Фарміраванне і арганізацыя наёмных войск ВКЛ з 2-й паловы XVI ст. да Рэформ Стэфана Баторыя

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Фарміраванне і арганізацыя наёмных войск ВКЛ з 2-й паловы XVI ст. да Рэформ Стэфана Баторыя. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-08
Источник: http://library.by

Аснову ўзброеных сіл ВКЛ у сярэдзіне XVI ст. яшчэ складала паспалітае рушэнне - збор вайскова-служылага саслоўя для абароны ад непрыяцеля. Аднак Інфлянцкая (Лівонская) вайна паказала, што паспалітае рушэнне не ў стане выконваць функцыі абароны дзяржавы [1]. Збор паспалітага рушэння ўяўляў марудны працэс і ўжо не быў сапраўды агульным апалчэннем усяго шляхецкага саслоўя, бо вялікая колькасць шляхты ўхілялася ад выезду на вайну. Нізкая дысцыпліна не дазваляла цалкам выкарыстоўваць слабыя баявыя магчымасці паспалітага рушэння. Да таго ж яно было непастаянным вайсковым фарміраваннем, а на памежных землях з Маскоўскай дзяржавай і Крымскім ханствам і тады, калі не было вайны, неабходна было заўсёды трымаць залогі ў крэпасцях і замках. Шляхта ж вельмі неахвотна згаджалася несці гарнізонную службу, бо ў мірныя часы лічыла сябе вольнай ад абавязку выконваць вайсковую павіннасць. Таму замест яе ў памежных фартэцыях выкарыстоўваліся найміты.

Пастаянных грашовых фондаў на ўтрыманне наёмнага войска ў скарбе Вялікага Княства Літоўскага не было. Перыядычна на розныя вайсковыя патрэбы сродкі выдзяляліся на соймах [2, с. 105]. Пачынаючы з 1447 г., вялікі князь толькі са згоды станаў сойма меў права ўводзіць асобны вайсковы грашовы падатак. Найбольш пашыранай яго назвай з’яўляецца "серабшчына", але ў некаторых землях ВКЛ ён вядомы як "пасошчына" або "валоўшчына". Трапіўшыя ў гаспадарскі скарб сродкі ад серабшчыны менавіта і ішлі даволі часта на вярбоўку наймітаў [3, с. 78–79].

У ВКЛ выкарыстоўваць наймітаў пачалі яшчэ ў часы Вітаўта [4, с. 209, 509, 730]. Аднак у параўнанні з Заходняй Еўропай, дзе яны да сярэдзіны XVI ст. ужо вырашалі зыход большасці бітваў, наёмныя фарміраванні ў ВКЛ заставаліся дапаможнымі ў войску. Толькі пасля выбрання Стэфана Баторыя на трон Рэчы Паспалітай і распачатай ім рэарганізацыі арміі наёмнае войска пачало адыгрываць галоўную ролю [4, с. 19].

Наёмнае войска ВКЛ складалася з рот пешых і конных. Вербаваліся яны ў ВКЛ, як і ў Польшчы, з жадаючых несці вайсковую службу па так званых "прыпаведных лістах". Пачынаючы з Жыгімонта Старога, паважаным ваярам, рэкамендаваным гаспадару гетманам, выдаваліся асаблівыя лісты на фарміраванне рот. У прыпаведных лістах вызначаліся колькасць ваяраў, заробак кожнага з іх, узбраенне, якое яны павінны мець, час і месца збору [5]. Забяспечаны прыпаведным лістом вярбоўшчык звычайна і быў кіраўніком роты - ротмістрам.

Пасля ўтварэння роты і да накіравання яе на канкрэтнае заданне кожны ротмістр павінен быў даць прысягу наступнага зместу: "Я ... Прысегаю через имя Божъе его королевской млсти и великому князству Литовъскому верне, цнотливе а зычливе на томъ ураде ротмистрова такъ на замъку, яко и в полю - служить; небезпечности вшелякое стеречь, и где бых о ней што ведал, ее не тоить, але его кролевъской млсти и речи посполитой панам радамъ великог князства Литовъского ознаймовати; а пильне врадови моему ротмистровскому и сторожы, мне поручаной, досить чинити, такъ около вартъ обороны замку, яко в захованью зуполъна роты завъжды служебных, мне поручоных; и теж на местцу и в тягнени заховатся без обътяженья подданых ег кор млсти.

Так ми, Боже, помогай, и тая святая Еванъгелия" [6, с. 84].

Падчас Інфлянцкай вайны на людзей, здольных быць ротмістрамі, значна павялічыўся попыт. Таму некаторыя ўраджэнцы княства, якія служылі раней наймітамі ў Польшчы, сталі ротмістрамі ў войску ВКЛ. Так, Адам Завіша, які ў 1557 г. служыў у кароннай харугве Якуба Лесьнявольскага, у 1560–1570 г. быў ротмістрам ВКЛ. Таксама Тур, што служыў у 1551 г. у харугве польскага ваяводы Мікалая Сіняўскага, у 1564 г. стаў ротмістрам ліцвінскім [7, с. 15–16].

Вярбоўка наёмных рот пачыналася з моманту, калі ротмістр уступаў у перамовы з ваярамі (іх называлі таварышамі) і дамаўляўся аб аплаце. Таварышы атрымлівалі задатак грашыма на сябе і сваіх слуг - пахолкаў, якія выступалі ў якасці радавых [5, с. 6–16]. Падраздзяленне таварыша з пахолкамі называлася почтам. Почт з’яўляўся найменшай адзінкай у складзе роты [8, с. 17].

Структура пешых і конных наёмных рот адрознівалася. Почты пешых рот набіраліся звычайна дзесяткамі па 10 або 20 пахолкаў, праўда, былі і выключэнні [5, с. 6]. Ротмістра замяшчаў паручнік. З афіцэрскіх чыноў у складзе роты пешцаў меліся яшчэ харужы і бубеніст [8, с. 17]. З часоў фарміравання рот па прыпаведных лістах прыпісвалася мець аднаго вершніка на 50 пешцаў [5, с. 17]. Хутчэй за ўсё, іх выкарыстоўвалі ў якасці сувязных.

У конных ротах кожны таварыш мог паставіць толькі абмежаваную колькасць пахолкаў [5, с. 29]. Відаць, гэта было звязана з тым, што з павелічэннем колькасці пахолкаў у почце таварышы менш увагі надавалі іх узбраенню і вайсковым здольнасцям, адпаведна, зніжалася баяздольнасць. У сярэднім почт коннай роты складаўся з 4–8 вершнікаў [5, с. 30]. Аднак колькасць людзей у почце магла быць як меншай за вызначаныя лічбы, так і большай. Напрыклад, ліцвін Андрэй Сулістроўскі служыў у 1551 г. у харугве польскага гетмана Сіняўскага з 3-х конным почтам [7, с. 15]. Таварышам забаранялася прызначаць на сваё месца ў роце іншых людзей, яны павінны былі несці вайсковую службу асабіста [5, с. 30–31]. Акрамя ротмістраў і таварышаў, іншыя афіцэрскія чыны ў конных харугвах адсутнічалі. Магчыма, функцыі паручнікаў, харужых, кватэрмейстраў выконвалі таварышы, але не атрымлівалі за гэта дадатковую аплату. У склад рот конных уваходзілі яшчэ трубачы, бубеністы, зрэдку пісар [5, с. 30].

Колькасць ваяраў як у пешых, так і ў конных наёмных ротах не была дакладна рэгламентавана. Так, напярэдадні Інфлянцкай вайны на памежжы з Маскоўскай дзяржавай у залогах крэпасцей і замкаў сядзелі ад 100 да 200 наймітаў [9, с. 596]. Падчас правядзення вайсковых аперацый у Інфлянтах у 1560–1561 г. колькасны склад наёмных пешых рот вагаўся ад 50 да 400 чалавек, конных - ад 100 да 300 вершнікаў [10]. 500 вершнікаў польскіх, што ўтваралі адну роту, былі пры гетмане ў Браслаўлі [10, с. 77].

Калі наёмныя пешыя роты былі малаколькасныя, то яны маглі злівацца ў адну. Тады абіраўся адзіны ротмістр, а другі паніжаўся да ступені таварыша [5, с. 6]. Відавочна, што ён мог стаць і паручнікам. Аднак самі пешыя наёмныя роты не злучаліся паміж сабой у буйнейшыя фарміраванні і на полі бойкі выступалі асобна. Гэта зніжала іх баявыя вартасці. Таксама адмоўна адбівалася на баяздольнасці толькі што сфарміраваных рот і не паспеўшых яшчэ ўзяць удзел у баявых дзеяннях наяўнасць так званых "мёртвых". Яны з’яўляліся з той прычыны, што пэўную частку з аплаты, вызначанай па прыпаведных лістах, трацілі на сябе самі ротмістры. Таму яны набіралі меншую лічбу наймітаў, чым тая, якая патрабавалася, а тых, каго не хапала, і лічылі "мёртвымі". "Мёртвыя" пачынаюць знікаць з рот толькі пры Стэфане Баторыі [5, с. 21, 23].

Малаколькасныя конныя роты таксама маглі аб’ядноўвацца ў адну [5, с. 28], але ў адрозненне ад пешых яны яшчэ злучаліся ў буйнейшыя падраздзяленні - палкі. Праўда, у разглядаемы перыяд не былі дакладна вызначаны ні колькасць рот, што ўваходзілі ў полк, ні колькасць наёмных вершнікаў у складзе аднаго палка [5, с. 30].

Акрамя шляхты, падацца на вайсковую службу ў ВКЛ у якасці наймітаў мелі магчымасць і прадстаўнікі падатковых саслоўяў. У 1561 і 1562 г. вялікі князь рассылаў лісты ваяводам, старастам і дзяржаўцам памежных зямель, каб тыя вербавалі ў казацкія атрады ахвочых да вайсковай справы жыхароў, запісвалі іх у рэестр і адсылалі звесткі аб колькасці такіх валанцёраў. У адпаведнасці з рэестрам вялікі князь абяцаў высылаць грошы за службу [10, № 72, с. 80–81; № 85, с. 94]. Завербаваныя такім чынам найміты павінны былі абраць сабе з людзей мясцовых і аселых дзесятнікаў [10, с. 94]. Таксама праз некалькі гадоў на Гродзенскім сойме 1566–1567 г. была прынята пастанова, што любым жадаючым накіравацца на вайну людзям, нават цыганам, будзе гарантавацца аплата з гаспадарскага скарбу [9, с. 761].

Адмоўна да вярбоўкі ў найміты людзей з падатковых саслоўяў ставіліся феадалы. Так, у 1565 г. на вальным сойме ў Вільні паслы Віцебскага ваяводства скардзіліся каралю на камплектацыю ротмістрамі сваіх рот за кошт мясцовага насельніцтва [11, с. 193].

Жыхары ВКЛ, якія мелі магчымасць і жаданне прысвяціць сябе вайсковаму рамяству, з прычыны няздольнасці дзяржавы аплаціць іх паслугі падаваліся на службу не толькі за межы, але і да магнатаў. У выпадку вайны і неабходнасці хуткай мабілізацыі менавіта магнацкіх служэбных ваяраў маглі набіраць у роты наймітаў. Магнаты ў такіх выпадках выступалі ў якасці ротмістраў. Такім чынам, буйныя землеўладальнікі, трымаючы асабістыя войскі, маглі выкарыстоўваць іх як наёмныя для патрэб дзяржавы. Напрыклад, у 1565 г. на з’ездзе ў Трабах з прычыны недахопу грошай у дзяржаўным скарбе і вялікай патрэбы ў наёмным войску ўдзельнікі яго прапанавалі заможным панам сфарміраваць за свой кошт наёмныя атрады. Магнатам гарантавалася пакрыццё ўсіх расходаў. Тады "коштам і накладам" сваім выставіў 1 200 коней пан Ян Хадкевіч, стараста Жмудскі; Астафій Валовіч, маршалак дворны і падскарбій земскі, ставіў 250 каней, Грыгорый Война - 150 каней; Ян Шымковіч - 100 каней; князь Андрэй Курбскі - 400 каней; Павел Сапега - 100 каней; Філон Кміта - 100 каней і г.д. [9, с. 688–689].

Акрамя валанцёраў непасрэдна з Польшчы і ВКЛ, у наёмных войсках ВКЛ служылі таксама замежнікі. Выхадцы з ВКЛ і Польшчы наймаліся пераважна ў конныя атрады, бо вярбоўка з непрывілеяваных, падатковых слаёў насельніцтва не была шырока распаўсюджана, а шляхта з пагардай ставілася да пешай службы. Таму ў пешых ротах колькасную перавагу мелі іншаземцы. Праўда, выкарыстанне пешых наёмных рот, сфарміраваных з іншаземцаў, стала масавым толькі ў часы Стэфана Баторыя.

Неабходна адзначыць, што наёмныя войскі, якія фарміраваліся ў ВКЛ ці ў суседняй саюзнай Польшчы, саступалі па сваіх баявых вартасцях аналагічным падраздзяленням краін Заходняй Еўропы. На гэта ўплывалі многія фактары. Сярод іх, напрыклад, нявызначанасць дакладнай колькасці ваяраў у почтах, адсутнасць аднастайнасці ва ўзбраенні наймітаў адной роты, незавершаная структура кіруючага афіцэрскага складу, асабліва конных рот, і інш. Інфлянцкая ж вайна патрабавала максімальнага напружання сіл. Таму калі да ўлады прыйшоў Стэфан Баторый, хутка ў войску ВКЛ пачаліся рэформы.

Юры Усціновіч
Крыніца: Castrum, urbis et bellum
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI–XXVII ст. - Мн., 1994. - С. 13; Янушкевіч А. Ваенныя дзеянні паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай у 60-я гады XVI ст. // Białoruskie Zeszyty Historyczne № 14. - Białystok, 2000. - С. 55.
Юхо А.Я. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. - Мн., 1992.
Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. - Мн., 1994.
Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae. 1376-1430, ed. A. Prochaska // Monumenta medii aevi historica res gestas Poloniae illustrantia. T. IV, cz. 1. - Cracoviae, 1882.
Górski K. Historja piechoty polskiej. Kraków, 1893. - S. 7; Górski K. Historja jazdy polskiej. - Kraków, 1895. - S. 28
Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого княжества Литовского. - Томск, 1901.
Plewczyński M. Ludzie Wschodu w wojsku ostatnich Jagiełłonów. - Warszawa., 1995.
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI–XXVII ст. - Мн., 1994.
Любавский М. Литовско-русский сейм. - М., 1900.
Литовская Метрика. Книга публичных дел 7. - Vilnius, 1996. - № 14. - C. 36; № 18. - С. 40; № 66. - С. 77.
Документы Московского архива Министерства Юстиции. - Т. 1. - М., 1897.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Фарміраванне і арганізацыя наёмных войск ВКЛ з 2-й паловы XVI ст. да Рэформ Стэфана Баторыя

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.