Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-08
Источник: http://library.by

Бітва 1410 г. пад Грунвальдам (у нямецкай традыцыі - Танэнберг, у літоўскай - Ћalgiris, у беларускай магло б быць Дуброўна1, як лакалізавана месца сечы ў летапісах) стала падзеяй, пра якую адразу даведаўся ўвесь тагачасны свет. Як вядома, самы чынны ўдзел у ёй бралі і продкі цяперашніх беларусаў. Але ў грамадска–палітычным жыцці Беларусі тэма вялікай бітвы займае непараўнальна меншае месца, чым у Літве ці Польшчы, у якой Грунвальд даўно стаў нацыянальным сімвалам. Невыпадкова польскія калегі да нядаўняга часу, параўноўваючы грунвальдскую традыцыю сваёй краіны з літоўскай, расійскай, украінскай і чэшскай, пра беларускую нават не згадвалі2. Беларускае грамадства сапраўды не ацэньвала і не перажывала грунвальдскай спадчыны, бо, можна сказаць, і не ведала яе. Сітуацыя пачала мяняцца толькі ў канцы 80–х - пачатку 90–х г., калі ўгодкі грунвальдскай перамогі сталі публічна святкавацца ў Мінску, ёй прысвячаліся навуковыя чытанні, расла колькасць папулярных публікацый пра бітву, „Грунвальдам“ называлі перыёдыкі, летнікі і г.д.3 Сцвярджэнне сваёй грунвальдскай традыцыі актывізавалася з абвяшчэннем дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, і калі б не радыкальная змена ўладаў ды палітычнага курсу краіны, вынікі гэтага працэсу, магчыма, былі б ужо відавочныя.

Калі даследаванне традыцыі ёсць справай хутчэй сацыёлагаў ці антраполагаў, дык гісторыку важна высветліць, як рэагавала гістарыяграфія на рост грамадскай цікавасці да Грунвальда ў 1980-90–я г., і наогул, якое месца заняў Грунвальд у нашай гістарычнай навуцы.

Для кожнага, хто арыентуецца ў айчыннай гістарычнай бібліяграфіі, не сакрэт, што тэма Грунвальда ў беларускай гістарыяграфіі засталася зусім непрыкметнай. У нас няма па ёй ніводнага даследавання манаграфічнага ўзроўню, а спецыяльных артыкулаў, прысвечаных славутай бітве, не набярэцца і дзесятак. Таму, вызначаючы актуальны стан беларускай грунвальдскай гістарыяграфіі, варта разгледзець не толькі навуковыя публікацыі, але і навучальную літаратуру, сінтэтычныя і энцыклапедычныя выданні, а таксама найбольш значныя творы публіцыстыкі.

Не спрабуючы ахапіць усіх аспектаў праблемы і свядома пакінуўшы ў баку шмат спрэчных пытанняў, звернемся да таго, як у беларускай гістарычнай літаратуры падаюцца

1) прычыны „Вялікай вайны“ і паходу саюзнай арміі ў Прусію;

2) колькасць армій праціўнікаў ды іх склад;

3) тактыка дзеянняў і ход бітвы;

4) страты абодвух бакоў;

5) ваеннае і палітычна–гістарычнае значэнне перамогі.

1. Пачаткам айчыннай грунвальдскай гістарыяграфіі можна лічыць публікацыі беларускіх гісторыкаў непадобных лёсаў ды розных ідэалагічных арыентацый - Міхаіла Каяловіча4 і Дзмітра Даўгялы5, прысвечаныя славутай бітве. Праўда, тэкст М.Каяловіча мае толькі ўскосныя адносіны да ўласна гістарыяграфіі: гэта яго ўрачыстая прамова ў Славянскім Дабрачынным Таварыстве, у якой гісторык, палемізуючы з асвятленнем Грунвальда ў польскіх і нямецкіх кнігах (якія славу пераможцаў прыпісвалі палякам), эмацыйна канстатаваў, што менавіта смаленскія палкі „спасли славянское дело“, пасля чаго перайшоў да праблемы рэлігійнай палітыкі ў ВКЛ. Больш сур’ёзным выданнем пра Грунвальд стаў нарыс Дзмітра Даўгялы, прысвечаны 500–годдзю вялікай перамогі. Узаемаадносіны ВКЛ і Польскай Кароны з Ордэнам гісторык прадставіў у ім як пастаяннае нарастанне канфрантацыі славянскага свету з немцамі, што непазбежна вяло да развязкі. Наогул, у гэтым юбілейным нарысе, насычаным панславісцкай рыторыкай („общеславянское дело“, „общеславянское торжество“ і да т.п.), не выпадае шукаць асаблівай навуковасці, бо, па прызнанні самога аўтара, пісаўся ён у супрацьвагу польскай легендзе Грунвальда, для сцвярджэння першачарговых заслуг „руских“ палкоў наогул і „западно–русских“ у прыватнасці6.

Калі не ўлічваць даволі папулярнага артыкула Язэпа Лёсіка, прысвечанага параўнанню апісанняў бітвы ў вядомых хроніках7, то атрымаецца, што пасля згаданых выданняў спецыяльных навуковых публікацый пра Грунвальд у Беларусі давялося чакаць цэлае стагоддзе.

З сучасных гісторыкаў першым да вялікай перамогі звярнуўся Анатоль Грыцкевіч8. Вось жа, свядома ці не, ён наследаваў традыцыю трактавання немцаў як адвечных ворагаў славянства, дух славяна–нямецкага супрацьстаяння ваенных часоў, які выдаваў бітву пад Грунвальдам за фатальнае наступства нямецкай агрэсіі9. „Тэўтонскі ордэн планаваў стварэнне вялікай нямецкай дзяржавы на ўзбярэжжы Балтыйскага мора з уключэннем у яго склад Паўночнай Польшчы, Літвы і большай часткі Беларусі, Пскова і Ноўгарада Вялікага“, - пісаў гісторык. „Пастаянна існавала пагроза незалежнасці дзяржавы, пагроза заняволення літоўскага і беларускага народаў, магчымага іх знішчэння або анямечвання (як прусаў)“10. Падобна патлумачыў прычыны вайны і аўтар другой спецыяльнай публікацыі Вітаўт Чаропка11. На яго думку, імкненне ВКЛ і Кароны разам абараніцца ад агульнага ворага стала „адной з галоўных прычын заключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі“. „Ордэн выношваў планы заваявання Польшчы, Літвы, Ноўгарада і Пскова. Крыжакі здзейснілі больш за 140 паходаў на ВКЛ, а ў адказ вялікакняскія войскі правялі 60 паходаў на Прусію і Лівонію“12. Шкада толькі, што не ўдакладнена, за які перыяд. Калі ў навукова–папулярнай кнізе Аляксандра Краўцэвіча - першым айчынным выданні, прысвечаным Тэўтонскаму ордэну - сцвярджаецца, што ў перыяд паміж 1340 і 1410 г. нямецкія рыцары, апрача 97 вялікіх паходаў на ВКЛ, здзяйснялі па 4-8 „невялікіх рабаўнічых выпраў“ у год13, то і гэтыя лічбы выглядаюць не асабліва карэктна, паколькі ў адносінах паміж ВКЛ і Ордэнам былі і перыяды замірэння, пры гэтым абсалютную большасць паходаў рыцары скіроўвалі ўсё ж на Жамойць ці Аўкштоту14.

Лішне казаць, у якое складанае становішча трапляе энцыклапедычная і асабліва навучальная літаратура, што павінна выкладаць квінтэсэнцыю атрыманых і адаптаваных у навуцы ведаў, калі навукоўцы не забяспечваюць яе кандыцыйнымі распрацоўкамі. Сітуацыя з Грунвальдам тут асабліва паказальная: адсутнасць айчынных акадэмічных прац стварала і стварае самыя спрыяльныя ўмовы для выступлення аматараў у ролі знаўцаў праблематыкі, для пашырэння недаказаных гіпотэзаў, спрашчэнняў ці проста міфаў. Так, у адпаведным артыкуле „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“ сцвярджаецца, што мэтай „Вялікай вайны“ 1409-1411 г., названай этапам нямецкай палітыкі „Дранг нах Остэн“, было „стварэнне вялікай Тэўтоніі ад вострава Руген у Балтыйскім моры да Фінскага заліва“ з землямі Польшчы, Беларусі, Літвы, Пскова і Ноўгарада15. Нягледзячы на тое, што гэты план быў прыпісаны вялікаму магістру знаным даследчыкам грунвальдскай праблематыкі Стэфанам М. Кучыньскім, аўтарам вельмі папулярнай сярод беларускіх калегаў „Вялікай вайны з Нямецкім ордэнам“16, у праўдзівасць падобных намераў проста немагчыма верыць. Як ужо было трапна адзначана ў палеміцы нямецкім гісторыкам, тут у адно сабраны асобныя намеры і спробы ўсіх эпох і часоў, так што такі план Ульрыху фон Юнінгену не мог нават прысніцца17.

У навучальнай літаратуры прычыны Вялікай вайны з Ордэнам да апошняга дзесяцігоддзя амаль не закраналіся. А вось у новых дапаможніках, якія аддаюць бітве значна больш увагі, стала прасочвацца выразная інтэрпрэтацыйная тэндэнцыя: калі ў даваенных навучальных выданнях можна было прачытаць, што „ваенныя паходы рабілі не толькі рыцары на Літву і Беларусь, але і наадварот, літоўска–беларускія войскі не раз урываліся ў межы тэрыторыі, занятай рыцарамі, у сваю чаргу спусташалі і грабілі яе“18, дык цяпер тлумачэнне прычынаў „Вялікай вайны“ гранічна спрасцілася і наблізілася да ўжо знаёмай схемы: увесь час узрастала небяспека з боку Ордэна, і генеральная сеча была проста неабходная для самаабароны! Напрыклад, калі ў школьных падручніках савецкага ўзору проста звяртаецца ўвага на значэнне Крэўскай уніі для паспяховай барацьбы славян і літоўцаў супраць Тэўтонскага ордэна19, дык у новым дапаможніку, у якім упершыню славутай бітве адведзены асобны параграф, сцвярджаецца, што нямецкія рыцары няспынна працягвалі „грабежніцкае наступленне на Ўсход“, што колькасць іх рэйдаў „даходзіла да васьмі за год“, і што „толькі рашучая перамога над крыжакамі магла даць надзею на пазбаўленне ад грознай небяспекі...“20. І ў сучасных дапаможніках для ВНУ гаворыцца, што Ордэн пагражаў „балта–славянскім народам [...] духоўным і фізічным вынішчэннем“21, што „скрушэнне агрэсіўнага суседа стала жыццёвай неабходнасцю ліцвінаў і палякаў“22. Нават у акадэмічных „Нарысах“ вайна з тэўтонцамі названая „барацьбой за выжыванне славянства“23.

Не дзіўна, што гістарычная белетрыстыка і публіцыстыка, разлічаная на эмацыйнае ўспрыманне, дазваляла сабе яшчэ больш драматызаваць адносіны паміж немцамі і ВКЛ. Асаблівае месца ў папулярнай літаратуры заняло майстэрскае эсэ Канстанціна Тарасава „Пагоркі Грунвальда“, уключанае ў яго вядомую кнігу „Памяць пра легенды“24, якая, стаўшы бестселерам другой паловы 1980–х г., акурат і спрычынілася да абуджэння гістарычнай свядомасці і папулярызацыі Грунвальда сярод шырокай грамадскасці. Можа таму, што сам жанр вымагаў ад пісьменніка кантрастаў, перадгісторыя генеральнай бітвы вытрымана ў асабліва змрочных фарбах: маўляў, да 15 ліпеня 1410 г. паходы рыцараў на Літву і Беларусь „здараліся да васьмі разоў на год“, у суседстве з Ордэнам беларусаў і літоўцаў чакаў такі ж лёс, як прусаў, „ад якога... немцы не пакінулі нічога, апроч імя“, таму, маўляў, „зруйнаванне Ордэна стала неадкладнай задачай, жыццёва неабходнай патрэбай літоўцаў, беларусаў і палякаў“, якую і вырашыла „Вялікая вайна“ 1409-1411 гадоў25. Пра „злавесную хмару смяротнай небяспекі“ з боку рыцарскай дзяржавы пісалася як у белетрызаваных аповедах пра Грунвальд26, так і ў публікацыях новага гістарычнага перыёдыка, чытачам якога таксама нагадвалі пра лёс прусаў, што былі быццам „цалкам знішчаны“ немцамі, таму, маўляў, „такая ж горкая доля чакала беларусаў з літоўцамі“27.

Лёс прусаў, як даўно высветлена даследчыкамі, быў далёка не такі трагічны, у кожным разе пра іх фізічнае вынішчэнне гаварыць не выпадае. Што ж да гвалтоўнага падпарадкавання і хрышчэння прусаў, то не варта забываць пра чынны ўдзел русінаў (у прыватнасці - гарадзенцаў) у адной з крыжовых выправаў супраць прускіх плямёнаў яшчэ ў ХII ст.

А Нямецкі ордэн у пачатку ХIV ст. ужо не ўяўляў для Вялікага Княства той небяспекі, якая зыходзіла з яго да Крэўскай уніі 1385 г. Ды і наогул, рэанімаванне антынямецкай фобіі ў наш час зусім беспадстаўнае. Сцвярджэнне вобраза нямецкіх рыцараў як смяротных ворагаў, што здзяйснялі Drang nach Osten, было характэрна для польскіх гісторыкаў і пісьменнікаў другой паловы ХIХ - пачатку ХХ ст. Традыцыя такога ўспрымання „крыжакоў“ нарадзілася ў ХV ст. у атмасферы вострага польска–нямецкага антаганізму, а развіццё нацыянальнай ідэалогіі ва ўмовах антыпольскай палітыкі прускіх уладаў актуалізавала яе. Тады ж расійскі панславізм, ставячы на мэце аб’яднанне ўсіх славян вакол „русского племени“, ператварыў Грунвальд у сімвал славянскага адзінства, перамогі „славянского дела“ над немцамі, выкарыстаў яго для прапаганды „великой идеи борьбы против вековых врагов и притеснителей славянства“28. Ідэалогія панславізму, ад самага пачатку шчыра палітычная і падпарадкаваная вялікарасійскім інтарэсам, асабліва прапагандавалася пад час сусветных войнаў. Цяжка зразумець, чаму пасля распаду СССР і з’яўлення магчымасцяў інтэграцыі ў вольную Еўропу беларуская гістарычная літаратура пераняла прымітыўныя міфы і фразеалогію ваяўнічага панславізму стогадовай даўнасці. Напрыклад, супрацьпастаўляючы славянскі свет нямецкаму, заходняму, аўтары некаторых не толькі папулярных, але нават навучальных выданняў сутыкнулі на Грунвальдскім полі „Еўропу крыжацкую, агрэсіўную“, з „Еўропай славянскай, што бараніла сваю годнасць і незалежнасць“29.

2. Колькасць сілаў, якія сышліся для генеральнай бітвы, не засведчаная верагоднымі крыніцамі, таму яе вызначаюць даследчыкі, дакладнасць якіх залежыць ад методыкі падлікаў30. Простыя лічбы, ператвараючыся ў колькасць „сваіх“ ці „ворагаў“, таксама выяўляюць пэўную эмацыйнасць падыходу да мінулага. Калі Анатоль Грыцкевіч цалкам прыняў дадзеныя польскага гісторыка Стэфана Кучыньскага (войска Вітаўта - 11 тыс. конніцы і 500 пяхотнікаў, войска Ягайлы - 18 тыс. конніцы, 2 тыс. пяхоты, у Ордэна - 21 тыс. конніцы і 6 тыс. пяхоты31), дык для В.Чаропкі нават лічбы Кучыньскага, якія многімі гісторыкамі лічацца моцна завышанымі, падаліся замалыя: як „рэальныя“ ён назваў 30-33 тыс. для Ордэна, а ў арміі саюз­нікаў павялічыў толькі колькасць сілаў Вітаўта да 20 тыс., тады як колькасць польскага крыла ў 20 тыс. яго задаволіла32.

З аўтараў папулярных выданняў бадай толькі А.Краўцэвіч пагадзіўся з падлікамі С.Кучыньскага33. Канстанцін Тарасаў, назваўшы „Вялікую вайну“ польскага гісторыка „найбольш глыбокім“ даследаваннем грунвальдскай праблематыкі, вызначаную ў ёй колькасць войска палічыў заніжанай і напісаў, што Вітаўт меў прынамсі 20 тыс. - не менш за Ягайлу, тады як у Ордэна была 30–тысячная армія34.

Завышаць колькасць армій, што бралі ўдзел у бітве, нельга не толькі з увагі на абмежаваныя мабілізацыйныя магчымасці дзяржаў - удзельніц вайны. Калі б нават лічбы С.Кучыньскага (не гаворачы пра большыя) адпавядалі сапраўднасці, то атрымалася б, што 15 ліпеня 1410 г. з абодвух бакоў мусіла б сысціся 50 тыс. конніцы, а з улікам рэзерву, татараў і малдаўскай дапамогі - 65 тыс.! Готхалд Родэ слушна адзначаў, што такая колькасць войска проста фізічна не змясцілася б на грунвальдскім полі35.

Заслугі паасобных народаў у разгроме Ордэна немагчыма ўявіць без вызначэння этнічнага складу арміі саюзнікаў. Звычайна гэта рабілася на падставе пераліку харугваў у хроніцы Длугаша, названых па землях. Праўда, як для падліку агульнай колькасці сілаў, так і для вызначэння іх складу дадзеныя славутага храніста, які назваў, дарэчы, у арміі Вітаўта толькі 18 харугваў36, складана лічыць надзейнай крыніцай37. Шкада, што ў нас яго крытыку яшчэ мала бралі да ўвагі. Ці не першым за вырашэнне пытання складу армій браўся Дзмітры Даўгяла, якому трэба было паказаць, наколькі вялікая роля ў разгроме немцаў належала ўсходнім славянам. Аўтар вызначаў этнічны склад войска Вітаўта „на аснове знаёмства з характарам насельніцтва Заходне–Рускага краю“ і па актавых кнігах Віленскіх архіваў. З пералічаных Длугашам харугваў Вітаўтавага войска да літоўскіх ён аднёс 5 (віленскую, ваўкавыскую, ковенскую, медніцкую і троцкую), а да „рускіх“ - 15 (берасцейскую, віцебскую, гарадзенскую, драгічынскую, кіеўскую, крамянецкую, лідскую, мельніцкую, наваградскую, пінскую, полацкую, тры смаленскіх і старадубскую)38. З патрыятычным максімалізмам падышоў да праблемы А.Грыцкевіч, сцвярджаючы, што з 40 харугваў Вітаўта беларускімі былі 28, украінскімі - 8, а ўласна літоўскімі - толькі 439. Думаю, гісторык напісаў гэта пад уплывам А. Барбашова, які назваў „рускімі“ 36 харугваў арміі ВКЛ40.

У навучальнай літаратуры ўвага да этнічнага складу войска залежала ад эпохі. Падручнікі савецкага ўзору проста не задаваліся гэтым пытаннем. Яны звычайна суха канстатавалі, што ў складзе армій Польшчы і ВКЛ „акрамя“ палякаў і літоўцаў былі таксама харугвы з Беларусі ды Ўкраіны, пералічваючы толькі іх частку41, ніколі не забываючыся, аднак, згадаць пра гераічныя смаленскія палкі. Новыя ж, постсавецкія дапаможнікі звяртаюць увагу на вялікі колькасны ўдзел беларусаў у бітве, сцвярджаючы, што „ўласна беларускія“ харугвы складалі прынамсі больш за палову арміі Вітаўта42. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што даследчыкі і ў сваіх папулярных публікацыях заставаліся даволі асцярожнымі з вызначэннем „удзельнай вагі“ сваіх далёкіх продкаў у саюзным войску. Прыкладам, Вячаслаў Насевіч падаў прапорцыі русінаў і літоўцаў у арміі ВКЛ як 3 да 1 (30 беларуска–украінскіх харугваў на 10 „уласна літоўскіх“43). Затое публіцыстыка і тут не ведала меры. Папулярызатары лічылі магчымым пісаць, што беларусы складалі „пераважную большасць“ той „асноўнай сілы“, якая разграміла немцаў44, а каб іх гераізм уяўляўся яшчэ большым, сцвярджалася, што ворагаў „усё ж такі было болей“, чым пададзена ў С.Кучыньскага45.

3. Сучасныя беларускія гісторыкі салідарна адзначалі, што першымі бітву пачало войска Вітаўта (тады як палякі ўступілі ў бітву на гадзіну–дзве пазней), ды што яно наткнулася на падрыхтаваныя немцамі „воўчыя ямы“. З версіяй пра ўцёкі Вітаўтавай арміі, уведзенай у гістарыяграфію Длугашам, яны не пагаджаюцца. А.Грыцкевіч піша толькі пра „адступленне“, якое было „звычайнай тактыкай літоўска–беларускіх і татарскіх атрадаў“46. Аспрэчыў сцвярджэнне польскага храніста пра слабасць арміі ліцвіноў ды іх уцёкі і В.Чаропка, спрабуючы даводзіць, што ўсё адбывалася згодна з планам Вітаўта ды Ягайлы, і што менавіта Вітаўту з ягоным войскам належыць вырашальная роля ў разгроме непрыяцеля, хоць „аб’ектыўна лаўры пераможцаў падзяляе і польскае войска“47. Праўда, аргументацыя тут занадта павярхоўная, каб канкураваць з довадамі С.Кучыньскага48. Шкада, што В.Чаропка не пазнаёміўся з грунтоўнай крытыкай „Вялікай вайны з Нямецкім ордэнам“ шведскім гісторыкам Свэнам Экдалем49.

Падобным чынам стаў асвятляцца ход бітвы і ў сучаснай навучальнай літаратуры. Так, паводле аўтараў аднаго з найноўшых дапаможнікаў, уцёкаў войска Вітаўта наогул не было, яно проста вымушана адступіла50. Энцыклапедычны артыкул таксама пераконвае, што гэта быў „падманны манёўр уяўнага панічнага адступлення“51. У 1990–х г. адступленне Вітаўтавага крыла стала салідарна падавацца як загадзя спланаваны і арганізаваны манёўр практычна ва ўсіх спецыяльных публікацыях. Прынамсі так яно названа і ў папулярнай кніжцы А.Краўцэвіча52, і ў белетрызаваным творы С.Цярохіна53.

Сцвярджэнне Длугаша пра ўцёкі беларуска–літоўскага крыла пагатоў не магло быць прынята ў публіцыстыцы. На думку Канстанціна Тарасава, гэта было манёўравае адступленне да абозу 15 харугваў Манівідавага крыла, якіх потым Вітаўт вярнуў для акружэння Валенрода54. Пісьменнік наогул больш праўдзівым лічыў апісанне бітвы ў „Хроніцы Быхаўца“, якая галоўныя заслугі ў разгроме немцаў прыпісвае Вітаўту і яго войску, паведамляе пра „воўчыя ямы“ і вываз паловы ордэнскіх штандараў у Вільню55. Між тым, да паведамленняў гэтай позняй хронікі, не пацверджанай іншымі крыніцамі, варта падыходзіць з асаблівай асцярожнасцю. Прыкладам, сумненні многіх гісторыкаў (В.Маеўскага, Г.Родэ, С.Экдаля, А.Надольскага i iнш.) у наяўнасці „воўчых ям“ аказаліся справядлівыя - археалагічныя даследаванні паказалі, што ў сапраўднасці іх не існавала56.

Наступным агульным месцам апісання бітвы стаў гераізм „трох смаленскіх палкоў“. Яшчэ Дз. Даўгяла сцвярджаў, што „геройством и доблестью всех превзошли белорусские - смоленские полки князя Мстиславского“57, г.зн. Сымона Лугвена. У інтэрпрэтацыі Ўсевалада Ігнатоўскага рыцары нават пабеглі „дзякуючы моцнаму націску на ворага беларускіх смаленскіх палкоў58“. „Стойкасць і мужнасць“ трох смаленскіх палкоў заставалася важным момантам асвятлення бітвы як у выданнях Расійскай імперыі, так і ў савецкіх падручніках. І ў найноўшых беларускіх дапаможніках гераізм смаленскіх харугваў, якімі лічацца аршанская, мсціслаўская і смаленская, называецца „вызначальным фактарам, які вызначыў ход бітвы“59. Між тым, сюжэт са смаленскімі харугвамі ёсць толькі ў Длугаша, на што слушна звярнуў увагу адзін А.Грыцкевіч60, так што верагоднасць гэтага паведамлення не самая высокая.

4. Пра страты, асабліва са свайго боку, у беларускай грунвальдскай гістарыяграфіі пісалася сама меней. А.Грыцкевіч ізноў цалкам прыняў дадзеныя С.Кучыньскага, які сцвярджаў, што Ордэн страціў 18 тыс. забітымі і 14 тыс. палоннымі61. З такімі разлікамі польскага гісторыка пагадзіўся і В.Чаропка, прызнаўшы таксама, што „значныя страты“ панеслі ліцвіны (паводле Кучыньскага - 5-6 тыс.), а ў палякаў, са слоў Ягайлы, была адно мізэрная колькасць загінулых62. Акцэптаваў падлікі Кучыньскага і А.Краўцэвіч63. Між тым, дадзеных для вызначэння стратаў яшчэ менш, чым для колькасці сабраных для бітвы армій, а лічбы С.Кучыньскага відавочна моцна завышаныя64. Проста не магло быць, каб страты ордэнскага войска ў дзесяткі разоў перавысілі страты арміі саюзнікаў. Цалкам адвольнай уяўляецца пададзеная ў дапаможніку гарадзенскіх аўтараў лічба ў 20 тыс. загінулых з боку ВКЛ, якімі, да таго ж, „у пераважнай большасці“ былі „сыны беларускай зямлі“65.

5. Хоць у польскай гістарыяграфіі прынята лічыць, што, параўнальна з ваенным значэннем перамогі, палітычныя наступствы трыумфу саюзнікаў пад Грунвальдам былі нязначныя, у беларускай гістарычнай літаратуры яны часта гіпертрафуюцца. Можна прасачыць, як паступова мянялася ацэнка значэння Грунвальдскай перамогі. Знамянальна, што „Хроніка Быхаўца“ не звязвала з ёй нічога лёсавызначальнага: пераможцы „з великою честю и з невымовным звытяжством, и на весь свет знаменитую славу осягнувши,... до своих земль доехали“66. Стрыманымі былі спачатку і ацэнкі беларускіх гісторыкаў. У 1910 г., адзначаючы 500–годдзе Грунвальда, „Наша Ніва“ змясціла толькі фрагмент „Хронікі Быхаўца“ з апісаннем бітвы, да якога ў якасці каментара рэдактар дадаў адзін–адзіны сказ: „Пасьля Грунвальдзкай бітвы […] немцы страцілі сваю сілу“67. У першым беларускім падручніку - нарысе Вацлава Ластоўскага - можна прачытаць толькі пра тое, што Вітаўт „сілу крыжацкую ў бітве пад Грунвальдам... зусім зламаў“68. Усевалад Ігнатоўскі ўбачыў у перамозе 1410 г. адно „відны пералом у беспарыўным змаганні“ ВКЛ з Ордэнам69. І такі аўтарытэт, як Мітрафан Доўнар–Запольскі, у рукапісе свайго падручніка палічыў дастатковым сказаць, што ў выніку паражэння „Ордэн распаўся“70. Васіль Шчарбакоў у даваенным падручніку заўважыў толькі, што пасля Грунвальда „рыцарскія войскі страчваюць сваю мінулую сілу“ і іх дзяржава хутка ліквідуецца71. Язэп Найдзюк абмежаваўся тым жа: „Тэўтонскі ордэн не здолеў акрыяць пасля такога разгрому і пачаў слабець“, пакуль не стаў васалам Польшчы72, а таксама зазначыў, што звязаныя з перамогай міжнародныя перамены спрыялі гандлю ВКЛ.

Трактаванне Грунвальдскай перамогі ў падручніках моцна змянілася пасля II сусветнай вайны. Асвятленне гісторыі адносін з немцамі, пераведзенае на лексіку франтавых часоў, і пасля разгрому фашызму падпарадкоўвалася антынямецкай ідэалогіі. У першым паваенным акадэмічным выданні гісторыі Беларусі ўпершыню з’явіўся тэзіс, што „дзякуючы гераізму і стойкасці рускіх палкоў далейшая агрэсія нямецкіх феадалаў на славянскія і літоўскія землі была спынена“73. У наступнай акадэмічнай гісторыі не толькі сцвярджалася, што Грунвальдская перамога „канчаткова спыніла агрэсію нямецкіх феадалаў на славянскія і літоўскія землі“, але і падкрэслівалася, што „Літва і Польшча могуць весці паспяховую барацьбу супраць нямецкіх захопнікаў толькі пры апоры на ваенныя сілы беларускіх, рускіх і ўкраінскіх зямель“ (заўвага пра значэнне перамогі для эканамічнага развіцця апынулася на апошнім месцы)74. У найбольш кандыцыйнай пяцітомавай „Гісторыі Беларускай ССР“ засталася тая ж ідэалагема, сфармуляваная, праўда, больш мякка: перамога „прыпыніла агрэсію“. Праўда, тут упершыню гаварылася, што яна „садзейнічала згуртаванню беларускіх зямель і фарміраванню беларускай народнасці“ (чаго, дарэчы, не паўтарыў ніводзін іншы падручнік) і спрыяла эканамічнаму развіццю краіны75.

З 1970–х г. пры апісанні значэння перамогі практычна ўсе падручнікі, акадэмічныя і энцыклапедычныя выданні на першае месца выносілі спыненне агрэсіі нямецкіх рыцараў (раней пісалі „феадалаў“, цяпер - „крыжакоў“), а потым паўтаралі тэзіс пра ажыўленне гандлю і гаспадаркі. У новых падручніках постсавецкай Беларусі трактаванне Грунвальдскай бітвы як эпахальнай падзеі, што ўратавала славян, толькі ўзмацнілася. Напрыклад, у школьным дапаможніку па гісторыі эпохі Сярэднявечча напісана найперш пра „крах 200–гадовай крыжацкай агрэсіі ў Еўропе“76, а ўжо потым - пра ўзрастанне аўтарытэту ВКЛ, станоўчую ролю перамогі для развіцця эканомікі і культуры. Нельга не здзіўляцца, што і першая ў суверэннай Беларусі акадэмічная сінтэза па айчыннай гісторыі, прапанаваўшы эмацыйнае апісанне бітвы, максімалізавала яе значэнне: перамога 1410 г. паклала канец „страшнаму, больш чым двухсотгадоваму супрацьстаянню двух магутных сіл: славянства і крыжацкіх заваёўнікаў“, яна „прадвызначыла далейшае гістарычнае развіццё многіх еўрапейскіх народаў“, пасля яе „землі ўсходніх славян пяць стагоддзяў не ведалі германскай агрэсіі“77. Такім чынам, у ацэнках Грунвальда і школьны дапаможнік, і акадэмічнае выданне, нічым не розняцца.

Складваецца ўражанне, што ў першыя гады незалежнай Беларусі ад празмерных эмоцыяў не маглі ўтрымацца і аўтары навуковых публікацый. Напрыклад, А.Грыцкевіч ацаніў перамогу пад Грунвальдам як выратаванне „ад вынішчэння і анямечвання беларускага народа“78. Але, з іншага боку, В.Чаропка, які ў публіцыстычнай кнізе падаў перамогу як „здзяйсненне мары“ літоўскіх князёў, пачынаючы ад Міндоўга79, у навуковым артыкуле абмежаваўся сціплай канстатацыяй таго, што дзякуючы Грунвальду „польскія, літоўскія, беларускія землі былі выратаваны ад нямецкай агрэсіі“80. А Вячаслаў Насевіч, апісаўшы бітву даволі традыцыйна, яе значэнне патрактаваў наогул спакойна і неардынарна: да ваенна–палітычных вынікаў (спыненне нападаў, вяртанне Жамойці) ён дадаў гістарычна–цывілізацыйныя - перамога замацавала унію ВКЛ з Польскай Каронай, што на стагоддзі ўключыла Беларусь і Ўкраіну ў сферу заходняй цывілізацыі, а ў суме бітва стала „адным з ключавых момантаў станаўлення этнагенеза“ беларусаў і ўкраінцаў81.

На завяршэнне агляду нельга не прывесці ў прыклад цалкам іншы падыход, зусім не тыповы для беларускай гістарыяграфіі: у сінтэтычным выкладзе гісторыі Беларусі эміграцыйны гісторык Янка Запруднік зусім сцісла і гранічна нейтральна напісаў пра Грунвальдскую бітву, затое яе наступствы інтэрпрэтаваў арыгінальна: з разгромам Ордэна было непасрэдна звязанае падпісанне Гарадзельскай уніі і манапалізацыя каталікамі вышэйшых царкоўных і дзяржаўных пасадаў, што мусіла заспакоіць Рым, - маўляў, каталіцкі касцёл не страціў у рэгіёне сваіх пазіцый82.

Агляд літаратуры пра Грунвальд выяўляе, паміж іншага, вартую ўвагі асаблівасць нашай гістарыяграфіі: ніводзін аўтар не пагаджаўся з версіяй пра ўцёкі арміі Вітаўта, не адмаўляўся ад услаўлення смаленскіх палкоў, не ставіў пад сумненне наяўнасць „воўчых ям“, быццам падрыхтаваных немцамі, пры гэтым за многімі заўважаецца імкненне гераізаваць беларуска–літоўскія харугвы, завысіць колькасць ордэнскіх фармаванняў, гіпербалізаваць наступствы перамогі і г.д. Выразная патрыятычнасць падыходаў! Толькі вось з навукай у такога патрыятызму зусім мала агульнага.

Думаю, акурат гэтай патрыятычнасцю можна патлумачыць тое, што вобраз Грунвальда ў навуковых публікацыях у нас мала чым розніцца ад яго легенды ў дыдактычных выданнях і публіцыстыцы. Цяжка, аднак, зразумець, чаму палітычнае разняволенне гістарыяграфіі пасля распаду Савецкага Саюза не аслабіла тэндэнцыю гіпербалізацыі Грунвальда і сцвярджэння канфрантацыі з Захадам, а наадварот, парадаксальным чынам радыкалізавала яе, давёўшы да пераймання панславісцкай рыторыкі. Відавочна, на фармаванне грамадскай візіі Грунвальда ўплывала не навука, а гістарычная публіцыстыка. Сапраўды, складваецца ўражанне, што, напрыклад, грунвальдскае эсэ Канстанціна Тарасава моцна паўплывала на многіх гісторыкаў - надта ж падобныя падыходы і фармулёўкі! У прыватнасці, менавіта К.Тарасаву належыць фраза, якая ў 1990–х г. стала амаль літаральна паўтарацца ў шматлікіх папулярных публікацыях і нават у дапаможніках па айчыннай гісторыі, - што пасля Грунвальда „на працягу пяці стагоддзяў, да 1914 г., на землі Беларусі і Літвы не ступаў узброены немец“83. Толькі пры поўным гістарычным дальтанізме абсурднае супрацьпастаўленне „Еўропы крыжацкай“ і „Еўропы славянскай“ з папулярнай публікацыі С.Асіноўскага магло перавандраваць у дапаможнік выкладчыкаў Гарадзенскага універсітэта84.

Падобныя прыклады сведчаць, што асвятленне грунвальдскай тэматыкі ў Беларусі спаўзала да белетрызацыі і спрашчэння, а навуковая гістарыяграфія нічога не супрацьпаставіла гэтаму. Выконваючы ролю папулярызатараў, нават гісторыкі выступалі ў гібрыдным жанры. Акурат ад гэтага засцерагаў Ё. Гёйзінга, гаворачы, што калі замест сур’ёзнай гістарычнай літаратуры грамадству прапануюцца эмацыйныя публікацыі пра мінулае, разлічаныя на літаратурны эфект, то культуры чыніцца вялікая шкода85.

Генадзь Сагановіч
Пытанне назвы заслугоўвае асобнай размовы. Нагадаю толькі пра тое, што яшчэ М.Каяловіч і Дз.Даўгяла ў публікацыях пра бітву 1410 г. згадвалі летапісную „Дуброўну“, М.Доўнар–Запольскі і Ў.Ігнатоўскі апрача „Грунвальда“ выкарыстоўвалі „Танэнберг“, а ў беларускай адраджэнскай перыёдыцы 1990–х г. рабілася свядомая спроба прыняць „Дуброўну“ за нацыянальны варыянт назвы славутай бітвы.
Maternicki J. Tradycja grunwaldzka jako przedmiot badaс historycznych // Studia Grunwaldzkie. Tom II. Olsztyn, 1992. S.70.
Невыпадкова ў 1990 г. беларуская дэлегацыя ўпершыню брала ўдзел у міжнародных урачыстасцях на Грунвальдскім полі ў Польшчы, прысвечаных 580–годдзю бітвы.
Коялович М. Грюнвальдская битва 1410 года. С.–Петербург, 1885.
Довгялло Д. Битва при Грюнвальде 15 июля 1410 г. Вильна, 1909.
Тамсама. С.3, 25.
Лёсік Я. Бітва пад Грунвальдам у апісанні кронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш. // Спадчына. 1996. №4. С.142-163. Перадрук з выдання 1922 г.
Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта (Заходні накірунак) // Наш Радавод. Кн.2. Гродна, 1990. С.172-175; яго ж. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (Беларуска–Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы ХIV- першай палове ХV ст. // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып.1. Мінск, 1995. С.36-61.
Не лішне нагадаць, што ў беларуска–літоўскім летапісанні, найперш у „Хроніцы Быхаўца“, пачатак „Вялікай вайны“ ні з чым не звязваўся і тым больш не падаваўся як заканамерны этап развіцця адносін Вялікага Княства і Кароны з Нямецкім ордэнам (Гл.: ПСРЛ. Т.32. Москва, 1975. С.151).
Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта. С.172. Гэтаксама падаецца нямецкая пагроза для беларусаў і літоўцаў у другім, больш грунтоўным артыкуле (Гл.: Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага... С.39).
Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. №2. С.14-22. Аўтар не мае спецыяльнай гістарычнай адукацыі, аднак публікацыя змешчана ў профільным перыёдыку, сярод заснавальнікаў якога Інстытут гісторыі НАН Беларусі і Беларускі дзяржаўны універсітэт.
Чаропка В. Удзел войска ВКЛ у Грунвальдскай бітве. С.14.
Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.21.
Гл. падлік колькасці паходаў: Paravicini W. Die Preussenreisen des europдischen Adels. T.2. Sigmaringen, 1995. Tab.49.
Цярохін С. Грунвальдская бітва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.3. Мінск, 1996. С.158.
Kuczyсski S. M. Wielka wojna z Zakonem krzyїackim w latach 1409-1411. Wyd. 2. Warszawa, 1960.
Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410 (Zu einem Buch von Stefan M. Kuczyсski) // ZfO. Bd. 22 (1973). Hf. 3. S.484.
Шчарбакоў В. Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. 1. Менск, 1934. С.93.
Гісторыя БССР. Вучэбны дапаможнік для вучняў сярэдняй школы. Пад рэд. Л.С.Абэцэдарскага. Выд. 13–е. Мінск, 1974. С.30; Гісторыя БССР. Падручнік для 8-9 класаў сярэдняй школы. Пад рэд. Э.М.Загарульскага. Мінск, 1989. С.56-57.
Штыхаў Г., Ракуць В. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі. Падручнік для 6 кл. сяр. школы. Пад рэд. П.Петрыкава. Мінск, 1996. С.130-131.
Гісторыя Беларусі. Дапаможнік для паступаючых у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Пад рэд. Ю.Казакова, А.Каханоўскага, П.Лойкі. Мінск, 1998. С.81.
Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца ХVIII ст.: Курс лекцый / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава і інш. Мінск, 2000. С.234.
Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. Мінск, 1994. С.118.
Гл. першае выданне на рускай мове: Тарасов К. Память о легендах: Белорусской старины голоса и лица. Минск, 1984 (раздзел „Холмы Грюнвальда“ - с.35-54). Цытаты прыводзяцца па 2–м беларускім выданні: Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны. Мінск, 1994 („Пагоркі Грунвальда“ - с.77-96). Падзеяй стаў і выхад гістарычнай аповесці К.Тарасава „Погоня на Грюнвальд“ (Москва, 1986), разлічанай, аднак, на „ўсесаюзнага“ чытача і ў Беларусі маладаступнай.
Тамсама. С.78.
Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне. Да 580–годдзя Грунвальдскай бітвы (1410-1990). Мінск, 1991. С.13.
Асіноўскі С. Сумленна прынялі свой лёс... // Беларуская Мінуўшчына. 1995. №3. С.2.
Гейсман П. Польско–литовско–русский поход в Восточную Пруссию и сражение при Грюнвальде–Танненберге. С.–Петербург, 1910. С.45.
Асіноўскі С. Сумленна прынялі свой лёс. С.4; Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч.1. Курс лекцый. С.240.
Праблема падліку і крытыка методык добра разгледжана ў: Ekdahl S. Die „Branderia Prutenorum“ des Jan Dіugosz. Eine Quelle zur Schlacht bei Tannenberg 1410. Gцttingen, 1976. S.144-154.
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага... С.45.
Чаропка В. Удзел войска ВКЛ... С.15.
Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.33.
Тарасаў К. Памяць пра легенды. С.82.
Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410. S.481.
Названы троцкая, віленская, гарадзенская, ковенская, лідская, медніцкая, смаленская, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградская, берасцейская, ваўкавыская, драгічынская, мельніцкая, крамянецкая і старадубская харугвы, а таксама палкі Жыгімонта Карыбута, Cымона Лугвена і князя Юрыя (сына Сымона Лугвена). Гл.: Dіugosz J. Roczniki, czyli Kroniki sіawnego krуlewstwa polskiego. Ks. 11. Warszawa, 1982. S.107-108.
Крытыку разлікаў па падставе інфармацыі Длугаша гл. ў: Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Bd.1. Berlin, 1982; Јojko J. Chor№gwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // LSP. VIII. Poznaс, 1989. S.152. і інш.
Довгялло Д. Битва при Грюнвальде. С.21.
Грыцкевіч А. Знешняя палітыка Вітаўта. С.173.
Барбашев А. Танненбергская битва // ЖМНП. 1887, декабрь. С.171; яго ж. Витовт. Последние двадцать лет княжения. С.–Петербург, 1891. С.59.
Гл.: История Белорусской ССР. Ред. колл. И.М. Игнатенко и др. Минск, 1977. С.52; История БССР. Под ред. В.Чепко, А.Игнатенко. Минск, 1981. С.91-92; Гісторыя Беларускай ССР. У 5 т. Т.1. Мінск, 1972. С.166.
Напрыклад, гл.: Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. Мінск, 2000. С.236.
Носевич В. История не терпит пустоты // Парус. 1990. №8. С.49.
Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне. С.77.
Тамсама. С.39.
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага... С.47.
Чаропка В. Удзел войска ВКЛ... С.21.
Тамсама. С.17-21. Відавочна слаба арыентаваны як у гістарыяграфіі, так і ў крыніцах, аўтар часта спасылаецца на даўно састарэлыя ці публіцыстычныя выданні, аргументы іншых гісторыкаў выдае за ўласныя, прыпісваючы сабе арыгінальныя падыходы вядомых даследчыкаў, а таксама дапускае шэраг іншых некарэктнасцяў.
Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Bd.1. Berlin, 1982. S.314-316, 341-357 і далей.
Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.237.
Цярохін С. Грунвальдская бітва. С.159.
Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.40.
Цярохін С. Славутыя адвагай на вайне.
Тамсама. С. 89-91.
Тамсама. С.84, 88.
Nadolski A. Grunwald: problemy wybrane. Olsztyn, 1990. S.139.
Довгялло Д. Битва при Грюнвальде. С.25.
Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5–е выд. Мінск, 1992. С.86.
Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.237.
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага... С.47.
Тамсама. С.49.
Чаропка В. Удзел войск ВКЛ… С.21.
Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С.42.
Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410. 3. S.480-481.
Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Курс лекцый. С.239.
ПСРЛ. Т.32. С.151.
Гл.: Наша Ніва. 1910. №28. С.1-2.
Власт. Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910. С.27.
Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. С.86.
Доўнар–Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. С.58.
Шчарбакоў В. Нарыс гісторыі Беларусі. Частка 1. Менск, 1934. С.94.
Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Мінск, 1993. С.41.
История Белорусской ССР. В 2 т. Т.1. Под ред. В.Перцева, К.Шабуни и Л.Абецедарского. Минск, 1954. С.81.
История Белорусской ССР. В 2 т. Т.1. Ред. колл.: Л.Абецедарский, В.Перцев, К.Шабуня. Минск, 1961. С.72.
Гісторыя Беларускай ССР. Т.1. Гал. рэд. К.Шабуня. Мінск, 1972. С.166.
Штыхаў Г., Ракуць В. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі. С.135.
Нарыс гісторыі Беларусі. У 2–х ч. Ч. 1. Гал. рэд. М.Касцюк. С.118, 120.
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. С.49.
Чаропка В. Імя ў летапісе. Мінск, 1994. С.383.
Чаропка В. Удзел войск ВКЛ… С.21.
Носевич В. История не терпит пустоты. С.49, 55.
Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск, 1996. С.33, 35.
Тарасаў К. Памяць пра легенды. С.77.
Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч.1. Курс лекцый. С.240.
Хейзинга Й. Задачи истории культуры // яго ж. Об исторических жизненных идеалах. Лондон, 1992. С.37.

Аўтар: Г. Сагановіч

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.