Повесьці і апавяданьні беларускіх (крывіцкіх) летапісцаў

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Повесьці і апавяданьні беларускіх (крывіцкіх) летапісцаў. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-08
Источник: http://library.by

Беларускія (крывіцкія) летапісцы
Месца паўстаньня беларускага летапісцу, рэдактары й аўтары яго
Повесьці й апавяданьні
Беларускія (крывіцкія) летапісцы

Паводле пары паўстаньня беларускія (крывіцкія) [1] летапісцы дзеляцца на тры вялікія групы: 1) летапісцы, паўсталыя да XIV стагодзьдзя; 2) летапісцы, паўсталыя ад XIV-XVII стаг. ўлучна і 3) летапісцы, паўсталыя ў XVIII стаг.

Мова будзе аб беларускіх летапісцах другое пары, г. зн. напісаных у XIV-XVII стаг. Гэта была пара, калі беларускі народ быў злучыўшыся ў вадным сваім гаспадарстве, ведамым пад назовам Вялікага Княства Літоўскага.
Сьпіскі беларускіх летапісцаў

Беларускія летапісцы захаваліся не асобна кожны, але ў зборніках. Арыгіналы летапісных зборнікаў узноў такі загінулі, а захаваліся сьпіскі - копіі з іх.

Назовы свае сьпіскі дасталі ад асобы ці месца, дзе былі знойдзены ў XIX і XX стаг., або ад месца, дзе яны цяпер ёсьцека. Гэтак, прыкл., сьп. Быхаўцаў у часе знаходу належыў да Аляксандры Быхаўца.

Падамо колькі ведамасьцяў аб сьпісках.

1. Сьпіс Супрасьльскі знойдзены ў 1820 г. ў зборніку Супрасьльскага манастыра (ля Беластоку); напісаў яго ў 1519 г., перапісуючы арыгінал летапіснага зборніка або ранейшую копію, Рыгор Івановіч, паповіч, слуга князя Сямёна Адзінцэвіча. Арыгінал гэтага зборніка складзены быў кім іншым у першай палавіне XV стаг.

2. Сьпіс Увараўскі дахаваўся ў зборніку графа А. Ўварава. У XVI стаг. Ён належыў да князёў Слуцкіх. Сьпісак напісаны ў канцы XV стаг.

3. Сьпіс Нікіфараўскі, паводле традыцыі, быў вывезены із Жыравіцкага манастыра, дахаваўся ён у зборніку Н. Нікіфарава.

4. Сьпіс. Віленскі або Аўраамкаў перад вайною быў у Віленскай публічнай бібліётэццы. Напісаў яго ў 1495 г. Ў Смаленску Аўраамка, асоба духоўная, што відаць із цытатаў яго із Сьв. Пісьма. Ён быў блізкі да япіскапа смаленскага Язэпа Баўгарыновіча, што бачым з гэткае прыпіскі: „У лета 7003 (1495) напісана бысьць сія кніга, глаголемы летапісец, у градзе Смаленсьце, пры дзяржаве вялікага князя Аляксандра, ізваленьням Божыем і павяленьням гаспадзіна ўладыкі япіскапа смаленскага Іосіфа, рукою мнагагрэшнага раба Божыя Аўраамкі”.

5. Сьпіс Патрыяршы напісаны ў канцы XVII стаг. Галоўна каля Воршы й Магілева. Арыгінал зборніка паўстаў у пач. XVII стаг. Часьць Патрыяршага сьпіску складае мясцовы Баркалабаўскі летапісец, абыймаючы час ад 1563-1608 г. І напісаны ў канцы XVI і пач. XVII стаг. Ў Баркалабаве, Быхаўскага пав. Аўтарамі яго былі два прав. Сьвяшчэньнікі: Аляксей Гаўрылавіч Мсьціславец і Хведар Піліповіч Магілевец, каторага прызнаюць так-жа ўкладчыкам усяго гэтага сьпіску (яго арыгіналу).

6. Сьпіс Рачынскага ў беларускім зборніку бібл. Рачынскага ў. Пазнані. Як і ўвесь зборнік, летапісец у XVI стаг. Належыў да Ўніхоўскіх з Наваградзкага пав. Напісаны каця 1580 г.

7. Сьпіс Быхаўцаў дахаваўся напісаны лацінскімі літарамі ў канцы XVI або пачатку XVII стаг. 3 фонэтыкі захаванае копіі відаць, што апошнім перапісавальнікам быў Украінец. Ф. Нарбут надрукаваў гэты сьпісак у сваёй працы „Pomnikiі do dziejow litewskich" (Вільня, 1846). Просьле гэтага сьпісак Быхаўцаў зьгінуў. Праўдзівасьць надрукаванага Нарбутам тэксту пацьвярджаецца шмат якімі мясцамі польскай хронікі Стрыйкоўскага, прыводжанымі ім з беларускіх летапісцаў.

Апрача вышменаваных ёсьць яшчэ гэткія сьпіскі беларускіх летапісцаў: Акадэмічны, Дуброўскага, Румянцаўскі, Красінскага, Археёлёгічны, Яўрэінаўскі, Ціханраваў і Альшэўскі-усяго 15 сьпіскаў. Пры гэтым трэба зацеміць, што сьпісак Альшэўскі захаваўся ў польскім перакладзе. Асобны летапісец (ня зборнік) пад назовам „Origo regis" захаваўся ў перакладзе лацінскім. Захавалася яшчэ сьпіскаў 9 радаводаў „вялікіх князёў літоўскіх".

Ня мала беларускіх летапісных сьпіскаў загінула. Сьведчаць аб гэтым польскія хроністыя Стрыйкоўскі й Бельскі, што карысталіся большай колькасьцяй беларускіх сьпіскаў, чымся мы маем цяперака.

Сьпіскі крывіцкага летапісцу не адразу сталі ведамы навуццы. Знойдзены яны былі ў часе ад 1820 г. да сусьветнае вайны. Апошнім быў знойдзены сьпісак Ціханраваў.

У меру знаходжаньня сьпіскі былі друкаваны, некаторыя па колькі разоў. Аднак выданьні іх мелі мноства заганаў. У 1907 г. выйшла поўнае й добрае выданьне беларускіх летапісцаў. Зрабіла яго Археёграфічная Комісія Пецярбурскай Акадэміі Навук пад рэд. С. Пташыцкага й А. Шахматава. Тут крывіцкія летапісцы XIV-XVII стаг. пад назовам „Западно-русские летописи" склалі XVII том „Полного собрания русских летописей", пазьней перавыданы. У выданьню Археёграфічнае Комісі надрукаваны ўсе сьпіскі крывіцкіх летапісцаў, з выняткам сьпіску Ціханрававага, знойдзенага пазьней; надрукаваны так-жа лацінскі тэкст „Origo regis", „Пахвала Вітаўту" паводле запісу 1428 г. і 9 сьпіскаў радаводаў „вялікіх князёў літоўскіх".

Знойдзены пазьней сьп. Ціханраваў выдаў С. Разанаў у час. „Украінський Науковий Збірник" (Масква, 1915).

Паводле XVII т. „Полн. собр. рус. лет." Вацлаў Ластоўскі перадрукаваў у Коўні 1925 г. сьпісак Рачынскага. Выданьне Ластоўскага з языкаведнага гледзішча не даволі ўважнае, языкаведнікі ім карыстацца ня будуць. Дзеля таго ня было патрэбы заховаваць у перадруку царкоўна-славянскага правапісу, што ў неспэцыялістых прыводзіць да хвалшывага прадстаўленьня аб фонэтыццы стара-беларускага языка.

Рэдакцыі крывіцкіх летапісцаў. Усе вышменаваныя сьпіскі дзеляцца на тры групы: 1) кароткія сьпіскі - Супрасьльскі, Увараўскі, Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі й Дуброўскага; 2) даўжэйшыя або пашыраныя сьпіскі-Красінскага, Патрыяршы, Рачынскага, Яўрэінаўскі, Румянцаўскі, Археёлёгічны, Ціханраваў і 3) адзін найвялікшы сьпісак - Быхаўцаў.

Першая група розьніцца ад абедзьвіх іншых тым, што стаіць у цеснай сувязі із смаленскім летапісаньням і ня мае выдуманай казачнай гісторыі беларускага народу. 3 усіх кароткіх сьпіскаў найпаўнейшыя Супрасьльскі й Увараўскі, прычым гэты старшы, але гэны найтыпічнейшы. Сярод групы пашыраных сьпіскаў найлепшы сьпісак Красінскага.

Сьпіскі першае групы вельмі падобныя адны да адных, яны маюць блізу аднолькавы тэкст; дзеля таго складаюць адну рэдакцьпо беларускіх летапісцаў, пайменна рэдакцыю кароткую.

Пашыраныя сьпіскі ладне розьняцца паміж сабою, але й яны на гэтулькі блізкія, што складаюць адну другую - пашыраную рэдакцыю беларускіх летапісцаў. Пашыраная рэдакцыя паўстала такім спосабам, што ў яе ўвайшоў увесь зьмест рэдакцыі кароткае, але ў хворме часта зьмененай, пераробленай ды дадана казачную гісторьпо крывіцкага народу і гістарычныя весьці з часоў просьле ўлажэньня кароткае рэдакцыі. Ёсьць і некаторыя іншыя розьніцы.

Сьпісак Быхаўцаў ёсьць цяпер адзіным прадстаўніком трэйцяе рэдакцыі беларускіх летапісцаў. Яна была ўкладзена з сьпіскаў кароткае й складанае рэдакцыі, пры чым менаваныя сьпіскі ў трэйцяй рэдакцыі былі компілятыўна ператвораны. Вельмі важным зьявішчам у трэйцяй рэдакцыі ёсьць тое, што летапісны зборнік быў вельмі пашыраны на аснове новага матар'ялу. Дык-жэ характэрнай асаблівасьцяй сьпіску Быхаўцавага ёсьць найпаўнейшае выкарыстаньне матар'ялаў з гісторыі беларускага народу і яго гаспадарства. Дзеля таго трэйцяя рздакцыя завеццарэдакцыяй поўнай.

Кароткая рэдакцыя летапісцу ёсьць адначасна рэдакцыяй найстаршай. Была яна складзена не пазьней 40-ых год XV стаг.

Дзьве другія рэдакцыі шмат пазьнейшыя за першую і бліжшыя адна да аднае. Другая рэдакцыя складзена не пазьней 1550 г., а трэйцяя ў 60-ых гг. XVI стаг.

Сьпіскі ўсіх трох рэдакцыяў прадстаўляюць сабою надзвычайна цікавае й характэрнае зьявішча. Абыймаюць яны 4 стагодзьдзі гісторыі беларускага народу, маюць тры рэдакцыі, у каторыя ўвайшло шмат асобных летапісцаў, пісаных аўтарамі, паходзячымі з розных мясцовасьцяў вялікага беларускага краю, а тым часам адзначаюцца яны вельмі выдзержаным нацыянальным характарам беларускім. Аўтары іх рупяцца аб долі свайго народу, цешацца з яго шчасьця, горача прыймаюць да сэрца ягонае гора, жьгвуць яго тугою й імкненьнямі. Заўсёды прадстаўляюць яны справу беларускую справам сваіх суседзяў, галоўна маскоўскай і польскай. На ўсім працягу беларускага летапісаньня нямашака прыкладу, каб які аўтар летапісцу разьмінуўся з імкненьнямі свайго народу або хоцьбы адносіўся да іх пасыўна. Зырка патрыётычны характар беларускіх летапісцаў - гэта найгалаўнейшая іх характэрная рыса.

3 апісаваных у летапісцах падзеяў і суб'ектыўных адносінаў да іх аўтараў відаць, што існавала ў той час вялікае грамадзянства беларускае, каторае з нацыянальнага боку было моцна арганізаванае душэўна і сьвядомае сваіх нацыянальных патрэбаў.

Праслаўляючы гэроеў свае бацькаўшчыны, аўтары летапісцаў дарогаю ўзьвялічэньня гэроеў узьвялічаюць прадстаўлены імі народ. У гэткім разуменьню бел. летапісцы зусім чыста гаспадарсьцьвеныя [2]. Дык-жэ, бел. летапісцы сьведчаць, што тагачасныя Беларусы (Крывічы) Вялікае Княства Літоўскае ўважалі за гаспадарства сваё собскае, беларускае. Каб ня было іншых довадаў, дык стала-б аднаго гэтага на тое, што Вялікае Княства Літоўскае было гаспадарствам беларускім. Ня можа быць, каб нашыя прэдкі, грамадзяне гэтага гаспадарства, мыліліся ў працягу 4-х вякоў.

Беларусы за Вялікім Княствам Літоўскага самі сябе звалі Ліцьвінамі, а сваё гаспадарства Літвою, а ў такім прыпадку палітычная (гаспадарсьцьвеная) асыміляцыя Беларусаў магла-б быць адно тады, калі-б настала асыміляцыя культурна-нацыянальная.

Але ня можа быць гутаркі аб культурна-нацыянальнай асыміляцыі тагачасных Беларусаў Ліцьвінамі (паводле цяперашняе тэрмінолёгіі), бо даўнейшыя Беларусы ў поўнай меры жылі сваім культурна-нацыянальным жыцьцём. Апрача таго дыспропорцыя паміж культурнай роўняй Ліцьвіноў і Беларусаў была вялізарная і не на карысьць Ліцьвіноў.

Дык Вял. Кн. Літоўскае, уважанае нашымі прэдкамі гаспадарствам сваім, і было запраўды такім - іхнім і нашым, беларускім.

Сваім стылям нашыя летапісцы, ня гледзячы на свой назоў, бліжэй падыходзяць да хронікаў (напару яны й назоў маюць „кройнікі"), бо запісаў па гадох маюць ня.шмат, а часьцей цэлыя апавяданьні. Гэтым беларускія летапісцы розьняцца ад летапісцаў маскоўскіх і ўкраінскіх. Дзеля гэтае свае асаблівасьці бел. летапісцы чытаюцца лёгка. Мова іх чыста беларуская [3], як і ўся ўрадовая й літаратурная мова Вял. Кн. Літоўскага, і адно ў колькіх старшых апавяданьнях ёсьць шмат элемэнтаў мовы царкоўна-славянскае.

Значэньне беларускіх летапісцаў вялізарнае. У стара-беларускай літаратуры гістарычнай яны займаюць такое месца, як Літоўскі Статут у стара-беларускай літаратуры праўнай. У часы беларускай гаспадарсьцьвенасьці нашыя летапісцы былі пашыраны паміж усяе беларускае інтэлігенцыі: духавенства, паноў, рыцарства, мяшчанаў.

Няма дзіва, што такія важныя гістарычньія творы рабілі ўплыў на гістарычныя працы суседніх народаў. Польскія хроністыя - Длугаш, Мехавіта, Бельскі, Стрьшкоўскі - асабліва апошнія два - імі шырака карысталіся. Стрыйкоўскі часта карыстаўся з розных сьпіскаў беларускіх летапісцаў, на'т паўнейшых, як ведамыя нам цяперака. Мы відзелі вышэй, што адзін з сьпіскаў пераклалі Палякі на сваю мову. Мелі ўплыў крывіцкія летапісцы так-жа на ўкраінскае летапісаньне XVII стаг. Затое малы ўплыў нашых летапісцаў на летапісаньне маскоўскае (расейскае).

У навуковай літаратуры беларускія летапісцы ведамы пад колькімі назовамі. Адныя завуць іх беларускімі, прыкл., М. Кастамараў, Карскі, іншыя - заходне-рускімі. Другі назоў чыста штучны, але часта ўжываецца ў расейскай навуццы, асабліва ў вадносінах да беларускае мінуласьці; радзей гэты назоў ужываецца ў літаратуры ўкраінскай.

Часта завуць беларускія летапісцы літоўскімі, бо й рэдактары летапісцаў іх гэтак назвалі. Ад пал. XIV-XVIII стаг. ўлучна назоў „Ліцьвін", „Літва" і г. д. адносіўся наўперад да народу беларускага. Аб гэтым я пісаў у сваім артыкуле „Czas powstania narodow bialoruskiego i litewskiego" (Sprawy narodowsciowe, 1931, № 4-5, бач. 447). Гэтта дадам адно крышачку. Выглядае, што назоў „Ліцьвін", „Літва" і г. д. спачатку адносіўся толькі да невялічкай часьці цяперашняе Літвы (часьці Аўкштоты) [4]. Памалу гэты назоў пашыраецца на суседнія землі беларускія і іншыя часьці Аўкштоты [5], так што ад пал. XIV стаг. абыймае ўжо блізу ўсю Беларусь і Аўкштоту. Жамойць ніколі ў мінуласьці ня звалася Літвою і адно гэты назоў на яе быў пашыраны ў ХГХ і XX стаг. адраджэнскім рухам літоўскім. Значыцца, адначасна Беларусы й Аўкштотцы зваліся Ліцьвінамі, адныя былі Ліцьвіны балтыцкія, другія - славянскія. Дзеля таго, што Беларусы былі ў Вял. Кн. Літоўскім запраўды народам гаспадарсьцьвеным, дык яны засланілі сабою Аўкштотцаў, і назоў „Ліцьвін" і г. д. звычайна адносіўся да Беларусаў. Калі хто хацеў ужыць назоў „Ліцьвін" да Ліцьвіноў балтыцкіх, дык мусіў дадаваць розныя паясьненьні, бо накш яго аднесьлі-б да Беларусаў. Прыкладам, гэтак польскі хроністы М. Бельскі пісаў у XVI стаг.: (Prusom) "jezyka zadny nie rozumie, jedno sami sobie; jam slyszal ich rzech, gdym bywal we Gdansku, bardzo podobna litewskiej, tej Litwy, ktore zowa Kurowie (bardzo trafna i sluszna uwaga! - дадае А. Брыкнэр)... to ci Kurowie jednego narodu ze staremi Prusy sa" [6].

Пашырэньне назову ад народу негаспадарсьцьвенага на народ гаспадарсьцьвены ў гісторыі нярэдка сустракаецца. Гэтак, прыкладам, Немцы, заваяваўшы балтыцкіх Прусаў, самі памалу сталі звацца Прусакамі. У XVI-XVIII стаг., а на'т раней назоў „Прусы", „Прусакі" адносіўся да Немцаў прускіх, хбць у той самы час жылі яшчэ Прусы балтыцкія і таксама гэтак называліся. Значыцца было зусім так, як паміж Беларусамі й Ліцьвінамі.

Дзеля таго што цяперака беларускі народ завуць адно даволі часта Украінцы і просты народ маскоўскі Ліцьвінамі, а іншыя завуць Беларусамі або Крывічамі, дык можна было-б і назоў „Ліцьвін", „літоўскі" і г. д., часта сустраканы ў вапавяданьнях летапісных, замяніць на сучасны назоў беларускага народу. Але, з другога боку, назоў „Літва" і г. д. у вадносінах да Беларусаў у мінуласьці так заўсёды ўжываўся, такім ён там ёсьцека сваім, прыродным, што замяняць яго ў летапісных апавяданьнях назовам сучасным значыла-б рабіць крывавую апэрацыю. Дзеля таго назоў „Літва", „літоўскі" і г. д. пакінены ў ніжэй друкаваных апавяданьнях.
[1] Назвы „Крывіч", „крывіцкі" і г. д. і „Беларус", „беларускі" і г. д. ужываюцца ў тым самым значэньню.
[2] Прыр.: И. Тихомиров. О составе западно-русских так называемых литовских летописей (ЖМНП, 1901, № 3 й 5).
[3] Прыр.: Я. Карскі. О языке т. н. литовских летописей (Варш. Ун. Изв. 1894, №11).
[4] H. Lowmianski. Studia nad poczatkami spoleczenstwa i panstwa litewskiego. Вільня, 1931.
[5] Аўкштота палітоўску значыць „верх", аЖамойць - „ніз". Этымолёгічнае значэньне слова „Літва" няведамае, алеў слове „ліцьвін" суфікс „ін"- беларускі. У літоўскай мове гэтыя назовы маюць крыху накшую хворму - Lietuva (=Літва), lietuvis (=ліцьвін).
[6] A. Brukner. Z dziejow jez. Polskiego, I, бач. 39.

Месца паўстаньня беларускага летапісцу, рэдактары й аўтары яго

Як ужо ведаем, былі тры рэдакцыі беларускіх летапісцаў. Узьнімаецца пытаньне: дзе быў укладзены беларускі летапісны зборнік і хто былі яго ўкладчыкі або рэдактары? Найважней тут будзе даведацца, дзе паўстала першая або старшая (кароткая) рэдакцыя беларускіх летапісцаў. Даведаўшыся гэта, мы тым самым адкажам на пытаньне, дзе паўстаў наагул беларускі летапісец, як зборнік, бо другая яго рэдакцыя была толькі вялікім пашьфэньням першае, а трэйцяя - пашырэньням першае й другое. Але летапісны зборнік быў укладзены з асобных летапісцаў, дык адначасна важна даведацца, дзе й калі яны паўсталі і хто былі іх аўтары.

Старшая рэдакцыя крывіцкага летапісцу складаецца з трох гэтюх часьцяў: 1) компілятыўная часьць „Ізбраньня летапісаньня, ізложана ўкратца", абыймаючая час да 1427 г. ўлучна; 2) арыгінальная часьць „Ізбраньня летапісаньня, ізложана ўкратца", абыймаючая час ад 1430-1446 г.; 3) „Летапісец вялікіх князёў літоўскіх".

1. Компілятыўная часьць летапіснага зборніка старшае рэдакцыі ёсьць компіляцыяй звыш 3-ох летапісных зводаў небеларускіх. У сваім компіляваньню аўтар дзяржаўся самастойна: ён ня толькі компіляваў, але й скарачаў у 10 і балей разоў свае жаролы. Скарачэньне ён рабіў такім спосабам, што, з аднаго боку, падаваў адны факты, выкідаючы прамовы й пад., ды карацей перадаваў зьмест, а, з другога боку, прапушчаў мноства весьцяў чужых, найчасьцей драбных, галоўна ноўгарадзкіх або маскоўскіх. Цікавы яны былі Ноўгарадцу або Маскоўцу, але няцікавы дзеля нацыянальнага летапісаньня беларускага і дзеля таго компілятар іх лягусенька прапушчаў.

Гэтая першая - компілятыўная-часьць летапіснага зборніка складае найстаршы звод, каторага ўкладаньне было скончана ў 1428 г. Найстаршы звод чыста компілятыўны да пал. XIV стаг., а адгэтуль да 1427 г. ўлучна компіляцыя яго толькі часткавая ў перамешку з арыгінальнымі весьцьмі. 3 1411 г. ёсьць шмат весьцяў з адміністрацыйна-царкоўнага жыцьця ў Беларусі, зьвязанага з мітр. Фотыям (Грэкам). Цэнтральнай хвігураю тут ёсьць мітр. Фотый.

Як добра кажа Т. Сушыцкі [7], запісаваць весьці блізу вылучна з царкоўнага жыцьця мог толькі чалавек духоўны ды такі, што падарожнічаў разам із м. Фотыям па Беларусі, бо перадае аб ім і ягоных падарожжах розныя дробязі. У 1420 г. разам із м. Фотыям у яго беларускім падарожжы езьдзіў яп. каломенскі Амброс. Апрача таго ў найстаршым зводзе перадаюцца розныя дробязі (абеды і інш.) із сустрэчы м. Фотыя з вялікім князям маскоўскім. Два менаваныя мамэнты сьхінаюць Сушыцкага да дапушчэньня, што аўтарам найстаршага зводу быў Масквіцін, каломенскі біскуп Амброс.

Але з гэтым нельга згадзіцца. Масквіціну, што зрабіў адно падарожжа па Беларусі, не маглс-б навет прыйсьці ўдум, компілюючы звод, тарнаваць яго да вымаганьняў беларускіх. А калі-б ён навет знаў Беларусаў бліжэй і разьбіраўся ў іхніх патрэбах, дык не патрапіў-бы гэтага зрабіць, выкідаючы весьці ноўгарадзкія й маскоўскія - якраз яму родныя. Праўда, дзіўна, што аўтар компіляванага зводу ведае ўсялякую дробязь із сустрэчаў м. Фотыя з вял. кн. маскоўскім. Але ў XVI стаг. аршанскі вайвода, Філон Кміта-Чарнабыльскі, ня меней ведаў усялякае дробязі із жыцьця маскоўскага князя. Маглі ведаць і Беларусы за Вітаўта, асабліва аб Фотыю, што быў адначасна мітрапалітам беларускім. Весьці гэтыя маглі на'т беспасярэдне паходзіць з двара вял. кн. маскоўскага, жонка каторага, Софія, была дачкою Вітаўтавай. А што да драбязьлівых весьцяў аб Фотыевых падарожжах беларускіх, дык іх яшчэ лягчэй было запісаць Беларусу. Вітаўт, што стараўся аддаліць Фотыя з беларускае мітраполіі, мусіў цікавіцца ягонай дзейнасьцяй і ў часе ягоных падарожжаў па Беларусі (Крывіі) мець пры ім свайго пэўнага чалавека. Весьці аб маскоўскім і крывіцкім жыцьцю м. Фотыя былі сабраны кім-колечы з урадовых дзейнікаў беларускіх, а потым дастаны й выкарыстаны ўкладчыкам Найстаршага зводу 1428 г. Укласьці Найстаршы звод мог толькі Беларус, хоць трудна назваць яго імя.

2. Арыгінальная часьць „Ізбраньня летапісаньня, ізложана ўкратца". Перадам далей пераконуючыя довады Сушыцкага аб паходжаньню далынай часьці старшае рэдакцыі беларускага летапіснага зборніка. Гэтая часьць „Ізбраньня летапісаньня..." накшая, як часьць папярэдняя - компілятыўная. Гэтта маем не кароткія запісы па гадох, але зьвязнае апавяданьне із шырокім выкладам аб падзеях, каторымі аўтар захоплюецца. Выклад тут прагматычна разьвіты, з асаблівай сымпатыяй да Вітаўта, як галоўнае тут хвігуры, на фоне зацікаўленьняў чыста гаспадарсьцьвенымі падзеямі. Зьмест зусярэджаны на дзьвюх цэнтральных хвігурах - кн. Вітаўта й смаленскага япіскапа, пазьней мітрапаліта, Гарасіма ды на смаленскіх падзеях. У гэтай часьці летапісцу памешчана „Пахвала аб вялікім князю Вітаўце" - твор рыторычна-панэгірычны. Аўтарам арыгінальнае часьці „Ізбраньня летапісаньня..." быў бяссумлеву Смаленец. Аб гэтым сьведчыць пераважаючая колькасьць запісаных ім весьцяў, беспасярэдне зьвязаных із Смаленскам і смаленскім япіскапам Гарасімом. Смаленцам гэтым быў „кніжнік" Цімох, асоба духоўная. Ён у 1420 г. быў у Царгорадзе, дзе, сустрэўшыся з ім, япіскап Гарасім даручыў яму скопіяваць твор „Словы Ісаака Сірына". У тым-жа годзе Цімох справіўся з гэтай работай, а ў 1428 г. ў Смаленску перапісаў яе яшчэ ды напісаў чарнапіс „Пахвалы Вітаўту", захаванай у варыгінале дагэтуль. Тэкст „Пахвалы" зыходзіцца з весьцяй у летапісу пад 1430 г. аб скліканьню Вітаўтам розных гаспадароў (каралёў і князёў) дзеля ўчасьця ў задуманым ім каранаваньню. Цімох быў блізкі да япіскапа, пазьней мітрапаліта, Гарасіма, прыяў яму, а па сьмерці шкадаваў яго. Паражку Сьвідрыгайлы Жыгімонтам лічыў караю божай за сьмерць мітрапаліта. „За то Бог не пасабе князю Швітрыгайлу, што зажжэ мітрапаліта Гарасіма", - напісаў ён у летапісцу.

3. „Летапісец вялікіх князёў літоўскіх" складаецца з колькіх асобных апавяданьняў без хронолёгічнае сеткі. Апавяданьне аб ходаньню Кяйстута й Вітаўта з Ягайлам ёсьць скарочаньням твору, паўсталага на аснове мэморыялу Вітаўтавага.

„Повесьць аб Падольлю" паўстала ў канцылярыі вялікіх князёў беларускіх („літоўскіх"), аб чым сьведчаць точныя даныя аб князёх і старастах падольскіх. Таксама ўрадовы характар мае часьць апавяданьня аб тым, „Як Вітаўт стаў вялікім князям", пайменна - пав. Сушыцкага - ад словаў: „Прысла к няму кароль Ягайла пасла", да словаў: „На вясну князь вялікі Вітаўт ідзе й узя зямлю Падольскую". I толькі казаньне: „Тут-жа прыйдзе на помач вялікі князь смаленскі Юры Сьвятаславіч з усімі смаленскімі сіламі і ўдары чалом вялікаму князю Вітаўту" відавочна прыдаў смаленскі рэдактар. Я-б дадаў, што такі самы ўрадовы характар мае й дальшы тэкст аб паходзе Вітаўтавым у зямлю Падольскую. Тут таксама маем шаблённыя й тыповыя выражэньні ўрадовага беларускага языка, як „чалом ударыці" і інш. Усю гэтую ўстаўку ад словаў „Прысла к няму кароль Ягайла пасла" можна назваць апавяданьням „Аб княжэньню Вітаўта".

Апавяданьне „Вайна із Сьвятаславам Смаленскім" выдзяляецца з апавяданьня „Як Вітаўт стаў вялікім князям" тым, што ў гэным із Сьвятаславам ваюе Ськіргайла, а Вітаўт адно яму памагае, а ў гэтым галоўнай асобай ёсьць Вітаўт. Апрача таго яно розьніцца ад суседняга тэксту сваёй у вялікай меры царкоўна-славянскай мовай (хвормы „зьбіраху" і інш.), умела прыведзенымі цытатамі із Сьв. Пісьма і рэлігійным (хрысьцянскім) падыходам аўтара да свае тэмы. Усё менаванае выдзяляе „Вайну із Сьвятаславам Смаленскім" у васобнае суцэльнае апавяданьне [8], збліжае да „Пахвалы Вітаўта" і сьведчыць, што аўтарам яе быў Смаленец Цімох. Але трудна дапусьціць, каб таковыя точнасьці, як „на страсной нядзелі ў пятніцу", „у вялікае гавеньне нача Сьвятаслаў думаці з смаленскімі баяры", паходзілі ад Цімоха, творства каторага дзесяткі год адлучалі ад гэнае вайны (вайна была ў 1386 г.). Відавочна быў іншы Смаленец (бо точнае азначэньне часу датычыць смаленскіх падзеяў), вочнік або й учасьнік вышменаванае вайны, што парабіў аб ёй у XIV стаг. запісы, выкарыстаныя пазьней Цімохам.

„Пахвала аб вялікім князю Вітаўту" і „Вайна із Сьвятаславам Смаленскім" ёсьць літаратурнымі творамі, у каторых аўтар дае волю патосу-у першым захапленьня, у другім абурэньня.

Належнасьцяй іх да краснай літаратуры трэба выясьніць і багаты царкоўна-славянскі элемэнт іхняе мовы.

Твораў краснае літаратуры ў той час было болей пацаркоўна-славянску, як пабеларуску. Даволі ўспомнець толькі Біблію й творы Кірылы Тураўскага, ня кажучы аб шмат іншых. Адгэтуль будзе зразумелы ўплыў царкоўна-славяншчыны на літат ратурныя творы Цімохавы.

Іншая рэч апавяданьне „Як Вітаўт стаў вялікім князям". Гэта звычайны запіс летапісны шырокага апавядальнага характару. Апавяданьне „Як Вітаўт стаў вялікім князям" падае: 1) ведамасьці вялікага значэньня агульна-беларускага - вайна Вітаўта за пасад, прыймо Ягайлам каталіцтва, жаньба яго з Ядвігаю, выхад замуж дачкі Вітаўтавае, Софіі, што мусілі быць цікавы й ведамы ўсім Беларусом, і 2) ведамасьці характару мясцовага. У ўсіх апошніх - мясцовых - ёсьць паведамленьні аб Смаленску і смаленскіх падзеях або князёх. Здарэньні агульныя пераданы ня так точна, як мясцовыя; у першых на'т замест імені караля Людвіка пастаўлена „Казіміра" [9]. Менаванае паказуе, што апавяданьне „Як Вітаўт стаў вялікім князям" мусіла быць напісана ў Смаленску.

Стыль разгляданага апавяданьня падобны да стылю арыгінальнае часьці „Ізбраньня летапісаньня...", напісанага Смаленцам Цімохам. Значыцця ён напісаў і апавяданьне „Як Вітаўт стаў вялікім князям". Ён-жа быў рэдактарам усяе старшае рэдакцыі беларускага зборніка летапіснага.

Паўтару каротка вывады аб месцу паўстаньня старшае рэдакцыі.

Укладчык ці накш рэдактар Смаленец Цімох, асоба духоўная, часьці матар'ялу да летапіснага зборніка сам быў аўтарам, а часьць дастаў гатовую. Сам ён быў аўтарам Смаленскага летапісцу 1430-1446 г., „Пахвалы аб вялікім князю Вітаўту", „Вайны із Сьвятаславам Смаленскім" і апавяданьня „Як Вітаўт стаў вялікім князям". Другой часьці аўтары былі іншыя. Сюды належаць: Найстаршы звод 1428 г., да каторага аднак Цімох дадаў устаўку аб бізантыйскіх падзеях, што дастаў будучы ў Царгорадзе ў 1420 г.; далей мусіў Цімох дастаць із цэнтральных беларускіх урадаў апавяданьне аб „Ходаньню Кяйстута й Вітаўта з Ягайлам", „Повесьць аб Падольлю" і апавяданьне аб „Княжэньню Вітаўта", устаўленае ім у сваё апавяданьне аб тым, „Як Вітаўт стаў вялікім князям".

Укладаньне летапіснага зборніку старшае рэдакцыі было скончана ў 1446 г.

Напасьледак, трэба зацеміць, што старшая рэдакцыя летапіснага зборніка беларускага была ня толькі хундамэнтам яго, але й вялікай ды найхарошшай часьцяй будынку, каторы аставалася далей толькі пашыраць, што й было зроблена рэдакцыяй другой (пашыранай) і трэйцяй (поўнай).
[7] Західно-руські літописи як пам'яткі літератури, ч. I, бач. 117.
[8] Сушыцкі ibid. быццам хістаецца што да асобнасьці апавяданьня аб вайне із Сьвятаславам Смаленскім (як і ў прылучэныно запісу аб паходзе Вітаўтавым на Падольле да ўрадовага паходжаньня апавяданьня „Аб княжэньню Вітаўта" і на бач. 163 лічыць яго часьцяй апавяданьня „Як Вітаўт стаў вялікім князям", а на бач. 321 разглядае яго як апавяданьне асобнае. Драбныя хістаньні ў Сушыцкага трэба выясьніць тым, што другі том ягонае працы выйшаў па сьмерці аўтара, значыцца, чаго аўтар за жыцьця ня ўсьпеў упарадчыць, тое й мусіла быць так выдана.
[9] А ў „Повесьці аб Падольлю" ёсьць другая абмыла, пайменна кажацца, што ў Казіміра Вялікага была адна дачка, калі запраўды былі ў яго дачкі тры. Абмылкі магчыма выясьніць гэтак. Смаленец у польскіх каралёх слаба разьбіраўся. Маючы перад сабою „Повесьць аб Падольлю", дзе казалася аб каралю Казіміру і трох дачках яго, і ведаючы добра, што Ядвіга была адзіначка, ён „паправіў": у „Повесьці" замест трох паставіў адну дачку, а ў сваім апавяданьню замест „ня пэўнага" з чуткаў Людвіка паставіў із дакумэнту - „Повесыці" - Казіміра. Другая папраўка рэдактарава ня была абмылкай, але зьявілася дзеля яго смаленскага паходжаньня. У „Повесыц аб Падольлю" ня кажацца, куды дзяваліся старасты, зьмяняныя на Падольлю, а тымчасам аб адным із іх сказана, што Вітаўт даў „ Дзідзігольду Смаленеск, а пану Даўгірду Падольле". Відавочна гэтае зацемкі ў спачатным тэксьце ня было, як непатрэбнай, дадаў-жа яе рэдактар Смаленец дзеля свайго смалеяскага патрыётызму.

Повесьці й апавяданьні

Беларускія летапісцы маюць ня толькі значэньне гістарычнае-дзеля пазнаньня гісторыі беларускага народу і яго гаспадарства, - але й значэньне літаратурнае. Вялікую літаратурную вартасьць маюць повесьці й апавяданьні, зьмешчаныя ў летапісцах. Яны спачатна йснавалі асобна, але з часам рэдактары летапісных зборнікаў упісалі іх у летапісцы.

Дагэтуль адно адумыслоўцы ўмеюць правільна чытаць беларускія тэксты, напісаныя царкоўна-славянскім правапісам. Дзеля таго ў ніжэй друкаваных тэкстах царкоўна-славянскі правапіс заменены беларускім правапісам сучасным. 3 выняткам „Пахвалы аб вялікім князю Вітаўту", каторай царкоўна-славянізмы заменены словамі й хвормамі беларускімі, мова нідзе ня зьменена.
Перамога Беларусаў над Масквою

Повесьці гэтае ў старшай рэдакцыі беларускага летапіснага зборніку нямашака. Ёсьць яна толькі ў рэдакцыі пашыранай і поўнай. Друкуецца гэтта на першым месцу дзеля таго, што апісуе хронолёгічна ранейшыя Падзеі. Назову повесьці ў летапісцу няма, даны ён аўтарам гэтага артыкулу. Повесьць друкуецца паводле сьп. Яўрэінаўскага й Быхаўцавага. Што ў дужках або абазначанае зоркаю, тое ўзята із сьп. Быхаўцавага.

Сярод апавяданьняў і повесьцяў у нашьш летапісцу повесьць аб „Перамозе Беларусаў над Масквою" - адна з найхарошшых. Выдзяляецца яна сваім стылям народна-поэтычнае сымболікі. Калі маскоўскі пасол абвясьціў Беларусам вайну, падаючы агонь і шаблю, беларускі князь Альгерд „выняў із агніва губку да крэмень, запаліў губку, даў паслу і рэк: "Дай то гаспадару сваяму і скажы яму, што ў нас у Літве агонь ё... я дасьць Бог у няго буду на Вялікдзень і пацалую яго красным яйцом чэраз шчыт суліцаю, а з Божыю помаччу к гораду яго Маскве копіе свае прысланю"". Гэтак шчодра й умела зьмест повесьці прыбраны народнымі сымболямі! Сымболь ваеннае перамогі - „прысланеньня копія" - ужыцьцяўляецца ў Маскве. Багатая повесьць і жывымі прамовамі. Альгерд прамаўляе да маскоўскага пасла, прамаўляе ў Маскве да князя маскоўскага і, напасьледак, ад'яжджаючы з Масквы, кажа вялікім голасам: „Княжа вялікі маскоўскі, памятуй то, што копіе літоўскае стаяла пад Масквою!"

Вялікі князь Альгірд Гідымінавіч* літоўскі [і рускі], іспраўляючы ўрадна гаспадарства свае, [не малы час] гаспадарстваваў у вялікам княстве Літоўскам і* быў у [да]канчаньню [10] і ў добрай прыязьні з вялікім князям Дзімітрыям Іванавічам Маскоўскім. Той-жа князь вялікі Дзімітрай Іванавіч, бяз усякія віны аставіўдаканчалую прыязьнь [11], прыслаў [да вялікага князя Альгерда] пасла сваяго з ызьветам і прыслаў к няму агонь да саблю, даючы* яму ведаці то: „Буду ў зямлі тваей па краснай вясьне і па ціхому лету". I князь вялікі Альгірд выняў із агніва губку да крэмень і запаліў губку, даў паслу і рэк: „Дай то гаспадару сваяму і скажы яму, што ў нас у Літве агонь ё, жэ он* ізьвячаець мне, хоцячы ў маей зямлі* быці па краснай вясьне і па ціхому лету, а [я дасьць Бог] у няго буду на Вялікдзень [а пацалую] яго красным яйцом [чэраз шчыт суліцаю, а з Божаю помаччу к гораду яго] Маскве копіе свае прысланю, бо* ня то воін, [што часу] падобнага ваюець, але* то воін [калі непагода] вайны, над непрыяцелям сваім непрыязьні даводзіць".

I адпусьціўшы пасла, і забраў войска свае літоўскае і рускае, і пашоў із Віцебска проста [ку Маскве]. I на самы Вялікдзень рана князь вялікі з князі і з баляры [ад заўтрыньні йдзець] із цэркві, а князь вялікі Альгірд [за ўсімі сіламі сваімі, распусьціўшы харугві сваі] паказаўся пад Масквою на Паклоннай гарэ.

[Князь вялікі маскоўскі ўпадзе ў страх вялік і ўжасеся, відзячы вялікага князя Альгерда з вялікаю сілаю яго, іж прышоў на няго так моцне а сільне] подле слова сваяго. [I нй могучы яму жаднага адпору ўчыніці і паслаў да няго просячы яго і вялікія дары яму абяцаючы, абы] яго із вотчыны яго з Масквы ня выгнаў і гнеў свой адпусьціў і ўзяў-бы ў няго што хацеў. I князь вялікі Альгірд [зжаліўся і ласку] сваю над нім учыніў [і з Масквы яго не дабываў і мір з нім узяў]. I потам змову* ўчыніўшы, сам князь вялікі маскоўскі* к няму выехаў і з нім відзеўся і дары [многімі - бяшчысьлена золата, серабра, і дарагім жамчугом, і сабольмі, і інным дарагім а дзіўным зьверам махнатым князя] вялікага, князя Альгірда дараваў і шкоду, што он у зямлю яго* йдучы прыняў, то яму заступіў. I потам князь вялікі* Альгірд рэк вялікаму князю маскоўскаму: „Ашча ясьмі з табою і памірыўся, але* мне ся іначай* ня хочаць ані дастоіць, толька* хачу пад горадам тваім Масквою копіе свае прысланіці*, а тую* славу ўчыніці, што вялікі князь літоўскі, і рускі і жамойцкі, Альгерд, копіе свае пад Масквою прысланіў*". I ўседшы сам на конь, і копіе свае ўземшы ў рукі, і прыехаўшы к гораду і копіе свае к [сьцяне прысланіў]. I едучы назад рэк так вялікім голасам*: „Княжа вялікі маскоўскі, памятуй то*, што копіе літоўскае стаяла пад Масквою!"

I потам князь вялікі Альгірд [12] [за ўсімі] войскі сваімі, з вялікаю чэсьцю і [з многім палонам і нявымоўным дабыткам, зваяваўшы] і гарады многія пабраўшы і граніцу ўчыніў па Мажаеск да па Каломну [і за ўсімі людзьмі сваімі ў цэласьці ў сваясі адыдзе].
[10] Даканчаньне - мірная ўмова.
[11] Даканчалая прыязьнь - прыязьнь паводле мірнае ўмовы; прыр. цяперашнія „ўмовы прыязьні".
[12] У друкарні няма літары, адпавядаючай лацінскай g, дзеля таго ў словах, як Альгірд і іншыя падобныя, гук g (лацінская літара) няправільна перадаецца пераз г [зацем Я. С. 1936 г.].

Пахвала аб вялікім князю Вітаўту

Аўтарам „Пахвалы" ёсьць Цімох із Смаленска. Напісаў яе ў 1428 г. як чарнапіс або шкілет, без канчальнага стылістычнага апрацаваньня. Чыстапіс маем у летапісцах; быў ён апрацаваны не пазьней сьмерці Вітаўта, г. зн. 1430 г., бо тон „Пахвалы" сьвяточны, няма ў ім смутку. „Пахвала" ёсьць твор з мастацкага боку закончаны, канчальна прытарнаваны да важных падзеяў 1429-1430 г., калі мела быць каранаваньне Вітаўта. Відавочна, чыстапіс яе паўстаў у 1429 г., калі на зьезьдзе розных гаспадароў у Вітаўта ў Луцку гукалі аб блізкім прыйме Вітаўтам каралеўскае кароны.

„Пахвала" ёсьць твор вылучна літаратурны (а ня маючы заданьня падаваць гістарычныя факты, што аўтар яе падаў асобнаў летапісцу). Аўтар яе, захоплены прыхільнік Вітаўтаў, меў заданьні выказаць магутнасьць беларускага гаспадара. Піша ён не як гісторык, алё як пісьменьнік-мастак. Зьмест „Пахвалы", яе будова, стыль зусім чыста адпавядаюць галоўнаму заданьню гэтага твору. Увесь беларускі летапісец перацяты духам нацыянальнага гэроізму, але найвышшага пункту дасягае гэты тон у „Пахвале". Не дарма яна пасьвячана найвялікшаму побач із Усяславам Полацкім гаспадару Беларусі, што ня гнаўся зачужымі пасадамі, але рупіўся ўмацаваць пасад свае Бацькаўшчыны, абараніць яе поўную сувэрэннасьць. Зразумела, чаму замест фактаў, знаходзім у „Пахвале" пераважна патос.

Пачынаецца „Пахвала" ўурачыстым стылю жыцьцёу сьвятых: „Тайну цараву таіці добра есьць, а дзелы вялікага гаспадара паведаці - добра-ж есьць". Гэта цытата із Сьв. Пісьма. I далей у тэксьце праяўляецца стыль жыцьцёў сьвятых. За аснову да ўшанаваньня дарагога князя аўтар бярэ тэкст із Сьв. Пісьма: „Напісана есьць: "Брацьце, Бога бойцеся, а князя чцеце", так-жа і я хачу вам паведаці аб слаўным гэтым гаспадару", - гэтыя словы, як і іншыя, зырка выяўляюць асобу пісьменьнікаву, што адкрыта выступае, а не хаваецца ў пакоры, як шмат іншых тагачасных.

У поэтычных абразох выказуе аўтар цяжыню свайго заданьня: „Як нельга нікому даведаціся вышыню нябесную й глыбіню морскую, так немагчыма выказаці сілу й адвагу слаўнага гаспадара". У гэтым поэтычным абразе кідаецца ў вочы хворма быліннага творства, ведамая й беларускаму пісьменьніку XII стаг. Кірыле Тураўскаму. Гэтак у вапавяданьню стыль жыцьцёў сьвятых гармонійна лучыцца із стылям народнае поэзіі.

Гэты рыторычна-панэгірычны твор, прыбраны пэрламі пахвальнае рыторыкі, ёсьць найхарошшым прыкладам панэгірычнае літаратуры ў нашых летапісцах. Ён зусім здаваляў мастацкі смак тагачаснае беларускае інтэлігэнцыі.

Тайну цараву таіці добра есьць, а дзелы вялікага гаспадара паведаці-добра-ж есьць. Хачу вам паведаці аб вялікім князю Аляксандру, завемым Вітаўтам, літоўскім, рускім і іншых многіх земль гаспадару. Але напісана есьць: „Брацьце, Бога бойцеся, а князя чцеце!" Так і я хачу вам паведаці аб слаўным гэтым гаспадару. Але немагчыма выказаці ані пяром перадаці дзелы вялікага князя. Як нельга нікому прасачыці вышыню нябесную і глыбіню морскую, так немагчыма выказаці сілу й адвагу гэтага слаўнага гаспадара. Гэты князь вялікі Вітаўт дзяржаў вялікае княжэньне Літоўскае і Рускае і іншыя многія землі, проста раку - усю Рускую зямлю. Ня толькі ўся зямля Руская, але яшчэ гаспадар Вугорскае зямлі, званы цэсарам рымскім, у вялікай любові жыве з ім. Гэты слаўны гаспадар, будучы ў сваім горадзе ў Луцку ў Вялікім, паслаў паслы свае да караля вугорскага, званага цэсарам рымскім, і казаў яму прыехаці к сабе. Той-жа бяз усякае непаслушнасьці прыехаў ік яму із сваею караліцаю і чэсьць вялікую і дары многія падаваў яму, і адгэнуль уцьвярдзілася ў іх вялікая любоў. Як-жа ня дзівіціся із сьці вялікага гаспадара?! Каторыя землі ё на ўсходзе або на заходзе, прыходзячы кланяюцца слаўнаму гаспадару; што ё цэсар над усёю зямлёю, і тый прыйшоўшы пакланіўся слаўнаму гаспадару, вялікаму князю Аляксандру, званаму Вітаўтам. Яшчэ-ж і турэцкі цар чэсьць вялікую і дары многія падаваў слаўнаму гаспадару. Дабраверны й хрысталюбівы цар царыградзкі і тый з ім у вялікай любасьці жыве. Так-жа й Чэскае каралеўства вялікую чэсьць дзяржыць над слаўным гаспадаром. Яшчэ й данскі кароль вялікую чэсьць і дары многія даваў слаўнаму гаспадару, вялікаму князю Вітаўту. Таго-ж часу брат яго Ягайла, дзержачы пасад Кракаўскага каралеўства, па лядзкаму языку званы Уладзіславам, і тый з ім у вялікай любові жыў.

Калі слаўны гаспадар Вітаўт на каторую зямлю гнеўны бываў і каторую зямлю хацеў пакараці, кароль Уладзіслаў заўсёды яму помач даваў, а напару сам яму ходзіць на помач; япгчэ й іншыя вялікія цары ўсходнія служаць яму. Так-жа вялікі князь маскоўскі ў вялікай любові жыве з ім; яшчэ ж і іншыя вялікія князі нямецкія служаць яму з усімі гарады сваімі і землямі, тыя-ж вялікія князі нямецкія па нямецкаму языку-містрове. Яшчэ-ж гаспадары зямлі Малдаўскае й Басарабскае, па валоскаму языку званыя вайводы; так-жа й гаспадар зямлі Баўгарскае, па баўгарскаму языку званы дэспатам. Яшчэ-ж і іншыя вялікія князі: вялікі князь цьверскі, вялікі князь разанскі, вялікі князь Адаеўскі, Вялікі Ноўгарад і Вялікі Пскоў - проста раку: ня знайдзецца ў усім памор'ю ані горад, ані места, каб ня слухалі слаўнага таго гаспадара Вітаўта. Тыя-ж вялікія гаспадары - цары, вялікія князі - і вялікія землі, аб каторых гэтта я пісаў, іншыя ў вялікай любові жывуць із ім, а іншыя крэпка служаць яму, слаўнаму гаспадару, і чэсьць вялікую, і дары многія, і дані прыносяць яму ня толькі кожнага году, але й кожнага дня.

Калі слаўны гаспадар вялікі князь Аляксандра, завемы Вітаўтам, на каторую зямлю бывае гнеўны і каторую зямлю хоча сам пакараці або дужых сваіх вайвод паслаці гдзе ўсхочаць, і катораму гаспадару з тых вялікіх земль загадае к сабе прыйці, яны бяз усякае непаслухмянасьці ўборзе прыходзяць із свае зямлі к яму. А калі якому гаспадару ніяк немагчыма прыйсьці, ён усі сваі войскі пасылае яму на помач і на яго службу.

Гэты вялікі князь Аляксандра, завемы Вітаўт, у вялікай сьці й славе гаспадарстваваў; так-жа й айчына яго, Літоўская зямля, у вялікай сьці была і ўсякім багацьцям напоўнілася і вельмі была людная.

Калі ён быў у вадным із сваіх гарадоў, званым Кіевам, прысылаліся к яму вялікія князі ардынскія, прыходзілі к яму на вялікую службу і прасілі ў яго цара на царства, бо многа ардынскіх вялікіх цароў служылі ў двары яго. Ён-жа даў ім цара Салтана. Тый-жа цар, каторы быў на Ардзе, учуўшы, што слаўны наш гаспадар адступіў свайго слугу на царства, ані ня сьмеў спрацівіціся слаўнаму гаспадару, пакінуў царства і ўцёк. Гэты-ж Салтан, заняўшы Арду, сеў на царства загадам вялікага гаспадара Вітаўта і служыў яму з вялікай баязьняй. I па многім часе іншыя старшыны ардынскія паслалі паслоў сваіх із вялікімі дармі к слаўнаму гаспадару і прасілі ў яго іншага цара. Ён-жа даў ім цара іменям Малога Салтана. Гэты Малы Салтан, сеўшы на царства, ані ня сьмеў ня слухаціся слаўнага гаспадара: гдзе куды яму загадае, ён туды качуе. Па малым часе вялікія князі ардынскія, ня важачыся разгневаці слаўнага гаспадара вялікага князя Вітаўта, каб не з яго рукі паставіці сабе цара, і паслалі паслоў з вялікаю чсьцю і прасілі ў яго цара. Ён-жа даў ім іншага цара іменям Даўлед Бердзія. Як рака, працякаючая пераз усю зямлю, людзей і жывёлу поіць, а сама ня менее, так і слаўны гаспадар - мноства цароў адпушчаў на Арду, а ў яго большала. Гэты Даўлед Бердзій крыху пагаспадарстваваў на Ардзе і адыйшоў проч. А старшыны ардынскія, пачуўшы, што слаўны гаспадар блізка ад Кіева, прыйшлі самі і пакланіліся слаўнаму гаспадару вялікаму князю Вітаўту і дары многія прынесьлі і просяць у яго цара. Ён-жа даў ім цара іменям Махмэта, бо як з мора мноства водаў выходзіць, так і мудрасьць ад гэтага вялікага гаспадара, князя вялікага Вітаўта.

Крыніца: Станкевіч Я. Гістарычныя творы. - Мн.: "Энцыклапедыкс",2003.-776с.

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Повесьці і апавяданьні беларускіх (крывіцкіх) летапісцаў

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.