Нямеччына й беларускі нацыянальны рух напярэдадні й у першыя гады Другое Сусьветнае Вайны

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Нямеччына й беларускі нацыянальны рух напярэдадні й у першыя гады Другое Сусьветнае Вайны. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Беларусь у плянах Трэцяга Рэйху
У зоне палітыкі Трэцяга Рэйху
Спроба стварэньня адзінага каардынацыйнага цэнтру
Беларусь у плянах Трэцяга Рэйху

Нямецкія нацыянал-сацыялістыя, якія яшчэ ў 1920-я гг. распачалі бескампрамісную барацьбу з камуністамі, як зьлейшымі ідэёвымі ворагамі нацызму, прыйшоўшы ў 1933 г. да ўлады, узьвялі антыкамунізм у ранг уласнае дзяржаўнае палітыкі ды паставілі сабе за мэту зьнішчэньне бальшавіцкае Расеі й захоп яе неабсяжных абшараў для „жыцьцёвай прасторы арыйскае нацыі”.

Рэалізацыя такіх плянаў праводзілася па некалькіх напрамках. Важнейшымі зь іх былі: палітыка-дыпляматычны і ваенны. Хаваючы свае сапраўдныя намеры перад „краінамі заходняе дэмакратыі”, Гітлер прапагандуе свой рэжым „як бастыён супроць камунізму”1, удала выкарыстоўвае тагачасную гэапалітычную сітуацыю (грамадзянская вайна ў Гішпаніі, складанае палітычнае становішча на Далёкім Усходзе, а таксама нетрывалыя абставіны ў заморскіх калёніях Ангельшчыны й Францыі) і без адзінага стрэлу атрымоўвае адну за другой бліскучыя ваенна-дыпляматычныя перамогі: заняцьце Рэйнскай вобласьці, аншлюс Аўстрыі, анэксія Судэтаў і Чэхіі. У 1937 г. Бэрлін разам зь Японіяй і Італіяй заключылі антыкамінтэрнаўскі пакт. Усё гэта садзейнічала рэалізацыі бліжэйшых плянаў Гітлера па стварэньні Вялікае Нямеччыны й набліжэньні да граніцаў з СССР.

Але галоўным напрамкам па ажыцьцяўленьні гэтых мэтаў стала адкрытая эскаляцыя Гітлерам вайны. Пасьля няўдалае спробы ўцягнуць Польшчу ва ўзброеную барацьбу супраць Савецкага Саюза (студзень 1939 г.), гітлераўская Нямеччына, каб пазьбегнуць змаганьня на два франты, заключае мірнае пагадненьне з сталінскім Крамлём (Пакт Рыбэнтропа - Молатава ад 23 жніўня 1939 г.) і распачынае ваенныя дзеяньні з Польшчаю (1 верасьня 1939 г.). Усім было зразумела што „сяброўства” двух дыктатараў працягнецца нядоўга. Абодва яны рыхтаваліся да вайны.

Хаця сам Гітлер у плянах захопу Ўсходу не надаваў асаблівага значэньня адміністрацыйнаму напрамку па разьдзяленьні СССР на шэраг аўтаномных утварэньняў, гэты плян, аднак, увесь час прысутнічаў у намерах ведамства Альфрэда Розэнбэрга, адказнага за праблемы ўсходніх земляў. Рыхтуючыся да нападу на СССР, Розэнбэрг выдатна разумеў, што для кіраўніцтва акупаванымі тэрыторыямі неабходна мець здольны адміністратыўны апарат, чыноўнікі якога добра-б ведалі спэцыфіку таго ці іншага рэгіёну. Гэта азначала тое, што, так ці інакш, патрэбны былі падрыхтаваныя для падобнай працы людзі й шукаць іх трэба сярод прадстаўнікоў тых народаў, зь якімі ўпершыню немцы сутыкнуцца пры захопе Краіны Саветаў: беларусаў, украінцаў, латышоў, літоўцаў, эстонцаў ды іншых.

Ужо ў 1933 г. Нямеччына робіць захады да ладжаньня сувязяў зь блізкімі да сацыял-нацыялізму палітыкамі Заходняй Беларусі й Украіны, краінаў Балтыі, каб стварыць пляцдарм для падзелу СССР. Першыя кантакты зь беларускім бокам былі ўсталяваны праз Фабіяна Акінчыца - лідэра групы беларускіх нацыянал-сацыялістаў. Пры непасрэднай падтрымцы ведамствам Розэнбэрга групоўкі Акінчыца ў Вільні зь лістапада 1933 г. пачынаецца выдавацца газэта „Новы Шлях”2.

Адсутнасьць спэцыялістаў у галіне беларусістыкі і неабходнай інфармацыі пра ўсходнія землі, у тым ліку беларускія абшары, штурхала ўлады Трэцяга Рэйху да стварэньня навукова-дасьледчых цэнтраў па вывучэньні Ўсходу. Так, у другой палове 1930-х гг. пры Бэрлінскім Універсітэце ўтвараецца Нямецкі Інстытут Вывучэньня Замежных Праблемаў, пры якім ствараецца беларускі сэктар зь бібліятэкай. Дасьледаваньнем беларускага пытаньня ў гэтай установе кіраваў Гэрхард фон Мэндэ. Яшчэ ў 1938 г. ён наведаў Вільню, дзе меў размовы зь некаторымі вядучымі беларускімі палітыкамі й закупіў для бібліятэкі значную колькасьць беларускіх выданьняў. У другі раз праф. Мэндэ паехаў у Вільню ў ліпені 1939 г. для ўсталяваньня кантактаў з прадстаўнікамі беларускіх нацыянальных арганізацыяў3. Беларускім пытаньнем у гэты час займаецца й іншая дасьледчая ўстанова - Бэрлінскі Інстытут Вывучэньня Межаў і Замежных Краінаў, які прыцягнуў да супрацоўніцтва вядомага спэцыяліста па беларускім пытаньні Аўгена фон Энгэльгарта, латгальскага немца, які добра ведаў беларускую мову, жыцьцё й побыт беларускага народа, бо правеў сярод беларусаў Латгаліі сваё дзяцінства. Ужо ў 1917 г., падчас Першае Сусьветнае Вайны, ён уступіў у нямецкае войска, а з 1918 г. працаваў ў якасьці экспэрта па беларускіх справах у Палітычным Аддзеле пры штабе галоўнакамандуючага арміяй „Усход” (у Менску й Воршы). З гэтага часу ён распачаў зьбіраньне матэрыялаў для вялікай кнігі пра Беларусь, якая й была выдадзена ў 1943 г. пад назовам Беларусь. Народ і край. Менавіта ў другой палове 1930-х гг., зьяўляючыся супрацоўнікам вышэйузгаданага Інстытута, ён зрабіў некалькі значных публікацыяў пра Беларусь, такіх як нарыс пра спрэчную тэрыторыю Аўгустоўскага раёну, дзе жылі й на які прэтэндавалі чатыры народы (Беларусы й зямля чатырох народаў у раёне Аўгустова-Высціта4). Пазней ён зойме пасаду экспэрта па беларускіх справах у аддзеле Г. фон Мэндэ - дарадцы пры ведамстве А. Розэнбэрга, а з 1944 г. будзе накіраваны ў Райхскамісарыят Беларусь па спэцыяльнасьці - кіраўнік аддзелу лясной гаспадаркі ў Наваградзкім раёне. Яшчэ адным фахавым адмыслоўцам па-беларускіх справах быў Пэтэр Шайбэрт5. Ён супрацоўнічаў у той час з Аддзелам Прэсы Сакрэтнага Архіву ў Далеме й актыўна друкаваўся ў часапісе „Ёмсбург” („Jomsburg”)6.

Такая нязначная колькасьць навуковых спэцыялістаў ды ўстановаў не магла задаволіць патрабаваньні партыйных, дзяржаўных і ваенных колаў Трэцяга Рэйху. Сьведчаньнем гэтаму можа служыць брашура „для службовага карыстаньня”, матэрыялы для якой узяты зь Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі, выдадзенай пад назовам Беларусь і беларусы ў бальшавіцкім асьвятленьні7, якая выйшла ў сэрыі „Службовыя Выданьні” пад кіраўніцтвам дырэктара Сакрэтнага Архіву ў Далеме Ё. Папрыца. З 1932 г. ён становіцца супрацоўнікам Аддзела Публікацыяў, а з 1 верасьня 1938 г. ягоным кіраўніком. Папрыц адыграў пазьней важную ролю ў арганізацыі й падрыхтоўцы беларускіх выданьняў, стварыўшы пры сваім архіве адмысловую беларускую групу. Яго Аддзел Публікацыяў стаў для заснаванай ў 1933 г. Нямецкае Асацыяцыі па Садзейнічаньні Даследаваньням Паўночных ды Ўсходніх Краінаў у якасьці канцылярыі й выдавецтва. Дзякуючы гэтаму ён стаў адным з выдаўцоў сэрыі „Нямеччына і Ўсход”, дзе была пазьней падрыхтавана й надрукавана значнае даследаваньнне В. Концэ пра Беларусь Зямельная рэформа і насельніцтва ў Літве й Беларусі8. Частка першая, у якой было пераканаўча паказана, што ўжо ў ХVІІ ст. на тэрыторыі Беларусі былі праведзены рэформы, якія ў Расеі пачалі рэалізоўвацца Сталыпіным толькі ў пачатку ХХ ст. Аддзел Публікацыяў выдаваў таксама ўжо згаданы часапіс „Ёмсбург”, які прызначаўся для дасьледаваньня ўсходняй і паўночнай Эўропы, дзе пераважна друкаваліся матэрыялы пра Польшчу, краіны Балтыі, Скандынавіі ды іншыя. Зрэдку тут зьмяшчаліся й матэрыялы пра Беларусь9.

Акрамя таго ў 1938 г. пад Бэрлінам быў створаны Інстытут Ванзэе, які меў аддзел публікацыяў Паведамленьні пра Становішча ў Савецкім Саюзе. Магчыма гэтай прапагандысцкай установай выдавалася ўжо падчас савецка-нямецкае вайны ўлётка „Савецкая Беларусь”, якая па зьнешнему выгляду нагадвала старонку бальшавіцкае газэты „Савецкая Беларусь”, аднак была напоўнена антысавецкімі прапагандысцкімі матэрыяламі. Больш таго, перад самай вайною была створана рэдакцыя прапагандысцкіх перадачаў супраць Савецкага Саюзу „Вінэта”10, у якой меўся і Беларускі Аддзел, дзе працавалі Андрэй Бароўскі, Юліяна Мэнкэ, Шудзейка, Якімовіч, пазьней праф. Мікола Байкоў і некаторы час кс. Вінцэнт Гадлеўскі. Перад наступам нямецкіх войскаў на тэрыторыю Беларусі беларускі каталіцкі сьвятар выступіў з прамовай да суродзічаў, у якой заклікаў да барацьбы супраць бальшавізму й тварэньня пры дапамозе Нямеччыны беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці.

У 1936 г. актыўны дзеяч Беларускай Нацыянал-Сацыялісцкай Партыі Ўладзіслаў Казлоўскі наладзіў кантакты з украінскімі нацыяналістамі праз прафэсара Ўкраінскага Навуковага Інстытуту ў Бэрліне Івана Мырчыка і інжынера Шэмета ў Варшаве, якія, па асабістай дырэктыве гэтмана Скарападскага, абмеркавалі пытаньне пра стварэньне агульнага беларуска-ўкраінскага фронту для сумеснай барацьбы з камунізмам у СССР і яднаньні Беларусі й Украіны пад пратэктаратам Нямеччыны11.

У час падрыхтоўкі да вайны паміж Польшчай і Нямеччынай на Ф. Акінчыца былі ўскладзены ня толькі ідэалягічныя, але й ваенныя задачы:

1. дывэрсіі ў тыле польскага войска падчас пачатку зь ёю вайны;
2. арганізацыя групаў моладзі для дывэрсійных актаў;
3. пранямецкая агітацыя;
4. агітацыя за масавае дэзерцірства з польскага войска;
5. арганізацыя й перапраўка нацыянал-сацыялісцкай літаратуры12.

Па меры таго як набліжалася нямецка-польская вайна розныя інстанцыі Нямеччыны праяўлялі ўсё большую цікавасьць да беларускага нацыянальнага руху. Паводле „апэратыўных зьвесткаў” НКВД, якія былі выкарастаны шэфам яе менскае філіі Лаўрэнціем Цанавай у сакрэтным лісьце да першага сакратара ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкі паведамлялася, што, ў чэрвені 1939 г., напярэдадні самой вайны, была склікана канфідэнцыяльная канфэрэнцыя прадстаўнікоў беларускіх нацынальных асяродкаў з розных краінаў. Ініцыятыва зыходзіла зь нямецкага боку і канфэрэнцыя праводзілася пад кіраўніцтвам нямецкага чыноўніка па беларускіх справах зь ведамства А. Розэнбэрга - праф. Мэндэ, які прыбыў з Бэрліна. На гэтай канфэрэнцыі, што адбылася ў Гданьску, праф. Мэндэ, як афіцыйны прадстаўнік Нямеччыны, заявіў, што нямецкі ўрад акажа шырокую падтрымку нацыянальнаму руху беларусаў, прычым справа тычылася тут ня толькі акцыяў супраць Польшчы, СССР, але нават і краінаў Балтыі. У прынятай сакрэтнай рэзалюцыі канфэрэнцыі даводзілася:

„Ёсьць толькі адна мажлівасьць атрыманьня незалежнасьці радзімы - абаперціся на вялікі нямецкі народ. Толькі пад сьцягам нацыянал-сацыялізму й дзякуючы бязьлітаснай барацьбе з агрэсіяй дэмакратычных дзяржаваў і іх захопніцкай і прыгнятальніцкай палітыкай у адносінах да Беларусі, якая праводзілася ўрадамі Літвы, Латвіі, Польшчы і СССР, мы можам дабіцца незалежнасьці й шчасьця народу. (...) Маючы афіцыйныя завярэньні кіруючых сфэраў вялікага брацкага нямецкага народу, мы ўпэўнены, што выйграем нашу барацьбу”.

Акрамя таго некаторыя ўстановы Трэцяга Рэйху ў 1939 г. напярэдадні польска-нямецкай вайны распачалі арганізацыю т.зв. „сезоннай эміграцыі” беларускіх працаўнікоў у Нямеччыну, для апрацоўкі ў далейшым іх у нацыянал-сацыялісцкім духу й выкарыстаньня для прапаганды ды выведкі ў заходніх вобласьцях Беларусі пасьля разгрому Польшчы, каб затым выкарыстоўваць іх супраць савецкага рэжыму.

У Латвіі (г. Рыга), дзе штогод зьязджаліся з былой Польшчы 10-15 тысяч беларусаў у пошуках сезоннай працы, Міколе Дзямідаву даручалася арганізаваць іх наём у Нямеччыну паводле лісту нейкага Крытса, які прасіў завербаваць яму 1000-1500 беларусаў.

8 ліпеня 1939 г., калі ў Бэрлін прыехаў Дзямідаў, нямецкія ўлады прапанавалі яму неадкладна накіраваць у Рэйх 2000 беларусаў „для збору ўраджаю” й падкрэслілі, што „Нямеччына на гэта не пашкадуе грошай”.

Дзямідаў адну такую групу накіраваў у Нямеччыну пры дапамозе нямецкага консульства ў Латвіі, чыноўніка Латвійскае Паліцыі В. Корці ды спэцыяльных эмісараў Рэйху.

Пра зацікаўленасьць Нямеччыны ў атрыманьні беларусаў сьведчыць і тое, што да Дзямідава спэцыяльна прыязджаў зь Нямеччыны нейкі Шмідт для перамоваў па паскарэньні эміграцыі, а таксама нямецкі эмісар Энгэльгарт, якога латышскія ўлады арыштавалі13.

Пасьля краху Польшчы пэўныя нямецкія арганізацыі ўзмацнілі работу сярод беларусаў і ўкраінцаў, дазволіўшы ім для прыкрыцьця сваёй дзейнасьці супраць СССР арганізаваць лягальныя нацыянальныя асяродкі.

У першыя месяцы пасьля заняцьця немцамі тэрыторыі Польшчы ў Варшаве быў створаны Беларускі Камітэт, які ўзначаліў на пачатку Ф. Акінчыц. Пазьней падобныя камітэты былі арганізаваны й у іншых гарадах Гэнэральнага Губэрнатарства. Гэтыя камітэты праводзілі арганізацыйную працу па павялічэньні свайго колькаснага складу шляхам ладжаньня прапагандысцкіх акцыяў, друкаваньня адозваў, скліканьня сходаў, арганізацыі харавых гурткоў і г.д. Ставіліся мэты па стварэньні масавых арганізацыяў, якія-б былі здольны выступіць пры падтрымцы немцаў супраць Саветаў, за стварэньне самастойнай беларускай рэспублікі пад пратэктаратам Нямеччыны. Дзеля актывізацыі дзейнасьці Варшаўскага Беларускага Камітэту туды быў накіраваны Мікола Шчорс, былы старшыня Беларускага Студэнцкага Саюзу ў г. Вільні.

У Бэрліне на беларускай мове пачынае выдавацца з 1939 г. газэта „Раніца”.

Мікола Шчорс разам з Уладыславам Казлоўскім па прапанове нямецкіх адмысловых структураў пры непасрэднай дапамозе нямецкай памежнай аховы ў ліпені 1940 г. перакінулі ў заходнія вобласьці Беларусі шэраг кур’ераў з заданьнем актывізацыі дзейнасьці групаў беларускіх нацыяналістаў і ўмацаваньня сувязі паміж імі14.

У зоне палітыкі Трэцяга Рэйху

Яшчэ да сярэдзіны 1930-х гг. большасьць прадстаўнікоў беларускага вызвольнага руху, як левыя, так і цэнтрысты з правымі, ставіліся да палітыкі Нямеччыны раўнадушна і, нават, насьцярожана, за выключэньнем, бадай, беларускіх нацыянал-сацыялістаў (групоўка Ф. Акінчыца). Зьмена гэапалітычнай сітуацыі ў Эўропе ў другой палове 1930-х гг., разгорнутая нямецкая прапагандысцкая кампанія пра абарону Трэцім Рэйхам нацыянальных меншасцяў, „дараваньне” Славаччыне ў сакавіку 1939 г. незалежнасьці, шуміха афіцыйнае нямецкае прэсы супраць польскіх уладаў у абарону правоў насельніцтва Заходняе Беларусі, нарэшце, той факт, што Нямеччына паступова становіцца галоўнаю сілаю ў кантынентальнай Эўропе, што пераарыянтуе значную частку нацыянальных сілаў ва „ўсходніх крэсах” ды ў эміграцыі ў бок Бэрліна. Калі да 1938 г. галоўныя эмігранцкія ды заходнебеларускія незалежніцкія беларускія выданьні як „Беларускі Фронт” (кс. В. Гадлеўскі), „25 Сакавіка” (В. Папуцэвіч) „Хрысьціянская Думка” (Янка Пазьняк, кс. Адам Станкевіч ды інш.), „Шлях Моладзі”, праскія „Іскры Скарыны” (Тамаш Грыб, Васіль Русак) выступалі супраць як бальшавізму, так і фашызму, дык ужо ў канцы 1938 - пачатку 1939 г. у некаторых пэрыёдыках пачынаюцца назірацца новыя тэндэнцыі. 1 верасьня 1939 г., у дзень пачатку Другое Сусьветнае Вайны ў „Беларускім Фронце” кс. В. Гадлеўскі ўжо напіша: „Беларусь можа паўстаць толькі пры варожых адносінах Нямеччыны й Расеі. Беларускую справу можа паставіць на парадак дня толькі той блёк, які выступае проціў Расеі й для якога падзел Расеі быў-бы карысны”15. Сьвятара й палітыка ня бянтэжыў нават пакт Рыбэнтропа - Молатава: „Гэты пакт супярэчыць з вонкавымі імкненьнямі сучаснае Нямеччыны й сучаснае Расеі, супярэчны сам у сябе ідэалёгічна, так што прадставіць сабе фашыстаў і камуністаў як шчырых і даўгавечных саюзьнікаў вельмі трудна. Выглядае, што ён заключаны на-раз, каб дайсьці да нейкай азначанай мэты, якая будзе карысна й для Саветаў, і для Нямеччыны, а потым можа разваліцца”.

Павароту значнай часткі беларускага незалежніцкага лягеру ў адносінах да Нямеччыны садзейнічала праведзеная па ініцыятыве Бэрліна ў Гданьску ў чэрвені 1939 г. раней ужо ўзгаданая Ўсебеларуская Нацыянальная Канфэрэнцыя, на якую былі запрошаны прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў зь Нямеччыны, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Летувы, Латвіі й Эстоніі. Паводле рашэньня канфэрэнцыі, калі верыць шэфу менскага НКВД Л. Цанаве, у Бэрліне быў утвораны Беларускі Камітэт Самапомачы (БКС), якому немцы абяцалі, что ён складзе будучы беларускі ўрад.

У склад гэтага Камітэту ўвайшлі:

1. Акінчыц Фабіян - старшыня;
2. Захарка Васіль (у тэксьце названы Іванам) - намесьнік старшыні;
3. Шкутка Анатоль - другі намесьнік;
4. праф. Гэрхард фон Мэндэ - палітычны кіраўнік;
5. Габарыцкі Сяргей - старшыня выведкі й прапаганды;
6. Сябры:
а) Езавітаў Кастусь - старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэту (Латвія);
б) Дзямідаў Мікола - прадстаўнік таго-ж Камітэту (Латвія);
в) Гавендо;
г) Якавюк Сымон;
д) Амельяновіч Янка;
е) Герасімовіч16.

Было выкарыстана абурэньне беларускіх дзеячаў палітыкаю рэпрэсіяў савецкае ахранкі супраць нацыянальнага актыву ў Вільні ды ў Заходняй Беларусі, а таксама перадачай Віленскага краю Летуве. Нямецкія колы пачынаюць зандзіраваць глебу наконт уцягнення ў сфэру сваіх інтарэсаў прэзідэнта Рады БНР Васіля Захаркі. Прынамсі, як сьцьвярджае адна крыніца, пры садзейнічаньні Івана Ермачэнкі ў Празе, яшчэ да анэксіі Чэхіі, з Захаркам сустракаўся ды вёў перамовы нямецкі амбасадар у Чэха-Славаччыне Андар фон Гэнкэ, які запрашаў беларускіх прадстаўнікоў у Бэрлін на канфэрэнцыю Міністэрства Замежных Справаў17. Трэба тут адзначыць і наданьне беларускім ваеннапалонным былога польскага войска пасьля разгрому Другой Рэчы Паспалітай больш „высокага статуту”, якім, напрыклад, пазьней таксама карысталіся палоненыя францускія жаўнеры. Быў дадзены дазвол на выдаваньне газэты на роднай мове „Раніца”, ня было перашкодаў у апекаваньні беларускімі інтэрнаванымі жаўнерамі ўніяцкім сьвятаром Міхасём Маскалікам зь Мюнхена, які вёў казаньні па-беларуску18, ішла падрыхтоўка па адкрыцьці ў Бэрліне Беларускага Прадстаўніцтва. Уплывовыя беларускія дзеячы ўбачылі ў гэтых падзеях тое, што беларускае пытаньне ў сучаснай эўрапэйскай палітыцы выходзіць на міжнародны ўзровень.

У кастрычніку 1939 г. па рэкамэндацыі праф. Мэндэ ад Міністэрства Ўсходніх Тэрыторыяў былі накіраваны ў Варшаву Ф. Акінчыц і А. Сянкевіч. Зьвязаўшыся там зь Сяргеем Сарокам, Уладзімерам Лазарэвічам ды іншымі яны стварылі Беларускі Камітэт у Гэнэральнай Губэрні.

Для працы зь беларускімі палоннымі й эмігрантамі ў пачатку чэрвеня 1940 г. у Бэрліне пры Міністэрстве Нутраных Справаў была адчынена Служба Даверу альбо Беларускае Прадстаўніцтва ў Нямеччыне19 пад кіраўніцтвам А. Шкуткі. Прадстаўніцтва мела свае аддзелы ў Вене, Мюнхене (а. Міхась Маскалік), Лодзі, Познані, Гданьску (Б. Барткевіч). Яно праводзіла вялікую арганізацыйную працу, аказвала матэрыяльную й юрыдычную дапамогу суайчыньнікам, якія апынуліся па-за межамі бацькаўшчыны. Пры прадстаўніцтве было зарэгістравана каля 120 000 беларусаў.

У 1940 г. шпарка актывізуецца беларускае нацыянальнае жыцьцё як у Нямеччыне, Гэнэральнай Губэрні, так і ў іншых эмігранцкіх асяродках. У гэтым жа годзе беларуская калёнія ў Бэрліне ўрачыста адсьвяткавала акт 25 Сакавіка20, а ў жніўні там жа паўстала беларуская культурніцкая арганізацыя пад назовам Беларускае Нацыянальнае Таварыства ў Нямеччыне21, філія якога ў хуткім часе была зарэгістравана ў Лодзі. Яшчэ раней у студзені 1940 г. у Дзьвінску зарганізавана Беларускае Таварыства ў Латвіі22, актывізавала сваю працу Беларускае (Крывіцкае) Культурна-Асьветнае Таварыства імя Фр. Скарыны ў Празе23. Таварыствам быў выдадзены на нямецкай мове кароткі этнаграфічны нарыс Беларусі24. Беларускім нацыянальным дзеячом і прадпрымальнікам Васілём Русаком у 1939 г. былі выдадзены этнаграфічная мапа Беларусі й каляровая паштоўка з выяваю „Пагоні”. Пазьней у Празе ў 1940-1941 гг. былі арганізаваны для беларусаў Пратэктарату Багемія, Нямеччыны й Гэнэральнага Губэрнатарства „Агульна-асьветныя карэспандэнцкія курсы Беларусаведы”25, якія пад назовам Курс гісторыі Крывіі-Беларусі выдаваліся „др. Я. Ермачэнко”. Рэдакцыю курсаў тварылі: доктар Янка Станкевіч (галоўны рэдактар), А. Мамчыц (Варшава), В. Захарка (Прага), М. Шкялёнак (Бэрлін), М. Абрамчык (Парыж). Адміністрацыйна-тэхнічныя справы вёў Пётра Бакач. У прадмове да выданьня гаварылася, што курсы пакуль што „будуць абнімаць: навуку беларускай мовы, гісторыю беларускай літаратуры, гісторыю Беларусі й некаторыя пытаньні зь яе гэаграфіі”. У Дрэздэне, як паведамляла „Раніца” ад 28 студзеня 1940 г., пры мясцовым унівэрсітэце павінен быў адкрыцца праваслаўны тэалягічны факультэт для славянскіх эмігрантаў. Дэканам гэтага факультэту меўся быць Венскі япіскап Васіль26.

У красавіку 1940 г. сарганізаваны быў Беларускі Нацыянальны Камітэт у Францыі, у прэзідыюм якога ўвайшлі інж. Мікола Абрамчык, інж. Лявон Рыдлеўскі, доктар Валькевіч. Паводле свайго статуту, камітэт плянаваў выданьне літаратуры зь інфармацыяй пра Беларусь на чужых мовах і выпуск беларускай двухтыднёвай газэты27.

Летам 1940 г. у Бэрліне зарганізаваны быў Беларускі Камітэт Самапомачы, старшынёй якога стаў яго ініцыятар Мікалай Шкялёнак, а сакратаром - Андрэй Бароўскі. Ён меў філіі ў Познані, Лодзі (кіраўнік праф. М. Гарбацэвіч) пазьней у Мюнхене, Ляйпцыгу, Празе (Янка Геніюш) і інш. Хаця камітэт лічыўся незалежнай арганізацыяй, на самай справе ягонай дзейнасьцю апекавалася Міністэрства Нутраных Справаў Рэйху. Пад загадам БКС занаходзілася 18 філіяў і каля 8000 сябраў. Ягоныя аддзелы на месцах мелі культурніцкія ды мастацкія гурткі.

Другой па ўплывах і значнасьці пасьля беларускай арганізацыі ў Бэрліне зьяўляўся Беларускі Камітэт у Варшаве. Камітэт меў свае філіі ў Кракаве й Белай Падлясцы. Арганізацыя ставіла за мэту рэгістрацыю й аб’еднаньне беларусаў у межах Гэнэрал-Губэрнатарства, правядзеньне сярод суродзічаў культурна-асьветнае працы. Ужо ў верасьні 1940 г. камітэт налічваў 1300 чалавек. Сярод зарэгістраваных было шмат палякаў, якія запісваліся па меркаваньнях палітычнага ды матэрыяльнага характару (сябры камітэту атрымлівалі лепшыя харчовыя карткі, чым насельніцтва Варшавы). Варшаўскі Беларускі Камітэт меў сталую сувязь з Бэрлінам праз Ф. Акінчыца і У. Казлоўскага. Месьціўся ён у вялізным будынку, які „быў упрыгожаны нацыянальнымі штандартамі й беларускім гэрбам, па баках фашысцкімі свастыкамі й партрэтам Якуба Коласа”.

Спроба стварэньня адзінага каардынацыйнага цэнтру

Беларускі нацыянальна-вызвольны рух на пачатку Другое Сусьветнае Вайны апынуўся расьцярушаным на разрозьненыя групоўкі як па ідэалягічных, так і па чыста суб’ектыўных прычынах.

У 1941 г. напярэдадні наступленьня нямецкіх войскаў на Беларусь, увачавідкі паўстала пытаньне аб неабходнасьці стварэньня адзінага кіруючага цэнтру разрозьненымі беларускімі арганізацыямі ў Нямеччыне, Губэрнатарстве, у эміграцыі. 19 чэрвеня 1941 г. групай кс. Гадлеўскага была склікана нарада ў Бэрліне. У ёй прынялі ўдзел: ад Нямеччыны М. Шкялёнак - старшыня Беларускага Камітэту Самапомачы ў Бэрліне; А. Шкутка - кіраўнік Беларускага Прадстаўніцтва ў Бэрліне; В. Тумаш - старшыня БКС у Лодзі. Ад Гэнэральнай Губэрні: В. Гадлеўскі - прадстаўнік Беларускага Камітэту ад Варшавы, яго адзелаў у Кракаве й Белай Падлясцы. Нарада пастанавіла стварыць Беларускі Нацыянальны Цэнтар, які каардынаваў-бы беларускую працу ў Нямеччыне, Гэнэральнай Губэрні. Старшынёй Цэнтра быў абраны М. Шчорс, сябрамі - кс. В. Гадлеўскі, М. Шкялёнак, А. Шкутка, Ч. Ханяўка, В. Тумаш і інш. Шчорс з дапамогай Тумаша склаў мэмарандум на імя А. Гітлера. Мэмарандум быў перададзены 13 ліпеня 1941 г. у Варшаве аднаму зь нямецкіх гэнэралаў, ад якога праз два дні быў атрыманы адказ, што высунутыя ў мэмарандуме пажаданьні будуць прыняты пад увагу28.

Галоўнаю задачай было зараз адабраць і падрыхтаваць верных нацыянальнай справе людзей, як для адміністратыўнага апарату, так і службы аховы парадку на тэрыторыі Беларусі, якую паступова будуць займаць нямецкія войскі. Таму Цэнтар перш за ўсё арыентаваўся на службы Абвэра й СД і ў пэўных рамках супрацоўнічаў зь імі. У гэтым напрамку вяліся перамовы з супрацоўнікамі Абвэра: маёрам Гэрулісам - былым рэктарам Кёнігсбэргскага Ўніверсітэту, маёрам Дэрынгам і капітанам Казлоўскім і па лініі нацыянал-сацыялісцкай партыі з праф. Г. фон Мэндэ й яго дарадцам Аўгенам фон Энгэльгартам, як эспэртам па беларускіх справах.

Арыентацыя на Нямеччыну большасьці беларускіх нацыянальных асяродкаў у канцы 1930-х - пачатку 1940-х гг. ня была адзінаю лініяй гэапалітычнага курсу ў беларускім нацыянальна-вызвольным руху. Групоўка Я. Станкевіча - В. Іваноўскага арыентавалася на заходніх саюзьнікаў і польскія дэмакратычныя сілы, зь якімі яны спадзяваліся дамовіцца пра незалежны статут Беларусі ў пасьляваенны час. З гэтаю мэтай была створана ў Варшаве Партыя Беларускіх Нацыяналістаў. У цяні пакуль заставаўся Радаслаў Астроўскі са сваімі прыхільнікамі. Рэштка Беларускага Народнага Аб’еднаньня на чале з кс. Адамам Станкевічам яшчэ нейкі час трымалася арыентацыі на Летуву, але пасьля анэксіі гэтае балцкае дзяржавы праз СССР гэтая групоўка перастала адыгрываць значную ролю ў тагачаснай палітычнай гульні.

У барацьбе за сфэры ўплываў, каб заняць дамінуючае становішча ў нацыянальных арганізацыях, што апякаваліся з боку нямецкіх урадавых структураў схіснуліся прыхільнікі кс. В. Гадлеўскага й Ф. Акінчыца. Гэта, безумоўна, не садзейнічала працэсу кансалідацыі, дасягненьню галоўнай мэты нацыянальнах сілаў - тварэньню беларускай дзяржаўнасьці. Да кс. Гадлеўскага, які меў вялікі маральны аўтарытэт, далучаліся эмігранцкія асяродкі Прагі, Рыгі, Парыжа, таму ягоная група мела значна большую палітычную вагу, чымсьці прыхільнікі Акінчыца.

Асабліва жорсткую барацьбу за „камандныя высоты” распачаў Ф. Акінчыц. Палітычны інтрыган і канфарміст, які вызначыўся як адзін з айцоў тутэйшага нацыянал-сацыялізму, лічыў, што любыя сродкі прыгодныя для адхіленьня ад спраў сваіх канкурэнтаў і праціўнікаў, пра што ярка сьведчаць ягоныя даносы ў адзел нацыянал-сацыялісцкай партыі ведамства А. Розэнбэрга. Дзякуючы сваім такім здольнасьцям Акінчыц напачатку атрымаў многія ключавыя пасады пры беларускіх установах у Нямеччыне ды Гэнэрал-Губэрнатарстве. Трохі пазьней, аднак, у сілу сваёй некампэтэнтнасьці, непапулярнасьці ды адсутнасьці прыхільнікаў, на працягу 1939-1940 гг. Акінчыц растраціў большасьць сваіх кіруючых пастоў. Азлоблены, ён намагаўся цяпер вярнуць свае былыя пазіцыі ды скампраметаваць сяброў кс. Гадлеўскага. З гэтаю мэтай ён аб’язджае лягеры зь беларускімі ваеннапалоннымі, адбірае патрэбных сабе людзей, рыхтуючы іх у нацыянал-сацыялісцкім духу ў Вустраве.

Хацелася-б прывесьці некалькі прыкладаў як вялася Ф. Акінчыцам кампраметацыя ягоных канкурэнтаў праз даносы ў апарат А. Розэнбэрга. Вось вытрымкі зь ягонага рапарту „Беларускае пытаньне” ад 1 лістапада 1940 г. Даўшы беглую й не зусім дакладную інфармацыю пра беларускія эмігранцкія асяродкі ў Нямеччыне, Францыі, Манчжурыі, Амэрыцы ён прапануе:

„Задачамі беларускіх нацыяналістаў павінны быць заўсёды, дзе-б яны не знаходзіліся, імкненьне да вырашэньня наступных праблемаў:

1. Неабходна выдаваць нацыяналістычную газэту, якая-б ажыцьцяўляла антыдэмакратычную й антысеміцкую прапаганду.
2. Неабходна рыхтаваць адпаведныя брашуры й па магчымасці вялікі запас прапагандыскага матэрыялу (...).
3. Варта было-б праводзіць курсы па падрыхтоўцы будучых палітыкаў, дзяржаўных служачых, эканамістаў і г.д.
4. Недахоп публіцыстаў і журналістаў кампэнсаваць дзякуючы адпаведнай падрыхтоўцы здольных беларусаў.
5. Беларускіх ваеннапалонных, якія ў большасці бальшавізаваны, выхоўваць у нацыянальным духу (...).
6. Акрамя таго павінна быць арганізавана ваеннае навучаньне, калі Нямеччына па зьнешнепалітычных прычынах палічыць нямэтазгодным праводзіць іх у межах Рэйху, для гэтага павінны быць падабраны адпаведныя прапановы.
7. На савецкай беларускай тэрыторыі неабходна разгарнуць добраарганізаваную выведку й прапагандысцкую работу.
8. Рыхтаваць кадры зь верных людзей, якія ў неабходны момант былі-б гатовы перайсьці на савецкую тэрыторыю, каб праводзіць там акты сабатажу й тэрору (...).
9. Падтрымліваць сталую сувязь зь беларусамі ў Манчжурыі, што мела-б значэньне, асабліва ўлічваючы тое, што шматлікія беларусы служаць у Чырвонай Арміі на Далёкім Усходзе. Туды неабходна было-б адаслаць хаця-б аднаго інструктара.
10. Неабходна выпрацаваць плян на выпадак сутыкненьня з Савецкім Саюзам, хто-б не вёў гэтую вайну: ці то Нямеччына, Японія ці якая-небудзь іншая дзяржава.

Ні адна зь ніжэйпрыведзеных арганізацыяў ці групаў беларусаў не займаецца хаця-б прыблізна важнейшымі палітычнымі пытаньнямі будучыні беларусаў, да падрыхтоўкі якіх ужо зараз неабходна прыступіць. Адсутнасьць такой цікавасьці тлумачыцца наступнымі прычынамі: (...)

У Варшаўскім „Саюзе самапомачы” кіраўніцтва знаходзіцца ў руках доктара Ш ч о р с а, які да гэтага часу ніколі сур’ёзна не займаўся палітычнымі пытаньнямі, таму што толькі нядаўна закончыў універсітэт. Акрамя таго ў палітычных адносінах быў незаўважным. Доказам яго нацыянальнай нэгатыўнай арыентацыі можа служыць яго хістаньне не выключаць зь дзейнасьці Саюза прапольскіх і бальшавіцка настроеных групаў.

[Я.] С т а н к е в і ч і рымска-каталіцкі сьвятар Г а д л е ў с к і плывуць у адным цячэньні, праяўляюць ня шмат энэргіі, каб накіраваць справу ў жаданым напрамку. Акрамя таго Г а д л е ў с к і як прадстаўнік духавенства наўрад ці будзе ў стане выканаць задачы (...), таму што яны супярэчаць яго прафэсіі й хрысьціянскай маралі. Па той інфармацыі, якая дайшла да мяне, нельга чакаць, што кіраўнікі Саюзу ўзнімуць працу (...).

Такі ж самы, калі не горшы стан пануе ў Ліцманштаце (Лодзі), дзе кіраўніцтва беларускай арганізацыі знаходзіцца ў руках маладога доктара Т у м а ш а, які яшчэ ў 1937 г. быў прыхільнікам бальшавіцкага Народнага Фронту ў Вільні і праціўнікам фашызму. Мне нічога невядома як ён апынуўся там. Аднак можна меркаваць, што ён папаў туды па рэкамэндацыі свайго сябра Ш ч о р с а, а магчыма нават праз Ш к у т к о.

Група беларусаў у Празе ў сваёй большасьці настроена дэмакратычна й лева, і толькі нямногія зь іх маглі-б быць выкарыстаны ў пажаданым напрамку й то толькі пасьля грунтоўнай праверкі.

Пра бэрлінскую беларускую арганізацыю паведамленьне ўжо падрыхтавана.

На аснове вышэйпрыведзеных выказваньняў хацелася-б зрабіць наступныя прапановы:

1. Утварыць Камісію па беларускаму пытаньню з праўленнем у Бэрліне, якая складалася-б зь нямецкіх палітыкаў і аднаго ці двух беларусаў, якія-б выконвалі функцыю дарадцаў. Гэтая Камісія мела-б права кантролю над дзейнасьцю беларускіх арганізацыяў у Нямеччыне.
2. У далейшым неабходна распрацаваць плян, на аснове якога гэтыя арганізацыі маглі-б весьці сваю дзейнасьць.
3. Заснаваць беларускую нацыянальную Цэнтральную Камісію, якую ўзначалілі-б людзі, што кіраваліся-б задачамі, зыходзячы з гістарычных умоваў і выступілі-б у абарону беларускай справы.
4. Узяцца за справу беларускіх ваеннапалонных і перш за усё высьвятліць, якую дзейнасьць С і к о р с к і праводзіў у іх асяродзьдзі.

Варшава

1. Ш ч о р с а ад працы адхіліць і Ул. Б а з а р э в і ч а назначыць камісарам.
2. Правесьці грунтоўную праверку працы Саюзу.
3. Наступных асобаў з кіраўніцтва Саюзу выключыць:
а) Г а п а н о в і ч а
б) Л я ў к о в і ч а
в) Л а с т а ў к у
д) [М а н к е в і ч а]

і некаторых іншых у палітычных адносінах бяздарных элемэнтаў.

4. Назначаных камісараў упаўнаважыць падрыхтаваць пісьмовыя сьпісы бальшавікоў, якія зарэгістраваліся ў Саюзе.

Лодзь

1. доктара Тумаша з працы выключыць,
2. правесьці грунтоўную рэвізію дакумэнтаў Саюзу.

Белая Падляска

1. Правесьці рэвізію,
2. [А. Банкевіча] з працы выключыць, а яго арганізацыю перадаць іншаму”29.

А вось тэндэнцыйная характарыстыка, якая даецца беларускаму нацыянальнаму руху ў рапарце „Паведамленьне пра абедзьве беларускія палітычныя партыі”:

„Сярод беларусаў, якія жывуць у Вялікай Нямеччыне, можна назіраць два важнейшыя палітычныя напрамкі.

Першы зь іх лічыцца антыкамуністычным і антысеміцкім. Яго прыхільнікі жадаюць далучэньня да Нямеччыны, супрацоўніцтва зь нямецкімі ўстановамі й вераць у канчатковую перамогу Нямеччыны, якая ўсталюе новы парадак у Эўропе на новых справядлівых асновах.

Прыхільнікі гэтай групы летам мінулага году заснавалі ў Варшаве арганізацыю (...). Прэзідэнт і кіраўнік гэтай арганізацыі - Ф. Акінчыц (...). Яго намесьнік - Уладзімір Лазарэвіч (...); сябры кіраўніцтва:

Леанід Баярчук, Варшава
Гурманскі, Варшава
Міхайлоўскі, Варшава

Другая палітычная група беларусаў лічыцца дэмакратычнаю. Яе адносіны да камуністаў зьяўляюцца сумніцельнымі, яны тайна сымпатызуюць жыдам, маюць сьхільнасьць да панславянскіх ідэяў і адносяцца з пачуцьцём недаверу да Нямеччыны. Гэтая група ня верыць у перамогу Нямеччыны й імкнецца меркаваць, зыходзячы са сваёй палітычнай пазіцыі, не скампраметаваць сябе ні перад палякамі, ні перад камуністамі, таму што разлічвае на тое, што пасьля паразы Нямеччыны камуністы, а разам зь імі палякі й жыды стануць панамі ў Эўропе (...)”.

Настойлівыя даносы ў ведамства А. Розэнбэрга, падрыхтоўка вышкаленых у нацыскім духу памагатых зрабілі сваю „справу”. У Бэрліне рыхтавалася перадача беларускіх установаў і газэты „Раніца” прыхільнікам Акінчыца. Пачалася рэарганізацыя Беларускага Камітэту Самапомачы. Аднак ваенныя няўдачы немцаў на ўсходнім фронце прыпынілі гэты працэс.

Такім чынам шэраг фактараў перашкаджаў беларускім нацыянальным дзеячам дабіцца істотных посьпехаў на шляху стварэньня моцнага аб’еднанага каардынацыйнага цэнтру. Галоўным-жа фактарам тут была, якраз, пазіцыя саміх нямецкіх уладаў, якія былі яўна не зацікаўлены ва ўзмацненьні беларускіх незалежніцкіх сілаў ды ўсё рабілі, каб разьбіць адзінства нацыянальнага лягеру беларусаў.

Беларускі Гістарычны Зборнік
Беларускае Гістарычнае Таварыства, Беласток
Перадрук з http://nacijanalist.livejournal.com/

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Нямеччына й беларускі нацыянальны рух напярэдадні й у першыя гады Другое Сусьветнае Вайны

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.