Аб'яднанне БССР ў 1939 г. і «гістарычная справядлівасць»

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Аб'яднанне БССР ў 1939 г. і «гістарычная справядлівасць». Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Вераснёўскія наступствы пакта Молатава - Рыбентропа, прызнанага сусветнай супольнасцю злачынным, у дачыненні да Беларусі многімі лічацца справядлівымі [1]. Пры гэтым амаль не звяртаецца ўвага на тое, што вераснёўская акцыя Савецкага Саюза супярэчыла падпісаным ім жа міжнародным дакументам, у тым ліку дэкларацыі аб ненападзе з Польшчай [2]. Дый заключэнне самога пакта Молатава - Рыбентропа ішло ўразрэз з папярэднімі савецка-польскімі дамоўленасцямі „не принимать участия ни в каких соглашениях, с агрессивной точки зрения явно враждебных другой стороне". Аргументацыя ж Масквы, звязаная з тым, што Польшчы ўжо не існавала, а яе ўрад не падаваў прыкмет жыцця, была недастаткова правамоцнай для спынення савецка-польскіх дагавораў. Паводле міжнароднага права, як тлумачыць расійскі даследчык С. Случ, „государство продолжает существовать в смысле международного права даже тогда, когда оно временно не обладает центральной властью, поскольку оно представляемо не только своим центральным правительством, но и всеми его органами. ...Даже захват противником всей его территории... сам по себе не прекращает существования побежденного государства..." [3]. Да таго ж СССР трапляў пад дэфініцыю агрэсара паводле Лонданскай канвенцыі 1933 г., якую сам жа падпісваў (больш за тое: менавіта праект Савецкага Саюза быў пакладзены ў аснову вызначэння агрэсіі [4]). Масква парушала як мінімум пяць дакументаў [5].

Узнікаюць лагічныя пытанні, ці захавалася б справядлівасць, каб уз'яднанне Беларусі адбылося праз захоп II Рэччу Паспалітай БССР? Ці, можа, захавалася б справядлівасць тады, калі б Сталін, просячы перадышкі ў Гітлера (снежань 1941 г.), аддаў III Райху заходнюю частку сваёй імперыі, у тым ліку Беларусь? У апошнім выпадку наша краіна таксама была б „аб'яднанай" - у Lebensraum'e. Але Гітлер не пайшоў на такі крок [6]. Нельга скідваць з рахунку, што ў III Райха адносна Беларусі напярэдадні яе акупацыі былі планы не толькі элімінацыі, але і стварэння „вольных ад Сталіна рэспублік", што, як справядліва заўважае Юры Туронак, мала чым адрознівалася ад саюзнага status quo з гледзішча нацыянальных інтарэсаў, папросту адбылася б „замена распараджальнага цэнтра - з Масквы на Берлін" [7]. Ці рэалізацыю тых планаў можна было б назваць аб'яднаннем? Справядлівасць гэтакіх аб'яднанняў не ўкладваецца ў галаве. Менавіта на фоне гэтых пытанняў бачыцца абсурднасць той справядлівасці, адэптамі якой з'яўляюцца і сёння многія беларускія гісторыкі.

Савецкая гістарычная навука адназначна ацэньвала паход Чырвонай Арміі як вызваленчы (пералік публікацый ператварыўся б у аб'ёмны, нікому сёння не патрэбны гістарыяграфічны даведнік). Сучасная беларуская гістарыяграфія, за выключэннямі, якія не ўплываюць на агульны дыскурс, не адмовілася ад савецкай дэфініцыі з меркаванняў гістарычнай справядлівасці аб'яднання [8]. Тыповай для старэйшага пакалення беларускіх гісторыкаў з'яўляецца пазіцыя, прэзентаваная ў сучаснай айчыннай энцыклапедыі: „Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР - акт гістарычнай справядлівасці, ліквідацыі гвалтоўнага і грабежніцкага падзелу Беларусі паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 г." [9]; „Важнейшым вынікам" савецка-нямецкага дагавора ад 23 жніўня 1939 г. для Беларусі ёсць „гістарычна справядлівая ў жыцці беларускага народа падзея - уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР" [10]. Не пазбеглі гэтага штампа і аўтары (у прыватнасці С. Хоміч, М. Касцюк, А. Літвін) адносна ліберальнай, дэмакратычнай і дэпалітызаванай сінтэзы па гісторыі Беларусі [11]. Тут можна прыводзіць бясконцы шэраг прыкладаў.

Варта зазначыць, што гэты тэзіс узыходзіць да палітычнага дыскурсу перыяду Другой сусветнай вайны і належыць ён менавіта савецкаму боку. Так, нават Саюз Польскіх Патрыётаў, створаны з падачы непасрэдна I. Сталіна, заявіў пра законнасць „жаданняў беларусаў і ўкраінцаў да нацыянальнага ўз'яднання" [12]. Вядома, у рэчышчы крамлёўскай палітыкі выступала і кіраўніцтва Савецкай Беларусі адносна павелічэння БССР за кошт тэрыторыі II Рэчы Паспалітай, штораз паўтараючы словы пра „гістарычныя правы", „справядлівасць як у гістарычных, так і этнаграфічных адносінах", „законнае і справядлівае жаданне беларускага народа" etc. [13]. Як бачым, такая таўталагізацыя дала плён: савецкая гістарычная навука з лёгкасцю падхапіла палітычнае абгрунтаванне, зрабіла яго настолькі моцным стэрэатыпам, ад якога і сёння не можа пазбавіцца гістарыяграфічны афіцыёз Рэспублікі Беларусь. Многія навукоўцы-гісторыкі ці то забываюць, ці то не разумеюць (а мо і не хочуць памятаць ці разумець), што гістарычная навука не павінна залежаць ад палітычнай кан'юнктуры, што гістарычная навука і паклікана для таго, каб прааналізаваць працэсы непрадузята. I ў той жа час нонканфармісцкія даследаванні такімі гісторыкамі расцэньваюцца чамусьці як палітызаваны погляд на падзеі верасня 1939 г. Толькі хто ж той погляд палітызаваў? Банальны адказ: аналіз дэтэрмінацыі падзей і фактаў, што мелі месца ў гісторыі - вось галоўны чыннік таго ўплыву. Іншая справа, што ўражанне палітызаванасці ў даследаванні ствараецца сапраўды, але - з прычын спецыфікі самога гістарычнага перыяду, калі ў Савецкім Саюзе больш, чым у любой іншай дзяржаве, кожны момант жыцця не толькі грамадства, але і індывідуума, павінен быў падпарадкоўвацца ідэалагічным устаноўкам Крамля. Навуковы аналіз такіх працэсаў немагчыма дэпалітызаваць - выключыць з іх палітыку. Галоўнае для навукі - не дамешваць да даследавання падаплёку дня сённяшняга, што ператварыла б яе ў публіцыстыку, а гісторыкаў - у канфармістаў або дысідэнтаў (у залежнасці ад іх грамадскіх поглядаў).

У сувязі з паняццем „гістарычная справядлівасць" хацелася б таксама адзначыць парадаксальны момант.

Здавалася б, яго проста зразумець, аднак, відавочна, разуменне таго паняцця суб'ектыўнае. Яно будзе цалкам залежаць 1) ад асабістай пазіцыі таго ці іншага аўтара (палітычнай, метадалагічнай, напрыклад, яго сацыяльнага ці этнічнага або геаграфічнага паходжання ўрэшце), 2) ад кан'юнктуры (сацыяльнай, навуковай), прычым яна, безумоўна, будзе пэўным чынам уплываць і на тую асабістую пазіцыю. Менавіта ад асабістай пазіцыі пэўнага суб'екта і актуальнай кан'юнктуры будзе залежаць вызначэнне таго гістарычнага моманту, які як быццам справядліва было б аднавіць, вярнуць у рэчаіснасці колішні status quo. Але ж як вызначыць той момант і каму яго вызначаць? У свой час, яшчэ ў 1906 г., прафесар I. А. Бадуэн дэ Куртэнэ з нагоды „гістарычных правоў" (у дадзеным выпадку польскіх памешчыкаў на Беларусь, але нам важны сам прынцып) пісаў: „...историческим правам отдельных национальностей место в архиве истории. Ссылками на исторические права можно, если угодно, обосновать восстановление людоедства, рабства, крепостничества, самодержавия и т. д. Нельзя, конечно, отрицать историю, но источником для практического решения политических вопросов может быть один только современный исторический момент" [14].

Калі задумацца над паняццем „гістарычная справядлівасць", глянуўшы з іншага боку, дык тым, хто яго ўжывае (і да падзей 1939 г. у тым ліку) можна запярэчыць: гэтым самым яны фактычна пастулююць адсутнасць у дадзеным выпадку іншых аспектаў, „відаў" справядлівасці, акрамя гістарычнай, a ix жа можа быць процьма.

Было б несправядліва не заўважыць, што ў гісторыі палітычнай думкі існуе такое паняцце, як справядлівасць. „Осмысление справедливости в истории политической мысли дает нам два принципиально разных подхода к решению этой проблемы. Первый подход сформировался в рамках классической (античной) парадигмы политической философии, и связан прежде всего с именами Платона и Аристотеля. Классическая мысль понимает под справедливостью такой социальный и политический порядок, который ориентирован телеологически - на обретение блага в рамках совместного существования людей. Прямо противоположную трактовку справедливости дает политическая философия классического либерализма, представленная в первую очередь именами Гоббса, Локка, Руссо и Канта. В трудах этих мыслителей справедливость начинает трактоваться как функция индивидуальной свободы, причем свободы, понимаемой формально - как защита неотчуждаемых прав. Иначе говоря, классическая мысль дает нам этическую трактовку справедливости (в основе которой - идея блага), а современная мысль - правовую трактовку (основанную на свободе)" [15].

Відавочна, што ў нашым выпадку маем справу з этычнай трактоўкай, якая стала ўжо анахранічнай. Наяўнасць міжнародных правапарушэнняў з боку Масквы і Берліна сёння ўжо нікім не аспрэчваецца. Што да СССР, то нават калі зыходзіць з разумення справядлівасці, прапанаванай савецкім бокам, яго паводзіны выклікаюць шмат пытанняў. Прычыны часткова бачацца ў непасрэдных адносінах савецкага кіраўніцтва да справядлівасці ў гістарычным развіцці: „Вопрос о борьбе... нужно рассматривать не под углом зрения справедливости, а под углом зрения политического момента, под углом зрения политической потребности партии в каждый данный момент" (з выступлення I.Сталіна на паседжанні выканкама Камінтэрна 22 студзеня 1926 г.) [16].

СССР выдаў свае ваенныя дзеянні як дапамогу і вызваленне кроўных братоў у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне, што з пункту гледжання ленінскай тэорыі фармальна апраўдвала гэтыя дзеянні, бо яны нібыта не траплялі пад паняцце анексіі [17], і што дапамагло захапіць 51,4 % тэрыторыі II Рэчы Паспалітай. Фактычна галоўныя бальшавіцкія тэарэтыкі прыйшлі да наступнага кантрапункта сваёй ідэалогіі: справядліва тое, што ім выгадна.

Насамрэч вызваленне і аб'яднанне падзеленай Беларусі (і Украіны) не было для Крамля першачарговай задачай. Як справядліва і трапна заўважае А. П. Салькоў, „воссоединение белорусского и украинского этносов в рамках национальных государств" з'явілася „побочным, хотя и необыкновенно важным результатом реализации советских геополитических целей" [18].

Пра рэальнае стаўленне савецкага кіраўніцтва да справы ўз'яднання беларускага народа сведчыць тое, щто Заходняя Беларусь далучалася ім у вельмі адрозным ад першапачатковага тэрытарыяльным разуменні:

1) Савецкі Саюз захапіў землі, якія ніколі не лічыліся Заходняй Беларуссю (Ломжыншчына) і дзе не ажыццяўляла сваю дзейнасць КПЗБ (першапачаткова планавалася ўвогуле заняць землі амаль да Варшавы!). Самі бальшавікі пасля Рыжскага дагавора вызначалі этнаграфічную тэрыторыю Беларусі, якая апынулася пад Польшчай, у 98 815 кв. км з 3,2 млн. Насельніцтва [19]. Беларусы Заходняй Беларусі ацэньвалі яе абшар у 107 000 кв. км [20]. Цікава, што савецкая акадэмічная навука кіравалася ўжо пасляваенным станам і дэкларавала тэрыторыю Заходняй Беларусі ў 82 тыс. кв. км, аднак жа ўключала ў яе склад усе чатыры ваяводствы „крэсаў паўночна-ўсходніх", якія займалі нашмат большую плошчу [21]. Сённяшняя акадэмічная навука Беларусі ў склад Заходняй Беларусі не ўключае тэрыторыю на захад ад Беластока (так званы Ломжынскі рэгіён) і раён Каменя-Кашырскага [22]. Нейкай канстанты ў дачыненні да геаграфіі гэтай геапалітычнай назвы не было і пакуль няма. Зрэшты, у любым выпадку Ломжыншчына не трапляе пад па-няцце Заходняй Беларусі;

2) не забывайма, што да чарговага падпісання савецка-нямецкага дагавора, на гэты раз аб дружбе, не было нават канкрэтных планаў адносна лесу Заходняй Беларусі і іншых зямель II Рэчы Паспалітай, занятых вермахтам і Чырвонай Арміяй;

3) пры правядзенні і ўдакладненні дэмаркацыйнай савецка-нямецкай мяжы тэрыторыя, уключаная ў БССР, разглядалася па-ранейшаму як разменная ў кантэксце палітыкі еўрапейскага маштабу: пасол Нямеччыны ў Маскве Шуленбург прызнаваўся: „Господин Сталин лично говорил мне в то время, что он готов сделать уступки на севере пограничной линии, там, где она проходит через Белоруссию" [23];

4) Віленшчына, прыналежнасць якой да Заходняй Беларусі з 1923 да 1939 г. не ставілася пад сумнеў у Маскве, была ў якасці траянскага каня прэзентавана Літве. Праўда, у адносінах з Літвою Крэмль гэтым разам прызнаваў савецка-літоўскую мяжу, устаноўленую мірным дагаворам паміж Расіяй і Літвой у 1920 г., паводле якой паўночна-заходняя частка Беларусі разам з гарадамі Вільня, Горадня, Ліда, Браслаў, Паставы і іншымі адносіліся да Літоўскай Дэмакратычнай Рэспублікі [24]. Калі б бальшавікі былі цалкам паслядоўнымі, яны павінны былі б аддаць нашмат большую частку Беларусі, адабраную ў II Рэчы Паспалітай (да таго ж, паводле Рыжскага дагавора, пытанне пра прыналежнасць спрэчных паміж Польшчай і Літвой тэрыторый падлягала вырашэнню выключна паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі [25], г. зн. Масква не мела да таго пытання ніякага дачынення);

5) як прызнавала само кіраўніцтва СССР, Л. Кагановіч, не цырымонячыся з выразамі, казаў, што адной з першачарговых задач Крамля было „прибрать к рукам" дзяржавы, аднесеныя паводле пакта з Нямеччынай да сферы інтарэсаў Савецкага Саюза [26] (варта прыгадаць і словы Сталіна пра распаўсюджванне сацыялістычнай сістэмы на новыя тэрыторыі і насельніцтва - гл. ніжэй). Калі б савецкі бок сапраўды кіраваўся тым, што Рыжскі мірны дагавор быў несправядлівы, дык аўтаматычна рэанімаваў бы лінію Керзана - этнаграфічную польска-беларускую мяжу, устаноўленую незадоўга да Рыгі міжнароднай палітычнай супольнасцю, што ў такім выпадку з'яўлялася б вельмі карэктным (тое, што да лініі Керзана ўсё ж вярнуліся пры вырашэнні пасляваенных межаў ва Усходняй Еўропе, у пэўнай меры пацвярджае нашу думку [27]). Аднак на першым месцы тут знаходзілася леншска-сталінская дактрына распаўсюджвання рэвалюцыі. Бальшавіцкая Расія разам з фашысцкай Нямеччынай у 1939 г. зрабіла тое самае, што здзейсніла ў 1921 г. у хаўрусе з адроджанай польскай дзяржавай, а менавіта - падзяліла землі суседа [28] (тым больш, што незадоўга да „чацвёртага" [29] падзелу Рэчы Паспалітай яе кіроўныя колы самі стварылі падобны прэцэдэнт, пайшоўшы на хаўрус з той жа нацысцкай Нямеччынай у дачыненні да лесу Чэхаславакіі [30]). Аднак калі ў 1921 г. заключаўся мірны дагавор, дык у 1939 г. распачыналася Другая сусветная вайна. Што лепш для людзей, мір ці вайна? На Беларусі дагэтуль існуе падставовы крытэрый жыцця - „абы вайны не было" [31];

6) больш за тое, у святле сёння даказанага факта падрыхтоўкі Савецкага Саюза да наступальнай вайны гаворыцца пра змену ў яго палітыцы адносна польскага пытання: ужо Польшча станавілася прэтэкстам для вызвалення, таму на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны меркавалася стварыць польскую адміністрацыйную адзінку, да якой эвентуальна маглі б быць далучаны захопленыя Нямеччынай землі II Рэчы Паспалітай (з гэтай мэтай нават пачалася падрыхтоўка да стварэння польскіх „чырвоных легіёнаў" [32]), - такім чынам, ізноў Беларусь разглядалася як прадмет палітычных маніпуляцый, як сродак чарговай савецкай стратэгічнай кампаніі.

Аб'яднанне Беларусі, хоць і з'яўляецца, можна сказаць, ускосным ці другасным вынікам у кантэксце міжнародных падзей, усё ж было імі дэтэрмінавана. Падзел зусім не азначаў спынення ў развіцці беларускай нацыянальнай ідэі [33]. Наадварот, ён стымуляваў яе далейшую эвалюцыю. А развіццё нацыянальнай ідэі вяло менавіта да ўз'яднання беларускай нацыі. Аднак гэтая кансалідацыя была праведзена не самімі беларусамі, а знешнепалітычнай імперскай сілай. Таму зліццё дзвюх частак аднаго народа не столькі ёсць вынікам іманентнай нацыянальнай эвалюцыі (хоць і гэты фактар тут адыграў сваю ролю, падрыхтаваўшы адпаведную глебу), колькі з'яўляецца абумоўленым самой логікай гістарычнага працэсу. Логіка заключаецца ў тым, што вынікі Першай сусветнай вайны, версальска-вашынгтонская сістэма былі відавочна няўстойлівымі, і многія дзяржавы (у першую чаргу Нямеччына ды СССР) імкнуліся да перабудовы свету паводле сваіх геапалітычных меркаванняў. Аднак імі не былі адэкватна засвоены ўрокі 1914-1918 г., галоўны з якіх палягаў у тым, што сусветная вайна нясе разбурэнне імперыям, а не іх стварэнне ці замацаванне [34]. Таму дзяржаватворчы працэс у Беларусі, перарваны ў міжваенны перыяд, заканамерна меў працяг пад час чарговай глабальнай вайны (у выніку якой, акрамя кансалідацыі, Беларуская Савецкая Рэспубліка стала адной з заснавальніц ААН), а наступствам „халоднага" капіталістычна-сацыялістычнага супрацьстаяння, часам называнага трэцяй сусветнай вайной, з'явілася ўтварэнне суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Ergo: для Беларусі аб'яднанне 1939 г. адэкватнае дыялектычным законам гісторыі. Таму можна адказаць на запытальныя словы Ю. Туронка - „ці ў выніку ўсіх міжваенных і пасьляваенных выпрабаваньняў існавала б сёньня беларуская нацыя, калі б не адбылося яе ўзьяднаньне, калі б Заходняя Беларусь працягвала заставацца ў межах Польшчы?" [35] - наступнае: Беларусь павінна была аб'яднацца, а вось метады, акалічнасці гэтага аб'яднання склаліся такія, што ў выніку Другой сусветнай вайны самі беларусы пацярпелі больш, чым які іншы народ Еўропы. Аб'яднанне адбылося, бо адбылося раз'яднанне ў 1921 г., прычым апошняе ішло ўразрэз з паступальнай эвалюцыяй нацыятварэння беларусаў, што шматкроць павялічыла трагізм гісторыі беларускага народа ў першай палове XX ст. і пад час Другой сусветнай вайны ў прыватнасці. У абодвух выпадках (і ў 1921, і ў 1939 г.) да падзей наўпрост спрычыніўся савецка-расійскі імперыялізм, спачатку ў хаўрусе з II Рэччу Паспалітай, затым - з III Райхам. Дарэчна будзе таксама падкрэсліць, што 17 верасня 1939 г. - толькі дата (паводле савецкай тэрміналогіі) вызвалення, але ні ў якім разе не аб'яднання, бо кіраўніцтва Савецкага Саюза на той час само яшчэ не ведала, ці будуць „крэсы паўночна-ўсходнія" ў адной рэспубліцы. Перад інкарпарацыяй земляў Польскай дзяржавы існавала заду-ма стварэння трох „дзяржаўных" фармаванняў у выглядзе савецкіх рэспублік: Польшчы, Заходняй Украіны ды Заходняй Беларусі. De jure паварот да варыянта, які ўрэшце ажыццявіўся - і Беларусь аб'ядналася, пачаўся 28 верасня 1939 г., калі паміж СССР і Нямеччынай быў падпісаны чарговы дагавор - аб дружбе і мяжы, які прадугледжваў новую лінію размежавання на польскай тэрыторыі і сферы ўплыву адносна літоўскай, пакуль тады яшчэ суверэннай, дзяржавы [36]. 29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю пра ўваходжанне яе ў склад БССР. 2 лістапада 1939 г. гэтую „просьбу" афіцыйна задаволіў Крэмль, што толькі потым (!), 14 лістапада, прадубляваў Вярхоўны Савет БССР. Нелегітымнасць, недэмакратычнасць выбараў на той сход (пра што сведчаць многія даступныя цяпер матэрыялы [37]), як і потым у саветы розных узроўняў, не з'яўляюцца сёння відавочнымі хіба толькі для немалой часткі беларускіх гісторыкаў, якія засталіся ў палоне савецкіх ідэалагічных установак. Дзіўна выглядаюць пазіцыі такіх навукоўцаў, якія, з аднаго боку, сцвярджаюць пра амаль стопрацэнтную актыўнасць электарату, а з другога (хочучы паказаць катастрафічна нізкі ўзровень адукацыі „заходнікаў") - кажуць (у дадзеным выпадку слушна) пра тое, што непісьменнасць пры панскай Польшчы даходзіла да 70% (прынамсі на Палессі). Якім жа чынам, хочацца запытаць у тых даследчыкаў, змаглі прайсці працэдуру выбараў людзі, што й чытаць не ўмелі? Адказ у дадзеным выпадку адзін: іх рукою настойліва вадзіла ўлада.

У свой час У. Ленін таму і задумваў палітыку поўнай ліквідацыі непісьменнасці, абгрунтоўваючы гэта неабходнасцю палітычнай асветы масаў [38], бо разумеў, што іначай іх не ахапіць бальшавіцкім уплывам і тым больш не дабіцца суцэльнай падтрымкі. Але ён жа і папярэджваў, што „скачками здесь завоевать можно меньше всего, особенно среди масс, стоящих на низком культурном уровне" [39], што „мы ни в коем случае не должны спешно нести коммунистические идеи напрямую в деревню", „поспешность и размашистость наиболее вредны" [40]. Такім чынам, нават логіка савецкага правадыра абвяргае магчымасць створаных на паперы паказчыкаў падтрымкі савецкай улады на выбарах у Заходняй Беларусі Відавочнасць гэтага пачынаюць ужо прызнаваць і некаторыя афіцыёзныя гісторыкі Беларусі. Адзначаецца, напрыклад, што каля 400 тыс. чалавек выказаліся супраць дэпутатаў або не прынялі ўдзелу ў галасаванні ў Народны сход [41]. Галасаванне супраць або няўдзел у выбарах не сведчаць наўпрост пра адсутнасць дэмакратыі, але могуць лічыцца пацвярджэннем пэўнай нелаяльнасці да ўладаў. Відаць, варта, сказаўшы „А", казаць і „Б" - прызнаць недэмакратычнасць тых савецкіх выбараў.

Вышэйсказанае значыць, што фармальна аб'яднанне Беларусі адбылося толькі амаль праз два месяцы пасля „вызвалення", post factum. А насамрэч яшчэ пазней, можна сказаць, толькі пасля вайны, бо спачатку праз старую мяжу не дазволілі вольнага перамяшчэння. „На старой границе имелись свои погранотряды. Это была большая сила" [42]. Атрымліваецца, што паспаліты люд займеў большую магчымасць перасякаць былую савецка-польскую мяжу толькі пры нямецкай акупацыі, да якой захоўваўся даваенны стан з жорсткім кантролем мяжы. Летам 1941 г., ужо пасля нападу Нямеччыны на СССР, мясцовыя жыхары, якія наважыліся на ўцёкі, не прапускаліся на савецкі бок савецкімі ж памежнікамі! Дарэчы будзе працытаваць у гэтай сувязі дзённік аднаго яўрэя, які, відаць, разумеючы эвентуальнасць развіцця падзей адносна сваёй долі, пісаў: „Как велико было горе тех, кто все лее достиг советской границы! Тут по всей линии границы стояли пограничные войска НКВД и угрожали застрелить каждого, кто намеревался пересечь границу. Пропускали только тех, кто имел специальный пропуск или билет коммунистической партии. А так как пропусков нигде нельзя было получить - в воскресенье все учрежденья были закрыты, а в понедельник всюду уже была суматоха, - то число тех, кому удалось пройти дальше на восток, было крайне незначительным. Огромная масса людей должна была вернуться обратно. Их положение было ужасно. Идти обратно означало наверняка попасть в руки немцев, захвативших уже оставшееся пространство, а идти дальше почему-то не позволяли советские пограничные войска..." I яшчэ адно сведчанне: „Пока была Советская власть, Западная Беларусь (у 1939-1941 г. -А. Т.) была изолирована от всего мира. Даже граница между Восточной и Западной Белоруссией была закрыта и местным жителям запрещалось пересекать ее. <...> Только после захвата Белоруссии немцы открыли границы, и мы могли навестить родственников - как на востоке, так и на западе" [43]. Ад такой інфармацыі нават ствараецца ўражанне, што былая савецка-польская мяжа ахоўвалася нашмат пільней пры „першых Саветах", чым да іх прыходу, калі яна перасякалася адносна немалой (як для мяжы паміж дзяржавамі-антаганістамі) колькасцю цікаўных паглядзець на „светлую будучыню", якая абарочвалася для іх нярэдка сібірскім лагерам ці горш. (NB - ахоўвалі былую мяжу, калі верыць крыніцам, менавіта памежныя войскі. Дык хто ж нас, беларусаў, насамрэч аб'яднаў пасля Рыгі?!) Звяртае на сябе ўвагу факт, што ў самым пачатку многія заходнебеларускія нацыянальныя дзеячы (у прыватнасці, Беларуская хрысціянская дэмакратыя і яе друкаваны орган „Кгуnіса") расцанілі падзеі такога аб'яднання таксама як гістарычную справядлівасць [44]. Аднак неабходна пры гэтым заўважыць пару прынцыповых і канцэптуальных акалічнасцяў:

1) ацэньваўся не юрыдычны, а перадусім палітычны (што, як паказана вышэй, адэкватна гісторыі палітычнай думкі) і этнічны аспекты (да таго ж, нагадаем, былі і контрвізіі - тых беларускіх палітыкаў, якія ў справе дасягнення незалежнасці разлічвалі на дапамогу Нямеччыны і да нападу апошняй на СССР вымушаны былі не выяўляць публічна сваю пазіцыю [45]; тут варта мець на ўвазе, што на першым этапе Другой сусветнай вайны палітыка III Райха на акупаваных тэрыторыях Еўропы значна адрознівалася ад дзеянняў у перыяд нямецка-савецкай вайны, да таго ж і задумкі Берліна ў дачыненні да Беларусі спачатку выглядалі для яе параўнальна авантажнымі і перспектыўнымі ў плане развіцця дзяржаўнасці);

2) генезіс паняцця „гістарычная справядлівасць" у савецкіх і многіх сучасных гісторыкаў узыходзіць да ленінска-сталінскага палітычнага дыскурсу і да меркаванняў нацыянальных сілаў Беларусі дачынення не мае.

Значыць, наша асэнсаванне падзей якасна не мяняецца.

I нарэшце апошняе. Кіраўніцтва II Рэчы Паспалітай лічыла этнічныя беларускія землі за Бугам арганічнай часткай Польшчы і тлумачыла неабходнасць іх далучэння „гістарычным правам" [46]. Як бачым, гэтая пазіцыя метадалагічна тоесная савецкай, - разыходжанне заключаецца не ў імперыялістычнай форме, а ў змесце таго, што кожнаму з бакоў хацелася б гістарычна „ў справядлівасць". А пастуляванне савецкай інтэрпрэтацыі адбылося толькі дзякуючы далучэнню Заходняй Беларусі да БССР. У адваротным выпадку існавала верагоднасць фігуравання тоеснага погляду на беларускую праблему ў польскай і савецкай гістарычнай навуцы.

Такім чынам, калі і спрабаваць следам за (пра)савецкімі гісторыкамі асэнсаваць феномен гістарычнай справядлівасці, то ні з прававога, ні з нейкага маральнага, а таксама гістарычнага гледзішча падзеі вакол 17 верасня 1939 г. нельга назваць справядлівымі. Акт 17 верасня - 2 лістапада 1939 г. неабходна прызнаць фармальна аб'яднальным для Беларусі (калі не браць пад увагу беларускія этнаграфічныя ўскраіны на поўначы і на ўсходзе).

Патрэбна скарэктаваць таксама канатацыю тэрміна „аб'яднанне", што ў савецкай інтэпрэтацыі атрымаў цалкам станоўчую афарбоўку для таго гістарычнага моманту. Па-першае, аб'яднанне было далёкім ад дэмакратычнага, яно планавалася ў звышсакрэтных варунках і вузкім колам прадстаўнікоў III Рыма і III Райха. Па-другое, яго праводзілі зусім не тыя бакі, якія аб'ядноўваліся: іх аб'ядналі, не пытаючыся іх згоды, і толькі потым post factum правялі інсцэніроўку „Народнага" сходу. Як і ў 1921 г. пры падзеле Беларусі, яе прадстаўнікі былі не проста праігнараваны пры ажыццяўленні нібыта аб'яднальнага працэсу (а насамрэч каланіяльнага захопу), - яны нават не ведалі пра яго падрыхтоўку і пасля 17 верасня 1939 г. маглі толькі меркаваць пра далейшы лес Заходняй Беларусі. (А неўзабаве многія інтэлектуалы-„заходнікі", хто б мог стацца тымі прадстаўнікамі, апынуліся за кратамі, тым часам як наша нацыянальная эліта ўсходняй часткі Беларусі практычна ўжо была элімінавана бальшавікамі.) Такім чынам, акт, здзейснены кіраўніцтвам Савецкага Саюза ў 1939 г., па яго форме можна маркіраваць тэрмінам „аб'яднанне", аднак нельга забывацца пра яго зместавую напоўненасць: інтэграцыя адбылася шляхам далучэння заходняй часткі беларускіх зямель, аншлюсам цалкам на ўзор „перад- і ваколмюнхенскіх" дзеянняў фашысцкай Нямеччыны 1937-1938 г. Думаецца, што менавіта выкарыстанне ў дадзеным выпадку тэрміна „далучэнне" дазваляе канкрэтызаваць гістарычную сутнасць шматграннай і неадназначнай падзеі як для беларускага народа, так і для яго суседзяў. 17 верасня не адбываўся акт аб'яднання. Аб'яднанне адбылося ў выніку таго акта.

Дарэчна будзе адзначыць, што сучасныя ўкраінскія гісторыкі, кажучы пра „насйльнйцькі методи" „приеднання західноі частини укра'інськйх земель до Велйкоі Укра'ши в рамках Радянського Союзу", слушна заўважаюць, што аб'яднанне „було найважлйвішйм кроком у формуванні укра'шськоі соборності" [47]. „Однак ця подія, - цытуем іншага ўкраінскага гісторыка, - принесла украінцям не менші страждання, ніж полякам" [48]. У аспекце абодвух момантаў карэктна бачыць такое ж (а ў справе кансалідацыі нават большае) значэнне тых падзей і для распалавіненай перад 1939 г. Беларусі. Тагачасная драма беларусаў і ўкраінцаў заключалася яшчэ і ў тым, што на гвалтоўна далучанай тэрыторыі адразу пачалася рэалізацыя брутальнага сцэнара, пракручанага амаль за два дзесяткі гадоў у БССР. Вядома, са сваёй спецыфікай, самай галоўнай рысай якой была аператыўнасць, а вынік тоесны - саветызацыя і русіфікацыя.

Трэба заўважыць, што „афіцыйная" цяперашняя гістарычная навука Беларусі часам адыходзіць ад тэзы пра гістарычную справядлівасць, кажучы ўжо наступнае: „Дзеянні савецкага кіраўніцтва калі нельга апраўдаць, mo можна правільна зразумець, зыходзячы са склаўшайся рэальнай палітычнай сітуацыі" [49] (курсіў наш. - А. Т.). Як бачым, аўтар ужо дапускае магчымасць неапраўдання дзеянняў савецкага кіраўніцтва. (Неапраўдання „гістарычнай справядлівасці"?!) Аднак, спрабуючы „выкруціцца", кажа пра разумение палітычна-гістарычнай логікі тых дзеянняў („можна правільна разумець"!). А хіба ўсе іншыя моманты гістарычнага працэсу можна разумець і няправільна? Ці можна правільна не разумець? Ці нельга правільна разумець? Думаецца, аўтар цытаты сафістычна заганяе сябе ў тупіковы кут квазінавуковых разважанняў, яўна завужваючы магчымасці выбару кіраўніцтвам Савецкага Саюза палітычнага курсу і не ўлічваючы меркаванні ў дачыненні да развіцця тых падзей галоўнага аўтара гэтага курсу - Сталіна. Паводле ж Іосіфа Вісарыёнавіча, вайна адкрывала перад СССР „широкое поле деятельности для развития мировой революции. <...> В интересах СССР - Родины трудящихся, чтобы война разразилась между Рейхом и капиталистическим блоком. Нужно сделать все, чтобы эта война длилась как можно дольше в целях изнурения двух сторон. Именно по этой причине мы должны согласиться на заключение пакта, предложенного Германией, и работать над тем, чтобы эта война, объявленная однажды, продлилась максимальное количество времени. <...> Что плохого было бы, если в результате разгрома Польши мы распространим социалистическую систему на новые территории и население" [50]. Сам Сталін добра разумеў значэнне падпісання падобных „мірных" дагавораў, бо яшчэ ў 1925 г. успамінаў прэцэдэнты заключэння такіх актаў у Новай гісторыі, напрыклад, паміж Нямеччынай ды Аўстрыяй, паміж Францыяй ды Расіяй, што прывяло да развязання Першай сусветнай вайны; апошні да таго ж меў і сакрэтны пратакол (!), паводле якога прадугледжвалася ваенная ўзаемадапамога супраць Нямеччыны [51].

Прызнаючы аб'яднальны для Беларусі момант у падзеях 1939 г., некарэктна казаць пра „вызваленне Чырвонай Арміяй" Заходняй Беларусі і тым больш пра справядлівасць таго акта, тым самым прызнаючы справядлівасць агрэсіі. Падзеі 1939 г. былі справядлівымі гэтак жа, як і дзяльба Беларусі ў 1918-1921 г. I падзеі 1939 г. не прыбавілі ў гісторыі справядлівасці, бо зло нельга выкараніць злом. Ад гэтага яго толькі пабольшае. А наданне тым ці іншым сацыяльна-палітычным з'явам ацэнак у гісторыі як гуманітарнай навуцы павінна быць адэкватным сістэме каштоўнасцяў сучаснай цывілізацыі і імкнуцца не трапляць у цянёты кан'юнктуры і залежнасці ад палітычных сілаў ці асабістых перакананняў даследчыка.

Паводле Ж.-М. Дамэнака, „гісторыя... гэта перадусім спосаб, згодна зь якім культура трактуе мінулыя падзеі, каб на гэтай падставе аналізаваць сваю цяпершчыну і плана-ваць будучыню" [52]. Таму і асэнсаванне палітычных працэсаў на і вакол Беларусі наўпрост выяўляе культуру аўтараў, іх адносіны да нормаў міжнароднага права, да права народа на нацыянальнае самавызначэнне, да гісторыі беларускай дзяржаўнасці, да таго, на якія ж гістарычныя ідэалы варта арыентавацца нацыі ў сваім развіцці, etc.

Ne quid falsi audeat, ne guid veri non audeat historia!
1939 re-unification of Belarus and „historical justice"

Anatol Trafimcyk

On the pretext of so-called „historical justice" and the mission to re-unify the Belarusian people the Moscow Kremlin pursued its own ends. Serving the purpose to broaden the Socialist Revolution at most, the Bolsheviks tried to make best use of Belarus in their geopolitical game against the capitalist world. However, events of the year 1939 had the fundamental importance for history of Belarus. But to represent the capture of new territories by the Soviet Union as a „reunion" seems to be not correct. According to the author's point of view, the term „annexation" is more proper to events of the autumn of 1939.

Крыніца: Беларускі Гістарычны Агляд, Том 16 Сшытак 1 (30) Чэрвень 2009

Крыніцы:
[1] Паспрыяла гэтаму, як ні парадаксальна, і пазіцыя Англіі і Францыі - тагачасных саюзнікаў Польшчы - адносна ўключэння нядаўніх усходніх правінцый II Рэчы Паспалітай у склад СССР, якое разглядалася Лонданам дастаткова спакойна і нават зычліва, без якіх-небудзь прэтэнзій да Масквы (гл. падрабязней: Сальков А. П. Проблема принадлежности Западной Белоруссии и Западной Украины в советско-англо-франко-американских отношениях (сентябрь 1939 - июнь 1941 г.) // Другая сусветная вайна: новыя аспекты даследаванняў. Матэрыялы міжнароднага навуковага семінара 1 верасня 2003 г. Мінск; адк. рэд. В. Ф. Балакіраў, К. I. Козак. Мінск, 2004. С. 16-26; Sobczak К. Polska wojna wrzesniowa na dwoch frontach 1.09-17.09-6.10.1939. Warszawa: Wydawnictwo Comandor, 2005. S. 156-158). Дый сучасныя польскія даследчыкі сярод прычын падзелу II Рэчы Паспалітай схільны бачыць у тым ліку і англійска-французскі фактар: „Trzeba niezmiennie pamietac, ze operacja Armii Czerwonej w Polsce 17 wrzesnia 1939 r. stala si§ mozliwa tylko w warunkach bezczynnosci aliantow Rzeczypospolitej na froncie zachodnim" (Kornat M. Agresja 17 wrzesnia 1939 i jej konsekwencje w polityce europejskiej // Radziecka agresja 17 wrzesnia 1939 r. i jej skutki dla mieszkancow ziem polnocno-wschodnich II Rzeczypospolitej. Bialystok, 2000. S. 50). Гэта сёння выкарыстоўваюць у сваіх вялікарасійскіх інтарэсах некаторыя расійскія гісторыкі, кажучы: "Сами британские политики того времени полагали действия СССР по восстановлению дореволюционной территории абсолютно правомерными: лорд Галифакс, министр иностранных дел, выступая в палате лордов, так представил советско-германский договор и действия СССР: „Будет справедливым напомнить две вещи: во-первых, советское правительство никогда не предприняло бы такие действия, если бы германское правительство не начало и не показало пример, вторгнувшись в Польшу без объявления войны (але ж перад тым быў пакт Молатава - Рыбентропа з яго сакрэтным пратаколам! -А. Т.); во-вторых, следует напомнить, что действия советского правительства заключались в перенесении границы по существу до той линии, которая была рекомендована во время Версальской конференции лордом Керзоном..." 10 октября 1939 г. такую же оценку дал У. Черчилль" (а хто ж дапамагаў Польшчы ў 1919-1920 г. у барацьбе супраць Савецкай Расіі, як не Англія? - А. Т.) (гл.: Нарочицкая Н. То, что нельзя забывать // Неман. 2005. № 5. С. 138). Аднак калі мець на ўвазе, што кіраўніцтва Англіі і Францыі чакала далейшага прасоўвання Гітлера на ўсход, дык такая іхняя зычлівасць лагічна вытлумачваецца, але ўжо пад час нямецка-савецкай вайны яны пры падтрымцы ЗША вялі ўпартую дыпламатычную барацьбу з прадстаўнікамі Крамля за адстойванне ўсходніх межаў Польшчы. У абодвух выпадках захады дыпламатаў, што і не дзіўна, дэтэрмінаваліся (геа)палітычнай кан'юнктурай, а не міжнародна-прававой базай.
[2] Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939-1954): Монография / С. А. Ситкевич, С. А. Сильванович, В. В. Барабаш, Н. А. Рыбак. Гродно: ГГАУ, 2004. С. 106.
[3] Случ С. З. Советско-германские отношения в сентябре - декабре 1939 года и вопрос о вступлении СССР во Вторую мировую войну // Отечественная история. 2000. № 5. С. 46-58; № 6. С. 10-27.
[4] Сталін I. В. Тврры. Т. 13. Мінск, 1951. С. 394.
[5] Лебедева Н. С. Польша между Германией и СССР в 1939 году // Война и политика, 1939-1941. Москва, 1999. С. 74; 162-163.
[6] Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі // Спадчына. 1994. № 4. С. 59-60.
[7] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Пер. з польскай В. Ждановіч. Каментарыі А. М. Літвіна. Мінск, 1993.С. 38.
[8] Гл., напрыклад: Костюк М. П. Большевистская система власти в Беларуси. Москва, 2002. С. 208.
[9] Гл.: Горбач А., Міхнюк У. Уз'яднанне Заходняй Беларуеі з БССР // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 571.
[10] Снапкоўскі У. Савецка-германскія дагаворы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 194.
[11] Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917-1945 г. / А. Вабіпічэвіч [і інш.]; рэдкал. М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. Мінск, 2006. С. 455, 468.
[12] Цыт. па: Вялікі А Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946): Манагр. / Навук. рэд. В. Дз. Селяменеў. Мінск, 2005. С 20.
[13] Цыт. па той жа працы. С. 26, 30, 31.
[14] Цыт па: Турук Ф. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. Москва, 1921. С. 51.
[15] Канарш Г. Ю. Понятие справедливости в истории политической мысли (античная традиция и классический либерализм) // Философские науки. 2006. № 2. С. 142. Да таго ж некаторыя сучасныя расійскія мысляры даводзяць, што не існуе агульнага універсальнага паняцця „справядлівасці" (гл.: Печерская Н.В. Метаморфозы справедливости: историко-этимологический анализ понятия справедливости в русской культуре // Полис. 2001. №2. С. 132-146).
[16] Цыт. па: Суворов В. Ледокол. Кто начал Вторую мировую войну?: Нефантастическая повесть-документ. Москва, 1992. С. 43.
[17] У гэтай сувязі дазволім сабе шырокае цытаванне У. Леніна: "Аннексией нельзя назвать всякое присоединение „чужой" территории, ибо социалисты, вообще говоря, сочувствуют устранению границ между нациями, сближению и слиянию наций, образованию более крупных государств. Ясно, что аннексией нельзя считать всякое нарушение status quo: это было бы величайшей реакционностью и насмешкой над основными понятиями исторической науки. Ясно, что аннексией нельзя считать всякое насильственное, военное, присоединение, ибо против насилия, если оно применяется в интересах массы населения и в интересах прогресса человечества, социалисты возражать не могут. Ясно, что аннексией можно и должно считать лишь присоединение территории вопреки воле ее населения. Другими словами, понятие аннексии неразрывно связано с понятием самоопределения наций" (Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 27. Москва, 1973. С. 462-463). Але ж трэба мець на ўвазе (і тут варта пагадзіцца), што „Ленин объявляет нравственным все, что способствует пролетарской революции, другого определения добра он не знает" (Бердяев Н. А. Истоки и смысл русского коммунизма. Глава VII. § 3 - узята з Internet'a), Бо неўзабаве пасля тых слоў, пры неабходнасці апаніравання, Ленін сам падкрэслівае, што "в понятие аннексии входят обычно 1) понятие насилия (насильственное присоединение), 2) понятие чуженационального гнета (присоединение „чужой" области и т. п. и - иногда - 3) понятие нарушения status quo („интересы человечества" ў дадзенай фармулёўцы адсутнічаюць), і, амаль паўтараючыся, робіць выснову: „аннексия есть нарушение самоопределения нации, есть установление границ государства вопреки воле населения" (Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 30. Москва, 1980. С. 25-26). Логіка і мараль правадыра пралетарыяту характарызуюцца яго наступнымі словамі: „Плох тот революционер, который в момент острой борьбы останавливается перед незыблимостью закона. Законы в переходное время имеют временное значение. И если закон препятствует развитию революции, он отменяется или исправляется" (Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 36. Москва, 1974. С. 504).
[18] Сальков А. П. Проблема принадлежности Западной Белоруссии и Западной Украины в советско-англо-франко-американских отношениях (сентября 1939 - июнь 1941 г.). С. 19.
[19] Ладысеў У. Ф. Рыжскі дагавор 1921 года і палітыка кіраўніцтва Савецкай Расіі экспарту рэвалюцыі // Biuletyn Historii Pogranicza. 2001. № 2. С 38; першакрыніца: НАРБ, ф. 242, воп. 1, спр. 7, арк. 6, 75.
[20] Хваля М. Заходняя Беларусь. Яе абшар, люднасць і натуральныя багацці // Наш палетак. 1932. № 1. С. 12.
[21] Хаўратовіч I. П. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 4. Мінск, 1971. С. 533-535; Хаўратовіч I. П. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 10. Мінск, 1974. С. 438-439; Хаўратовіч I. П. Заходняя Беларусь // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 12. Мінск, 1975. С. 151-157.
[22] Хаўратовіч I. Заходняя Беларусь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Мінск, 1996. С. 421.
[23] СССР - Германия. 1939-1941. Документы и материалы о советско-германских отношениях с апреля 1939 г. по июль 1941 г.
[24] Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі // Спадчына. 1994. № 4. С. 56; Мирный договор между Россией и Литвой. 12 июля 1920 г. // Спадчына. 1993. № 5. С. 48-55.
[25] Мирный договор между Россией и Украиной, с одной стороны, и Польшей - с другой // Спадчына. 1993. № 4. С. 15.
[26] Случ С. 3. Советско-германские отношения в сентябре - декабре 1939 года и вопрос о вступлении СССР во Вторую ми ровую войну // Отечественная история. 2000. № 5. С. 46-58; № 6. С. 10-27.
[27] Чаму ў пэўнай меры? Ды справа ў тым, што і ў канцы і пасля вайны крамлёўскія палітыкі адстойвалі не столькі „гістарычную справядлівасць", колькі прыналежнасць да СССР эканамічна капітоўнай Галіччыны: „документа: свідчать, що коли йшлося про конкретні теріторіі, то суперечки ніколі не торкалися Волінічи Західноі Білорусі" (Коваль В. С. Довкола радянсько-польскоі війнй 1939 року // Історйчні зошити. 1991. № 1. С. 58).
[28] Цікава, што такое параўнанне намі знойдзена і ў падставовым падручніку па гісторыі Беларусі для студэнтаў гістарычных факультэтаў беларускіх ВНУ (Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. XIX-XX ст.: Курс лекцый / П. I. Брыгадзін, У. Ф. Ладысеў, П. I. Зялінскі і інш. Мінск, 2002. С. 439). А вось убачыпь сярод аўтараў адпаведнага раздзела У. Ладысева, „барацьбіта за гістарычную справядлівасць", было даволі нечакана.
[29] Дарэчы, генезіс тэрміна „чацвёрты падзел" адносна вераснёўскіх падзей 1939 г. нельга прыпісваць цалкам польскаму палітычнаму ды гістарычнаму дыскурсу. Япічэ да таго, як на даляглядзе тыя падзеі з'явіліся, кіраўніцтва СССР загаварыла пра эвентуальнасць „практики XVIII ст.: произвести вместе (з Нямеччынай. - А. Т.) четвертый раздел" (Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939-1954): Монография / С. А. Ситкевич, С. А. Сильванович, В. В. Барабаш, Н. А. Рыбак. Гродно, 2004. С. 105-106).
[30] У сувязі з гэтым нельга не пагадзіцца з абурэннямі атамана Палескай Сечы (Украінская Паўстанцкая Армія) генералахаружага Тараса Бульбы-Бараўца: маўляў, палякі, пачынаючы з Рыгі 1920 г., так доўга гандлявалі чужымі землямі то з Масквою, то з Берлінам, пакуль сама Польпіча не зрабілася нямецкай і маскоўскай калоніяй (Бульба-Боровець Т. Армія без держави. Слава і трагедія украі'нського повстанського руху. Спогади. Вінніпег - Канада, 1981. С. 66). 3 часамі сацыяльна-палітычнай лібералізацыі польская гістарычная навука праявіла тэндэнцыю не толькі да вытлумачэння логікі падзелу Чэхаславакіі паміж Нямеччынай, Поль- шчай і Венгрыяй, але і да канструявання вобраза II Рэчы Паспалітай як ахвяры таго акта на той падставе, што яго кантэкст прывёў неўзабаве да агрэсіі супраць самой Польшчы (гл., напрыклад: Sobczak К. Polska wobec Monachium // W 50 rocznic^ konferencji monachijskiej - niedocenionego ostrzezenia dla narodow swiata. Marerialy z sesji naukowej. B^sia 21-22 wrzesnia 1988. Studia i Materialy Nr 19. Historia. Olsztyn, 1990. S. 11-20).
[31] У пачатку германа-савецкай вайны на запытанне немцаў, якой ўлады хацелі б беларускія сяляне, адзін дзед шчыра адказаў, што такой, якая дала б „спакой нашаму сялу" (паведамленне П. Панамарэнкі Сталіну): Чайковский А. С. Невідома війна: (Партиз. pyx в Укра'іні 1941-1944 pp. мовою документів, очи-ма історйка). Кйі'в, 1994. С. 58. Звярніце ўвагу на адсутнасць (прычым тыловую для беларускай вёскі) нейкай дзяржаўніцкай арыентацыі ў селяніна пры патрыятычнасці адносна сваёй малой радзімы. (Гл. на гэты конт таксама, напрыклад: Радзік Р. Прычыны слабасці нацыятворчага працэсу беларусаў у XIX -XX ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 2. Сш. 2. Менск, 1995. С 197).
[32] Debski S. Miedzy Berlinem a Moskwa- Stosunki niemiecko-sowieckie 1939-1941. Warszawa: Polski Instytut Spraw Mi^dzynarodowych, 2007. S. 600.
[33] Ліс А. Заходняя Беларусь: культурная спадчына забытага дваццацігоддзя // Спадчына. 1994. № 6. С. 38-39.
[34] Наджафов Д. Г. Советско-германский пакт 1939 года: переосмысление подходов к его оценке
[35] Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусь Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. С. 816.
[36] Документы внешней политики. 1939. Т. XXII: В 2 кн. Кн. 2: Сентябрь - декабрь. Москва, 1992. С. 135-136.
[37] Гл. хаця б: Хоміч С. Беларускія скарбы Гувера // Спадчына. 2003. № 4-5. С. 69. Больш за тое, месцамі было заўважана, што тэхналогія выбараў дазваляла вылічыць тых, хто не галасаваў за адзінага ў бюлетэні кандидата: Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939-1954): Монография / С. А. Ситкевич, С. А. Сильванович, В. В. Барабапі, Н. А. Рыбак. Гродно, 2004. С. 137-138. Гэта значыць, новая ўлада, акрамя пастаноўкі спектакля па юрыдычным афармленні далучэння зямель, паралельна выяўляла іх антысавецкі па-тэнцыял. Да таго ж савецкія „выбары" на Заходняй Беларусі, як сведчаць адрасаваныя ўладам пытанні бескампраміснай моладзі, адбываліся пад пагрозай савецкай зброі (Gnatowski M. Niepokorna Bialostocczyzna. Opor spoleczny i polskie podziemie niepodleglosciowe w regionie bialostockim w latach 1939-1941 w radzieckich zrodlach. Bialystok. 2001. S. 80). У снежні 1940 г. на выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы не толькі навязвалі сваіх, але пры гэтым і адхілялі вылучаных ад народа. У Столінскім раёне такіх аказалася ажно 76 (Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Столінскага р-на. Мінск, 2003. С. 181). 3 тых часоў на некато-рых выбарчых участках пэўны час захоўваўся надпіс: „Пакіньце адно прозвішча, а астатнія выкрасліце". „Гэта здзіўляла, бян-тэжыла, абурала выбаршчыкаў" (Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Іванаўскага р-на. Мінск, 2000. С. 152).
[38] Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 44. Москва, 1974. С. 170-174.
[39] Ленин В. И. Полное собрание сочинений. Т. 37. Москва, 1974. С. 464.
[40] Цыт. па: Жыжак С. Лавіце момант: ленінская спадчына // „ARCHE Пачатак". 2004. № 4. С. 94.
[41] Каваленя А. А. Моладзь заходніх абласцей Беларусі напярэдадні і ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў: зборнік навук. Артыкулаў / Гродз. дзярж. ун-т; рэдкалегія: I. П. Крэнь, У. I. Навіцкі, В. А. Белазаровіч (адк. рэд.) [і інш.]. Гродна, 2006. С 15.
[42] Литвин А. Как это было // Неман. 1991. № 6. С. 160.
[43] Цыт. па: Татаренко А. Недозволенная память: Западная Беларусь в документах и актах: 1921-1954. С.-Петербург, 2006. С. 245-246, 332.
[44] Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 504.
[45] Гл., напрыклад: Шкялёнак М. Беларусь і суседзі. Гістарычныя нарысы. Беласток, 2003. С 236-248.
[46] Цыт. па: Ладысеў У. Ф. Да пытання нацыянальна-тэрытарыяльнага адзінства беларускіх зямель у 20-я гады // Этнасацыяльныя і культурный працэсы ў заходнім рэгіёне Беларусі: гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі / Пад рэд. I. П. Крэня. Гродна, 1998. С 104.
[47] Історія Украіни: нове бачання / В. Ф. Верстюк, О. В. Гарань О. I. Гуржій та ін.; під ред. В. А. Смолія. Кйі'в, 2000. С. 338.
[48] Гетьманчук М. Ризький договір і трагедія Полыці в 1939 році // 1939 рік в історйчній долі Украінй і украінців. Матеріалй Міжнародноі науковоі конференціі 23-24 вересня 1999 р. Львів, 2001. С 119.
[49] Ладысеў У. Ф. Ваенна-палітычны фактар у вырашэнні праблемы адзінства беларускай нацыі ў пачатковы перыяд II сусветнай вайны (метадалагічны аспект) // Другая сусветная вайна: новыя аспекты даследаванняў. Матэрыялы міжнароднага навуковага семінара 1 верасня 2003 г. Мінск; адк. рэд. В. Ф. Балакіраў, К. I. Козак. Мінск, 2004. С. 11.
[50] Цыт. па: Польское подполье на территории западных областей Беларуси (1939-1954): Монография. С. 104-105.
[51] Гл. падрабязней: Сталин И. В. Сочинения. Т. 7. Москва, 1952. С. 274-276.
[52] Цыт. па: Ф'ют А. Быць (або ня быць) сярэднееўрапейцам // Спадчына. 1998. № 5. С. 195.

Аўтар: А. Трафімчык

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Аб'яднанне БССР ў 1939 г. і «гістарычная справядлівасць»

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.