«Айцы» БССР і іхны лёс

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему «Айцы» БССР і іхны лёс. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-09
Источник: http://library.by

Нарыс ""Айцы" БССР і іхны лёс", які мы прапануем увазе нашых паважаных чытачоў, ставіць мэту выясьніць, як паўстала БССР і які лёс спаткаў ейных творцаў, выясьніць праўдзівую гісторыю ў вадрозьненьне ад фальшывай, прапагандовай вэрсіі афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі.

За "айцоў" БССР мы ўважаем беларусаў нацыянал-камуністых, якія, апынуўшыся паза межамі БНР (на савецкім баку лініі фронту), гуртаваліся ў свае нацыянальна-аўтаномныя беларускія сэкцыі РКП(б) і ў Белнацкоме. Яны былі левымі беларускімі патрыётамі, каторыя шчыра верылі, што, апіраючыся на савецкую ўладу ў Расеі й камуністычную дактрыну, можна будзе адрадзіць беларускую дзяржаўнасьць - хутчэй і лепей, чымся на аснове іншых палітычных канцэпцыяў. Як сьведчаць факты й дакуманты, гэта яны былі ініцыятарамі абвешчаньня БССР і першымі ейнымі будаўнікамі.

1

Адсунем стрэлкі гадзіньніка назад і праэкзамінуем гісторыю паўстаньня БССР. Пачнем ад гісторыі Беларускіх сэкцыяў РКП(б) і Белнацкому.

Пачатак Беларускім сэкцыям РКП(б) дала левае крыло Петраградзкага (пераважна работніцкага, каля 500 усіх сяброў) і Гэльсінскага (матроскага Балтыцкага флёту, к. 200 усіх сяброў) аддзелаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ), каторае, адкалоўшыся ад свае партыі, увосені 1917 г. засноўвае Беларускую СДРП. На чало новае партыі выбіраецца камітэт у складзе был. сябры ЦКБСГ А.Чарвякова, А.Усьціловіча, Сосны, Гурыновіча, Лаўрэцкага, Паляцка й Я.Лагуна. У сьнежані 1917 г. БСДРП высылае дэлегатаў ад свае партыі (А.Чарвякоў, Я.Лагун, А.Усьціловіч, У.Скарынка, Сосна й інш.) на 1-шы Ўсебеларускі Кангрэс у Менск. Пасьля 7-га зьезду РСДРП(б) (сакавік 1918 г.), які перайменаваў сваю партыю ў РКП(б), БСДРП пераймяноўваецца ў Беларускую сэкцыю РКП(б). Зь яе ініцыятывы ў верасьні-лістападзе 1918 г. такія-ж сэкцыі паўстаюць у Саратаве й Маскве, а за імі - і ў іншых беларускіх перасяленскіх і ўцякацкіх асяродках Расеі, а таксама й у самой Беларусі (Казань, Тамбоў, Казлоў, Менск, Невель). Дзеля ўплываў маскоўскай сэкцыі на арганізацыйнае жыцьцё іншых назавем пэрсанальны склад ейнага камітэту, выбранага 24.11. 1918 г.: З.Жылуновіч, П.Клыш, З.Чарнушэвіч, А.Чарвякоў, А.Дзедзя, І.Няцецкі, Я.Дыла, І.Мазур, У.Фальскі.

На прапазыцыю БСДРП, 7/20.1.1918 г. у Петраградзе склікаецца нарада прадстаўнікоў левых беларускіх арганізацыяў - БСДРП, Петраградзкага аддзелу БСГ, левых эсэраў і вайсковых групаў Кранштату й Фінляндыі. На гэтай нарадзе выбіраюцца кандыдаты ў г.зв. Беларускі Нацыянальны Камісарыят (Белнацком). У кіруючы склад Белнацкому выбраныя: А.Чарвякоў (БСДРП) - на становішча камісара, У.Скарынка (БСДРП) - ягонага заступніка й З.Жылуновіч (тады яшчэ БСГ) - сакратара. 31.1/13.2.1918 г. Белнацком із прапанаванымі кандыдатамі ў ягоны кіруючы склад зацьвярджаецца дэкрэтам СНК РСФСР як аддзел Народнага Камісарыяту ў нацыянальных справах РСФСР ("Камісарыят у беларускіх справах", паводля тэрміналёгіі дэкрэту), падобна такім-жа аддзелам (камісарыятам) для іншых народаў (палякоў, летувісаў, армянаў і г.д.), створаным з мэтаю кантраляваньня нацыянальных рухаў нерасейскіх народаў Расеі. Хутка па пераезьдзе СНК РСФСР і Белнацкому ў Маскву (канец сакавіка 1918 г.) месца А.Чарвякова, змабілізаванага ў палітаддзел Чырвонай арміі, займаюць сьпярша левы эсэр зь Беларускага Абласнога Камітэту пры Ўсерасейскім Савеце сялянскіх дэпутатаў, тады выкліканы із Петраграду А.Усьціловіч, а ад 23.12.1918 г. - З.Жылуновіч".

Беларускія сэкцыі РКП(б) і Белнацком сваю актыўнасьць у падрыхтове абвешчаньня БССР (яны мелі ўжо прыклад - УССР, праклямаваную 25.12.1917 г.) разгортваюць у трох кірунках: у кірунку зьбіраньня сваіх сілаў і прапаганды сярод іх ідэі БССР, у кірунку інсьпірацыі падтрымкі ідэі БССР зьнізу й у кірунку плянаваньня абвешчаньня БССР і націску ў гэтай справе на маскоўскі бальшавіцкі цэнтар.

Падобна БСГ і эсэрам, яны, апрача беларускіх работнікаў Петраграду (пуцілаўцаў, абухоўцаў, артылерыйскага заводу й інш.) ды маракоў Балтыцкага флёту, асаблівую ўвагу зварочваюць на сотні тысяч беларускіх уцекачоў 1-ай сусьветнай вайны й іхныя асяродкі ў РСФСР. Каб мець на іх большы ўплыў, у сьнежані 1917 г. тады яшчэ як БСДРП рэвалюцыйным парадкам яны ліквідуюць Беларускі ўцякацкі камітэт у Петраградзе (Камітэт Беларускага таварыства арганізацыі дапамогі пацярпелым ад вайны), а, заміж яго, паклікаюць свой у складзе А.Чарвякова, А.Усьціловіча, Я.Лагуна, Сосны, З.Жылуновіча (БСГ). Ужо ад імя Белнацкому арганізуюць сетку сваіх эмісараў пры беларускіх уцякацкіх асяродках Калугі, Саратава, Тамбова й г.д., а ў Петраградзе й местах занятай РСФСР часткі БНР - у Смаленску, Віцебску, Воршы - закладаюць мясцовыя аддзелы Белнацкому.

1.3.1918 г. Белнацком пачаў выдаваць пад рэд. З.Жылуновіча ў Петраградзе (ад No.6 - у Маскве) свой прэсавы орган - тыднёвую газэту "Дзяньніца" (ад No.40 за 3.12.1918 г. - орган Белнацкому й маскоўскай Беларускай сэкцыі РКП(б), а ад 19.7.1918 г. у Петраградзе пад рэд. А.Вазілы - двумоўны (беларуска-расейскі) часапіс "Чырвоны Шлях" (орган Петраградзкага аддзелу Белнацкому), у якіх сыстэматычна, з розных нагодаў, побач прапаганды супраць БНР, папулярызуецца ідэя БССР (у "Дзяньніцы" ўжо ў No.8 артыкул - "Беларусь як частка Савецкай Фэдэрацыйнай Рэспублікі").

У Петраградзе, Маскве й іншых перасяленскіх і ўцякацкіх асяродках РСФСР Белнацком адчыняе свае клюбы, бібліятэкі, школы, творыць розныя палітычныя й культурна-грамадзкія гурткі й таварыствы. Для падрыхтовы кіруючых кадраў арганізуе Вышэйшыя курсы беларусаведы ў Петраградзе, а ў Маскве - Беларускі Народны Ўнівэрсытэт, дзе для слухачоў (пераважна беларускіх настаўнікаў і культурна-асьветных працаўнікоў) праф. У.Пічэта, праф. З.Анучын, праф. М.Янчук, праф. А.Ясінскі, этнограф У.Дабравольскі, П.Растаргуеў, А.Канчар і інш. чытаюць курсы з геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі й эканомікі Беларусі, беларускай мовы й літаратуры. У кан. 1918 г. Белнацком выдае альманах "Зажынкі" з творамі Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, А.Гаруна, У.Галубка, Х.Чарнышэвіча, а ў тым і сваіх супрацоўнікаў - Ц.Гартнага (З.Жылуновіча), Я.Нёманскага (Пятровіча) і Ф.Шантыра.

Падтрымка зьнізу ідэі БССР, інсьпіраваная Беларускімі сэкцыямі РКП(б) і Белнацкомам, выяўлялася галоўна ў прыняцьці адпаведных рэзалюцыяў беларускімі сходамі, канфэрэнцыямі й зьездамі. Рэзалюцыі гэтыя дзеля таго й маюць у розных варыянтах адну й тую-ж схэму з трох тэзаў: няпрызнаньня пазафронтавай БНР і яе кіруючых органаў - Рады й Ураду БНР; дэклярацыі ў адданасьці савецкай уладзе й Расеі; супрацьстаўленьня БНР ідэі БССР (фэдэрацыі ці саюзу Беларусі з Расеяй) як спосабу вырашэньня права беларускага народу на нацыянальнае самавызначэньне. Першыя дзьве тэзы вымагаліся ад маскоўскага цэнтру, трэцяя дадавалася ад сябе.

"Адзіны беларускі народ ня можа й не павінен быць падзелены на часткі, ён павінен застацца цэлым; і яму павінна быць дадзена, як і іншым народам, права вызначыць сваю долю", - яшчэ нясьмела заяўляе рэзалюцыя беларусаў уцекачоў з Горадзеншчыны ў Казанскай губ. 23.4.1918 г.

"Няхай жыве Беларуская Фэдэрацыйная Савецкая Рэспубліка зь вялікай свабодкай працоўнай Расеяй!" - завяршаецца рэзалюцыя Каралеўскай воласьці Віцебскага пав. 14.5.1918 г.

Такія-ж рэзалюцыі прымае скліканы Белнацкомам у Маскве 17-21.7.1918 г. Усерасейскі зьезд уцекачоў зь Беларусі: "Прэч незалежнасьць, накінутую немцамі з дапамогаю беларускіх паноў! Няхай жыве адзіная вольная работніцка-сялянская Беларусь у цесным братнім саюзе з Расейскай Савецкай Рэспублікай!" (рэзалюцыя ў пытаньні "Бягучы момант")" і "...прызнаючы, што Беларусь павінна ўвайсьці ў будучым у склад саюзу свабодных народаў на аснове аўтаномнасьці ў фэдэрацыі з Расейскай Савецкай Рэспублікай, Зьезд вызнае за канечнае, каб на будучай мірнай канфэрэнцыі народаў былі прадстаўнікі ад працоўнага беларускага народу для абароны ягоных інтарэсаў..." (рэзалюцыя ў пытаньні "Аб прадстаўніцтве Беларусі на будучай мірнай канфэрэнцыі народаў").

23-24.8.1918 г. зь ініцыятывы Петраградзкага аддзелу Белнацкому ў Петраградзе склікаецца "Першая канфэрэнцыя беларускіх савецкіх арганізацыяў і партыяў", у якой бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх лякальных аддзелаў Белнацкому, маракоў Балтыцкага флёту, работнікаў Петраграду й Кранштату, петраградзкай Беларускай сэкцыі РКП(б), сацыял-дэмакратаў інтэрнацыяналістых і эсэраў. Па абмеркаваньні дакладаў камісара Петраградзкага аддзелу Белнацкому Я.Лагуна на тэму "Палітычны стан Беларусі" й старшыні Беларускага Абласнога Камітэту пры Ўсерасейскім Савеце сялянскіх дэпутатаў эсэра А.Канчара на тэму "Чым павінна быць Беларусь" канфэрэнцыя "прыйшла да аднадушнае пастановы, што Беларусь павінна быць шырокааўтаномнай дзяржаўнай адзінкай, павінна... увайсьці ў вялікі фэдэрацыйны Расейскі Саюз раўнапраўным сябрам".

Актыўнасьць беларускіх нацыянал-камуністых і іхных прыхільнікаў у кірунку да абвешчаньня БССР ад самага пачатку спаткалася із маўклівым ці адкрытым супрацівам і няпрыхільнасьцю з боку маскоўскага бальшавіцкага цэнтру й усіх іншых кіруючых органаў РКП(б) і савецкай улады, якія ў нацыянальным пытаньні стаялі на пазіцыях расейскага вялікадзяржаўнага шавінізму.

19.7.1918 г. група дэлегатаў згадванага зьезду беларускіх уцекачоў у РСФСР на чале з камісарам Белнацкому А.Усьціловічам была прынятая Леніным. Дэлегацыя не пачула ад галавы РСФСР ніякіх запэўненьняў ці хоць-бы абяцанак у справе будучага ўладжаньня Беларусі, над чым так шмат дыскутаваў зьезд. І гэта тым балей дзіўна, калі ўзяць на ўвагу факт, што група левых эсэраў выступіла на зьезьдзе ў вабарону БНР і ейных кіруючых органаў, а зьезд у сваім прывітаньні ЦВК РСФСР "выказаў упэўненасьць, што...(ЦВК) пойдзе насустрач зьезду й дапаможа беларускаму народу ў вырашэньні ягоных надзённых патрэб і абароне ягоных інтарэсаў.

4.8.1918 г. беларусы работнікі Пуцілаўскага заводу ў Петраградзе на сваім сходзе прымаюць рэзалюцыю із дамаганьнем перайменаваць Заходнюю вобласьць (куды ўваходзіла Беларусь) у Беларускую й пастанаўляюць паслаць у гэтай справе ў Маскву, у СНК РСФСР, дэлегацыю із двох работнікаў заводу. 13.8.1918 г. беларусы маракі Балтыцкага флёту ў Петраградзе прымаюць у тэй самай справе рэзалюцыю, адрасаваную ў СНК РСФСР. Паводля рэзалюцыі маракоў, "Саветам народных камісараў павінен быць выданы дэкрэт пра ўтварэньне Беларускай вобласьці... цэнтрам якое ў будучыні мусіць стацца Полацак - гэты старажытнейшы асяродак самастойнага дзяржаўнага жыцьця беларускага народу", а "часовым адміністрацыйным цэнтрам - Смаленск". Амаль адначасна з гэтай ініцыятывай Белнацком падае ў Наркамнац РСФСР апрацаваны ім канкрэтны "Праект дэкрэту пра ўтварэньне Беларускай вобласьці" як часовай "аўтаномнай палітычнай адзінкі" ў складзе РСФСР і далучае да яго "Тлумачальную запіску". Белнацком просіць дэкрэтам СНК РСФСР зьліквідаваць Заходнюю вобласьць, якая "ў складзе Расейскай Савецкай Рэспублікі цяпер ня творыць нат асобнай вобласьці з нацыянальным назовам, афіцыйна мянуючыся "Заходняй"; ды распусьціць ейныя кіруючыя органы, "паўсталыя пры выпадковых акалічнасьцях із вайсковых арганізацыяў Заходняга фронту бяз удзелу свабоднага волявыяўленьня беларускага народу". Заміж іх, у межах этнаграфічнае карты Беларусі акад. Я.Карскага й "на правох самастойнасьці ў сваім дзяржаўным і палітычна-эканамічным жыцьці" мусіць быць створаная "Беларуская вобласьць". Як такая, падкрэсьліваецца ў "Запісцы", яна павінна існаваць толькі часова, "да скліканьня Ўсебеларускага Ўстаноўчага Зьезду", каторы (на аснове арт. 11 Канстытуцыі РСФСР) канчальна ўжыцьцёвіць права беларускага народу на самавызначэньне, пастанавіўшы пра будучы "дзяржаўны лад і кіраўніцтва Беларускае Нацыянальнае Рэспублікі". Да "Запіскі" былі прыкладзеныя копіі рэзалюцыяў зьезду ўцекачоў, работнікаў Пуцілаўскага заводу й маракоў Кранштату.

На ўсе гэтыя рэзалюцыі, праект і тлумачальную запіску, як і на ўсе іншыя справаздачы, інфармацыі й дакладныя запіскі Белнацкому ў Народны Камісарыят нацыянальных справаў РСФСР, ні з боку СНК РСФСР і ягонага старшыні Леніна, ні з боку наркома ў нацыянальных справах Сталіна ня было ніякага рэагаваньня ці адказу (прынамся іх няма ў дасюлешніх публікацыях дакумантаў, у чым Камуністычная партыя СССР была-б зацікаўленая).

Яшчэ большую няпрыхільнасьць да ўсяго беларускага выказваў Смаленскі абласны цэнтар і ягоны кіраўнік - старшыня Паўночна-Заходняга абласнога камітэту РКП(б) і Абласнога Выканаўчага Камітэту (Аблвыкамзаху) А.Мясьнікоў. Тут нат не пажадалі мець аддзелу Белнацкому й у пач. чэрвеня 1918 г. яго зьліквідавалі. Прэсавы орган гэтага цэнтру, газэта "Звезда" (адным із рэдактароў якое быў А.Мясьнікоў), у вартыкуле "Самавыэначэньне народаў і дыктатура пралетарыяту" (No. за 12.6.1918 г.) даў і тэарэтычнае ўгрунтаваньне такой сваёй пазіцыі. У вартыкуле сьцьвярджаецца, што ўсялякае патрабаваньне самавызначэньня народаў у Расеі ў інтарэсе буржуазіі. Адбудова нацыянальных дзяржаваў раней прыгнечаных народаў - зьява рэакцыйная. "Итак: лозунг самоопределения народов мы должны вычеркнуть из программы Советской России". Калі дэлегацыя Белнацкому на чале із Я.Лагуном прыехала ў Смаленск із прапазыцыяй перайменаваць Заходнюю вобласьць у Беларускую, то "пленум Заходняга Абласнога Камітэту РКП(б)... 13-га верасьня 1918 г. адкінуў прапанову Лагуна й перайменаваў Заходнюю вобласьць у Заходнюю камуну". Такая пазіцыя Смаленскага цэнтру выклікала ў верасьні-кастрычніку 1918 г. палеміку ў нацыянальным пытаньні паміж газэтамі "Дзяньніца" й "Зьвезда".

Таксама й Камуністычная партыя Беларусі й Летувы, што нелегальна існавала ў БНР і Летувіскай манархіі, у рэзалюцыі свае 1-ае канфэрэнцыі, скліканай Паўночна-Заходнім абласным камітэтам РКП(б) у Смаленску 8-11.8.1918 г., клясавае змаганьне супрацьпаставіла нацыянальна-вызвольнаму, а ейны 1-шы ўстаноўчы зьезд (1-3.10.1918 г., Вільня) самавызначэньне народаў прызнаў дробнабуржуазным лёзунгам.

Тым часам, у канцы верасьня - пачатку лістапада нямецкія войскі выпростваюць лінію фронту й пакідаюць Лепельскі й часткі Сеньненскага й Аршанскага паветаў, Магілеў і Шклоў. 3.11.1918 г. у Нямеччыне выбухае рэвалюцыя, і нямецкі ўрад змушаны адклікаць свае войскі з усходняга фронту, у выніку чаго савецкія войскі пачалі далей пасоўвацца на захад, займаючы тэрыторыю БНР.

Прыход расейскай камуністычнай улады ў Беларусь выклікаў масавыя антысавецкія забурэньні. Ужо ад вясны 1918 г. на землях, што знаходзіліся на савецкім баку, "былі раскрыты і ліквідаваны розныя контррэвалюцыйныя змовы і мяцяжы, арганізаваныя... эсэрамі, меншавікамі, буржуазнымі нацыяналістамі". Згодна із савецкімі крыніцамі, яны ўзьніклі ў Воршы, Сеньненскім, Віцебскім і Полацкім паветах Віцебскам і Горацкім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Мсьціслаўскім паветах Магілеўскай губэрняў. Найбольшыя зь іх - Аршанскае й Сеньненскае паўстаньні ў жнівені месяцы. "У Воршы... мяцежнікі (да якіх далучыўся вайсковы гарнізон) разагналі мясцовыі савет, іншыя савецкія ўстановы і два дні ўтрымлівалі ўладу ў горадзе". "У Сеньненскім павеце... (паўстанцы) на чале з Закрэўскім і Прышчэпавым часова захапілі ўладу". На падаўленьне паўстаньня, галоўнай сілай якога быў 2-гі полк 2-ой Смаленскай дывізіі, былі кінутыя "атрады Віцебскага губЧК і латыскага палка".

Яшчэ большыя забурэньні ўзьняліся ад мамэнту, калі сьледам за адыходам немцаў Чырвоная армія пачала рухацца далей на захад. Тады "па некаторых паветах Заходняй вобласьці пракацілася хваля мяцяжоў. (Паўстаўшыя) разганялі выканкомы, нападалі на ваенныя камісарыяты... спрабавалі ўводзіць свае парадкі. Воласьці і паветы, ахопленыя выступленьнямі, аб'яўляліся на ваенным становішчы".

11-га лістапада паўстаў Вяліскі павет. На 7-мы дзень змаганьня, пасьля разьбіцьця 3000-га паўстанчага злучэньня ў Сямічоўскім лесе пад Вяліжам і коннага паўстанчага аддзелу ў самім Вяліжы, паўстаньне было пераможанае. Паводля прысудаў Выязной тройкі Віцебскага губЧК, Рэўтрыбуналу 15-ай арміі й штабу ЭКО, на Пакроўскім полі за Вяліжам колькі дзён і ночаў расстрэльваліся паўстанцы. Калі 10-цігадовага сына аднаго із кіраўнікоў паўстаньня ЧК змусіла капаць магілу для бацькі, бацька, дыякан Ільлінскай царквы ў Вяліжы, Ціхан Абрадзін, спазіраючы на сына й чакаючы расстрэлу, сьпяваў над сваёй магілай пахавальныя песьнясьпевы.

27-га лістапада 1918 г. смаленская газэта "Западная Коммуна" паведамляла, што "ад 11 да 17 блізу ўся Віцебская губэрня была ахоплена контррэвалюцыйным паўстаньнем, каторае выбухла ў Вяліскім павеце й перакінулася ў іншыя месцы... У Гарадоцкім павеце паўстаньне ўжо канчальна здушанае. У іншых паветах ліквідуецца". У паўночнай частцы Полацкага павету (дзе паўстанцы захапілі Расоны) "раззбраеньне працягваецца, адабрана каля 1500 стрэльбаў".

Аднак, не зважаючы на ўсё гэта - на дасюлешнюю акцыю беларускіх нацыянал-камуністых, заняцьце Чырвонай арміяй новых тэрыторыяў БНР і спрычыненае гэтым незадаволеньне беларускага насельніцтва, - беларускае нацыянальнае пытаньне на савецкім баку фронту ўсё не вырашаецца, ні ў якай форме. Гэта выклікала падозраньні й недавер з боку Беларускіх сэкцыяў РКП(б) і Белнацкому да маскоўскага цэнтру. Падозраньні й недавер зь дня на дзень паглыбляюцца, пагражаючы канфліктам і разрывам.

19.11.1918 г. у газэце "Дзяньніца" зьяўляецца распачлівы, але, разам з тым, рашучы й выклікаючы артыкул пад вымоўным загалоўкам "Як-жа з Беларусьсю?" У ім у адрыс Народнага камісарыяту нацыянальных справаў РСФСР і кіраўніцтва Заходняй камуны робяцца адкрытыя папрокі, што ў іх дагэтуль няма аніводнага праекту дзяржаўнага ўладжаньня Беларусі. Артыкул патрабуе ад цэнтральных маскоўскіх уладаў "выразна паставіць пытаньне аб лёсе Беларусі"".

27.11.1918 г. склікаецца паседжаньне камітэту маскоўскай Беларускай сэкцыі РКП(б). На ім абмяркоўваецца паўсталая сытуацыя; для большае апэратыўнасьці выбіраецца бюро камітэту (З.Жылуновіч - старшыня, П.Клыш - заступнік старшыні, З.Чарнушэвіч - сакратар і Я.Дыла - скарбнік); прымаецца пастанова аб скліканьні зьезду ўсіх беларускіх сэкцыяў РКП(б) (для хутчэйшае падрыхтовы яго ў Петраград камандыруюцца З.Жылуновіч і А.Чарвякоў, у Саратаў, Тамбоў і іншыя месты Расеі - А.Дзедзя, у Беларусь - П.Клыш і В.Майзель); выбіраецца дэлегацыя ў складзе Я.Дылы, І.Няцецкага й З.Чарнушэвіча для перамоваў із Сталіным.

2.12.1918 г. на паседжаньні Паўночна-Заходняга абласнога камітэту РКП(б) прымаецца пастанова аб скліканьні 27.12.1918 г. у Смаленску 6-ай абласной партыйнай канфэрэнцыі. У парадку дня канфэрэнцыі (апублікаваным у газэце "Звезда") пытаньня пра абвешчаньне БССР няма. Калі дзень канфэрэнцыі пачаў набліжацца, А.Мясьнікоў высылае ў Маскву на ймя сакратара ЦК РКП(б) і старшыні ЦВК РСФСР Я.Сьвярдлова тэлеграму: "Некоторые местные работники будируют вокруг вопроса о так называемой Белоруссии. Как передают, по этому поводу Вам из Минска была послана телеграмма. Изложенное в ней является частным мнением. Ставшая на очередь литовская проблема как будто бы может стать общей и для Запобласти. Ввиду того, что в некоторых кругах местных Советов и на областной партийной конференции вопрос этот может всплыть, просил бы сообщить, как обстоит дело с литовской властью, не обьясняется ли ее появление исключительно политическими агитационными мотивами?.."

Які адказ А.Мясьнікоў атрымаў ад Я.Сьвярдлова, мы ня ведаем, але ў газэце "Западная Коммуна" (орган Аблвыкамзаху) 21.12.1918 г. (г.зн. за 6 дзён перад адкрыцьцём 6-ай абласной партыйнай канфэрэнцыі) публікуецца рэдакцыйны артыкул "Национальные республики Советов". У вартыкуле даводзіцца патрэба захаваць вобласьці й немэтазгоднасьць тварыць нацыянальныя рэспублікі, якія, калі й творацца, то вылучна дзеля тактычных меркаваньняў. "Спрашивается, зачем эта игра в советские республики?.. Ведь для нас ясно, что Советская власть ставит своей задачей... не создание национальной обособленности в рамках маленьких национальных государств, а снесение всяких национальных рогаток. Провозглашение Советской республики Белоруссии не только не служило бы интересам борьбы с националистическими тенденциями мелкой буржуазии, но какраз развивало бы простор этим тенденциям. А это не в интересе социалистческой революции. То, что мы признаем допустимым в одном месте в силу тактических соображений, не должно быть перенесено в другие места, где таковых практически соображений нет и быть не может".

У той самы дзень, 21.12.1918 г., у Маскве адкрываецца канфэрэнцыя Беларускіх сэкцыяў РКП(б), на якую прыслалі сваіх дэлегатаў 6 сэкцыяў - Маскоўская, Петраградзкая, Саратаўская, Тамбоўская, Менская й Невельская. Канфэрэнцыя, якая працягвалася да 23.12.1918 г., выбірае ЦБ Беларускіх сэкцыяў РКП(б) - З.Жылуновіч, Ф.Балбека, А.Чарвякоў, І.Няцецкі, М.Драко-Дракан, Я.Дыла; пастанаўляе склікаць усебеларускі зьезд Беларускіх сэкцыяў РКП(б) у намеры заснаваць сваю асобную Беларускую Камуністычную Партыю (БКП) і самае галоўнае - ідучы за прыкладам толькі што праклямаваных Эстонскай (29.11.1918 г.), Летувіскай (16.12.1918 г.) і Латвійскай (17.12.1918 г.) ССР, 22.12.1918 г. прымае пастанову пра абвешчаньне БССР. Пасьля канфэрэнцыі ЦБ Беларускіх сэкцыяў РКП(б) інфармуе Сталіна пра ейны прабег і прынятыя на ёй пастановы.

23.12.1918 г., г.зн. на другі дзень па прыняцьці канфэрэнцыяй Беларускіх сэкцыяў РКП(б) пастановы пра абвешчаньне БССР, ЦВК РСФСР (за подпісам Я.Сьвярдлова) прымае пастанову пра "абласныя аб'яднаньні". Згодна з гэтай пастановаю, на хадайніцтва Паўночна-Заходняга абласнога камітэту РКП(б) і Аблвыкамзаху, падтрыманых Народным Камісарыятам нутраных спраў РСФСР, Заходняя камуна як тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка РСФСР зацьвярджаецца й надалей вобласьцю ў складзе Смаленскай, Магілеўскай, Віцебскай, Менскай і Горадзенскай губэрняў (частка Віленскай і Ковенская губэрні ў сувязі із паўстаньнем Летувіскай ССР зь яе выключаюцца).

Толькі 24.12.1918 г. у беларускім пытаньні прымаецца якаясь пастанова ЦК РКП(б). Дагэтуль яна не апублікаваная, і мы ня ведаем дзеля якіх мэтаў была прынятая. Пастанова ЦК прадухіліла канфлікт і разрыў паміж Беларускімі сэкцыямі РКП(б) і маскоўскім бальшавіцкім цэнтрам ды сталася паваротнай у справе зрэалізаваньня абвешчаньня БССР.

25.12.1918 г. Сталін запрасіў да сябе на нараду кіраўнікоў Белнацкому й прапанаваў ім вылучыць кандыдатаў ува ўрад БССР і на старшыню ўраду. У Белнацкоме зараз-жа склікаецца надзвычайнае паседжаньне супрацоўнікаў Белнацкому, ЦБ Беларускіх сэкцыяў РКП(б) і камітэту маскоўскай сэкцыі. У тым-жа дні Сталін выклікае "к аппарату для разговора по очень важному вопросу" А.Мясьнікова й паведамляе яму, што "ЦК партии по многим соображениям, о которых теперь говорить не приходится, согласился с белорусскими товарищами на образование Белорусского советского правительства... Очевидно, придется на несколько дней отложить вашу областную конференцию. Все это абсолютно необходимо для того, чтобы в будущем избежать возможных недорозумений. Говорю все это по поручению ЦК партии". Сказанае ён паясьніў, што ў сутнасьці "Необходимо произвести только некоторые изменения конструкции Облискомзапа". Таму для вырашэньня "вопросов, имеющих громадное практическое значение", А.Мясьнікову прапанавана неадкладна выехаць у Маскву.

27.12.1918 г. Сталін тэлеграфаваў у Менск прадстаўніку СНК РСФСР: "Сегодня я договорился с Мясниковым и Калмановичем. С белорусами тоже. Вопрос не вызовет на конференции никаких трений, ибо конференция будет иметь дело с решением ЦК партии... Все вопросы перестройки Облискомзапа уже решены".

6-ая Паўночна-Заходняя абласная канфэрэнцыя РКП(б), на каторую Беларускія сэкцыі РКП(б) дэлегавалі З.Жылуновіча, Я.Лагуна, П.Клыша й В.Ханіна, была перанесеная з 27 на 30-ае сьнежаня. Парадак дня канфэрэнцыі застаўся той самы, што быў прыняты 2.12.1918 г.

Асобнага пытаньня пра абвешчаньне БССР на парадку дня ня было. Адно, на дырэктыву ЦК РКП(б), у даклад А.Мясьнікова па пытаньню "Бягучы момант" устаўлены пункт "Беларуская Савецкая рэспубліка". 30.12.1918 г. канфэрэнцыя прымае агульную рэзалюцыю пра абвешчаньне БССР (дакладней: ССРБ - Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі) із цэнтрам у Менску. На прапазыцыю адумысловай камісіі, выбранай канфэрэнцыяй, прымаецца асобная пастанова ў справе тэрыторыі БССР, куды ўлучаюцца Менская, Магілеўская й Горадзенская губэрні цалкам, Віцебская бяз частак Дзьвінскага, Рэжыцкага й Люцынскага паветаў, Смаленская бяз Гжацкага, Сычаўскага, Вяземскага й Юхнаўскага паветаў, а таксама Вялейскі й часткі Ашмянскага й Сьвяцянскага паветаў Віленскай губ., частка Нова-Аляксандраўскага пав. Ковенскай губ., Аўгустоўскі пав. Сувалкаўскай губ., Сураскі, Мглінскі, Старадубскі й Навазыбкаўскі паветы Чарнігаўскай губ.

Канфэрэнцыя "дала отпор" прадстаўнікам Беларускіх сэкцыяў РКП(б), "пробававшим протянуть постановление о создании независимой компартии Белоруссии". 31.12.1918 г. яна пастанавіла ператварыць Паўночна-Заходнюю абласную арганізацыю РКП(б) у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б), але як "составную и неотъемлемую часть РКП(б)", якая "и впредь всецело будет руководствоваться директивами ЦК РКП(б), считая его своим высшим партийным органом".

Наўсуперак прадбачаньням Сталіна, пастановы Смаленскай канфэрэнцыі (яна пераназвалася ў 1-шы зьезд КП(б)Б) ня ўсунулі ўсіх супярэчнасьцяў і ня спынілі далейшага змаганьня паміж Беларускімі сэкцыямі РКП(б), з аднаго боку і ЦБ КП(б)Б і ЦК РКП(б), з другога.

Змаганьне разгараецца на самой канфэрэнцыі, асабліва ў часе выбараў ЦБ КП(б)Б, а яшчэ болей як толькі канфэрэнцыя закончылася, і ЦБ КП(б)Б, разам із прадстаўнікамі ЦБ Беларускіх сэкцыяў РКП(б), прыступілі да фармаваньня Ўраду БССР на аснове г.зв. "Умоваў утварэньня БССР", выстаўленых 27.12.1918 г. ад ЦК РКП(б) і СНК РСФСР. Не зважаючы на тое, што "Умовы" гэтыя й так робяць Урад БССР не самастойным (п.6 "Умоваў" пакідае бяз зьменаў правы ЦБ партыі й наркаматаў ураду такім-ж, як былі правы Абласнога камітэту партыі й аддзелаў Аблвыкамзаху - г.зн. поўнасьцю ўзаляжняе цэлы ўрад і кожны ягоны наркамат ад ЦБ КП(б)Б, а праз яго й ад ЦК РКП(б), - у Смаленску "Умовы" парушаюцца на яшчэ большую некарысьць ураду. Найперш старшыня ўраду З.Жылуновіч ня выбраны адначасна старшынёю ЦБ КП(б)Б, як таго патрабуе п.5 "Умоваў" (ім стаўся А.Мясьнікоў). На аснове п.1 "Умоваў", З.Жылуновіч дамагаецца для Беларускіх сэкцыяў РКП(б) 10 месцаў ува ўрадзе із усіх 16, а яму даюць 7 із 17 (10 месцаў аддаецца групе Заходняй камуны):
ад Беларускіх сэкцыяў РКП(б):
1) З.Жылуновіч - старшыня ўраду,
2) У.Фальскі - нарком замежных спраў,
3) А.Чарвякоў - нарком асьветы,
4) З.Чарнушэвіч - нарком сацыяльнага забясьпечаньня,
5) Я.Дыла - нарком працы,
6) А.Квачанюк - нарком юстыцыі,
7) І.Пузыроў - нарком аховы здароўя;
ад групы Заходняй камуны:
8) А.Мясьнікоў - нарком вайсковых справаў,
9) Р.Пікель - нарком саўнаргасу,
10) І.Рэйнгольд - нарком фінансаў,
11) М.Калмановіч - нарком харчаваньня,
12) А.Андрэяў - нарком земляробства,
13) С.Іваноў - нарком нутраных справаў,
14) К.Розэнталь - нарком пошты й тэлеграфу,
15) І.Савіцкі - нарком шляхоў зносінаў,
16) С.Бэрсан - нарком дзяржаўнага кантролю,
17) Ф.Шантыр - нарком нацыянальных справаў (ён - беларускі нацыянал-камуністы, які стаяў на пазіцыях Беларускіх сэкцыяў РКП(б).
(7.1.1918 г. ува ўрад уводзяцца яшчэ 2 асобы ад групы Заходняй камуны:
18) Г.Найдзёнкаў - старшыня Калегіі ў справах палонных і ўцекачоў і
19) В.Яркін - старшыня ЧК).

Такім чынам, Урад БССР камплектуецца із 7 (з Ф.Шантырам - із 8) прадстаўнікоў ад Беларускіх сэкцыяў РКП(б) - ініцыятараў абвешчаньня БССР, і 12 (11) ад групы Заходняй камуны - фактычна праціўнікаў БССР. У сувязі з гэтым група З.Жылуновіча ставіць пытаньне пра зьліцьцё ЦБ КП(б)Б і ЦБ Беларускіх сэкцыяў РКП(б) у вадзін партыйны цэнтар на парытэтных пачатках, бо ў ЦБ КП(б)Б ад Беларускіх сэкцыяў РКП(б) на канфэрэнцыі было выбрана ўсяго 2 прадстаўнікоў (З.Жылуновіч і Я.Лагун) на ўсіх 15 сяброў, прычым, і ў самім урадзе на аднаго З.Жылуновіча ад праціўнага боку іх 6. Калі-ж не магла дамагчыся й гэтага, З.Жылуновіч заявіў, што ён ня будзе падпарадкавацца ЦБ КП(б)Б.

Каб разьвязаць канфлікт, у той-жа дзень, 1.1.1919 г., А.Мясьнікоў тэлеграфуе ў Маскву із скаргаю на супраціў З.Жылуновіча й ягонае групы, зазначаючы, што З.Жылуновіч не згаджаецца ўключыць у склад ураду яго (Мясьнікова), Калмановіча й Пікеля ды адмаўляецца публікаваць маніфэст ураду пра абвешчаньне БССР. Адказ із Масквы рашуча падтрымаў групу Заходняй камуны: "Предложение Жилуновича о невключении трех членов нахожу дезорганизаторским и в корне противоречащим решениям партии. Никаких особых решений группы Жилуновича не может быть. Список членов, всего 17, является окончательным. Я требую от Жилуновича, его группы категорического ответа на вопрос, подчиняется ли он беспрекословно решению ЦК партии. Жду срочного ответа. По поручению ЦК партии Сталин".

З.Жылуновіч падпарадкаваўся. Маніфэст із спазьненьнем быў падпісаны (у пасьпеху толькі 5 сябрамі ўраду із 17 - Жылуновічам, Мясьніковым, Івановым, Чарвяковым і Рэйнгольдам), уначы з 1-га на 2-ое студзеня 1919 г. апублікаваны. 2.1.1919 г. на пленуме Аблвыкамзаху была прынятая пастанова пра ліквідацыю Заходняй камуны.

5.1.1919. г. Урад БССР пераехаў із Смаленску ў Менск.

Так, бяз удзелу самога беларускага народу, на абласной партыйнай канфэрэнцыі, паводле дырэктывы ЦК РКП(б) з Масквы й нат "несмотря на полное несочувствие делегатов" гэтай канфэрэнцыі, была праклямаваная БССР.

Абвешчаньне БССР ня спыніла расейскага вялікадзяржаўнага шавінізму ў КП(б)Б. Побач Магілеўскага губэрнскага камітэту КП(б)Б, які "единогласно присоединяется к мнению ЦК и ЦБ о необходимости выделения Белоруссии в самостоятельную республику"; з боку іншых - паасобных сяброў партыі, цэлых партыйных арганізацыяў і іхных прэсавых органаў - гэты шавінізм і далей выяўляе сябе ў вадкрытай ваяўнічай варожасьці да права беларускага народу на нацыянальнае самавызначэньне ў кожнай форме, хоць-бы сабе к такой фікцыі беларускай дзяржаўнасьці як БССР.

Вось колькі прыкладаў таму. 7.1.1919 г. у "Известиях Витебскаго Совета" друкуецца артыкул, у якім кіраўніцтва былой Заходняй камуны абвінавачваецца ў зрадзе сваім ранейшым прынцыпам. І "что, собственно, пикантного в этом вопросе, так это то, что наши областники раньше вели упорную борьбу с национализмом белорусов. Мы видели в "Звезде" ряд статей по этому вопросу. Прибывшие на 3-й областной сьезд белорусы-коммунисты получили должный отпор. Прибывшие с целью добиваться переименования Западной области в Белорусскую, они не только не добились этого, но даже не смогли поставить этого вопроса. Больше того, товарищи областники обвинили витебских товарищей за связь с белорусами". Адзін із прамоўцаў на меставай партыйнай канфэрэнцыі ў Віцебску ў 1-ай палове студзеня 1919 г. заявіў, што самавызначэньне Беларусі ў інтарэсе толькі мясцовай інтэлігэнцыі, "выдумывающей Белоруссию". Другі катэгарычна цьвердзіў, што "ни один рабочий и крестьянин так называемой Белоруссии белорусом себя не считает, а искони знает в себе русского... а поэтому и речи быть не может о самоопределении Белоруссии". Таксама й Віцебская губэрнская канфэрэнцыя КП(б)Б у сярэдзіне студзеня 1919 г, у сваёй рэзалюцыі "самым решительным образом высказывается против расчленения Советской России на ряд мелких "самостоятельных" республик". Абвешчаньне БССР канфэрэнцыя разглядае "как интеллигентскую затею, обязанную своим происхождением националистическому увлечению товарищей (из) Белорусского комиссариата". Партыйныя й савецкія кіраўнікі Віцебскай губ. зварочваюцца ў ЦК РКП(б) з патрабаваньнем: БССР зьліквідаваць, а ЦБ КП(б)Б распусьціць.

Такія настроі ў КП(б)Б змусілі кіраўнікоў КП(б)Б, бліжэй утаямнічаных у запраўдныя мэты нацыянальнай палітыкі ЦК РКП(б), раскрыць карты. Ужо на самой 6-ай абласной канфэрэнцыі дакладчык у пытаньні абвешчаньня БССР А.Мясьнікоў (ён толькі што вярнуўся з Масквы, куды яго ў гэтым пытаньні выклікалі), каб "местные товарищи согласились с доводами центра... в целесообразности создания нового положения", хоць і разглядаў абвешчаньне БССР як якуюсь уступку Беларускім сэкцыям РКП(б), за галоўны матыў абвешчаньня выстаўляў міжнародны фактар. Заходнія дзяржавы даюць народам "буржуазнае самавызначэньне" (у раёне Заходняй камуны - гэта БНР і Летувіская манархія), яму трэба супрацьпаставіць самавызначэньне на базе савецкай улады. "Нужно противоядие "союзным начинанням", каторае-б із большым шансам магло "замкнуть" "проход", праз які "силы черного интернационала" "устремляются на Советскую Россию". Іншымі словамі: калі-б ня было БНР, не тварылася-б і БССР; БССР - гэта супрацьвага ("противоядие") БНР, клін супраць БНР і прытым напачатку вылучна прапагандовы, без запраўднага жаданьня тварыць яе. Тымі-ж матывамі палітычнай каньюктуры мамэнту тлумачыў абвешчаньне БССР на згадванай Віцебскай губэрнскай канфэрэнцыі КП(б)Б сябра ЦБ (і ўраду БССР ад групы Заходняй камуны) Р.Пікель; а таксама й другі сябра ЦБ (і ўраду БССР ад тэй-жа групы) С.Іваноў на Смаленскай губэрнскай канфэрэнцыі КП(б)Б, заявіўшы, што абвешчаньне БССР - гэта тактычны манэўр партыі з мэтаю паралізаваць палітыку вільсонаўскага лёзунгу самавызначэньня народаў, ужываную Заходнімі дзяржавамі. 24.9.1919 г. сакратар ЦК КП(б) Летувы й Беларусі В.Кнорын у газэце "Звезда" ў гэтай справе пісаў, што "Коммунистическая партия... мотивировала свой шаг исключительно причинами международного хараетера".

Ні А.Мясьнікоў, ні іншыя кіраўнікі КП(б)Б не паклікаліся пры гэтым на самае галоўнае: на права беларускага народу на нацыянальнае самавызначэньне.

Зусім натуральна, што расейскі вялікадзяржаўны шавінізм у КП(б)Б ня мог не насьцярожваць беларусаў нацыянал-камуністых, якія ня зьбіраліся складаць зброі. У сваім намеры пераняць кантролю над БССР з рук КП(б)Б "яны (зноў - А.К.) абмяркоўвалі пытаньне аб арганізацыі ў процівагу ёй Беларускай Камуністычнай партыі... Разьбітыя ў пытаньні аб утварэньні свае Камуністычнае партыі, яны прабавалі арганізаваць асобна прыяжджаючых з Савецкае Расеі беларусаў-камуністых і тварыць нацыянальна-беларускія сэкцыі". Але ЦБ КП(б)Б 15.1.1919 г. прымае пастанову пра ліквідацыю й Беларускіх сэкцыяў. 17.1.1919 г. яно публікуе ў гэтай справе ў газэце "Звезда" афіцыйнае паведамленьне. У ім гаворыцца, што "некаторыя сябры партыі працягваюць называць сябе "беларускімі камуністымі"... Яны вядуць нацыяналістычную агітацыю, уносяць дэзарганізацыю ў партыйную й савецкую працу. Таму мясцовым партыйным арганізацыям прапануецца лічыцца толькі з ЦБ і мясцовымі камітэтамі Кампартыі Беларусі... а Беларускія камуністычныя сэкцыі ліквідуюцца, выдадзеныя імі партыйныя сяброўскія білеты губляюць сваю сілу".

16.1.1919 г. (праз 2 тыдні па абвешчаньні БССР) ЦК РКП(б) пастанаўляе адарваць ад БССР 3 губэрні - Віцебскую, Смаленскую й Магілеўскую - ды далучыць іх да РСФСР. Каб правесьці пастанову ў жыцьцё, з Масквы ў Менск камандыруецца прадстаўнік ЦК Іофэ.

Маскоўская пастанова ў Менску здалася нагэтулькі неверагоднай і няпрыймальнай, што ніякія аргумэнты Іофэ на спэцыяльным паседжаньні ЦБ КП(б)Б 22.1.1919 г. не маглі пераканаць нават прамаскоўскае ЦБ, якое ў поўнасьці з пастановаю ЦК не згадзілася. Калі пра гэта было паведамлена ў Маскву, стуль 26.1.1919 г. ад Я.Сьвярдлова прыйшла тэлеграма: "...Цэка пацьвярджае сваю папярэднюю пастанову, выказаную тав. Іофэ..." Тады ЦБ КП(б)Б 27.1.1919 г. дэлегуе ў Маскву 2-ох сяброў ЦБ да Леніна. Ленін, які на паседжаньні ЦК РКП(б) 16.1.1919 г. сам галасаваў за гэтую пастанову, у просьбе дэлегацыі адмовіў. Дэлегацыя не пасьпела даехаць да Менску, як ад Я.Сьвярдлова 30.1.1919 г. на ймя старшыні ўраду З.Жылуновіча прыйшла новая тэлеграма ў дыктатарскім тоне: "Дэлегатам Цэбэ было рашуча адмоўлена ў вадмене пастановы Цэка. Пацьвярджаю: Віцебская, Магілеўская, Смаленская губэрні адыходзяць; у Беларусі застаюцца дзьве губэрні - Менская й Горадзенская. Дадаю пастанову Цэка правесьці на зьезьдзе Беларусі аб'яднаньне зь Летуваю... Сёньня па прамым провадзе ў мяне пыталіся з Магілева са зьезду пра пастанову Цэка аб іхнай губэрні. Паведамілі тэлеграмы Вашы й Цэбэ. Лінія Цэка і там пройдзе бясспрэчна. У Віцебску таксама. Смаленск пад сумнівам, але падпарадкаваньне будзе бязумоўнае, як і на зьезьдзе ў Менску".

Ужо ў канцы студзеня 1919 г. Магілеўская, Віцебская й Смаленская губэрні, а таксама 4 паветы Чарнігаўскай, адыйшлі да РСФСР. Гэты бесцырымонны акт гвалту й грубага парушэньня сувэрэнных правоў беларускага народу й новая, на прапазыцыю Леніна, пастанова ЦК РКП(б) пра аб'яднаньне рэшты БССР зь Летувіскай ССР у вадну г.зв. ЛітБел, што фактычна ёсьць ліквідацыяй БССР, выклікалі ўва Ўрадзе БССР крызыс. На знак пратэсту супраць такіх мэтадаў паступаваньня Масквы зь Беларусьсю (як і папярэдніх забаронаў тварыць БКП, роспуску Беларускіх камуністычных сэкцыяў, недапушчэньня ў БССР беларускае прэсы" й г.д.) у канцы студзеня 1919 г. Урад БССР пакідаюць тры наркомы - Ф.Шантыр, У.Фальскі й Я.Дыла".

ЦБ КП(б)Б і сябры ўраду ад групы Заходняй камуны ў духу патрабаваньняў Леніна й Сьвярдлова арганізоўваюць старанны падбор дэлегатаў на 1-шы зьезд саветаў БССР. Таму на зьезьдзе, які адбыўся 2-3.2.1919 г. у Менску, былі дэлегаты ня выбраныя дэмакратычным спосабам і ў няправільнай прапорцыі ад паасобных губэрняў (121 - ад Менскай, 11 - ад Горадзенскай, 25 - ад Вялейскага пав. Віленскай), а таксама ад губэрняў, якія ўжо адыйшлі ад БССР (48 - ад Смаленскай, 10 - ад Магілеўскай, 0 - ад Віцебскай) і 7 - ад уцекачоў. 213 зь іх - сябры КП(б)Б, а рэшта - "спачуваючыя ёй". Нічога дзіўнага, што групу беларускіх нацыянал-камуністых на зьезьдзе спаткаў поўны разгром.

Зьезд апрабуе ўсе, прадыктаваныя ЦК РКП(б), вымогі: абвешчаньне БССР; адарваньне ад яе Віцебскай, Смаленскай, Магілеўскай і часткі Чарнігаўскай губэрняў, далучаных да РСФСР; неадкладны ўваход рэшты БССР у РСФСР і, ўрэшце, ліквідацыю БССР, ці зьліцьцё яе зь Летувіскай ССР у вадну для абодвых народаў ЛітБел, каб супольна змагацца зь "Летувіскай Тарыбай і Беларускай Радай", якія нібы "выступаюць супраць работнікаў і сялянаў Беларусі й Летувы адзіным контррэвалюцыйным фронтам". Выбраны зьездам ЦВК БССР стварае 5.2.1919 г. пад старшынствам А.Мясьнікова новы Ўрад БССР ня толькі бяз Ф.Шантыра, У.Фальскага й Я.Дылы, але й бяз З.Жылуновіча, А.Чарвякова й А.Квачанюка. Із групы был. Беларускіх сэкцыяў РКП(б) у новым урадзе застаюцца ўсяго З.Чарнушэвіч і І.Пузыроў.

У той-жа дзень (5.2.1919 г.) газэта "Звезда" ў рэдакцыйным артыкуле "К итогам сьезда Советов Белоруссии" сваім чытачом тлумачыць: "Почему сьезд ограничился только пожеланием о вступлении в Российскую Советскую федерацию, почему он сразу не претворил в дело свое пожелание о полном объединении с Россией? Для этого были очень и очень важные причины международно-политического характера. Перед Белоруссией был поставлен вопрос, как она принесет больше пользы... существуя как самостоятельная республика или сливаясь с РСФСР. И после зрелого и всестороннего обсуждения данного вопроса... политическая мудрость говорит нам, что мы должны пока существовать самостоятельно". Разам з тым, працягвае артыкул, "съезд потвердил, что потуги белорусской националистической интеллигенции к созданию "своего" белорусского языка, "своей" национальной культуры напрасны... Пусть примут это к сведению белорусские писатели".

27.2.1919 г. на апошнім, сумесным паседжаньні ЦВК БССР і ЦВК Летувіскай ССР спынілі сваё існаваньне БССР і Летувіская ССР. На іхным месцы творыцца новы прадукт нацыянальнай палітыкі РКП(б) - Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Летувы і Беларусі (ЛітБел, із сталіцаю ў Вільні). У кіруючыя органы гэтай новай рэспублікі ня ўводзіцца ніхто із беларусаў.

За тры дні перад тым, 24.2.1919 г., выходзіць апошні, No.5/49 "Дзяньніцы" ў Маскве. У ім чытачом паведамляецца, што "наша газэта зачыняецца, і гэты нумар зьяўляецца разьвітальным. Замест яе, - выказвае надзею рэдакцыя, - будзе арганізавана камуністычная газэта на беларускай мове ў адным з цэнтраў Беларускай Савецкай Рэспублікі: у Менску ці ў Вільні". У сакавіку ліквідуецца й Белнацком. Адгэтуль на ўсім савецкім баку лініі фронту ўжо няма ніякае беларускае прэсы (пасьля столькіх беларускіх газэт і часапісаў у БНР!) і ніякіх беларускіх савецкіх установаў.

Ліквідацыя БССР і тварэньне ЛітБелу ня прынесьлі для РКП(б) спадзяванага эфэкту. А ўжо што казаць пра беларусаў і летувісаў. Гаспадарчы хаос, голад, беззаконьне й тэрор шалелі з тэй-жа лютасьцю. Усё гэта выклікала ў Беларусі новую хвалю антысавецкіх паўстаньняў: у сакавіку - Рагачоўскае, Кармянскае, Гомельскае й Рэчыцкае, у красавіку - Слуцкае й Старобінскае, Нясьвіскае, Барысаўскае, Полацкае й іншыя.

У бальшавікоў зямля гарэла пад нагамі. У такіх акалічнасьцях польскае войска, падтрыманае заходнімі аліянтамі, пачынае наступ на ЛітБел, хутка пасоўваючыся на ўсход. 21.4.1919 г. яно займае Вільню, скуль урад ЛітБелу эвакуюецца ў Менск; а 17.7.1919г., калі зь літбелаўскай тэрыторыі на савецкім баку застаецца колькі ўсходніх паветаў Меншчыны, ЦК РКП(б) распускае кіруючыя органы ЛітБелу, перадаючы ўладу ў гэтых паветах Менскаму губэрнскаму Вайскова-Рэвалюцыйнаму Камітэту (ВРК) у Бабруйску. ЛітБел перастала існаваць.

8.8.1919 г. палякі займаюць Менск і йдуць далей на ўсход да лініі р. Заходняя Дзьвіна - Полацак - Лепель - Барысаў - Рагачоў - Жлобін. ВРК выяжджае ў Смаленск.

У няспрыяльных умовах польскае акупацыі Рада й Урад БНР дзеюць у кірунку аднаўленьня БНР. Хутка ўмовы гэтыя спрычыняюць чарговую ініцыятыву ў заснаваньні БКП. У скрайняй апазыцыі да польскай акупацыі БНР, 1.1.1920 г. ад беларускай партыі эсэраў (БПС-Р), аднэй із партыяў Рады БНР, адкалолася найбольш левая група ("Маладая Беларусь") і перайменавалася ў Беларускую Камуністычную Арганізацыю (БКА). Узначаленая некаторымі выкладчыкамі й студэнтамі Беларускага Пэдагагічнага інстытуту ў Менску, настаўнікамі й грамадзка-культурнымі працаўнікамі - У.Ігнатоўскім, Н.Каранеўскім, А.Сташэўскім, М.Гурыным (Маразоўскім), Л.Родзевічам, М.Кудзелькаю (Чаротам), А.Капуцкім і іншымі - яна йдзе ў падпольле й арганізоўвае супраць польскіх вайсковых гарнізонаў партызанскі рух. Баявыя "сялянскія дружыны" БКА, кіраваныя ейным Беларускім Паўстанскім Камітэтам, дзейнічаюць у Менскім, Слуцкім, Ігуменскім, Слонімскім, Горадзенскім, Лідзкім і Дзісенскім паветах.

У ліпені - пачатку жнівеня 1920 г. Чырвоная армія зноў займае сярэднюю й заходнюю Беларусь, ідучы на Варшаву. Але 17-га жнівеня польская армія пачала контрнаступ, змусіўшы яе да адступленьня на ўсход. У вабарону БНР узьнімаюцца новыя паўстаньні: у ліпені месяцы - Койданаўскае (г.зв. 4-охдзённая "Койданаўская Незалежная Рэспубліка") і 27.11.-28.12.1920 г. найбольшае - Слуцкае. Каля 10000 паўстанцаў, зарганізаваных у 2 палкі (Слуцкі й Грозаўскі), на чале Рады Случчыны (старшыня - адвакат У.Пракулевіч) і пад камандаю вайсковага штабу (палк. Гаўрыловіч, кап. кап. А.Сокал-Кутылоўскі, Анцыповіч, Семянюк, маёр Якубецкі й інш.) у баёх з аддзеламі 16-ай савецкай арміі болей за месяц утрымліваюць уладу БНР у 15 валасьцёх Случчыны (цяперашніх Слуцкім, Капыльскім, Салігорскім, Чырвонаслабодзкім і ўсходніх частках Клецкага й Нясьвіскага раёнаў). ЦК РКП(б) дзеля няўдачы зь ЛітБелам, а мо й пад ціскам антысавецкіх паўстаньняў вырашае зноў зьмяніць сваю нацыянальную палітыку ў беларускім пытаньні й вярнуцца назад да канцэпцыі БССР. І вось: як бяз удзелу беларускага народу 1-шы зьезд саветаў БССР, на вымогу ЦК РКП(б), пастанавіў зьліквідаваць БССР, так бяз удзелу народу 31.7.1920 г., з апрабаты таго-ж ЦК, на сумесным паседжаньні неразьвязанага ЦК КП(б) Летувы й Беларусі з прадстаўнікамі БКА, Бунду й прафсаюзаў Менскай губ. прымаецца "Дэклярацыя" пра 2-ое абвешчаньне БССР. Уся ўлада, паводля дэклярацыі, перадаецца ВРК БССР з 5-ёх асобаў - А.Чарвякова, Я.Адамовіча й В.Кнорына (ад КП(б) Летувы й Беларусі), У.Ігнатоўскага (ад БКА) і А.Вайнштэйна (ад Бунду). 2-гі зьезд саветаў БССР, скліканы на 13-17.12.1920 г. у Менску, дзе, як і на 1-ым зьезьдзе саветаў, былі дэлегаты ня выбраныя дэмакратычным спосабам і толькі з аднае (і то няпоўнае) Менскае губ., зацьвярджае 2-ое абвешчаньне БССР і выбірае ЦВК на чале з А.Чарвяковым. Тэрыторыю гэтай 2-ой БССР, яшчэ большай фікцыі Беларускай дзяржаўнасьці, ЦК РКП(б) абмяжоўвае ўсяго да 6 паветаў аднае Менскае губ. з плошчаю ў 52.3 тысячы кв. клм. і з насельніцтвам у 1 544 000 чалавек.

Беларуская Камуністычная Арганізацыя, як самастойная партыя, у БССР не дазваляецца, і ў жнівені месяцы 1920 г., на прапазыцыю А.Чарвякова, яна ўлучаецца ў КП(б) Летувы й Беларусі (ад 5.9.1920 г. - у вадноўленую КП(б)Б).

Ад гэнага часу ў самой КП(б)Ь да былых сяброў Беларускіх сэкцыяў РКП(б) і БКА далучаюцца іншыя адказныя беларускія камуністыя - Я.Адамовіч, А.Баліцкі, З.Прышчэпаў і г.д. У 1920-ых гг. беларусы, падтрыманыя імі, "айцамі" 1-ае й 2-ое БССР, легальнай дарогаю дамагліся часткавага пашырэньня тэрыторыі БССР і пэўных мажлівых посьпехаў у вадбудове гаспадаркі й разьвіцьці нацыянальнай беларускай культуры, навукі й мастацтва.

2

Калі 1-шы ўрад БССР пераехаў із Смаленска ў Менск, ён заняў на Пляцы Волі будынак царскага губэрнатара й расклеіў па сталіцы свой маніфэст. У маніфэсьце апавяшчалася, што "ад сяго моманту" "Усе законы, пастановы, распарадак і прыказы Рады, яе слух... лічацца не сапраўднымі" (п.4), а "Беларуская Рада з яе так празыванымі "народнымі міністрамі" абвяшчаецца безабароннай законамі" (п.З). Час паказаў, што "безабароннымі" перад Масквою сталіся ня толькі Рада й Урад БНР, але й самі "айцы" БССР, аўтары маніфэсту й іхныя пасьлядоўнікі.

Які-ж быў іхны асабісты лёс?

Поўнасьцю адказаць на гэтае пытаньне немажліва: хоць "айцы" БССР і былі лідэрамі беларускага камуністычнага й савецкага руху ў 1917-20-ых гг., інфармацыяў пра іх у савецкім друку мала.

Пра большасьць зь іх няма ніякае літаратуры. Некаторыя - У.Скарынка, В.Майзель, Сосна, Гурыновіч, Лаўрэцкі, Паляцка - згадваюцца толькі ў вадзінкавых гістарычных нарысах 1920-ых гг. Другія - Я.Лагун, А.Квачанюк, І.Няцецкі, А.Усьціловіч, П.Клыш, А.Дзедзя, І.Мазур, В.Ханін, І.Пузыроў, Ф.Балбека, М.Драко-Дракан і інш. - згадваюцца й у БелСЭ, але пра іх там, за рэдкімі выключэньнямі, няма асобных артыкулаў; і мы нічога ня ведаем пра іхны лёс, як і пра лёс усіх названых перад імі. А пра каго ведаем (пераважна із несавецкіх ці неафіцыйных крыніцаў), ніхто зь іх не памёр сваёй сьмерцю: яны, падобна тысячам зь беспартыйнае беларускае інтэлігэнцыі, былі абвінавачаныя ў беларускім нацыяналізьме й, на загад Масквы, зьнішчаныя.

У гібелі іхнай павінны перадусім правадыры расейскага камунізму, якія супраціўляліся тварэньню БССР і БКП. Пачатак таго канвэеру сьмерці ў разьвязанай Леніным у 1917-20 гг. хвалі "чырвонага тэрору". Канец - у сыстэматычных і плянавых акцыях вынішчэньня нацыянальнае эліты нерасейскіх народаў у хвалях тэрору 1930-ых гг., асабіста кіраваных Сталіным.

Скрайнюю заўзятасьць у гэтым апошняга ўжо на прыкладзе г.зв. "Грузінскай справы" заўважыў і нат асудзіў Ленін. Будучы сам, як мы ведаем, не свабодны ад вялікадзяржаўнага шавінізму, у нататках "К вопросу о национальностях или об "автономизации" ён пісаў: "Приняли мы с достаточной заботливостью меры, чтобы действительно защитить инородцев от истинно русского держиморды? Я думаю, что мы этих мер не приняли... Я боюсь, что т. Дзержинский, который ездил на Кавказ расследовать дело о "преступлениях"... "социал-националистов" (так Сталін назваў тады грузінскіх камуністых - А.К.), отличился тут тоже только своим истинно русским настроением (известно, что обрусевшие инородцы всегда пересаливают по части истинно русского настроения). Тот грузин (мова йдзе пра Сталіна - А.К.), который... пренебрежительно швыряется обвинением в "социал-национализме" (... сам является настоящим и истинным не только "социал-националистом", но и грубым великорусским держимордой)..." Аднак, не зважаючы на такія засьцярогі Леніна, "грубый великорусский держиморда" інсьпіраваў ці арганізоўваў і далей рэпрэсіі супраць "инородцев" і "инородных" "социал-националистов", пазьней пераназваных у "нацыянал-камуністых".

Першай ахвярай із "айцоў" БССР быў сябра 1-га ўраду БССР, народны камісар нацыянальных спраў, Фабіян Шантыр. Пісьменьнік-адраджэнец, чые апавяданьні й вершы друкаваліся ў "Нашай Ніве", "Дзяньніцы" й іншых пэрыядычных выданьнях, у сваёй брашуры "Патрэбы нацыянальнага жыцьця для беларусаў і самавызначэньне народу" (1918 г.) марыў "працаваць над адбудовай вольнай бацькаўшчыны Беларусі... Якая гэта вялікая доля для нас!" Ды вось... па выхадзе із Ураду БССР ён мабілізаваны ў Чырвоную армію, дзе ўвесну 1920 г. арыштаваны, абвінавачаны ў нацыянальнай контррэвалюцыі й расстраляны.

Сьмерць ягоная была й першай ахвярай бальшавіцкага тэрору ў беларускай літаратуры.

Блізкі сябра Ў.Ігнатоўскага й М.Чарота, адзін із былых кіраўнікоў падпольнай Беларускай Камуністычнай Арганізацыі ў 1920 г., а па 2-ім абвешчаньні БССР рэдактар газэты "Савецкая Беларусь" (орган ЦВК БССР) Міхась Маразоўскі (запраўднае прозьвішча - Гурын) у 1924 г. пад прозьвішчам Ханевіча перакідаецца зь Менску ў Заходнюю Беларусь.

Зь ягонае ініцыятывы 30.11.1924 г. у Вільні склікаецца канфэрэнцыя Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая, падобна КП(б)Б, ня была самастойнай беларускай партыяй, а часткаю Камуністычнай работніцкай партыі Польшчы (КПРП). Канфэрэнцыя прымае прапанаваны М.Гурынам курс на "арганізацыйную й палітычную падрыхтоўку да ўзброенага паўстаньня" з мэтаю "аб'яднаньня Заходняй Беларусі з БССР".

М.Гурын выбіраецца ў ЦК КПЗБ і дэлегатам на 3-ці зьезд Камуністычнай партыі Польшчы, які з пастановаю канфэрэнцыі КПЗБ не згаджаецца й яе ўневажняе.

Паміж КПЗБ і КПРП паўстае канфлікт. Масква ў ім становіцца на бок КПРП. Яна таксама супраць "узброенага паўстаньня ў Заходняй Беларусі", якое М.Гурын із КПЗБ "спрабаваў выклікаць у 1925 г."; дзеля чаго адклікае М.Гурына назад у Менск.

М.Гурын не падпарадкаваўся.

Ён выйшаў із ЦК КПРП і з кантраляванай ёю КПЗБ ды, разам із сябрамі ЦК КПЗБ А.Капуцкім і Л.Родзевічам, заснаваў новую КПЗБ, незалежную ні ад Польскай Камуністычнай партыі, ні ад РКП(б).Гэта была 3-яя (пасьля 1917-19 і 1920 гг.) спроба стварыць самастойную Беларускую Камуністычную партыю.

Былы беларускі пасол польскага сойму В.Рагуля ў сваіх успамінах, з падзеяў 1925-28 гг. прыгадвае: М.Гурын "зарганізаваў тайную друкарню, у якой друкаваў свой орган "Чырвоны Сьцяг". Польскім камуністым гэта прыпала не да смаку. Яны выкрылі яе й, уварваўшыся аднойчы ў друкарню, спалілі ўсе драўляныя часткі, разьбілі чыгунныя і зьнішчылі рэшту. Цераз некаторы час Гурью сам быў арыштаваны й кінуты ў беластоцкую вязьніцу".

Пасьля таго, як ён выйшаў на волю й спаткаўся з паслом, апошні запрапанаваў яму: "Адмоўся ад камунізму й перайдзі на бок Беларускага Пасольскага Клюбу... Мы перакінем цябе нелегальна ў Нямеччыну. Там ты... станеш на чале нашага Інфармацыйнага Бюро... Ты - зацкаваны воўк, і цябе ўсёроўна заб'юць камуністыя й скінуць на дэфэнзыву, або дэфэнзыва й зваліць на камуністых".

Маю прапанову ён ня прыняў.

Як я прадбачваў, гэтак і сталася. У Горадні, пасьля гутаркі са мною ў гатэлі "Гандлёвы", ён выйшаў ад мяне каля 11 г. увечары. Я не пасьпеў распрануцца, калі пачуў стук у дзьверы і голас Гурына: "Адчыні!" Ён увайшоў бледны й сказаў: "Я паранены. На вуліцы Пілсудзкага нейкі тып 8 разоў выстраліў у мяне". Я паклаў яго на сваім ложку, агледзеў рану й выклікаў паліцыйнага лекара... Мяне дапыталі ў якасьці сьведкі, а Гурына забралі ў шпіталь...

Хутка... я даведаўся, што Гурын (16.3.1928 г.) быў застрэлены ў Вільні... Так скончыў закладчык КПЗБ". А забойца ягоны - С.Клінцэвіч, засуджаны польскім судом на пажыцьцёвую турму, выменены на свабоду ў СССР.

У 1930 г., у часе 1-ае ў 30-ых гг. хвалі масавага тэрору ў БССР, ГПУ арыштоўвае цэлую групу беларускіх нацыянал-камуністых, спаміж каторых - трох былых сяброў Ураду БССР: народнага камісара працы 1-га ўраду БССР - гісторыка й пісьменьніка Язэпа Дылу (Назара Бываеўскага), які па 2-ім абвешчаньні БССР быў сябрам ЦВК БССР (1921-24 гг.), старшынёю праўленьня Беларускага цэнтральнага саюзу спажывецкіх таварыстваў (1921-23 гг.), старшынёю Дзяржпляну БССР (1923-24 гг.), дырэктарам Інстытуту мастацтвазнаўства Інбелкульту, заступнікам загадчыка Белдзяржкіно (1928-30 гг.); народнага камісара асьветы БССР (1926-29 гг.) і сябру ЦВК Антона Баліцкага, у 1921-26 гг. - заступніка наркома, фактычнага кіраўніка школьніцтва БССР у 1921-29 гг.; і народнага камісара земляробства БССР (1924-29 гг.), сябру ЦВК і ЦК КП(б)Б Зьмітра Прышчэпава.

Яны, актыўныя творцы 1-ае й 2-ое БССР. былі далучаныя да арыштаваных у тым-жа часе былых дзеячоў БНР, выдатных беларускіх навукоўцаў, пісьменьнікаў, працаўнікоў асьветы й мастацтва, абвінавачаных у прыналежнасьці да няіснуючай "контррэвалюцыйнай нацыянал-дэмакратычнай арганізацыі Саюзу Вызваленьня Веларусі" (СВБ), і, разам з усімі імі, увесну 1931 г. бяз суда былі засуджаныя: Я.Дыла - на 5 гадоў ссылкі ў ваддаленыя раёны РСФСР, а А.Баліцкі й З.Прышчэпаў - на 10 год канцэнтрацыйных лягероў.

А.Баліцкі ў 1935 г. памёр у лягеры пры станцыі Мядзьвежая Гара Мурманскай чыгункі, дзе ён з рыдлёўкаю ў руках капаў Беламорска-Балтыцкі канал імя Сталіна. Пра лёс З.Прышчэпава сьведчыць у сваіх успамінах былы вязень Салавецкіх канцэнтрацыйных лягероў, украінец С.Підгайны, які спатыкаў яго "на самім востраве, на камандыроўцы Філімонава, у 1937 г." Із Салаўкоў ён не вярнуўся.

Заснавальнік і кіраўнік Беларускай Камуністычнай Арганізацыі ў 1920 г., актыўны ўдзельнік 2-га абвешчаньня БССР, Усевалад Ігнатоўскі, былы выкладчык гісторыі ў Віленскім Настаўніцкім (ад 1914 г.) і Менскім Пэдагагічным Інстытутах, у БССР быў сябрам ураду (народным камісарам земляробства ў 1920-21 і асьветы ў 1921-26 гг.), прафэсарам гісторыі Беларусі ў Беларускім Дзяржаўным унівэрсытэце, аўтарам шматлікіх навуковых працаў (і папулярнага "Кароткага нарысу гісторыі Беларусі", 1919 г.), старшынёю Інстытуту Беларускае Культуры - прэзыдэнтам Беларускай Акадэміі Навук (1925 - пачатак 1931 гг.).

Не зважаючы на ўсё гэта, у 1930 г., калі было арыштавана шмат ягоных сяброў - дзеячоў беларускай навукі, асьветы й мастацтва - У.Ігнатоўскага абвінавачваюць у "нацыянал-апартунізьме". Супраць яго ў афіцыйнай прэсе ўзьнімаецца акцыя ачарненьня й цкаваньня. Урэшце, яго самога змушаюць выступіць у друку з пакаянным лістом, у якім-бы ён сам публічна асудзіў і апаганіў сябе й сваіх сяброў, што пакутавалі ў камэрах ГПУ.

"...Перажыткамі "адраджэнства", - пісаў ён, - якія засталіся ў мяне ад эсэраўска-грамадаўскага мінулага... маім нацыянал-апартунізмам у тэорыі і на практыцы; незалежна ад таго, хацеў я ці не хацеў... я зрабіўся, па правільнай фармулёўцы т. Гея, "нацыянал-дэмакратам з партбілетам у кішэні"... Зусім правільна пленум ЦК КП(б)Б (25.10.1930 г. - А.К.) пастанавіў вывесьці мяне са складу Бюро ЦК і ЦВК і перадаў справу аб далейшым маім знаходжаньні ў партыі ў ЦВК, дзе яна разьбіраецца. Як ні балюча, як ні цяжка гэта для мяне, але перад ЦК КП(б)Б і перад усёй партыяй я цьвёрда павінен прызнаць, што палітычна я зрабіў зраду перад партыяй, хоць і не хацеў зрабіць гэтага суб'ктыўна..."

Не дапамагло й гэта. У студзені 1931 г. яго выключаюць з партыі й здымаюць із становішча прэзыдэнта Беларускай Акадэміі навук. Пачынаюць выклікаць на допыты ў ГПУ й патрабаваць, каб ён згадзіўся на ролю правакатара ў дачыненьні да арыштаваных сяброў, якім інкрымінуецца ўжо згадваная "контррэвалюцыйная нацыянал-дэмакратычная арганізацыя СВБ".

Перад ім такая прапазыцыя была зроблена Янку Купалу. Яго таксама выклікалі ў ГПУ й змушалі "прызнацца", што ён быццам-бы ўзначальваў СВБ. Я.Купала на прапазыцыю ГПУ адказаў спробаю самагубства: аднае начы ў канцы лістападу, вярнуўшыся з ГПУ дадому, ён распароў сабе нажом жывот. Лепей сьмерць, чымся роля нягодніка.

Ад сьмерці Я.Купалу адратавалі. У вадведзіны да яго прыехаў У.Ігнатоўскі.

- Табе трэба жыць, Янка... трэба жыць. Ты ў нас адзін, - суцяшаў ён паэту.

І вось цяпер, калі Я.Купала із ранамі ляжаў у цяжкім стане, ГПУ вырашыла змусіць на гэтую ролю праф. У.Ігнатоўскага. Ад яго вымагаюць выступіць на публічным працэсе ў характары "кіраўніка" гэтай "арганізацыі".

Пра фінал разьвязкі "жонка Ігнатоўскага расказвала:

...У тое раньне (4.2.1931 г. - А.К.) ён чуўся страшэнна знэрваваным і змучаным допытамі ГПУ. Прыйшоўшы да яе на кухню, ён пачаў гаварыць, што ніколі ня згодзіцца на тое, што яму прапануюць. Ён прасіў, каб яна ня вельмі сумавала, калі зь ім што здарыцца...

- Ці-ж я буду горшая за іншыя жонкі? Куды вышлюць цябе, туды й я. Гэта-ж нам з табою не пяршыня, - яна ўспомніла першую, царскую ссылку Ігнатоўскага. - Што людзям - тое й нам.

Прафэсар пяшчотна пацалаваў жонку й пайшоў да сябе ў габінэт.

Хутка пачуўся адтуль стрэл.

Ігнатоўскі ляжаў у крыві, бяз памяці, але яшчэ дыхаў. Жонка кінулася да тэлефону выклікаць хуткую дапамогу. Але раней, чымся хуткая дапамога, у дзьвярах зьявіўся агэнт ГПУ. Сэрца жанчыны ня вытрывала. Яна кінулася на яго й пачала выпіхаць із свае кватэры:

- Я цябе ня клікала, кат! Прыбег цешыцца? Вон адгэтуль!

Але ня зь ейнай сілай было выпіхнуць ненавіснага ката з кватэры. Ды й па сходах падымалася яшчэ двох...

Хуткая дапамога пасьпела шмат пазьней ад спрытных агэнтаў ГПУ. Яны засталіся й пасьля бесьперапынна дзяжурылі ў доме. Відаць, іх непакоіла думка, што можа выбухнуць дэманстрацыя: яны ведалі, што Ў.Ігнатоўскага высока паважалі й горача любілі. Дзеля гэтага, абвесьціўшы спачатку, што пахаваньне адбудзецца а 2-ой гадзіне вызначанага дня, яны загадалі выносіць цела ўжо а 10-ай гадзіне раніцы.

Па бакавых брудных вуліцах Менску, амаль бягучы, пранесьлі труну... І калі пазьней пачалі прыходзіць людзі, прыносіць вянкі - усё было даўно скончана".

Для большага расейскага кантролю над БССР (у дадатак да практыкі прызначэньня з Масквы 1-ых сакратароў ЦК КП(б)Б - паўнамоцных эмісараў Крамля й запраўдных уладароў БССР) Масква адных "айцоў" БССР пачала адклікаць із БССР у РСФСР: 5.5.1927 г. яна адклікала старшыню СНК БССР Я.Адамовіча - на становішча дырэктара цукратрэсту ў Маскве. Другіх, на ейныя вымогі, звальнялі із высокіх і ўплывовых становішчаў, але пакідалі ў БССР: у жнівені 1927 г. быў звольнены із становішча сакратара ЦВК БССР З.Чарнушэвіч; увосені 1929 г. із становішчаў дырэктара Беларускага Дзяржаўнага Выдавецтва й рэдактара час. "Полымя" - З.Жылуновіч (Ц.Гартны); із становішча галоўнага рэдактара цэнтральнай газэты "Савецкая Беларусь" - М.Кудзелька (Чарот); у студзені 1931 г. із становішча народнага камісара юстыцыі - А.Сташэўскі.

На месцы адкліканых і звольненых як правіла прызначаліся небеларусы (пераважна расейцы), або Масква пачала вышукоўваць на гэтыя становішчы сярод беларускіх камуністых самых паслухмяных і вернаподданных сабе кар'ерыстых.

Урэшце, у 1936-38 гг. 3-яя ў 30-ых гг. хваля тэрору ў БССР змыла з паверхні БССР усіх яшчэ жывых "айцоў" БССР. Яны былі абвінавачаныя па колькіх асобных справах, хоць сутнасьць абвінавачаньня была адна й тая-ж: тайная антысавецкая змова з мэтаю адарваць БССР ад СССР, зьліквідаваць у ёй савецкую ўладу ды ўстанавіць "буржуазна-капіталістычны лад".

Памятую асабіста, як у прэсе, на сходах і мітынгах яны былі абвешчаныя "ворагамі народу, пралезшымі ў партыю". Іх "прарабатывалі" за тое, што ў 1917-20 гг. яны прабавалі тварыць асобную й незалежную ад РКП(б) Беларускую Камуністычную партыю; а пазьней, стаўшыся "верхаводамі беларускіх нацыяналістых", "агэнтамі" ці "шпіёнамі" "замежных разьведак", тварылі розныя "контррэвалюцыйныя арганізацыі", выкрытыя "слаўным НКВД".

У арыштах іхных паўтарылася гістарычная храналёгія: арышты пачаліся ў 1936 г. ад ініцыятараў тварэньня 1-ае БССР - былых сяброў 1-га ўраду БССР і іхных бліжэйшых супрацоўнікаў, сяброў Беларускіх сэкцыяў РКП(б); а закончыліся ў 1937 г. на іхных пасьлядоўніках - творцах 2-ое БССР.

Нікога зь іх ня судзіў суд. Справы вяло НКВД. Яно-ж, на загады згары, і вырашала іхны лес: выносіла прысуды й "приводило их в исполнение".

Пра лёс З.Жылуновіча (Цішкі Гартнага), старшыні 1-га ўраду БССР, ёсьць цэлая літаратура. Прывядзем зь яе толькі адно сьведчаньне - з кнігі ўспамінаў Масея Сяднёва "Ахвяры бальшавізму".

23.10.1936 г. аўтар (тады студэнт 4-га курсу Менскага Пэдагагічнага інстытуту) быў арыштаваны НКВД. На першым допыце яму было прачытанае абвінавачваньне: "Вы обвиняетесь в принадлежности к контрреволюционной нацдемовской организации, целью которой было отторжение Белоруссии от СССР, чтобы сделать ее буржуазно-демократической республикой типа Латвии, Литвы и Эстонии"...

"Сьледчы далей з гіроніяй зазначыў, што "идейный вождь" гэтай арганізацыі - "ваш знаменитый писатель" Цішка Гартны...

Аднойчы, як звычайна, мяне ад сьледчага вялі да камэры. У вузкім калідоры нечакана я сустрэўся з Цішкам Гартным, якога вялі на допыт. Ад зьдзіўленьня я спыніўся, чаго, зразумела, рабіць было нельга... Я крыкнуў:

- Добры дзень, дзядзька Гартны!

- Молчать! - крыкнуў праваднічы. - Кто он вам? - І паставіў мяне тварам да сьцяны. Я стаяў да тых пор, пакуль ня змоўклі крокі Цішкі Гартнага.

Праз 10 хвілін пасьля гэтага мяне вельмі ганялі на паўторным допыце:

- Откуда знаете Гартного? - пытаўся сьледчы...

- Я ведаю яго як беларускага пісьменьніка - і ня больш гэтага.

- Гм-м "белорусского"... А лично знакомы?

- Не, - адказаў я...

У камэры я доўга думаў над тым, як сталася, што арыштавалі Цішку Гартнага? У маіх вачох Ц.Гартны быў чалавекам, якога нельга было, здаецца, арыштаваць наагул...

Хутка я апынуўся ў камэры, дзе былі Цішка Гартны і Сымон Баранавых. Я вельмі абрадаваўся гэтаму... меў з кім гутарыць.

Цішка Гартны гаварыў, што... ідзе зьнішчэньне ўсяго беларускага... зьнішчэньне духовага жыцьця народу, больш таго - ідзе яго фізычнае зьнішчэньне... Робіцца ўсё... каб ня даць нам жыць, як народу. Дзеля гэтага й "створана" сягодня органамі НКВД нацдэмаўская арганізацыя. Сяброў гэтай арганізацыі будуць цяжка абвінавачваць у дзяржаўнай зрадзе. Нікому з нас ня будзе літасьці...

Кожны дзень прыносіў нячуваныя навіны... Арыштаваныя народны камісар земляробства Бэнэк, народны камісар асьветы Чарнушэвіч, галоўнакамандуючы Беларускай вайсковай акругай Убарэвіч... паэты Чарот, Александровіч, Хадыка, Дудар, Кляшторны, Маракоў, Звонак... пісьменьнікі Галавач, Зарэцкі, Скрыган, Баранавых, Знаёмы, Мікуліч, Шашалевіч і г.д. Турма набівалася бітком.

На допыты цягаюць дзень і ноч, і б'юць".

"...Ц.Гартны звар'яцеў. Вяртаючыся із допытаў, ён хаваўся пад лаўку й ціха, спалохана шаптаў: "Божа мой!.. Я хацеў забіць Сталіна?"

"Праходзіць цэлы год... Я атрымліваю, нарэшце, "обвинительное заключение"... (Зь яго) вынікае, што кіраўнікамі арганізацыі зьяўляюцца "ворагі народу" - Цішка Гартны, Зарэцкі, Чарот і Дудар.

У гэты час Гартнага ў жывых ужо ня было. Ён памёр (11.4.1937 г.) у Магілеўскім Доме вар'ятаў", куды яго перавезьлі з турмы менскага НКВД.

Праз 2 месяцы пасьля трагічнай сьмерці Ц.Гартнага склікаецца 16-ты зьезд КП(б)Б. Адбываецца ён у Доме ўраду ў Менску. На ім тагачасны 1-шы сакратар ЦК В.Шаранговіч вельмі востра асуджае й абвінавачвае ня толькі арыштаваных незадоўга перад тым старшыню СНК БССР М.Галадзеда, народнага камісара асьветы А.Чарнушэвіча й іншых кіраўнікоў БССР, але, разам зь імі, і прысутнага на зьезьдзе Алеся Чарвякова, народнага камісара асьветы 1-га ўраду БССР, нязьменнага ад 1920 г. старшыню ЦВК і Прээыдыюму ЦВК БССР, сябру ЦБ і ЦККП(б)Б. Ня было ніякага сумніву, што чарга сталінскай гільятыны тэрору дайшла да яго. Зьезд толькі фармальна павінен закляйміць яго "ворагам народу".

У часе аднаго із перапынкаў А.Чарвякоў ідзе ў свой габінэт, замыкае на ключ із сярэдзіны дзьверы й стрэлам з рэвальвэра ў сэрца канчае самагубствам. Калі дзьверы габінэту былі ўзламаныя, яго знайшлі мёртвым... на сваім урадавым крэсьле.

Гэта было 16.6.1937 г.

Назаўтра ўпоўдзень (пра сьмерць А.Чарвякова: публічна яшчэ нічога ня было ведама) я йшоў Савецкай вуліцай у кірунку тэатральнага сквэра. Выпадкам із рэдакцыі газэты "Звязда" выходзіць мой добры знаёмы, паэта Р.К., які працуе там за стыльрэдактара. Пад вялікім сакрэтам ён расказвае мне, што, калі чарговы нумар газэты ўжо быў аддрукаваны поўным тыражом, уначы пазванілі із Дому ўраду, загадалі цэлы тыраж затрымаць, а ў газэту на апошняй, 4-ай, балоне пэтытам набраць паведамленьне з аднаго сказу: "Учора пакончыў самагубствам старшыня ЦВК СССР і БССР А.Р.Чарвякоў". Калі газэта (із спазьненьнем!) была аддрукаваная нанова, а экспэдыцыя сьпяшалася пакаваць яе на рассылку, із Дому ўраду пазванілі ізноў. Загадалі затрымаць і гэты тыраж, цалкам яго зьнішчыць, а ў паведамленьне пра самагубства А.Чарвякова ўставіць словы: "... на глебе сямейных непаразуменьняў".

Пра лёс сяброў 1-га ўраду БССР У.Фальскага, А.Квачанюка й І.Пузырова мы ня маем ніякіх інфармацыяў. Зьмітро Чарнушэвіч, былы народны камісар сацыяльнага забясьпечаньня, пазьней сябра ЦВК БССР (1919, 1921-31 гг.), сакратар ягонага Прэзыдыюму (1924-27 гг.) і старшыня Ўпраўленьня дзяржаўнага страхаваньня БССР, 28.6.1938 г. расстраляны НКВД у Менску. Такі-ж лёс 30.10.1937 г. спаткаў і Янку Пятровіча (Нёманскага), пісьменьніка й эканамістага, былога сябру петраградзкай і маскоўскай Беларускіх сэкцыяў РКП(б), супрацоўніка Белнацкому й сурэдактара газэты "Дзяньніца". У часе арышту ён займаў становішчы заступніка старшыні Дзяржпляну БССР і дырэктара Інстытуту эканомікі Акадэміі Навук.

22.4.1937 г. у вадным із вагонаў цягніка, які йшоў із Уладзівастока на Маскву, застрэліўся пасажыр. Наўрад ці хто із ехаўшых тым цягніком ведаў, што страляўшы ў сябе - былы старшыня СНК БССР Язэп Адамовіч.

Відны беларускі камуністы Я.Адамовіч, хоць і не належаў да Беларускіх сэкцыяў РКП(б), на 6-ай Паўночна-Заходняй абласной канфэрэнцыі РКП(б) (тады вайсковы камісар Смаленскай губ.) галасаваў за абвешчаньне БССР. У 1920 г., будучы сябрам Вайскова-Рэвалюцыйнага Камітэту Менскай губ., разам з А.Чарвяковым, У.Ігнатоўскім і інш., падпісаў дэклярацыю пра 2-ое абвешчаньне БССР, у якой займаў становішчы народнага камісара вайсковых спраў (1920 г.), заступніка старшыні ЦВК і СНК (1921-24 гг.), а ад 1924г. - старшыні СНК.

Пасьля адкліканьня яго ў 1927 г. із БССР у Маскву ён працуе там у цукратрэсьце. "У цяжкім 1932 г., - прыгадвае ягоная жонка С.Шамардзіна, - над... галавой Адамовіча "грымнуў гром". Ён быў незаслужана зьняты з пасады (і, паводля вусных пераказаў, арыштаваны - А.К.). Але Язэп Аляксандравіч не ўхапіўся за "выратавальныя кругі", якія яму кідалі тыя, хто быў сьведкам "расправы з Адамовічам". Ён нікога не пацягнуў за сабой, але не падумаў і пра зьмякчэньне свайго асабістага лёсу". З дапамогаю сяброў яму ўдаецца ўхіліцца ад большае кары, ды цяпер яго ўжо "накіроўваюць ува Ўсурыйск... будаваць на Далёкім Усходзе цукровы завод...

Аднак і на Далёкім Усходзе Адамовіч ня траціў сувязі зь Беларусьсю. Выпісваў беларускія газэты, сустракаўся із старымі беларусамі, якіх партыя накіроўвала на самую далёкую ўскраіну СССР... з І.Васілевічам... Ува Ўсурыйск да Адамовіча прыяжджаў Б.С.Гарбачоў, калі па вайсковых справах бываў у Хабараўску і Ўладзівастоку.

Апошні пэрыяд свайго жыцьця Язэп Адамовіч правёў на Камчатцы, куды з амаль пабудаванага цукровага заводу ўва Ўсурыйску (у 1936 г. - А.К.) яго накіравалі начальнікам АКО".

І вось у часе, калі найбольш шалеў тэрор і шматлікіх ягоных сяброў ужо катавалі ў засьценках НКВД, Я.Адамовіча з Камчаткі выклікаюць у Маскву. Відаць, у падарожным роздуме ён прыходзіць да перакананьня, што сам, дабраахвотна едзе ў пашчу НКВД. Дык ці ня лепей тады згінуць ад свае рукі?

Астатнімі із "айцоў" 2-ое БССР (наколькі гэта ведама сёньня) да канвэеру сьмерці падвялі былых бліжэйшых сяброў і памочнікаў У.Ігнатоўскага ў тварэньні падпольнай Беларускай Камуністычнай Арганізацыі ў 1920 г. - рэктара Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту Язэпа Каранеўскага; першага сакратара ЦВК і СНК БССР (1921-24 гг.), народнага камісара юстыцыі (1928-30 гг.) Алеся Сташэўскага; і "пачынальніка пралетарскай беларускай паэзіі", ініцыятара й старшыню літаратурнай арганізацыі "Маладняк" (1923-27 гг.), рэдактара газэты "Савецкая Беларусь" (1925-29 гг.) Міхася Чарота (Кудзельку).

Я.Каранеўскага пасьля засуду ў канцэнтрацыйны лягер, у канцы 1937 г. прывезьлі ў васобны камэнданцкі лягер сталіцы Байкала-Амурскіх лягероў - горад Свабодны (!). Разам зь ім у партыі вязьняў зь Менску быў і нацыянал-камуністы з 1919 г. С.Гарбуз. На трэці дзень із Свабоднага іх пагналі на "закрытую" калёну No.66, дзе сьлед іхны гіне. А.Сташэўскага й М.Чарота пасьля доўгіх катаваньняў расстралялі. Першага - 11.12.1938 г., другога - тры дні пазьней, 14.12.1938 г.

Беларускі паэта Мікола Хведаровіч, які ў тым часе таксама сядзеў у менскім НКВД, сьведчыць, што ў 1939 г., калі яго перавялі ў вадзіночную камэру, у каторай перад расстрэлам сядзеў М.Чарот, ён знайшоў там "тэкст апошняга чаротаўскага верша... выкалупаны нечым вострым на сьцяне. Гадамі... захоўваў... у сэрцы" яго, каб некалі апублікаваць. Разьвітваючыся з жыцьцём, у гэтым вершы "Прысяга" М.Чарот пісаў:

...Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары,
Кажу вам: я не вінаваты.
Паверце: я не вінаваты!

...Якая гіронія лёсу! "Бацька" "айцоў" БССР, Казімір Пятрусевіч - адзін із 9 дэлегатаў 1-га зьезду РСДРП (зьезду, каторы адбыўся ў 1898 г. у Менску й арганізацыйна даў пачатак гэтай партыі), беларус і зямляк З.Жылуновіча, Ф.Шантыра, А.Сташэўскага, абодвых Чарнушэвічаў - на шмат год перажыў усіх іх, пазьнейшых спадкаемцаў РСДРП, першатворцаў БССР, не далучыўшыся (як і ніводзін із дэлегатаў 1-га зьезду!) ні да бальшавіцкае фракцыі РСДРП і РКП(б) і ня прызнаўшы ні СССР, ні БССР (!!!). Перажыў, мажліва, толькі таму, што пасьля перамогі бельшавіцкай рэвалюцыі ў Расеі й акупацыі Чырвонай арміяй БНР уцёк замежы. У 1928 г., будучы віленскім адвакатам (і прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту), на "Працэсе 56" бараніў кіраўнікоў Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (як і ў 1908 г. на судзе ў Менску - Я.Коласа й ягоных сяброў із Беларускага Настаўніцкага Саюзу). Перажыў... пад "фашысцкімі рэжымамі" Польшчы й Нямеччыны, а ў канцы 2-ой сусьветнай вайны, калі "вызваленая" Вільня настала адыйшла да СССР, падаўся далей на захад і ў 1949 г. памёр у Варшаве сваёй сьмерцю.

У 1969 г. зь вялікай помпаю сьвяткавалася 50-цігодзьдзе БССР. Тады яшчэ быў жывы Язэп Дыла.

Ужо было па 20-ым і 22-ім зьездах КПСС, якія "асудзілі" "культ Сталіна". Былі абвешчаныя "адліга" й "рэгабілітацыі"... Вы думаеце, па Я.Дылу паслалі самалёт? Каб прывезьці на юбілейныя ўрачыстасьці ганаровага госьця - адзінага, хто застаўся яшчэ ў жывых із сяброў 1-га ўраду БССР? І ня блізка!

Менск гарэў ад чырвані сьцягоў. Грымелі аркестры. Янычарам Масквы раздаваліся ардэны... А дзесь далёка, на глухой ускраіне чужога Саратава, самотна дажываў свой век (яму было каля 89) апошні "айцец" БССР. Ён пражыў там яшчэ да 1973 г. і на 42-ім годзе ссылкі з БССР памёр.

Аўген Калубовіч
Крыніца: Аўген Калубовіч. "Айцы" БССР і іхны лёс. Выданьне 2-ое. Клыўлэнд, 1985.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: «Айцы» БССР і іхны лёс

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.