Асуджаны эскадрон: у 1942 годзе яны марылі стварыць беларускае нацыянальнае войска

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Асуджаны эскадрон: у 1942 годзе яны марылі стварыць беларускае нацыянальнае войска. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Калі ў назве гэтага матэрыялу камусьці і пакажацца пах пораху грамадзянскай вайны, гэта ня будзе памылкай. “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкіх захопнікаў” на тэрыторыі Заходняй Беларусі – быўшых “Крэсах Усходніх” – насіла шмат у чым характар грамадзянскай вайны. Супярэчнасці гэтай крывавай эпохі, сляды якой працягнуліся на шматлікія дзесяцігоддзі, абярнуліся паламаным лёсам тысяч людзей. Безназоўныя магілы адных зраўняліся з зямлёй у вечнай мерзлаце краіны пад назвай ГУЛАГ; месцы вечнага супакаення іншых удзельнікаў тых падзей раскіданы па ўсяму свету – ад Канады да Аргентыны, ад Аўстраліі да Заходняй Германіі. Калі паміралі іх матулі, зняслаўленыя на сваёй Радзіме як матулі саўдзельнікаў фашыстаў, былыя “калабаранты” ці гінулі ў лагерах, ці харчаваліся ўбогім эмігранцкім хлебам, па-ранейшаму веруючы ў сваё прызначэнне, адстойвалі перад пасляваенным заходнім светам права на свабоду назаўжды згубленай для іх Радзімы. Радзімы, за якую яны змагаліся і прайгралі.

Другая сусветная вайна да самых каранёў страсанула ўклад жыцця беларускага народа, апынуўшагася паміж дзвюма нечалавечымі рэжымамі, народа, для якога вайна пачалася ў 1939, а не ў 1941 годзе. Змяніўшая польскую акупацыю акупацыя бальшавіцкая, адступіўшая ў хуткім часе перад гмахам акупацыі нямецкай, не паспела зрабіць “савецкімі” тутэйшых людзей. Напярэдадні ўварвання гітлераўцаў газета “Беларускі фронт”, якая выдавалася ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім, паведаміла пра настроі мас: “Пры першай жа магчымасці людзі кінуліся б з абдымкамі да кожнага, хто шчыра ці няшчыра б паабяцаў лепшую долю, а пры вядомым прымітывізме нашай вёскі ўплыў могуць аказаць і камуністы, і фашысты, і манархісты”. Больш за тое, замірэнне адносін паміж СССР з Рэйхам напярэдадні вайны прывялі да таго, што антыгітлераўскай прапаганды не вялося увогуле, насельніцтва ня мела ўяўлення пра зверствы Вермахта, яно псіхалагічна нейтральна сустрэла фашысцкую акупацыю, грунтуючы свае погляды толькі на ўласным вопыце, у тым ліку і на ўражаннях аб непрывабнай савецкай рэчаіснасці. І ў 1941, і ў наступныя гады ўчынкамі насельніцтва кіравала адна ідэя – выжыць.

На Нюрнбергскім працэсе шэф Галоўнага аддзела СС, а з лета 1943 года фактычны кіраўнік усходняй палітыкі Рэйха Готліб Бергэр казаў пра тое, што Беларусь – гэта “зямле, дзе, на жаль, нельга было зразумець, дзе была праўда, а дзе – фікцыя.” Яго падтрымлівае амерыканскі гісторык, даследчык фашысцкага генацыда ў СССР Джэралд Райтлінгер, сцвярджаючы, што на Беларусі з прыходам салдат Вермахта была развязана грамадзянская вайна, і на акупаванай тэрыторыі запанаваў “закон джунгляў”.

Той факт, што большая частка Беларусі апынулася пад кіраўніцтвам цывільнай адміністрацыі, узначальваемай Выльгелмам Кубэ, на першых парах адыграў сваю ролю ў заваёве сімпатый насельніцтва. Сяляне выкарыстоўвалі прыход немцаў для роспуску калхозаў, інтэлігенцыя, пераважна педагагічныя кадры, для выхавання цэлага пакалення юных беларусаў, у поўнай меры ўсведамляючых сваю нацыянальную прыналежнасць. У гэтым ім спрыяў акт ад 10 верасня 1941 года аб абавязковым наведванні школ дзеткамі ад 7 да 14 гадоў, першы цывільны акт, падпісаны В.Кубэ ў якасці намесніка Беларутэніі. Настаўнікі, у большасці выпускнікі Віленскай гімназіі, ухапіліся за гэтую ініцыятыву з адзінай мэтай: вучыць. “Вайной не апраўдаць невуцтва, жыццё моладзі не павінна праходзіць у цемры,” – такія настроі брадзілі тады ў асяроддзі малалікай яшчэ беларускай інтэлігенцыі. Падтрымала яе і большасць расейскіх настаўнікаў, якія прыехалі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе і не паспеўшых эвакуіравацца.

Наваградчына стала адным з тых месцаў, дзе школьная справа практычна адразу пайшла ўгору. Атрымалася ўгаварыць улады адкрыць школы ў Любчэ, у самім Наваградку. Часткова праблему кадраў вырашылі шасцімесячныя настаўніцкія курсы, адначасова былі адкрытыя прагімназія і настаўніцкая семінарыя. Арганізатарамі школ сталі вядомыя настаўнікі – Пётар Скрабец, браты Плескачы, Аляксандар Орса і яго жонка Наталла. У хуткім часе пасля пачатку вайны да іх далучыўся былы афіцэр польскай арміі Барыс Рагуля. Ён і створыць знакаміты конны эскадрон, пра які з душэўнай трапятлівасцю па сёняшні дзень успамінаюць уцалелыя ў жарновах рэпрэсій былыя яго байцы ці проста сведкі тых падзей.

“Галоўнае, чаго жадаў Рагуля, - узяць зброю, а там ужо глядзець па абставінам, што з ёю рабіць”, успамінае былы настаўнік ваеннай пары Міхал Кожыч, вызваляўшы пазней Еўропу, але таксама не пазбегнуўшы ГУЛАГа. (У 1989 годзе ён сустрэўся ў Таронта з быўшым сваім настаўнікам Барысам Рагуляй, цяпер праслаўленым доктарам, прафесарам аднаго з прэстыжных канадскіх універсітэтаў). З-за розных да гэтага адносін у Аляксандра Орсы былі спрэчкі з Рагуляй. “Не чапайце моладзь”, - настойваў Орса, а Рагуля пярэчыў: “А хто ж будзе бараніць вёску?”

Бараніцца між тым было неабходна. Роўна лютавалі, па ўспамінам іншага “эскадронаўца” Яўгена Ўсюкевіча, і нямецкія карнікі, і літоўцы-паліцаі, і “лясныя бандыты”, і захадзіўшыя на Беларусь казацкія рэйды. Ад партызан бараніцца прыходзілася ў той жа ступені, што і ад немцаў, паколькі тыя не грэбавалі ні рабаўніцтвам, ні часта бессэнсоўнымі “карнымі акцыямі”. Міхал Кожыч распавядае, што з самага пачатку яго настаўніцтва ў роднай вёсцы Полбераг партызаны часта наведвалі школу, заходзілі на ўрокі – сачылі, ці няма нямецкай прапаганды. Яе не было, як не было і прапаганды бальшавіцкай. “Невядома, што будзе далей, як павернецца вайна, а нам у любым выпадку не патрэбна ні немцаў, ні Саветаў, і дзяцей у палітыку блытаць ня трэба”, - навучалі Кожыча пажылыя настаўнікі.

Спалілі школу партызаны толькі ў 1944 годзе, праўда, настаўніка не кранулі, а толькі змрочна пажартавалі на развітанне: “Цябе з сабой ня клічам, ты гарэлкі ня п’еш, ідзі сабе ў горад, толькі за зброю не бярыся”. Нешта падобнае распавядае пра Барыса Рагулю Яўген Усюкеіч: “Ужо будучы адначасова выкладчыкам у гімназіі і камандзірам коннага эскадрона, ён ня быў супраць, калі хтосьці з нашых ішоў да партызан, казаў – што ж, бяры зброю і ідзі, толькі ваюй за Беларусь. Але дома не сядзі, таму што прыйдуць і заб’юць цябе немцы альбо партызаны.”

Выраз “кроў не вада, а Бог – не цяля” поўнасцю губляе свой сэнс тады, калі лінія фронту праходзіць ня толькі паміж акопамі войск варагуючых дзяржаў, але і паміж ваколіцамі вёсак, паміж бацькам і сынам, калі крывавы разлом раздзірае сэрца чалавека. І тады мірнае “кім быць?” ператвараецца ў разгубленае “з кім быць?” Беларусь, БССР, Беларутэнія. Якую будучыню нарыхтаваў лёс гэтай зямлі, у тыя гады ня ведаў ніхто. І кожны змагаўся – бо ў час вайны змагаюцца ня толькі зброяй, але і хлебам, і словам – за тую будучыню, у якую шчыра, усёй душой вераць.

Асноўны кантынгент коннага эскадрона складалі студэнты настаўніцкай семінарыі. Большай часткай ён быў патрэбна для ўраўнаважання сілаў, для абароны найбліжэйшых вёсак ад лютуючых “зондэркаманд” і набегаў з лесу. Выдаўшыя атраду нейкую колькасць зброі немцы хаця і не надта лічыліся з яго кіраўніцтвам, усё ж бачылі ў эскадроне нейкую гарантыю ад партызанскіх вылазак, хаця ў сапраўднасці сутычкі з партызанамі ў “рагуляўцаў” здараліся вельмі рэдка. Здараліся яны звычайна, калі здзяйсняючы пасля навучання патрульныя экспедыцыі эскадрон надта далёка адыходзіў ад Наваградка. На адкрытыя сутыкненні партызаны не ішлі, звычайна абмяжоўваліся абстрэламі атрада з неадкладным адыходам. Затое па вёсках вялі жорсткую прапаганду, пад страхам смерці забараняючы моладзі ісці ў “рагуляўцы”.

Але моладзь у эскадрон ішла, не ў апошнюю чаргу дзякуючы абаянню і аўтарытэту самога Барыса Рагулі, любімца усёй настаўніцкай семінарыі, выкладчыка гімнастыкі і нямецкай мовы. “Падобнага на яго такога ж прывабнага маладога чалавека я больш не сустракаў, - успамінае яшчэ адзін тагачасны студэнт настаўніцкай семінарыі, Канстанцін Рамановіч. – Усе юнакі семінарыі яму стараліся пераймаць, для ўсіх ён быў кумірам, кожнае сказанае ім слова мы сустракалі з куды большым даверам, чым прапаганду з лесу ці нямецкія пракламацыі. Ім захапляліся усе, хто тады яго ведаў. Бліскучы малады афіцэр, ён быў сапраўдным патрыётам Беларусі, і мы, падлеткі, ішлі за ім, гатовыя ваяваць за Беларусь. Я не пайшоў за ім толькі аднойчы, калі ў 1944 годзе, ужо перад самым надыходам Чырвонай Арміі, Барыс Рагуля, вярнуўшыся з Віленшчыны (як я мяркую, за тым, каб развітацца з Наваградкам і забраць сваю нявесту, нашу студэнтку Люду Гутар), пастроіў нас на Замкавай гары, дзе калісьці мы давалі прысягу, і прапанаваў: хто застаецца з ім – сыходзім на Захад з нямецкімі часткамі, астатнія могуць ісці да бацькоў. Ён папярэджваў – ад Саветаў наўрад ці мы дачакаемся чагосьці добрага. Я тады паглядзеў навокал і зразумеў, што нікуды з роднай Наваградчыны мне не пайсці...” (К.Рамановіч двойчы прайшоў пекла сталінскіх лагераў, як і іншы яго зямляк, паэт з Наваградка Самсон Пярловіч, таксама быўшы “эскадронавец”).

Сам Барыс Рагуля, ураджэнец Любчанскага раёна, пляменнік вядомага ў тыя часы грамадскага дзеяча, дэпутата польскага Сойма, у першыя дні пасля ўварвання гітлераўцаў у Польшчу апынуўся ў палоне, збег і зноў апынуўся ў турме, на гэты раз у савецкай, у сумна вядомай “амерыканцы” па падазрэнню ў шпіянажы. З прыбліжэннем немцаў да Мінску НКВД устроіў “чыстку” турмы, адпраўляючы “палітычных” на растрэл, “бытавікоў” – у эвакуацыю. Рагуле атрымалася сысці за “бытавіка” і зноў збегчы, выкарыстаўшы выпадак – канваіруемы грузавік з вязнямі патрапіў пад нямецкую бамбёжку, і ў наступіўшай неразбярысе частцы “бытавікоў” атрымалася пад кулямі схавацца ў бліжэйшым лесе.

З адкрыўшыміся сухотамі быўшы афіцэр дабраўся да Любчы, а ў хуткім часе, падлекаваўшыся, пачаў працу па падрыхтоўцы беларускіх кадраў... Асабліва моцную закваску беларускасці атрымалі выхаўнікі семінарыі ў летнім лагеры 1943, урачыста адкрытым Рагуляй пры падтрымцы мясцовай адміністрацыі. Развучылі да гэтага дня мноства толькі што напісаных беларускіх песень (праз гады яны загучаць у рэпертуары Данчыка), паднялі бела-чырвона-белы сцяг, і падымалі яго штодня, маршам адпраўляліся па вуліцах Наваградка на розныя будаўнічыя працы. І лагер, і эскадрон далі падлеткам урокі веры ў сваю зямлю, якіх ім хопіць на ўсё застаўшаеся жыццё, нават калі гэтая зямля ня зможа абараніць сваіх сыноў.

Далёка ня ўсе тагачасныя беларускія актывісты і прадстаўнікі адміністрацыі падзялялі пазіцыі Рагулі ў пытаннях будучыні Беларусі. Іншых, да прыкладу, лідэра Саюза Беларускай Моладзі Міхала Ганько, раздражнялі погляды Рагулі і іншых незалежнікаў, не прызнаваўшых неабходнасць нямецкага ўдзелу ў уладкаванні беларускай унутранай інфраструктуры, арміі і інш. Былы семінарыст Аляксандр Раковіч, сустракаўшыся з Ганько на курсах для актывістаў у Альберціне, успамінае, што словы апошняга ішлі часцей дольш за то, што ўнушалі на занятках падлеткам Рагуля і іншыя настаўнікі, заклікалі “шкадаваць нямецкую кроў”. Запытаўшы аднойчы ў семінарыста Раковіча, як той глядзіць на будучыню Беларусі, і пачуўшы ў адказ “праз прызму беларускай ідэі”, застаўся незадаволены: “Гэта ўсё вам ваш Рагуля ўкладвае, вось Украіна таксама хацела незалежнасці, а ў выніку ўжо амаль занятая ўся Чырвонай Арміяй”.

У 1943 годзе прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Р.Астроўскі абвясціў лакальную мабілізацыю ў Беларускую Краёвую Абарону. Вынікі яе (вельмі хутка колькасць прызыўнікоў склала 50 тысяч чалавек) паказалі – не жадаючы зноў апынуцца пад бальшавікамі, частка сялянства гатова пайсці пад нацыянальныя лозунгі і нават у адмысловай ступені паспрыяць церпячым паразу немцам. Але самі гітлераўцы так і не вырашыліся даць зброю БКА, кінуўшы ў хуткім часе сфармаваныя батальёны на свой уласны лёс. У шэрагах БКА апынуўся і наваградскі конны эскадрон. Але прыняць удзел у баявых дзеяннях ён не паспеў: немцы абвясцілі пра роспуск БКА, і частка “эскадронаўцаў” разам з іншымі адступаўшымі асколкамі БКА падаліся на Захад.

Лёс многіх быўшых байцоў эскадрона склалася трагічна – яны загінулі пад бамбёжкамі, не дасягнуўшы Германіі. Апынуўшыся ў Берліне, Барыс Рагуля ў чыне маёра якісьці час выконваў функцыю сувязнога паміж 30-й дывізіяй Зілінга, куды ўключылі частку адступіўшай БКА, і Беларускай Цэнтральнай Радай, але на яго практычна не звярталі ўвагі, а празмерная самастойнасць магла прывесці да трагічнага канцу, - паўтарэнню лёсу іншага беларускага патрыёта, капітана БКА Віталя Мікулы, забітага немцамі ў Дахаў.

Пазней, калі хуткі наступ Чырвонай Арміі прынудзіў лідэраў БЦР пачаць падрыхтоўку да дзейнасці ў эміграцыі і ў Радзе распачалася кулуарная барацьба, Барыс Рагуля і Ўсевалад Родзька паўсталі ў цэнтр партыі “незалежнікаў”, маючы шырокі актыў па-за БЦР і рыхтаваўшая зрабіць стаўку на “закід” у Беларусь людзей, здольных кансалідаваць там рэшткі БКА. Была жывая надзея на тое, што, атрымаўшы перамогу над фашызмам, саюзнікі аб’явяць вайну бальшавізму. Як паказаў час, планы гэтыя сталіся ня жыццяздольнымі, і праз год Барысу Рагуле прыйшлося накіраваць свае арганізатарскія здольнасці на дапамогу ў пасляваенным уладкаванні эмігрыраваўшай беларускай моладзі.

У Берліне салдат-беларусаў нямецкае камандаванне напачатку раскідала па розным вайсковым часткам, але паколькі нежаданне жаўнераў БКА ваяваць пад нямецкім кіраўніцтвам было відавочна, у 1944-45 гадах кіраўніцтва Ф.Кушаля, разам з узначальваемай генералам Мальцавым часткаю Рускай Вызвольнай Арміі, здаліся саюзнікам, па папярэдняй дамове з амерыканцамі, у гарах Шварцвальд. Большасць палонных гэта выратавала ад ГУЛАГа: не жадая абвастраць адносіны з СССР, саюзнікі спачатку ў жывёльных умовах утрымлівалі здаўшыхся ў палон, а затым у адну цудоўную раніцу ў лагеры з’явіліся НКУСаўцы з сабакамі. Збегчы на Захад атрымалася ня шмат каму, некаторыя скончылі жыццё самагубствам прама ў лагеры са словамі “Жыве Беларусь!” Адзіны магчымы сродак выратавання - запісацца палякам па нацыянальнасці і застацца на нейкі час у амерыканскай акупацыйнай зоне – людзі, аддаўшыя душу за Беларусь, выкарыстоўваць ня сталі. Для саюзнікаў жа паняцця “беларус” на той час не існавала...

У нас прынята гаварыць аб так званых хвалях эміграцыі. Першая – паслярэвалюцыйная, другая – пасляваенная, трэцяя, якая Беларусь амаль не закранула, - дысідэнцкая. “Дзевяты вал” беларускай эміграцыі прыйшоўся на 1945 год, год, у якім адны патрыёты Беларусі аднаўлялі зруйнаванае вайной, а другія, зносячы з сабой дробкі роднай зямлі, адплывалі ў далёкія краіны, назвы якіх раней чулі толькі на ўроках геаграфіі. І невядома, хто з іх – сапраўдныя патрыёты: старыя з ардэнамі, што крочаць кожны год па галоўнаму праспекту беларускай сталіцы, ці фермеры, адвакаты, прафесара, у пашпартах якіх няма “пятай графы”, але якія, у адрозненні ад шматлікіх жыхароў Беларусі, ведаюць сваё імя? Час усё расстаўляе па сваіх месцах. І калі мы жадаем бачыць поўны і бесстаронны малюнак нашай гісторыі, мы павінны кіравацца ня толькі фактамі, якія любая са старон можа паднесці тэндэнцыйна, але і аналізам гэтых фактаў з кропкі погляду мінулага, сучаснага і, вядома, будучага...

Газета "Имя" №173 ад 15.10.1998, пераклад з расейскай

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Асуджаны эскадрон: у 1942 годзе яны марылі стварыць беларускае нацыянальнае войска

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.