Тэрыторыя Беларусі у IX - сярэдзіне XIII ст

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ


БЕЛАРУСЬ: новые материалы (2024)

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Тэрыторыя Беларусі у IX - сярэдзіне XIII ст. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь - аэрофотосъемка HIT.BY! Звёздная жизнь


Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-08
Источник: http://library.by

Першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях
Феадальная раздробленасць беларускіх зямель
Барацьба з татарскай і крыжацкай наваламі
Сацыяльна-эканамічнае развіццё
Рэлігія і культура
Першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях

Полацкае княства было першай дзяржавай, якая сфарміравалася на беларускіх землях. Падочас яе ўтварэння вялікая роля належала геаграфічнаму, этнічнаму і сацыяльна-эканамічнаму фактарам.

Паўночнае Прыдзвінне, дзе ў VIII -X стст. ішлі дзяржаваўтваральныя працэсы і фарміравалася ядро Полацкай зямлі, мае шэраг геаграфічных асаблівасцяу. У першую чаргу да іх адносяцца разгалінаваная рачная сетка, вялікая колькасць азёр і хваёвыя лясы. Ворныя землі на месцы гэтых лясоў былі асабліва ўрадлівымі. Акрамя таго, у гэтай зоне значна цяплей і больш вільготна, снежнае покрыва з'яўляецца пазней і, наадварот, на 15 -20 дзён раней, чым на іншых беларускіх землях, сыходзіць снег і на 7 -12 дзён раней пачынаюцца сельскагаспадарчыя работы.

Да з'яўлення ў Прыдзвінні славян-крывічоў тут жылі балцкія плямёны днепра-дзвінскай і банцараўскай культур, якія займалі вялікія прасторы Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі. Гэтыя плямёны пакінулі пасля сябе шматлікія гарадзішчы, курганы, тапанімічныя і гідранімічныя назвы.

Ужо ў VI ст. на Беларусь пранікаюць першыя славяне. Найбольш актыўна яны рассяляюцца ў VII - VIII стст., займаючы вольныя плошчы, пакінутыя балтамі месцы, а часам і выцясняючы апошніх. Пачаўся працэс сумеснага пражывання розных этнасаў і паступовае іх змешванне - асіміляцыя. Крывічы, якія прыйшлі ў Прыдзвінне і Верхняе Падняпроўе, мелі больш высокі ўзровень сацыяльнай арганізацыі - зародкі дзяржаўнасці. Іх культура стала дамінуючай. Крывічы прыгадваюцца ў летапісах пад 856, 862, 907, 944 і 980 гг. Іпацьеўскі летапіс згадвае іх нават пазней - у 1128 г. і называе полацкіх князёў крывіцкімі ў 1140 і 1162 гг. Ужо ў недатаванай частцы летапісу сустракаецца тэрмін "палачане" разам з крывічамі. Гэтым была вылучана тая частка крывічоў (у адрозненне ад пскоўска-ізборскіх і смаленскіх), якія атабарыліся вакол Полацка. Сам Полацк упершьшю згадваецца крыніцамі пад 862 г. Да з'яўлення крывічоў тут існавала гарадзішча днепра-дзвінцаў, якія і далі гораду назву ад ракі Палаты. У IX - X стст. ён уяўляў сабой паселішча масавага тыпу. Плошча ўмацаванага дзяцінца складала каля 1 га, навакольнага горада-падграддзя - каля 7,5 га. У горадзе магло жыць на той час да 1 тыс. чалавек.

У другой палове X ст. летапісы згадваюць першага полацкага князя Рагвалода, які прыйшоў з-за мора, "трымаў, валадарыў і княжыў Полацкую зямлю". Вызначэнне, якое далі летапісцы полацкаму князю, сведчыць аб завяршэнні першага этапа ва ўсталяванні полацкага гаспадарства: з'яўленне межаў, зацвярджэнне палітычнай сістэмы, упарадкаванне ўнутраных гаспадарчых адносін. Працэс утварэння першай полацкай дзяржавы Рагвалода супаў з усталяваннем многіх славянскіх еўрапейскіх гаспадарстваў: чэхаў і мараваў, харватаў і славенцаў, палякаў, а таксама першых дзяржаў у Скандынавіі - Даніі, Швецыі, Нарвегіі. На землях Усходняй Еўропы ўсталяваліся тры моцныя дзяржаўныя цэнтры. Сярод іх акрамя крывіцкага Полацка палянскі Кіеў і славянскі Ноўгарад. Апошні быў пад моцным уплывам скандынаваў.

Каля 970 - 980 гг. да полацкай князёўны Рагнеды - дачкі Рагвалода - пасваталіся два браты: Уладзімір наўгародскі і Яраполк кіеўскі. Рагнеда абрала Яраполка. Абражаны адмоваю Уладзімір робіць напад на Полацк і прымусам бярэ Рагнеду ў жонкі. Пасля ён забівае падманам свайго брата і становіцца валадаром Кіева. На перыяд каля 20 гадоў утвараецца "імперыя Рурыкавічаў" з цэнтрам у Кіеве, якая часам атаясамліваецца з Кіеўскай Руссю. Але гэтае штучнае ўтварэнне не мела надзейных унутраных мацуючых ніцяў і трымалася на даніне, якую выплачвалі Кіеву астатнія землі.

Пасля спробы забіць Уладзіміра полацкая княжна Рагнеда была выслана на Бацькаўшчыну, дзе для яе быў засн'аваны новы горад Ізяслаўль - у гонар сына Ізяслава (сучаснае Заслаўе). Ад Рагнеды Уладзімір меў чатырох сыноў - Ізяслава, Яраслава (Мудрага), Мсціслава (чарнігаўскі князь) і Усевалада (князь уладзіміра-валынскі) і дзвюх дачок - Прадславу (была замужам за чэшскім князем Баляславам III Рудым) і Прэміславу (была замужам за вугорскім прынцам Ласла Сара Лысым). У канцы жыцця Рагнеда пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Памерла ў 1000 г.

Князь Ізяслаў памёр у 1001 г. Ён паклаў пачатак полацкай княжацкай дынастыі. Пераемнікам стаў князь Брачыслаў Ізяславіч (1001 - 1044). Пры ім пачала складвацца другая полацкая дзяржава, росквіт якой прыпаў на сярэдзіну - другую палову XI ст. У часы Брачыслава пашыраюцца межы Полацкай зямлі, у першую чаргу на захад і поўнач. Паўстаюць новыя гарады і сярод іх Брачыслаўль (названы так у гонар князя - сучасны Браслаў) і гарады па сярэднім рэчышчы Дзвіны - Кукейнас, Герсіка (зараз на тэрыторыі Латвіі). Палачане цалкам кантралююць гандлёвы шлях па Дзвіне аж да Варажскага (Балтыйскага) мора, збіраюць даніну з балтыйскіх плямён.

Разам з тым абвастраліся адносіны паміж Полацкам і Ноўгарадам. Гэта было выклікана, верагодна, барацьбой за прыярытэтнае права кантролю над скандынаўска-візантыйскім экспартам-імпартам па шляху "з варагаў у грэкі". Два буйнейшыя адгалінаванні гэтага шляху праходзілі праз Полацк і Ноўгарад. У першай палове XI ст. актыўнасць на гэтым шляху рэзка зменшылася, адпаведна і колькасць тавараў і дабрабыт дзяржаў-саперніц. Да таго ж узніклі тэрытарыяльныя спрэчкі на памежжы, спрэчкі за кантроль над Кіевам. Згодна з крыніцамі, да 1026 г. Брачыслаў полацкі і Яраслаў наўгародскі кіравалі Кіевам праз сваіх намеснікаў. Магчыма, Брачыслаў адзін час быў таксама і князем кіеўскім. Напружанасць адносін паміж суседзямі дапаўнялася традыцыямі звычаёвага права, па якім Ноўгарад быў кроўным ворагам Полацка пасля забойства Рагвалода і зняволення Рагнеды.

У 1021 г. Брачыслаў полацкі нападае на Ноўгарад і захоплівае яго. Тады ж паміж Брачыславам і Яраславам адбылася бітва на р.Судамір. У выніку была заключана мірная дамова паміж князьмі як паміж братамі і Полацкай зямлі вернуты гарады Віцебск і Усвяты. У 1026 г. Яраслаў стаў кіеўскім князем і мірная дамова была парушана. Пасля 1036 г. на тэрыторыі Усходняй Еўропы засталіся толькі два княжацкія радаводы: Яраславічы і Рагвалодавічы. Абодва па жаночай лініі вялі пачатак ад Рагнеды полацкай.

Пасля смерці Брачыслава на яго месца заступіў сын Усяслаў празваны Чарадзеем (каля 1029 - 1101), бо, па паданні, быў народжаны ад чарадзейства. Да 60-х гг. XI ст. уся дзейнасць полацкага князя была скіравана на ўладкаванне сваёй дзяржавы. Да Полацкай зямлі ў XI сг. належаць Віцебск, Заслаўе, Друцк, Браслаў, Менск, Орша, Лагойск, Лукомль і згаданыя вышэй Кукейнас і Герсіка. Растуць плошчы гарадоў, часам нават адбываецца іх перанос на новыя месцы. Уласна Полацк займае ў гэтьга часы больш за 20 га з насельніцтвам 10 - 15 тыс. чалавек. Тут хутка развіваюцца гандаль і рамяство.

Але з 1065 г. аднаўляецца зацятая барацьба з Ноўгарадам і Кіевам. Яна абумоўлена тым, што пасля смерці Яраслава Мудрага ў 1054 г. землі уласна Кіеўскай Русі былі падзелены паміж усімі яго сынамі (іх было сем), але з цягам часу ўлада апынулася ў руках траіх: Ізяслава, Святаслава і Усевалада. Гэтыя браты Яраславічы пачалі прыбіраць да рук землі малодшых князёў - траюрадных пляменнікаў, парушаючы тым самым запавет бацькі. Мелі яны намер захапіць і Полацкую зямлю. У такіх абставінах Полацк выступаў гарантам спадчыннага права і захавання справядлівасці.

У перыяд з 1065 па 1078 г. адбываюцца бітвы паміж Усяславам Чарадзеем і Яраславічамі за Пскоў, Ноўгарад, Менск, Смаленск. У 1067 г. полацкі князь трапляе ў палон і 14 месяцаў сядзіць у кіеўскай турме-порубе разам з двума сынамі. У выніку паўстання кіяўлян 15 верасня 1068 г. ён становіцца вялікім князем кіеўскім, але ў хуткім часе вяртаецца да сябе ў Полацк. Усведамляючы праўду за Усяславам, на яго баку выступаюць такія вядомыя дзеячы XI ст., як кіеўскі ігумен Антоні Пячэрскі і Нікан Летапісец. Апошні раз Усяслаў заступаецца за князёў-выгнаннікаў Барыса смаленскага, Расціслава наўгародскага і Алега чарнігаўскага ў 1078 г. Пасля гэтага аж да смерці ў 1101 г. ён знікае са старонак летапісаў.

Тым часам у канцы XI - пачатку XII ст. адбываюцца знакамітыя з'езды князёў у Любечы, Увецічах, каля Долабскага возера. На з'ездах вырашаецца пытанне аб падзеле зямель Кіеўскай Русі: "Хай кожны трымае вотчыну сваю". Полацкіх князёў на гэтых з'ездах не было.' Яшчэ пры жыцці Усяслаў размеркаваў асобныя княствы Полацкай зямлі паміж шасцю сынамі (Давыдам, Барысам, Глебам, Раманам, Расціславам, Святаславам (Юрыем)). Найбольш буйное княства - Полацкае - дасталася Барысу, Менскае - Глебу. Асабліва актыўную палітыку па ўмацаванні свайго княства праводзіў Глеб менскі. Гэта выклікала незадаволенасць Кіева, бо Менскае княства ў асноўным размяшчалася на этнічных дрыгавіцкіх землях. Частка ж гэтых зямель падпарадкоўвалася Кіеву. Войны Кіева і Менска скончыліся палонам Глеба і яго смерцю, відавочна, прымусовай, у Кіеве ў 1119 г.

Нягледзячы на раздробленасць Полацкай зямлі, якая часам прыводіла да спрэчак і крывавых боек паміж самімі полацка-менскімі князямі Усяславічамі, на Полацкую зямлю звонку паглядалі як на ранейшую цэласную дзяржаву. Роля і аўтарытэт полацкіх валадароў не давалі спакою паўднёва-рускім князям. У 1129 г. кіеўскі князь Мсціслаў, аб'яднаўшы вялікія сілы, напаў на палачан. У выніку ўвесь радавод - князі Расціслаў, Святаслаў, Васіль, Іван, Давыд, былі схоплены і разам з сем'ямі высланы ў Візантьпо. Там яны ў якасці военачальнікаў змагаліся на тэрыторыі Малой Азіі з сарацынамі. Жывымі засталіся Васіль ды Іван, якія ў 1138 - 1139 гт. вярнуліся на радзіму.

У пачатку XII ст. у грамадска-палітычным жыцці Полацкай зямлі пачалі адбывацца вялікія зрухі. Актывізавалася веча - агульны сход гараджан для вырашэння розна-баковых пытанняў. Веча выганяла і запрашала князёў, заключала мірныя дамовы і аб'яўляла войны, рэгулявала адносіны паміж рамеснікамі, заключала гандлёвыя дагаворы. Веча стала таксама і вышэйшай судовай інстанцыяй. Гэта было абумоўлена паглыбленнем і развіццём шматукладнай гаспадаркі ў грамадстве. Феадальны ўклад паступова перамагаў традыцыйную родаплемянную вытворчасць і рабаўладальніцкую эксшгуатацыю. Паступова на першы план выступалі баяры і дружыннікі, якія праз пачатковае права збіраць даніну з дазволу князя падпарадкоўвалі сабе свабодных вытворцаў. Даніна змяняецца феадальнай рэнтай, з'яўляюцца вотчыны і воласці, разбураецца патрыярхальны ўклад, у гарадах ствараюцца першыя цэхавыя арганізацыі па ўзоры "братчын". Паміж "старэйшымі" і "малодшымі" князямі ўсталёўваюцца васалітэтныя (падпарадкаваныя) адносіны. Узрастае актыўнасць царквы як буйнога землеўладальніка. Але гэты час быў менавіта пераходным да феадалізму, бо захоўваліся і вольныя сяляне-абшчыннікі, і вольныя рамеснікі, і рабы - "халопы", "смерды". Рамяство яшчэ не аддзялілася канчаткова ад сельскай гаспадаркі. Разам з тым інтарэсы новых класаў, якія нараджаліся, і старых княжацка-патрыярхальных інстытутаў усё часцей прыходзілі ў супярэчнасць.

У пачатку XIII ст. над Полацкай зямлёй пачала навісаць новая небяспека - на поўначы і захадзе з'явіліся нямецкія рыцары-крыжакі. Пачалася паступовая і настойлівая акупацыя зямель балтаў, якія былі ў саюзніцкіх адносінах з палачанамі ці плацілі ім даніну, і ўласных полацкіх зямель. Ордэн мечаносцаў, які з 1237 г. называўся Лівонскім, узяў пад свой кантроль землі латгалаў і ліваў па ніжнім цячэнні Дзвіны, былі захоплены полацкія гарады Кукейнас (1208) і Герсіка (1209), у 1224 г. імі быў заняты эстонскі горад Тарту (Юр'еу). Крыжацкая пагроза прымушала ісці на ваенны саюз Полацка з Ноўгарадам і Полацка з Літвой. Дачка полацка-віцебскага князя Брачыслава - Параскева стала жонкай Аляксандра Яраславіча наўгародскага (Неўскага) у 1239 г. Але пераможныя бітвы з крыжакамі на р.Нява ў 1240 г. і Чудскім возеры ў 1242 г. карэнным чынам сітуацыю не змянілі. Полацкая зямля паступова губляла сваю магутнасць і былую веліч. У такіх абставінах палачане і пайшлі на саюз з землямі Верхняга Панямоння, сталіцай якіх быў Наваградак, праз запрашэнне на сваё княжанне літоўскіх князёў. У канцы 50 -пачатку 60-х гт. XIII ст. на полацкім княжанні з'яўляецца першы літоўскі князь Таўцівіл. Пачынаецца перыяд існавання Полаччыны ў саюзе з Літвой ў новай дзяржаве - Вялікім Княстве Літоўскім.

Тураўскае княства ўтварылася ў межах рассялення дрыгавічоў - у паўднёвай Беларусі, басейне р.Прыпяць. Сталіца княства - горад Тураў - прыгадваецца пад 980 г., калі на Беларусі з'яўляюцца князі, магчыма, браты - Рагвалод і Тур. Ад апошняга, як паведамляе летапіс, "тураўцы празваліся". Першая звестка і падзеі 988 г., калі былі вызначаны межы Тураўскай зямлі, сведчаць аб тым, што Тураўшчына з самага пачатку развівалася як самастойная дзяржаўная адзінка з усімі адпавядаючымі гэтай пабудове інстытутамі. Галоўнай складанасцю ў фарміраванні гэтай дзяржавы было тое, што яна займала не ўсю этнічную тэрыторыю дрыгавічоў, а толькі землі левага берага Прыпяці з гарадамі Туравам, Слуцкам, пазней - Бярэсцем. На поўначы землі вакол Менска належалі Полацкай дзяржаве, на поўдні і ўсходзе - Брагінская вобласць - Кіеўскаму княству, Рэчыцкая - Чарнігаўскаму, на захадзе частка зямель была ва ўладанні ўладзіміра-валынскіх князёў. Разам з тым гістарычныя крыніцы дазваляюць меркаваць, што да канца X ст. у Тураве кіравала ўласная дынастыя князёў, чый радавод быў спынены падчас утварэння "імперыі Уладзіміра Святаславіча".

У 988 г. Уладзімір кіеўскі выдзеліў Тураўскую зямлю свайму трэцяму сыну Святаполку. Гэта сведчыць аб вялікай значнасці і ролі Тураўскага княства. Акрамя таго, Святаполк быў сынам Уладзіміра Святаславіча ад грачанкі - былой жонкі Яраполка. Як паведамляе летапіс, калі Уладзімір забіў свайго брата Яраполка, грачанка была ўжо цяжарнай. Верагодна, Святаполк не быў упэўнены ў бацькоўстве Уладзіміра, што праявілася ў далейшым у яго імкненні да незалежнасці Тураўшчыны ад Кіева. Ён зрабіў гэту спробу яшчэ ў 1012 г. пры жыцці Уладзіміра, узяўшы напярэдадні шлюб з дачкой польскага караля Баляслава Харобрага і запрасіўшы да сябе каталіцкага епіскапа Рэйнберна. Менавіта апошнім, можна меркаваць, выклікана такое страшэннае непрыняцце асобы Святаполка кіеўскімі летапісцамі.

Аднак у барацьбе Святаполка за самостойнасць Тураўскай зямлі былі падставы геапалітычнага плана. Справа ў тым, што Тураўшчына знаходзілася ў выгадным геаграфічным становішчы. Яна ляжала на шляху з Полынчы ў Кіеў. Акрамя таго, праз Тураў праходзіла адно з адгалінаванняў знакамітага шляху "з вараг у грэкі". Да таго ж тут былі надзвычай ураджайныя і багатыя ворныя землі.

Пасля смерці Уладзіміра Святаславіча ў 1015 г. менавіта Святаполк тураўскі становіцца кіеўскім князем, але пакідае за сабой і Тураўскую зямлю. 3 гэтым не пагадзіўся Яраслаў Мудры і распачаў супраць Святаполка вайну. Пасля бітвы на р.Альце ў 1019 г. па дарозе ў Польшчу Святаполк гіне.

Напрыканцы свайго жыцця Яраслаў Мудры - князь кіеўскі - аддаў Тураўшчыну свайму сыну Ізяславу. Верагодна, гэта адбылося да смерці вялікага князя ў 1054 г. і сведчыць пра ўстойлівасць дзяржаўна-княжацкай традыцыі ў Тураве, таксама як і пра пастаянства тэрыторыі гэтай дзяржавы. Пасля смерці Яраслава Ізяслаў становіцца вялікім князем кіеўскім, але пакідае за сабой і Тураў. Два сыны Ізяслава - Яраполк і Святаполк - трымалі за сабой Тураў. Але ў 1113 г. са смерцю Святаполка ўлада Ізясла-вічаў у Тураве скончылася і сталіца разам з княствам перайшла да роду Манамахавічаў. Яны трымалі княства ў якасці дадатку да сваіх асноўных уладанняў - Кіева, Пераяслаўя і іншых зямель. Але гэта было права сілы, а не вынік прыналежнасці Тураўскай зямлі да Кіеўшчыны.

У сярэдзіне XII ст. паміж паўднёварускімі князямі адбывалася зацятая барацьба за валоданне Кіевам. Разам з Кіевам з рук у рукі пераходзіў і Тураў - то да суздальскіх, то да валынскіх князёў. Але ў 50-я гг. XII ст. на тураўскім троне апынуўся князь Юрый Яраславіч, які вярнуў зямлю ва ўладанне дынастыі Ізяславічаў. 3 гэтым не жадалі мірыцца кіеўскія князі. Аб'яднаўшыся ў 1158 г., яны зрабілі паход на Тураў, каб адабраць яго ў Юрыя. Відавочна, што Юрый Яраславіч быў не толькі ўдалым военачальнікам, але і карыстаўся павагай тураўцаў, іх поўнай падтрымкай. Ён клапаціўся ў першую чаргу пра жыхароў зямлі, разглядаючы княства як сваю законную спадчыну. Толькі гэтым і моцнай фартыфікацыяй горада можна растлумачыць, што дзесяцідзённая аблога была паспяхова вытрымана. Таксама бьгў адбіты напад на Тураў валынскіх князёў у 1160 г. На гэты раз варожыя войскі прастаялі пад сценамі горада тры тыдні.

Праз цяжкую барацьбу Тураўскае княства аднавіла сваю самастойнасць і незалежнасць. На Тураўшчыне аднавілася самастойная княжацкая дынастыя - неабходная ўмова дзяржаўнага існавання. У наступныя дзесяцігоддзі зямлёй кіруюць сыны Юрыя: Святаполк, Іван, Глеб, Яраслаў, Яраполк. Былі ў Юрыя і дзве дачкі - Ганна і Малфрыд. У гэты час Тураўская зямля падзялілася на ўдзельныя княствы: Тураўскае, Пінскае, Клецкае, Слуцкае, Дубровіцкае. У кожным з іх кіравалі сыны Юрыя Яраславіча. Аднак некаторыя землі трапілі ў залежнасць ад кіеўскіх і галіцка-валынскіх князёў. Але, нягледзячы на ўдзельную раздробленасць, можна меркаваць, што Тураўская зямля і ў XII ст. успрымалася цэласнай дзяржаўна-палітычнай адзінкай. У летапісах згадваюцца "з Турава Святаполчычы" (1204) і "князі Тураўскія" (1274). Маецда на ўвазе дынастыя Святаполка Юр'евіча і ўвогуле ўсе ўнукі Юрыя Яраславіча. Тураў паранейшаму разглядаецца як цэнтр усёй дзяржавы.

Сярод гарадоў Тураўскага княства найбуйнейшымі былі Пінск і Бярэсце, меншымі - Кобрын, Камянец, Драгічын, Бельск, Мельнік, Мазыр, Рагачоў, Брагін. У крыніцах XII - XIII стст. досыць часта згадваюцца першыя два. Недалёка ад Бярэсця прайшлі мангола-татары і на навакольных палях было "многа пабітых". Аб зруйнаванні самога горада звестак няма. З'яўляючыся пагранічнымі, гарады часта адбівалі напады польскіх і літоўскіх дружын. Разам з галіцка-валынскімі князямі тураўцы і пінчукі хадзілі паходамі на Літву (1251 - 1252, 1275). Але неўзабаве, у канцы XIII - пачатку XIV ст., Тураўская зямля была цалкам далучана да Вялікага Княства Літоўскага. Адбылося гэта падчас праўлення Віценя і Гедыміна.

Феадальная раздробленасць беларускіх зямель

У XII - першай палове XIII ст. Полацкая, Тураўская землі і іншыя дзяржаўныя ўтварэнні на Беларусі перажывалі этап феадальнай раздробленасці. Гэта быў заканамерны і прагрэсіўны крок на шляху станаўлення і далейшага развіцця беларускай дзяржаўнасці. Аналагічныя працэсы адбываліся паўсюдна ў Еўропе. У Італіі, Францыі і Нямеччыне ў гэты час утвараліся самастойныя каралеўствы, дзе ўлада належала феадальным сеньёрам. Асобна ўзвышаліся гарады-полісы з зародкамі алігархічна-дэмакратычнага кіравання. Сярод славянскіх зямель толькі Балгарыя і Сербія ў канцы XII ст. дзякуючы нацыянальна-вызваленчай барацьбе з Візантыяй ішлі да кансалідацыі зямель. Астатнія -Харватыя, Чэхія, Польшча, Венгрыя - распадаліся на асобныя княствы, землі. Усюды паступова узмацняўся слой буйных феадалаў. Велікашы ў Харватыі, шляхта ў Чэхіі, можнаўладцы ў Польшчы пачыналі лічыць караля альбо вялікага князя толькі "першым сярод роуных". Самастойнае развіццё зямель і княстваў спрыяла росту гарадоў і ўнутраных рынкаў.

Аналагічныя працэсы адбываліся і на Беларусі. Полацкая зямля ў пачатку ХП ст - была падзелена паміж сынамі Усяслава Чарадзея. Узніклі асобныя княствы з цэнтрамі ў Менску, Друцку, Віцебску, Лагойску, Заслаўі, Вільні, Кукейносе, Герсіке і інш.Полацк па-ранейшаму лічыўся "старэйшым" горадам. Ён хутчэй духоуна, а не палітычна заставаўся носьбітам ідэі адзінадзяржаўя. Натуральна, што княствы падзяляліся не толькі па абшарах, але і па магутнасці, ступені незалежнасці. На першае месца ў пачатку XII ст. пачало вылучацца Менскае княства - зямля, дзе кіраваў Глеб Усяславіч. Гэты князь уступіў ў зацятую барацьбу з Уладзімірам Манамахам за самастойнасць паўночных дрыгавіцкіх зямель, імкнуўся падпарадкаваць сабе земгалаў. Менскае княства хутка набірае моц. У 1104 г. Глеб паспяхова адбівае напад кааліцыі паўднёварускіх князёў: войска Святаполка Ізяславіча на чале з ваяводам Пуцятаю Вышацічам, войска Яраполка, сына Уладзіміра Манамаха,' і Алега Святаславіча. Да гэтага паходу далучыўся і полацкі князь Давыд Усяславіч. Глеб менскі памірыўся са Святаполкам кіеўскім і больш за 10 гадоў умацоуваў сваю "отчыну". Яго ўлада распаўсюдзілася аж да Дняпра - Друцкага княства і верхняга Нёмана. Але пасля ўвакняжання ў Кіеве Уладзіміра Манамаха (1103) адносіны Глеба з паўднёварускімі князямі пагаршаюцца. У 1116 г. ён нападае на Слуцк. У адказ Манамах з сынамі ідзе паходам на Менск, па дарозе займае Оршу і Копысь. У сакавіку таго ж года Менск быў узяты ў аблогу. Убачыўшы перавагу праціўніка, Глеб здаўся. Яму ва ўладанне быў пакінуты толькі Менск. Але няўрымслівы князь не мог пагадзіцца са стратай сваіх зямель.У 1117 г. разам з палачанамі ён нападае на смаленскія і навагародскія землі, чым выклікае паўторны паход сына Манамаха Мсціслава на Менск. На гэты раз Глеб быў узяты ў палон і вывезены ў Кіеў, дзе ў 1119 г. памірае, хутчэй за ўсё ад атруты. Да смерці ў 1125 г. Уладзімір Манамах імкнуўся навязваць сваю волю полацкім удзельным князям. Але як толькі ён памёр, палачане адмовіліся падпарадкоўвацца яго сыну Мсціславу. Тым самым яны выклікалі вялікі паход кааліцыі паўднёварускіх князёў "на крывічы" ў 1128 г. 3 дзевяці розных кірункаў уварваліся варожыя войскі, нападаючы на Заслаўе, Лагойск, Барысаў, Друцк і Некалач. У выніку ў палон былі захоплены полацкія князі Усяславічы і разам з сынамі высланы ў Візантыю.

У сярэдзіне XII ст. паўсюдна ўзмацнілася роля веча ў кіраванні гарадамі і княствамі. Яскравы прыклад: у 1158 г. палачане выганяюць князя Расціслава Глебавіча і садзяць на прастол Рагвалода Барысавіча, а ў 1161 г. бяруць за князя-Усяслава Васількавіча. Пры нестабільнасці знешнепалітычнай абстаноўкі веча станавілася гарантам абароны інтарэсаў жыхароў пэўнага горада і княства. Разам з тым веча выступала следствам паглыблення вытворчых адносін у гарадах. Менавіта XII-XIII стст. самыя багатыя на розныя праявы матэрыяльнай, побытавай культуры. Аб актыўным развіцці рамяства і гандлю сведчаць шматгадовыя археалагічныя раскопкі беларускіх гарадоў. У другой палове XII ст. з'яўляецца большасць помнікаў мураванага дойлідства часоў развітога сярэднявечча. У гэты час узнікаюць прататыпы будучых цэхавых рамесных арганізацый XV-XVI стст. Рамеснікі, гандляры, баяры-землеўладальнікі, кроўна зацікаўленыя ў развіцці свайго народа ці княства, бяруць у рукі ўладу праз веча. Не застаецца ў баку і царква, якая па колькасці нлжачых ёй матэрыяльных каштоўнасцяў і зямель паступова вылучаецца на адно з першых месцаў.

Канец XII - пачатак XIII ст. вызначаліся пранікненнем ва ўсходнюю Прыбалтыку рыцараў-крыжакоў. 3 часоў заснавання Рыгі ў 1201 г. пачаўся перыяд змагання полацкіх княстваў за самастойнасць і ўплыў у ніжнім цячэнні Заходняй Дзвіны. Няўзгодненасць дзеянняў, міжусобная барацьба прыводзілі да знікнення саміх княстваў, як здарылася з Кукейносам і Герсікай.

Раздробленасць перажывалі і іншыя беларускія землі. Тураўская зямля, якая стала самастойнай пры Юрыі Яраславічы, падзялілася на ўдзельныя княствы: Тураўскае, Пінскае, Клецкае, Слуцкае і інш. У гэтых княствах сядзелі нашчадкі Юрыя. Сярод іншых вылучаецца Пінскае княства, дзе ў канцы XII ст. сядзяць князі Яраслаў і Яраполк, а ў 1204 г. прыгадваецца князь Уладзімір. Паступова княствы Тураўскай зямлі падпадаюць пад уплыў Кіева і Галіцка-Валынскай Русі. У 1228 г. пінскі князь Расціслаў скардзіцца на паланенне сваіх сыноў у Чартарыйску, а ў 1229 г. Уладзімір пінскі абараняе Бярэсце ад яцвягаў, пакуль Данііл Галіцкі з Васількам Раманавічам хадзіў на дапамогу Конраду Мазавецкаму. Саюзам з галічанамі карысталіся пінскія князі ў барацьбе з Літвой, бо ў саміх сіл на гэта не хапала. Так, дапамаглі абараніць Пінск ад Літвы Данііл з Васількам у 1246 і 1247 гг. У гэты час княствам кіраваў Міхаіл Расціславіч. У 1275 г. тураўскія і пінскія князі разам з іншымі хадзілі на Літву на Тройдэна. Цікава, што шырокавядомы Іпацьеўскі летапіс завяршаецца артыкулам 1292 г., дзе апавядаецца пра смерць пінскага князя Юрыя Уладзіміравіча, які быў пакорлівым і справядлівым: "і плакала па яму княгіня, і сыны яго, і брат яго, Дзямід-князь, і ўсе людзі плакалі за ім плачам вялікім".

У Тураўскім княстве меліся ўнікальныя асаблівасці грамадска-палітычнага ладу. Пад 1146 г. той жа Іпацьеўскі летапіс апавядае аб наяўнасці ў горадзе і князя і пасадніка. Кіеўскі князь Ізяслаў Мсціславіч, захапіўшы Тураў, вывеў адтуль епіскапа Іаакіма і пасадніка Жыраслава Іванкавіча. Апошні, верагодна, быў сынам тураўскага тысяцкага Іванкі. Абодва належалі да вядомага баярскага роду. Унікальнасць з'явы ў тым, што адначасова князь і пасаднік існавалі акрамя Турава толькі ў Ноўгарадзе Вялікім.

Разам з Полацкім і Тураўскім княствамі ў XII ст. актыўную ролю пачалі адыгрываць Гарадзенскае і Наваградскае княствы.

Гарадзенскае княства, верагодна, зарадзілася ў XI ст. Пад 1116 г. летапісы апавядаюць, што князь гарадзенскі Усевалад Давыдавіч узяў шлюб з дачкой Уладзіміра Манамаха Агафіяй. Гэты шлюб - сведчанне значнай ролі Гарадзенскага княства ў палітычных адносінах Усходняй Еўропы. Княства да сярэдзіны XIII ст. праводзіла яўную пракіеўскую палітыку. Князь Усевалад у 1128 г. прымаў удзел у паходзе на Полацк, пасля разам з кіеўскімі князямі ў 1132 г. - на Літву. Яго сыны Барыс і Глеб у 1144 г. разам з кіеўлянамі ідуць на Галіцка-Валынскае княства, удзельнічаюць у барацьбе за Кіеў на баку Ізяслава Мсціславіча ў 1150 і 1151 гг. Потым гарадзенскія князі ў 1174 г. падтрымліваюць Андрэя Багалюбскага. Неаднойчы гарадзенскія дружыны разам з іншымі хадзілі паходамі на полаўцаў. Так, у 1183 г. Мсціслаў Усеваладавіч гарадзенскі разам з Яраславам Юр'евічам пінскім і Глебам Юр'евічам дубровенскім, іншымі князямі на чале са Святаславам Усеваладавічам кіеўскім разбілі палавецкага хана Канчака на р.Эрэлі. Пад тым жа годам летапіс паведамляе, што ў Гародні быў пажар і згарэла ад маланкі каменная царква. Археолагам вядомы яшчэ дзве царквы гэтага часу ў Гародні, што сведчыць аб значнасці горада ў Беларускім Панямонні. Пачынаючы з 40-х гг. XIII ст. Гарадзенскае княства ўваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага.

Другім буйным беларускім княствам у Верхнім Панямонні было Наваградскае княства. У 1235 г. упершыню прыгадваецца наваградскі князь Ізяслаў, а ў 1252 г. тут адбываецца каранацыя князя Міндоўга. У наступным годзе ў летапісе прыгадваецца"зямля Новагародская", што сведчыць пра існаванне самастойнага княства. Гэта княства мела выгаднае геапалітычнае становішча і таму стала цэнтрам, вакол якога з цягам часу аб'ядноўваліся многія беларускія землі.

Акрамя вышэйзгаданых самастойнымі дзяржаўна-палітычнымі ўтварэннямі былі Слонімскае і Ваўкавыскае княствы, вядомыя з 1252 г.

Час феадальнай раздробленасці на Беларусі быў заканамерным этапам пераходу ад пачатковай дзяржаўнасці Полацкай і Тураўскай зямель да больш высокага ўзроўню кансалідацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Барацьба з татарскай і крыжацкай наваламі

XIII ст.- час не столькі пераломны, колькі адметны ў развіцці дзяржаўных і палітычных структур Усходняй Еўропы. Ён вызначаўся тым, што на долю ўсходнееўра-пейскіх народаў выпалі сур'ёзныя выпрабаванні пад пагрозай страты сваёй незалежнасці.

Калі ў асіміляваных славянамі балтыйскіх, вугра-фінскіх і скіфа-сармацкіх народаў Еўропы працэс разлажэння рода-племяннога ладу да XII ст. ужо даўно закончыўся, у выніку чаго склаліся самастойныя феадальныя дзяржавы, то ў народаў Цзнтральнай Азіі ў XII ст. ён толькі набіраў сілу. Па вызначэнні гісторыка Л.Гумілёва, у азіяцкіх народаў адбываўся "пасіянарны выбух" (перыяд нечакана моцнага ўнутранага развіцця). Вынікам гэтага на пачатку XII ст. у манголаў утварылася вялікая дзяржава на чале з Чынгіз-Ханам. Не маючы ўнутраных механізмаў сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства, дзяржава мангола-татар магла існаваць толькі пры ўмове экстэнсіўнага пашырэння сваіх межаў, экспансіі і прысваення вынікаў працы іншых народаў. 3 гэтай мэтай манголы стварылі жорсткую таталітарную сістэму дзяржаўнага кіравання, якая была заснавана на войску. Пачаўся іх актыўны націск на Захад. У 1219 г. орды манголаў знішчаюць старажытнейшую сярэднеазіяцкую дзяржаву Харэзмшахаў. Сцёрты з твару зямлі гарады Бухара, Самарканд, Ургенч, Мерв. У 1222 -1223 гг. манголы прайшлі вогненнай віхурай праз Іран, Закаўказзе, трапілі ў Прычарнаморскія стэпы, разбілі плямёны полаўцаў і 31 траўня 1223 г. упершыню сустрэліся са славянскімі паўднёварускімі дружынамі. Вядомая бітва на р.Калка стала прадцечай цэлай эпохі ў жыцці ўсходнеславянскіх зямель. У гэтай бітве разам з іншымі загінуў і князь Юрый нясвіжскі (праўда, некаторыя гісторыкі лічаць гэтыя летапісныя звесткі памылковымі). У 1237 г. тумены хана Батыя падышлі да Разанскага княства, каб пакласці пачатак агульнавядомаму мангола-татарскаму ігу. Першая хваля мангольскай навалы закранула паўднёвую Беларусь. Па археалагічных звестках, яны напалі на Гомель і захапілі гарадскі пасад, разрабавалі Мазыр і Тураў. Летапіс паведамляе, што галіцкі князь Даніла ў 1240 г. не мог пад'ехаць да Брэста "ради смрада великого убиенных множества в поле лежащих". Верагодна, тут адбылася вялікая бітва, у якой загінула многа мангола-татар, бо хрысціяне сваіх нябожчыкаў пасля боек заўсёды хавалі. Паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, той іх часткі, якая лічыцца легендарнай, вялікі князь Міндоўг разграміў каля горада Крутагор'я войскі хана Койдана. 3 таго часу мястэчка пачало называцца Койданава (сучасны Дзяржынск). Але набегі татарскіх туменаў на беларускія землі былі эпізадычнымі. У 1258 г. хан Бурундай разам з Васількаю Раманавічам уладзіміра-валынскім напаў на Нальшаны (паўночны захад Беларусі). Паўтараліся напады ў 1259, 1275 і 1287 гг. У гэтых паходах мангола-татары, як заўсёды, рабавалі маёмасць, зводзілі людзей у палон, каб прадаць пасля на нявольніцкіх рынках. Але накласці пастаянную даніну, усталяваць пастаянную ўладу і кіраванне праз выдачу мясцовым князям "ярлыкоў", як ім гэта ўдалося зрабіць у рускіх землях, на Беларусі татары не змаглі. Бо тут, у адрозненне ад паўднёва-рускіх земляў, дзе шматлікія княствы перажывалі час феадальнай раздробленасці і заняпаду, у 1230 - 1240 гг. утварылася маладая цэнтралізаваная дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае. Яно аб'яднала літоўскія і полацкія землі.

Полацкая зямля была адзіным княствам-дзяржавай, якое не зведала мангола-татарскага нашэсця. Але не меншая небяспека пагражала Полацку з паўночнага захаду.

Калі заваяванне манголамі Усходняй Еўропы было, так бы мовіць, "варварскім", з прымяненнем звычайнай сілы пры амаль поўнай адсутнасці якіх бы то ні было палітычных сродкаў, то паўночная небяспека з боку нямецкіх крыжацкіх ордэнаў была хітра замаскіравана місіянерскай дзейнасцю. Першыя нямецкія місіянеры з'явіліся ў Прыбалтыцы ў канцы XII ст. У 1186 г. полацкі князь Уладзімір (Вальдэмар, паводле заходніх хронік) дазволіў немцу Мейнарду весці хрысціянізатарскую дзейнасць сярод падуладных Полацку ліваў. Але язычнікі-балты не надта імкнуліся пад духоўную ўладу папы рымскага і наступнага прапаведніка, Бартольда, забілі ў 1198 г. Дарэчы, гэта быў амаль звычайны лёс для большасці першых хрысціянскіх прапаведнікаў, пачынаючы з Апосталаў Хрыстовых. Але ў даным выпадку курыя была зацікаўлена не толькі і не столькі ў выратаванні "аблудных" душ, колькі ў далучэнні да сваёй улады новых зямель і атрыманні з іх новых прыбыткаў.

3 гэтай мэтай у 1201 г. пры біскупе Альберце (зноў-такі з дазволу полацкага князя) была пабудавана крэпасць Рыга (этымалогія гэтай назвы ад беларускага слова "рыгво" - вусце ракі). Тут жа ў 1202 г. быў утвораны ордэн мечаносцаў. Гэта быў першы, пакуль не ваенны, удар па Полацку. Бо яго галоўная жыццядзейная гандлёвая артэрыя, якая звязала дзяржаву з усёй Заходняй Еўропаю, - Дзвіна - была перакрыта. А ордэн ствараўся з дакладна акрэсленай мэтай: хрысціянізацыя і заваёва Ніжнядзвінскіх полацкіх зямель.

Першая адкрытая сутычка Полацка з крыжакамі адбылася неўзабаве - у 1203 г., калі Уладзімір полацкі асадзіў замак Ікскюль (Ікесколу) непадалёку ад Рыгі. Полацкі князь зразумеў, нарэшце, сваю памылку і таму месца нападу было выбрана невыпадкова. Менавіта гэты замак разам з першай лацінскай царквой быў закладзены з дазволу Уладзіміра Мейнардам. Паход быў няўдалым, палачане былі вымушаны адступіць, лівы ж пачалі плаціць даніну не Полацку, а немцам. Зразумела, што далейшага мірнага суіснавання ордэна і Полацкай дзяржавы быць не магло.

Паміж Полацкам і Рыгай знаходзілася некалькі невялікіх падначаленых Полацку княстваў, якія выконвалі ролю славянскіх фарпостаў па рэчышчы Дзвіны. Цэнтрамі гэтых княстваў былі гарады Кукенойс і Герсіка. Каб падабрацца бліжэй да Полацка, крыжакі накіравалі дзейнасць супраць гэтых маленькіх княстваў. У 1205 г. вялікі атрад лацінскіх рыцараў-вандроўнікаў пасяліўся ўсяго ў трох мілях ад Кукенойса. Небяспека станавілася ўсё больш яўнай. Але на адкрытую канфрантацыю з Рыгай кукейноскі князь Вячка (Вячаслаў) адважыўся не адразу, бо ваенныя сілы былі яўна няроўныя. У 1205 і 1207 гт. Вячка заключае з ордэнскім біскупам мірныя пагадненні, нетрываласць і часовасць якіх была зразумела абодвум бакам. Згодна з пагадненнямі Вячка губляў частку падначаленай яму тэрыторыі і ўласную незалежнасць. Пастаянныя сутычкі з асобнымі рыцарскімі атрадамі прывялі нават да таго, што ў Кукейносе пасяліліся нямецкія рыцары. Сам Вячка аднойчы трапіў да іх у палон, але па загаду біскупа быў адпушчаны. Мірыцца са станам біскупскага васала Вячка не жадаў, але і ўтрымаць пад сваёй уладай княства таксама не мог. У 1207 г. ён адважыўся на рашучы крок - перабіў са сваёй дружынай немцаў, спаліу Кукейнос і пайшоў, як апавядае "Хроніка Ліваніі", у "Русію' Горад і княства цалкам перайшлі ў рукі крыжакоў. Пасля Кукейноса памкненні Ордэна былі накіраваны на Герсіке. У 1209 г., сабраўшы магутнае войска, біскуп Альберт нападае на гэты горад, рабуе і спальвае яго. Князь Герсіке Усевалад быў вымушаны ісці на паклон да Альберта і ўсталяваць з ім мір на ўмовах лацінян. Гэта мірнае пагадненне фактычна цалкам падначальвала князя-палачаніна і яго невялікае княства крыжакам.

Тым часам пранікненне крыжакоў у глыбіню балтыйскіх і полацкіх зямель працягвалася. У 1216 г. эсты звярнуліся да полацкага князя Уладзіміра з прапановай сабраць вялікае войска і аб'яднанымі сіламі выступіць супраць ордэна. Уладзімір згадзіўся і разаслаў сваіх людзей збіраць войска ў "Русію" і "Летонію". Але ў той момант, калі ўсё было падрыхтавана да паходу, Уладзімір, падняўшыся на карабель, раптоўна памёр. Як слушна лічаць, ён быў атручаны крыжакамі. Паход не адбыўся. Пранікненне ж крыжакоў на ўсход працягвалася.

У 20-я гг. XIII ст. крыжацкая навала навісла непасрэдна над землямі эстаў, за якімі стаялі на чарзе Пскоў і Ноўгарад. На наступны год пасля бітвы на Калцы, скарыстаушы выгадную палітычную сітуацыю, біскуп Альберт нападае на горад Юр'еў. У Юр'еве тым часам правіў ўжо вядомы нам Вячка. Пасля доўгай аблогі з выкарыстаннем падкопаў, драўляных асадных вежаў, сродкаў падпалу Юр'еў быў узяты. Вячка, а разам з ім і эсцкі князь Мяэлс загінулі.

Менавіта ў гэты час Ноўгарад і Пскоў у поўнай ступені зразумелі небяспеку, якая насоўвалася на іх. Полацкая зямля была значна аслаблена і, нягледзячы на тое, што не пускала крыжакоў далей на поўдзень славянскіх зямель, дзе з'явіліся мангола-татары, не магла больш у адзіночку супрацьстаяць рыцарам з крыжом. У гэтыя гады наўгародскі князь Яраслау робіць свае першыя паходы супраць лацінян. Але і ягоных сіл было недастаткова. Наспяваюць умовы для стварэння антыкрыжацкай кааліцыі, якая і была фактычна аформлена шлюбам наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча (будучага Неўскага) з полацкай князёўнай, дачкой князя Брачыслава.

У бітве 15 ліпеня 1240 г. на Няве разам з ноўгарадцамі прымалі ўдзел і палачане. Лоўчы князя Аляксандра Якаў Палачанін праявіў асаблівую мужнасць: біўся з невялікім атрадам супраць цэлага палка, за што заслужыў пахвалу ад князя. 5 красавіка 1242 г. полацкія дружыны разам з наўгародцамі зноў разбіваюць крыжакоў на Чудскім возеры.

Тым часам у выніку мангольскіх паходаў 40-50-х гг. практычна ўся Усходняя Еўропа была падначалена ім. Тумены хана Бурундая дайшлі да Віслы. Вольнымі заставаліся толькі княствы-дзяржавы на Беларусі і Ноўгарад, ды і то апошні на чале з князем Аляксандрам быу вымушаны плаціць манголам даніну. Акрамя таго, у 30-я гг. XIII ст. у Прусіі пачаў уладкоўвацца яшчэ адзін крыжацкі ордэн - тэутонаў, які пад ударамі туркаў-сельджукаў быў вымушаны пакінуць Малую Азію. Пачынаўся новы "наступ на ўсход" праз прусау, яцьвягаў, ліваў на Навагародскую і Віленскую землі, на маладое гаспадарства - Вялікае Княства Літоўскае.

Палітыку полацкай дынастыі Рагвалодавічаў працягвалі літоўскія князі, якія ўсталяваліся ў Полацку і Навагародку. Разам з Аляксандрам Неўскім, Яраславам цвярскім у 1262 г. хадзіў паходам на Дзерпт супраць крыжакоў полацка-літоўскі князь Таўцівіл, пляменнік Міндоўга. У 1267 - 1269 гг. пскоўскі князь Даўмонт - родзіч Міндоўга і Таўцівіла - неаднойчы перамагае ордэн у бітвах.

Такім чынам, толькі кааліцыя ўсіх сіл паўночнай часткі Усходняй Еўропы дала магчымасць не без пераменнага поспеху адстаяць незалежнасць не толькі Полацкага і Наўгародскага княстваў, але і ўсіх іншых усходнеславянскіх зямель. Гэтыя вольныя астраўкі ў моры разрабаваных і спаленых манголамі гарадоу і вёсак сталі падмуркамі кансалідацыі і адраджэння славянскіх княстваў. Беларускія землі, не зведаўшыя ўсіх жахаў мангольскага пагрому, адстаяўшыя ў цяжкай барацьбе з крыжакамі сваю незалежнасць, пайшлі сваім, толькі ім характэрным шляхам з да новай дзяржаўнасці - Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё

Характар эканамічнага жыцця беларускіх зямель ранне-феадальнага часу ў асноўным вызначала сельская гаспадарка. Гэта пацвярджаюць як археалагічныя, так і пісьмовыя крыніцы. Асноўныя прылады апрацоўкі глебы - шмат- і двухзубыя сохі. Такімі сохамі можна было толькі ўзрыхляць зямлю. Сохі з прыстасаваннем для адкідвання скібаў увайшлі ва ўжытак у больш позні час, прыблізна ў XIV - XV стст. Сеялі ўручную, баранавалі драўлянай бараной. Пры рабоце на агародах ужывалася матыка з жалезнай акоўкай, так званым "рыльцам", і драўляная лапатка з жалезнай рабочай часткай. Гэтыя прылады адлюстраваны ў старажытных мініяцюрах, а жалезныя наканечнікі матык і акоўкі лапат знойдзены пры археалагічных раскопках.

Найболыл распаўсюджанымі збожжавымі культурамі былі проса, жыта і пшаніца, а таксама авёс, ячмень. Збожжа жалі жалезнымі сярпамі. Зерне малацілі на таку драўлянымі цапамі, ачышчалі пры дапамозе драўляных лапат і рашот і захоўвалі ў свірнах. Зерне размолвалі на ручных каменных жорнах, а крупы абдзіралі ў драўляных ступах. У Менску, напрыклад, былі знойдзены драўляныя ручныя і складаныя нажныя- ступы. Адна нажная ступа раскапана ў пласце XII ст., другая - XIII ст. Нажная ступа складалася з масіўнай драўлянай плахі з адтулінай для засыпання зерня з аднаго боку і ўмацаванага рычага з другога. У рычаг на ўзроўні адтулін у плаху устаўляўся драўляны таўкач, які прыводзіўся ў рух шляхам перамяшчэння цяжару цела працуючага з адной нагі на другую.

Як сельскае, так і гарадское насельніцтва старажытнай Беларусі займалася агародніцтвам. Акрамя бабовых шырока былі распаўсюджаны агуркі, капуста, морква, рэпа і цыбуля. Трэба адзначыць, што бабы, знойдзеныя ў пластах XI - XII стст. у Менску, з'яўляюцца самай ранняй знаходкай гэтай культуры не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе.

Старажытная Беларусь добра ведала садоўніцтва. Як пісьмовыя, так і археалагічныя матэрыялы зафіксавалі развядзенне яблынь, груш, вішань, сліў і інш. Костачкі вішні выяўлены ў Менску і Полацку, а ў Гродні - вішні і слівы. На Менскім замчышчы акрамя костачак вішні выяўлена кучка абвугленых пладоў грушы.

Важнай галіной сельскай гаспадаркі старажытнабеларускіх паселішчаў з'яўлялася жывёлагадоўля. Яе развіццё мела вялікае значэнне для пашырэння на Беларусі папаравай сістэмы земляробства, пры якой у лясных раёнах глебы патрабавалі сістэматычнага ўгнойвання.

3 развіццём земляробства паляванне, рыбалоўства, бортніцтва страчвалі ранейшае значэнне і ўсё больш набывалі характар падсобных заняткаў. Нездарма ў курганах IX - XII стст. слядоў палявання амаль не сустракаецца. Даніна, якую плацілі радзімічы па адной шкурцы з "дыма" (двара), таксама сведчыць аб мізэрных памерах паляўнічага промыслу.

Рост прадукцыйных сіл у земляробстве суправаджаўся развіццём хатніх промыслаў і выдзяленнем рамяства. Многія сельскія рамеснікі, якія добра асвоілі адно якое-небудзь рамяство, выходзілі з сельскай абшчыны і сяліліся ў такіх мясцінах, дзе быў большы попыт на іх вырабы. Так узнікалі гарады, у якіх канцэнтравалася рамеснае і гандлёвае насельніцтва, якое ў той ці іншай ступені было адарвана ад земляробства і забяспечвала сваімі вырабамі ўжо не асобную абшчыну, а больш шырокую тэрыторыю.

3 IX па XIV ст. пісьмовыя крыніцы называюць больш за 50 пасяленняў гарадскога тыпу на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэта Полацк (862), Тураў (980), Бярэсце (1019), Віцебск (1021) і інш., але археалагічныя матэрыялы сведчаць, што большасць з гэтых населеных пунктаў з'явілася задоўга да таго, як пра іх паведамілі летапісы.

Працэс узнікнення старажытных гарадоў складаны і разнастайны. Можна меркаваць, што Полацк бярэ свой пачатак ад умацаванага паселішча крывічоў, культурныя слаі якога датуюцца VIII - IX стст. Аднак у аснове большасці беларускіх гарадоў былі княжацкія і феадальныя замкі. Так былі заснаваны Заслаўе (988), Браслаў (1065), Друцк (1078), Гародня (1127) і інш. 3 пачаткам феадальнай раздробленасці з'яўляюцца гарады-крэпасці асобных княстваў. Такой крэпасцю быў Менскі замак - важнейшы фарпост Полацкай зямлі на яе паўднёвых рубяжах, пабудаваны ў другой палове XI ст. у сутоцы Нямігі і Свіслачы (упершыню Менск упамінаецца ў 1067 г.). Замак меў магутны земляны вал вышынёй 8 - 10 м, драўляныя крапасныя сцены, вежы, вароты. Замак быў складаным архітэктурным комплексам з разнастайнымі, пераважна драўлянымі, пабудовамі, саборным храмам, некалькімі вуліцамі. За сценамі Менскага замка сфарміраваўся рамесніцкі пасад (вакольны горад) з гандлёвай плошчай. Доўгі час замак быў палітычным, ваенным і культурным цэнтрам, рэзідэнцыяй князёў, пазней намеснікаў, да XVI ст. меў ваеннае значэнне.

Гарады з'яўляліся не толькі цэнтрамі рамеснай вытворчасці (ужо ў IX - X стст. у іх налічвалася звыш 40 спецыяльнасцяў: кавалі, збройнікі, ювеліры, бондары, ткачы, шаўцы і інш.), але і гандлю, як унутранага, так і знешняга. У XII - XIII стст., відаць, склаўся абмен на ўнутраным рынку ў сувязі з аддзяленнем горада ад вёскі, што не магло не выклікаць абмену паміж імі. Але гэты працэс толькі пачынаўся, таму што, паводле летапісаў, значная частка гарадскіх жыхароў яшчэ "делала нивы своя", гэта значыць займалася земляробствам.

Развіваўся і знешні гандаль, а таксама гандаль паміж асобнымі землямі і княствамі. Напрыклад, у XII ст. у Ноўгарад сістэматычна прыязджалі полацкія купцы, якія, як і смаленскія, павінны былі плаціць "по две гривны кун от берковъска вощанаго". Гэта плата была больш высокая, чым тая, якую плацілі мясцовыя купцы - жыхары Ноўгарада і Ноўгарадскай зямлі. Гэтым, трэба думаць, ліквідавалася канкурэнцыя. Шмат тавараў (жыта, пшаніца, агародніна, віна, прыправы) дастаўляліся ў Ноўгарад праз Полацк і Віцебск транзітам. Вядомы выпадкі, калі наўмысная іх затрымка ставіла Ноўгарад у цяжкае становішча: у 1141 г", напрыклад, на працягу дзевяці месяцаў "ни жито к ним не идще ни откуда же"; у 1167 г. "съложишася на Новьгородь Андреи съ смолняны и съ полоцяны, и пути заяша, и сълы изъимаша новгродъския вьсти, вестн не дадите Кыеву".

Значным гандлёвым цэнтрам быў і старажытны Менск. Шлях па р.Свіслач, Бярэзіна і Днепр звязваў яго з Кіевам. 3 паўночнага захаду блізка да горада падыходзілі прытокі Віліі, якая ўпадала ў Нёман. Са шматлікімі гарадамі Менск злучалі сухапутныя дарогі. Невыпадкова тут у час раскопак пластоў XI - XIV стст. былі знойдзены ўпрыгажэнні з бурштыну, што здабываўся на берагах Балтыкі, прасліцы з ружовага шыферу, вытворчасць якіх была сканцэнтравана ў ваколіцах Оўруча на Валыні, а таксама розныя вырабы кіеўскіх майстроў: флаконы і кубкі, шкляныя бранзалеты, пярсцёнкі, абломкі царкоўнага звана, некаторыя прадметы ўзбраення і інш.

Купцы з беларускіх зямель падтрымлівалі шырокія гандлёвыя сувязі не толькі з суседнімі, але і з больш далёкімі краінамі. Праз Русь праходзіў, як вядома, вялікі водны шлях "з вараг у грэкі" (Балтыйскае мора - Нява - Ладажскае возера - Волхаў - возера Ільмень - Ловаць - Днепр - Чорнае мора). Вядомы арабскі географ XI ст. Ібн Хордадбег пісаў: "Русы - купцы, - а яны са славянскіх плямён, прыбываюць з вельмі далёкіх абласцей Склаба (краіны славян) да Румскага мора, а таксама да Хазарскай сталіцы Іціль, да Багдада і тут прадаюць скуры бабра, чорнай лісіцы, а таксама мячы". На Русь прывозіліся дарагія самацветы, прадметы раскошы, перац, лаўровы ліст, фарбы і інш.

3 узнікненнем прыватнай уласнаці на зямлю на тэрыторыі Беларусі ўмацоўвалася і пашыралася феадальнае землеўладанне. Гэты працэс бьгў звязаны з захопамі пануючым класам абшчыннай зямлі. Сяляне-абшчыннікі (смерды) пазбаўляліся зямлі і ператвараліся ў залежных ад феадала людзей. 3 цягам часу феадальнае землеўладанне стала пануючай формай зямельнай уласнасці на Беларусі. Уласнікамі зямлі з'яўляліся князі, баяры, царква. Першьга звесткі аб княжацкіх уладаннях на Беларусі адносяцца да X ст. Летапіс паведамляе, што дачцы полацкага князя Рагвалода і жонцы вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Рагаедзе належаў "горад" (замак) Ізяслаўль (сучаснае Заслаўе). Акадэмік Б.Д.Грэкаў называе яго першым феадальным уладаннем ва Усходняй Еўропе. У дакументах XI ст. сярод "валасцей" тураўскага князя Яраполка названа Невельская вобласць на Прыпяці (каля Пінска). У сярэдзіне XII ст. менскі князь Глеб завяшчаў сваёй жонцы пяць "вёсак з чэляддзю". У 1128 г. упамінаецца "сяльцо", што каля Полацка, якое належала мясцоваму епіскапу Ільі. Грамата князя Расціслава 1136 г. сведчыць, што княжацкае і царкоўнае землеўладанне існавала і ў Смаленскім княстве, у склад якога ўваходзіла ўсходняя частка беларускіх зямель.

3 цягам часу феадальная ўласнасць на зямлю пашыралася: сёламі валодалі як князі, так і баяры і княжацкія дружыннікі, якія, паводле Наўгародскага летапісу, перасталі харчавацца "воюя другія страны", а пачалі збіраць "много имения" і абкладваць насельніцтва сваёй зямлі цяжкімі "вирами" і "продажами", гэта значыць штрафамі. На працягу XI - XIII стст. на Беларусі развівалася не толькі свецкае, але і царкоўнае землеўладанне. Росту царкоўных уладанняў садзейнічала, па-першае, іх неадчужальнасць, а па-другое, тое, што яны ў адрозненне ад княжацкіх і баярскіх уладанняў не раздрабляліся на часткі, паколькі ў спадчыну не перадаваліся.

Сяляне-абшчыннікі траплялі ў феадальную залежнасць рознымі шляхамі. Значная частка сялян бяднела ад уплаты цяжкіх княжацкіх данін, ад частых войнаў, у час якіх іх гаспадарка рабілася аб'ектам рабаўніцтва. Збяднялі сялян таксама судовыя штрафы і "кормы", якія яны павінны былі даваць прадстаўнікам вялікакняжацкай улады на месцах. Абрабаваныя сяляне-абшчыннікі, трапляючы ў кабалу, трацілі свабоду і зямлю. У некаторых выпадках сяляне-абшчыннікі, ратуючыся ад штодзённага гвалту і ўціску з боку многіх феадалаў, самі вымушаны былі аддаваць сябе пад уладу аднаго з іх. Персідскі гісторык Гардзізі паведамляў, што "многія славяне прыходзяць да русаў і служаць ім, каб службай здабыць сабе бяспеку". Відаць, смерды, паступаючы на службу да феадалаў, імкнуліся "здабыць сабе бяспеку" ад памкненняў на іх асобу іншых феадалаў. У выніку абшчынныя сялянскія землі пераходзілі да феадалаў, а землі, якія не былі імі захоплены, станавіліся ўласнасцю дзяржавы.

Не толькі сяляне-абшчыннікі, але і жыхары гарадоў траплялі ў феадальную залежнасць і выконвалі на карысць землеўладальнікаў розныя павіннасці. Так, сярод рамесных вырабаў, якія археолагі знаходзяць у час раскопак, нярэдка сустракаюцца клеймаваныя прадметы. На гарадзішчы ў Ваўкавыску, напрыклад, былі знойдзены цагліны з княжацкімі і царкоўнымі клеймамі. Значыць, адна частка рамеснікаў працавала на князя, другая - на царкву.

Сялянскі надзел і гаспадарка, якая на ім вялася, былі крыніцай для атрымання феадаламі і феадальнай дзяржавай прыбавачнага прадукту. На карысць дзяржавы сяляне плацілі перш за ўсё даніну - розныя футры (сабаліныя, гарнастаевыя, пясцовыя, куніцавыя, бабровыя), а таксама мёд, воск і іншыя прадукты лясной гаспадаркі. Трэба падкрэсліць, што раней гэту даніну збіралі варагі: "Имяху дань верязи изъ заморья на чюди и на словенах, и на мери и на всехь кривичех", - запісаў летапісец пад 859 г. На радзімічаў варажская даніна не распаўсюджвалася: там яе 'козари имяху". Плата даніны была звязана з такімі павіннасцямі, як палюддзе, павоз і інш. Палюддзем называліся паборы, якія дадаткова браліся з насельніцтва пры зборы даніны, павозам- павіннасць, звязаная з дастаўкай даніны ў пэўныя месцы.

Даніна збіралася з насельніцтва шляхам перыядычнага аб'езду князем і яго дружынай падуладных яму зямель. Пра тое, як гэта адбывалася, сведчыць сучаснік вялікага кіеўскага князя Ігара візантыйскі імператар Канстанцін Багранародны:"... Вобраз жыцця гэтых самых русаў такі. Калі наступае лістапад месяц, князі іх адразу ж выходзяць з усімі русамі з Кіева і накіроўваюцца ў палюддзе, г.зн. кругавы аб'езд і менавіта ў славянскія землі: драўлян, дрыгавічоў, севяран і астатніх славян, якія плацяць даніну русам. Харчуючыся так на працягу ўсёй зімы, яны ў красавіку месяцы, калі растае лёд на рацэ Дняпры, зноў вяртаюцца ў Кіеў". Памеры даніны не былі вызначаны, што вяло да злоўжыванняў. Нечарговы ваяж Ігара да драўлян скончыўся для яго трагічна. У 945 г. яго забілі паўстаўшыя драўляне. У 984 г. радзімічы адмовіліся плаціць даніну кіеўскаму князю, але былі разбіты на р.Пяшчана каля Прапойска (сучасны Слаўгарад) ваяводам вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча Воўчым Хвастом, пасля чаго зноу былі вымушаны плаціць даніну.

Далейшае развіццё феадальных адносін павялічвала сацыяльную процілегласць паміж нізамі і пануючым класам, абвастрала супярэчнасці ўнутры тагачаснага грамадства. "Руская праўда", напрыклад, у старажытнай сваёй частцы вызначала штраф (віру) за забойства "огнншаннна" і "княжа тнвуна" у 80 грыўнаў, а за забойства смерда, радовіча і халопа - 5 грыўнаў. Штрафы за забойства феадала былі, такім чынам, у 16 разоў большыя, чым за забойства простага селяніна. Рэзкае проціпастаўленне свабоднага чалавека несвабоднаму можна знайсці і ў іншых дакументах. Напрыклад, у дагаворы Смаленска, Віцебска і Полацка (1229 г.) сказана, што забойства свабоднага чалавека аплачваецца ў 10 фыўнаў серабра, а забойства халопа - у 1 грыўну.

Аўтар - А.П. Ігнаценка

Рэлігія і культура

У цеснай сувязі з дзяржаваўтваральнымі працэсамі на Беларусі ў IX - XIII стст. ішло развіццё культуры. Найбольш яскравым праяўленнем гэтага боку грамадскага жыцця стала прыняцце і распаўсюджванне хрысціянства.

Першыя славянскія супольнасці, якія рассяліліся на Беларусі - крывічы, дрыгавічы і радзімічы, - вызнавалі язычніцкую рэлігію. Гэта збліжала іх з аўтахтонным насельніцтвам - балтамі і, верагодна, стала адной з прычын з'яўлення прадзяржаўных утварэнняў з поліэтнічным насельніцтвам - Полацкага і Тураўскага княстваў.

Сапраўды, прынцыповай розніцы паміж язычнікамі ва ўсім свеце не існуе. Усе яны пакланяліся і пакланяюцца праявам навакольнага асяроддзя - сонцу, месяцу, агню, вадзе і інш. У нашых продкаў яны атаясамліваліся з багамі: Сварогам, Сварожычам, Жыжалем, Макошай (Цёцяй), Перуном і інш.

Аднак на мяжы Старога і Новага часу паўсюдна монатэістычныя вераванні паступова змяняюць язычніцкія. Сярод іх найбольш магутным было хрысціянства. Еўропа перажыла два этапы хрысціянізацыі. Першы пачынаецца з узнікнення хрысціянства да VII -VIII стст., калі была ахрышчана Рымска-Візантыйская імперыя, імперыя франкау і брытанскія каралеўствы. На другім этапе - IX - X стст. - Хрыстову веру прынялі славянскія дзяржавы і Скандынавія. Паусюдна прыняцце хрысціянства супадала з утварэннем самастойных монаэтнічных дзяржаў.

На Беларусь хрысціянства пачало пранікаць у IX ст. Ужо ў X ст. ісландская епіскапская "Сага аб хрышчэнні" распавядае аб місіянеры Торвальдзе па прозвішчы Вандроўнік, які, прайшоўшы паломніцкі шлях у Палесціну, вярнуўся да сябе на радзіму праз Полаччыну. У Полацку, паводле звестак, ён заснаваў манастыр у гонар Іаана Прадцечы, дзе памёр і быў пахаваны. Пісьмовыя крыніцы XV ст. сапраўды фіксуюць у Полацку такі манастыр. Можна спадзявацца, што ў хуткім часе будуць знойдзены і яго археалагічныя рэшткі. е выключана і тое, што да часу афіцыйнага прыняцця новай рэлігіі з верай былі знаёмы і Рагвалод, і Рагнеда. Інакш цяжка вытлумачыць пастрыжэнне Рагнеды ў манашкі пад імем Анастасіі і заснаванне ёю манастыра ў Заслаўі. Прыхільна ставіўся да хрысціянства сын Рагнеды - князь Ізяслаў. Летапісы згадваюць яго як першага князя-кніжніка, які "любіў і шанаваў манашы чын".

Прамых звестак пра хрышчэнне Беларусі няма. Такія падзеі, як у Кіеве і Ноугарадзе (знішчэнне язычніцкіх багоў, прымусовае прывядзенне кіеўлян на Дняпро і крывавая бойка ў Ноўгарадзе), абмінулі нашы землі. Магчыма, гэтаму спрыяла тое, што беларускія князі праводзілі самастойную палітыку не толькі ў дзяржаўнай, але і ў духоўнай сферы. Ёсць меркаванне, што першыя епіскапы былі дасланы ў Кіеў, Ноўгарад і Полацк з балгарскай Ахрыдскай аўтакефальнай царквы. Яна была праваслаўнага кірунку ў статусе патрыярхату і роўнай візантыйскай Канстанцінопальскай царкве.

Ужо ў канцы IX ст. у Полацку была пабудавана першая царква ў імя Багародзіцы, якая прыгадваецца летапісамі пад 1007 і 1158 гг. У гэтую царкву ў XI ст. былі перанесены мошчы невядомых святых, што сведчыць аб наяўнасці ранніх мясцовых культур і самастойнасці полацкай царквы. У сярэдзіне XI ст. быў пабудаваны вялікі саборны храм - Сафія. Па духу і ўнутраным змесце ён паўтарыў храмы ў Ахрыдзе, Канстанцінопалі. Полацкая Сафія была сястрой і ў пэўнай ступені саперніцай аналагічных храмаў у Кіеве і Ноўгарадзе. Як і там, яна з'яўлялася яскравым увасабленнем ідэі магутнасці, адзінства і непадуладнасці. Псторыя захавала імёны першых беларускіх муляроў - Давыда, Таўма, Мікулы і Капесы.

Ад першых храмаў у Полацку пачала развівацца сталая дойлідская традыцыя на Беларусі, якая мела шэраг адметных рыс. Перш за ўсё яна вызначалася незвычайнай узнёсласцю і стромкасцю цэркваў. Многія пабудовы менавіта полацкай дойлідскай школы мелі падоўжаны ў плане аб'ём па лініі захад - усход і змешчанасць на захад падкупальнай прасторы. У XII ст. у самім Полацку было восем храмаў, акрамя Сафіі і Багародзіцы, тры царквы ў Гародні, па одной у Віцебску, Менску, Наваградку, Ваўкавыску, Тураве і Пінску. Нельга забываць таксама этнічна і гістарычна звязаны з Беларуссю Смаленск, дзе ў гэты час было сем храмаў. Сярод дойлідаў XII ст. вядома імя Іаана, які кіраваў узвядзеннем царквы ў гонар Спаса Праабражэння Ефрасіннеўскага манастыра.

Разам з храмавым дойлідствам з'явілася хрысціянскае выяўленчае мастацтва. Жывапісцы распісвалі па сырой тынкоўцы сцены сабораў, пісалі абразы. Полацкую Спаскую царкву распісаў мастак Кузьма з памочнікамі. Імя яго жонкі - Кузьміная - захавалася сярод надпісаў на адной са сцен гэтага храма.

Надзвычай рана на Беларусі з'явілася пісьменнасць. Першым датаваным надпісам на ўсёй тэрыторыі Усходняй Еўропы з'яўляецца надпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава. Імя князя перададзена так званымі кірылічнымі літарамі, але ў грэчаскім гучанні - "Ізяславос" і ў гэтым няма нічога дзіўнага. Справа ў тым, што знакаміты балгарскі асветнік Юрыла Салунскі прыдумаў азбуку-глаголіцу ў 60-я гг. IX ст., якая зусім не падобная на існуючую. Яго вучні, у тым ліку архіепіскап Ахрыдскі Клімент, адаптавалі сучасныя ім грэчаскія літары пад славянскую фанетыку. У гэтым выглядзе і трапілі да нас з Балгарыі першыя перакладныя кнігі і кніжнае пісьмо. Першыя бытавыя надпісы таксама з'явіліся на этнічных крывіцкіх землях. Падчас раскопак курганоў пад Смаленскам знойдзены вялікі гаршчок-карчага з надпісам "гараушна" - гарчыца.

У XII ст. хрысціянская культура і пісьменнасць паступова ахапілі амаль усе слаі тагачаснага грамадства. Пісьмом пачалі карыстацца не толькі царкоўнікі і князі, але і простыя людзі. Археолагі знайшлі берасцяныя граматы ў Мсціславе і Віцебску, а таксама ў Ноўгарадзе і Смаленску, якія належалі палачанам. Ёсць узоры пісьма "полацкай вытворчасці" на сценах Сафійскага сабора ў Кіеве. Найвыдатнейшым узорам старажытнай эпіграфікі з'яўляецца надпіс на крыжы, які ў 1161 г. зрабіў полацкі майстар Лазар Богша па заказе Ефрасінні Полацкай. У гэтым надпісе пералічваецца, колькі матэрыялу пайшло на выраб крыжа, колькі было выплачана майстру за работу, а таксама ўтрымліваецца страшэннае закляцце-загавор супраць магчымых рабаўнікоў. У 30 - 40-я гг. XX ст. гэты крыж знік і пакуль яшчэ не знойдзены. Выдатнымі помнікамі пісьменнасці з'яўляюцца так званыя "Барысавы" і "Рагвалодавы" камяні. Іэта былі язычніцкія культавыя камяні, на якіх полацкія князі загадвалі выбіваць надпісы хрысціянскага зместу. Такім чынам яны дамагаліся пакланення язычнікаў хрысціянскім святыням, а таксама ўвекавечвалі свае імёны.

Нарэшце, кніжная культура дасягнула сваіх вышынь у творчасці Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Аўрамія Смаленскага, Кліма Смаляціча, невядомага аутара "Слова пра паход Ігаравы".

Найбольш знакамітым сярод іх быў Кірыла Тураўскі, якога яшчэ пры жыцці празвалі Златавустам. Гэты чалавек, які паходзіў з заможнай гарадской сям'і, добраахвотна стаў манахам. Ен карыстаўся такой павагай сярод сучаснікаў, што яны самі прасілі Кірылу стаць епіскапам тураўскім. Добра ведаючы шматлікія мовы і чьггаючы кнігі ў арыгіналах, Кірыла сам быў выдатным прамоўцаю і пісьменнікам. Захаваліся некалькі яго філасофскіх прытчаў, восем слоў, 30 малітваў, два каноны. Гэтыя творы Кірылы Тураўскага разпораз перавыдаюцца і зараз.

Не менш багатай была і побытавая культура. Старажытныя беларусы выдатна валодалі шматлікімі рамёствамі. Апошніх у XII -XIII стст. налічвалася каля 60. Аднак майстры-рамеснікі не проста выраблялі, напрыклад, прылады працы, але імкнуліся ўпрыгожыць іх. Яны выкарыстоўвалі шматлікія арнаментальныя матывы. Многія з іх (Сонца-кола, зорачка, ромб, трохкутнікі), што бяруць пачатак у далёкім язычніцтве, жывуць і сёння. Арнаменты былі вельмі паніыраны ў адзенні. Нават абутак, тады яшчэ мяккі, без абцасаў, часам цалкам вышывалі каляровымі ніткамі. Славіліся полацкія залатары. Акрамя Лазара Богшы працавалі многія іншыя. У Полацку, напрыклад, археолагі знайшлі чатыры ювелірныя майстэрні X - XII стст. Полацкія майстры выраблялі ўпрыгажэнні з бронзы (бранзалеты, пярсцёнкі, розныя прывескі, грабеньчыкі), з бурштыну (пацеркі і пярсцёнкі). Вядома, працавалі і зкаштоўным металам, але гэта былі рэчы выключна заказныя для князёў і духоўных іерархаў.

Такім чынам, культура старажытнай Беларусі вызначалася вельмі багатай гамай фарбаў, формаў, гукаў (вырабляліся музычныя інструменты і пісалася музыка). Усё гэта было магчыма дзякуючы глыбокім дзяржаватворчым працэсам, на якія былі скіраваны ўсе палітычныя і духоўныя памкненні грамадства.

Аўтар: А.П. Ігнаценка

Новые статьи на library.by:
БЕЛАРУСЬ:
Комментируем публикацию: Тэрыторыя Беларусі у IX - сярэдзіне XIII ст

Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle
подняться наверх ↑

ПАРТНЁРЫ БИБЛИОТЕКИ рекомендуем!

подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ?

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY

Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY в VKновости, VKтрансляция и Одноклассниках, чтобы быстро узнавать о событиях онлайн библиотеки.