«Шведская» палітыка Жыгімонта III Вазы

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему «Шведская» палітыка Жыгімонта III Вазы. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-08
Источник: http://library.by

Пасля смерці ў снежні 1586 г. Стэфана Баторыя на пасад Рэчы Паспалітай прэтэндаваў, побач з аўстрыйскім эрцгерцагам Максімільянам і вялікім князем маскоўскім Фёдарам Іванавічам, шведскі каралевіч Жыгімонт Ваза. Жыгімонт быў сынам караля Швецыі Юхана III і дачкі Жыгімонта I Старога Катажыны. Яго паходжанне і абяцанне шведскіх паслоў, што ў выніку выбара іх кандыдата да Рэчы Паспалітай будзе далучана Эстляндыя (паўночная Эстонія), былі сярод тых фактараў, якія паўплывалі на абвяшчэнне часткай польскай шляхты Жыгімонта III Вазы 19 жніўня 1587 г. каралём польскім. Вялікае княства Літоўскае (ВКЛ) прызнала Жыгімонта сваім вялікім князем значна пазней, ён прысягнуў на захаванне ўсіх правоў Княства 28 студзеня 1588 г., амаль праз пяць месяцаў пасля элекцыі і праз чатыры тыдні пасля каранацыі (якая адбылася 27 снежня 1587 г.). З гэтага часу так званае "шведскае пытанне" сталася адным з самых значных фактараў дзяржаўнага жыцця ўсёй Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ВКЛ.

Менавіта далучэнне Эстляндыі да Рэчы Паспалітай было адным з самых праблемных бакоў "шведскай" палітыкі новага кіраўніка дзяржавы. Нягледзячы на абяцанне паслоў ад Швецыі аб уключэнні тэрыторыі Эстляндыі ў склад Рэчы Паспалітай, Жыгімонт Ваза на гэта ніяк не згаджаўся. Пасля амаль трохдзённых спрэчак з польскімі пасламі, якія накіраваліся ў Швецыю адразу пасля элекцыйнага сойму 1587 г., было вырашана адкласці пытанне аб Эстляндыі да смерці караля Юхана III. На каранацыйным сойме 1587–1588 г. у Кракаве спрэчкі аб Эстляндыі доўжыліся ўжо тры тыдні. Аднак Жыгімонт III не паддаўся ціску нават кароннага канцлера Яна Замойскага, і пытанне зноў засталося нявырашаным [1].

24 лістапада 1592 г. памёр кароль Швецыі Юхан III, і "шведскае пытанне" зноў выйшла на авансцэну палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай. Шведская карона перайшла да Жыгімонта III Вазы, якому было трэба тэрмінова ехаць у Швецыю, каб уладкаваць усе юрыдычныя фармальнасці. Трэба адзначыць, што ў пытаннях знешняй палітыкі паўнамоцтвы караля і вялікага князя былі значна абмежаваны вальным соймам. Менавіта сойм выслухоўваў паслоў замежных краін, задаваў агульны напрамак знешняй палітыкі краіны, толькі ён мог даць дазвол на замежную выправу кіраўніку краіны і забяспечыць яе (паездкі) фінансаванне [2, с. 154]. Таму Жыгімонт III Ваза ініцыяваў на 4 мая 1593 г. скліканне вальнага сойму Рэчы Паспалітай, галоўным пытаннем якога мелася быць ухваленне яго паездкі ў Швецыю. Нежаданне Жыгімонта Вазы адразу далучыць да Рэчы Паспалітай Эстляндыю не спрыяла росту цікавасці шляхты Кароны і Княства да экспансіі на поўнач і выклікала досыць халоднае яе стаўленне да яго выправы. Каб атрымаць падтрымку сойму, гаспадар ізноў, як і ў 1587 г., паабяцаў у хуткім часе ўсё ж такі далучыць Эстляндыю. Акрамя таго, час ад часу ўзнікалі чуткі, што Жыгімонт III увогуле хоча назаўсёды з’ехаць у Швецыю. Тым не менш, вальны сойм 1593 г. згадзіўся дазволіць гэтую паездку і прызначыў яе грашовае фінансаванне. Аднак былі вылучаны некаторыя ўмовы: кароль і вялікі князь павінен на працягу года вырашыць усе справы і вярнуцца назад. Акрамя таго, некаторыя ваяводствы Кароны і ўсё ВКЛ перанеслі абмеркаванне прызначэння падатку для каралеўскай паездкі на паслясоймавыя, рэляцыйныя соймікі [1, с. 87]. Так, 7 жніўня 1593 г. на Галоўным з’ездзе ВКЛ у Вільні сенатары і паслы земскія ў сваёй пастанове зазначылі, што з жалем згаджаюцца на паездку Жыгімонта III Вазы ў сваё дзедзічнае каралеўства, жадаюць яму поспехаў і прызначаюць дзеля гэтага падатак [3, с. 323–330].

У Стакгольм Жыгімонт III урачыста прыбыў 30 верасня 1593 г. У Швецыі на яго баку знаходзілася, у асноўным, буйная арыстакратыя. У той час сярэдняе і дробнае пратэстанцкае шляхецтва баялася, што за Жыгімонтам III як шчырым католікам у Швецыю прыдзе моцная хваля контррэфармацыі, і таму падтрымлівала іншага прэтэндэнта на каралеўскі пасад - Карла, брата Юхана III. Тое, што ў Швецыі на першым месцы стаяў клопат аб рэлігійным пытанні, пацвярджае ў сваім лісце са Стакгольму да ваяводы троцкага Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі падканцлер Каралеўства Польскага Ян Тарноўскі, які суправаджаў Жыгімонта III у гэтай паездцы [1, с. 121]. Шведскія станы згадзіліся прысягнуць Жыгімонту III Вазе і каранаваць яго (каранацыю 1 марта 1594 г. праводзіў пратэстант) толькі тады, калі ён прызнае пратэстантства пануючай рэлігіяй у Швецыі, не будзе прызначаць на дзяржаўныя пасады католікаў і не будзе засноўваць езуіцкіх школаў. Жыгімонт III вярнуўся ў Рэч Паспалітую, а кіраваць Швецыяй даручыў Карлу сумесна з сенатам. Карл працягваў таемную барацьбу за ўладу. Хутка ён быў абвешчаны штатгальтэрам і de-facto стаў кіраўніком краіны. Больш таго, 18 мая 1595 г. Карл заключыў мірную дамову з Вялікім княствам Маскоўскім (ВКМ), паводле якога Масква адмаўлялася ад Эстляндыі як складальнай часткі шведскага Каралеўства. Гэта ішло ў супярэчнасць з абавязкам Жыгімонта III далучыць гэтыя землі да Рэчы Паспалітай. Насуперак забароне караля і сената Швецыі, Карл склікае рэйхстаг на 29 лістапада 1595 г., а прынятыя на ім рашэнні амаль цалкам перадалі яму ў рукі ўладу над дзяржавай [2, с. 152].

Абвастрэнне барацьбы за ўладу ў Швецыі абумовіла разгляд "шведскага пытання" на вальным сойме Рэчы Паспалітай 1596 г. Па пытанні аб далучэнні Эстляндыі нічога не вырашылі і адклалі яго да наступнага сойму. Дарэчы, гэтае пытанне імкнуліся ўзняць паслы ад ВКЛ і на папярэднім вальным сойме 1595 г. Так, у інструкцыі ад 30 снежня 1594 г. паслам ад віленскага павета стольніку ВКЛ Яну Глябовічу і Аляксандру Хадкевічу на вальны сойм у Кракаве даручалі разам з усімі пасламі ад Княства і Кароны прасіць Жыгімонта III далучыць да Рэчы Паспалітай Эстляндыю "паводле пакт і павіннасці сваёй гаспадарскай" [3, с. 335]. Затое сойм 1596 г. накіраваў у Швецыю пасольства, якое мелася сустрэцца з Карлам і правесці з ім перамовы. Ад Вялікага Княства ў склад гэтага пасольства ўвайшоў віцебскі ваявода Мікалай Сапега [2, с. 153].

Паслы былі прыняты Карлам 7 кастрычніка 1596 г. На ўсе іх патрабаванні ануляваць пастановы, скіраваныя супраць улады Жыгімонта III Вазы, Карл адказаў адмовай, бо ўсё гэта трэба было пастанаўляць з прычыны адсутнасці караля ў Швецыі. Фармальна Жыгімонт III працягваў лічыцца каралём Швецыі. На яго баку заставаўся сенат, прадстаўлены буйной арыстакратыяй, які вёў барацьбу за роўнасць сваіх паўнамоцтваў з паўнамоцтвамі Карла. Такім чынам, паслы Рэчы Паспалітай вярнуліся назад ні з чым. А Карл у пачатку лютага 1597 г. склікаў з’езд усіх станаў Швецыі, на якім атрымаў падтрымку сярэдняга і дробнага шляхецтва, і пацвердзіў усе рашэнні рэйхстагу 1595 г. [2, с. 153].

Тым часам Рэч Паспалітая рыхтавалася да склікання новага вальнага сойму, на якім, акрамя ўсяго, меліся абмеркаваць вынікі пасольства ў Швецыю. Ізноў шэраг павятовых соймікаў, прынамсі, полацкі і наваградскі, уздымалі пытанне аб далучэнні да Рэчы Паспалітай Эстляндыі. Генеральны соймік ВКЛ, які адбыўся 27–30 студзеня 1597 г. у Слоніме, у агульную для ўсіх земскіх паслоў Княства ўключыў і пункт "аб справах шведскіх" [1, с. 242–243].

На сойме 1597 г. Жыгімонт III Ваза зноў імкнуўся атрымаць падтрымку на паездку ў Швецыю, ізноў абяцаў далучыць да Рэчы Паспалітай Эстляндыю, калі ўладкуе ўсе "шведскія" справы, але сойм скончыўся без прыняцця ўхвалаў. Жыгімонт III Ваза не мог надалей адкладаць сваю выправу ў Швецыю, бо ў 1597 г. Карл напаў на Фінляндыю, саюзніка караля і вялікага князя, захапіў шведскі флот, але вялікіх поспехаў не дабіўся і адступіў. У Швецыі Карл ліквідаваў усе пасады, што залежалі ад Жыгімонта III. У такіх умовах Жыгімонт III Ваза прызначыў скліканне вальнага сойму Рэчы Паспалітай на 8 сакавіка 1598 г. Паралельна Рэч Паспалітая са снежня 1597 г. пачала дыпламатычныя захады, каб мець саюзнікаў у магчымай вайне з Карлам. Аднак перамовы з каралём Даніі Хрысціянам IV, князямі Памор’я і Ганзай прайшлі безвынікова [2, с. 155].

Вальны сойм 1598 г. згадзіўся на паездку Жыгімонта III Вазы ў Швецыю і выдаткаваў на гэта грашовую субсідыю ў памеры 300 000 злотых. У жніўні 1598 г. Жыгімонт III прыбыў у Кальмар з пяцітысячным войскам. Ад ВКЛ яго суправаджаў пінскі староста Юры Збаражскі. Перамовы з Карлам прайшлі безвынікова, і справа закончылася ўзброеным сутыкненнем. У бітве пад Стэгеборгам 8 верасня войска караля было ўшчэнт разбіта. Жыгімонт III Ваза быў вымушаны пайсці на перамовы з Карлам. 28 верасня 1598 г. між імі была падпісана дамова, згодна з якой кароль амніставаў усіх сваіх праціўнікаў, праз чатыры месяцы склікаўся рэйхстаг, на якім пры пасярэдніцтве замежных дзяржаў вызначаліся б дачыненні між Карлам і Жыгімонтам III Вазай. Аднак насуперак дамове Жыгімонт III пакінуў Швецыю і з’ехаў у Данцыг. Тады ў пачатку 1599 г. яму быў накіраваны ультыматум, паводле якога, калі кароль не вернецца праз чатыры месяцы назад без войска, то ён будзе дэтранізаваны. Жыгімонт III Ваза патрабавання не выканаў і ў ліпені 1599 г. быў пазбаўлены шведскага пасаду [1, с. 351].

У 1600 г. Карл афіцыйна далучыў Эстляндыю да Швецыі. Аднак Жыгімонт III Ваза не адмовіўся ад тытула караля Швецыі і на вальным сойме 1600 г. далучыў Эстляндыю да Рэчы Паспалітай. Сойм гэтае рашэнне ўхваліў і фактычна падтрымаў вайну са Швецыяй [4, с. 226].

У 1600 г. Карл пачаў умацоўваць свае пазіцыі ў Эстляндыі і напаў на належачыя Рэчы Паспалітай інфлянцкія замкі. Да пачатку 1601 г. Эстляндыя і амаль усе Інфлянты, за выключэннем Рыгі і Кокенгаўзэна, былі пад уладай Карла. Павятовыя соймікі Рэчы Паспалітай патрабавалі пачаць паход супраць Карла, і вальны сойм 1601 г. прызначыў на вайну ланавы і чопавы паборы, а таксама дазволіў, у выпадку неабходнасці, сабраць такі падатак і ў 1602 г. Войскі Кароны і Княства ўзначалілі, адпаведна, каронны гетман і канцлер Кароны Польскай Ян Замойскі і гетман земскі Вялікага княства Літоўскага і ваявода віленскі Крыштоф Радзівіл Пярун. Да наступнага вальнага сойму 1603 г. Крыштоф Радзівіл вызваліў усе Інфлянты, прычым нанёс бліскучае паражэнне шведам 23 чэрвеня 1601 г. пад Кокенгаўзэнам, а Ян Замойскі перанёс баявыя дзеянні ў Эстляндыю. Недахоп грошай не дазволіў войскам ВКЛ і Кароны развіць свой поспех. Сойм 1603 г. зацвердзіў новы падатак на вайну ў паўночным рэгіёне краіны [1, с. 424–426]. У 1603 г. памёр гетман земскі ВКЛ Крыштоф Радзівіл, а яго пасаду ў 1605 г. заняў Ян Кароль Хадкевіч, пад яго камандаваннем быў вызвалены 13 красавіка 1603 г. Дэрпт, яго войскі ў верасні 1604 г. перамаглі шведаў пад Белым Каменем. Менавіта ён камандаваў войскам ВКЛ падчас бліскучай перамогі пад Кірхгольмам 27 верасня 1605 г., калі крыху больш за чатыры тысячы вайскоўцаў Княства цалкам разбілі сямітысячнае шведскае войска (па некаторых звестках, колькасць шведаў дасягала 14 000). Шведскае войска страціла каля шасці тысяч чалавек, прычым быў паранены і Карл, а страты войска ВКЛ склалі каля ста забітых [5, с. 248–273]. Аднак Рэч Паспалітая не здолела выкарыстаць гэтую перамогу, бо была кінута ў вір унутранай смуты і маскоўскай авантуры Ілжэдзмітрыя I. Вальныя соймы 1605, 1606 і 1607 г. або ўвогуле не закраналі "шведскае пытанне", або заканчваліся без прыняцця якіх-небудзь рашэнняў. Гэта дало магчымасць войскам Карла IX, які з 1604 г. меў тытул караля Швецыі, ачуняць ад паразы пад Кірхгольмам і ў 1607 г. захапіць Белы Камень, сратэгічную фартэцыю, размешчаную на мяжы Эстляндыі з Інфлянтамі, а таксама частку апошніх. Калі ў Рэчы Паспалітай суцішыліся ўнутраныя супярэчнасці, войскі Яна Кароля Хадкевіча перайшлі ў наступ і ў 1609 г. атрымалі перамогу пад Рыгай і захапілі г. Пярну [6, с. 56]. У гэтым самым годзе Рэч Паспалітая і Швецыя заключылі перамір’е на 8 гадоў. Наперадзе была сумесная інтэрвенцыя ў ВКМ.

Першай вайну аднавіла Швецыя, з 1611 г. каралём якой быў Густаў II Адольф. У 1617 г. шведскія войскі захапілі Пярну. У той час Рэч Паспалітая знаходзілася ў цяжкім становішчы з прычыны вайны супраць Турцыі і Крымскага ханства, таму ў 1618 г. было заключана новае перамір’е са Швецыяй, на гэты раз на два гады. Аднаўленне баявых дзеянняў у 1621 г. сталася яшчэ больш моцным ударам. Рэч Паспалітая страціла большую частку Інфлянтаў, а 25 верасня 1621 г. была захоплена Рыга. Пазней шведы захапілі Мітаву, сталіцу васала Рэчы Паспалітай Курляндыі, якую ў 1622 г. удалося вызваліць войскам польнага гетмана ВКЛ Крыштофа Радзівіла.

11 жніўня 1622 г. было падпісана наступнае перамір’е, паводле якога мытныя даходы Княства ад гандлю з балтыйскімі краінамі дасталіся Швецыі. Хаця польны гетман ВКЛ і адхіліў прапанову шведаў аб заключэнні доўгатэрміновага перамір’я, аднак, шляхта Рэчы Паспалітай стамілася ад вайны. Пазіцыя шляхты вельмі значна ўплывала на намер гаспадара дзяржавы весці войны. Кароль і вялікі князь быў абавязаны пачынаць вайну абарончую (канстытуцыя сойма 1613 г. "Аб пачатку войн"), але, каб пачаць наступальную вайну, была неабходна згода вальнага сойму. І калі вальны сойм 1616 г. заяўляў аб гатоўнасці дапамагчы гаспадару, калі той пачне вайну дзеля вяртання шведскай кароны, то ўсе спробы Жыгімонта III Вазы атрымаць падтрымку вальных соймаў 1624 г. (надзвычайны) і 1625 г. (звычайны) на пачатак наступальнай вайны супраць Швецыі не ўдаліся. Прычым галоўную ролю ў гэтых адмовах адыгралі менавіта польныя гетманы ВКЛ і Кароны Польскай Крыштоф Радзівіл і Крыштоф Збаражскі, хаця і не сенатары Рэчы Паспалітай [4, с. 53].

У 1625 г. шведскія войскі пачалі наступ на паўднёва-ўсходнія Інфлянты і Жамойць, атачылі Дэрпт і нават захапілі Біржы. Трэба адзначыць, што найбольшы цяжар ад вайны ў Інфлянтах несла ВКЛ, якое "адказвала" ў Рэчы Паспалітай за гэтыя землі, у той час як Карона ахоўвала Прусію. Рэзка ўзрасла колькасць збіраемых падаткаў. Так, за 1626–1629 г. на павятовых сойміках шляхта ВКЛ ухваліла падаткі ланавых ад 20 (старадубская) да 32 (мсціслаўская). У сярэдзіне 1620-х г. вайна прывяла да палітычнага канфлікту Кароны і Княства. Справа ў тым, што Крыштоф Радзівіл у 1626 г. толькі ад імя ВКЛ заключыў перамір’е са Швецыяй на некалькі месяцаў, а ў 1627 г. у Вільні сенатары Княства таксама заключылі перамір’е са шведамі толькі ад імя ВКЛ. Прычым у лістах, якія літвіны накіравалі Жыгімонту III Вазе, прымасу і сенатарам Кароны, яны тлумачылі свае дзеянні пільнай патрэбай ратавання Айчыны. Гэта выклікала абурэнне ў Каралеўстве Польскім, тым больш, што з 1626 г. баявыя дзеянні перамясціліся ў Прусію, якую шведы ў выніку цалкам акупавалі і дайшлі да р. Віслы. Увогуле падчас гэтай вайны значна абвастрыліся супярэчнасці між Жыгімонтам III і шляхецтвам Рэчы Паспалітай. У выніку, нягледзячы на баявыя дзеянні, пасада польнага гетмана ВКЛ была вакантнай з 1605 па 1615 г., а гетмана кароннага - з 1620 па 1632 г. [4, с. 100–101].

Апынуўшыся ў такім становішчы, Рэч Паспалітая пайшла на падпісанне 26 верасня 1629 г. у Альтмарку, пры пасярэдніцтве Англіі, Францыі і Галандыі, перамір’я, згодна з якім да Швецыі пераходзілі ўсе порты ў Эстляндыі, Прусіі і Інфлянтах (у т.л. Рыга і Мальбарк), за выключэннем Каралеўца, Гданьска і Пуцка, а таксама ўсе Інфлянты да Заходняй Дзвіны. Рэч Паспалітая не мела права будаваць і трымаць флот у Гданьску. Канчатковы мір быў заключаны ў 1635 г., ужо пасля смерці Жыгімонта III Вазы.

Такім чынам, спробы Жыгімонта III Вазы захаваць за сабой тытул караля Швецыі ўцягнулі Рэч Паспалітую ў перманентную вайну, што разам з пастаяннымі канфліктамі з Турцыяй, Крымскім ханствам і ВКМ вельмі негатыўна адбілася на сацыяльна-эканамічным і палітычным развіцці дзяржавы. У выніку Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае былі, па-сутнасці, выціснуты з барацьбы за сферы ўплыву ў балтыйскім рэгіёне.

Уладзімір Падалінскі
Крыніца: Castrum, urbis et bellum
Жукович П. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией (до 1609 г.). - Спб., 1901.
Rzońca J. Rzeczpospolita Polska w latach 1596–1599. - Opole, 1990.
АВАК. - Т. VIII. - Вільна, 1875.
Wisner H. Najjaśniejsza Rzeczpospolita. - Warszawa, 1978.
Podhorodecki L. Sławni hetmani Rzeczpospolitej. - Warszawa, 1994.
Dubas-Urwanowicz E., Urwanowicz J. Jan Karol Chodkiewicz. - Warszawa, 1998.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: «Шведская» палітыка Жыгімонта III Вазы

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.