Ваеннае майстэрства славян і балтаў у канцы V - пачатку IX стст

Актуальные публикации по истории и культуре Беларуси.

NEW БЕЛАРУСЬ

Все свежие публикации

Меню для авторов

БЕЛАРУСЬ: экспорт материалов
Скачать бесплатно! Научная работа на тему Ваеннае майстэрства славян і балтаў у канцы V - пачатку IX стст. Аудитория: ученые, педагоги, деятели науки, работники образования, студенты (18-50). Minsk, Belarus. Research paper. Agreement.

Полезные ссылки

BIBLIOTEKA.BY Беларусь глазами птиц HIT.BY! Звёздная жизнь KAHANNE.COM Мы в Инстаграме
Система Orphus

Публикатор:
Опубликовано в библиотеке: 2010-12-08
Источник: http://library.by

Вайсковая арганізацыя
Зброя
Умацаванні і аблога
Стратэгія і тактыка

У папярэдніх частках гэтага раздзелу мы паспрабавалі аднавіць ход падзей на беларускіх землях у V-IX стст. пры дапамозе крытычнага супастаўлення археалагічных крыніц і акрэсліць ролю вайны ў жыцці славянскіх і балцкіх плямёнаў і яе ўплыў на развіццё грамадства шляхам асцярожнай рэканструкцыі. Калі ж справа даходзіць да даследавання ваеннага майстэрства, вышэйзгаданых метадаў становіцца яўна недастаткова. Вядома, археалагічныя знаходкі зброі могуць даць прыблізнае ўяўленне аб спосабах вядзення бою, а вайсковую арганізацыю можна аднавіць, грунтуючыся на яе натуральным паходжанні з арганізацыі грамадскай. Але гэта прывядзе нас толькі да тэарэтычных высноваў аб тым, як выглядала вайна ў тыя часы. Між тым вайна як справа цалкам практычная тады, як і ў любую іншую эпоху, пастаянна развівалася ў рэчышчах новых формаў і спосабаў, перасягаючы межы, адведзеныя ёй тэорыяй. Таму дакладнае ўяўленне аб вайне могуць даць толькі пісьмовыя крыніцы, якія падаюць яе рэаліі і дынаміку праз апісанне канкрэтных падзей.

Пры гэтым мы непазбежна сутыкаемся з новай праблемай - фактычнай адсутнасцю пісьмовых звестак аб ваенных падзеях на беларускіх землях у тыя часы. Самая блізкая адлегласць, на якую мы можам да гэтых падзей падысці, - апісанне ў крыніцах кшталту ўжо згаданых "Цудаў св. Дзімітрыя Солунскага" і "Арозія караля Альфрэда" падзей на Балканах і па ўзбярэжжы Балтыйскага мора, дзе жылі, адпаведна, славянскія і балцкія плямёны, роднасныя, але не тоесныя славянам і балтам, якія насялялі тады беларускія землі. Згодна з гэтым мы мусім звяртацца да аналогій, заснаваных на прыняцці існавання падобных гістарычных з'яў у народаў, якія маюць роднаснае этнічнае паходжанне альбо знаходзяцца на падобнай ступені развіцця. Выкарыстоўваць яго мы мусім вельмі асцярожна, бо пры ўсёй этнічнай роднаснасці балканскіх славян і славян, якія засялялі бсларускія землі, а таксама Вульфстанавых эстыяў (прусаў) і плямёнаў усходніх балцкіх культур паміж імі існавалі і істотныя адрозненні. Балканскія славяне і прусы знаходзіліся значна бліжэй да цэнтраў візантыйскай і заходняй цывілізацый, да важнейшых гандлёвых шляхоў і ваявалі з мацнейшымі непрыяцелямі. Таму можна меркаваць, што яны знаходзіліся на вышэйшым узроўні развіцця ўвогуле і ваеннага майстэрства ў прыватнасці за плямёны, якія жылі на беларускіх землях. У далейшым мы будзем улічваць гэты факт. Больш за тое, каб паменшыць патэнцыйныя магчымасці для памылак, мы звузім кола скарыстаных пісьмовых крыніц да тых, якія могуць забяспечыць найбольш блізкія і прамыя аналогіі. Па некалькіх прычынах мы мусім аддаць перавагу візантыйскім крыніцам VI-VII стст. Па-першае, заснаваныя на багатых старажытнагрэчаскіх пісьмовых традыцыях, у параўнанні з урыўкавымі заходнімі крыніцамі, яны падаюць больш грунтоўныя, падрабязныя і якасныя звесткі пра ваеннае майстэрства славян. Па-другое, яны апісваюць удзел у ваенных дзеяннях на Балканах славянскага племені драгувітаў, магчыма, роднасных дрыгавічам. Пры гэтым мы будзем улічнаць і супастаўляць звесткі з іншых пісьмовых і непісьмовых крыніц.

Крыніца: Новікаў, Я. У.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.).
Том. 1 / Ягор Новікаў. Мн.: Логвінаў, 2007. - 208с.

Вайсковая арганізацыя

Вайсковая арганізацыя славян і балтаў у перыяд ваеннай дэмакратыі была працягам іх грамадскай арганізацыі. Яна натуральным чынам паходзіла з грамадскай арганізацыі і аказвала на яе зваротны ўплыў. Вялікая колькасць міжэтнічных і міжабшчынных узброеных канфліктаў у той час дыктавала патрэбнасць кожнаму баяздольнаму мужчыну браць у рукі зброю і станавіцца на абарону племені ў выпадку небяспекі. Як адзначае візантыйскі імператар Маўрыкій у прысвечаным славянам раздзеле свайго "Стратэгікона" канца VI стагоддзя, "кожны мужчына ўзброены дзвюма невялікімі коп'ямі, а некаторыя з іх і шчытамі" [92]. Гэты ж самы факт надаваў правы на ўдзел у прыняцці рашэнняў толькі тым абшчыннікам, якія бралі ўдзел у абароне племені, гэта значыць узброеным мужчынам. Гакім чынам, узброеныя сілы тыповага славянскага племені ўяўлялі сабой апалчэнне, якое ўключала ўзброеных мужчын усіх баяздольных узростаў. Найбольшай арганізацыйнай адзінкай такіх узброеных сіл было апалчэнне асобнага роду, якое ўзначальваў старшыня гэтага роду. З паступовай зменай родавага ўладкавання плямёнаў на тэрытарыяльнае родавыя апалчэнні саступілі месца апалчэнням асобных тэрытарыяльных акруг. У сваю чаргу, родавыя і тэрытарыяльныя апалчэнні складаліся з элементарных адзінак, якія ўключалі жыхароў аднаго паселішча [94]. Гіпатэтычна родавыя, а затым тэрытарыяльныя апалчэнні маглі арганізоўвацца паводле традыцыйнай для індаеўрапейцаў дзесяцічнай сістэмы [94], але пры надзвычай прымітыўнай грамадскай і ваеннай арганізацыі лік на дзесяткі і сотні наўрад ці строга вытрымліваўся і меў рачэй сімвалічнае, чым практычнае значэнне. Мяркуючы па невысокай шчыльнасці насельніцтва тагачасных беларускіх земляў, колькасць ваяроў, якую магло высгавіць адно племя, наўрад ці перавышала некалькі соцень чалавек. Мабілізацыйныя магчымасці племені пагаршаліся кепскімі камунікацыямі і варожасцю паміж родамі і тэрытарыяльнымі адзінкамі, у выніку чаго некаторыя з іх маглі заставацца ўбаку ад узброеных сутыкнснняў з-за адлегласці ці няведання альбо прама ўхіляцца ад дапамогі суродзічам. Толькі ў VIII-IX стст. пры ўтварэнні саюзаў плямёнаў колькасць іх войскаў у наііважнейшых выправах магла лічыцца на тысячы.

Асобную ў арганізацыйных адносінах адзінку ўтварала дружына на чале з правадыром (князем). Яна складалася з ваяроў, якія выйшлі за межы традыцыйнай родавай ці тэрытарыяльнай будовы племені, далучыліся да дружыны добраахвотна і былі звязаныя з правадыром шчыльнымі асабістымі і карпаратыўнымі адносінамі. Хутчэй за ўсё, напачатку гэта былі збольшага маладыя ваяры: моцныя, спрытныя, "адчайныя" і гатовыя ўдзельнічаць у далёкіх рабаўніцкіх выправах [95]. 3 цягам часу склад дружыны станавіўся больш трывалым і пастаянным. З яе вылучэннем як грамадскага інстытуту і развіццем ваеннай справы яна ўсё ў большай і большай ступені ператваралася ў групу прафесійных дасведчаных ваяроў. Разам з непасрэдным кіраваннем дружынай правадыр ажыццяўляў і агульнае камандаванне ўсімі сіламі племяннога апалчэння. У яго падпарадкаванні былі і кіраўнікі родавых апалчэнняў. Дакладную колькасць дружыны вызначыць цяжка. Можна меркаваць, што ў залежнасці ад памераў племені ці племяннога саюзу яна вагалася ад некалькіх дзесяткаў чалавек да некалькіх соцень [96].

Арганізацыйныя адзінкі супадалі з тактычнымі адзінкамі. У баі апалчэнне строілася па родавых ці тэрытарыяльных адзінках, якія маглі выконваць самастойныя баявыя задачы. Элементарная арганізацыйная адзінка магла стыхійна, без знешняга арганізацыйнага ўплыву ператварыцца ў тактычную баявую адзінку, дзе ваяры, якія паходзілі з аднаго паселішча і сям'і, падтрымлівалі адзін аднаго і ажыццяўлялі найпрасцейшую тактычную спецыялізацыю ў залежнасці ад наяўнасці пэўнага кшталту зброі. Напрыклад, кідальнікі дроцікаў і стральцы гуртаваліся вакол шчытаносца [97]. Дружына таксама з'яўлялася асобнай тактычнай, як і арганізацыйнай адзінкай, якая выкарыстоўвалася для выканання найбольш адказных і небяспечных баявых задач. Па звестках "Цудаў св. Дзімітрыя Солунскага", у карным паходзе супраць стрымонскіх славян у 678 г. візантыйцы "перабілі ў засадах, якія ўчынілі самі [славяне|, найбольш моцных з іх і выдатных" [98], каго мы можам атаясаміць з дружыннікамі.

Параўнанне дадзеных аб вайсковай арганізацыі славян са звесткамі аб вайсковай арганізацыі галаў [99] і германцаў [100] паказвае яе тыповасць для варварскіх плямёнаў Еўропы эпохі ваеннай дэмакратыі. Таму не будзе скажэннем ісціны выснова, што вайсковая арганізацыя балтаў на беларускіх землях будавалася на падобных асновах і істотна ад агульнаеўрапейскіх узораў не адрознівалася.

Крыніца: Новікаў, Я. У.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.).
Том. 1 / Ягор Новікаў. Мн.: Логвінаў, 2007. - 208с.

Зброя

Візантыйскія аўтары падаюць нямала звестак аб зброі, якую выкарыстоўвалі славяне. Паводле Пракопія Кесарыйскага, які дае кароткі нарыс звычаяў славян пры апісанні падзей 540-х гадоў, у іх, "уступаючы ў бітву, большасць ідзе на ворагаў пешымі, маючы невялікія шчыты і коп'і ў руках" [101]. Іаан Эфескі, распавядаючы аб бясчынствах славян на Балканах у 584 г., заўважае, што да знаемства з ваеннай справай візантыйцаў славяне "не ведалі, што такое зброя, апроч двух ці трох ланхідыяў, а менавіта гэта - кідальныя коп'і" [102]. 3 гэтымі паведамленнямі пагаджаецца Маўрыкій, які меў багатую баявую практыку сутыкненняў са славянамі. У "Стратэгіконе" ён піша: "Кожны мужчына ўзброены двума невялікімі коп'ямі, а некаторыя з іх і шчытамі, моцнымі, але цяжка пераноснымі. Карыстаюцца яны таксама драўлянымі лукамі і невялікімі стрэламі, намазанымі атрутай" [103]. Коп'і маглі выкарыстоўвацца як для кідання, так і для рукапашнага бою. Нсвялікі памер лукаў і выкарыстанне атруты сведчаць, што стральба з лука ў славян была больш разлічанай на прыцэльнае пападанне ў неабароненыя часткі цела з блізкай адлегласці, чым на масаваны абстрэл варожага войска здалёк [104]. Шматлікія археалагічныя знаходкі ўтулкавых і чаранковых стрэл і наканечнікаў дзідаў на гарадзішчы Хатомель [105] пацвярджаюць звесткі візантыйскіх крыніц і даводзяць, што славянскія плямёны на беларускіх землях карысталіся такім самым простым наборам наступальнай зброі, як і іх балканскія суродзічы. Не выключана, што шырокае выкарыстанне лукаў і стрэл славянамі на поўдзень ад Прыпяці магло быць вынікам уплыву ваеннага майстэрства авараў і іншых качавых народаў. Гэта пацвярджае і знаходка ў Хатомелі жалезнага наканечніка аварскай стралы, які датуецца VII стагоддзем [106].

Засцерагальнае ўзбраенне славян таксама было надзвычай простым. Па словах Пракопія, яны "панцыр на сябе ніколі не надзяваюць; некаторыя ж не маюць [на сабе] ні хітона, ні [грубай] накідкі, але, дастасаваўшы толькі нагавіцы, што прыкрываюць толькі сараматныя часткі, так і ўступаюць у сутычку з ворагамі" [107]. Такім чынам, даспехаў славяне не насілі і засцерагальнае ўзбраенне зводзілася да аднаго толькі шчыта, найбольш верагодна, драўлянага. Пры гэтым цытаваны вышэй урывак са "Стратэгікона" ясна паказвае, што нават шчытамі былі ўзброеныя толькі некаторыя ваяры. Іаан Эфескі жа шчытоў не згадвае ўвогуле. Сам шчыт, хутчэй за ўсё, у VI стагоддзі зведаў пэўную эвалюцыю. Згаданыя Пракопіем "невялікія" шчыты былі выцесненыя вялікімі, якія былі не менш за 1,5 м у даўжыню і пераўзыходзілі па памерах шчыты візантыйскіх пехацінцаў [108]. Такія шчыты непазбежна мусілі з'явіцца ў выніку сутыкнення славян з ваенным майстэрствам такога высокага ўзроўню, як у візантыйцаў. Яны забяспечвалі нашмат лепшую абарону ваяра ў рукапашным ці кідальным баі з добра ўзброеным візантыйскім войскам і дазвалялі будаваць рухомыя сценкі пры аблозе гарадоў.

Пры гэтым варта адзначыць знаходку ў Хатомелі трох пласцін ад панцыра, якія маглі належаць багатаму дружынніку [109]. Гэтая знаходка, якая была рэдкім выключэннем з агульнага правіла, тым не менш, паказвала на пачатак новай тэндэнцыі да з'яўлення больш складаных і эфектыўных відаў засцерагальнай зброі.

Зброя балцкіх плямёнаў мела шэраг адрозненняў ад славянскай. Таксама на падставе археалагічных дадзеных можна казаць аб адрозненнях у традыцыйных камплектах узбраенняў паміж плямёнамі, якія належалі да розных культур. У той час, калі культура ўсходнелітоўскіх курганоў і блізкія ёй археалагічныя помнікі Віленшчыны адрозніваюцца вялікай колькасцю разнастайнага ўзбраення ў пахаваннях, балцкія культуры, што існавалі далей на ўсход, з'яўляюцца ў гэтым сэнсе заўважна бяднейшымі. Асноўным відам наступальнай зброі, як і ў славян, у балтаў былі коп'і. Але ў адрознснне ад славян яны ўжываліся асобным ваяром у большай колькасці. Мяркуючы па інвентары пахаванняў, у якія ўкладалася 3-5 коп'яў, сярэдні ваяр меў іх у баі цэлы камплект, які ўключаў коп'і для кідання з малым вузкім пяром і коп'і для рукапашнага бою з вялікім шырокім пяром [110]. На тэрыторыі Віленшчыны распаўсюджанымі тыпамі наканечнікаў коп'яў былі ромбападобны [111] і мечападобны [112], аналагі якім былі знойдзеныя на тэрыторыі распаўсюджання банцараўскай культуры [113] і культуры ўсходнелітоўскіх курганоў [114]. Разам з коп'ямі з кідальнай зброі ўжываліся лук і стрэлы, якія на балцкіх землях былі, аднак, меней папулярнымі, чым у славян.

Са зброі бліжняга бою на тэрыторыі балцкіх плямёнаў былі распаўсюджаныя баявыя сякеры з вузкім лязом [115]. Калі коп'і і лук выкарыстоўваліся шырока ўсімі абшчыннікамі, то сякеры былі прывілеем больш заможных людзей, якія маглі належаць да слою дружыннікаў [116]. Яшчэ адным відам зброі бліжняга бою былі баявыя нажы, якія выкарыстоўваліся плямёнамі банцараўскай культуры [117] і культуры ўсходнелітоўскіх курганоў [118]. Адзінкавая знаходка мяча ў Нікадзімаве сведчыць аб тым, што балцкай вайскова-дружыннай знаццю паступова пачыналі выкарыстоўвацца і мячы, але яшчэ не атрымалі шырокага распаўсюджання [119].

Засцерагальнае ўзбраенне балтаў, як і ў славян, складалася з драўлянага шчыта, які зрэдку мог мець пляската-паўсферычны ці канічны умбон пасярэдзіне і яшчэ радзей быць акуты металёвай паласой па перыметры [120].

Крыніца: Новікаў, Я. У.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.).
Том. 1 / Ягор Новікаў. Мн.: Логвінаў, 2007. - 208с.

Умацаванні і аблога

Яшчэ адным важным элементам развіцця ваеннага майстэрства славян і балтаў было будаўніцтва крапасных умацаванняў і выпрацоўка спосабаў іх аблогі. Асноўным відам умацаваных пунктаў у гэты час былі вышэйзгаданыя гарадзішчы-сховішчы, якія мелі важнае ваеннае значэнне. Валоданне гарадзішчам давала ключ да кантролю над усёй яго акругай. Пры нападзе ворага насельніцтва акругі магло перахавацца на гарадзішчы ад небяспекі разам са сваёй маёмасцю, пазбавіўшы нападніка здабычы і не даўшы яму магчымасці замацавацца ў спляндраванай мясцовасці. Пры захопе гарадзішча было надзейным апірышчам для заваёўніка ў справе далейшага падпарадкавання прылеглай акругі. Валоданне ім ставіла ўсю акругу ў залежнасць ад новых гаспадароў. Нават пры адсутнасці ў заваёўніка намеру трывала замацавацца ў дадзенай мясцовасці гарадзішча ўяўляла для яго вялікі інтарэс як месца, дзе засяроджвалася найбольш матэрыяльных каштоўнасцяў таго ці іншага племені. Таму як славяне, так і балты надавалі першаступеннае значэнне належнаму ўмацаванню сваіх гарадзішчаў.

Асноўнымі ўмацаваннямі гарадзішчаў былі валы з драўлянымі сценамі на іх і равы. Абмежаваныя чалавечыя і тэхнічныя рэсурсы вымушалі будаўнікоў дастасоўваць умацаванні да рэльефу мясцовасці, выкарыстоўваючы для будаўніцтва найперш цяжкадаступныя месцы. У якасці натуральных пляцовак выкарыстоўваліся ўзвышшы, мысы пры зліцці дзвюх рэк альбо мысы, адгароджаныя з двух бакоў ярамі. Напрыклад, славянскія гарадзішчы Хатомсль і Хільчыцы знаходзіліся на ўзвышшах. Гарадзішча ў вёсцы Гарадзішча Пінскага раёну размяшчалася на мысавай пляцоўцы памерамі 22x27 метраў. Ягоныя ўмацаванні ўключалі пясчаны вал з напольшага боку і драўляную сцяну па ўсім псрыметры. Сцяна была збудаваная з вертыкальных апорных слупоў, укапаных за 3 метры адзін ад аднаго. Паміж імі былі замацаваныя гарызантальныя бярвенні. Умацаванні дапаўняліся ровам глыбінёй у 3 метры [121].

Мысавыя гарадзішчы таксама шырока выкарыстоўваліся балтамі. Пры гэтым рэльеф, напрыклад, Прыдняпроўя з яго высокімі берагамі рэк дазваляў узводзіць вельмі ўнушальныя ўмацаванні. Гарадзішча Калочын-1 знаходзілася на прастакутным мысе на Дняпры памерамі 42x36 метраў і было абаронена двума валамі і равамі ў абрысе падковы з напольнага боку і яшчэ адным валам па перыметры [122]. Калочынскас гарадзішча ў вёсцы Нікадзімава на мысе на рацэ Быстрая налсжала да складана-мысавага тыпу і мела дзве пляцоўкі, кожная з якіх была ўмацаваная валам са зрубнай драўлянай сцяной [123].

Узгорысты рэльеф цэнтральных і паўночна-заходніх земляў даваў больш магчымасцяў для ўмацавання ўзвышшаў. Банцараўскае гарадзішча ўзгоркавага тыпу Свіла-1 было абароненае трыма канцэнтрычнымі валамі і двума равамі [124]. Памайстэрску выкарыстоўваючы мясцовасць, будаўнікі гарадзішчаў, тым не менш, не спадзяваліся выключна на прыроду. Натуральныя пляцоўкі моцна змяняліся для патрэбаў абароны. Напрыклад, будаўнікі банцараўскага гарадзішча ў вёсцы Гарадзішча Мядзельскага раёну значна пашырылі яго натуральную пляцоўку і эскарпіравалі схілы ўзгорка, гэта значыць, зрабілі іх больш стромкімі і цяжкадасягальнымі [125].

На поўначы і паўночным усходзе беларускіх земляў маглі выкарыстоўвацца і гарадзішчы на балотных выспах [126]. Гарадзішчы на ўзгорках і выспах аб'ядноўваюцца ў адзін тып выспавых паводле сваёй вызначальнай рысы -абароненасці рэльефам з усіх бакоў.

У сістэму фартыфікацыі выспавых гарадзішчаў на балцкіх землях часта ўваходзілі кулгрынды (літ. kulgrinda, ад жамойцк. дыялектн. kulis - камень + grinda - брук), брукаваныя дарогі праз балоты, рэкі, азёры ці іншыя водныя перашкоды. іх задачай было забяспечыць доступ абаронцаў на гарадзішча і ўскладніць магчымасці бесперашкоднага падыходу ворага да ўмацаванняў. У адпаведнасці гэтай мэтай кулгрынды часта пракладаліся пад вадой і мелі звілісты абрыс [127]. Верхні слой бруку складаўся з роўна ўкладзеных камянёў дыяметрам 10-20 см і насцілаўся на аснову альбо на адмысловы ніжні слой, прызначаны для ўмацавання верхняга. Аснова складалася з бязладна ўкладзеных палявых камянёў дыяметрам 50-80 см альбо скінутых у балота пнёў, голля і камлёў, альбо ўяўляла сабой складаную канструкцыю з пакладзеных упоперак сасновых бярвенняў, на якія быў насыпаны пласт пяску. 3 бакоў кулгрынды ўмацоўваліся сасновымі палямі ці каменнымі клінамі і засцерагаліся ад заносу глеем з дапамогай канавак. Падобнае прызначэнне мелі мядгрынды (літ. medgrinda) і жэмгрынды (літ. zemgrinda). Мядгрынды брукаваліся дрэвам, тады як аснову жэмгрындаў складала зямля, часам перасыпаная камянямі ці бярвеннямі. Шырыня кулгрындаў вагалася ад 1,5 да 6 м, даўжыня - ад 3-4да некалькіх соцень метраў [128]. Дарогі такога тыпу былі вядомыя ў Прусіі ўжо з 1 ст. н. э., у Літве - з IV ст., дзе і працягвалі будавацца да ранняга сярэднявечча [129]. Найбольш інтэнсіўна яны ўзводзіліся ў Жамойціі, але некаторыя з іх знаходзяцца досыць блізка да сучаснай тэрыторыі Беларусі. Вядомыя мядгрынды ў вёсцы Обеляй, раён Укмерге (Вількамір) і ў Кярнаве (Кернава), Шырвінцкі раён [130]. Кярнаўская мядгрында датуецца IV-VII стст. [131] Ёсць звесткі і аб падводных дарогах непасрэдна на тэрыторыі Беларусі на возеры Краснае ў Дзісенскім павеце [132] і паміж вёскай Наносы і Мядзелам на возеры Нарач. Нарачанская кулгрында, званая ў народзе Чортавай грэбляй і брукаваная шчыльна пакладзенымі камянямі, знаходзілася на глыбіні прыкладна 125 см ад паверхні вады, узвышалася над дном возера прыкладна на 160 см і мела ў даўжыню каля 1 км; у шырыню забяспечвала прастору для праезду чатырох запрэжаных коней адначасова [133]. Цікава, што традыцыі будаўніцтва дарог, асабліва трывалыя ў заходніх балтаў, дажылі да часоў Вялікага Княства Літоўскага, дзе пераселеныя ў XIII ст. з Прусіі борці ўтварылі саслоўна-прафесійную групу, занятую гэтым рамяством [134].

Нягледзячы на ўяўную з пункту гледжання сённяшняга часу прыступнасць, гарадзішчы добра выконвалі абарончую функцыю і былі значнай перашкодай для тагачасных нападнікаў.

Спосабы аблогі ўмацаванняў натуральным чынам грунтаваліся на ўзроўні развіцця ваеннага майстэрства, эканомікі і тэхнікі таго часу. Пры іх прымітыўнасці аблога была справай нялёгкай. Таму найбольш распаўсюджаным тады спосабам захопу ўмацаванага пункту трэба лічыць нечаканы напад. Нападнікі маглі пры гэтым выкарыстоўваць тую акалічнасць, што гарадзішчы ўсё яшчэ былі ў большай ступені сховішчамі, чым населенымі пунктамі, і таму не заўсёды маглі ахоўвацца дастатковай колькасцю ваяроў. У такім выпадку пасля атакі нападнікі імкліва адступалі як пры захопе, цягнучы за сабой нарабаванае майно і палонных, так і пры няўдачы [135]. Такі спосаб мог асабліва часта выкарыстоўвацца пры рабаўніцкіх нападах, калі нападнікі не ставілі сабе мэты ўтрымання захопленага гарадзішча і яго акругі, а цікавіліся выключна здабычай. У такіх абставінах меркантыльныя мэты нападу не апраўдвалі доўгую аблогу і звязаныя з ёю цяжкасці і рызыку.

Больш складаныя спосабы аблогі маглі выкарыстоўвацца, калі бок, які нападаў, планаваў стала завалодаць умацаваннем і яго прылеглай акругай. Для аднаўлення гэтых спосабаў мы зноў звернемся да візантыйскіх крыніц, якія падрабязна апісваюць прыёмы аблогі славянамі візантыйскіх гарадоў на Балканах у VI-VII стст. Паводле сведчання Пракопія, славянам у 551 г. удалося авалодаць крэпасцю Тапэр у Фракіі шляхам штурму. Інтэнсіўнай стральбой з лукаў славянскія стральцы падавілі супраціўленне візантыйцаў, якія са сцен кідалі ў славян камяні і лілі на іх гарачую смалу і алей. Пасля гэтага з дапамогай лесвіц славяне ўварваліся ў горад [136]. Яшчэ лепей з ваеннага і тэхнічнага пункту гледжання былі падрыхтаваныя шматлікія аблогі Солуня (Фесалонікі), у якіх бралі ўдзел і драгувіты. У ходзе аблогі 586 г. славяне разам з аварамі выкарыстоўвалі такія віды абложнай тэхнікі, як: гелеполы (абложныя вежы), вышынёй роўныя гарадской сцяне, з усталяванымі на іх кідальнымі машынамі; "бараны" (тараны) з акутым жалезам рогам; каменямёты; "чарапахі" (штурмавыя навесы), накрытыя для абароны ад агню свежасадранымі скурамі [137]. Пры дапамозе гэтых прылад яны імкнуліся разбурыць гарадскія сцены і падавіць супраціў ленне абаронцаў, адначасова спрабуючы разбурыць сякерамі і ломамі знешнія ўмацаванні перад сценамі [138]. Але няўдача ў рукапашнай сутычцы з абаронцамі і трываласць умацаванняў Солуня прымусілі іх адступіць, кінуўшы ўсю сваю тэхніку [139]. У 616 г. славяне ў чарговы раз паўтарылі напад на горад. Яны ізноў выкарысталі каменямёты, на гэты раз рачэй не з мэтай разбурэння сцен, а каб з дапамогай іх і стральбы з лукаў падавінь абаронцаў на сценах, прыставіць лесвіцы і ўварвацца ў горад. Гэтыя намаганні дапаўняліся спробамі падпаліць гарадскія вароты. Асобная атака была распачатая з боку мора на чоўнах [140]. Штурм скончыўся няўдачай, а велізарныя страты пры марской атацы прымусілі славян адступіць ад гораду [141]. Не спадзеючыся на ўласныя сілы, яны заклікалі на дапамогу аварскага кагана. Аблога, якая адбылася ў 618 г., вялася амаль тымі самымі спосабамі з дадаткам нейкіх запальных сродкаў [142]. Пасля няўдалага штурму славяне і авары былі вымушаныя заключыць мір з жыхарамі Солуня [143].

Грунтуючыся на гэтых звестках, мы можам паспрабаваць асцярожна аднавіць спосабы аблогі крэпасцяў на беларускіх землях з папраўкай на нізкі ўзровень эканомікі і тэхнікі мясцовых плямёнаў. Мы адразу ж мусім выключыць з арсеналаў мясцовых славян і балтаў гелеполы, каменямёты і іншыя машыны. Пабудова такіх машын была малавсрагоднай для плямёнаў на стадыі ваеннай дэмакратыі. Балканскія славяне і авары карысталіся такой тэхнікай толькі запазычыўшы яе ў візантыйцаў праз перабежчыкаў і палонных [144]. Цалкам верагодна, аднак, што прасцейшыя прыстасаванні кшталту навесаў і лссвіц маглі выкарыстоўвацца досыць шырока. Агульная карціна аблогі гарадзішча на беларускіх землях магла выглядаць прыкладна такім чынам. Абложнікі атачалі гарадзішча, адразаючы яго ад знешняй дапамогі. Далей рыхтаваўся і праводзіўся штурм. Стральцы і кідальнікі дзідаў імкнуліся падавіць абаронцаў і пазбавіць іх магчымасці эфектыўна абараняцца са сцен. Іншыя атрады пад прыкрыццём шчытоў і простых навесаў набліжаліся да сцен, цягнучы за сабой лесвіцы. Пры дапамозе лесвіц нападнікі ўзыходзілі на сцены і ўрываліся на гарадзішча, пераходзячы да рукапашнай сутычкі з абаронцамі, якая і вырашала ход штурму. Таксама маглі ажыццяўляцца спробы ўварвацца ўнутр шляхам падпалу сцяны альбо разбурэння яе асобных частак уручную.

У сваю чаргу, абаронцы імкнуліся адбіць нападнікаў стральбой, кіданнем коп'яў і камянёў і іншым супраць-дзеяннем іх спробам узысці на сцены. Таксама маглі прадпрымацца вылазкі з мэтай пазбегнуць спробаў разбурэння і падпалу сцяны і для знішчэння жывой сілы ворагаў. У 632 г. славянам, аб'яднаным у дзяржаве Само, у ходзе трохдзённай абароны крэпасці Вагастысбурк (у сучаснай Чэхіі) удалося нанесці цяжкае паражэнне войскам франкскага караля Дагаберта [145]. Такі поспех мог быць дасягнуты толькі выкарыстаннем актыўных спосабаў абароны.

Найменш ужываемым спосабам аблогі была блакада. Пры нізкім узроўні вытворчасці з эканамічнага пункту гледжання ўтрымліваць войска пад крэпасцю больш-менш доўгі час было не менш цяжкай задачай, чым знаходзіцца ў аблозе.

Урэшце рэшт, гарадзішчы былі досыць надзейным, хаця і не цалкам непрыступным сродкам абароны жыцця і маёмасці племені пры варожых нападах.

Крыніца: Новікаў, Я. У.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.).
Том. 1 / Ягор Новікаў. Мн.: Логвінаў, 2007. - 208с.

Стратэгія і тактыка

Безумоўна, разважаць аб такіх ключавых для ваеннай гісторыі паняццях, як стратэгія і тактыка, у дачыненні да перыяду ваеннай дэмакратыі цяжка. Цяжка найперш таму, што стратэгія і тактыка як складныя часткі ваеннага майстэрства толькі пачыналі нараджацца з найпрасцейшых баявых прыёмаў. Сама вайна яшчэ толькі нараджалася з прымітыўных і хаатычных узброеных сутычак. Зрэшты, тактыка як майстэрства вядзення бою пачынала выкрышталізоўвацца ў выглядзе асэнсаванага выкарыстання зброі і ваеннай тэхнікі для выканання канкрэтных баявых задач, існавання стыхійных, але акрэсленых баявых адзінак, пастраення войска на полі бою ці пры аблозе ў пэўным парадку. Стратэгія ж як майстэрства вядзення вайны ў цэлым не магла развіцца да ўзроўню, вышэйшага за той, на якім знаходзілася сама з'ява вайны. Таму пры агульным характары ўзброеных канфліктаў перыяду ваеннай дэмакратыі, калі прадметам канфлікту мог быць усяго толькі рабаўніцкі напад на невялікую асобную акругу ці гарадзішча альбо іх захоп, стратэгія магла прымаць толькі найпрасцейшыя формы, для азначэння якіх можна ўжыць тэрмін "протастратэгія".

Гэтыя прасцейшыя формы не маглі адлюстроўвацца ў наборы развітых паняццяў і правілаў. Яны засноўваліся на ўласным баявым досведзе і здаровым сэнсе і спасцігаліся інтуітыўна. Аднак нават на інтуітыўным узроўні протастратэгія ўжо набывала рысы, якія ў пазнейшы час сталі асновай стратэгіі як адной з найважнейшых частак ваеннага майстэрства. Так, агульны ход вайны і спосабы яе вядзення непазбежна вызначаліся мэтамі, якіх праціўнікі імкнуліся дасягнуць. Мэты ж адпавядалі інтарэсам грамадства, то бок племені ці асобных яго частак.

У залежнасці ад мэтаў узброеныя канфлікты на беларускіх землях перыяду ваеннай дэмакратыі можна ўмоўна падзяліць на два віды: рабаўніцкія напады і канфлікты з мэтай сталага захопу пэўнай тэрыторыі. У выпадку рабаўніцкага нападу протастратэгія боку, які нападаў, была надзвычай простай: імклівая атака на гарадзішча ці неўмацаванае паселішча і хуткі адыход на сваю тэрыторыю са здабычай і палонам альбо ў выпадку няўдачы без іх. Доўгая аблога гарадзішчаў не выкарыстоўвалася. Адваротна, дзеянні боку, які абараняўся, зводзіліся да хуткай эвакуацыі насельніцтва акругі пад абарону сценаў гарадзішча альбо збору ваяроў дружыны і апалчэння, каб прымусіць ворагаў адысці пад пагрозай палявога бою.

Канфлікты з мэтай сталага захопу тэрыторыі адбываліся ў кантэксце перасялення плямёнаў на беларускіх землях. Гэтыя працэсы як з боку славян, так і з боку балтаў былі стыхійнымі і спарадычнымі і не ўяўлялі сабой арганізаванага руху. Паасобныя плямёны рухаліся ў кірунках, якія вызначаў рэльеф мясцовасці, абапіраючыся толькі на свой досвед і не маючы магчымасці прадказаць верагоднае развіццё падзей на вялікіх адлегласцях нават у бліжэйшай будучыні. Вядома, існавалі кантакты з суседнімі пляменамі, але раздробленасць, уласцівая грамадствам ваеннай дэмакратыі, перашкаджала ажыццяўляць каардынацыю дзеянняў. У такіх умовах протастратэгія славян і балтаў не магла насіць мэтанакіраваны і пралічаны характар. Увесь ход узброенага канфлікту быў падпарадкаг ваны блізкай мэце авалодання адносна невялікай тэрытарыяльнай акругай, дастатковай для пасялення асобнага племені. Адпаведна, протастратэгія прымала простыя формы, накіраваныя на дасягненне гэтай мэты: знішчэнне жывой сілы непрыяцеля, якая складалася з дружыны і племяннога апалчэння, у ходзе палявога бою і наступнага захопу гарадзішчаў як ключоў да валодання тэрыторыяй. Узброены канфлікт мог лічыцца скончаным з паражэннем аднаго з бакоў і яго выцясненнем са спрэчнай тэрыторыі.

Больш складаныя формы протастратэгія набывала толькі з утварэннем саюзаў плямёнаў ці княжанняў. Княжанні ўяўлялі сабой больш развітыя грамадствы са сталымі цэнтрамі прыняцця рашэнняў у асобе правадыра дружыны і дружыннай знаці. У такіх умовах протастратэгія страчвала элементы ірацыянальнасці і набывала рысы мэтанакіраванасці і прадуманасці. Цяпер мэты ўзброенага канфлікту вызначаліся не стыхійна, а акрэслена. Княжанні маглі свядома пашыраць сваю тэрыторыю з эканамічнымі мэтамі набыцця найбольш заможных, урадлівых ці выгадна размешчаных ля шляхоў зносін земляў альбо проста нарошчваючы сваю магутнасць коштам суседзяў. Канчатковым вынікам вайны цяпер магло лічыцца не выгнанне папярэдняга насельніцтва з захопленай зямлі, а яго падпарадкаванне свайму ўплыву. Хаця протастратэгія паранейшаму зводзілася да знішчэння жывой сілы ворага і захопу ўмацаваных пунктаў, цяпер яна служыла больш асэнсаваным і маштабным мэтам.

Тактыка, заснаваная на простай вайсковай арганізацыі і выкарыстанні простага ўзбраення, таксама не вылучалася складанасцю. Паколькі найважнейшай мэтай узброеных сутыкнснняў таго часу было засяленне плямёнамі новых земляў, адной з першых яе задач было забеспячэннс бесперашкоднага руху масы ваяроў і простых абшчыннікаў на вялікія адлегласці. У славян рух ажыццяўляўся на павозках, конна і пехатой. У выпадку нечаканага нападу ворага славяне атабарваліся на ўзвышаным ці іншым цяжкадаступным месцы. Лагер акружалі павозкамі, якія выконвалі ролю рухомага ўмацавання, што дапамагала адбіваць варожыя атакі. Візантыйскі гісторык Феафілакт Сімаката так апісвае сутыкненне візантыйцаў са славянамі пры паходзе візантыйскага палкаводца Пятра на славян у 595 г.: "Так як гэтае сутыкненне для варвараў было непазбежным, то яны, паставіўшы павозкі, зрабілі з іх як бы ўмацаванне лагера і ў сярэдзіне гэтага лагера схавалі жанчын і дзяцей. Наблізіўшыся да гетаў (так у даўніну называлі гэтых варвараў), рамеі не адважваліся ўступіць з імі ў рукапашны бой: яны баяліся коп'яў, якія кідалі варвары ў іхніх коней з вышыні гэтага ўмацавання" [146].

У баі, прынамсі што датычыцца славян, звычайна ўдзельнічаў толькі адзін род войскаў - пяхота. Славяне мелі добра развітую конегадоўлю і шырока карысталіся конямі як у гаспадарцы, так і ў баявых дзеяннях. Асабліва гэта датычылася заможнай вайсковай знаці - правадыроў і дружыны. Разам з тым недастатковы ўзровень вывучкі і адсутнасць неабходнага ўзбраення яшчэ не дазвалялі славянам уступаць у конны бой з ворагам, які, як візантыйцы ці авары, значна пераўзыходзіў іх у гэтых элементах ваеннага майстэрства. Коні ў асноўным скарыстоўваліся для хуткага руху на вялікія адлегласці. Феафілакт Сімаката пры апісанні паходу палкаводца Прыска супраць славян у 594 г. адзначае, што правадыр славян Ардагаст "нечакана напаў на рамеяў і, саскочыўшы з каня, паспрабаваў шчасця ў пешай бітве" [147]. Між тым, мяркуючы па значнай распаўсюджанасці пахаванняў ваяроў разам з канём148, у балцкіх плямёнах майстэрства коннай язды стаяла на больш высокім узроўні. Таму і конніца як род войска, якая складалася пераважна з дружыннікаў, магла стала выкарыстоўвацца ў баях.

Просты характар мелі і баявыя парадкі славянскіх і балцкіх плямёнаў таго часу. Пры люстэркавым падабенстве вайсковай і грамадскай арганізацыі племені і супадзенні арганізацыйных і тактычных адзінак апалчэнне племені строілася на полі бою па родах ці тэрытарыяльных адзінках. Кожная з такіх адзінак у сваю чаргу складалася з вышэйзгаданых элементарных адзінак, што ўключалі сваякоў з адной сям'і ці жыхароў аднаго паселішча. Паводле меркаванняў гісторыкаў, у межах такіх адзінак магла ажыццяўляцца першасная спецыялізацыя па'між ваярамі з розным узбраеннем, напрыклад, шчытаносцамі, кідальнікамі дроцікаў і стральцамі. Спецыялізацыя гэтая ўзнікала сама сабой, без знешняга арганізацыйнага пачатку [149]. У такіх умовах яна залежала ад наяўнасці адпаведнай зброі ў сяброў такой адзінкі і строга не вытрымлівалася. Напрыклад, пры адсутнасці шчытаносцаў кожны кідальнік дроцікаў ці стралец фактычна заставаўся пакінуты сам сабе і дзейнічаў паасобна ў залежнасці ад абставін. Узаемадзеянне ваяроў ускладнялася адсутнасцю дысцыпліны і строгай субардынацыі. Такое самае становішча назіралася і на ўзроўні родавых ці тэрытарыяльных апалчэнняў. Яны ўзначальваліся роўнымі паводле статусу старэйшынамі, якія маглі адкрыта варагаваць паміж сабой і не лічылі патрэбным узгадняць свае дзеянні. Як піша Маўрыкій аб славянах, "у іх шмат правадыроў, і яны не пагаджаюцца адзін з адным" [150]. "Перабываючы ў стане безуладдзя і ўзаемнай варожасці, яны ні баявога парадку не ведаюць, ні змагацца ў правільным баі не імкнуцца" [151]. Апалчэнне такога кшталту ў баі кіравалася кепска і не магло выконваць складаных баявых задач. Правадыр, яшчэ не маючы дастатковай улады, не мог выключна сілай свай го ўплыву дабіцца поўнага падпарадкавання сабе родавых і тэрытарыяльных старэйшынаў з іх апалчэннямі і іх належнага ўзаемадзеяння на полі бою. Таму ён быў вымушаны найперш разлічваць на сваю дружыну як на найбольш надзейную і баяздольную баявую адзінку. Такое становішча з'яўлялася тыповым для еўрапейскіх народаў эпохі ваекнай дэмакратыі і датычылася і славян, і балтаў.

Ва ўмовах перавагі пяхоты і абмсжаванай кіраванасці апалчэнняў на полі бою нялікае значэнне атрымліваў бой з дапамогай кідальнай зброі ў супрацьвагу рукапашнаму бою, які быў нашмат больш патрабавальны да арганізацыі апалчэнняў, вынучкі і дысцыпліны ваяроў, узаемадзеяння асобных ваяроў і тактычных адзінак у баі і прафесійнага выкарыстання зброі. У баі кідальнай зброяй, наадварот, націск рабіўся на спрыт і трапнасць асобных ваяроў, якія маглі паражаць ворагаў з адлегласці, мала рызыкуючы жыццём. У выпадку сур'ёзнай пагрозы кідальнікі дроцікаў і стральцы маглі хутка адысці, каб перагрупавацца і зноў ударыць па непрыяцелю. У такіх умовах вельмі яскрава праяўляўся згаданы элемент самаарганізацыі, які дазваляў апалчэнню эфектыўна змагацца нават пры недастатковым кіраванні з боку правадыра і старэйшын. Гэта дазваляе меркаваць, што ў эпоху ваеннай дэмакратыі кідальная зброя давала пэўную перавагу на полі бою перад зброяй бліжняга бою. Таксама гэта датычылася аблогі і абароны ўмацаваных пунктаў, дзе дакладная і інтэнсіўная стральба і ўжыванне іншых кідальных снарадаў дапамагала падавіць непрыяцеля на сценах альбо, наадварот, утрымаць кантроль над сценамі.

Зыходзячы з гэтых меркананняў, мы можам паспрабаваць аднавіць асноўныя тактычныя спосабы бою той эпохі. Першым з іх і найбольш часта ўжываемым, безумоўна, быў ірэгулярны спосаб, заснаваны на нечаканых нападах і засадах пры выкарыстанні рэльефу мясцовасці. Паводле Маўрыкія, славянс, "ведучы разбойнае жыццё, ...любяць рабіць напады на сваіх ворагаў у месцах лясістых, вузкіх і абрывістых. 3 выгодай для сябе карыстаюцца засадамі, нечаканымі нападамі і хітрыкамі, уначы і днём выдумляючы шматлікія хітрасці" [152]. Хутчэй за ўсё, большасць узброеных сутычак адбывалася менавіта такім чынам. Страты непрыяцеля ў выніку такой сутычкі не маглі быць вялікімі, нават пры паспяховым яе зыходзе. Аднак агульная колькасць такіх сутычак і сума іх ахвяр пры варожасці паміж плямёнамі была вялікай, што дазваляла значна паслабляць жывую сілу ворагаў. Ірэгулярная тактыка нечаканых нападаў і засад была агульнай для многіх еўрапейскіх народаў. Можна думаць, што яна была цалкам уласцівай і балтам.

Другім відам тактыкі таго часу быў адкрыты палявы бой з непрыяцелем. Ён выкарыстоўваўся ў выпадку, калі правадырам удавалася сабраць значныя сілы апалчэння, здольныя супрацьстаяць непрыяцелю на адкрытай мясцовасці. Перамога ў палявым баі дазваляла адразу знішчыць значную колькасць жывой сілы ворага, атрымаць кантроль над мясцовасцю і бесперашкодна наблізіцца да варожых гарадзішчаў. У такім выпадку, што датычылася славян, іх апалчэнне з баявым крыкам набліжалася да ворага, пастроенае па родах ці тэрытарыяльных адзінках калонападобнымі масамі. Пры падыходзе на пэўную адлегласць яно разгортвалася ў няроўную баявую лінію, якая складалася з вышэйзгаданых элементарных баявых адзінак. Наперадзе станавіліся шчытаносцы. Пад іх прыкрыццём дзейнічалі кідальнікі дроцікаў і стральцы. Апалчэнне марудна насоўвалася на ворага, закідваючы яго стрэламі і дзідамі і спрабуючы запалохаць яго яраснымі крыкамі. Найбольш харобрыя ваяры маглі выбягаць наперад, імкнучыся паразіць ворага з больш блізкай адлегласці. Калі такія дзеянні аказваліся паспяховымі і вораг не вытрымліваў націску і адступаў, славяне ўступалі ў рукапашны бой, каб давяршыць яго разгром. Калі непрыяцель трымаўся стойка, яны самі адступалі ў лясы, вяртаючыся да ірэгулярнай тактыкі'53. Пры гэтым адступленне магло мець як вымушаны, так і запланаваны характар. У апошнім выпадку славяне імкнуліся завабіць ворага на невыгодную пазіцыю, каб контратакаваць яго. Маўрыкій апісвае вядзенне славянамі палявога бою наступным чынам: "...яны з крыкам усе разам патроху прасоўваюцца наперад. I калі непрыяцелі паддаюцца іх крыку, імкліва нападаюць; калі ж не, перастаюць крычаць і, не імкнучыся выпрабаваць у рукапашнай сутычцы сілу сваіх ворагаў, уцякаюць у лясы, маючы там вялікую перавагу, бо ўмеюць змагацца належным чынам у цяснінах. Бо часта са здабычай яны пры самай нязначнай трывозе кідаюць яе, уцякаючы ў лясы, а калі нападнікі збяруцца вакол здабычы, яны, накідваючыся, лёгка чыняць ім шкоду. Яны імкнуцца разнастайнымі спосабамі і наўмысна рабіць гэта, каб завабліваць сваіх ворагаў" [154]. Такая тактыка магла выкарыстоўвацца ў тыя часы і на беларускіх землях, прычым у адрозненне ад баявых дзеянняў на Балканах супраць добра абвучаных і ўзброеных візантыйскіх войскаў, пры прыблізна роўным узбраенні славяне мусілі быць больш ахвочымі ўступаць у рукапашныя сутычкі з балтамі і паміж сабой.

Трэцім відам тактыкі быў рукапашны бой, пры якім апалчэнне строілася шчыльнымі масамі па родах ці тэры-тарыяльных адзінках. Ужо адзначаная слабасць засцерагальнага і наступальнага ўзбраення, слабая дысцыпліна і кепская кіраванасць апалчэння ў баі не дазвалялі скарыстоўваць такую тактыку ў адкрытым полі. Яна магла ўжывацца ў абарончым баі, калі славяне, "займаючы больш умацаванае месца і будучы абароненымі з тылу, ...недаюць магчымасці [для таго], каб паддацца атачэнню ці нападу з флангаў альбо з тылу" [155]. У 706 г. славяне, пастроіўшыся на вяршыні гары, далі бой лангабардам пад камандаваннем фрыульскага герцага Фердульфа. Лангабарды атакавалі іх угору па цяжкадаступным схіле. Выкарыстоўваючы выгодную пазіцыю, славяне скідвалі лангабардаў з коней камянямі і сякерамі і панішчылі іх усіх. У баі загінула амаль уся фрыульская знаць і сам герцаг Фердульф [156].

Іншым выпадкам ужывання такога кшталту тактыкі, наадварот, была атака на непадрыхтаванага непрыяцеля, які не мог ці не паспеў пастроіцца ў баявыя парадкі, напрыклад, пры пераходзе праз перасечаную мясцовасць ці фарсіраванні прыродных перашкод. Пры паходзе Пятра на славян у 595 г. візантыйскае войска, якое моцна пакутавала ад недахопу вады, падышло да ракі Ілівакія. Але скарыстацца гэтым было немагчыма, бо славяне з супрацьлеглага берагу дроцікамі паражалі тых, хто падыходзіў да вады. Таму "даводзілася выбіраць адно з двух: адмовіцца ад вады і памерці ад смагі ці разам з вадой дастаць і смерць. I вось рамеі, ладзячы пераправу, перабраліся праз раку, каб схапіцца з ворагамі ў адкрытым баі. Калі ж войска апынулася на супрацьлеглым беразе, варвары адразу ж усёй масай напалі на рамеяў і адужалі іх. Пераможаныя рамеі кінуліся бегчы" [157]. Такая тактыка вядзення рукапашнага бою шчыльнымі масамі патрабавала мабілізацыі вялікай колькасці жывой сілы і мела сэнс толькі пры выкарыстанні супраць такіх самых шчыльных мас варожага войска. Таму на беларускіх землях, дзе збор вялікага апалчэння сутыкаўся з кепскімі шляхамі зносін, рэдкім насельніцтвам і раздробленай грамадскай арганізацыяй, яна, хутчэй за ўсё, ужывалася рэдка.

Перамога ў баі і знішчэнне жывой сілы ворага дазвалялі браць пад свой кантроль мясцовасці і шляхі зносін і з мэтай замацавання на занятай тэрыторыі перайсці да захопу ўмацаваных пунктаў.

Перамяшчэнне на вялікія адлегласці, тактыка засад у цяжкадаступных месцах і вядзенне палявога бою з выкарыстаннем рэльефу мясцовасці моцна залежалі ад здабыцця дакладных звестак аб сілах непрыяцеля і яго месцазнаходжанні. Для здабыцця дакладных звестак выкарыстоўвалася выведка, якая ўключала назіранне за непрыяцелем альбо пранікненне на ягоную тэрыторыю і выведванне інфармацыі ў непасрэдным кантакце з ім. Гэта патрабавала адчайнай смеласці. Пры аблозе славянамі Солуня ў 616 г. адзін з правадыроў славян Хацон здолеў пранікнуць у горад, відаць, з разлікам на кантакты з мясцовымі жыхарамі, настроенымі на кампраміс са славянамі. Пры гэтым ён быў выкрыты, схоплены ў доме, дзе хаваўся, і забіты [158].

Падагульняючы ўсе звесткі аб ваенным майстэрстве славян і балтаў V-IX стст., можна сказаць, што яно было вельмі тыповым для еўрапейскіх плямёнаў перыяду ваеннай дэмакратыі, што даводзяць параўнанні з ваенным майстэрствам германцаў, галаў і брытанцаў на момант існавання ў іх падобнага ўзроўню развіцця. Ваеннас майстэрства натуральным чынам засноўвалася на дасягненнях грамадскага і эканамічнага ладу славян і балтаў, уплывала на гэты лад, цалкам адпавядала свайму часу і было адэкватным сваёй функцыі ў жыцці грамадства. Вайсковая арганізацыя, зброя, стратэгічныя і тактычныя спосабы вядзення баявых дзеянняў мелі просты характар, вынаходзіліся і выкарыстоўваліся інтуітыўна, але былі дастатковымі для вырашэння наяўных ваенных задач: ажыццяўлення рабаўніцкіх нападаў, захопу новых земляў альбо, наадварот, абароны жыцця і маёмасці супляменнікаў і адстойвання сваёй зямлі ад уварвання чужынцаў. Пры ўдалым выкарыстанні яны маглі ўяўляць небяспеку і для непрыяцеля з вышэйшым узроўнем ваеннага майстэрства, што даводзяць дзеянні балканскіх суродзічаў дрыгавічоў супраць Візантыйскай імперыі. Ваенныя канфлікты таго часу вылучылі дружыну як найбольш уплывовую сацыяльную групу грамадства і найбольш баяздольную вайсковую сілу, што адыграла выключную ролю ў зараджэнні новых грамадскіх інстытутаў і развіцці ваеннага майстэрства на якасна новым узроўні.

92 "Стратегикон" Маврикия. XI, 4, 11. (Далей: Mauric.) // Свод... Т. I. Москва, 1994. С. 371.

93 Нефёдкин А. К. Тактика славян в VI в. (по свыдетельствам ранневизантийских авторов) // Вмзантийский современннк. Т. 62 (87). Москва, 2003. С. 88.

94 Тамсама. С. 84.

95 Mauric. XI, 4, 39 // Свод... I. С. 377.

96 Данилевский Н. Н. Древняя Русь глазами современников и потомков. С. 106.

97 Нефёдкин А. К. Тактика славян в VI в. С. 88.

98 Miracul. Demetr. 262. // Свод... Т. II. С. 167.

99 Цезарь, Гай Юлий. Галльская война. VI, 13-15. (Далей: Caesar. Bell. Gall.) // Записки... С. 115-117.

100 Ibid. VI, 21-24. // Записки... С. 119-120.

101 Procop. Bell. Goth. VII, 14. С. 250.

102 Иоанн Эфесский. О народе славян и об опустошении, которое они произвели во Фракии в третьем году царствования тишайшего Тиверия царя. III. 6, 25. (Joh. Ephes. Hist. Eccl.) // Свод... I. С. 279.

103 Mauric. XI, 4, 11 // Свод... I. С. 371.

104 Нефёдкин А. К. Тактика славян в VI в. С. 81.

105 Археалогія Беларусі. Т. 2. С. 342-343.

106 Гісторыя Беларусі. Т. 1. С. 131.

107 Procop. Bell. Goth. VII, 14. С. 250.

108 Нефёдкин А. К. Тактика славян в VI в. С. 81-83.

109 Археалогія Беларусі. Т. 2. С. 343.

110 Казакявичюс В. К. Оружие балтских племён II-VII веков на территории Литвы. С. 17.

111 Тамсама. С. 30-31.

112 Тамсама. С. 40-41.

113 Археалогія Беларусі. Т. 2. С. 369-370.

114 Тамсама. С. 387.

115 Казакявичюс В. К. Оружие балтских племён II-VII веков на территории Литвы. С. 74-80. Архсалогія Беларусі. Т. 2. С. 370, 387.

116 Казакявичюс В. К. Оружие балтских племён II-VII веков на территории Литвы. С. 81.

117 Археалогія Беларусі. Т. 2. С. 368.

118 Тамсама. С. 387.

119 Бацюкоў А. Самы старадаўні меч. С. 5.

120 Казакявичюс В. К. Оружие балтских племён II-VII веков на территории Литвы. С. 119, 134; Археалогія Беларусі. Т. 2. С. 389.

121 Археалогія Беларусі. Т. 2. С. 338.

122 Тамсама. Т. 2. С. 351.

123 Гісторыя Беларусі. Т. 1. С. 129; Седин А. Никодимово - городище третьей четверти І-го тысячелетия н. э. в Восточной Беларуси. С. 31-33.

124 Археалогія Беларусі. Т. 2. С. 362.

125 Археалогія Беларусі. Т. 2. С. 361-362.

126 Носов К. С. Русские крепости и осадная техника VIII-XVIIвв. Санкт-Петербург, 2003. С. 6.

127 Кулгринды // Литва. Краткая энциклопедня. Вильнюс, 1989. С. 351.

128 Baubonis Z. Kulgrindu, medgrindu ir zemgrindu klausimu // Aktualus kulturos paminklu tyrinejimu uzdavinia: Konferencijos pranesimu tezes. Vilnus, 1988. 51-53.

129 Ibid. 47.

130 Ibid. 49.

131 Ibid. 47.

132 Ластоўскі. В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924. С. 42.

133 Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном, экономическом и бытовом значении. Т. 3. Литовское и Белорусское Полесье. Репринтное воспроизведение издания 1882 года. Мн., 1993. С. 54.

135 Доўнар А. "Масты ў паўтара пруты". Нарыс з гісторыі дарожных камунікацыяў Беларусі XVI-XVIII стст. // Спадчына. Мн., № 2-3/2003 (152). С. 64-65.

136 Носов К. С. Русские крепости и осадная техника VIII-XVII вв. С. 10. 136 Procop. Bell. Goth. VII, 38. С. 321-322.

137 Miracul. Demetr. 139// Свод... Т. II. С. 113.

138 Miracul. Demetr. 147 // Свод... Т. II. С. 115.

139 Ibid. 158 // Свод... Т. II. С. 121.

140 Ibid. 185-186//Свод... Т. II. С. 129-131.

141 Ibid. 189-191 // Свод... Т. II. С. 131-133.

142 Ibid. 203 // Свод... Т. II. С. 137.

143 Ibid. 213//Свод... Т. II. С. 143.

144 Феофилакт Симокатта. История. II, XVI, 1-11. (Далей: Theophі.Sim.). Москва, 1996. С. 58-60.

145 РFred. III, 68 // Свод... Т. Н. С. 369-370.

146 Theoph. Sim. VII, II, 4-5. С. 180.

147 Ibid. VI, VII, 2. С. 168.

148 Куликаускене Р. К. Погребения с конями у древних литовцев. С. 211-222.

149 Нефёдкин А. К. Тактика славян в VI в. С. 88.

150 Mauric. XI, 4, 30 // Свод... I. С. 375.

151 Ibid XI, 4, 12 // Свод... І.С. 371.

152 Mauric. XI, 4, 9 // Свод... I. С. 369-371.

153 Нефёдкин А. К. Тактика славян в VI в. С. 87-90.

154 Mauric. XI, 4, 12-13 // Свод... I. С. 371.

155 Ibid. XI, 4, 29 // Свод... I. С. 375.

156 Павел Диакон. История лангобардов. XIII, VI. 45. (Paul. Diac.) // Свод... Т. II. С, 491.

157 Theoph. Sim. VII, IV, 9-10. С. 185-186.

158 Miracul. Demetr. 193 // Свод... Т. II. С. 133.

Крыніца: Новікаў, Я. У.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.).
Том. 1 / Ягор Новікаў. Мн.: Логвінаў, 2007. - 208с.

Комментируем публикацию: Ваеннае майстэрства славян і балтаў у канцы V - пачатку IX стст


Публикатор (): S S A Источник: http://library.by

Искать похожие?

LIBRARY.BY+ЛибмонстрЯндексGoogle

Скачать мультимедию?

подняться наверх ↑

Новые поступления

Выбор редактора LIBRARY.BY:

Популярные материалы:

подняться наверх ↑

ДАЛЕЕ выбор читателей

Загрузка...
подняться наверх ↑

ОБРАТНО В РУБРИКУ

БЕЛАРУСЬ НА LIBRARY.BY


Уважаемый читатель! Подписывайтесь на LIBRARY.BY на Ютубе, в VK, в FB, Одноклассниках и Инстаграме чтобы быстро узнавать о лучших публикациях и важнейших событиях дня.