - ці я за немцаў, ці за чырвоных, бо ў сваёй прамове казаў "напляваць нам на новую Эўропу ці новыя парадкі, а толькі трэба аружжа ў свае рукі хапаць й свайго дабівацца". Ад случчакоў шмат падхапіў песьняў і ўвёў іх да маршавога сьпеву.

Са Стоўпцаў перавялі мяне ў Баранавічы й тут ужо астаўся як бы ў "Галоўнай кватэры чыгуначнага батальёну". Паралельна з арганізацыяй мною роты ў Лідзе была арганізавана падобная рота ў Менску пад камандаю Зьмітрука Чайкоўскага, але зь Менску гэтая арганізацыя далей не пасунулася. Будучы ў Баранавічах, мяне лічылі "Verbindungsафіцэрам"* паміж усімі аддзеламі, раскіданымі па станцыях. На мясцох па станцыях нямецкія "вахтмайстры" стараліся апанаваць нашых чыгуначнікаў і поўнасьцю камандаваць імі, абкрадаючы іх у Verpflegung** і іншых запасах. Нашыя падафіцэры змагаліся за ўтрыманьне кантролі над сваімі жаўнерамі й часта здараліся інцыдэнты варожасьці, сутычкі.

* сувязным афіцэрам (ням.).

** харчовым пайку (ням.).

Так, напр., на станцыі Выгода - паміж Баранавічамі і Менскам - камандзер зьвязу Слонімскі збунтаваўся супроць нямецкай Bahnschutzpolizei*, разаружыў іх, разьдзеў і пашоў са сваім аддзелам у лес, залажыўшы беларускі партызанскі атрад імя К. Каліноўскага. Прысылаў ганцоў да мяне й наракаў, што доўга ня зможа самастойна ўтрымацца й будзе змушаны здацца чырвоным партызанам. Апошня два хлапцы вярнуліся да нас зь лесу, якіх мы захавалі перад немцамі. Расказвалі, што камандзера Слонімскага загналі дзесь узад у табар - не давяраючы яму.

* чыгуначнай паліцыі (ням.).

Мяне з гэтай прычыны вызывалі ў галоўную кватэру Bahnschutzpolizei у Менску, пагражалі, але я скарыстаў з гэтага, каб здабыць большае права лучнасьці й нагляду над сваімі хлапцамі, каб іх ня крыўдзілі немцы.

На адрэзку Клецак-Слуцак будавалі новую лінію чыгункі і туды скіравалі даволі многа нашых чыгуначнікаў для аховы будовы й мабілізацыі рабочых сілаў з падводамі. Паехаўшы туды адведаць сваіх, вадзілі мяне ў вёскі сярод сялян, якія на маю гордасьць і пацеху выражаліся вельмі прыхільна аб нашых хлапцах. Разумеючы, што яны мусяць выконваць загады Немцаў, але робяць гэта справядліва й лагодна, а ня так, як "белашыйкі" (паліцыя), якіх можна было "падкупляць" і [якія] паказвалі сваю брутальнасьць улады.

Будучы ў Баранавічах (на станцыі) пасьля заканчэньня шкаленьня, меў шмат часу й свабоду руху, чыгункаю мог езьдзіць ува ўсе бакі. Асабліва часта прабываў у Менску, быў зьвязаны з Беларускай Незалежніцкай Партыяй.

Прыяжджаў да мяне Барыс, калі дастаў дазвол арганізаваць конны швадрон, прапануючы мне вярнуцца ў Наваградак й абняць каманду якогась плютону. Аднак зразумеў, што мне не выпадае пакінуць сваіх чыгуначнікаў. Адно, што змог парадзіць яму, якіх камандзераў выбраць з кадраў быўшай школы БСА.

Усевалад Родзька запрапанаваў мне быць камэндантам кашараў, дзе адбываліся курсы кіраўнікоў Саюза Беларускай Моладзі, а ён быў кіраўніком і выкладчыкам на гэтых курсах. Вельмі цікава і прыемна было правесьці некалькі тыдняў з нашаю моладзьдзю, сярод якой трымаў дысцыпліну і меў пашану (сьведка М. Ганько).

У часе Другога [Усебеларускага] кангрэсу мне даручана было зь іншымі нашымі афіцэрамі ахова гэтага кангрэсу - у выпадку нападу партызанаў або Немцаў, якім магло не спадабацца завялікае вымаганьне незалежнасьці. Абладаваны двума пісталетамі й гранатамі, хадзіў дзесь па бальконах і кругом будынку, мала абсэрвуючы, што адбывалася на кангрэсе.

Хутка пасьля кангрэсу - адступленьне на Захад. Наш быў апошні цягнік, які адыходзіў з цэнтральнае станцыі ў Баранавічах (Палеская станцыя ўжо была занятая чырвонымі). Некалькі дзён перад гэтым былі сьведкамі вялікіх калёнаў пешаходаў і фурманак адступаючых бел. сялянаў і іншых у кірунку на захад. Многія падафіцэры, напр., Русак й жаўнеры, падыходзілі да мяне, пытаючыся, што рабіць. Радзіў ім, калі нічога ня ведаюць удома - дзе ты й калі зможаш захавацца перад тэрорам чырвоных - аставайся. Мы едзем няведама куды й калі вернемся. У апошні мамэнт далучыліся да нас пару дзяўчатак у зялёных уніформах (сярод іх Юзя Брэчка), даў ім асобнае месца ў вагоне, і забралі іх.

Падарожжа было доўгае й цяжкае. Міны і атакі партызанаў на дарозе. Нейк абмінулі Варшаву, паехалі праз Чанстахову, Сьлёнск на Прагу - у Чэхію. Адтуль уздоўж Баварыі ў раён Saarbr?cken, дзе нас разаружылі, загналі ў Durchgangslager*, а потым паразьдзялялі па станцыях, каб папраўляць калейкі пасьля аліянцкіх бамбёжак, якія там былі вельмі цяжкія й частыя. Аднаго разу зьяўляецца да мяне маёр Барыс і загадвае мне пакавацца і ехаць зь ім у Берлін. Загад з БНП быў трымацца з хлапцамі й пры аказіі перайсьці да францускіх партызанаў. Але-ж Барыс быў маім спонсарам у БНП, дык ня мог яму супраціўляцца.

* перасыльны лягер (ням.).

У Бэрліне на "Weissensee" тры дні правёў на рапартах з палк. Езавітавым - сколькі людзей пакіну і дзе яны і т. д. Гэты прапанаваў мне ўступіць у новаарганізаваную ў Баварыі Беларускую Дывізію. Заядлыя дыскусіі - БНП прапанавала лепш скідаць уніформу й йсьці ў рабочыя лягеры, наклейваючы сабе значкі "Ostarbeiter"*, каб у часе капітуляцыі быць сярод сваіх людзей і не пападаць у паніку. На нейкі час прыняў я камандаваньне нейкім "запасным батальёнам" у Бэрліне - гэта разьбіткі з Беларускай Краёвай Абароны - шмат афіцэраў і падафіцэраў, але панавала там анархія і бесдысцыплінаванасьць. Далей, таму што ўпіраўся ня ўступаць у дывізію, папаў у няласку прэзыдэнта Астроўскага, які выкрасьліў мяне зь лісты павышэньня рангаў (на маёра), ня мог атрымаць Verpflegungskarte**.

* усходні работнік (ням.).

** харчовых картак (ням.).

Ня ведаю, дзе ў гэты час Барыс боўтаўся. Сп. Ю. Сабалеўскі запрапанаваў мне разам зь Бяленічам быць інспэктарам па расьсяленьні бежанцаў у Нямеччыне, якіх часта пасялялі ў Ostarbeiterlagers*.

* лягерох для ўсходніх работнікаў (ням.).

Дастаў прымэльдаваньне й харчавыя картачкі. Пачаў езьдзіць па Нямеччыне, знаqшоў сваю сымпатыю Вару М. у Турынгіі. Урэшце йзноў зьявіўся Барыс і заявіў мне, што нігдзе ня выкруцішся. Дывізія ўжо зарганізавана й мне прапануецца камандаваньне афіцэрскай школы пры гэтай дывізіі. Атрымаў зялёную вайсковую ўніформу з пагонамі капітана і выехаў у Баварыю.

Тут пачаліся нармальныя заняткі ў школе і ў батальёнах "дывізыйных". Барыс прыпыніўся пры штабе гэнэрала Зыглінга як лучнік да дывізыі (Verbindungsoffizier).

За пару тыдняў прысылаюць у школу "Sturmbahnf?her'а" Marbach, які пераймае каманду школы, якую пераймяноўваюць у "падафіцэрскую школу (Unteroffizierschule). Мне прапануюць астацца, як "Verbindungsoffizier". Паўстала замяшаньне. Кадэты пачалі бунтавацца, ня прызнаючы нямецкага камандзера, а дэманстрацыйна здаючы мне рапарты і т.д., як, напр., Зьмітро Зыбайла (?). Немцы загадалі мне й некалькі афіцэрам- інструктарам больш не паяўляцца ў школе, а сядзець у асобным бараку да дальшага распараджэньня.

Ізноў зьяўляецца Барыс - забірае мяне ў штаб, дзе быў у нейкім замку на ўрачыстасьці з усім нямецкім гэнэралітэтам і даволі блізка абсэрваваў самога гэн. Зыглінга, які выдаваўся мне вельмі прыстойны, высокі й даволі сымпатычны. Атрымоўваем з Барысом паперы й напраўленьне на поўнач у Rostock. Гэта мне вельмі заімпанавала, бо вельмі-ж калісь прагнуў папасьці ў нямецкую акадэмію ваенную.

Там школілі нас на камандзераў батальёнаў і брыгадаў. Ня было афіцэра ніжэй капітана, шмат маёраў і палкоўнікаў Ritterkreuztr?gers*.

* кавалераў "Рыцарскага крыжа" (ням.).

З чужаземцаў было з намі пяць афіцэраў мадзярскіх. Вадзілі на палігоны, дэманстравалі панцэрфаўсты й панцэршрэкі.

На выкладах вучылі, як арганізаваць штаб батальёнаў і новыя дывізыі "45" з малою колькасьцю людзей, але вельмі сільнаю зброяй, кожны жаўнер з аўтаматам. Падкрэсьлівалі Немцы, што ім не хапае добрага вышкаленьня ваяваць уночы і ў лясох г. зн. з партызанамі.

Вазілі нас ува ўнівэрсытэт у Ростак на цікавыя выклады й дыскусіі. У часе перарываў высокія афіцэры акружвалі нас пры перакурцы, распытвалі хто мы, бо мелі на шапках Пагоні, а на каўнерах ярылаўскія крыжы. Асабліва захопленыя былі Барысом, які сярод іх выглядаў молада, быў у ранзе маёра й бадзёра трымаўся. Я асабіста нейк слаба разумеў панямецку, ды агарнуў мяне пэсымызм, чуючы часта гарматныя стрэлы недалёка пад Штэтынам.

Пыталіся і радзіліся нас практычных заўвагаў пра барацьбу з партызанамі. Цікава, што часта заяўлялі, калі-б нас (Немцаў) аліянты пакінулі бамбіць і атакаваць з захаду, дык мы гэтым герояў чырвоных яшчэ здольныя былі-б загнаць назад з-пад Бэрліна й Штэтына за Маскву. Аднаго разу выгналі нас на пляц кашараў, пастроілі ў трыкутнік (чалавек каля пару тысяч). Зьяўляецца фэльдмаршал з булавою, якому здалі рапарт, а ён кажа: "Спадары, на ўсходнім фронце дрэнна, таму што шмат дэзэрцыі. Я патрабую пару сотняў ахвотнікаў сярод вас, якіх мы кінулі-б на фронт каб устрымаць дэзэрцыю.

Ахвотнікі, прашу выступіць наперад". Цішыня і ніхто не варушыўся. Фэльдмаршал ня гневаўся, а спакойна заявіў - я разумею, таму мушу сам вызначыць, і ідучы перад лініямі пастроеных паказваў булавою Вы-Вы-Вы, каб выступалі, і наткнуўся на Барыса, які заўсёды строіўся ў першы рад, а я за ім у другім раду. Барыс самлеў, а я ззаду "Кажы, што Ausl?nder*, дык ён мэльдуе, што з Беларускае Дывізіі, да якой ён хоча вярнуцца". Маршал лепш прыгледзеўся да ягоных адзнакаў і загадаў "Zur?cktreten", адступі назад. Зараз пад'ехалі аўтобусы й "ахвотнікаў" павязьлі недзе, а Барыс падзякаваў мне за параду.

* замежнік (ням.).

Крыніца: Спэцвыпуск часопіса АRCHE, МЕНСК 1999

Аўтар: Я. Сажыч

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Мілітарызацыя Наваградчыны ў часе нямецкае акупацыі 1941-1945

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.