Дзейнасць групы Фабіяна Акінчыца (1939-1943)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Дзейнасць групы Фабіяна Акінчыца (1939-1943). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Фабіян Акінчыц нарадзіўся 20 студзеня 1886 г. у фальварку Акінчыцы (цяпер у межах горада Стоўбцы) Мінскага павета ў заможнай каталіцкай сям'і Яна і Эміліі. У 1906-1913 г. вывучаў права на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. У гады вучобы належаў да партыі расійскіх сацыял-рэвалюцыянераў (эсэраў). У 1923 г. вярнуўся з СССР і працаваў настаўнікам у Стаўбцоўскім павеце. У 1926 г. уступіў у шэрагі Беларускай сялянска-работніцкай грамады, быў адным з яе кіраўнікоў. У студзені 1927 г. арыштаваны польскімі ўладамі, у выніку судовага працэсу над дзеячамі грамады асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі. Пасля датэрміновага вызвалення з турмы з верасня 1930 г. быў членам кіраўніцтва пагаджальнай беларускай арганізацыі „Цэнтрасаюз", з якой выйшаў у сакавіку 1931 г. Пасля няўдалай спробы стварэння паланафільскай арганізацыі „Адраджэнне" выехаў з Вільні да Стоўбцаў, дзе ў 1932 г. заснаваў Беларускае таварыства дабрачыннасці, а ў 1934 г. у якасці яго старшыні стаў членам Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні [1].

У канцы 1933 г. у Вільні па ініцыятыве Акінчыца была створана група нацыянальных радыкалаў, што імкнуліся да заснавання Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі. Прапагандзе гэтага ідэйнага кірунку служыў часопіс „Новы шлях", які выдаваўся ў Вільні з лістапада 1933 г. пад рэдакцыяй Уладыслава Казлоўскага. Акрамя таго, ладзіліся публічныя лекцыі і дыскусійныя вечарыны, найбольш папулярныя ў віленскім студэнцкім асяроддзі. Былі распрацаваны праекты праграмы і статута партыі, падрыхтаваны яе ўстаноўчы з'езд.

Польскія ўлады, занепакоеныя кантактамі Акінчыца з Замежным бюро Нямецкай нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі (NSDAP - ННСРП), у 1936 г. адмовілі ў правядзенні з'езда, а ў 1937 г. забаранілі дзейнасць групы беларускіх нацыяналістаў у 150-кіламетровай ад савецкай Беларусі зоне - г. зн. на большай частцы заходніх беларускіх земляў [2]. У выніку рэдакцыя „Новага шляху" была перамешчана ў Ліду, дзе ў лістападзе 1937 г. выйшаў апошні нумар часопіса. Акінчыц вярнуўся на сваю гаспадарку пад Стоўбцамі ў чаканні выбуху вайны, якая мусіла разбурыць створаны ў Версалі і Рызе палітычны ўклад Усходняй Еўропы.

Пасля адхілення польскім урадам у студзені 1939 г. прапановы Гітлера наконт сумеснага выступу супраць СССР нямецка-польская вайна стала пытаннем найбліжэйшага часу. Вясной гэтага ж года Фабіян Акінчыц выехаў у Берлін і сярод іншых спраў заняўся падрыхтоўкай сумеснай з прадстаўнікамі ННСРП канферэнцыі беларускіх нацыянал-сацыялістаў. Канферэнцыя адбылася ў першай палове чэрвеня 1939 г. у Гданьску. Дагэтуль мала вядома пра рашэнні канферэнцыі і яе ўдзельнікаў. Паводле данясенняў польскай выведкі і паведамленняў прэсы, разглядалася гатовасць беларускіх нацыянал-сацыялістаў аказаць падтрымку нямецкім ваенным дзеянням у Польшчы наўзамен падтрымцы немцамі беларускіх незалежніцкіх пастулатаў [3].

Практычных вынікаў, незалежна ад прынятых рашэнняў, Гданьская канферэнцыя не займела. Пасля падпісання ў верасні 1939 г. нямецка-савецкага пакта аб сумесных дзеяннях Вермахта і Чырвонай арміі любая дапамога немцам ад беларускіх нацыстаў у Польшчы была не толькі залішняй, але і непажаданай. Таму амаль адразу ж пасля падпісання пакта нямецкія паліцыйныя ўлады, імкнучыся захаваць добрыя адносіны з новым хаўруснікам, забаранілі эмігрантам у Нямеччыне, у тым ліку беларусам, у той ці іншай форме праяўляць варожы настрой да СССР.

Улічваючы такую тактыку немцаў, Акінчыц на працягу пэўнага часу мусіў стрымліваць свае палітычныя амбіцыі. Да таго ж, большая частка яго даваенных паплечнікаў засталася на занятай Чырвонай арміяй тэрыторыі. Праўда, летам 1940 г. з Вільні ў Берлін прыбылі некалькі беларускіх палітычных дзеячоў - уцекачоў ад савецкай акупацыі, аднак нацыянал-сацыялістаў сярод іх не было. Затое ў той самы час на тэрыторыі Нямеччыны знаходзілася некалькі дзесяткаў тысяч беларусаў - жаўнераў польскай арміі, якія ў верасні 1939 г. трапілі ў нямецкі палон. Для іх рэгістрацыі, здзяйснення працэдуры вызвалення і аказання юрыдычнай дапамогі ў кастрычніку 1939 г. немцы стварылі спецыяльнае бюро - г. зв. беларускую адказную інстанцыю, кіраванне якой было даручана Фабіяну Акінчыцу. Таксама он стаў рэдактарам беларускамоўнай газеты, якую Вермахт выдаваў для палонных.

Ніводная з пералічаных функцый Акінчыца, аднак, не задавальняла - такія ж самыя „адказныя інстанцыі" былі створаны для палонных украінцаў і палякаў, a ix газеты адрозніваліся толькі назвамі. Усё гэта былі нямецкія ініцыятывы, якія не выключалі магчымасці правядзення сярод палонных палітычнай працы з мэтай стварэння на тэрыторыі Нямеччыны групы беларускіх нацыянал-сацыялістаў. Менавіта з беларускай нацыял-сацыялістычнай групай Акінчыц звязваў вялікія спадзевы на выпадак вайны з СССР і нямецкай акупацыі Беларусі. Таму на пачатку 1940 г. ён адмовіўся ад даручаных функцый і з'ехаў у Варшаву, дзе сабраў групу сваіх прыхільнікаў. Летам 1940 г. ёю кіравалі намеснік Фабіяна Акінчыца ў Генеральным губернатарстве Уладзімір Лазарэвіч, а таксама праўленне ў складзе Леаніда Баярчука, Гуманскага і Міхайлоўскага [4].

Пасля вяртання ў Берлін Ф. Акінчыц прыцягнуў да супрацоўніцтва свайго прыяцеля са Стаўбцоўшчыны Аляксандра Крыта, а таксама вызваленых з лагера ваеннапалонных Генрыха Барановіча і Васіля Камароўскага [5]. Актыўная дзейнасць паплечнікаў пачалася неўзабаве пасля выбуху нямецка-савецкай вайны, калі нямецкія лагеры для ваеннапалонных запоўніліся сотнямі тысяч жаўнераў Чырвонай арміі.

У канцы лета 1941 г., пасля атрымання ад кіраўніцтва Вермахта адпаведнай згоды, міністр акупаваных усходніх тэрыторый Альфрэд Розенберг упаважніў Фабіяна Акінчыца да апекі над гэтымі лагерамі і адшукання сярод палонных пэўнай колькасці беларусаў, згодных у якасці перакладчыкаў і прапагандыстаў супрацоўнічаць з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй на тэрыторыі Беларусі. У верасні была створана камісія, якая займалася пошукамі сярод ваенна-палонных кандыдатаў на такую службу і ацэнкай іх кваліфікацыі, пасля чаго выбраных накіроўвалі ў мясцовасць Вустраў (непадалёк ад Берліна) на 6-месяцовыя падрыхтоўчыя курсы. Працай камісіі, у склад якой уваходзілі Г. Барановіч, В. Камароўскі і А. Крыт, кіраваў Ф. Акінчыц.

Барановіч, Камароўскі і Крыт з восені 1941 г. працавалі ў школе прапагандыстаў у Вустраў у якасці арганізатараў навучальнага працэсу і лектараў. У 1942 г. да іх далучыліся вызваленыя з лагера ваеннапалонных былыя чырвона-армейцы Юры Зімёнак, Раковіч, Фядотаў і Мікалай Чупракоў [6]. Да сакавіка 1943 г. курс навучання ў Вустраў прайшлі тры групы прапагандыстаў агульнай колькасцю больш за сто чалавек. Пераважна гэта былі маладыя афіцэры Чырвонай арміі, выхаваныя ў духу камуністычнай ідэалогіі, якія находзілі з Усходняй Беларусі. За час вучобы яны мусілі засвоіць сістэму нямецкай цывільнай акупацыйнай улады на тэрыторыі Беларусі і асновы яе функцыянавання, авалодаць метадамі развянчання бальшавісцкай ідэалогіі, удасканаліць веды нямецкай і беларускай моваў, падрыхтавацца да публічных выступаў. Як вынікае з апублікаваных пасля вайны нешматлікіх успамінаў, яны былі глыбока ўдзячныя Акінчыцу за вызваленне з лагераў ваеннапалонных, дзе панавала надзвычай высокая смяротнасць [7].

Цалкам магчыма, што пераход гэтых чырвонаармейцаў на службу да немцаў найперш быў прадыктаваны памкненнем захаваць уласнае жыццё, што, аднак, для іх саміх не з'яўлялася апраўданнем здрады вайсковай прысязе. Акінчыц імкнуўся злагодзіць тое пачуццё здрады савецкай Радзіме праз прапаганду беларускіх нацыянальных ідэалаў, якія нішчыліся ў СССР і ігнараваліся заходнімі імперыямі. Ён падкрэсліваў, што ў такім становішчы толькі апірышча на Трэці Рэйх дае беларусам калі не гарантыі, то прынамсі магчымасць рэалізацыі ўласных нацыянальных пастулатаў. Пры гэтым Фабіян Акінчыц развіваў ідэі беларускіх нацыянал-сацыялістаў, падкрэсліваючы, што яны не абмяжоўваюцца барацьбой з бальшавізмам, а ставяць за мэту непазбежную перабудову грамадства, змяненне яго псіхалогіі, абуджэнне нацыянальнай свядомасці. „Мы, беларусы, - сцвярджаў ён, - не павінны ацэньваць гэтую вайну толькі праз прызму беларускіх інтарэсаў. Мы павінны ўсвядоміць сабе, што вайна вядзецца ў імя будучыні ўсяго цывілізаванага свету. Ад таго, якая сіла пераможа, будзе залежаць лёс усіх народаў. Таму мы не можам абмяжоўвацца сутнасна памылковай формулай: „Пачакаць і пабачыць, якая сіла будзе карыснейшай для беларускай справы". Больш за тое, вайна вядзецца дзеля перабудовы Еўропы на новых гаспадарчых і палітычных асновах. Якой бы ні была гэтая Еўропа ў найбліжэйшай будучыні, мы, беларусы, не павінны шкадаваць Еўропы перадваеннай. Нічога ў ёй мы не мелі і мець не маглі... He мелі мы ў сваім краі ніякіх магчымасцяў для працы, нацыянальнай не толькі па духу, але і па форме. Затое цяпер такую магчымасць маем" [8].

Пасля сканчэння курсаў выхаванцаў Акінчыца накіроўвалі ў распараджэнне Генеральнага камісарыята ў Мінску, дзе яны атрымлівалі працу, галоўным чынам у аддзелах прапаганды акруговых камісарыятаў. Верагодна, не ўсе яны падтрымлівалі ідэі Ф. Акінчыца, аднак пераважная большасць яго давер апраўдала. Праўда, здараліся ўцёкі да савецкіх партызанаў, але з-за недаверу апошніх да гэтых паўторных дызерціраў такія выпадкі былі рызыкоўныя і таму рэдкія.

Гэтыя прапагандысты і тыя нацыянал-сацыялістычныя дзеячы, што заставаліся на тэрыторыі Беларусі, і складалі групу Фабіяна Акінчыца, з дапамогай якой ён намерваўся заняць кіраўнічую пазіцыю ў беларускім руху. Трэба адзначыць, дадзеная група была не адзіная - яшчэ перад пачаткам нямецка-савецкай вайны ў Нямеччыне і на акупаваных тэрыторыях утварыліся некалькі груп, лідэры якіх таксама разлічвалі на зацікаўленасць беларускай праблемай з боку нямецкіх уладаў і на атрыманне кіраўнічай ролі ў Беларусі пасля акупацыі яе Вермахтам [9]. Спасылкі Акінчыца на ідэалагічную роднасць яго групы з ННСДРП збольшага ігнараваліся нямецкімі ўладамі, якія пры падборы супрацоўнікаў кіраваліся толькі ўласнымі крытэрыямі. У такой сітуацыі ён распачаў дзеянні, скіраваныя на выключэнне з гульні палітычных праціўнікаў і захоп кіраўніцтва беларускімі арганізацыямі ў Беларусі і на эміграцыі сваімі супрацоўнікамі [10].

Першая такая спроба была здзейснена ў Варшаве ў 1940 г., дзе група Фабіяна Акінчыца старалася захапіць уладу ў найбольш палітычна значным на той час Беларускім камітэце. Аднак жа, у сувязі з тым, што яго тагачасны старшыня доктар Мікалай Шчорс карыстаўся моцнай падтрымкай членаў камітэта, спроба не ўдалася. Тады Акінчыц заняўся стварэннем у Берліне камітэта, які, апрача статутных задач грамадскай узаемадапамогі, выконваў бы таксама і функцыі інстытуцыйнай базы для дзейнасці яго групы. У пасляваеннай гістарыяграфіі неаднаразова сцвярджалася, што творцам і першым старшынём Беларускага камітэта самапомачы (БКС) у Нямеччыне быў Мікалай Шкялёнак, які летам 1940 г. прыбыў з Вільні ў Берлін. Ёсць сэнс больш уважліва прыгледзецца да акалічнасцяў, звязаных з заснаваннем гэтай значнай і адзінай у Нямеччыне грамадскай беларускай арганізацыі, якая ў 1944 г. мела 14 мясцовых аддзелаў (у Лодзі, Торуні, Познані, Караляўцы, Мюнхене, Празе і іншых гарадах). Яна складалася з некалькіх тысяч членаў, пераважна вызваленых з лагераў для ваеннапалонных і накіраваных для працы ў рэгіёнах Беларусі былых жаўнераў польскага войска беларускага паходжання.

Паводле сведчання Аляксандра Крыта, галоўным ініцыятарам стварэння камітэта ў Берліне быў член групы Акінчыца Васіль Камароўскі. Той пасля вызвалення з лагера разаслаў ліст да ўсіх беларусаў, што на той час знаходзіліся ў Нямеччыне, з прапановай аб заснаванні камітэта, на які атрымаў каля 300 пазітыўных адказаў. Неўзабаве адбыўся ўстаноўчы з'езд, дзе было выбрана часовае праўленне. Старшынём камітэта стаў былы консул Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у Берліне Андрэй Бароўскі, а членамі праўлення - Васіль Камароўскі і Аляксандр Крыт" [11].

У сваёй справаздачы Крыт не падаў даты стварэння камітэта, аднак вядома, што Камароўскі быў вызвалены з лагера ваеннапалонных 19 сакавіка 1941 г. - значыць, усю арганізацыйную працу ён мог выконваць толькі пасля гэтай даты. Такім чынам, Беларускі камітэт самапомачы быў створаны не летам 1940 г., як часта сцвярджаецца, а не раней за першую палову 1941 г., калі нямецкія ўлады ўжо маглі не засцерагацца абвінавачванняў з боку СССР наконт актывізацыі беларускіх антысавецкіх арганізацый.

Далей А. Крыт піша, што пасля прыезду з Парыжа ў Берлін Мікалая Абрамчыка (гэта адбылося летам 1941 г.) члены часовага праўлення БКС даручылі яму кіраўніцтва камітэтам і нават прызначылі сталы заробак за гэтую працу. Удзел Абрамчыка ў працы БКС (не як старшыні галоўнага праўлення, а як яго „тэхнічнага кіраўніка") пацвярджае берлінскі штотыднёвік „Раніца" [12]. Андрэй Бароўскі быў хворы і не мог актыўна працаваць, у сувязі з чым быў толькі намінальным старшынём, а Крыт і Камароўскі яшчэ не мелі адпаведнага досведу і аўтарытэту.

Як пісаў пасля вайны Мікалай Абрамчык, у 1943 г. з пяці членаў праўлення БКС чацвёра належалі да групы Фабіяна Акінчыца. Гэтая акалічнасць у канцы 1943 г. аблегчыла выключэнне Абрамчыка з камітэта за непрыхільныя адносіны да людзей Акінчыца [13].

Сітуацыя ў Беларусі пасля яе акупацыі Вермахтам не адпавядала чаканням Акінчыца. Асабліва не хапала нацыянальных кадраў, падрыхтаваных да арганізацыі мясцовай адміністрацыі і паліцыі, у выніку чаго нямецкія вайсковыя ўлады ахвотна даручалі гэтыя функцыі больш дасведчаным даваенным польскім чыноўнікам і службоўцам, а таксама накіроўвалі ў Беларусь латышскія, літоўскія і ўкраінскія паліцыйныя фармаванні. Да таго ж, на пачатку верасня 1941 г. толькі заходняя частка Беларусі разам з Мінскам была перададзена цывільным уладам, а яе большая ўсходняя частка заставалася пад вайсковым кіраваннем.

Разлічваючы на сваю хуткую перамогу ў вайне, нямецкія ўлады не дазволілі стварыць на акупаваных тэрыторыях арганізацыі і палітычныя партыі нават нацыянал-сацыялістычнай скіраванасці. Была дазволена толькі дзейнасць Беларускай народнай самапомачы (БНС), статутныя задачы якой зводзіліся ў асноўным да грамадскай апекі і аховы здароўя. Гэта была пакуль адзіная грамадская арганізацыя, якая, нягледзячы на абмежаванасць сваіх функцый, стварала магчымасць для канцэнтрацыі і актывізацыі нацыянальных сіл. У верасні 1941 г. Розенберг прызначыў кіраўніком БНС доктара Івана Ермачэнку, тагачаснага дзеяча беларускага эміграцыйнага цэнтра ў Празе, які ад нейкага часу падтрымліваў кантакты з афіцыйным Берлінам.

Вільгельм Кубэ - генеральны камісар Беларусі.

Прызначаны Гітлерам генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ не падзяляў нігілістычнай нацыянальнай палітыкі Берліна. Перад нарастальнай пагрозай, якую выяўляў савецкі партызанскі рух, ён падтрымліваў беларускі нацыяналізм, імкнуўся да прыцягнення беларускага грамадства на нямецкі бок шляхам акрэсленых саступак у палітычных і культурных пытаннях, упарадкавання гаспадарчай дзейнасці, а таксама намагаўся паказаць беларускаму народу, што факт нямецкай акупацыі стварае для яго пазітыўную перспектыву. Ён падтрымліваў беларусізацыю адукацыі, адміністрацыйнага апарату, культурнага жыцця, прэсы, выдавецкай справы, дазволіў публічна выкарыстоўваць нацыянальную сімволіку. У сярэдзіне 1942 г. пад уласную адказнасць, перавысіўшы статутныя паўнамоцтвы БНС, дазволіў скласці ім Галоўную Раду на чале з Ермачэнкам, якому даручыў камандаванне антыпартызанскім узброеным фармаваннем - Беларускай самаабаронай. Нарэшце, стварыў інстытут Мужоў Даверу, у які ўваходзілі перадавыя дзеячы БНС. Праз год шэф нямецкай паліцыі бяспекі ў Мінску Эдуард Штрах абвінаваціў Кубэ ў тым, што той свядома дзейнічае ў кірунку сварэння беларускай дзяржавы на чале з Іванам Ермачэнкам у ролі прэм'ера [14].

Беларуская палітыка Вільгельма Кубэ амаль цалкам супадала з памкненнямі Фабіяна Акінчыца - за адным, але вельмі істотным выключэннем: ён сам намерваўся быць будаўніком беларускай дзяржавы пад нямецкім пратэктаратам. Акінчыц лічыў Ермачэнку сваім галоўным канкурэнтам і распачаў з тым нялёгкую барацьбу. Нялёгкую - бо, па-першае, абодва былі супрацоўнікамі Міністэрства Розенберга, які аднолькава іх падтрымліваў; па-другое, дзейнасць Ермачэнкі супадала з рашэннямі Кубэ як найвышэйшага прадстаўніка акупацыйнай улады ў Беларусі.

Акінчыц знайшоў, аднак, саюзнікаў у Галоўным упраўленні бяспекі Рэйха і падпарадкаванай яму паліцыі бяспекі ў Мінску. Паліцыйныя органы ад пэўнага часу варожа ставіліся да Кубэ за ягоную крытыку антыпартызанскіх акцыяў і імкнуліся да палітычнай кампраметацыі яго як выразніка і рэалізатара заведама супярэчных інтарэсам немцаў беларускіх ініцыятываў Ермачэнкі і кіраўніцтва БНС.

Палічыўшы, што надышоў адпаведны час, і ведаючы, што паліцыйныя ўлады шукаюць падставы для кампраметацыі Кубэ, у канцы 1942 г. Акінчыц і прапагандысты яго групы пачалі атаку на кіраўніцтва БНС і яго шэфа. На іх адрас скіроўваліся абвінавачанні ў ігнараванні, нават сабатажы такой важнай для немцаў справы, як актывізацыя грамадства да барацьбы з партызанскім рухам. Адначасова ўказвалася на тое, што кіраўніцтва БНС знаходзіцца пад уплывам панславісцкіх (гэта значыць - прамаскоўскіх) настрояў і прапартызанскіх сімпатый свайго так званага левага крыла, пра што нібыта сведчылі ўцёкі да партызанаў некаторых мясцовых дзеячоў БНС і жаўнераў Беларускай самаабароны [15].

Скарыстаўшы даносы Акінчыца, нямецкая служба бяспекі на пераломе 1942/1943 г. сфабрыкавала г. зв. справу Ермачэнкі, які абвінавачваўся ў найцяжэйшым злачынстве - дзяржаўнай здрадзе. Гэтым абвінавачаннем наносіўся апасродкаваны ўдар па Вільгельму Кубэ, адказнаму за дзейнасць БНС. Баронячы ўласную пазіцыю, Кубэ абараніў Ермачэнку ад абвінавачання, у сувязі з чым распачатае следства было скіравана на гаспадарчую дзейнасць БНС, у якой былі выкрыты злоўжыванні. Ермачэнка заставаўся ў Мінску, аднак працягваўся пераслед паліцыяй іншых дзеячоў БНС, у выніку чаго 24 снежня1942 г. быў арыштаваны і расстраляны член Галоўнай Рады БНС ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

На пачатку 1943 г. пазіцыя БНС пачала рэзка слабець і Фабіян Акінчыц, карыстаючыся прызнаннем з боку службоўцаў СС і паліцыі ў Берліне, спадзяваўся на саслабленне свайго галоўнага праціўніка. Тым часам кіраўніцтва СС мела ўсё большы ўплыў на дзейнасць міністэрства Розенберга і цывільнага праўлення ў Беларусі. Улічваючы гэтую акалічнасць, цяжка патлумачыць, чаго баяліся Акінчыц і яго супрацоўнікі (можа, зацягвання следчай працэдуры, a можа, яшчэ чаго іншага), якія імкнуліся прыспешыць упадак Ермачэнкі. Генрых Барановіч, які разам са сваім шэфам і чарговай групай навучаных прапагандыстаў выбіраўся да Мінска, 11 лютага 1943 г. пісаў пра гэта да свайго калегі ў генеральным камісарыяце Міхаіла Ганько: „Што да клікі Ермачэнкі (створанай у Беларусі), пра гэта будзем размаўляць у Мінску. Сёння магу сказаць толькі адно: ...Вы сабе не ўяўляеце, што людзі, каторыя выстаўляюцца як годныя даверу, лаяльныя да немцаў і беларускай справы, вельмі часта з'яўляюцца агіднымі тыпамі - нічога не вартымі, ілжывымі, здрадлівымі... Паўстае пытанне, як доўга такія анучы будуць засмечваць святую зямлю... Калі мы прыедзем да Мінска, выбухне бомба, у чым многія панове могуць не сумнявацца. Я абсалютна ўпэўнены, што ў гэтых ваўкоў у авечай скуры трапяць прызначаныя для іх асколкі" [16].

Цяжка сказаць, ці значылі словы Барановіча пра бомбу і асколкі тое, што група Акінчыца планавала замах на жыццё Ермачэнкі, ці вялося пра нейкую акцыю дзеля яго канчатковай кампраметацыі. Так ці інакш, група рыхтавала гвалтоўную расправу з кіраўніцтвам БНС. Аднак падзеі пайшлі інакш. Ліст Барановіча да Ганько, напэўна, не дайшоў да адрасата, бо быў перахоплены чыноўнікамі генеральнага камісарыята і перададзены Кубэ. Ён жа 23 лютага выслаў да Розенберга ліст, у якім абураўся дзеяннямі Барановіча і надалей бараніў I. Ермачэнку як вартага даверу супрацоўніка [17].

Гэты выпадак зблытаў усе планы групы. Праінфармаваны наконт іх Ермачэнка ў мэтах самаабароны арганізаваў замах на Акінчыца, які 5 сакавіка 1943 г. быў застрэлены мінскім журналістам Алесем Матусевічам. Каб пазбегнуць забароны дзейнасці генеральнага камісарыята, гэтае здарэнне было замоўчана мінскімі газетамі і радыё. Падобна на тое, што Кубэ не хацеў раскрываць акалічнасці замаху, a спробы ўказаць на „маскоўскіх агентаў" былі для сучаснікаў занадта неверагоднымі. Іван Ермачэнка захаваў сваё жыццё, але неўзабаве быў высланы з Мінска без права займацца палітычнай дзейнасцю і зноў вярнуўся ў Прагу.

Важнай ініцыятывай Фабіяна Акінчыца, зрэалізаванай неўзабаве пасля яго смерці, было стварэнне Саюза беларускай моладзі (СБМ). Ідэя стварэння такой арганізацыі нацыянал-сацыялістычнай скіраванасці вынікала з яго прагі да перабудовы беларускага грамадства, умацавання яго нацыянальнай свядомасці і антыбальшавіцкай скіраванасці, чаму спрыяла б адпаведнае выхаванне маладога пакалення.

Фон Готбэрг аглядае строй СБМаўцаў

Аднак гэтыя мэты не выклікалі цікавасці Розенберга, бо ў кароткім часе не прыносілі адпаведнай карысці для немцаў, а ва ўмовах вайны выпрацоўка доўгатэрміновай палітыкі ў адносінах да Беларусі была заўчаснай. Таму да вясны 1943 г. Розенберг не прымаў ніякіх рашэнняў па гэтай справе.

Акінчыц усё ж не пераставаў шукаць спосабаў пераканання Розенберга ў мэтазгоднасці стварэння беларускай моладзевай арганізацыі. Значную ролю ў гэтай справе адыграў яго малады супрацоўнік Генрых Барановіч. З дапамогай Акінчыца той наладзіў кантакты з кіраўніцтвам Моладзі Рэйха (Riechsjugendfuhrung), вывучыў структуру і метады працы нямецкай моладзевай арганізацыі Гітлерюгенд (Hitlerjugend) і адначасова прапагандаваў справу СБМ. Пры гэтым ён выкарыстоўваў аргументы, якія, несумненна, адпавядалі нямецкім чаканням.

Галоўнай мэтай ладжанай арганізацыі было перавыхаванне „збальшавізаванай" беларускай моладзі, што супрацьдзейнічала б яе далучэнню да партызанскага руху і тым самым стрымлівала б яго развіццё. Тэрмін „збальшавізаваная" адлюстроўваў рэальнае стаўленне да падзеяў усходне-беларускіх камсамольцаў. У дачыненні ж да большасці заходнебеларускай моладзі, якая ў самай нязначнай ступені ўспрымала камуністычную ідэалогію, ён быў некарэктным і не адпавядаў рэчаіснасці. Такім чынам, сцвярджэнне Фабіяна Акінчыца і Генрыха Барановіча наконт бальшавізацыі моладзі было не да канца праўдзівым, але ўсё ж яно магло зацікавіць нямецкія кіраўнічыя колы, якім не трэба было лішні раз нагадваць пра нарастальную пагрозу партызанскага руху на тэрыторыі акупаванай Беларусі.

Курсанты СБМ, Менск.

Адной з найважнейшых задач беларускай моладзевай арганізацыі, сярод іншага, мусіла стаць рэкрутацыя беларускай моладзі для працы ў Нямеччыне на прамысловых прадпрыемствах і будаўніцгве. У сувязі з гэтым Барановіч прапанаваў зацвердзіць арганізацыйную структуру СБМ з падзелам яе членаў на дзве групы дзеяння: „Беларусь" і „Нямеччына". На яго думку, праца ў Нямеччыне спрыяла б падрыхтоўцы такіх неабходных для адбудовы беларускай эканомікі высокакваліфікаваных спецыялістаў, а таксама развіццю прыязных кантактаў з нямецкай моладдзю. Хоць Барановіч добра ведаў, што і без пасрэдніцтва моладзевай арганізацыі беларускіх хлопцаў і дзяўчат прымусова выпраўляюць на працу ў Нямеччыну, дзе стаўленне да іх было не нашмат лепшым, чым да ваеннапалонных, але ён разлічваў на атрыманне для членаў СБМ прывілеяваных умоў працы і побыту.

Верагодна, гэтая беларуская ініцыятыва выклікала цікавасць з боку кіраўніцтва Моладзі Рэйха, якое 19 красавіка 1943 г. пераслала ўсю неабходную дакументацыю разам з распрацаваным Генрыхам Барановічам праектам статута СБМ у Міністэрства акупаваных усходніх тэрыторый для прыняцця адпаведнага рашэння [18]. Нарэшце, у канцы красавіка ці на пачатку траўня Розенберг даў згоду на стварэнне такой арганізацыі, у сувязі з чым перад яе стваральнікамі паўсталі новыя задачы: распрацоўка уніформы, прапагандысцкіх плакатаў, арганізацыя экскурсій беларускіх моладзевых дзеячоў у Нямеччыну, распрацоўка праграмы культурнага супрацоўніцтва паміж Гітлерюгенд і СБМ і г. д., у выкананні якіх сам Барановіч прымаў актыўны ўдзел. Выхаванцы Акінчыца складалі большую частку кіраўнічых кадраў гэтай арганізацыі і ўдзельнічалі ў яе дзейнасці ў Беларусі.

Дзейнасць Фабіяна Акінчыца і яго групы пасляваенныя беларускія гісторыкі і журналісты як на Радзіме, так і на эміграцыі ацэньвалі адмоўна. Як правіла, групу называлі айчыннай праявай фашызму, а яе дзеячоў - нямецкімі янычарамі, паслухмянымі калабарантамі і г. д. Трэба адзначыць, гэтыя нападкі былі аднабокія, а „хлопцы Акінчыца", як іх было прынята пагардліва называць, доўгі час не ўступалі ў палеміку. Тых, якія перажылі вайну, амерыканцы і англічане выдалі савецкім уладам, і толькі нямногім собіла застацца на Захадзе, бо яны не хацелі вяртацца да свайго ваеннага мінулага. Толькі пасля распаду СССР некаторыя з тых, хто застаўся жывы, наважыліся выступіць у абарону сваёй дзейнасці, акцэнтуючы галоўным чынам яе патрыятычныя матывы [19].

Пытанне пра тое, у якой ступені імкненне Ф. Акінчыца да ўлады было выклікана патрыятычнымі пачуццямі ці асабістымі амбіцыямі, застаецца дыскусійным. He падлягае сумненню адно - ва ўмовах нямецкай акупацыйнай палітыкі і вынікаў вайны яны былі нерэальнымі. Толькі створаны па яго ініцыятыве Саюз беларускай моладзі пакінуў выразны след у гісторыі, пра што, між іншым, сведчыць працяглая палеміка вакол значэння гэтай арганізацыі. Нягледзячы на сваю кароткатэрміновую дзейнасць, яна адыграла значную ролю ў патрыятычным выхаванні моладзі, якая пасля вайны ўдзельнічала ў антыбальшавіцкім нацыянальным руху ў Беларусі і была ідэйным падмуркам беларускай эміграцыі. Аднак у адпаведнасці з новымі ідэйнымі павевамі апалагеты СБМ пастараліся забыцца пра яго нацыянал-сацыялістычныя карані.

Крыніца: Беларускі Гістарычны Агляд, Том 14 Сшыткі 1-2 (26-27) Снежань 2007
Пераклала Наталля Пятровіч

Літаратура:
[1] Дагэтуль найбольш поўны нарыс пра палітычную дзейнасць Фабіяна Акінчыца апублікаваў Яўген Вапа. Гл.: Фабіян Акінчыц і ягоны лёс // Ніва. 19.09-10.10.1993. № 38-41.
[2] Новы шлях. 25.02.1937. № 24.
[3] Інфармацыю Дэпартамента бяспекі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча апублікаваў В. Склубоўскі. Гл.: 3 мінулых год // Ніва. 19.09.1982. № 29. Таксама: Kurier Polski. 22.06.1939. № 171; Хрысціянская Думка. 1.07.1939. № 20.
[4] Архіў новых актаў (Варшава). Александрыйскія мікрафільмы. Т-81. № 13/EAP-250d-18-10/4. Справаздача Ф. Акінчыца ад 10.01.1941.
[5] Генрых Барановіч (1916-2002) вызвалены з лагера ваеннапалонных 9.10.1940, Васіль Камароўскі (1914-1953) - 19.03.1941. Аляксандр Крыт не фігуруе ў ведамасцях Цэнтральнага музея ваеннапалонных у Ламбіновіцах-Аполі, дата і акалічнасці яго прыбыцця ў Берлін дагэтуль не вядомыя.
[6] Пра ўдзел Мікалая Чупракова ў групе Ф. Акінчыца гл.: Беларус. 2004, люты. № 493. У архіўных дакументах і мемуарнай літаратуры ён, аднак, не фігуруе. Магчыма, пасля вайны ён змяніў прозвішча.
[7] Шаўцоў С. Мая Адысея. Вільня, 1999. С. 40-41; гл. таксама рэляцыю М. Чупракова: Беларус. 2004, люты. № 493.
[8] Акінчыц Ф. Увагі на часе // Беларуская Газета. 1943. 28.03-11.04. № 24-28.
[9] У Празе дзейнічалі Іван Ермачэнка і старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка, у Варшаве - Мікалай Шчорс, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, Ян Станкевіч, у Лодзі - Радаслаў Астроўскі і Вітаўт Тумаш.
[10] Архіў новых актаў. Александрыйскія мікрафільмы. Т-81. № 13 / EAP-250d-18-10/4. Справаздача Ф. Акінчыца ад 10.01.1941.
[11] Ліст А. Крыта да А. Вініцкага ад 21.08.1967 г. (архіў аўтара). Гэтую інфармацыю пацвердзіў дзеяч БКС доктар Станіслаў Грынкевіч, які пісаў: „На арганізацыйным сходзе Камітэта ў Берліне першым яго старшынём быў абраны А. Бароўскі, былы консул БНР у Нямеччыне, сакратаром - Камароўскі, а скарбнікам - А. Крыт". Гл.: Беларуская царква. 1965. № 28.
[12] Раніца. 7.02 і 9/16.04.1943. На той час М. Абрамчык быў кіраўніком берлінскага аддзела БКС, што, напэўна, стала прычынай блытаніны наконт яго функцый у Камітэце.
[13] Абрамчык М. Доктар Станіслаў Грынкевіч // Беларус. 1966. Май. № 110; Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох. Мінск, 1999. С. 18.
[14] Шырэй пра палітыку В. Кубэ гл.: Turonek J. Bialorus pod okupacja niemiecka.. Warszawa, 1993.
[15] Акінчыц Ф. He забываць пра галоўнае // Беларуская газета. 4.03.1943. № 17; Архіў новых актаў. Александрыйскія мікрафільмы. Т-175. № 236. Рэгістрацыя СД № 38 ад 22.01.1943; тамсама. Т-454. № 39/1057. Ліст Готберга да Бергера.
[16] Тамсама. Т-454. № 39/1055. Ліст Г. Барановіча да М. Ганько ад 11.02.1943 г.
[17] Тамсама. Т-454. № 39/1055. Ліст В. Кубэ да Розенберга ад 22.02. 1943 г.
[18] Тамсама. Т-454. № 23/456-469. Die Lage der Jugend in Weissruthenien, Das Weissruthenische Jugendwerk, Satzungen der Jugendorganisation „Weissruthenisches Jugendwerk" i інш.
[19] Шаўцоў С.Чупракоў М.: гл. спасылку 7; Пранчак Л. Так і не пабачу Беларусь (вылаведзь М. Кавыля) // Літаратура і мастацтва. 30.06.1995. №25-26.

Аўтар: Ю. Туронак

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Дзейнасць групы Фабіяна Акінчыца (1939-1943)

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.