«Русь» у вайне з Нямецкім ордэнам (канец ХIII — пачатак XV ст.)

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему «Русь» у вайне з Нямецкім ордэнам (канец ХIII — пачатак XV ст.). Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-08
Источник: http://library.by

Вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Нямецкім ордэнам застаецца адной з самых захапляльных і дасюль маладаследаваных тэм гісторыі Ўсходняй Еўропы. Як вядома, ваенна-тэхнічны патэнцыял ордэнскай дзяржавы быў на той час адным з самых высокіх у Еўропе. З пачатку XIV ст. у барацьбе з паганскай „Літвою" як патэнцыйным ворагам хрысцiянскай Еўропы тэўтонскім братам-рыцарам актыўна дапамагалі "госці" з розных еўрапейскіх краін. Дзякуючы гэтаму Ордэн пастаянна атрымлiваў прыток новых сiлаў. "Рэйзы" ў Прусiю i адтуль у Лiтву лічыліся выкананнем хрысціянскага абавязку (Heidenkampf - змагання з паганцамі) і набылі асаблівую папулярнасць сярод высакароднага рыцарства. Фактычна, барацьба супраць Літвы мела інтэрнацыянальны характар: супраць яе ваявалі не толькі Ордэн, але і многія краіны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а найперш рыцары з Нямеччыны, Францыі і Англіі. Як цвердзяць хронікі, ордэнскія кантынгенты налічвалі дзесяткі тысяч удзельнікаў. Невыпадкова гісторыкі параўноўваюць гэтую вайну з крыжовымі паходамі ў Святую зямлю1. Не можа не ўражваць, што гэтае больш чым стогадовае няроўнае супрацьстаянне Літва вытрымала. Калі ўлічваць яе тэрытарыяльна-дэмаграфічныя магчымасці, з аднаго боку, і найвышэйшы ваенна-тэхнічны патэнцыял еўрапейскага рыцарства, з другога, то прапорцыя сілаў будзе зусім невыгоднай для Літвы. У чым жа сакрэт такога яе поспеху? Адкуль жа браліся яе ваенна-эканамічныя рэсурсы?

Лёгка заўважыць, што ў адпаведных даследаваннях гэтая вайна трактуецца звычайна як вайна аднаго толькі літоўскага народа, г.зн. Літвы этнічнай, а не Літвы як дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага, якое аб'яднала этнічных літоўцаў, русінаў (нашчадкамі якіх з'яўляюцца сучасныя беларусы і ўкраінцы) ды жамойтаў. У аснове падобнага спрашчэння ляжыць вядомая неадпаведнасць сярэднявечных тэрмінаў сучасным нацыянальным азначэнням. Атаясамленне гістарычнага палітоніма „Літва" з літоўскім народам характэрна не толькі для літоўскай гістарыяграфіі, але і для заходніх, нацыянальна незаангажаваных гісторыкаў. Напрыклад, менавіта ў такім ракурсе разгледжаны супраціў крыжовым паходам у спецыяльным даследаванні амерыканскага вучонага Ўільяма Урбана2, які не стаў адрозніваць літоўскага этнасу ад дзяржавы Гедыміна і яго наступнікаў. Падобны погляд знаходзім і ў працах аднаго з найлепшых знаўцаў праблемы Вернэра Паравічыні. У новай спецыяльнай манаграфіі, найгрунтоўнейшай па ахопу матэрыялаў і бліскуча напісанай, ён неаднакроць зазначае, што Нямецкаму ордэну ў ХIV ст. супрацьстаялі проста літоўцы. "Літоўцы былі вельмі сур'ёзным, нязломным праціўнікам", які са свайго боку атакаваў Прусію ды Інфлянты і таксама выводзіў сотні і тысячы палонных, - піша вучоны3. Паказальна, што ў якасці аднаго з прыкладаў Паравічыні прыводзіць бітву ля Рудавы (1370), у якой - што салідарна адзначаюць практычна ўсе вядомыя крыніцы - бралі самы актыўны ўдзел і русіны (гл. ніжэй), аднак гісторык не лічыць гэтую асаблівасць вартай увагі. Знаўца гісторыі Нямецкага ордэна Гартмут Бокман таксама нідзе не згадаў русінаў у сваім асвятленні Litauer-Reisen4. Падобна яму яшчэ раней Манфрэд Гельман у сінтэтычным нарысе гісторыі літоўскага народа не палічыў важным зазначыць хоць якую ролю другога этнаса Вялікага Княства Літоўскага - нават у раздзелах пра князёў Гедыміна, Альгерда і Кейстута і ў апісанні бітвы ля Рудавы5. Урэшце малады ангельскі вучоны Стэфан Ровэл у выдатным даследаванні феномену росту сярэднявечнай Літвы ў перыяд княжання Віценя і Гедыміна таксама пакідае амаль без увагі патэнцыял Русі, што асабліва неапраўдана ў параграфе аб эканамічных рэсурсах апошняга паганскага народа Еўропы6.

Мякка кажучы, гэта не зусім дакладнае асвятленне той вайны. Думаю, што ігнараванне русінаў як аднаго з яе ўдзельнікаў адбываецца цяпер неўсвядомлена, бо існуе даўні гістарыяграфічны стэрэатып. Устаноўка на „незаўважанне" русінаў як народа гістарычнай Літвы стала ўжо традыцыйнай, і найбольш выразна яна праводзіцца ў літоўскай гістарыяграфіі.

У спецыяльных даследаваннях літоўскіх гісторыкаў пра пэўную залежнасць ваеннай моцы Літвы ад удзелу ў вайне русінаў мімаходзь пісалі толькі некаторыя вучоныя, у прыватнасці Ю.Жугжда і Б.Дундуліс, якія, аднак, больш імкнуліся сцвердзіць, што Літва абараніла Русь ад татараў і немцаў7. Б.Дундуліс мацней акцэнтаваў, што Літва ў той час вяла вайну на два фронты - і з немцамі, і з Руссю. У спецыяльнай калектыўнай працы "Вайна літоўцаў з крыжаносцамі" толькі ў агульным плане прыводзяцца некаторыя прыклады ўдзелу ў гэтай вайне і жыхароў Русі - у кантэксце салідарнасці літоўцаў, палякаў, чэхаў і ўсходніх славян8. Затое часцей адзначаецца, што ў час барацьбы з Ордэнам Літва ажыццяўляла экспансію на Русь. Гэтаксама ў сінтэтычнай "Истории Литовской ССР" русіны як паплечнікі па вайне прыгадваюцца толькі двойчы - у сюжэтах пра бітву на Стрэве (1348) і пра Грунвальд (1410)9, што не дзіўна, бо іх удзел у гэтых бітвах засведчаны ў абсалютнай большасці крыніц і ніяк не можа не заўважацца.

Літоўскія працы апошніх дзесяцігоддзяў не адрозніваюцца новымі тэндэнцыямі ў асвятленні гэтага пытання. Напрыклад, вядомы вучоны маладзейшага пакалення, які плённа займаецца літоўска-нямецкімі дачыненнямі эпохі Сярэднявечча, гісторык Альвідас Нікжантайціс тлумачыць ваенныя поспехі Літвы ў 1283-1345 г. адно яе баявой актыўнасцю 10. У адным з артыкулаў пра палітычнае супрацьстаянне ВКЛ і Ордэна ў часы Альгерда і Кейстута ён разглядае праекты або практычныя дзеянні літоўскіх князёў па падпарадкаванні Русі11 і нідзе не адзначае важнае ролі той самай Русі ў вайне з рыцарамі. Не знаходзім гэтага і ў яго манаграфіі пра князя Гедыміна 12. Хіба адно ў кнізе Мечысловаса Ючаса "Жальгірыская бітва" ясна сказана: армія Вітаўта складалася з "літоўскіх і рускіх* жаўнераў" 13, але гэта той выпадак, калі такой канстатацыі проста немагчыма было ўнікнуць, бо сапраўды з 18 пералічаных Янам Длугашам харугваў большасць паходзіла з зямель цяперашніх Беларусі ды Ўкраіны. Апісваючы гэтую славутую бітву, пра русінаў (або беларусаў і ўкраінцаў) звычайна мусілі гаварыць і іншыя літоўскія гісторыкі 14.

У цэлым такая рыса характэрна і для польскай гістарыяграфіі. Так, польскі літуаніст-класік Генрых Лаўмяньскі нават у адмысловым даследаванні агрэсіі Прускага ордэна супраць Літвы ў ХII-ХV ст. пакідаў Русь па-за ўвагай15. Спецыяльны параграф пра абароназдольнасць літоўскага народа ў сінтэтычнай гісторыі Літвы аўтарытэтнага польскага літуаніста Ежага Ахманьскага ні словам не згадвае пра ваенную дапамогу Русі, хоць, праўда, у іншым месцы аўтар канстатуе, што русіны былі ў бітве на Стрэве, і мімаходзь зазначае: "Літоўская Русь памнажала людскія сілы і матэрыяльныя рэсурсы Літвы"16.

Пра непасрэдны ўдзел насельніцтва цяперашняй Беларусі ў вайне з Ордэнам як пра важны і варты ўвагі факт пісалі зусім нямногія вучоныя і, на жаль, не ў спецыяльных даследаваннях. У прыватнасці, польскі гісторык Уладыслаў Вяльгорскі ў папулярным выданні пра беларусаў адмыслова падкрэсліваў важнае значэнне дэмаграфічнага і матэрыяльнага патэнцыялу Русі ў супрацьстаянні Вялікага Княства Літоўскага і Нямецкага ордэна17. Ён меў на ўвазе засяленне ўсходнімі славянамі пустак на Нёмане (земляў, спустошаных у выніку вайны) ды іх ролю ў узвядзенні замкаў у ХIV ст. З нямецкіх гісторыкаў "моцны і ўплывовы элемент русінскага насельніцтва ў Літве" перыяду крыжовых войнаў згадваў бадай толькі Курт Форштройтар, які, аднак, не ставіў пытання аб залежнасці ад іх ваеннага патэнцыялу Літвы18. А найбольш выразна пра ўдзел продкаў цяперашніх беларусаў у вайне Літвы з Ордэнам у свой час напісаў савецкі гісторык Уладзімір Пашута, які пафасна зазначыў, што літоўскія ўзброеныя сілы адбівалі націск рыцараў "пры ўдзеле беларускага войска", і што літоўцы разам з беларусамі "плячо ў плячо" больш за 100 гадоў змагаліся з немцамі на Нёмане19. Пасля яго амаль тымі ж словамі гэта сцвердзіў беларускі даследчык ваеннага дойлідства Міхась Ткачоў. Ён пісаў пра "больш чым 120-гадовую барацьбу за незалежнасць, якую плячо ў плячо вяло насельніцтва Беларусі разам з літоўскім войскам" супраць Нямецкага ордэна20, праўда, сам М.Ткачоў гісторыяй гэтай барацьбы не займаўся.

Каб гаварыць пра ролю Русі ў той вайне больш пэўна, пытанне трэба спецыяльна даследаваць. Пакуль што чытачу прапануюцца папярэднія назіранні аўтара, звязаныя з вывучэннем корпуса адпаведных крыніц. Бо найперш важна высветліць, як бачылі ўдзельнікаў вайны яе сучаснікі - пераважна аўтары нямецкіх хронік.


* * *

За наратыўную аснову даследавання ўзята сем хронік, створаных на тэрыторыі Нямецкага ордэна ў ХIV - пачатку ХV ст. Гэта "Chronicon terrae Prussiae" Пятра з Дусбурга 21, "Kronike von Pruzilant" Мікалая Ярошына22 , "Chronicon Livoniae" Германа Вартберга 23, рыфмаваная "Cronica nova Prutenica" Віганда Марбургскага 24, "Chronik des Landes Preussen" Ёгана Посільге 25, а таксама Торуньскія аналы26 і твор Дэтмара27 . Выкарыстаны таксама дзве польскія крыніцы - аналы Яна Длугаша28 і хроніка Мацея Стрыйкоўска га29. Абедзве яны прысвяцілі вайне з крыжаносцамі вялікую ўвагу, у значнай меры ўнаследаваўшы традыцыю нямецкага хронікапісання. Іх вартасць абумоўлена і тым, што названыя помнікі ўтрымліваюць інфармацыю з крыніц, якія не захаваліся.

Спачатку звернемся да прысутнасці тэрміна "Русь" у нямецкіх хроніках і яго значэнняў. У лацінамоўных помніках Сярэднявечча этнонім Русь меў форму "Russіe", "Russia", а "русін", "русіны" - "Ruthenus", "Rutheni", тады як у старанямецкіх - "Ruiz", "Ruzz", "Ruzin", "Ruzilande", "Rus(s)in", "Russen", "Ruschin" і інш. У цэлым у пералічаных нямецкіх хроніках 178 разоў у той ці іншай форме выкарыстаны непасрэдна этнонім або этнікон "Русь" ці вытворная форма ад гэтай назвы. У прыватнасці, у Пятра з Дусбурга - 8 разоў, у Мікалая Ярошына - 7, у Германа Вартберга - 37, у Віганда Марбургскага - 34, у Ёгана Посільге - 69, у Торуньскіх аналах - 12, у Дэтмара - 1130.

Высвятляецца, што ўжо на ХIV ст. "Русь" была даволі добра вядомая нямецкім храністам. Яна сустракаецца літаральна ў першых запісах Пятра з Дусбурга 31. Мікалай Ярошын, які пазней пераказваў першага ордэнскага храніста, піша, што з аднаго боку Прусіі знаходзіцца Вісла, а з другога - "der Memlin, Ruzilande me"32, а потым дадае, што Мемель аддзяляе Курляндыю, літоўцаў і русінаў ("Littowin und Ruzin") ад зямлі прусаў.

У свядомасці нямецкіх храністаў першай трэці ХIV ст. раёны Верхняга Панямоння лічыліся "Зямлёй Крывічоў", якая, хоць даўно ўваходзіла ў склад ВКЛ, атаясамлялася з Руссю. Пра гэта сведчыць не толькі Пётр з Дусбурга, але і твор каноніка Самбіі, які пад 1314 г. таксама паведамляе пра паход рыцараў на "Kriwicz", а потым адносіць гэтых крывічоў да Русі ("Ruthenorum Criwicz")33.

Як гарады Русі ў хроніках фігуруюць Полацк, Смаленск (самы ўсходні з называных храністамі ўсходнесла вянскіх гарадоў), Віцебск, Дрыса, а на заходніх землях ВКЛ - Берасце, Камянец, Драгічын, Бельск, Мельнік, Беліца, Ваўкавыск, Сураж, Ліда, Наваградак, Гальшаны 34. Да Русі бясспрэчна адносяцца таксама валынскія гарады Луцк і Ўладзімір. Найбольш часта як прыналежныя да Русі вызначаюцца Берасце і Камянец. У Віганда Марбургскага ўжываецца форма "Rusen-Brisik", а ў Ёгана Посільге - "Rusche Briske" і "Russchin Brysk"35. Такое ж азначэнне сустракаем у актавых дакументах Нямецкага ордэна36, значыць, яно адлюстроўвала этнагеаграфічныя ўяўленні даволі шырокіх колаў удзельнікаў крыжовай вайны супраць Вялікага Княства Літоўскага. Важна адзначыць, што Камянец яшчэ ў ХIII ст. лацінамоўныя крыніцы называлі "рутэнскім" (Kamieniec Ruthenicale). Рэкі Нараў і Буг у хроніках выступаюць таксама як рэкі Русі. Дадзеныя згаданых помнікаў яшчэ раз пераконваюць, што землі ў басейне Буга і Нарава ўжо ў ХIII-ХIV ст. былі каланізаваныя ўсходнімі славянамі. Такім чынам, сцвярджэнне Яна Длугаша, быццам Судавія распасціралася да Драгічына, не адпавядае рэчаіснасці.

Да Русі можна адносіць і Горадню, хоць з хронік гэта відаць не так адназначна, як у прыкладзе з гарадамі Падзвіння або Пабужжа. У Пятра з Дусбурга наогул цяжка знайсці нейкую інфармацыю этнагеаграфічнага характару. У яго хроніцы паходы рыцараў звычайна праводзяцца „ў Літву ў вобласць замка Горадня" 37. Але пад 1306 г. войска вялікага князя літоўскага выходзіць "з Літвы ды замка Горадня" 38. Паказальна, што жыхароў Горадні і яе ваколіцаў Пётр з Дусбурга называе "рутэнамі". Пазнейшыя хронікі ўтрымліваюць дастаткова сведчанняў пра ўсходнеславянскі характар гэтага горада. У прыватнасці, Віганд Марбургскі звычайна адносіць яго да Русі. У апавяданні пра барацьбу рыцараў за Горадню ён часта згадвае русінаў. Так, у паведамленні пра паход 1364 г. храніст расказвае пра сутычку з русінамі 39, у паходзе 1375 г. згадвае "сlamore vulgari Russen"40 (г.зн. "грубыя баявыя выклікі русінаў"), а запіс пад 1379 г. яшчэ больш красамоўны: рыцары авалодалі горадам і "simileter tota Russia in dextraparte sita"41. Расказваючы пра паход 1383 г. на сталіцу ВКЛ, гэты ж храніст ужывае азначэнне "civitas ruthenica" нават у дачыненні да Вільні42.

Можна заўважыць, што добра вядомае нямецкім храністам імя "Русь" рэдка выступае як палітонім, тады як „Літва" найчасцей азначае хутчэй дзяржаву. „Русь" жа фігуруе як зямля, рэгіён, звязаны з Літвой ці непасрэдна ёй суседні. Так, паводле Пятра з Дусбурга (а за ім - і Мікалая Ярошына), правадыр судаўлянаў Скуманд, які ажыццявіў рабаўнічы рэйд у Холмскую вобласць з супляменнікамі і русінамі, не вытрымаў напору рыцараў і ў 1280 г. з блізкім людам выйшаў з Судавіі "на Русь"43. Гэтая Русь суседнічае з Прусіяй. Для Ёгана Посільге цалкам магчымы пераход "von Pruszin hin ken Russin"44. Улічваючы, што ў ХIV ст. Горадня знаходзілася ўсяго за некалькі міляў ад тэрыторыі Нямецкага ордэна45, уяўленні храністаў можна назваць дастаткова рэалістычнымі.

У вайне Ордэна супраць Літвы рыцарскія кантынгенты пастаянна сутыкаюцца з Руссю і з русінамі. Заўважаецца, што храністы на ХIV ст. ніякай этнічнай мяжы паміж Літвой і Руссю не фіксуюць. Невыпадкова і рымскі папа, заклікаючы Ордэн не ваяваць больш супраць Вялікага Княства Літоўскага, называў яго "lant czu Littowin und Russin"46. Гаворачы пра экспедыцыі Ордэна на тэрыторыю ВКЛ і пра вывад палонных, Віганд Марбургскі ў многіх выпадках падае іх як "Rutenos et paganos", размяжоўваючы па рэлігійнай прыкмеце. Важна, што гэта тычыцца паходаў не толькі ў Панямонне (Чорную Русь)47, але і ў раёны Вільні, Трокаў і Коўны48, а таксама экспедыцый уздоўж ракі Невяжы49. Так, пад час выправы да Трокаў у 1382 г. былі ўзятыя ў палон русіны ("captivos Rutenos")50. У 1390 г. магістр Конрад Валенрод ажыццявіў паход "на Русь перад Трокамі" (in Russen vor Traken). Правёўшы паход на Коўну ў 1391 г., вялікі магістр вяртаўся з мноствам палонных, якімі былі "Rutenis, paganis diversarum linquarum"51. І польскі храніст Ян Длугаш, бліжэй знаёмы з этнагеаграфіяй ВКЛ, паведамляе, што з паходу на Літву ў 1339 г. браты-рыцары вывелі ў палон "шмат ліцвінаў і русінаў" 52. Улічваючы гэта, можна дапускаць, што з выселеных у Прусію прыкладна 200 000 чалавек "літоўскага палону"53 добрую частку складалі русіны з сучаснай Беларусі.

З хронік выглядае, што вайна Ордэна супраць Літвы была вайной і супраць Русі. Многія "рэйзы" Ордэна адкрыта кваліфікуюцца храністамі як паходы "супраць літоўцаў і руciнаў" ("сontra Lithwanos et Ruthenos")54, іншыя ж называюцца паходамі "сontra Lithwanos", але з апісання відаць, што яны ахаплялі і Русь або землі змешанага насельніцтва. Ордэнскія кантынгенты сягалі і непасрэдна Русі Полацкай, хоць здаралася гэта параўнальна рэдка. Так, згодна з паведамленнямi Германа Вартберга, у 1333 i 1334 г. "шматлiкае войска" інфлянцкага магiстра Эбергарда (Eberhard), ваюючы Вялікае Княства, набліжалася да самага Полацка55 . У 1366 г. інфлянцкі ландмагiстар Вiльгельм "павёў войска супраць русiнаў на Полацк"56 . У жнiўнi 1377 г. вялiкі iнфлянцкі кантынгент на чале з ландмагiстрам Вільгельмам Фрымерсгаймам рушыў уверх па Дзвiне да Полацкай зямлi і аблажыў нейкi "новы замак русiнаў, якi ляжаў амаль у 12 мiлях" ад Дзюнабурга 57 (найверагодней, гэта была Друя).

Намнога часцей праводзіліся экспедыцыі на Русь у Панямонні. Напрыклад, "на Русь" ("ken Russin", "czu Russen"), пад якой храністы разумелі Горадню, Сураж, Ліду, Наваградак і Драгічын, рыцары хадзілі ў 1393, 1394 i 1401 г.58 Нямала паходаў ладзілася і на іншыя пасяленні, называныя гарадамі ці дварамі Русі, але Горадня, замак якой быў асноўнай базай для рэйдаў войска ВКЛ на Прусію, на працягу ўсяго ХIV ст. заставалася найбольш прывабнай мішэнню ордэнскіх экспедыцый.

Многія запісы храністаў ствараюць вобраз нейкага двухадзінства краіны, з якой Ордэн вёў ваенныя дзеянні: гэта Літва і Русь разам. У прыватнасці, гаворачы пра шэраг агульных для ВКЛ падзей, Ёган Посільге часта піша пра зямлю "літоўцаў і русінаў", ужывае азначэнне "beyde Littowen und Russin"59. З іншага боку, у помніках добра адрозніваюцца схізматыкі-русіны ад паганцаў-літоўцаў. І, калі верыць паведамленню Яна Длугаша за 1361 г., вялікі магістр Вінрых фон Кніпродэ спецыяльна помсціў Русі за тое, што яна дапамагала літоўцам сваімі ўзброенымі сіламі60. Хронікі адлюстравалі і падвойны характар дзяржаўнасці ў тытулатуры манархаў. Так, для Пятра з Дусбурга вялікі князь Гедымін - гэта "rex Lethowinorum et Ruthenorum"61. Больш познія хронікі называюць манархамі русінаў тых з роду Гедымінавічаў, хто меў уладанні галоўным чынам на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. У Германа Вартберга князь Нарымонт Гедымінавіч фігуруе як "кароль русінаў" 62, у Дэтмара князь Андрэй Альгердавіч - "рускі кароль Полацка" 63, у Ёгана Посільге князь Скіргайла - "герцаг русінаў" („herczoge czu Russen")64 і г.д.

Русь была не толькі тэатрам ваенных дзеянняў, але і іх суб'ектам. Хронікі сведчаць, што русіны практычна ад пачатку вайны з тэўтонскай дзяржавай прысутнічалі ў вайсковых кантынгентах ВКЛ, беручы актыўны ўдзел як у абарончых дзеяннях, так і ў паходах на ўладанні Ордэна. Ужо ў 1293 г. "Русь" удзельнічала ў паходзе Віценя на Прусію, калі той помсціў за акцыю рагнецкага комтура Конрада Штанга і захоп замка Мінгедын (Mingedin)65. Пад 1296 г. у Пятра з Дусбурга ў паведамленні пра рэйд на Горадню фігуруе нейкі магутны руciн (Ruthenus) - адзін з абаронцаў горада, што забіў нямецкага рыцара, які пераследаваў яго66. Вясной 1298 г. разам з літоўцамі русіны дапамагаюць жыхарам Рыгі ў акцыі супраць Інфлянцкага ордэна, звязанай з дэблакаваннем вусця Дзвіны67. Герой-русін асобна выдзелены ў апавяданні Дусбурга пра экспедыцыю брата-рыцара Філіпа дэ Баландзіа (Philippus de Bolandia) "на Літву" ў 1305 г. і пагоню князя Віценя за гэтым нямецкім кантынгентам: руcін тут пранізвае дзідай юнага пляменніка правадыра паходу68. Вельмі блізкі сюжэт апісання падзей 1305 г. знаходзім і ў Стрыйкоўскага, у хроніцы якога "адзін руcін" таксама забівае дзідай брата-рыцара 69.

Русіны бралі ўдзел і ў паходзе Віценя на Прусію ў 1311 г. Калі з запісу Яна Длугаша можна толькі рабіць дапушчэнне пра гэта (князь сабраў "усе свае войскі, сцягнутыя ад сваіх людзей"70 ), дык у Віганда Марбургскага канкрэтна сказана, што Віцень пайшоў на Ордэн "з сваімі і русінамі" 71. У апісанні гэтага паходу нямецкая хроніка згадала "лучнікаў-русінаў", якія трапна стралялі па рыцарах72 .

Паведамляючы пра рэйд ордэнскага маршала Генрыха ў верасні 1314 г. на Вялікае Княства, Пётр з Дусбурга піша, што той хадзіў "у Зямлю Крывічоў" (terra Criwicie), у якой узяў і разбурыў "parva Nogardia", г.зн. Наваградак 73. Яшчэ падрабязней гэты паход апісвае Мікалай Ярошын, які называе Наваградскую зямлю "Kriwitzin", "lant Kriwitzin", "Krivitzenlande"74. Пасля знішчэння Наваградка рыцары падступілі да замка Крывічы на Нёмане (пытанне яго дакладнай ідэнтыфікацыі застаецца адкрытым), але сустрэлі рашучую абарону. У шматразовых штурмах загінула нямала рыцараў, і немцы мусілі павярнуць назад75. Cтрыйкоўскі цвердзіць, што ў гэтым паходзе рыцары здабывалі "замак самога Наваградка", але "Літва і Русіны так мужна бараніліся", што прымусілі крыжаносцаў адступіць 76.

Пры Гедыміне, калі ў склад яго дзяржавы ўвайшла амаль уся тэрыторыя сучаснай Беларусі, за выняткам Падняпроўя і Ніжняй Прыпяці, а Полацкае і Віцебскае княствы захавалі ў ёй пэўную аўтаномію, роля Русі ў знешняй палітыцы Вялікага Княства Літоўскага істотна ўзрасла. Невыпадкова Гедымін першы з літоўскіх князёў пачаў тытулавацца як "rex Letvinorum et Ruthenorum". У гандлёвай дамове з Нямецкім ордэнам 1338 г. ён спаслаўся на згоду Полацка і Віцебска 77. У гады яго княжання русіны ўсё часцей фігуруюць як сіла вялікага князя літоўскага. Ужо ў адным з першых паходаў супраць немцаў у Жамойці (1317?) войска Гедыміна апрача літоўцаў складала "Русь з Полацка і Ноўгарада" 78 (Наўгародка? - Г.С.). У вядомай выправе караля Ўладыслава Лакетка супраць Брандэнбургіі ў 1326 г. апошні меў, паводле Длугаша, "падмацаванні суседзяў, а менавіта русінаў, ліцвінаў..." 79. Той жа храніст паведамляе, што ў наступным годзе літоўскія князі з уласным войскам і сіламі "суседніх народаў" уварваліся ў Саксонію 80. У 1330 г. адбыўся паход кааліцыйных сілаў караля Ўладыслава Лакеткi на Холмскую зямлю, у якім удзельнічалі як русіны, так і Гедымін са сваімі сіламі81. Калі пагадзіцца з тым, што згаданых русінаў тут прадстаўляў галіцка-валынскі князь Баляслаў Юры II82, то дружыны з Русі Літоўскай былі ў войску Гедыміна. У 1330 г., паводле Стрыйкоўскага, "Літва з Руссю" спустошылі і Курляндскую зямлю83. А ў 1338 г. на землі Ордэна ажыццявіла набег моцнае войска "з ліцвінаў і русінаў" 84.

Пасля смерці Гедымiна супрацьстаянне Вялікага Княства рыцарскай дзяржаве аслабла. Тэўтонскi ордэн у 1343 г. заключыў Калiшскi мiр з Польшчай і, уступiўшы ў перыяд найбольшай магутнасцi, змог засяродзіць свае сілы на барацьбе з Літвой. Менавіта неабходнасцю мабілізаваць усе сілы на абарону ад крыжаносцаў гістарыяграфічная традыцыя тлумачыць і дэтранізацыю вялікага князя Яўнута ды захоп улады Альгердам і Кейстутам. Неўзабаве пасля ўсталявання іх дыярхіі браты сабралі войска з Літвы і Русі і ажыццявілі паход на Прусію, дайшoўшы да Караляўца. Стрыйкоўскі адзначыў, што так яны помсцілі за смерць бацькі (Гедыміна - Г.С.). Пры гэтым храніст зафіксаваў важную дэталь: у час гэтай выправы віцябляне і палачане вартавалі берагі Дзвіны ад магчымага нападу інфлянцкіх кантынгентаў 85.

У паходах Кейстута звычайнай справай быў удзел баярства з Горадні і Гарадзенскай зямлі, гэтаксама як з Альгердам хадзілі ваенныя сілы з яго ўладанняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Як вядома, вотчынай апошняга з'яўляліся Віцебск і Крэва, а пад ягонай уладай знаходзілася ўся ўсходняя частка ВКЛ, якая ідэнтыфікавалася пераважна як "Русь". І хоць прэрагатывай Альгерда была ўсходняя палітыка, крыніцы зафіксавалі яго часты ўдзел у супольных акцыях супраць Ордэна, за дачыненні з якім адказваў Кейстут. Прыкладам, калі ў 1343 г. Кейстут павёў на Прусію дружыны гарадзенцаў з жамойтамі і троцкім войскам, Альгерд са сваімі сіламі рушыў на Інфлянты 86. А ў 1346 г. сам Альгерд "з моцным войскам з Жамойці, Русі і Літвы" хадзіў пад Каралявец 87.

Як аднo з самых буйных сутыкненняў з крыжаносцамі ў гісторыю ўвайшла бітва на рацэ Стрэва. Пасля таго, як у пачатку 1348 г. моцны ордэнскі кантынгент вялікага магістра Генрыха Дузэмэра (Heinrich Dusemer), папоўнены французскiмі ды англiйскiмі рыцарамі, больш за тыдзень бесперашкодна пустошыў панямонскiя землi Лiтвы, каля Коўны, на берагах Стрэвы, яго пераняла армія Альгерда i Кейстута. Крыніцы адзначаюць, што "Альгерд з русінамі" прыйшоў на дапамогу войску Кейстута. Сапраўды, апрача ўласна лiтоўскiх сiлаў у гэтую армію ўваходзiлi вялікія сілы русінаў - "Ruteni de Lademar, de Brisik, Witenberge, de Smalentze"88, г.зн. палкi з Уладзiмiра-Валынскага, Берасця, Вiцебска, Смаленска, а таксама з Полацка. Удзел русінаў у гэтай важнай і такой няўдалай для ВКЛ бітве адзначаюць многія храністы 89. Калі ўсходнеславянскія летапісы падаюць, што з боку ВКЛ на Стрэве загінула 40 тысяч90, а Ян Длугаш і Мацей Стрыйкоўскі - 18 тысяч91, дык нямецкія аўтары гавораць пра 10 тысяч ахвяраў92 , што выглядае найбольш праўдападобна. "І паразіў міласцівы Бог літоўцаў і русінаў" - рэзюмавала старая пруская хроніка, паведаміўшы пра смерць на беразе Стрэвы „князя русінаў Нарымонта" 93.

Тое, што і Смаленская зямля - самая ўсходняя з залежных ад Альгерда абшараў Русі - таксама брала ўдзел у вайне ВКЛ супраць Ордэна, заслугоўвае асаблівай увагі. У Яна Длугаша і Мацея Стрыйкоўскага пад 1348 г. апісаны студзеньскі паход літоўцаў і русінаў на Лабяву (Labiowa), якім кіраваў безымянны смаленскі князь. У Прусіі яго войска сутыкнулася з немцамі і пацярпела ў жорсткай бітве, а згаданы смаленскі князь загінуў на пераправе праз раку пад час адступлення 94. Пра "Rex de Smalenz" і бітву пры Лабяве расказвае і Вiганд Марбургскі, але ён адносіць гэтыя падзеі да 1352-53 г.95, што больш праўдападобна, бо паход літоўска-беларускіх сілаў на ордэнскія землі ў год цяжкай паразы на Стрэве быў бы справай неверагоднай. Гісторык Ёган Фойгт у свой час сцвярджаў, што гэтым смаленскім князем быў князь Патрыкей (Patirke)96. Аднак, калі б гэта быў Патрыкей - той самы князь, якога Тадэвуш Васілеўскі лічыць сынам Гедыміна, ідэнтычным Манівіду 97, а Ян Тэнгоўскі называе сынам Нарымонта Гедымінавіча 98, то ён не мог бы загінуць у згаданым паходзе, бо ў 1353 г. гэты князь разам з Альгердам і Кейстутам на чале войска "ліцвінаў і русінаў" ажыццяўляў выправу ў Прусію - помсцячы акурат за паразу пры Лабяве і за смерць смаленскага князя99. У 1358-1366 г. Патрыкей быў князем Горадні і неаднакроць удзельнічаў у супольных паходах нашчадкаў Гедыміна на землі Ордэна - у 1354100, 1356101 i 1365102, прычым у першым і трэцім выпадку удзел русінаў выразна падкрэслены храністам. Цікава, што ў 1363 г., кіруючы абаронай Горадні ад нямецкіх рыцараў, гарадзенскі князь Патрыкей, каб менш рызыкаваць, сустрэў тэўтонцаў "па звычаю русінаў" 103, з хлебам і соллю, чым і прадухіліў знішчэнне свайго горада.

Адным з самых яркіх прыкладаў вялікай ролі русінаў у вайне супраць Ордэна можна лічыць бітву пры Рудаве. У 1370 г. Кейстут і Альгерд арганізавалі паход супольных сілаў на Каралявец, але вялікі магістр сарваў яго і навязаў Альгерду сечу. Хроніка Дэтмара апісала гэтае сутыкненне як бітву рыцараў "супраць літоўцаў і русінаў" 104, Герман Вартберг таксама падкрэсліў "congregatione Letwanorum et Rutenorum"105. Ёган Посільге адзначыў, што князь Кейстут з прайгранай бітвы ўцякаў са сваімі, а Альгерд - "mit den Russen"106. Гэта азначае, што ў войску Альгерда сапраўды пераважалі русіны. Пра ўдзел усходніх славян у Рудаўскай бітве не забываліся і пазнейшыя гістарыёграфы. Так, Ян Длугаш згадаў "татараў, русінаў і іншых барбараў" на чале з Альгердам 107, а паводле Мацея Стрыйкоўскага, для паходу ў Прусію князь Кейстут "сабраў вялікае войска з Русі і татараў", якое дапамагала Літве і Жамойці108 .

Пасля Рудаўскай бітвы ўзрасла антыордэнская актыўнасць Полацкай зямлі. У 1373 і 1374 г. Свiдрыгайла Альгердавіч, а потым і Андрэй Альгердавiч з палачанамi ажыццяўлялi набегi на нямецкі Дзюнабург. Стары князь Кейстут i Андрэй Полацкi ўрывалiся ў падзвiнскiя ўладаннi Iнфлянцкага ордэна i ў 1375 г.109 За гэта ў красавiку таго ж года розiцкi фогт арганiзаваў паход у Полацкую зямлю, адначасова з якім правёў сваю выправу і іншы кантынгент прускага рыцарства. Як дэтальна распавядае хроніка, са спустошанага Падзвiння наезнiкi вывелi 86 палонных i каля 100 коняў. Помсцячы, князь Андрэй з полацкай коннiцай i ладдзямi спусцiўся па Дзвiне да Дзюнабурга i таксама захапiў палонных, папалiў сена i вывеў статак. Падобнымi ўварваннямi полацкi князь i iнфлянцкiя рыцары абменьвалiся i ў наступным годзе. І ў паходзе Кейстута на Курляндыю ў 1377 г. таксама зафіксаваны ўдзел русiнаў110 .

Са смерцю вялікага князя Альгерда звязана значнае аслабленне ваеннай актыўнасці Вялікага Княства і, наадварот, узрастанне экспансіі Ордэна. Ужо ў жнiўнi 1377 г. моцнае iнфлянцкае войска на чале з ландмагiстрам рушыла ўверх па Дзвiне да Полацкай зямлi і аблажыла "новы замак русінаў" - як мяркуецца, Друю, пра што гаварылася вышэй (гл. с.13). Аб'ектам асабліва частых нападаў стала Беларускае Панямонне і Берасцейшчына. Не маючы сілаў абараніць іх, Кейстут прасіў міру. У 1379 г. яму і Ягайлу ўдалося падпісаць з вялікім магістрам Вінрыхам фон Кніпродэ 10-гадовае замірэнне, па ўмовах якога ўладанні Кейстута на Русі - Ваўкавыск, Берасце, Горадня, Драгічын, Камянец, Бельск, Мельнік - аберагаліся ад ваенных знішчэнняў. Затое аўкштайцкія землі Ягайлы і Жамойць выстаўляліся пад удар нямецкіх рыцараў. Падкрэсліўшы рознае стаўленне да хрысціян і язычнікаў ВКЛ, гэтым дагаворам Ордэну ўдалося настроіць Ягайлу супраць Кейстута 111. У выніку Ягайла ў наступным годзе заключыў спачатку сепаратнае пагадненне з інфлянцкім магістрам, а потым - таемны дагавор з кіраўніцтвам Тэўтонскага ордэна, скіраваны супраць Кейстута, што прывяло да глыбокага ўнутранага канфлікту, які надоўга паралізаваў ВКЛ.

Толькі Крэўская унія 1385 г. і звязанае з ёй хрышчэнне Лiтвы прынцыпова змянiлі расстаноўку сiлаў у Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе ў некарысны для крыжаносцаў бок. Яна не толькі падарвала ваенны патэнцыял Нямецкага ордэна, пазбавіўшы рыцарскую дзяржаву іміджу змагара з „паўночнымі сарацэнамі", але паставiла пад пытанне само яго далейшае iснаванне. Апынуўшыся ў тупіковым становішчы, Мальбарк не прызнаў хрышчэння Літвы. Ордэн узяўся прапагандаваць „фальшывасць" гэтага акта і працягваў Heidenkampf, арганізуючы рэйды як на ўласна Літву, так і на хрысціянскую Русь. Невыпадкова прускае „Апісанне шляхоў", створанае на мяжы ХIV і ХV ст., сведчыць, што і пасля Крэўскай уніі у якасці зоны сваіх ваенных аперацый Ордэн бачыў землі Заходняй Беларусі - ад Горадні і Берасця да Наваградка, Крэва і Ашмянаў уключна112 .

У апісанні падзей канца 1380-х - пачатку 1390-х г., калі Вітаўт перабег на бок Ордэна і прускае кіраўніцтва актывізавала ваенныя дзеянні супраць ВКЛ, русіны пастаянна фігуруюць у хроніках як удзельнікі абароны Вільні ды іншых гарадоў, а таксама як частка палявой арміі літоўскіх князёў. Паводле Стрыйкоўскага, Ягайла баяўся, каб русіны Вільні не схіліліся на бок Вітаўта і не перадалі сталіцу немцам113, таму яшчэ ў 1387 г. даручыў кіраваць яе абаронай паляку Клеменсу Маскажэўскаму 114. Аднак, як сведчаць хронікі, у 1390 г. русіны (у Стрыйкоўскага - "Litwa i Russacy") надзейна баранілі Вільню ад крыжаносцаў. На чале ca Скіргайлам русіны з ліцвінамі заступалі шлях на Вільню супольным сілам Валенрода і Вітаўта. Пра склад войск Скіргайлы можна даведацца з пераліку князёў, што палеглі ў бітве - смаленскі князь Глеб Святаславіч, князь заслаўскі Сымон Яўнутавіч, князь чартарыйскі Глеб Канстанцінавіч, князь Іван Львовіч і інш.115

У сітуацыі, калі Вітаўт займаў бок Ордэна і ў Вялікім Княстве пры інтэрвенцыі рыцараў разгортвалася ўнутраная дынастычная вайна, русіны, як і літоўцы, падзяліліся: адны былі ў лагеры Скіргайлы і абаранялі Вільню, іншыя сталі саюзнікамі Вітаўта і немцаў. Длугаш паведамляе, што гэта яны па просьбе Вітаўта падпалілі Крывы Замак сталіцы116 . Дадамо, што і ў супрацьстаянні Ягайлы з немцамі пад Горадняй у 1390 г. на дапамогу польскаму каралю князі прывялі конныя аддзелы з Русі117.

Паводле Стрыйкоўскага, паказальны гераізм абаронцы сталіцы прадэманстравалі і ў 1391 г., калі "Litwa i Russacy" на чале з Алясніцкім так добра баранілі Вільню ад рыцараў і Вітаўта, што прымусілі ix адступіць. Пустошыць край крыжаносцам зноў жа спрабаваў перашкодзіць Скіргайла "з некалькімі аддзеламі русінаў і ліцвінаў" 118. Аднак замак Вількамір (Wilkenberg), гарнізон якога складаўся з літоўцаў і русінаў119 (заўважым, русіны абаранялі цвердзь і на ўласна літоўскай тэрыторыі), аддаўся Вітаўту таму, што апошнія сімпатызавалі яму.

"Lithuanorum et Ruthenorum" зноў фігуруюць разам і ў вайне 1394 г.120. Калі вялікі магістр Koнрад фон Юнінген з князем Свідрыгайлам узяў у аблогу Вільню і пачаў нішчыць край, то "людзі князя Вітаўта, ліцвіны і русіны, каб перашкодзіць ворагу чыніць пусташэнні, пачалі з ім заўзята змагацца" 121. Праваслаўныя манахі-русіны, якім Свідрыгайла даручаў спаліць Вітаўтаў лагер, паведамілі пра гэтыя планы самому Вітаўту122 . Пра тое, што войска князя Вітаўта складалася "з Літвы, з Русі і з Польшчы", цвердзіў і Мацей Стрыйкоўскі 123.

Нават гэтыя папярэднія назіранні паказваюць, што вядомы запіс Пятра з Дусбурга "Incipit bellum Lethowinorum" непасрэдна тычыцца і беларускай гісторыі. Выходзіць, цытаваныя вышэй У.Пашута і М.Ткачоў мелі рацыю. Бо і сапраўды, у вайне з Ордэнам "плячо ў плячо" з літоўцамі больш за стагоддзе змагаліся русіны - праваслаўныя продкі сучасных беларусаў. Не толькі дэмаграфічны і гаспадарчы, але і непасрэдна ваенны патэнцыял Русі меў першаступеннае значэнне ў барацьбе Вялікага Княства Літоўскага з Нямецкім ордэнам. І лепшым прыкладам яго вагі можна лічыць склад арміі ВКЛ у генеральнай бітве з тэўтонцамі пад Танэнбергам / Грунвальдам (1410), апісанай у крыніцах параўнальна паўней за іншыя баталіі і больш даследаванай вучонымі. З тых 18 харугваў Вітаўта, пералічаных Янам Длугашам і названых па землях124, толькі некалькі маглі складаць пераважна літоўцы. Зразумела, дадзенымі Длугаша па колькасці харугваў трэба карыстацца асцярожна, і даследчыкі ўжо ставяць іх пад сумненне 125. Аднак і ў вызначэнні колькасці арміі, атрыманым польскімі гісторыкамі з улікам дэмаграфічна -мабілізацыйных магчымасцяў зямель, удзельная вага харугваў з Беларусі і Ўкраіны ў войску Вітаўта дасягае 2/3126. Невыпадкова вялікі магістр Генрых фон Плаўэн неўзабаве пасля ваеннай катастрофы Ордэна ў лісце да хрысціянскіх уладароў Еўропы прадставіў сечу як бітву хрысціян з нявернымі, сярод якіх на першае месца паставіў русінаў127 . Русь як сілу, што дапамагла Ягайлу разграміць хрысціянскіх рыцараў, называлі тады і многія ордэнскія хронікі128 .

Такім чынам, у часы вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Нямецкім ордэнам ордэнская храністыка ў якасці свайго ворага бачыла і вылучала "Русь" - поруч з "Літвою". Русь з'яўлялася рэальным і паўнавартым яе ўдзельнікам. У інтэрпрэтацыйнай жа традыцыі другі ўдзельнік супрацьста яння практычна знік. Думаю, гэтую метамарфозу можна лічыць адным з паказальных прыкладаў „прыватызацыі" мінулага нацыянальнымі гістарыягра фіямі.
Jakštas J. Das Baltikum in der Kreuzzugsbewegung des 14. Jahrhunderts. Die Nachrichten Philipps de Mezieres ьber die baltischen Gebiete // Commentationes Balticae. Vol. VI/VII (1959). 3. S.9.
Urban W. The Samogitian Crusade. Chicago, Illinois, 1989.
Paravicini W. Die Preussenreisen des Europдischen Adels. Teil 2. Sigmaringen, 1995. S.111.
Boockmann H. Der Deutsche Orden. Zwцlf Kapitel aus seiner Geschichte. 4. Auf. Mьnchen, 1994. Kapitel VII-VIII. S.151-180.
Hellmann M. Grundzьge der Geschichte Litauens und des Litauischen Volkes. Darmstadt, 1990. S.20-32, асабліва 26.
Rowell S. C. Lithuania ascending. A pagan Empire within East-Central Europe, 1295-1345. Cambridge, 1994. P.73-81.
Lietuvos TSR istorija. Red. K.Jablonskis, J.Jurginis, J.Žiugžda. T.1. Vilnius, 1957. P.88-95; Dundulis B. Lietuviu kova del Žemaitijos ir Užnemunas XV am. Vilnius, 1960. P.48.
Lietuviш karas su kryžiuoиiais. Red. J.Jurginis. Vilnius, 1964. P. 229, 230 ff.
История Литовской ССР (с древнейших времен до наших дней). Отв. ред. Б.Вайткявичюс. Вильнюс, 1978. С.47.
Nikžеntaitis A. Litwa i Zakon krzy¿acki w koсcu XIII i w pierwszej poіowie XIV w. // Ekspansja niemieckich zakonуw rycеrskich w strefie Baіtyku od XIII do poіowy XVI w. Toruс, 1990. S.127.
Nikžentaitis A. Die friedliche Periode in den Beziehungen zwischen dem Deutschen Orden und dem GroЯfьrstentum Litauen (1345-1360) und das Problem der Christianisierung Litauens // Jahrbьcher fьr Geschichte Osteuropas. Bd.41 (1993). Hf.1. S. 10, 11, 16.
Nikžentaitis A. Gediminas. Vilnius, 1989.
Juиas M. Žalgirio mыsis. Vilnius, 1990. Р. 80.
Гл.: Lietuvos TSR istorija. T.1. Vilnius, 1957. Р. 139.
£оwmiaсski H. Agresija Zakonu krzy¿ackiego na Litwк w wiekach XII-XV // ён жа, Prusy - Litwa - Krzy¿acy. Warszawa, 1989. S.179-226.
Ochmасski J. Historia Litwy. Wyd.III. Wrocіaw-Warszawa-Krakуw, 1990. S.54, 56, 63-64.
Wielhorski W. Narуd biaіoruski wœrуd swych s№siadуw. Londyn, 1949. S.3.
Forstreuter K. PreuЯen und RuЯland von den Anfдngen des Deutschen Ordens bis zu Peter dem GroЯen. Gцttingen, 1956. S.240; Idem. Deutschland und Litauen im Mittelalter. Kцln, Graz, 1962. S.14.
Пашуто В. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С.416, 417.
Ткачоў М. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХIII-ХVIII ст. Мінск, 1978. С.15.
Dusburg P. Chronicon terrae Prussiae // Scriptores Rerum Prussicarum (далей - SRP). Bd.I. Leipzig, 1861.
Jeroschin N. Kronike von Pruzinlant // SRP. Bd.I.
Wartberg H. Chronicon Livoniae // SRP. Bd.II. Leipzig, 1863.
Marburg W. Cronica nova Prutenica // SRP. Bd.II.
Posilge J. Chronik des Landes Preussen // SRP. Bd.III. Leipzig,1866.
Annalista Thorunensis // SRP. Bd.III.
Aus Detmar-Chronik // SRP. Bd.III.
Dіugosz J. Roczniki czyli kroniki sіawnego Krуlewstwa Polskiego. Ks.9. Warszawa, 1975. Ks.10-11. Warszawa, 1982.
Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, ¯mуdzka i wszystkiej Rusi. T.1-2. Warszawa, 1846.
Падрабязней гл.: Саганович Г. Русь в прусских хрониках ХIV-ХV вв. // Славяне и их соседи. Средние века - раннее новое время. Вып. 9. Славяне и немцы. Москва, 1999. С.100-104.
SRP. Bd.I. Nr.2.
SRP. Bd.I. S.345.
Hellmann M. Einheimische und дuЯere Faktoren bei der Entstehung des mittelalterlichen RuЯland // Settimane di studio del Centro Italiano di studi sull'alto medioevo, XVI (1969). S.215.
Voigt J. Geschichte PreuЯens. Bd. 6. Kцnigsberg, 1834. S.11-12.
SRP. Bd. II. S.313.
Geheimes Staatsarchiv. Preussischer Kulturbesitz zu Berlin, OBA. Nr.6173; Liv- Esth- und Kurlдndisches Urkundenbuch, nebst Regesten. Bd. 8. Riga, Moskau, 1884. Nr.533, 553.
SRP. Bd. I. Nr.191, 266, 267.
SRP. Bd. I. Nr.292.
SRP. Bd.II. S.544.
SRP. Bd.II. S.577.
SRP. Bd.II. S.605.
SRP. Bd.II. S.623.
SRP. Bd.I. Nr.211.
SRP. Bd.III. S.248
Rhode G. Die Ostgrenze Polens. Politische Entwicklung, kulturelle Bedeutung und geistige Auswirkung. Bd. I. Kцln / Graz, 1955. S.129.
SRP. Bd.III. S.197.
SRP. Bd.II. S.559.
SRP. Bd.II. S.559, 579.
SRP. Bd.II. S.590.
SRP. Bd.II. S.617.
SRP. Bd.II. S.645.
Dіugosz J. Ks.9. S.267.
Прыкладныя падлікі Вернэра Паравічыні. Гл.: Paravicini W. Edelleute, Hansen, Brugger, Bьrger: Die Finanzierung der esteuropдischen PreuЯenreisen im XIV. Jh. // Hansische Geschichtsblдtter. 104 (1986). S.11.
SRP. Bd.II. S.497.
SRP. Bd.II. S.67.
SRP. Bd.II. S.86.
SRP. Bd.II. S.113.
SRP. Bd.II. S 652; Bd.III, S.197, 248, 627.
SRP. Bd.III. S.135, 203 і інш.
Dіugosz J. Ks.IX. S.389.
SRP. Bd.I. Nr.356.
SRP. Bd.II. S.75.
SRP. Bd.III. S.145.
SRP. Bd.III. S.198.
Stryjkowski M. T.I. S.338.
SRP. Bd.I. Nr.266.
Die Chroniken der deutschen Stдdte. Bd.26. 1899. S.314.
SRP. Bd.I. Nr.291. Гэты фрагмент хронікі Дусбурга, дарэчы, выразна сведчыць, што ў азначэнне "літоўцы" нямецкі аўтар не ўкладваў ніякага этнічнага сэнсу. Прыкладам, ён піша, што бітву з крыжаносцамі вёў князь Віцень "з сваімі літоўцамі", але тут жа паказвае гераічнага русіна.
Stryjkowski M. Т.I. S.271.
Dіugosz J. Ks.9. S.91.
SRP. Bd. II. S.454.
Гл.: Daniіowicz I. (Ed). Skarbiec dyplomatуw papiezkich, cesarskich, krуlewskich, ksiк¿кcych. T.1. Wilno, 1860. Nr.275.
SRP. Bd. I. Nr.322.
SRP. Bd. I. S.584-585.
Voigt J. Bd. IV. S.302,309.
Stryjkowski M. T.I. S.276.
Послания Гедимина. Подгот. В.Пашуто и И.Шталь. Вильнюс, 1966. С.194.
Stryjkowski M. T.I. S.360-361.
Dіugosz J. Ks.9. S.165.
Ibidem. S.171.
Ibidem. S.182. У Стрыйкоўскага гэты паход караля Лакетка з сіламі літоўцаў, жамойтаў і русінаў на Холмскую зямлю датуецца 1328 г. Гл.: Stryjkowski M. Т.I. S.383.
Zaj№czkowski S. Polska a Zakon Krzy¿acki w ostatnich latach Wіadysіawa £okietka. Lwуw, 1928. S.157.
Stryjkowski M. Т.I. S.283.
SRP. Bd.II. S.495; Ян Длугаш недакладна датаваў гэтыя падзеі 1308 г. - Гл.: Dіugosz J. Ks. 9. S. 64.
Stryjkowski M. Т. II. S.4-5.
Murinius M. Kronika mistrzуw pruskich. Wstкp i oprac. Z.Nowak. Olsztyn, 1989. S.144.
Stryjkowski M. Т.II. S.25.
SRP. Bd.II. S.512.
Праўдападобна, Длугаш двойчы згадвае адну і тую ж сечу, бо і пад 1346 г. ён піша, што Альгерд "з дапамогай смалянаў, палачанаў і іншых русінаў" даў бітву прускаму магістру Генрыху, у якой загінула каля 18 тысяч. Гл.: Dіugosz J. Ks.9. S.306.
Троицкая летопись. Реконструкция текста / Приселков М.Д. Москва-Ленинград, 1950. С.368-369.
Dіugosz J. Ks.9. S.324-325.
Сборник материалов и статей по истории Прибалтийского края. Т.2. Рига, 1879. С.249.
Voigt J. Bd.V. S.695.
Dіugosz J. Ks.9. S. 318; Stryjkowski M. T.II. S.27.
SRP. Bd.II. S.518.
Voigt J. Bd.V. S.93.
Wasilewski T. Synowie Giedymina w. ks. Litwy a nastкpstwo tronu po nim // Annales Universitatis Mariae Curie-Sklodowska. Sectio F. Vol. XLV (1990). S.191 ff.
Tкgowski J. Pierwsze pokolenie Giedyminowiczуw. Poznaс-Wrocіaw, 1999. S.28-30.
SRP. Bd.II. S.520; Dіugosz J. Ks.9. S.339.
Dіugosz J. Ks.9. S.341.
Stryjkowski M. T.II. S.32.
Dіugosz J. Ks.T.9. S.416.
Voigt J. Bd.V. S.165; Віганд датуе гэта вясной 1364 г. Гл.: SRP. Bd.II. S.544-545.
SRP. Bd.III. S. 89.
SRP. Bd.II. S. 95-96.
SRP. Bd.III. S.90.
Dіugosz J. Ks.9. S.446.
Stryjkowski M. Т.II. S.43.
SRP. Bd.II. S. 107.
Сборник материалов и статей по истории Прибалтийского края. Т.2. Рига, 1879. C.131.
Prochaska A. Upadek Kiejstuta // Kwartalnik Historyczny. Rok XXIII (1909). S.496.
Гл.: Wegeberichte // SRP. Bd.2. Leipzig, 1863. S.662-708.
Stryjkowski M. T.II. S.84.
Stryjkowski M. T.II. S.84.
Murinius M. Kronika mistrzуw pruskich. S.174; Stryjkowski M. T.II. S.89-90.
Dіugosz J. Ks.9. S.241.
Stryjkowski M. T.II. S. 87.
Ibidem. S.92.
Voigt J. Bd.V. S.599.
Idem. Bd.VI. S. 27.
Dіugosz J. Ks.10. S.266.
Voigt J. Bd.VI. S.30.
Stryjkowski M. T.II. S.99.
Dіugosz J. Ks.XI. Warszawa, 1982. S.107-108.
£ojko J.Chor№gwie polskie i litewskie w bitwie pod Grunwaldem // Lituano-Slavica Poznaniensia. Studia Historica. V.III Poznaс, 1989. S.152.
Kuczyсski S. Wielka wojna z Zakonem Krzy¿ackim 1409-1411. Warszawa, 1960. S.241-242; D№browski J. Grunwald // Maіopolskie Studia Historyczne. T.3. Z.1-2 (1961). S.9; Biskup M. Wielka wojna Polski i Litwy z Zakonem Krzy¿ackim (1409-1411) w œwietle najnowszych badaс // Ekspansja niemieckich zakonуw rycеrskich w strefie Baіtyku od XIII do poіowy XVI w. Toruс, 1990. S.174. Для параўнання заўважу, што ў старой расійскай гістарыяграфіі да палкоў, укамплектаваных русінамі, часам адносілі абсалютную большасць Вітаўтавай арміі (Гл.: Барбашев А. Витовт. Последние двадцать лет княжения. С.-Петербург, 1891. С.59).
Voigt J. Geschichte Preussens. Bd.VII. Kцnigsberg, 1836. S.75, заўвага.
SRP. Bd.III. S.314-316, 484, 628; Bd.IV. S.273-274.

* На жаль, М.Ючас піша менавіта так - „lietuviш ir rusш kariai", не праводзячы розніцы паміж вялікарусамі і русінамі ВКЛ.

Генадзь Сагановіч
Крыніца: БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД Том 8 Сшытак 1-2 (14-15)

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: «Русь» у вайне з Нямецкім ордэнам (канец ХIII — пачатак XV ст.)

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.